Кулік Яўген (31.10.1937, Менск), мастак-графік, актыўны ўдзельнік адраджэнскага руху 1960-1990-х; у ягонай майстэрні ў 1960-х утварыўся асяродак «На Паддашку».

У 1957 скончыў Менскую мастацкую вучэльню, у 1963 - Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Вучыўся ў Л.Лейтмана, А.Малішэўскага, В.Цьвіркі, А.Мазалёва. З 1963 удзельнічае ў афіцыйных мастацкіх выставах. У 1965 уступіў у Саюз мастакоў Беларусі. Маючы жывапісную адукацыю, пасьля заканчэньня інстытуту пераарыентаваўся на графіку. Аўтар станковых аркушоў і эксьлібрысаў. Аздабляў кнігі для дзяцей і дарослых, клясыку і сучаснасьць - у асноўным беларускіх аўтараў Працаваў мастаком у дзіцячым часопісе «Вясёлка».

К. уласьцівы рамантычны погляд на беларускую мінуўшчыну часоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, а таксама настальгія па традыцыйным побыце, які сыходзіць у нябыт пад націскам урбанізацыі і масавай культуры. Бо традыцыйны побыт у ягоным разуменьні - апірышча беларушчыны. К. паставіў творчасьць на службу нацыянальнай ідэі, скарыстоўвае кожную магчымасьць для прапаганды беларускай гісторыі і культуры. Пік творчасьці прыпадае на 1974-1983. У гэты час зьявіліся ўсе ягоныя найбольш вядомыя творы: «Помнікі дойлідзтва Гарадзеншчыны» (1974), малюнкі-рэканструкцыі «Замкі Беларусі» (1977), аркушы «На куцьцю», паводле Янкі Купалы (1982) і «Памяці Алены Кіш» (1983).

У 1980 мастак робіць ілюстрацыі да клясычнага твору беларускай лацінамоўнай літаратуры «Песьні пра зубра» Міколы Гусоўскага. На той момант, калі К. браўся за гэтую працу, ужо існавалі цудоўныя ілюстрацыі да «Песьні...», зробленыя Аўгенам Кашкурэвічам. Такім чынам К. уступаў у своеасаблівае спаборніцтва з мэтрам беларускай графікі, і спаборніцтва гэтае пайшло на карысьць нацыянальнаму мастацтву. Сёньня ілюстрацыі К. да «Песьні...», як і ілюстрацыі А.Кашкурэвіча, знаходзяцца ў шэрагу вышэйшых дасягненьняў беларускай кніжнай графікі.

Выданьне славутага твора лацінамоўнага паэта Беларусі Міколы Гусоўкага ў перакладзе на сучасную беларускую мову стала выдатнай падзеяй у справе асваеньня беларусамі ўласнай культурна-гістарычнай спадчыны. К. выдатна скарыстаў гэтую нагоду для ўслаўленьня гераічнай мінуўшчыны краіны. Гэтую працу можна лічыць кульмінацыяй творчасьці мастака.

К. стварыў шэраг партрэтаў гістарычных асобаў (князя Рагвалода, князёўны Рагнеды, Сьв. Эўфрасіньні Полацкай) і сюжэтных кампазыцыяў, прысьвечаных драматычным падзеям нацыянальнай гісторыі (у прыватнасьці, паўстаньню 1863-1864). У сааўтарстве з М.Купавам рабіў малюнкі гербоў магдэбургскага пэрыяду для кнігі А.Цітова «Гарадзкая геральдыка Беларусі» (1989). Разам з А.Бажэнавым і М.Купавам маляваў гербы для кнігі таго ж аўтара «Геральдыка беларускіх местаў» (1998). Творасьць К. мае выразна асьветніцкі характар.

Асобнае месца ў ягонай творчай і грамадзкай дзейнасьці займае эпізод, зьвязаны са стварэньнем у 1980 паштоўкі з нагоды 1000-годзьдзя Беларусі і перадачай яе на Захад, дзе намаганьнямі беларускай дыяспары паштоўка была растыражаваная. Імя аўтара хоць не адразу, але ўрэшце стала вядомым КГБ. К. перасьледваўся - ужываліся нагляд і допыты.

