##ShortTitle: Архітэктура і мастацтва ##LongTitle: Архітэктура і мастацтва ##FrontpageTitle: Архітэктура і мастацтва ##ExpandArticle: true ##Type: enc ##InRandom: true ##HTMLDescription_BEGIN Створана на падставе:
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва: Дапаможнік для вучняў. Менск: Беларусь, 2001. ISBN 985-01-0124-5
Укладальнік: Барыс Лазука

У даведніку прыведзена 810 тэрмінаў па архітэктуры, выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, гісторыі культуры, кожны з якіх суправаджае кароткае тлумачэнне названай з'явы, паняцця, прадмета. Тэрміны, якія з'яўляюцца запазычаннямі з іншых моў, суправаджае этымалагічная даведка. Разлічаны на школьнікаў, студэнтаў, выкладчыкаў, настаўнікаў, а таксама мастацтвазнаўцаў, гісторыкаў, этнографаў, на шырокае кола чытачоў.

##HTMLDescription_END @

Абак (абака; грэч. abax (abakos), лац. abacus - дошка), верхняя частка капітэлі, калоны, паўкалоны, пілястры. Мае квадратныя абрысы з прамымі (дарычны і іанічны ордэры) ці выгнутымі (карынфскі ордэр) бакамі. @

Абака, гл. Абак. @

Абат (лац. abbas (abbatis), з сірыйскай abba - бацька), настаяцель мужчынскага кляштара - абацтва (настаяцельніца жаночага - абатыса); у Францыі А. - каталіцкі святар. @

Абклад, аздоба пераплёту рукапісных і друкаваных кніг, абразоў. У Беларусі А. выконваліся з серабра, пазалочанага серабра, пасярэбранай медзі, парчы, аксаміту, скуры, дэкарыраваліся чаканкай, гравіроўкай, чарненнем, філігранню, эмалямі, каштоўнымі і паўкаштоўнымі камянямі, жэмчугам (гл. таксама Рыза). @

Абраз (ікона; ад грэч. eikon - выява, вобраз), у хрысціянскай царкве выява Хрыста, Маці Боскай, апосталаў, святых, асобных сцэн з Бібліі. А. пішуцца на дошках, палатне, радзей на металічных пласцінах па вызначаных правілах (канонах) тэмпернымі ці алейнымі фарбамі (гл. Тэмпера, Алейны жывапіс). На тэрыторыі Беларусі паявіліся ў 10-12 стст. Найбольш старажытны А. датуецца кан. 14 - пач. 15 ст. (гл. таксама Біблейскія сюжэты, Евангельскія сюжэты, Іканапіс). @

Абрус, тканы, плецены або вязаны выраб, якім засцілаюць стол. Складаецца з 1-2 сшытых полак палатна. Адзін з відаў тканін мастацкіх. @

Абстрактнае мастацтва (абстракцыянізм; ад лац. abstractio - абстрагаванне, аддаленне, адцягненне), мадэрнісцкі (гл. Мадэрнізм) напрамак у мастацтве 20 ст., якому ўласціва адлюстраванне свету з дапамогай адцягненых элементаў формы (колеравая пляма, лінія, аб'ём і г.д.), стварэнне невыяўленчых рацыяналістычна ўпарадкаваных кампазіцый. Разнавіднасцямі А. м. з'яўляюцца супрэматызм, оп-арт. @

Абстракцыянізм, гл. Абстрактнае мастацтва. @

Абутак, выраб са скуры, дрэва, тканіны, воўны, гумы, іншых матэрыялаў, прызначаны для нашэння на нагах. Па выкарыстанні падзяляецца на бытавы (штодзённы, выхадны, хатні) і спецыяльны (спартыўны, медыцынскі, вытворчы). @

Авангардызм (франц. avantgardisme ад avant-garde; avant - спераду + garde - ахова), умоўная назва мастацкіх напрамкаў, для якіх характэрны адмаўленне і разрыў з традыцыямі і прынцыпамі культуры папярэдніх эпох, сучаснымі дасягненнямі мастацкай практыкі, заснаванымі на рэалістычна падобных формах, пошук новых сродкаў выразнасці і г.д. (гл. таксама Абстрактнае мастацтва, Мадэрнізм). @

Адарант (лац. adorant - той, хто просіць), выява фігуры з распасцёртымі да неба рукамі. У раннім хрысціянскім мастацтве - сімвалічны вобраз, які просіць благаславення душы (параўн. Аранта). @

Адзігітрыя (ад грэч. odegon - пуцяводны, ад назвы канстанцінопальскага манастыра), у візантыйскім мастацтве іканаграфічны тып паказу Маці Боскай з паднятай для благаславення правай рукой і з немаўляткам Ісусам на левай (дамангольскі варыянт у старажытнарускім жывапісе). У беларускім мастацтве атрымала распаўсюджанне пагрудная выява Маці Боскай, якая трымае на левай руцэ дзіця, яе галава не датыкаецца да галавы Хрыста. @

Адраджэнне (Рэнесанс; ад франц. renaissance), эпоха ў развіцці італьянскага, a затым усяго эўрапейскага мастацтва 14-16 стст. У аснове назвы думка тагачасных мастакоў аб адраджэнні антычных форм, ідэалаў, традыцый. Вызначаецца ўздымам навукі і тэхнікі, філасофскай думкі, літаратуры, музыкі, выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, архітэктуры. Адметная рыса культуры А. - свецкі характар, гуманістычны светапогляд, зварот да антычнай спадчыны. У беларускім мастацтве рысы А. відавочныя ў 15-16 стст. У кан. 16 - пач. 17 ст. іх пашырэнне адбывалася ва ўзаемасувязі са стылем барока. @

Акадэмізм (франц. academisme ад грэч. Akademia), мастацкі напрамак, сутнасць якога заключаецца ў тым, каб прытрымлівацца канонаў, класічных узораў, прызнаных ідэальнымі і непераўзыдзенымі. Гістарычна А. звязаны з першымі мастацкімі вучэбнымі ўстановамі кан. 16 - пач. 17 ст., названымі акадэміямі, у якіх навучанне было арыентавана на замацаванне дасягненняў майстроў папярэдніх эпох - антычнасці і італьянскага Адраджэння. @

Акант (франц. akanthe ад грэч. akantha - калючая расліна, цярноўнік), род расліны Міжземнамор'я, які паслужыў выяўленчай асновай для элемента старажытнагрэчаскага арнаменту. У далейшым А. знайшоў выкарыстанне ў форме капітэлі карынфскага і кампазітнага ордэраў, у аздабленні фасадаў і інтэр'ераў будынкаў; трансфармаваўся ў рымскім, гатычным і рэнесансным арнаментах. У Беларусі А. атрымаў пашырэнне ў архітэктуры, выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве перыядаў Рэнесансу, барока, класіцызму. @

Акафіст (грэч. akathistos ад a - не і kathizo - саджуся), у праваслаўнай царкве гімн у гонар Хрыста, Маці Боскай, святых, які складаецца з 12 асобных песнапенняў і выконваецца ўсімі прысутнымі на богаслужэнні стоячы. У іканапісе А. - назва кампазіцыі на тэму такога гімна. @

Акварэль (франц. aquarelle ад іт. acquerello, ад лац. aqua - вада), фарбы, якія разводзяцца вадой, a таксама жывапіс гэтымі фарбамі, асобны твор, выкананы А. Для акварэльных фарбаў уласцівы тонка расцёртыя пігменты і вялікі працэнт клеючага рэчыва (раслінны клей з дамешкамі мёду, цукру, гліцэрыны). У Беларусі вядомы з 15 ст., калі яны выкарыстоўваліся ў мініяцюрах рукапісаў; у 16-18 стст. акварэльнымі фарбамі расфарбоўвалі гравюры; з 18 ст. А. выконваюцца пейзажы, нацюрморты, партрэты, сюжэтна-тэматычныя кампазіцыі. @

Акватынта (іт. acquatinta), тэхнічная разнавіднасць гравюры, заснаваная на пратраўліванні кіслатой металічнай дошкі праз прыліплы да яе каніфольны пыл, што надае адбітку эфект, блізкі да тонавага малюнка. Выкарыстоўваецца часам у спалучэнні з афортам для атрымання ў выявах розных адценняў. У беларускім мастацтве А. ужываецца з кан. 17 ст. @

Акведук (лац. aquaeductus ад aqua - вада і duco - весці), вадавод (канал, труба) для забеспячэння вадой населеных пунктаў з крыніц, размешчаных вышэй. Таксама вадавод у выглядзе арачнага моста. @

Акропаль (грэч. akropolis ад akros - верхні і polis - горад), верхні горад, яго ўмацаваная частка, якая размяшчаецца на ўзвышшы. На A. у часы антычнасці знаходзіліся гарадскія святыні, храмы, у час вайны ён служыў жыхарам сховішчам ад ворагаў (параўн. Дзядзінец). @

Акрылавыя фарбы, сінтэтычныя фарбы, якія рыхтуюцца на аснове акрылавай кіслаты, вызначаюцца высокай светланоснасцю, вода- і тэрмаўстойлівасцю, шчыльным счапленнем з выяўленчай паверхняй. @

Аксаміт (ад грэч. heksamiton - з шасці нітак), шаўковая або баваўняная тканіна з мяккім густым вертыкальным ворсам (1,5-2 мм), які атрымліваецца выцягваннем нітак у петлі (пяцельчаты А.) або ў выніку іх разразання (разразны А.). Тэхніка вырабу аксамітных тканін зарадзілася на Ўсходзе, магчыма ў Кітаі. У Беларусі атрымалі пашырэнне разнастайныя віды А., у тым ліку з ціснёным узорам, вышыўкай сярэбранымі, залатымі, шаўковымі ніткамі; выкарыстоўваецца для пашыву адзення, аздаблення інтэр'ераў, абіўкі мэблі. @

Аксесуар (франц. accessoire), у выяўленчым мастацтве другарадная, дапаможная дэталь галоўнай выявы, якая дапаўняе яе характарыстыку. @

Акт (ню; ад лац. actus), выява аголенай чалавечай фігуры; самастойны жанр у жывапісе, графіцы, скульптуры. @

Ала прыма (іт. alla+prima - ад першага разу), мастацкі прыём у жывапісе, у адпаведнасці з якім выява выконваецца без папярэдніх прапісак і падмалёвак, за адзін сеанс, да высыхання фарбаў. @

Алегорыя (ад грэч. allegoria іншасказанне), у мастацтве ўвасабленне з'явы, ідэі, паняцця ў зрокавым вобразе (леў - А. сілы, уладнасці); у выяўленчым мастацтве А. часта ствараецца спалучэннем з атрыбутамі (выява жанчыны з шалямі ў руках і павязкай на вачах - А. правасуддзя). У беларускім мастацтве А. атрымлівае найбольшае пашырэнне ў перыяд Адраджэння, маньерызму, барока, ракако, класіцызму і рамантызму. @

Алейны жывапіс, від жывапісу мастацкімі алейнымі фарбамі, якія рыхтуюць з неарганічных пігментаў, расцёртых з ільняным (часам з дабаўкай арэхавага і сланечнікавага) адбеленым алеем. Алейнымі фарбамі пішуць на палатне, кардоне, дрэве, метале і інш. матэрыялах, пакрытых спецыяльнымі грунтамі (станковы жывапіс), ці па вапнавай тынкоўцы (манументальны жывапіс). У Беларусі А. ж. вядомы з пач. 16 ст. (гл. таксама Фарбы мастацкія). @

Алентур (франц. alentours - абрамленне, акантоўка), тып французскіх шпалер 18 ст., на якіх выява змяшчалася ў пышна арнаментаваным абрамленні, што імітавала карціну ў раме. У Беларусі дываны, выкананыя па тыпу А., вядомы з сяр. 18 ст. @

Алтар (лац. altaria ад altus - высокі),

1. Ахвярнік, асобнае збудананне ў гонар багоў (Старажытная Грэцыя, Рым).

2. У каталіцкіх храмах першапачаткова складні з рухомымі створкамі, аздобленымі жывапісам і скульптурай, у далейшым - дэкаратыўныя сценкі, аформленыя скульптурай, жывапісам, творамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. А. ставяцца ва ўсходняй частцы храма ў завяршэнні галоўнага нефа (галоўны A.) і аддзяляюцца алтарнай перагародкай, a таксама ў тарцах бакавых нефаў, пры сценах галоўных і бакавых нефаў, у трансепце (бакавыя А.), у капліцах. Для беларускіх А. характэрна адна-, двух'- і трох'яруснае чляненне, адна- і трохвосевая пабудова, выкарыстанне разьбы па дрэве, стуку, уключэнне твораў скульптуры, жывапісу, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, разнастайны і багаты архітэктурны дэкор, комплекснае вырашэнне, адпаведнае стылям Адраджэння, барока, ракако.

3. У праваслаўных храмах А. - узвышанае месца ва ўсходняй частцы, дзе размяшчаецца прастол; аддзяляецца ад сярэдняй часткі царквы іканастасам (з 14-15 стст.). @

Альтанка (польск. altanka ад іт. altana), драўляная ці мураваная дэкаратыўная пабудова для адпачынку, аховы ад сонца і ападкаў. А. звычайна размяшчаюцца ў маляўнічых кутках, у дварах, парках. Найчасцей вырашаюцца ў выглядзе ратонды (у пейзажных і рэгулярных парках стылю барока і класіцызму). У Беларусі А. атрымалі найбольшае пашырэнне з 18 ст. @

Амбон (ад грэч. ambon - узвышэнне),

1. У каталіцкіх храмах казальніца, узвышэнне, багата аздобленас месца (трыбуна ці кафедра) для чытання свяшчэнных тэкстаў і прамаўлення казанняў. У Беларусі з 16 ст. А. узводзяцца апорныя і кансольныя (гл. Кансоль), складаюцца з корпуса, тыльнага шчыта і балдахіна, выконваюцца з каменю, дрэва, металу, багата дэкарыруюцца натуральным мармурам або стукам, устанаўліваюцца каля першага (ад прэсбітэрыя) левага міжнефавага (гл. Неф) ці цэнтральнага слупа, у аднанефавых храмах - на сцяне. Ha A. з боку алтара вядзе лесвіца.

2. У праваслаўных храмах А. - паўкруглая пляцоўка на сярэдзіне салеі (узвышэнне перад іканастасам) насупраць царскіх варот; прызначаны для чытання Евангелля і прамаўлення казанняў. @

Ампір (ад франц. empire - імперыя), стыль у мастацтве шэрага эўрапейскіх краін першай трэці 19 ст. Зарадзіўся ў Францыі ў кан. 18 - пач. 19 ст. як заключны этап класіцызму. У аснове А. - традыцыі антычнай Грэцыі і Рыма перыяду Імперыі, якія вызначылі манументальную выразнасць, лаканізм, стрыманасць стылю. У мастацтве Беларусі А. вядомы з пач. 19 ст. @

Амфіпрастыль (грэч. amphiprostylos ад amphi - з двух бакоў і prostylos - які мае калоны з пярэдняга боку), тып старажытнагрэчаскага храма, у якім на двух баках - пярэднім і заднім фасадах - знаходзілася па чатыры калоны; інакш - двайны прастыль. @

Амфітэатр (грэч. amphitheatron ад amphi - з двух бакоў і theatron - тэатр, прыступкі, месца для гледачоў), старажытнагрэчаскі тэатр, у якім месцы для гледачоў размяшчаліся паўкругам, прыступкамі і паступова павышаліся ад цэнтра. У старажытнарымскай архітэктуры - адкрытыя круглыя ці авальныя ў плане збудананні для масавых відовішч. @

Аналаў (параман), чатырохвугольная хуста з выявай крыжа, іншых знакаў пакут Хрыста; пакрывае грудзі і плечы; частка адзення манахаў. @

Аналой (грэч. analogeion), у праваслаўнай царкве чатырохвугольны столік, часта з нахілам, на які ў час набажэнства кладуцца богаслужэбныя кнігі, абразы. @

Анатомія пластычная, раздзел анатоміі, які вывучае прапорцыі чалавечага цела, жывёлы, птушак, залежнасць знешніх форм цела ад іх унутранай пабудовы і змен, якія ўзнікаюць у выніку руху. Асобную ўвагу А. п. звяртае на будову шкілета і мускулатуры цела, на асаблівасці злучэння костак і мышцаў. @

Ангоб (франц. engobe), від керамічнага пакрыцця з тонка змолатай гліны, якім пакрываюць цалкам або размалёўваюць керамічныя вырабы перад абпальваннем. У Беларусі А. вядомы з 12 ст. @

Андарак, спадніца беларускіх жанчын з шарсцяной ці паўшарсцяной тканіны ў падоўжныя ці папярочныя палосы, у клетку на вохрыстым, ружовым, вішнёвым, сінім, зялёным, серабрыста-белым, чорным фоне. Дадатковымі элементамі дэкору А. служылі запрасаваныя складкі, вышыўка, карункавыя тасёмкі, стужкі. @

Анёл (грэч. angelos - вястун),

1. Адпаведна Бібліі, бесцялесная духоўная істота, надзеленая розумам і свабоднай воляй. Іерархія А. налічвае 9 чыноў: Серафімы, Херувімы, Прастолы, Гасподствы, Сілы, Улады, Начальствы, Архангелы, Анёлы. У Бібліі сустракаецца некалькі ўласных імён архангелаў: Гаўрыіл, Міхаіл, Рафаіл.

2. Адзін з асноўных вобразаў у творах рэлігійнага мастацтва: абразах, алтарных абразах, манументальных роспісах, скульптуры, графіцы. @

Анімалістычны жанр (ад лац. animal - жывёла), жанр выяўленчага (скульптура, жывапіс, графіка) і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, творы якога адлюстроўваюць свет жывёлы. Анімалістычныя матывы ў беларускім мастацтве вядомы з 16 ст. @

Ансамбль (ад франц. ensemble - літаральна разам, стройнае адзінства), гарманічнае адзінства, узаемная ўзгодненасць частак, кожная з якіх уяўляе сабой самастойнае цэлае. Напрыклад, архітэктурны А. розных будынкаў, А. прадметаў і аздобы інтэр'ера, А. музыкантаў. Паняцце А. блізкае да слова кампазіцыя, аднак мае больш шырокі сэнс, таму што можа аб'ядноўваць некалькі асобных кампазіцый (гл. Гармонія, Інтэр'ер, Сінтэз у мастацтве). @

Антаблемент (ад франц. entablement - надстолле, пакрыццё), сістэма верхніх гарызантальна размешчаных частак будынка, якія ляжаць на калонах. У класічнай архітэктуры (антычнасць, класіцызм) А. складаецца з трох частак: гарызантальнай бэлькі - архітрава і размешчаных над ёй фрыза і карніза. @

Анты (ад лац. antae), тарцы бакавых сцен прамавугольнага ў плане будынка, паміж якімі ставіліся дзве калоны (храм у антах) у антычнай архітэктуры Грэцыі. @

Антымінс, чатырохвугольная льняная ці шаўковая хуста з выявамі сцэны «Палажэння ў труну» ў цэнтры і чатырох евангелістаў па вуглах. Як прадмет літургічнага ўжытку А. прызначаецца для пакрыцця прастола ў алтары праваслаўнага храма. На тэрыторыі Беларусі найбольш ранні А. датуецца кан. 17 ст. @

Анфілада (ад франц. enfilade - у рад па нітцы, ад file - рад), рад унутраных памяшканняў будынка, змешчаных па адной восі, якія злучаюцца паміж сабой дзвярнымі праёмамі. У архітэктуры Беларусі А. атрымалі пашырэнне ў будынках стыляў Рэнесансу, барока, класіцызму. @

Апак (лац. opacus - непразрысты), вышэйшы гатунак фаянсу. Знешне амаль не адрозніваецца ад фарфору, аднак мае порысты і непразрысты чарапок. @

Апакаліпсічныя сюжэты (ад грэч. apokalypsis - адкрыццё), у выяўленчым мастацтве кампазіцыі, выкананыя на тэмы або звязаныя са зместам апошняй кнігі Бібліі - Апакаліпсіса, дзе апісаны адкравенні, яўленні, прароцтвы аб развіцці і канцы свету. @

Апартаменты (ад франц. appartement - кватэра), група памяшканняў, вылучаных у адзіны комплекс, для пражывання пэўнай асобы. У беларускім дойлідстве - з 17 ст. @

Аплікацыя (ад лац. applicatio - прыкладванне), стварэнне мастацкіх твораў наклейваннем, нашываннем на тканіну, паперу, дрэва разнастайных па колеру і фактуры кавалачкаў якіх-небудзь матэрыялаў; твор, выкананы такім спосабам (параўн. Маркетры, Калаж). @

Апона, назва дэкаратыўных тканін тыпу дываноў (арасы, габелены, макаты, каберцы), пашыраная ў Беларусі ў 16-18 стст.; выкарыстоўваліся для аздаблення сцен, пакрыцця каня, таксама як шырмы (гл. Тканіны мастацкія). @

Апостал (ад грэч. apostolos - пасланнік),

1. У раннехрысціянскай літаратуры вандроўны прапаведнік хрысціянства. Евангелле апавядае пра 12 апосталаў - бліжэйшых вучняў Хрыста і 70 апосталаў - яго паслядоўнікаў. Апосталы - частыя персанажы культавага мастацтва (абразы, алтарныя абразы, фрэскі, мазаікі, вітражы, скульптурныя і графічныя творы).

2. Богаслужэбная кніга, якая змяшчае 22 з 27 кніг Новага запавета: Дзяянні апосталаў, 7 саборных пасланняў апосталаў: Якава, першае і другое Пятра, першае, другое і трэцяе Яна, пасланне апостала Юды, 14 пасланняў апостала Паўла: да Рымлянаў, першае і другое да Карынфянаў, да Галатаў, да Ефесянаў, да Філіпійцаў, да Каласянаў, першае і другое да Фесаланікійцаў (Салунянаў), першае і другое да Цімафея, да Ціта, да Філімона і да Жыдоў. Акрамя таго, у A. прыводзіцца парадак чытання гэтых кніг на працягу года ў залежнасці ад свята і дня. @

Апсіда (ад грэч. apsis (apsidos) - скляпенне, дуга, наўкруг, арка), выступ будынка паўкруглай, часам шматвугольнай, формы, пакрыты паўкупалам ці самкнёным паўскляпеннем. У хрысціянскіх храмах А. узводзіліся з усходняга боку, у ix размяшчаўся алтар. У культавых будынках у Беларусі А. вядомы з 11 ст. @

Арабеска (франц. arabesque - літаральна арабскі), эўрапейская назва арнаменту, які склаўся ў мастацтве мусульманскіх краін. Складаецца з пераплеценых ліній, геаметрычных фігур, стылізаваных лістоў, кветак, уключае надпісы, выявы фантастычных жывёлін, фігур людзей. Пашыраны ў эпоху Адраджэння. У беларускім дэкаратыўна-прыкладным мастацтве А. вядома з 16 ст. @

Аранта (грэч. oranta - які моліцца), выява фігуры з паднятымі ўгару ў малітоўным руху рукамі. Кананічны тып выяўлення Маці Боскай. А. - адна з ранніх форм выяўлення душы асобы, звернутай да Бога. У мастацтве славян Маці Боская А. мела назву «Непарушная сцяна», што выказвала ідэю заступніцтва (параўн. Пакроў). Аналагічная кампазіцыя ў круглым медальёне з выявай немаўляці Хрыста на грудзях Маці Боскай - панагія. @

Арас (франц. arras),

1. Дыван ручной работы, вытканы ў французскім г. Арас.

2. Назва мастацкай тканіны, вытканай у тэхніцы габелена. У Беларусі тэрмін А. ужываўся ў 18-19 стст. разам з назвамі «габелен», «шпалера». @

Арганічная архітэктура, напрамак у архітэктуры 20 ст., якому ўласцівы індывідуальны характар твораў, абумоўлены іх прызначэннем, прыродным асяроддзем, ужываннем натуральных будаўнічых матэрыялаў. @

Ардынацыя (стар.-польск. ordynacja ад стар.-лац. ordinatio - кірую, прызнаю, загадваю), непадзельная і неадчужальная ўласнасць пэўнага магнацкага роду ў Рэчы Паспалітай; таксама прававыя нормы, што рэгулявалі спадчыннасць на гэту ўласнасць. @

Арка (іт. arco ад лац. arcus - дуга, выгін), крывалінейнае перакрыцце праёмаў у сцяне (дзверы, вокны, вароты) ці пралётаў паміж дзвюма апорамі. А. бываюць паўцыркульныя (апісаныя паўакружнасцю), падковападобныя, лучковыя (апісаныя дугой, меншай за паўакружнасць), стрэльчатыя (утвораныя дзвюма дугамі, якія перасякаюцца пад вуглом), шматлопасцевыя (складаюцца з некалькіх дробных арачак). А. адрозніваюць па прызначэнні: падпружныя (падтрымліваюць розныя тыпы скляпеністых канструкцый), разгрузачныя (успрымаюць і перадаюць нагрузку ад верхніх частак збудавання). Разнастайныя формы A. у развіцці архітэктуры набываюць не толькі канструкцыйнае, але і дэкаратыўнае значэнне, становяцца элементамі арнаменту - характэрнымі прыкметамі таго ці іншага стылю: спічастыя і трохлістыя А. - готыкі, паўцыркульныя - рэнесансавыя, падковападобныя - маўрытанскія, кілепадобныя - старажытнарускія і г.д. (гл. Стыль у мастацтве). У беларускім дойлідстве арачныя канструкцыі з'явіліся ў 11-12 стст. @

Арка трыумфальная, пастаяннае ці часовае абрамленне праезду, урачыстае збудаванне ў гонар ваенных перамог і іншых знамянальных падзей. А. т. бываюць 1-3-пралётныя; завяршаюцца антаблементам і атыкамі, аздабляюцца статуямі, рэльефамі, памятнымі надпісамі. У Беларусі часовыя А. т. атрымалі пашырэнне ў 17-18 стст. @

Аркада (ад франц. arcade),

1. Шэраг аднолькавых па велічыні і абрысах арак, якія абапіраюцца на слупы ці калоны.

2. Архітэктурна-канструкцыйная сістэма, якая атрымала шырокае распаўсюджанне ў старажытнарымскім дойлідстве. @

Аркатура (ад ням. Arkatur), рад дэкаратыўных, несапраўдных арачак, якія абапіраюцца на кансолі, кранштэйны ці калоны, у выглядзе глухога аркатурнага пояса. А. - элемент дэкаратыўнай аздобы будынка. @

Аркбутан (ад франц. arc-boutant), знешняя каменная паўарка, якая з'яўляецца адным з канструктыўных элементаў каменнага каркаса гатычнага сабора. З яе дапамогай ціск скляпенняў галоўнага нефа перадаецца знешнім падпорным слупам - контрфорсам (гл. таксама Готыка, Нервюра). @

Арнамент (ад лац. ornamentum - упрыгажэнне), дэкаратыўны ўзор, які складаецца з рытмічна ўпарадкаваных элементаў; прызначаны для аздаблення твораў жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, прадметаў хатняга ўжытку, архітэктурных збудаванняў. @

Арнат (лац. ornatus), верхняе літургічнае адзенне рымска-каталіцкага духавенства. Складаецца з 2 полак (кожная мае падзел на 2 «бакі» і «калону» - сярэднюю частку), закругленых унізе і замацаваных плечавымі швамі. У Беларусі А. шыліся з каштоўных тканін (парча, аксаміт, шоўк), упрыгажваліся гафтам, тасьмой, карункамі, жэмчугам, каштоўнымі камянямі. Часта ў А. выкарыстоўваліся фрагменты іншых мастацкіх тканін, напрыклад, слуцкіх паясоў. @

«Арнуво» («арт нуво»; франц. art nouveau - літаральна новае мастацтва), пашыраная назва стылю «мадэрн». @

Архаіка (ад грэч. archaikos - старажытны), перыяд развіцця мастацтва Грэцыі 7-6 стст. да н.э. У шырокім значэнні - ранні этап у развіцці мастацтва якога-небудзь стылю. Выкарыстанне слова «архаічны» да іншых па часу з'яў азначае «неразвіты», «несфармаваны» (параўн. Прымітыў). @

Археалогія (грэч. archaiologia - апавяданне пра даўніну, ад archaios - старажытны і logos - вучэнне, навука), галіна гістарычнай навукі, якая вывучае быт і культуру чалавека, развіццё чалавечага грамадства па матэрыяльных помніках. @

Архімандрыт (грэч. archimandrites ад archi - галоўны і mandra - манастыр), у праваслаўнай царкве вышэйшае званне святара-манаха (перад епіскапам). Звычайна А. з'яўляюцца настаяцелямі мужчынскіх манастыроў, рэктарамі духоўных вучэбных устаноў. @

Архірэй (грэч. archiereus), агульная назва вышэйшага духавенства ў праваслаўі - епіскапа, архіепіскапа, мітрапаліта, патрыярха. Слова А. ужываецца ў назвах абразоў з выявай Хрыста ў рызах («Вялікі Архірэй»). @

Архітраў (франц. architrave ад грэч. archi - галоўны і лац. trabs - бэлька), ніжняя частка антаблемента, гарызантальнае перакрыцце, якое ляжыць звычайна на капітэлях калон, пілястраў, на слупах, іншых апорах і нясе фрыз і карніз. @

Архітэктураойлідства; лац. architectura ад грэч. architektonike [techne]), мастацтва праектаваць і ўзводзіць будынкі, іх комплексы, збудаванні, якія арганізуюць адкрытую прастору (манументы, тэрасы, набярэжныя), афармляць прасторавае асяроддзе для жыцця і дзейнасці чалавека, ажыццяўляць планіроўку і забудову гарадоў і населеных пунктаў (горадабудаўніцтва), ствараць комплексы з улікам і пры дапамозе элементаў натуральнай прыроды (садова-паркавае мастацтва). @

Архітэктура ілюзійная (лац. illusio - сонныя прывіды), жывапіснае выяўленне архітэктурных форм на сценах, плафонах, інш. архітэктурных паверхнях, якія імітуюць сапраўдную архітэктурную прастору і ствараюць ілюзію павелічэння ўнутранага аб'ёму будынка. У беларускім манументальным жывапісе А. і. атрымала найбольшае пашырэнне ў эпоху барока. @

Асветніцтва, ідэйны рух 17-18 стст., прадстаўнікі якога прызнавалі вядучую ролю асветы, навукі і ведаў у жыцці асобы, развіцці грамадства. У Беларусі А. атрымала распаўсюджанне ў другой пал. 18 - пач. 19 ст. @

Асноважывапісе, малюнку), матэрыял, паверхня, па якой пішуць фарбамі або малююць. Звычайна А. служыць палатно, драўляная дошка, кардон, папера, паверхня сцяны, шкло, фарфор і інш. Паверхня А. спецыяльна рыхтуецца ў залежнасці ад розных відаў жывапісу і малюнка. Розныя А. неаднолькава паглынаюць, прапускаюць, адлюстроўваюць святло, маюць розную ступень трываласці, розны характар паверхні (гладкая, шурпатая, матавая), розныя хімічныя якасці (убіранне фарбы, хімічныя працэсы). Ад А. залежаць мастацкія асаблівасці твора, яго выразнасць, a таксама захаванасць карціны, малюнка, манументальнага роспісу. @

Атлант (грэч. Atlas (Atlantos) - той, хто нясе),

1. У старажытнагрэчаскай міфалогіі тытан Атлант, асуджаны вечна трымаць на сваіх плячах купал неба як пакаранне за ўдзел у бойцы тытанаў супраць багоў.

2. У архітэктуры - вертыкальная апора ў выглядзе мужчынскай фігуры, якая падтрымлівае асобны элемент будынка (балкон, эркер, порцік) і прыстаўлена звычайна да сцяны ці слупа (параўн. Карыятыда). @

Атлас (араб. atlas - літаральна гладкі), шаўковая, паўшаўковая або баваўняная мяккая тканіна з гладкім бліскучым правым бокам. Вядома ў Кітаі са старажытнасці; у 16-17 стст. выраблялася ў Сярэдняй Азіі і Іране, адкуль прывозілася ў Эўропу, у тым ліку і ў Беларусь. Ужываецца ў аздабленні інтэр'ераў, пашыве адзення. @

Атрыбут (ад лац. attribuo - надаю, надзяляю), пастаянная вызначальная прыкмета (прадмет) пэўнага героя мастацкага твора. @

Атрый (атрыум; лац. atrium ад ater - чорны), цэнтральнае памяшканне антычнага жылога дома з верхнім асвятленнем, звычайна з адтулінай у даху (камплювій), праз якую дажджавая вада трапляла ў размешчаны пад ім невялікі басейн (імплювій). Назва паходзіць ад курадымлівага ачага, які быў там першапачаткова размешчаны. @

Атык (ад грэч. attikos, лац. atticus - атычны), прамавугольная сценка, на якой размяшчаліся надпісы і рэльефы. Знаходзіцца над карнізам будынка. Назва паходзіць ад Атыкі - вобласці Старажытнай Грэцыі з цэнтрам у Афінах. @

Аўра (аўрэола; ад грэч. aura - подых ветрыку, веянне), у іканапісе жывапісны кананічны прыём, у адпаведнасці з якім выявы Маці Боскай, Хрыста даюцца ў акружэнні ззяння, нібыта самі фігуры выпраменьваюць святло, утвараючы арэол, прызнак святасці (гл. таксама Глорыя, Німб, Мандорла). @

Аўрэола, гл. Аўра. @

Аўтагравюра (ад грэч. autos - сам і гравюра), гравюра, у якой друкарскую форму на дрэве, метале, лінолеуме выконвае сам мастак - аўтар кампазіцыі. Адрозніваюць аўталітаграфію. @

Аўталітаграфія (ад грэч. autos - сам і літаграфія), від літаграфіі, адпаведна якой выяву на камень наносіць мастак - аўтар. @

Аўтапартрэт, выява жывапісцам, скульптарам, графікам самога сябе. Від партрэта. У выяўленчым мастацтве Беларусі А. атрымліваюць пашырэнне з кан. 18 ст. @

Афармленчае мастацтва, галіна дэкаратыўнага мастацтва. Уключас часовае афармленне будынкаў, вуліц, плошчаў, вытворчых тэрыторый, садоў, паркаў, афармленне вітрын, святочных мерапрыемстваў, спартыўных выступленняў, рознага роду экспазіцый, выставак. Выкарыстоўвае выразныя сродкі архітэктуры, скульптуры, жывапісу, графікі, тэатра, музыкі, кінамастацтва на аснове іх сінтэзу (гл. Сінтэз у мастацтве). @

Афіша (франц. affiche - аб'ява, ад afficher - выстаўляць напаказ), від рэкламы, аб'ява пра культурна-масавае, спартыўнае, відовішчнае мерапрыемства. У Беларусі А. вядомы з сяр. 19 ст. @

Афорт (ад франц. eau-forte - азотная кіслата), від гравюры на метале, у якой паглыбленыя элементы друкарскай формы ствараюцца шляхам траўлення металу кіслотамі. На адпаліраваную цынкавую або медную пласціну наносяць кіслотатрывалы лак, стальной іголкай прадрапваюць малюнак да металу. Пасля пратраўлівання чыстых ад лаку месцаў атрымліваюцца паглыбленыя друкарскія элементы. @

Бабінец (прытвор), заходняя частка праваслаўнага, вуніяцкага храмаў; першапачаткова месца для тых, хто не меў права пастаянна ці часова знаходзіцца ў царкве (асобы, што жадалі прыняць хрысціянства, тыя, на каго было накладзена царкоўнае спагнанне - епітым'я), у далейшым - месца для малення жанчын у пасляродавы перыяд (забарона ўваходзіць у асноўную частку храма да 40-га дня ад часу нараджэння дзіцяці здымаецца прачытанай святаром спецыяльнай малітвай). Б. злучаецца з сярэдняй часткай царквы дзвярыма, праёмам (гл. таксама Нартэкс). @

База (франц. base ад грэч. basis - крок, стапа), аснова, падножжа калоны ці пілястры. У залежнасці ад архітэктурнага ордэра можа мець розныя вышыню і профіль. @

Базіліка (лац. basilica ад грэч. basilike - царскі дом), выцягнуты прамавугольны ў плане будынак, які складаецца з трох ці пяці падоўжных частак (нефаў), аддзеленых адзін ад аднаго каланадай ці аркадай; сярэдні (галоўны) неф заўсёды вышэйшы за бакавыя, a верхнія часткі яго сцен выступаюць над дахамі сярэдніх. Перад уваходам у Б. размяшчаўся нартэкс. Першапачаткова ў Візантыі Б. - палац архонта базілеўса - вышэйшай духоўнай асобы горада, затым - грамадскі будынак. У наступным Б. сталі выкарыстоўвацца хрысціянамі для сходаў, іх планіроўка набыла форму лацінскага крыжа, дзякуючы перасячэнню падоўжных нефаў папярэчным (трансептам). @

Базыльяне, манахі ордэна каталіцкай царквы з праваслаўным абрадам. Паводле падання, статут ордэна быў напісаны Базылём (Васілём) Вялікім у 4 ст. н.э. Першапачаткова ўзнік у Візантыі. У Вялікім Княстве Літоўскім Б. вядомы з кан. 15 ст. Засноўвалі манастыры, школы з пачатковай і сярэдняй адукацыяй, семінарыі. @

Байка (польск. bajka ад галанд. baai, ад стар.-франц. baie - шарсцяная тканіна),

1. Мяккая баваўняная тканіна з двухбаковым ворсам; выкарыстоўваецца для пашыву бялізны, адзення (гал. чынам жаночага і дзіцячага).

