Саюз Беларускіх Патрыётаў (Глыбокае-Паставы) / СБП (Глыбокае-Паставы), падпольная патрыятычная моладзевая арганізацыя, якая была заснаваная ў Глыбокім увосень 1945; увесну 1946 да яе далучылася суполка з Паставаў. Глыбоцкая суполка мела назоў Саюз Беларускіх Патрыётаў, а Пастаўская суполка - назву «За Беларусь».

Абедзьве арганізацыі існавалі цалкам самастойна. Увесну 1946 Глыбокае наведалі старшыня Пастаўскай групы Мікола Асіненка разам з Валянцінам Лагунёнкам, дзе сустрэліся з актывам мясцовай арганізацыі. На сустрэчы было дамоўлена пра аб'яднаньне абедзьвюх групаў і наданьне новаўтворанай арганізацыі назову Саюз Беларускіх Патрыётаў. Глыбоцкая і Пастаўская суполкі засталіся самастойнымі, кіраўніцтва ажыцьцяўлялі Васіль Мядзелец і Мікола Асіненка. Агульнага кіруючага органу ў аб'яднанай арганізацыі не было. Дамоўлена толькі пра неабходнасьць пэрыядычных сустрэчаў у Глыбокім і ў Паставах, дзе будуць узгадняцца дзеяньні суполак. Пастаўчане перанялі тэкст прысягі. Дзеяньні Пастаўскай і Глыбоцкай суполак засталіся незалежныя.

Увесну 1946 адбыўся выпуск трэцяга курсу пэднавучальняў і некаторыя сябры СБП трапілі на працу ў школы. А ўжо ў лютым 1947 СБП быў разгромлены органамі МГБ. Гэтаму папярэднічала тое, што ў давер да сябраў Пастаўскай групы ўвайшоў Алег Стахоўскі, афіцэр МГБ, які выдаваў сябе за ўдзельніка нейкай антысавецкай арганізацыі, падштурхоўваў да актыўных дзеяньняў, тэрарызму. Ён карыстаўся поўным даверам Міколы Асіненкі і Валянціна Лагунёнка. Магчыма, апроч А.Стахоўскага ў СБП былі іншыя правакатары, бо, паводле словаў Алесі Ўмпіровіч, пра існаваньне арганізацыі ў Паставах «ведала ўся кляса» [1, 102]. У лютым 1947 МГБ правяла арышты сябраў СБП. 8 лютага былі арыштаваныя Васіль Мядзелец, Антон Фурс. Потым арышты пашырыліся: забіралі вучняў школаў проста на ўроках, арыштоўвалі настаўнікаў-сябраў СБП, МГБ нават праводзіла «апэрацыі» па захопе ўдзельнікаў СБП (Алесі Ўмпіровіч, Янкі і Марыі Бабічаў). Пад час допытаў арыштаваных катавалі.

Большасьці сяброў СБП пагражалі пакараньні паводле арт. 63 ч. I і арт. 76 Крымінальнага Кодэксу БССР. Адбыліся два судовыя працэсы:
- у Менску 16-20.06.1947 былі асуджаныя 34(?) сябры СБП. Васіль Мядзелец, Антон Фурс, Мікола Асіненка былі прысуджаныя да найвышэйшае меры пакараньня - расстрэлу. Але ў сувязі з тым, што ўказам прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР ад 20.05.1947 сьмяротнае пакараньне было адмененае, вышэйадзначаныя сябры СБП атрымалі па 25 год пазбаўленьня волі. Мікола Дзеравянка, які не належаў да СБП, быў вызвалены з залі суду з-за недаказанасьці віны.
- у Полацку 11-12.11.1947 былі асуджаныя Леанід Казак, Пётра Сьпірковіч, Марыя і Іван Бабічы, Алена і Ларыса Барсукі.

