##ShortTitle: Этымалагічны фразеалагізмаў ##LongTitle: Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў ##FrontpageTitle: Этымалагічны фразеалагізмаў ##ExpandArticle: true ##Type: slo ##TitleNote: частка - Е-Ж, Ф-Х, Э-Ю ##HTMLDescription_BEGIN Створана на падставе:
Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў. Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2004. ISBN 985-11-0287-3
Укладальнік: Іван Лепешаў

У слоўніку раскрываецца гісторыя і паходжанне каля 1750 фразеалагізмаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы, паказваецца сувязь іх сучаснага і першапачатковага, этымалагічнага значэння, жыццё фразеалагізмаў у часе і прасторы.







##HTMLDescription_END @

Эгіпецкая (егіпецкая) кара. Агульны для ўсходнесл. м. (рас. египетская казнь, укр. египетська кара). Нязносна цяжкае становішча, бяда, бядота.

[Ухватаў:] Не-е, я на вас аброцьку знайду. Я табе такую кару егіпецкую зараз знайду, на ўсё жыццё табе хопіць! (А.Макаёнак. Пагарэльцы).

Склаўся на аснове біблейскага аповеду (Зыход, 7-12) аб дзесяці карах (ператварэнне вады Ніла ў кроў, падзеж жывёлы, маравая пошасць, нашэсце саранчы, шматдзённая цемра і інш.), якімі Бог пакараў эгіпцян за тое, што фараон адмаўляўся вызваліць жыдоў, што жылі ў Эгіпце на становішчы рабоў. @

Эзопаўская (эзопава) мова. Паўкалька з ням. (äsopische Sprache) ці франц. (langue d'Esope) м. Іншасказальнае, алегарычнае выказванне думак.

Антось сварыўся з Алаізаю, крычаў на яе, што яна загубіць газету, што трэба хаваць думкі за эзопавай мовай, што трэба ўстаўляць у газеты і лаяльныя матэрыялы (Л.Арабей. На струнах буры).

Узнікненне выразу звязана з літаратурнай дзейнасцю старажытнагрэчаскага байкапісца Эзопа (VI ст. да н.э.). Будучы рабом, Эзоп не мог свабодна і адкрыта гаварыць пра многае, бо гэта было небяспечна, таму ён выказваў свае думкі ў алегарычнай, баечнай форме, у вобразах жывёл. @

Юдаў (іудаў) пацалунак. Паўкалька з франц. (baiser de Judas) ці анг. (a Judas kiss) м. Здрадніцкі ўчынак пад маскай добразычлівасці, сяброўства.

Тысячы брацкіх магіл, сотні і сотні спаленых вёсак, сёл і гарадоў, да двух з паловай мільёнаў загубленых фашыстамі і іх наймітамі чалавечых жыццяў... Вось жудасныя вынікі «гераізму» фашысцкіх паслугачоў, сапраўдныя вынікі іудавых пацалункаў... (М.Лынькоў. Аб вылюдках).

Выток фразеалагізма - евангельская прытча (Лукаш, 22, 47) пра Юду Іскарыёта - аднаго з дванаццаці вучняў Ісуса Хрыста. Юда прадаў свайго настаўніка за трыццаць срэбранікаў. Каб стражнікі ведалі, хто з дванаццаці Ісус і каго трэба схапіць, Юда падышоў і пацалаваў яго. @

Ездзіць па левым баку. Уласна бел. Парушаць нормы літаратурнай мовы.

У нас, аднак, для некаторых людзей моўныя нормы - не закон. Яны «ездзяць па левым баку» (Настаўн. газ. 01.04.2000).

Крылаты выраз з артыкула К.Крапівы «Ці будзем мы ездзіць па левым баку?» (1973). І ў загалоўку, і ў тэксце артыкула словазлучэнне ўжыта з метафарычным, пераносным значэннем. Падаецца і аснова пераасэнсавання - супастаўленне з правіламі дарожнага руху (у прыватнасці, такога правіла, як «трымайся правага боку»). @

Ерыхонская (іерыхонская) труба. Паўкалька з франц. м. (trompette de Jéricho). Чалавек з вельмі гучным голасам.

Хлопцы пасапвалі насамі. Мудрык храпе. Выводзіць рулады, нібы трактар, Ерыхонская труба (І.Навуменка. Бульба).

Выток фразеалагізма - біблейскі тэкст (Ісус Навіна, 6). Ізраільцяне, вызваліўшыся з эгіпецкага палону, накіраваліся ў Палесціну і па дарозе асадзілі горад Ерыхон. Сцены горада былі вельмі моцныя, і, здавалася, іх немагчыма разбурыць. Але калі ўсе затрубілі ў свяшчэнныя трубы, то сцены абваліліся і горад быў узяты. @

Есці поедам каго. Агульны для ўсходнесл. м. Бесперастанку мучыць папрокамі, дакараць, зневажаць.

Ты ж яго грызла і грызла, поедам ела. Ды не адна, а ўдвух з маткаю (П.Місько. Градабой).

Узнік па мадэлі таўталагічных выразаў тыпу прападзі пропадам. Сэнсаўтваральным тут выступае дзеяслоў есці, ужыты ў пераносным значэнні 'даймаць каго-н. сваркамі, папрокамі'. Далучанае да дзеяслова аднакаранёвае прыслоўе поедам, неўжывальнае па-за гэтым выразам, узмацняе экспрэсію фразеалагізма і дапаўняе яго значэнне элементам бесперапыннасці. @

Есці просіць (просяць). Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. пры дзейніку, які абазначае назвы абутку, і мае сэнс 'вельмі знасіўся, патрабуе рамонту (бот, чаравік і пад.)'.