2. Шчыльная грубаватая тканіна з ворсам на правым баку; выкарыстоўваецца для пашыву дэмісезонных паліто, вырабу коўдраў. @

Байніца, адтуліна ў сцяне абарончага збудавання для вядзення агню са стралковай зброі (закрытая Б.) або прасвет паміж зубамі ў завяршэнні замкавых сцен, вежах (адкрытая Б.). Б. для вядзення агню з гармат называліся амбразурамі, для кідання камянёў, ліцця вару ці смалы - машыкулямі. @

Бакара, каштоўны гатунак крышталю; першапачаткова (з 1816 г.), вырабы крышталёвага завода ў французскім г. Бакара (Baccarat), якія славіліся тэхнічнай дасканаласцю багатага дробнага гранення. @

Балюстрада (франц. balustrade), невысокая агароджа балкона, галерэі, лесвіцы, якая складаецца з рада фігурных слупкоў (балясін), аб'яднаных зверху плітой, бэлькай, парэнчамі. Б. атрымалі пашырэнне ў беларускім дойлідстве ў будынках стыляў Рэнесансу, барока, класіцызму. @

Балясіна (баляса; ад польск. balas, ад іт. balaustro), невысокі фігурны слупок, які падтрымлівае парэнчы лесвіцы, балкона, парапета, балюстрады; бывае плоская, круглая, гранёная. @

Баптыстэрый (баптыстэр; ад грэч. baptisterion - купель, baptizo - пагружаю ў ваду), першапачаткова басейн з халаднаватай вадой у тэрмах Старажытнага Рыма. Пазней Б. называлі цэрквы ў гонар Яна Папярэдніка і спецыяльныя памяшканні пры цэрквах, прызначаныя для правядзення абраду хрышчэння; упрыгожвалі скульптурай і мазаікай. Найбольш вядомы Б. у Равене (сяр. 5 - пач. 6 ст.), у Пізе (пач. будаўніцтва ў 1153 г.). @

Барабан (ад татарск. барабан - бубен), у архітэктуры верхняя частка будынка, якая нясе купал, абапіраецца на сцены, слупы, ветразі. Б. мае цыліндрычную ці гранёную форму, можа быць глухім (без светлавых праёмаў), мець светлавыя праёмы. Найбольш пашыраны ў хрысціянскім культавым дойлідстве. У архітэктуры Беларусі вядомы з 11 ст. @

Барбакан, вынасное невялікае дадатковае ўмацаванне, звычайна падковападобнай формы без даху. Б. размяшчаўся перад уваходнай брамай у замак. @

Барока (ад іт. barocco - мудрагелісты, вычварны, дзіўны, ад партуг. perola barocca - жамчужына няправільнай формы), вядучы стыль у мастацтве 16-18 стст. Вызначаецца кантрастнасцю сэнсавых і пластычных пабудоў твораў, напружанасцю і дынамічнасцю ў вырашэнні вобразаў, імкненнем да велічнасці і пышнасці, да аб'яднання ў пластычных мастацтвах рэальнага і ілюзорнага, да ансамблевасці рашэнняў. У беларускай архітэктуры, выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве стыль Б. зарадзіўся ў кан. 16 - пач. 17 ст., найбольшае пашырэнне атрымаў у 17-18 стст. @

Барэльеф (франц. bas-relief - літаральна нізкі рэльеф), від рэльефнай скульптуры, у якой выява выступае над плоскасцю фону не больш чым на палову свайго аб'ёму. Першыя з вядомых Б. у Беларусі датуюцца 10 ст. (параўн. Гарэльеф). @

Васкет (франц. bosquet ад іт. boschetto - лясок, гаёк), група роўна падрэзаных дрэў або кустоў у выглядзе сценкі, якія пасаджаны ў парку, садзе; адзін з галоўных элементаў кампазіцыі садова-паркавага мастацтва рэгулярнага стылю. Б. упершыню былі выкарыстаны ў французскім паркабудаўніцтве ў кан. 16 ст., у Беларусі вядомы з кан. 17 - пач. 18 ст. @

Бастыён (франц. bastion ад грэч., лац. basterna - наглуха зачынены), кутны выступ у крапасной, замкавай сцяне прамавугольнай ці пяцікутнай формы. У Беларусі вядомы з сяр. 16 ст. @

Батальны жанр (ад франц. bataille - бітва), жанр выяўленчага мастацтва, прысвечаны тэмам вайны і ваеннага жыцця ў мінулым і ў сучаснасці; мае сувязь з гістарычным і бытавым жанрамі. У беларускім мастацтве батальныя сюжэты вядомы ў мініяцюрах рукапісаў (з 15 ст.), графічных і жывапісных выявах (з пач. 16 ст.), як самастойны жанр - з кан. 18 - пач. 19 ст. @

Батык (малайск.), агульная назва тэхнік роспісу тканін пры дапамозе фарбавальнікаў; распісаная тканіна ў гэтых тэхніках. Адрозніваюць Б., заснаваны на абмежаванні расцякаемасці фарбавальнікаў рэзервуючымі саставамі (на тканіну наносяць воск, парафін, гумавы клей і г.д.), на выкарыстанні загушчальнікаў (на тканіну наносяць або дадаюць у фарбу крухмал, дэкстрын і г.д.), абвязванні складзенай ці скручанай тканіны ніткай (тэхніка «бандан»), a таксама «свабодны роспіс» (роспіс тканіны без рэзервуючых саставаў з выкарыстаннем загушчальнікаў). Б. - традыцыйныя тэхнікі роспісу тканін народаў Інданезіі. У Эўропе, у тым ліку і ў Беларусі, Б. вядомы з кан. 19 - пач. 20 ст. @

Батыст (франц. batiste ад імя французскага ткача 13 ст. Батыста Шамбрэ [Batiste Chambrau]), высакаякасная тонкая паўпразрыстая льняная або баваўняная тканіна; вырабляецца з тонкай кручанай пражы, якая звычайна падвяргаецца апрацоўцы канцэнтраваным растворам шчолачы для надання шаўкавістага бляску і мяккасці; выкарыстоўваецца для пашыву бялізны, сукенак, блузак. @

Бельведэр (іт. belvedere - літаральна прыгожы від),

1. Надбудова над будынкам круглай, авальнай, шматграннай формы.

2. Альтанка ці павільён на пагорку; зрэдку назва палаца ў жывапісным акружэнні (напрыклад, Б. - летняя рэзідэнцыя папы рымскага ў Ватыкане). @

Бельэтаж (франц. bel - прыгожы і etage - паверх),

1. Другі, парадны, паверх дома, палаца, асабняка.

2. Першы ярус (паверх) глядзельнай залы над партэрам і амфітэатрам. @

Б'енале, гл. Біенале. @

Бенедыкцінцы, манахі каталіцкага ордэна, заснаванага Бенедыктам Нурсійскім каля 530 г. у Італіі ў Монтэ-Касіна; былі асабліва ўплывовымі ў 10-11 стст. У Беларусі ордэн Б. разгарнуў сваю дзейнасць у 17-18 стст. @

Бернардзінцы, манахі каталіцкага ордэна, які адгалінаваўся ад францысканцаў і меў больш строгі статут. Назву атрымаў ад імя рэфарматара ордэна францысканцаў Бернарда Сіенскага (пач. 15 ст.). У Беларусі ордэн Б. пачаў місіянерскую і пастырскую дзейнасць з другой пал. 15 ст. Пры кляштарах Б. дзейнічалі школы, меліся бібліятэкі. @

Біблейскія сюжэты (ад грэч. biblia - літаральна кнігі), у выяўленчым мастацтве падзеі, героі і іх дзеянні, кампазіцыі на тэмы Старога і Новага запаветаў Бібліі - збору старажытных тэкстаў (8 ст. да н.э. - 2 ст. н.э.), кананізаваных рэлігійнай традыцыяй. @

Бідэрмеер (ням. Biedermeier, Biedermaier - абывацель), стылістычны напрамак у эўрапейскім мастацтве (гал. чынам у нямецкім і аўстрыйскім) першай пал. 19 ст. Назву атрымаў пазней па прыдуманым прозвішчы, якое было змешчана ў загалоўку зборніка вершаў нямецкага паэта Л.Эйхродта (Biedermaiers Liederlust, выд. 1850 г.). Для Б. характэрны паказ паўсядзённага жыцця простага чалавека (бюргераў, гараджан, рамеснікаў), невялікага памеру творы, падрабязнасць і дакладнасць выяўлення, пільная ўвага да дэталяў, цяга да інтымнасці і задушэўнасці, сузіральнасць, ідэалізацыя. Б. мае сувязь з ампірамдэкаратыўна-прыкладным мастацтве) і рамантызмам. @

Біенале (б'енале; гішп. biernnale - літаральна двухгадовы), мерапрыемства (фестываль, выстава), якое праводзіцца рэгулярна раз у два гады. @

Біжутэрыя (ад франц. bijouterie - гандаль ювелірнымі вырабамі), упрыгажэнні з некаштоўных камянёў і металаў. @

Бісер (ад араб. busra - пацеркі), дробныя круглыя ці шматгранныя пацеркі з празрыстага або каляровага шкла з адтулінамі для нізання. На тэрыторыі Беларусі Б. вядомы з жалезнага веку. @

Бісквіт (франц. biscuit), не пакрыты палівай двойчы абпалены фарфор. @

Бістр (франц. bistre),

1. Празрыстая карычневая фарба, прыгатаваная з драўлянай сажы і раслінных кляёў.

2. Тэхніка малявання пяром і пэндзлем. @

Благавешчанне, гл. Дабравешчанне. @

Бленда (ням. Blende), ніша ў сцяне, якая імітуе аконны праём і выкарыстоўваецца ў дэкаратыўных мэтах. У архітэктуры Беларусі Б. вядомы з часоў стыляў готыкі і Рэнесансу. @

Блік (ням. Blick), самая светлая, бліскучая кропка на паверхі прадмета. У творах выяўленчага мастацтва (жывапіс, графіка) - адзін са сродкаў выяўлення і выразнасці. @

Бра (франц. bras - літаральна рука), свяцільня, якая размяшчаецца на сцяне. @

Брама (польск. brama ад ням. Brame), яруснае збудаванне з каменю ці дрэва, дзе размяшчаўся галоўны ўваход, праезд у замак, горад, сядзібу ці іншы замкнёны комплекс пабудоў. У беларускім дойлідстве Б. першапачаткова мелі абарончае прызначэнне; з 16 ст. набылі больш дэкаратыўны характар з адпаведным вырашэннем і аздабленнем. @

Бранзалет (ад франц. bracelet - запясце, бранзалет), упрыгажэнне ў выглядзе вялікага колца з металу, шкла, косці, керамікі, дрэва, каменю, пластмасы, якое носяць на руцэ вышэй кісці або на назе вышэй ступні. @

Брацтвы, рэлігійна-палітычныя арганізацыі насельніцтва Беларусі, пераважна гараджан, якія ствараліся пры цэрквах, манастырах, касцёлах, кляштарах. Б. клапаціліся аб іх стане, адкрывалі дамы прытулку, шпіталі, школы, друкарні. @

Бродэры (франц. broderie - вышыванне), шыкоўны, багаты, карункападобны партэр, які ўтвараецца спалучэннем кветак, травы, стрыжаных кустоў, рознакаляровых сцяжынак, пасыпаных пяском, тоўчанай цэглай. У эўрапейскім паркабудаўніцтве пашыраны ў часы позняга Рэнесансу і асабліва барока, у беларускім - з кан. 17 ст. @

Буквіца, гл. Ініцыял. @

Буклет (ад франц. bouclette - кольца), від паліграфічнай прадукцыі (кароткія даведнікі, праспекты і г.д.) на адным суцэльным аркушы, складзеным паралельнымі згібамі накшталт шырмы (гл. таксама Прамысловая графіка, Рэклама). @

Бутафорыя (іт. buttafuori - літаральна выкідай вон), спецыяльна вырабленыя прадметы, якія выкарыстоўваюцца замест сапраўдных у тэатральных прадстаўленнях, фільмах, тэлевізійных перадачах (гл. таксама Муляж). @

Бытавы жанр, жанр выяўленчага мастацтва, прысвечаны паўсядзённаму прыватнаму і грамадскаму жыццю, звычайна сучаснаму мастаку; мае сувязь з гістарычным і батальным жанрамі. Бытавыя сюжэты ў беларускім мастацтве вядомы з 15 ст. (мініяцюра, кніжная гравюра), яны шырока выкарыстоўваліся ў абразах, манументальных роспісах. Творы Б. ж. атрымалі пашырэнне з 17 ст. у графіцы, з 18 ст. - у станковым жывапісе. @

Бюст (франц. buste ад лац. bustum - месца крэмацыі, надмагільны помнік), пагрудная выява чалавека, адзін з найбольш пашыраных відаў скульптурнага партрэта. У беларускай мемарыяльнай пластыцы Б. вядомы з пач. 17 ст. @

Валёр (франц. valeur - літаральна цана, каштоўнасць), у творах жывапісу і графікі адценне тону (гл. Тон колеравы). @

Вальмавы дах (ням. Walm), чатырохсхільны дах з трохкутнымі схіламі (вальмамі) у тарцах будынка ад канцоў вільчыка да карніза. @

Валюта (лац. voluta ад vere - круціць, літаральна завіток), архітэктурны элемент у форме спіралепадобнага завітка з «вочкам» у цэнтры; з'яўляецца састаўной часткай іанічнай, карынфскай і кампазітнай капітэлей. У будынках эпохі Адраджэння і асабліва барока В. выкарыстоўваліся для сувязі некаторых частак будынка, для афармлення парталаў, дзвярэй, акон. У архітэктуры Беларусі В. атрымалі найбольшае пашырэнне ў перыяды стыляў Адраджэння, барока, класіцызму. @

Варыянт (франц. variante ад лац. varians [род. склон variantis] - той [тое], хто [што] зменьваецца), у мастацтве аўтарскі паўтор твора або якіх-небудзь яго частак з некаторымі зменамі. У тым ліку: змены кампазіцыйнага і колеравага рашэнняў, рухаў, поз выяўленых людзей, змены пункту гледжання на вызначаны аб'ект. У сюжэтных кампазіцыях сустракаюцца поўныя змены выявы пры захаванні агульнага зместу. Пры ўсіх умовах В. прадугледжвае падабенства да арыгінала. @

Васьмярык, у архітэктуры славян васьмікутнае ў плане збудаванне, якое звычайна ставілася на чатырохкутную аснову. Выкарыстоўваўся як у драўляным, так і ў мураваным дойлідстве. @

Ватман (англ. whatman ад імя ўладальніка ангельскай папяровай фабрыкі 18 ст. Дж.Ватмана [J.Whatman]), вышэйшы гатунак паперы з шурпатай паверхняй для чарчэння і малявання; адрозніваецца значным супраціўленнем сціранню. @

Ведута (іт. veduta - від мясцовасці, ад лац. videre - бачыць), жанр выяўленчага мастацтва або канкрэтны твор, на якім паказаны від мясцовасці, пейзаж, часцей за ўсё архітэктурны. Тэрмін з'явіўся ў 18 ст. @

Веер (ад ням. Facher), апахала, ручное прыстасаванне ў выглядзе складнога паўкруга, якім абмахваюцца ў духату. @

Вежа, збудаванне, вышыня якога значна большая за яго гарызантальныя памеры (дыяметр, бакі асновы). В. бываюць круглыя, квадратныя, шматгранныя, шмат'ярусныя, a таксама каменныя, драўляныя, цагляныя, з завяршэннем у выглядзе шатра, купала, плоскага ці вальмавага даху. У беларускім дойлідстве драўляныя В. вядомы з жалезнага веку, мураваныя - з другой пал. 13 ст. @

Вензель (польск. węzeł - вузел), пачатковыя літары (ініцыялы) імя і прозвішча (звычайна стылізаваныя, пераплеценыя), якія ўтвараюць узор. Шырока выкарыстоўваецца ў творах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (мэбля, посуд, адзенне, ювелірныя ўпрыгажэнні, зброя і г.д.), часткова ў графіцы. @

Верацяно, прылада для ручнога прадзення ў выглядзе конусападобнай палачкі (даўжыня 20-30 см) з завостраным верхам і патоўшчаным нізам, вострай пяткай. @

Вердзюр (франц. verdure - зеляніна), французская шпалера 17 ст. з выявамі пейзажаў або расліннага арнаменту. У Беларусі В. вядомы з сяр. 18 ст. @

Вернісаж (франц. vernissage - літаральна пакрыццё лакам), урачыстае адкрыццё выставы ў прысутнасці спецыяльна запрошаных асоб. Назва звязана з традыцыяй пакрываць лакам карціны перад выставай. @

Ветразь, трохкутная выгнутая паверхня ў купальнай канструкцыі, якая нагадвае напоўнены ветрам карабельны В. Спалучэнне 4 В. забяспечвае пераход ад прамавугольнай у плане падкупальнай прасторы да акружнасці барабана ці купала дзякуючы ўтворанаму кругу з асноў сферычных трохкутнікаў. У будынках на тэрыторыі Беларусі В. вядомы з 11 ст., асаблівае пашырэнне атрымалі ў архітэктуры Адраджэння, барока, класіцызму. @

Віла (лац. villa - сядзіба, маёнтак), загарадны дом з садам ці паркам. Першапачаткова В., як месца адпачынку і забаў, з'явілася ў Старажытным Рыме. Атрымала шырокае распаўсюджанне ў эпоху Адраджэння, барока і класіцызму. @

Вільчык, верхні стык схілаў даху, страхі; канёк. @

Вімперг (ням. Wimperg), высокі востраканечны дэкаратыўны франтон, які завяршае партал, аконны праём у гатычным храме. @

Вітраж (франц. vitrage ад лац. vitrum - шкло), арнаментаваная ці сюжэтная кампазіцыя са шкла або іншых матэрыялаў, якія прапускаюць святло. Як від манументальнага жывапісу В. вядомы з часоў Старажытнага Эгіпта і Рыма, найбольшае распаўсюджанне атрымаў у 10-12 стст. у Францыі і Германіі. В. часцей за ўсё выконваецца з кавалачкаў шкла, якія ўстаўляюцца ў металічны каркас. Ha Беларусі В. атрымалі шырокае выкарыстанне ў часы стыляў готыкі, Рэнесансу, a таксама ў будынках неаготыкі. @

Воты (ад лац. votivus - ахвяра, прынашэнне па абяцанні), ахвяраваныя рэчы рэлігійнага ўжытку, сасуды, статуэткі, зброя, таксама выявы частак чалавечага цела (сэрца, рука, нага, галава і г.д.) з каштоўнага металу, якія, як ахвяраванне, прымацоўваюцца да жывапіснай або скульптурнай выявы святога, за дапамогай да якога звяртаецца чалавек. @

Вуаль (франц. voile ад лац. velum - заслона, покрыва, зацямненне), гатунак лёгкай, празрыстай, рэдкатканай шаўковай, баваўнянай або ваўнянай тканіны. @

Вугаль,

1. Матэрыял для малявання з абпаленых тонкіх галінак, палачак ліпы, вярбы, таксама са спрасаванай сумесі вугальнага парашку і расліннага клею.

2. Тэхніка малюнка. @

Выцінанка, ажурны ўзор, выява, выразаная з белай ці каляровай паперы. У Беларусі ўжываліся для афармлення жылля (гл. Фіранка), выкарыстоўваліся як частка аздаблення інтэр'ера на святы, асобных прадметаў (падзоры на паліцы, суднікі, вушакі дзвярэй, бардзюры на рамы і г.д.). Матывы і прыёмы В. пашыраны ў афармленні кніг, упаковак, паштовак і г.д. Від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. @

Вышыўка, від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і асобны твор, у якім узор і выява выконваюцца ўручную (іголкай, кручком) або з дапамогай вышывальнай машыны на тканіне, скуры, іншых матэрыялах разнастайнымі ніткамі (ільнянымі, баваўнянымі, шарсцянымі, шаўковымі, металічнымі), a таксама воласам, бісерам, жэмчугам, бліскаўкамі, часам у спалучэнні з каштоўнымі і паўкаштоўнымі камянямі, манетамі і інш. Адрозніваюць тэхнікі вышыўкі - лічаныя: па цэлай тканіне (верхашовы), ажурныя; свабодныя (гладзь) (гл. таксама Гафт). @

Выяўленчае мастацтва, група відаў пластычных мастацтваў (жывапіс, скульптура, графіка), якія адлюстроўваюць рэчаіснасць у назіральных, зрокава ўспрымальных вобразах (гл. таксама Мастацтвы пластычныя). @

Вэлюм (лац. velum - заслона, покрыва, зацямненне), тканіна, тонкая сетка, прымацаваная да вянка або жаночага капелюша; з'яўляецца часткай жаночага шлюбнага (белы) або жалобнага (чорны) убору. @

Вязанне, тэхніка выканання трыкатажнага палатна або гатовых вырабаў з неперарыўных нітак шляхам выцягвання ніткі праз утвораную ёю пятлю. Адрозніваюць В. ручное (прутком, кручком) і машыннае. Від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (гл. таксама Карункі). @

Вянец,

1. Галаўное ўпрыгажэнне.

2. Сімвал царскай улады.

3. У драўляным дойлідстве славян - чатыры звязаныя па вуглах бервяны, якія ўтвараюць адзін гарызантальны рад зруба-клеці (гл. таксама Зруб). @

Габелен (франц. gobelin),

1. Вытканы ўручную дыван-карціна (шпалера, арас, кілім).

2. Выраб парыжскай мануфактуры Габеленаў (Gobelins), заснаванай у 1662 г. @

Галаснікі, невялікія керамічныя сасуды ў выглядзе збаноў, якія ўмуроўваліся ў тоўшчу сцяны адтулінамі ўнутр памяшкання з мэтай паляпшэння акустычных якасцей будынка, узмацнення гуку, памяншэння вагі сцен. У беларускай архітэктуры Г. вядомы з 12 ст. @

Галерэя (франц. galerie - адкрыты),

1. Доўгае крытае памяшканне, у якім адна з падоўжных сцен заменена калонамі.

2. Доўгі балкон.

3. Выцягнутая зала з суцэльным радам вялікіх акон у адной з падоўжных сцен. У архітэктуры Беларусі Г. вядомы з 16 ст. у ратушах, палацах, гандлёвых дамах. @

Галун (пазумент; ад франц. galon - борт, край адзежыны), шчыльная стужка або тасьма шырынёй 5-60 мм з баваўнянай пражы, сінтэтычных нітак, шоўку, часта з арміраванай ніткай. Выкарыстоўваецца пры вырабе распазнавальных знакаў для форменнага адзення і яго аздаблення. @

Ганчарныя вырабы, рэчы, вырабленыя з абпаленай гліны і прызначаныя для ўтылітарнага выкарыстання, таксама вырабы дэкаратыўна-прыкладнога характару. У традыцыйным ганчарстве Беларусі вылучаюць посуд для гатавання (гаршкі, бабачнікі, латушкі, макатры, пражэльнікі, рынкі, цадзілкі, адстойнікі), захоўвання і транспарціроўкі прадуктаў (збаны, гарлачы, глякі, слоі, спарышы, адлеўнікі, карчагі), сталовы посуд (міскі, кубкі, хлебніцы, маслёнкі, чайнікі, імбрычкі, чашкі), прадметы гаспадарчага карыстання (рукамыйнікі, паілкі), дэкаратыўную кераміку (скульптура малых форм, букетнікі, вазоны, цацкі, вазы, люлькі), кафлю, дахоўку, музычныя інструменты (свісцёлкі, акарыны). @

Ганчарства, выраб рэчаў утылітарнага і дэкаратыўна-прыкладнога прызначэння з абпаленай гліны. У Беларусі Г. зарадзілася ў раннім неаліце; як рамяство вылучылася са з'яўленнем ганчарнага круга ў 10 ст. @

Гарадзішча, умацаванае пасяленне з ровам і землянымі валамі. Звычайна размяшчалася ў месцах, зручных па сваіх прыродных якасцях для абароны (высокі пагорак, мыс, сутокі рэк, балота). @

Гарлач, ганчарны выраб, прызначаны для захоўвання малочных прадуктаў. Адрозніваецца выцягнутым тулавам, пукатымі бакамі, звужанай шыйкай, шырэйшым за дно вусцем; выконваецца без ручкі і дзюбкі на вусці. Г. упрыгожваюць глянцаваннем, прачэрчаным па сырой гліне арнаментам, ангобнай размалёўкай (гл. Ангоб), каляровымі фарбамі. @

Гармонія (грэч. harmonia - сувязь, зладжанасць, суразмернасць), аптымальнае спалучэнне частак у адзінае цэлае. Як прыём Г. выкарыстоўваецца ў стварэнні архітэктурных ансамбляў, творах выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (гл. таксама Ансамбль, Сінтэз у мастацтве, Каларыт). @

Гародня, элемент драўлянай канструкцыі; зруб з бярвён (клець), запоўнены зямлёй і камянямі; частка, звяно крапасной сцяны ў 15-17 стст. @

Гарсэт (кабат), адзенне беларускіх жанчын у выглядзе безрукаўкі на падшэўцы; частка святочнага касцюма. Надзявалі паверх кашулі. Зашпільвалі спераду на гузікі, гаплікі, зашнуроўвалі. Шылі з даматканых і фабрычных тканін (сукна, танных гатункаў парчы, шоўку, аксаміту) чорнага, чырвонага, сіняга, блакітнага, фіялетавага колераў. Вядома некалькі відаў Г.: кароткія (да таліі), доўгія, прамыя, прыталеныя з адразной баскай у клінцы ці фальбоны. Г. вызначаецца яркім мастацкім афармленнем: нашыўкамі і аблямоўкамі з тасьмы, тканін, скуры, карункамі, вышыўкай, узорыстым натыканнем. @

Гаршчок, гліняная пасудзіна з пукатымі бакамі, звужаным плоскім дном і вусцем, абкружаным вянцом, нярэдка з накрыўкай і ручкай; выкарыстоўваецца для гатавання гарачай стравы. @

Гарэльеф (франц. haut-relief - літаральна высокі рэльеф), від скульптуры, у якой выяўленне выступае над плоскасцю фону больш чым на палову свайго аб'ёму (параўн. Барэльеф). @

Гафт (польск. haft - вышыванне, вышыўка, ад с.-в.-ням. Haft - вузел), ручная ці машынная вышыўка каштоўнымі матэрыяламі: каляровымі шаўковымі, залатымі, сярэбранымі ніткамі, жэмчугам, камянямі. У Беларусі Г. вядомы з 16 ст. у аздабленні літургічнага (арнаты) і святочнага адзення, дэкаратыўных тканін (пакрывалы для алтароў - антымінсы). Таксама народная вышыўка разнастайнымі відамі ажурных швоў, машынная вышыўка белай ажурнай гладдзю па баваўнянай белай тканіне. @

Гема (лац. gemma - вочка, пупышка на вінаграднай лазе), каштоўны ці паўкаштоўны камень з разным паглыбленнем (інталія) або выступаючым (камея) выяўленнем. Мастацтва разьбы на каштоўных камянях называецца гліптыкай. @

Геральдыка (франц. heraldique ад с.-лац. heraldus - вяшчальнік), гербазнаўства, састаўленне, вытлумачэнне і вывучэнне гербаў; дапаможная гістарычная дысцыпліна, якая вывучае гербы як спецыфічныя гістарычныя крыніцы. @

Герма (грэч. herma - падпорка, слуп), 4-гранны слуп, завершаны скульптурнай выявай галавы або бюста; від скульптурнага партрэта ці скульптурнага помніка. Г. узніклі ў Старажытнай Грэцыі як выявы бога Гермеса; служылі межавымі знакамі, паказальнікамі дарог; ствараліся з партрэтнымі выявамі дзяржаўных дзеячаў, военачальнікаў, філосафаў, знакамітых грамадзян. @

Герса, дадатковае ўмацаванне ўвахода ў замак, вежы-брамы ў выглядзе пад'ёмных металічных ці акаваных жалезам драўляных кратаў; падымаліся і апускаліся на ланцугах па спецыяльных пазах у тоўшчы сцяны; мелі ўнізе завостраныя канцы, якія ўваходзілі ў спецыяльныя гнёзды. @

Гіпастыль (ад грэч. hipostylos - які падтрымліваецца калонамі), вялікае памяшканне (зала храма, палаца), столь якога абапіраецца на шматлікія і часта пастаўленыя калоны. @

Гіпюр (франц. guipure ад guiper - аплятаць, абмотваць, грэч., лац. gerra - пляценне), карункі, якія складаюцца з шытага або плеценага ўзору, асобныя фрагменты якога злучаны разнастайнымі спосабамі і прыёмамі паміж сабой. @

Гістарычны жанр, адзін з жанраў выяўленчага мастацтва, прысвечаны гістарычным падзеям, асобным дзеячам, значным з'явам у гісторыі грамадства; сфармаваўся ў перыяд Адраджэння. У беларускім выяўленчым мастацтве гістарычныя сюжэты вядомы ў манументальных роспісах і мініяцюрах з пач. 15 ст. @

Гларыёла, гл. Глорыя. @

Гліптыка (франц. glyptique ад грэч. glypho - выразаю), мастацтва разьбы па камені, слановай косці, шкле. Разныя камяні называюцца гемамі. @

Глорыя (Гларыёла; ад іт. gloria - ззянне), асвячоны царкоўнай традыцыяй спосаб выяўлення анёлаў, святых, Хрыста з зіхатлівым кругам над галавой; сімвал святасці, боскасці; характэрны для хрысціянскага і будысцкага мастацтва. Пры выяўленні Хрыста ў яго зямным жыцці паказваюць Г. з крыжам (гл. таксама Аўра, Німб, Мандорла). @

Гляк, гліняная шарападобная (радзей падоўжанай формы) пасудзіна з кароткім вусцем, вузкім горлам (часам з дзюбкай), з 1-2 ручкамі (сустракаюцца вырабы без ручак або з 4 гарызантальна размешчанымі вушкамі ўверсе і ўнізе тулава); выкарыстоўвалася для захоўвання і транспарціроўкі вадкіх рэчываў. @

Гонтонта; польск. gont ад ням. Gant - перакладзіна, лац. cantherius - слуп з перакладзінамі), у драўляным дойлідстве славян матэрыял для пакрыцця даху ў форме невялікіх дошчачак, востра саструганых з аднаго боку і з пазам з другога. @

Горадабудаўніцтва, тэорыя і практыка планіроўкі і забудовы гарадоў. Вызначаецца сацыяльным ладам, узроўнем развіцця вытворчых сіл, навукі і культуры, геаграфічнымі і прыроднымі ўмовамі, нацыянальнымі асаблівасцямі краіны. @

Готыка (франц. gothique ад назвы германскага племені - готы), стыль у эўрапейскім мастацтве 12-15 стст., названы па імені германскіх плямёнаў - готаў. Гатычны стыль узнік на аснове народных традыцый германцаў, дасягненняў раманскай (гл. Раманскі стыль) культуры (галоўным чынам архітэктуры) і хрысціянскага светаўспрымання. Гатычны стыль праявіўся ў будаўніцтве сабораў і звязаных з імі мастацтвам каменнай і драўлянай разьбы скульптуры, вітража, a таксама ў графіцы і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Г. дойлідства характарызуецца спічастымі скляпеннямі на рэбрах (нервюрах), ціск ад перакрыццяў галоўнага нефа храма перадаецца на вонкавыя апорныя слупы (контрфорсы) з дапамогай аркбутанаў. Выяўленчае мастацтва эпохі Г. вызначаецца: падпарадкаванасцю вертыкальнаму рытму архітэктурных форм, выцягнутымі прапорцыямі, дынамізмам, увасабленнем у алегарычнай форме ідэі грахоўнасці чалавека. У беларускім мастацтве рысы Г. былі найбольш адчувальнымі ў 15-16 стст. Развіццё стылю адбывалася ва ўзаемасувязі з традыцыямі старажытнавізантыйскай культуры, мастацтва старажытнабеларускіх княстваў, Адраджэння (гл. Стыль у мастацтве). @

Гравюра (ад франц. gravure),

1. Друкаваны адбітак на паперы з пласціны (дошкі), на якой нанесены малюнак.

2. Від мастацтва графікі. Адрозніваюць афорт, ксілаграфію, лінагравюру, Г. на медзі. У Беларусі кніжная Г. на дрэве ўзнікла ў пач. 16 ст. @

Грамніцы, гл. Стрэчанне. @

Гратэск (франц. grotesque - вычварны, мудрагелісты, смешны, камічны, ад іт. grottesca ад grotta - грот),

1. Арнамент у выглядзе пераплеценых выяў жывёлы, раслін, узоры якога былі знойдзены ў руінах старажытнарымскіх будынкаў, што мелі назву «гроты» (адсюль назва).

2. Выява людзей або прадметаў у фантастычна-перабольшаным, нязграбна-камічным выглядзе ў выяўленчым мастацтве, тэатры, літаратуры, кіно.

3. Від друкарскага шрыфчу без засечак на канцах штрыхоў, з раўнамернай таўшчынёй элементаў літар (старажытны, плакатны, рублены шрыфты). У беларускім мастастве рысы Г. атрымалі пашырэнне з часоў Адраджэння. @

Графіка (ад грэч. grapho - пішу), від выяўленчага мастацтва, да якога адносяцца малюнак і друкаваныя мастацкія творы (гравюра, літаграфія, манатыпія). Асноўнымі выразнымі сродкамі Г. з'яўляюцца контурная лінія, штрых, пляма, фон аркуша. Г. падзяляецца на: станковую (малюнак, эстамп), кніжную, газетна-часопісную, прыкладную (прамысловая Г., паштовыя маркі, экслібрысы, плакат). Ha мяжы Г. і жывапісу знаходзяцца акварэль, гуаш, пастэль. Першымі творамі беларускай Г. з'яўляюцца мініяцюры рукапісаў 11-12 стст. @

Графіта, гл. Зграфіта. @

Граф'я, у іканапісе контурны паглыблены малюнак па ляўкасу. @

Грубка, невялікая пакаёвая печ, звычайна для абагрэву. Бываюць квадратнымі, прамавугольнымі і круглымі ў плане. У Беларусі атрымалі пашырэнне з другой пал. 16 ст.; рабіліся з гаршковай паліванай і непаліванай кафлі, цэглы, абліцоўваліся дэкаратыўнай пліткай. @

Грунт (ад ням. Grund - аснова, глеба), у жывапісе прамежкавы слой, які наносіцца на паверхню сцяны, дошкі, палатна, кардону з мэтай забеспячэння належнай трывалай сувязі асновы і фарбавага слоя (гл. Фарбы мастацкія), надання вызначанага каляровага фону, фактуры. У састаў Г. уваходзяць парашкападобныя рэчывы (крэйда, гіпс, вапна і інш.) і рэчывы, якія звязваюць (клей, алей, эмульсіі) (гл. таксама Ляўкас). @

Грызайль (франц. grisaille ад gris - шэры), від дэкаратыўнага жывапісу, тэхнічны прыём у напісанні асобнага твора ці яго фрагмента, выява ў якім выконваецца адценнямі адной фарбы (звычайна шэрай, чорнай, карычневай). У беларускім мастацтве Г. атрымаў шырокае распаўсюджанне ў дэкаратыўных роспісах культавых і свецкіх будынкаў з другой пал. 18 ст. @

Гуаш (франц. gouache ад іт. guazzo - вадзяная фарба),

1. Фарбы, якія складаюцца з тонка расцёртых пігментаў, змешаных з водна-клеявымі сувязнымі рэчывамі (гуміарабік, пшанічны крухмал, дэкстрын і г.д.) і дамешкамі бялілаў.

2. Творы мастацтва, выкананыя гэтымі фарбамі; характарызуюцца непразрыстасцю, матавасцю фарбавага слоя, часта ўжываюцца ў спалучэнні з акварэллю. У беларускім мастацтве Г. упершыню была выкарыстана ў мініяцюрах рукапісаў. @

Гурт (ням. Gurt - літаральна пояс, папруга), арка з чэсаных клінападобных камянёў, якія ўмацоўваюць рэбры крыжовых, сеткавых, зорчатых скляпенняў. Атрымаў шырокае распаўсюджанне ў раманскай і гатычнай архітэктуры (гл. Готыка, Раманскі стыль). Г. называюць таксама прафіляваную гарызантальную цягу на фасадзе будынка ці на рэбрах скляпенняў, дзе яна выконвае дэкаратыўную ролю (гл. таксама Нервюра). @

Гутнае шкло (ад гута - шкловыдзімальная майстэрня), шкляныя вырабы, якія выконваюцца (фармуюцца, дэкарыруюцца) спосабам свабоднага выдзімання без выкарыстання форм. У Беларусі Г. ш. вядома з 15 ст., найбольшага росквіту дасягнула ў 16-17 стст. (гл. таксама Шкло мастацкае). @

Дабравесце, гл. Дабравешчанне. @

Дабравешчанне (Дабравесце, Звеставанне, Благавешчанне),

1. Выява сцэны абвяшчэння архангелам Гаўрыілам благой весткі Дзеве Марыі аб будучым нараджэнні ў яе сына Ісуса; апавядаецца ў Евангеллі паводле Лукі (гл. 1, в. 26-38).

