##ShortTitle: Чырвоная кніга ##LongTitle: Чырвоная кніга Беларусі ##FrontpageTitle: Чырвоная кніга Беларусі ##ExpandArticle: true ##Type: enc ##InRandom: true ##HTMLDescription_BEGIN Створана на падставе:
Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь: Рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды жывёл і раслін. Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 1993. ISBN 5-85700-095-5

Разьдзелы:
Жывёлы
 Млекакормячыя  

 Птушкі  

 Паўзуны  

 Земнаводныя  

 Рыбы  

 Насякомыя  

 Ракападобныя  

 Двухстворкавыя малюскі   

Расліны
 Дзеразападобныя  

 Хвошчападобныя  

 Папарацепадобныя  

 Голанасенныя  

 Пакрытанасенныя  

 Мохападобныя  

 Грыбы  

 Водарасці  

 Лішайнікі  


«Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь» - афіцыйны даведнік аб стане рэдкіх і тых, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення, відаў фауны і флоры Беларусі. У ёй прыводзяцца даныя аб стане арэала, колькасці, біялогіі, а таксама аб прынятых і неабходных мерах аховы 182 відаў жывёл і 214 відаў раслін.
##HTMLDescription_END ##Chapter: 11. Млекакормячыя @

Арэшнікавая соня (Muscardinus avellanarius L., 1758)
Атрад Грызуны (Rodentia), сямейства Соневыя (Gliridae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від. У Беларусі знаходзіцца на мяжы арэала, насяляе спецыфічныя біятопы, плошчы якіх змяншаюцца, што можа прывесці да знікнення віду.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны прадстаўнік роду ў фауне Беларусі. Цікавы аб'ект вывучэння спячкі ў жывёл.
Кароткае апісанне. Даўжыня цела 7,5-8 см, хваста 5,5-8 см, маса 15-28 г. Афарбоўка вохрыста-бурая, знізу з палевым адценнем.
Пашырэнне. Арэал арэшнікавай соні займае лясную частку тэрыторыі Заходняй Эўропы да Вялікабрытаніі на захадзе і Швецыі на поўначы. Сустракаецца ў Малой Азіі. У Эўропе жыве ў зоне шыракалістых і мяшаных лясоў, у лесастэпе. Паўночная мяжа сучаснага арэала віду праходзіць па паўночнай частцы Беларусі. Трапляецца соня пераважна ў паўднёвых і цэнтральных раёнах. У канцы 19 - пачатку 20 ст. яе адзначалі ў лісцевых лясах паўднёва-ўсходняй часткі краіны [1], пазней знаходзілі на тэрыторыі сучаснай Віцебскай вобласці [2, 3]. У пасляваенныя гады яе здабывалі ў Белавежскай [3] і Налібоцкай (Стаўбцоўскі раён) [4] пушчах, у 1953 і 1955 гг. - у Петрыкаўскім раёне. У 1984 г. яе адзначалі ў Лунінецкім раёне. Распаўсюджванне соні арэшнікавай не пацверджана толькі для Гарадзенскай вобласці.
Месцы пражывання. Мяшаныя ці лісцевыя лясы з падлескам з ляшчыны і ягадных кустоў. Жыве ў дуплах ці шарападобных гнёздах на галінках кустоў на вышыні 1-2 м [6]. Ахвотна займае штучныя гняздоўі для птушак. У час зімовай спячкі з надземных гнёздаў пераходзіць у сховішчы пад каранямі пнёў, паваленымі дрэвамі.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Крайняя абмежаванасць звестак аб рэгістрацыі ці здабычы арэшнікавых сонь не дазваляе зрабіць безагаворачныя вывады пра змяненне яе колькасці. Але той факт, што на пачатку 20 стагоддзя яна была шырока вядома і што асноўныя яе знаходкі належаць да першых пасляваенных гадоў, дазваляе лічыць, што яе колькасць значна скарацілася, асабліва ў другой палове 20 ст.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Увядзенне лясных монакультур без падлеску і падросту. Павелічэнне колькасці капытных, якія інтэнсіўна пашкоджваюць падлесак і пакідаюць сонь без корму і сховішчаў.
Асаблівасці біялогіі. Вельмі рухавы звярок, спрытна лазіць па дрэвах і кустах. Актыўны пераважна ўначы і на змярканні. З траўня па жнівень прыносіць 2 прыплоды па 2-9 дзіцянят, працягласць цяжарнасці 21-28 сутак [6]. Корміцца жалудамі, арэхамі, насеннем і ягадамі лясных раслін, насякомымі, робіць запасы. Пры тэмпературы паветра 15°C і ніжэй упадае ў здранцвенне, а пры яе далейшым паніжэнні - у спячку. Зімой тэмпература цела звярка можа паніжацца да 0,2-0,5°С.
Развядзенне. Соня вядома як непатрабавальны насельнік куткоў жывой прыроды [7].
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы, у лясных гаспадарках, дзе праводзіцца падсадка кармавых кустоў і маладых дрэў, развешваюцца гняздоўі для птушак.
Неабходныя меры аховы. Выяўленне і ахова месцаў пражывання, стварэнне запаведных участкаў. Развешванне гняздоўяў. Папулярызацыя аховы віду.

Літ.: 1. Семенов-Тян-Шанский, 1905; 2. Сержанин, 1961; 3. Воронин, 1967; 4. Фядосаў (асаб. павед.); 5. Флинт и др., 1970; 6. Самусенко, 1985; 7. Самусенко, 1983.

Э.Самусенка, Г.Раждзественская @

Буры мядзведзь (Ursus arctos L., 1758)
Атрад Драпежныя звяры (Carnivora), сямейства Мядзведзевыя (Ursidae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від, пашырэнне і колькасць якога скарачаюцца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны прадстаўнік сямейства ў фауне Беларусі і адзін з 6-7 падвідаў бурага мядзведзя ў фауне Эўразіі.
Кароткае апісанне. Самы буйны драпежнік у Беларусі. Даўжыня цела 200-238 см, вышыня ў карку 120-132 см, маса самцоў 190-240 кг (максімальная 387). Самкі значна меншыя за самцоў. Тулава масіўнае, важкае. Галава буйная з невялікімі вушамі. Хвост вельмі кароткі. Канечнасці магутныя, з доўгімі серпападобнымі кіпцюрамі, якія не ўцягваюцца. Афарбоўка поўсці зменлівая - ад цёмна-бурай або амаль чорнай да буравата-палевай.
Пашырэнне. Эўразія, Паўночная Амерыка. Трапляецца амаль па ўсёй лясной зоне, уключаючы лясы Каўказа і Сярэдняй Азіі. У Беларусі ў пачатку 19 ст. мядзведзь трапляўся па ўсёй тэрыторыі, але месцамі быў ужо рэдкі [1, 2]. У цяперашні час захаваўся ў паўночна-ўсходняй частцы краіны. Адзінкавыя асобіны заходзяць у паўднёва-ўсходнія раёны.
Месцы пражывання. Пасяляецца ў буйных лясных масівах. Аддае перавагу глухім, мала даступным для чалавека шыракалістым лясам, а таксама хваёвым барам, якія перамяжоўваюцца з палянамі, поплавамі і мохавымі балотамі. Асабісты ўчастак пражывання мядзведзя ўключае шэраг біятопаў, у якіх ён знаходзіць мноства корму і добрыя засцерагальныя ўмовы.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Дакладных звестак аб колькасці няма. Лічаць, што ў Беларусі жыве прыблізна 100-120 асобін. Найбольш буйная элементарная папуляцыя знаходзіцца ў Бярэзінскім запаведніку - 25-35 асобін [3, 4], меншыя - у Браслаўскім, Верхнядзвінскім, Расонскім, Суражскім, Гарадоцкім, Барысаўскім, Ушацкім і іншых раёнах.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Змяненне месцаў пражывання ў выніку высечкі старых лясоў і меліярацыі. Паўсюдны і амаль поўны збор ягад. Вялікі фактар неспакою як у летне-асенні перыяд, так і зімой у час высечкі лесу і палявання (асобныя звяры прачынаюцца і пакідаюць бярлогі, гінуць медзведзяняты). Браканьерства.
Асаблівасці біялогіі. Вядзе адзіночны спосаб жыцця. Актыўны на змярканні і ўначы. Зіму праводзіць у бярлозе ў зімовым сне. Бярлогу робіць у глухіх месцах, куды мала наведваецца чалавек. Шлюбны перыяд у чэрвені-ліпені і ў верасні-кастрычніку. Цяжарнасць з латэнтнай фазай, цягнецца ад 6 да 8 месяцаў. Размнажаюцца мядзведзі адзін раз у 2 гады. Патомства прыносіць 30-40% самак. Медзведзяняты нараджаюцца ў студзені-лютым у бярлозе і важаць 500-600 г. У вывадку часцей 2, радзей 1 або 3 дзіцянят, вельмі рэдка 4. Трымаюцца каля самкі да 1,5-гадовага ўзросту. Корміцца ягадамі чарніц, журавін, маліны, жалудамі, маладым разнатраўем, парасткамі асіны, рабіны, дубу, а таксама палюе на дзікоў, ласёў, аленяў, казуль. Зрэдку нападае на свойскую жывёлу, разбурае пчальнікі [3, 4]. Працягласць жыцця ў прыродзе 15-18 гадоў.
Развядзенне. Утрымліваецца ў вальерах у Бярэзінскім запаведніку, а таксама ў многіх заапарках свету. Зрэдку размнажаецца ў няволі.
Прынятыя меры аховы. Адстрэл і адлоў мядзведзя ў Беларусі забаронены [5]. З 1981 г. занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі [6].
Неабходныя меры аховы. Павялічыць адказнасць за незаконную здабычу. У месцах пражывання буйных элементарных папуляцый выключыць гаспадарчую дзейнасць, арганізаваць заказнікі.

Літ.: 1. Живописная Россия, 1882; 2. Сержанин, 1961; 3. Козло, 1974; 4. Козло, 1983; 5. Положение, 1987; 6. Чырвоная кніга БССР, 1981.

П.Козла @

Гіганцкая вячэрніца (Nyctalus lasiopterus Schreb., 1780)
Атрад Рукакрылыя (Chiroptera), сямейства Гладканосыя (Vespertilionidae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі пералётны від. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 3 відаў роду вячэрніц у фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Самая буйная сярод вячэрніц Беларусі. Даўжыня цела 84-102, перадплечча 65-69 мм. Вушы кароткія, шырокія, закругленыя. Кароткая ножка казялка мае вялікую шырокую закругленую лопасць. Крылы вузкія, доўгія. Поўсць густая, высокая, шаўкавістая; зверху карычнявата-рыжая, знізу больш светлая [1]. Знешне і па спосабу жыцця падобная да вячэрніц рыжай і малой.
Пашырэнне. Паўднёвая, Заходняя і Ўсходняя Эўропа. Тэрыторыя Беларусі ўваходзіць у арэал віду, але вядома толькі адна сустрэча вячэрніцы ў Брагінскім раёне [2].
Месцы пражывання. Мяшаныя і лісцевыя лясы, паркі.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Колькасць зарэгістраваных з пачатку 20 стагоддзя назіранняў гэтага віду рукакрылых у прыродзе абмяжоўваецца ўсяго 37 выпадкамі. У межах краіны адзначана толькі адна сустрэча ў Брагінскім раёне ў жніўні 1930 г. [3]. Пазней сустрэч з гэтым відам не зафіксавана.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Скарачэнне насаджэнняў з дуплаватымі дрэвамі.
Асаблівасці біялогіі. Жыве ў лясах, парках. Селіцца ў дуплах дрэў. Зрэдку ўтварае самастойныя разнаполавыя калоніі, часцей трапляецца ў мяшаных калоніях разам з рыжымі, радзей - з малымі вячэрніцамі, нетапырамі і вушанамі. Спароўванне ў канцы лета - пачатку восені. Патомства (1-2 дзіцяняці) з'яўляецца ў канцы траўня - пачатку чэрвеня. У жніўні-верасні адлятае на зімоўку на поўдзень [4].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Адлоў і адстрэл у Беларусі забаронены [5].
Неабходныя меры аховы. Прапаганда аховы рукакрылых і іх сховішчаў. Выяўленне новых месцаў пражывання, вывучэнне біялогіі і экалогіі віду.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1986; 2. По страницам Красной книги, 1987; 3. Сержанин, 1961; 4. Курсков, 1981; 5. Положение, 1987.

А.Курскоў @

Малая вячэрніца (Nyctalus leisleri Kuhl., 1819)
Атрад Рукакрылыя (Chiroptera), сямейства Гладканосыя (Vespertilionidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі пералётны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. У фауне Беларусі адзін з 3 відаў роду вячэрніц.
Кароткае апісанне. Даўжыня цела да 68 мм, перадплечча да 46 мм. Адносна доўгая, густая поўсць спіны карычнева-рыжая, з прыкметным бляскам. Ніз валос цямнейшы за канцы. Брушка больш светлае, чым спіна. Вушы, губы і лятальная перапонка чорна-бурыя. Валасяное покрыва перапонак і вушэй дасягае найбольшага развіцця ў параўнанні з другімі відамі вячэрніц. Кароткія акруглыя вушы - тоўстыя і грубыя. Казялок няправільнай булавападобнай формы. Крылы вузкія і доўгія. Эпіблема вялікая з добра выяўленай касцявой перагародкай.
Пашырэнне. Палоса шыракалістых лясоў Эўропы ад Ірландыі, Вялікабрытаніі і Швейцарыі да Сярэдняга Паволжа і Ўсходняга Каўказа. Паўднёвая мяжа арэала цягнецца ад Швейцарыі праз Румынію, Крым і Заходняе Закаўказзе. Паўночная мяжа ва Ўсходняй Эўропе праходзіць па лініі Себеж - Яраслаўль - Кузнецк Саратаўскай вобласці [1].
Месцы пражывання. Мяшаныя лесанасаджэнні з дуплістымі дрэвамі.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Трапляецца паасобку і невялікімі калоніямі ў 20-30 асобін. Адзначалася на Палессі (1899 г.), Гомельшчыне (1928 г.), у Віцебскай вобласці (1961 г.), Белавежскай пушчы (1957 г.).
Асноўныя абмежавальныя фактары. Антрапагеннае ўздзеянне, скарачэнне колькасці сховішчаў (дуплаватых дрэў), памяншэнне кармавой базы (насякомых) у выніку прымянення пестыцыдаў.
Асаблівасці біялогіі. У летніх сховішчах (дуплы дрэў) з'яўляецца ў пачатку траўня. На паляванне вылятае пасля заходу сонца. Спачатку ляціць на вадапой да сажалкі або рэчкі. Корміцца лускакрылымі і цвердакрылымі, якіх ловіць на ўзлесках, над прагалкамі, у рэдкіх парках. Сярэдзіну ночы праводзіць у сховішчы і зноў вылятае на паляванне на світанку. У пачатку лета самкі, якія размнажаюцца, жывуць невялікімі калоніямі ў дуплах. У чэрвені прыносяць 1-2 дзіцянят. У канцы ліпеня - пачатку жніўня вывадкавыя калоніі распадаюцца і да канца жніўня пакідаюць тэрыторыю Беларусі. На зімоўцы знойдзены ў Цэнтральнай Эўропе, дзе зімуюць у дуплах старых дрэў і на вышках будынкаў [2].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Адлоў і адстрэл у Беларусі забаронены [3].
Неабходныя меры аховы. Выяўленне новых месцаў пражывання, вывучэнне біялогіі і экалогіі віду. Прапаганда аховы рукакрылых і іх сховішчаў.

Літ.: 1. Кузякин, 1950; 2. Курсков, 1981; 3. Положение, 1987.

А.Курскоў @

Паўночны кажанок (Vespertilio nilssoni Keys et Blas, 1839)
Атрад Рукакрылыя (Chiroptera), сямейства Гладканосыя (Vespertilionidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі пералётны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 5 відаў роду нетапыры і кажаны ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Даўжыня цела 49-60, перадплечча 38-43 мм. Вушы адносна кароткія і шырокія. Казялок тупы, кароткі, найбольш шырокі ў сярэдняй частцы. Доўгая, густая поўсць спіны цёмна-карычневая (канцы валос залацістыя) з металічным бляскам, на брушку - крыху карацейшая і святлейшая. Вушы і перапонкі на крылах цёмныя. Крылы даволі вузкія. Канец хваста на 4-5 мм выступае з міжсцягновай перапонкі.
Пашырэнне. Эўразія - ад усходняй мяжы Францыі да Ціхага акіяна [1]. У Беларусі ўпершыню адзначаны ў 1934 г. ў Бярэзінскім запаведніку [2], а ў 1954 г. і пазней у Белавежскай пушчы.
Месцы пражывання. Гарышчы, нішы пад шалёўкай будынкаў, налічнікамі, аканіцамі, радзей у дуплах дрэў.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Трапляюцца адзіночныя асобіны. У Белавежскай пушчы 2 экземпляры адзначаны ў 1954 г. і з 1956 па 1980 гг. яшчэ 18.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Антрапагеннае ўздзеянне, скарачэнне колькасці сховішчаў, памяншэнне кармавой базы ў выніку прымянення пестыцыдаў.
Асаблівасці біялогіі. У летніх сховішчах з'яўляецца ў красавіку. На паляванне вылятае адразу пасля захаду сонца незалежна ад тэмпературы паветра. Корміцца молямі, ліставёрткамі, агнёўкамі, коканапрадамі, чубаткамі, пядзенікамі, соўкамі, цвердакрылымі. У другой палове чэрвеня самка нараджае 2 дзіцянят. Маладых паўночных кажанкоў знаходзілі ў калоніях нетапыра-карліка і іншых відаў лятучых мышэй. У Беларусі зімоўкі паўночнага кажанка не выяўлены, нягледзячы на тое, што гэты від штогод знаходзяць на зімоўцы ў пячорах Прыбалтыкі [3, 4].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Адлоў і адстрэл паўночнага кажанка ў Беларусі забаронены [5]. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы.
Неабходныя меры аховы. Выяўленне новых месцаў пражывання, вывучэнне біялогіі і экалогіі віду, прапаганда аховы рукакрылых і іх сховішчаў.

Літ.: 1. Стрелков, 1963; 2. Сержанин, 1961; 3. Курсков, 1981; 4. Буша, 1986; 5. Положение, 1987.

А.Курскоў @

Вялікая начніца (Myotis myotis Borkh., 1797)
Атрад Рукакрылыя (Chiroptera), сямейства Гладканосыя (Vespertilionidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі пералётны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 5 відаў роду начніц у фауне Беларусі і з 11 у фауне Заходняй Эўропы.
Кароткае апісанне. Самая вялікая з начніц у Беларусі. Даўжыня цела да 68 мм. Размах крылаў крыху большы, чым у шпака. Афарбоўка спіны дымчата-шэрая з аліўкава-карычневым адценнем. Брушка брудна-белаватае або белавата-палевае. Асновы валасоў аспідна-бурыя. Вушы адносна шырокія, доўгія, прыкметна звужаныя да верхавіны. Прамы казялок крыху не даходзіць да сярэдзіны вуха [1].
Пашырэнне. Паўднёвая і Заходняя Эўропа, Паўночная Афрыка. Паўночна-ўсходняя мяжа пашырэння віду праходзіць па тэрыторыі Беларусі.
Месцы пражывання. Гарышчы, вышкі і нішы драўляных будынкаў.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. За апошнія 60 гадоў адзначана 5 сустрэч начніцы вялікай у Белавежскай пушчы, ваколіцах Горадні і Пінска. Апошні раз была адзначана летам 1970 г. ў паддашку старой царквы недалёка ад Пінска [2].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Магчыма, скарачэнне кармавой базы (колькасці насякомых) у выніку прымянення пестыцыдаў.
Асаблівасці біялогіі. У летніх сховішчах (на гарышчах, вышках, у нішах, пячорах) паяўляецца ў канцы красавіка - пачатку траўня. Вылятае карміцца ў глыбокім змроку і на світанні. Палюе на буйных лускакрылых, хрушчоў і іншых жукоў над паверхняй вадаёмаў, каля крон дрэў. У канцы траўня - сярэдзіне чэрвеня нараджае 1 дзіцяня. Дарослыя самцы ў перыяд размнажэння ў калоніях самак не трапляюцца. У канцы жніўня-верасні мігрыруе ў Заходнюю Эўропу, дзе на зімоўцы адзначаны вялікія мяшаныя згуртаванні гэтага віду [2].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Адлоў і адстрэл у Беларусі забаронены [3].
Неабходныя меры аховы. Прапаганда аховы рукакрылых і іх сховішчаў. Выяўленне новых месцаў пражывання, вывучэнне біялогіі і экалогіі віду.

Літ.: 1. По страницам Красной книги, 1987; 2. Курсков, 1981; 3. Положение, 1987.

А.Курскоў @

Начніца Натэрэра (Myotis nattereri Kuhl., 1818)
Атрад Рукакрылыя (Chiroptera), сямейства Гладканосыя (Vespertilionidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі аселы від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 5 відаў начніц у фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Даўжыня цела да 4,6, перадплечча да 4,1 см. Афарбоўка спіны карычнявата-бурая, брушка - брудна-белаватая. Перапонка крыла прымацавана да асновы знешняга пальца ступні. Характэрна наяўнасць на міжбедранай перапонцы (паміж канцамі шпор і канцом хваста) добра прыкметных раснічак.
Пашырэнне. Заходняя (ад Міжземнага мора на поўнач да Ірландыі, Шатландыі і поўдня Швецыі) і Ўсходняя Эўропа, Каўказ і Закаўказзе, Паўднёва-Ўсходняя Сібір. Беларусь знаходзіцца ў межах арэала віду. Начніца Натэрэра адзначана толькі ў Белавежскай пушчы - у 1918 г. 1 экземпляр, з 1956 па 1980 гг. - 5 [1].
Месцы пражывання. Мяшаныя лясы з дуплаватымі дрэвамі. Селіцца таксама ў нішах за драўлянай аблямоўкай будынкаў.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Надзвычайна рэдкі від. Трапляецца адзінкавымі асобінамі. За апошнія 70 гадоў адзначана 6 знаходак.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Антрапагеннае ўздзеянне (скарачэнне колькасці дуплаватых дрэў, памяншэнне колькасці насякомых у выніку прымянення пестыцыдаў).
Асаблівасці біялогіі. У другой палове красавіка займае летнія сховішчы: дуплы старых дрэў, гарышчы і нішы пад налічнікамі і аканіцамі. На паляванне вылятае пасля заходу сонца. Ловіць двукрылых, вяснянак, шыцікаў, дробных лускакрылых і жорсткакрылых над паверхняй вадаёмаў, у кронах дрэў. У чэрвені самка прыносіць 1 дзіцяня. На час цяжарнасці і гадавання маладых утварае невялікія (да 20 асобін) калоніі. У кастрычніку займае зімовыя сховішчы: склепы, сховішчы для гародніны, пячоры, штольні. Аселы від. Даволі буйныя скапленні гэтай начніцы вядомы ў пячорах Прыбалтыкі (Латвія, Эстонія) і ў наваколлі Санкт-Пецярбурга [2].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Адстрэл і адлоў у Беларусі забаронены [3].
Неабходныя меры аховы. Вызначэнне новых месцаў пражывання, вывучэнне біялогіі і экалогіі віду. Шырокая прапаганда аховы рукакрылых і іх сховішчаў.

Літ.: 1. Огнев, 1928; 2. Курсков, 1981; 3. Положение, 1978.

