На запыт знайшлося 116 артыкулаў

  1. 101
    выхаваўца -ы, м. і ж. Выхавальнік.
    На лета іду яшчэ працаваць начальніцай піянерскага лагера, а выхаваўцамі да сябе бяру сваіх настаўнікаў. (А.Карпюк)
  2. 102
    выціскацца -аецца, незак. Выцясняцца.
    На жаль, нямала і тых, каму вельмі ж добра пачувалася ў час, калі беларуская мова выціскалася з паўсядзённага ўжытку, не выкладалася ў школах, тэхнікумах і ВНУ. (ЛіМ. 26.08.1994) Гэта [беларуская] культура пачала выціскацца польскім панаваннем. (Я.Купала)
  3. 103
    вышчыроўваць -аю, аеш, -ае. З вялікім стараннем, шчыруючы, дасягаць вынікаў у якой-н. дзейнасці.
    Слова для яго [А.Разанава] - той зыходны матэрыял, з якога ён вышчыроўвае і дасканала зрыфмаваныя паэмы, і ...верлібравыя перастворы беларускай духоўнай літаратуры. (Н.Мацяш)
  4. 104
    выязджанец -нца, м. Той, хто выязджае куды-н.
    [Астролаг:] Да нас, да пацяплення, вясною, будуць ехаць цяперашнія выязджанцы і ўцекачы. (В.Санько)
  5. 105
    выяўлены -ая, -ае. Які выявіў свае здольнасці, стаў вядомы.
    Найбольш нельга дараваць гэтага [абыякавасці да мовы] пісьменнікам выяўленым, бо невялікія моўныя неахайнасці ў іх творах... успрымаюцца літаратурнай моладдзю як канон, пашыраюцца ў новых творах і пагражаюць небяспекай стаць моўнай нормай. (Я.Колас)
  6. 106
    вядзёны гл. ведзены
  7. 107
    вядоўца -ы, м. і ж. Той, хто кіруе чым-н.; вядучы, вядучая.
    Камера «залятае» ў студыю, дзе вядоўцы раскладаюць стос прэсы на стале. (Наша Ніва. 15.05.2008)
  8. 108
    вядун ведуна, м. Прарок, прадказальнік.
    [Няўзіра:] Толькі ты, вядун прарочы, Штось ад нашых крыеш вочаў. (Я.Купала) У некаторых плямёнаў Гвінеі і цяпер, калі нараджаецца хлопчык, жанчыны па ... ім вядомых прыкметах вызначаюць яго схільнасць да таго, каб стаць ведуном. (Звязда. 28.05.1991)
  9. 109
    вязёнкі -нак, адз., вязёнка -і, ж. Вязаныя рукавіцы.
    Пісаць у вязёнках трудна. (М.Гарэцкі)
  10. 110
    вязнеўка -і, ж. Жан. да вязень.
    Патэлефанавала былая вязнеўка Сцяплагу Вера Сымонаўна Касмовіч. (Беларускае радыё. 22.03.1996)
  11. 111
    вязніца -ы, ж. Месца зняволення.
    Паслухайце, людзі, я вам раскажу, За што я ў вязніцу папала. (Н.Гілевіч)
  12. 112
    вялікамоўны -ая, -ае. Такі, дзе шмат гавораць.
    Уцякаю цяпер і з вялікамоўных сходаў, што звяліся да заплесненых і збросненых зваротаў. (В.Адамчык)
  13. 113
    вясенька, вясёнка, вёсначка -і, вясніца -ы, ж. Ласк. да вясна.
    Хоць прыходзіла б вясенька Ды павеяла цяплом. (Я.Колас) Не хмарся, зіма, на вясеньку-нявесту, Крыўдуй не крыўдуй, а рыхтуй каравай. (В.Гарановіч) Спошчаныя людцы да споведзі хадзілі, паглядаючы дарожкамі, ці ўжо ёсць праталінкі, ці ўжо блізка вясёнка цяпленька..; Па чутках з фронту думалася людзям, што надоўга застылі дзве варожыя сцяны і, мусі, не парушацца да вёсначкі. (М.Гарэцкі) Хоць адзін раз залячу туды, дзе вясніца вякуе, туды, дзе сонца святкуе. (Д.Бічэль)
  14. 114
    вяскоўе -коўя, вяскоўства -а, н. Вясковае жыццё.
    Хоць болей люляе калыска трамвая, Ды эаль па вяскоўі ніяк не міне. (А.Камароўскі) ацягнуўся, відаць, працэс развітання з родным вяскоўствам лірычнага героя... (ЛіМ. 28.01.1977)
  15. 115
    вясніца гл. вясенька
  16. 116
    вясноўскі -ая, -ае. Вясновы.
    1. V. Вялікдзень. Свята - вясноўскае, прыгожае, добрае. (М.Гарэцкі)
    Параўн. прыслоўе па-вясноўску: Ранішняя электрычка. Вагон па-вясноўску расквечаны сонечнымі блікамі. (Наша слова. 08.05.1996)

Паведаміць пра недакладнасьць