2. Царкоўнае свята, якое адзначаецца: у каталікоў - 25 сакавіка, у праваслаўных - 7 красавіка. @

Дадаізм (франц. dadaisme ад dada - драўляны конік, у пераносным значэнні бязладны дзіцячы лепет), мастацкі мадэрнісцкі (гл. Мадэрнізм) напрамак 1916-1922 гг., прадстаўнікі якога выкарыстоўвалі ў творах несапраўдныя чарцяжы, наклейкі на палатно, імітацыю дзіцячых малюнкаў і г.д. @

Далматыка (лац. dalmatica), у старажытнарымскім і візантыйскім касцюме прасторная туніка з доўгімі рукавамі; аздаблялася залатым і сярэбраным шыццём. Назву атрымала ад Далмацыі - вобласці на ўсходнім узбярэжжы Адрыятычнага мора. @

Дальмены (франц. dolmen ад брэтон. tol - стол і men - камень), старажытныя пахавальныя збудаванні эпохі неаліту, бронзавага і жалезнага вякоў у выглядзе вялікіх каменных глыб і пліт, пастаўленых вертыкальна і пакрытых зверху масіўнай плітой; адзін з відаў мегалітычных збудаванняў. @

Дамініканцы, манахі аднаго з каталіцкіх ордэнаў (не маглі мець уласнасці, сталага жылля, павінны былі жыць жабрацтвам), заснаванага Дамінікам дэ Гусманам (1215 г.), закліканага змагацца супраць ерэтычных рухаў. У сваёй дзейнасці Д. кіраваліся самымі жорсткімі сродкамі, з 1232 г. у ix руках знаходзілася інквізіцыя. У Беларусі найбольш актыўную дзейнасць распачалі ў перыяд контррэфармацыі. @

Даміно (іт. domino ад лац. dominus - пан),

1. Маскарадны касцюм у выглядзе шырокага плашча з рукавамі і капюшонам; чалавек, апрануты ў такі касцюм.

2. Плашч з капюшонам у каталіцкіх манахаў. @

Данатар (лац. donator - дарыльшчык), выява будаўніка, заказчыка, дарыльшчыка з мадэллю храма, творам мастацтва ў руках або пэўнай асобы сярод святых (патронаў) у заказанай ёю кампазіцыі рэлігійнага зместу (параўн. Фундатар). @

Данжон (франц. donjon - галоўная вежа), галоўная, асобна размешчаная шмат'ярусная вежа замка чатырохграннай ці шматграннай, круглай у плане формы; служыла апошнім умацаваннем у час аблогі замка як ізаляваная цытадэль, a таксама як назіральны і камандны пункт. У беларускім дойлідстве Д. былі пашыраны ў 13-17 стст. @

Дарычны ордэр (грэч. dorikos - уласцівы дарычным плямёнам Старажытнай Грэцыі), адзін з асноўных архітэктурных ордэраў (гл. Ордэр архітэктурны) і найбольш просты па свайму складу, знешняму выгляду; адрозніваецца масіўнымі, цяжкімі прапорцыямі частак калоны і антаблемента. Калона Д. о. не мела базы, яе ствол (фуст) апрацоўваўся вертыкальнымі жалабкамі (канелюрамі), абак капітэлі ўяўляў сабой пліту, эхін меў паўкруглы профіль, фрыз складаўся з трыгліфаў і метоп, упрыгожаных скульптурай, якая, як і выявы на франтонах храмаў, расфарбоўвалася. У беларускай архітэктуры Д. о. атрымаў найбольшае пашырэнне з часоў класіцызму. @

Дахоўка, керамічная (паліваная і непаліваная) плітка для пакрыцця дахаў пераважна мураваных будынкаў. @

Дзядзінец, назва ўмацаванага цэнтра старажытнаславянскага горада, у склад якога ўваходзілі равы, земляныя валы, сцены, вежы. Дз. звычайна абкружалі пасады, у ім у час аблогі хавалася мірнае насельніцтва. З 14 ст. у беларускіх летапісах слова «дзядзінец» было паступова выціснута назвамі «крэмль», «горад», «град». @

Дойлідства, гл. Архітэктура. @

Драп (франц. drap - сукно), цяжкая, шчыльная ваўняная або паўваўняная тканіна. З Д. шыюць галоўным чынам верхняе адзенне. @

Драўлянае дойлідства, у славян найбольш пашыраная і старажытная галіна архітэктуры, будынкі ў якой вызначаюцца характарам матэрыялу і будаўнічымі прыёмамі. Пры ўсім багацці і разнастайнасці кампазіцыйных рашэнняў, якія залежаць ад сацыяльна-эканамічных, канфесійных, прыродна-кліматычных умоў, усім тыпам драўляных пабудоў (жыллёвыя, гаспадарчыя, культавыя, абарончыя, грамадскія збудаванні) уласцівы адзіныя будаўнічыя прыёмы. У Д. д. найбольш пашыраны зрубавыя і каркасныя канструкцыйныя сістэмы. @

Дромас (грэч. dromos - шлях), у старажытных культурах - крыты калідор, скляпеністы праход, часта высечаны ў скалах, які вядзе ў пахавальную камеру, грабніцу, што знаходзіцца пад купалам або курганом. @

Дрыгавічы, адно з племянных аб'яднанняў усходніх славян. Назва, магчыма, паходзіць ад слова «дрыгва». У Беларусі Д. засялялі тэрыторыі басейнаў Сожа і Прыпяці. @

Дрэварыт, пашыраная ў 16-17 стст. на тэрыторыі Беларусі назва гравюры на дрэве. Тое ж, што Ксілаграфгя. @

Дучэнта (іт. ducento - літаральна дзвесце), прынятая ў мастацтвазнаўстве назва 13 ст. як перыяду развіцця італьянскага мастацтва эпохі Адраджэння (гл. таксама Протарэнесанс). @

Душагрэйка (душагрэя), кароткае нагруднае жаночае адзенне на шлейках, з засцежкай спераду на гузікі, са спінкай у глыбокія зборкі; шылася з тканін дарагіх гатункаў (парчы, шоўку), падбівалася ватай, абшывалася футрам, упрыгожвалася пазументам, махрамі, вышыўкай залатымі і сярэбранымі ніткамі; звычайна насілася з сарафанам (у асобных месцах са спадніцай); характэрна для расейскага народнага строя. @

Дыван, мастацкі тэкстыльны выраб (звычайна са шматколерным узорам, арнаментам ці фігурнымі выявамі), прызначаны для ўпрыгажэння і ўцяплення жылля, грамадскіх памяшканняў. Тэрмін аб'ядноўвае арасы, вердзюры, габелены, кілімы, паласы, шпалеры. Адрозніваюць Д., вырабленыя з ваўнянай, шаўковай, баваўнянай, сінтэтычнай пражы, ручной і машыннай вытворчасці, ворсавыя і бязворсавыя, вязаныя, вышытыя, плеценыя. У Беларусі Д. вядомы са старажытнасці (у народным мастацтве); мануфактурная вытворчасць Д. пачалася з 18 ст. @

Дызайн (ад англ. design - задума, праект, чарцёж), адзін з відаў мастацкай творчасці, які ахоплівае канструяванне і стварэнне рацыянальных і эстэтычных форм прадметаў, якія ўваходзяць у асяроддзе, што акружае чалавека. У вузкім сэнсе Д. - мастацкае канструяванне. @

Дыптэр (грэч. dipteros - двайны), тып старажытнагрэчаскага храма, які, у адрозненне ад перыптэра, абкружаны з усіх бакоў не адным, a двума радамі калон. @

Дыпціх (грэч. diptychos - удвая складзены),

1. У старажытных грэкаў і рымлян - дзве пакрытыя слоем воску драўляныя, бронзавыя ці з слановай косці дошчачкі для пісьма, злучаныя разам.

2. У сярэднявеччы Д. - двухстворкавы складзень з жывапіснай ці рэльефнай выявай, затым двухчасткавая кампазіцыя ўвогуле (параўн. Трыпціх, Паліпціх, Складзень). @

Дыядэма (грэч. diadema),

1. Галаўная павязка старажытнагрэчаскіх жрацоў; галаўны ўбор цароў у старажытнасці і ў сярэднія стагоддзі як знак царскай улады.

2. Жаночае галаўное каштоўнае ўпрыгажэнне ў выглядзе невялікай адкрытай кароны. @

Дыяпазітыў (грэч. dia - праз і лац. positivus - станоўчы), каляровае або чорна-белае фатаграфічнае пазітыўнае выяўленне на празрыстай аснове (шкле, плёнцы), якое разглядаюць на прасвет ці праецыруюць на экран з дапамогай спецыяльных аптычных апаратаў. @

Дыярама (ад грэч. dia - цераз, скрозь, праз і horama - відовішча, карціна), адзін з відаў пластычных мастацтваў, творы якога спалучаюць жывапісныя выявы (наносяцца на ўнутраны бок палатна, нацягнутага на паўкруглы падрамнік) і аб'ёмны пярэдні план (бутафорскія - гл. Бутафорыя і сапраўдныя прадметы, збудаванні) пры штучным асвятленні. У беларускім мастацтве Д. атрымалі пашырэнне ў 20 ст. (параўн. Панарама). @

Дэісус (ад грэч. deesis - маленне), у сярэдневяковым (пераважна ўсходнеэўрапейскім) мастацтве кампазіцыя, якая ўключае выявы Хрыста (пасярэдзіне) і звернутых да яго ў малітоўных позах Маці Боскай і Яна Папярэдніка; найбольш пашыраны ў дробнай пластыцы, манументальных і станковых (абраз) жывапісных выявах. @

Дэкадэнцтва (франц. decadence ад лац. decadentia - заняпад), агульная назва мастацкіх напрамкаў, уласцівых эўрапейскай культуры другой пал. 19 - пач. 20 ст., у аснове якіх сцвярджэнне свабоды творчасці, культу прыгажосці як вышэйшых каштоўнасцей, адмаўленне ад адлюстравання ў мастацкіх творах праблем грамадска-палітычнага і сацыяльнага жыцця. @

Дэкаратыўнае мастацтва, галіна пластычных мастацтваў, творы якой служаць мастацкаму фармаванню матэрыяльнага асяроддзя. Уключае манументальна-дэкаратыўнае мастацтва (архітэктурны дэкор, дэкаратыўны жывапіс, дэкаратыўная скульптура), дэкаратыўна-прыкладное і афармленчае мастацтва. @

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, умоўная назва, якая аб'ядноўвае вялікую групу мастацкіх вырабаў, што маюць у роўнай ступені як дэкаратыўнае, так і прыкладное (утылітарнае) выкарыстанне (посуд, мэбля, дробная пластыка, прылады працы, сродкі перамяшчэння, зброя, мастацкія тканіны, адзенне, абутак, ювелірныя вырабы) (гл. Біжутэрыя, Касцюм, Тканіны мастацкія, Ювелірнае мастацтва). @

Дэкаратыўны роспіс, гл. Роспіс дэкаратыўны. @

Дэкарацыя (франц. decoration ад познелац. decorare - упрыгожваю), афармленне трохмернай прасторы сцэны, павільёна, здымачнай пляцоўкі, якое стварае зрокавы вобраз спектакля, фільма, тэлівізійнай перадачы, эстраднага прадстаўлення. У Беларусі Д. вядомы ў тэатральных пастаноўках з 17 ст. (гл. таксама Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва). @

Дэкор (франц. decor),

1. Элемент кампазіцыі, упрыгажэнне, якое ўзбагачае змест мастацкага твора.

2. Сукупнасць сродкаў і прыёмаў у архітэктуры, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. @

Евангелле (ад грэч. euaggelion - добрая вестка), назва першых чатырох кніг Новага запавета Бібліі: Евангелле паводле Мацвея, Евангелле паводле Марка, Евангелле паводле Лукі, Евангелле паводле Яна. @

Евангельскія сюжэты, у выяўленчым мастацтве кананічныя сюжэты хрысціянскай царквы, выкладзеныя ў евангеллях; складаюць аснову жывапісных, скульптурных і графічных твораў, прызначаных для культавых мэт (абраз, алтарная карціна, фрэска, мазаіка, вітраж, кніжная друкаваная ілюстрацыя, мініяцюра, скульптура алтароў, скульптурны дэкор фасадаў і інтэр'ераў храмаў), дзе яны набываюць кананічны характар. Часта Е. с. уводзяцца ў свецкія творы. У аснове Е. с. знаходзяцца маральныя і этычныя праблемы, пытанні самасвядомасці чалавека. У розных творах адной мастацкай эпохі, у межах асобнага стылю Е. с. маюць вызначаную еднасць сэнсавага, маральнага, структурнага, кампазіцыйнага зместу (гл. таксама Біблейскія сюжэты, Канон, Іканаграфія). @

Езуіты (ад лац. Jesus - Езус, Ісус), манахі каталіцкага ордэна «Таварыства Ісуса», заснаванага ў 1534 г. І.Лаёлам для барацьбы з Рэфармацыяй. Дзейнасць ордэна вызначаецца строгай цэнтралізацыяй, дысцыплінай, бясспрэчным падпарадкаваннем манахаў кіраўніцтву. У Беларусі Е. вядомы з другой пал. 16 ст. Засноўвалі кляштары, місіі, калегіі, рэзідэнцыі, будавалі касцёлы, адкрывалі навучальныя ўстановы - калегіумы і акадэміі, шпіталі, друкарні. @

Епіскап (грэч. episkopos - літаральна наглядчык), біскуп у праваслаўнай, каталіцкай і англіканскай цэрквах, вышэйшы духоўны сан свяшчэннаслужыцеляў, кіраўнік царкоўна-адміністрацыйнай тэрыторыі - епархіі, дыяцэза. Іерархічнае дзяленне каталіцкіх Е.: папа рымскі, кардынал, патрыярх, архіепіскап, Е.; праваслаўных (з 4 ст.): патрыярх, мітрапаліт, архіепіскап, Е. @

Епітрахіль (грэч. epitrachelion), адно з абрадавых адзенняў праваслаўнага святара ў выглядзе доўгага фартуха, упрыгожанага крыжамі на залатым фоне; надзяваецца на шыю і апускаецца на грудзі і спіну (ніжэй калень); носіцца пад рызай. @

Еўхарыстыя (грэч. eucharistia - падзяка, удзячнасць),

1. У хрысціянстве - адно з таінстваў прычашчэння вернікаў хлебам і віном, якія сімвалізуюць і атаясамліваюцца з целам і крывёй Хрыста (Евангелле паводле Мацвея, гл. 26, в. 26).

2. У выяўленчым мастацтве - выява сцэны падзячнай малітвы Хрысту ці прычашчэння; у старажытнакіеўскім і старажытнабеларускім мастацтве сцэна Е. змяшчалася ў апсідзе храма. @

Жакардавыя тканіны, буйнаўзорыстыя тканіны самага разнастайнага малюнка і арнаменту; выконваюцца з дапамогай механічнага прыстасавання - перфарыраванага кардону на машынах Жакарда (па імені французскага ткача Ж.-М.Жакара [G.-M.Jacquard], які ў 1808 г. вынайшаў ткацкі станок), якое дазваляе паасобна кіраваць кожнай ніткай асновы або невялікімі іх групамі. Тэхніка Ж. т. выкарыстоўваецца пры выкананні дэкаратыўных тканін, дываноў, абрусаў. @

Жанр (франц. genre ад лац. genus - род, від), тэрмін, які класіфікуе мастацкія творы па прыметах адзінства зместу і формы, структуры і функцыі мастацкага вобраза (гістарычны, бытавы, батальны, анімалістычны Ж., пейзаж, партрэт, нацюрморт). У беларускім выяўленчым мастацтве фармаванне асобных Ж. пачынаецца ў 15-16 стст. @

Жупан (польск. żupan ад іт. giuppone, ад араб. džubba), мужчынскае і жаночае абавязковае адзенне заможнага насельніцтва Беларусі ў 16-19 стст. Для Ж. характэрны двухбортны крой, прыталеная спінка, вузкія рукавы, стаячы каўнер. Ж. зашпільвалі на гузікі і падпяразвалі поясам; шылі з белага або шэрага сукна, радзей атласу ці аксаміту; насілі пад кунтушом. @

Жывапіс, від выяўленчага мастацтва, творы якога выконваюцца пры дапамозе фарбаў, нанесеных на цвёрдую паверхню. Асноўнымі выяўленчымі і выразнымі сродкамі Ж. з'яўляюцца: колер, малюнак, святлоценявая мадэліроўка, кампазіцыя, каларыт, фактура фарбавай паверхні, якія дазваляюць узнаўляць мнагастайнасць свету, ствараць шматгранныя мастацкія вобразы. Адрозніваюць манументальны і станковы (гл. Станковае мастацтва) Ж., вылучаюць жанры: анімалістычны, бытавы, гістарычны, нацюрморт, партрэт, пейзаж. Як разнавіднасці Ж. - дэкарацыйны Ж., мініяцюру, дыяраму, панараму, мазаіку, вітраж. @

Жырандоль (франц. girandole ад іт. girandola - вогненнае кола, ад лац. gyrare - круціць, грэч. gyros - круг),

1. Першапачаткова фантан з некалькіх струменяў у выглядзе феерверка - «вогненнае кола».

2. Від асобна размешчанай свяцільні, у якой ражкі размяшчаюцца па крузе. Ж. атрымалі пашырэнне ў Францыі ў 17 ст., у Беларусі вядомы з другой пал. 17 ст. @

Заафор (грэч. izophoros - які ідзе вакол), фрыз, размешчаны знадворку будынка, апаясвае яго неперарыўнай стужкай. Заафорныя фрызы атрымалі асаблівае пашырэнне ў антычнай архітэктуры (іанічны і карынфскі ордэры). @

Закамара, паўкруглае ці кілепадобнае завяршэнне вонкавага боку сцяны будынка, якое па форме адпавядае скляпенню. У залежнасці ад колькасці скляпенняў фасад будынка можа мець некалькі З.; характэрна для храмаў візантыйскага крыжова-купальнага тыпу. У беларускім дойлідстве З. вядомы з 11-12 стст. (гл. таксама Какошнік). @

Залатая прапорцыя, гл. Залатое сячэнне. @

Залатое сячэнне (залатая прапорцыя),

1. Дзяленне адрэзка прамой на дзве часткі так, што большы адрэзак адносіцца да меншага, як увесь адрэзак да большай часткі.

2. Назва найбольш гарманічных прапорцый, сувязі адрэзкаў ліній, велічыні плошчаў і аб'ёмаў (гл. Гармонія). @

Замак (польск. zamek), комплекс ці асобнае ўмацаванае збудаванне, абкружанае сценамі, вежамі, равамі, валамі. З. узводзіліся звычайна ў месцах, найбольш прыстасаваных па сваіх прыродных якасцях да абароны. У Беларусі з 13-14 стст. будаваліся замкі-кастэлі (гл. Кастэль). Паступова яны страцілі абарончую ролю і былі заменены палацамі, гарадскімі і загараднымі палацава-замкавымі комплексамі. @

«Замілаванне», тып, схема выяўлення ў абразах Маці Боскай з дзіцем, калі галава Хрыста датыкаецца да галавы маці. Назва паходзіць ад грэч. Eleusa - Міласцівая. @

Застаўка,

1. У кніжнай графіцы невялікая арнаментаваная ці выяўленчая кампазіцыя, якая вылучае ці ўпрыгожвае пачатак вызначанага раздзела рукапіснай або друкаванай кнігі.

2. Выяўленчая, гукавая эмблема тэлевізійнай ці радыёперадачы. У беларускай графіцы З. вядомы з 11 ст. @

Збан, гліняная пасудзіна з выцягнутым тулавам, пукатымі бакамі, звужаным горлам, дзюбкай і ручкай. Выкарыстоўваецца для захоўвання вадкіх прадуктаў (радзей малака). З. упрыгожваюць разнастайнымі ўзорамі, арнаментам, падпаліўнай ангобнай размалёўкай (гл. Ангоб). @

Збор, рэфармацкая царква, тып культавага збудавання, пашыраны ў Беларусі, Польшчы, Летуве ў 16 - першай пал. 17 ст. З. узводзіліся з дрэва, каменю, цэглы; у мастацка-архітэктурным вырашэнні вызначаліся стылямі готыкі і Рэнесансу. Акрамя асноўнага аб'ёму, завершанага двухсхільным, вальмавым, шатровым (гл. Шацёр) або купальным (гл. Купал) дахам, на галоўным фасадзе мелі абарончую вежу-званіцу. Сцены ўмацоўваліся контрфорсамі. Некаторыя З. былі храмамі-крэпасцямі: стаялі на ўзвышшы, былі абнесены абарончымі сценамі, вежамі, часам абкружаліся равамі. Пры З. будаваліся школы, друкарні, шпіталі. @

Званіца, у культавай архітэктуры славян асобнае збудаванне ці частка храма ў выглядзе вежы, у якой размяшчалі званы. У Беларусі З. вядомы з 11-13 стст.; дадаткова выкарыстоўваліся як гаспадарчыя памяшканні, брамы, дазорныя вышкі, абарончыя вежы. Мураваныя З. былі яруснымі, аркаднымі (гл. Аркада), драўляныя - слупавымі, каркаснымі, зрубна-каркаснымі. @

Звеставанне, гл. Дабравешчанне. @

Звод, рэдакцыя, варыянт кананічна замацаванай іканаграфічнай схемы ці тыпу выяўлення; сукупнасць найбольш важных кампазіцыйных, пластычных, каларыстычных асаблівасцей, характэрных для групы твораў іканапісу. З. мае цесную сувязь з іканаграфіяй і канонам. @

Зграфіта (графіта; іт. sgraffito, graffito - літаральна выдрапаны), від манументальнага жывапісу, прынцыпы і тэхніка якога заснаваны на прадрапванні спецыяльнымі інструментамі верхніх тонкіх слаёў тынкоўкі да ніжніх, кантрастных па тону і колеру ў адносінах да верхніх. У Беларусі З. вядома з часоў Адраджэння. @

Зікурат, ступеньчатая піраміда-вежа з культавым збудаваннем на верхняй пляцоўцы (ад старашумерскага «нябесная вяршыня»). З. былі пашыраны ў архітэктуры старажытнага Двухрэчча. Уключалі некалькі ярусаў (усечаных пірамід), аб'яднаных палогімі лесвіцамі і пандусамі. Узводзіліся з цэглы-сырцу, змацаванай бітумам (гл. Вежа, Піраміда). @

Злепак, дакладнае ўзнаўленне якога-небудзь прадмета, твора скульптуры. Звычайна З. адліваюць з гіпсу ў форме, знятай з арыгінала. Выкарыстоўваюцца ў музейнай справе, у вучэбных мэтах (параўн. Муляж). @

Злотніцтва, выраб рэчаў з каштоўных металаў, від ювелірнага мастацтва; у Беларусі найбольшае пашырэнне атрымала ў 12-18 стст. У З. ужываюцца ліццё, коўка, чаканка, гравіроўка, залачэнне, серабрэнне, пацініраванне, эмаліраванне, чарненне, зернь (гл. Паціна, Эмаль). @

«Знаменне» (ад стар.-слав. знаменїе - з'ява, з'явішча, знак, пячатка), у мастацтве іканаграфічны тып (гл. Іканаграфія) выяўлення Маці Боскай з немаўлём Ісусам (паказваецца ў акружнасці на грудзях Маці Боскай) і з паднятымі ўгару рукамі. @

Зруб, сцены драўлянага збудавання, складзеныя з бярвён, брусоў, злучаных у чатырохвугольныя ці іншай формы вянцы. @

Іанічны ордэр, адзін з галоўных грэчаскіх ордэраў. Мае стройную калону з базай і ствалом, прарэзаным канелюрамі. Адметнай рысай І. о. з'яўляецца капітэль, у якой паміж абакам і эхінам знаходзяцца два завіткі - валюты. Яны ўтвараюць на баках капітэлі валы - балюстры. Фрыз І. о. мае заафорны рэльеф (гл. Заафор), архітраў складаецца з трох гарызантальных палос. У беларускім дойлідстве І. о. атрымаў найбольшае пашырэнне ў часы класіцызму. @

Ідэя мастацкая (ад грэч. idea - паняцце, думка, уяўленне), асноўная задума твора, якая вызначае яго змест і вобразны лад і ўвасабляецца ў адпаведнай форме. @

Іканаграфія (ад грэч. eikon - выяўленне, вобраз і grapho - пішу, малюю),

1. Навука аб выяўленні, апісанні выяўленняў, звязаных з вызначанай ідэяй, тэмай, сюжэтам, аб'ектам, тлумачэннем іх сэнсу, сімволікі, атрыбутаў.

2. У хрысціянскім мастацтве І. - звод правіл адлюстравання асоб Бібліі.

3. У мастацтвазнаўстве - апісанне развіцця спосабаў і прыёмаў выяўлення якой-небудзь тэмы ці сюжэта, персанажа.

4. Збор выяў на вызначаную тэму (гл. таксама Біблейскія сюжэты, Евангельскія сюжэты, Звод). @

Іканапіс (пісанне абразоў), від станковага жывапісу (гл. Станковае мастацтва), творы якога, рэлігійныя па тэмах і сюжэтах, маюць культавае прызначэнне. У беларускім мастацтве І. вядомы з 12 ст. (па літаратурных крыніцах), першы існуючы помнік І. датуецца кан. 14 - пач. 15 ст. @

Іканастас (ад грэч. eikon - выяўленне, вобраз і stasis - месца стаяння), перагародка, якая аддзяляе асноўную прастору храма ад алтара і складаецца з некалькіх радоў асобных абразоў, устаноўленых у вызначаным парадку на гарызантальных бэльках - цяблах. У цэнтры І. размяшчаюцца царскія вароты. Кожны рад абразоў называецца чынам. Для беларускіх І. характэрна наяўнасць ад аднаго да пяці чыноў: мясцовы, святочны, дэісусны (апостальскі), прарочы, прабацькоўскі. @

Ікебана (ікэбана; яп.), мастацтва аранжыроўкі кветак, распаўсюджанае ў Японіі, a таксама сама кампазіцыя, складзеная па прынцыпах І.; склалася да сяр. 15 ст. У І. уваходзяць 3 асноўныя кампаненты: прыродны матэрыял (кветкі, галінкі дрэў, лісты і г.д.), ваза, металічная наколка - «кэндзан». @

Ікона, гл. Абраз. @

Ілюзорнасць (ад лац. illusio - памылковы погляд), падабенства выявы з натурай, якое мяжуецца з абманам зроку. І. часам выкарыстоўваецца як мастацкі прыём, напрыклад, у манументальных роспісах плафонаў, сцен для стварэння большай глыбіні, прасторы або меншых ці большых памераў памяшкання (гл. таксама Перспектыва, Архітэктура ілюзійная). @

Ілюстрацыя (ад лац. illustratio - асвятленне, наглядная выява),

1. Малюнак, гравюра, фотаздымак, рэпрадукцыя, карта, схема і інш., якія суправаджаюць і дапаўняюць тэкст.

2. Галіна графікі. Часта І. дапаўняецца асобнымі элементамі аздаблення кнігі - застаўкамі, канцоўкамі, ініцыяламі. У беларускім мастацтве першыя І. былі змешчаны ў старажытных рукапісах 11-12 стст. @

Імпрэсіянізм (франц. impressionnisme ад impression - уражанне), напрамак у мастацтве кан. 19 - пач. 20 ст., заснаваны на сцвярджэнні прыгажосці паўсядзённай рэчаіснасці ва ўсім багацці фарбаў, пластычных форм. У карцінах імпрэсіяністаў акцэнтуецца ўвага на выпадковым у неперарыўным цячэнні жыцця, на першым, найбольш моцным і свежым уражанні, што дазваляе перадаць у творах непаўторнае і характэрнае; вялікая роля адводзіцца пленэру, a таксама валёрам, рэфлексам, каляровым ценям у пабудове пластычнай формы. У беларускім мастацтве рысы І. атрымалі распаўсюджанне з пач. 20 ст. (параўн. Постімпрэсіянізм). @

Індыга (гішп. indigo ад лац. Indicus - індыйскі),

1. Фарбавальнік сіняга колеру; вядомы з глыбокай старажытнасці; атрымліваўся з соку індыганосных трапічных раслін. Прамысловы сінтэз І. наладжаны ў кан. 19 ст. Выкарыстоўваецца для афарбоўкі джынсавых тканін.

2. Цёмна-сіні, кубавы колер. @

Ініцыялуквіца; ад лац. initialis - першапачатковы), у мастацтве павялічаная загаловачная (пачатковая) літара якога-небудзь раздзела ў тэксце рукапіснай ці друкаванай кнігі. У Беларусі І. вядомы ў рукапісах з 11 ст. @

Інкрустацыя (ад познелац. incrustatio ад лац. incrusto - пакрываю слоем, карой, выкладваю), від дэкаратыўнага аздаблення асобных прадметаў (мэбля, зброя і да т.п.), будынкаў, іх інтэр'ераў узорамі, сюжэтнымі выявамі з кавалачкаў камянёў, керамікі, дрэва, металу, якія ўразаюцца ў паверхню і адрозніваюцца ад яе колерам і матэрыялам. Вылучаюць у І. інтарсію (кавалачкі дрэва ўразаюцца ў драўляную аснову), насечку (І. металам па металу), І. каменем па камені. Найбольш пашыраны варыянт, калі І. выконваецца іншымі матэрыяламі, чым матэрыял асновы. У беларускім мастацтве І. вядома з 12-13 стст., найбольшае пашырэнне атрымала ў 17-18 стст. @

Інталія (ад іт. intaglio - разьба), разны камень (гема) з паглыбленай выявай (гл. таксама Гліптыка). @

Інтарсія (ад іт. intarsio - інкрустацыя), від інкрустацыі на вырабах з дрэва, пры якой выявы, арнаменты з пласцінак дрэва (розных па фактуры і колеру) уразаюцца ў драўляную паверхню. @

Інтэр'ер (франц. interieur - унутраны), унутраны выгляд, унутраная прастора будынка, памяшкання, a таксама яго выява ў творах мастацтва. Пад І. разумеюць унутраную прастору з усімі яе элементамі: аздобай, роспісамі, фрэскамі, драпіроўкамі, начыннем, мэбляй і г.д. (гл. Сінтэз у мастацтве). Адрозніваюць І. жылых, грамадскіх, культавых, вытворчых, гандлёвых, спартыўных і інш. памяшканняў. @

Кабат (вуг. kabat ад перс. kaba),

1. Верхняе мужчынскае і жаночае адзенне з сукна або футра з рукавамі ці без рукавоў, шчыльнае да стану, з адразной або суцэльнай баскай. У Беларусі К. вядомы з 16 ст. Вызначаецца багатым аздабленнем: карычневым, чырвоным, чорным, фіялетавым, малінавым колерамі тканіны, адбіткамі штампа па скуры, нашыўкамі тасьмы, шнура, аблямоўкай.

2. Частка народнага жаночага касцюма (гл. Гарсэт). @

Кадзіла, металічны сасуд (чаша) на доўгіх ланцужках, у якім у час набажэнства курыцца ладан, іншыя пахучыя рэчывы; выконваецца ў тэхніцы ліцця (гл. Ліццё мастацкае), аздабляецца чаканкай, гравіроўкай, прасечкай. @

Казакін (франц. casaquin - ад іт. cassacchino - дарожны плашч), мужчынскае і жаночае верхняе адзенне на апліках, са зборкамі ззаду; вядомы ў традыцыйным адзенні беларусаў, расейцаў, украінцаў. @

Какошнік (ад стар.-слав. кокошъ - курыца, певень),

1. Паўкруглая ці кілепадобная штучная закамара, якая мае дэкаратыўнае прызначэнне. К. размяшчаюцца ў завяршэнні сцен, скляпенняў, у аснове шатроў і барабанаў купалаў культавых збудаванняў. У беларускай архітэктуры К. вядомы з 12 ст.

2. Традыцыйны галаўны ўбор у расейскім народным жаночым касцюме. @

Калаж (франц. collage - літаральна наклейванне), тэхнічны прыём у мастацтве, заснаваны на наклейванні на якую-небудзь аснову матэрыялаў, што адрозніваюцца ад яе па колеру і фактуры; таксама твор, выкананы ў гэтай тэхніцы. К. выкарыстоўваюцца ў графіцы, жывапісе, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве (параўн. Аплікацыя, Маркетры). @

Каланада (франц. colonnade), рад або некалькі радоў калон, якія размяшчаюцца ў плане па прамой ці па крывой лініі і падтрымліваюць гарызантальнае перакрыцце. К. можа быць самастойным збудаваннем, прымыкаць да будынка або аб'ядноўваць яго асобныя часткі, з'яўляцца часткай інтэр'ера. У беларускай архітэктуры К. атрымалі шырокае выкарыстанне ў перыяды барока і класіцызму. @

Каларыт (іт. colorito ад лац. color - колер, фарба), сістэма гарманічных суадносін колераў, адценняў у творах выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, архітэктуры. К. - важнейшы сродак пабудовы выразнай і эмацыянальна дзейснай формы твора, адзін з галоўных кампанентаў стварэння мастацкага вобраза; вызначаецца пануючым у пэўны перыяд стылем (гл. Стыль у мастацтве), a таксама тэмай, сюжэтам мастацкага твора; мае цесную сувязь з кампазіцыяй (гл. таксама Гармонія). @

Калегіум (ад лац. collegium - таварыства, садружнасць), закрытая сярэдняя навучальная ўстанова 16-18 стст. у Вялікім Княстве Літоўскім. Засноўваліся і ўтрымліваліся езуітамі. @

Каліграфія (грэч. kalligraphia - прыгожы почырк), мастацтва прыгожага і выразнага пісьма. К. звязана з гісторыяй шрыфту і прылад пісьма (трысняговае і птушынае пяро, пэндзаль). Вялікую мастацкую каштоўнасць маюць узоры сярэдневяковай кітайскай, іранскай, сярэднеазіяцкай і эўрапейскай К. На тэрыторыі Беларусі першыя ўзоры К. датуюцца 11 ст. @

Калона (франц. colonne ад лац. columna - слуп), вертыкальная апора, галоўны элемент нясучай канструкцыі збудавання, звычайна круглага ці квадратнага сячэння. Розным мастацкім эпохам (Старажытны Эгіпет, антычная Грэцыя і Рым), стылям (гл. Стыль у мастацтве), ордэрам (гл. Ордэр архітэктурны) адпавядаюць розныя тыпы К., якія адметныя афармленнем капітэлі, ствала, базы. У Беларусі К. атрымалі пашырэнне ў будынках Адраджэння, барока, класіцызму. @

Кальвінізм, адно з пратэстанцкіх веравучэнняў, заснавальнікам якога быў Жан Кальвін (1509-1564); узнікла ў Швейцарыі ў 16 ст. у ходзе Рэфармацыі. У Беларусі К. атрымаў найбольшае пашырэнне ў сяр. 16 - першай пал. 17 ct.; кальвіністы засноўвалі абшчыны, пры якіх узводзілі цэрквы, адкрывалі школы, друкарні, шпіталі. @

Камея (франц. camee ад іт. cammeo), разны камень (часцей за ўсё слаісты) з пукатай выявай (гл. таксама Гліптыка, параўн. Інталія). @

Камзол (франц. camisole), мужчынская адзежына даўжынёй да калень; бытавала ў шэрагу эўрапейскіх краін 17-18 стст.; К. без рукавоў апранаўся пад кафтан. @

Камін (ням. Kamin ад грэч. kaminos - ачаг, печ), пакаёвая печ з шырокай адкрытай топкай і прамым дымаходам; награвае пакой непасрэдна полымем запаленага ў ёй паліва; найбольш пашыраны ў інтэр'ерах перыяду готыкі, Адраджэння, барока, класіцызму; будуецца з каменю, цэглы, аздабляецца маёлікай, кафляй, металічнымі, каменнымі рэльефнымі выявамі (гл. Рэльеф). Самы стары з вядомых у Беларусі К. датуецца 16 ст. @

Кампазітны ордэр (ад іт. composito - змешаны), ордэр, які спалучае ў сабе элементы іанічнага і карынфскага пры захаванні вызначальнай ролі карынфскага (форма капітэлі, прапорцыі). Адрозніваецца падкрэсленай дэкаратыўнасцю, ускладненасцю вырашэння асобных дэталяў. К. о. упершыню быў выкарыстаны старажытнарымскімі дойлідамі. @

Кампазіцыя (ад лац. compositio - сачыненне, складанне, састаўленне),

1. Мастацтва сачынення, складання, састаўлення розных частак у адзінае цэлае адпаведна іх сэнсу, зместу, пэўнай ідэі. Сродкамі К. з'яўляюцца: сіметрыя і асіметрыя, кантраст і нюанс, рытм, суразмернасць частак і цэлага, прапарцыянальнасць, маштабнасць, святло, колер, фактура.

