Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

Шамякін Іван, нарадзіўся 30 студзеня 1921 г. у вёсцы Карма Добрушскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў (1940). У 1940-1945 гг. у Савецкай Арміі - удзельнічаў у баях пад Мурманскам, у вызваленні Польшчы, у баях на Одэры. У 1945-1948 гг. настаўнічаў у вёсцы Пракопаўка Церахоўскага раёна. З 1946 г. вучыўся на завочным аддзяленні Гомельскага педінстытута. Працаваў старшым рэдактарам Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, галоўным рэдактарам альманаха «Советская Отчизна». З 1954 г. - намеснік старшыні, з 1966 г. - сакратар, з 1968 г. - другі сакратар, з 1971 г. - першы намеснік старшыні, у 1976-1980 гг. - першы сакратар праўлення СП БССР. З 1980 г. - галоўны рэдактар выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1963-1985) і СССР (1980-1989). Старшыня Вярхоўнага Савета БССР (1971-1985). З 1987 г. старшыня Беларускага камітэта абароны міру. У 1963 г. як член дэлегацыі ўдзельнічаў у рабоце XVІІІ сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Член СП Беларусі з 1947 г. Народны пісьменнік Беларусі (1972), акадэмік АН Беларусі (1994).

Герой Сацыялістычнай Працы (1981). Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Айчыннай вайны ІІ ступені, «Знак Пашаны», медалём Францыска Скарыны і іншымі медалямі.

І.Шамякін пачаў пісаць мастацкія творы на роднай мове яшчэ да вайны. Будучы на фронце друкаваў замалёўкі і вершы ў армейскай газеце на расейскай мове. У 1945 г. апублікаваў аповесць «Помста» (часопіс «Полымя»). Аўтар раманаў «Глыбокая плынь» (1949, інсцэніраваны ў 1956), «У добры час» (1953), «Крыніцы» (1957, інсцэніраваны ў 1961), «Сэрца на далоні» (1964, інсцэніраваны ў 1965), «Снежныя зімы» (1970), «Атланты і карыятыды» (1974, аднайменны кінафільм Беларускага тэлебачання, 1980), «Вазьму твой боль» (1979, экранізаваны ў 1981), «Петраград-Брэст» (1983), «Зеніт» (1987), «Злая зорка» (1993). Цыкл з пяці аповесцей («Непаўторная вясна», 1957; «Начныя зарніцы», 1958; «Агонь і снег» і «Пошукі і сустрэчы», 1959; «Мост», 1965) аб'яднаны ў пенталогію «Трывожнае шчасце». Выйшлі кнігі апавяданняў і аповесцей: «На знаёмых шляхах» (1949), «Дзве сілы» (1951), «Апавяданні» (1952), «Першае спатканне» (1956), «Матчыны рукі» (1961), «Вячэрні сеанс» (1968), «Лёс майго земляка» (1970), «Бацька і дзеці» (1971), «Сцягі над штыкамі» (1976), «Гандлярка і паэт. Шлюбная ноч» (1976, экранізаваны адпаведна ў 1978 і 1980), «У роднай сям'і» (1986), «Драма» (1990), «Аповесці Івана Андрэевіча» (1993), дзённік «Дзе сцежкі тыя...» (1993), «Падзенне» (1994), «Сатанінскі тур» (1995), «Роздум на апошнім перагоне: Дзённік 1980-1995 гадоў» (1998).

Напісаў п'есы «Не верце цішыні» (1958), «Выгнанне блудніцы» (1961), «Дзеці аднаго дома» (1967), «Экзамен на восень» (1973), «Баталія на лузе» (1975), «І змоўклі птушкі» (1971), «Залаты медаль» (1979) і інш.

Шмат увагі аддае І.Шамякін публіцыстыцы і літаратурнай крытыцы. Шырокі грамадскі рэзананс атрымалі яго кнігі «Размова з чытачом» (1973), «Карэнні і галіны» (1986).

І.Шамякін - лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1951) за раман «Глыбокая плынь», Літаратурнай прэміі імя Я.Коласа (1957) за раман «Крыніцы», Дзяржаўнай прэміі імя Я.Коласа (1967) за раман «Сэрца на далоні» і пенталогію «Трывожнае шчасце», Літаратурнай прэміі Міністэрства абароны СССР (1978) за кнігу «Гандлярка і паэт. Шлюбная ноч», Дзяржаўнай прэміі БССР у галіне тэатральнага мастацтва, кінематаграфіі, радыё і тэлебачання (1982) за кінафільм «Вазьму твой боль».

Творы І.Шамякіна перакладзены на многія мовы народаў былога СССР і за мяжою.

Крыніца: Іван Шамякін. Сэрца на далоні. Менск, Мастацкая літаратура, 2001.

Рознае   Рознае
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2020