На запыт знайшлося 116 артыкулаў

  1. 81
    выпаданні -яў. Тое, што падае, выпадае з атмасферы на зямлю.
    Чуваць, што радыёактыўныя выпаданні не мінулі і маю Мядзельшчыну. (М.Танк)
  2. 82
    выпадзены -ая, -ае. Які выпаў адкуль-н.
    [У хвойніку] ліпкаю павучынаю бэрсаўся рэдкі поцемак і ціцікала невядомая позняя птушачка ці мо выпадзенае з гнязда пташаня. (В.Адамчык)
  3. 83
    выпіты -ая, -ае. Які выпіў спіртнога.
    Нехта ў фае натрапіцца знаёмы, убачыць, што я добры выпіты. (Я.Скрыган)
  4. 84
    выплатнік -а, м. Той, хто ўносіць плату за што-н.; плацельшчык.
    Уласныя домікі і кватэры з усімі іх самымі сучаснымі бэбахамі - павабная мара перад вачыма і сякера над каркам выплатніка. (М.Лужанін)
  5. 85
    выпрабоўны -ая, -ае. Дапытлівы, выпрабавальны.
    Кожны пагляд - гэта выпрабоўнае мацанне... (Ц.Гартны)
  6. 86
    выправіны -аў, адз. няма. Праводзіны.
    [Пятрок] любіўся з Волечкаю Апанасаваю - і на выправінах яго ў армію Волечка сядзела побач. (А.Жук)
  7. 87
    выпусканы, выпушчаны -ая, -ае. Які выпускаецца, вырабляецца.
    Кніжная прадукцыя, выпусканая нашым выдавецтвам, мае такую нізкую якасць, што замоўчваць гэта ніяк нельга; Выпушчаная прадукцыя пачала каштаваць танней, з абароту вызваліліся значныя рэзервы сродкаў. (Я.Колас)
  8. 88
    выраканец -нца, м. Той, хто выракся свайго роднага.
    І памяць кросны снуе, І лесуны барукаюцца. Шляхі разышліся яе. З бязроднымі выраканцамі. (Р.Барадулін)
  9. 89
    выратоўца -ы, м. Ратавальнік.
    Пасля колькі дзён адно й гаварылі ўсе пра Клаўдзю і яе выратоўцу, казалі, што Міхалка «вылавіў» у Дняпры долю сваю. (А.Масарэнка)
  10. 90
    высакаварты -ая, -ае. Які мае высокую вартасць.
    Акрамя гэтага, маю да друку пераклад з Франка ... паэмы «Майсей». Сама рэч высакавартая. (У.Жылка)
  11. 91
    высакалюбны, высакалюдскі -ая, -ае. Высакародны.
    Ці не такімі ж высакалюбнымі намерамі кіраваўся неўміручы рыцар духу Дон Кіхот... (А.Каўка) Баяўся боскае кары за свой высакалюдскі ўчынак [хаваў цімакоў - уцекачоў ад паншчыны] цёмны дзядзька Тарас. (М.Гарэцкі)
  12. 92
    высачаны -ая, -ае. Які высачыўся, выступіў (пра смалу).
    Тут, за штабялямі дроў і жоўтых, што пахлі нагрэтаю высачанаю смалою, дошак, перабег [Імполь] іржавыя ... тупікі чыгуначнай станцыі. (В.Адамчык)
  13. 93
    выспаны -ая, ае. Які выспаўся.
    Быў ранак, нарком выйшаў з другога пакоя, здавалася, яшчэ нават не выспаны. (Я.Скрыган)
  14. 94
    выстава -ы, ж. Выстаўка.
    І спяшайцеся, выстава працуе ўсяго тыдзень. (Звязда. 14.11.1990) Не пабыць на выставе Скідзевіча, нават збіраючыся паміраць, ён не мог. (Б.Пятровіч)
  15. 95
    выстаўны -ая, -ае. Які мае дачыненне да выставы.
    Заходзьце ў новую выстаўную залу. (Беларускае радыё. 26.12.1994)
  16. 96
    выстаялы -ая, -ае. Які выстаяўся.
    [Бацька] прывозіў з поля воз яшчэ не выстаялых травяністых снапоў ячменю. (У.Калеснік)
  17. 97
    выступ -у, м. Выступленне.
    Тон яго выступу жорсткі, без звычайных еўрапейскіх умоўнасцяў. (ЛіМ. 16.01.1998)
  18. 98
    выступоўца -ы, выступовец -поўца, выступальнік, выступальшчык -а, выступанец -нца, м. Той, хто выступае; прамоўца.
    Як і кожны спрактыкаваны выступоўца, я таксама выбіраў каго-небудзь у зале, каб мець падтрымку. (І.Чыгрынаў) Нейкі выступовец нават сказаў, што «бяда адна не ходзіць...» (ЛіМ. 02.05.1997) - Ну вот, так я сагласян з табой, - згадзіўся выступальнік. (Я.Брыль) Названыя выступальшчыкі, як іх ні ўпрошваў старшыня нарады, выходзіць на трыбуну катэгарычна адмовіліся. (А.Карпюк) Амаль усе выступанцы адзначаюць высокі мастацкі ўзровень твора. (В.Жуковіч)
  19. 99
    выступоўчы -ая, ае. Які мае дачыненне да выступоўцаў, выступлення.
    Пару пісьменнікаў апроч «загнаных» у выступоўчую абойму знаходзіліся ў зале. (Народная воля. 27.11.1997)
  20. 100
    вытвор -а, м. Утварэнне, вытворнае слова.
    У яе лексіконе вельмі часта ўжывалася слова «нацыяналізм» з усімі яго вытворамі. (Л.Лыч) Для вытвора з гэтай марфемай найбольш характэрнае значэнне прыкметы паводле актыўнага дзеяння. (Роднае слова. 2000. № 3)

Паведаміць пра недакладнасьць