У лодцы і босай сядзець можна. Вунь, адзін чаравік мой - есці просіць (А.Шашкоў. Белы камень).

Утвораны праз супастаўленне дзіравага абутку з адкрытым ротам немаўляці, які гэтай мімікай просіць есці. @

Ехаць з кірмашу. Агульны для ўсходнесл. м. (рас. ехать с ярмарки, укр. їхати з ярмарку). Блізіцца к канцу жыцця.

Гэта ж трэба, Антось Клепча, які ўжо з кірмашу едзе, запісаўся з гэтай самай Хлёркавай Ганнай... (М.Скрыпка. Збоку прыпёку).

У вобразнай аснове фразеалагізма - супастаўленне чалавечага жыцця з дарогай на кірмаш і вяртаннем з кірмашу. @

Ёлкі зялёныя. Запазыч. з рас. м. Вокліч захаплення, прыкрасці і пад.

- Хлопчыкі мае! - крычаў Валодзя ўжо на самым вільчыку страхі. - Ах вы, ёлкі зялёныя, як далёка відаць! (Я.Брыль. У Забалоцці днее).

Ёсць меркаванне, што ўзнікненне выразу звязана з тым, што даўней на карчомных шыльдах малявалі яловыя галінкі. @

Ёсць яшчэ порах у парахаўніцах у каго. Паўкалька з рас. м. (есть еще порох в пороховницах). Хто-н. мае сілу, энергію, каб зрабіць, здзейсніць што-н.

Каб даказаць, што сапраўды ёсць яшчэ порах у парахаўніцах, ён, Пратасевіч, разагнаўся і, зусім не адчуваючы сваіх ног, як хлапчук, перасігнуў тады двухметровы язык полымя (А.Васілевіч. Пратасевіч).

Крылаты выраз з аповесці М.В.Гогаля «Тарас Бульба». У час бітвы з непрыяцелем Тарас тройчы звяртаецца да казакоў: «Ёсць яшчэ порах у парахаўніцах? Ці не аслабела казацкая сіла? Ці не гнуцца казакі?» І чуе іх адказ: «Ёсць яшчэ, бацька, порах у парахаўніцах. Не аслабела яшчэ казацкая сіла; яшчэ не гнуцца казакі!» @

Жаба ў каляіне. Уласна бел. Нікчэмнасць, асуджаная на пагібель.

- А што такое Абрамчык? Гандлярчык, і то дробны... - Жаба ў каляіне, - дадае Навумовіч (Л.Прокша. Інтрыгі прэзідэнцкага двара).

Выраз з аднайменнай байкі (1927) К.Крапівы, у якой гаворыцца, як жаба, сеўшы ў каляіну, рашыла перавярнуць воз. Але: «Тут колам - хрась! І кроў і гразь... Пад кола, жаба, не падлазь». Выраз з намёкам на байку, адкуль ён паходзіць, і без намёкаў выкарыстаны ў творах І.Гурскага, А.Жука, С.Кліменценкі, Л.Прокшы, М.Чавускага і інш., напрыклад: Партыя цяпер апынулася ў ролі жабы ў каляіне (ЛіМ. 22.03.1996). @

Жалезная заслона. Калька з анг. (iron curtain) або ням. (der eiserne Vorhang) м. Самаізаляцыя, сур'ёзная перашкода ў кантактах (пераважна паміж дзяржавамі).

Жалезная заслона ў канцы васьмідзесятых гадоў была ўжо добра такі прыўзнята (Т.Кароткая. Дом вокнамі ў заўтра).

У замежнай прэсе выраз дастасоўваўся да Савецкага Саюза, які адгарадзіў сябе «жалезнай заслонай» ад краін заходняй дэмакратыі. Выраз у яго палітычным значэнні і менавіта ў дачыненні да СССР упершыню выкарыстаў Гебельс у артыкуле «2000-ы год», апублікаваным у часопісе «Das Reich» 23.02.1945 г. Але шырокую вядомасць і пашыранасць у замежным друку гэты выраз атрымаў пасля таго, як 05.03.1946 г. быў ужыты Ў.Чэрчылем пры выступленні ў Фултане. @

Жарты сказаць. Паўкалька з рас. м. (шутка сказать). Ужыв. як пабочнае словазлучэнне для падкрэслівання важнасці, значнасці чаго-н., абазначае 'зусім не простая справа'.

Жарты сказаць - я пабачу сапраўдных пісьменнікаў (Я.Скрыган. Світанак).

У рас. м. форма шутка сказать замест чаканай шутку сказать з'яўляецца сінтаксічным перажыткам: у помніках XIII-XIV стст. і пазнейшых часта сустракаецца назоўны скл. аб'екта пры незалежным інфінітыве. @

Журавель у небе. Агульны для бел. і рас. м. Аддаленая будучыня, нешта няпэўнае.

Як бы, паверыўшы ў байкі тыя, пагнаўшыся за тым жураўлём у небе, не страціць і тое, што яшчэ засталося (І.Мележ. Людзі на балоце).

Паходзіць з прыказкі Лепш сініца ў руках, чым журавель у небе, якая абазначае 'лепш мець што-н. пэўнае менавіта цяпер, чым спадзявацца на большае і лепшае ў аддаленай будучыні' і спарадзіла два фразеалагізмы (гл. сініца ў руках). @

Жывы труп. Відаць, калька з франц. м. (cadavre vivant). Вельмі слабы, хворы, блізкі да смерці чалавек.

