бедны, -ая, -ае.
1. Які не мае або мае вельмі мала сродкаў на жыццё; незаможны; проціл. багаты. Панская зямля і маёмасць былі канфіскаваны і перададзены батракам і бедным сялянам. Кавалёў.
/ у знач. наз. бедны, -ага, м. Багаты беднаму не сябра. Прыказка.
2. Аднастайны, мізэрны. Расліннасць на поўначы бедная.[Тапурыя] марыў аб незвычайных прыгодах, аздабляючы вымыслам сваё беднае на падзеі і ўражанні жыццё. Самуйлёнак.
3. Які мае недахоп у чым-н., змяшчае ў сабе мала чаго-н. Вучні трэціх класаў школ з рускай мовай навучання толькі пачынаюць вывучаць беларускую мову, слоўнікавы запас іх вельмі бедны, у іх не хапае слоў для выказвання сваіх думак і пачуццяў. Самцэвіч. І была яна, мусіць, такою мізэрнаю, гэтая бедная радасць, што яе цьмяны праменьчык не дасягае сённяшняга дня і не грэе старое сэрца чалавека... Самуйлёнак.
4. Які выклікае спачуванне да сябе; нешчаслівы. Не паспела бедная дзяўчына павесіць пад страху серп, як прыйшлося ўзяць у рукі сахор — накідаць гной, растрасаць яго на полі. Чарнышэвіч.
5. Танны, просты, небагаты. Вопратка на хадаках была бедная: шарачковыя штаны, кужэльная сарочка, саматканыя світкі, не падобныя на тутэйшыя. Пальчэўскі. Бедная была кватэра, нізкая, цёмная, з дзіркамі ў падлозе і сценах. Маўр.
Бедная галава гл. галава.

Паведаміць пра недакладнасьць