Паўлычка Дмытро (Павличко Дмитро), нарадзіўся 28 верасня 1929 года ў с. Стапчатаў Косаўскага раёна Івана-Франкоўскай вобласці (Украіна). Скончыў Львоўскі ўніверсітэт (1953). Працаваў журналістам, галоўным рэдактарам часопіса «Всесвіт» (1971-1978), выбіраўся дэпутатам Вярхоўнай Рады Ўкраіны, быў паслом у Чэхіі. Цяпер - паўнамоцны пасол Украіны ў Польшчы. Адзін з выдатных сучасных украінскіх паэтаў, аўтар шматлікіх зборнікаў вершаў і паэм, у тым ліку «Любоў і нянавісць» (1953), «Праўда кліча!» (1958), «Гранаслоў» (1968), «Паэмы і прытчы» (1986), «Ядловец» (1989) і інш. Шэраг вершаў прысвяціў Беларусі («Вітанне Беларусі», «Што звязана вякамі» і інш.). Піша таксама для дзяцей. Выявіў сябе як палымяны публіцыст і крытык («Магістралямі слова», 1977, «Над глыбінямі», 1983, «Побач з мужным словам», 1988), таленавіты перакладчык сусветнай, у тым ліку беларускай (Я.Купала, А.Куляшоў, П.Панчанка, М.Танк, Р.Барадулін, Н.Гілевіч і інш.), паэзіі на ўкраінскую мову. Падрыхтаваў і выдаў у сваім перакладзе ўнікальную анталогію «Сусветны санет» (1983), куды ўвайшлі асобныя санеты Я.Купалы і М.Багдановіча.

Крыніца: Янка Купала. Санеты. Менск, Мастацкая літаратура, 2002.

Паведаміць пра недакладнасьць