Даведаўшыся, што ў Каляды быў партызанскі доктар, прыехалі эсэсаўцы, каб забраць яго, але, паглядзеўшы, махнулі рукой. «Гэта жывы труп», - сказаў эсэсаўскі афіцэр (І.Гурскі. У агні).

Пабудаваны на мастацкім прыёме аксюмарана - наўмыснага спалучэння двух слоў неаднолькавай часціны мовы, якія выражаюць лагічна неспалучальныя паняцці і ўзаемна выключаюць адно аднаго. @

Жыў курылка. Запазыч. з рас. м. (жив курилка). Вокліч задавальнення, захаплення, здзіўлення і пад. пры ўпамінанні пра таго, хто, нягледзячы на што-н., існуе, жыве, дзейнічае.

Нарэшце [Ніна Іванаўна] пачула, як заскрыпела крэсла, як цяжка ўздыхнуў абражаны муж. «Жыў курылка» (І.Шамякін. Атланты і карыятыды).

Узнікненне фразеалагізма звязана з сімволікай старажытнай народнай гульні з запаленай лучынай, якую перадавалі з рук у рукі, пакуль яна не згасне. Гульня суправаджалася песняй, што пачыналася так: «Жив, жив курилка, жив, жив, да не умер». Выраз падаецца ў «Расейска-беларускім слоўніку» і «Беларуска-расейскім слоўніку». Параўн. у І.Насовіча: «Жыў быў курылка, дый памёр. - Кажуць жартаўліва, калі дагарэўшая лучына гасне раптам». @

Жыўцом з'есці каго. Агульны для бел. і ўкр. (живцем з'їсти) м. Замучыць, загубіць нападкамі, ганеннем.

Можа, вы мяне, братцы, аслабанілі б як... Ізноў жа... жыўцом мяне жонка з'есць, бо й так я забавіўся... (М.Лынькоў. На чырвоных лядах).

Паводле паходжання гэта выраз каламбурнага характару. Тут на рэалізаванае спачатку пераноснае значэнне слова з'есці 'замучыць нападкамі, ганеннем' накладзена яшчэ адно, прамое значэнне гэтага ж слова 'скарыстаць на яду' з адначасовым дапаўненнем гэтага значэння экспрэсіўным дадаткам жыўцом 'у жывым стане'. Параўн. ужыванне дзеяслова з'есці і фразеалагізма жыўцом з'есці ў наступным урыўку: «З'есць мяне шэф, калі даведаецца, далібог, жыўцом з'есць...» (І.Новікаў). @

Фама няверны. Агульны для ўсходнесл. (рас. Фома неверный, укр. Хома невірний) і польск. (niewierny Tomasz) м. Чалавек, якога цяжка прымусіць паверыць чаму-н.

Заслонаў, весела смеючыся, дастаў з кішэні гімнасцёркі сваё колішняе пасведчанне... - Чытай, Фама ты няверны... (М.Лынькоў. Векапомныя дні).

Пра недаверка часам кажуць: не паверыць, пакуль не памацае. Так было і з апосталам Фамой, як пра гэта расказваецца ў евангельскай прытчы (Ян, 20, 24-29). Пачуўшы, што распяты на яго вачах Хрыстос уваскрэс, Фама сказаў, што не паверыць гэтаму, пакуль не ўбачыць і не памацае на яго руках ран ад цвікоў і не ўкладзе сваёй «рукі ў рэбры яго». І тады, як гаворыцца ў прытчы, з'явіўся перад ім Ісус і сказаў: «Падай палец твой сюды і падзівіся на рукі мае, падай руку тваю і ўкладзі ў рэбры мае, - і не будзь няверны, а верны». На аснове гэтай легенды склаўся фразеалагізм. Яго прыметнікавы кампанент - семантычны архаізм, слова, адно са значэнняў якога ўстарэла. Раней прыметнік няверны ўжываўся і са значэннем ‘які не верыць’. Часам выраз ужыв. у літаратуры і ў такім афармленні: няверны Тамаш (М.Танк), няверны Хама (Я.Колас), Фама няверуючы (А.Жалязоўскі), Хама няверуючы (А.Жук), недаверлівы Фама (М.Танк), Хама-нявернік (Ф.Янкоўскі). @

Фігавы лісток. Агульны для ўсходнесл., польск., чэшск. м. Крывадушная маскіроўка ганебных учынкаў, прыкрыцце чагосьці непрыстойнага.

Хто ў гэтай драме - герой, хто статыст, распішуць стратэг і статыстык, схаваўшы лоб за браніраваны ліст, сумленне - за фігавы лісцік (В.Вітка. Спакуса).

Узнік на аснове біблейскага падання пра першых людзей на зямлі (Быццё, 3, 7). Адам і Ева пасля выгнання іх з раю (гл. у касцюме Адама) упершыню пазналі сорам і, каб схаваць сваю галізну, зрабілі сабе паясы з лісця фігавага дрэва. Выраз атрымаў асаблівае пашырэнне ў сувязі з тым, што жывапісцы і скульптары XVI-XVIII стст., калі трэба было адлюстраваць голага чалавека, выкарыстоўвалі фігавы лісток як умоўнасць: царква не дазваляла паказваць галізну ў мастацтве. @

Фіга на талерцы. Уласна бел. Непрыемнасць для кагосьці, прыхаваная ветлівасцю, далікатнасцю.

