бульба, -ы, ж.
1. Аднагадовая агародная расліна сямейства паслёнавых. Абганяць бульбу.[Лабановіч] радаваўся, калі бачыў шнуры добрай збажыны ці бульбы. Колас.
2. зб. Падземныя клубні гэтай расліны, якія выкарыстоўваюцца як харч, корм і сыравіна. Абіраць бульбу. Капаць бульбу. Кармавая бульба. Насенная бульба. Сопкая бульба.
// Страва, прыгатаваная з клубняў гэтай расліны. Маладзіца выняла з печкі чыгунок і паставіла на стол. Запахла бульбай. Мележ.
3. Назва беларускага народнага танца. Дружна будзем на сцэне “Бульбу” мы танцаваць. Нядзведскі.
Бульба ў мундзірах — звараная з лупінамі бульба. Раніцай Якавіха высыпала на стол чыгун-вядзёрнік бульбы ў мундзірах, налівала міску малака — садзіцеся і ешце. Лобан.

Паведаміць пра недакладнасьць