На запыт знайшлося 116 артыкулаў

  1. 21
    ведзены, вядзёны, воджаны -ая, -ае. Які прыводзіцца ў рух чым-н.; такі, якога хто-, што-н. вядзе, водзіць.
    Троху падкапілі [грошай] і малацілку набылі, ведзеную маторам. (ЛіМ. 01.07.1992) Вядзёны пражэктарамі, да яго ішоў міністр з даволі таўставатым канвертам у руках. (В.Казько) Спакоем воджаны век здрадным, Сную, і нейкі са мной шорах. (Я.Купала)
  2. 22
    вежка -і, ж. Памянш. да вежа; невялікая вежа.
    А аднойчы [агітатар] вазіў у музей, у старажытны, з вежкамі, будынак на гары. (А.Фомчанка)
  3. 23
    вельбаваць -вяльбую, -вяльбуеш, вяльбуе, незак., каго. Вельмі шанаваць.
    - І за што ўжо яна так вяльбуе яго? Здаецца ж, такога нязгрэбы як ён, свет не бачыў... Вупыр! (А.Масарэнка)
  4. 24
    верапамяркоўнасць -і, ж. Верацярпімасць.
    Толькі ў 1905 г. з'явіўся ўказ аб узмацненні пачаткаў верапамяркоўнасці. (ЛіМ. 14.01.1994)
  5. 25
    вернік -а, м. Той, хто верыць у існаванне Бога.
    Кінематаграфісты недвухсэнсава выказаліся за перадачу храма вернікам. (Звязда. 16.09.1990) Мінскі Чырвоны касцёл у гады вайны зноў быў адкрыты для вернікаў. (М.Танк)
  6. 26
    верніца -ы, ж. Жан. да вернік.
    Калі паслухаць старую верніцу, то сейбіт добрага насення ёсць сын чалавечы... (В.Гардзей)
  7. 27
    вершавы -ая, -ае. Прым. да верш.
    У сучасных вершах хочацца бачыць больш псіхалагізму, інтэлектуальнасці. І, вядома ж, майстэрства... больш шырокага выкарыстання ўласна вершавых магчымасцей. (ЛіМ. 26.01.1973)
  8. 28
    вершнік, верхнік -а, м. Коннік.
    Зазвінелі балабончыкамі хамуты. Сядалі вершнікі, гаркалі сабакі. (М.Гарэцкі) На чырвоным тле - срэбраны вершнік на белым кані. (ЛіМ. 22.11.1991) Балотная расліннасць - трыснёг, чарот - па сваёй гушчыні й вышыні нагадвае маньчжурскі гаалян, дзе можа схавацца верхнік разам з канём. (Ю.Віцьбіч)
  9. 29
    вескаўня -і, ж. Дзеравеншчына.
    Гэты горад быў свой і ніякі. Ведаў праўду і бачыў хлусню. Шантрапу падкупілі «палякі», пазбіралі сваю вескаўню. (Д.Бічэль)
  10. 30
    веставаць -вястуе, незак., што. Азначаць, сведчыць.
    Некаторыя выданні апошніх гадоў, у прыватнасці Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, вястуюць пэўны пралом у зацяжной навукова-інфармацыйнай блакадзе. (ЛіМ. 24.04.1998)
  11. 31
    весткаваць -вясткую, -вясткуеш, -вясткуе, незак., што і без дап. Вешчаваць.
    Купалаўскі прарок з аднайменнага верша вясткуе і прапаведуе «як шалёны». (А.Разанаў)
  12. 32
    вечаваць -вячую, -вячуеш, -вячуе, незак. Удзельнічаць у вечы.
    Можа, з нязнанае нам летапіснае хронікі чэрпаў Скарына весткі пра мінулае свайго горада, пра тое, як узнімалі продкі горад на Дзвіне, як вечавалі палачане ці бараніліся ад захопнікаў. (А.Каўка)
  13. 33
    вечароўнік -а, м. Удзельнік вечаровых сустрэч, гутарак.
    Шмат што закранутае Бёлем пры тым у яго вечараванні дубултаўскіх суразмоўнікаў яна [Караліна Франчэскаўна] разумела лепш, чым хто іншы з вечароўнікаў. (Крыніца. 1997. № 8)
  14. 34
    вечарушкі -шак, адз. няма. Вечарынка.
    [Фруза:] Трэба сказаць брату, каб запрасіў яго на вечарушкі. Ён пяе ладна, а што ж «Юрачку» скача - каб ты ведала... (М.Гарэцкі)
  15. 35
    вечарынец -нца, м. Удзельнік урачыстай вечарыны.
    Міла выслухалі вечарынцы экраннага паэта (быў паказаны фрагмент з дакументальнага фільма «Максім Танк»). (Народная воля. 27.11.1997)
  16. 36
    вешчаўніца -ы, ж. Вяшчунка.
    У народзе чорная жаўна Вешчаўніцай лічыцца здаўна. (В.Дзеравяшка)
  17. 37
    вёсначка гл. вясенька
  18. 38
    відаль -і, ж. Тое, што адкрываецца перад вачамі, перспектыва; від.
    Відаль была адна і тая самая за ўсю дарогу, звычайная, але прыгожая відаль: імглявае балотнае надвор'е, грудкі маркотнага алешніку з бакоў праезду... (М.Гарэцкі) Ехаў як быццам і не шпарка, перад вачыма рухалася прыгожая, як намаляваная, зялёная відаль, якую не псавалі светла-шэрыя прастакутнікі блізкага горада. (П.Васючэнка)
  19. 39
    відачын -а, відачынец -нца, м.
    Акцёр (параўн. рас. лицедей). Нічому не навучыцца побач і разам з такім сур'ёзным артыстам мог толькі бяздарны і лянівы відачын. (Б.Бур'ян) На Беларусі столькі цудоўных самабытных відачынцаў. (ЛіМ. 04.04.2003)
  20. 40
    відачынства -а, н. Тэатральная гульня, прадстаўленне (параўн. рас. лицедейство).
    Талент акцёрскага відачынства - напэўна, ён і пакінуў у памяці свае яркія адмеціны, прымусіўшы прыняць адыход Юрыя Авяр'янава як асабістую страту? Не ведаю. (ЛіМ. 26.01.1996)

Паведаміць пра недакладнасьць