А.Курскоў @

Сажалкавая начніца (Myotis dasycneme Boie, 1825)
Атрад Рукакрылыя (Chiroptera), сямейства Гладканосыя (Vespertilionidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 5 відаў роду начніц у фауне Беларусі і з 11 - у фауне Заходняй Эўропы.
Кароткае апісанне. Даўжыня цела 51-73, перадплечча 44-49 мм. Афарбоўка зменлівая - ад цёмна-бурай да шаравата-палевай. Трапляюцца асобіны, у якіх спіна палева-буравата-карычневая з шаўкавістым бляскам, брушка брудна-шаравата-бялёсае. Вушы і лятальная перапонка цёмна-бурыя. Вушы невялікія (сагнутыя наперад, не дасягаюць кончыка носа), на вонкавым краі ніжэй сярэдзіны маюць невялікую выразку. Казялок амаль увесь аднолькавай шырыні, толькі адхіленая ўнутр верхавіна трохі звужаная і закругленая.
Пашырэнне. Арэал сажалкавай начніцы ў выглядзе вузкай палосы паміж 49° і 63° паўночнай шыраты цягнецца ад паўночнай Францыі, Бельгіі, Галандыі праз Усходнюю Эўропу і Заходнюю Сібір да Енісея [1]. У Беларусі адзначана ў наваколлі Горадні, у Бярэзінскім запаведніку, у Гарадоцкім раёне і на беразе Заходняй Дзвіны (Віцебская вобласць).
Месцы пражывання. Гарышчы, вышкі і нішы драўляных будынкаў, купалы цэркваў, радзей дуплы дрэў.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У Беларусі адзначана 5 знаходак: у наваколлі Горадні (1 экземпляр), у Бярэзінскім запаведніку (4 экземпляры) і ў Віцебскай вобласці (1 экземпляр і калонія з 17 экземпляраў).
Асноўныя абмежавальныя фактары. Магчыма, скарачэнне колькасці насякомых у выніку выкарыстання пестыцыдаў і іншыя антрапагенныя ўздзеянні.
Асаблівасці біялогіі. Летнія сховішчы засяляе ў канцы красавіка - першай палове траўня. Самцы і халастыя самкі трымаюцца паасобку або невялікімі групамі, часта разам з іншымі відамі рукакрылых. У большасці самак у сярэдзіне чэрвеня нараджаецца 1 дзіцяня. На паляванне вылятае позна ўвечары, лятае вельмі нізка над сажалкамі, азёрамі, старарэччамі. Корміцца камарамі, шыцікамі і больш буйнымі лускакрылымі і цвердакрылымі. У канцы верасня-кастрычніку з'яўляецца ў зімовых сховішчах - пячорах, штольнях Латвіі і Эстоніі [2]. У Беларусі зімоўкі гэтага віду не адзначаны.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Адстрэл і адлоў у Беларусі забаронены [3].
Неабходныя меры аховы. Шырокая прапаганда аховы рукакрылых і іх сховішчаў. Выяўленне новых месцаў пражывання, вывучэнне біялогіі і экалогіі віду.

Літ.: 1. Бобринский и др., 1965; 2. Курсков, 1981; 3. Положение, 1978.

А.Курскоў @

Эўрапейская шыракавушка (Barbastella barbastella Schr., 1774)
Атрад Рукакрылыя (Chiroptera), сямейства Гладканосыя (Vespertilionidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі аселы від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны від роду ў Беларусі.
Кароткае апісанне. Дробная лятучая мыш. Даўжыня цела 48-50, перадплечча 38,5-41 мм. Морда кароткая, тупая. Вушы вельмі шырокія, зрослыя каля асновы. Казялок няправільнай трохвугольнай формы. Крылы адносна вузкія і вострыя. Свабодны край перапонкі крыла прымацоўваецца да асновы вонкавага пальца нагі. Хвост доўгі, амаль роўны з даўжынёй цела. Кончык хваста выступае з добра развітай міжбедранай перапонкі. Эпіблема вузкая. Поўсць на спіне густая, высокая, чорна-бурая, на брушку больш светлая. Вушы і лятальная перапонка цёмна-бурыя.
Пашырэнне. Насяляе большую частку Заходняй і Паўднёвай Эўропы ад Вялікабрытаніі і поўдня Скандынавіі да правабярэжнай Украіны, Крым, Закаўказзе, Каўказ, Закарпацце, Малдову, Калінінградскую вобласць, заходнія раёны Летувы і сумежныя з Польшчай раёны Берасцейскай (адзначана ў вёсках Ясень, Белы Лясок, Перароў у Пружанскім раёне; у вёсках Каменюкі, Пашукі, Агароднікі ў Камянецкім раёне) і Гарадзенскай абласцей (в. Жаркаўшчына ў Свіслацкім раёне). Далей на ўсход Беларусі не трапляецца. Аб знаходцы шыракавушкі ў 1918 г. ўказвае Рорыг [1].
Месцы пражывання. Улетку - мяшаныя лясы з дуплаватымі дрэвамі, нішы і ашалёўка пабудоў. Зімой (лістапад-сакавік) - склепы, падвалы, сховішчы для агародніны.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Невялікая. У красавіку-чэрвені трапляецца паасобнымі экземплярамі, у ліпені-верасні самкі з дзіцянятамі ўтвараюць невялікія калоніі. У Гарадзенскім краязнаўчым музеі захоўваецца 12 тушак гэтага віду, здабытых у 1925-1940 гг. у наваколлі Горадні. У Белавежскай пушчы ў 1956-1980 гг. было адлоўлена 18 адзіночных асобін і калонія з 15 шыракавушак. Скапленне гэтага віду (больш за 300 асобін) на зімоўцы ў сховішчы для гародніны адзначана ў цэнтры Белавежскай пушчы. Звяркі, сярод якіх самцоў 64,8%, штогод (з 1982 г.) зімуюць у шчылінах бетонных перакрыццяў. У 1982-1985 гг. штогод кальцавалася да 100 звяркоў.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Магчыма, скарачэнне колькасці сховішчаў, а таксама кармавой базы ў выніку прымянення пестыцыдаў.
Асаблівасці біялогіі. У пачатку красавіка з'яўляецца ў летніх сховішчах. Актыўная ноччу. На паляванне вылятае адразу пасля заходу сонца. Корм - двухкрылыя, шыцікі, аўсянікі, дробныя соўкі і агнёўкі, ліставёрткі і дробныя жукі - ловіць у алеях паркаў, садоў, на ўзлесках, над агародамі і сажалкамі, паблізу будынкаў. У сярэдзіне чэрвеня самка прыносіць адно дзіцяня. Малыя растуць хутка і ў канцы жніўня амаль дасягаюць памераў дарослых, ад якіх адрозніваюцца больш светлай афарбоўкай поўсці. У Белавежскай пушчы 7 ліпеня 1962 г. была адлоўлена самка, акальцованая 20 лістапада 1959 г. на зімоўцы ў падвале будынка на адлегласці 0,5 км ад месца паўторнага адлову. Звычайна зімуюць паасобку або невялікімі групамі (2-3 асобіны). Вяртанне на другі год акальцованых асобін у сховішча склала больш за 20% [1, 2].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Адлоў і адстрэл у Беларусі забаронены [3].
Неабходныя меры аховы. Выяўленне новых месцаў пражывання, вывучэнне біялогіі, прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Курсков, 1981; 2. Курсков, 1986; 3. Положение, 1987.

А.Курскоў @

Звычайная палятуха (Pteromys volans L., 1758)
Атрад Грызуны (Rodentia), сямейства Палятухі (Pteromyidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі аселы від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны від роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Знешне палятуха падобна да вавёркі, але амаль у 2 разы меншая. Даўжыня цела 14-17 см, маса 100-120 г. Галава невялікая з кароткімі вушамі, якія ў адрозненне ад вавёркі пазбаўлены кутасікаў. Вочы вялікія, пукатыя, чорныя. Хвост пушысты. Пярэднія чатырохпальцыя канечнасці крыху карацейшыя за пяціпальцыя заднія. Кіпцюры кароткія загнутыя, вельмі ўчэпістыя. Па баках цела паміж заднімі і пярэднімі канечнасцямі знаходзіцца пакрытая поўсцю скураная складка, пры дапамозе якой звярок планіруе з дрэва на дрэва. Футра густое, мяккае, шаўкавістае; зімой зверху серабрыста-шэрае, зрэдку з цёмнай рабізной, летам - буравата-попельна-шэрае.
Пашырэнне. Насяляе лясную зону Эўразіі ад Карэліі да берагоў Ціхага акіяна, а таксама Паўночную Манголію, Паўночна-Ўсходні і Цэнтральны Кітай, востраў Хакайда ў Японіі, але ўсюды малаколькасны від. У Беларусі ў 19 ст. траплялася амаль паўсюдна [1]. У 1920-1940 гг. толькі ў Віцебскай і Магілеўскай абласцях [2]. У цяперашні час адзначана толькі ў Лёзненскім раёне [3].
Месцы пражывання. Мяшаныя і лісцевыя лясы з перастойнымі дуплаватымі дрэвамі. Ахвотна селіцца ў паплаўных лясах з наяўнасцю вольхі і асіны.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Невялікая. Вядомы адзінкавыя знаходкі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Антрапагеннае ўздзеянне, высечка старых дуплаватых дрэў.
Асаблівасці біялогіі. Начны звярок. Селіцца ў дуплах дрэў і старых вавёрчыных гайнах. Шарападобныя гнёзды будуе з сухой травы, лішайнікаў, кары. У вясенне-летні перыяд самка прыносіць часцей адзін прыплод (2-4 дзіцяняці). Гон і спароўванне ў лютым-сакавіку і траўні-чэрвені. Голыя і сляпыя малыя, з добра развітай паміж пярэднімі і заднімі канечнасцямі перапонкай, з'яўляюцца ў сакавіку-красавіку і чэрвені-ліпені. Месяц самка корміць іх малаком. Ва ўзросце 6 тыдняў яны робяцца самастойнымі, але зімуюць разам з самкай. Корміцца лісцем, парасткамі, пупышкамі і насеннем дрэў і кустоў, ягадамі, грыбамі і нават насякомымі, зімой - каташкамі вольхі і бярозы, пупышкамі хваёвых парод. На зіму робіць невялікія запасы корму [4, 5].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Адлоў і адстрэл у Беларусі забаронены [6].
Неабходныя меры аховы. Выяўленне новых месцаў пражывання і іх ахова, вывучэнне біялогіі і экалогіі віду, прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Семёнов-Тян-Шанский, 1905; 2. Фядзюшын, 1928; 1932; 3. Дорофеев, Сюборова, 1987; 4. Курсков, 1987; 5. По страницам Красной книги, 1987; 6. Положение, 1987.

А.Курскоў @

Барсук (Meles meles L., 1758)
Атрад Драпежныя звяры (Carnivora), сямейства Куніцавыя (Mustelidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі, уразлівы від, колькасць якога скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны від роду ў фауне Беларусі і адзін з 4 падвідаў барсукоў у фауне Расеі і Сярэдняй Азіі.
Кароткае апісанне. Даўжыня цела 65-85 см, хваста 12-18 см, маса дарослых самцоў да 12 кг. Самкі трохі меншыя. Восенню барсукі вельмі жырэюць і павялічваюць сваю масу ў 1,5-2 разы. Тулава масіўнае, прыземістае. Канечнасці кароткія, з моцнымі кіпцюрамі, прыстасаванымі да рыцця. Агульная афарбоўка буравата-шэрая, з дробнай чорнай рабізной. Морда белая, уздоўж галавы праз вочы праходзяць чорныя палосы.
Пашырэнне. Эўразія (Усходняя Эўропа, Каўказ, Казахстан, Сярэдняя Азія, паўночная частка Сібіры, Далёкі Ўсход). У Беларусі ў мінулым шматлікі від, за выключэннем асобных раёнаў Палесся [1, 2]. У цяперашні час у многіх раёнах рэдкі або зусім знік.
Месцы пражывання. Лясы, радзей хмызнякі на сухіх глебах з глыбокім заляганнем грунтовых вод, непадалёк ад адкрытай вады.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Звестак аб сучаснай агульнай колькасці няма. У 1981 г. налічвалася каля 2,8 тысяч асобін. Наглядаецца тэндэнцыя да зніжэння колькасці.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Незаконная здабыча і разбурэнне нор, інтэнсіўнае асваенне лясоў і змяненне тыповых месцаў пражывання, павелічэнне фактару неспакою, гібель ад драпежнікаў і бадзяжных сабак.
Асаблівасці біялогіі. Вядзе напаўпадземны спосаб жыцця. Дзень праводзіць у нары, выходзіць у прыцемках і ноччу. Жыве сем'ямі. Актыўны з красавіка па кастрычнік-лістапад. На зіму ўпадае ў спячку. Корміцца карэннем і цыбулінамі раслін, ягадамі, жалудамі, пладамі яблынь і груш, дажджавымі чарвямі, лічынкамі і дарослымі насякомымі, амфібіямі, мышападобнымі грызунамі, яйкамі і птушанятамі. Полавая спеласць у самак у 2, у самцоў - у 3 гады. Гон у сакавіку-красавіку і ў ліпені. Цяжарнасць з латэнтнай стадыяй, цягнецца 9-12 месяцаў. У сакавіку-красавіку нараджаецца 2-4 дзіцяняці [3, 4]. Працягласць жыцця 12-15 гадоў.
Развядзенне. Утрымліваюць у заапарках.
Прынятыя меры аховы. Паляванне на барсука ў Беларусі забаронена з 1978 г. [5]. У 1981 г. занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі [6].
Неабходныя меры аховы. Правядзенне ўліку колькасці і картаграфаванне пасяленняў, распрацоўка спецыяльных мер аховы, зніжэнне фактару неспакою, павышэнне адказнасці за незаконную здабычу.

Літ.: 1. Федюшин, 1929; 2. Сержанин, 1961; 3. Фауна Украины, 1968; 4. Соколов, 1979; 5. Положение, 1978; 6. Чырвоная кніга БССР, 1981.

П.Козла @

Эўрапейская (звычайная) рысь (Lynx lynx L., 1758)
Атрад Драпежныя звяры (Carnivora), сямейства Кашэчыя (Felidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога скарачаецца, асабліва на поўдні Беларусі.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны прадстаўнік сямейства кашэчых у фауне Беларусі і адзін з 8 падвідаў рысі ў фауне Расеі, Сярэдняй Азіі.
Кароткае апісанне. Даўжыня цела самцоў 90-110 см, вышыня ў карку 65-75 см, маса 18-24 кг, зрэдку да 32. Самкі меншыя за самцоў (даўжыня цела 76-100 см, вышыня ў карку 55-65 см, маса 18-22 кг). Тулава кароткае, лапы тоўстыя, хвост кароткі - «куцы». На вушах кутасікі з чорных валасоў. Афарбоўка поўсці зменлівая, часцей вохрыста-рыжая з больш-менш выразнай плямістасцю.
Пашырэнне. Эўразія (поўнач Эўрапейскай часткі Расеі, Сібір, Каўказ, Сярэдняя Азія, Казахстан, Далёкі Ўсход), Паўночная Амерыка. Зараз трапляецца амаль на ўсёй тэрыторыі, але ў трох з шасці абласцей Беларусі вельмі рэдкая.
Месцы пражывання. Прытрымліваецца буйных лясных масіваў. Аддае перавагу глухім участкам з густым падлескам і бураломам. У Белавежскай пушчы 68% рысі адзначана ў мяшаных лясах, якія мяжуюць з алешнікамі [1].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У Беларусі ў 19 ст. вадзілася паўсюдна і была шматлікай. У пачатку 20 ст. пашырэнне і колькасць скараціліся [2, 3]. У цяперашні час налічваецца 400-450 асобін, з іх больш 3/4 жыве ў Берасцейскай, Менскай і Віцебскай абласцях.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Празмерны адстрэл, а таксама, відаць, вялікая разрэджанасць папуляцыі, што ўскладняе сустрэчы разнаполавых асобін у перыяд гону. Іншыя фактары не вывучаны.
Асаблівасці біялогіі. Рысь вядзе сямейна-асобны спосаб жыцця. Актыўная пераважна ўначы. Перамяшчаецца лёгка і бясшумна, можа лазіць па дрэвах. Ахвяру высочвае або падпільноўвае ў засадзе на сцежках, каля вадапою. У Белавежскай пушчы ў асенне-зімовы перыяд корміцца зайцамі-русакамі (44,5% трапляльнасць у страўніках), казулямі (22%), вавёркамі (3,7%), мышападобнымі грызунамі (2,4%), высакароднымі аленямі (3,7%); зрэдку здабывае маладняк лася. Часцей за ўсё ловіць слабых і хворых жывёл [1, 4, 5]. Пачынае размнажацца ў 2-гадовым узросце. Гон у лютым-сакавіку. Цяжарнасць трохі больш за 2 месяцы. У траўні - першай палове чэрвеня самка нараджае 2-3, радзей 4 кацянят, якія на 12-14 суткі пачынаюць глядзець, а перад зімой важаць да 9-14 кг. Трымаюцца з самкай 2 гады. Доля кацянят-сяголеткаў у даволі буйной, ахоўнай папуляцыі можа дасягаць 30-35%. Сярод палаваспелых асобін суадносіны самцоў і самак прыкладна аднолькавыя. Рысь адрозніваецца дзікасцю і агрэсіўнасцю, цяжка прыручаецца.
Развядзенне. Добра жыве і размнажаецца ў заапарках.
Прынятыя меры аховы. З 1981 г. у Беларусі адстрэл рысі забаронены.
Неабходныя меры аховы. Павысіць адказнасць за незаконную здабычу. Стварыць заказнікі, а таксама «зоны спакою», у якіх забараніць паляванне на зайцоў, як асноўны від корму рысі. Вывучэнне экалагічных асаблівасцей рысі і выяўленне асноўных фактараў, якія абумоўліваюць колькасць.

Літ.: 1. Никитенко, Козло, 1965; 2. Федюшин, 1929; 3. Сержанин, 1961; 4. Козло, Емельянова, 1979; 5. Козло, 1975.

П.Козла @

Садовая соня (Eliomus quercinus L., 1766)
Атрад Грызуны (Rodentia), сямейства Соневыя (Gliridae)

Статус. IV катэгорыя. Колькасць і стан віду выклікаюць трывогу, але недахоп звестак аб пашырэнні і біялогіі не даюць магчымасці даць дакладную ацэнку яго стану.
Значэнне ў захаванні генафонду. У Беларусі адзін з 4 відаў сямейства соневыя.
Кароткае апісанне. Даўжыня цела 11-16 см, хваста 10-14 см, маса 60-140 г. Афарбоўка зверху буравата-карычневая, брушка, горла і вушы белыя, ад вока да вуха праходзіць цёмная палоса.
Пашырэнне. Захад і сярэдняя палоса Ўсходняй Эўропы да Паўднёвага Ўрала. Уся тэрыторыя Беларусі знаходзіцца ў межах арэала віду. У 1925 г. здабывалася ў Жараўскім лясніцтве ў ваколіцах Рэчыцы, у 1928 г. адзначана ў Асіповіцкім раёне як даволі звычайны від, у 1937 г. здабыта ў Бярэзінскім запаведніку [1]. Экземпляр соні садовай з ваколіц Бабруйска (не пазначана дата здабычы) захоўваецца ў заалагічнай калекцыі АН Беларусі [2]. У 1920-1930-я гады вадзілася ў Белавежскай пушчы [1], пазней лічылася рэдкай па ўсёй тэрыторыі краіны [3].
Месцы пражывання. Мяшаныя і шыракалістыя лясы з густым падлескам з ляшчыны, чаромхі, рабіны, шыпшыны. Аддае перавагу ўчасткам з дубам, ліпай, клёнам [4], у Бярэзінскім запаведніку здабывалася ў ялова-шыракалістым лесе [1]. Часта трапляецца на ўскрайках лесу, у зарослых высечках, старых гарах, садах, парках, у пабудовах паблізу лясоў [4].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Канкрэтныя ўказанні аб рэгістрацыі соні садовай адносяцца да 20-30-х гадоў, што сведчыць аб зніжэнні яе колькасці ў 2-й палове 20 ст.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Змяненне характару лясоў. Скарачэнне характэрных месцаў пражывання. Выбарачныя высечкі дуплаватых дрэў.
Асаблівасці біялогіі. Вельмі рухавы звярок, добра перамяшчаецца як па зямлі, так і па галінах дрэў. Гнёзды робіць у дуплах, старых птушыных і вавёрчыных гнёздах, іншы раз сярод каранёў, пад паваленымі дрэвамі. Размнажаецца з траўня да верасня. Працягласць цяжарнасці 22-28 сутак. У год даюць 1-2 прыплоды [3], у кожным з якіх па 2-7 голых сляпых дзіцянят. Корміцца насеннем, ягадамі, насякомымі, малюскамі, яйкамі птушак. На зіму ўпадае ў спячку [4].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Бярэзінскім запаведніку і Белавежскай пушчы.
Неабходныя меры аховы. Выяўленне і ахова месцаў пражывання, захаванне дуплаватых дрэў. Развешванне дуплянак. Папулярызацыя аховы віду.

Літ.: 1. Сержанин, 1961; 2. Огнев, 1948; 3. Фядосаў, 1985; 4. Флинт и др., 1970.