Па-за гэтымі судовымі працэсамі ў 1948 у Полацку былі асуджаныя: Мікола Конан і Стась Савік (разам) ды Алеся Ўмпіровіч. Акрамя таго, двое бацькоў - Лявон Умпіровіч і Ганна Бабіч - былі асуджаныя на 10 і 6 год адпаведна за неданясеньне на сваіх дзяцей-«ворагаў народу». Лявон Умпіровіч памёр у менскай турме. Пазьбег пакараньня Віктар Дылевіч, сябра Глыбоцкай групы СБП. Ён здолеў выехаць у Польшчу.

Сябры СБП адбывалі свае тэрміны ў сталінскіх канцэнтрацыйных лягерох у розных куткох СССР. У 1955-1956, пад час «хрушчоўскай адлігі», усе яны былі вызваленыя. Але па вяртаньні ў Беларусь адчувалі ўціск з боку савецкіх уладаў, жылі з кляймом «нядобранадзейных», некаторыя з гэтых прычын вымушаныя былі пакінуць межы Беларусі. У пачатку 90-х пачалася індывідуальная рэабілітацыя сябраў СБП.

Тэрміны пакараньня сяброў СБП

Глыбоцкая група: Васіль Мядзелец - сьмяротнае пакараньне, замененае на 25 год зьняволеньня; Антон Фурс - 25 год; Алесь Юршэвіч - сьмяротнае пакараньне, замененае на 25 год зьняволеньня; Цярэнці Еўдакімаў - 25 год; Леў Бялевіч - 10 год; Іван Бабіч - 25 год; Марыя Бабіч - 10 год; Людміла Краснадубская - 10 год; Алена Барсук - 10 год; Ларыса Барсук - 10 год; Тамара Лагун (Барсук) - 3 гады; Алег Табола - 10 год; Гардзей Кліманскі - 10 год; Мікола Пачопка - 10 год; Альбэрт Бацяноўскі - 10 год; Пётра Сьпірковіч - 10 год; Мікола Конан - 10 год; Леанід Казак - 10 год; Віктар Бабіч - 10 год; Лідзія Несьцяровіч - 10 год; Юстын Протас - 10 год; Стась Савік - 10 год; Леанід Баговіч - ?; Міхал Шуман - ?; Павал Шуман - ?.

Пастаўская група: Мікола Асіненка - сьмяротнае пакараньне, замененае на 25 год зьняволеньня; Алесь Адамовіч - 10 год; Валянцін Лагунёнак - сьмяротнае пакараньне, замененае на 25 год зьняволеньня; Алеся Ўмпіровіч - 25 год; Віктар Стахоўскі - 10 год; Янка Рымдзёнак - 10 год; Уладзімір Лысёнак - 10 год; Ніна Асіненка - 10 год; Алесь Амельляновіч - 10 год; Іван Бароўка - 10 год; Ангеліна Бароўка - 10 год; Аляксандар Дзікі - 10 год; Сямён Касарэўскі - 10 год; Павал Лапушынскі - 10 год; Алена Мацук - 10 год; Яўген Сідаровіч - 10 год; Мікола Церашкевіч - 10 год; Міхал Дзеравянка - вызвалены з залі суду.

Бібл.: 1. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997; 2. Бялевіч Л. І сорам, і крыўда, і спадзяванне // Наша слова. 1992, № 23; 3. Умпіровіч А. Памяць - незагойная рана // Наша слова. 1992, № 16; 4. Умпіровіч А., Фурс А. Споведзь няспраўджаных надзеяў // Спадчына 1997, № 1; 5. Фурс А. Усё яшчэ значымся ворагамі народу // Наша слова. 1992, № 16; 6. Фурс А. Мы заўсёды лічылі сябе беларусамі (успаміны ўдзельніка СБП аб гісторыі нацыянальна-вызваленчага руху) // Пагоня. 1995, № 41-44; 7. Фурс А. З кнігі ўспамінаў «Гарт»: да крыўднага мала зрабіў для Радзімы (урыўкі з успамінаў) // Народная воля. 23.01.1998; 8. Чарняўскі М. Што такое СБП? Хто такі Расціслаў Лапіцкі? // Народная воля. 05.06.1997.

Алег Гардзіенка

Паведаміць пра недакладнасьць