##ShortTitle: Сацыялогія ##LongTitle: Малы тлумачальны слоўнік сацыялагічных тэрмінаў ##FrontpageTitle: Малы тлумачальны слоўнік сацыялагічных тэрмінаў ##ExpandArticle: true ##Type: enc ##HTMLDescription_BEGIN Створана на падставе:
Элан Сўінджвуд. Сціслая гісторыя сацыялагічнай думкі. (Дадатак) Менск: Тэхналогія, 1999. ISBN 985-6234-68-5
Укладальнік: Уладзімір Маруцік



##HTMLDescription_END @Аб'ектывацыя (objectification), тэрмін марксізму, запазычаны з філасофіі Г.В.Ф.Гегеля; абазначае рэалізацыю навонкі суб'ектыўных намераў асобы. @Агнастыцызм (agnosticism), кірунак у філасофіі, прыхільнікі якога лічаць немагчымым спазнанне свету. @Адаптацыя (adaptation),

1) у структурным функцыяналізме адна з функцыянальных перадумоваў сацыяльнае сістэмы, якая забяспечвае прыстасаванне сацыяльнае сістэмы да таго асяроддзя, у якім яна існуе; гл. таксама дасягненне мэтаў, інтэграцыя, латэнтнасць, перадумовы функцыянальныя;

2) прыстасаванне асобы да сацыяльнага асяроддзя (класіфікацыю тыпаў адаптацыі даў Р.Мэртан), найперш да ўхваленых грамадствам мэтаў дзейнасці асобы і сродкаў дасягнення тых мэтаў, якімі дзеяча забяспечваюць інстытуцыі грамадства; гл. таксама канфармізм, навацыя, паўстанне, рытуалізм, хаванне. @Адчужэнне (alienation), тэрмін марксізму, пазычаны з філасофіі Г.В.Ф.Гегеля; абазначае працэс, цягам якога чалавеку чужэе вонкавы свет і іншыя людзі;

адчужэнне працы (alienation of labour), паводле Маркса, з'ява, уласцівая капіталістычнаму грамадству, дзе пэўны клас (пралетарыят) пазбаўлены права ўласнасці на ўсё, у тым ліку і на вынікі сваёй працы; праца робіцца чужою для таго, хто яе выконвае, бо яе вынікі належаць іншым. @Азначальнік (signifier), аб'ект, выразнік нейкага значэння; паняцце семіялогіі Р.Барта. @Азначанае (signified), рэч або вобраз, якім надаюць пэўнае ўмоўнае значэнне; тэрмін семіялогіі Р.Барта. @Азначэнне,

1) (definition), дэфініцыя, акрэсленне паняцця;

2) (signification), акт надання ўмоўнага значэння, сэнсу пэўнаму знаку (якім можа быць нейкая рэч або вобраз); тэрмін семіялогіі Р.Барта. @Альтэрнатывы функцыянальныя (functional alternatives), тэрмін структурнага функцыяналізму, абазначае сацыяльныя інстытуцыі, якія могуць выконваць у грамадстве аднолькавую функцыю; гл. таксама субстытут функцыянальны. @Аномія (anomie), тэрмін, прапанаваны Э.Дзюркеймам для азначэння стану грамадства, калі перастае дзеяць адзіная сістэма ўхваленых узораў паводзінаў; літаральна «адсутнасць закону» (з ст.-грэц.). @Анталогія (ontology), раздзел філасофіі, у якім вывучаюць нязменныя падставы сусвету, быццё. @Антыномія (antinomy), разумовая (інтэлектуальная) супярэчнасць, недарэчнасць, парадокс; у сціслым значэнні «тое, што пярэчыць закону, правілу» (з ст.-грэц.). @Арганіцызм (organicism), метадалагічны падыход у сацыяльных навуках, прыхільнікі якога параўноўваюць грамадства з арганізмам, а пэўныя грамадскія ўстановы - з пэўнымі органамі чалавечага цела, найбольш яскравы прыклад - сацыялогія Г.Спэнсэра. @Артэфакт (artefact), кожная штучна створаная рэч; прадукт дзейнасці чалавека. @Асабістасць,

1) (self), суб'ектыўны аспект асобы, перадусім яе здольнасць да адвольнага дзеяння, яе свабодная воля;

2) (I), у тэорыі Дж.Г.Міда паняцце, якое абазначае вобраз маёй асобы маімі ўласнымі вачыма, «я-сам» ці «я-сам-для-сябе»; гл. таксама асабовасць, асоба, дзеяч, індывід;

асабістасць люстраная (looking-glass self), канцэпцыя Ч.Кулі, паводле якой асабістае «Я» чалавека - складаная і вельмі суб'ектыўная рэальнасць, якую ўтвараюць тры элементы: уяўленне пра тое, як я выглядаю ў вачах іншых людзей; меркаванне аб тым, што яны думаюць пра мяне, і пачуццё, якое я маю ў звязку з іх стаўленнем да мяне. @Асабовасць,

1) (personality), аб'ектыўны аспект асобы, перадусім сукупнасць яе адметных, непаўторных рысаў; тое, што робіць індывіда асобаю, унікальным суб'ектам, адметным ад іншых людзей;

2) (me), у тэорыі Дж.Г.Міда паняцце, якое абазначае вобраз маёй асобы вачыма іншых людзей, «я-для-іншых»; гл. таксама асабістасць, асоба, дзеяч, індывід. @Асоба (person), аўтар вольнага выбару і дзеяння; гл. таксама асабістасць, асабовасць, дзеяч, індывід. @Асяроддзе (фр. milieu, анг. environment), паняцце, уведзенае ў сацыяльную тэорыю Ш.Мантэск'ё, якое абазначае не «натуральнае», а «грамадскае асяроддзе», або «атачэнне» - пэўныя сацыяльныя інстытуцыі, традыцыі і звычаі, што ўтвараюць грамадскі кантэкст, у якім дзейнічае асоба; гл. таксама адаптацыя, канфармізм, навацыя, паўстанне, рытуалізм, хаванне. @Атамізм (atomism), метадалагічны падыход, заснаваны на дапушчэнні, што вывучаная з'ява ёсць толькі мноствам адзінкавых элементаў, якія не ўтвараюць незалежнай ад іх цэласці; у сацыяльнай тэорыі прыхільнікі таго падыходу (напрыклад, Г.Тард, Г.Зімэль, М.Вэбэр і г.д.) звычайна лічаць, што не існуе нейкага грамадства, незалежнага ад асобаў, што яго складаюць; грамадства, на іхную думку, ёсць толькі сумаю ўсіх індывідаў і іхных дачыненняў паміж сабой; падыход, блізкі метадалагічнаму індывідуалізму і процілеглы халізму і метадалагічнаму калектывізму. @Безасабовы (impersonal), вызначаны для ўсіх, без увагі на асабістыя абставіны таго ці іншага індывіда. @«Белыя каўняры» (white collars), катэгорыя работнікаў бізнесовых кампаніяў, занятых службовай працаю (у адрозненне ад так званых «блакітных каўняроў» - работнікаў, што выконваюць фізічную працу). @Бігэйвіярызм (behaviourism), кірунак у псіхалагічнай навуцы (заснавальнік Дж.Ўотсан), прыхільнікі якога свядома адмаўлялі магчымасць і патрэбу вывучэння суб'ектыўных фактараў у паводзінах чалавека (свядомасць), даследуючы толькі бачныя, так бы мовіць, аб'ектыўныя паводзіны (учынкі або рэакцыі на пэўныя стымулы). @Браць паставу (taking the attitude), спосаб, якім дзіця засвойвае культуру (узоры паводзінаў), пераймаючы паводзіны дарослых; напрыклад, дзяўчынка, якая гуляе з лялькамі, бярэ паставу (пераймае ролю) уласнай маці; гл. таксама гульня, значны іншы, ігра, інтэракцыянізм сімвалічны, інтэрналізацыя, сацыялізацыя. @Валадарства (authority), права (у адрозненне ад проста здольнасці) прымаць рашэнні і патрабаваць іх выканання. @Валюнтарызм (voluntarism), кірунак у сацыяльнай філасофіі, прыхільнікі якога лічаць гістарычны працэс непрадказальным, бо ён творыцца адвольнымі ўчынкамі асобаў. @Вартасць (value),

1) тэрмін эканамічнай тэорыі, які абазначае каштоўнасць тавару з розных гледзішчаў;

2) этычная каштоўнасць;

вартасць абменная (exchange value), каштоўнасць тавару з увагі на магчымасць ягонага абмену на іншыя тавары;

вартасць дадатковая (surplus value), тэрмін эканамічнай тэорыі К.Маркса, абазначае тую частку вартасці вырабленых тавараў, якая дадаецца да вартасці скарыстаных сыравіны і абсталявання працаю работніка, які стварыў той прадукт;

вартасць спажывецкая (use value), каштоўнасць тавару з пункту гледжання яго спажывання. @Вось (axis), паняцце тэорыі пасляіндустрыйнага грамадства Д.Бэла, якое абазначае прынцып арганізацыі грамадскага жыцця як наагул, так і ў асобных сферах (эканоміцы, палітыцы, культуры). @Вытворныя (derivations), паняцце сацыялогіі В.Парэты, якое абазначае рацыянальныя (г.зн. разумныя) тлумачэнні асобаю сваіх учынкаў (часцей за ўсё неразумных, ці, як казаў Парэта, алагічных) і аб'ектыўных падзеяў; гл. таксама рацыяналізацыя. @Гаворка (анг. speech, фр. parole), адно з двух галоўных апазіцыйных паняццяў у структуралістычным мовазнаўстве Ф. дэ Сасюра; абазначае штодзённыя, несістэмныя моўныя паводзіны індывідаў, што розняцца ад мовы як чагосьці сістэматызаванага, упарадкаванага; гл. таксама мова, маўленне. @Гегемонія (hegemony), паняцце, уведзенае ў сацыяльную навуку італійскім марксістам А.Грамшы, якое абазначае панаванне пэўнай групы ў грамадстве не толькі ў палітычным ці ў эканамічным аспектах, а найперш у культуры ды ідэалогіі; г.зн. культуру ці светапогляд тае групы вызнае і падзяляе бальшыня грамадзян. @Геданізм (hedonism), плынь у этыцы, ці маральнай філасофіі, прадстаўнікі якой лічаць, што чалавек кіруецца ў сваіх паводзінах прагай асабістага задавальнення, уцехаў. @Герменеўтыка (hermeneutics), напачатку метад тлумачэння тэкстаў, перадусім рэлігійных, пазней увогуле метад вытлумачэння суб'ектыўных значэнняў, выказаных у тэкстах і паводзінах; першым, хто апісаў працэдуру герменеўтычнага тлумачэння, быў нямецкі тэолаг Шлеэрмахер; у сацыялогіі заснавальнікам гэткага падыходу (які тут завецца інтэрпрэтацыйнаю сацыялогіяй) быў В.Дыльтэй, а ягонымі паслядоўнікамі - Г.Зімэль і М.Вэбэр. @Гістарыцызм (historicism), паняцце ўведзенае К.Р.Попэрам, аўстрыйска-брытанскім філосафам, логікам і метадолагам навуковага даследвання дзеля абазначэння кірунку ў сацыяльнай філасофіі, заснаванага на перакананні, што існуюць аб'ектыўныя гістарычныя законы, якія нельга змяніць дзеяннямі індывідаў, на тым, што, адкрыўшы іх, даследнік здолее прадказваць будучае развіццё чалавецтва; прадстаўнікамі таго філасафічнага кірунку, на думку Попэра, былі Плятон, Арыстотэль, Гегель, Маркс. @Гледзішча, тое сама, што і пункт гледжання, перспектыва. @Грамада, тое сама, што і супольнасць. @Грамадзянства, тое сама, што і грамадзянская супольнасць. @Грамадства (society),

1) наагул кожная самадастатковая супольнасць людзей;

2) навачасны тып сацыяльнай арганізацыі, процілеглы традыцыйнай грамадзе;

грамадства індустрыйнае (industrial society), паняцце, уведзенае ў сацыялогію А. дэ Сэн-Сымонам дзеля абазначэння новага тыпу грамадства, што запанаваў пасля заняпаду традыцыйнага, ці перадіндустрыйнага, грамадства, і дзе найважнейшае значэнне набывае прадукцыйнасць працы, «працавітасць» (industria з лац.), якая вызначае ўсё сацыяльнае жыццё;

грамадства масавае (mass society), адно з найбольш плённых паняццяў сацыяльнай філасофіі і сацыялогіі ХХ ст., якое распрацоўвалі гішпанскі філосаф Х.Артэга-і-Гасэт, К.Мангайм, сябры франкфурцкае школы ды іншыя даследнікі; паводле тае канцэпцыі, у Новыя часы адбылося выйсце на гістарычную сцэну масаў (так званае «паўстанне масаў»), якія сталі галоўным суб'ектам гісторыі, у адрозненне ад папярэдніх эпохаў, калі ўсё вырашалі нешматлікія арыстакратычныя эліты; да фармавання і ўздыму масаў спрычыніліся рынкавая эканоміка (масавая вытворчасць тавараў) і ліберальная дэмакратыя (агульнае выбарчае права), якія пазбавілі асобу незалежнасці, зрабілі чалавечыя стасункі ананімнымі, безасабовымі, медыяванымі рэчамі; менавіта з фармаваннем гэтага грамадства даследнікі звязвалі пашырэнне ў ХХ ст. таталітарных палітычных ідэалогіяў і рэжымаў;

грамадства мілітарнае (militant society), у канцэпцыі Г.Спэнсэра тып грамадства, які папярэднічае індустрыйнаму грамадству, адметны адсутнасцю сацыяльнай дыферэнцыяцыі, вельмі простай структураю; галоўную ролю ў сацыяльнай арганізацыі гэткага тыпу грае збройная сіла, гвалт, а не прадукцыйнасць працы ці стан эканомікі, як у індустрыйным грамадстве;

грамадства навачаснае (modern society), грамадства, якое зведала мадэрнізацыю, найперш індустрыялізацыю і ўрбанізацыю; грамадства Новых часоў;

грамадства пасляіндустрыйнае (post-industrial society), канцэпцыя Д.Бэла, згодна з якой замест індустрыйнага грамадства прыходзіць новы тып сацыяльнай арганізацыі, які розніцца ад папярэдняга тым, што тут важнейшую ролю граюць веды і інфармацыя, а не прадукцыйнасць працы, як у індустрыйным грамадстве; таму ўлада ў новым грамадстве, на думку Бэла, будзе належаць так званаму «абазнанаму класу» - навукоўцам, наагул экспертам, а не эканамічным агентам, ці бізнесоўцам; апрача таго, пасляіндустрыйнае грамадства арганізаванае не паводле аднаго прынцыпу, што ўласціва для індустрыйнага грамадства, дзе ўсё вызначае прадукцыйнасць працы, а кожная з сфераў грамадскага жыцця падпарадкуецца свайму ўласнаму прынцыпу («восі»);

грамадства перадіндустрыйнае (pre-industrial society), тып грамадства, які папярэднічае індустрыйнаму грамадству; звычайна атаясамліваюць з традыцыйным грамадствам, тыпам сацыяльнай арганізацыі, што панаваў перад пачаткам Новых часоў;

грамадства традыцыйнае (traditional society), тып сацыяльнай арганізацыі, які, паводле сацыёлагаў, папярэднічаў індустрыйнаму грамадству; найважнейшым прынцыпам такога тыпу грамадства ёсць перайманне й захаванне традыцыі, а не прадукцыйнасць працы, як у індустрыйным грамадстве. @Група, сацыяльная група (group, social group), кожнае згуртаванне індывідаў;

група адмоўна ўпрывілеяваная (negatively privileged group), тэрмін Вэбэравай тэорыі сацыяльнай стратыфікацыі, які абазначае тых работнікаў, што могуць выконваць толькі вельмі простую работу, якая не вымагае нейкага адмысловага спрыту, таму прадстаўнікі групы надзвычай шматлікія, а гэта значыць, што яны не могуць спадзявацца на добры заробак;

група дадатна ўпрывілеяваная (positively privileged group), паняцце Вэбэравай тэорыі сацыяльнае стратыфікацыі, абазначае так званых спецыялістаў, або экспертаў, людзей, якія маюць адмысловы прафесійны спрыт (ім, як правіла, валодае небагата людзей), таму звычайна яны маюць добры даход (напрыклад, лекары, адвакаты і г.д.).