2. Пашыраная назва твора мастацтва, які мае самастойнае значэнне (карціна, гравюра, скульптура, твор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і г.д.) (гл. таксама Ансамбль, Гармонія, Каларыт, Сінтэз у мастацтве). @

Кампаніла (іт. campanile), вежа-званіца, круглая ці квадратная ў плане; пашыраная ў італьянскім дойлідстве сярэднявечча і эпохі Адраджэння; уваходзіла ў склад ансамбля гарадской плошчы, кляштарнага комплексу (гл. Кляштар). @

Канва (франц. canevas), рэдкая сятчатая тканіна, баваўняная або льняная, якая служыць асновай або трафарэтам для вышывання. @

Канвалют (ад лац. convolutus - скручаны, сплецены), зборнік, складзены з раней самастойных выданняў твораў друку (або рукапісаў), пераплеценых у адзін том. @

Кандэлябр (франц. candelabre ад лац. candela - свечка), вялікі падсвечнік з разгалінаваннямі для некалькіх свечак (параўн. Жырандоль, Панікадзіла). @

Канелюра (франц. cannelure - жалабок, ад лац. canna - трыснёг, кій, палка), вертыкальны жалабок на калоне ці пілястры. Звычайна мае ў сячэнні абрысы сегмента або паўкруга. К. могуць прымыкаць адна да адной вострымі вугламі. У беларускім дойлідстве К. атрымалі шырокае выкарыстанне ў будынках барока і класіцызму. @

Канон (грэч. kanon - норма, правіла, прадпісанне), яшчэ ў Старажытнай Грэцыі гэта слова стала ўжывацца ў пераносным значэнні, пад ім разумелі сістэму ідэальных прапорцый чалавечай фігуры, разлічаную Паліклетам і Лісіпам. У далейшым К. - сістэма правіл, мастацкіх прыёмаў і эстэтычных норм, якія лічацца непахіснымі, абавязковымі для вызначанага стылю (гл. Стыль у мастацтве) або мастацкай эпохі. @

Кансоль (франц. console ад лац. consolium - тое, што падтрымлівае), трохвугольны, прамавугольны або складанага абрысу выступ у сцяне збудавання; можа служыць дэкаратыўнай дэталлю (падтрымліваць скульптуру, вазу), быць сапраўднай апорай карніза, балкона, часткі будынка. @

Канструктывізм (ад лац. constructio - пабудова), напрамак у мастацтве пач. 20 ст., пераважна ў архітэктуры, афармленчым і тэатральна-дэкарацыйным мастацтве, плакаце, кніжнай графіцы, мастацкім канструяванні. У аснове К. - падкрэсленае імкненне да функцыянальнай мэтазгоднасці, утылітарызму, прастаты, лаканізму, якія засноўваюцца галоўным чынам на выкарыстанні простых прыёмаў, спосабаў, сродкаў у стварэнні мастацкага твора, танных і шырокадаступных матэрыялаў: металу, шкла, дрэва. У беларускім мастацтве рысы К. атрымалі пашырэнне з пач. 20 ст. @

Кантраст (франц. contraste - рэзкае адрозненне, супрацьлегласць), у выяўленчым мастацтве шырока распаўсюджаны прыём, які заснаваны на супрацьпастаўленні пэўных процілеглых якасцей, закліканых узмацніць адна адну. Найбольш пашыраны колеравы і танальны К. Колеравы К. складаецца з супрацьпастаўлення дадатковых колераў або колераў, якія адрозніваюцца адзін ад аднаго па светлаце. Танальны К. - супастаўленне светлага і цёмнага. Адрозніваюць таксама сэнсавы К. У творах мастацтва К. з'яўляецца важным прыёмам, дзякуючы якому вылучаецца галоўнае, дасягаецца большая выразнасць і вастрыня характарыстык вобразаў, герояў, пераканаўчае раскрыццё ідэі (гл. Ідэя мастацкая), тэмы, сюжэта. Катэгорыя, супрацьлеглая К., - Нюанс. @

Канфесіянал, гл. Спавядальня. @

Канцоўка, у кніжнай графіцы невялікая кампазіцыя арнаментаванага або выяўленчага характару, якая ўпрыгожвае канец тэксту кнігі, яе раздзел. У беларускіх рукапісах К. вядомы з 11 ст. @

Канцэптуальнае мастацтва (канцэптуалізм; лац. conceptus - думка, паняцце), разнавіднасць мадэрнізму. Як напрамак склалася ў кан. 1960-х гг. на падставе дадаізму і поп-арту. Творам К. м. характэрна выкарыстанне графічных кампазіцый (гл. Кампазіцыя), графікаў, дыяграм, схем, формул. @

Капітул (лац. capitulum - глава, артыкул закона),

1. Калегія духоўных асоб, якія знаходзяцца пры епіскапскай кафедры ў каталіцкай і англіканскай царкве.

2. Агульны сход сябраў манаскага або духоўна-рыцарскага ордэна. @

Капітэль (ад лац. capitellum - галоўка), па-мастацку аформленая верхняя частка калоны, пілястры; размяшчаецца паміж ствалом апоры і яе гарызантальным перакрыццем. У дарычным, іанічным, карынфскім, кампазітным ордэрах мае конусападобную форму; розныя віды К. адрозніваюцца памерамі асобных частак, дэталяў, іх формай, характарам аздаблення. У беларускім дойлідстве К. вядома з 12 ст., найбольш пашырана ў будынках 16-19 стст. @

Капліца (польск. kaplica ад с.-лац. capella), невялікая культавая пабудова, якая можа ўваходзіць у аб'ём большага збудавання ці размяшчацца асобна. Адрозніваюць мемарыяльныя, манастырскія, пахавальныя, прыдарожныя, замкавыя, шпітальныя, школьныя К. У Беларусі пашыраны з 16 ст. @

Каптур (польск. kaptur ад чэш. kaptour), галаўны ўбор замужніх жанчын у Беларусі; вядомы з 16 ст. (да 18 ст. яго насілі знатныя гараджанкі і шляхцянкі); уяўляе сабой невялікую шарападобную або плоскую на патыліцы шапачку з вушкамі, да якіх прышывалі стужкі для завязвання пад барадой. Шылі К. з аксаміту, шоўку, атласу, паркалю, упрыгожвалі вышыўкай, залатой і сярэбранай тасьмой, стужкамі, бісерам. @

Капэла (с.-лац. capella - капліца ад capere - змяшчаць, валодаць), памяшканне для пеўчых, прыватная сямейная царква, якая служыла адначасова пахавальняй для прадстаўнікоў гэтай сям'і. У сярэднявеччы К. узводзілі як асобна размешчаныя пабудовы, a таксама як нартэксы гарадскіх сабораў (параўн. Капліца). @

Кардон (франц. carton, іт. cartone ад carta - папера), у выяўленчым мастацтве:

1. Аснова для выканання жывапіснай, графічнай выявы.

2. Выява (малюнак, падфарбаваны малюнак, каляровая выява), якая ў асноўных рысах адпавядае канчатковаму варыянту твора, дзе ўдакладняецца яго кампазіцыя, каларыт, танальнае вырашэнне. К. выконваюць пры рабоце як над станковымі, так і манументальнымі выявамі (фрэска, мазаіка, вітраж), творамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (шпалера, габелен), пры стварэнні мастацкай аздобы інтэр'ераў. У беларускім мастацтве К. вядомы з 17 ст. @

Кардынал (польск. kardynal ад лац. cardinalis - галоўны), вышэйшы (пасля папы рымскага) духоўны сан у каталіцкай царкве (на ступень вышэй за епіскапа), адзнакай якога з'яўляецца чырвоны капялюш і мантыя. К. - бліжэйшыя дарадчыкі і памочнікі папы рымскага па кіраванні царквой. Назначаюцца папай рымскім. @

Кармазін (ням. Karmesin ад араб. гірмізі - ярка-чырвоны, барвовы),

1. Старадаўняя назва сукна (шчыльнай ваўнянай тканіны высокай якасці), афарбаванага ў ярка-чырвоны колер; у Беларусі вядома з 17 ст.

2. Ярка-чырвоны, барвовы, цёплы насычаны колер. @

Кармеліты, манахі каталіцкага жабрацкага ордэна, заснаванага ў Палесціне ў 1154 г. Назва паходзіць ад гары Кармель, ля якой знаходзілася першая абшчына К. У Беларусі ордэн разгарнуў сваю дзейнасць з кан. 14 - пач. 15 ст. @

Кармін (франц. carmin ад араб. кірміз - кашаніль і лац. minium - кінавар),

1. Чырвоны фарбавальнік, які здабываецца з целаў насякомых - самак кашанілі; выкарыстоўваецца ў жывапісе, парфумерыі, харчовай прамысловасці.

2. Ярка-чырвоны, пунсовы, халодны насычаны колер. @

Карніз (ням. Karnies ад грэч. koronis - канец, завяршэнне), верхняе з трох галоўных чляненняў антаблемента, гарызантальны выступ на сцяне, які падтрымлівае дах будынка і засцерагае сцяну ад вады. К. можа быць паясным (знаходзіцца паміж асобнымі паверхамі, ярусамі будынка) і завяршальным. У беларускай архітэктуры К. пачалі выкарыстоўваць з 11-12 стст. (гл. Ордэр архітэктурны). @

Картуш (франц. cartouche ад іт. cartoccio - літаральна скрутак, ад лац. charta - папера), скульптурнае ці ляпное ўпрыгажэнне ў выглядзе не зусім разгорнутага завітка, скрутка, у якім ёсць авальнае ці круглае поле; адзін з важных элементаў скульптурнага і архітэктурнага дэкору стылю барока, ракако і класіцызму. Ha К. звычайна змяшчалі надпісы, эмблемы, маскі, гербы. У Беларусі вядомы з 16 ст., найбольшае пашырэнне атрымалі ў 17-19 стст. у перыяды стыляў барока, ракако, класіцызму. @

Карункі, ажурна-сеткавае палатно без тканай асновы, у якім арнамент і выява атрымліваюцца ў выніку перапляцення нітак; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У Беларусі вядомы з 16 ст. (гл. таксама Вязанне). @

Карціна, твор станковага жывапісу, выкананы фарбамі на палатне, дошцы, паперы, метале. Складаецца з асновы, грунту, фарбавага слоя. К. не звязана непасрэдна з вызначаным інтэр'ерам, не мае дакладна вызначанага культавага прызначэння. @

Карчага, вялікая гліняная пасудзіна з вузкім (да 13 см) ці шырокім (14 см і болей) горлам, з дзвюма ручкамі; выкарыстоўвалася пераважна для захоўвання і транспарціроўкі прадуктаў. Шыракагорлыя К. формай і прызначэннем аналагічныя слоіку. @

Карыкатура (іт. caricatura ад caricare - нагружаць, перабольшваць), спосаб мастацкай тыпізацыі, заснаваны на выкарыстанні сродкаў шаржу і гратэску для мэтанакіраванага тэндэнцыёзнага перабольшвання і падкрэслівання адмоўных бакоў жыцця, знешняга выгляду і паводзін асоб; сатырычная або гумарыстычная выява, якая дае крытычную ацэнку пэўных грамадска-палітычных і бытавых з'яў, канкрэтных асоб, падзей. У беларускай графіцы К. атрымала найбольшае пашырэнне ў 19-20 стст. @

Карынфскі ордэр, адзін з асноўных ордэраў антычнасці. Структура антаблемента блізкая да іанічнага ордэра, у карнізе дададзена толькі палічка з невялікіх кранштэйнаў - мадульёнаў. Асноўныя адрозненні - у вырашэнні капітэлі. Яе складае звон, абкружаны двума радамі стылізаваных лістоў аканта. З чатырох вуглоў з-за лістоў аканта выступаюць сцябліны, якія ўверсе ўтвараюць завіткі - валюты. На іх абапіраецца прафіляваны абак. Назва К. о., як лічыцца, паходзіць ад г. Карынф у Грэцыі. У беларускім дойлідстве К. о. атрымаў пашырэнне ў перыяд стылю класіцызму. @

Карыятыда (ад грэч. karyatides - карыйскія дзевы),

1. Жрыца храма Арцеміды ў Карыях, у вобласці Лаконіка (Старажытная Грэцыя).

2. Вертыкальная апора-скульптура ў выглядзе фігуры жанчыны, якая падтрымлівае бэлечнае перакрыцце. Галаўны ўбор К. (або кошык з кветкамі) выконвае ролю капітэлі. У архітэктуры Беларусі К. вядомы з кан. 19 ст. @

Кастэль (лац. castellum - умацаванне), замак, пабудаваны ў цяжкадаступным месцы; звычайна чатырохкутнай формы з 1-2 вежамі. У Беларусі К. узводзіліся ў 13 - першай пал. 14 ст. на штучных насыпах, сярод балот, у поймах рэк; абкружаліся валамі, равамі. @

Касцёл (польск. kościoł ад стар.-ням. kastel, лац. castellum - умацаванне), будынак каталіцкага храма (гл. Каталіцызм). Назва паходзіць ад таго, што ў сярэднявеччы будынкі цэркваў умацоўваліся, як замкі (параўн. Кастэль). @

Касцюм (франц. costume), штучныя покрывы чалавечага цела; уключае таксама абутак, пальчаткі, галаўныя ўборы. К. адлюстроўвае геаграфічнае і кліматычнае асяроддзе пражывання чалавека, яго грамадскае і сямейнае становішча, характар працы і быту, этнічныя і агульнанацыянальныя асаблівасці. К. выказвае эстэтычныя ідэалы грамадства, нясе адбітак пануючага ў пэўны перыяд стылю, выконвае камунікацыйную функцыю. Від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, мастацкага канструявання; частка матэрыяльнай культуры (гл. таксама Народныя строі). @

Каталіцызм (ад грэч. katholikos - усеагульны, усяленскі), адзін з асноўных напрамкаў хрысціянства (разам з праваслаўем і пратэстантызмам), які аформіўся ў выніку раздзелу хрысціянскіх цэркваў у 1054 г.; у 16 ст. у ходзе Рэфармацыі ад К. аддзялілася пратэстанцкая царква. Каталіцкую царкву ўзначальвае папа рымскі. Пранікненне К. на землі Беларусі пачалося ў 13-14 стст. @

Катэдж (англ. cottage - першапачаткова - сялянскі дом), вясковы ці гарадскі індывідуальны жылы дом, пры якім ёсць невялікі зямельны ўчастак. @

Каўчэг,

1. У хрысціянстве агульная назва прадметаў царкоўнага ўжытку, якія служаць ёмістасцю для культавых рэліквій.

2. У сінагогах шафа для захоўвання Пяцікніжжа.

3. У адпаведнасці з Бібліяй - судна, на якім Ной з людзьмі і жывёламі выратаваўся ў час сусветнага патопу.

4. У іканапісе - сярэдняя паглыбленая частка абраза, вакол якой пакідаюцца палі, дзе выконваецца жывапісная выява. У беларускіх абразах К. сустракаецца ў кан. 14 - пач. 16 ст. @

Кафля (польск. kafel ад ням. Kachel), керамічныя пліткі для аб ліцоўкі сцен, печаў, камінаў. З тыльнага боку маюць рэбры, якія ўтвараюць адкрытую каробку (румпу) для мацавання на паверхні; з ліцавога боку могуць быць гладкімі ці з рэльефам, пакрытымі белай ці каляровай палівай. У Беларусі выраб К. пашырыўся з 14 ст. @

Кафтан (тур. kaftan ад перс. haftan), мужчынскае верхняе адзенне магнатаў, гарадскога патрыцыяту, пашыранае ў Беларусі ў 16-17 стст., таксама мужчынскае і жаночае адзенне сярэдніх слаёў насельніцтва. К. - расхісная, шырокая ў падоле вопратка з доўгімі рукавамі; зашпільвалася на гузікі, шылася з дарагога сукна, аксаміту, парчы. Вядома некалькі варыянтаў К. - станавы (пашыты шчыльна да стану), з кароткімі рукавамі; польскі, адразны па таліі са зборкамі; К. прамога крою (пашыраны з 19 ст.) з адкладным каўняром. @

Кашамір (кашмір; па назве індыйскага штата Кашмір), тонкая, лёгкая ваўняная, паўваўняная або баваўняная тканіна ўсходняга паходжання з нахіленымі рубчыкамі. З К. шыюць паліто, касцюмы, сукенкі, шалі і да т.п. @

Кашталян (польск. kastelan ад с.-в.-ням. Castellan, ад іт. castellano), камендант замка, памочнік ваяводы ў Вялікім Княстве Літоўскім у 15-18 стст. Выконваў адміністрацыйныя, вайсковыя, судовыя функцыі ў капітэляніі - цэнтральным павеце ваяводства. @

Кашуля, частка мужчынскага і жаночага адзення беларусаў. Шылася з ільнянога даматканага палатна. Вядома некалькі відаў К., якія адрозніваюцца па кроі. Самы пашыраны - з прамымі плечавымі ўстаўкамі. Традыцыйная К. мела прамы рукаў з манжэтай. К., у асноўным святочныя, аздабляліся геаметрычным арнаментам, які размяшчаўся на рукавах, каўнярах, манжэтах (жаночыя К.), каўнярах, падолах, манжэтах (мужчынскія К.). Мужчыны насілі паверх нагавіц і падпяразвалі поясам, жанчыны апраналі пад панёву, андарак, сарафан. @

Квадрыга (лац. quadriga), антычная (старажытнагрэчаская, старажытнарымская) калясніца на двух колах, у якую запрэжана чацвёрка (у адзін рад) коней; вознік кіруе імі стоячы. Скульптурныя выявы К. вядомы з антычнасці (круглая пластыка, камеі, гемы, медалі), асабліва пашыраны ў эпоху класіцызму як упрыгажэнні франтонаў, завяршэнні трыумфальных арак (гл. Арка трыумфальная). @

Квадрыфоль (квадрыфолій; ад лац. quadro - чатыры і folio - ліст, інакш чатырохліснік), у мастацтве готыкі і Рэнесансу распаўсюджаная назва фармату выявы, утворанага накладваннем двух перакрыжаваных пад прамым вуглом квадратаў, часам са скругленымі вугламі. @

Кватрачэнта (іт. quattrocento - чатырыста), прынятая ў мастацтвазнаўстве назва 15 ст. як перыяду ранняга Адраджэння ў Італіі (гл. таксама Адраджэнне). @

Кераміка (грэч. keramike [techne] ад keramos - гліна), вырабы і матэрыялы, атрыманыя спяканнем глін, іх сумесей з мінеральнымі дабаўкамі. Назва паходзіць ад мясцовасці ў Старажытнай Грэцыі, якая была цэнтрам ганчарнай вытворчасці. Керамічныя цэнтры існавалі і ў Паўднёвай Італіі, дзе пераважалі майстры-грэкі. Да К. належаць: тэракота, фаянс, маёліка, фарфор, каменная маса, шамот, бісквіт. У Беларусі керамічныя вырабы вядомы з часоў неаліту. @

Кесон (франц. caisson - літаральна скрыня), паглыбленая паверхня столі або скляпення, звычайна з прафіляванымі сценкамі; мае форму квадрата ці іншай геаметрычнай фігуры. У асобных выпадках К. дэкарыруюцца разеткамі. У Беларусі К. пашыраны ў збудаваннях стыляў барока і класіцызму. @

Ківор (ківорый; грэч. kiborion), святы шацёр, алтарная сень, навес на чатырох, шасці ці васьмі калонах з пірамідальным верхам над алтарным прастолам як сімвал вечнага жыцця. З'явіўся ў візантыйскіх храмах у 4 ст. У позні час К. - асобна размешчаная пабудова, шацёр над калодзежам, крыніцай, фантанам. @

Ківот (ад грэч. kibotos - скрынка),

1. У праваслаўі зашклёная створкавая рама або шафка для абразоў (бажніца).

2. У іншых напрамках хрысціянства - вітрына для размяшчэння прадметаў рэлігійнага пакланення. @

Кілім (тур. kilim),

1. Ваўняны бязворсавы дыван ручной работы; узор ствараецца шчыльным палатняным засцілам каляровых уткоў, якія перакрываюць ніткі асновы.

2. Тэхніка спалучэння некалькіх каляровых уткоў на адну нітку асновы; атрымала шырокае распаўсюджанне ў сувязі з развіццём вытворчасці дываноў (габеленаў, шпалер) у 17-18 стст. @

Кімано (яп.), традыцыйная мужчынская і жаночая адзежына японцаў - прамы халат (захін злева направа) з поясам і шырокімі рукавамі. У жаночым К. вельмі шырокі пояс (укладзены ў бант на спіне) і доўгія рукавы, унутраны край якіх, як і пройма, застаюцца незашытымі. @

Кінавар (грэч. kinnabari), чырвоная фарба, якую атрымліваюць з сярністай ртуці; шырока выкарыстоўваецца ў вытворчасці алейных, гуашавых, акварэльных фарбаў (гл. Фарбы мастацкія). @

Кінетычнае мастацтва (ад грэч. kinetikos - які прыводзіцца ў рух), авангардны напрамак (гл. Авангардызм) у пластыцы, заснаваны на стварэнні эстэтычнага эфекту з дапамогай разнастайных рухомых установак, рух якіх часта суправаджаецца святлом і гукам. @

Кітч (кіч; ням. Kitsch), безгустоўная масавая прадукцыя, разлічаная на знешні эфект. У мастацкай прамысловасці другой пал. 19 - пач. 20 ст. К. пашырыўся як прамысловая імітацыя ўнікальных твораў. У 1960-1990 гг. прадметы К. сталі распаўсюджанай з'явай масавай культуры. @

Кіч, гл. Кітч. @

Класіцызм (ням. Klassizismus ад лац. classicus - узорны), мастацкі стыль 17-19 стст., адной з галоўных рыс якога быў зварот да антычнай спадчыны. Вызначаецца імкненнем да яснасці і чысціні прапорцый, ураўнаважанасці і гармоніі форм, увасабленнем значных грамадскіх, узвышаных, гераічных і маральных тэм, ідэалаў. У мастацтве Беларусі рысы К. з'явіліся ў кан. 18 ст., суіснавалі з барока. Як самастойны стыль К. атрымаў пашырэнне ў архітэктуры, выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве ў 19 ст. @

Клець (зруб), прасцейшая канструкцыя ў драўляным дойлідстве сланян, якая ўтвараецца накладзенымі адзін на аднаго вянцамі бярвён. У Беларусі - традыцыйная драўляная гаспадарчая пабудова для захоўвання збожжа, прадуктаў, адзення. @

Клірас (грэч. kleros - духавенства), у праваслаўнай царкве ўзвышэнне перад іканастасам з правага і левага боку ад царскіх варот, месца для пеўчых падчас набажэнства. @

Кляймо, у іканапісе невялікая кампазіцыя з самастойным сюжэтам. К. размяшчаецца вакол цэнтральнай выявы; элемент «жыційных» абразоў; у Беларусі пашырана з 17 ст. @

Кляштар (польск. klasztor < чэш. klaster < с.-в.-ням. Kloster ад с.-лац. clostrum), каталіцкі манастыр. У класічным варыянце, распрацаваным манахамі ордэна бенедыкцінцаў (гл. Бенедыкцінцы), - замкнёны ансамбль будынкаў, куды ўваходзілі касцёл, абкружаны галерэяй (клуатрам), чатырохвугольны двор ці сад, з усходу - зала капітула (памяшканне для пасяджэння кіруючых асоб кляштара), з захаду - келлі (дарміторый), трапезная зала (рэфлекторый), бібліятэка, майстэрня рукапісных кніг (скрыпторый), a таксама дом абата, шпіталь, школа, гаспадарчыя пабудовы. @

Колт, старажытнаславянскае ўпрыгажэнне 11-13 стст. - полая падвеска, часта ўпрыгожаная зерню, сканню, эмаллю, чэрню. Парныя К. падвешваліся да галаўнога ўбору з двух бакоў над скронямі. @

Комікс (англ. comics ад comic - смешны), серыя малюнкаў з кароткімі тэкстамі, якія ўтвараюць звязнае апавяданне; можа быць часткай (часопіса, газеты, кнігі) ці самастойным (кніга, брашура) выданнем. З'явіўся ў кан. 19 ст. у газетах ЗША. Сучасныя К. акрамя гумарыстычнага зместу бываюць прыгодніцкімі, гістарычнымі, ствараюцца на сюжэты класічных літаратурных твораў, казак, дэтэктываў, фантастыкі. @

Конаўка (польск. konew - збан, кружка; konewka - лейка ад ням. Kanne - кружка), невялікая драўляная (з клёпак ці выдзеўбаная), радзей металічная або ганчарная пасудзіна з ручкай для зачэрпвання і пералівання вадкасцей, пасудзіна для пітва. @

Контррэфармацыя, царкоўна-палітычны рух у Эўропе ў сяр. 16-17 ст., накіраваны супраць Рэфармацыі. У Беларусі К. атрымала пашырэнне з кан. 16 ст. @

Контрфорс (ад франц. contreforce - процідзейная сіла), каменныя цагляныя папярочныя сценкі (вертыкальныя выступы ці рэбры), размешчаныя знадворку будынка. К. узмацняе асноўную нясучую канструкцыю збудавання, успрымае цяжар ад скляпенняў, ціск грунту; адзін з асноўных элементаў гатычнай архітэктуры. У будынках у Беларусі выкарыстоўваецца з 16 ст. (гл. таксама Готыка, Аркбутан). @

Конха (ад грэч. konche - ракавіна), паўкупал, самкнёнае паўскляпенне, якія служаць для перакрыцця паўцыліндрычных частак будынкаў - апсід, ніш. У будаўніцтве ў Беларусі ўжываецца з 11 ст. @

Кора (ад грэч. kore - дзяўчына), у мастацтве Старажытнай Грэцыі перыяду архаікі культавая па прызначэнні скульптурная выява дзяўчыны. У адрозненне ад аналагічных скульптур курасаў (юнакоў), якіх выяўлялі аголенымі, К. заўсёды задрапіраваныя. У далейшым К. сталі выкарыстоўвацца ў якасці карыятыд. @

Корпуснае пісьмо, гл. Пастознасць. @

Кракелюр (франц. craquelure), растрэскванне грунту, фарбавага слою або лаку ў творах жывапісу, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Асноўнымі прычынамі ўзнікнення К. з'яўляюцца: дэфармацыя асновы, няправільна прыгатаваны грунт, нетрывалае злучэнне фарбавага слою з грунтам. @

Кракі (франц. croquis - накід), хутка зроблены малюнак, які схоплівае найбольш характэрныя рысы натуры або бегла фіксуе агульную кампазіцыйную задуму твора жывапісу, скульптуры, графікі, архітэктурнага збудавання (параўн. Накід, Эскіз). @

Кракле (франц. craquele), сетка тонкіх трэшчын на паверхні керамічных вырабаў, на тканіне, распісанай у тэхніцы гарачага батыка. @

Кранштэйн (ням. Kragstein), выступ у сцяне, звычайна прафіляваны. Служыць для падтрымкі балконаў, карнізаў, часам скульптуры. @

Крашанкі, гл. Пісанкі. @

Кроквы, апорныя канструкцыі страхі і даху; брусы, верхнімі канцамі злучаныя пад вуглом, a ніжнімі прымацаваныя да бэлек або да верхняга вянца надоўжных сцен будынка. @

Кромлех (брэтон. crom - круг і lech - камень), адзін з відаў мегалітычных збудаванняў; уяўляе сабой групу камянёў, размешчаных па крузе ці па незамкнёнай крывой, якія перакрыты гарызантальнымі каменнымі плітамі. У К. праявіліся некаторыя раннія рысы архітэктурнай кампазіцыі (сіметрыя, рытм, апорна-бэлечная сістэма). @

Круглая скульптура, адзін з відаў скульптуры, у якім твор вызначаецца трыма вымярэннямі, што дае магчымасць аглядаць яго з усіх бакоў. @

Крывічы, група ўсходніх славян, якія жылі на тэрыторыі басейнаў Верхняга Дняпра, Заходняй Дзвіны, Волгі, на поўдні ад Чудскага возера. Назву К. выводзяць ад прозвішча старэйшыны роду Крыва, ад язычніцкага першасвятара Крыва-Крывейтэ, a таксама ад узгоркавай мясцовасці (крывізна), ад слова «крэўныя» (блізкія па крыві). @

Крыж (польск. krzyż ад чэш. križ ад стар.-в.-ням. kruzi), сімвал і прадмет культу хрысціянства, сімвал пакут (страсцей) Хрыста. Выявы К. (скульптурныя, жывапісныя на сценах пячор, графічныя на косці, кераміцы) вядомы з часоў першабытнага грамадства. Звычайна ў выявах укрыжавання ўверсе К. змяшчаецца таблічка з літарамі INRI, якія чытаюцца: Iesus Nasareus Rex Iudaeorum - Ісус Назарэцкі, цар Юдэйскі; унізе - касая перакладзіна (suppedaneum) для ног. Афіцыйнае шанаванне К. у хрысціянстве ўводзіцца з 4 ст. Вядомы наступныя тыпы хрысціянскага К.: 1. Грэчаскі раўнаплечны. 2. Лацінскі з падоўжаным ніжнім канцом. 3. Антонаў падобны на той, на якім укрыжавалі разбойнікаў адначасова з Хрыстом. 4. Андрэеўскі. 5. Пятроў, на якім, па паданні, укрыжавалі Апостала Пятра «сгрымгалоў», ці галавой уніз. 6. Вільчаты. 7. Латарынгскі двайны К. 8. К. з вушкамі - старажытны эгіпецкі сімвал жыцця. 9. Папскі К., тры перакладзіны якога азначаюць спалучэнне свецкай, царкоўнай і духоўнай улады. 10. Канстанцінаўскі, які з'яўляецца манаграмай Хрыста (X і P - першыя дзве літары яго імя). 11. Расейскі праваслаўны. 12. Шматразовы К., мае на канцах па маленькаму крыжыку. 13. Кастыльны. 14. Якарны. 15. Іерусалімскі К. - сімвал святога горада. 16. Мальційскі. @

Крыжова-купальны храм, тып культавага збудавання, які сфармаваўся ў Візантыі ў 6-12 стст. Канструкцыйна ўяўляе сабой чатыры вертыкальныя апоры, на якія з дапамогай ветразяў абапіраюцца барабан і купал. Унутраная прастора храма падзяляецца на скляпеністыя аб'ёмы накшталт крыжа; у Беларусі вядомы з 11 ст. @

Крыналін (франц. crinoline ад лац. crinis - волас і linum - палатняная тканіна), у 18-19 стст. ніжняя спадніца з валасяной тканіны або на абручах з металічных палос ці кітовага вуса, якая паддзявалася пад сукенку для надання ёй звонападобнай формы. @

Крышталь (польск. krysztal ад лац. cristallus ад грэч. krystallos - крышталь, лёд), від шкла, у склад якога ўваходзяць вокісы свінцу або барыю. Пры апрацоўцы вырабу гравіроўкай, агранкай, разьбой, шліфоўкай крыштальны посуд, асвятляльныя прыборы, архітэктурныя дэталі набываюць якасць праламляць і адлюстроўваць святло, што надае ім зіхаценне, вясёлкавую шматколернасць, прыгожы мілагучны звон. @

Ксілаграфія (ад грэч. xylon дрэва і grapho - пішу, малюю), гравюра на дрэве, у якой друкарская форма (клішэ) выконваецца гравіраваннем драўлянай дошкі. Адрозніваюць абразную К. (гравіруюць дошкі падоўжнай распілоўкі) і тарцовую (гравіруюць дошкі папярочнай распілоўкі); К. ў Беларусі з'явілася ў пач. 16 ст. Тое ж, што Дрэварыт. @

Кубізм (франц. cubisme ад cube - куб), мадэрнісцкая плынь у выяўленчым мастацтве першай чв. 20 ст. (гл. Мадэрнізм). Сфармавалася як выклік і непрыняцце пэўнымі коламі мастакоў стандартнай прыгажосці сімвалізму і позняга імпрэсіянізму. Прадстаўнікі К. імкнуліся перадаць формы навакольнага асяроддзя ў геаметрычных аб'ёмах, звярталіся да аскетычных, стрыманых фарбавых спалучэнняў, спрошчаных выяўленчых матываў, свядома парушалі законы перспектывы, агульнапрынятыя нормы прапорцый, выкарыстоўвалі разнастайныя фактурныя эфекты (наклейкі, калажы, прысыпкі і да т.п.), аб'ёмныя канструкцыі на палатне, стваралі прасторавыя пабудовы на плоскасці, невыяўленчыя кампазіцыі, скульптуры з неаднародных матэрыялаў. @

Кумач (араб. kumas), баваўняная тканіна, афарбаваная ў ярка-чырвоны (пунсовы) колер. @

Кунтуш (польск. kontusz < вуг. kontos), верхняе доўгае (ніжэй калень) мужчынскае адзенне заможных жыхароў Беларусі. Шылі з сукна, шоўку, падшывалі футрам; насілі паверх жупана расшпіленым. Каб К. не спадаў з плеч, яго зашпільвалі на шыі. Рукавы К. былі разрэзанымі, яны свабодна звісалі ўздоўж цела ці закідваліся на плечы. @

Купал (іт. cupola - скляпенне ад лац. cupula - бочачка), сферычная прасторавая нясучая канструкцыя, прызначаная для перакрыцця разнастайных па форме і велічыні аб'ёмаў без дадатковых апор. У спалучэнні з іншымі канструкцыйнымі элементамі будынкаў дазваляе перакрываць аб'ёмы круглай, квадратнай, шматвугольнай у плане формы (гл. Крыжова-купальны храм); утвараецца ў выніку вярчэння крывой (эліпс, парабала, сегмент круга і г.д.). К. атрымаў шырокае выкарыстанне ў культавым, грамадзянскім і свецкім дойлідстве ў розных мастацкіх эпохах, стылях (антычнасць, сярэднявечча, Адраджэнне, барока, класіцызм). У Беларусі вядомы з 11 ст. @

Курант (франц. courant), конусападобнай формы прылада для расцірання ручным спосабам фарбавых рэчываў пры прыгатаванні фарбаў. @

Курас (грэч. kuros - юнак), у архаічным мастацтве Старажытнай Грэцыі скульптура аголенага юнака, якая мела культавае прызначэнне і выяўляла адначасова бога Апалона і мужчынскую фігуру ўвогуле. @

Курватура (лац. curvatura - крывізна, акругленасць), наўмысная, ледзь прыкметная крывізна прамалінейыых частак будынка з мэтай устаранення аптычных скажэнняў пры ўспрыняцці яго ў ракурсе. К. служыць таксама для ўзмацнення пластычнай выразнасці архітэктуры (асобнага будынка ці комплексу збудаванняў). Да найбольш пашыраных відаў К. адносяць: выгіб стылабата, патаўшчэнне кутных калон (энтазіс), адхіленне ад дакладнай сіметрыі. @

Курданёр (франц. cour d'honneur - літаральна ганаровы двор), парадны двор будынка (палаца, асабняка, сядзібнага дома), які ўтвараецца асноўным корпусам і бакавымі флігелямі, каланадамі, крытымі пераходамі. У беларускім дойлідстве атрымаў пашырэнне з 17 ст. @

Курціна (франц. courtine ад лац. cortina - двор, агароджа, жыллё),

1. У замкавай архітэктуры частка сцяны, вала паміж бастыёнамі.

2. Участак газона, абсаджаны стрыжанымі кустамі або дрэвамі (у рэгулярных парках), свабодна размешчаная група дрэў, кустоў (у пейзажных парках). У беларускім паркабудаўніцтве К. пашырыліся ў 16-18 стст., у дойлідстве - у сяр. 16-17 ст. @

Куфар (польск. kufer < ням. Kuffer), традыцыйны старажытны від мэблі беларусаў, драўляная ёмістасць (скрыня) з пукатым ці плоскім векам для захавання адзення, бялізны, каштоўнасцей. @

Кцітар, гл. Фундатар. @

Лакі мастацкія, вырабы з дрэва, пап'е-машэ або металу, пакрытыя лакам і ўпрыгожаныя роспісам, рэльефнай разьбой, інкрустацыяй, гравіроўкай; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. @

Лампада (ад грэч. lampas, род. склон lampados), невялікая пасудзіна з кнотам (часам на паплаўку) і алеем; сімвалізуе ўспамін аб Хрысце. Запальваецца перад даразахавальніцай у каталікоў, перад абразамі ў праваслаўных. @

Лапатка, вертыкальны, прамавугольны ў плане выступ на сцяне будынка канструкцыйнага ці дэкаратыўнага характару. Адрозніваецца ад пілястры адсутнасцю базы і капітэлі. У беларускай архітэктуры вядома з 11 ст., асаблівае пашырэнне набыла ў 17-19 стст. @

Латушка, невялікая глыбокая гліняная пасудзіна для гатавання гарачай стравы з шырокім тулавам і вусцем. У Беларусі (з 19 ст.) былі пашыраны прамасценныя Л. з круглым ці авальным дном і пукатымі сценкамі. @

Латэрна (лантэрна; ад стар.-польск. laternia < ням. Laterne < лац. laterna - ліхтар), вежачка на купале будынка, светлавы ліхтар, які служыць завяршэннем купала. @

Лаўра (грэч. laura - шматлюдны манастыр), назва буйных і важных па сваім становішчы праваслаўных мужчынскіх манастыроў. @

Лесіроўка (ад ням. lasieren - пакрываць палівай, падфарбоўваць), тэхніка, мастацкі прыём у жывапісе, заснаваны на выкарыстанні празрыстасці фарбаў, калі слой адной фарбы прасвечваецца праз слой другой. Да Л. звяртаюцца з мэтай надання колеру новых адценняў, для ўзмацнення ці прыглушэння іх інтэнсіўнасці. Л. пашыраны ў акварэльным і алейным жывапісе, у работах майстроў 15-19 стст. У беларускім жывапісе Л. вядомы з 16 ст. (параўн. Пастознасць). @

Лінагравюра, пукатая гравюра на лінолеуме або падобных да яго палімерна-пластычных матэрыялах; па тэхніцы і мастацкіх сродках блізкая да ксілаграфіі. У беларускім мастацтве вядома з 1920-х гг. @

Літаграфія (ад грэч. lithos камень і grapho - пішу),

1. Спосаб друку, пры якім адбітак атрымліваецца пераносам фарбы пад ціскам з плоскай гладкай або зярністай паверхні каменю (вапняку) непасрэдна на паперу.

