Тэрмінолёгія лёгікі і псыхолёгіі (БНТ)

(1089 артыкулаў)

Тэрмінолёгія лёгікі і псыхолёгіі (БНТ)

Створана на падставе:

Тэрмінолёгія лёгікі і псыхолёгіі. Менск: Інбелкульт, 1923.

Прадмова

Лёгічна-псыхолёгічная тэрмінолёгія, якая зьяўляецца ў друку ў гэтым выпуску Беларускае навуковае тэрмінолёгіі, прадстаўляе сабою злучэньне разгледжаных паасобку на сходах б. Навукова-Тэрмінолёгічнай Комісіі пры Н.К.А.Б. і Інстытуту Беларускае Культуры тэрмінолёгій лёгікі і псыхолёгіі.

Як першая, так і другая тэрмінолёгіі разглядаліся подлуг дакладу члена Навукова-Тэрмінолёгічнай комісіі і навуковага супрацоўніка Інстытуту Беларускае Культуры М.Байкова.

Тэрмінолёгія Лёгікі ў першы раз была надрукавана ў часопісе «Весьнік Нар. Ком. Асьветы С.С.Р.Б.», 1922 г., №1, стр. 11-20.

Пры апрацаваньні лёгічна-псыхолёгічных тэрмінаў мелася на ўвазе зацьвердзіць у сьцісла азначаным сэнсе для навуковага ўжываньня словы, якія ўжываюцца ў жыцьцёвай беларускай мове і зарэгістраваны ў істнуючых слоўніках беларускай мовы І.Насовіча, Я.Ціхінскага, М.Гарэцкага і Ў.Дабравольскага, а таксама ў творах найвыдатнейшых беларускіх пісьменьнікаў новага часу. У частковасьці, дзеля згоды з народным ужываньнем прыняты для навуковага ўжываньня тэрмін «мазгі» ў множным ліку.

Таксама ў згоднасьці з народным ужываньнем і з законамі беларускай мовы ўтвораны і нэолёгізмы, якія зьяўляюцца патрэбнымі для перадачы навуковых паняцьцяў.

У першы раз зьяўляюцца ў друку гэткія новатворы: адцягненьне (№3 слоўніка), адцягнены (2), самарух (5), зваротнаспадчыннасьць (42), зваротнаспадчынны (43), нізкавокасьць (65), наданьне (103), наданы (104), узбуджлівасьць (105), зьлішвольле (151), зьлішпамяць (152), разгалосьсе (199), жыцьцёчыннасьць (241), самазахаваньне (303 і 784), унутранагляданьне (310), унутранаглядальны (309), сугалосьсе (340), асерадкаваньне (342), прамежак (409), мозачкі (432), прычэпная думка (444), даасяродкавы (492), назвазбор (496), абвяржэньне (542), восевальцавы адростак (551), кравазваротны (581), цёпластан (578), прыстасаванасьць (681), прасторавы (697), працяжальнасьць (708), працяжальны (709), саманездавальненьне (781), самаздавальненьне (785), сеткавіца (794), агульна-зацьвярджальны (874), агульна-адмоўны (875), часткова-зацьвярджальны (884), часткова-адмоўны (885), часамер (999), часагляд (1000), крышталёк (1001), чатырохпагор'е (1037), адчувальны, пачувальны (1034 і 1065), чуламер (1087).

З тэрмінаў, увайшоўшых у склад расійскай лёгічна-псыхолёгічнай тэрмінолёгіі з іншых моваў, перакладзены на беларускую мову тыя тэрміны, якія захавалі ў навуковым ужываньні свой першастковы сэнс, напр., «ассоциация», «активность» і інш.

Тэрміны, якія атрымалі штучны навуковы сэнс, як, напр., «ганглий», «рефлекс», «силлогизм» і інш., ці азначаюць паняцьці, у тлумачэньні якіх няма згоднасьці паміж прадстаўнікамі навукі, як, напр., «апперцепция», «аффект» і інш., застаўлены без перакладу і толькі пераданы ў беларускай транскрыпцыі.

Тэрмінолёгія апрацавана ў аб'ёме курсу лёгікі і псыхолёгіі ў школах сярэдняга тыпу.

Дакладчык М.Байкоў

г. Менск 1923-V-19

Паведаміць пра недакладнасьць