група статусная (status group), у Вэбэравай тэорыі сацыяльнай стратыфікацыі згуртаванне індывідаў, якія адрозніваюцца ад іншых людзей уласцівым толькі ім становішчам у грамадстве, а таксама адметным стылем жыцця;

група першасная (basic group), невялікая супольнасць людзей, паміж якімі існуе беспасярэдні кантакт і ўстойлівая эмацыйная сувязь. @Гульня (game), паводле Дж.Г.Міда, другі этап сацыялізацыі асобы, які ідзе следам за першай стадыяй - ігрой; на тым другім этапе асоба ўсведамляе грамадскі кантроль з боку групы, або так званага «абагульненага іншага». @Дабро паспалітае (commonwealth),

1) супольны інтарэс усіх грамадзянаў;

2) дзяржава (калька з лац. res publica - агульная рэч; рэч, якой карыстаецца кожны; іначай рэч паспалітая). @Дадатныя функцыі сацыяльнага канфлікту (positive functions of social conflict), тэрмін структурнага функцыяналізму; абазначае станоўчыя функцыі, якія выконвае канфлікт у грамадскім жыцці, найперш выяўленне супярэчнасці інтарэсаў розных сацыяльных групаў. @Дарвінізм сацыяльны (Social Darwinism), кірунак у сацыяльнай тэорыі, што існаваў у другой палове ХІХ ст.; ягоныя прыхільнікі (Ратцэнгофер, Гумпловіч, Новікаў) глядзелі на гісторыю як на змаганне паміж грамадствамі за існаванне. @Дарэчнасць (relevance), адпаведнасць аргументаў або паводзінаў кантэксту;

дарэчнасць вартасцёвая (value-relevance), адпаведнасць падзеі або паводзінаў сістэме каштоўнасцяў таго грамадства, у якім яны адбываюцца; значэнне падзеі або паводзінаў асобы/групы з увагі на вартасці пэўнай культуры (тэрмін уведзены Г.Рыкертам і выкарыстоўваўся М.Вэбэрам). @Дарэчны (relevant), адпаведны, прыдатны, гожы, належны. @Дасведчанне (experience), непаўторнае, унікальнае перажыванне асобы, элемент ейнага жыццёвага досведу. @Дастасаванне да вартасці (value-relatedness), метадалагічная працэдура, прапанаваная нямецкім філосафам Г.Рыкертам; абазначае параўнанне пэўнай падзеі або сацыяльнай з'явы з сістэмай каштоўнасцяў, якая пануе ў грамадстве, дзе адбылася тая падзея або існуе тая з'ява; ужываюць дзеля таго, каб зразумець, якое рэальнае значэнне мелі гэтая падзея або з'ява ў кантэксце культуры. @Дасягненне мэтаў (Goal Attainment), у структурным функцыяналізме адна з функцыянальных перадумоваў сацыяльнай сістэмы, якая забяспечвае цэламу грамадству дасягненне ягоных мэтаў (найперш ягонае захаванне) і вылучэнне ім новых мэтаў; гл. таксама адаптацыя, інтэграцыя, латэнтнасць, перадумовы функцыянальныя. @Дачыненне (interaction), узаемадзеянне паміж індывідамі, разнастайная, паводле формы і зместу, камунікацыя паміж удзельнікамі грамадства. @Дзеянне, сацыяльнае дзеянне (action, social action), адно з найважнейшых паняццяў сацыяльнай тэорыі, якое абазначае адвольную дзейнасць індывіда як штосьці супрацьлеглае ўсталяванай сістэме, інстытуцыям ці структурам; гэтым тэрмінам сацыёлагі абазначаюць адвольны, ці валюнтарыстычны, аспект грамадства насуперак яго наканаванаму, дэтэрміністычнаму аспекту, які абазначаюць тэрмінамі «сістэма» або «структуры»; паняцце «сацыяльнае дзеянне» ў сацыялогіі М.Вэбэра абазначае ўчынак індывіда, які ўзгадняецца з паводзінамі іншых людзей; Вэбэр адрозніваў «дзеянне» ад «паводзінаў»: калі дзеянне ёсць свядома спланаваным учынкам асобы, дык тэрмінам «паводзіны» ён абазначыў тыя ўчынкі асобы, якія ёсць цалкам рэактыўнымі, г.зн. простым адказам індывіда на ўздзеянне на яго вонкавай, аб'ектыўнай сітуацыі; у тым адказе няма элемента рацыянальнай спланаванасці, наўмыснасці ўчынка, суб'ектыўнага значэння, якое надае дзеянню асоба;

дзеянне асобнае (unit-act), тэрмін структурнага функцыяналізму Т.Парсанза; абазначае адзінкавае дзеянне, якое, на думку Парсанза, мае ўлучаць дзеяча, мэту, на якую скіравана ягонае дзеянне, і сітуацыю (г.зн. кантэкст, у якім адбываецца тое дзеянне);

дзеянне алагічнае (non-logical social action), паводле В.Парэты, найбольш пашыраны тып дзеяння людзей; дзеянне, якое вызначаецца не аб'ектыўнай сітуацыяй, а суб'ектыўнымі прычынамі: каштоўнасцямі, перакананнямі, настроямі асобы;

дзеянне афектыўнае (affectual action), паводле класіфікацыі ідэальных тыпаў сацыяльнага дзеяння, прапанаванай М.Вэбэрам, тып дзеяння асобы, абумоўлены ейнымі эмоцыямі ці афектамі; належыць да тыпу ірацыянальнага дзеяння;

дзеянне вартасцёва-рацыянальнае (ням. wertrational), паводле класіфікацыі М.Вэбэра, тып сацыяльнага дзеяння, скіраванага на дасягненне абсалютнай вартасці; на думку Вэбэра, можа належыць як да тыпу рацыянальнага, так і да ірацыянальнага дзеяння: чым больш абсалютная, на думку індывіда, тая вартасць, дасягнуць якую ён імкнецца, тым меней рацыянальнымі робяцца ягоныя дзеянні, г.зн. спосабы, якія ён абірае дзеля дасягнення тае вартасці, і наадварот;

дзеянне ірацыянальнае (irrational action), тэрмін Вэбэравай сацыялогіі, якім даследнік абазначаў тып чалавечага дзеяння, не зарыентаванага на рацыянальныя мэты і спосабы іхнага дасягнення; да таго тыпу дзеяння Bэбэр залічыў афектыўнае, традыцыйнае і ў пэўнай ступені дзеянне, скіраванае на дасягненне нейкай вартасці (вартасцёва-рацыянальнае);

дзеянне мэтанакіраванае (мэтарацыянальнае) (ням. zweckrational), паводле Вэбэравай класіфікацыі ідэальных тыпаў сацыяльнага дзеяння, дзеянне, якое вызначаецца рацыянальным выбарам асобаю мэты і спосабаў яе дасягнення; належыць да тыпу рацыянальнага дзеяння;

дзеянне рацыянальнае (rational action), паняцце Вэбэравай сацыялогіі, якое абазначае тып дзеяння, калі індывід свядома абірае свае мэты і спосабы іх дасягнення, маючы на ўвазе кантэкст, у якім адбываецца дзеянне, г.зн. аб'ектыўную сітуацыю і дзеянні ўсіх іншых зацікаўленых асобаў; да таго тыпу належыць найперш мэтанакіраванае дзеянне;

дзеянне традыцыйнае (traditional action), адзін з ідэальных тыпаў сацыяльнага дзеяння, вылучаных М.Вэбэрам; адметнай рысай гэтага тыпу дзеяння ёсць тое, што чалавек дзейнічае паводле ўсталяванай традыцыі. @Дзеяч (actor), паняцце структурнага функцыяналізму, якое абазначае асобу, удзельніка грамадства; яго проціпастаўляюць сістэме (або структурам) як аўтара вольнага выбару і ўчынку, як увасабленне валюнтарыстычнага аспекту грамадства насуперак дэтэрміністычным тэндэнцыям. @Досвед (experience), сукупнасць уяўленняў асобы пра свет на падставе ўласнага жыцця. @Дуалізм (dualism), метадалагічны падыход, заснаваны на дапушчэнні, што ў вывучанай рэальнасці пануюць два роўныя, паводле моцы, пачаткі; падыход, процілеглы манізму. @Дынаміка, сацыяльная дынаміка (dynamics, social dynamics), паводле А.Конта, адзін з двух раздзелаў сацыялогіі (другі - сацыяльная статыка), у якім трэба вывучаць з'яву ў яе гістарычным аспекце, г.зн. тыя змены, што адбываюцца з ёю цягам часу, або даследваць адну і тую ж з'яву ў розных грамадствах; метадалагічны падыход, падобны да гістарычнага (а таксама параўнальнага) метаду і дыяхранічнага падыходу. @Дынамічнае паняцце праўды (dynamic conception of the truth), у Мангаймавай сацыялогіі ведаў праўдзівасць пэўнага пункту гледжання (або перспектывы), толькі частковая, абумоўленая структурай грамадства і становішчам у гэтай структуры пэўнай групы або асобы; таму каб выявіць частковую праўду, якую замыкае ў сабе кожны пункт гледжання на рэальнасць, трэба дастасаваць той пункт гледжання, або перспектыву, да ўсёй структуры пэўнага гістарычнага і сацыяльнага суб'екта, г.зн. грамадства; канцэпцыя, блізкая да паняцця рэляцыянізм. @Дысалюцыя (dissolution), паглынанне, рашчыненне, распад; працэс, процілеглы эвалюцыі. @Дыстанцыя (distance), тэрмін сацыялогіі Г.Зімэля; абазначае аддаленне чалавека ад іншых людзей у выніку стварэння «грандыёзнай матэрыяльнай культуры», якая робіцца пасярэднікам у міжасабовых дачыненнях і таму аддаляе людзей адзін ад аднаго; значэнне таго паняцця ў пэўнай ступені адпавядае значэнню тэрміна адчужэнне. @Дысфункцыі (dysfunctions), у структурным функцыяналізме - неадпаведнае функцыянаванне нейкай сацыяльнай інстытуцыі, невыкананне ёю свайго задання ў сацыяльнай сістэме. @Дыферэнцыяцыя, сацыяльная дыферэнцыяцыя (differentiation, social differentiation), падзел грамадства на сацыяльныя пласты й групы, арганізаваны паводле герархічнага прынцыпу і ўласцівы кожнаму больш-менш развітаму грамадству. @Дыфузіянізм (diffusionism), тэорыя аб пашырэнні здабыткаў цывілізацыі праз пазычанне, перайманне нейкага звычаю, тэхналогіі або ідэі адным народам ад іншых. @Дыяда (dyad), паводле Г.Зімэля, адна з істотных і элементарных формаў сацыяцыі, у якой адбываюцца вельмі разнастайныя дачыненні паміж двума індывідамі; элементарнасць формы вызначаецца тым, што два індывіды, якія складаюць дыяду, - найменшая колькасць абавязковых удзельнікаў сацыяцыі; асаблівая рыса дыяды - беспасярэднасць дачыненняў паміж індывідамі ў адрозненне ад усіх іншых формаў сацыяцыі (напрыклад, трыяды) з больш чым двума ўдзельнікамі. @Дыялектыка (dialectics), спосаб тлумачэння рэальнасці, які грунтуецца на дапушчэнні, што рэчаіснасць не ёсць нечым застылым ці нязменным, што кожная рэч можа перамяніцца ў штосьці зусім процілеглае; падыход, процілеглы метафізіцы. @Дыяхранічны (diachronic), гістарычны аспект сацыяльнай з'явы; падыход, які мае на мэце вывучэнне зменаў, што здарыліся з тою з'явай за пэўны час; процілеглы сінхранічнаму аспекту; тэрмін прапанаваны Ф. дэ Сасюрам, заснавальнікам структуралістычнага мовазнаўства. @Дэвіяцыйны (deviant), той, што адхіляецца ад прынятых у грамадстве ўзораў паводзінаў; гл. таксама дэвіяцыя, паводзіны дэвіяцыйныя, збочванне, збочны. @Дэвіяцыя (deviation, deviance), адхіленне асобы ад слушных, ухваленых грамадствам узораў паводзінаў, парушэнне ўсталяваных сацыяльных нормаў. @Дэгуманізацыя суб'екта (dehumanisation of the subject), тэрмін канцэпцыі адчужэння, паводле якой чалавек, ствараючы культуру, у тым ліку матэрыяльную, аддаляецца і ад прыроды, і ад іншых людзей; чалавек, ствараючы аб'екты культуры, аддае ім сваю чалавечую прыроду й моц і нібы перастае быць людскім, робіцца нелюдзем. @Дэдукцыя (deduction), метад лагічнага вываду, з дапамогаю якога з агульных сцверджанняў выводзяць меркаванні пра асобныя з'явы або факты; метад, процілеглы індукцыі. @Дэструктурацыя (destructuration), паняцце структуралізму, якое абазначае працэс разбурэння, раскідання сацыяльных структураў, або інстытуцыяў. @Дэтэрмінізм (determinism), метадалагічны падыход да вывучэння сацыяльнай рэальнасці як да цалкам вызначанай нейкімі аб'ектыўнымі прычынамі, незалежнымі ад дзеянняў людзей; падыход, апазіцыйны валюнтарызму. @Дэцэнтраванне суб'екта (the de-centring of the subject), тэрмін структуралізму, які абазначае працэс знікання суб'екта ў сучасным масавым грамадстве; той працэс звязаны з ананімнасцю цяперашняга грамадства, пасіўнай роляй у ім індывіда, які зрабіўся звышсацыялізаваным, г.зн. ягоныя дзеянні амаль цалкам вызначаюцца правіламі, якія накідае яму грамада, валюнтарыстычны ж складнік у паводзінах асобы памяншаецца і ледзьве не знікае. @Жалезны закон алігархіі (iron law of oligarchy), правіла, сфармуляванае Р.Міхельсам, паводле якога кожнай арганізацыяй, нават найбольш дэмакратычнай, рана ці позна пачынае кіраваць алігархія, г.зн. усё ў арганізацыі вырашае жменька кіраўнікоў, звычайныя ж сябры арганізацыі (партыі, фірмы й г.д.) трацяць усялякі ўплыў на яе дзейнасць. @Жыццясвет (анг. life-world; ням. Lebenswelt), паняцце фенаменалагічнай сацыялогіі А.Шутца, якое абазначае штодзённае жыццё асобы і яе досвед аб гэтым жыцці; безупынная плынь досведу і ўчынкаў асобы. @Забабоны (superstition), вера асобы/групы ва ўласныя прыдумкі, ілюзіі; у шмат якіх сацыялагічных тэорыях адзначаецца велізарная роля гэтага суб'ектыўнага чынніка (разам са звычкамі, штодзённымі ведамі і г.д.) у паводзінах асобы; гл. таксама супольныя ўяўленні. @Забягаць, запабегчы (чаму) (prevent), папярэджваць, прадухіляць. @Завядзёнка (routine), дзеянні, якія індывід паўтарае дзень пры дні паводле некалі абраных узораў. @Запас ведаў (the stock of knowledge), у фенаменалагічнай сацыялогіі А.Шутца адзін са сродкаў (разам з тыпізацыямі й дарэчнасцю) пабудовы і ўпарадкавання асобаю штодзённай рэальнасці; веды аб штодзённым жыцці, якія мае пэўная асоба. @Збочванне, тое сама, што і дэвіяцыя. @Збочны, тое сама, што і дэвіяцыйны; гл. таксама паводзіны дэвіяцыйныя. @Звышасабовы (supra-individual), прымета тых людскіх дачыненняў, якія страцілі беспасярэдні характар, г.зн. тых дачыненняў, што ахопліваюць болей за два ўдзельнікі; у гэткіх стасунках выяўляюцца не толькі рысы характару кожнага з удзельнікаў, але і нешта, уласцівае самім дачыненням як цэласці, у саміх удзельнікаў тых дачыненняў узнікае пачуццё, што іхныя дачыненні залежаць не ад іх, а разгортваюцца паводле нейкіх сваіх, незалежных і не зусім зразумелых для індывідаў законах. @Звышвыпуклены (hypostatised), перабольшаны; падкрэсленне нейкага аднаго боку або аспекту рэальнасці коштам усіх іншых. @Звышдэтэрмінаванасць (overdetermination), стан абсалютнай наканаванасці дзеянняў індывіда, усе ягоныя ўчынкі вызначаныя наперад узорамі ды правіламі, ухваленымі грамадствам; на думку крытыкаў структурнага функцыяналізму, у гэтай тэорыі грамадства з паводзінаў асобы цалкам выкасаваны валюнтарыстычны складнік, дзеяч ператвораны ў нейкі шрубок, які функцыянуе паводле законаў, накінутых яму грамадствам; ідэя, блізкая да канцэпцыі звышсацыялізаванага індывіда. @Згода, паспалітая згода (consensus, social consensus), згода бальшыні грамадзянаў наконт найважнейшых каштоўнасцяў і нормаў паводзінаў. @Зграмаджэнне,

