асоба, -ы, ж.
1. Сукупнасць уласцівасцей пэўнага чалавека, якія складаюць яго індывідуальнасць. Усебаковае развіццё асобы.
// Чалавек з пункту погляду яго характару, паводзін, становішча і г. д. Гераічная асоба. Бязвольная асоба.
2. Асобны чалавек у грамадстве; індывідуум. Роля асобы ў гісторыі. Прыватная асоба.
3. (з адценнем іроніі). Чалавек, які трымае сябе важна, ганарліва; персона. Ну, словам, дзядзька наш — асоба! Колас.
// У спалучэнні з ускоснымі склонамі займенніка “свой” або прыметніка “уласны” азначае: самога сябе, самому сабе і г. д. Машыніст па-свойму зразумеў усмешку, як пэўную даніну сваёй асобе. Лынькоў. [Саламон] злавіў сябе на тым, што вельмі дбае аб сваёй уласнай асобе. Бядуля.
4. Пра чалавека (часцей жаночага полу), калі не хочуць назваць яго імя. Асоба, якая званіла, відаць, пакрыўдзілася і павесіла трубку. Гурскі.
5. Граматычная катэгорыя, якая паказвае адносіны дзеяння да таго, хто гаворыць; адзначаецца як формай дзеяслова, так і пэўнай групай займеннікаў. Асоба дзеяслова. Дзеяслоў у трэцяй асобе.
Давераная асоба — чалавек, якому што-н. давяраецца, які можа дзейнічаць ад імя таго, хто давярае. Дзеючая асоба — персанаж у драматургічным творы. Зацікаўленая асоба — асоба, якая мае інтэрас да якой-н. справы. Службовая асоба — асоба, якая займае якую-н. пасаду ў дзяржаўным апараце. Трэцяя асоба — асоба, якая з'яўляецца пабочнай у адносінах да спрэчкі паміж двума бакамі. Юрыдычная асоба — установа, прадпрыемства ці арганізацыя як носьбіт правоў і абавязкаў.

Паведаміць пра недакладнасьць