Э.Самусенка, Г.Раждзественская @

Белавежскі зубр (Bison bonasus L., 1758)
Атрад Парнакапытныя (Artiodactyla), сямейства Пустарогія (Bovidae)

Статус. V катэгорыя. Рэдкі від, які знаходзіцца ў стане аднаўлення ў асобных месцах ранейшага арэала. Занесены ў Чырвоныя кнігі МСАП і СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны від роду ў фауне Эўразіі. У пачатку 20 ст. быў прадстаўлены 2 падвідамі - эўрапейскім (B. bonasus bonasus) і каўказскім (B. bonasus caucasicus) [2]. Эўрапейскі падвід аднаўляецца шляхам развядзення захаваўшыхся ў заапарках жывёл, каўказскі - узнаўляецца гібрыдызацыяй B. bonasus x B. bonasus caucasicus [3].
Кароткае апісанне. Даўжыня цела да 3,5 м, вышыня ў карку да 1,85 м, маса самцоў 700-800, самак - 400-600 кг. Пярэдняя частка тулава масіўная, шыя кароткая, галава адносна невялікая з парай серпападобных рагоў. Поўсць бурая, зімой вельмі густая, на загрыўку, шыі і падбародку - доўгая.
Пашырэнне. У мінулым арэал зубра ахопліваў тэрыторыю Беларусі, Летувы, Украіны (без Крыма), Прыдоння і Вялікага Каўказа [4]. На пачатак 20 ст. захаваўся толькі ў Белавежскай пушчы і на Каўказе, але хутка быў знішчаны - у пушчы ў 1919 г., на Каўказе ў 1927 г. [5, 6]. Дзякуючы паспяховаму развядзенню і рассяленню ў 1985 г. зубры існавалі ў 19 месцах: у 5 з іх - белавежскія, у 14 - каўказска-белавежскія [1, 7]. У Беларусі зубры жывуць у Белавежскай пушчы, Бярэзінскім і Прыпяцкім запаведніках, Барысаўскім лясгасе. Вольныя статкі ёсць у пагранічных з Беларуссю раёнах Летувы, Украіны і Польшчы.
Месцы пражывання. Лісцевыя і мяшаныя лясы, якія перамяжоўваюцца з палянамі і поплавамі. У вясенне-летні перыяд зубры трымаюцца ў месцах з добра развітым разнатраўем; увосень, пры ўраджаі жалудоў канцэнтруюцца ў дубравах або ў хвойных і мяшаных лясах; зімой у асноўным паблізу падкормачных пунктаў [8, 9].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У 1985 г. ў свеце налічвалася больш за 2000 зуброў [7]. У пачатку 1990 г. у Беларусі жыло 290 зуброў, з іх у Белавежскай пушчы - 250, у Бярэзінскім запаведніку і Барысаўскім лясгасе - 29, у Прыпяцкім запаведніку - 11. У апошні час тэмпы росту колькасці белавежскай папуляцыі знізіліся. Сярэднегадавы прырост - 8,5%, у канцы 19 ст. - 10% [8-10, 12]. Магчымасці павелічэння колькасці белавежскага і барысаўскага статкаў абмежаваны.
Асноўныя абмежавальныя фактары. У мінулым асноўнай прычынай хуткага скарачэння арэала і колькасці зубра, а потым і яго знікнення з дзікай прыроды з'явілася спыненне ў перыяд войн зімняй падкормкі, эпізаотыі і прамое знішчэнне чалавекам [12, 13]. У цяперашні час - адсутнасць лясных прыродных комплексаў, якія маглі б забяспечыць усе жыццёвыя патрэбнасці зуброў. Нават у Белавежскай пушчы дабрабыт зуброў залежыць ад правядзення шырокамасштабных біятэхнічных мерапрыемстваў (5-6 месяцаў у год жывёл амаль поўнасцю забяспечваюць кормам). Зубр - від не сучаснай экалагічнай эпохі і яго існаванне ў Беларусі без дапамогі чалавека наўрад ці магчыма. Патэнцыяльна маладыя зубры могуць стаць ахвярай мядзведзя або ваўка. У мінулым наглядаўся паморак зуброў ад яшчура, сібірскай язвы і пастэрэлёзу [12, 13]. У апошнія 10 гадоў пачасціліся выпадкі страты зроку, а таксама хваробы рэпрадукцыйных органаў у самцоў [14]. Адзначаны выпадкі гібелі зуброў ад атручэння мінеральнымі ўгнаеннямі і ад браканьераў.
Асаблівасці біялогіі. Характэрны сямейна-групавы спосаб жыцця. Сярэднегадавы паказчык стаднасці ў Белавежскай папуляцыі - 15 асобін. Лідэрам статка з'яўляецца вопытная дарослая самка. Палаваспелыя самцы трымаюцца адасоблена, але зімой пры правядзенні падкормкі жывуць разам са статкам. Самкі ўступаюць у размнажэнне з 4 году жыцця, самцы з 6-7 гадоў. Гон у жніўні-верасні. Працягласць цечкі да 2 тыдняў. Цельнасць каля 9 месяцаў. Ацёл у траўні-чэрвені. Нараджаецца адно цяля. У Белавежскай пушчы да сярэдзіны 60-х гадоў у размнажэнні ўдзельнічала ў сярэднім 78% самак, у апошняе дзесяцігоддзе - 51%. Сярод цялят колькасць самцоў і самак прыблізна аднолькавая, а сярод дарослых пераважаюць самкі (2 самкі : 1,4 самца). Працягласць жыцця - 23-27 гадоў.
Развядзенне. Да 1924 г. ў заапарках розных краін Эўропы захавалася 45 зуброў, сярод якіх былі чыстакроўныя белавежскія, самец каўказскага падвіду і гібрыды. У 1929 г. ў Польшчы быў створаны першы гадавальнік па развядзенню чыстакроўных абарыгенных зуброў. У 1946 г. і пазней з Польшчы было атрымана племянное пагалоўе зуброў для развядзення ў Беларусі. Да 1964 г. зуброў у Белавежскай пушчы трымалі ў загарадзі, пазней - на волі. У розныя раёны нашай краіны і за мяжу з Белавежскай пушчы было вывезена 119 зуброў. У цяперашні час у краіне дзейнічае 3 гадавальнікі: у Прыокска-Цераскім і Окскім запаведніках, а таксама ў Летуве.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Беларусі з 1946 г. У 1986 г. ў паўночнай частцы пушчы было створана 2 статкі зуброў агульнай колькасцю каля 60 асобін. Зубры расселены ў Бярэзінскі і Прыпяцкі запаведнікі. З 1981 г. зубр уключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі.
Неабходныя меры аховы. Ацэнка генетычнага партрэта папуляцый, пашырэнне даследаванняў па эталогіі і хваробах зубра, дынаміцы, колькасці і максімальных памерах лакальных папуляцый і віду ў цэлым. Расшырэнне супрацоўніцтва з іншымі краінамі ў галіне абмену вытворнікамі, стварэння банка даных [15, 16, 17]. У Беларусі неабходна палепшыць утрыманне зуброў, стварыць 2-3 новых папуляцыі. У Белавежскай пушчы зубру неабходна надаць статус прыярытэтнага віду, а колькасць прамысловых капытных прывесці ў збалансаваны стан з ёмістасцю ўгоддзяў.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Гептнер и др., 1961; 3. Заблоцкий, 1961; 4. Каталог млекопитающих, 1981; 5. Романов, 1961; 6. Калугин, 1965; 7. Пуцэк, 1969; 8. Корочкина, 1969; 9. Корочкина, Кочко, 1982; 10. Беловежская пуща, 1980; 11. Балюк, Буневич, 1987 (рукап. дакл.); 12. Карцов, 1903; 13. Wróblewski, 1927; 14. Гаевский, 1987 (рукап. дакл.); 15. Пуцэк, 1987 (рукап. дакл.); 16. Сущеня, 1987 (рукап. дакл.); 17. Козло, 1987 (рукап. дакл.).

П.Козла ##Chapter: 12. Птушкі @

Чорнаваллёвая гагара (Gavia arctica L., 1785)
Атрад Гагарападобныя (Gaviiformes), сямейства Гагаравыя (Gaviidae)

Статус. I катэгорыя. Рэдкі гнездавальны від. Колькасць скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. У Беларусі адзіны гнездавальны прадстаўнік сямейства, адзін з 5 відаў роду гагар у сусветнай фауне і сусветнай Галарктыцы.
Кароткае апісанне. Буйная вадаплаўная птушка з густым шчыльным апярэннем, у якім шмат пуху. Даўжыня цела 58-75 см. Маса самцоў 2,8-3,8 кг, самак 2,2-3 кг, размах крылаў 1,1-1,3 м. Крылы кароткія, вузкія. Хвост кароткі жорсткі. Верх цела чорны, на спіне спераду і на плячах белыя чатырохвугольныя плямы, якія ўтвараюць шахматны малюнак. Галава і шыя попельна-шэрыя. Горла чорнае з металічным адлівам. Ніз белы. Цэўка чорная, вельмі пляскатая. Пальцы аб'яднаны шчыльнай плавальнай перапонкай.
Пашырэнне. Лясная і тундравая зоны Эўразіі [1]. У Беларусі дакладна гняздуецца ў Паазер'і і, верагодна, на Палессі, дзе ў апошнія 40 гадоў улетку неаднаразова адзначаліся пары і асобныя птушкі [2-5]. У Белавежскай пушчы і на воз. Выганаўскім траплялася толькі на пралёце [6-8]. Летам рэгулярна адзначалася на Нарачанскіх азёрах, дзе да 1980-х гг., магчыма, гнездавалася [9, 10]. У 1964, 1966, 1982, 1986-1988 гг. знойдзена на гнездаванні ў Гарадоцкім [11, 12], у 1976 і 1980 гг. у Верхнядзвінскім [13, 14], у 1982-1987 гг. у Міёрскім раёнах [13, 15, 16], у 1983 і 1986 гг. у Казьянскім паляўнічым заказніку [16, 17], у 1984-1987 гг. у Полацкім раёне [13, 16, 17]. На працягу 20 ст. паўднёвая мяжа гнездавога арэала адышла на поўнач на 200-300 км, але ў гнездавы перыяд гагара можа трапляцца па ўсёй тэрыторыі.
Месцы пражывання. Глыбокія алігатрофныя азёры ледавіковага паходжання, з высокай празрыстасцю вады і нязначным гаспадарчым асваеннем вадазбору; азёрныя комплексы вярховых балот [1, 3, 11-16].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У Паазер'і штогод гняздуецца не больш за 20 пар [18], з іх 2-3 пары ў азёрных заказніках Глыбокае-Чарбамысла, Вялікае Астравіта (Полацкі раён) і столькі ж у гідралагічным заказніку Ельня. Колькасць за апошнія 30 гадоў значна скарацілася [13, 16, 17].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Змяненне ўмоў гнездавання і зімоўкі пад уплывам гаспадарчай дзейнасці. Забруджванне вадаёмаў. Асушальна-меліярацыйныя работы. Фактар неспакою і рэкрэацыйныя нагрузкі на гнездавыя біятопы.
Асаблівасці біялогіі. Прылятае ў канцы красавіка - першай палове траўня. Полавая спеласць ва ўзросце 2 гадоў. Манагам. Гнёзды на прыбярэжнай водмелі, радзей на сплавінах, у выглядзе плоскай невысокай кучкі з імха, асакі і чароту, зрэдку з сухімі галінкамі ў аснове. Кладка з 2, радзей з 1 або 3 яек памерамі 82,7 x 52,3 мм у сярэдзіне траўня. Наседжваюць абедзве птушкі 28-30 сутак. Птушаняты вылупляюцца ў 2 і 3 дэкадах чэрвеня, самастойнымі становяцца ва ўзросце 60-70 сутак. У адносінах да месца гнездавання надзвычай кансерватыўная: на воз. Глыбокае (Полацкі раён), нягледзячы на пастаянны неспакой, на працягу некалькіх гадоў будуе гняздо ў адным і тым жа месцы [1, 16]. Корміцца дробнай рыбай. Асенні адлёт і пралёт у другой палове верасня-кастрычніку, невялікімі (да 10-15 птушак) чародамі. Асобныя птушкі зрэдку затрымліваюцца на незамерзлых вадаёмах да студзеня [1, 16]. Зімуе на Чорным і Міжземным морах.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Здабыча віду ў Беларусі забаронена [19]. Шэраг тыповых месцаў пражывання ахоўваецца ў запаведніках і заказніках. Занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [16].
Неабходныя меры аховы. Строгая ахова гнездавых біятопаў і птушак. У месцах штогодняга гнездавання стварэнне пастаянных і сезонных заказнікаў. Прапаганда аховы віду. Аказанне дапамогі гаротным птушкам.

Літ.: 1. Флинт, 1982; 2. Долбик, 1959; 3. Федюшин, Долбик, 1967; 4. Падутов, 1967; 5. Клакоцкі (асаб. павед.); 6. Дацкевич, 1971; 7. Дацкевіч (асаб. павед.); 8. Дзямянчык (асаб. павед.); 9. Нікіфараў, Гембіцкі, 1983; 10. Грычык (асаб. павед.); 11. Дорофеев, 1970; 12. Сідаровіч (асаб. павед.); 13. Дорофеев, Сюборова, 1987; 14. Нікіфараў (асаб. павед.); 15. Іваноўскі (асаб. павед.); 16. По страницам Красной книги, 1987; 17. Бирюков, 1990; 18. Кузміч (асаб. павед.); 19. Положение, 1987.

А.Дарафееў @

Скапа (Pandion haliaetus L., 1758)
Атрад Сокалападобныя (Falconiformes), сямейства Скапіныя (Pandionidae)

Статус. I катэгорыя. Рэдкі від. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Від адносіцца да монатыпічных роду і сямейства.
Кароткае апісанне. Буйная птушка. Даўжыня цела да 65 см, маса да 1,8 кг, размах крылаў да 1,45-1,7 м. Верх цёмны, ніз белы з цёмнай палосай упоперак грудзей і цёмнай плямай на выгіне крыла.
Пашырэнне. Касмапаліт. Трапляецца ў Эўразіі, Паўночнай Амерыцы, Аўстраліі, некаторых прыбярэжных раёнах Афрыкі. У Беларусі ў гнездавы перыяд адзначаецца па ўсёй тэрыторыі, часцей у Паазер'і.
Месцы пражывання. У Беларускім Паазер'і 80% папуляцыі скапы гняздуецца на вярховых балотах, радзей гнёзды сустракаюцца на асобных высокіх старых хвоях сярод высечак, маладнякоў і бязлесых забалочаных поймаў [2, 3], адзначаны выпадак гнездавання ў забалочаным чорнаалешніку [3]. У аналагічных біятопах адзначана на гнездаванні і ў іншых раёнах Беларусі. Палюе на чыстых плёсах вадаёмаў.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Да 1970 г. у Беларусі былі вядомы толькі 3 гнязды [4, 5]. У 1976-1991 гг. у Беларускім Паазер'і адзначана каля 50 гнездавых тэрыторый скапы [3, 6, 7]. Агульная колькасць яе тут не больш за 100-120 пар [7, 8], не меней за 9 пар гняздуецца ў Бярэзінскім запаведніку [3]. Для іншых раёнаў Беларусі колькасць не вызначана. Скапа гнездавалася ў 1986 г. ў Рэчыцкім раёне [9], у 1979-1985 гг. у басейне воз. Нарач штогод гнездаваліся 1-2 пары [10, 11], у 1985 г. гнездавалася ў наваколлі Мядзеля [10], у траўні 1985 г. сустрэта на сажалках у Пружанскім раёне [11], у 1986-1987 гг. у гнездавы перыяд групамі па 3-8 асобін палявала на сажалках рыбгаса «Волма» ў Чэрвеньскім раёне [13]. У 1977 г. гнездавалася ў Камарынскім лясгасе Гомельскай вобл. [14]. Гняздо скапы ёсць паблізу калоніі шэрых чапляў у Лунінецкім раёне [15]. На пралётах птушка рэгулярна сустракаецца па поймах рэк у Белавежскай пушчы [16]. Папуляцыя ўстойлівая, у апошнія гады адзначаецца тэндэнцыя да нязначнага яе павелічэння.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Браканьерскі адстрэл на вадаёмах і рыбагадоўчых сажалках [6, 8, 17]. Паводле даных пра гібель скоп, акальцаваных у Фінляндыі, у час міграцый 47% іх гіне з-за адстрэлу, 12% - у рыбалоўных сетках, 4% - на электралініях [18]. Вялікая частка гнёздаў разбураецца ў час моцных вятроў і ліўняў [2, 3, 10]. Скарачэнне месцаў, прыдатных для гнездавання, спадарожнічае працэсу асваення вярховых балот [19]. Плошча кармавых біятопаў скапы ў сувязі з будаўніцтвам новых вадасховішчаў і рыбагадоўчых сажалак павялічваецца, а гнездавых, наадварот, змяншаецца з прычыны асваення вярховых балот. Вядомы выпадкі вымання кладак калекцыянерамі [11].
Асаблівасці біялогіі. У месцах гнездавання з'яўляецца ў перыяд крыгалому. Гнёзды часцей будуе на вяршынях хвой на вышыні ад 5-7 м на сфагнавых балотах да 25-32 м на асобных дрэвах сярод высечак [2, 10], зрэдку будуе іх на чорных вольхах, бярозе, дубе, апорах ЛЭП, сухастойных дрэвах [3, 6, 12, 20]. Гнёзды звычайна знаходзяцца на адлегласці 0,1-4 км ад кармавых вадаёмаў, вельмі рэдка непасрэдна каля іх берагоў [10]. На гнездавым участку звычайна ёсць 2-3, вельмі рэдка 1 гняздо [2, 3, 10]. Размнажаецца з канца красавіка. У першыя дні траўня самка звычайна ўжо наседжвае яйкі. Вылупленне птушанят адзначаецца ў канцы першай дзесяцідзёнкі чэрвеня, іх вылет - у другой палове ліпеня. На кожную пару, што прыступіла да размнажэння, прыпадае па 2,7-2,8 яйка памерамі 62,5 x 46,5 мм, па 2,1 птушаняці і 1,6 злётка [7]. Корміцца ў асноўным рыбай (часцей шчупаком, ляшчом, акунём), выпадкова здабывае птушак, унікальны корм - малюскі [8].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Забаронены здабыча і разбурэнне гнёздаў птушкі [21]. У Беларускім Паазер'і вакол гнёздаў скапы вылучаюцца ахоўныя зоны радыусам 250 м, праводзяцца паспяховыя доследы па яе прывабліванню на штучныя гняздоўі [19, 22]. Ахоўваецца ў Бярэзінскім запаведніку і шэрагу разнапрофільных заказнікаў, у склад якіх уваходзяць вярховыя балоты і азёры. Уключана ў Дадатак 2 «Канвенцыі аб міжнародным гандлі відамі дзікай фауны і флоры, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення».
Неабходныя меры аховы. Збудаванне штучных асноў для гнёздаў, асабліва ў бязлесых раёнах. Забарона асваення вярховых балот і палявання на рыбагадоўчых сажалках. Прапаганда аховы драпежных птушак.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Ивановский, 1983; 3. Цішачкін (асаб. павед.); 4. Федюшин, Долбик, 1967; 5. Дорофеев, 1970; 6. Іваноўскі (асаб. павед.); 7. Тишечкин, Ивановский, 1990; 8. Ивановский, 1985 а; 9. Самусеў (асаб. павед.); 10. Нікіфараў, Гембіцкі, 1983; 11. Нікіфараў (асаб. павед.); 12. Грычык, Нікіфараў (асаб. павед.); 13. Казулін (асаб. павед.); 14. Рекомендации по охране птиц, 1980; 15. Самусенко, Петровский, Клакоцкий, 1981; 16. Ракоўскі (асаб. павед.); 17. Вадковский, 1971; 18. Saurola, 1980; 19. Ивановский, 1985 б; 20. Нікіфараў, Зуёнак, 1986; 21. Положение, 1987; 22. Ивановский, 1985 в.

У.Іваноўскі @

Змеяед (Circaetus gallicus Gm., 1788)
Атрад Сокалападобныя (Falconiformes), сямейства Ястрабіныя (Accipitridae)

Статус. I катэгорыя. Вельмі рэдкі від з нераўнамерным пашырэннем, колькасць скарачаецца. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. У сусветнай фауне род прадстаўлены ўсяго 4, ва ўсходняй Галарктыцы 1 відам.
Кароткае апісанне. Вялікая птушка з буйной галавой і выразнымі ярка-жоўтымі вачыма. Даўжыня цела каля 70-73 см, маса да 2 кг, размах крылаў 1,85-1,95 м. Зверху цела шаравата-бурае, знізу - белае з рэдкімі стракацінамі, горла і валляк цёмныя, хвост паласаты. Самкі больш буйныя.
Пашырэнне. Арэал ахоплівае Паўднёвую і Цэнтральную Эўропу, Паўночна-Заходнюю Афрыку, Каўказ, Пярэднюю і Сярэднюю Азію, Паўднёва-Заходнюю Сібір. У Беларусі від знаходзіцца каля паўночна-заходняй мяжы свайго арэала [2].
Месцы пражывання. Лесабалотныя ландшафты, мяшаныя і хваёвыя лясы паблізу забалочаных тэрыторый. У Беларускім Паазер'і 60% папуляцыі прымеркавана ў асноўным да вярховых балот, 40% гняздуецца ў хваёвых лясах з украпінамі невялікіх хваёва-сфагнавых балот [3, 4]. Гнездавыя біятопы, як правіла, актыўна наведваюцца чалавекам.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У Беларускім Паазер'і да 1967 г. зафіксавана 3 гнязды [2, 5], у іншых раёнах краіны - 8 гнёздаў [2]. У 1977-1987 гг. у Беларускім Паазер'і выяўлена 7 гнездавых участкаў з 10 жылымі гнёздамі [6]. Акрамя таго, у гнездавы перыяд змеяед адзначаны ў 10 пунктах Віцебскай вобласці [3, 6, 17]. Усяго ў Беларускім Паазер'і гняздуецца не больш за 60 пар [8]. Колькасць для астатняй тэрыторыі Беларусі невядомая. Жылыя гнёзды адзначаны 17.06.1975 г. ў Жыткавіцкім [9, 10], у 1979 г. - у Мядзельскім [11] раёнах. Гняздуецца ў Прыпяцкім запаведніку [12]. Да 1974 г. гнездаваўся ў Белавежскай пушчы [13, 14]. У Налібоцкай пушчы сустрэты ў чэрвені-ліпені 1981-1982 гг. у наваколлі хутара Рудня Налібоцкая і ў канцы 1960-х гг. у наваколлі пасёлка Першамайскі [15]. Пару птушак назіралі на такаванні 10.05.1985 г. ў Гарадзенскім раёне [16]. У ліпені 1976 г. знойдзены на гнездаванні ў Негарэльскай вучэбна-доследнай лясной гаспадарцы Менскай вобласці [17]. Прасочваецца тэндэнцыя да колькаснага змяншэння віду ў Беларусі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Адстрэл птушак браканьерамі [3, 4, 13], асушэнне і асваенне балот - асноўнага кармавога біятопу птушкі. Знішчэнне яек крумкачом.
Асаблівасці біялогіі. Манагам. Прылёт дастасаваны да часу поўнага раставання снегу і выхаду рэптылій з зімоўкі. Шлюбныя гульні назіраюцца ў канцы красавіка. Адразу ж пасля прылёту паднаўляюцца старыя або будуюцца новыя гнёзды. У большасці выпадкаў гнёзды будуюцца на хвоях, вельмі рэдка на дубах і елках, размяшчаюцца ў верхняй мутоўцы або на канцах бакавых галін дрэў. Гнёзды ў сярэднім 60 см у дыяметры, латак высцілаецца зялёнымі галінкамі хвоі і бярозы. У кладцы (першыя дні траўня) заўжды 1 буйное белае яйка сярэднімі памерамі 75,2 x 59,3 мм [6]. Наседжванне доўжыцца 45-48 сутак. Птушаня вылупліваецца ў першай дэкадзе чэрвеня і пакідае гняздо ў пачатку жніўня, да адлёту трымаецца разам з дарослымі асобінамі, якія яго падкормліваюць [2-4, 6]. Да месцаў гнездавання вельмі прыхільны: характэрна суседства на зусім невялікім участку (максімум 200 x 300 м) 3-7 гнёздаў птушкі, пабудаваных у розны час [6]. Асноўныя кармавыя аб'екты - паўзуны (часцей звычайная гадзюка), часам паядае жаб, дробных грызуноў [2-4, 6]. Поспех гнездавання невысокі, каля 67% [4]. Памер паляўнічага ўчастка з радыусам аблёту да 13 км [18]. Асенняя міграцыя доўжыцца з верасня да сярэдзіны кастрычніка. Птушка, якую 09.07.1983 г. акальцавалі ў гняздзе на тэрыторыі Докшыцкага раёна, здабыта 25.10.1983 г. каля г. Стара Загора ў Балгарыі [6].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. У Беларусі здабыча забаронена. У Віцебскай вобласці вакол гнёздаў птушкі вылучаюцца ахоўныя зоны радыусам 250 м, у межах якіх забаронены ўсе віды лесагаспадарчых работ [4]. Гнездавыя і паляўнічыя біятопы змеяеда ахоўваюцца ў заказніках рознага прызначэння (паляўнічых, гідралагічных, журавінных і інш.), у складзе якіх ёсць вярховыя балоты.
Неабходныя меры аховы. Забарона асушэння і распрацоўкі вярховых балот. Абмежаванне колькасці крумкачоў у месцах гнездавання змеяеда. Шырокая прапаганда аховы гадзюк - асноўных кармавых аб'ектаў птушкі. Выяўленне, улік і строгая ахова (стварэнне ахоўных зон вакол гнёздаў) месцаў гнездавання змеяеда на ўсёй тэрыторыі краіны.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Федюшин, Долбик, 1967; 3. Ивановский, 1983; 4. Ивановский, 1985 а; 5. Дорофеев, 1970; 6. Іваноўскі (асаб. павед.); 7. Дарафееў (асаб. павед.); 8. Ивановский, 1985 б; 9. Клакоцкі (асаб. павед.); 10. Ямінскі, Нікіфараў (асаб. павед.); 11. Грычык (асаб. павед.); 12. Клакоцкий, Вадковский, 1985; 13. Дацкевич, Попенко, 1981; 14. Ракоўскі (асаб. павед.); 15. Шкляров, Гричик, 1985; 16. Гулеўскі (асаб. павед.); 17. Рекомендации по охране птиц, 1980; 18. Голодушко, 1965.