1) згуртаванне індывідаў у супольнасць, утварэнне грамадства; гл. таксама сацыяцыя;

2) тое сама, што і супольнасць, грамадства наагул. @Згуртаванасць, тое сама, што і салідарнасць. @Змены, сацыяльныя змены (change, social change), пераўтварэнні, якія адбываюцца ў грамадскім жыцці; адно з найважнейшых паняццяў сацыяльнай тэорыі, звязанае з шэрагам найбольш істотных праблемаў сацыялогіі: чаму адбываюцца змены? Якім чынам яны здзяйсняюцца? Чаму змены не прыводзяць да разбурэння грамадства? і г.д.; паняцце, процілеглае паняццю сацыяльны парадак. @Змест (content), тэрмін сацыялогіі Г.Зімэля, процілеглы паняццю форма; зместам ёсць рэальныя дачыненні паміж дзеячамі ў разнастайных формах сацыяцыі (напрыклад, у форме дыяды - дачыненнях дзвюх асобаў - могуць адбывацца вельмі разнастайныя ўзаемадзеянні: паміж лекарам і хворым, настаўнікам і вучнем і г.д.). @Значэнне (meaning), сэнс, які мае для індывіда пэўная падзея або ўчынак. @Зняпраўджваць (falsify), адмаўляць, вызначаць межы праўдзівасці пэўнага сцверджання. @Зняпраўджанне (falsification), адмаўленне пэўнага сцверджання, вызначэнне межаў ягонай праўдзівасці; працэдура, процілеглая спраўджанню. @Зоны дарэчнасці (zones of relevance), тэрмін фенаменалагічнай сацыялогіі А.Шутца; абазначае пэўныя згуртаванні людзей (сям'я, прафесія і г.д.), якія вымагаюць ад асобы пэўнага ўзору паводзінаў. @Зрух (displacement), паняцце псіхааналізу, абазначае пэўны механізм псіхікі, які перамяняе ў сне значныя для асобы вобразы ў неістотныя, другасныя. @Ігра (play), паводле канцэпцыі Дж.Г.Міда, першая стадыя сацыялізацыі асобы, на якой дзіця праз перайманне паводзінаў «значнага іншага» засвойвае індывідуальныя ролі; напрыклад, дзяўчынка пераймае звычкі сваёй маці; гл. таксама гульня, значны іншы, інтэрналізацыя, сацыялізацыя. @Ід (лац. id «яно»), у псіхааналізе тэрмін, які абазначае сукупнасць арганічных патрэбаў цела: смагу, голад, сэкс і да таго падобныя рэчы. @Ідэалогія (ideology), тэрмін, прапанаваны французскім пісьменнікам Дэсту дэ Трасі пры канцы XVIIІ ст. дзеля абазначэння навукі, якая мае вывучаць ідэі; у сацыяльнай тэорыі паняцце распрацоўвалі перадусім К.Маркс, які азначыў ідэалогію як «зманлівую свядомасць», г.зн. як мысленне, неадэкватнае рэальнасці, і К.Мангайм, які ў працы «Ідэалогія і ўтопія» пісаў: «У паняцці «ідэалогія» адлюстравана адкрыццё, зробленае ў працэсе палітычнай барацьбы, а менавіта: мысленне панавальных групаў можа быць гэтак моцна звязаным з пэўнай сітуацыяй, што тыя групы проста не ў стане заўважыць некаторыя факты, якія маглі б пахіснуць іхную ўпэўненасць у сваім панаванні». Мангайм проціпастаўляе ідэалогію ўтопіі, якая ёсць формай свядомасці прыгнечаных сацыяльных групаў. @Іманентны (immanent), уласцівы, прыроджаны. @Імператыў (imperative), тое сама, што і прыказанне. @Імпліцытны (implicit), прыхаваны, невідавочны, той, што маецца на ўвазе; паводле свайго значэння паняцце процілеглае тэрміну экспліцытны. @Індукцыя (induction), метад лагічнага вываду, з дапамогай якога з меркаванняў пра асобныя факты або з'явы выводзяць агульныя сцверджанні; метад, процілеглы дэдукцыі. @Індустрыя культуры (culture industry), тэрмін крытычнай тэорыі, які абазначае пераход сучаснага грамадства да масавай прадукцыі культурных каштоўнасцяў, прызначаных дзеля іх простага спажывання абывацелямі; ператварэнне культуры ў частку таварнай эканомікі. @Індывід (individual), чалавечая адзінка, адзіночны прадстаўнік людскага роду; гл. таксама асабістасць, асабовасць, асоба, дзеяч.

індывід звышсацыялізаваны (oversocialised individual), індывід, дзеянні якога цалкам вызначаны ўзорамі, ухваленымі ў тым грамадстве і засвоенымі індывідам у час выхавання; індывід, намеры і ўчынкі якога цалкам падпарадкаваныя ўхваленым грамадствам нормам; гл. таксама звышдэтэрмінаванасць. @Індывідуалізм метадалагічны (methodological individualism), метадалагічны падыход, заснаваны на дапушчэнні аб галоўнай ролі індывіда ў стварэнні грамадства, асоба тут прызнаецца за адзінага творцу грамадства; падыход, апазіцыйны метадалагічнаму калектывізму. @Індэксацыя (indexicality), тэрмін этнаметадалогіі, які абазначае працэс надання індывідам адвольнага значэння той ці іншай рэчы; паводле тае канцэпцыі сам факт не мае нейкага значэння, яго надае дзеяч, які, такім чынам, нібы «індэксуе» рэчы, класіфікуе іх, парадкуе паводле пэўных катэгорыяў. @Інстытуцыйны (institutional), прыняты, усталяваны ў грамадстве. @Інстытуцыя, сацыяльная інстытуцыя (institution, social institution), усталяваны і ўхвалены грамадствам узор паводзінаў; гл. таксама ўстанова, структуры, сістэма, дзеянне, дэвіяцыя, збочванне, паводзіны дэвіяцыйныя.

інстытуцыі буйныя (large-scale institutions), узоры паводзінаў, якіх трымаецца мноства людзей, напрыклад пэўнае веравызнанне, пэўны спосаб эканамічных паводзінаў і г.д. @Інстытуцыялізаваны (institutionalised), тое сама, што і інстытуцыйны. @Інстытуцыялізацыя (institutionalisation), працэс фармавання і ўсталявання пэўнага ўзору паводзінаў асобы/групы ў грамадстве;

інстытуцыялізацыя канфлікту (institutionalisation of conflict), стварэнне грамадствам адмысловых спосабаў развязання ўзніклага канфлікту ў межах сацыяльнай сістэмы, г.зн. без рэвалюцыі, без радыкальнага пераўтварэння самой сістэмы. @Інтарэс (interest), зацікаўленасць, карысць.

інтарэс класавы (class interest), інтарэс, які вызначае дзеянні цэлага класа і звычайна абумоўлены становішчам таго класа ў сістэме вытворчасці. @Інтраспекцыя (introspection), метад нутранога саманазірання, калі даследнік ёсць адначасова суб'ектам і аб'ектам даследвання; гэты метад выкарыстоўвалі ў ранняй псіхалогіі. @Інтэграцыя (integration), згуртаванне, з'яднанне; у структурным функцыяналізме адна з функцыянальных перадумоваў сацыяльнай сістэмы, якая забяспечвае салідарнасць, згуртаванасць грамадства; гл. таксама адаптацыя, дасягненне мэтаў, латэнтнасць, перадумовы функцыянальныя;

інтэграцыя сацыяльная (social integration), улучэнне індывіда ў грамадства, ягоная сацыялізацыя;

інтэграцыя сістэмная (system integration), задзіночанне, згуртаванне сацыяльнай сістэмы. @Інтэлектуалы (intellectuals), паняцце сацыялогіі А.Грамшы; абазначае ўсё роўна якіх людзей (неабавязкова таленавітых ці выдатных), занятых інтэлектуальнай дзейнасцю, стварэннем ідэяў і сімвалаў; гл. таксама інтэлігенцыя;

інтэлектуалы арганічныя (organic intellectuals), інтэлектуалы, якія не існуюць як незалежная група, а ёсць часткай пэўнага класа, ідэалы якога яны і выказваюць; інтэлектуалы такога тыпу ўзнікаюць тады, калі змяняецца спосаб вытворчасці, яны прапануюць новыя ідэі, якія пярэчаць традыцыі, але апраўдваюць і легітымізуюць новы парадак; гл. таксама інтэлігенцыя, сацыяльна навязаная інтэлігенцыя;

інтэлектуалы традыцыйныя (traditional intellectuals), інтэлектуалы, згуртаваныя ў замкнёную, незалежную ад іншых класаў групу (настаўнікі, святары і г.д.), якія выпрацоўваюць ідэі, што спрыяюць пераемнасці ў жыцці грамадства, захаванню традыцыі; гл. таксама інтэлігенцыя, сацыяльна ненавязаная інтэлігенцыя. @Інтэлігенцыя (intelligentsia), у Мангаймавай сацыялогіі ведаў «параўнальна бяскласавая страта» грамадства, прадстаўнікоў якой яднае толькі адукацыя;

інтэлігенцыя вольнаплынная (анг. "free-floating intelligentsia", ням. freischwebende Intelligenz), тэрмін А.Вэбэра, скарыстаны ў сацыялогіі К.Мангайма; абазначае незалежных, бесстаронніх інтэлектуалаў;

інтэлігенцыя сацыяльна навязаная (socially attached intelligentsia), тэрмін сацыялогіі К.Мангайма, абазначае інтэлектуалаў, чые ідэі абумоўленыя іхным сацыяльным інтарэсам, які яны апраўдваюць; так званыя «ідэолагі», гл. таксама інтэлектуалы, арганічныя інтэлектуалы;

інтэлігенцыя сацыяльна ненавязаная (socially unattached intelligentsia), тэрмін сацыялогіі К.Мангайма, абазначае незалежных інтэлектуалаў, не змушаных апраўдваць дзеянні пэўнай сацыяльнай групы, класа і, такім чынам, здольных да бесстаронняга спазнання свету; гл. таксама інтэлектуалы, традыцыйныя інтэлектуалы. @Інтэнцыя (intention), намер, скіраванасць, арыентацыя. @Інтэнцыянальнасць (intentionality), паняцце філасофскай фенаменалогіі Э.Гусэрля, абазначае прыроджаную скіраванасць свядомасці суб'екта на аб'екты, у вонкавы свет. @Інтэракцыянізм сімвалічны (symbolic interactionism), кірунак у сацыялогіі ды сацыяльнай псіхалогіі (заснавальнік Дж.Г.Мід, назва тэорыі прапанавана Г.Блумэрам у 1937 г.), разглядае сацыяльнае жыццё асобы як узаемадзеянне (інтэракцыю) паміж людзьмі з дапамогаю пэўных сімвалаў ці сімвалічных сістэмаў, напрыклад мовы. Паводле Дж.Г.Міда, асабістасць чалавека ствараецца ў працэсе ўзаемадзеяння паміж людзьмі і па-за ім не існуе; гл. таксама абагульнены іншы, асабістасць, асабовасць, значны іншы, дачыненне, гульня, ігра. @Інтэрналізацыя (internalisation), засваенне асобаю ўсталяваных у грамадстве нормаў і ўзораў паводзінаў, ператварэнне іх з вонкавых, накінутых грамадствам у частку асабістай свядомасці, у нормы, што знутры рэгулююць паводзіны асобы, якая іх засвоіла; гл. таксама сацыялізацыя. @Інтэрпрэтацыя (interpretation), вытлумачэнне; у сацыялогіі тэрмін звычайна разумеюць як вытлумачэнне паводзінаў асобы з яе матываў і пабудак; гл. таксама разуменне, інтэрпрэтацыйнае разуменне, матывацыйнае разуменне, простае разуменне, тлумачэнне, прычыннае тлумачэнне. @Іншы (other, alterity), адно з найважнейшых паняццяў сімвалічнага інтэракцыянізму (гл. абагульнены іншы, значны іншы) і структуралістычнай канцэпцыі М.Бахціна, які аспрэчыў сінхранічны падыход Ф. дэ Сасюра да вывучэння сацыяльных (найперш моўных) з'яваў; гэтае паняцце ў тэорыі Бахціна звязанае з ягонай ідэяй дыялагізму культуры, г.зн. што культура ёсць прадуктам безупыннага ўзаемадзеяння ці дыялогу паміж людзьмі, індывід, калі ён гаворыць і дзейнічае, заўжды мае на ўвазе пункт гледжання іншых людзей, ён нібы ўвесь час вядзе дыялог з «іншым», «інакшым» чалавекам;

іншы абагульнены (generalised other), паняцце сімвалічнага інтэракцыянізму, абазначае абагульнены вобраз групы індывідаў, які, на думку Дж.Міда, асоба засвойвае на другім этапе свае сацыялізацыі, праз гульню, і пачынае ўзгадняць свае паводзіны з тымі ўзорамі, якія накідае яму тая група, той «абагульнены іншы»; гл. таксама інтэрналізацыя, кантроль, сацыялізацыя, сацыяльная інтэграцыя;

іншы значны (significant other), тэрмін сімвалічнага інтэракцыянізму, абазначае дарослага, чые паводзіны пераймае дзіця на першай стадыі сацыялізацыі, на этапе ігры; такім чынам, дзіця, пераймаючы паводзіны аўтарытэтнага для яго дарослага чалавека (часцей за ўсё бацькоў), засвойвае першыя індывідуальныя ролі, узоры паводзінаў; гл. таксама інтэрналізацыя, кантроль, сацыялізацыя, сацыяльная інтэграцыя. @Інерцыя (inertia), тэрмін структурнага функцыяналізму, абазначае адзін з фактараў захавання сацыяльнай сістэмы ў стане раўнавагі, адзін з чыннікаў ейнай трываласці. @Каардынацыя імператыўная (imperative coordination), тэрмін Вэбэравай сацыялогіі панавання, падкрэслівае тую асаблівасць дзейнасці бюракратыі, што загад яна выконвае, не зважаючы на ягоны змест і пільнасць кантролю за ягоным выкананнем. @Каланізацыя жыццясвету (colonisation of the life-world), паняцце, уведзенае Ю.Габэрмасам; абазначае працэс прымусовага падпарадкавання асабістага жыцця індывіда сацыяльнай сістэме, г.зн. прынятым і ўхваленым у грамадстве ўзорам паводзінаў. @Калектывізм метадалагічны (methodological collectivism), падыход у сацыяльнай тэорыі, які грунтуецца на дапушчэнні пра перавагу калектыву над адзінкаю, грамадства над індывідам. @Камунізм (communism), паводле марксізму, адна з сацыяльных фармацыяў, апошняя стадыя эвалюцыі грамадства, якая мае ўвасобіцца ў сацыялізацыі ўсяго чыста жыцця грамадзянаў. @Камунікацыя (communication), дачыненні паміж індывідамі, якія яднаюць іх у супольнасць; найчасцей падкрэсліваюць інфармацыйны аспект тых дачыненняў. @Кандэнсацыя (condensation), тэрмін псіхааналізу, пазначае механізм канцэнтрацыі, або згушчэння, вобраза, які сніць чалавек, г.зн. вызваленне таго вобраза ад неістотных рысаў і, наадварот, падкрэсленне значных для асобы дэталяў. @Кансумерызм (consumerism), на думку некаторых сацыёлагаў, светапогляд, уласцівы масаваму грамадству, сутнасцю якога ёсць выключная арыентацыя асобы на спажыванне дабротаў як найважнейшы ідэал жыцця. @Кантракт сацыяльны (Social Contract), пагадненне, якое, на думку прадстаўнікоў тэорыі сацыяльнага кантракту (Т.Гобса, Дж.Лока, Ж.Ж.Русо), перавяло чалавецтва з натуральнага стану, калі не было ніякіх ухваленых людзьмі законаў і людзі жылі паводле натуральнага, прыроджанага права, у грамадскі стан, калі былі ўсталяваныя права і дзяржава, якой людзі перадалі частку сваіх прыроджаных правоў дзеля захавання сацыяльнага парадку. @Кантроль, сацыяльны кантроль (control, social control), рэгуляванне паводзінаў асобы з боку грамадства з дапамогаю ўзораў, сімвалаў, ідэяў, якія асоба засвойвае (гл. інтэрналізацыя) у часе сацыялізацыі. @Канфармізм (conformity), паводле класіфікацыі Р.Мэртана, адзін з тыпаў прыстасавання асобы да сацыяльнага асяроддзя, для якога ўласціва падпарадкаванне асобы ўхваленым грамадствам мэтам і сродкам іх дасягнення; гл. таксама адаптацыя, навацыя, рытуалізм, паўстанне, хаванне. @Канфлікт, сацыяльны канфлікт (conflict, social conflict), cупярэчнасць паміж рознымі сацыяльнымі групамі, якая можа спрычыніцца да рэвалюцыі, да пераўтварэння сацыяльнай сістэмы;

канфлікт класавы (class conflict), у марксізме - нязгода паміж класамі, якая паўстае праз іх рознае, па сутнасці апазіцыйнае, становішча ў грамадстве, найперш у вытворчасці. @Капіталізм (capitalism), у марксізме, адна з сацыяльных фармацыяў, для якой характэрныя прыватная ўласнасць на сродкі вытворчасці і класавы канфлікт паміж пралетарыятам (класам, пазбаўленым уласнасці) і буржуазіяй (класам, які мае ўласнасць).