Гэта будзе для Анішчука і яго кампаніі нешта накшталт хвігі на талерцы (І.Гурскі. Хлеб).

У ХІХ ст. фразеалагізм ужываўся ў больш поўнай форме: той жа кукіш (фіга), ды на талерцы. Ён падаецца ў зборніку І.Насовіча з такім тлумачэннем сэнсу: «кажуць, калі хто грубасць, дакор і непрыемнасці прыхоўвае формамі далікатнасці». Вызваленне ад лішніх кампанентаў, сціск выразу адбыліся непасрэдна ў жывой народнай мове, адкуль фразеалагізм трапіў у мастацкія тэксты (упершыню выкарыстаны ў 1927 г. у вершы К.Крапівы «Фіга на талерцы»). @

Фіглі-міглі. Запазыч. з польск. м. (figle-migle). Жарты, хітрыкі, спрытныя прыёмы для дасягнення чаго-н.

Шчэпкін мусіў вярнуцца, зрабіць рукамі фіглі-міглі, і толькі тады яму заапладзіравалі (А.Карпюк. След на зямлі).

Назоўнік figel, адно са значэнняў якога ў польск. м. - ‘жарт’ (figle - ‘жарты’), - сэнсаўтваральны кампанент фразеалагізма. Другі ж кампанент - прыдуманы, нематываваны, узніклы ў працэсе рыфмоўкі, падагнаны пад гукавую сіметрыю выразу, а можа, і звязаны з коранем дзеяслова migać - ‘мігаць, падміргваць’. @

Фількава грамата. Паўкалька з рас. м. Пустая паперка, несапраўдны ці няправільна напісаны дакумент.

З'явілася на тых хвалях розная шума несусветная, усялякія фуражыры-драпежнікі, якія бралі ў сялян і пошар, і коні пад шарлатанскія распіскі, фількавы граматы... (У.Дубоўка. Пялёсткі).

Узнікненне фразеалагізма растлумачваюць па-рознаму. Адны лічаць аўтарам выразу Івана Жахлівага, які нібыта пагардліва назваў маскоўскага мітрапаліта Філіпа Фількай, а яго пісьмы да цара, накіраваныя супраць апрычніны і палітыкі тэрору, - «филькиной грамотой». Другое меркаванне (М.М.Шанскі) больш пераканальнае: выраз узнік па мадэлі састаўных тэрмінаў тыпу духоўная грамата. Прыметнікавы кампанент фразеалагізма ўтварыўся ад назоўніка філька - уласна расейскага слова са значэннем ‘недалёкі чалавек, дурань’ (параўн. таксама расейскае простофиля). Першапачатковы сэнс выразу быў вузейшы, чым цяпер: ‘бязглузда складзены дакумент’. @

Хаваць галаву ў пясок. Калька з ням. м. (den Kopf in den Sand stecken). Палохаючыся, старацца ўхіліцца ад чаго-н.

Давайце не будзем хаваць галаву ў пясок - нашым юнакам і дзяўчынкам ведаў [пра маральна-палавое выхаванне] катастрафічна не хапае (Настаўн. газ. 20.05.2000).

Узнік у выніку метафарызацыі свабоднага словазлучэння, якое ўжываецца ў дачыненні да страуса. @

Хаваць (схаваць) канцы <у ваду>. Агульны для ўсходнесл. м. (рас. прятать концы <в воду>, укр. ховати кінці <в воду>). Спрытна знішчаць ці ўтойваць тое, што было доказам віны.

Каб схаваць канцы ў ваду, прынялі Саламонава рашэнне: перадаць завод на баланс калгаса «Прагрэс» (І.Дуброўскі. Незамкнуты круг).

Відаць, узнік на аснове фразеалагізма канцы ў ваду. @

Хаджэнне на галаве (галовах). Агульны для ўсходнесл. м. Бурнае свавольства, гарэзлівасць (звычайна з боку дзяцей).

Па-мойму, «хаджэнне на галовах» на ўроках павінен, пры неабходнасці скідвання назапашанай энергіі, «арганізаваць» сам настаўнік (Н.Цыпіс. Настаўнік - галоўны чалавек у дзяржаве).

Вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма хадзіць на галаве (галовах), які абазначае ‘вельмі сваволіць, дурэць; рабіць, што захочацца’. @

Хадзіць гогалем. Агульны для ўсходнесл. м. Мець бравы, незалежны выгляд, трымацца зухавата.

[Ермашоў:] Майце на ўвазе: калі ўбачу ў каго з вас у вачах сум - ласкі маёй не чакай!.. Тут мы адзін на адзін яшчэ можам паўздыхаць, а пры байцах - хадзі гогалем! (К.Губарэвіч. Брэсцкая крэпасць).

Утвораны на аснове свабоднага словазлучэння, у якім дзеяслоў спалучаецца з назоўнікам у форме творнага параўнальнага склону. Гогалем - ‘як гогаль’, дзе гогаль - ‘вадаплаўная птушка з сямейства качыных’. Яна ходзіць павольна і перавальваючыся, нібы важная, самазадаволеная асоба. @

Хадзіць (захадзіць) ходырам (хадуном). Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘моцна хістацца, калыхацца’ і ‘бурна праяўляцца, прыходзіць у рух (пра справы, падзеі і пад.)’.

Захадзілі жорны хадуном, аж трасуцца сцены ветраковы (Я.Непачаловіч. Вятрак). Ходзіць ходырам свет цэлы, смела ў бітву йдзе нясмелы, у бой за лепшы час (Я.Купала. Час!).

