Куляшоў Аркадзь (06.02.1914-04.02.1978), нарадзіўся ў вёсцы Саматэвічы Касцюковіцкага раёна Магілеўскай вобласці ў сям'і настаўнікаў. Вучыўся ў Саматэвіцкай сямігодцы, у 1928 г. паступіў у Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум. У 1930 г. пераехаў у Менск, дзе працягваў вучобу на літаратурным факультэце Беларускага вышэйшага педагагічнага інстытута (1931-1933). Быў членам БелАПП. Працаваў у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена», на Беларускім радыё (1934-1936), літкансультантам у кабінеце маладога аўтара пры СП БССР (1936-1937). У 1941-1943 гг. - на фронце ў армейскай газеце «Знамя Советов», потым у Беларускім штабе партызанскага руху. У 1945-1946 гг. - рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва», у 1958-1967 гг. - начальнік сцэнарнага аддзела, галоўны рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм». У 1961 г. у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XVІ сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1947-1978). Член СП СССР з 1934 г.

Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнам Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі.

Народны паэт Беларусі (1968), заслужаны работнік культуры Ўкраіны (1973).

Першы верш надрукаваў у 1926 г. у клімавіцкай акруговай газеце «Наш працаўнік». У рэспубліканскім друку першыя вершы з'явіліся ў 1927 г. у часопісе «Чырвоны сейбіт». Выйшлі кнігі паэзіі «Росквіт зямлі» (1930), «Па песню, па сонца!..», «Медзі дождж» (абедзве - 1932), паэмы «Аманал» (1933), «Гарбун» (1935), зборнікі «Мы жывём на граніцы» (1938), «У зялёнай дуброве» (1940), «Добры чалавек» (1941), паэмы «Баранаў Васіль» (1941), «Сцяг брыгады» (1943), «Прыгоды цымбал» (1945), зборнікі «На сотай вярсце» (1945), «Вершы» (1947), «Паэмы» (1947), паэмы «Простыя людзі» (1949), «Новае рэчышча» (1951), «Граніца» (1954), «Грозная пушча» (1956), зборнікі «Новая кніга» (1964), «Сасна і бяроза» (1970), паэма «Далёка да акіяна» (1972), кнігі паэзіі «Мая Бесядзь» (1973), «Хуткасць» (1976), «Крылы» (1984), «Профілі» (1987), «Маналог» (1989) і інш. Выдадзены Зборы твораў у 2-х (1957), 4-х (1966-1967), 5-і (1974-1977) тамах.

Сааўтар сцэнарыяў фільмаў «Чырвонае лісце» (з А.Кучарам, пастаўлены ў 1958), «Першыя выпрабаванні» (паводле трылогіі Якуба Коласа «На ростанях», з М.Лужаніным, пастаўлены ў 1960-1961) і «Запомнім гэты дзень» (з М.Лужаніным, пастаўлены ў 1967).

У яго перакладзе выйшлі паэма А.Пушкіна «Цыганы» (1937) і раман у вершах «Яўгеній Анегін» (1949), паэма А.Парніса «Сказанне пра Белаяніса» (1959), «Выбраная паэзія» М.Лермантава (1969), паэма «Энеіда» І.Катлярэўскага (1969), «Спеў аб Гаяваце» Г.Лангфела (1969), зборнік вершаў К.Куліева «Кніга зямлі» (1974), «Выбранае» С.Ясеніна (з Р.Барадуліным, 1976), асобныя творы Т.Шаўчэнкі, У.Маякоўскага, А.Твардоўскага, М.Ісакоўскага, А.Пракоф'ева, М.Рыльскага, А.Малышкі, М.Нагнібеды, Р.Гамзатава і інш.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1946) за паэму «Сцяг брыгады», Дзяржаўнай прэміі СССР (1949) за паэму «Новае рэчышча», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1970) за пераклады вершаў і паэм М.Лермантава, «Энеіды» І.Катлярэўскага і «Спеву аб Гаяваце» Г.Лангфела, прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1968).

Крыніца: Аркадзь Куляшоў. Дарогі. Менск, Мастацкая літаратура, 2003.

Паведаміць пра недакладнасьць