капіталізм арганізаваны (organised capitalism), паняцце, уведзенае аўстра-марксістам Гільфэрдынгам; абазначае эканамічны стан грамадства, якое адмовілася ад некантраляванай канкурэнцыі, ад прынцыпу laissez-faire у эканоміцы, што спрычыняўся да перыядычных крызісаў, на карысць умяшання дзяржавы ў эканоміку, дзяржаўнага рэгулявання гаспадаркі. @Карыснасць (utility), адно з галоўных паняццяў утылітарызму (заснавальнік Джэрэмі Бэнтам), якое дало назву гэтаму філасофскаму кірунку; на думку ўтылітарыстаў, усе дзеянні й рэчы трэба ацэньваць паводле іхнай карыснасці для людзей. @Карэляцыя (correlation), сувязь паміж пэўнымі з'явамі, рэчамі, паняццямі. @Клас (class), сацыяльная група, якая вызначаецца яе становішчам у працэсе вытворчасці або на рынку; паняцце найбольш распрацоўвалі ў марксізме;

клас абазнаны (knowledge class), тэрмін тэорыі пасляіндустрыйнага грамадства паводле Д.Бэла, які абазначае навукоўцаў і наагул экспертаў, якім, на думку Бэла, будзе належаць улада ў пасляіндустрыйным грамадстве ў адрозненне ад індустрыйнага, дзе ўладу маюць бізнесоўцы;

клас вытворчы, тое сама, што і прадукцыйны клас;

клас вышэйшы (upper class), клас, які займае вышэйшую пазіцыю ў сацыяльнай гіерархіі, эліта, панавальны клас;

клас збежны (declining class), клас, які занепадае, траціць былы ўплыў і ўладу, нават цалкам знікае;

клас ідэалагічны (ideological class), тэрмін марксізму, які пазначае тыя сацыяльныя групы, заданнем якіх ёсць апраўданне, або легітымацыя, актуальнага сацыяльнага парадку;

клас кіраўнічы (ruling class), клас, які ажыццяўляе кіраванне грамадствам; эліта, панавальны клас;

клас лайдацкі (leisure class), паняцце сацыялогіі Т.Вэблена, які так абазначыў эліту грамадства; тэрмін звязаны з канцэпцыяй дэманстрацыйнага спажывання;

клас марнатраўны (idle class), тэрмін Сэн-Сымонавай тэорыі індустрыйнага грамадства; абазначае сацыльныя групы, якія не займаюцца прадукцыйнай працай; на думку Сэн-Сымона, да іх належаць святары, урадоўцы, вайскоўцы і да т.п.;

клас мінучы (transition class), тэрмін Марксавай тэорыі класаў, якім пазначаюцца сацыяльныя групы, чыё існаванне пярэчыць эвалюцыі грамадства, таму яны мусяць знікнуць;

клас набытковы (acquisition class), паводле Вэбэравай тэорыі сацыяльнай стратыфікацыі, клас, прадстаўнікі якога жывуць з таго, што прадаюць свой прафесійны спрыт; процілеглы ўласніцкаму класу;

клас небяспечны (dangerous class), паняцце сацыяльнай тэорыі К.Маркса, якое абазначае маргінальныя групы, што сваім існаваннем пагражаюць усталяванаму парадку рэчаў;

клас непрадукцыйны (non-productive class), тое сама, што і марнатраўны клас;

клас ніжэйшы (lower class), клас, што займае ніжэйшыя прыступкі сацыяльнай лесвіцы; іначай кажучы, падпарадкаваны, або падлеглы клас;

клас падлеглы (subject class), клас, які падпарадкуецца накінутаму элітай парадку; бяздзейны клас, які ёсць аб'ектам, а не суб'ектам палітыкі;

клас палітычны (political class), у сацыялогіі Г.Москі клас, які займаецца палітычнай дзейнасцю і адрозна ад панавальнага класа, паводле Маркса, выяўляе не толькі эканамічны інтарэс пэўнага класа, але і агульны інтарэс цэлага грамадства;

клас панавальны (dominant class), клас, які ўсталяваў і ажыццяўляе сваё панаванне ў грамадстве; клас, за якім прызнаюць права на панаванне, на вызначэнне прынцыпаў сацыяльнага парадку;

клас паслуговы (service class), тэрмін аўстра-марксіста Рэнэра, якім ён абазначыў сярэдні клас у навейшыя часы індустрыйнага капіталізму (1910-я гг.); той клас складаецца з работнікаў, якія жывуць з таго, што прадаюць свой прафесійны спрыт; у пэўнай ступені тэрмін адпавядае Вэбэраваму паняццю дадатна ўпрывілеяванай групы;

клас прадукцыйны (productive сlass), у Сэн-Сымонавай тэорыі індустрыйнага грамадства групы, якія займаюцца карыснай для грамадства працай;

клас працоўны, тое сама, што і работніцкі клас;

клас работніцкі (working class), клас, які жыве з таго, што прадае сваю работу;

клас сярэдні (middle class), клас, які ў структуры грамадства займае становішча паміж вышэйшым і ніжэйшым класам і такім чынам забяспечвае стабільнасць грамадства; тэрмін, уведзены яшчэ Арыстотэлем;

клас узбежны (rising class), клас, які ўбіраецца ў сілу ды імкнецца да ўсталявання свайго панавання ў цэлым грамадстве;

клас уласніцкі (ownership class), паняцце Вэбэравай тэорыі сацыяльнай стратыфікацыі; абазначае групу людзей, якія жывуць з уласнасці (г.зн. землеўладальнікі, уласнікі пэўнага капіталу, які яны інвестуюць, і да т.п. людзі), а не прадаюць свой прафесійны спрыт, як набытковы клас;

клас урадавы (governing class), група індывідаў, якія ажыццяўляюць кіраванне грамадствам, займаючы пэўнае становішча ва ўрадзе. @Кніга кухарская (cookery book), тэрмін сацыялагічнай фенаменалогіі А.Шутца; абазначае збор ухваленых грамадствам нормаў паводзінаў, якія асоба засвойвае і пачынае ставіцца да іх як да нечага натуральнага, належнага, таму карыстаецца імі не задумваючыся, нібы рэцэптамі з кухарскай кнігі. @Комплекс (complex), паняцце псіхааналізу; абазначае складаную псіхічную з'яву, у якой змяшаныя вельмі розныя асабістыя матывы (напрыклад, комплекс непаўнавартасці, комплекс кастрацыі ды інш.);

комплекс Эдыпаў (Oedipus complex), комплекс, які, паводле З.Фройда, уласцівы мужчынам і звязаны з каханнем хлопчыка да маці, якая ёсць сэксуальнай уласнасцю бацькі;

комплекс Электрын (Electra complex), комплекс, які, на думку З.Фройда, маюць жанчыны і які звязаны з ранняй закаханасцю дзяўчынак ва ўласнага бацьку і канкурэнцыяй за яго з маці;

комплекс кастрацыі (castration complex), на думку З.Фройда, псіхалагічная з'ява, уласцівая кожнаму індывіду незалежна ад полу, паўстае ў выніку ўсведамлення дзіцем свайго полу і наяўнасці процілеглага полу; у хлопчыкаў выяўляецца як боязь страціць пэніс (боязь кастрацыі), бо ёсць дзяўчынкі, якія яго не маюць; у дзяўчынак выяўляецца ў зайздрасці да хлопчыкаў, якія яго маюць, і пачуцці крыўды, што іх, дзяўчынак, нібыта за нешта яго пазбавілі. @Латэнтнасць (Latency), у структурным функцыяналізме - адна з функцыянальных перадумоваў існавання сацыяльнай сістэмы, якая забяспечвае ўзор матывацыі для ўдзельнікаў грамадства; гл. таксама адаптацыя, дасягненне мэтаў, інтэграцыя, функцыянальныя перадумовы сацыяльнай сістэмы. @Легітымацыя (legitimation), прызнанне законнасці ўлады. @Легітымнасць (legitimacy), законнасць панавання, улады;

легітымнасць рацыянальная (rational legitimacy), законнасць улады, якая абапіраецца на закон, на рацыянальныя правілы паводзінаў, выкладзеных у праўных актах (напрыклад, улада бюракрата);

легітымнасць традыцыйная (traditional legitimaсy), законнасць улады, якая грунтуецца на традыцыі (улада бацькі, караля);

легітымнасць харызматычная (charismatic legitimacy), законнасць улады, заснаваная на выдатных здольнасцях нейкае асобы, да якой нібы магнэсам цягне іншых людзей, згодных падпарадкоўвацца той асобе. Найпрыгажэйшай ілюстрацыяй таго паняцця ёсць словы Святога Пісьма: «І, калі Ісус скончыў гэтыя словы, народ дзівіўся з Яго вучэння, бо Ён вучыў як той, хто мае ўладу, ды не так, як кніжнікі й фарысеі». (Эвангелле паводле Мацвея, раздзел 7, вершы 28-29). @Лібіда (libido), адно з найважнейшых паняццяў псіхааналізу, абазначае энергію індывіда, скіраваную на задавальненне, на дасягненне прыемнасці. @Люд паспаліты, людзі паспалітыя (сommon people), звычайныя, простыя людзі. @Людскасць (humanity), натура чалавека; тое, што робіць яго чалавекам, людскім. @Людства (humanity), усё чалавецтва, людскі род. @Мабільнасць, сацыяльная мабільнасць (mobility, social mobility), працэс змены становішча асобы або групы ў структуры грамадства; гл. таксама рушанне;

мабільнасць групавая (group mobility), змена становішча ў сацыяльнай герархіі нейкай групы цалкам;

мабільнасць збежная (downward mobility), паніжэнне становішча асобы/групы ў сістэме сацыяльнай стратыфікацыі;

мабільнасць індывідуальная (individual mobility), перамена становішча асобы ў сістэме сацыяльнай стратыфікацыі;

мабільнасць інтрагенерацыйная (intragenerational mobility), змены ў становішчы асобы/групы ў сацыяльнай герархіі на працягу аднаго пакалення;

мабільнасць інтэргенерацыйная (intergenerational mobility), змены ў пазіцыі асобы/групы ў грамадскай герархіі на працягу некалькіх пакаленняў;

мабільнасць узбежная (upward mobility), падвышэнне пазіцыі асобы/групы ў сацыяльнай герархіі. @Манізм (monism), метадалагічны падыход, заснаваны на дапушчэнні, што ў рэальнасці пануе толькі адзін пачатак; падыход, процілеглы дуалізму. @Марксізм (Мarxism), адно з найбольш уплывовых вучэнняў у сацыяльнай тэорыі ХХ ст., якое атрымала назоў ад імя яго заснавальніка - К.Маркса; грунтуецца на так званым матэрыялістычным вытлумачэнні гісторыі (гл. матэрыялістычная канцэпцыя гісторыі), якое выходзіць з таго, што жыццё грамадства вызначае развіццё ягоных прадукцыйных сілаў (спосаб вытворчасці), якія абумоўліваюць пэўны тып дачыненняў паміж асобамі й сацыяльнымі групамі, а таксама ідэі, што пануюць у тым тыпе грамадства (ідэалогія); паводле марксістаў, гісторыя кожнага грамадства ёсць паслядоўнасцю сацыяльных фармацыяў, што змяняюць адна адну (першабытны лад, рабаўладальніцкі, феадальны лад, капіталізм, сацыялізм, камунізм); марксізм зрабіў найбольшы даробак у гісторыю тэхналагічнага развіцця грамадства, тэорыю класавай структуры і тэорыю ідэалогіі; апрача артадаксальнага марксізму (Маркс, Энгельс, Ленін), вылучаюць таксама аўстра-марксізм (Гільфэрдынг, Рэнэр), заходні марксізм (Дз.Лукач і сябры франкфурцкае школы) і структуралістычны марксізм (Л.Альцюсэр). @Матывацыя (motivation), сістэма пабудак асобы, якія прымушаюць яе дзейнічаць пэўным чынам. @«Матэрыялістычная канцэпцыя гісторыі» ("the materialist conception of history"), тэрмін марксізму, які абазначае спосаб вытлумачэння гісторыі з развіцця тэхналогіі, так званых прадукцыйных сілаў. @Маўленне (utterance), канкрэтны вербальны акт, выказванне. @Медыяваны (mediated), той, што дзейнічае не наўпрост, а праз штосьці, праз нейкага пасярэдніка. @Медыяцыя (mediation), пасярэдніцтва. @Менталізм (mentalism), кірунак у філасофіі, сацыялогіі ды псіхалогіі, прадстаўнікі якога за адзіную актуальную рэальнасць уважаюць свядомасць асобы; аб'ектыўны ж, вонкавы свет лічаць чымсьці прывідным, нерэальным. @Меншыня (minority), эліта грамадства, панавальны клас;

меншыня арганізаваная (organised minority), тэрмін, прапанаваны Г.Москам для абазначэння кіраўнічае эліты грамадства ў адрозненне ад неарганізаванай бальшыні грамадзянаў;

меншыня чынная (active minority), паняцце сацыялогіі В.Парэты, якое абазначае актыўную меншыню грамадства, або эліту, што процістаіць бяздзейнай масе. @Метад (method), сістэма правілаў, пільнуючыся якіх навуковец спазнае свет;

метад гістарычны (historical method), метад даследвання, з дапамогаю якога навуковец спрабуе пабудаваць мадэль, якая б адпавядала рэальнай паслядоўнасці вывучаных ім падзеяў; у пэўнай ступені адпавядае дыяхранічнаму падыходу і сацыяльнай дынаміцы;

метад ідыяграфічны (idiographic method), паводле нямецкіх філосафаў Віндэльбанда й Рыкерта, метад, які ўласцівы культуразнаўчым навукам (у тым ліку сацыялогіі) і грунтуецца на апісанні ўнікальных гістарычных з'яваў і падзеяў на падставе вартасцяў таго грамадства, дзе яны існуюць або здараюцца;

метад номатэтычны (nomothetic method), паводле нямецкіх філосафаў Віндэльбанда й Рыкерта, метад, уласцівы прыродазнаўчым навукам, зарыентаваны на пошук агульных законаў, якім падпарадкуецца пэўны клас з'яваў;

метад параўнальны (comparative method), метад, заснаваны на параўнанні падобных з'яваў у розных кантэкстах (напрыклад, у розных грамадствах); у пэўнай ступені блізкі сінхранічнаму падыходу і сацыяльнай статыцы;

метад вольных асацыяцыяў ("free association"), тэхніка, распрацаваная З.Фройдам дзеля лячэння псіхічна хворых людзей, калі пацыент цалкам адвольна апавядае тое, што яму прыйшло ў галаву; псіхааналітык робіць высновы аб трывогах хворага на падставе таго, дзе той раптам спыняецца або не хоча далей працягваць сваё апавяданне, пераходзіць на іншую тэму і г.д.;

метад спадарожных зменаў (method of concomitant variations), метад, прапанаваны Э.Дзюркеймам; заснаваны на дапушчэнні, што калі дзве падзеі адбываюцца разам і іхная сувязь не залежыць ад кантэксту, ад акалічнасцяў, дык мы маем прычынную, дэтэрміністычную повязь паміж тымі падзеямі. @Метафізіка (metaphysics),

