-
121
атрадавец -даўца, м. Асоба, якая ўваходзіць у склад атрада.
Дзядзінцам маршыравалі на працу, змяшаўшыся ў адну грамадку, рабочыя атрады і палонныя. ...Атрадаўцы неслі жалезнякі, пілы, сякеры. (Ц.Гартны) Алік з гонарам, на хаду, пры ўсіх атрадаўцах працягнуў мне дарунак. (Ф.Янкоўскі) -
122
аўтарка -і, ж. Жан. да аўтар.
«У лемантары змешчана каля 180 рысункаў» - як зазначае ў сваіх заўвагах да лемантара аўтарка. (Я.Колас) Аўтарка лёгка стварае эканамічнага чалавека і яго эканамічным досведам спрабуе аргументаваць культурную сітуацыю... (ARCHE. 2006. № 3) -
123
афіцыйнік -а, м. Афіцыйная асоба.
І на кожным кроку й радыёгуку афіцыйнікі перад назовам Беларусь абавязкова коцяць гэтакі паравозік - рэспубліка. (Р.Барадулін) -
124
афішка -і, ж. Лістоўка, улётка.
Дзе там хто казаў, што ў Алесі афішкі нейкія чуў? Пачытаць трэба. Хадзем, няхай пачытае... (Я.Скрыган) [Сцяпан:] Дык гэта ты, каханенькая, родненькая, за яго [Адольфа] захацела замуж уцякаць, як даведалася, што гэнага гада [Якіма], гэнае плюгаўства за афішкі арыштавалі?! (Я.Купала) -
125
ахвотны -ага, у знач. наз. Той, хто хоча, жадае атрымаць што-н., узяць удзел у чым-н.; ахвотнік.
Ахвотныя звяртайцеся, калі ласка, на адрас [склада] (Наша Ніва. 1991. № 1) У Гродне зноў адкамандзіравалі ахвотных - вярнуўся адзін, і без піва. (А.Федарэнка) -
126
ахвяроўца -ы, ахвярнік -а, м. Той, хто дае што-н. як дарунак каму-н.
Шчыра дзякуем усім ахвяроўцам! (Роднае слова. 1994. № 7-8) Кіраўніцтва ТБМ шчыра дзякуе ўсім ахвярнікам роднай мовы і запэўнівае, што вашыя грошы паслужаць Беларусі. (Наша слова. 01.01.1998) -
127
ахоўца -ы, м. Той, хто беражэ, шануе каго-н., што-н.; ахоўнік.
Святы анёле, Заступніку Боскае волі, Ахоўца мае зямное няволі, І ў цішы, і ў гамане Не адыходзь ад мяне, Адвядзі ад душы мае стому... (Р.Барадулін) -
128
ачмуральны -ая, -ае. Які ачмурае, задурманьвае, затлумляе.
Ніяк не магу знайсці архімедаўскага пункта апоры, каб выбрацца з блытаніны розных процілеглых поглядаў, ачмуральнай галаслівасці, засцянковай мегаламаніі -
129
ачнуты -ая, -ае. Які ачнуўся, абудзіўся.
На імёны, на музыку - мода, - Не пазнаць мне тутэйшых мясцін. Да ачнутага духу народа Нам з табой яшчэ доўга ісці. (Я.Янішчыц) -
130
ачольваць -аю, -аеш, -ае, незак. Узначальваць.
У найноўшай гісторыі хапае прыкладаў, калі святары ачольвалі вызвольныя рухі. (Наша Ніва. 11.05.1998) Уладзімір Гінько ачольвае зусім маладых... ансамбль старадаўняй беларускай музыкі «Легенда». (ЛіМ. 18.05.2007)
На запыт знайшлося 130 артыкулаў
Паведаміць пра недакладнасьць