Звеніслава Барысаўна (у манастве Еўпраксія; пасля 1110-1202), асветніца, дачка полацкага князя Барыса Ўсяславіча. Нарадзілася яна на некалькі гадоў пазней за сваіх стрыечных сясцёр, дачок малодшага полацкага князя Святаслава Прадславы (Ефрасінні Полацкай) і Гардзіславы. Калі 12-гадовая Прадслава прыняла манаскі пострыг і новае імя Ефрасіння, З. было, пэўна, не больш як 4 гады. Адна з прычын, што прымусілі З. пакінуць свецкае жыццё і пайсці ў манастыр, была тая, што пасля смерці князя Барыса Ўсяславіча (1128) кіеўскі князь захапіў Полацак і саслаў усю сям'ю князя Барыса, у т.л. бацьку Ефрасінні - Святаслава, у Візантыю. На чужыне, пазбаўленая бацькоўскай апекі і высокага становішча, яна наўрад ці магла мець надзею на прыстойнае замужжа. І калі ўжо так трагічна склаўся яе лёс, то за лепшае палічыла пайсці ў манастыр і жыць у родным горадзе, сярод людзей, якія памятаюць славу роду Ўсяслава, пад апекай стрыечнай сястры, знакамітай Ефрасінні. Усе грошы і каштоўнасці, што прызначаліся З. на пасаг, яна перадала ў манастырскую казну. Менавіта на гэтыя сродкі і быў пабудаваны славуты Спаса-Ефрасіннеўскі храм у Полацку. «Пані й сястра! Уся прыгажосць гэтага свету мне не патрэбная. Аддаю ўсё гэта святому Спасу, а сама хачу схіліць галаву пад ярмо Хрыстовае». Духоўнае імя для З. Ефрасіння выбрала сугучнае свайму - Еўпраксія. З першага ж дня сястра Еўпраксія паглыбілася ў манастырскае жыццё. З цягам часу яна стала своеасаблівым духоўным лідэрам, а неўзабаве і намесніцай ігуменні Ефрасінні. Мяркуюць, што менавіта Еўпраксія непасрэдна кіравала працай сясцёр-манашак па перапісванні кніг для манастырскай бібліятэкі і вяла заняткі ў заснаванай Ефрасінняй школе для дачок багатых палачан у той час, калі сама ігумення займалася больш адказнымі справамі: будаўніцтвам храмаў і манастыроў, наладжваннем духоўных сувязей паміж Полацкім княствам і Візантыяй, вядзеннем Полацкага летапісу, прынцыповымі спрэчкамі з Дыянісіем - настаяцелем мужчынскага манастыра ў Полацку.