У.Іваноўскі @

Арол-карлік (Hieraaetus pennatus Gm., 1788)
Атрад Сокалападобныя (Falconiformes), сямейства Ястрабіныя (Accipitridae)

Статус. I катэгорыя. Вельмі рэдкі гнездавальны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 2 прадстаўнікоў роду ў фауне Палеарктыкі, мае 2 падвіды [1] і прынцыповае значэнне ў захаванні генафонду.
Кароткае апісанне. Невялікі даўгахвосты арол, крыху большы за варону. Даўжыня птушкі 50-60 см, маса не перавышае 900 г, размах крылаў каля 1,2 м. Трапляюцца птушкі цёмнай (больш-менш аднатоннай цёмна-бурай) і светлай (спіна бледна-бурая, ніз цела белы або бураваты, часам з папярочнымі стракацінамі) афарбоўкай. Патыліца і задні бок шыі крыху святлейшыя за спіну. Махавыя пёры чорна-бурыя. Хвост цёмна-буры з слабавыразным больш светлым папярочным малюнкам. Дзюба чарнаватая, васкавіца і лапы жоўтыя, кіпцюры чорныя. Характэрны голас - высокі звонкі посвіст, які паўтараецца.
Пашырэнне. Паўднёвая Эўропа, Украіна, Смаленская, Тульская і Варонежская вобласці Расеі, Каўказ, Сярэдняя Азія і далей да Алтая, верхняй Лены і паўднёва-ўсходняй часткі Забайкалля, Паўночна-Заходняя Афрыка [2]. У Беларусі пашыраны толькі ў паўднёвых раёнах, на поўнач не далей за шырату Гомеля. У 1916 г. гнездаванне даказана для Пінскага раёна [3], у 1951, 1952, 1956 гг. - для Белавежскай пушчы [4], у 1956 г. ў пушчы было знойдзена яшчэ адно гняздо арла-карліка з двума птушанятамі [5]. У 1974 г. гнездаванне даказана для Рэчыцкага [6], а ў 1978 г. для Гомельскага раёнаў [7].
Месцы пражывання. Старыя хвойна-шыракалістыя лясы, дубравы.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Вельмі невялікая. Штогод адзначаецца не больш 8-10 пар. Прычыны невялікай колькасці і тэндэнцыі яе змянення не высветлены.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Невядомыя. У якасці магчымых фактараў называюць рэдкасць старых саснова-ялова-дубовых лясоў і дубраў, уплыў фактару неспакою, браканьерства, якое пабуджаецца прадузятымі адносінамі паляўнічых да драпежных птушак.
Асаблівасці біялогіі. Час прылёту не ўстаноўлены. Гняздуецца ў дубова-сасновых і дубова-яловых лясах і дубравах. Гнёзды робіць на бакавых галінах дубоў і елак на вышыні ад 8 да 18 м. Выкарыстоўвае гнёзды іншых драпежных птушак, чорных буслоў, чапляў. У кладцы 1-3 белыя ці зеленавата-белыя яйкі памерамі 55,2 x 44,7 мм [3]. Паміж 2 і 8 траўня яйкі ў гнёздах ужо злёгку наседжаныя [5, 6]. Птушаняты вылупліваюцца ў сярэдзіне чэрвеня; апераныя, але яшчэ нялётныя птушаняты адзначаны ў канцы ліпеня. Пераважна арнітафаг: ловіць шэрых курапатак, бакасаў, драчоў, галубоў, сарок, драздоў, кнігавак, дзятлаў, курэй. З млекакормячых нападае на хамякоў, андатраў, вадзяных пацукоў, жаўтагорлых мышэй, вавёрак [4, 5].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Здабыча віду ў Беларусі забаронена. Прадугледжаны штраф за незаконную здабычу птушкі і за вынутае з гнязда яйка [8].
Неабходныя меры аховы. Абсалютнае запаведванне лясных кварталаў з гнёздамі птушак з сакавіка па верасень. Прапаганда карыснай ролі драпежных птушак, выключнасці рэдкіх відаў для захавання генафонду арнітафауны Беларусі.

Літ.: 1. Степанян, 1975; 2. Определитель птиц СССР, 1964; 3. Федюшин, Долбик, 1967; 4. Гаўрын (асаб. павед.); 5. Галадушка, 1959; 6. Самусеў (асаб. павед.); 7. Шокала (асаб. павед.); 8. Положение, 1987.

М.Долбік, Ю.Вязовіч @

Вялікі падворлік (Aquila clanga Pall., 1811)
Атрад Сокалападобныя (Falconiformes), сямейства Ястрабіныя (Accipitridae)

Статус. I катэгорыя. Рэдкі гнездавальны від. Колькасць скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўнік політыпічнага роду. Адзін з 5 відаў роду ў фауне ўсходняй Галарктыкі.
Кароткае апісанне. Буйны арол (даўжыня цела 65-75 см, маса 1,7-3,2 кг, размах крылаў 1,55-1,82 м) з аднатонным цёмна-бурым апярэннем. Патыліца і надхвосце некалькі святлейшыя. Маладыя птушкі з светлымі кроплепадобнымі плямамі на верхнім баку цела. Дзюба і кіпцюры чорныя. Васковіца і ногі жоўтыя. Цэўка апераная да пальцаў. Самкі буйнейшыя за самцоў.
Пашырэнне. Мяшаныя і лісцевыя лясы Эўразіі. Тэрыторыя Беларусі знаходзіцца ў перыферыйнай частцы арэала, дзе вялікі падворлік жыве сумесна з малым. Гнёзды і птушкі ў гнездавы перыяд адзначаны пераважна ў паўднёвай, усходняй [1-4] і паўночнай [5-7] частках краіны. У 1982-1983 гг. знойдзены на гнездаванні ў Салігорскім раёне [3]. У Паазер'і гнездаванне выяўлена ў Гарадоцкім (1962 г.) і Шумілінскім (1977, 1980-1987 гг.) раёнах [5, 6].
Месцы пражывання. Вялікія масівы сырых высакаствольных лісцевых і мяшаных лясоў, поймы рэк і азёр, лясныя балоты [1, 8]. Два гнязды знойдзены ў Шумілінскім раёне ў 1980 і 1981 гг. у моцна забалочаным бярозава-чорнаальховым лесе [6].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Агульная колькасць у Беларусі невядома. У 1916-1983 гг. знойдзены 6 гнёздаў - 2 на Палессі і 4 ва ўсходняй частцы Паазер'я [2, 5, 6]. У цяперашні час рэдкі і, магчыма, знікаючы від.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Змяненне ўмоў існавання пад уплывам гаспадарчай дзейнасці. Адстрэл і праследаванне драпежных птушак у мінулым. Прымяненне ядахімікатаў у лясной і сельскай гаспадарках.
Асаблівасці біялогіі. Прылятае ў першай палове красавіка. Манагам. Гнездавыя ўчасткі і гнёзды выкарыстоўвае многа гадоў запар. Гнёзды масіўныя, размяшчае іх на вышыні 12-17 м, часцей на лісцевых дрэвах. Кладка з 1-2 яек памерамі 68 x 54,4 мм у пачатку траўня. Наседжвае на працягу 42-44 сутак. Вылупленне птушанят у сярэдзіне чэрвеня. Птушаняты знаходзяцца ў гняздзе 8-9 тыдняў, вылятаюць у сярэдзіне жніўня. Корміцца мышападобнымі грызунамі, амфібіямі і рэптыліямі, птушкамі [6]. Адлёт на зімоўку ў верасні. Зімуе ў Паўднёвай Эўропе і Паўночнай Афрыцы [7].
Развядзенне. Утрымліваецца ў заапарках. Лёгка пераносіць няволю.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [8]. Здабыча ў Беларусі забаронена [9]. Асобныя гняздоўі ахоўваюцца ў запаведніках і заказніках.
Неабходныя меры аховы. Захаванне ўчасткаў старых сырых лісцевых лясоў з гнёздамі буйных драпежных птушак. Выяўленне, улік і строгая ахова гняздоўяў, стварэнне вакол іх зоны спакою з забаронай з 1 красавіка па 1 жніўня ўсякай гаспадарчай дзейнасці. Вывучэнне экалогіі, улік колькасці птушак і кантроль за станам папуляцыі. Прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Федюшин, Долбик, 1967; 2. Долбик, Дорофеев, 1979; 3. Самусенка Э., Самусенка І. (асаб. павед.); 4. Дзямянчык, Шокала (асаб. павед.); 5. Дорофеев, 1970; 6. Іваноўскі (асаб. павед.); 7. Дементьев, 1951; 8. По страницам Красной книги, 1987; 9. Положение, 1987.

А.Дарафеў @

Беркут (Aquila chrysaetos L., 1758)
Атрад Сокалападобныя (Falconiformes), сямейства Ястрабіныя (Accipitridae)

Статус. I катэгорыя. Вельмі рэдкі від, колькасць скарачаецца. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. У Эўропе род сапраўдных арлоў прадстаўлены 6 відамі; у Беларусі 3 віды.
Кароткае апісанне. Буйная цёмна-бурая птушка. Даўжыня цела 70-95 см, маса да 6,5 кг, размах вузкіх крылаў да 2-2,2 м. Патыліца і задні бок цела залаціста-жоўтыя. У маладых птушак белы хвост з цёмнай палосай па краі, у цэнтры крылаў па буйной белай пляме. Самкі прыкметна буйнейшыя за самцоў.
Пашырэнне. Гняздуецца ў Эўропе, Азіі, Паўночна-Заходняй Афрыцы, Паўночнай Амерыцы. У Беларусі від знаходзіцца каля паўднёвай мяжы арэала, пашыраны надзвычай спарадычна. Асноўныя месцы гнездавання сканцэнтраваны ў Беларускім Паазер'і [2-4]. Звестак пра гнездаванне або назіранне птушак у гнездавы перыяд ва ўсходніх раёнах няма.
Месцы пражывання. Лесабалотныя ландшафты з буйнымі вярховымі балотамі плошчай не меней за 500 га, астравамі і мысамі, парослымі высакаствольным лесам [5].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Гнездавая папуляцыя ў Беларускім Паазер'і, як мяркуюць, складае 20-25 пар [6, 7], у 1975-1987 гг. тут выяўлена 7 гнездавых участкаў з 14 гнёздамі птушкі. У гнездавы перыяд адзіночныя дарослыя беркуты або іх пары няраз сустракаліся на буйных вярховых балотах у Верхнядзвінскім, Міёрскім, Шаркоўшчынскім, Докшыцкім, Віцебскім, Гарадоцкім, Талачынскім, Глыбоцкім, Полацкім і Шумілінскім раёнах [8]. Для іншых абласцей Беларусі колькасць невядомая. Гняздуецца ў Белавежскай пушчы [2, 9], пара птушак зарэгістравана ў Прыпяцкім запаведніку [10, 11]. У лістападзе 1983 г. ў Кобрынскім раёне каля в. Беразіно назіралі здабычу беркутам дзікай гусі [9]. У сярэдзіне ліпеня 1956 г. арлёнка-падлётка злавілі ў лясах Берасцейскай вобласці [12].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Трансфармацыя чалавекам гнездавых і кармавых біятопаў (асваенне вярховых балот, высечка старых лясоў па берагах балот і на астравах сярод іх, вынішчэнне браканьерамі, гібель ад атручаных прынад і ў капканах каля іх, недахоп корму ў асенне-зімовы і ранне-вясенні перыяды [3, 5-9, 13, 14], недахоп зручных для гнездавання дрэў.
Асаблівасці біялогіі. Гнёзды будуе на высокіх хвоях і асінах на астравах або ўскраінах балот (кожная пара мае ад 2 да 6 гнёздаў). Пачатак кладкі (сярэднія памеры яек 73,3 x 56,9 мм) у сярэдзіне сакавіка [15]. Вылупленне птушанят у канцы красавіка, злятаюць з гнязда ў сярэдзіне ліпеня. Мінімальная адлегласць паміж гнёздамі суседніх пар птушак 15 км [5]. У сярэднім на пару, якая прыступіла да размнажэння, прыпадае 2 яйкі, 1,8 птушаняці, 1,1 злётка. Другое птушаня ў вывадку часцей гіне з прычыны канібалізма [16]. Аснову корма складаюць цецеруковыя і вадаплаўныя птушкі, зайцы, восенню і зімой звыш паловы здабычы складае мярцвячына [16].
Развядзенне. У Маскоўскім заапарку паспяхова размнажаюцца 2 пары [17].
Прынятыя меры аховы. Здабыча і разбурэнне гнёздаў забаронены [18]. У Віцебскай вобласці ў 1976-1987 гг. выяўлены і ахоўваюцца 14 гнёздаў [4, 16]. Вакол іх вылучаны ахоўныя зоны радыусам 250 м, дзе забаронены ўсе віды лесагаспадарчых работ. Зімой 1978-1979 гг. праводзілася падкормка беркута ў 10 пунктах [15]. З 1983 г. пабудавана 11 штучных гнёздаў для беркута, у якіх птушкі гнездаваліся 5 разоў [6]. На шэрагу вярховых балот краіны, дзе гняздуюцца птушкі або магчыма іх гнездаванне, утвораны паляўнічыя, журавінныя і гідралагічныя заказнікі. Птушка ўключана ў Дадатак 2 «Канвенцыі аб міжнародным гандлі відамі дзікай фауны і флоры, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення».
Неабходныя меры аховы. Поўная забарона прымянення атручаных прынад і наземнай устаноўкі капканаў бліжэй за 50 м ад іх. Забарона высечкі дрэў з гнёздамі любых драпежных птушак. Падкормка беркута восенню і зімой і пабудова штучных асноў для гнёздаў. Забарона асушэння і распрацоўкі вярховых балот, стварэнне на найбольш буйных з іх заказнікаў рознага профілю [19].

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Дацкевич, 1976; 3. Долбик, 1974; 4. Дорофеев, Ивановский, 1982; 5. Ивановский, 1982 б; 6. Ивановский, 1985 а; 7. Ивановский, 1985 б; 8. Ивановский, 1982 а; 9. Ракоўскі (асаб. павед.); 10. Клакоцкий, Вадковский, 1985; 11. Нікіфараў (асаб. павед.); 12. Федюшин, Долбик, 1967; 13. Ивановский, 1977; 14. Tjernberg, 1983; 15. Іваноўскі (асаб. павед.); 16. Ивановский, 1985 в; 17. Сосновский, 1986; 18. Положение, 1987; 19. Кузьменко, Ивановский, 1984.

У.Іваноўскі @

Арлан-белахвост (Haliaeetus albicilla L., 1758)
Атрад Сокалападобныя (Falconiformes), сямейства Ястрабіныя (Accipitridae)

Статус. I катэгорыя. Рэдкі гнездавальны від. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. У сусветнай фауне род арланаў прадстаўлены 8, у Беларусі 1 відам.
Кароткае апісанне. Самая буйная з драпежных птушак, якія гняздуюцца ў Беларусі. Даўжыня цела 80-98 см, маса да 6,5 кг, размах крылаў да 2-2,4 м. Афарбоўка цела бурая, галава больш светлая, кароткі, злёгку клінападобны хвост чыста белы. Маладыя птушкі цёмна-бурыя з цёмным хвастом. Самкі буйнейшыя за самцоў.
Пашырэнне. Гняздуецца ва Ўсходняй і Паўночнай Эўропе, у Паўночнай Азіі і Грэнландыі. Праз Беларусь праходзіць заходняя мяжа арэала віду. Большасць месцаў гнездавання прымеркавана да раёнаў Беларускага Паазер'я [2].
Месцы пражывання. Старыя лясы, у асноўным бары, зарослыя высечкі з асобнымі дрэвамі пасярод іх, зрэдку ўскраіны балот паблізу буйных азёр і значных па плошчы рыбагадоўчых гаспадарак [2, 3].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Гнездавая папуляцыя арлана-белахвоста ў Беларускім Паазер'і ацэньваецца ў 20-25 пар [4]. Тут выяўлена 7 гнездавых участкаў і 17 гнёздаў на іх у Верхнядзвінскім, Расонскім і Гарадоцкім раёнах [5]. Акрамя таго, у гнездавы перыяд птушкі рэгулярна адзначаюцца таксама ва Ўшацкім, Полацкім і Пастаўскім раёнах [5]. Для іншых абласцей Беларусі колькасць не ўстаноўлена. У траўні 1981 г. арлан-белахвост адзначаны каля в. Верхнія Жары ў Гомельскай вобласці [6]. Ёсць сведчанні пра гнездаванне яго ў Прыпяцкім запаведніку [7] і штогод каля Выганаўскага возера [3, 8]. На гнездаванні птушка зарэгістравана ў 1976 г. ў Мастоўскім раёне [9], у гнездавы перыяд (11.07.1983 г.) адзначана ў наваколлі рыбгаса «Сялец» у Бярозаўскім раёне [10]. На Палессі ў 1965 г. меркавалася наяўнасць адной пары птушак на гнездаванні за 2-3 км на паўночны ўсход ад возера Бабровіцкае і другой пары паміж гэтым возерам, возерам Выганаўскае і р. Шчара каля балота Пагоня [20]. Зімой арлан адзначаны паблізу сажалак рыбгасаў «Страдзеч» у Берасцейскім і «Чырвоная зорка» ў Жыткавіцкім раёнах. Некаторыя даныя сведчаць пра з'яўленне арланаў на наваствораных вадасховішчах і вадаёмах буйных рыбгасаў, напрыклад, каля рыбгаса «Навінкі» ў Пастаўскім раёне [5].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Браканьерскі адстрэл, асабліва на сажалках рыбгасаў [11, 12]. Гібель у капканах і на атручаных прынадах птушак, што часам зімуюць на поўдні краіны. Пераўтварэнне гнездавых біятопаў у выніку суцэльных высечак лесу. Вядомы 2 выпадкі высечкі дрэў з гнёздамі арланаў у Расонскім лясгасе, тут таксама вядомы выпадак вымання кладкі яек калекцыянерамі [5]. Умовы палявання арланаў істотна пагаршаюцца з-за павышанага рэкрэацыйнага выкарыстання азёр і вадасховішчаў.
Асаблівасці біялогіі. Гняздуецца на адлегласці ад 300 м да 3 км ад асноўных кармавых вадаёмаў. Гнёзды вялікія, будуюцца каля верхавін хвой, асін, радзей вольхаў і бяроз. Вельмі кансерватыўны ў адносінах да аднойчы выбранага гнездавога ўчастка. Ва ўрочышчы Арлоўка ў Верхнядзвінскім раёне ён гняздуецца больш за 20 гадоў запар, змяніў за гэты час 8 гнёздаў [2, 5]. Кладка пачынаецца з сярэдзіны сакавіка. У ёй 2, вельмі рэдка 3, яйкі памерамі ў сярэднім 72,7 x 54,1 мм [5]. Наседжванне каля 38 сутак, птушаняты вылупліваюцца ў першай палове траўня, гнёзды пакідаюць з сярэдзіны ліпеня. Для Беларускага Паазер'я на кожную пару, што прыступіла да размнажэння, прыпадае па 2 яйкі, 1,3 птушаняці, 1,2 моладзі, якая вылецела [2, 4]. Аснову корму складаюць птушкі і рыба, у невялікай колькасці здабывае млекакормячых, вельмі рэдка падбірае мярцвячыну [4]. На пралёце трапляецца на большасці буйных азёр Віцебскай вобласці, штогод 1-5 птушак пралятаюць праз Бярэзінскі запаведнік, аднойчы адзначаны пралёт праз Белавежскую пушчу. 12.10.1985 г. птушку назіралі ў рыбгасе «Трэмля» ў Гомельскай вобл. [5, 8, 13, 14]. Зрэдку зімуе на поўдні Беларусі: 11.12.1983 г. адзначаны на ачышчальных збудаваннях на Берасцейшчыне, 14.12.1985 г. маладую самку здабылі ў Лагойскім раёне, у студзені-лютым 1980 г. пара птушак зімавала на сажалках рыбгаса «Чырвоная зорка» [10, 15, 16].
Развядзенне. Доследы па вальернаму развядзенню праводзяць у Германіі, Швецыі, Вялікабрытаніі [1].
Прынятыя меры аховы. Паляванне на арлана-белахвоста забаронена [17]. Вакол вядомых гнёздаў утвораны ахоўныя зоны радыусам 250 м [18]. З 1983 г. ў Віцебскай вобласці даследуецца магчымасць прываблівання птушкі на штучныя гнёзды (засялілі адно з іх) [19]. Ахоўваецца ў Выганаўскім, Асвейскім і Юхавіцкім заказніках, у Бярэзінскім і Прыпяцкім запаведніках. Від уключаны ў Дадатак 1 «Канвенцыі аб міжнародным гандлі відамі дзікай фауны і флоры, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення». Шэраг месцаў пражывання ахоўваюцца паводле канвенцыі аб водна-балотных угоддзях, якія маюць міжнароднае значэнне.
Неабходныя меры аховы. Забарона высечкі лясоў у 500-метровай палосе вакол азёр, вадасховішчаў і рыбагадоўчых сажалак, прымянення атручаных прынад і наземнай устаноўкі капканаў бліжэй за 50 м ад прынады, правядзення палявання на вадаплаўную дзічыну на сажалках рыбгасаў. Прывабліванне з дапамогай штучных гняздоўяў на ўсёй тэрыторыі Беларусі. У асенне-зімовы перыяд падкормка арланаў у месцах іх зімоўкі на поўдні краіны. Выяўленне новых месцаў гнездавання.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Ивановский, 1982; 3. Голодушко, 1976; 4. Ивановский, 1985 а; 5. Іваноўскі (асаб. павед.); 6. Самофалов, 1985; 7. Клакоцкий, Вадковский, 1985; 8. Ракоўскі (асаб. павед.); 9. Чырвоная кніга БССР, 1981; 10. Казулін (асаб. павед.); 11. Вадковский, 1971; 12. Ивановский, 1985 б; 13. Клакоцкі (асаб. павед.); 14. Харужы (асаб. павед.); 15. Пузанкевіч (асаб. павед.); 16. Шокала (асаб. павед.); 17. Положение, 1987; 18. Дорофеев, Ивановский, 1982; 19. Ивановский, 1985 в; 20. Падутов, 1967.

