На запыт знайшлося 559 артыкулаў

  1. 101
    палажыць
    сядзець рукі злажыўшы, як апошняе ў гаршчок палажыўшы. Гл. апошняе.
    Баба што мяшок - што паложыш, то нясець. Гл. мяшок.
  2. 102
    палазы
    ногі як палазы. Ашм. Насмешл. Пра крываногага чалавека. СПЗБ 2, 539.
  3. 103
    паламаны
    як паламаная мельніца. Гл. мельніца.
  4. 104
    паламаць
    крычаць як ногі паламаўшы. Гл. нага.
  5. 105
    паласкаць
    зьбіраецца як сьвёкар пялёнкі паласкаць. Гл. свёкар.
  6. 106
    палатно
    бачыць як праз палатно. Стаўб. Няўхв. Пра чалавека, што дрэнна бачыць, мае слабы зрок. МК, 26.
    белы як палатно. Ваўк. п., Краснап., Гродз., Івац. Пра вельмі збялелага чалавека (са страху, у хваробе і інш.). Federowski, 30; Бялькевіч, 256; СПЗБ 2, 335; ЗЗайкі.
    збялець як палатно. Ваўк. п., Івац. Спачув. Пра вельмі збялелага чалавека (са страху, у хваробе і інш.). Federowski, 373; ЗЗайкі.
    помніць як праз палатно. Дзятл. Няўхв. Пра недакладнае запамінанне чаго-н. ФА.
    як праз палатно хто з кім. Калінк. Няўхв. Пра людзей у сварцы, якія не хочуць кантактаваць. ДА.
    не бачу, усё роўна як палатном завешаны. Слон. п. Няўхв. Пра слабы зрок, наступленне слепаты ў кагосьці. Federowski, 15.
    бледны ек полотно. Жытк. ТС 1, 61. Тое, што белы як палатно.
  7. 107
    палац
    як цаца ў палацы. Гл. цаца.
  8. 108
    палаш
    гостры як палаш. 1. Ухв. Пра нешта вельмі вострае. 2. Няўхв. Пра запальчывы характар чалавека, яго паводзіны. Federowski, 113.
  9. 109
    палена
    глухі як палена. Слуцк. Няўхв. Пра глухога чалавека. Сержпутоўскі 1999, 186.
    ісці на дно як палена. Пра нешта, некага, што тут жа патанаюць, ідуць на дно. ФСБМ 1, 468.
    качацца як палена. Мсцісл. Няўхв. Пра лянівага чалавека. Юрчанка, 193.
    лысы як палена. Віл. Насмешл. Пра зусім лысага чалавека. СПЗБ 2, 697.
    ляжаць як палена. Лаг. Няўхв. Пра лянівага чалавека. Varłyha, 170.
    як палена. Мсцісл. Няўхв. Пра дурнаватага чалавека. Юрчанка, 193.
    ек поленом кінуць. Жытк. Пра досыць невялікую адлегласць, блізкую мэту. ТС 4, 140.
  10. 110
    палескі
    кішэнь як у палескага злодзея. Гл. злодзей.
    рукі як у палескага злодзея. Гл. злодзей.
  11. 111
    Палестына
    як Фэлька з Палестыны. Гл. Фэлька.
  12. 112
    палец
    адзін як палец (перст). Івац., Слуцк., Стаўб., Мёр., Слон., Мсцісл., Віл. Пра самотнага чалавека, аднаго сына ў бацькоў. Сержпутоўскі 1999, 6; МК, 19-20; Нар. слов., 103; Высл., 281; Добр., 106; Юрчанка 1972, 27; Янк., Пар., 42; СПЗБ 3, 357; ТС 4, 6; ЗЗайкі.
    адзін як палец медзены. Слон. Пра самотнага чалавека, аднаго сына ў бацькоў. ДА.
    голы як палец. Астр. Няўхв. Пра вельмі беднага чалавека. Даніловіч, 240.
    Век звекаваць - не пальцам паківаць. Прык. Пра цяжкасці на жыццёвым шляху. Federowski, 331.
    Век перажыць - не поле перайціць, не пальцам пераківаць. Гл. поле.