2. Твор, выкананы літаграфскім спосабам. У беларускай графіцы Л. вядома з першай пал. 19 ст. @

Ліццё мастацкае,

1. Выраб адлівак шляхам запаўнення форм расплаўленым металам.

2. Спосаб пераводу ў метал твораў скульптуры.

3. Мастацкія творы, выкананыя спосабам Л. м. У Беларусі Л. м. вядома з часоў бронзавага веку. @

Ліштва (стар.-польск. lisztwa < с.-в.-ням. liste), накладная фігурная планка вакол аконнага ці дзвярнога праёма. У драўляным дойлідстве Л. - адзін з элементаў аздаблення вонкавай часткі будынка (параўн. Падзор). @

Лоджыя (іт. loggia ад с.-в.-ням. laudja - альтанка), памяшканне, адкрытае з аднаго ці некалькіх бакоў, у якім сцяну замяняе каланада, арка, парапет; можа быць асобным збудаваннем або часткай будынка. Атрымала пашырэнне ў беларускай архітэктуры ў перыяд класіцызму. @

Лубок, народная карцінка, твор графікі, адметны даходлівасцю вобраза і прызначаны для масавага распаўсюджання; вызначаецца дэкаратыўнасцю, прастатой тэхнікі і выяўленчай формы, часта ўключае подпісы з тлумачэннем выявы. Першапачаткова - від народнай творчасці. У беларускім мастацтве вядомы з 16 ст. @

Лузга, адкос, утвораны на дошцы каўчэгам і палямі абраза. @

Лунніца, металічнае ўпрыгажэнне (завушніцы, падвескі) у выглядзе паўмесяца. @

Люкарна (франц. lucarne ад лац. lucerna - свяцільня, lux - святло), аконны праём у гарышчы ці купальным перакрыцці; мае таксама дэкаратыўнае прызначэнне. У беларускай архітэктуры Л. атрымалі пашырэнне ў перыяды стыляў барока і класіцызму. @

Люнет (люнета; франц. lunette - літаральна лунка), арачны праём у скляпенні ці сцяне, абмежаваны знізу карнізам, іншым гарызантальным выступам. У скразных Л. размяшчаюцца вокны, у глухіх - роспісы, мазаікі, скульптуры; пашыраны элемент у беларускай архітэктуры часоў Рэнесансу, барока і класіцызму. @

Люстра (франц. lustre), падвесная свяцільня на некалькі крыніц святла (свечак, лямпаў і да т.п.) з дэкаратыўна аформленай арматурай; выкарыстоўваецца для агульнага асвятлення памяшканняў значных памераў (параўн. Панікадзіла). @

Лютэранства, адна з плыняў хрысціянскага пратэстанцкага веравызнання, заснавальнікам якога быў М.Лютэр (M.Luther, 1483-1546); узнікла ў Германіі ў 16 ст. у ходзе Рэфармацыі; пашырана ў Скандынаўскіх краінах, ЗША. У Беларусі Л. атрымала распаўсюджанне ў 16-17 стст. @

Лямус (польск. lamus, lemus < с.-в.-ням. lem-hus ад ням. Lehm - гліна + hus [ням. Haus] - дом), гаспадарчая пабудова для захавання харчовых прадуктаў, адзення, збожжа, прылад працы, каштоўнай маёмасці, a таксама для жылля ўлетку. У Беларусі ўзводзіўся з дрэва, каменю, цэглы або са спалучэння гэтых матэрыялаў. @

Ляпніна, рэльефныя ўпрыгажэнні (фігурныя, арнаментаваныя) на фасадах і ў інтэр'ерах будынкаў. Выконваецца з гіпсу, стуку, тынкоўкі, бетону, іншых матэрыялаў. @

Ляўкас (ад грэч. leukos - белы, ясны, сівы), крэйдавы грунт на жывёльным або рыбіным клеі, які выкарыстоўваецца ў іканапісе, пры афарбоўцы ці пазалоце драўляных вырабаў. @

Магнат (польск. magnat ад с.-лац. magnatus - багаты, знатны чалавек), у Вялікім Княстве Літоўскім - нашчадак удзельных князёў, прадстаўнік знатнага беларускага феадальнага роду, які валодаў вялікімі маёнткамі з гарадамі і мястэчкамі. @

Мадульён (мадыльён; франц. modillon), невялікага памеру архітэктурная дэталь тыпу кранштэйна; служыць для падтрымлівання карніза. М. атрымаў пашырэнне ў дойлідстве Старажытнай Грэцыі і Рыма, у будынках перыяду класіцызму. @

Мадэль (франц. modele - аб'ект, прадмет выяўлення, натуршчык, ад іт. modello, ад лац. modulus - мера, узор),

1. У выяўленчым мастацтве жывая натура, чалавек.

2. Прадметы, што выяўляюцца ў творы мастацтва. @

«Мадэрн» (стыль «мадэрн»; франц. moderne - навейшы, сучасны), стыль у мастацтве кан. 19 - пач. 20 ст., эстэтыка якога заснавана на імкненні аб'яднаць мастацкую і ўтылітарную прызначанасць твора. Для М. характэрна выкарыстанне (пры пэўнай стылізацыі) форм іншых эпох, аб'яднальнае аначэнне арнаменту, падпарадкаванне асобных відаў і жанраў мастацтва адзінай мэце ансамбля. Стыль атрымаў розныя назвы: «ар нуво» (Art Nouveau) у Францыі, Бельгіі, «югендстыль» (jugendstil) у Германіі, «сэцэссіон» (Sezession) у Аўстрыі, Польшчы, «ліберці» (liberty) у Італіі. У беларускім мастацтве М. атрымаў пашырэнне ў пачатку 20 ст. @

Мадэрнізм (франц. modernisme ад moderne - навейшы, сучасны), агульная назва шэрага плыняў у мастацтве 20 ст., якія адлюстроўваюць стан і напрамкі развіцця культуры. У аснове большасці мадэрнісцкіх плыняў ляжыць рашучы разрыў з традыцыйнымі спосабамі і сродкамі адлюстравання рэчаіснасці, абсалютызацыя формы, адмаўленне ад выяўленчай падобнасці ў паказе з'яў свету, жыцця, пачуццяў чалавека. Сярод асноўных вылучаюць: абстракцыянізм (гл. Абстрактнае мастацтва), гіперрэалізм, канцэптуальнае мастацтва, кубізм, оп-арт, поп-арт, сюррэалізм, фавізм, футурызм, экспрэсіянізм, супрэматызм. @

Маёліка (іт. maiolica, ад старой назвы вострава Мальёрка (Майорка) [Majolica], праз які вывозіліся ў Італію творы гішпана-маўрытанскай керамікі), від керамікі, вырабы з абпаленай гліны, пакрытыя каляровай палівай. На тэрыторыі Беларусі М. атрымала шырокае распаўсюджанне з 11 ст. @

Мазаіка (франц. mosaique ад іт. mosaico),

1. Арнаментаваная ці сюжэтная выява, выкананая з аднародных ці розных па матэрыялу частак (камень, смальта, шкло, кераміка, дрэва).

2. Адзін з асноўных відаў манументальнага мастацтва. У Беларусі М. вядома з 12 ст. (смальтавая М.). @

Макет (франц. maquette ад іт. macchietta - накід),

1. Аб'ёмна-прасторавая выява (з гіпсу, дрэва, пластмасы, кардону і інш. матэрыялаў) ужо пабудаванага або праектуемага архітэктурнага ансамбля.

2. У паліграфіі - папярэдні ўзор друкаванага выдання. @

Макрамэ (ад араб. міграмах - хустка, шалік; ад тур. макрама - багатая хустка, шалік з махрамі), тэхніка атрымання вырабаў пры дапамозе ручнога вузялковага пляцення, від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У тэхніцы М. вырабляюць прадметы побыту (кашпо, сурвэткі, дываны, коўдры, паясы, сумкі, кашалькі, гальштукі, каўняры і інш.), дэкаратыўныя пано, упрыгажэнні. У дэкаратыўна-прыкладным мастацтве Беларусі М. атрымала пашырэнне ў 1970-1980-х гг. @

Малыя архітэктурныя формы, агульная назва невялікіх збудаванняў (фантаны, басейны, альтанкі, павільёны, агароджы, лесвіцы і інш.) у парках, садах, на іншых адкрытых прасторах. @

Мальберт (ад ням. Malbrett), драўлянае або металічнае прыстасаванне, на якім замацоўваецца падрамнік з палатном, кардон, дошка і г.д. на патрэбнай для работы мастака вышыні і з пэўным нахіленнем. @

Малюнак (польск. malunek ад malować < с.-в.-ням. malen), выява, зробленая ад рукі з дапамогай графічных сродкаў - контурнай лініі, штрыха, танальнай плямы. Адрозніваюць навукова-дапаможны, прыкладны, тэхнічны М. Мастацкі М. ляжыць у аснове ўсіх відаў мастацкага выяўлення на плоскасці (жывапіс, графіка, рэльеф), з'яўляецца важным сродкам у падрыхтоўцы праектаў архітэктурных збудаванняў, увасаблення задумы скульптара. @

Маляванкі, гл. Пісанкі. @

Манаграмісты (ад грэч. monos - адзін і gramma - літара), у гісторыі мастацтваў ананімныя мастакі, творы якіх падпісаны манаграмамі (першапачатковыя літары імя і прозвішча, якія часта ўтвараюць знак, узор). @

Манастыр (ад грэч. monasterion - келля пустэльніка), комплекс будынкаў, прызначаных для пражывання, працы і богаслужэння манахаў, манашак. У М. уваходзяць культавыя, жылыя, гаспадарчыя збудаванні, свабодна размешчаныя на мясцовасці ці згрупаваныя ў замкнуты ансамбль. @

Манатыпія (ад грэч. monos адзін і typos - адбітак), від друкаванай графікі, тэхніка выканання твораў у якой заснавана на нанясенні ад рукі фарбаў на гладкую паверхню друкарскай формы і атрыманні адзінага адбітка на вільготнай паперы пад ціскам. У беларускай графіцы М. атрымала пашырэнне з 1960-х гг. @

Манахромія (ад грэч. monochromos - аднакаляровы), якасць мастацкага твора, у аснове якой - выкарыстанне адной фарбы пры вялікай колькасці яе танальных градацый; адзін з выразных сродкаў у выяўленчым мастацтве. Паняцце, супрацьлеглае М., - Паліхромія (параўн. Грызайль). @

Мандорла (іт. mandorla - міндалепадобны), прынятае ў іканапіснай традыцыі выяўленне евангелістаў (Яна, Лукі, Марка, Мацвея), Хрыста, Маці Боскай у авальным ззянні (аўры) у выглядзе тонкіх залатых промняў, якія павінны сведчыць аб святасці паказанай асобы (гл. таксама Аўра, Глорыя, Німб). @

Мансарда (франц. mansarde), жылое памяшканне на гарышчы дома пад стромкай страхой. Назву атрымала ад імя французскага архітэктара эпохі класіцызму Ф.Мансара, які распрацаваў канструкцыю М.; выкарыстоўваецца як для жылля, так і для гаспадарчых мэт. У беларускім дойлідстве М. вядомы з 18 ст. @

Манстранц (манстранцыя; франц. monstrance ад лац. monstrare - паказваць), у каталіцкай царкве літургічны прадмет, у якім у час набажэнства, касцельных свят (урачыстасці, працэсіі) дэманструецца Св. прычасце (госція). Складаецца з асновы (паддона), ножкі і «сонейка» - дэкаратыўна аздобленага завяршэння, у якім знаходзіцца шкляная капсула. Выконваецца з каштоўных металаў (серабра, пазалочанага серабра) у тэхніцы ліцця (гл. Ліццё мастацкае), аздабляецца чаканкай, гравіроўкай, прасечкай; адзін з пашыраных прадметаў у беларускім дэкаратыўна-прыкладным мастацтве 16-18 стст. @

Мантыя (ад с.-грэч. mantion - пакрывала, плашч), доўгая шырокая адзежына, якая спадае да зямлі; апранаецца паверх другой адзежы; параднае, урачыстае ўбранне манархаў, служыцеляў царквы; у некаторых краінах - суддзяў, сябраў акадэмій, адвакатаў. @

Манументальнае мастацтва, група відаў пластычных і выяўленчых мастацтваў, якія аб'ядноўваюць творы, прызначаныя для архітэктурнага і прыроднага асяроддзя, ва ўзаемадзеянні з якімі яны набываюць пэўную ідэйна-вобразную завершанасць. Да М. м. адносяць помнікі, мемарыяльныя ансамблі, фантаны, паркавую скульптуру, жывапіснае і скульптурнае аздабленне будынкаў, вітражы і інш. @

Манументальнасць, якасць мастацкага вобраза, адпаведна якой творам уласцівы маштабны змест, узвышанасць, сцвярджэнне пэўнага афіцыйнага грамадскага ідэалу; галоўная рыса твораў манументальнага мастацтва. @

Манументальная скульптура, помнікі, манументальныя, архітэктурна-скульптурныя комплексы, прысвечаныя грамадскаму дзеячу, важнай гістарычнай падзеі; від манументальнага мастацтва. @

Манументальны жывапіс, творы жывапісу (пано, размалёўкі, мазаікі), звязаныя з архітэктурай; від манументальнага мастацтва. Найбольш старажытныя ўзоры М. ж. ў Беларусі датуюцца 11 ст. @

Маньерызм (іт. manierismo ад maniera - прыём, манера), стыль у эўрапейскім мастацтве 16 ст.; вызначаецца суб'ектывізмам, ускладненасцю, вычварнасцю форм, перайманнем манеры майстроў Адраджэння. У беларускім мастацтве рысы М. адчувальныя ў другой пал. 16 ст. @

Маркетры (франц. marqueterie), від мазаікі з фігурных, розных па колеру, фактуры, тэкстуры пласцінак дрэва (фанера, шпон), якія наклейваюцца на аснову. У Беларусі тэхніка М. вядома з сярэднявечча (параўн. Аплікацыя). @

Марына (іт. marina ад лац. marinus - марскі), карціна, якая выяўляе марскі краявід; тып пейзажа. @

Марэнга (ад Marengo - назва сялібы ў Паўн. Італіі),

1. Тканіна чорнага колеру з белымі варсінкамі.

2. Чорны колер з шэрым адлівам. @

Маскарон (іт. mascherone - вялікая маска), дэкаратыўны рэльеф (барэльеф, гарэльеф) у выглядзе твару чалавека, галавы жывёлы; найбольш пашыраны ў мастацтве 17-18 стст.; для беларускай архітэктуры характэрны з пач. 20 ст. Выкарыстоўваецца ў аздабленні будынкаў (размяшчаецца над аркамі, аконнымі і дзвярнымі праёмамі), мэблі, посуду і г.д. @

Мастаба (ад араб. мастаба - літаральна каменная лаўка), сучасная назва старажытнаэгіпецкай грабніцы. Складаецца з наземнага збудавання ў выглядзе ўсечанай піраміды і злучанай з ёю вертыкальнай шахты, падземнай пахавальнай камеры з некалькімі памяшканнямі. @

Мастацкае канструяванне (тэхнічная эстэтыка), творча-праектная дзейнасць, накіраваная на ўдасканаленне прадметнага асяроддзя, якое акружае чалавека, сродкамі прамысловай вытворчасці. У аснове М. к. - аб'яднанне ў адзіную сістэму функцыянальных і кампазіцыйных якасцей, эстэтычных і эксплуатацыйных характарыстык прадметных комплексаў і асобных вырабаў. Аналагічна дызайну. @

Мастацкая прамысловасць, выраб індустрыяльным метадам дэкаратыўна-прыкладных мастацкіх прадметаў, якія служаць для афармлення побыту і інтэр'ера (адзенне, плеценыя і дэкаратыўныя тканіны, дываны, мэбля, мастацкае шкло, фарфор, фаянс, металічныя вырабы і г.д.). @

Мастацкая творчасць народная, гл. Народнае мастацтва. @

Мастацтвы пластычныя, умоўная назва асобных відаў мастацтва, творы якіх маюць прасторавы характар. Да асноўных адносяць: архітэктуру, скульптуру, творы дэкаратыўна-прыкладнога і манументальнага мастацтва, мастацкае канструяванне (параўн. Выяўленчае мастацтва). @

Мастыхін (ад іт. mestichino), тонкая пругкая стальная (радзей рогавая) пласцінка ў выглядзе лапатачкі ці сцізорыка; выкарыстоўваецца часцей за ўсё ў алейным жывапісе для ўстаранення фарбы з асобных частак палатна, нанясення грунту, змешвання фарбаў на палітры, ачышчэння палітры, a таксама для пісьма ў якасці пэндзля. @

Маўзалей (лац. mausoleum ад грэч. Mausoleion), манументальнае надмагільнае збудаванне. Назва паходзіць ад грабніцы карыйскага цара Маўсола, узведзенай у Галікарнасе (4 ст. да н.э.). @

Мафор (мафорый, амафор; грэч. maphorion - накідка, плашч), жаночае адзенне, пашыранае ў краінах Бліжняга Ўсходу, у выглядзе доўгага пакрывала, якое закрывае галаву і плечы. Сустракаецца ў выявах Маці Боскай (абразы «Пакроў Маці Боскай»). @

Машыкулі (франц. machicoulis), адтуліны-байніцы ў навесе, змешчаным зверху крапасных сцен ці вежаў. М. прызначаліся для вядзення агню са стралковай зброі, кідання камянёў, ліцця вару, смалы. Пашыраны ў Беларусі ў замкавых і культавых комплексах у 16-17 стст. З кан. 17 ст. ужываюцца ў будынках як элемент аздаблення (гл. таксама Байніца). @

Меандр (ад назвы звілістай ракі Меандр, цяпер Вялікі Мендэрэс у Малой Азіі), від геаметрычнага арнаменту ў выглядзе ламанай пад прамым вуглом лініі, якая ў цэлым выглядае як суцэльная вузкая паласа. У беларускім мастацтве М. атрымаў пашырэнне з пач. 20 ст. @

Мегалітычныя збудаванні (грэч. megas - вялікі і Lithos - камень), культавыя збудаванні, узведзеныя з вялікіх неабчэсаных ці паўапрацаваных камянёў. Служылі ў якасці свяцілішчаў, магільных помнікаў. Адрозніваюць менгір, дальмен, кромлех. @

Мегарон (грэч. megaron - літаральна вялікая зала), тып прамавугольнага будынка з вялікай залай у цэнтры і ўваходам на тарцы, аформленым у выглядзе порціка. Склаўся ў перыяд эгейскай культуры; стаў асновай будынкаў перыяду архаікі. @

Медальернае мастацтва, мастацтва вырабу форм для адліўкі і штэмпеляў для чаканкі манет, медалёў; галіна дробнай пластыкі (гл. Скульптура). У беларускай пластыцы М. м. пашырылася з перыяду Адраджэння. @

Медальён (франц. medaillon, іт. medaglion ад medaglia - медаль),

1. Выяўленчая або арнаментаваная кампазіцыя (ляпны ці разны рэльеф, роспіс, мазаіка) у авальным або круглым абрамленні.

2. Ювелірнае ўпрыгажэнне ў выглядзе круглай, авальнай скрыначкі на ланцужку, у якой захоўваюць мініяцюрны партрэт, якую-небудзь рэліквію і носяць на шыі. @

Медзярыт, старажытная назва гравюры на медзі. У Беларусі вядомы з 16 ст. @

Менгір (менгіры; брэтон. menhir ад men - камень і hir - доўгі), адзін з відаў меаалітычных збудаванняў у выглядзс асобных, вертыкальна пастаўленых камянёў на паралельных ці канцэнтрычных лініях. @

Метопа (грэч. metopon - прастора паміж вачыма), у класічнай архітэктуры прамежак паміж трыгліфамі, запоўнены квадратнай або прамавугольнай плітой. Дэкарыруецца рэльефамі ці роспісамі, кампазіцыя якіх падкрэслівае квадратны фармат М. У беларускім дойлідстве М. атрымалі пашырэнне ў будынках стылю ампір. @

Мецца-тынта (ад іт. mezzo сярэдні і tinto - афарбаваны, таніраваны), таксама «чорная манера», від гравюры на метале, які адносіцца да глыбокага друку. Адпаведна М.-т., паліраваная паверхня металічнай пласціны робіцца зярністай (шурпатай) механічным ці хімічным спосабам. Пасля нанясення малюнка іголкай ці алоўкам выскрабаюць месцы, якія павінны быць светлымі, што стварае пры друку глыбокія і аксамітныя тоны, багатыя і тонкія святлоценявыя эфекты. @

Мецэнацтва (ад імя Мецэнат [Maecenas] Гай Цыльній [паміж 74 і 64 - 8 гг. да н.э.] - багатага рымскага патрыцыя, саветніка імператара Аўгуста), у шырокім сэнсе гістарычная форма механізму сацыяльнага заказу, кантролю, апекі над мастаком, яго матэрыяльнага забеспячэння. Да мецэнатаў адносяць прыватных, афіцыйных асоб, палітычных, царкоўных дзеячаў, заказчыкаў, калекцыянераў, a таксама абшчыны, карпарацыі, брацтвы, якія ўздзейнічаюць на мастака матэрыяльна або іншымі сродкамі і кіруюцца ідэалагічнымі, прэстыжнымі, эканамічнымі мэтамі. У культуры Беларусі М. вядома з 12 ст., найбольшае пашырэнне атрымала з часоў Адраджэння. @

Мініяцюра (іт. miniatura ад лац. minium - кінавар, сурык, якімі ў старажытнасці размалёўвалі рукапісныя кнігі), мастацкі твор малых памераў. Асноўным відам М. з'яўляецца кніжная М. - малюнкі, шматколерныя ілюстрацыі, a таксама выяўленча-дэкаратыўныя элементы афармлення кніг - ініцыялы, застаўкі, канцоўкі, зробленыя ад рукі. Вылучаюць таксама M. у жывапісе (партрэтная М.). У Беларусі М. вядома з 10 ст. @

Місал (ад лац. missa - набажэнства), таксама мшал (ад польск. msza - імша, меса, абедня), літургічная кніга, якая выкарыстоўваецца ў час набажэнства ў касцёле. Змяшчае тэксты пастаянных і пераменных службаў, пададзеных у каляндарным парадку тыдняў і свят на працягу ўсяго года. @

Міска (нар.-лац. mesa - стол ад лац. mensa), ганчарная ці драўляная глыбокая пасудзіна для ежы. Гліняныя М. вырабляюць з разнымі па форме венчыкамі, гафрыраваным верхнім краем, таксама непрафіляванымі бакамі; аздабляюць глянцаваным арнаментам, ангобнай (гл. Ангоб) размалёўкай геаметрычнага, радзей расліннага характару. @

Мітра (ад грэч. mitra - галаўная павязка, дыядэма), высокі пазалочаны і аздоблены эмблемамі рэлігійнага зместу галаўны ўбор прадстаўнікоў вышэйшага духавенства ў каталіцкай і праваслаўнай царкве, які надзяваецца ў час набажэнства. @

Мітрапаліт (грэч. metropolites), вышэйшы духоўны сан каталіцкіх і праваслаўных епіскапаў. @

Міфалогія (грэч. mythologia ад mythos - паданне і logos - слова, навука),

1. Сукупнасць міфаў пра аб'екты жывой і нежывой прыроды, чалавека, грамадства, у якіх адлюстроўваліся ўяўленні пра навакольны свет у вобразах багоў, герояў, дэманічных істот.

2. Навука пра міфы. @

Мішура (ад араб. mouzevvere - падроблены), пазалочаныя або пасярэбраныя металічныя ніткі, з якіх вырабляюць парчовыя тканіны (гл. Парча), галуны, каніцель і да т.п. @

Модуль (ад лац. modulus - мера), у мастацкім формаўтварэнні велічыня (найменшы памер) ці які-небудзь элемент формы, умоўна прыняты за адзінку, якая цэлую (кратную) колькасць разоў паўтараецца ў іншых аб'ектах, вымярэннях. @

Муар (муарэ; франц. moire - хвалепадобны, з разводамі),

1. Шчыльная шаўковая ці паўшаўковая тканіна з разводамі, якія пераліваюцца на святле рознымі адценнямі.

2. Шэры колер з разводамі, пералівамі (муаравы колер).

3. Папера з ціснёным узорам на паверхні. З муаравых тканін шыюць сукенкі, вырабляюць стужкі, выкарыстоўваюць іх для аздаблення. @

Музеі мастацкія (лац. museum ад грэч. museion - храм муз), навукова-даследчыя, навукова-асветніцкія ўстановы, якія ажыццяўляюць камплектаванне, захоўванне, вывучэнне і папулярызацыю помнікаў мастацтва. @

Мулінэ (франц. moulinet ад mouliner - сукаць шоўк), баваўняныя або віскозныя, штапельныя каляровыя ніткі для вышывання. @

Муляж (франц. moulage ад mouler - фармаваць), злепак (з рукі, твару чалавека, твора мастацтва), мадэль (копія) пэўнага аб'екта ў натуральную велічыню. М. часцей за ўсё выкарыстоўваюцца ў вучэбных мэтах, у музейнай практыцы, у панарамах і дыярамах (параўн. Злепак, Бутафорыя). @

Мэбля (франц. meuble ад лац. mobilis - рухомы, той, які лёгка рухаецца), адзін з асноўных відаў абсталявання памяшканняў, a таксама садоў, паркаў, вуліц. Адрозніваюць бытавую М. (крэслы, сталы, шафы, ложкі, канапы і г.д.) і М., якая выкарыстоўваецца ў грамадскіх будынках. @

Мяккі лак, адзін з відаў тэхнікі афорта. Адпаведна ёй на металічную паверхню наносіцца афортны лак, змешаны з глушчам, што надае яму мяккасць, здольнасць лёгка адставаць ад паверхні друкарскай формы і прыліпаць да паперы пад націскам алоўка. Адкрытыя паверхні падвяргаюць траўленню. @

Мячэць (тур. mescit ад араб. masgid - месца пакланення),

1. Мусульманскае культавае збудаванне. Першапачаткова М. мелі прамавугольны двор, абкружаны галерэямі, шматкалонную малітоўную залу. З 10 ст. у склад М. уваходзяць манументальны партал на галоўным фасадзе, тэрасы (айваны) па восях двара.

2. Назва цэнтрычных купальных збудаванняў. @

Наасэла; грэч. naos - карабель), у архітэктуры Старажытнай Грэцыі ўнутраная частка храма, памяшканне свяцілішча, дзе знаходзілася выява Бога; сваёй выцягнутай формай нагадвала карабель, адсюль і назва. У архітэктуры сярэднявечча - неф. @

Набіванка (набойка), від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; спосаб аздаблення тканіны каляровым узорам, які атрымліваецца пры дапамозе рэльефных форм (дошак-клішэ); тканіна з узорам, выкананым спосабам Н. У Беларусі Н. атрымала пашырэнне ў 16 - пач. 20 ст. @

Набойка, гл. Набіванка. @

Нагавіцы (штаны, порткі), частка традыцыйнага мужчынскага адзення беларусаў. Вядомы Н. з паясніцай (зашпільваліся на гузік) і без паясніцы - на матузку. Шылі са зрэбнай, паўсуконнай тканіны, сукна. З кан. 19 ст. белыя палатняныя Н. сталі сподняй адзежынай. @

Надмагілле, архітэктурна-скульптурны твор, які прызначаецца для ўвекавечання памяці нябожчыка і ўстанаўліваецца на яго магіле. Н. ствараюцца ў выглядзе бюстаў, рэльефаў, стэл, калон, абеліскаў. У Беларусі вядомы з 16 ст. @

Накід, хуткі малюнак, у якім трактоўка форм вызначаецца абагульненасцю. Мэтай Н. з'яўляецца перадача агульнага ўяўлення аб натуры. Н. часта мае самастойнае значэнне ў адрозненне ад падрыхтоўчых, дапаможных выяў пры выкананні жывапісных, графічных, скульптурных твораў (параўн. Эскіз, Кракі). @

Намітка, галаўны ўбор (пераважна для выхаду) замужніх жанчын у Беларусі. Уяўляе сабой доўгі кавалак тонкага кужэльнага палатна накшталт ручніка, які павязваўся на галаву, пакрытую чапцом. Існуе каля 30 спосабаў павязвання Н. @

Нараджэнне Маці Боскай,

1. Адзін з сюжэтаў у іканапісе, манументальным жывапісе, графіцы, скульптуры (рэльеф), кампазіцыя якога складаецца з выяў напаўляжачай у ложку Ганны, фігуры Якіма (бацькоў Маці Боскай), трох служанак, сцэны купання нованароджанага дзіцяці.

2. Царкоўнае свята (Нараджэнне Маці Боскай, Багач, Другая Прачыстая), якое адзначаецца 8 верасня (каталікамі), 21 верасня (праваслаўнымі). @

Народнае мастацтва (мастацкая творчасць народная). Уключае архітэктуру, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, па-мастацку апрацаваныя прылады працы, хатняе начынне, адзенне, тканіны, цацкі і г.д. Характарызуецца злітнасцю эстэтычных і ўтылітарных функцый, вялікай роляй старажытных уплываў, традыцый. @

Народныя мастацкія промыслы, галіны народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, прадстаўнікі якіх спецыялізуюцца на выкананні твораў гэтага віду мастацтва. У Беларусі найбольш вядомымі Н. м. п. з'яўляюцца: ганчарства, пляценне з лазы, саломы, каранёў дрэў, набіванка, пернікарства, ткацтва, вышыўка, выраб мэблі, размалёўка па дрэве, шкле, палатне (гл. Роспіс дэкаратыўны). Сярод буйных мастацкіх промыслаў Расеі вылучаюць: палехскі, мсцёрскі, фядоскінскі, холуйскі роспісы, гжэльскую кераміку, халмагорскую разьбу па косці, багародскую і дымкаўскую цацкі, валагодскія карункі. @

Народныя строі, комплексы народнага адзення, пашыраныя на вызначанай тэрыторыі і характэрныя для пэўнага часу бытавання. Адрозніваюцца асаблівасцямі крою асобных частак касцюма, характарам тканін, аздабленнем, спосабам нашэння. Залежаць ад узроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця тэрыторый, прыродна-кліматычных умоў, роду гаспадарчай дзейнасці, рэлігійнай прыналежнасці, узаемасувязей з культурай іншых народаў. Вылучаюць брагінскі, буда-кашалёўскі, ваўкавыска-камянецкі, вілейскі, давыд-гарадоцка-тураўскі, дубровенскі, калінкавіцкі, кобрынскі, краснапольскі, лепельскі, маларыцкі, мастоўскі, неглюбскі, слуцкі, турава-пінскі Н. с. @

Нартэкс (познегрэч. narthex - скрыначка, ларэц), уваходнае памяшканне ў заходняй частцы хрысціянскага храма. Прызначаўся для асоб, якія не мелі права ўваходзіць у храм (гл. таксама Бабінец; параўн. Прыдзел). @

Натура (ад лац. natura - прырода), у выяўленчым мастацтве аб'екты рэчаіснасці (чалавек, прадметы, жывёлы, птушкі, ландшафт, з'явы рэальнага свету), якія назірае мастак у працэсе іх адлюстравання. Н. служыць асновай у стварэнні мастацкіх твораў. Часцей за ўсё з Н. выконваюць эцюды, накіды, замалёўкі, кракі, a таксама партрэты, пейзажы, нацюрморты. @

Нацюрморт (франц. nature morte, іт. natura morta - літаральна мёртвая прырода), жанр выяўленчага мастацтва (пераважна станковага), у творах якога адлюстроўваюцца прадметы, арганізаваныя ў групу па вызначаным адзінстве (форма прадметаў, іх прызначэнне, колер, фактура, асацыяцыйны змест і г.д.). У беларускім выяўленчым мастацтве элементы Н. сустракаюцца з 16 ст. (кніжная ілюстрацыя, мініяцюра, абраз, партрэт). @

Неабарока (псеўдабарока; ад грэч. neos - новы і барока), умоўная назва кірунку ў архітэктуры другой пал. 19 - пач. 20 ст., які пераймаў формы, элементы кампазіцыі будынкаў стылю барока. У беларускім дойлідстве Н. існавала ў спалучэнні з іншымі стылямі, найбольшае пашырэнне набыло ў культавым, жыллёвым, грамадскім будаўніцтве. @

Неаготыка (псеўдаготыка; ад грэч. neos - новы і готыка), умоўная назва кірунку ў архітэктуры кан. 18 - пач. 20 ст., які пераймаў формы, a часам і канструкцыі пабудоў сярэдневяковай готыкі. У беларускім дойлідстве Н. вядома з кан. 18 ст. (культавае, палацавае, сядзібнае будаўніцтва). @

Неакласіцызм (псеўдакласіцызм; ад грэч. neos - новы і класіцызм), назва рознанакіраваных мастацкіх з'яў апошняй трэці 19-20 ст., звязаных са зваротам да традыцый мінулых эпох, адвечных эстэтычных каштоўнасцей - антычнасці, эпохі Адраджэння, класіцызму. Тэрмін «неакласіцызм» ужываецца таксама для абазначэння паўтарэння ў новых умовах стылістычных прыёмаў класіцызму. У беларускай архітэктуры Н. вядомы з 1910-х гг. @

Неараманскі стыль (псеўдараманскі стыль; ад грэч. neos - новы і раманскі), назва напрамку ў эўрапейскай архітэктуры кан. 19 - пач. 20 ст., заснаванага на перайманні ўзораў раманскай архітэктуры. У Беларусі Н. с. праявіўся пераважна ў культавым і палацавым дойлідстве. @

Неарускі стыль (псеўдарускі стыль; ад грэч. neos - новы і рускі), назва кірунку ў архітэктуры пач. 19 - 20 ст., які пераймаў старажытнавізантыйскія, старажытнарускія ці народнарасейскія ўзоры ў архітэктуры, мастацкай прамысловасці. У беларускім дойлідстве Н. с. вядомы з 1870-х гг. @

Некропаль (грэч. nekropolis ад nekros - мёртвы і polis - горад, літаральна горад мёртвых), у Старажытнай Грэцыі раён пахаванняў, упрыгожаны архітэктурна-скульптурнымі надмагіллямі. У далейшым - мемарыяльны ансамбль. @

Нервюра (франц. nervure ад лац. nervus - жыла, сухажылле), арка з клінападобных чэсаных камянёў, цаглін, якая падтрымлівае скляпенні крыжовых, сеткавых, зорчатых форм, перадае нагрузку на слупы, патоўшчаныя часткі сцен, контрфорсы, аркбутаны, лапаткі, пілястры. Найбольшае пашырэнне Н. набыла ў архітэктуры готыкі. У Беларусі Н. вядома ў будынках з 15 ст. (гл. таксама Гурт). @

Неф (франц. nefa ад лац. navis - карабель), прадаўгаватая прамавугольная ў плане прастора будынка, абмежаваная сценамі або радамі слупоў, калон, аркадамі. Адрозніваюць сярэдні, бакавыя, папярочныя (трансепт) Н.; вызначаюць будынкі па тыпу базілікі. На перакрыжаванні сярэдняга і папярочнага Н. часта ўзводзілі купал на барабане. У бакавых і галоўным Н. размяшчалі алтары. У беларускім дойлідстве Н. атрымалі пашырэнне з 16 ст. @

Німб (лац. nimbus - воблака, туман), у творах скульптуры, жывапісу, графікі выява ззяння ў выглядзе круга вакол галавы (святога, Бога); сімвал святасці, боскасці. @

Ніша (франц. niche ад лац. nidus - гняздо), прамавугольнае ці паўкруглае ў плане паглыбленне ў сцяне. Мае функцыянальнае і дэкаратыўнае прызначэнне. @

Новы запавет, частка Бібліі, 27 кніг, напісаных у 1 ст. н.э. Акрамя чатырох Евангелляў у H. з. уваходзяць: Дзяянні святых апосталаў, саборнае пасланне апостала Якава, першае і другое саборныя пасланні апостала Пятра, першае, другое і трэцяе саборныя пасланні апостала Яна, саборнае пасланне апостала Юды, пасланні апостала Паўла: да Рымлянаў, першае і другое да Карынфянаў, да Галатаў, да Ефесянаў, да Філіпійцаў, да Калосянаў, першае і другое да Фесаланікійцаў, першае і другое да Цімафея, да Ціта, да Філімона, да Жыдоў, Адкравенне апостала Яна Багаслова (Апакаліпсіс). @

Ню, гл. Акт. @

Нюанс (ад франц. nuance - адденне), тонкі, ледзь прыкметны пераход ад адной формы, фарбы да другой. Катэгорыя, супрацьлеглая Н., - кантраст. @

Оп-арт (англ. ор art, скароч. ад optical art - аптычнае мастацтва), мадэрнісцкі напрамак у выяўленчым мастацтве, адна з мадыфікацый абстракцыянізму. Прадстаўнікі О.-а. выкарыстоўваюць у сваіх творах камбінацыі простых геаметрычных фігур, дасягаючы ілюзорных, аптычных эфектаў. Дэкаратыўныя магчымасці О.-а. знайшлі выкарыстанне ў прамысловай графіцы, плакаце, афармленчым мастацтве (гл. таксама Мадэрнізм, Абстрактнае мастацтва). @

Ордэр архітэктурны (ням. Order ад франц. ordre ад лац. ordo - строй, парадак), сістэма суадносін нясучых і нясомых элементаў будынка, іх структуры і мастацкай апрацоўкі. Як кананічная сістэма аформіўся ў архітэктуры антычнай Грэцыі ў выглядзе асобных тыпаў: дарычнага, іанічнага, карынфскага. Далейшая распрацоўка О. а. адбылася ў перыяд Старажытнага Рыма (тасканскі, кампазітны). О. а. складаецца з антаблемента (карніз, фрыз, архітраў), калоны з капітэллю (капітэль, ствол, ці фуст, калоны, яе база) і п'едэстала. У беларускай архітэктуры О. а. пачалі выкарыстоўвацца з перыяду барока. @

Павалака, у іканапісе кавалак тканіны, які наклейваюць на паверхню дошкі перад нанясеннем на яе ляўкасу. @

Павільён (франц. pavillon ад лац. papilio - шацёр),

1. Невялікая, лёгкая па канструкцыі адкрытая пабудова, звязаная з навакольным асяроддзем, ландшафтам.