1) тое сама, што і філасофія; слова паходзіць ад назову трактата Арыстотэля «Метафізіка»; спачатку трактат не меў назову, але ў зборы твораў Арыстотэля быў змешчаны пасля «Фізікі», таму яго назвалі «Метафізікай», што значыць «пасля фізікі», «па фізіцы»; пазней сціслае значэнне слова «метафізіка» набыло адцягненае, філасафічнае значэнне: «навука, якая вывучае нязменнае, падваліны сусвету», бо слова «фюсіс» у ст.-грэц. мове абазначае «тое, што нараджаецца», «прыроду»; такім чынам, метафізіка вывучае тое, што існуе спрадвеку й навек;

2) метад, заснаваны на дапушчэнні, што рэальнасць ёсць акрэсленнай і нязменнай; процілеглы дыялектыцы. @Механіцызм (mechanicism), метадалагічны падыход, угрунтаваны на дапушчэнні, што дзеянне пэўнай прычыны заўжды будзе мець той сама вынік незалежна ад кантэксту. @Міжасабовы (intersubjective), той, што творыцца ды існуе ў дачыненнях паміж асобамі. @Мова (анг. language, фр. langue), адно з двух найважнейшых апазіцыйных паняццяў структуралістычнага мовазнаўства Ф. дэ Сасюра, паказвае на сістэмны аспект пэўнай сацыяльнай з'явы (у дадзеным выпадку - мовы) у адрозненне ад паняцця гаворка. @Навацыя (innovation), паводле класіфікацыі Р.Мэртана, адзін з тыпаў адаптацыі асобы да сацыяльнага асяроддзя, для якога ўласціва прыйманне асобаю ўхваленых грамадствам мэтаў, але яна дасягае іх неінстытуцыялізаванымі сродкамі; гл. таксама адаптацыя, канфармізм, рытуалізм, паўстанне, хаванне. @Навачаснасць (modernity), тэрмін, якім сацыёлагі і гісторыкі абазначаюць эпоху, што пачалася па заканчэнні Сярэднявечча, іначай Новыя часы; блізка звязаны з паняццем «індустрыйнае грамадства». @Навачасны (modern),

1) уласцівы для Новых часоў;

2) мадэрнізаваны, новы, навейшы. @Надбудова (superstructure), паняцце марксізму, якое абазначае духоўны стан грамадства, сукупнасць ідэяў, тэорыяў, канцэпцыяў, актуальных у грамадстве ў пэўную эпоху; у марксізме проціпастаўляецца падмурку - матэрыяльнаму, тэхналагічнаму стану грамадства, развіццю ягоных прадукцыйных сілаў. @Накідаць, накінуць (сілком) (impute), прымушаць, змушаць. @Наміналізм (nominalism), кірунак у сярэднявечнай філасофіі, прыхільнікі якога лічылі агульныя паняцці (так званыя ўніверсаліі), што абазначаюць пэўны клас прадметаў, толькі імёнамі (ноўмэнамі), а не рэальнымі рэчамі; падыход, супрацьлеглы рэалізму;

наміналізм метадалагічны (methodological nominalism), тэрмін, прапанаваны К.Попэрам дзеля абазначэння метадалагічнага падыходу, які ставіць за мэту «апісаць, як рэч паводзіць сябе ў разнастайных варунках, і асабліва, ці ёсць нейкія законы ў ейных паводзінах. Іншымі словамі, метадалагічны наміналізм бачыць мэту навукі ў апісанні рэчаў і падзеяў, што існуюць у нашай свядомасці, і ў «тлумачэнні» тых падзеяў, г.зн. у іхным апісанні на падставе ўніверсальных законаў». @Напруга (strains, tension), тэрмін структурнага функцыяналізму, які абазначае разнастайныя супярэчнасці і нязгоду, што існуюць унутры сацыяльнай сістэмы. @Нармальны, тое сама, што і слушны. @Нарматыўная арыентацыя дзеяння (normative orientation of action), паняцце структурнага функцыяналізму Т.Парсанза, якое абазначае той факт, што ў кожнай сітуацыі дзеяч можа выбраць розныя спосабы дзеля дасягнення вызначанае ім мэты; ягоны выбар залежыць ад таго, якім вартасцям або нормам аддае перавагу дзеяч. @Наступствы бачныя (observable objective consequences), паняцце, прапанаванае Р.Мэртанам дзеля абазначэння відавочных, аб'ектыўных вынікаў дзеяння; проціпастаўляецца асабістым прыхільнасцям, г.зн. пэўнаму стаўленню асобы да рэальнасці, яе схільнасці да пэўных дзеянняў. @Натуралізацыя ўгодаў (naturalising the conventions), пераўтварэнне штучных сацыяльных правілаў, ці ўгодаў, у штосьці натуральнае, тое, што пачынае здавацца людзям цалкам натуральным, безумоўным, належным. @Натуралізм (naturalism), метадалагічны падыход у сацыяльных навуках, прыхільнікі якога лічаць, што вывучэнне сацыяльных з'яваў зусім не розніцца ад вывучэння натуральных феноменаў, а сацыяльныя навукі - ад прыродазнаўчых, г.зн. яны не бяруць пад увагу тое, што грамадства ёсць вынікам, хай і неспадзяваным, дзейнасці індывідаў, якія да нечага імкнуцца і надаюць пэўны сэнс сваім учынкам, тым часам натура не мае нейкага суб'ектыўнага значэння, апрача таго, што надае ёй чалавек. @Ненармальны, тое сама, што і няслушны. @Неспадзяваныя наступствы сацыяльнага дзеяння (unintended consequences of social action), канцэпцыя, выпрацаваная прадстаўнікамі шатляндскага Асветніцтва; паводле яе дзеяч не ў стане прадбачыць вынікі ўласных учынкаў; такім чынам, грамадскае жыццё ў вялікай ступені ёсць нечаканым вынікам сумы дзеянняў усіх удзельнікаў грамадства. @«Нябачная рука» ("hidden hand"), метафара Э.Сміта, якая абазначае нейкі прынцып або закон, што пераўтварае хаатычныя дзеянні індывідаў у нармальны, арганізаваны сацыяльны парадак. @Няслушны (abnormal), у сацыялогіі Дзюркейма - сацыяльны факт, які парушае згуртаванасць грамадства; тое, што парушае ўсталяваную грамадскую норму. @Пабудка (incentive, drive), нутраное памкненне, якое змушае асобу дзейнічаць пэўным чынам, імкнуцца да пэўнай мэты; паняцце, блізкае да канцэпцыі матывацыі. @Паводзіны (behaviour), сістэма дзеянняў асобы;

паводзіны дэвіяцыйныя (deviant behaviour), паводзіны асобы, якія адхіляюцца ад ухваленых грамадствам узораў;

паводзіны рэактыўныя (reactive behaviour), тэрмін сацыялогіі М.Вэбэра; абазначае дзеянні асобы, у якіх адсутнічае актыўны, суб'ектыўны пачатак; асоба тут дзейнічае механічна, неасэнсавана, адно адказваючы на вонкавыя стымулы;

паводзіны механічныя (mechanical behaviour), тое сама, што і рэактыўныя паводзіны. @Павядач (speaker), той, хто гаворыць, прамаўляе, апавядае (гэтаксама як слухач - той, хто слухае; чытач - той, хто чытае і г.д.). @Падмурак (base), паняцце марксізму, якое абазначае матэрыяльны, тэхналагічны стан грамадства, ягоныя вытворчыя, прадукцыйныя сілы; проціпастаўляецца надбудове - духоўнаму стану грамадства. @Падпарадкаванне (subordination), згода на пэўны сацыяльны парадак, на панаванне пэўнай кіраўнічай эліты. @Падсвядомасць (the unconscious), паняцце псіхааналізу, якое абазначае частку псіхікі, куды трапляюць забароненыя жаданні й думкі асобы, якія прыгнятаюцца свядомасцю і выяўляюцца ў снах, калі кантроль свядомасці слабне. @Падсістэма (sub-system), паняцце структурнага функцыяналізму, якое абазначае адну з чатырох абавязковых частак кожнай сацыяльнай сістэмы - сваяцтва, стратыфікацыі, улады й рэлігіі, што спрыяюць захаванню і забяспечваюць функцыянаванне сацыяльнай сістэмы. @Пажадлівасць (sexual desire), сэксуальнае жаданне, цяга да асобы процілеглага полу. @Пазітывізм (positivism), плынь у філасофіі ды навуцы (заснавальнік А.Конт), прыхільнікі якой аддаюць перавагу фактам, г.зн. пазітыўным ведам, насуперак адцягненым, метафізічным меркаванням, адкуль вынікаюць іхная вера ў навуку (сцыентызм) і пагарда да філасофіі. @Пазіцыя, сацыяльная пазіцыя (position, social position), месца асобы/групы ў сістэме сацыяльнай стратыфікацыі;

пазіцыя функцыянальна важная (functionally important position), тэрмін функцыяналістычнае тэорыі сацыяльнай стратыфікацыі, які абазначае пэўную прафесію, неабходную дзеля нармальнага функцыянавання грамадства. @Пакліканне (calling, vocation), прызначэнне, заданне чалавека ў жыцці; М.Вэбэр лічыў, што ў перыяд Рэфармацыі гэтае паняцце пачало абазначаць самааданную працу верніка ў ягонай свецкай прафесіі дзеля Божае славы і асабістага збаўлення. @Панаванне (domination), дзейнасць асобы/групы, якая вызначае прынцыпы сацыяльнага парадку; Вэбэр адрозніваў «панаванне» і «ўладу», першым тэрмінам ён абазначыў законнае, ці легітымнае, кіраванне асобаю, групаю або цэлым грамадствам, «уладаю» ж ён лічыў гвалтоўны прымус да пэўных дзеянняў, які не мае законных падставаў, г.зн. падпарадкаваны бок не прызнае законнасці тае ўлады; у сваю чаргу італійскі марксіст А.Грамшы адрозніваў «панаванне» і «гегемонію»; панаваннем ён лічыў тое, што М.Вэбэр назваў «уладаю», а гегемоніяй тое, што Вэбэр называў «панаваннем», г.зн. гегемонія, паводле Грамшы, легітымнае, або законнае, валадарства;

панаванне ідэалагічнае (ideological domination), панаванне, якое ажыццяўляецца праз накіданне элітаю падпарадкаваным класам пэўнае ідэалогіі, засвойваючы яе, людзі згаджаюцца на панаванне гэтае эліты;

панаванне класавае (class domination), улада аднаго класа над іншым (іншымі), якая абумоўлена дамінацыяй гэтага класа ў эканоміцы і ажыццяўляецца з дапамогаю прымусу;

панаванне палітычнае (political domination), спосабы, якімі дзяржава бароніць і захоўвае перавагу ў палітыцы кіраўнічае эліты;

панаванне сацыяльнае (social domination), вызначэнне элітаю прынцыпаў і мэтаў дзейнасці інстытуцыяў грамадзянскай супольнасці (напрыклад, сістэмы адукацыі), якое адбываецца дзякуючы статусу і ўплыву эліты і скіраванае на захаванне актуальнага парадку рэчаў, які дае ёй перавагу;

панаванне сімвалічнае (symbolic domination), панаванне, якое ажыццяўляецца праз накіданне падпарадкаваным групам ідэяў і вобразаў, што спрыяюць захаванню актуальнага парадку; паняцце, блізкае да канцэпцыі ідэалагічнага панавання;

панаванне тэхналагічнае (technological domination), у сацыяльнай тэорыі франкфурцкае школы тып панавання, уласцівы сучаснаму масаваму грамадству, які грунтуецца на выкарыстанні навукі й тэхналогіі; панаванне, якое зрабілася рацыяналізаванай тэхналогіяй кіравання людзьмі, што абапіраецца на здабыткі навукі;

панаванне эканамічнае (economic domination), перавага ў эканоміцы пэўнай сацыяльнай групы (класа), абумоўленая тым, што тая група мае ўласнасць і прыўлашчвае прыбытак. @Парадак, сацыяльны парадак (order, social order), адно з найважнейшых паняццяў сацыялогіі, якое абазначае і ўпарадкаваны стан грамадства, і пэўны тып сацыяльнай арганізацыі. @Пасада (occupation), становішча асобы ў прафесійнай структуры грамадства. @Паслянавачаснасць (post-modernity), тэрмін, якім некаторыя сучасныя даследнікі абазначаюць новую гістарычную эпоху, што, на іхную думку, пачынаецца якраз цяпер; літаральна тое, што ідзе па Новых часах; звязана з паняццямі «пасляіндустрыйнага» або «посткапіталістычнага грамадства». @Паспалітаванне, тое сама, што і камунікацыя. @Паспалітавацца, тое сама, што і камунікаваць. @Паспаліты (common),

1) агульначалавечы, універсальны (паспалітае дабро);

2) грамадскі, сацыяльны (паспалітая патрэба);

3) звычайны, звыклы (паспаліты чалавек);

4) штодзённы, будзённы. @Пастава, тое сама, што і стаўленне. @Патрэба (need), неабходнасць у нечым, нястача чагосьці;

патрэба паспалітая (social need), патрэба цэлага грамадства або ягонай часткі ў нечым. @Патрэбы сістэмы (the needs of the system), тэрмін структурнага функцыяналізму, які абазначае істотныя ўмовы існавання грамадства як цэласці, як сістэмы. @Паўстанне (rebellion), адзін з тыпаў прыстасавання асобы да грамадскага асяроддзя паводле класіфікацыі Р.Мэртана; адметны тым, што індывід адначасова і адмаўляе, і прымае ўхваленыя грамадствам мэты і спосабы іхнага дасягнення; гл. таксама адаптацыя, канфармізм, навацыя, рытуалізм, хаванне. @Перадумовы функцыянальныя (functional prerequisites), тэрмін структурнага функцыяналізму Т.Парсанза; абазначае тыя інстытуцыі, без якіх ніводнае грамадства не можа існаваць; гл. таксама адаптацыя, дасягненне мэтаў, інтэграцыя, латэнтнасць. @Перспектыва (perspective), пункт гледжання, гледзішча; у сацыялогіі К.Мангайма паняцце, якое абазначае пэўны пункт гледжання на грамадства, абумоўлены сацыяльнай пазіцыяй групы. @Плюралізм (pluralism), стан, у якім няма аднаго панавальнага пачатку; стан грамадства, калі адсутнічае адзіны прызнаны светапогляд, а існуе вялікая колькасць розных і раўнавартасных светапоглядаў; стан адсутнасці манаполіі на праўду. @Поступ (progress), прагрэс. @Правілы (rules), усталяваныя ў грамадстве нормы паводзінаў, якім мусяць падпарадкавацца дзеячы; у тэорыі структурацыі Э.Гідэнса - адзін з аспектаў сацыяльных структураў, якія забяспечваюць дзеячу тыя нормы або ўзоры дзеяння. @Прагматызм (pragmatism), плынь у філасофіі, перадусім у амэрыканскай (заснавальнікі Ч.Пірс, Ў.Джэймз і Д.Д'юі), прыхільнікі якой атаясамляюць рэальнасць з суб'ектыўным досведам і лічаць, што аб'екты пазнання не існуюць незалежна ад свядомасці чалавека, а ўтвараюцца ў працэсе мыслення, у час развязання ім практычных задачаў; паводле прыхільнікаў прагматызму, мысленне ёсць спосабам прыстасавання асобы да асяроддзя, паняцці - інструментамі тае адаптацыі, а праўда - не адлюстраваннем аб'ектыўнай рэальнасці, а практычнай карысцю для індывіда. @Прадукцыйнасць (productivity), выніковасць працы. @Праект асабісты (individual's project), тэрмін фенаменалагічнай сацыялогіі А.Шутца; абазначае мадэль, згодна з якою асоба будуе сваё штодзённае жыццё, свой жыццясвет. @Практыка дарэчная (correct practice), тэрмін крытычнае тэорыі, які абазначае дзеянні асобы, скіраваныя на вызваленне чалавека, на эмансіпацыю, а не на дасягненне класавага ці групавога інтарэсу. @Прыказанне (prescription), патрабаванне ад асобы пэўных дзеянняў, паводзінаў. @Прынцып (principle), у псіхааналізе - псіхічны механізм, які вызначае агульную арыентацыю ўсёй сістэмы паводзінаў асобы або яе скіраванасць на неадкладнае задаволенне ўласных патрэбаў (прынцып задавальнення) або на самазахаванне нават праз адмаўленне ад пэўных жаданняў (прынцып рэальнасці);