    наесціся як пальцам дастаць. Рэч. Насмешл. Пра чалавека, які напоўніўся ежай аж па горла (моцна наеўся). Pietkiewicz, 372.
    папасці як пальцам у капусту. Карэл. Насмешл. Пра чалавека, што выказаў нешта агульнавядомае, банальнае. Высл., 361.
    трапіць (папасці) як пальцам у неба. Уздз., Слуцк., Івац. Насмешл. Пра чалавека, што выказаў нешта агульнавядомае, відавочнае, банальнае. Высл., 400; Янк., 432; ФА; ЗЗайкі.
    вырабіць зямлю як пальцамі перамацаць. Ухв. Пра вялікі догляд глебы. Янк., Пар., 30.
    знаць як свае пяць пальцаў. Івац. Ухв. Пра дакладнае, добрае веданне чаго-н. Янкоўскі, 97; ЗЗайкі.
    зрабіць што як два пальцы аб асвальт. Карэл. Жарт. Пра лёгкае, без намаганняў выкананне працы. Даніловіч 2008, 139.
    як на пальцы спекчы. Барыс. Няўхв. Пра вельмі малую колькасць нечага. ФА.
  13. 113
    паліць
    вецер зімні проста як агнём паліць. Гл. агонь.
  14. 114
    палка
    піла тупа як палка. Мсцісл. Няўхв. Пра тупую пілу. Высл., 365.
    трэба як сабаццы палка. Гл. сабачка.
    худы як палка. Люб. Няўхв. Пра худога, непрывабнага чалавека. БД, 146.
    як палка дроў [дурны]. Мсцісл. Насмешл. Пра дурнога, просталінейнага чалавека. Юрчанка 1977, 51.
    віляць як сабака хвастом паміж палкай і кустом (паміж палкай і кавалкам). Гл. сабака.
    як палкай па галаве стукнуць. Мін. Пра чалавека, якога нечым моцна ўразілі, здзівілі. ЛЦ, 62.
    ляжаць як палкі. Віц. Пра моцна стомленых людзей, што ляжаць без руху. Высл., 429.
    прыліп як до палкі Пыліп. Бяроз., Люб. Насмешл. Пра прыставучага, надакучлівага чалавека. АВНЛ; ФА.
    ударить як с палки звалить. Смал. п. Пра моцны ўдар па кім-н. Добр., Смол., 652.
    хто без каго як сляпы без палкі. Гл. сляпы.
    як з-пад палкі. Стаўб. Няўхв. Пра чалавека (людзей), што робіць павольна, нехаця, пад прымусам. МК, 311.
    глядзець як сабака на палку. Гл. сабака.
    жалець як сабака палку. Гл. сабака.
    любіць як сабака палку. Гл. сабака.
    рад як сабака палцы. Гл. сабака.
    тырчаць (сядзець, круціцца) як сарока (варона) на палцы (калу). Гл. сарока.
  15. 115
    палова
    мовы як половы ў каго. Жабін. Няўхв. Пра чалавека, які шмат гаворыць. Ганчук, Касцючык, 85. ≺ Палова - мякіна.
  16. 116
    паломак
    хадзіць як паломак. Карм. Няўхв. Пра чалавека, які выглядае як зламаная рэч, непрыдатная, непатрэбная. МК, 296.
  17. 117
    палонка
    круціцца як трэска ў палонцы. Гл. трэска.
  18. 118
    Палтава
    замёрзнуць як швед пад Палтавай. Гл. швед.
    прапасці як швед пад Палтаваю. Гл. швед.
  19. 119
    палын
    горкі (горка) як палын. Ваўк. п., Сен., Івац. Няўхв. 1. Пра нешта вельмі горкае. 2. Пра няпростае бядотнае жыццё чалавека. Federowski, 112; Каспяровіч, 226; Сцяшковіч, 406; Янк., 403; ЗЗайкі.
    жывучы як палын. Ухв. Пра чалавека, што выжывае ў цяжкіх умовах. Янкоўскі, 112.
    застацца як палын пры дарозе. Гом. Спачув. Пра самотнага адзінокага чалавека. Горленка, 251.
  20. 120
    пальчык
    малы як пальчык. Памянш. Мсцісл. Пра нізкарослага хлопчыка. Юрчанка, 193.

Паведаміць пра недакладнасьць