Саюз Вызваленьня Беларусі (СВБ), падпольная моладзевая антысавецкая арганізацыя ў Наваградку ў 1946-1947. Створаны ў лістападзе 1946 зь ініцыятывы сябры Беларускай Незалежніцкай Партыі Генадзя Казака. Быў створаны аргкамітэт, падрыхтаваная праграма, былі прызначаныя ўпаўнаважаныя прадстаўнікі ў раёнах. Арганізацыйны аддзел узначаліў Міхась Кожыч («Дубовы»), а фінансавы - Кастусь Рамановіч («Сокал»). Галоўнай мэтай СВБ было «аддзяленьне Беларусі ад СССР і стварэньне самастойнай беларускай дзяржавы». Асноўным мэтадам барацьбы СВБ была антысавецкая агітацыя, але й не выключаўся ўзброены супраціў. СВБ быў разьбіты на «тройкі». Аднак сыстэма кансьпірацыі была ненадзейная. Напрыклад, вяліся пратаколы пасяджэньняў кіраўніцтва арганізацыі, якія пасьля трапілі ў рукі МГБ.

У канцы траўня 1947 сьледчым аддзелам УМГБ Баранавіцкай вобласьці было арыштавана 18 сябраў СВБ, выдадзеных правакатарам. 31.08.1947 Ваенны трыбунал войскаў МВД Баранавіцкай вобласьці прысудзіў удзельнікаў СВБ да зьняволеньня на тэрмін ад 8 да 25 гадоў канцлягероў. Вядомыя наступныя прозьвішчы 15 удзельнікаў наваградзкага патрыятычнага падпольля «Саюз Вызваленьня Беларусі», якія былі засуджаны па гэтай справе савецкім ваенным трыбуналам у Баранавічах 29-31.08.1947: Генадзь Казак, Міхась Кожыч, Міхась Капціловіч, Самсон Пярловіч, Кастусь Рамановіч, Аляксандар Ляпешка, Аляксандар Усюкевіч, Пятро Дземянчук, Іван Макар, Міхась Мазан, Яўген Лішко, Анань Родзевіч, Сафрон Стома, Віталь Губарэвіч, Адам Шабоцька.

Актыўны ўдзел у згаданым падпольлі прымаў і Алесь Бажко, але ён ня быў арыштаваны і засуджаны, а ў далейшым выступаў як публіцыст, які змагаўся з нацыяналізмам.

Літ.: 1. Енка І. Злачынцы ці героі? // Пагоня (Горадня). № 7, 11-24.09.1992; 2. Клыкоўская Ц. Жыццё за імгненні: да 50-годдзя Саюзу Вызвалення Беларусі // Беларуская маладзёжная. № 2 (69), студзень 1996; 3. Рамановіч К. «Мы стварылі Саюз Вызвалення Беларусі» // Навіны. № 105, 02.10.1998; 4. Валахановіч І. Барацьба вакол ідэі «беларускай незалежнай дзяржавы» (другая палова 40-х - пачатак 50-х гг.) // Беларускі гістарычны часопіс. 1999, № 1. С. 58-62.

Сяргей Ёрш

Паведаміць пра недакладнасьць