Еўпраксія была, несумненна, адна з самых адукаваных жанчын свайго часу. Яна не магла не разумець, што справа асветніцтва, якую ўсклала на свае плечы Ефрасіння, вельмі цяжкая для аднаго чалавека, і таму лічыла сваім абавязкам па магчымасці дапамагаць ёй. З. была сярод тых нешматлікіх вернікаў, якія суправаджалі Ефрасінню ў яе паломніцтве ў Ерусалім, да Труны Гасподняй. Там яна была побач з ігуменняй да апошняга яе ўздыху і ўзяла на сябе ўсе клопаты, звязаныя з пахаваннем святой Ефрасінні. Вярнуўшыся ў родны Полацак пасля пахавання Еўпраксія, відаць, адразу распачала жыццеапісанне сваёй духоўнай настаўніцы, каб расказаць усяму свету пра «святло дрыготкай зоркі» Ефрасінні. На карысць такога меркавання сведчыць уважлівы аналіз твора «Аповесць жыцця і смерці святой і блажэннай і найпадобнейшай Ефрасінні, ігуменні манастыра святога Спаса і Найсвяцейшай Ягонай Маці, што ў горадзе Полацку. Благаславі, Ойча!» (скарочана - «Жыціе Ефрасінні Полацкай»). Афіцыйна аўтар гэтага твора лічыцца невядомым. Спецыялістамі амаль дакладна ўстаноўлена, што напісаны ён у канцы 12 ст. Падрабязнасці ж, звязаныя з многімі момантамі жыцця святой ігуменні, не пакідаюць сумнення ў тым, што пісаў «Жыціе...» чалавек, блізка знаёмы з Ефрасінняй. У творы мала расказваецца пра тое, што адбывалася за сценамі манастыра, але шмат месца адводзіцца пераказу настаўленняў ігуменні сёстрам у Хрысце, прыводзяцца даслоўна яе маленні. Тут зусім не адлюстраваны ўдзел Ефрасінні ў палітычным жыцці княства, але ўзносіцца хвала яе духоўным подзвігам. Таму свецкі чалавек або той, які ўсё жыццё быў свецкім і толькі ў старасці прыняў духоўнае імя, не можа з'яўляцца аўтарам гэтага твора. Значыць, пісаў блізкі паплечнік, які прыняў пострыг яшчэ ў маладым узросце. З твора вынікае, што пісала яго жанчына-манашка: чыста па-жаноцку зроблены адбор эпізодаў, пасля суровых аскетычных радкоў роздуму Ефрасінні над філасофіяй чалавечага існавання ідзе амаль меладраматычны эпізод - плач князя Святаслава аб лёсе дачкі, якую замест шлюбнага балю і радасці мацярынскай чакае жыццё ў пастах і маленнях. І гэта аплакванне маладосці паўтараецца ў «Жыціі...», як і ў былінах, тройчы: другі раз - пасля эпізоду гвалтоўнага пострыгу Ефрасінняй роднай сястры Гардзіславы, трэці - пасля пастрыжэння Ефрасінніных пляменніц Вольгі і Кіраанны. Так востра адчуваць тое, чым даводзіцца ахвяраваць дзеля ведаў і веры, магла толькі жанчына, якая сама прыйшла ў манастыр праз пакуты і з-за адсутнасці іншага выбару. А менавіта так стала манашкай З. У той частцы твора, які датычыцца іерусалімскага паломніцтва, аўтар не забывае ні аднаго факта, пачынаючы ад узнёслага малення Ефрасінні перад далёкай дарогай і канчаючы дакладнай справаздачай пра хваробу ігуменні: «І ляжала ў хваробе сваёй 24 дні, і, даведаўшыся пра сваю смерць, сказала: «Паклічце да мяне прэсвітэра, каб даў мне прычасці святых тайнаў, бо Вяшчальнік стаіць ужо блізка, чакаючы наказу Ўладара». І прыйшоў прэсвітэр, несучы прычасць. Ефрасіння ж узнялася і пакланілася тройчы і, прыняўшы найчысцейшае цела і святую кроў Хрыстовую, лягла на ложак свой і перадала душу сваю ў рукі Бога жывога 24 дня месяца мая і ўвайшла ў пакоі нябесныя. Давыд жа з Еўпраксіяй і з іншымі пахавалі цела яе чэсна». З кнігі «Жыціе...» можна даведацца пра тое, каго сустракала Ефрасіння па дарозе ў Ерусалім, якім святыням і як пакланялася там, у якім храме набыла залатое кадзіла і фіміям. Падрабязна апісаны ў ёй нягоды спадарожнікаў па наладжванні пахавання полацкай ігуменні, калі тамтэйшыя манахі забаранілі пакласці цела Ефрасінні (як таго яна сама жадала) у лаўры святога Савы. Усё гэта таксама пацвярджае, што аўтар «Жыція...» быў разам з Ефрасінняй удзельнікам святога паломніцтва. І найбольш верагодна, што ім была «цень вялікай асветніцы» - Еўпраксія. Яе зорным часам і стаў час напісання «Жыція...» - першага гістарычнага твора беларускай літаратуры, які па сваіх вартасцях набліжаецца да твораў тураўскага «Златавуста» Кірылы і «Слова пра паход Ігараў». Як ацанілі працу Звеніславы-Еўпраксіі яе сучаснікі, можна меркаваць па тым, што Радзівілаўскі летапіс, у якім нават няма ўпамінання пра Ефрасінню Полацкую, дакладна адзначае дату смерці Еўпраксіі - 1202. Згодна з гэтым летапісам, памерла яна ў даволі старым узросце, у сяле Кідэкла, што на рацэ Нерль у Суздальскай зямлі. Пэўна, да свайго скону Еўпраксія працягвала справу асветы сярод святых сясцёр, перададзеную ёй Ефрасінняй. Цела асветніцы было перавезена на родную Полацкую зямлю і пахавана ў Бельчыцкім манастыры Барыса і Глеба, заснаваным яе бацькам.

Літ.: Аповесць жыція і смерці святой Еўфрасінні Полацкай // Спадчына. 1989. №1; Мельнікаў А. Помнік беларускай агіяграфіі // Тамсама; Арлоў У.А. Еўфрасіння Полацкая - Евфросиния Полоцкая. Мн., 1992. Пушкарева Н.Л. Женщины древней Руси. М., 1989.

І.Масляніцына

Паведаміць пра недакладнасьць