прынцып задавальнення (pleasure principle), у псіхааналізе арыентацыя асобы на задавальненне ўласных патрэбаў, на дасягненне прыемнасці без увагі на непрыемныя аб'ектыўныя факты;

прынцып рэальнасці (reality principle), у псіхааналізе арыентацыя асобы найперш на аб'ектыўную сітуацыю і падпарадкаванне ёй сваіх жаданняў. @Прыроджаны (natural), уласцівы ад нараджэння. @Прыстасаванне, тое сама, што і адаптацыя. @Прыхільнасці асабістыя (subjective dispositions), тэрмін, прапанаваны Р.Мэртанам дзеля абазначэння асабістых матываў, схільнасцяў і мэтаў дзеяча, якія накіроўваюць ягоную дзейнасць; проціпастаўляюцца бачным наступствам, г.зн. аб'ектыўным вынікам дзейнасці індывідаў; структурны функцыяналізм вывучае бачныя наступствы і не бярэ пад увагу асабістыя прыхільнасці дзеяча. @Прэферэнцыі (preferences), сістэма прыярытэтаў асобы; герархія таго, чаму індывід аддае перавагу ў першую чаргу, у другую чаргу і г.д. @Псіхалагізм (psychologism), рыса, уласцівая некаторым сацыялагічным тэорыям, якія сцвярджаюць, што ніякага незалежнага ад індывідаў грамадства не існуе; таму сацыяльныя з'явы ў тых тэорыях зводзяць, ці рэдукуюць, да псіхалагічных асаблівасцяў пэўных індывідаў; псіхалагізм быў уласцівы тэорыі Г.Тарда, сацыяльнай канцэпцыі Дж.С.Міла, інтэрпрэтацыйнай сацыялогіі, сімвалічнаму інтэракцыянізму, фенаменалагічнай сацыялогіі, этнаметадалогіі; тэрмін паводле значэння процілеглы паняццю сацыялагізм. @Псіхааналіз (psycho-analysis), ці не найбольш уплывовая псіхалагічная школа ХХ ст. (заснавальнік З.Фройд), якая тлумачыць паводзіны дарослай асобы з яе ўнікальнага досведу сталення, г.зн. з паступовага ўсведамлення ёю вонкавага свету і прыстасавання да яго пад час дарастання, калі асоба мусіць навучыцца карыстацца ўласным целам дзеля падтрымання сталай раўнавагі ў сваіх дачыненнях з вонкавым светам; псіхааналітыкі лічаць, што псіхічныя хваробы вынікаюць з нейкіх няўдачаў, якія напаткалі асобу пад час сталення, іначай кажучы, з таго, што яна не навучылася, або навучылася не так, як мае быць, карыстацца сваім целам і ладзіць свае дачыненні з вонкавым светам ды іншымі людзьмі; да найбольшых адкрыццяў псіхааналізу належыць адкрыццё шматроўневай структуры псіхікі (падсвядомасці) і звязанага з тым прыгнёту ірацыянальных элементаў у псіхіцы чалавека; інтэрналізацыі каштоўнасцяў, якія пазней (як сумленне або супер-эга) рэгулююць паводзіны асобы знутры; сувязі паміж структураю сям'і і структураю асабістасці і г.д. @Пэўнасць (certainty), паводле М.Вэбэра, разам з аб'ектыўнымі ведамі ёсць мэтаю сацыялагічнае навукі. @Разуменне (анг. understanding; ням. verstehen), усведамленне і вытлумачэнне асабістых матываў, якія змушаюць асобу дзейнічаць пэўным чынам.

разуменне інтэрпрэтацыйнае (interpretative understanding), вытлумачэнне дзеяння з таго значэння, якое надае яму індывід; тэрмін, апазіцыйны прычыннаму тлумачэнню;

разуменне матывацыйнае (вытлумачальнае) (motivational or explanatory understanding), вытлумачэнне паводзінаў асобы з яе суб'ектыўных матываў, ці пабудак, да пэўнага дзеяння;

разуменне простае (назіральнае) (direct or observational understanding), разуменне чалавечага дзеяння, якое вынікае з простага назірання за тым дзеяннем, сэнс якога відавочны. @Раўнавага, сацыяльная раўнавага (equilibrium, social equilibrium), устойлівасць, трываласць сацыяльнае сістэмы;

раўнавага непарушная (static equilibrium), стан сацыяльнае сістэмы, які не дапускае ніякіх адхіленняў асобы/групаў ад усталяваных у грамадстве нормаў і ніякіх канфліктаў унутры грамадства;

раўнавага рухомая (moving equilibrium, dynamic equilibrium), стан сацыяльнае сістэмы, калі ейная трываласць захоўваецца без увагі на канфлікты і супярэчнасці, што існуюць у той сацыяльнай сістэме, і нават дзякуючы ім. @Рацыяналізацыя (rationalisation),

1) паняцце М.Вэбэра, якім ён абазначыў пераход ад адвольных і традыцыйных спосабаў дзеяння да арганізацыі дзейнасці паводле рацыянальна ўсталяваных, безасабовых правілаў;

2) разумнае вытлумачэнне асобаю ўласных паводзінаў, часта не надта рацыянальных. @Рацыяналізм (rationalism), плынь у філасофіі, прыхільнікі якой лічаць розум падставай пазнання і паводзінаў людзей; рацыяналісты лічаць, што эмацыйныя ды ірацыянальныя чыннікі не адыгрываюць у паводзінах чалавека вялікае ролі; пазіцыя, процілеглая рацыяналізму, - ірацыяналізм. @Рацыянальнасць (rationality), уласцівасць сацыяльнага дзеяння, скіраванага на дасягненне акрэсленай мэты спосабамі, свядома абранымі дзеячам з увагі на актуальны кантэкст дзеяння, г.зн. таму дзеянню ўласцівая спланаванасць і мэтанакіраванасць; паняцце сацыялогіі Г.Зімэля і М.Вэбэра;

рацыянальнасць інструментальная (instrumental rationality), тое сама, што і фармальная рацыянальнасць;

рацыянальнасць камунікацыйная (communicative rationality), паняцце сацыяльнае тэорыі Ю.Габэрмаса, якое абазначае перадумову, што робіць магчымым паразуменне паміж асобнымі дзеячамі;

рацыянальнасць падставовая (substantive rationality), паняцце сацыялогіі М.Вэбэра, якое абазначае скіраванасць сацыяльнага дзеяння на абсалютныя ідэалы й каштоўнасці;

рацыянальнасць фармальная (formal rationality), тэрмін сацыялогіі М.Вэбэра, які абазначае арыентацыю сацыяльнага дзеяння на цалкам практычныя, штодзённыя мэты. @Роля, сацыяльная роля (role, social role), узор паводзінаў, які адпавядае пэўнаму грамадскаму становішчу асобы. @Рушанне, грамадскае рушанне, тое сама, што і сацыяльная мабільнасць. @Рытуалізм (ritualism), паводле класіфікацыі Р.Мэртана, адзін з тыпаў прыстасавання асобы да грамадскага асяроддзя, калі чалавек скептычна ставіцца да ўхваленых грамадствам мэтаў, але прызнае сродкі дасягнення тых мэтаў; гл. таксама адаптацыя, канфармізм, навацыя, хаванне, паўстанне. @Рэалізм (realism), кірунак у сярэднявечнай філасофіі, прыхільнікі якога лічылі, што паняцці не проста разумовыя мадэлі, якімі мы карыстаемся дзеля спазнання свету, а частка рэальнасці, яны існуюць як рэчы; гэтай пазіцыі процістаяў наміналізм. @Рэдукцыя (reduction), звядзенне, спрашчэнне;

рэдукцыя фенаменалагічная (анг. phenomenological reduction; ст.-грэц. epoché), метадалагічная працэдура, прапанаваная філосафам Э.Гусэрлем дзеля крытычнага вывучэння нашых звыклых меркаванняў і ўяўленняў пра свет; зместам тае працэдуры ёсць адмаўленне даследніка ад усіх сваіх уяўленняў пра свет, якія ў штодзённым жыцці здаюцца чымсьці натуральным, непадлеглым крытыцы; іначай: спыненне веры ў аб'екты нашага досведу. @Рэдукцыянізм (reductionism), метадалагічны падыход, прыхільнікі якога спрашчаюць вывучаную з'яву да жменькі элементарных фактаў. @Рэіфікацыя (reification),

1) паняцце сацыяльнай тэорыі марксізму; абазначае працэс ператварэння дачыненняў паміж індывідамі ў дачыненні паміж рэчамі, які адбываецца ў капіталістычным грамадстве; іначай кажучы, рэчы, якія былі пасярэднікамі ў дачыненнях людзей, цяпер, паводле Маркса, пачынаюць граць самастойную ролю, робяцца нібы незалежнымі фактарамі тых дачыненняў і вызначаюць стасункі паміж асобамі;

2) тэрмін, якім у сацыялогіі абазначаюць імкненне пэўнай часткі навукоўцаў апісваць міжасабовыя дачыненні ды інстытуцыі гэтак, быццам яны існуюць аб'ектыўна, незалежна ад дзеянняў людзей, нібы нейкія матэрыяльныя рэчы; гэтыя навукоўцы часцей за ўсё імкнуцца цалкам прыраўняць сацыяльную навуку да прыродазнаўчых навук, не зважаючы на істотную ролю ў грамадскім жыцці суб'ектыўных чыннікаў. @Рэлятывізм (relativism), падыход, які грунтуецца на перакананні, што ідэі, вартасці або паводзіны асобы залежаць ад сітуацыі, ад актуальнага кантэксту;

рэлятывізм вартасцёвы (relativism of values), стан грамадства, калі няма абсалютных, прызнаных усімі вартасцяў, а паводзіны асобы вызначаюць сітуацыя ды інтарэс. @Рэляцыянізм (relationism), тэрмін Мангаймавай сацыялогіі ведаў; Мангайм увёў яго, каб адрозніць сваю пазіцыю ад звычайнага рэлятывізму; рэляцыянізм прадбачыць «дапасаванне пэўнага выказвання да пэўнага вытлумачэння свету, а яго ў сваю чаргу - да пэўнай структуры грамадства як ягонай перадумовы». @Рэсурсы (resources), у тэорыі структурацыі Э.Гідэнса тэрмін, які адлюстроўвае адзін з двух аспектаў (другі - правілы) сацыяльных структураў, або інстытуцыяў, а менавіта тое, што яны даюць дзеячу магчымасць паводзіць сябе пэўным чынам, забяспечваюць яго пэўнымі рэсурсамі, або сродкамі дзеяння, (г.зн. санкцыянаванымі спосабамі дасягнення вызначанай мэты). @Рэшткі (residues), паняцце Парэтавай сацыялогіі, якое абазначае нешта накшталт інстынктаў у чалавека, нейкія прыроджаныя рысы асабістасці, ад якіх залежыць, ці асоба належыць да эліты, ці да масы; усяго Парэта вылучыў шэсць класаў рэшткаў, з якіх найбольш важныя першыя два. @Салідарнасць, сацыяльная салідарнасць (solidarity, social solidarity), паняцце, уведзенае ў сацыялогію Э.Дзюркеймам дзеля абазначэння спосабу сацыяльнай арганізацыі, спосабу згуртавання індывідаў у грамадства, у супольнасць; у шырэйшым значэнні - згуртаванасць, еднасць грамадства;

салідарнасць арганічная (organic solidarity), тып згуртавання грамадства, які грунтуецца на падзеле працы і камплементарнасці індывідаў; уласцівы індустрыйнаму грамадству;

салідарнасць механічная (mechanical solidarity), тып згуртавання індывідаў у грамадства, заснаваны на аб'яднанні падобных індывідаў, якія выконваюць у грамадстве аднолькавую функцыю; характэрны для традыцыйнага грамадства. @Самагубства (suicide), феномен, які ў сацыялогіі ўпершыню грунтоўна даследваў Э.Дзюркейм; ён лічыў, што тып самагубства залежыць ад тыпу сацыяльнай арганізацыі, таму розным тыпам грамадства адпавядаюць розныя тыпы самагубства;

самагубства альтруістычнае (altruistic suicide), самагубства, учыненае дзеля іншага чалавека;

самагубства анамічнае (anomic suicide), паводле класіфікацыі Э.Дзюркейма, тып самагубства, якое абумоўлена заняпадам сацыяльных нормаў (аноміяй) і надзвычайным стрыманнем асабістых памкненняў чалавека; на думку Э.Дзюркейма, уласцівае сучаснаму індустрыйнаму грамадству;

самагубства фаталістычнае (fatalistic suicide), паводле Э.Дзюркейма, самагубства, якое мела здарыцца незалежна ад наяўнасці пэўных сацыяльных прычын, таму гэты тып самагубства не залежыць ад пэўнага тыпу грамадства;

самагубства эгаістычнае (egoistic suicide), паводле класіфікацыі Э.Дзюркейма, тып самагубства, якое ўчыняюць ад любові да сябе й шкадавання сябе; на думку Э.Дзюркейма, найбольш распаўсюджанае ў індустрыйным грамадстве з ягонай аноміяй ды індывідуалізмам. @Санкцыя (sanction), захады, якія робіць грамадства ў дачыненні да індывідаў дзеля самазахавання і падтрымання сацыяльнага парадку; санкцыі могуць быць як станоўчыя (нагароджанне індывідаў, якія трымаюцца ўхваленых грамадствам узораў), так і адмоўныя (пакаранне асобаў, якія ў сваіх паводзінах адхіляюцца ад тых узораў, парушаюць іх); гл. таксама дэвіяцыя, дэвіяцыйны, дэвіяцыйныя паводзіны, збочванне, збочны, ухвалены. @Сацыялагізм (socioligism), асаблівасць пэўных тэорыяў грамадства (напрыклад, Дзюркеймавай), у якіх найбольш увагі аддаюць аб'ектыўным фактарам грамадскага жыцця, незалежным ад матывацыі і ўчынкаў дзеячаў; падыход, апазіцыйны псіхалагізму. @Сацыялізацыя (socialisation), працэс засваення індывідам сацыяльных нормаў і ўзораў паводзінаў у часе ягонага выхавання; працэс інтэграцыі індывіда ў грамадства. @Сацыялізм (socialism),

1) у марксізме - адна з сацыяльных фармацыяў, для якой уласціва абагульненне так званых «сродкаў вытворчасці» (скасаванне прыватнай уласнасці) і арганізацыя эканомікі пад кантролем дзяржавы, калі замест рынку дзейнічаюць прынцыпы адміністрацыйнага размеркавання дабротаў;

2) палітычны кірунак, прыхільнікі якога патрабуюць скасавання ці абмежавання прыватнай уласнасці і арганізацыі вытворчасці дзяржаваю, а таксама сацыяльных гарантыяў (дармовая адукацыя, дармовае лячэнне і г.д.) ад дзяржавы. @Сацыялогія (sociology), навука, якая вывучае сацыяльныя інстытуцыі;

сацыялогія інтэрпрэтацыйная (interpretative sociology), кірунак у сацыялогіі, прыхільнікі якога (метадолагі Дыльтэй, Віндэльбанд і Рыкерт, прадстаўнікі Зімэль і Вэбэр) лічылі, што, каб патлумачыць пэўныя ўчынкі людзей, трэба зразумець суб'ектыўнае значэнне тых учынкаў або сэнс, які надае тым дзеянням сам чалавек, ці значэнне, якое яны маюць для яго;

сацыялогія фармальная (formal sociology), тое сама, што і «чыстая» сацыялогія;

сацыялогія «чыстая» ("pure" sociology), тэрмін Ф.Цёніса і Г.Зімэля, якія ўважалі за мэту сацыялогіі вывучэнне чыстых формаў згуртавання, зграмаджэння індывідаў незалежна ад зместу дачыненняў паміж тымі індывідамі;

сацыялогія ведаў (sociology of knowledge), тэрмін, прапанаваны М.Шэлерам дзеля абазначэння раздзела сацыялогіі, у якім вывучаюць залежнасць паміж сацыяльнай пазіцыяй асобы/групы і ейным светапоглядам; найбольш вядомы прадстаўнік - К.Мангайм. @Сацыяцыя (sociation), паняцце Г.Зімэля, якое абазначае працэс аб'яднання, або згуртавання, індывідаў у грамадства; іначай кажучы, працэс іхнага зграмаджэння. @Сваяцтва (kinship), сістэма дачыненняў паміж сваякамі, якая розніцца залежна ад тыпу грамадства; у структурным функцыяналізме - адна з чатырох падсістэмаў кожнага грамадства, разам са стратыфікацыяй, уладай і рэлігіяй. @Свядомасць (consciousness), паняцце філасофіі, сацыялогіі і псіхалогіі, якое абазначае здольнасць чалавека да ідэальнага ўзнаўлення аб'ектыўнай рэальнасці ў розуме;

