На запыт знайшлося 93 артыкулы

  1. 21
    галінне -я, н., зб. Галіны дрэва.
    Па добрай волі з ціхім стогнам Галінне ломіцца само. (В.Коўтун) Галінне - магутней, ёмісцей, га-лі-на-сцей за галлё. (С.Грахоўскі)
  2. 22
    галоснасць -і, ж. Публічнасць.
    Мы паклапаціліся, каб надаць спаборніцтву галоснасць. (Чырвоная змена. 05.03.1975) Не толькі чытачцы, нам самім [рэдакцыі газеты] больш падабаецца поўнагалосная галоснасць. (Звязда. 15.09.1989)
  3. 23
    галосны -ая, -ае. Гучны, на ўвесь голас.
    У выніку дзейнасці беларускіх прадстаўнікоў на канферэнцыі ў Стакгольме і на Кангрэсе Нацый у Лазане ў маі і чэрвені 1916 г. народы Еўропы і ўсяго свету ўпершыню пачулі галосную заяву аб тым, што Беларусь жыве і жадае існаваць далей у якасці самастойнай дэмакратычнай дзяржавы побач з іншымі краінамі. (ЛіМ. 08.11.1991)
  4. 24
    ганьбенне -я, н. Дзеянне паводле дзеясл. ганьбіць (зневажаць чыю-н. годнасць; асуджаць, няславіць).
    Панурыя, засмучаныя, устрывожаныя і абураныя такою несправядлівасцю кандыбаюць сяляне пад казацкім канвоем. Іх вядуць берагам Піны каля Высокага, каб усе бачылі ганьбенне іх і пакаранне. (Я.Колас)
  5. 25
    ганяны -ая, -ае. Які ганяецца, гоніцца кім-, чым-н.; гнаны.
    Як бежанцы тыя, ганяны тугою, Да роднага краю [гусі] плывуць чарадою. (Я.Купала)
  6. 26
    гаравіты -ая, -ае. Гаротны.
    Ад самага малалецтва жыццё яго было надзвычай цяжкім і гаравітым - суцэльная нішчымніца і галодніца, бесхацінства і страты, падазронасць і непрыхаваны здзек з боку старых і новых уладарных структур. (М.Мікуліч)
  7. 27
    гарадзенец -нца, м. Жыхар Гародні (Гродна).
    Калі ідэя будзе прынята гарадзенцамі, помнік упрыгожыць плошчу перад Фарным касцёлам. (ЛіМ. 20.13.1998)
  8. 28
    гарапнік -а, м. Кароткі раменны бізун; арапнік.
    Ён выехаў з Віленскае губерні. Не хацеў ехаць, але казакі выгналі гарапнікамі. (Я.Скрыган)
  9. 29
    гарота -ы, ж. Бяда, гора, журба.
    Галоўнае, без чаго немагчыма ўявіць сабе паэта, гэта добрае, шырокае сэрца, адкрытае ўсім радасцям і гаротам, усяму дабру і злу свету. (Полымя. 1964. № 9) Што казаць пра майскае ранне, Калі ў росах салоўка б'е? Што скажу я табе, каханы?.. Падгінаюцца ногі мае. Што скажу са сваёй гаротай? (У.Караткевіч)
  10. 30
    гаручы -ая, -ае. ... Які гарыць.
    Адламалася маленькая гаручая галінка, звалілася на зямлю. (Я.Маўр) Стаяў нейкі глухі вогненны гул і трэск гаручага дрэва. (А.Жук)
  11. 31
    гарэшнік -у, м. Арэшнік.
    Перад чубком хвойніку ў лагчыне... сашчапіліся густымі разложыстымі вярхамі кусты старога гарэшніку. (В.Адамчык)
  12. 32
    гаспадыніць -ню, -ніш, -ніць, незак. Рабіць традыцыйную работу жанчыны-гаспадыні.
    Сам ён [стары чалавек] і гаспадарыў дома і гаспадыніў, сам сабе крупнік варыў, сам сабе лапіў порткі. (А.Кулакоўскі)
  13. 33
    гасцёўня -і, ж.
    1. Пакой для прыёму гасцей; гасціная.
    Сяброў у яго шмат, а гасцёўня - цеснаватая. (М.Лужанін)
    2. Памяшканне, дзе праводзяцца сустрэчы, культурныя мерапрыемствы для аматараў літаратуры і мастацтва.
    У кожным мікрараёне горада адчыняюцца беларускія літаратурныя або літаратурна-музычныя гасцёўні. (Беларуская мова і літаратура ў школе. 1991. № 4) У гасцёўні Галубка. (ЛіМ. 02.10.1998)
  14. 34
    гасцільня -і, ж. Гасцініца.
    Ноч... Гасцільня... Горад даўно апусцеў, У вежах пяць стагоддзяў, як згаслі агні, І вецер у вокны мяце, лісце Прамерзлае - аж звініць. (У.Караткевіч)
  15. 35
    гасціцца -ы, ж. Госця.
    Ішла вясна ў наш край. Усяе гэтае гасціцы яшчэ не было, але на дварэ ўжо блішчэла; Не любіў Даніла ні абразікаў, ні карыкатур. Але змірыўся з гаспадынінаю гасціцаю [абразом Мадонны] у сваёй хаце. (Л.Калюга)
  16. 36
    гасцяваннік -а, м. Той, хто гасцюе, бывае дзе-н.
    Князь не хаваўся, што нялюб яму Абдзіраловіч, другі паўсёдны гасцяваннік макасееўскага дому. (М.Гарэцкі)
  17. 37
    гатка -і, ж. Памянш. да гаць; невялікая гаць.
    За Сяльцом дарога крута паварочвала на гатку з мосцікам цераз Целяшоў Дуб і зараз жа падымалася на горку ў лесе. (Я.Колас)
  18. 38
    гатовасць -і, ж. Гатоўнасць.
    Апроч прыгажосці ў жанчыны была нейкая вельмі мілая мяккасць - у вачах, у голасе, светлых валасах, у манеры даверліва глядзець, у гатовасці вас зразумець і ісці насустрач. (Я.Скрыган) Якая гатовасць да ўсяго! Кажа: «Спадзяюся на дапамогу Божую». (М.Сяднёў) Пасля дадаць [да мяснога булёну] здробненыя канюшыну, шчаўе і варыць на слабым агні да гатовасці. (Звязда. 16.07.1992)
  19. 39
    гатэль -я, м. Атэль, гасцініца.
    І ўсё стаіць [у Менску] шыпшыннае наўкол - Гатэль, кавярні, крамы і бажніцы. (Л.Дранько-Майсюк) Трохі аддыхаўшыся ў гатэлі, я нарэшце заўважыў, што вокны нумару выходзілі на сярэднявечны замак Вялікай Літвы. (Наша Ніва. 09.11.1998)
  20. 40
    гатэльны -ая, -ае. Які мае дачыненне да гатэля.
    Наваградак. Золь. Прысенне зімы. Рунь і дрэвы мараць аб цёплых снягах, О, якая самота гатэльнай турмы! (У.Караткевіч)

Паведаміць пра недакладнасьць