Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
Прыказкі Лагойшчыны (1933 артыкулы)

Вынікі пошуку
 
а  б  в  г/ґ  д  е  ё  ж  з  і  к  л  м  н  п  р  с  т  у  х  ц  ч  ш  ю  я  


На ваш запыт воўк знойдзены 20 артыкулаў

  1. Воўк, воўк! Ідзі казлы драць. — Прыказваюць, калі нейкі манюка пачынае бяз сораму расхвальваць сябе гэтак, што ад гэткай гутаркі згадзіла-б ваўка, які мусіў-бы казлы драць (ванітаваць).
  2. Аб воўку памоўка, а воўк тут. — Прыказваюць, калі ў гутарцы некага ўспамінаюць, а ён у гэты час зьяўляецца.
  3. Воўк да лесу цягня. — Прыказваюць аб дзікаватым чалавеку, які ўхіляецца лучыцца да грамады.
  4. Воўк дзе плодзіцца, там ні бярэ. — Аб хітрых зладзеях і іншых злачынцах, якія там ня шкодзяць, дзе жывуць.
  5. Воўк і лічаная бярэ. — Прыказваюць аб прапышным злодзеі-бандыце, які бярэ апошняе й у беднага, і ў багатага.
  6. Воўк пасланцамі ні карысін. — Прыказваюць аб зладзеях і бандытах.
  7. Воўк сабакі ні баіцца, алі зьвягі ні любя. — Аб высокіх урадоўцах-хабарніках, якім ня страшна, што людзі аб іх злачынствах гавораць, але для якіх гэткая гутарка дакучлівая.
  8. Дарма й каза ваўку ні скача. Калі каза ваўку паскача, дык воўк яе зьесьць. — Прыказваюць таму, хто за зробленае дабро адплачвае злом свайму дабрадзею.
  9. Калі сабака змалку прывыкня праз вокны лазіць, дык яго гэткім і воўк зьесьць. — Прыказваюць аб тым, хто змалку прывык да нейкіх шкодных ці немаральных налогаў, зь якімі ён і памрэ.
  10. Па мне ніхай хоць воўк траву есьць. — Гавора той, хто ня хоча ўмешвацца ў чужыя справы.
  11. Пашкадаваў воўк кабылу, пакінуў хвост ды грыву. — Прыказваюць паняволеныя свайму прыгнятальніку, калі ён кажа, што іх шкадуе.
  12. Работа ня воўк, у лес ні ўцячэ. — Прыказвае гультай, што выкручваецца ад работы.
  13. Трэба, каб быў воўк сыты й козы цэлы. — Калі даводзіцца дагаджаць двум супроцьлеглым баком.
  14. Цігаў воўк, пацягнулі й ваўка. — Аб злачынцы, які крыўдзіў людзей, а нарэшце й сам папаўся.
  15. Чалавек чалавеку воўк. — Прыказваюць, калі нехта некага бязьлітасна пакрыўдзе.
  16. Чытана, пісана, кабыла лысая, а жарабя рабоя - зьеў воўк абоя. — Жартаўлівая гульня словаў:
    1. Прыказваюць аб бяссэнсавым чытаньні ці пісьме.
    2. Аб самарослым паэце, які рымуе словы, але бяз сувязі.
  17. Абсьліненая ваўком авечка ў лес бяжыць. — Былі такія назіраньні, што калі воўк злове авечку ды нясе ў лес і зь перапуду кіне яе ды ўцякае, дык яна не варочаецца да стада, але па сваей авечай дурноце бяжыць у лес за ваўком. Гэтак прыказваюць тады, калі нехта збаламучаны сваім ворагам-злачынцам, ідзе за ім на сваю пэўную загубу. Гэтак кажуць і аб тых, што ідуць навосьлеп за ворагамі-чужынцамі на сваю нацыянальную загубу.
  18. Абы біда, а шыя будзя. — Прыказваюць, калі навальваецца бяда на грамаду, бо яна калі не аднаго, дык другога прыдуша. Прыклады: Калі воўк нападзе на вясковыя авечкі, дык нейкую авечку панясе. Або, калі з Райкому прыйдзе загад: «Даць з кажнага калгасу па сям'і для высылкі на Далёкі Ўсход» - дык тую ці іншую сям'ю зь вёскі хопяць.
  19. Воўча доля расьце скора. — Ёсьць такое вераньне, што калі маладая жывёліна скора расьце, дык яе воўк зьесьць. Прыказваюць, калі прыгожая дзяўчына-падлетак хутка расьце, бо яе хутка замуж возьмуць.
  20. На воўка памоўка, а мядзьведзь ціха вядзець. — Калі воўк нападзе на статак, дык пастушкі крычаць ды гоняцца за ім. Каровы ці коні ціснуцца тады ў кучу, адбіваюцца, бароняцца. Калі-ж нападае мядзьведзь, дык пастушкі ўцякаюць ды хаваюцца, а коні ці каровы разьбягаюцца ў розныя бакі. Мядзьведзь тады бярз сваю ахвяру й спакойна нясе яе ў лес. Прыказваюць да гэтага, што калі невялікі злачынца пакрыўдзе людзей, абкрадае ці паб'е, дык яго лаюць ды прыцягваюць да судовай адказнасьці. Калі-ж вялікі злачынец абрабуе міліёны да апошняга куска хлеба ды таксама міліёны нявінных закатуе на сьмерць, дык здавалася-б, што паважныя людзі будуць ставіцца з агідай да гэткага ліхадзея. Яны-ж, тымчасам, паціскаюць яму акрываўленыя рукі, высьцілаюць дарагімі кілімамі сьцежку ды прыймаюць, як роўнага сабе гасьця.

 
Прыказкі Лагойшчыны   Прыказкі Лагойшчыны
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2020