Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
Прыказкі Лагойшчыны (1933 артыкулы)

Вынікі пошуку
 
а  б  в  г/ґ  д  е  ё  ж  з  і  к  л  м  н  п  р  с  т  у  х  ц  ч  ш  ю  я  
 
Старонкі: 1  2  3  4  5  


На ваш запыт чалавек знойдзены 82 артыкулы

  1. Кожны кравец сваім кроям, а кожны чалавек сваім строям. — Як у кажнага краўца ёсьць асаблівы вузор крою, гэтак і кажны чалавек мае сваю асаблівасьць у складзе цела й натуры.
  2. Чалавек гора вытрывае, а роскашы не. — Бывае, што чалавек з вялікай роскашы ўпадае ў распусту й бяду.
  3. Чалавек спачатку ходзя на чатырох нагах, потым на двух, а нарэшце на трох. — Першае тарнуецца да дзіцячых гадоў, другое да сталых, а трэйцяе да вялікай старасьці, калі чалавек ужо кійком падпіраецца.
  4. Гара з гарой ня сойдзіцца, а чалавек з чалавекам можа сыйсьціся. — Прыказваецца пры выпадковым спатканьні даўных знаёмых.
  5. Калі чалавек подлы, дык ні паможа ні вера, ні модлы. — Ні рэлігія, ні маленьне не мяняе благой натуры чалавека.
  6. Леў, як хлеў! - сказаў чалавек. - Каб ты лепі мне тапаром сікануў, чымся хлевам назваў, - сказаў леў. — Прыказвае той, каго празываюць прыложаным благім імям.
  7. Прышла Ільля, чалавек пашоў па гародзя, як свіньня. — Прыказваюць таму, што на Ільлю - 20 ліпеня - гародніна гатовая да спажываньня.
  8. Чалавек чалавеку воўк. — Прыказваюць, калі нехта некага бязьлітасна пакрыўдзе.
  9. Ні пры людзях казана. — Папярэджваюць, калі хочуць сказаць няпрыемную навіну: - «Ні пры людзях казана - там чалавек павесіўся». [Так папераджаюць, калі хочуць пахваліцца жудасную навіну. (Ні пры людзях казана - там у лесе нейкі чалавек павесіўся).]
  10. Нуда горш каросты. — Жарт. Калі малады чалавек паслужа ў маскалёх ці так пажыве ў Расеі, дык вярнуўшыся дамоў часта пачынае патакаваць словамі: «Ну, да!». А стары тады яму заўважае: «Нуда - горш каросты». Нудой у Беларусаў называецца смутнае адчуваньне, мэлянхолія, а таксама й вашывасьць. Стары ўяўляе, што малады чалавек, які вярнуўся з Расеі, скардзіцца на тое, што ў яго нуда, - вошы.
  11. Хто рана ўстае, таму Бог дае. — Калі рупны чалавек устае рана, дык зробе шмат работы й будзе мець болей усяго. А ўсё, што чалавек мае, уважаецца за дадзенае Богам.
  12. Абіцанка-цацанка, а дурному радасьць.
    1. Гэтак высьмейваюць паслухмянага-наіўнага чалавека, што вера абяцанкам ліхвяра-ашуканца.
    2. Гэтак прыказвае ашуканы чалавек, калі ашуканец не аддае, што вінаваты, а цеша абяцанкамі.
  13. Ад Бога грэх і ад людзей сьмех. — Гэтак наракае чалавек сам на сябе, калі зрабіў нейкі праступак праз сваю сваволю.
  14. Адвага або мёд п'е, або кайданы трэ. — Калі адважны чын удасца, дык чалавек будзе раскашавацца ў шчасьці, калі-ж ня ўдасца, дык загіне ў кайданох.
  15. Адна варона з куста, а сем на куст. — Калі адзін чалавек зьляціць з прыбытковай пасады, дык на ягонае месца зьяўляецца сем новых ахвотнікаў.
  16. Адна паршывая авечка ўсё стада паскудзя. — Прыказваюць, калі адзін благі чалавек зьнеслаўляе ўсю сям'ю ці грамаду.
  17. Аднолькава, браця, гініш, дык аддай мне й канаплініц. — Калі бедны чалавек гіне, дык ягоны багацейшы сусед ня толькі яму не памагае ў бядзе, але хоча загарнуць і апошнюю маемасьць. Канаплінец - месца, дзе сеюць каноплі, звычайна найлепшая ў гаспадарцы зямля.
  18. Ад прыбытку галава ні баліць.
    1. Кажуць таму, хто мае прыбытак хоць і малы.
    2. Гіранічна жартуюць з таго, каму ў сям'ю прыбыў непажаданы чалавек.
  19. А мой-жа ты ціляпень, ня бі мяне цяпер. Я жыла, ні была, і памру, ні пайду. — Гэтак прыказваюць, калі мала бывалы чалавек спалохаецца новага вынаходу - аўтамашыны, радыя ці чаго іншага. Паходзе гэта з казкі: Старая баба прышла першы раз да царквы ды стала пад званіцай. Калі звон над галавой зазваніў, яна спужалася звону й гэткімі словамі ў яго прасілася.
  20. Апёкся на малацэ, дык студзя й на вадзе. — Гэтак прыказваюць, калі чалавек меў нейкае балючае пашкоджаньне, дык посьля высьцерагаецца й там, дзе яго ніколі ня можа быць.

Старонкі: 1  2  3  4  5  
 
Прыказкі Лагойшчыны   Прыказкі Лагойшчыны
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2020