свядомасць класавая (class consciousness), тэрмін марксізму, які абазначае ўсведамленне сацыяльнай групаю, што займае пэўнае становішча ў грамадстве, сваёй еднасці, супольнасці сваіх мэтаў, каштоўнасцяў ды інтарэсаў; Дз.Лукач адрозніваў псіхалагічную, або актуальную, свядомасць класа, якую вызначаюць штодзённае жыццё і пільныя патрэбы прадстаўнікоў таго класа, ад накінутай або патэнцыйнай свядомасці, якая ёсць усведамленнем праз клас свайго гістарычнага задання і накідаецца класу (тут - пралетарыяту) незалежнымі й бесстароннімі інтэлектуаламі;

свядомасць супольная (фр. conscience collective), паняцце Дзюркейма, якое абазначае адзіны для ўсіх удзельнікаў грамадства светапогляд, што ўласціва для перадіндустрыйнага грамадства або, як казаў Дзюркейм, для грамадства з механічнай салідарнасцю. @Секулярызацыя (secularisation), працэс вызвалення грамадскага жыцця з-пад уплыву Царквы (дакладней было б казаць - Касцёлу, бо той працэс адбываўся перадусім на Захадзе), пад час якога людзі бяруць пад сумнеў веру ў звышнатуральнае і звязаныя з ёю абрады; пачатак таго працэсу на Захадзе часцей за ўсё звязваюць з Французскай рэвалюцыяй і Асветніцтвам, з усталяваннем культу розуму. @Семіялогія (semiology), паняцце Р.Барта, якое абазначае вывучэнне чалавечых учынкаў і аб'ектаў з увагі на сістэму базавых, элементарных, правілаў, якая робіць магчымым наданне нейкага сэнсу або значэння пэўным дзеянням і рэчам; семіялогія, бадай, не розніцца ад семіётыкі. @Семіётыка (semiotics), навука, якая вывучае знакавыя сістэмы. @Сілы прадукцыйныя (productive forces), паняцце марксізму, якое абазначае ровень тэхналагічнага развіцця грамадства - прыладаў працы і спрыту работнікаў. @Сіндыкалізм (syndicalism), кірунак у работніцкім руху, прадстаўнікі якога адмаўляюць палітычную барацьбу і ролю работніцкіх партыяў, лічаць найвышэйшай формай арганізацыі работніцкага класа прафесійныя звязы (па-французску - сіндыкаты; адсюль сіндыкалізм), да якіх павінны перайсці сродкі вытворчасці. Прыхільнікі кірунку бароняць тактыку «беспасярэдняга дзеяння» (сабатаж, байкот і як «найвышэйшую форму» змагання за інтарэсы работнікаў - усеагульны эканамічны страйк). Найбольш пашыраны быў на пачатку ХХ ст. Адзін з галоўных ідэолагаў - Ж.Сарэль. @Сінхранічны (synchronic), сістэмны, або структурны, аспект сацыяльнай з'явы; падыход да з'явы як да згоднага, упарадкаванага цэлага, якое існуе ў пэўны момант; тэрмін прапанаваны Ф. дэ Сасюрам, заснавальнікам структуралістычнага мовазнаўства; процілеглы аспект - дыяхранічны. @Сістэма, сацыяльная сістэма (system, social system), адно з галоўных паняццяў сацыяльнае тэорыі; абазначае грамадства як штосьці цэлае, спарадкаванае і ўсталяванае; тэрмін, які адлюстроўвае дэтэрміністычны аспект грамадскага жыцця насуперак яго валюнтарыстычнаму аспекту - дзеянню; гл. таксама інстытуцыйны, інстытуцыя, інстытуцыялізацыя, структуры. @Складнік, тое сама, што і элемент. @Слушны (normal), у Дзюркеймавай сацыялогіі - сацыяльны факт, які спрыяе захаванню грамадства і ягонай згуртаванасці; іначай: нармальны. @Спагада (sympathy), паводле шатляндскага філосафа Д.Г'юма, пачуццё, уласцівае ўсім індывідам, што якраз і аб'ядноўвае іх у грамадства. @Спадзяванні (expectations), тое, чаго чакае індывід ад рэальнасці;

спадзяванні натуральныя (background expectations), спадзяванні індывіда, якія ён лічыць нечым належным, натуральным, бясспрэчным. @Спажыванне дэманстрацыйнае (сonspicuous consumption), спажыванне чалавекам пэўных дабротаў, якое мае на мэце не задавальненне пільных патрэбаў асобы, а замацаванне або пацверджанне яе вышэйшага сацыяльнага статусу; тэрмін уведзены Т.Вэбленам. @Спаўненне, тое сама, што і фіналізацыя гісторыі. @Спосаб вытворчасці (mode of production), паняцце сацыяльнай тэорыі марксізму, якое абазначае тэхналагічны стан грамадства (развіццё абсталявання і спрыту работнікаў) у пэўную эпоху. @Спраўджанне (verification), пацверджанне праўдзівасці пэўнага меркавання; метадалагічная працэдура, процілеглая зняпраўджанню. @Спраўджваць (verify), пацвярджаць праўдзівасць пэўнага навуковага меркавання, выказвання. @Спрыт (skill), сукупнасць уменняў і ведаў работніка, якія дазваляюць яму выконваць пэўную працу. @Стан (state), становішча, сітуацыя;

стан натуральны (natural state), паводле тэорыі сацыяльнага кантракту (Т.Гобс, Дж.Лок, Ж.Ж.Русо), стан людзей, які папярэднічаў іх аб'яднанню ў грамадства, усталяванню законаў і заснаванню дзяржавы; час, калі панавала натуральнае права;

стан сацыяльны (social state), вынік сацыяльнага кантракту паміж людзьмі, якія згаджаюцца на абмежаванне сваіх прыроджаных, натуральных правоў на карысць дзяржавы, якая ўтвараецца ў выніку таго пагаднення і якая мусіць бараніць астатнія правы асобы (асабістую бяспеку, свабоду і ўласнасць). @Становішча, тое сама, што і сацыяльная пазіцыя. @Стасаваны (applied), ужытковы, той, што выкарыстоўваецца ў практычным жыцці; напрыклад, стасаваная сацыялогія (апытанні перад выбарамі, маркетынгавыя даследванні і да т.п. рэчы). @Стасунак «мэты-сродкі» (ends-means relationship), паводле М.Вэбэра, залежнасць паміж вызначанаю дзеячам мэтаю і сродкамі, абранымі ім дзеля дасягнення тае мэты; адпаведнасць сродкаў дзеяння ягонай мэце ёсць меркай рацыянальнасці дзеянняў асобы. @Стасункі (relation, -ship), дачыненні; у адрозненне ад дачынення стасункі ёсць не толькі ўзаемадзеяннем паміж агентамі, але і пэўным стаўленнем дзеячаў адзін да аднаго і да самога ўзаемадзеяння;

стасункі трансфармацыйныя (transformational relations), паняцце тэорыі структурацыі Э.Гідэнса, якое абазначае ўзаемадзеянне паміж асобаю і сацыяльнай сістэмаю, дзе кожны з бакоў таго ўзаемадзеяння фармуе і змяняе (трансфармуе) іншы бок. @Статус (status), грамадскае становішча асобы, якое вызначаецца стаўленнем да яе іншых людзей; у тэорыі сацыяльнай стратыфікацыі М.Вэбэра «статус» асобы вызначае стыль яе жыцця. @Статыка, сацыяльная статыка (statics, social statics), паводле А.Конта, адзін з двух раздзелаў сацыялогіі (другі - сацыяльная дынаміка), у якім трэба вывучаць сацыяльную з'яву ў пэўны гістарычны момант у пэўным грамадстве, г.зн. не беручы пад увагу змены, што адбываюцца з ёю цягам часу; у нейкай ступені адпавядае сінхранічнаму падыходу. @Стаўленне (attitude), пазіцыя, якую абірае індывід у дачыненні да нейкае з'явы, паводзінаў і г.д.;

стаўленне з увагі на абсалютныя вартасці (ultimate-value atittude), тэрмін структурнага функцыяналізму; абазначае стаўленне дзеяча да тае ці іншае з'явы, якое вызначаюць абсалютныя вартасці, інтэрналізаваныя ім у працэсе сацыялізацыі;

стаўленне натуральнае (natural attitude), стаўленне, адметнае тым, што індывід прымае ўмовы ўласнага жыцця як штосьці належнае, зусім натуральнае. @Страта (strata), група індывідаў, якая займае пэўнае становішча ў сістэме сацыяльнай стратыфікацыі; пласт грамадства. @Стратыфікацыя, сацыяльная стратыфікацыя (stratification, social stratification), герархічная арганізацыя сацыяльных групаў у грамадстве; у структурным функцыяналізме - адна з чатырох падсістэмаў кожнага грамадства. @Структура, сацыяльная структура (structure, social structure), будова грамадства, грамадская герархія. @Структуралізм (structuralism), кірунак у філасофіі, сацыялогіі, псіхааналізе і літаратуразнаўстве, прыхільнікі якога ставяць за мэту вылучыць у вывучанай імі з'яве нейкія нязменныя элементы (структуры), розныя камбінацыі якіх мусяць вызначаць усю магчымую разнастайнасць даследваных з'яваў (казак, як у Пропа, міфаў, як у Леві-Строса, і г.д.). @Структурацыя (structuration), працэс утварэння і ўсталявання структураў (інстытуцыяў); працэс, процілеглы дэструктурацыі. @Структуры, сацыяльныя структуры (structures, social structures), тое сама, што інстытуцыі або ўстановы;

структуры медыяцыйныя (mediating structures), структуры, якія яднаюць кожнага індывіда з цэлым грамадствам, напрыклад прафесія, веравызнанне і да т.п. інстытуцыі. @Стылі мыслення (styles of thought), паняцце сацыялогіі К.Мангайма, які лічыў, што сацыялогія ведаў толькі тады зробіцца навукаю, калі, пераймаючы мастацтвазнаўства, вылучыць у мысленні людзей пэўныя стылі, якім уласцівы нейкія нязменныя рысы і асаблівасці. @Сублімацыя (sublimation), паняцце псіхааналізу, якое абазначае пераарыентацыю індывідам энергіі свайго лібіда з задавальнення на нейкую іншую дзейнасць, напрыклад на працу. @Субстытут функцыянальны (functional substitute), сацыяльная інстытуцыя, якая можа выконваць функцыю нейкай іншай інстытуцыі ў сацыяльнай сістэме. @Суб'ектывізм (subjectivism), метадалагічны падыход, прыхільнікі якога лічаць адзіным творцам грамадства рэальнага суб'екта (індывіда) і адмаўляюць існаванне нейкіх незалежных ад дзеяча сацыяльных фактараў, якія быццам існуюць самі па сабе, незалежна ад учынкаў індывіда; кірунак, блізкі валюнтарызму, атамізму, метадалагічнаму індывідуалізму і псіхалагізму. @Сувязь сацыяльная (social bonds, social cohesion), повязь, якая яднае індывідаў у грамадстве і робіць кожнага з іх часткай супольніцтва. @Супер-эга (super-ego), паняцце псіхааналізу (літаральна «звыш-я»), якое абазначае маральныя нормы, засвоеныя індывідам у часе ягонага выхавання, іначай кажучы, сумленне асобы; З.Фройд лічыў, што супер-эга індывіда ёсць інтэрналізаваным вобразам бацькі, адначасна і рэпрэсіўнага, і дасканалага. @Супольнасць (community),

1) згуртаванне людзей, уласцівае традыцыйнаму грамадству; вясковая грамада, парафія;

2) кожнае згуртаванне людзей;

супольнасць грамадзянская (civil society), сістэма інстытуцыяў, незалежных ад дзяржавы; сукупнасць вольных аб'яднанняў грамадзян;

супольнасць палітычная (political society), дзяржава, сістэма палітычных інстытуцыяў грамадства. @Супольніцтва, тое сама, што і грамадства. @Сфера публічная (анг. public sphere, ням. Öffentlichkeit), інстытуцыі грамадства, незалежныя ад дзяржавы, грамадскасць наагул; тое сама, што і грамадзянская супольнасць; тэрмін уведзены Ю.Габэрмасам. @Сцыентызм (scientism), светапогляд, які аддае перавагу навуцы як спосабу спазнання свету і сцвярджае падабенства прыродазнаўчых і культуразнаўчых навук. @Сям'я (family), адна з найважнейшых сацыяльных супольнасцяў, у якой адбываецца нараджэнне і выхаванне (сацыялізацыя) дзяцей;

сям'я нуклеарная (nuclear family), сям'я, што складаецца з пары бацькоў (маці й бацька) ды іхных дзяцей;

сям'я пашыраная (extended family), традыцыйная сям'я, якая абыймае шырокае кола сваякоў. @Татальнасць (totality), паняцце, шырока ўжыванае ў філасофіі Г.В.Ф.Гегеля, адкуль яно было пазычанае ў марксізм (найбольш ім карысталіся так званыя заходнія марксісты - Лукач, Горкгаймэр, Адорна); абазначае цэлае або кожную ўсеабдымную сістэму. @Таямніца (secrecy), паводле Г.Зімэля, адна з істотных формаў сацыяцыі, якая яднае індывідаў, што валодаюць ведамі або інфармацыяй, якіх не маюць іншыя людзі; тая форма, на думку Зімэля, шмат што вызначае ў міжасабовых дачыненнях залежна ад таго, ці ведае пэўная асоба супольную таямніцу, ці не. @Тлумачэнне (explanation), метад даследвання, які палягае ў адшуканні прычынаў, што абумовілі пэўную падзею (чаму яна адбылася і чаму здарылася менавіта такім чынам);

тлумачэнне прычыннае (causal explanation), паняцце, якое ў інтэрпрэтацыйнай сацыялогіі М.Вэбэра проціпастаўляецца інтэрпрэтацыйнаму разуменню, г.зн. пошуку асабістых матываў пэўных паводзінаў індывіда, адрозна ад пошуку аб'ектыўных прычынаў сацыяльных падзей. @Тоеснасць (identity), атаясамленне індывідам сябе з пэўнаю супольнасцю - сям'ёй, нацыяй, сацыяльным класам і г.д.; усведамленне сваёй еднасці з пэўнай сацыяльнай групаю. @Трыяда (triad), паводле Г.Зімэля, адна з істотных формаў сацыяцыі; сістэма дачыненняў, у якіх бяруць удзел тры чалавекі; розніцца ад дыяды, у якой дачыненні паміж двума ўдзельнікамі сацыяцыі адбываюцца наўпрост, без пасярэднікаў; у трыядзе ж стасункі ўжо медыяваныя і звышасабовыя, бо з'яўляецца трэці ўдзельнік; гл. таксама звышасабовы. @Тып ідэальны (ideal type), тэарэтычная мадэль, дзе штучна падкрэсліваюцца істотныя рысы з'явы, якую вывучаюць, каб потым параўнаць рэальную з'яву з яе ідэальнай мадэллю; канцэпцыя, распрацаваная М.Вэбэрам. @Тыпізацыі (typifications), тэрмін сацыялагічнай фенаменалогіі А.Шутца; абазначае пэўны тып мадэляў, якім карыстаецца дзеяч (або «звычайны сацыёлаг») дзеля пабудовы ўласных паводзінаў, дзеянняў; тыпізацыі абыймаюць штодзённыя веды, без якіх немагчыма нічога ўчыніць, напрыклад нельга даслаць ліст, калі ты не ведаеш, што такое паштовая скрыня і дзеля чаго яна, навошта існуюць канверт, паштовая марка і г.д.; такім чынам, тыпізацыі ёсць наборам ведаў пра пэўныя сферы штодзённага жыцця. @Тэлеалогія (teleology), тып тлумачэння, у якім з'яву або падзею тлумачаць паводле мэты іхнага існавання. @Тэорыя (theory), згодная сістэма агульных сцверджанняў аб пэўным аспекце рэальнасці;