Узнік па мадэлі таўталагічных выразаў тыпу есці поедам, прападзі пропадам. Сэнсаўтваральным тут выступае дзеяслоў хадзіць, выкарыстаны ў сваіх перыферыйных значэннях. Далучанае да дзеяслова аднакаранёвае прыслоўе ходырам ці хадуном, неўжывальнае па-за гэтым фразеалагізмам, дапаўняе яго значэнне семай узмацняльнасці, робіць выраз экспрэсіўным сродкам. @

Хадзячая газета. Калька з анг. (walking newspaper) ці паўкалька з франц. (gazette vivante, літаральна «газета жывая», або gazette du quortier, дзе 1-е значэнне - ‘бульварны лісток’, а 2-е - ‘мясцовы пляткар’) м. Чалавек, які распаўсюджвае розныя навіны і чуткі.

«Ці тут падманулі, ці там?» - вырашалі адны заблытаную дылему, а другія, якіх звычайна называюць «хадзячай газетай», з палёгкай уздыхнулі: ніяк не маглі яны змірыцца з тым, што іншыя разнеслі навіну ў масах - такія ўвогуле ніколі, нікому і нічому не вераць, але вельмі крыўдзяцца, калі не вераць ім (А.Кудласевіч. «Жэзл Жалезны»).

У аснове фразеалагізма - нерэальная вобразнасць, якой і матывуецца яго сэнс. @

Хадзячая энцыклапедыя. Паўкалька з франц. (encyclopédie ambulante) ці калька з ням. (ein wandelndes Leksikon) м. Чалавек, які валодае самымі разнастайнымі ведамі.

Сяргея нездарма звалі «хадзячай энцыклапедыяй». ён слова ў слова прадоўжыў верш (В.Жуковіч. Як адна вясна).

У аснове фразеалагізма - нерэальная вобразнасць, якой і матывуецца яго сэнс. @

Хадзячы анекдот. Агульны для ўсходнесл. м. Чалавек, дзеянні ці ўчынкі якога здаюцца дзівацкімі.

Цяпер, калі падумаць, то не зразумела, з якой прычыны Федзя абазваў тады Любу імем вясковай жанчыны, якая была ў сяле хадзячым анекдотам (І.Грамовіч. На крутой гары).

Утвораны шляхам мадэліравання - на ўзор фразеалагізмаў хадзячая газета і хадзячая энцыклапедыя, якія з'яўляюцца калькамі ці паўкалькамі з заходнеэўрапейскіх моў. @

Халодная вайна. Калька з анг. м. (cold war). Непрыязныя, варожыя адносіны паміж кім-н.

- Там у нас цяпер халодная вайна. - Як гэта халодная вайна? Паміж кім і кім? - Паміж мамай і бацем. Ён на яе злуецца, крычаць пачынае, а яна быццам не заўважае яго (Я.Радкевіч. Сутокі дзён).

Склаўся на аснове адпаведнага састаўнога тэрміна, які ўпершыню быў ужыты ў 1946 г. у выступленні прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі Ў.Чэрчыля ў Фултане і служыў для абазначэння варожай палітыкі капіталістычных дзяржаў у адносінах да Савецкага Саюза ва ўмовах афіцыйнага міру. @

Хапацца (ухапіцца) абедзвюма рукамі за што. Агульны для ўсходнесл. м. (рас. хвататься обеими руками, укр. хвататися обома руками). З вялікай ахвотай скарыстоўваць што-н.

Ніводзін з памянёных маіх паходаў не звязаны з турызмам. Усё гэта рабілася пры выпадках і па неабходнасці, хаця за такія выпадкі я заўсёды хапаўся абедзвюма рукамі (У.Корбан. Цеплаход ідзе на Поўнач).

Утвораны на аснове свабоднага словазлучэння ў выніку яго пераасэнсавання, пераносу дзеяння з канкрэтных прадметаў, за якія можна ў прамым сэнсе хапацца абедзвюма рукамі, на абстрактныя. @

Хапацца (хапіцца) за галаву. Агульны для ўсходнесл. м. Разгубіўшыся, не ведаць, што рабіць, прыходзіць у адчай.

[Пятру Тадаровічу] пашанцавала, і ён адгарадзіўся ад усяго свету! Але ўжо ў наступную хвіліну ён хапіўся за галаву: сапраўды ён выразна чуў артылерыйскую кананаду (К.Чорны. Семнаццаць год).

Фразеалагізм жэставага паходжання. Тут унутраны стан чалавека апісваецца праз яго знешні выгляд. @

Хварэць (захварэць) на пана. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі ‘доўга спаць, вылежвацца’ і ‘весці сябе высакамерна, фанабэрыста, выяўляючы нечаканыя звычаі, імкненне да раскошы і пад.’.

Дзед-жабрак прачнуўся рана, будзіць хлопца. - Уставай! Хварэць нечага на пана, хоць падзяку людзям дай! (Я.Колас. Сымон-музыка). Бач, захварэў на пана... Няма таго, каб аддаць дабрыдзень, з людзьмі па-людску паздароўкацца... (І.Аношкін. Букет бэзу).