У.Іваноўскі @

Сапсан (Falco peregrinus Tunst., 1771)
Атрад Сокалападобныя (Falconiformes), сямейства Сакаліныя (Falconidae)

Статус. I катэгорыя. Вельмі рэдкі від, магчыма, у Беларусі ўжо не гняздуецца. Уключаны ў Чырвоную кнігу МСАП (II катэгорыя) і Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 10 (у Беларусі з 5) відаў роду ў фауне ўсходняй Галарктыкі.
Кароткае апісанне. Буйны сокал (даўжыня цела 42-50 см, маса да 1,3 кг) з вострымі крыламі, размах якіх 0,93-1,1 м, і доўгім клінападобным хвастом. Афарбоўка рэзка кантрасная: спіна, верх галавы, крылаў і хваста цёмна-бурыя з шызым налётам, ніз светлы з тонкім папярочным малюнкам на баках і падхвосці (у самак больш яркі). На грудзях кроплепадобныя стракаціны. Ад вачэй уніз ідуць цёмныя «вусы». Васковіца, кольцы вакол вачэй, цэўка і пальцы - жоўтыя. Самкі значна буйнейшыя за самцоў.
Пашырэнне. Тундра, лесатундра і лясная зона Паўночнай Эўразіі. У Беларусі адзначаўся на гнездаванні да 50-60-х гг. 20 ст. на Палессі, у Белавежскай пушчы, Бярэзінскім запаведніку, Лагойскім, Докшыцкім, Верхнядзвінскім, Шумілінскім і Гарадоцкім раёнах [2-7]. У Белавежскай пушчы ў 50-я гады - штогод рэгістравалася 4-6 гнездавальных пар, але ўжо ў 1974-1979 гг. не адзначаны [2, 3]. У траўні 1982, 1983 і 1986 гг. асобныя птушкі назіраліся ў Міёрскім раёне [5, 7, 8], у траўні 1983 г. і ў чэрвені 1987 г. - у Белавежскай пушчы [9, 10], у жніўні 1985 г. - у Бярэзінскім запаведніку [11]. Летам 1980 г. вывадак лётных маладых пры двух дарослых птушках адзначаны ў Мядзельскім раёне, у сакавіку 1981 г. - там жа пара птушак каля гнязда крумкача (пазней ужо не наглядаліся) [12]. У цяперашні час гнездаванні невядомы. Асобныя птушкі адзначаюцца ўлетку, а вясной і восенню на пралёце. У Паазер'і большасць сустрэч адзінкавых птушак у гнездавы перыяд і на пралёце прымеркавана да буйных вярховых балот (Ельня, Обаль, Гладанскі мох, Сэрвач, Асвейскае) [5, 7].
Месцы пражывання. Старыя разрэджаныя бары паблізу адкрытых прастораў балот, азёрных і рачных поймаў; буйныя вярховыя балоты з градава-азёрным і градава-багнавым расліннымі комплексамі [2, 3, 5-12].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У эўрапейскай частцы арэала колькасць паўсюдна надзвычай нізкая. У Фінляндыі, Даніі, Германіі і Польшчы ўжо не трапляецца. У Прыбалтыцы, паўночна-заходніх абласцях Расеі і Беларусі напэўна ўжо не гняздуецца [1, 13, 14]. Звесткі аб трапляльнасці віду ў Беларусі за 1950-1980-я гг. сведчаць аб рэзкім скарачэнні яго колькасці і верагодным знікненні на гнездаванні ў апошні час [2-12].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Змяненне гнездавых біятопаў, умоў гнездавання і здабычы корму пад уплывам гаспадарчай дзейнасці. Шырокае выкарыстанне пестыцыдаў. Праследаванне і знішчэнне птушак у мінулым. Фактар неспакою.
Асаблівасці біялогіі. Манагам з выразным гнездавым кансерватызмам. На балоце Обаль (Шумілінскі раён) у адным і тым жа месцы гняздзіўся 13 гадоў запар. Прылятае ў другой палове сакавіка. Гняздуецца ў гнёздах гракоў, варон, крумкачоў, зрэдку - на высокіх старых будынках. Кладка з 2-4 яек памерамі 51,8 x 41,8 мм ў сярэдзіне красавіка-траўні. Наседжванне 28-35 сутак. Птушаняты знаходзяцца ў гняздзе 5-6 тыдняў, вылятаюць у ліпені. Ужо ў жніўні шырока вандруюць і перамяшчаюцца да месцаў зімоўкі. Зімуюць у Заходняй і Цэнтральнай Эўропе. Полавая спеласць у гадавалым узросце [1, 2, 13, 14]. Корміцца галубамі, качкамі, цецерукамі, кулікамі, варонамі, сарокамі, сойкамі і інш. У Віцебскай вобласці здабывае галоўным чынам качак і шэрых варон [5, 7].
Развядзенне. Размнажаецца ў спецыялізаваных гадавальніках ЗША, Канады, Германіі, Фінляндыі. Утрымліваецца ў гадавальніку Окскага запаведніка і шэрагу заапаркаў [1].
Прынятыя меры аховы. Уключаны ў Дадатак 1 «Канвенцыі аб міжнародным гандлі відамі дзікай фауны і флоры, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення». Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [14]. Здабыча віду ў Беларусі забаронена [15]. Месцы пражывання ахоўваюцца ў запаведніках і заказніках.
Неабходныя меры аховы. Выяўленне і ахова гнёздаў і месцаў пражывання. Стварэнне вакол жылых гнёздаў зон абсалютнай запаведнасці. Вывучэнне экалогіі. Прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Федюшин, Долбик, 1967; 3. Дацкевич, Попенко, 1981; 4. Долбик, 1970; 5. Іваноўскі (асаб. павед.); 6. Дорофеев, 1970; 7. Дарафееў (асаб. павед.); 8. Нікіфараў, Ямінскі (асаб. павед.); 9. Дацкевіч (асаб. павед.); 10. Ракоўскі (асаб. павед.); 11. Цішачкін, Бышнёў (асаб. павед.); 12. Грычык (асаб. павед.); 13. Дементьев, 1951; 14. По страницам Красной книги, 1987; 15. Положение, 1987.

А.Дарафееў @

Белая курапатка (Lagopus lagopus L., 1758)
Атрад Курападобныя (Galliformes), сямейства Цецеруковыя (Tetraonidae)

Статус. I катэгорыя. Рэдкі від, колькасць і пашырэнне якога скарачаюцца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 3 відаў роду. Адзіны прадстаўнік роду ў Беларусі.
Кароткае апісанне. Птушка сярэдняй велічыні, маса 650-750 г. Ярка выражаны сезонны і, у меньшай ступені, полавы дымарфізм: у самца 4, а ў самкі 3 сезонныя ўбранні за год. Зімой абедзве птушкі маюць белае апярэнне. Вясной у самцоў тулава, крылы і хвост белыя, а галава, шыя і валляк - каштанава-рыжыя. Самка пасля зімы адразу прымае летняе ўбранне, якое, як і ў самца, летам мае рыжаватыя, жаўтаватыя і бураватыя таны, прычым афарбоўка самкі больш бледная. Восенню афарбоўка самца і самкі амаль аднолькавая - на фоне летняга ўбрання паяўляюцца ярка-рыжыя пёры.
Пашырэнне. Арэал віду цыркумпалярны. Уключае тундры Эўразіі і Паўночнай Амерыкі, прасціраецца на поўдзень у зону лясоў, лесастэпы, да гор Паўночнага Казахстана і Манголіі ў Азіі і да Канады ўключна ў Амерыцы. У 18-19 ст. арэал уключаў лесастэпавыя раёны Ўкраіны. Да 1930-х гг. паўднёвая мяжа пашырэння віду праходзіла ўжо па тэрыторыі Беларусі на шыраце г.п. Чырвоная Слабада Салігорскага раёна, пазней перамясцілася яшчэ далей на поўнач да шыраты Пухавіч і Рудзенска. Паводле звестак 1956-1960, 1972-1973 гг. паўднёвая мяжа арэала белай курапаткі праходзіць па ўмоўнай лініі Горкі - Магілеў - Клічаў - Бабруйск - Глуск - Старыя Дарогі - Узда - Стоўбцы - Паставы [1]. На поўнач ад яе птушка назіралася на мохавых балотах у ваколіцах Чашнікаў, Сянно, Міёр, Браслава, Бешанковіч, Гарадка, Полацка, Лепеля, Бягомля, Бялынічаў, Быхава, Кіраўска, Асіповіч, Крупак, Барысава, Узды, Пухавіч [2]. Белая курапатка адзначана ў 1984 г. на Дзяшчанскім балоце каля в. Карма ў Уздзенскім раёне [3]. Нешматлікія яе сустрэчы ў пачатку 1980-х гг. адносяцца да раёнаў яе мінулага пражывання.
Месцы пражывання. Вярховыя балоты з нізкарослай (3-4 м) сасной і рэдкім дамешкам бярозы.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Крайне нізкая. У Лепельскім раёне адзначана ў сярэднім адна гнездавальная пара на 200 га балот, летам каля Бешанковіч і Магілева на 300-600 га траплялася не больш за 3 вывадкі [4]. У зімовых чародках ад 3 да 9 асобін. У 1990 г. на 10 вярховых балотах на плошчы 4486 га ў Віцебскай вобласці выяўлена 70 асобін, а таксама 28 разарваных драпежнікамі птушак [5]. Змены колькасці не высветлены, але раёны пражывання птушак скарачаюцца.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Пацяпленне клімату ў апошняе стагоддзе, якое ўскосна адбілася на ўмовах здабычы корму птушкамі: частыя зімовыя адлігі пагоршылі ломкасць парасткаў раслін (вярбы, бярозы, асіны), якімі харчуюцца птушкі, і магчымасці іх выкарыстання. Вядома, што курапатка корміцца таксама ягадамі багнаўкі, а арэал гэтай расліны адпавядае сучаснай вобласці пашырэння птушкі ў Беларусі [2]. Пры раннім сходзе снежнага покрыва або ў бясснежныя зімы белыя птушкі добра прыкметныя і знішчаюцца драпежнікамі [5]. Змена месцаў пражывання ў выніку меліярацыйных работ і іншай гаспадарчай дзейнасці на вярховых балотах.
Асаблівасці біялогіі. Шлюбныя гульні пачынаюцца пасля паяўлення праталін - 2-17 красавіка, працякаюць найбольш інтэнсіўна 20-25 красавіка, заканчваюцца 20-28 траўня. Такаванне паміж 3-6 гадзінамі, рэдка пазней. Гнёзды робіць на мохавых купінах, часта схаваны пад галінкамі багуну або іншых балотных раслін. У кладцы 8-12 яек памерамі 42,7 x 30,8 мм, бледна жоўтых з карычневымі і бураватымі плямінкамі і крапінкамі [6]. Знаходкі гнязда 14 траўня 1962 г. з 8 слаба наседжанымі яйкамі ў Гарадоцкім раёне [7] і гнязда 30 траўня 1985 г. з 1 яйкам у Міёрскім раёне [8] сведчаць аб тым, што свежыя і наседжаныя кладкі ў гнёздах трапляюцца ўвесь травень. Лётны маладняк - у сярэдзіне чэрвеня, дасягае вагі дарослых птушак у пачатку верасня. Зімой корміцца пупышкамі і парасткамі вярбы і бярозы, вясной, летам і восенню - лісцем падбелу, талакнянкі, багнаўкі і чарніц.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. З 1925 г. здабыча віду забаронена паляўнічым заканадаўствам [9]. Белая курапатка занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [10].
Неабходныя меры аховы. Вылучэнне абсалютных зон спакою на балотах, занятых птушкамі, прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Долбик, Дорофеев, 1978; 2. Долбик, 1964; 3. Самусенка (асаб. павед.); 4. Фоменков, 1967; 5. Парейко и др., 1990; 6. Федюшин, Долбик, 1967; 7. Дорофеев, 1970; 8. Іваноўскі (асаб. павед.); 9. Положение, 1987; 10. Чырвоная кніга БССР, 1981.

М.Долбік, М.Нікіфараў @

Аўдотка (Burhinus oedicnemus L., 1758)
Атрад Сеўцападобныя (Charadriiformes), сямейства Аўдоткавыя (Burhinidae)

Статус. I катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны прадстаўнік роду і сямейства ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Буйны кулік. Даўжыня цела 40-45 см, маса да 370-450 г. Дзюба кароткая, вочы жоўтыя вялікія ў сувязі са змрокавым спосабам жыцця. На нагах па 3 пальцы. Пясочна-шэрая спіна і больш светлае брушка пакрыты падоўжнымі стракацінамі. На крылах 2 падоўжныя белыя палосы.
Пашырэнне. Поўдзень Эўропы, поўнач Афрыкі, паўднёвы захад Азіі да Бірмы і Шры-Ланкі. У Беларусь заходзіць перыферыйная паўночная частка арэала. Да 40-х гг. 20 ст. гняздзілася разрозненымі калоніямі ў Пінскім раёне і ў паўднёва-ўсходняй частцы Гомельскага Палесся [1-4]. У 50-х гадах адзначаліся залёты ў Шчучынскі, Ваўкавыскі і Дзяржынскі раёны [4, 5]. У цяперашні час захавалася, напэўна, на адзінкавых ізаляваных участках Палесся.
Месцы пражывання. Пясчаныя дзюны і пустэчы з разрэджанай ксерафітнай расліннасцю, але звычайна каля невялікага вадаёма або па краю балота ці поймы. Магчыма пасяленне ў аграландшафце з беднымі пясчанымі глебамі. Прыродныя месцы пражывання ў цяперашні час амаль поўнасцю пераўтвораны ў выніку работ па замацаванню пяскоў.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Агульная колькасць невядома, але надзвычай нізкая. За апошнія 30 гадоў выяўлена адзінае месца гнездавання 3 пар птушак. Пасля 1930 г. гняздо з кладкай знойдзена толькі ў 1983 г. ў Брагінскім раёне [6]. У сувязі са змяненнем месцаў пражывання птушцы пагражае поўнае знікненне.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Пераўтварэнне і знішчэнне месцаў пражывання, а таксама павелічэнне фактару неспакою, выпас і прагон жывёлы па месцах пражывання, драпежніцтва крумкачовых птушак.
Асаблівасці біялогіі. Пералётны від. Пасяляецца невялікімі разрэджанымі групамі. Гнёзды не будуе. Кладку з 2 яек памерамі 53,8 x 38,5 мм робіць у першай палове траўня ў невялікім паглыбленні ў пяску або проста на глебе. Магчыма, бывае і другая кладка. Наседжванне каля 26 сутак. Птушаняты пачынаюць лётаць ва ўзросце каля 40 сутак. Корміцца аўдотка насякомымі (пераважна цвердакрылымі і прамакрылымі), можа лавіць яшчарак і дробных грызуноў.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [7]. Здабыча птушак і разбурэнне гнёздаў у Беларусі забаронены [8].
Неабходныя меры аховы. Стварэнне комплексных ландшафтных заказнікаў для аховы стэпавых і паўпустынных форм жывёл і раслін у найбольш захаваўшыхся прыродных участках на паўднёвым усходзе краіны.

Літ.: 1. Шнитников, 1913; 2. Grassman, 1916; 3. Zedlitz, 1920; 4. Федюшин, Долбик, 1967; 5. Долбик, 1959; 6. Нікіфараў (асаб. павед.); 7. Чырвоная кніга БССР, 1981; 8. Положение, 1987.

М.Нікіфараў @

Пугач, або філін (Bubo bubo L., 1758)
Атрад Совападобныя (Strigiformes), сямейства Савіныя (Strigidae)

Статус. I катэгорыя. Нешматлікі аселы від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны прадстаўнік роду ў фауне Палеарктыкі.
Кароткае апісанне. Найбольш буйны прадстаўнік соў, маса каля 3 кг, даўжыня цела 60-75 см, размах крылаў 1,5-1,88 м. Спінны бок у асноўным бура-рыжаваты, брушны - светлы, жаўтавата-вохрысты, з буйнымі чорнымі падоўжнымі і тонкімі цёмнымі папярочнымі палоскамі.
Пашырэнне. Эўразія, Паўночная Афрыка. Уся тэрыторыя Беларусі знаходзіцца ў межах арэала віду. У мінулым філін быў звычайнай птушкай у старых і перастойных лясах. Цяпер часцей трапляецца ў лясах паўднёвай і паўночнай частак краіны. Пражыванне філіна ўстаноўлена для Камянецкага, Столінскага, Лунінецкага, Івацэвіцкага, Ляхавіцкага, Баранавіцкага, Лельчыцкага, Петрыкаўскага, Жыткавіцкага, Жлобінскага, Мазырскага, Бялыніцкага, Касцюковіцкага, Краснапольскага, Асіповіцкага, Салігорскага, Валожынскага, Наваградскага, Віцебскага, Верхнядзвінскага, Лепельскага, Расонскага, Сенненскага, Пастаўскага і Гарадоцкага раёнаў [1-3].
Месцы пражывання. Старыя дубравы, алешнікі і мяшаныя лясы, часта ўвільготненыя або забалочаныя.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Улік не праводзіўся. Мяркуючы па гнездавых участках, якія вызначаліся па шлюбных крыках птушак - «вухканні», у Беларусі гняздуецца не менш як 60 пар філінаў. Колькасць мае тэндэнцыю да скарачэння. У пачатку 20 ст. ў Белавежскай пушчы, а таксама на Піншчыне можна было пачуць шлюбныя крыкі адначасова да 3 птушак [4]. З 1930-х гадоў колькасць філіна пачала хутка змяньшацца: у Белавежскай пушчы з 1930 г. не выяўляўся, паўторна адзначаны толькі ў 1960 г. і пазней [5]; у Бярэзінскім запаведніку з 1957 г. не рэгістраваўся [6]; у Прыпяцкім запаведніку гняздуецца - гнёзды знойдзены ў 1972 і 1975 гг., у апошні час вызначана 6 месцаў пражывання [7].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка старых спелых і перастойных лясоў, узмацненне антрапагеннага прэса.
Асаблівасці біялогіі. Шлюбныя крыкі ў канцы лютага да сярэдзіны красавіка, вельмі рэдка пазней. У гэты час адзначаецца тры пікі актыўнасці: праз гадзіну пасля заходу сонца, апоўначы і на світанку [8]. Гнёзды размяшчаюцца каля камля дрэў на зямлі, на шырокіх пнях, укрытых парасткамі, на дашчатых насцілах для вулляў на дрэвах, у пакінутых гнёздах чорнага бусла і падворліка, вельмі рэдка ў дуплах старых вербаў [9]. У кладцы 2-3, радзей 4-5 белых яек памерамі 60 x 49,5 мм з шурпатай шкарлупінай. Свежыя і наседжаныя яйкі ў гнёздах у другой палове сакавіка - канцы траўня. Маладняк паяўляецца ў траўні [10]. У канцы траўня ў гнёздах трапляюцца апераныя птушаняты [11]. Сярод корму мясцовых філінаў знаходзяць рэшткі крыжанак і чыркоў, жаўтагорлай мышы, вадзяных пацукоў [11], а таксама драчоў [8].
Развядзенне. У Мастоўскім раёне працяглы час пугача трымалі ў хатніх умовах [12]. Жыве ў Гарадзенскім заапарку.
Прынятыя меры аховы. Здабыча пугача ў Беларусі забаронена [13].
Неабходныя меры аховы. Улік гняздоўяў птушак і іх ахова, забарона высечкі лесу і лесамеліярацыйных работ у месцах гнездавання пугачоў, прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Чырвоная кніга БССР, 1981; 2. Долбік, Дарафееў, Іваноўскі, Казулін, Ямінскі (асаб. павед.); 3. Самусенка, Грычык, Гардынец, Пацякоў, Лычкоўскі, Нягрэй (асаб. павед.); 4. Шнитников, 1913; 5. Дацкевич, 1971; 6. Долбик, Дорофеев, 1978; 7. Клакоцкі (асаб. павед.); 8. Дзямянчык (асаб. павед.); 9. Нягрэй (асаб. павед.); 10. Федюшин, Долбик, 1967; 11. Іваноўскі (асаб. павед.); 12. Сямашка, 1956; 13. Положение, 1978.

М.Долбік, Б.Ямінскі @

Барадатая (лапландская) няясыць (Strix nebulosa Forst., 1771)
Атрад Совападобныя (Strigiformes), сямейства Савіныя (Strigidae)

Статус. I катэгорыя. Вельмі рэдкі гнездавальны від. Колькасць скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўнік політыпічнага роду. Адзін з 3 відаў роду ў фауне ўсходняй Галарктыкі і Беларусі.
Кароткае апісанне. Вельмі буйная сава. Даўжыня цела 65-70 см, маса самцоў 700-800 г, самак 900-1200 г, размах крылаў 1,36-1,44 м. Апярэнне шаравата-бурае або дымчата-шэрае з частымі цёмнымі падоўжнымі і папярочнымі стракацінамі. Тваравы дыск светлы з цёмнымі канцэнтрычнымі кругамі, пасярэдзіне падзелены белым апярэннем, якое нагадвае літару «X». Пад дзюбай і вачыма цёмныя плямы. Надхвосце рыжае. Лапы густа апераны да кіпцюроў, светла- або цёмна-шэрыя, з цёмнымі крапінамі. Радужына ярка-жоўтая, дзюба жоўтая, кіпцюры буравата-шэрыя.
Пашырэнне. Зона хвойных таежных лясоў Паўночнага паўшар'я [1, 2]. У Беларусі пашырана спарадычна. Паўднёвая мяжа арэала праходзіць па лініі Берасце - Пінск - Мазыр - Гомель. У 1902, 1903 і 1936 гг. адзначана на гнездаванні ў наваколлі Пінска [3, 4]. У Белавежскай пушчы ў 1930 г. знойдзены 2 гнязды, у 1956, 1957, 1960 і 1982 гг. здабывалася, назіралася візуальна або рэгістравалася па шлюбных крыках [5-7]. У 1976-1987 гг. у Берасцейскай вобласці (Івацэвіцкі, Ляхавіцкі, Баранавіцкі, Ганцавіцкі раёны) зарэгістравана 21 гнездаванне [8, 9]. У 1980 г. 2 гнязды знойдзены ў Прыпяцкім запаведніку [10]. У Гарадзенскай вобласці адзначана ў 1949 г. [11]. У 1976 г. гняздо знойдзена на мяжы Мядзельскага і Пастаўскага раёнаў, дзе ў 1983-1984 гг. адзначаны шлюбныя крыкі птушак [12]. У 1978-1987 гг. у гнездавы і паслягнездавы перыяды назіралася ў Аршанскім, Талачынскім, Пастаўскім, Полацкім і Расонскім раёнах [13]. Частата сустрэч у асенне-зімовы час некалькі ўзрастае за кошт асобін, якія адвандроўваюць з поўначы.
Месцы пражывання. Старыя забалочаныя ялова-альховыя і ялова-сасновыя лясы. Лясістыя астравы сярод балот. У пазагнездавы перыяд - старыя мяшаныя лясы па ўскрайках вярховых балот, зарастаючых высечак і рачных поймаў.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Спецыяльна не вызначалася. Значная колькасць знаходак у апошнія гады звязана са спецыяльнымі пошукамі і вывучэннем віду. Увогуле, на тэрыторыі краіны на працягу 20 ст. колькасць рэзка скарацілася і, магчыма, працягвае скарачацца. Утварыліся лакальныя ізаляваныя папуляцыі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчае асваенне тэрыторыі, скарачэнне плошчаў старых лясоў. Змяншэнне колькасці буйных драпежных птушак - пастаўшчыкоў гнёздаў. Збядненне кармавой базы. Фактар неспакою.
Асаблівасці біялогіі. Манагам. Адны і тыя ж гнездавыя ўчасткі выкарыстоўвае многа гадоў запар. Гняздуецца ў старых гнёздах буйных драпежнікаў, чорнага бусла, крумкача [7, 9]. Кладка з 3-5 (да 9) яек памерамі 51,8 x 42,7 мм у першай палове красавіка. Наседжванне каля 30 сутак. Амаль месяц птушаняты знаходзяцца ў гняздзе. Пачынаюць самастойна карміцца ва ўзросце 50-60 сутак. Вывадкі трымаюцца разам да верасня-кастрычніка [14]. Корміцца дробнымі млекакормячымі. Палюе ў прыцемку, зрэдку днём, аблятаючы адкрытыя ўчасткі балот, рачныя поймы і лясныя высечкі. Зрэдку падпільноўвае здабычу, седзячы на купіне або дрэве.
Развядзенне. Маладыя добра прывыкаюць да чалавека. Вядомы выпадак утрымання птушаняці ў няволі больш за 3 месяцы [3].
Прынятыя меры аховы. Здабыча ў Беларусі забаронена [15]. Занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [7]. Асобныя месцы пражывання ахоўваюцца ў запаведніках і заказніках.
Неабходныя меры аховы. Вывучэнне экалогіі і пашырэння віду, рэгулярны ўлік колькасці. Выяўленне і строгая ахова ўсіх месцаў пражывання. Стварэнне заказнікаў. Збудаванне ў лясах штучных гняздоўяў для прываблівання буйных драпежных птушак. Прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Дементьев, 1951; 2. Степанян, 1975; 3. Шнитников, 1913; 4. Долбик, 1959; 5. Дацкевич, 1971; 6. Дацкевіч (асаб. павед.); 7. По страницам Красной книги, 1987; 8. Демянчик, Гайдук, 1981; 9. Дзямянчык (асаб. павед.); 10. Прыбышчук (асаб. павед.); 11. Сямашка, 1956; 12. Грычык (асаб. павед.); 13. Дорофеев, Сюборова, 1987; 14. Міхневіч (асаб. павед.); 15. Положение, 1987.