2. Частка палацавага будынка з самастойным дахам.

3. Пабудова для выставачнай экспазіцыі, кіна- і фотаздымак. @

Павук, прасторавая модульная (рамбічная, шарападобная, зорчатая) форма з саломы, a таксама з папяровых кветак, пер'яў, зерняў лубіну, фасолі, мяцёлак аўса, кудзелі і інш.; традыцыйны від упрыгажэння беларускага народнага жылля. Акрамя дэкаратыўнай функцыі П. прыпісвалі магічную здольнасць засцерагаць дом, людзей, сям'ю ад няшчасцяў, злых духаў. @

Падзор,

1. Дадатковая (часам здымная) аздоба мэблі (ложкаў, паліц), прасцін, пакрывалаў і да т.п. у выглядзе доўгай вузкай паласы тканіны. Для П. характэрна багатая арнаментацыя, выкарыстанне разнастайных прыёмаў і тэхнік, спосабаў замацавання (вышыўка, карункі, выкананыя кручком, фігурныя зборкі).

2. У архітэктуры - дэкаратыўныя драўляныя дошкі з глухой або скразной разьбой, металічныя палосы з праразным узорам, якімі акаймляюць дах, франтон. @

Падмалёўка, у жывапісе адна з першапачатковых стадый работы над карцінай, акварэльным творам, роспісам, першая пракладка фарбавага слоя, у якім мастак фіксуе абагульненае колеравае рашэнне карціны або дае мадэліроўку форм прадметаў святлаценю. Пры гэтым П. можа быць каляровай і манахромнай, аднатоннай, a таксама напісанай тонкім фарбавым слоем і пастозна (гл. Манахромія, Пастознасць). @

Падрамнік, каркас у выглядзе рамы, на які нацягваецца палатно для работы над карцінай. Завершаная карціна на П. устаўляецца ў раму, адсюль і назва. @

Пазумент (ням. Posament), гл. Галун. @

Пакроў,

1. У выяўленчым мастацтве - адлюстраванне тэмы заступніцтва Маці Боскай за людзей. У кампазіцыях на сюжэт П. паказваецца: у верхняй частцы - Маці Боская з покрывам (мафорам) у руках (часам выяўляюць Маці Боскую з паднятымі ўгору рукамі, покрыва над яе галавой трымаюць анёлы), якое сімвалізуе заступніцтва за людзей, што звяртаюцца да яе з малітвай; у ніжняй - Андрэй Юродзівы, Епіфаній, Раман-Салодкаспявак, апосталы, пакутнікі.

2. Царкоўнае свята, якое адзначаецца: у каталікоў - 7 кастрычніка, у праваслаўных - 14 кастрычніка (Пакроў, Трэцяя Прачыстая). @

Палас (ад перс. пелас), бязворсавы дыван; выконваецца ў тэхніцы ручнога або машыннага ткацтва, a таксама ў спалучэнні гэтых тэхнік (гл. таксама Тканіны мастацкія). @

Палац (польск. palac < іт. palazzo ад лац. palatium - палац), від параднага будынка, які адрозніваецца значнасцю памераў, наяўнасцю разнастайных па прызначэнні памяшканняў. П. можа быць асобным збудаваннем, уваходзіць у комплекс іншых будынкаў (галоўным чынам гаспадарча-службовых), спалучацца з паркавай архітэктурай малых форм (гл. Ансамбль). Першапачаткова П. - жыллё знаці, у далейшым - грамадскія будынкі. У Беларусі П. вядомы з 14 ст. (размяшчаліся ўнутры замкаў). У кан. 16-17 ст. узводзіліся палацава-замкавыя, у кан. 17 - пач. 20 ст. - палацава-паркавыя комплексы. У архітэктуры 20 ст. пераважаюць П. - грамадскія збудаванні (П. мастацтваў, П. культуры, П. спорту, П. шлюбу і г.д.). @

Палевы (франц. paille), бледна-жоўты з ружовым адценнем колер. @

Паліва, шклопадобнае дэкаратыўнае пакрыццё на керамічных вырабах, замацаванае абпальваннем. Адрозніваюць П. празрыстую і непразрыстую (эмалі), бясколерную і каляровую, тугаплаўкую (для фарфору) і легкаплаўкую (для фаянсу, маёлікі). П. вядома са старажытнасці (Эгіпет, Пярэдняя Азія, Сярэдняя Азія); на тэрыторыі Беларусі атрымала пашырэнне з 12 ст. @

Паліпціх (ад грэч. polyptychos - які складаецца з многіх складак, дошчачак),

1. Шматчасткавы жывапісны або рэльефны складзень.

2. Некалькі выяў, звязаных агульнай задумай, адзіным колеравым і кампазіцыйным ладам (параўн. Дыпціх, Трыпціх, Складзень). @

Палітра (ад франц. palette - пласцінка),

1. Тонкая, пакрытая спецыяльным саставам і лакам драўляная дошчачка, фарфоравая, фаянсавая, пластмасавая пласціна, на якой мастак змешвае фарбы ў час работы.

2. У пераносным сэнсе - падбор колераў, характэрны для жывапіснай манеры мастака. @

Паліхромія (паліхрамія; ад грэч. polys - шматлікі і chroma - колер), шматколернасць твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, скульптуры, архітэктуры, якая дасягаецца выкарыстаннем рознакаляровых матэрыялаў ці афарбоўкай. Паняцце, супрацьлеглае П., - Манахромія. @

Панагія (грэч. panagia - усесвятая),

1. Адзін з тытулаў Маці Боскай.

2. Невялікі, звычайна ўпрыгожаны каштоўнымі камянямі абразок (медальён) з выявай Маці Боскай, які носяць на грудзях архірэі ў праваслаўнай царкве; з'яўляецца знакам іх сану. @

Панарама (ад грэч. pan - усё і horama - від, відовішча), від прасторавага мастацтва; стужкападобная карціна на круглым у плане падрамніку з ілюзорнымі выявамі і прадметамі на пярэднім плане (бутафорскія (гл. Бутафорыя) і сапраўдныя прадметы, муляжы, пабудовы). У эўрапейскім мастацтве П. вядома з кан. 18 ст., у беларускім - з другой пал. 20 ст. (параўн. Дыярама). @

Пандус (ад франц. pente douce - пакаты схіл), нахіленая пляцоўка (прамавугольная ці крывалінейная ў плане), якая служыць для пад'ёму або ўезду ў збудаванне; можа замяняць ці дапаўняць лесвіцы. У будынках у Беларусі ўжываецца з 18 ст. @

Панёва, старажытнае ўсходнеславянскае адзенне замужніх жанчын; род спадніцы. Вядомы два віды П.: расхісная - складалася з 3 кавалкаў ваўнянай даматканай тканіны, сшытых няпоўнасцю, і глухая - складалася з 4 цалкам сшытых полак. У Беларусі П. сустракалася да пач. 20 ст. @

Панікадзіла (ад грэч. poly шмат і kandela - свечка), вялікая люстра са свечкамі або стаячы перад абразамі ў царкве кандэлябр; выконваецца ў тэхніцы коўкі, ліцця (гл. Ліццё мастацкае), часам уключае шкляныя і керамічныя элементы. @

Пано (франц. panneau ад лац. pannus - кавалак тканіны), жывапісная, мазаічная, разная ці іншая дэкаратыўная кампазіцыя, якая знаходзіцца ў інтэр'еры будынка ці на яго фасадзе. У Беларусі П. пачалі выкарыстоўваць з 17 ст. @

Пантакратар (грэч. Pantokrator ад pan - усё і krator - моцны), тып выявы Хрыста пагрудна ці ў поўны рост з благаслаўляльным рухам правай рукі і тэкстам Евангелля ў левай, у акружэнні нябеснай варты - архангелаў (гл. Анёл). Выяву П. змяшчалі ў купале царквы, на абразах, у творах дэкаратыўна-прыкладнога характару, у скульптурах. У абразах Хрыстос Пантакратар, паказаны ў адзенні візантыйскага імператара, называўся «Цар цароў», у адзенні архірэя - «Вялікі архірэй». @

Пантэон (грэч. Pantheion ад pan - усё і theos - бог),

1. Тып антычнага храма (звычайна круглы ў плане), які ўзводзіўся ў гонар усіх багоў, што павінна было выказваць ідэю іх раўнапраўя.

2. Умоўная назва зводу багоў, характэрных для пэўнай рэлігіі, нацыі, народа, гістарычнай эпохі. @

Папа рымскі (лац. papa ад грэч. pappas - бацька), вярхоўны галава рымска-каталіцкай царквы і дзяржавы Ватыкан. @

Пап'е-машэ (франц. papier mache - літаральна жаваная папера), папяровая маса, якую рыхтуюць з сумесі валакністых матэрыялаў (паперы, кардону) з клеем, крухмалам, гіпсам і да т.п.; ідзе на выраб муляжоў, тэатральнай бутафорыі, цацак, прадметаў побыту і г.д. @

Параман, гл. Аналаў. @

Паранджа (ад араб. фараджыйя - верхняя свабодная адзежына), верхняя жаночая адзежына ў мусульманскіх народаў Бліжняга Ўсходу і Сярэдняй Азіі, халат з фальшывымі рукавамі, які закрывае жанчыну з галавой; носяць з чачванам - чорнай густой сеткай з конскага воласу, якая закрывае твар. Абавязковае нашэнне П. аднавядае нормам ісламу. @

Парапет (іт. parapetto ад parare - абараняць і petto - грудзі), невысокая сценка, якая агароджвае дах будынка, тэрасу, балкон, набярэжную, мост. У беларускім дойлідстве П. вядомы з 16 ст., найбольшае пашырэнне атрымаў у будынках Рэнесансу, барока, класіцызму (параўн. Балюстрада). @

Партал (ням. Portal ад лац. porta - уваход, вароты, дзверы), архітэктурна аформлены ўваход у будынак; можа ўключаць карніз, франтон, пілястры, калоны, дэкаратыўную скульптуру, роспісы. Як разнавіднасць вылучаюць П. перспектыўны, які ўтвараецца некалькімі ўступамі ў глыбіню сцяны пры паступовым памяншэнні памераў. У беларускай архітэктуры П. выкарыстоўваецца з 11-12 стст. @

Партрэт (франц. portrait), выяўленне чалавека або групы людзей, якія існуюць ці існавалі ў рэчаіснасці. Таксама адзін з жанраў выяўленчага мастацтва. Аб увядзенні партрэтных выяў у сюжэтныя кампазіцыі беларускіх манументальных роспісаў вядома з пач. 15 ст. Як самастойны жанр П. склаўся ў другой пал. 16 ст. @

Партрэт пахавальны, жывапісная або скульптурная выява нябожчыка. У Беларусі пашыраны ў 15-18 стст. Да П. п. адносяць трунны партрэт (ён прымацоўваўся да тарца труны), эпітафійны партрэт (размяшчаўся на сцяне касцёла разам са скульптурным ці дэкаратыўным аздабленнем), жалобную харугву (выява нябожчыка на тканіне, якая замацоўвалася на дрэўку, як сцяг). @

Партрэт сармацкі, від партрэта, пашыраны ў Беларусі ў кан. 15-18 ст. Вызначаецца спалучэннем характэрнай для параднага арыстакратычнага партрэта ўрачыстасці, прадстаўнічасці, адсутнасці ідэалізацыі. П. с. звычайна мелі надпісы інфармацыйнага зместу, выявы гербаў, у ix паказваліся прадметы, закліканыя расказаць аб чалавеку як мага больш. Назва звязана з паданнем аб паходжанні шляхты з ваяўнічых плямён - сарматаў. @

Парча (ад перс. парче - тканіна), складаная ўзорыстая, мастацка-дэкаратыўная тканіна з шаўковай асновай, якая ўтрымлівае ва ўтку (радзей у аснове) металічныя ніткі (з золата, серабра або з матэрыялаў, якія іх імітуюць). Вытворчасць П. вядома з пач. н.э. у Кітаі. П. выкарыстоўваецца для пашыву адзення, як аддзелачны і дэкаратыўны матэрыял. @

Пасад, гандлёва-прамысловае пасяленне, размешчанае па-за гарадскімі ўмацаваннямі, побач з дзядзінцам. На П. знаходзілася жыллё рамеснікаў, купцоў. @

Паспарту (франц. passe-partout - літаральна праходзіць усюды), кардонная ці папяровая рамка, аркуш з акенцам, куды ўстаўляецца жывапісная або графічная выява, твор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (вышыўка, батык, міні-габелен і да т.п.); кавалак кардону, паперы, на які наклейваецца твор мастацтва; у кнігах, часопісах - аркуш тоўстай паперы (часам з арнаментаванай рамкай), на які наклейваецца ілюстрацыя. @

Пастараль (франц. pastorale ад лац. pastoralis - пастухоўскі), у гісторыі мастацтваў жанравы від сюжэтна-тэматычнай карціны з ідэалізаваным паказам пастухоўскага жыцця. Таксама асобны твор на гэтую тэму. @

Пастознасць (ад іт. pastoso - цестападобны), прыём жывапіснага пісьма, калі фарба наносіцца на аснову густымі непразрыстымі мазкамі, што часта стварае рэльефную фактуру выявы. Выкарыстоўваецца гал. чынам у алейным і тэмперным (гл. Тэмпера) жывапісе. П. аналагічна корпуснаму пісьму (ад лац. corpus - цела) у жывапісе (параўн. Лесіроўка). @

Пастэль (франц. pastel ад іт. pastello - памяншальнае ад pasta - цеста), тэхніка жывапісу сухімі мяккімі каляровымі алоўкамі без аправы, вырабленымі з парашкападобных пігментаў, крэйды, гіпсу, тальку ў сумесі з рэчывамі, што склейваюць (гуміарабік, трагакант, малако). Таксама твор, выкананы ў гэтай тэхніцы. Словам «пастэльны» часта абазначаюць якасць жывапіснай, графічнай выявы, якая адрозніваецца мяккімі (нюансавымі) (гл. Нюанс) танальнымі і каляровымі пераходамі фарбаў, форм. @

Патрыярх (ад грэч. pater - бацька і arche - пачатак, улада), вышэйшы духоўны тытул служыцеля праваслаўнай царквы; асоба, якая мае гэты тытул. @

Паўустаў, адна з графічных разнавіднасцей пісьма грэчаскіх і славянскіх рукапісаў, якая ўзнікла як спрашчэнне ўстава, што забяспечвала хуткасць пісьма (параўн. Устаў). @

Паціна (грэч. patina), плёнка разнастайных адценняў (ад зялёнага да карычневага), якая ўтвараецца на паверхні медных, бронзавых або латунных прадметаў у выніку карозіі пад уздзеяннем прыроднага асяроддзя або пасля пацініравання (штучная П., якая ўзнікае ад награвання твора ці апрацоўкі металу акісляльнікамі). П. засцерагае прадмет ад разбурэння, надае твору мастацтва пэўны дэкаратыўны эфект. @

Пацір (ад грэч. poter - чаша, кубак), літургічны сасуд для асвячэння віна ў час еўхарыстыі і прыняцця прычасця; у хрысціянскім мастацтве - упрыгожаны каштоўнымі камянямі кубак з каштоўных металаў (часцей за ўсё з пазалочанага серабра); складаецца з чашы, змешчанай у «кошыку», ножкі і асновы (паддона); адзін з пашыраных прадметаў у беларускім дэкаратыўна-прыкладным мастацтве 15-18 стст. @

П'едэстал (франц. piedestal, іт. piedistallo ад piede - нага і stallo - месца), падножжа калоны, якое складаецца з карніза, цела П. і базы; падножжа, аснова для якога-небудзь збудавання, помніка, статуі, вазы. @

Пейзаж (франц. paysage ад pays - мясцовасць, краіна), жанр выяўленчага мастацтва (ці асобны твор), у якім асноўным прадметам выяўлення з'яўляецца натуральная або пераўтвораная чалавекам прырода. У П. могуць паказвацца рэальныя ці ўяўныя віды, архітэктурныя пабудовы, віды гарадоў (ведута), марскія віды (марына). У беларускім выяўленчым мастацтве элементы П. вядомы з 15 ст., як самастойны жанр П. склаўся ў кан. 18 - пач. 19 ст. @

Пеплум (пеплас; лац. peplum), верхняя адзежа жанчын Старажытнай Грэцыі і Старажытнага Рыма з лёгкай тканіны ў зборкі без рукавоў, якая апраналася на туніку. @

Пергамент (польск. pergamin ад лац. pergamena, грэч. pergamenos ад Pergamos - г. Пергам, дзе ў 2 ст. да н.э. пачалі вырабляць П.),

1. Нядубленая скура з вырабленых шкур буйных рагатых жывёлін, свіных шкур, якая ў мінулым служыла асноўным матэрыялам для пісьма.

2. Старажытны рукапіс, напісаны на такой скуры. @

Перспектыва (франц. perspective ад лац. perspicere - глядзець праз, пранікаць позіркам), змяненні форм і памераў прадметаў, іх афарбоўкі, якія ўзнікаюць на адлегласці; навука, якая даследуе заканамернасці і асаблівасці ўспрыняцця чалавечым вокам форм, што знаходзяцца ў прасторы, a таксама сістэма практычных спосабаў і прыёмаў выяўлення гэтых форм на плоскасці або ў прасторы (круглая скульптура). Вылучаюць П. лінейную і паветраную. П. лінейная вызначае аптычныя скажэнні форм прадметаў, іх памераў, прапорцый, якія выклікаюцца іх перспектыўным скарачэннем. Паветраная П. вызначае змяненні колераў, абрысаў і ступеняў асвятлення прадметаў, якія ўзнікаюць пры ўдаленні натуры ад вачэй назіральніка і залежаць ад святлопаветранай праслойкі паміж прадметам і назіральнікам. У П. вылучаюць: лінію гарызонта - уяўную прамую, якая ўмоўна знаходзіцца ў прасторы на ўзроўні вачэй назіральніка; кропку позірку - месца, на якім знаходзяцца вочы назіральніка; цэнтральную кропку зыходу - кропку, размешчаную на лініі гарызонта насупраць вачэй назіральніка; вугал позірку. @

Перфоманс, гл. Хепенінг. @

Перыптэр (грэч. peripteron ад peri - вакол і pteron - крыло), тып антычнага храма, у якім будынак абкружаны з усіх бакоў адкрытай каланадай. @

Перыстыль (ад грэч. peristylon - абкружаны калонамі), замкнёная прастора (плошча, двор, сад), абкружаная з чатырох бакоў крытай каланадай; састаўная частка багатага антычнага дома. @

П'ета (піета; іт. pieta ад лац. pietas - спачуванне, міласэрнасць, любоў), у хрысціянскім мастацтве - сцэна аплаквання Хрыста Маці Боскай пасля яго зняцця з крыжа. @

Петрагліфы (ад грэч. petra скала, камень і glyphe - разьба), наскальныя выявы жывёл, сцэн палявання, асобных прадметаў, якія былі выкананы першабытным чалавекам на сценах пячор, a таксама ў адкрытых месцах, на скалах. Вядомы П., нанесеныя фарбай, выкананыя гравіроўкай, высечаныя рэльефам. @

Піктаграфія (ад лац. pictus - намаляваны + грэч. grapho - пішу), старажытная форма пісьменства, выяўленне прадметаў, падзей, дзеянняў людзей з дапамогай схематычных малюнкаў-знакаў, за кожным з якіх замацоўвалася пэўнае значэнне слова. @

Пілон(ы) (грэч. pylon - літаральна вароты, уваход, брама),

1. Вежападобнае збудаванне ў выглядзе ўсечанай піраміды; узводзілася па баках увахода ў старажытнаэгіпецкія храмы; масіўныя слупы-апоры арак, перакрыццяў мастоў.

2. Слупы, якія ставіліся па баках увахода, уезда на тэрыторыю палацавых комплексаў, паркаў. @

Пілястра (франц. pilastre, іт. pilastro ад лац. pila - слуп), прамавугольны ў плане вертыкальны выступ на паверхні сцяны. П. мае тыя ж часткі, што і калона (ствол, капітэль, база), яе ствол могуць праразаць канелюры. Служыць для члянення фасада будынка з мэтай надання яму большай выразнасці, a таксама для ўмацавання найбольш напружаных частак сцен. У беларускай архітэктуры П. вядомы з 12 ст. (параўн. Лапатка). @

Пінакатэка (грэч. pinakotheke ад pinax (pinakos), дошка-карціна і theke - умяшчальня), у антычнай Грэцыі сховішча выяў, напісаных васковымі фарбамі на дошках; пазней - назва карцінных галерэй ці буйных збораў жывапісу. @

Пінакль (франц. pinacle), дэкаратыўная вежачка на контрфорсе або на іншай архітэктурнай частцы познераманскага і гатычнага будынка. У беларускай архітэктуры пашыраны элемент пабудоў неаготыкі. @

Піраміда (грэч. pyramis [pyramidos]),

1. Манументальнае прызмападобнае збудаванне з чатырохкутнай асновай.

2. Старажытны тып культавых пабудоў.

3. Адзін з відаў пахавальных збудаванняў. @

Пісанкі (крашанкі, маляванкі), распісныя яйкі, традыцыя выканання якіх узыходзіць да язычніцкіх часоў, a ў далейшым перайшла ў абрад святкавання Вялікадня. Найбольш пашыраны спосаб аздаблення - фарбаванне ў растворах натуральных або штучных фарбавальнікаў, прадрапванне аднатоннага цёмнага колеру да белай асновы, нанясенне малюнка пры дапамозе разнастайных рэчываў, прыстасаванняў. Для беларускіх П. характэрна аднатонная расфарбоўка (чорны, чырвоны, зялёны, аранжавы, жоўты) або прадрапванне малюнка. @

Пісанне абразоў, гл. Іканапіс. @

Піяры, сябры каталіцкага манаскага ордэна, заснаванага ў 1597 г. у Рыме спачатку як аб'яднанне рэлігійных школ. З 1669 г. зацверджаны на правах манаскага ордэна. У Беларусі П. вядомы з другой пал. 17 ст.; засноўвалі школы, навучанне ў якіх было бясплатным. Пасля захопа Беларусі Расеяй паступова спынілі дзейнасць. @

Плакат (ням. Plakat ад франц. placard - аб'ява, афіша ад plaquer - наляпіць, прыклеіць), від графікі, асобны твор, выкананы ў рэкламных, вучэбных, агітацыйных мэтах. П. вызначаецца абагульненасцю форм, выкарыстаннем выяўленчых метафар, агульнавядомых сімвалаў, у ім важную ролю адыгрывае характар шрыфту, размяшчэнне тэксту і яго змест, умоўнае дэкаратыўнае колеравае рашэнне. У беларускім мастацтве папярэднікам П. з'явіліся панегірыкі; як самастойны від графікі П. з'явіўся ў сяр. 19 ст. (параўн. Афіша). @

Пластыка, гл. Скульптура. @

Пластылін (ням. Plastilin, іт. plastilina ад грэч. plastos - вылеплены), пластычная маса спецыяльнага саставу, пашыраны матэрыял у скульптуры. Вырабляюць з сумесі ачышчанага парашку гліны, цэрэзіну, вазеліну, воску, фарбавальнікаў, сінтэтычных матэрыялаў. Па прычыне нізкай тэмпературы плаўлення і мяккасці П. выкарыстоўваецца ў якасці часовага дапаможнага матэрыялу ў скульптуры (для эскізаў), у дробнай пластыцы, у вучэбных мэтах. @

Плафон (франц. plafond - столь), дэкаратыўна апрацаваная пры дапамозе роспісаў і ляпніны столь; твор манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. Выконваецца непасрэдна па тынку перакрыцця ці на палатне, якое нацягнута на падрамнік, прымацаваны да столі, на палатне, наклееным на столь. У выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве Беларусі П. атрымалі найбольшае пашырэнне ў 17-19 стст. @

Плахта,

1. Грубая, хатняга вырабу ўзорыстая тканіна.

2. Пашыраная ў славян жаночая адзежа тыпу спадніцы з дзвюх доўгіх, няпоўнасцю сшытых пэлак. @

Пленэр (франц. plein air - літаральна адкрытае паветра), тэрмін, які абазначае перадачу ў карціне ўсяго багацця навакольнага свету пры рабоце мастака на адкрытым паветры, на аснове вывучэння натуры ва ўмовах натуральнага асвятлення, што дазваляе больш поўна і пачуццева-пераканаўча ўзнаўляць сапраўднае аблічча прыроды (гл. таксама Імпрэсіянізм). @

Плінфа (ад грэч. plinthos - плітка, цагліна), шырокая і плоская абпаленая цагліна, найбольш характэрны будаўнічы матэрыял у Беларусі ў 10-13 стст. @

Плюмаж (ад франц. plumage - апярэнне), упрыгажэнне (аздабленне) з пер'яў на галаўным уборы і конскай збруі. @

Плябанія (польск. plebania ад pleban < лац. plebs - просты народ), двор святара каталіцкай, рэфармацкай або вуніянкай царквы (жылы дом, гаспадарчыя збудаванні). @

Поп-арт (англ. pop art, скароч. ад popular art - папулярнае, агульнадаступнае мастацтва), напрамак у мадэрнісцкім мастацтве 1950-1960-х гг. (гл. Мадэрнізм). Узнік як рэакцыя на панаванне абстрактнага мастацтва. Звязаны з працягам і развіццём выразных прыёмаў дадаізму і сюррэалізму. П.-а. уласцівы зварот да звыклай мовы масавай камунікацыі (рэклама, тэлебачанне, кіно, дакументальная фатаграфія), што адпавядае эстэтычнай канцэпцыі напрамку - зліцця мастацтва з жыццём. @

Порцік (лац. porticus - крыты ход, навес, галерэя), частка будынка, утвораная калонамі або аркамі, якія трымаюць перакрыцце. П. можа быць адкрытым на адзін ці тры бакі, завяршацца франтонам, атыкам. У выглядзе П. часта афармляецца ўваход у будынак. У архітэктуры Беларусі П. - найбольш пашыраны элемент стылю класіцызму. @

Постімпрэсіянізм (ад лац. post - пасля і імпрэсіянізм), умоўная назва асноўных напрамкаў у эўрапейскім жывапісе кан. 19 - пач. 20 ст., прадстаўнікі якіх звярталіся да новых, сугучных часу выразных сродкаў, што дазваляла перайсці ад імпрэсіяністычнай фіксацыі асобных з'яў рэчаіснасці да ўвасаблення яе ў працяглым стане (параўн. Імпрэсіянізм). @

Постэр (англ. poster), распаўсюджаная назва рэкламнага плаката, афішы (гл. таксама Рэклама). @

Посцілка, тканы выраб утылітарнага, дэкаратыўнага і абрадавага прызначэння прамавугольнай формы з дзвюх (радзей адной) частак; від тканін мастацкіх. У Беларусі П. звычайна выконваюцца з ільняных і ваўняных (сучасныя - з акрылавых, віскозных, шаўковых) нітак. Адрозніваюцца па тэхніцы выканання (у 3-4 ніты, пераборная ці шматнітовая тэхніка), выкарыстаннем геаметрычнага арнаменту, багатай колеравай гамай. @

Пояс, прадмет утылітарнага, абрадавага прызначэння ў выглядзе доўгай вузкай стужкі. У Беларусі вядомы П. з нітак (тканыя, плеценыя, вітыя, вязаныя), са скуры. Вызначаюцца багатым мастацка-дэкаратыўным аздабленнем: касыя палоскі, крыжыкі, грабеньчыкі, ромбы, кутасы, махры; устаўкі, нашыўкі з бісеру, саломы. Колеравая гама беларускіх П. заснавана на спалучэнні чырвонага арнаменту з белым фонам. П. ужываліся для падпяразвання адзення, імі спавівалі немаўлят, іх прышывалі да спадніц, фартухоў, імі абшывалі каўняры, боты, рукавы. П. - важны прадмет у абрадах (вясельны, пахавальны, святочны). @

Праабражэнне,

1. У выяўленчым мастацтве сцэна праабражэння Хрыста ў прысутнасці яго вучняў - Пятра, Якава і Яна.

2. Царкоўнае свята (Праабражэнне Гасподняе, Другі Спас, Яблычны Спас), якое адзначаецца праваслаўнымі 19 жніўня. @

Праваслаўе, адно з асноўных напрамкаў хрысціянства (разам з каталіцызмам і пратэстантызмам), якое аформілася ў выніку раздзелу хрысціянскіх цэркваў у 1054 г. Праваслаўная царква асноўнымі прызнае дагматы, якія былі прыняты ў 4-8 стст.; не мае адзінага сусветнага цэнтра; складаецца з самастойных (аўтакефальных) цэркваў. Расейскай праваслаўнай царквой кіруе патрыярх Маскоўскі і ўсея Русі разам са Свяшчэнным сінодам, Беларускай - мітрапаліт Слуцкі і Менскі, патрыяршы экзарх. У Беларусі - з кан. 10 ст. @

Пражэльнік (патэльня), у беларусаў нізкая гліняная пасудзіна з ручкай (часам без яе) для гатавання гарачых страў (пражання, смажання), сушкі прадуктаў. @

Прамысловая графіка, від прыкладной мастацкай графікі, звязанай са сферай вытворчасці і збыту прамысловай прадукцыі (таварныя знакі і ярлыкі, фірменныя знакі, выдавецкія маркі, упакоўка, рэкламныя выданні), a таксама са сферай кіравання вытворчасцю (бланкі, канверты і г.д.). @

Прапілеі (грэч. propylon, propylaia - месца перад дзвярыма, варотамі, уваход), парадны ўваход, праезд, часта ўтвораны порцікамі і каланадамі, размешчанымі па восі руху. @

Прапорцыя (ад лац. proportio - суадносіны, суразмернасць), суадносіны велічынь элементаў мастацкага твора, a таксама асобных элементаў і ўсяго твора ў цэлым. Адрозніваюць архітэктурныя П., П. пры выяўленні чалавечага цела і твару. Уяўленні аб П. узніклі ў архітэктараў і мастакоў старажытнага свету (гл. таксама Канон, Анатомія пластычная, Ансамбль). @

Прасла, частка сцяны з гарызантальна пакладзеных бярвёнаў, брусоў, дошак, плах паміж двума слупамі (шуламі); частка крапасной сцяны паміж дзвюма вежамі. @

Прасліца (прасёлка, прасельца), гліняны або каменны грузік з круглай адтулінай у цэнтры, які надзяваўся на верацяно, каб павялічыць інерцыю яго вярчальнага руху; выраблялі са сланцу, гліны, упрыгожвалі арнаментам, часам выявамі, надпісамі. Паявіліся П. разам з прадзівам і ткацтвам. @

Прасніца, драўляная прылада, прызначаная для прадзення воўны, льняной ці пяньковай кудзелі; складаецца з дзвюх частак (дошчачкі і стрыжня), замацаваных пад прамым вуглом. У Беларусі былі пашыраны лапатападобныя П. і П.-грэбень; аздабляліся разьбой, выпілоўкай. @

Прастыль (ад грэч. pro - наперадзе і stylos - калона), тып старажытнагрэчаскага храма прамавугольнай формы ў плане. У адрозненне ад амфіпрастыля і перыптэра мае толькі чатыры калоны на адным, галоўным, фасадзе. @

Прасценак, частка сцяны паміж двума праёмамі (акно, дзверы) ці частка сцяны паміж акном і вуглом будынка. @

Прачыстая, гл. Успенне. @

Протаіерэй, святар (іерэй) вышэйшага сану. @

Протарэнесанс (ад грэч. protos - першы і Рэнесанс), этап гісторыі італьянскага мастацтва (13 - першая пал. 14 ст.), першая, ранняя стадыя Адраджэння; азнаменавана ростам у культуры гуманістычнага светапогляду, пашырэннем у мастацтве свецкіх відаў, зваротам да мастацкай спадчыны антычнасці, паступовым вызваленнем ад сярэдневяковых канонаў. П. складаюць два перыяды, адпаведна італьянскім назвам 13 і 14 стст. - дучэнта і трэчэнта. @

Прыдзел, у праваслаўным і вуніяцкім храмах невялікая бесслуповая прыбудова да паўночнага ці паўднёвага боку з асобным алтаром. @

Прымас (ад лац. primas - той, хто першынствуе), у каталіцкай і англіканскай цэрквах першы па сану і правах епіскап. @

Прымітыў (ад лац. primitivus - першы, самы ранні, першабытны),

1. Нешта простае, тое, што не развіваецца (у параўнанні з познім, больш дасканалым).

2. Назва помніка мастацтва ранняга перыяду развіцця культуры.

3. Мадэрнісцкі напрамак у мастацтве кан. 19 - пач. 20 ст., які атрымаў назву «прымітывізм». @

Прытвор, гл. Бабінец. @

Прэлат (ад лац. praelatus - літаральна вынесены ўперад, пастаўлены над кім-небудзь), вышэйшая духоўная асоба (архіепіскап, епіскап, ігумен) у каталіцкай і англіканскай цэрквах. @

Прэсбітэр (прэсбітэрый; ад познелац. presbyterium - месца для выбраных ад грэч. presbyteros - старэйшына), у каталіцкім храме прастора перад алтаром, прызначаная для богаслужэння і размяшчэння духавенства. П. звычайна аддзяляецца ад асноўнай прасторы (цэнтральнага нефа) балюстрадай. У беларускай архітэктуры П. вядомы з кан. 16 ст. @

Псалтыр (грэч. psalterion), кніга псалмоў, адна з кніг Старога запавета Бібліі. Змяшчае 150 (каталіцкая царква) і 151 (праваслаўная царква) псалмоў. Адна з асноўных кніг хрысціянскай культуры; у сярэднявеччы была галоўнай вучэбнай кнігай для авалодання граматай. @

Псеўдабарока, гл. Неабарока. @

Псеўдаготыка, гл. Неаготыка. @

Псеўдакласіцызм, гл. Неакласіцызм. @

Псеўдараманскі стыль, гл. Неараманскі стыль. @

Псеўдарускі стыль, гл. Неарускі стыль. @

Пуантылізм (ад франц. pointiller - пісать кропкамі), жывапісная сістэма, характэрная для неаімпрэсіянізму. Заснавана на пісьме дробнымі мазкамі правільнай, часам кропкавай формы. @

Пурпур (лац. purpura),

1. Натуральная каштоўная фарба чырвона-фіялетавага колеру (здабывалася з пурпурнай уліткі), якая ўжывалася ў старажытнасці для афарбоўкі тканіны.

2. Ярка-чырвоны колер з фіялетавым адценнем.

