На запыт знайшоўся 101 артыкул

  1. 21
    Узяліся за дзела, як вошы за цела. — Калі нейкую безгаспадарную маемасьць кажны сабе цягне.
  2. 22
    У каго дочкі, той ходзя біз сарочкі. — Прыказка старасьвецкіх часоў, калі трэба было дочкам складаць палотны на пасагу. Калі яны выходзілі замуж - бацьком нехапала палатна на сарочкі.
  3. 23
    У каго матка, у таго галоўка гладка. — Аб шчасьці тых дзяцей, якія маюць родную матку.
  4. 24
    У каго сынкі, той пячэ блінкі. — Старадаўная прыказка. У каго было шмат сыноў, той шмат расьцярэбліваў пасекі, шмат сеяў пшаніцы й было з чаго бліны пячы.
  5. 25
    У карчме, лазьні, касьцеля й царкве ўсе людзі роўныя. — Даўней гэтыя будынкі ўважаліся за грамадзкія й у іх кажны меў права заходзіць. Паважны гаспадар уважаў няпрыстойным забараняць некаму мыцца ў сваей лазьні.
  6. 26
    У кія два канцы. — Прыказваюць таму, хто пагражае самавольствам.
  7. 27
    У кожнага свая біда, алі ні аднаго дня. — Разважаюць таго, у каго здарылася нейкая бяда.
  8. 28
    Укрой - ня ўдой. — Адказвае гаспадыня, калі работнікі ці дзеці наракаюць, што мала сала ў ежу адпускаецца, а намагаецца малаком.
  9. 29
    У кулак затрубіць. — На ўвесь голас заплакаць, загаласіць.
  10. 30
    У Лагойску, як у войску, - лаўкі шырокі, ёсьць дзе сесьці, ды нечага есьці. — Сялянская насьмешка аб жыцьці ў месьце.
  11. 31
    Улез, як сучка ў жбан. — Калі нехта ўлез у непатрэбнае месца ці ўблытаўся ў непатрэбную справу.
  12. 32
    Улез як сьвіня ў рэпу. — Калі нехта нахабна ўлез туды, дзе яму не належыла.
  13. 33
    Улез, як у нерад, ні ўзад, ні ўперад. — Калі нехта ў нейкай справе заблытаўся, зь якое яму цяжка й выблытацца.
  14. 34
    У лесе на пні, ідзі ды сапхні. — Кажуць да тых, хто просе ўзычыць ім дроў ці драўлянага матар'ялу.
  15. 35
    Улетку люблю цябе, дзедку, а зімою зьем хлеб зь сьвіньнёю. — Прыказка таму, хто хоча пазбыцца старога сваяка, калі гэты стары занямог, бо пакуль сваяк быў маладзейшым ды працаваў дарма, - гаспадар яго любіў. А цяпер той самы гаспадар разважае, што лепей гэты хлеб, што зьесьць стары, скарміць сьвіньнёй дык сала будзе мець.
  16. 36
    Улетку праз тын ды ў рэпку, а ўзімку хаця-б націнка.
    1. У простым сэньсе перавага лета над зімой, калі ідзе пра гародніну.
    2. Калі чалавек перажываў сваё лета, быў маладым, дык карыстаўся ўсімі жыцьцёвымі выгадамі. Калі-ж састарэўся, дык ён рад і таму, што змоладу адкідаў.
  17. 37
    Улетку, улетку зраблю сабе клетку! - кажа сабака. — Калі нейкі гультай валацуга стане хваліцца, як ён некалі пабагацее.
  18. 38
    У марцы гуляюць і старцы (жабракі). — І старцы рады прыходу вясны.
  19. 39
    У марцы зімы ня гоня, а ў вапрэлі трава ні расьце. — Прыказваюць сяляне аб надта павольным набліжэньні вясны.
  20. 40
    У марцы рана трашчыць, а ўдзень плюшчыць. — Прыказваюць сяляне аб надвор'і ў сакавіку, калі рана мароз, а ўдзень, як сонца нагрэе, адлега.

Паведаміць пра недакладнасьць