душа
дарагі як свая душа. Ухв. Пра вельмі дарагога, блізкага чалавека. Янк., Пар., 51.
жыць як душа жадае. Ухв. Пра свабоднае, спакойнае, заможнае жыццё. БПФС, 86.
вісець над кім як грэх над душой. Гл. грэх.
насіцца як чорт з грэшнай душой. Гл. чорт.
стаяць як чорт над добраю душой. Гл. чорт.
хадзіць як душа без цела. Івац. Пра нячутнае, непрыкметнае і разам з тым бязмэтнае хаджэнне чалавека дзе-н. Высл., 411; ЗЗайкі.
як у латыша хрэн ды душа ў каго. Гл. латыш.
абмануць каго як чорт добрую душу. Гл. чорт.
з вераб'ёву душу. Пра зусім малую колькасць, драбок, каліва. Янк., 407.
завесці (ашукаць, звесці, змануць, падмануць) як чорт добрую душу. Гл. чорт.
згрыбчыць як чорт грэшную душу. Гл. чорт.
Любі жонку як душу, а трасі як грушу. Прык. Пра неабходнасць патрабавальнага стаўлення нават да блізкага чалавека. Tyszkiewicz, 419; Шпилевский, 183; Нос., 75; Dybowski, 7; Pietkiewicz, 402; Дуб., 32; Federowski, 365; Добр., Смол., 60.
Любі як душу, трасі як грушу. Пра неабходнасць патрабавальнага стаўлення нават да блізкага чалавека. Czeczot, 160; Federowski, 168.
любіць як сваю душу. Сак. п. Federowski, 168. Тое, што думаць як аб сваёй душы.
панесці (паперці, схапіць) як чорт грэшную душу. Гл. чорт.
таргувацца як за душу. Няўхв. Пра бурны, няўступлівы торг за што-н. Янк., Пар., 166.
чыхаць як чорт на добру душу. Гл. чорт.
Шкадуй як душу, калаці як грушу. Валож. ФА. Тое, што Любі як душу, трасі як грушу.
як за душу пацягнутый. Мсцісл. Няўхв. Пра дакучлівага, прывязлівага, раздражнёнага чалавека. Юрчанка, 173.
як за душу пачэплены. Мсцісл. Спачув. Пра бесперастанны плач, прычытанне, скаргі. Юрчанка, 261.
як у душу плюнуць. Івац. Абуральн. Пра нешта вельмі крыўдна сказанае альбо зробленае. Ройзензон, 81; ЗЗайкі.
гарэць што ў мёртвага на душы. Гл. мёртвы.
думаць як аб сваёй душы. Ваўк. п. Пра вельмі клапатлівае, шчырае стаўленне да каго-н. Federowski, 84.
жадаць (чакаць) як збавення душы. Гл. збавенне.
ісці як змарлыя душы на дзедавую вячэру. Ваўк. п. Фальк. Пра перамяшчэнне гуртам, суладна альбо адзін за адным. Federowski, 122.
Калі без грашы, так як без душы. Пра адчуванне скаванасці, несвабоды пры адсутнасці сродкаў. Federowski, 117.
лазіць як цялё без душы. Гл. цялё.
ляжаць як без душы. Ваўк. п. Пра нерухомы стан чалавека. Federowski, 161.
хадзіць (цягнуцца) як цела без душы. Гл. цела.
цяжка як камень на душы. Гл. камень.
што маслам па душы. Гл. масла.
як душы не выняць. Лоеў. Пра гаворку, спевы, якія соладка, прыемна слухаць. Янкова, 73.
як маслечкам па душы. Гл. маслечка.
як у душы дзе. Ашм. Ухв. Пра вельмі цёплае, утульнае пачуванне сябе дзе-н. Даніловіч, 257.

Паведаміць пра недакладнасьць