бура, -ы, ж.
1. Вецер вялікай разбуральнай сілы, звычайна з дажджом або снегам. Бура ўзнялася. Бура сціхла.Дзед з Сымонам пад вярбою Селі буру пераждаць. Колас. Пералівы ветру пераходзяць у буру. Бядуля.
2. перан. Пра сацыяльныя з'явы вялікай гістарычнай важнасці, якія выклікаюць істотныя перамены ў жыцці грамадства. І вось паўстаў крылаты пралетарый, — І бура ўміг з зямлі змяла цара — драпежніка арла. Крапіва. Раскаты рэвалюцыйнай буры ў пралетарскіх цэнтрах Расіі ўскалыхнулі і Беларусь. Івашын.
3. Шум, крык. Лабановіч дагадаўся, што падлоўчы Баранкевіч падняў у доме буру. Колас. [Насця:] — Што ж гэта, памочнікі мае дарагія, у ясны дзень буру паднімаеце? Мележ.
// перан. Моцнае душэўнае хваляванне. Бура, якая бушавала ў душы [Пятра] ўсю дарогу, пакрысе сціхала. Шамякін.
// перан.; чаго або якая. Яркае гарачае выяўленне пачуццяў. Пасля буры воплескаў шалёных Мы сябе не помнілі ў фінале І свае сапраўдныя імёны У ролях закаханых называлі. Непачаловіч.
Магнітная бура — раптоўнае кароткачасовае, хуткае і незаканамернае змяненне магнітнага поля Зямлі, звязанае з утварэннем і развіццём на Сонцы цёмных плям.
Бура ў шклянцы вады — моцнае хваляванне, гарачая спрэчка з-за дробязных прычын. Якой бурай прынесла — пра нечаканае з'яўленне непажаданага чалавека.

Паведаміць пра недакладнасьць