А.Дарафееў @

Сіпуха (Tyto alba Scop.)
Атрад Совападобныя (Strigiformes), сямейства Сіпухавыя (Tytonidae)

Статус. I катэгорыя. Рэдкі аселы від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны прадстаўнік сямейства ў фауне Галарктыкі.
Кароткае апісанне. Сава сярэдніх памераў, маса 250-355 г, даўжыня цела 33-35 см, размах крылаў 0,85-0,98 м. Спіна буравата-пясочная з падоўжнымі радамі дробных цёмных і белых крапінак, брушка белавата-вохрыстае з рэдкімі цёмнымі крапінкамі, тваравы дыск сэрцападобны, амаль белы, каля вачэй іржава-карычневы.
Пашырэнне. На ўсіх кантынентах зямнога шару, акрамя Антарктыды. У суседніх з Беларуссю дзяржавах трапляецца на Ўкраіне, у Малдове, адзінкавыя знаходкі вядомы ў межах Летувы. Па тэрыторыі Беларусі праходзіць паўднёва-заходняя мяжа арэала. На поўнач ад шыраты г. Скідаля сіпуху не знаходзілі, на поўдзень ад яе вядома ў 1904, 1928, 1929, 1950, 1951 гг. па адзінкавых знаходках дарослых птушак, гнёздаў або вывадкаў у Пінскім, Камянецкім (Белавежская пушча), Петрыкаўскім і Любанскім раёнах [1], у 1973 г. ў Жыткавіцкім [2] і Берасцейскім [3], у 1980 г. - у Наваградскім [4] раёнах.
Месцы пражывання. Паркі і насаджэнні з старымі дуплаватымі дрэвамі, пакінутыя пабудовы.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Вельмі нізкая. Трапляюцца адзінкавыя пары.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Амаладжэнне лясоў і паркавых насаджэнняў, адсутнасць нішаў для гнездавання.
Асаблівасці біялогіі. Гнёзды ў дуплах старых ліп і ясеняў, у нішах пабудоў. У сярэдзіне траўня няпоўныя кладкі (у поўнай кладцы звычайна 4-7 яек памерамі 39,6 x 31,5 мм), у канцы чэрвеня пуховыя птушаняты ў белым убранні. Птушаняты рознаўзроставыя, што сведчыць аб пачатку наседжвання да заканчэння кладкі. Поўнасцю апераныя птушаняты трапляюцца ў пачатку жніўня [1]. У ліпені 1984 г. і кастрычніку 1986 г. вядомы залёты соў у вытворчыя і службовыя памяшканні ў Берасцейскім раёне [3].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Сіпуха занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [5]. Здабыча віду ў Беларусі забаронена [6].
Неабходныя меры аховы. Выяўленне новых месцаў пражывання, вывучэнне экалогіі сіпухі, прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Федюшин, Долбик, 1967; 2. Клакоцкі (асаб. павед.); 3. Шокала (асаб. павед.); 4. Ямінскі (асаб. павед.); 5. Чырвоная кніга БССР, 1981; 6. Положение, 1987.

М.Долбік, Б.Ямінскі @

Залацістая шчурка (Merops apiaster L., 1758)
Атрад Ракшападобныя (Coraciiformes), сямейства Шчуркавыя (Meropidae)

Статус. I катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які гняздуецца калоніямі. Можа знікнуць, калі не ўвесці спецыяльныя меры аховы.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 2 відаў роду ў фауне Палеарктыкі. Паколькі размеркаванне віду ўнутры арэала, асабліва паблізу паўночных яго межаў, нераўнамернае, то ў захаванні генафонду значэнне віду вялікае.
Кароткае апісанне. Птушка памерамі са шпака, даўжыня цела 27-30 см. Маса 50-60 г [1]. Афарбоўка вельмі яркая: у апярэнні шмат пёраў з зялёнымі, блакітнымі, жоўта-рыжымі адценнямі. Галава зверху каштанавая, з бакоў зеленавата-блакітная. Палоса за вокам і пад ім, пёры на вушах - чорныя. Падбародак і горла ярка-жоўтыя. Доўгая чорная дзюба крыху як бы загнутая ўніз. Спіна зверху бліжэй да галавы каштанавая, яе ніз і паясніца - залаціста-рыжыя. Хвост зеленавата-сіні, доўгі. Сярэдняя пара рулявых пёраў на 2-3 см даўжэйшая за астатнія. Ногі карычнявата-шэрыя. Афарбоўка маладых птушак больш бледная і цьмяная.
Пашырэнне. Гняздуецца на поўдні Эўропы, у Азіі, на паўночным захадзе Афрыкі. Пашырана ад Малдовы і Ўкраіны да Каўказа і вусцяў Волгі і Ўрала, на поўнач да Курска, Тамбова, вусця Камы, возера Балхаш, далей на ўсход арэал пашыраецца да Сяміпалацінска і Барнаула і яшчэ далей - да Зайсанскай і Эмельскай катлавін [2]. У Беларусі птушка жыве толькі на самым крайнім поўдні. Упершыню названа для Палесся ў 1887 г. А.Нікольскім [3]. У чэрвені 1980 г. за 2 км на поўнач ад Гомеля знойдзена гняздо з кладкай [4], а ў ліпені 1985 г. ў наваколлі г.п. Тураў ва ўрочышчы Казаргаць выяўлена каланіяльнае пасяленне птушак [5]. У гнездавы перыяд у 1986 г. птушкі таксама адзначаны каля в. Дрэбек Лунінецкага раёна [6]. У іншых раёнах Беларусі шчурка не сустракалася.
Месцы пражывання. Пясчаныя кар'еры, узвышэнні рэльефу, насыпы ўздоўж дарог, крутыя абрывы каля рэк, яры ў месцах з рэдкай расліннасцю.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У калоніі ва ўрочышчы Казаргаць было прыкладна 60 пар птушак. Колькасць нор 68, жылымі аказаліся 42, плошча калоніі 0,45 га. З аднаўленнем распрацовак у кар'еры птушкі былі вымушаны пакінуць пасяленне і ў 1986 г. перамясціцца на новае месца за 1,5 км ад папярэдняга.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Малалікасць на поўдні Беларусі пясчаных яроў, прыдатных для гнездавання гэтых птушак, прыхільных да адкрытых і малалюдных стэпавых прастораў; разбурэнне гнёздаў чалавекам, якое стымулюецца прывабнай яркай афарбоўкай птушак і спецыфікай іх паводзін.
Асаблівасці біялогіі. Грамадскія птушкі, трымаюцца чародамі, часта садзяцца на правады і сухія галіны, лятаюць хутка, лёгка. Гняздуюцца ў норах глыбінёй 1-1,5 м, якія робяць самі дзюбай у пясчаных абрывах. У гняздзе 5-8 белых бліскучых амаль шарападобнай формы яек памерамі 26 x 21,9 мм. Кормяцца джаланоснымі восамі і пчоламі, а таксама матылькамі, у т.л. такімі, якія маюць засцерагальную афарбоўку і не паядаюцца іншымі птушкамі.
Развядзенне. У Беларусі ў няволі не ўтрымліваліся.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльных мер не было. Пэўную ролю меў грамадскі пратэст супраць узнаўлення работ ва ўрочышчы Казаргаць, дзе пасяліліся птушкі.
Неабходныя меры аховы. Прапаганда ведаў аб птушках з спецыяльным вытлумачваннем насельніцтву спецыфікі працэсаў усялення новага віду, вялікай яго няўстойлівасцю на пачатковых этапах засялення неабжытых месцаў.

Літ.: 1. Определитель птиц СССР, 1964; 2. Жизнь животных, 1970; 3. Никольский, 1887; 4. Чуяшкоў (асаб. павед.); 5. Клакоцкі (асаб. павед.); 6. Юрко (асаб. павед.).

М.Долбік, Ю.Вязовіч @

Малая паганка (Podiceps ruficollis Pall., 1764)
Атрад Паганкападобныя (Podicipediformes), сямейства Паганкавыя (Podicipedidae)

Статус. II катэгорыя. Від, колькасць якога невысокая, але адносна стабільная.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўнік пашыранага сямейства на тэрыторыі ўсходняй Галарктыкі.
Кароткае апісанне. Найменшая сярод паганак. Даўжыня цела 24-26 см, маса 120-250 г. Спінны бок чорны, ніз брудна-белы, горла і пярэдні бок шыі ржава-рыжыя.
Пашырэнне. Эўразія, Аўстралія, Афрыка. Уся тэрыторыя Беларусі знаходзіцца ў межах гнездавога арэала віду [1], але часцей рэгіструецца ў заходніх і паўднёва-заходніх раёнах [2-15]. Знаходкі гнёздаў на азёрах Асвейскае (Верхнядзвінскі раён) у 1983 г. і Дабееўскае (Шумілінскі раён) у 1983-1984 гг. [2] з'яўляюцца самымі паўночнымі і паўночна-ўсходнімі месцамі гнездавання віду ў Беларусі.
Месцы пражывання. Зарослыя расліннасцю азёры з мелкаводнымі затокамі, рыбагадоўчыя сажалкі, старыцы рэк, нізінныя балоты з участкамі адкрытай вады. Нярэдка засяляе невялікія забалочаныя вадаёмы паблізу аўтастрад і ў межах населеных пунктаў, палі фільтрацыі.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Для тэрыторыі Беларусі не вызначана. У апошні час дастаткова стабільная. У Заходняй Эўропе мае тэндэнцыю да зніжэння [16].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Скарачэнне прыдатных месцаў пражывання ў выніку асушальнай меліярацыі і рэканструкцыі рыбагадоўчых сажалак, браканьерства, забруджванне вадаёмаў, драпежніцтва крумкачовых птушак і паўводных драпежнікаў.
Асаблівасці біялогіі. Гняздуецца пераважна адзіночнымі парамі, часам утварае пасяленні з 10-12 пар, у якіх гнёзды размяшчаюцца на адлегласці 15-20 м адно ад другога [12, 15]. Гнёзды будуе на галінках хмызняку, часам на адкрытай вадзе. Адкладка яек у канцы траўня. У кладцы звычайна 5-6 яек памерамі 37,1 x 26,3 мм. За год магчымы 2 вывадкі. Наседжванне працягваецца 20-22 сутак. Корміцца беспазваночнымі (насякомыя, малюскі, ракападобныя), радзей моладдзю рыб [10, 17].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [18]. Ахоўваецца ў гідралагічных і арніталагічных заказніках «Лебядзіны», «Снуды», «Асвейскі».
Неабходныя меры аховы. Стварэнне мікразаказнікаў у месцах пражывання віду ў зонах з высокім антрапагенным прэсам, кантроль за станам папуляцый, прапаганда аховы віду сярод паляўнічых і працаўнікоў рыбгасаў.

Літ.: 1. Степанян, 1975; 2. Бірукоў (асаб. павед.); 3. Грычык (асаб. павед.); 4. Гулеўскі (асаб. павед.); 5. Дзямянчык (асаб. павед.); 6. Клакоцкі (асаб. павед.); 7. Казулін (асаб. павед.); 8. Кузьміч (асаб. павед.); 9. Нікіфараў (асаб. павед.); 10. Парэйка (асаб. павед.); 11. Ракоўскі (асаб. павед.); 12. Харужы (асаб. павед.); 13. Шкляроў (асаб. павед.); 14. Шокала (асаб. павед.); 15. Ямінскі (асаб. павед.); 16. Птицы СССР, 1982; 17. Федюшин, Долбик, 1967; 18. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Б.Ямінскі @

Вялікі бугай (Botaurus stellaris L., 1758)
Атрад Буслападобныя (Ciconiiformes), сямейства Чаплевыя (Ardeidae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі пералётны від, колькасць якога скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны ў Беларусі прадстаўнік роду.
Кароткае апісанне. Даўжыня цела 60-70 см, маса каля 1,3 кг размах крылаў 1,25-1,35 м. Пераважае цёмна-вохрыстая афарбоўка з цёмнымі стракацінамі на пёрах, верх галавы, спіна, хвост і канцы крылаў чорныя. Ногі і дзюба жоўта-зялёныя.
Пашырэнне. Арэал вялікага бугая працягваецца ад Партугаліі да Сахаліна і Японіі і ад Карэліі і Якуціі да Паўночнай Афрыкі, Сірыі, Афганістана і Карэі. У Беларусі гнездаванне даказана для Пінскага [1], Жыткавіцкага, Лунінецкага, Лепельскага [2, 3], Гарадоцкага [4], Верхнядзвінскага, Віцебскага, Бешанковіцкага [5] раёнаў. У 1982-1987 гг. вялікі бугай зарэгістраваны на тэрыторыі яшчэ 38 раёнаў [6]. Усяго пражыванне бугая пацверджана для 13 раёнаў у Віцебскай вобласці, 8 - у Берасцейскай, 7 - у Магілеўскай, па 6 раёнаў у Гомельскай, Гарадзенскай і Менскай абласцях.
Месцы пражывання. Трыснягова-чаротавыя зараснікі па берагах рэк, азёр і на нізінных балотах [2, 3]. Ва ўрочышчы Дымаўшчына каля Віцебска і паблізу вёскі Кунтораўка Веткаўскага раёна бугаі жывуць на тарфяных кар'ерах [5, 6].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Звесткі супярэчлівыя. У пачатку 20 ст. крыкі бугаёў можна было пачуць па начах з набярэжнай р. Піны ў Пінску [1]. Некаторыя аўтары лічаць яго звычайным гняздоўным і пралётным відам ва ўсіх раёнах Беларусі, акрамя ўсходняй часткі Магілеўскай вобласці [3], часам яго не адносяць да рэдкіх відаў [7]. Другія крыніцы паказваюць яго нізкую колькасць на працягу апошніх 30 гадоў [8] і рэзкае скарачэнне колькасці не толькі ў Беларусі, але і ў суседніх краінах [9]. Па назіраннях 1982-1987 гг. бугай месцамі даволі звычайная птушка. Аб гэтым сведчаць сустрэчы з ім у ваколіцах Гомеля і Віцебска, г.п. Ветрына ў Полацкім раёне [5, 6]. У чэрвені 1982 г. каля в. Лемяшэвічы Пінскага раёна з аднаго месца можна было пачуць галасы адразу трох бугаёў. У 1984-1986 гг. у чэрвені-ліпені каля в. Клешчына Бешанковіцкага раёна акальцаваны 4 нялётныя птушаняці бугая [5]. Колькасць папуляцыі бугая ў Веткаўскім раёне паляўнічыя ацэньваюць прыкладна ў 15 асобін [6]. У 1960-1968 гг. у 10 рыбгасах і рыбагадавальніку знішчана 72 бугаі [10]. У асобных раёнах Паазер'я, цэнтральнай і паўднёва-ўсходняй частцы Палесся вялікі бугай яшчэ даволі звычайны від.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушэнне балот, знішчэнне прыбярэжных трысняговых, рагозавых, чаротавых і хмызняковых зараснікаў, адстрэл птушак, асабліва ў рыбгасах, фактар неспакою.
Асаблівасці біялогіі. Прылятае 5-26 красавіка [3]. Гняздуецца парамі. У месцах, дзе жыве некалькі пар, галасы чутны да чэрвеня, у тым ліку і днём. У кладцы 3-5, часам 7 яек. Наседжвае пераважна самка на працягу 25-26 сутак, пачынаючы з першага яйка. Адлятае ў вырай у верасні-кастрычніку. Жывіцца рыбай, земнаводнымі, воднымі насякомымі, часам вадзянымі палёўкамі і іншымі грызунамі.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г.
Неабходныя меры аховы. Стварэнне ў месцах пражывання мікразаказнікаў. Ахова птушак у рыбгасах паляўнічым заканадаўствам. Папулярызацыя аховы віду.

Літ.: 1. Шнитников, 1913; 2. Долбик, 1959; 3. Федюшин, Долбик, 1967; 4. Дорофеев, 1970; 5. Іваноўскі (асаб. павед.); 6. Самусенко,1989; 7. Долбик, Дорофеев, 1978; 8. Чырвоная кніга БССР, 1981; 9. Дорофеев, Сюборова, 1987; 10. Вадковский, 1974.

Э.Самусенка, І.Самусенка @

Малы бугай (Ixobrychus minutus L., 1766)
Атрад Буслападобныя (Ciconiiformes), сямейства Чаплевыя (Ardeidae)

Статус. II катэгорыя. У Беларусі недастаткова вывучаны рэдкі гняздоўны або пралётны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны ў Беларусі прадстаўнік роду.
Кароткае апісанне. Даўжыня цела 32-39 см, маса 130-170 г. Цела сціснута з бакоў. У дарослых самцоў афарбоўка верха галавы, спіны, махавых і рулявых пёраў чорная, шыя і грудзі вохрыстыя з бураватай падоўжнай палосай, брушка белаватае. Крыючыя пёры крыла жоўтыя, дзюба і ногі зеленаватыя. У самак спіна бураватая, дзюба жоўтая з бурым канцом.
Пашырэнне. Эўразія (у Эўропе да шыраты Санкт-Пецярбурга; Казахстан, Сярэдняя Азія, Каўказ), Афрыка (на поўдзень ад Сахары), поўдзень Аўстраліі і Новая Зеландыя. Тэрыторыя Беларусі ў межах арэала віду. У краіне пашыраны паўсюдна, але часцей трапляецца на Палессі [1]. Гнездаванне пацверджана для Пінскага, Лунінецкага, Столінскага, Жыткавіцкага раёнаў [1]. У Бярэзінскім запаведніку рэдкі гняздоўны від [2]. Бугаі здабыты ў Добрушскім раёне на р. Іпуць [1], а таксама ў пойме Сажа ў Лоеўскім раёне ў 1968 г. [3]. У 1984-1985 гг. яны гнездаваліся на Чыжоўскім вадасховішчы ў Менску [4], трапляліся таксама ў заказніку «Лебядзіны» ў Менску [5]. Адзначаны на сажалках рыбгасаў «Волма» ў Чэрвеньскім раёне і «Страдзеч» у Берасцейскім раёне [6]. Зарэгістраваны ў Белавежскай пушчы і Гарадзенскай вобласці [1]. У Гарадоцкім раёне 16 чэрвеня 1964 г. на Бурачкоўскім возеры знойдзена кладка з 8 наседжаных яек [7], на р. Іса 31 ліпеня 1982 г. трапіўся вывадак не менш чым з 4 птушак [7]. 8 чэрвеня 1982 г. адзначаны асобныя птушкі на воз. Дабея ў Шумілінскім раёне [7]. 12-16 ліпеня 1974 г. ва ўрочышчы Дымаўшчына пад Віцебскам у гняздзе знаходзілася 5 моцна наседжаных яек [8].
Месцы пражывання. Прыбярэжныя зараснікі трыснягу, рагозу, вярбы па суседству з мелкаводдзямі, зарослымі падводнай расліннасцю з вокнамі чыстай вады [1, 4]. Селіцца і паблізу населеных пунктаў і нават у межах гарадоў [1, 4, 5, 8]. Дзякуючы скрытнаму спосабу жыцця і здольнасці маскіравацца, бугай рэдка пападаецца на вочы нават тады, калі ён пасяляецца побач з жыллём чалавека, але голасам выдае сваю прысутнасць [1].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Вывучана недастаткова.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка і хімічнае знішчэнне прыбярэжных кустоў, выпальванне трыснягу, фактар неспакою.
Асаблівасці біялогіі. Прылёт у красавіку. Пары, якія гняздуюцца, трымаюцца адасоблена на значнай адлегласці адна ад другой. Гнёзды робяць на сагнутых сцёблах трыснягу, на галінках кустоў, радзей невысока на дрэвах. Кладкі з сярэдзіны траўня. У кладцы 5-9 белых яек памерамі 35,1 x 26,2 мм [1]. Кормяцца воднымі насякомымі, дробнай рыбай, земнаводнымі, часам яйкамі і птушанятамі дробных прыбярэжных птушак. Адлятаюць у вырай у верасні, але асобных птушак каля Пінска назіралі да 9 кастрычніка [1].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў запаведніках, запаведна-паляўнічай гаспадарцы «Белавежская пушча», у заказніках «Лебядзіны», «Дымаўшчына» і інш. Паляванне на малога бугая забаронена.
Неабходныя меры аховы. У месцах пражывання забарона высечкі хмызняку і выпальвання трыснягу. Узмацненне барацьбы з ворагамі бугая малога - птушкамі сямейства крумкачовых. У месцах сумеснага пражывання з іншымі рэдкімі відамі арганізацыя заказнікаў, абмежаванне на гняздоўны перыяд аматарскага рыбалоўства і іншых відаў рэкрэацыі. Папулярызацыя аховы віду.

Літ.: 1. Федюшин, Долбик, 1967; 2. Долбик, 1970; 3. Шкляроў (асаб. павед.); 4. Самусенка (асаб. павед.); 5. Ямінскі (асаб. павед.); 6. Вадкоўскі (асаб. павед.); 7. Дарафееў (асаб. павед.); 8. Іваноўскі (асаб. павед.).

