бушаваць, -шую, -шуеш, -шуе; незак.
1. Бурна, імкліва выяўляць сваю сілу (пераважна разбуральную). А калі ўздымаецца бура, асабліва ўвосень, страшным робіцца наша возера. Яно бурліць і бушуе, як кіпень. Чарнышэвіч. Вецер, здавалася, цішэў, але грымоты яшчэ бушавалі над лесам. Якімовіч. Бушуе агонь, кідае цэлыя патокі полымя высока ў паветра. Колас.
// Інтэнсіўна развівацца, расці. І адразу [Вольцы] прыснілася: бушавала цяжкім буйным коласам жыта... Васілевіч.
// перан. Выяўляцца, развівацца з незвычайнай сілай (пра пачуцці). У ім [Адаме], відаць, бушаваў шалёны гнеў, і ён выбіраў, куды яго скіраваць. Дамашэвіч. [Аміля] крычала доўга, ужо не бачачы перад сабою Хурса. Само сабою пайшло бушаваць і рваць яе абурэнне, агіда і роспач. Чорны.
2. Разм. Бурна выказваць сваё незадавальненне, гнеў і пад.; буяніць. [Хлапчук] бушаваў добрых хвілін дзесяць. Потым, відаць, замарыўся — сціх. Ракітны.

Паведаміць пра недакладнасьць