Сяброўства, форма міжасобасных адносін, заснаваная на агульнасці інтарэсаў і ўзаемнай прыхільнасці. Этымалагічна тэрмін «сяброўства» блізкі да паняццяў роднасці, таварыскасці, кахання. У першабытным грамадстве яно звычайна звязвалася з сімвалічным парадненнем (кроўнае сяброўства, братэрства па зброі) і рэгулявалася традыцыяй. Ускладненне ўзаемаадносін асобы і грамадства вяло да індывідуалізацыі сяброўства, паступовага збліжэння з таварыскасцю, заснаванай на агульнасці інтарэсаў. Яго псіхалагічны змест, функцыі і эмацыянальнасць залежаць ад узросту чалавека. У падлеткавым і юнацкім узросце ўзнікае патрэба ў інтымным сяброўстве, у сябры, з якім можна абмеркаваць уласныя перажыванні. У перыяд сталасці ўзнікаюць новыя прыхільнасці (каханне, сямейныя і бацькоўскія пачуцці), сяброўства сумяшчаецца з іншымі адносінамі (сямейнымі, грамадскімі, вытворчымі). Сябра адыгрывае ў жыцці чалавека выключна важную ролю, асабліва ў крызісных сітуацыях. Маральная каштоўнасць канкрэтнага сяброўства вызначаецца яго грамадскай накіраванасцю, прынцыпамі, на якіх яно грунтуецца. Бескарыслівасць і самаадданасць сапраўднага сяброўства заўсёды проціпастаўляліся лжывым адносінам, заснаваным на карыслівым разліку.

Паведаміць пра недакладнасьць