Выраз з паэмы Я.Коласа «Новая зямля» (1923). Ужыты ў такім кантэксце: «У будныя дні ўставалі рана: няма калі хварэць на пана». Утвораны па сінтаксічнай мадэлі хварэць на сухоты і, відаць, пад уплывам устойлівага словазлучэння панская хвароба, якое ўжываецца іранічна пры ацэнцы таго, хто «з-за ляноты прытвараецца хворым і не ідзе на работу» (І.Насовіч). @

Хвост падтуліць (падціснуць). Фразеалагізм з такой вобразнасцю і значэннем ёсць таксама ў рас. (поджать хвост), укр. (піджати хвіст), балг. (свия си опашка), серб.-харв. (подвити реп) м. Яго сэнс - ‘спалохаўшыся, стаць асцярожным’.

Ідзі, ідзі, погань буржуйская... Бач, хвост падціснуў, калі на лапы наступілі... (М.Лынькоў. Міколка-паравоз).

Выраз узнік у выніку пераносу на чалавека дзеянняў і ўласцівасцей ваўка ці сабакі: воўк звычайна ходзіць, падтуліўшы хвост; сабака, калі на яго накрычыць гаспадар, бяжыць з падтуленым хвастом у будку. Параўн. выкарыстанне фразеалагізма з агаленнем яго вобразнасці: «А Воўка сядзеў, як той цюцька, падтуліўшы хвост, і маўчаў, нічога не казаў матцы» (Л.Арабей). @

Хлеб адбіць у каго. Агульны для ўсходнесл. м. (рас. хлеб отбить, укр. хліб відбити). Пазбавіць кагосьці заробку, узяўшыся за тую самую працу, справу.

Хэ-хэ... Ты хочаш хлеб адбіць у мяне... Ды ці толькі ў мяне, тут і па будаўнічай лініі ці мала чаго намудравана... (М.Зарэцкі. Вязьмо).

Узнік у выніку зліцця паасобных значэнняў у агульнае аналітычнае значэнне, якое суадносіцца са словамі адбіць і хлеб у свабодным ужыванні: адбіць - ‘сілком адабраць што-н.’, хлеб - ‘сродкі існавання’. @

Хлеб надзённы. Паўкалька з царк.-слав. м. Выраз паходзіць з малітвы, прыведзенай у Евангеллі (Мацвей, 6, 11): «Хлеб наш насущный даждь нам днесь» (хлеб, патрэбны для існавання, дай нам на гэты дзень).

Сымон добра ведаў цану жыцця. І з першага курса самому даводзілася яму зарабляць на хлеб надзённы (Р.Барадулін. Чысціня). Непакой за цябе, зямля мая, - мой хлеб надзённы (М.Танк. Мой хлеб надзённы).

У сучаснай бел. м. фразеалагізм ужываецца і са сваім першасным значэннем - ‘неабходныя сродкі для жыцця’, і з новым, якое развілося на яго аснове, - ‘самае важнае, самае неабходнае’. @

Хлеб-соль. Усходнесл. Ужыв. са значэннямі: 1) пачастунак, 2) харч, ежа, 3) турботы, апека, 4) каму, прыемнага, добрага апетыту (пажаданне таму, каго засталі за ядой).

Выбачайце за нечаканы візіт. Дзякуем за хлеб-соль, жадаем здароўя (Э.Валасевіч. Бывайце здаровы). Падзяляю з сяброўкай тайну, з падарожнікам хлеб-соль (Я.Янішчыц. Я дзяліць не перастану...). За ўсё, што сёння маю, што даў мне мой народ: за кут у родным краю, за хлеб-соль без клапот, - я адплаціў народу, чым моц мая магла: зваў з путаў на свабоду, зваў з цемры да святла (Я.Купала. За ўсё). - Хлеб-соль вам! - гукнуў Сілівей Зязюля, і не паспелі яго запрасіць за стол, як ён сам прысеў на край лаўкі (В.Каваль. Шчасце Сілівея Зязюлі).

Узнікненне фразеалагізма (у яго 1-м значэнні) звязана з даўнім звычаем, вядомым са старажытных часоў: сустракаючы жаданага госця, яму падносілі як знак павагі бохан хлеба і соль. Гэты звычай гасціннасці і цяпер жыве: «Паважна старыя вітаюць наркома, падносяць хлеб-соль, караваі і мёд» (Я.Купала). Астатнія тры значэнні развіліся ў фразеалагізме на аснове першага. @

Ход канём. Агульны для ўсходнесл. м. Спрытны, абходны манеўр.

Юрыдычна ва ўсім вінаваты Гарошка. А Курбатаў - яго зяць. І ён зможа справу загладзіць. У гэтым напрамку я ўжо тое-сёе прадпрыняў. Гэта, так сказаць, - ход канём (А.Макаёнак. Выбачайце, калі ласка).

Выраз узнік параўнальна нядаўна і ўвайшоў у літаратурны ўжытак з мовы шахматыстаў. Конь ходзіць не па прамой лініі ці дыяганалі, як іншыя фігуры, а літарай «Г», таму яго хады звычайна не чаканыя для праціўніка. @

Хоць гаць гаці каго, чаго, кім, чым. Агульны для бел. і ўкр. (хоч гать гати) м. Вельмі многа каго-, чаго-н.

[Бацька:] Вакол нас ворагаў хоць гаць гаці. Яны толькі таго і чакаюць, каб на нас зноў хамут усцягнуць (Я.Бяганская. Далёка на Поўначы).

Склаўся на аснове свабоднага словазлучэння гаць гаціць, дзе гаціць абазначае ‘рабіць гаць, пракладаць дарогу цераз балота ці гразкае месца’, а гаць - ‘насціл з бярвення, галля, ламачча; грэбля’. На такі насціл нярэдка ішло вялікае мноства рознага матэрыялу. @

Хоць гвалт крычы. Агульны для бел. і ўкр. (хоч гвалт кричи) м. Ужыв. як выказванне адчаю са значэннем ‘склалася цяжкае, бязвыхаднае становішча’.

