Аўрамій Смаленскі (Працалюбівы), асветнік, рэлігійны і грамадскі дзеяч, мастак. Нарадзіўся ў сярэдзіне 12 ст. ў Смаленску ў заможных бацькоў, якія да яго мелі 12 дачок. З дзяцінства выхаваны ў духу строгай хрысціянскай набожнасці і прывучаны да сістэматычных кніжных заняткаў. Пасля смерці бацькоў раздаў усю іх маёмасць манастырам, цэрквам і бедным, а сам пайшоў у манастыр, размешчаны ў ваколіцах Смаленска. Тут ён старанна вывучаў творы Яна Златавуста, Яфрэма Сірына, жыціі святых: Антонія Вялікага, Яўхімія, Савы, Феадосія Палесцінскіх, Антонія і Феадосія Пячэрскіх і інш., займаўся зборам і перапісваннем кніг. У гэты час смаленскі князь Раман Расціслававіч (памёр у 1170) заснаваў у горадзе вучэльню, у якой навучаліся па славянскіх, грэчаскіх і лацінскіх кнігах. Аўрамій актыўна садзейнічаў росквіту гэтай вучэльні, дапамагаў фармаваць яе бібліятэчны фонд. Пасля 30 гадоў манаскага служэння ў 1198 ён прыняў сан прэсвітэра і стаў шырока вядомы як прапаведнік і настаўнік не толькі для манаскай браціі, але і для недухоўных асоб. Гэта выклікала зайздрасць у часткі духавенства, і Аўрамію давялося перайсці ў Крыжаўзвіжанскі манастыр у Смаленску. Сюды да яго пачало прыходзіць яшчэ больш людей за духоўнай парадай, настаўленнем. Ён актыўна ўдзельнічаў у аздабленні храма, намаляваў для яго 2 абразы. Няспынныя казанні і поспех у вернікаў зноў выклікалі зайздрасць у духавенства і гарадской знаці. Прэсвітэра абвінавацілі ў ерасі і распаўсюджванні забароненых кніг, а таксама ў спакушэнні жанчын і пераманьванні духоўных дзяцей. На судзе, які ўзначальвалі князь і епіскап, ён змог апраўдацца, але яму забаранілі свяшчэннадзейнічаць і загадалі вярнуцца ў той жа самы манастыр. Але папулярнасць Аўрамія ў народзе была такой вялікай, што царкоўныя ўлады вымушаны былі адмяніць сваю забарону на прапаведніцтва і прызначылі яго ігуменам новага манастыра. Па-ранейшаму да яго сыходзіліся розныя людзі, каб паслухаць разумныя парады і настаўленні. Аўрамій заклікаў смалян няўхільна прытрымлівацца маральных прынцыпаў хрысціянства, клапаціцца пра духоўнае ўдасканаленне жыцця, увесь час помніць пра Бога, маліцца дзень і ноч. Памёр ён да 1224, пражыўшы ў манастве 50 гадоў. Пасля смерці, як і пры жыцці, Аўрамія шанавалі смаляне як нястомнага прапаведніка рэлігійнага пакаяння і непазбежнасці страшнага суда. За актыўнае прапаведанне хрысціянства і ўзорнае жыццё праваслаўная царква кананізавала яго. Яго вучань манах Яфрэм напісаў «Жыціе прападобнага Аўрамія Смаленскага».

Літ.: Четии-Минеи: (Книга житий святых). Кн. 1-4. М., 1829; Жития святых Российской церкви. Также Иверских и славянских и местно чтимых подвижников благочестия, составленные А.Н.Муравьёвым. Т. 1-18. Спб., 1855-68; Барсуков Н. Источники русской агиографии. Спб., 1882; Филарет, архиепископ Черниговский. Жития святых чтимых Православной Церковию, со сведениями о праздниках Господских и Богородничных, и о явленных чудотворных иконах. 3 изд. Спб., 1900; Голубинский Е. История канонизации святых в Русской Церкви. 2 изд. М., 1903.

В.Оргіш

Паведаміць пра недакладнасьць