Слоўнік сельска-гаспадарчае тэрмінолёгіі (праект) (БНТ)

(1673 артыкулаў)

Слоўнік сельска-гаспадарчае тэрмінолёгіі (праект) (БНТ)

Створана на падставе:

Слоўнік сельска-гаспадарчае тэрмінолёгіі (праект). Менск: Інбелкульт, 1928.

Ад Інстытуту Навуковае Мовы

Пры апрацоўцы навуковай сельска-гаспадарчай тэрмінолёгіі прыходзіцца лічыцца з шмат якімі асаблівасьцямі і труднасьцямі. Ува ўсіх мовах у гэтай галіне яшчэ не закончылася тэрмінолёгічная творчасьць і часта аўтары ў сваіх працах падаюць новыя тэрміны, або ўзятыя з народных дыялектаў, або сумысьля прыдуманыя для больш дакладнага азначэньня тых ці іншых паняцьцяў. Ёсьць ужо даволі многа сельска-гаспадарчай літаратуры і на беларускай мове, як популярнай, так і навуковай; укладчыкі гэтае літаратуры мусілі самастойна кожны для сябе ўстанаўляць тэрмінолёгію. Асабліва-ж трэба лічыцца з тымі моўнымі багацьцямі, якія ў гэтай галіне мае народная мова. У беларускага селяніна ў штодзённым ужываньні ёсьць шмат сельска-гаспадарчых тэрмінаў, якія складаюць аснову і найбольш рознастайную частку яго слоўніка. Багацьце гэтага слоўнага матар’ялу яшчэ павялічваецца, дзякуючы мясцовым адменам, якіх тут асабліва многа і якія часта вельмі далёка адыходзяць адна ад аднае.

Усе гэтыя ўмовы спрыялі-б устанаўленьню беларускай навуковай сельска-гаспадарчай тэрмінолёгіі, каб увесь памянёны слоўны матар‘ял быў сабраны і вывучаны. Гэтага, на жаль, яшчэ няма і ня так хутка можа быць. Тым часам бягучая праца аграномаў, настаўнікаў сельска-гаспадарчых школ і іншых працаўнікоў сельскай гаспадаркі, якія ў сваёй рабоце павінны перайсьці на беларускую мову, патрабуе безадкладнага выданьня слоўніка сельска-гаспадарчай тэрмінолёгіі, хаця-б і няпоўнай і не канчаткова ўстаноўленай. 3 гэтай прычыны былая Сельска-Гаспадарчая Сэкцыя Інстытуту Беларускае Культуры ўтварыла асобную тэрмінолёгічную камісію ў складзе аграномаў Я. Грабоўскага, Я. Кісьлякова, М. Лайкова, П. Рагавога і А. Смоліча, якая апрацавала матар‘ялы да слоўніка сельска-гаспадарчай тэрмінолёгіі, перагледжаныя і адобраныя да друку Галоўнай Тэрмінолёгічнай Камісіяй Інстытуту.

Крыху пазьней пры Навуковым Таварыстве для вывучэньня Беларусі ў Горках, якое зьяўляецца ўстановаю Інстытуту Беларускае Культуры, утварылася некалькі тэрмінолёгічных камісій, якія зьбіраюць і апрацоўваюць матар'ялы па асобных галінах сельска-гаспадарчых навук адпаведна да патрэб выкладаньня гэтых навук у вышэйшай школе.

Выдаючы тым часам памянёныя матар‘ялы да слоўніка, Інстытут Навуковае Мовы просіць усіх зацікаўленых у існаваньні бездаганнай сельска-гаспадарчай тэрмінолёгіі прысылаць свае ўвагі, дадаткі і папраўкі.

26.ІV.28 г.

Інстытут Навуковае Мовы.

Паведаміць пра недакладнасьць