Дынастыя майстроў так званай доўгай пугі даўно ў вёсцы перавялася, і цяпер, як надыходзіць лета, хоць гвалт крычы - ніхто не хоча ісці ў пастухі (М.Ракітны. Пятроўскі касманаўт).

Утвораны па мадэлі шматлікіх фразеалагізмаў са структурай даданага ўступальнага сказа (хоць + дзеяслоў загаднага ладу з залежным ад яго назоўнікам). Першапачаткова мнагазначнае слова гвалт у гэтым выразе ўспрымалася як выклічнік з тым жа значэннем - клічам аб паратунку «ратуйце», з якім гэты выклічнік ужываецца, напрыклад, у такім кантэксце: «- Гвалт! - крычыць. - Ратуйце, людзі!» (К.Крапіва). @

Хоць зубы на паліцу кладзі (лажы) калі, пры якой умове. Уласна бел. Зусім няма чаго есці.

Настала, бадай, самая цяжкая пара ў жыцці кляноўцаў - хоць зубы кладзі на паліцу (А.Асіпенка. Жыта).

У аснове фразеалагізма - гіпербалічны вобраз, матываваны практычнай, гумарыстычна афарбаванай развагай: калі няма чаго есці, дык і няма занятку зубам, а таму хоць кладзі іх на паліцу. @

Хоцькі-няхоцькі. Уласна бел. Насуперак жаданню, незалежна ад жадання, старання каго-н.

Хоцькі-няхоцькі прыйшлося выбрацца з роднага гнязда (З.Бядуля. Дванаццацігоднікі).

Утвораны на аснове тоеснага выразу хочаш не хочаш, складаецца з кампанентаў, неўжывальных па-за фразеалагізмам. @

Хоць кол на галаве чашы каму. Агульны для ўсходнесл. м. (рас. хоть кол на голове теши, укр. хоч кіл на голові теши). Немагчыма пераканаць каго-н., растлумачыць каму-н. што-н. (пра ўпартага, няўступчывага чалавека).

Палажка адразу прымоўкла - ведала Антонаў характар: калі ўжо задумае што, дык назад не заверне, хоць кол на галаве чашы (М.Даніленка. Сініца ў руцэ).

У аснове фразеалагізма - нерэальны вобраз, заснаваны на гіпербале, на ўяўленні аб вельмі моцнай галаве, якую нічым не праб'еш. Параўн. прыметнік цвердалобы ‘вельмі ўпарты’. @

Хоць патоп. Калька з франц. м. (aprés nous le déluge, літаральна «пасля нас хоць патоп»). Ужыв. пасля слоў а там, пасля і інш. і абазначае ‘не мае значэння для каго-н., не хвалюе, не кранае каго-н.’.

Яму [Антушкову] было важна закрыць па ўсіх паказчыках год, а там хоць патоп (В.Супрунчук. Жывеш толькі раз).

Лічаць, што выраз пасля нас хоць патоп належыць франц. каралю Людовіку XV (1710-1774). У часы яго праўлення амаль уся ўлада была ў руках фаварытак. Калі яму аднойчы паведамілі пра цяжкае эканамічнае становішча ў краіне і пагрозлівае нарастанне пратэсту народных мас, то разбэшчаны дэспат нібыта сказаў: «Манархія пратрымаецца, пакуль мы жывыя, а пасля нас хоць патоп». Паводле іншых крыніц, фраза прыпісваецца фаварытцы гэтага караля маркізе Пампадур. Яна сказала яе ў 1757 г., каб суцешыць караля пасля паражэння яго войск. @

Хоць разарвіся каму. Агульны для ўсходнесл. м. (рас. хоть разорвись, укр. хоч разірвися). Ужыв. са значэннямі ‘каму-н. неабходна адразу рабіць некалькі спраў’ і ‘нягледзячы ні на якія старанні, намаганні; што ні рабі (не выходзіць, не атрымліваецца што-н.)’.

У каго дзесяць якіх дзесяцін ці, скажам, чатырнаццаць, як у мяне, таму няўпраўка, таму хоць разарвіся (П.Галавач. Праз гады). А кабыла Андрэева - важная кабыла! Не скора такую цяпер набудзеш. Чалавеку цяпер проста хоць ты разарвіся з жалю (К.Крапіва. Мядзведзічы).

Узнік, відаць, на вобразнай аснове фразеалагізма разрывацца на часткі і сэнсава суадносіцца з ім у сваім першым значэнні. @

Хоць рэпку спявай. Агульны для ўсходнесл. м. Выказванне роспачы, адчаю, бяссілля, немагчымасці зрабіць штосьці, каб выйсці з цяжкага становішча.

Горка, горка давядзецца, ты старога запытай. Ой, часамі так прыпрэцца, што хоць рэпачку спявай! (Я.Колас. Сымон-музыка).

У старажытнасці рэпкай называлі спецыяльныя, мудрагелістыя абцугі, верхняя палавінка якіх знешне падобная на рэпку. Гэта быў інструмент для катавання. Ім так сціскалі ногці, што ахвяра пачынала прызнавацца, а то і нагаворваць абы-чаго на сябе і на другіх. Рэпка змушала чалавека плакаць. Відаць, тыя, хто паспытаў яе, склалі ў гонар рэпкі песню-галашэнне, не зусім, як зазначае Ў.Даль, прыстойную. @

Хоць святых вынось. Агульны для ўсходнесл. м. Няма сіл цярпець што-н.; нясцерпна, нязносна для іншых.