3. Дарагое адзенне або тканіна ярка-чырвонага колеру з фіялетавым адценнем. @

Пуці (іт. putti; мн. лік ад putto - літаральна дзіця), выявы (жывапісныя, скульптурныя, графічныя) аголеных хлопчыкаў (звычайна з крыламі) - амураў, геніяў, анёлаў; улюбёны матыў у мастацтве Адраджэння, барока і ракако, навеяны антычнымі правобразамі. У беларускім выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве П. - найбольш пашыраны матыў з 18 ст., у графіцы сустракаецца з 16 ст. @

Пэндзаль (польск. pędzel ад ням. Pinsel), асноўны інструмент для нанясення фарбавых рэчываў на аснову ў творах жывапісу, графікі, часткова дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Вырабляюць са шчаціння, валасоў ці шэрсці жывёлы, пучкі якіх прымацоўваюць да ручкі. Адрозніваюцца па памерах (ад 1-га нумара - самага малога, і вышэй), форме (круглы, плоскі), матэрыялу (каланковы, шчаціністы, з поўсці куніцы, вавёркі, сінтэтычны - поліамідны). @

Пячатка, прадмет (матрыца, штэмпель), на адной з плоскасцей якога нанесены знакі для атрымання іх адбітку на пластычных матэрыялах (волава, свінец, гліна, сургуч, воск, папера і інш.), a таксама самі адбіткі знакаў П. (рэльефныя, фарбавыя), атрыманыя пад нязначным ціскам. Найбольш старажытныя беларускія П. датуюцца 10 ст. @

Разетка (франц. rosette - літаральна ружачка), у архітэктуры і скульптуры арнаментаваны матыў у выглядзе стылізаваных раслінных ці геаметрычных форм. @

Разцовая гравюра, від гравюры на метале (гал. чынам на медзі), у творах якой паглыбленыя элементы друкарскай формы ствараюцца (выразаюцца) з дапамогай спецыяльнай прылады - штыхеля (металічнага стрыжня ромбападобнага, клінападобнага, паўавальнага сячэння са зрэзаным вострым канцом). У Беларусі з 16 ст. атрымала пашырэнне Р. г. на медзі (медзярыт). @

Рака (ад лац. arca - скрыня, труна), у хрысціянскай царкве грабніца, у якой захоўваюцца мошчы святых. Мае выгляд саркафага, скрыні, ларца або архітэктурнага збудавання; устанаўліваецца ў культавых будынках. Выконваецца з металу, дрэва, аздабляецца каванымі металічнымі накладкамі (шынамі), цвікамі з фігурнымі шляпкамі, разнастайнымі па форме і дэкору завесамі (жыкавінамі) і інш. @

Ракако (франц. rococo ад rocaille - літаральна драблёны камень, ракавіны), стылістычны напрамак у мастацтве сяр. 18 ст. Вызначаецца пышнасцю, багаццем крывалінейных паверхняў (матыў «ракайля» - ракавіны), складаным кампазіцыйным і каларыстычным вырашэннем, камернасцю. У палацава-сядзібным будаўніцтве, культавай архітэктуры, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве Беларусі Р. атрымала пашырэнне ў сяр. 18 ст. @

Ракель (ням. Rakel), тонкая стальная пласціна з заточаным лязом, пругкая пласціна з пластмасы, цвёрдай гумы, якой здымаецца (у шаўкаграфіі - наносіцца) фарба з элементаў друкарскай формы. @

Раманскі стыль (франц. roman ад лац. romanus - рымскі), стыль сярэдневяковага заходнеэўрапейскага мастацтва, які атрымаў распаўсюджанне ў 10-13 стст. Развіваўся пад моцным уздзеяннем рымскіх традыцый. Раманская архітэктура (кляштарныя комплексы, храмы, замкі) вызначаецца суровасцю, крапасным характарам, выкарыстаннем масіўных, цяжкіх форм. У выяўленчым мастацтве пераважала экспрэсіўная трактоўка сюжэтаў, адлюстраванне ў роспісах, рэльефах, кніжных ілюстрацыях, эмалях магутнага і грознага Бога. Раманскаму мастацтву ўласцівы зварот да народнай творчасці. Рысы Р. с. у беларускім мастацтве відавочны ў 13-14 стст. @

Рамантызм (франц. romantisme), кірунак у мастацтве кан. 18 - першай пал. 19 ст., які ўзнік як рэакцыя на рацыяналізм эстэтыкі класіцызму. Спалучаў адмаўленне ад утылітарызму, практыцызму, песімістычны погляд на перспектывы грамадскага развіцця з імкненнем да ўвасаблення гармоніі свету, духоўнай каштоўнасці асобы, пошук новых абсалютных і бясспрэчных ідэалаў. Таму ў творах прадстаўнікоў Р. знайшлі адлюстраванне фантастычны свет, іронія, насмешка над неадпаведнасцю мары і рэчаіснасці, пільная ўвага да асобы і яе настрояў. У беларускім выяўленчым мастацтве Р. праявіўся з першай трэці 19 ст., у садова-паркавым мастацтве - з кан. 18 ст., у архітэктуры часта спалучаўся з псеўдараманскім стылем і псеўдаготыкай. @

Рапорт (франц. rapport ад rapporter - прыносіць назад), малюнак, узор, які паўтараецца на тканіне, вышыўцы, шпалерах, кераміцы і інш. @

Растральная калона (ад лац. rostrum - нос карабля), асобна размешчаная калона, ствол якой упрыгожаны скульптурнымі выявамі насавых частак караблёў. Назва паходзіць ад лацінскай назвы аратарскай трыбуны (rostra) на форуме Старажытнага Рыма, якая ўпрыгожвалася насамі трафейных караблёў. @

Ратонда (іт. rotonda ад лац. rotundus - круглы), невялікае па памерах, круглае ў плане збудаванне (культавае, мемарыяльнае, паркавае), перакрытае купалам, які абапіраецца на калоны ці сцены. Таксама частка будынка, якая звычайна завяршае яго кампазіцыю. У беларускай архітэктуры Р. вядома з 16 ст. @

Ратуша (польск. ratusz, ням. Rathaus ад Rat - рада і Haus - дом), будынак, у якім размяшчаліся органы гарадскога самакіравання. У Беларусі вядома з 14 ст. Звычайна ўзводзілася на цэнтральнай плошчы горада, часам аб'ядноўвалася з гандлёвымі памяшканнямі, арсеналамі. @

Роспіс дэкаратыўны, арнаментаваная ці сюжэтная кампазіцыя, выкананая на дрэве, кераміцы, палатне, шкле, на частках архітэктурных пабудоў (манументальна-дэкаратыўны роспіс), прадметаў. Від дэкаратыўнага жывапісу (гл. таксама Батык, Манументальны жывапіс, Набіванка). @

Ружа, круглае акно ў раманскіх і гатычных храмах (гл. Раманскі стыль, Готыка), мае радыяльны каменны пераплёт. Звычайна размяшчалася над уваходным парталам, упрыгожвалася вітражамі. У Беларусі Р. атрымала пашырэнне ў будынках псеўдаготыкі. @

Рустыка (ад лац. rusticus - просты, грубы, неабчэсаны), від апрацоўкі сцяны каменнымі блокамі (квадрамі), якія звонку захоўваюць грубую апрацоўку. Тэрмін «руст» («рустоўка») абазначае таксама спосаб апрацоўкі сцяны (імітацыя) квадрамі з іншых матэрыялаў. У Беларусі Р. - найбольш пашыраны від апрацоўкі будынкаў класіцызму і псеўдаготыкі. @

Ручнік, тканіна ўтылітарнага, абрадавага, дэкаратыўнага прызначэння. У Беларусі распаўсюджаны Р. памерам ад 25 да 45 см ушырыню і ад 1 да 4 м (часцей - 2-3 м) удаўжыню. Выкарыстоўваецца як прадмет паўсядзённага ўжывання, як атрыбут вясельнага, пахавальнага, памінальнага абрадаў, у час свят (на Вадохрышча, Купалле, Сёмуху, Зажынкі) як прадмет, надзелены здольнасцю засцерагаць ад бед, няшчасцяў, у аздабленні жылля, абразоў. Для беларускіх Р. характэрна спалучэнне чырвонага дэкору (у выглядзе некалькіх папярочных палос) на белым фоне, аздабленне разнастайным па тэхніцы ўзорыстым натыканнем, вышыўкай геаметрычнымі і расліннымі ўзорамі, карункамі, арнаментаванымі прошвамі, махрамі, палоскамі чырвонага паркалю. Р. вызначаюцца асаблівасцямі, уласцівымі пэўнаму гісторыка-этнаграфічнаму рэгіёну. Найбольш своеасаблівымі рысамі вылучаюцца віцебскія, калінкавіцкія, кіраўскія, копыльска-слуцкія, ляхавіцкія, неглюбскія, мотальскія, пінска-івацэвіцкія Р. @

Рыза (фелонь),

1. Парчовае, тканае золатам ці серабром адзенне без рукавоў; верхняе царкоўнае аблачэнне праваслаўнага святара, якое апранаецца пры набажэнстве.

2. Металічная накладка на абразе, якая пакідае адкрытымі толькі твар і рукі намаляваных асоб (гл. таксама Абклад). @

Рызаліт (ад іт. risalita - выступ), частка будынка, якая выступае за асноўную лінію фасада па ўсёй яго вышыні і складае з ім адзінае цэлае. У беларускай архітэктуры Р. - пашыраны элемент часоў барока, класіцызму, псеўдакласіцызму. @

Рызніца, у хрысціянскіх храмах памяшканне для захоўвання рыз і царкоўнага начыння. Звычайна знаходзіцца ўнутры храма (у адным з алтароў) ці за яго межамі як асобная прыбудова, асобны будынак. @

Рынка (ням. Rina - тыгель, трохногі гаршчок), гліняная або чыгунная круглая плоская пасудзіна на трох ножках, часам з двума вушкамі, з полым трымальнікам, у які ўстаўлялася драўляная ручка; ужывалася для смажання страў. У Беларусі гліняныя Р. вядомы 2 відаў: плыткія (глыбінёй 3-6 см) і глыбокія (глыбінёй 10-13 см); бытавалі да пач. 20 ст. @

Рытон (грэч. rhyton ад rheo - цяку), парадны сасуд для пітва ў выглядзе рога; часта завяршаўся выявай пярэдняй часткі цела жывёлы (галава, ногі). @

Рэквізіт (ад лац. requisitum - неабходнае),

1. Рэчы (сапраўдныя і бутафорскія) (гл. Бутафорыя), патрэбныя ўдзельнікам тэатральнага ці эстраднага прадстаўлення, акцёрам фільма для пераканаўчага раскрыцця зместу, адлюстравання часу і месца падзеі.

2. Прадметы, якія ўжываюцца для састаўлення нацюрмортаў у вучэбных мэтах. @

Рэклама (франц. reclame ад лац. reclamare - выкрыкваць), інфармацыя аб спажывецкіх якасцях тавараў, відах паслуг з мэтай стварэння попыту на іх, папулярызацыя і інфармацыя аб творах літаратуры, кіно, тэатра, эстрады, выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, архітэктуры і інш. Асноўнымі відамі Р. з'яўляюцца: відэарэклама (кіно, тэлебачанне, відэазапісы), аўдыёрэклама (радыё, гуказапісы), рэклама, выкананая паліграфічным спосабам (афішы, рэкламныя лістоўкі, каталогі, плакаты, буклеты, рэклама ў газетах і часопісах). (Гл. таксама Прамысловая графіка, Постэр.) @

Рэліквар (рэлікварый; ад познелац. reliquarium - рэліквіі, каштоўныя астанкі), у каталіцкай царкве ўмяшчальня для захоўвання рэліквій: мошчаў святых, рэчаў, звязаных са святымі. Выконваецца ў тэхніцы ліцця, мае багатае дэкаратыўнае аздабленне - арнаментаваныя матывы, надпісы, часам сюжэтныя выявы (параўн. Рака). @

Рэльеф (франц. relief ад лац. relevo - узнімаю), скульптурная выява на плоскасці, у якой галоўнымі выразнымі сродкамі з'яўляецца магчымасць разгортвання кампазіцыі на плоскасці, перспектыўнай пабудовы выявы і стварэння прасторавай ілюзіі. Адрозніваюць паглыблены (гл. Інталія) і пукаты Р. (нізкі - барэльеф, высокі - гарэльеф). @

Рэнесанс, гл. Адраджэнне. @

Рэстаўрацыя (ад лац. restauratio - аднаўленне), у выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, архітэктуры аднаўленне ў першапачатковым (ці блізкім да першапачатковага) выглядзе будынкаў, карцін, абразоў, мазаік, вітражоў, скульптур, гравюр, твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Першыя працы па Р. гістарычных помнікаў у Беларусі створаны ў кан. 19 - пач. 20 ст. @

Рэфармацыя (ад лац. reformatio - пераўтварэнне, выпраўленне), разнародны грамадска-палітычны і ідэалагічны рух у Заходняй Эўропе 16 ст., скіраваны галоўным чынам супраць каталіцкай царквы; рэлігійныя пераўтварэнні, што прывялі да ўзнікнення пратэстантызму. У Беларусі рэфармацыйны рух атрымаў пашырэнне з першай пал. 16 ст. (параўн. Контррэфармацыя). @

Рэфлекс (ад лац. reflexus - звернуты назад, адлюстраваны), у жывапісе, графіцы водбліск колеру і святла на прадмеце, які ўзнікае тады, калі на гэты прадмет падае водбліск ад навакольных аб'ектаў. Тэрмін «Р.» ужываюць як у дачыненні да самой натуры, так і да яе выявы. @

Сабор, галоўны храм горада, манастыра, дзе праводзяць богаслужэнне вышэйшыя духоўныя асобы (патрыярхі, епіскапы). @

Садова-паркавае мастацтва, мастацтва стварэння садоў, паркаў, сквераў, бульвараў і інш., заснаванае на выкарыстанні для арганізацыі прасторы жывога расліннага матэрыялу, аб'яднанні яго з мастацкай творчасцю. У аснове шматгранных форм С.-п. м. ляжаць два прынцыпы - рэгулярны (геаметрычны) і пейзажны (жывапісны, які імітуе натуральны ландшафт). У Беларусі першыя звесткі аб існаванні садоў адносяцца да 15 ст.; найбольш старажытны з вядомых садова-паркавых комплексаў створаны ў 18 ст. @

Сакрыстыя (ад лац. sacrum - святыня), прыбудова да касцёла з усходняга боку, асобнае памяшканне ў кляштары, дзе захоўваецца культавае начынне, адзенне служак, часам кляштарная казна. @

Салон (франц. salon - гасцёўня),

1. Гасцёўня, пакой для прыёмаў.

2. Літаратурна-мастацкі кружок асоб, якія збіраюцца ў прыватным доме.

3. Назва выставак Французскай акадэміі мастацтваў у 17-19 стст., таксама пастаянных выставак мастацкіх твораў, прызначаных на продаж. @

Самадзейнае мастацтва, мастацкая творчасць людзей, якія не з'яўляюцца мастакамі-прафесіяналамі і займаюцца мастацтвам у дапаўненне да асноўнай прафесіі. @

Само (самон; ад франц. saumon - сёмга), ружова-жоўты колер. @

Сангіна (франц. sanguine ад лац. sanguis - кроў), алоўкі без аправы разнастайных карычнева-чырвоных тонаў, у склад якіх (прыродная і штучная С.) уваходзяць каалін, вокісы жалеза (параўн. Пастэль). @

Сандрык, невялікі карніз, размешчаны над вокнамі ці дзвярыма на фасадзе будынка; абапіраецца на кансолі, часам завяршаецца невялікім франтонам. У беларускім дойлідстве С. выкарыстоўваюцца з кан. 16 - пач. 17 ст., найбольш пашыраны ў будынках стыляў барока, класіцызму, ампіру. @

Саркафаг (грэч. sarkophagos - літаральна пажыральнік мяса), труна, невялікая грабніца з дрэва, каменю, іншых матэрыялаў, часта ўпрыгожаная роспісамі, скульптурай. Самы старажытны С. у Беларусі знойдзены ў Тураве і датуецца 12 ст. @

Сары (хіндзі), традыцыйнае верхняе адзенне жанчын Паўднёвай Азіі ў выглядзе кавалка тканіны (даўжынёй 5-9 м), якая агортваецца вакол цела і перакідваецца цераз плячо (часам накідваецца таксама і на галаву). @

Сафіт (ад іт. soffitto - столь),

1. Звернутая ўніз паверхня столевай бэлькі, аркі, карніза.

2. У тэатры - свяцільня рассеянага святла, якая асвятляе сцэнічную прастору спераду і зверху.

3. У рабоце мастака - рухомая з некалькімі крыніцамі святла свяцільня, з дапамогай якой асвятляецца натура, мадэль. @

Сафія (грэч. sophia - мудрасць), у хрысціянскім мастацтве сімвал мудрасці, празорлівасці Бога. У гонар С. узводзіліся храмы, a яе выяву ў выглядзе жанчыны змяшчалі ў творах жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. @

Саф'ян (ад перс. сахтійан), тонкая мяккая, добра вырабленая, звычайна яркага колеру, авечая або казліная скура, якая ідзе на кніжныя пераплёты, абутак, абіўку мэблі, галантарэйныя вырабы. @

Сацыялістычны рэалізм, назва афіцыйнага напрамку ў мастацтве Савецкага Саюза, некаторых краін Эўропы, Азіі; мастацкай плыні ў культуры краін Амерыкі, Азіі, Афрыкі. Эстэтычная канцэпцыя С. р. заснавана на паказе жыцця, яго з'яў з пазіцый сацыялістычных ацэнак, на падпарадкаванасці мастацтва прынцыпам ідэалогіі і палітыкі. Тэрмін «С. р.» упершыню з'явіўся ў 1932 г. («Литературная газета» ад 23 траўня 1932 г.). @

Саян, спадніца з прышытым ліфам-гарсэтам. Атрымаў распаўсюджанне на Падняпроўі ў 19 - пач. 20 ст. С. шылі з даматканых баваўняных, льняных (спадніца), фабрычных (аксаміт, сацін, парча, шоўк - ліф-гарсэт) тканін; апраналі паверх кашулі, падпяразвалі поясам. @

Сепія (ад грэч. sepia - каракаціца), светла-карычневая фарба, якую рыхтуюць з чарнільнага мяшка марскога малюска - сепіі, a таксама твор графікі, выкананы С. У Беларусі С. вядома з другой пал. 18 ст. @

Сізаль (сісаль; па назве порта Сісаль у Мексіцы), лубяное грубае валакно, якое атрымліваецца з лістоў агавы і некаторых іншых раслін. Добра афарбоўваецца анілінавымі фарбавальнікамі; выкарыстоўваецца ў сучасных габеленах для стварэння дадатковых фактурных эфектаў (гл. Фактура). @

Сілуэт (франц. silhouette, ад імя франц. міністра 18 ст. Э. дэ Сілуэта [Е. de Silhouette], на якога была зроблена карыкатура ў выглядзе ценявога профілю), абрыс прадмета, падобны на яго цень; від графічнай тэхнікі, плоскасная аднатонная выява фігур, прадметаў. С. выконваюцца тушшу або бяліламі, вырэзваюцца з паперы і наклейваюцца на фон. @

Сімвалізм (франц. symbolisme ад грэч. symbolon - умоўны знак, сімвал), напрамак у эўрапейскім мастацтве кан. 19 - пач. 20 ст., заснаваны на мастацкім выказванні праз сімвал, які разглядаўся параджэннем паэтычнага прасвятлення і выказваннем незямнога, схаванага ад звычайнай свядомасці сэнсу з'яў. Мастак выступае пасрэднікам паміж рэальным і звышпачуццевым, ён у стане заўсёды знайсці праявы сусветнай гармоніі, па-прароцку ўгадаць прыкметы будучыні (як у сучасным, так і ў падзеях мінулага). @

Сінагога (ад грэч. synagoge - сход), малітоўны дом і рэлігійная абшчына жыдоў. @

Сінтэз у мастацтве (грэч. synthesis - аб'яднанне, спалучэнне, састаўленне), адзін са спосабаў творчага мыслення, які заключаецца ў супастаўленні і аб'яднанні розных частак адной і той жа з'явы ці розных з'яў у адзінае цэлае. С. у м. называюць аб'яднанне ў адной кампазіцыі (ансамблі) твораў, якія належаць розным відам мастацтва: архітэктуры, скульптуры, жывапісу (гл. таксама Ансамбль, Гармонія, Інтэр'ер). @

Скань, гл. Філігрань. @

Складзень, складны абраз з дзвюх (дыпціх), трох (трыпціх) або некалькіх частак (паліпціх); часцей за ўсё металічныя (бронзавыя, медныя) абразкі з эмалевымі выявамі (параўн. Дыпціх, Паліпціх, Трыпціх). @

Скляпенне (ад польск. sklep), перакрыцце крывалінейнага характару, у якім гарызантальны цяжар (распор) успрымаецца контрфорсамі, сценамі, папярочнымі сценамі, слупамі, калонамі. Да асноўных відаў С. адносяць: цыліндрычнае, люстэркавае, самкнёнае, крыжовае, ветразевае. У манументальным дойлідстве Беларусі С. вядомы з 11 ст. @

Скрыпторый (с.-лац. scriptorium ад лац. scriptor - перапісчык), майстэрня рукапіснай кнігі ў заходнеэўрапейскіх кляштарах 6-12 стст. @

Скульптура (лац. sculptura ад sculpo - высякаю, выразаю), таксама пластыка (грэч. plastike ад plasso - ляплю), від выяўленчага мастацтва, заснаваны на прынцыпе аб'ёмнага фігурнага трохмернага выяўлення. Адрозніваюць дзве асноўныя разнавіднасці С: 1) круглую (статуя, скульптурная група, статуэтка, торс, бюст), творы якой свабодна размяшчаюцца ў прасторы і прадугледжваюць кругавы агляд; 2) рэльеф, дзе выява знаходзіцца на плоскасці. Па зместу і функцыях вылучаюць манументальную, манументальна-дэкаратыўную, мемарыяльную, станковую С. і С. малых форм. У Беларусі С. вядома з часоў неаліту. @

Слоік (слой), высокая шкляная або гліняная пасудзіна з пукатымі (радзей прамымі) бакамі і шырокім горлам, з прамымі ці расхіленымі беражкамі; гліняны С. часам мае 1 або 2 вушкі. Выкарыстоўваецца для захоўвання прадуктаў. Гліняныя С. вырабляюць паліванымі, аздабляюць ангобнай размалёўкай (гл. Паліва, Ангоб). @

Смальта (іт. smalto - эмаль, ням. Smalte ад schmelzen - плавіць), каляровае непразрыстае шкло ў выглядзе невялікіх (памерам 5x5x5 см) кубікаў ці пласцінак, з якіх выкладваецца мазаічная выява (гл. Мазаіка). У Беларусі вытворчасць С. вядома з 11 ст. @

Спавядальня (канфесіянал), элемент касцельнага памяшкання, прызначаны для здзяйснення споведзі (пакаяння). Уяўляе сабой закрытае з усіх бакоў крэсла з дзверцамі. Да бакавых сценак С. далучаюцца нізкія лаўкі-прыступкі для вернікаў, якія спавядаюцца праз закрытыя кратамі акенцы. @

Спарыш, ганчарны выраб, пасудзіна з 2 ці 3 гаршкоў (з накрыўкамі), змацаваных ручкай. У С. насілі ежу на поле ў сенакос і жніво. @

Станковае мастацтва, род выяўленчага мастацтва, творы якога нясуць самастойны характар і не маюць прамога дэкаратыўнага або ўтылітарнага прызначэння (у жывапісе - карціны, у скульптуры - статуі, бюсты, скульптурныя групы, станковыя рэльефы, у графіцы - эстампы, станковыя малюнкі). Назва паходзіць ад станка (мальберт, станок скульптурны), на якім выконваюцца многія творы С. м. (параўн. Манументальнае мастацтва). @

Станок скульптурны, прыстасаванне з гарызантальнай рухомай круглай ці квадратнай дошкай-падстаўкай, на якой размяшчаецца скульптура ў працэсе работы. @

Стараверства, сукупнасць рэлігійных груп і цэркваў у Pacii, якія не прынялі царкоўных рэформ 17 ст. і сталі апазіцыйнымі або варожымі афіцыйнай праваслаўнай царкве. С. падзяляецца на некалькі плыняў (папоўцы, беспапоўцы, беглапапоўцы, паморы), толкаў і згодаў. У Беларусі С. з'явіліся ў 17 ст. @

Стары запавет, 47 (каталіцкая царква) і 50 (праваслаўная царква) кніг Бібліі, напісаных у 1 ст. да н.э. - 13 ст. н.э. на старажытнажыдоўскай, часткова на старажытнагрэчаскай мовах. Апавядаюць пра стварэнне Богам свету, чалавека, устанаўленне запавету (дагавору) наміж Богам і народам ізраільскім, змяшчаюць настаўленні маральнага і культавага характару, a таксама прароцтвы аб прышэсці Хрыста, развіцці свету. @

Статуя (лац. statua), адзін з асноўных відаў скульптуры, для твораў якой характэрна свабоднае размяшчэнне выявы ў прасторы. Невялікія С. прызначаныя для ўпрыгажэння інтэр'ераў, называюць статуэткамі. @

Стафаж (ням. Staffage ад staffieren - упрыгожваць карціны фігурамі), фігуры людзей, жывёл, паказаныя ў пейзажы з мэтай ажыўлення віду. Увядзенне С. у карціну носіць другарадны характар. @

Стрэчанне (Грамніцы),

1. У мастацтве выяўленне сцэны прынясення Язэпам і Марыяй Хрыста ў храм на 40-ы дзень пасля нараджэння. Паводле Евангелля ад Лукі (в. 22-39) і іканаграфіі, у выяве С. паказваюцца Маці Боская, якая падносіць Сімяону Богапрыімцу немаўля, Ганна Прарочыца (яны сустракаюць нованароджанага Хрыста) і Язэп з двума галубамі ў руках.

2. Хрысціянскае свята, якое адзначаецца 2 лютага каталікамі, 15 лютага праваслаўнымі. @

Студыя (іт. studio - старанне, вывучэнне ад лац. Studium - месца заняткаў),

1. У выяўленчым мастацтве спецыяльная школа, разлічаная на шырокае кола вучняў, якія займаюцца без адрыву ад асноўных заняткаў.

2. Майстэрня жывапісца, скульптара, графіка. @

Стука (стук; іт. stucco - гіпс, алебастр), штучны мармур з абпаленага гіпсу з дабаўкамі клею, мармуровай пудры і фарбавальнікаў; матэрыял для аздаблення сцен, выканання архітэктурных дэталяў, дэкаратыўнай скульптуры, рэльефаў, круглай скульптуры. У Беларусі С. вядомы з 17 ст. @

Стылабат, гл. Стэрэабат. @

Стылізацыя,

1. У пластычных выяўленчых мастацтвах (гл. Скульптура) абагульненае выяўленне фігур і прадметаў з дапамогай вызначаных прыёмаў спрашчэння малюнка і формы, аб'ёмных і колеравых спалучэнняў.

2. Наўмысная імітацыя мастацкага стылю, уласцівага пэўнаму перыяду, гістарычнай эпосе, народнасці, сацыяльнаму асяроддзю, аўтару, мастацкаму твору. @

Стыль «мадэрн», гл. «Мадэрн». @

Стыль у мастацтве (лац. stylus < грэч. stylos - стрыжань, палачка для пісьма па васковай дошчачцы),

1. Сістэма прынцыпаў, заканамернасцей і правіл, a таксама асаблівасці мастацкіх форм, уласцівых вызначанай гістарычнай эпосе.

2. Індывідуальны стыль таго ці іншага майстра, адлюстраваны ў яго канкрэтным творы.

3. Сістэма вызначаных прыкмет, уласцівых мастацтву пэўнага народа, мастацкай школе. У развіцці С. у м. вылучаюць перыяды, a таксама тэндэнцыі, напрамкі. Для беларускага мастацтва характэрны агульнаэўрапейскія стылі - раманскі, гатычны, маньерызм, барока, ракако, класіцызм, рамантызм, «мадэрн», a таксама стылістычныя напрамкі, абумоўленыя асобнымі мастацкімі цэнтрамі, нацыянальнымі школамі, буйнымі творчымі асобамі, - візантыйскія ўплывы ў старажытнабеларускім мастацтве, стылістычныя напрамкі 19-20 стст. (гл. Мадэрнізм, Сацыялістычны рэалізм), неастылі (гл. Неараманскі стыль, Неаготыка, Неабарока, Неакласіцызм, Неарускі стыль). @

Стыратар (ад іт. stirare - расцягваць), прыстасаванне, якое складаецца з дзвюх рамак (адна ўстаўляецца ў другую) для нацягвання вільготнай паперы пры рабоце акварэллю. @

Стэка (іт. stecca), інструмент, якім карыстаецца скульптар пры лепцы для апрацоўкі паверхні скульптуры; драўляная, металічная або пластмасавая палачка з расшыранымі канцамі. @

Стэла (грэч. stele - слуп), у антычным мастацтве прамавугольная ці звужаная ўверсе каменная пліта, пастаўленая вертыкальна ў якасці надмагілля, мемарыяльнага знака. С. упрыгожваліся рэльефамі, надпісамі, у верхняй частцы - франтонамі, карнізамі, акратэтыямі. @

Стэрэабат (грэч. stereobates), у грэч. архітэктуры аснова, на якой узводзіўся будынак, ставіліся калоны. С. складаўся з трох частак (прыступак), верхняя з якіх (або толькі яе паверхня) называлася стылабатам. У беларускай архітэктуры С. атрымаў пашырэнне ў перыяд класіцызму. @

Сувязныя рэчывы, у тэхналогіі выяўленчага мастацтва рэчывы, якія ўваходзяць у склад фарбы (гл. Фарбы мастацкія) і вызначаюць яе спецыфічныя якасці. Галоўнае прызначэнне С. р. - замацоўваць пасля высыхання часткі пігменту паміж сабой і з грунтам, асновай. Да найбольш пашыраных С. р. адносяць: алей, раслінны ці жывёльны клей, яйкі, воск, у манументальным жывапісе - вапну. @

Сумах,

1. Аднабаковы бязворсавы дыван з буйнымі ўзорамі, характэрны для азербайджанскага народнага мастацтва.

2. Тэхніка атрымання разнастайных фактурных паверхняў у сучасных габеленах, якія маюць выгляд гарызантальна размешчаных косак (пасмаў). @

Супрэматызм (ад лац. supremus - найвышэйшы), умоўная назва напрамку ў мастацтве абстракцыянізму, уведзеная ў 1913 г. К.Малевічам. Для С. характэрна выкарыстанне пазбаўленых выяўленчага пачатку спалучэнняў простых рознакаляровых і розных па памерах геаметрычных фігур (прамавугольнікаў, трохвугольнікаў, палос), якія ўтвараюць аб'яднаныя рухам ураўнаважаныя асіметрычныя кампазіцыі (гл. таксама Мадэрнізм). @

Сурвэтка (польск. serweta ад франц. serviette), узорысты [тканы, вязаны, плецены, гафтаваны] (гл. Гафт) выраб для ўпрыгожвання жылога інтэр'ера; від тканін мастацкіх. Выконваюць С. з ільняных, баваўняных, шарсцяных, сінтэтычных нітак. @

Сутарэнне, памяшканне пад першым паверхам будынка, ніжэй узроўню зямлі; падзямелле. @

«Сухая іголка», від паглыбленай гравюры на метале, тэхніка якой заснавана на прадрапванні штрыхоў іголкай; часта з'яўляецца дапаўненнем да тэхнікі афорта. @

«Сухі пэндзаль», у жывапісе, графіцы тэхнічны прыём, у адпаведнасці з якім выява выконваецца жорсткім пэндзлем, слаба насычаным фарбай. @

Сфрагістыка (ад грэч. sphragis - пячатка), дапаможная гістарычная дысцыпліна, якая вывучае пячаткі і гісторыю іх існавання. @

Сцэнаграфія, гл. Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва. @

Сюжэт (ад франц. sujet - прадмет), у выяўленчым мастацтве падзея ці сітуацыя, адлюстраваная ў творы; уяўляе сабой канкрэтнае, дэталёвае, вобразна-апавядальнае раскрыццё ідэі твора. @

Сюррэалізм (франц. surrealisme - літаральна звышрэалізм), напрамак у мастацтве 20 ст., у аснове якога парадаксальная алегарычнасць спалучэння прадметаў і з'яў у межах неабходнай бачнай прадметна-пластычнай пэўнасці. Прадстаўнікі С. лічаць крыніцай мастацтва сферу падсвядомага (інстынкты, сны, галюцынацыі), свабодныя асацыяцыі (гл. таксама Мадэрнізм). @

Сяродкрыжжа, у архітэктуры прастора, утвораная перасячэннем падоўжных нефаў (нефа) з трансептам. @

Табернакль (табернакул; ад лац. tabernaculum - шацёр), у каталіцкіх храмах невялікае збудаванне (накшталт шафкі) у цэнтры алтара, ніша ў алтарнай сцяне, у якой захоўваецца Святое Прычасце (Камунія). @

Таршон (ад франц. torchon - анучка, саламяная пляцёнка),

1. Баваўняная тканіна з рэдкім рэльефным перапляценнем няроўных нітак, звычайна клятчастая.

2. Папера з шурпатай паверхняй, якая часта імітуе перапляценне тканіны; ужываецца для малявання, у акварэльным жывапісе, фатаграфіі. @

Тарэўтыка (ням. Torevtik ад грэч. toreuo - выразаю, чаканю), мастацтва ручной рэльефнай апрацоўкі твораў з металу - чаканкі, коўкі, гравіроўкі, ціснення для дапрацоўкі літых вырабаў; таксама сукупнасць мастацкіх твораў, выкананых адпаведнай тэхнікай. @

Тасканскі ордэр, першапачаткова этрускі варыянт грэчаскага дарычнага ордэра, удасканалены і зменены рымскімі дойлідамі. Вызначаецца цяжкімі прапорцыямі, гладкім (без канелюр) ствалом калоны, развітой базай, высокай капітэллю. У беларускім дойлідстве Т. о. упершыню начаў выкарыстоўвацца ў будынках класіцызму. @

Тканіны мастацкія, тэкстыльныя тканіны, зробленыя на ручных ці механічных станках, якія вызначаюцца мастацкасцю арнаментацыі, своеасаблівасцю колеравых спалучэнняў, высокім майстэрствам выканання і маюць дэкаратыўнае выкарыстанне ў якасці заслонаў, драпіровак, абрусаў, адзення, абіўкі мэблі і г.д. Характар арнаментацыі Т. м. абумоўлены іх прызначэннем, матэрыяламі і тэхнікай выканання, залежыць ад спосабаў перапляцення нітак, нанясення на тканіну малюнка спосабам набойкі, вышыўкі, аплікацыі, a таксама ад колеру і фактуры нітак, якія ствараюць пэўны арнамент, выяву. Да найбольш пашыраных відаў Т. м. адносяць: абрус, габелен, кілім, арас, шпалеру, палас. @

Ткацтва, выраб тканін з пражы шляхам перапляцення нітак асновы (падоўжных) і ўтку (папярочных). Т. ажыццяўляецца на ткацкім станку. У традыцыйным Т. вылучаюць наступныя віды: выбранае, пераборнае, закладное, двухнітовае, чатырохнітовае, шматнітовае. @

Тога (лац. toga ад tegere - пакрываць), верхняе адзенне старажытнарымскіх паўнапраўных грамадзян, доўгая белая накідка (плашч без рукавоў); вышэйшыя службовыя асобы насілі белыя Т. з пурпурнай каймой (гл. Пурпур), імператары - пурпурныя Т. @

Толасолас; ад грэч. tholos - скляпенне, купал), манументальнае круглае ў плане збудаванне (грабніца, храм), завершанае купалам; пашыраны ў эгейскай культуры і антычным свеце. @

Тонда (іт. tondo - літаральна круглы), твор жывапісу або рэльеф круглай формы. @

Тон колеравы (грэч. tonos - напруга, націск), у мастацтве якасць колеру, дзякуючы якому пэўны колер адрозніваецца ад іншых; агульны святлоценявы або каляровы лад твораў (гл. таксама Валёр). @

Трансепт (ад лац. trans - за і septum - агароджа), папярочны неф ці некалькі нефаў, якія перасякаюць пад прамым вуглом падоўжныя нефы. У Беларусі пашыраны ў рэнесансных і барочных базіліках з кан. 16 ст. @

Трапезная (ад грэч. trapeza - стол, ежа),

1. У манастырах сталовая з царквою.

2. Прыбудова да царквы з захаду. У 16-17 стст. Т. будуюцца ў выглядзе вялікіх залаў з адкрытымі тэрасамі, лесвіцамі. @

Трафарэт (іт. traforetto ад traforo - прадзіраўліванне, праколванне), тонкі ліст з металу, дрэва, кардону, пластмасы, паперы з адтулінамі ў выглядзе малюнка ці надпісу; ужываецца для ўзнаўлення фарбай надпісаў, малюнкаў на тканіне, метале, паперы, дрэве, шкле, сцяне і да т.п. @

Тройца,

1. Увасабленне Бога, сутнасць якога трыадзіная, але быццё ёсць суаднясенне трох іпастасей: Айца, Сына і Духа Святога. Дагмат трыадзінства Бога мае іканаграфічнае (гл. Іканаграфія) увасабленне ў абразах: «Старазапаветная Тройца» з выявай з'яўлення трох анёлаў Аўрааму і «Новазапаветная Тройца» з выявай Бога-Айца ў выглядзе старца, Бога-Сына ў выглядзе юнака і Бога-Духа Святога ў выглядзе голуба на грудзях Хрыста або з выявай БогаАйца ў выглядзе старца, дарослага Хрыста з правага боку і Духа Святога ў выглядзе голуба над імі.