Ад 1960-х і ажно да 1990-х майстэрня К. была своеасаблівым клюбам апазыцыйна настроенай і нацыянальна арыентаванай інтэлігэнцыі. Менавіта ў ягонай майстэрні склаўся культурны асяродак «На Паддашку» (названы па месцазнаходжаньні майстэрні - пад самым дахам у доме насупраць будынка КГБ). У гэтым асяродку зьбіраліся самвыдатаўскія і забароненыя выданьні, рыхтаваліся выставы, арганізоўваліся пошукавыя экспэдыцыі. «На Паддашку», па-сутнасьці, была адною зь нешматлікіх нефармальных груповак у Беларусі, якая функцыянавала, нягледзячы на ўціск з боку ўладаў, на працягу трыццаці гадоў. Потым мастакі гэтага асяродку склалі ядро творчай суполкі «Пагоня».

Напрыканцы 1980-х у выніку актывізацыі палітычнага жыцьця ў беларускім мастацтве сьцьвярджаецца новы напрамак - соц-арт. У той час, як этнаграфізм (К. - выразны прадстаўнік этнаграфізму) стаяў на грунце рэалістычнай мастацкай школы, гістарычнай традыцыі і нацыянальнага рамантызму, апяваў беларускую архаіку і аб'ектыўна быў арыентаваны на даволі шчыльнае кола інтэлектуалаў, соц-арт увасобіў рэаліі XX стагодзьдзя, эўрапейскі досьвед (у тым ліку і досьвед масавай культуры), дынаміку і супярэчнасьць урбанізаванага грамадзтва. Этнаграфізм напрыканцы 1980-х ужо быў мастацтвам сталых людзей, соц-арт сьцьвярджаўся як мастацтва моладзі. Далёка ня ўсе мастакі «этнаграфічнай» генэрацыі, якія мелі пэўныя заслугі ў сваім часе, здолелі ўсьвядоміць, што гэты час скончыўся. Ня ўсе яны аказаліся падрыхтаванымі прыняць новую эстэтыку, новую рэчаіснасьць.

К. застаўся ў мастацтве кансэрватыўным нацыяналістам, але ў палітыцы ён - прыхільнік нацыяналізму радыкальнага. З канца 1980-х у ягонай майстэрні зьбіраецца ўжо не культурніцкая, але палітычная апазыцыя камуністычнаму рэжыму. Тут плянаваліся і абмяркоўваліся шэраг акцыяў Беларускага Народнага Фронту (БНФ). У часе стварэньня БНФ К. уваходзіў у кіраўнічыя структуры Фронту. Браў удзел у мастацкім аздабленьні шэрагу палітычных акцыяў патрыятычных сіл (зьезды БНФ, мітынгі, дэманстрацыі). У 1991 браў удзел у стварэньні графічнага эталёну «Пагоні» - Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь.

У апошняе дзесяцігодзьдзе ў творчасьці К. не назіраецца новых тэндэнцыяў, не зьяўляецца прынцыпова новых вобразаў і стылёвых знаходак. Тое, чым ён займаецца цяпер (геральдыка, гістарычныя рэканструкцыі адзеньня і г.д.), увогуле мае ўскоснае дачыненьне да «прыгожага мастацтва». Гэта бліжэй да працы навукоўца.

К. - сябра мастацкай суполкі «Пагоня» і адзін зь ініцыятараў яе стварэньня. Ён удзельнік выставаў суполкі. К. прыклаў руку да шэрагу праграмных дакумэнтаў «Пагоні» - статуту, адозваў, заяваў.

Кр.: 1. АМН. F-3 (Яўген Кулік); F 8/62.

Літ.: 2. Ля вытокаў незалежнага грамадзтва: Асобы і падзеі беларускай апазыцыі 1950-1980-х. Каталёг выставы. - Менск, 1998. С. 9-10.

Пётра Васілеўскі

Паведаміць пра недакладнасьць