На запыт знайшлося 27 артыкулаў

  1. 1
    бавіцца -віцца, незак. Адбывацца, весціся (пра гутарку).
    У кожнай купцы бавілася свая гамонка. (І.Мележ)
  2. 2
    багадаць -і, ж. Боская ласка, дар божы.
    Позірк неба сіні Нам у душы шле багадаць. (Р.Барадулін)
  3. 3
    багажня -і, ж. Камера захоўвання.
    Натоўп пасажыраў рассыпаўся ў розных кірунках - да аўтобуса, у памяшканне вакзала, на стаянку таксі, у багажню. (В.Быкаў)
  4. 4
    багаславіць -слаўлю, -славіш, -славіць, незак. Бласлаўляць.
    [Псіха:] А ясным бачу яго [Бога] у ясным квецці, Як багаславіць і старцоў і дзеці. (Я.Купала)
  5. 5
    багаслаўленне, багаславенне -я, н. Блаславенне.
    І рукі злучывалі [дзівы] нам навекі. Багаслаўленне далі нам сваёй. (Я.Купала) Князі ж і баяры ўсе... узрадаваліся і, атрымаўшы багаславенне епіскапа, пакланіліся Еўфрасінні. (Кніга жыцій і хаджэнняў. Мн., 1994)
  6. 6
    багаслаўлёны -ая, -ае. Бласлаўлёны.
    [Псіха:] Багаслаўлёны, пакорны хто й ціхі, Багаслаўлёны... (Я.Купала)
  7. 7
    багаслужба -ы, ж. Богаслужэнне, набажэнства.
    У простай, даходлівай форме выкладзена неабходная інфармацыя з галіны літургічнага жыцця Царквы: пра малітвы, святарства, багаслужбы, абрады, пасты, святы, асноўныя абавязкі праваслаўнага хрысціянства. (ЛіМ. 28.02.1998)
  8. 8
    багаўслаўны -ая, -ае. Прызначаны ўслаўляць, славіць Бога.
    Прасвятлі [Госпадзе Трыадзіны] вочы духу майго ў чысціні, Вусны мае адчыні Кожнаму Багаўслаўнаму гуку. (Р.Барадулін)
  9. 9
    багацюшчы, багацюткі -ая, -ае. Вельмі, надзвычай багаты.
    [Бібліятэкары] азнаёмілі з багацюшчымі фондамі бібліятэкі, з яе рэдкімі кнігамі. (А.Грачанікаў, У.Караткевіч) Пішуць - Навагрудчына, а ў Якуба Коласа, а ў Янкі Брыля, як і там, на іх роднай, на іх прыгожай, багацюшчай на ўсё зямлі, - Наваградчына. (Ф.Янкоўскі) І са смугі [часу] выплывае-вымалёўваецца багацюткая зместам панарама. (У.Мехаў)
  10. 10
    багно -а, н. Багна.
    Цяпер нават здаволена багно: Гніль сотні год збіраючы, яно Смуроднай жыжкаю узгадавала Цвятоў расістых чыстую красу. (М.Багдановіч) Вашага бога не ведаю з раем рабоў і гаротных, Пекла не баюся, бо ўсё гэта ваша багно. (У.Караткевіч)
  11. 11
    бадзяжнік -а, м. Бадзяга.
    Стаіць сабе срыпач і грае на ўласным беразе - нямнога для бадзяжнікаў аглухлых - іншасвету: у мушлі музыкі. (Н.Мацяш)
  12. 12
    бажавольны -ая, -ае. Дурнаваты, блізкі да вар'яцтва; юродзівы.
    Калі паэта ягоная паэзія ўзносіць занадта высока, яму нічога не застаецца, як гаварыць з самім сабой. Такіх у народзе называюць бажавольнымі, божымі людзьмі. (ЛіМ. 12.07.1996)
  13. 13
    бажышча -а, н. Ідал, кумір.
    Ствараюць з золата бажышчы, Ідуць адны к ім на паклон, Другіх шамочаць бед ігрышчы... (Я.Купала)
  14. 14
    баіць -баю, баіш, баіць, незак. Баяць.
    Адышлі на той свет казачнікі... Здаецца, не засталося каму слухаць і баіць штосьці. (В.Казько)
  15. 15
    балачынка гл. болка
  16. 16
    бальшак -а, м. Старэйшы сын; бальшун.
    Толькі ў гэтым шусць! - адчыніліся дзверы, і на парозе паказаўся Апанас з жонкай і бальшаком сваім. (В.Ластоўскі)
  17. 17
    бальшыня -і, бальшына -ы, ж. Большасць.
    Дня не міне, каб пошта... не прыносіла чарговы чытацкі крык душы: што зрабілася з «найважнейшым для нас мастацтвам» кіно? Але бальшыня пытанняў, абурэнняў ды пратэстаў прыпадае якраз на долю пракату фільмаў. (ЛіМ. 26.06.1993) «Жыхароў... зналі шмат?» - «Ды, бадай, бальшыню». (Н.Гілевіч) Самы кавалерысты, самы шляхетны ў нашым у бальшыне сваёй сяляніста саматужным Саюзе пісьменнікаў быў, вядома ж, ён [Язэп Семяжон] (Р.Барадулін)
  18. 18
    бамбардаваць -дую, -дуеш, -дуе, незак. Бамбардзіраваць.
    Японцы бамбардуюць Цындао, у якім немцы яшчэ трымаюцца чвэрць года вайны. (Я.Купала) Каспар Бекеш бамбардаваў Верхні замак, але ядры адно прабівалі сцены, не разбураючы іх. (У.Арлоў)
  19. 19
    бамбоўка -і, ж. Дзеянне паводле знач. дзеясл. бамбіць (атакаваць з паветра, скідаючы бомбы).
    Дзіўна, што сярод руінаў ацалелі цэрквы... Цэрквы выстаялі нават пасля дывановых бамбовак - і тут, і ўсюды. (Б.Кіт, В.Быкаў)
  20. 20
    баналізацыя -і, ж. Звядзенне да шаблоннага, збітага, банальнага.
    Не стрэнеш у яго [Міхася Васілька] вершах з абодвух давераснёўскіх зборнікаў баналізацыі тэм, але і лішняга мудравання таксама. (М.Мікуліч)

Паведаміць пра недакладнасьць