тэорыя дзеяння (action theory), сацыяльныя тэорыя, якая лічыць найважнейшым фактарам грамадскага жыцця адвольныя ўчынкі асобаў, а не сацыяльную сістэму, або ўпарадкаваныя і санкцыяваныя формы дачыненняў паміж індывідамі; проціпастаўляецца тэорыі сістэмы; да тэорыяў дзеяння належаць інтэрпрэтацыйная сацыялогія, сімвалічны інтэракцыянізм, фенаменалагічная сацыялогія, этнаметадалогія;

тэорыя сацыяльнага кантракту (Social Contract theory), тэорыя сацыяльнай філасофіі перыяду рэвалюцыяў Новых часоў (Ангельскай, Амэрыканскай, Французскай); найвыдатнейшыя прадстаўнікі Т.Гобс, Дж.Лок і Ж.Ж.Русо; змест тэорыі ў тым, што некалі людзі жылі ў натуральным, г.зн. дзікім, стане, дзе адсутнічалі ўсталяванае людзьмі права й дзяржава, пазней з тых ці іншых прычынаў людзі ўмовіліся аб абмежаванні сваіх суверэнных правоў на карысць дзяржавы, якая была заснаваная ў выніку тае ўмовы, таму галоўная функцыя дзяржавы - бараніць правы грамадзян на падставе дадзеных ёй сацыяльным кантрактам правоў; а дзеля таго што дзяржава можа пачаць злоўжываць дадзенымі ёй правамі, дык трэба ўвесці пэўныя механізмы абмежавання ўлады дзяржавы (сістэма падзелу ўлады), калі і гэта не паможа, дык народ мае права паўстаць супраць урада як суверэн, якому ўрэшце належыць усё права;

тэорыя сістэмы (system theory), сацыяльная тэорыя, якая выходзіць з ідэі пра перавагу сацыяльнай сістэмы над дзеячам; яе проціпастаўляюць тэорыі дзеяння; да тэорыяў сістэмы належаць пазітывізм, марксізм, структурны функцыяналізм, структуралізм;

тэорыя структурацыі (structuration theory), тэорыя сучаснага брытанскага сацыёлага Э.Гідэнса, згодна з якой сацыяльная рэальнасць ёсць няспыннай пабудовай і перабудовай дзеячамі сацыяльных структураў, якія ў сваю чаргу змяняюць дзеячаў;

тэорыя сярэдняга роўню (theories of the middle range), тэрмін прапанаваны Р.Мэртанам, які лічыў больш прыдатнымі для апісання грамадства не грандыёзныя і занадта адцягненыя тэорыі, а тэорыі сярэдняй ступені абстракцыі ад рэальных сацыяльных падзеяў;

тэорыя «грандыёзная» ("grand theory"), сацыялагічная тэорыя вялікай ступені абстракцыі, якая прэтэндуе на вытлумачэнне ўсяе эвалюцыі грамадства і, такім чынам, блізкая да філасофіі гісторыі; была ўласцівая першапачатковай стадыі развіцця сацыялогіі, найперш пазітывізму й марксізму, класічнай сацыялогіі - Дзюркейму, у пэўнай ступені Зімэлю й Вэбэру, а ў найноўшыя часы - Парсанзу, паслядоўнікам марксізму (франкфурцкая школа і структуралістычны марксізм), а таксама тэарэтыкам пасляіндустрыйнага грамадства;

тэорыя крытычная (critical theory), сацыяльная тэорыя, якая ставіць за мэту не толькі даследзіны над сацыяльнай рэальнасцю, але і яе крытыку (масавага грамадства, індустрыі культуры, адчужэння і г.д.); тэрмін прапанаваны сябрам франкфурцкае школы Горкгаймэрам;

тэорыя традыцыйная (traditional theory), паводле тэарэтыкаў франкфурцкае школы, пазітывістычная тэорыя грамадства, якая мае на мэце толькі даследванне сацыяльнай рэальнасці, а перабудову грамадства лічыць справай палітыкаў і грамадскіх дзеячаў. @Увыдатняць (emphasise), падкрэсліваць, рабіць больш выразным, надаваць большае значэнне пэўнаму аспекту рэальнасці коштам іншых. @Угода (соnvention), кожнае штучнае сацыяльнае правіла або норма. @Удзельнікі (members), паняцце этнаметадалогіі, якім абазначаюць дзеячаў, тых, хто ў сваім штодзённым жыцці (сваімі ўчынкамі, выбарам і г.д.) творыць, будуе грамадства. @Узор (pattern), замацаваны і ўхвалены грамадствам спосаб паводзінаў; мае два аспекты - практычны (тэхналогія штодзённых паводзінаў) і нарматыўны (паводзіны, якія ўхваляюцца цэлым грамадствам або ягонай часткай). @Улада (power), сістэма дачыненняў «панаванне - падпарадкаванне», у якой адзін бок (панавальны) вызначае правілы паводзінаў, а другі бок (падпарадкаваны) іх прымае; М.Вэбэр адрозніваў «уладу» ад «панавання», першую ён лічыў проста кантролем над дзеяннямі нейкай асобы або групы, панаванне ж, на ягоную думку, ёсць двухбаковым дачыненнем, у якім адзін бок кантралюе другі, а той другі прызнае законнасць, легітымнасць таго кантролю над сваімі дзеяннямі; такім чынам, паводле Вэбэра, панаванне ёсць законнаю ўладай; гл. таксама валадарства, гегемонія, панаванне, падпарадкаванне. @Упадабанні, тое сама, што і прэферэнцыі. @Урад (government), форма дзяржаўнага кіравання, сістэма палітычных інстытуцыяў. @Урэчаўленне, тое сама, што і рэіфікацыя. @Установа, грамадская ўстанова, тое сама, што й інстытуцыя або сацыяльныя структуры. @Утопія (utopia), паняцце сацыялогіі К.Мангайма; абазначае светапогляд, адэпты якога зважаюць адно на тыя элементы актуальнага сацыяльнага жыцця, што сведчаць, на думку адэптаў утопіі, пра хуткую змену цяперашняга парадку рэчаў і не зважаюць на тыя складнікі сітуацыі, якія сведчаць пра яе трываласць і нязменнасць. @Утылітарызм (utilitarianism), кірунак у філасофіі і палітычнай эканоміі, заснавальнік Джэрэмі Бэнтам; назоў кірунку паходзіць ад аднаго з яго найважнейшых паняццяў - ад паняцця «карыснасць» (utility); паводле Бэнтама і ягоных паслядоўнікаў (сярод якіх быў і Дж.С.Міл), мэтай дзейнасці чалавека ёсць дасягненне шчасця і ўнікненне пакутаў; усе ўчынкі людзей і рэчы, што існуюць у свеце, трэба ацэньваць з пункту гледжання іх карыснасці; маральным ёсць усё, што спрыяе найбольшаму шчасцю найбольшай колькасці людзей (так званай максімізацыі шчасця). @Ухвалены (sanctioned), санкцыянаваны, дазволены грамадствам. @Уяўленні супольныя (collective representations), тэрмін, уведзены Э.Дзюркеймам; абазначае ўяўленні пра свет і пра людзей, уласцівыя вялікай колькасці індывідаў, што робіць магчымым паразуменне і ўзаемадзеянне паміж імі, а значыць, робіць магчымым самое грамадства; канцэпцыя, блізкая да паняцця паспалітае згоды і супольнай свядомасці. @Факты сацыяльныя (social facts), адно з найважнейшых паняццяў сацыялогіі Э.Дзюркейма, які сцвярджаў, што трэба разглядаць сацыяльныя факты як рэчы, гэта значыць як штосьці аб'ектыўнае, незалежнае ад індывіда. @Фармацыя сацыяльная (social formation), тэрмін марксізму, якім абазначаюць пэўны тып арганізацыі грамадства з пэўным, толькі яму ўласцівым спосабам вытворчасці, якому адпавядае пэўны стан грамадскай думкі. @Фенаменалогія (phenomenology), кірунак у філасофіі (заснаваны нямецкім філосафам Э.Гусэрлем), прыхільнікі якога ставяць за мэту вылучэнне і даследванне «чыстай свядомасці» суб'екта, вызваленай ад штодзённых уяўленняў пра свет; гл. таксама рэдукцыя фенаменалагічная;

фенаменалогія сацыялагічная (sociological phenomenology), кірунак у сацыялогіі (заснавальнік А.Шутц), які бярэ за мэту вывучэнне штодзённых уяўленняў звычайнага чалавека пра свет, спосабаў ягоных штодзённых паводзінаў. @Фетышызм (fetishism), сакралізацыя, ператварэнне нейкай рэчы ў святыню, якая напраўду ёсць фальшываю; слова паходзіць ад назову пэўных культавых рэчаў у прымітыўных народаў (фетыш);

фетышызм таварны (commodity fetishism), тэрмін марксізму, які абазначае, што ў капіталістычнай эканоміцы прадукты, створаныя чалавекам, з прычыны вялікай ролі ў гэтай эканоміцы абменнай вартасці пачынаюць паводзіць сябе нібы самастойныя рэчы, якія самі вызначаюць дачыненні паміж людзьмі. @Фіналізацыя гісторыі (finalisation), канцэпцыя, паводле якой гісторыя мае сваю прыхаваную мэту, што мусіць быць урэшце дасягнутая і, такім чынам, гісторыя мае скончыцца; упершыню была сфармуляваная ў сацыяльнай філасофіі Г.В.Ф.Гегеля, адкуль запазычаная ў марксізм; у найноўшыя часы канцэпцыю зноў актуалізаваў амэрыканскі філосаф і футуролаг Ф.Фукуяма як ідэю «канца (або сканчэння) гісторыі». @Форма (form), тэрмін сацыялогіі Г.Зімэля, які абазначае спосаб аб'яднання асобаў у супольнасць, ці ў грамадства; паводле Г.Зімэля, менавіта формы згуртавання людзей, або, як ён кажа, формы сацыяцыі, ёсць грамадствам, а не змест тых формаў.

істотныя формы (great forms), тэрмін Зімэлевай сацыялогіі, якім ён абазначыў тыя формы міжасабовых дачыненняў, што адыгрываюць найважнейшую ролю ў стварэнні й захаванні грамадства;

форма чыстая (pure form), тэрмін сацыялагічнай канцэпцыі Г.Зімэля, які абазначае форму міжасабовых дачыненняў незалежна ад іхнага зместу; на думку Г.Зімэля, вылучэнне і даследванне чыстых формаў ёсць мэтаю сацыялогіі. @Фрагментацыя (fragmentation), расцярушанне, разрэджанне; у сацыялогіі паняцце абазначае індывідуалізацыю грамадскага жыцця, аддаленне індывідаў адзін ад аднаго; гл. таксама адчужэнне, дыстанцыя. @Функцыя (function), адно з галоўных паняццяў структурнага функцыяналізму; абазначае заданне, якое выконвае пэўная інстытуцыя ў грамадстве дзеля ягонага захавання;

функцыя відавочная (manifest function), тэрмін сацыялогіі Р.Мэртана; выразна бачная мэта пэўнага дзеяння асобы або групы;

функцыя прыхаваная (latent function), тэрмін сацыялогіі Р.Мэртана; прыхаваная, невідавочная мэта пэўнага дзеяння асобы ці групы. @Функцыяналізм, структурны функцыяналізм (functionalism), кірунак у сацыялогіі (заснавальнік Т.Парсанз), які панаваў у гэтай навуцы ад заканчэння Другой сусветнай вайны да 70-х гадоў; прыхільнікі кірунку найбольшую ўвагу аддаюць вывучэнню функцыяў пэўных інстытуцыяў у грамадстве, іхнай ролі ў захаванні грамадства;

функцыяналізм агульны (general functionalism), версія структурнага функцыяналізму, прыхільнікі якой (Дэйвіс і Мэртан) зважаюць не толькі на нармальнае функцыянаванне грамадства, але бяруць пад увагу і дэвіяцыю, збочванне з слушнага шляху;

функцыяналізм нарматыўны (normative functionalism), плынь у структурным функцыяналізме, прыхільнікі якой (найперш Т.Парсанз) лічаць падставай згуртаванасці грамадства ўніверсальныя каштоўнасці (нарматыўны аспект) і найбольшую ўвагу аддаюць захаванню салідарнасці й раўнавагі сацыяльнай сістэмы, пагарджаючы разнастайнымі адхіленнямі ад «нормы» ў жыцці грамадства. @Хаванне (retreatism), паводле класіфікацыі Р.Мэртана, адзін з тыпаў прыстасавання асобы да сацыяльнага асяроддзя, калі асоба адмаўляе і ўхваленыя грамадствам мэты і санкцыянаваныя грамадствам спосабы іхнага дасягнення; гл. таксама адаптацыя, канфармізм, рытуалізм, навацыя, паўстанне. @Халізм (holism), метадалагічны падыход, прыхільнікі якога выходзяць з таго, што цэлае мае перавагу над сваімі часткамі, таму кожны элемент сістэмы разглядаюць з пункту гледжання цэлага, або ўсяе сістэмы; іначай кажучы, сістэмны падыход, процілеглы атамізму; гл. таксама тэорыя сістэмы, калектывізм метадалагічны. @Хаўрус (union), альянс, саюз. @Цвярозы розум (common sense), звычайнае разуменне пэўнай рэчы, уласцівае кожнаму здароваму чалавеку. @Цыркуляцыя элітаў (circulation of elites), канцэпцыя В.Парэты, згодна з якою гісторыя грамадстваў ёсць працэсам няспыннае замены кіраўнічае эліты. @Чыннік (factor), фактар. @«Чыстыя формы сацыяцыі» ("pure forms of sociation"), на думку Г.Зімэля, галоўны аб'ект вывучэння сацыялогіі, якая павінна даследваць толькі спосабы згуртавання індывідаў у групы, не зважаючы на змест дачыненняў у тых формах паміж іх удзельнікамі. @Эвалюцыя (evolution), разгортванне, вылучэнне, развіццё; працэс, процілеглы дысалюцыі. @Эвалюцыянізм (evolutionism), метадалагічны падыход, які грунтуецца на дапушчэнні аб падабенстве арганічных і сацыяльных працэсаў і сцвярджае, што гісторыя ёсць працэсам эвалюцыі, г.зн. удасканалення, развіцця грамадства. @Эга (ego), паняцце псіхааналізу, якое абазначае самасвядомасць чалавека (з лац. «я»); адзін з трох складнікаў (разам з ід і супер-эга) псіхікі асобы. @Экспліцытны (explicit), відавочны, бачны, выразны, ясны; тэрмін паводле значэння процілеглы паняццю імпліцытны. @Элімінацыя (elimination), выдаленне, выманне, выкрэсліванне, выкасоўванне. @Эліта (elite), лепшая частка грамадства; нешматлікая група індывідаў, якія займаюць найвышэйшае становішча ў грамадстве; кіраўнічы клас. @Эмансіпацыя (emancipation), паняцце сацыяльнай тэорыі франкфурцкае школы, даследнікі якой лічылі, што навука мусіць не толькі вывучаць, але і крытыкаваць грамадства (гл. крытычная тэорыя), каб скасаваць адмоўныя праявы ў ягоным жыцці (адчужэнне, фрагментацыю, ананімнасць і г.д.) дзеля вызвалення чалавека. @Эмпірызм (empiricism), метадалагічны падыход, прыхільнікі якога свядома адмаўляюцца ад фармулявання тэарэтычных, г.зн. адцягненых, сцверджанняў і аддаюць увагу толькі фактам. @Эпістэмалогія (epistemology), раздзел філасофіі, у якім вывучаюць працэс пазнання чалавекам свету. @Эпіфеномен (epiphenomen), спадарожная, пабочная з'ява. @Эсэнцыялізм метадалагічны (methodological essentialism), тэрмін, прапанаваны К.Попэрам «дзеля характарыстыкі поглядаў, якіх трымаўся Плятон і шмат хто з ягоных паслядоўнікаў, згодна з якімі заданнем чыстых ведаў, або «навукі», ёсць адкрыццё і апісанне сапраўднае натуры рэчаў, іхнай прыхаванай прыроды або сутнасці». @Этнаметадалогія (ethnomethodology), кірунак у сацыялогіі (заснавальнік Г.Гарфінкел), прыхільнікі якога бяруць за мэту вывучэнне стратэгіяў, якімі карыстаюцца ў штодзённым жыцці простыя, паспалітыя людзі. @Як знаходзіць (як знайсці) (take-for-granted), паняцце фенаменалагічнай сацыялогіі, якое абазначае, што асоба ставіцца да чагосьці як да належнага, натуральнага, лічыць, што так яно і павінна быць; прымета натуральнага стаўлення асобы да рэальнасці.