2. Царкоўнае свята (Тройца, Пяцідзесятніца, Сёмуха), якое звязана з сашэсцем Святога Духа на апосталаў і адзначаецца на пяцідзесяты дзень пасля Ўваскрэсення (Вялікадня) Хрыста. @

Трыанон (франц. trianon - трохчасткавы), будынак, які складаецца з трох корпусаў або мае тры галоўныя фасады. @

Трыгліф (грэч. triglyphos ад tri - у складаных словах тры і glypho - рэжу), дэталь фрыза дарычнага ордэра; каменная пліта прамавугольнай формы з трыма вертыкальнымі жалабкамі. У беларускай архітэктуры атрымалі найбольшае пашырэнне ў будынках класіцызму і ампіру. @

Трыпціх (ад трэч. triptychos - трайны),

1. У выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве тры творы, аб'яднаныя адной тэмай, ідэяй (гл. Ідэя мастацкая), пластычным і стылістычным вырашэннем (гл. Стыль у мастацтве). У асобных выпадках у частках Т. можа адлюстроўвацца адзін сюжэт.

2. Трохстворкавы складзень (параўн. Дыпціх, Паліпціх, Складзень). @

Трыфорый (познелац. triforium), аркаднае акно з трох частак або арачны праём, вузкая галерэя, размешчаная за аркадай над скляпеннямі пад схіламі даху бакавых нефаў гатычных храмаў. У архітэктуры Беларусі Т. выкарыстоўваюцца з 19 ст. у пабудовах псеўдаготыкі, «мадэрну», псеўдараманскага стылю. @

Трэчэнта (іт. trecento - трыста), прынятая ў мастацтвазнаўстве назва 14 ст. як перыяду развіцця італьянскага мастацтва эпохі Адраджэння (гл. таксама Протарэнесанс). @

Туніка (лац. tunica),

1. Старажытнарымскае адзенне накшталт кашулі (з ільну ці воўны), якое насілі пад тогай.

2. Касцюм танцоўшчыцы ў выглядзе ліфа і доўгай спадніцы з цюлю. @

Турбан (франц. turban ад перс.), у народаў Азіі і Паўночнай Афрыкі галаўны ўбор у выглядзе палотнішча лёгкай, пераважна шаўковай тканіны, якую абгортваюць вакол галавы паверх валасоў, часта з упрыгажэннем (параўн. Чалма). @

Туш (ням. Tusche), чорная ці каляровая фарба (вадкая або ў выглядзе цвёрдых плітак), якая не губляе з часам свайго колеру. У старажытнасці чорная Т. рыхтавалася з сажы, атрыманай ад спальвання хваёвых парод дрэў, раслінных алеяў, смол; у 20 ст. - з сажы, атрыманай ад спальвання нафты і яе прадуктаў. Т. выкарыстоўваецца ў графіцы, чарчэнні. @

Тымпан (ад грэч. tympanon - барабан, бубен), унутранае поле франтона, звычайна трохкутнае; паглыбленая частка сцяны (ніша) паўцыркульнага, трохвугольнга абрысу над акном ці дзвярыма, якія запаўняюцца жывапіснымі, скульптурнымі выявамі. @

Тытульны лістытул; ад лац. titulus - надпіс, загаловак), загаловачная старонка друкаванага выдання (кнігі, брашуры, часопіса), на якой змяшчаюць назву кнігі, назву выдавецтва, імя аўтара, месца і год выдання. У Беларусі Т. л. вядомы ў выданнях з пач. 16 ст. @

Тыяра (грэч. tiara),

1. Галаўны ўбор старажытных персідскіх і асірыйскіх цароў, жрацоў.

2. Галаўны ўбор (трайная карона) папы рымскага. @

Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва (сцэнаграфія), мастацтва стварэння зрокавага вобраза спектакля, прадстаўлення, фільма пры дапамозе дэкарацый, касцюмаў, рэквізіту, бутафорыі, асвятлення, пастановачнай тэхнікі, сродкаў жывапісу, скульптуры, архітэктуры, дэкаратыўнага мастацтва. Т.-д. м. садзейнічае раскрыццю зместу і стылю тэатральных ці эстрадных прадстаўленняў, фільмаў, тэлевізійных перадач, задумы драматурга, рэжысёра, балетмайстра. У беларускім тэатры найбольш развітыя формы Т.-д. м. вядомы з 17 ст. @

Тэма (грэч. thema - галоўная думка), прадмет меркавання, літаральна тое, што пакладзена ў аснову, - форма і сродак выказвання ідэі твора (гл. Ідэя мастацкая), філасофскіх, сацыяльных, маральных і інш. Праблем. Таксама можа разглядацца як прамежкавае звяно паміж эстэтычнай рэальнасцю твора і рэчаіснасцю. Тэматычная супольнасць служыць у якасці адной з жанраўтваральных прыкмет (бытавы, гістарычны, батальны жанры). @

Тэмпера (іт. tempera ад лац. temperare - змякчаць, змешваць), фарба, якая складаецца з пігменту, замешанага на яечным жаўтку, бялку, казеіне, і разбаўлена вадой. Пасля высыхання не раствараецца ў вадзе. Т. дазваляе ствараць мяккія і разнастайныя танальныя пераходы, аксамітную матавую фактуру. У Беларусі Т. выкарыстоўвалі пры пісанні абразоў, аздабленні драўлянай скульптуры. @

Тэракота (іт. terra cotta - літаральна абпаленая зямля), непаліваныя керамічныя вырабы (гл. Кераміка) з каляровым порыстым чарапком, якія маюць мастацкае і ўтылітарнае прызначэнне (посуд, вазы, скульптура, цацкі, кафля, архітэктурныя дэталі). У Беларусі Т. вядома з часоў неаліту. @

Тэраса (франц. terrasse ад лац. terra - зямля),

1. Гарызантальная пляцоўка, уступ на схіле прыроднага ці штучнага паходжання. Служыць для ўзвядзення будынкаў, стварэння паркавых комплексаў.

2. Прыбудова да будынка ў адзін ці некалькі паверхаў. У беларускім садова-паркавым мастацтве Т. вядомы з 17 ст., у дойлідстве - з 18 ст. @

Тэрмы (лац. thermae ад грэч. thermos - цёплы, гарачы), старажытнарымскія грамадскія лазні, у якіх размяшчаліся таксама спартыўныя залы, бібліятэкі, залы для сходаў, памяшканні для адпачынку. @

Тэхнічная эстэтыка, гл. Мастацкае канструяванне. @

Узнясенне (Ушэсце),

1. У мастацтве выява сцэны ўзнясення Хрыста на 40-ы дзень пасля яго ўваскрэсення з мёртвых.

2. Царкоўнае хрысціянскае свята, якое адзначаецца на 40-ы дзень ўваскрэсення Хрыста (пасля Вялікадня). @

Вунія (ад познелац. unio - еднасць, аб'яднанне),

1. Адна з форм аб'яднання, саюза паміж дзяржавамі.

2. Царкоўная вунія - аб'яднанне каталіцызму з іншымі хрысціянскімі веравызнаннямі. Вуніяцкая царква ў Беларусі створана па Берасцейскай вуніі 1596 г. на ўмовах прызнання вяршэнства папы рымскага, захавання праваслаўных абрадаў, правядзення набажэнства на беларускай мове; ліквідавана Полацкім саборам 1839 г. @

Успенне (Прачыстая),

1. У выяўленчым мастацтве сцэна смерці Маці Боскай і ўзнясення яе душы на неба ў прысутнасці апосталаў. Вядомы кароткі і разгорнуты варыянты кампазіцыі. У кароткім варыянце звычайна паказваецца ложак з прасцёртым на ім целам Маці Боскай, паабапал яго - выявы апосталаў. За ложкам у ззянні (мандорле) змяшчаецца Хрыстос, які трымае ў руках душу сваёй маці ў выглядзе спавітай фігуркі. У разгорнуты варыянт У. уводзяцца таксама: сцэна адсячэння архангелам Міхаілам рук Афонію, які спрабаваў апаганіць цела Маці Боскай і перакуліць ложак, сцэна ўзнясення Маці Боскай на неба «во плоти» і перадача ёю пояса Фаме, выявы апосталаў на аблоках.

2. Царкоўнае свята, якое адзначаецца 15 жніўня каталікамі, 28 жніўня праваслаўнымі. @

Устаў, тып пісьма старажытных славянскіх рукапісаў, напісаных кірыліцай з дакладным нанясеннем кожнай літары, адсутнасцю скарачэнняў. У беларускіх рукапісах У. выкарыстоўваўся да кан. 14 ст., калі быў паступова заменены Паўуставам. @

Ушэсце, гл. Узнясенне. @

Фавізм (франц. fauvisme ад fauve - дзікі), плынь у французскім жывапісе пач. 20 ст., заснаваная на назіраннях натуры пры адначасовым прызнанні вядучай ролі жывапісных прыёмаў. Творы, якія адпавядаюць гэтай плыні, вызначаюцца лаканізмам вобразных пабудоў, кантрастнымі каларыстычнымі і кампазіцыйнымі рашэннямі, зваротам да прымітыву, культуры сярэднявечча, Усходу (гл. таксама Мадэрнізм). @

Фактура (ад лац. factura апрацоўка),

1. Характэрная асаблівасць матэрыялу, паверхні прадметаў у натуры і іх выяўленне ў творах мастацтва.

2. Асаблівасці апрацоўкі матэрыялу, у якім выкананы той ці іншы твор (напр., у скульптуры - характар апрацоўкі каменю, металу, дрэва). Ф. можа быць гладкай, шурпатай, рэльефнай, яна залежыць ад якасцей матэрыялаў, якія выкарыстоўвае мастак, асаблівасцей натуры, ад пастаўленых мастаком задач, манеры выканання твора, індывідуальнага почырку майстра, пануючага ў пэўны час мастацкага стылю (гл. Стыль у мастацтве). Ф. з'яўляецца важным мастацкім сродкам, які садзейнічае стварэнню выразнага і эмацыянальна-дзейснага твора. @

Фарбы мастацкія, спецыяльна падрыхтаваныя вадкія, цестападобныя ці цвёрдыя рэчывы або саставы, якія валодаюць павышанымі колеравымі якасцямі, добрай адлюстравальнай здольнасцю і ўстойлівасцю не мяняць з цягам часу тон (гл. Тон колеравы) і колер. Да асноўных адносяць: акварэльныя, акрылавыя, алейныя, васковыя, гуашавыя, пастэльныя, тэмперныя фарбы (гл. Акварэль, Алейны жывапіс, Гуаш, Пастэль, Тэмпера). Складаюцца з колеравай асновы (пігменту) фарбавага матэрыялу і сувязнага рэчыва. Па хімічным складзе Ф. м. падзяляюць на мінеральныя і арганічныя, якія могуць быць прыроднымі і штучнымі па паходжанні. Вылучаюць таксама покрыўныя (гл. Лесіроўка) і корпусныя (гл. Корпуснае пісьмо) Ф. м. @

Фартух (польск. fartuch ад ням. Vortuch), традыцыйная адзежына ў выглядзе кавалка тканіны з завязкамі ці матузкамі; надзявалі на спадніцу. Колеравая гама, арнамент Ф. (гарызантальныя чырвонага, чырвона-чорнага колеру палосы, якія групаваліся па нізе) звычайна адпавядалі аздабленню кашулі. Шылі з 1-2 полак ільнянога палатна, багата ўпрыгожвалі натыканнем, вышыўкай, карункамі, фальбонамі, запрасоўвалі ў складкі. Ф. мелі шэраг адрозненняў (крой, дэкор) адпаведна народным строям. @

Фарфор (перс. фегфур), тонкія керамічныя вырабы (посуд, вазы, статуэткі, архітэктурныя дэталі), якія атрымліваюцца спяканнем фарфоравай масы (вогнетрывалая гліна, каалін, палявы шпат, кварц). Перад абпальваннем вырабы з Ф. пакрываюць палівай. Непаліваны Ф. называюць бісквітам. Ф. з'явіўся ў Кітаі ў 4-6 стст. (гл. таксама Кераміка). @

Фасад (франц. facade ад іт. facciata ад faccia - твар), знешняя вертыкальная паверхня збудавання, утвораная разнастайнымі архітэктурнымі дэталямі і прыёмамі, фактурай будаўнічых матэрыялаў, іх колерам. Адрозніваюць галоўны і бакавы Ф., a таксама дваровы, садовы. @

Фаянс (франц. faience ад назвы італьянскага горада Фаэнца [Faenza], цэнтра вытворчасці адпаведных вырабаў у 15 ст.), керамічныя вырабы, якія маюць шчыльны драбнапорысты чарапок. Для вытворчасці Ф. выкарыстоўваецца тая ж сыравіна, што і для фарфору, мяняецца толькі рэцэптура і тэхналогія абпальвання. Ф. адрозніваецца ад фарфору большай порыстасцю паверхні вырабаў, пакрываецца празрыстай і непразрыстай палівай. У Беларусі вытворчасць Ф. пачалася з 18 ст. (гл. таксама Кераміка). @

Фелонь, гл. Рыза. @

Фестон (франц. feston),

1. Жывапіснае ці ляпное ўпрыгажэнне (аздоба) у выглядзе зубчастага або хвалістага ўзору, гірлянды і да т.п.

2. Адзін з зубчыкаў (пераважна акруглай формы), якім аблямоўваюць, абшываюць краі чаго-небудзь (жаночая сукенка, фіранка і да т.п.). @

Фібула (лац. fibula - шпілька, засцежка), металічная засцежка для адзення, якая адначасова служыць упрыгажэннем. Састаўнымі часткамі Ф. з'яўляюцца: іголка, дужка (корпус), жалабок, пружына. У Беларусі Ф. вядомы з 3-га тыс. да н.э., існавалі да 13 ст. @

Філе (франц. filet), вышыўка на сетцы з нітак, звычайна зробленай шляхам выцягвання нітак з тканіны; ажурная вязка. @

Філёнга (ням. Fullung - літаральна напаўненне), прафіляваныя шчыты, якія запаўняюць рамы дзвярэй, перагародак, панеляў сцен. У Беларусі Ф. шырока выкарыстоўваліся ў будынках стыляў Рэнесансу, барока, ракако, класіцызму. @

Філігрань (скань; франц. filigrane < іт. filigrana ад лац. filum - нітка і granum - зерне), від ювелірнай тэхнікі, заснаванай на стварэнні ўзору з залатога, сярэбранага або меднага дроту (гладкага ці звітага з некалькіх нітак, a затым сплюшчанага), ажурнага ці напаянага на аснову; часта спалучаецца з зерню, чаканкай і эмалямі. У Беларусі тэхніка Ф. вядома з 11 ст., атрымала найбольшае пашырэнне ў 16-18 стст. @

Фініфць, гл. Эмалі. @

Фіранка (польск. firanka ад ням. Furhang), заслона на вокны, дзверы і пад.; у Беларусі Ф. выконваюцца з палатна, паркалю, марлі, карункаў, рознакаляровай паперы, цыраты. Для Ф. характэрна аздабленне вышыўкай, натыканнем, гафтаваннем (гл. Гафт), набіванкай, складкамі, фальбонамі (Ф. з тканіны), выцінанкамі, роспісам дэкаратыўным (Ф. з паперы, цыраты). У аздабленні Ф. выкарыстоўваецца ўзор у выглядзе вазона, гірлянды кветак, які размяшчаецца звычайна пасярэдзіне ці па вуглах. @

Фламастэр (англ. flowmaster), інструмент для пісьма, малявання ў выглядзе алоўка, ручкі, у якім пішучай часткай з'яўляецца порысты стрыжань, прамочаны спецыяльным фарбавальнікам. @

Флігель (ад ням. Flugel - крыло), асобная, часта дапаможная прыбудова да жылога дома, палаца; збудаванне, якое ўваходзіць у комплекс сядзібы і функцыянальна, кампазіцыйна падпарадкавана галоўнаму будынку. У Беларусі Ф. атрымалі пашырэнне ў 16 - пач. 20 ст. @

Фляндроўка, спосаб аздаблення керамічных вырабаў, заснаваны на расцяканні, расчэсванні фарбы па паверхні ў выглядзе зігзагаў, палос, хваль. У Беларусі Ф. вядома з кан. 19 ст. @

Фолас, гл. Толас. @

Форзац (ням. Vorsatz), падвойны ліст паперы, які злучае вокладку і кніжны блок. @

Форум (лац. forum), грамадскі цэнтр старажытнарымскага горада, дзе праходзілі народныя сходы, урачыстасці, гандлёвыя здзелкі. На Ф. размяшчаліся грамадскія і культавыя будынкі (базілікі, храмы), аркі трыумфальныя, трыумфальныя калоны, манументальныя скульптурныя выявы. @

Фотамантаж (ад грэч. phos [photos] - святло і франц. montage - збіраць, падбіраць, злучаць), складванне з фотаздымкаў або іх частак, часам дапоўненых малюнкам, адзінай у мастацкіх і сэнсавых адносінах кампазіцыі; плакат, рэклама і да т.п., складзеныя такім шляхам. @

Франтон (франц. fronton ад лац. frons [род. склон frontis] - лоб, пярэдні бок), верхняя частка фасаднай сцяны будынка, якая ўтвараецца схіламі даху трохкутнай ці крывалінейнай формы. Завяршае фасады будынкаў, порцікаў, парталаў. Поле Ф. (тымпан) упрыгожваецца скульптурай, праёмамі, нішамі, у драўляным дойлідстве - рознай формы разьбой. Ф. крывалінейнай формы характэрны для беларускіх будынкаў стыляў барока і ракако, трохкутнай - класіцызму (гл. таксама Шчыпец). @

Франтыспіс (франц. frontispice ад лац. frons [род. склон frontis] - лоб, пярэдні бок + aspicere - глядзець), ілюстрацыя, змешчаная на асобнай старонцы злева ад тытульнага ліста. @

Францысканцы, манахі каталіцкага жабрацкага ордэна, створанага ў Італіі ў 1207-1209 гг. і названага імем Францыска Асізскага. Ф. былі вандроўнымі манахамі, прапаведавалі аскетызм. Вялі актыўную місіянерскую дзейнасць, выступалі супраць Рэфармацыі, удзельнічалі ў інквізіцыі, выкладалі на кафедрах універсітэтаў. У Беларусі з'явіліся ў час княжання Гедзіміна (1316-1341 гг.). @

Фрыз (франц. frise),

1. Сярэдняя гарызантальная частка антаблемента, размешчаная паміж архітравам і карнізам. Звычайна запаўняўся скульптурнымі ці жывапіснымі кампазіцыямі.

2. У дэкаратыўнай скульптуры і жывапісе Ф. - выяўленчая ці дэкаратыўная кампазіцыя ў выглядзе гарызантальнай паласы ўнутры або знадворку будынка; элемент аздаблення інтэр'ера. У беларускім мураваным дойлідстве Ф. - пашыраны элемент у будынках стыляў барока, класіцызму, ампіру.

3. Аблямовачная арнаментаваная паласа дывана, мазаічнай, паркетнай падлогі, прадмета прыкладнога мастацтва. @

Фрэска (ад іт. fresco - літаральна свежы), тэхніка манументальнага жывапісу па свежай, вільготнай тынкоўцы, якая пры высыханні ўтварае тонкую празрыстую плёнку і замацоўвае фарбы, надаючы ім колеравую і танальную даўгавечнасць. Акрамя асабіста Ф. вядома тэхніка роспісу па сухой тынкоўцы (а сэка, ад іт. a secco - сухім спосабам). У Беларусі Ф. вядома з 11 ст. @

Фундатар (кцітар; лац. fundator), асоба, якая з'яўляецца заснавальнікам чаго-небудзь або ахвяравала грошы, сродкі на заснаванне, упрыгожанне чаго-небудзь (параўн. Данатар). @

Фуст (іт. fusto), ствол, стрыжань калоны. @

Футурызм (ад лац. futurum - будучае), агульная назва мадэрнісцкіх мастацкіх рухаў пач. 20 ст., у аснове праграмных прынцыпаў якіх былі ідэі стварэння «мастацтва будучага», адмаўленне ад традыцый, нігілізм пры адначасовым звароце да фальклору, прымітыву (гл. таксама Мадэрнізм). @

Хакі (хіндзі khaki - колер бруду, зямлі),

1. Шаравата-зялёны, карычнева-зялёны колер.

2. Тканіна або форменнае адзенне такога колеру. @

Хепенінг (ад англ. happening - тое, што адбываецца, здараецца), напрамак у мадэрнісцкім мастацтве з 1960-х гг., прыхільнікі якога разглядаюць важнай часткай творчасці, выканання твора мастацкую падзею, працэс. Х. спалучае элементы тэатра, музыкі, жывапісу і набліжаецца да невялікіх спектакляў (прадстаўленняў) з адпаведным рэквізітам, абстрагаванымі прасторава-рытмічнымі натуральнымі (жывымі) кампазіцыямі з удзелам самога мастака (перфоманс), яго памочнікаў, гледачоў. @

Хітон (грэч. chiton),

1. Мужчынскае і жаночае адзенне старажытных грэкаў у выглядзе доўгай (да калень і ніжэй) і шырокай кашулі, часцей без рукавоў, якая падпяразвалася з напускам; шылася з ваўнянай ці льняной тканіны.

2. Касцюм танцоўшчыцы балета, пашыты з лёгкай тканіны, з глыбокімі разрэзамі па баках. @

Хол (англ. hall), першапачаткова вялікае памяшканне пад высокім двухсхільным дахам, дзе збіраліся сябры англасаксонскага роду; затым традыцыйнае ангельскае жыллё, агульны пакой, прыёмная зала з лесвіцай на другі паверх. У сучасных будынках (асабліва грамадскага прызначэння) - невялікая зала для адпачынку, сустрэч; таксама зала для публічных сходаў, канцэртаў. @

Хоры (ад грэч. choros - хор), адкрытая галерэя ў інтэр'ерах храмаў, парадных залаў. Знаходзіцца звычайна насупраць галоўнага алтара, іканастаса, агароджваецца балюстрадай. У перыяд сярэднявечча на Х. у час богаслужэння размяшчаліся прадстаўнікі вышэйшых слаёў грамадства, пазней - музыканты, пеўчыя, a таксама арган. @

Хромалітаграфія,

1. Шматфарбавая літаграфія шляхам шматразовага друку рознымі фарбамі з адпаведнай колькасці камянёў.

2. Адбітак (малюнак), атрыманы такім спосабам. @

Хрысаэлефантынная скульптура (ад грэч. chrysos - золата і elephas [род. склон elephantos] - слановая косць), творы скульптуры антычнай эпохі, выкананыя з пласцінак слановай косці (для частак цела, не закрытых адзеннем) і чаканнага золата (для ўсіх астатніх частак выявы), якія накладваюцца паверх драўлянага каркаса. @

Хустка, галаўны ўбор у выглядзе кавалка тканіны, ажурнага палатна; мае шырокае выкарыстанне, акрамя ўтылітарнага, у абрадах (вясельным, пахавальным, радзінным). Х. вырабляюцца з ільняной, баваўнянай, ваўнянай тканіны, вяжуцца, яны маюць адрозненні па спосабах нашэння, завязвання, выбару матэрыялу і форме (суцэльныя, сшытыя), вызначаюцца багатым дэкорам, аздабленнем (махры, кутасы, карункі, вышыўка). @

Цамянка, будаўнічы вапнавы раствор, у які дабаўлялася тоўчаная цэгла. Выкарыстоўваўся як сувязнае рэчыва пры кладцы сцен, іх атынкоўцы, як грунт пад фрэскавы жывапіс (гл. Фрэска). У Беларусі Ц. вядома з 10 ст.; ужывалася ў будаўніцтве да кан. 16 - пач. 17 ст. @

Цаніннікі (ад польск. cyna - волава). Цаніна - эмалевае пакрыццё кафлі, састаўной часткай якога было волава. Назва перайшла на майстроў шматколернай рэльефнай кафлі, якая ўжывалася для аздаблення інтэр'ераў і фасадаў будынкаў. @

Царскія вароты, двухстворкавыя дзверы ў цэнтры ніжняга яруса іканастаса; злучаюць алтар з асноўным аб'ёмам праваслаўнага ці вуніяцкага храма. У Беларусі звычайна рабіліся з дрэва, упрыгожваліся разьбой, пазалотай, жывапіснымі або скульптурнымі выявамі. Вядомы Ц. в. з саломы, аздобленыя каштоўнымі тканінамі. Адпаведна царкоўнаму канону, Ц. в. уключаюць 6 выяўленчых палёў, дзе паказваюцца сцэна Дабравешчання (змяшчаецца зверху і складаецца з 2 кампазіцый - выявы Маці Боскай і архангела) і чатыры евангелісты. @

Цацка, прадмет, прызначаны для гульні, забавы, адпачынку, галоўным чынам дзяцей; служыць мэтам выхавання, развіцця; аб'ядноўвае мастацкія сродкі і прыёмы, уласцівыя скульптуры, дэкаратыўна-прыкладному мастацтву, мастацкаму канструяванню, тэатру. @

Цісненне, тэхніка атрымання рэльефных выяў на паверхні скуры, аксаміту, ліставога металу, іншых пластычных матэрыялаў выцісканнем; таксама вырабы ў гэтай тэхніцы. У Беларусі асобныя віды Ц. вядомы з 11 ст. @

Цокаль (іт. zoccolo - чаравік), ніжняя надземная частка сцяны будынка, якая абапіраецца на падмурак. Цокальны паверх - паверх будынка, падлога якога знаходзіцца ніжэй паверхні зямлі знадворку. @

Цытадэль (франц. citadelle, іт. cittadella - літаральна маленькі горад), умацаваная частка горада ці крэпасці. Часта назву Ц. пераносяць на любое добра ўмацаванае абарончае збудаванне. @

Цэла, гл. Наас. @

Чадра (тур. čadyr ад перс. čädär), лёгкае пакрывала, у якое, выходзячы з хаты, захутваюцца жанчыны-мусульманкі з галавы да ног, пакідаючы толькі прасвет для вачэй. @

Чаканка,

1. Тэхніка апрацоўкі ліставога металу чаканамі для атрымання рэльефных выяў.

2. Выкананне рэльефных выяў на паверхні медалёў, манет.

3. Апрацоўка паверхні літых мастацкіх твораў (скульптуры) пасля адліўкі. У Беларусі Ч. вядома з 9-11 стст. (гл. таксама Тарэўтыка). @

Чалма (цюрк. čalma), у народаў мусульманскага Ўсходу - мужчынскі галаўны ўбор, які складаецца з палотнішча лёгкай тканіны, абмотанага вакол галавы звычайна паверх цюбецейкі, фескі ці іншай шапачкі; таксама само гэта палотнішча (параўн. Турбан). @

Чарапіца, будаўнічы матэрыял, які выкарыстоўваецца для пакрыцця даху. Мае выгляд пласцін з абпаленай гліны - плоскіх ці з пазамі і выступамі. Часам Ч. пакрывалася каляровай палівай (гл. таксама Дахоўка). @

«Чорная манера», гл. Мецца-тынта. @

Шамот (франц. chamotte), вогнетрывалая гліна ці каалін, абпаленыя да знікнення пластычнасці, выдалення вадкасці і вызначанай ступені спякання. Ш. выкарыстоўваецца ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве (паркавая скульптура, абліцовачныя пліты, вазы і г.д.). У Беларусі Ш. атрымаў шырокае выкарыстанне з 1920-х гг. @

Шарж (франц. charge ад charger - перабольшваць), сатырычная або добразычлівая гумарыстычная выява (звычайна партрэтная), у якой пры знешнім падабенстве падкрэслены найбольш характэрныя рысы мадэлі. Від карыкатуры. @

Шацёр (шатровае завяршэнне), высокае і стромкае пакрыццё збудавання (званіца, храм, вежа) у выглядзе чатырохграннай ці шматграннай піраміды. У беларускім дойлідстве Ш. вядомы са старажытнасці, асабліва пашыраны ў мураваным і драўляным будаўніцтве 16 - пач. 20 ст. @

Шкло мастацкае, галіна дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, вырабы дэкаратыўнага і прыкладнога прызначэння. Уключае вітражы, смальтавыя мазаікі, мастацкія сасуды, архітэктурныя дэталі, дэкаратыўныя кампазіцыі, скульптуру (звычайна малых форм), свяцільні, штучныя каштоўнасці. На тэрыторыі Беларусі вырабы са шкла вядомы з 2-5 стст. (гл. таксама Гутнае шкло). @

Школа мастацкая, у гісторыі мастацтваў тэрмін, які ўжываецца для абазначэння групы мастакоў або мастацкіх твораў, аб'яднаных агульнасцю стылістычнага, тэматычнага і тэхналагічнага характару (напрыклад, Ш. Рубенса, Фларэнційская Ш., Нямецкая Ш.). У беларускім мастацтве фармаванне асобных мастацкіх школ адносіцца да 11-12 стст. (параўн. Стыль у мастацтве). @

Шмуцтытул (ням. Schmutz-titel ад Schmutz - бруд і Titel - загаловак, тытул), папяровы аркуш у пачатку кнігі (перад тытульным лістом) або перад яе часткамі ці раздзеламі. @

Шпалера (ням. Spalier ад іт. spalliera), у дэкаратыўна-прыкладным мастацтве - насценны бязворсавы дыван з сюжэтнымі і арнаментаванымі кампазіцыямі, выкананы ўручную. У Беларусі выраб Ш. пачынаецца ў кан. 17 - пач. 18 ст. (гл. таксама Арас, Габелен, Вердзюр). @

Шпіль (галанд. Spil, ням. Shille), у архітэктуры вертыкальнае востраканечнае завяршэнне будынка ў выглядзе выцягнутага конуса ці піраміды. У беларускім дойлідстве выкарыстанне Ш. пачынаецца з 16 ст. @

Шпонка (польск. szponka ад ням. Spange), папярочны драўляны брусок, якім злучаюцца дошкі абраза з тыльнага боку і з тарцоў. @

Штоф,

I. (ням. Stoff), дэкаратыўная, шчыльная гладкаафарбаваная тканіна з буйным тканым узорам (ваўняная або шаўковая), якая ідзе на парцьеры, абіўку мэблі, сцен і да т.п.

II. (ням. Stauf), шкляная чатырохгранная пасудзіна з кароткім рыльцам, прызначаная для ўтрымання вадкасцей (віна, гарэлкі) і роўная па сваёй ёмістасці 1,23 л. @

Шчыпец, верхняя частка сцяны трохкутнай формы, абмежаваная схіламі даху. Не мае карнізнай цягі знізу, але часта мае складаны малюнак завяршэння (параўн. Франтон). @

Шэду, добры геній, хавальнік; скульптурная выява ў выглядзе фантастычнай жывёлы. У мастацтвазнаўстве так называюць статуі чалавекагаловых крылатых ільвоў, быкоў, якія ахоўвалі ўваходы ў палацы асірыйскіх і іранскіх цароў. @

Экзарх (ад грэч. exarchos - галава, начальнік),

1. У Візантыйскай імперыі намеснік імператара ў якой-небудзь вобласці.

2. Галава асобнай царкоўнай вобласці ці самастойнай царквы ў праваслаўных. @

Эклектыка (ад грэч. eklektikos - які выбірае), змяшэнне, спалучэнне ў творах мастацтва розных стыляў, розных кампазіцыйных прыёмаў без уліку іх адпаведнасці часу, a таксама характару, форме, прызначэнню твора. У беларускай архітэктуры рысы Э. атрымалі пашырэнне з сяр. 19 ст. (гл. таксама Стыль у мастацтве). @

Экслібрыс (ад лац. ех libris - з кніг), кніжны знак, які ўказвае на прыналежнасць кнігі вызначанай асобе (уладальніку). Э. наклейваецца на ўнутраны бок пераплёту або вокладкі. Адрозніваюць суперэкслібрыс (адбітак на пераплёце кнігі) і папяровы Э. (змяшчаецца на ўнутраным баку пераплёту); таксама гербавыя, вензельныя, сюжэтныя Э. Гравіруюцца на медзі, дрэве, лінолеуме, радзей цынкаграфскім ці літаграфскім спосабам. У Беларусі Э. вядомы з 17 ст. @

Экспрэсіянізм (франц. expressionisme ад лац. expressio - паказ), напрамак у эўрапейскім мастацтве пач. 20 ст., для якога характэрна сцвярджэнне ў якасці адзінай рэальнасці суб'ектыўнага духоўнага свету асобы, a яго адлюстраванне - галоўная мэта мастацтва. Э. вызначаецца імкненнем да экспрэсіі, абвостранага самавыказвання, што садзейнічае паказу напружаных пачуццяў, гратэскнасці і ірацыянальнасці ў вобразах (гл. таксама Мадэрнізм). @

Эмалі (фініфць; франц. email ад франкск. smeltan - плавіць), тэхніка, якая выкарыстоўваецца ў ювелірным мастацтве, a таксама сам выраб, упрыгожаны Э. Існуе тэхніка халоднай (без абпальвання) і гарачай Э., адпаведна якой афарбаваная вокісламі металаў пастозная маса наносіцца на спецыяльна падрыхтаваную паверхню і абпальваецца, у выніку чаго ўтвараецца шклопадобны каляровы слой. Адрозніваюць Э. па спосабу нанясення і замацавання на паверхні матэрыялу фарбавай масы: перагародачныя, выемчатыя Э., Э. па рэльефу, распісныя Э., Э. па скані (філігрань), гравіроўцы. На тэрыторыі Беларусі асобныя віды Э. вядомы з 2-5 стст., выемчатыя, перагародачныя - з 12 ст. @

Энкалпіён, металічны двухстворкавы нагрудны крыж-складзень, выкананы ў тэхніцы ліцця; твор ювелірнага мастацтва. У Беларусі Э. вядомы з 10-12 стст., аздабляліся эмалямі, інкрустацыяй серабром. @

Энкаўстыка (грэч. enkaustike ад enkaio - выпальваю), жывапіс васковымі фарбамі, якія наносяцца на выяўленчую паверхню ў гарачым ці халодным стане. Апошні спосаб патрабуе падагрэву паверхні. Асновай для Э. з'яўляецца мармур, пясчанік, вапнавая тынкоўка, дрэва. @

Энтазіс (грэч. entasis - напружанне), невялікае наўмыснае патаўшчэнне ствала калоны ў яе сярэдняй частцы і звужэнне ўверсе. У беларускай архітэктуры Э. атрымаў пашырэнне ў калонах будынкаў барока і класіцызму (гл. Курватура). @

Эркер (ням. Erker), паўкруглы, прамавугольнай або шматвугольнай формы зашклёны выступ у сцяне будынка. У будаўніцтве ў Беларусі выкарыстоўваецца з 16 ст., асабліва пашыраны ў перыяды стыляў класіцызму, ампіру, «мадэрна», эклектыкі. @

Эскіз (франц. esquisse), папярэдні накід, які фіксуе задуму мастацкага твора або яго асобнай часткі. Звычайна ў Э. шукаецца кампазіцыйная пабудова, прасторавыя планы, колеравыя суадносіны; бываюць графічнымі, жывапіснымі, скульптурнымі (параўн. Кракі, Накід, Эцюд). @

Эстамп (франц. estampe ад іт. stampa - друк, адбітак), літаграфскі або гравюрны адбітак (звычайна падпісаны аўтарам); твор графікі ўвогуле (гл. таксама Аўтагравюра, Аўталітаграфія, Афорт, Гравюра, Ксілаграфія, Літаграфія, Хромалітаграфія). @

Эстэтыка (ад грэч. aisthetikos - які адчувае, успрымае; пачуццевы), навука аб мастацтве, тэорыя мастацтва, якая даследуе пытанні яго сутнасці і суадносін з рэчаіснасцю, стылі, віды, жанры мастацтва. @

Эхін (грэч. echinos - літаральна марскі вожык, ракавіна якога служыла грэкам сасудам), назва ракавіны перанесена на подобную па форме дэталь дарычнага ордэра; з'яўляецца пераходам ад ствала калоны да квадратнага абака. У Беларусі Э. выкарыстоўваўся ў будынках стылю класіцызму. @

Эцюд (франц. etude - літаральна вывучэнне), твор, які выконваецца з натуры з мэтай яе вывучэння. Э. служыць падрыхтоўчым матэрыялам пры рабоце над жывапіснай выявай, скульптурай, графічным творам для канкрэтызацыі задумы, прапрацоўкі дэталяў, з'яўляецца практыкаваннем, у якім мастак удасканальвае сваё прафесійнае майстэрства. Э. таксама мае самастойнае значэнне, мастацкую каштоўнасць (параўн. Кракі, Накід, Эскіз). @

Ювелірнае мастацтва (ад ням. Juwel ці галанд. juweel - каштоўны камень), выраб мастацкіх рэчаў з каштоўных металаў у спалучэнні з каштоўнымі і паўкаштоўнымі камянямі, жэмчугам, бурштынам, косцю, перламутрам, шклом. Від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У Беларусі першыя ювелірныя вырабы адносяцца да бронзавага веку (3-2 тыс. да н.э.) (параўн. Біжутэрыя).