Э.Самусенка @

Шылахвостка (Anas acuta L., 1758)
Атрад Гусепадобныя (Anseriformes), сямейства Качыныя (Anatidae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від. Яшчэ больш рэдкі па ўсёй тэрыторыі краіны на гнездаванні.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўнік політыпічнага роду, з якога ў фауне ўсходняй Галарктыкі 13 відаў [1]. У Беларусі, як і ў Заходняй Эўропе, гняздуецца рэдка невялікімі ізаляванымі калоніямі, таму набывае вялікае значэнне ў захаванні генафонду.
Кароткае апісанне. Качка сярэдніх памераў, даўжыня цела 63-70 см, маса да 1,3 кг. Вызначаецца доўгай шыяй і вострым, шылападобным хвастом, які добра прыкметны на значнай адлегласці. Даўжыня сярэдніх рулявых пёраў хваста каля 20 см. Самец у шлюбным убранні адметны цёмна-карычневай галавой, з бакоў выразныя падоўжныя белыя палосы. Спіна і бакі шэрыя з папярочным узорам. Люстэрка на крылах бронзава-зялёнае, бліскучае. Шыя спераду, грудзі і ніз цела белыя. Пёры на плячах падоўжаныя, з шаравата-белымі палоскамі. Ногі зеленаватыя, перапонкі чорныя. У самкі на галаве рыжыя пярэсцінкі. Люстэрка на крыле зеленавата-карычневае, без бляску. Цела зверху цёмна-бурае, знізу шараватае. Ногі зеленавата-шэрыя. Ад самкі крыжанкі самка шылахвосткі адрозніваецца меншымі памерамі, больш зграбным целам, доўгай вузкай сінявата-шэрай дзюбай і плямістым хвастом.
Пашырэнне. Як гнездавальны від птушка добра вядома на поўначы Эўропы, Азіі і Амерыкі. Паўночная мяжа яе пашырэння праходзіць вышэй, чым ва ўсіх другіх качак, і дасягае тундры. У Эўропе шылахвостка сустракаецца ад Паўночнага ледавітага акіяна да Каўказа, ёсць у краінах Прыбалтыкі, Галандыі, Бельгіі, Францыі, на большай частцы Вялікабрытаніі, Ірландыі і Ісландыі. Спарадычна і нерэгулярна птушка выўляецца на гнездаванні нават на поўдні Гішпаніі і ў Тунісе [1, 2]. У Беларусі шылахвостка гняздуецца штогод, але рэдка, часцей за ўсё адзначаецца ў час сезонных пералётаў. Месцы знаходак гнёздаў птушкі прымеркаваны да напрамку сезоннай міграцыі той часткі эўрапейскай папуляцыі, якая пралятае над тэрыторыяй Беларусі з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад. Гнездаванне даказана на балотах самай паўднёвай часткі Іванаўскага раёна (1917 г.) [3], у пойме Прыпяці каля Турава (1974, 1975 гг.) [4], штогод па некалькі гнёздаў выяўляюць каля вадаёмаў на балотах паблізу в. Навасёлкі ў Ляхавіцкім раёне [5], у 1982 г. гняздо знойдзена на воз. Езярышча, а ў 1983 г. на астравах воз. Ціёста Гарадоцкага раёна [5]. Вядомы іншыя выпадкі сустрэчы гэтай птушкі: здабыча самкі ў чэрвені 1926 г. ў Жыткавіцкім раёне [3] і ў чэрвені 1987 г. ў Веткаўскім раёне [5], адлоў некалькіх маладых шылахвостак у 1930 г. ў Аршанскім раёне і здабыча ў тым жа годзе 4 лётных маладых птушак на Свіслачы каля мястэчка Дукора ў Пухавіцкім раёне [3]. Гэтыя даныя, безумоўна, маюць цікавасць, хаця яшчэ і не з'яўляюцца доказам гнездавання шылахвостак у пазначаных месцах: маладым птушкам уласцівы вандраванні на адлегласць да 200 км і болей, прычым у напрамках, якія не абавязкова супадаюць з трасамі асенняга адлёту [5].
Месцы пражывання. Гняздуецца на рэдкалесных, часцей адкрытых лугавых учасках, тарфяных балотах, у поймах рэк. Вельмі важна наяўнасць паблізу невялікіх і неглыбокіх, парослых балотным разнатраўем вадаёмаў з адкрытымі берагамі - накшталт тундравых месцаў пражывання птушкі.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Сустракаецца ў сотні разоў радзей, чым крыжанка або чыркі [6]. Восенню групуецца з іншымі відамі качак, але заўсёды ў невялікай колькасці па некалькі пар, або невялікімі групамі. Толькі ў найбольш спрыяльных месцах збіраецца чародамі па некалькі дзесяткаў асобін. У 1961 г. за ўвесь час вясенняга пералёту на воз. Выганаўскае спыняліся прыблізна 1000 птушак [7]. Пачашчэнне выпадкаў сустрэч з птушкай, відаць, у большай меры тлумачыцца інтэнсіфікацыяй арніталагічных даследаванняў.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Спецыфіка запатрабаванняў віду да месцаў пражывання, якія чымсьці павінны быць падобны да тундравых; вузкая харчовая спецыялізацыя - у адрозненне ад крыжанкі і чыркоў шылахвостка ў большай ступені раслінаедная, корміцца на мелкаводдзі насеннем і каранямі водных раслін і рэдка насякомымі, малюскамі і ракападобнымі; надзвычайная асцярожнасць і пужлівасць птушкі і ў сувязі з гэтым высокая адчувальнасць да фактару неспакою.
Асаблівасці біялогіі. Птушка недаверлівая і дзікая, пазбягае зараснікаў трыснягу, дрэў і высокіх хмызнякоў, аддае перавагу адкрытым берагам і балотам з невысокай (да 20 см) расліннасцю, адкуль можа добра аглядаць наваколле і хутка злятаць на адкрытую ваду. Яйкі нясе ў красавіку-траўні. У кладцы 8-9 светлых жаўтавата-зеленаватых яек памерамі 53,6 x 37,1 мм. Гнёзды будуе на зямлі сярод нізкарослых кустоў, у вераску, лугавых ці балотных зарасніках каля вады, на купінах, даволі часта - на адкрытых месцах. Гняздо накшталт гнязда крыжанкі - невялікая ямка, слаба высланая раслінамі. Наседжванне на працягу 22-23 сутак. Птушаняты ныраюць горш, чым птушаняты іншых відаў качак, але растуць вельмі хутка, на крыло падымаюцца праз 6-7 тыдняў.
Развядзенне. Разам з іншымі відамі вадаплаўных разводзяць у заалагічных садах і парках многіх краін, асабліва ў сярэдняй і паўночнай Эўропе.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльна не ўводзіліся. Знаходзіцца пад аховай агульных правілаў забеспячэння спакою ва ўгоддзях у гнездавы перыяд, а таксама правілаў выкарыстання Дзяржаўнага паляўнічага фонду Рэспублікі Беларусь.
Неабходныя меры аховы. Выяўленне месцаў шматгадовага групавога гнездавання, арганізацыя ў іх заказнікаў. Ашчаднае паляванне (шылахвостка прыкметна адрозніваецца ад іншых качыных і ў палёце і на вадзе), павышэнне паляўнічай культуры, увядзенне балавай сістэмы лімітаў на качынае паляванне да канца верасня.

Літ.: 1. Степанян, 1975; 2. Определитель птиц СССР, 1964; 3. Федюшин, Долбик, 1967; 4. Клакоцкі (асаб. павед.); 5. Вязовіч, Дарафееў (асаб. павед.); 6. Вязович, 1980; 7. Падутов, 1963; 8. Вязович, 1973.

Ю.Вязовіч @

Белавокая чэрнець (Aythya nyroca Guld., 1770)
Атрад Гусепадобныя (Anseriformes), сямейства Качыныя (Anatidae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від.
Значэнне ў захаванні генафонду. У фауне Беларусі адзін з 3 гнездавальных прадстаўнікоў роду [1]. Від спецыфічны па морфаэкалагічных асаблівасцях, трымаецца ізалявана, вельмі лёгка падпадае пад шкодныя ўплывы, таму выключна важны для захавання генафонду.
Кароткае апісанне. Невялікая качка, памерамі крыху большая за чырка-свістунка, даўжыня цела 37 см, маса 500-700 г. Галава і шыя рыжавата-карычневыя. Знізу на шыі цёмнае кольца. Спіна цёмна-бурая. Шыя, грудзі (валляк) і бакі ржава-карычневыя. Брушка і ніжнія покрыўныя пёры белыя. Ногі шэрыя. Радужына вачэй белая. Самка адрозніваецца ад самца адсутнасцю цёмнага кольца на шыі, больш яркім карычневым апярэннем верху цела і паступовым пераходам у афарбоўцы ад грудзей да брушка. Радужына карычневая, у старых самак - белая.
Пашырэнне. Гняздуецца ў Азіі да азёр Зайсан і Байкал, даходзіць да Тыбета; з Паўночнага Каўказа і Прычарнамор'я - да Цэнтральнай і Паўднёвай Эўропы. Звычайная на Балканах. Рэдкая ў Польшчы, Германіі, Італіі, Гішпаніі, рэгулярна, але ў невялікай колькасці гняздуецца ў Францыі. Сустракаецца ў Паўночнай Афрыцы. Мяркуецца, што яна гняздуецца ў Бельгіі, дзе зрэдку з'яўляецца, і на Брытанскіх астравах. У Швейцарыі кожны год бывае на пралётах і зімоўцы, але не гняздуецца [1, 2]. У Эўразіі белавокая чэрнець пашырана ў стэпавай і пустыннай зонах. У Беларусі зрэдку гняздуецца пераважна ў паўднёвых раёнах. Паўночная мяжа гнездавання праходзіць на поўдзень ад Горадні, далей прыкладна па лініі Слуцак - Рэчыца [3]. Штогод па 5-10 пар гняздуецца на воз. Выганаўскае ў Івацэвіцкім раёне [4, 5] і па 3-5 пар на воз. Ляцкае (Белавежская пушча) [5]. На Берасцейшчыне вядома і больш ранняя знаходка віду на гнездаванні - у 1952 г. ў Лунінецкім раёне ў пойме Прыпяці назіралі самку з парай пухавічкоў. Штогод белавокія чэрнеці на гнездаванні адзначаюцца на воз. Чырвонае ў Жыткавіцкім, на р. Брагінка і воз. Сперыж у Брагінскім, на воз. Стаячае ў Светлагорскім раёнах, а раней вывадкі і гнёзды гэтых птушак не раз назіралі ў Хойніцкім раёне. Нешматлікія выпадкі гнездавання чэрнеці і здабычы маладых птушак адзначаны ў Гарадзенскай і на поўдні Менскай абласцей [3].
Месцы пражывання. Жыве на вадаёмах з багатай воднай расліннасцю і зараснікамі трыснягу. На буйных азёрах трымаецца толькі ў прыбярэжнай частцы, звычайна там, дзе іншыя нырцовыя качкі бываюць рэдка. Часцей пасяляецца на балотах, сажалках, невялікіх азёрах і рэчках. Гняздуецца на рыбагадоўчых сажалках. Займае як адкрытыя, так і лясныя вадаёмы. Птушка аддае перавагу адасобленаму спосабу жыцця.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У раёнах пашырэння на поўдні Беларусі доля белавокай чэрнеці ў складзе качыных меншая за 0,1%. Ніколі, нават у перыяд міграцыйнага гуртавання, не ўтварае групы большыя за 5 асобін. Звычайна сустракаецца паасобку або парамі. У сувязі з ростам плошчы рыбагадавальных сажалак, дзе дзеянне рэкрэацыйнага фактару неспакою аслаблена ці амаль адсутнічае, у перспектыве магчыма павелічэнне колькасці віду.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Вузкія межы ўстойлівасці віду да дзеяння антрапагеннага фактару неспакою і скарачэння колькасці спакойных і «ціхіх» вадаёмаў; абмежаванасць бяспечных і кормных участкаў у прыбярэжных зонах вадаёмаў, дзе забяспечана здабыча ў асноўным расліннага корму з глыбіні 1-3 м.
Асаблівасці біялогіі. Добра замаскіраваныя гнёзды размяшчае ў густой прыбярэжнай асацэ, на астраўках і сплавінах сярод зараснікаў трыснягу і чароту, блізка ад вады. Кладкі яек выяўляюцца ў першай палове траўня. У іх 6-12, часцей 8-10, бледных буравата-белых яек памерамі 52 x 38 мм [6]. Наседжванне 26-28 сутак.
Развядзенне. У стэпавай і пустыннай зонах паўднёва-заходняй і паўднёвай Палеарктыкі, дзе пашырана белавокая чэрнець, яна ахвотна займае штучныя гняздоўі. У Белавежскай пушчы, дзе жыве ўсяго некалькі пар, адна з іх загнездавалася ў трысняговым будане ў першы ж год іх устаноўкі на воз. Ляцкае [5], што паказвае на магчымасць прываблівання і развядзення белавокіх чэрнецяў у прыродных умовах Беларусі.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы і на агульных падставах з іншымі вадаплаўнымі птушкамі ў гнездавы перыяд.
Неабходныя меры аховы. Інфармацыя паляўнічых і насельніцтва аб рэдкіх відах вадаплаўных птушак, забарона іх адстрэлу да канца верасня, павелічэнне колькасці вадаёмаў з запаведным рэжымам аховы.

Літ.: 1. Степанян, 1975; 2. Определитель птиц СССР, 1964; 3. Федюшин, Долбик, 1967; 4. Падутов, 1963; 5. Вязовіч (асаб. павед.); 6. Вязович, 1973.

Ю.Вязовіч @

Вялікі крахаль (Merqus merganser L., 1758)
Атрад Гусепадобныя (Anseriformes), сямейства Качыныя (Anatidae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від, адзінкавыя выпадкі гнездавання вядомы для Віцебскай вобласці. Нешматлікі на пралётах, трапляецца зімой.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўнік роду, з якога ў Беларусі 3 гнездавальныя віды. Мае 3 падвіды [1]. Па морфаэкалагічных асаблівасцях - высокаспецыялізаваны, важны ў захаванні генафонду.
Кароткае апісанне. Буйная качка, большая за крыжанку, даўжыня цела 60-70 см, маса да 2 кг. Шыя і дзюба доўгія. Характэрная афарбоўка апярэння дазваляе лёгка распазнаць птушку. У самца галава і верхняя частка шыі чорныя, з металічным зеленаватым бляскам. Астатняя яе частка, бакі і ніз цела белыя. Пярэдняя частка спіны чорная, сярэдзіна і надхвосце цёмна-попельна-шэрыя. У самкі бакі, галава і шыя рыжавата-бурыя, пёры на баках з светлай аблямоўкай. Спіна попельна-шэрая з чарнаватымі стракацінамі. Брушка белае.
Пашырэнне. На большай частцы арэала нешматлікая пералётная птушка. Гнездавая вобласць ахоплівае пераважна лясную зону Эўропы, Азіі і Паўночнай Амерыкі, а таксама горныя мясцовасці Сярэдняй Азіі, Гімалаяў і Тыбета. Асноўныя зімоўкі паблізу атлантычнага і ціхаакіянскага ўзбярэжжаў Эўропы, Азіі і Паўночнай Амерыкі, у раёнах Міжземнамор'я і Чорнага мора, на поўдні Каспійскага мора і ў шэрагу іншых паўднёвых раёнаў Азіі [1, 2]. У Беларусі пашырэнне патрабуе ўдакладнення. Паўднёвая мяжа гнездавання праходзіць на шыраце воз. Нарач. На поўнач ад яе ў гнездавы перыяд дарослых птушак сустракалі: у 1963 г. на воз. Коша, у 1969 г. на воз. Чарнова ў Гарадоцкім раёне [3], у 1984 г. на Заходняй Дзвіне, ніжэй пасёлка Руба ў Віцебскім раёне [4]. Гнездаванне даказана для воз. Івін на поўнач ад Віцебска, дзе ў 1925 г. здабыты самка крахаля з 3 птушанятамі [5, 6]. У 1984 г. вывадак вялікага крахаля двойчы адзначаны на звязаных паміж сабою азёрах Снуды і Струста ў Браслаўскім раёне [3]. На пралётах від сустракаецца ва ўсіх абласцях краіны, затрымліваецца да снежня. На зімоўцы адзначана ва ўсіх абласцях, акрамя Магілеўскай [4].
Месцы пражывання. Для гнездавання вялікі крахаль выбірае мясціны з хуткаплыннымі рэкамі і чыстымі, глыбокімі і багатымі рыбай азёрамі, чым, уласна, і тлумачыцца яго абмежаванае пашырэнне ў Беларусі (іх тут няшмат). Гнёзды будуе часцей за ўсё ў дуплах дрэў паблізу вадаёмаў на вышыні ад 1 да 18 м. Там, дзе гэтыя птушкі не рэдкасць, яны ахвотна засяляюць штучныя гняздоўі [5].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Найбольш нізкая сярод усіх вядомых гнездавальных відаў качыных. Адзіныя спарадычныя знаходкі не дазваляюць упэўнена абмяркоўваць тэндэнцыі яе змянення.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Спецыфічнасць (рэдкасць) натуральных угоддзяў, прыдатных для гнездавання; знікненне паблізу вадаёмаў дуплістых дрэў.
Асаблівасці біялогіі. Гняздуецца з сярэдзіны траўня. У поўнай кладцы 8-15 белых ці белаватых яек памерамі 55-74 x 37-50 мм [7]. Наседжванне на працягу 32 сутак. Птушаняты растуць павольна і толькі ва ўзросце 60-70 дзён набываюць здольнасць лётаць. Корм выключна жывёльны, аснову якога складае разнастайная рыба, часам даўжынёй да 18 см.
Развядзенне. У сувязі з тым, што ў раёнах масавага пашырэння крахалі ахвотна займаюць штучныя гняздоўі, ёсць патэнцыяльная магчымасць разводзіць птушку ў прыродных умовах Беларускага Паазер'я і выбарачна ў некаторых іншых месцах.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [5].
Неабходныя меры аховы. Арганізацыя сезонных заказнікаў з асобным рэжымам аховы ў месцах гнездавання птушак з красавіка да верасня; прапаганда аховы віду; выяўленне патэнцыяльных месцаў гнездавання, ахова ў іх старых дуплістых дрэў і развешванне штучных гняздоўяў; увядзенне рэжыму рэгламентаванага палявання на вадаплаўных птушак.

Літ.: 1. Степанян, 1975; 2. Определитель птиц СССР, 1964; 3. Дарафееў (асаб. павед.); 4. Вязовіч (асаб. павед.); 5. Чырвоная кніга БССР, 1981; 6. Федюшин, Долбик, 1967.

Ю.Вязовіч @

Чырвоны каршун (Milvus milvus L., 1758)
Атрад Сокалападобныя (Falconiformes), сямейства Ястрабіныя (Accipitridae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР. У Беларусі праходзіць усходняя мяжа арэала віду, якая ў апошні час перамяшчаецца ў заходнім напрамку [1, 2].
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўнік політыпічнага роду, які ў фауне Беларусі прадстаўлены 2 відамі.
Кароткае апісанне. Даўжыня цела 59-66 см, маса 1-1,3 кг, размах крылаў 1,75-1,95 м. Апярэнне чырванавата-рыжае. Выразка на хвасце больш глыбокая, чым у чорнага каршуна.
Пашырэнне. Па тэрыторыі Беларусі праходзіць усходняя мяжа арэала віду. У Беларусі ўпершыню адзначаны ў 1916 г. каля Слоніма [3]. У 1917 г. зарэгістраваны на гняздоўі ў Петрыкаўскім раёне і там жа ў 1928 г. выяўлены два пухавічкі. З 1947 г. гнёзды рэгістраваліся ў Белавежскай пушчы, дзе колькасць чырвонага каршуна была вышэй чым чорнага [3], аднак у 1956-1959 гг. там кожны год выяўлялася па аднаму гнязду [4]. З 1923 па 1958 гг. яго рэгістравалі, у тым ліку і здабывалі ў вярхоўях Пцічы, у Лагойскім раёне, а таксама ў Берасцейскай і Гарадзенскай абласцях на захад ад 29° усходняй даўгаты. За апошняе дзесяцігоддзе ўсходняя мяжа арэала віду перамясцілася на захад больш чым на 250 км, хаця ў 1985 г. каршуна назіралі ў Слуцкім раёне, недалёка ад былой мяжы яго арэала. Паведамляецца таксама аб яго пражыванні ў Палескім запаведніку (Украіна) непасрэдна каля мяжы з Беларуссю [1].
Месцы пражывання. Лісцевыя, мяшаныя і высакастволыя сасновыя лясы, якія перамяжоўваюцца з лугамі і палянамі. Да антрапагеннага ландшафту адаптуецца блага [1, 5].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У Белавежскай пушчы ў канцы 40-х - пачатку 50-х гадоў 20 стагоддзя кожны год жылі 2-4 пары [5], у канцы 50-х гадоў - 1 пара [4]. Цяпер на тэрыторыі краіны гняздуецца некалькі пар.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Пашырэнне антрапагенных ландшафтаў, змяненне прывычных гнездавых і кармавых біятопаў. Адзначаны выпадак знішчэння чырвонага каршуна ястрабам-цецяроўнікам [3], канкурэнцыя з чорным каршуном [6].
Асаблівасці біялогіі. Манагам з устойлівым гнездавым кансерватызмам, які пераважна гняздуецца на вышыні 10-30 м [1, 3, 5]. Прылятае ў канцы лютага - пачатку красавіка [3]. Размнажэнне пачынаецца на трэцім годзе жыцця [1]. Кладка з 1-4 яек наседжваецца 28-32 сутак [1-3]. У Беларусі адзначаны вывадкі з 2-3 птушанят. Корміцца пераважна грызунамі памерам да андатры, птушкамі (у асноўным вераб'інымі і маладняком цецеруковых), паўзунамі, земнаводнымі, мёртвай рыбай, іншай мярцвячынай [3, 5, 6]. Беларуская папуляцыя каршуна зімуе ў Заходняй [3], магчыма, таксама ў Цэнтральнай і Паўднёвай Эўропе [1].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Здабыча каршуна ў Беларусі забаронена з 1978 г. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы. Занесены ў Дадатак 2 «Канвенцыі аб міжнародным гандлі відамі дзікай фауны і флоры, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення».
Неабходныя меры аховы. Выяўленне новых месцаў пражывання, эфектыўная ахова месцаў пражывання і гнёздаў, асабліва з сакавіка па верасень. Прывабліванне птушак на гнездаванне ў Белавежскую пушчу, паляўнічыя гаспадаркі Берасцейскай і Гарадзенскай абласцей стварэннем штучных гняздоўяў.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Самусенко, 1979; 3. Федюшин, Долбик, 1967; 4. Голодушко, 1961; 5. Долбик, Дорофеев, 1978; 6. Галушин, 1980.

Э.Самусенка @

Шулёнак, або шулячок (Falco vespertinus L., 1766)
Атрад Сокалападобныя (Falconiformes), сямейства Сакаліныя (Falconidae)

Статус. II катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які захоўвае свой статус на працягу доўгага перыяду [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з прадстаўнікоў даволі шматлікага і пашыранага сямейства ў фауне ўсходняй Галарктыкі.
Кароткае апісанне. Адзін з найбольш малых сокалаў. Маса 130-200 г, даўжыня цела 28-32 см, размах крылаў 0,69-0,77 м. Афарбоўка самца аспідна-шэрая, толькі «штаны» рыжыя. У самкі спіна шызая з цёмнымі папярочнымі палосамі, брушны бок і галава рыжыя.
Пашырэнне. Лясная і лесастэпавая зоны Эўразіі. У Беларусі пастаянна адзначаецца на поўдні, дзе і гняздуецца [2-5] або рэгулярна трапляецца ў гнездавы час [2, 6-9]. У цэнтральнай і паўночнай частках краіны сустрэчы з шулёнкам рэдкія [10, 11], а знаходкі на гнездаванні адзінкавыя: у 1959 г. гняздо знойдзена ў Дубровенскім раёне [12], у 1974 г. ў Вілейскім раёне сустрэты вывадак з 2 маладых птушак, якіх самка яшчэ падкормлівала [7].
Месцы пражывання. Адкрытыя прасторы з невялікімі ўчасткамі дрэўнай расліннасці, лугі з курцінамі рэдкалесся і асобнымі дрэвамі, пералескі, гаі, лесаахоўныя палосы сярод палёў, уздоўж дарог, зрэджаныя лясныя ўзлескі, ускраіны высечак. Аддае перавагу сельскагаспадарчаму ландшафту, асабліва ў паўночнай частцы краіны.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Вельмі нізкая, нават у паўднёвых раёнах краіны. Даных, якія б сведчылі аб яе зніжэнні, няма.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Інтэнсіўная тэхналогія апрацоўкі зямель (хімізацыя, монакультуры і інш.), фактар блізкасці месцаў пражывання да мяжы арэала віду.
Асаблівасці біялогіі. Мае цягу да каланіяльнага тыпу гнездавання, хаця ва ўмовах Беларусі часцей гняздуецца адзіночнымі парамі, радзей 2-3 пары размяшчаюцца па суседству. Гнёзды будуе на дрэвах, займае старыя гнёзды гракоў, шэрых варон, сарок, часам гняздуецца ў вялікіх дуплах, старых калодах для пчол [3]. У кладцы звычайна 3-4 яйкі памерамі 39,8 x 30,7 мм. Наседжванне ў апошняй дэкадзе чэрвеня. Інкубацыя працягваецца 22-23 сутак. Пералётная птушка. На тэрыторыі краіны трапляецца ў час сезонных міграцый, а таксама ў час рэдкіх інвазій [10]. Пераважна энтамафаг. У рацыёне пераважаюць стракозы, жукі, прамакрылыя, зрэдку яшчаркі, мышападобныя грызуны, птушкі [7, 11, 12].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [13]. Здабыча віду ў Беларусі забаронена [14].
Неабходныя меры аховы. Вызначэнне колькасці віду ў паўднёвых раёнах краіны. Утварэнне заказнікаў для комплекснай аховы лесастэпавай фауны ў месцах найбольшай канцэнтрацыі шулёнка (напрыклад, у Мазырскім раёне). Прывабліванне птушак з дапамогай штучных гняздоўяў.

Літ.: 1. Федюшин, Долбик, 1967; 2. Казулін (асаб. павед.); 3. Нягрэй (асаб. павед.); 4. Нікіфараў (асаб. павед.); 5. Чуяшкоў (асаб. павед.); 6. Дзямянчык (асаб. павед.); 7. Шкляроў (асаб. павед.); 8. Шокала (асаб. павед.); 9. Ямінскі (асаб. павед.); 10. Іваноўскі (асаб. павед.); 11. Нікіфараў, Ямінскі (асаб. павед.); 12. Долбик, Дорофеев, 1979; 13. Чырвоная кніга БССР, 1981; 14. Положение, 1987.