Адно кепска - пад раніцу паветра стала гэткае, што хоць, як кажуць, святых вынось... (М.Машара. Ішоў дваццаты год).

Узнікненне фразеалагізма звязана з умовамі старога быту, звычаем шанавання ікон. Абразы, якія можна было бачыць у кожным доме над застоллем, называліся «святымі». У выпадку пажару першымі выносіліся з агню абразы. У прысутнасці «святых» нельга было дапускаць нічога грэшнага. Стараверы, напрыклад, калі такое здаралася ў іх хаце, завешвалі абразы або пераносілі іх куды-небудзь. Такім чынам, хоць святых вынось - гэта першапачаткова ‘хоць абразы вынось’ (бо пачалося нешта абразлівае для «святых» - шум, хлусня і г.д.). @

Хоць у плуг запрагай каго. Уласна бел. Хто-н. вельмі моцны, здаровы.

- Доктар! Я здаровы, як бык... - Што яго глядзець?! Гэтага буйвала хоць у плуг запрагай... (Я.Палубятка. Дуралесіца).

У аснове выразу - гіпербалічнае супастаўленне з канём (паводле сілы, стану здароўя). @

Хоць у пятніцу. Уласна бел. Абазначае ‘у любы момант, у самы блізкі час’, ужыв. пры словах замуж, жаніць.

Хлапец мае семнаццаць гадоў (жаніць хоць у пятніцу можна), ды з падшывальцамі гешэфты вядзе. Куды гэта падобна! (Л.Калюга. Ні госць ні гаспадар).

Першапачатковы сэнс выразу - ‘хоць у той дзень, калі не дазвалялася спраўляць вяселле’. Вясельным днём была нядзеля. Пятніца з часоў язычніцтва лічылася нерабочым днём. Гэта традыцыя захоўвалася ў Беларусі доўгі час. Яшчэ ў канцы XIX ст., як сведчыць С.Максімаў, у пятніцу нельга было шыць, купаць дзяцей, мыць бялізну; «калі ў Велікарусі засталіся ў народнай памяці і ў пашане толькі тры пятніцы.., у Беларусі.. небяспечныя і страшныя ўсе пяцьдзесят дзве». «Хто ў пятніцу спявае, то ў нядзелю адплача» - народная прымета і перасцярога, занатаваная М.Федароўскім. @

Хоць у сабакі вачэй пазыч каму. Уласна бел. Вельмі сорамна, непрыемна.

- Ой, Валодзя, - кажу, а самому, зноў жа, хоць у сабакі вачэй пазыч, - дык жа мне ўжо во, Шмулька - абагнаў [бульбу] і пабаранаваў. Ты ўжо, калі ласка, не крыўдуй, што так выйшла... (М.Гіль. Як я абганяў бульбу).

Узнік як якаснае адлюстраванне пэўнага стану чалавека праз супастаўленне з сабакам, вобраз якога ў народным уяўленні звязваецца часцей з негатыўнымі адзнакамі, чым са станоўчымі. Гэта бачым і ў шэрагу прыказак ды фразеалагізмаў: «сабака і на Бога брэша», «сабаку і сабачая смерць», «воўк сабакі не баіцца, але звягі не любіць», «пусціцца ў сабачую скуру», «(прапасці) за сабаку», «па сабаку з рота скача» і г.д. @

Хочаш не хочаш. Агульны для ўсходнесл. м. Насуперак жаданню, незалежна ад жадання, старання каго-н.

Каб магла, яна [Надзя] б і ні адзіную хвіліну не асталася тут. Але, хочаш не хочаш, трэба ж адбыць гэты цяжкі абавязак... (М.Лынькоў. Векапомныя дні).

Відаць, утвораны па аналогіі з ужо існуючым, сэнсава тоесным выразам воляй-няволяй, які з'яўляецца калькай з лац. м. (volens nolens). @

Хто ёсць хто. Калька з анг. м. (who is who). Што ўяўляюць сабой тыя ці іншыя людзі, чаго варты хто-н.

Дастаткова «дапытаць з прыдзіркамі» ўсіх, хто на той час працаваў у Цэнтральным аддзеле, - і стане зразумелым, хто ёсць хто (В.Праўдзін. Танцавальны марафон).

Паходзіць ад назвы штогадовага бібліяграфічнага даведніка, які выдаецца ў Вялікабрытаніі, ЗША і некаторых іншых краінах. @

Хто ў лес хто па дровы. Паўкалька з рас. м. (кто в лес кто по дрова). Нязладжана, нядружна, уразброд (спяваць, гаварыць і пад.).

Адным словам, у сэнсе палітычна-партыйным цягнулі нашы лектары «хто ў лес хто па дровы»... (М.Гарэцкі. Віленскія камунары).

Лічаць, што выраз паходзіць з байкі І.А.Крылова «Музыканты» (1808), дзе пра няўмелых спевакоў гаворыцца: «Запели молодцы: кто в лес, кто по дрова...». У іншых мовах, апрача бел. і рас., не сустракаецца, яго перакладаюць адпаведнікамі: укр. хто у луг, а хто у плуг; польск. jeden do Sasa, drugi do lasa і г.д. У бел. літаратурнай м. ёсць сінанімічны выраз хто ў плот хто ў гарод.