Б.Ямінскі @

Звычайная пустальга (Falco tinnunculus L., 1758)
Атрад Сокалападобныя (Falconiformes), сямейства Сакаліныя (Falconidae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з прадстаўнікоў даволі шматлікага і пашыранага сямейства ў фауне ўсходняй Галарктыкі.
Кароткае апісанне. Дробны сокал, даўжыня цела 33-38 см, маса 180-240 г, размах крылаў 0,69-0,82 м. Самкі большыя за самцоў. У самцоў верх галавы і надхвосця светла-шызыя, рулявыя пёры шызыя, з белымі кончыкамі і чорнай папярочнай палоскай, спіна рыжая з чорнымі плямамі. У самак рулявыя пёры рыжаватыя, з папярочнымі бурымі палосамі. Спіна рыжая з чорнымі папярочнымі палосамі.
Пашырэнне. Эўразія, Паўночная Афрыка. У Беларусі пустальга пашырана паўсюдна, але ў гнездавы перыяд вельмі спарадычна. У апошнія гады яна больш рэгулярна трапляецца ў паўночных і цэнтральных раёнах краіны [1-8], рэгулярна і раўнамерна адзначаецца ў паўднёва-заходняй часцы [9-15], радзей ва ўсходніх раёнах [8].
Месцы пражывання. Адкрытыя прасторы, у тым ліку сельгасугоддзі, узлескі, астраўныя лясы, участкі драбналесся, зарослыя яры, ускраіны населеных пунктаў, полеахоўныя палосы, могілкі, гаі, якія гранічаць або размешчаны сярод вялізных лясоў, палёў, выганаў.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Невысокая. У ваколіцах Менска ў радыусе не больш за 5 км у 1983-1986 гг. гнездавалася 8-10 пар [6, 8]. У некаторых месцах (лакальна) колькасць можа быць высокай. У арніталагічным заказніку «Дымаўшчына» (Віцебскі раён) на плошчы каля 300 га ў 1985-1987 гг. гнездавалася 6-7 пар [3, 4]. У Дзяржынскім раёне на ўчастку лесу плошчай 50 га у наваколлі в. Слабада ў 1982-1986 гг. гнездавалася ад 8 да 12 пар [8]. У 1960-я гады колькасць пустальгі мела тэндэнцыю да зніжэння, цяпер, відаць, некалькі стабілізавалася.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Знішчэнне астраўных участкаў лесу і рэдкалесся пры меліярацыі тэрыторый, прымяненне мінеральных угнаенняў і пестыцыдаў, і магчыма, негатыўнае ўздзеянне крумкачовых птушак, асабліва ў культурных ландшафтах.
Асаблівасці біялогіі. Гняздуецца ў асноўным парамі, вядомы выпадак блізкага суседства 2-3 пар і нават каланіяльныя пасяленні (да 10-12 пар). Гнёзды будуе на дрэвах. Часам засяляе старыя гнёзды шэрай вароны, а таксама сарокі, грака, крумкача. Вядома гнездаванне ў вентыляцыйным акне высотнага будынка [16]. Кладкі паяўляюцца ў першай-другой дэкадах траўня. У кладцы 4-6, зрэдку 3 або 7 яек памерамі 39,3 x 30,7 мм. Наседжванне доўжыцца 27-30 сутак. Птушаняты знаходзяцца ў гняздзе каля месяца, вылятаюць у канцы чэрвеня - першай палове ліпеня. Адзінкавыя птушкі зімуюць у Беларусі [6, 12, 16]. Кормяцца пераважна мышападобнымі грызунамі, сярод якіх дамінуе звычайная палёўка [6, 17].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Здабыча пустальгі ў Беларусі забаронена [8]. Занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [19]. Ахоўваецца ў арніталагічным заказніку «Дымаўшчына».
Неабходныя меры аховы. Арганізацыя заказніка на месцы каланіяльнага пасялення пустальгі (Дзяржынскі раён). Прывабліванне птушак з дапамогай штучных гняздоўяў. Фармаванне шляхам інтрадукцыі і прываблівання ўрбанізаванай папуляцыі ў наваколлі Менска.

Літ.: 1. Грычык (асаб. павед.); 2. Дарафееў (асаб. павед.); 3. Іваноўскі (асаб. павед.); 4. Казлоў (асаб. павед.); 5. Кузьменка (асаб. павед.); 6. Цішачкін (асаб. павед.); 7. Шкляроў (асаб. павед.); 8. Ямінскі (асаб. павед.); 9. Лычкоўскі (асаб. павед.); 10. Бышнёў (асаб. павед.); 11. Дзямянчык (асаб. павед.); 12. Нікіфараў (асаб. павед.); 13. Рыкоўскі (асаб. павед.); 14. Федзюкоў (асаб. павед.); 15. Тасмінскі (асаб. павед.); 16. Шокала (асаб. павед.); 17. Долбик, Дорофеев, 1979; 18. Положение, 1978; 19. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Б.Ямінскі @

Шэры журавель (Grus grus L., 1758)
Атрад Жураўлепадобныя (Gruiformes), сямейства Жураўліныя (Gruidae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі гнездавальны і нешматлікі пралётны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны ў Беларусі від з роду жураўлі.
Кароткае апісанне. Буйная птушка. Знешне напамінае белага бусла. Даўжыня цела да 120 см, маса цела да 7 кг, размах крылаў 220-245 см. Апярэнне шэрае, шыя ззаду і з бакоў белая, задняя частка цемені і патыліца голыя, чырвоныя, дзюба зеленавата-шэрая, ногі чорныя.
Пашырэнне. Эўразія. Гнездавы арэал займае большую частку лесатундравай, лясной і лесастэпавай зон Эўразіі і далёка выходзіць у стэпы і паўпустыні на сваёй паўднёвай мяжы ў Казахстане. Уся тэрыторыя Беларусі знаходзіцца ў межах арэала віду, вядомы на гнездаванні ў розных раёнах краіны [1].
Месцы пражывання. Вярховыя і нізінныя балоты, поймы рэк, вельмі рэдка сельскагаспадарчыя ўгоддзі. На вярховых балотах жыве 59,6% птушак, на нізінных - 31,1, у сельскагаспадарчых угоддзях - толькі 1,1% [2].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Нізкая, у 1958-1960 гг. у Лепельскім і Лагойскім раёнах адна гнездавальная пара прыходзілася на 900 га вярховых і 1500 га нізінных балот [3]. З пачатку 20 стагоддзя колькасць іх паступова зніжалася на Палессі і на тэрыторыі Гарадзенскай вобласці, дзе ў 50-я гады шэры журавель быў яшчэ звычайнай птушкай [1]. Зніжэнне колькасці адзначана ў Белавежскай пушчы, дзе ў 1960 г. гнездавалася 20, у 1969 г. не болей за 2-3 пары [4]. Вясной 1982 г. на тэрыторыі Беларусі зарэгістравана 399 пар жураўлёў, у т.л. ў Белавежскай пушчы 3, у Прыпяцкім запаведніку 12. На 1000 га балот у Беларусі прыходзіцца ў сярэднім 2,4 пары жураўлёў. Найменьшая колькасць жураўлёў у Гарадзенскай (0,3 пары), найбольшая - на балотах Гомельскай (5,8 пары) абласцей. Колькасць працягвае зніжацца [2].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Меліярацыя балот і неспакой ва ўгоддзях. Другараднымі адмоўнымі фактарамі з'яўляюцца выпас жывёлы, часам браканьерства, а таксама знішчэнне птушак чацвераногімі драпежнікамі. З драпежных птушак ворагам жураўля з'яўляецца беркут, у рацыёне якога жураўлі складаюць нязначную частку [5].
Асаблівасці біялогіі. Прылятае ў Беларусь часцей за ўсё ў сярэдзіне красавіка [самы ранні прылёт адзначаны 21 сакавіка [6], самы позні 27 красавіка]. У сярэдзіне красавіка адбываюцца шлюбныя гульні (жураўліныя танцы) і птушкі займаюць гнездавыя ўчасткі. У гэты час аб наяўнасці птушак у пэўнай мясцовасці можна меркаваць па далёка чутных трубных крыках жураўлёў. Гнёзды будуе на махавых купінах, на ўзвышэннях сярод трысняговых зараснікаў, на багнах [1], часам паблізу ад гнёздаў іншых буйных птушак, напрыклад змеяеда [7] і выкарыстоўвае па некалькі гадоў запар. Гнёзды - пляцоўкі дыяметрам 70-100 см, складзеныя з сухіх галінак сасны, бярозы, вольхі, вярбы, багуну, асакі, трыснягу, падвею. Вышыня гнязда 9-50 см, дыяметр латака каля 70 см. У кладцы 2-3 яйкі. У канцы ліпеня маладыя жураўлі ўжо лётаюць. У другой палове жніўня жураўлі мясцовай папуляцыі збіраюцца ў чароды ў пастаянных месцах адпачынку і кармлення. Да іх далучаюцца птушкі, якія гнездаваліся на сумежных тэрыторыях. Найбольшая канцэнтрацыя птушак (ад 40 да 100) у гэты час адзначана на балотах Васілевіцкага, Лунінецкага, Нараўлянскага і Чачэрскага раёнаў. У жніўні-верасні перададлётныя скопішчы птушак [500-700] адзначаны ў 1966, 1971, 1974 гг. на балоце Ельня і ў канцы 1974 г. ў наваколлях воз. Асвейскае ў Верхнядзвінскім раёне [8].
Развядзенне. Утрымліваецца ў заапарку Горадні.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [9]. Здабыча віду ў Беларусі забаронена [10].
Неабходныя меры аховы. Арганізацыя пастаянных і часовых заказнікаў у месцах лакалізацыі жураўлёў на гнездаванне, выключэнне лесагаспадарчых работ у гнездавы перыяд, зніжэнне неспакою ва ўгоддзях, прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Федюшин, Долбик, 1967; 2. Долбик, 1985; 3. Дучиц, 1961; 4. Дацкевич, 1972; 5. Ивановский, 1987; 6. Долбик, 1974; 7. Іваноўскі (асаб. павед.); 8. Дорофеев, 1985; 9. Чырвоная кніга БССР, 1981; 10. Положение, 1987.

М.Долбік, А.Казулін @

Вялікі кулон (Numenius arquata L., 1758)
Атрад Сеўцападобныя (Charadriiformes), сямейства Бакасавыя (Scolopacidae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі гнездавальны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўнік політыпічнага роду. Адзін з двух відаў роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Найбольш буйны з кулікоў (даўжыня каля 60 см, маса 575-950 г) з доўгімі нагамі і доўгай загнутай уніз дзюбай. Афарбоўка апярэння буравата-шэрая з чорнымі падоўжнымі стракацінамі, надхвосце белае. Палёт плаўны з рэдкімі ўзмахамі крылаў.
Пашырэнне. Амаль ўся Эўропа (акрамя арктычнай зоны), Сібір, Паўночны Казахстан, Манголія і Паўночна-Ўсходні Кітай. Тэрыторыя Беларусі ў межах арэала віду. Найбольш буйныя ачагі гнездавання птушак вядомы ў Паазер'і і на Нарачанскіх азёрах. На астатняй тэрыторыі трапляецца значна радзей. Вядомы пасяленні птушак у Бярэзінскім запаведніку, у Наваградскім, Пухавіцкім, а таксама ў Столінскім, Берасцейскім, Жыткавіцкім і некаторых іншых раёнах Палесся.
Месцы пражывання. Вялікія адкрытыя або з рэдкай дрэвава-хмызняковай расліннасцю прасторы, пераважна вярховыя балоты, поймы азёр і рэк. Радзей гняздуецца на сухіх травяністых астравах буйных азёр [1], а таксама на лугах і ў аграцэнозах, размешчаных побач з мокрымі поймамі [2].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У Паазер'і, дзе вядома не менш 14 пасяленняў птушак, іх агульная колькасць 280-300 пар [1]. У Бярэзінскім запаведніку гняздуецца прыкладна 15-20 пар [3]. На буйных балотах Палесся трапляецца ад 3-7 да 15-20 пар [4, 5]. У апошні час колькасць птушак працягвае зніжацца.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Скарачэнне і змяненне месцаў пражывання ў выніку меліярацыі. Павелічэнне фактару неспакою. Адзначаны выпадкі разбурэння гнёздаў пры рабоце сельскагаспадарчай тэхнікі ў месцах гнездавання [2].
Асаблівасці біялогіі. Прылятае ў канцы сакавіка - першай палове красавіка. Гняздзіцца невялікімі разгрупаванымі калоніямі. Манагам. Гняздо на купінах ў моху або сярод травы. Кладка з 4 яек памерамі 67,7 x 46,7 мм у канцы красавіка - першай палове траўня. Наседжванне 28-30 сутак. Птушкі вельмі палахлівыя і пакідаюць гняздо пры набліжэнні да яго на 200-250 метраў. У раёне гнязда актыўна атакуюць драпежных і крумкачовых птушак. У жніўні вандруюць і паступова адлятаюць. Кормяцца малюскамі, чарвямі, насякомымі і іх лічынкамі, дробнымі жабамі.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [6]. Здабыча птушак і разбурэнне гнёздаў у Беларусі забаронены [7]. Месцы гнездавання ахоўваюцца ў гідралагічных заказніках на буйных балотах поўначы краіны.
Неабходныя меры аховы. Інвентарызацыя вядомых і выяўленне новых пасяленняў птушак. Стварэнне заказнікаў у месцах размяшчэння найбольш буйных калоній. Зніжэнне фактару неспакою ў перыяд размнажэння птушак.

Літ.: 1. Охраняемые растения и животные, 1982; 2. Нікіфараў, Грычык (асаб. павед.); 3. Цішачкін, Бышнёў (асаб. павед.); 4. Клакоцкі (асаб. павед.); 5. Казулін (асаб. павед.); 6. Чырвоная кніга БССР, 1981; 7. Положение, 1987.

М.Нікіфараў @

Малая чайка (Larus minutus Pall., 1776)
Атрад Сеўцападобныя (Charadriiformes), сямейства Чайкавыя (Laridae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від, які гняздуецца каланіяльна і схільны да міграцый. Арэал раз'яднаны.
Значэнне ў захаванні генафонду. Монатыпічны від. Паходжаннем блізкая да чайкі ружовай [1].
Кароткае апісанне. Самая дробная чайка ў сусветнай фауне - памерамі меншая за галку, даўжыня цела 28-30 см, маса да 150 г. Крылы і спіна бледна-шызыя, падыспод крылаў цёмны або чарнавата-шэры. Галава вугальна-чорная, чорная пляма ахоплівае цемя, патыліцу, верхнюю частку шыі. Дзюба цёмна-чырвоная. Лапы і краі павек чырвоныя. Зімой галава белая з плямай каля вачэй, а дзюба чорная. Крылы параўнальна кароткія, закругленыя. Маладыя птушкі шаравата-бурыя зверху, белыя знізу. Крылы ў іх з чорнымі канцамі і дыяганальнай чорнай палосай, на канцы хваста вузкая чорная палоска. У адрозненне ад іншых відаў чаек ляціць лёгка, пырхаючы.
Пашырэнне. Ад астравоў Вялікабрытаніі на захадзе і амаль да Ахоцкага мора на ўсходзе, але надзвычай нераўнамерна. Асноўны гнездавальны арэал віду ў Палеарктыцы: Паўночны Казахстан, Заходняя Сібір, Прыбайкалле, басейн верхняй і сярэдняй Лены, на ўсход - амаль да ўзбярэжжа Ахоцкага мора [1]. У Эўропе птушка трапляецца больш рэдка. У Беларусі пашырана па ўсёй тэрыторыі, але засяляе яе таксама нераўнамерна, з вялікімі разрывамі: гнездаванне даказана на тэрыторыі рыбгаса «Лахва» (1953 г.) і ў вусці Цны (1978 г.) у Лунінецкім раёне [2], у 1967 г. на воз. Езярышча ў Гарадоцкім раёне [3], у 1970 і 1976 гг. у пойме Прыпяці каля Турава ў Жыткавіцкім раёне [4], у 1978 г. на Вілейскім вадасховішчы ў Вілейскім раёне і на воз. Асвейскае [5], у 1980 г. на воз. Арэхаўскае ў Маларыцкім раёне, у 1982 г. сустракалася ў пойме Прыпяці ад яе вытокаў да вусця, на Бярэзіне каля в. Горваль Светлагорскага раёна [6], адзначана ў гнездавы перыяд на біялагічных сажалках ачышчальных збудаванняў Пінска [7], у 1984 г. на тэрыторыі заказніка «Лебядзіны» ў Менску [8], а таксама ў іншых месцах усіх абласцей краіны [9].
Месцы пражывання. Густая берагавая і плаўневага тыпу расліннасць на прыродных (азёры) і штучных (рыбагадоўчыя сажалкі, вадасховішчы, вадаёмы ачышчальных збудаванняў) вадаёмах, старыцах, балотах з адкрытай вадой, прыбярэжныя забалочаныя лугі. Найбольшая колькасць гняздоўяў размяшчаецца на поймавых азёрах, у далінах рэк і на балотах.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Агульная колькасць у Беларусі прыкладна 2500 пар. Асноўныя гняздоўі знаходзяцца ў паўночнай (Віцебская вобласць - 1655 пар) і паўднёвай (Берасцейская вобласць - 345, Гомельская вобласць - 420 пар) частках, мала іх у Гарадзенскай, Магілеўскай і Менскай абласцях. На поўначы краіны калоніі фармуюцца пераважна на азёрах, на поўдні - у забалочаных поймах рэк і на балотах [9].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Інтэнсіўны выпас жывёлы ў поймах рэк, наведванне ёю водмеляў і грыў, якое прыводзіць да гібелі 22-46% кладак; разбурэнне гнёздаў рыбакамі на вадаёмах [9]; гібель кладак ад балотных мышаловаў і варон; адмоўнае ўздзеянне фактару неспакою.
Асаблівасці біялогіі. Час прылёту не вызначаны. На р. Свіслач у Менску назіралі 23 красавіка 1985 г. Гняздуецца асобна або ў калоніях звычайных чаек і крачак. Гнёзды сярод асакі ці на цвёрдым субстраце, прыўзнятыя над паверхняй зямлі, пабудаваныя з сухога трыснягу, асакі і іншых балотных раслін. Дыяметр гнязда 18-20, глыбіня латака 8-9 см. У кладцы 2-3 яйкі памерамі 42,2 x 30 мм аліўкава-зеленаватага колеру з цёмнымі і цёмна-карычневымі пярэсцінкамі. Наседжаныя кладкі ў сярэдзіне - другой палове чэрвеня [10]. Корміцца насякомымі (99,8%), пераважна двухкрылымі і цвердакрылымі, шыцікамі, вяснянкамі, паўцвердакрылымі, стракозамі, прастакрылымі, вельмі рэдка малюскамі [9].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Прадугледжана спагнанне штрафу за незаконную здабычу птушкі, за разбурэнне гнязда, выманне кладкі і яйка.
Неабходныя меры аховы. Забарона выпасу жывёлы з 15 красавіка да 30 ліпеня ў поймах рэк бліжэй, чым за 200 м ад калоніі. Забарона на азёрах з 1 красавіка да 30 ліпеня ўсіх форм дзейнасці людзей бліжэй, чым за 70 м ад сплавін з гнёздамі птушак.

Літ.: 1. Птицы СССР. Чайковые, 1988; 2. Долбик, 1959; 3. Дорофеев, 1970; 4. Клакоцкі (асаб. павед.); 5. Навумчык (асаб. павед.); 6. Казулін (асаб. павед.); 7. Шокала (асаб. павед.); 8. Ямінскі (асаб. павед.); 9. Наумчик, 1985; 10. Федюшин, Долбик, 1967.

М.Долбік, Ю.Вязовіч @

Малая крачка (Sterna albifrons Pall., 1774)
Атрад Сеўцападобныя (Charadriiformes), сямейства Чайкавыя (Laridae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від. У асобных месцах на поўдні Беларусі па Дняпры і Прыпяці адносна звычайная птушка.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўнік політыпічнага роду крачак, з якога ў фауне ўсходняй Галарктыкі 5 відаў і 7 падвідаў (крачка малая мае 2 падвіды).
Кароткае апісанне. Самая дробная з крачак, памерамі не большая за шпака, даўжыня цела каля 22 см, маса 40-50 г. Па афарбоўцы і абрысах цела падобная да крачкі рачной, але выглядае больш даўгадзюбай. Лоб белы, патыліца чорная, дзюба жоўта-аранжавая, канец яе чорны. Верх цела светла-шэры, хвост і цела знізу белыя, лапы жоўтыя. Колер дзюбы, дробныя памеры, хуткі, лёгкі палёт адрозніваюць птушку ад усіх іншых крачак. Маладым птушкам уласцівы шараватая «шапачка», стракатая спіна, бурая дзюба.
Пашырэнне. Ёсць амаль ва ўсіх частках свету, за выключэннем Паўднёвай Амерыкі. Ва ўсходняй Галарктыцы сустракаецца ад сярэдняй паласы Эўропы і Паўднёва-Заходняй Сібіры да Барнаула, Зайсана. У Беларусі да нядаўняга часу паўночная мяжа гнездавання крачкі малой праходзіла па шыраце воз. Нарач у Мядзельскім раёне, на поўдзень ад яе адзначалася спарадычна, асабліва на Дняпры і Прыпяці [1]. Цяпер паўночная мяжа праходзіць па шыраце Браслаўскіх азёр, дзе выяўлена калонія з 15 пар [2]. Спецыяльныя даследаванні чайкавых птушак Беларусі [3], заалагічныя экспедыцыі Інстытута заалогіі АН Беларусі ў 1982 і 1987 гг. пацвердзілі найбольшую заселенасць крачкай малой Дняпра і Прыпяці ў межах Гомельскай вобласці, а таксама іх прытокаў і вадаёмаў, у т.л. штучных, асабліва на поўдні Беларусі. Па Прыпяці гнездавыя калоніі птушкі вядомы ў вусці Ясельды, па р. Бобрык паблізу Турава, паміж Туравам і Хвоенскам, в. Галубіцы і г. Петрыкаў, у вусці Пцічы, паміж г.п. Нароўля і в. Дзярновічы і далей па цячэнню ракі да мяжы з Украінай. Па Дняпры калоніі выяўлены паміж в. Радунь і г. Лоеў, а таксама ў іншых месцах. Ёсць калонія птушак на р. Бярэзіна ў Светлагорскім раёне [4], крачкі адзначаны на р. Мухавец у Берасцейскім раёне [5]. Практычна крачка малая можа трапляцца на вадаёмах усіх абласцей, за выключэннем паўночнай часткі Віцебскай. На сярэдніх і паўднёвых шыротах краіны від не стварае ўражання рэдкага.
Месцы пражывання. Селіцца на вялікіх і сярэдніх рэках, азёрах, вадасховішчах, рыбагадоўчых сажалках і вадаёмах ачышчальных збудаванняў там, дзе ёсць пясчаныя косы, галечныя і пясчаныя астравы з рэдкай сухалюбнай расліннасцю. Гняздуецца невялікімі калоніямі па 10-50 пар або асобнымі парамі ў складзе калоній іншых крачак.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Агульная колькасць ацэньваецца ў 950 пар у 56 калоніях, у Гомельскай вобласці 58,3% ад гэтай колькасці, у Берасцейскай - 25,3, Гарадзенскай - 2,2, Менскай - 10,3, Магілеўскай - 2,4 і ў Віцебскай - 1,5%. Асноўная колькасць птушак канцэнтруецца на рэках (30,6%) і вадасховішчах (14,4%). Менш іх на рыбагадоўчых сажалках (9,4%), балотах (4,1%) і азёрах (1,5%) [2]. Найбольшая калонія (каля 90 пар) знаходзіцца ва ўрочышчы Балоння каля Турава [6], калонія з 50 пар - у вусці Ясельды, па яе цячэнню адзначаны калоніі да 30 пар [7].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Малалікасць прыдатных для гнездавання месцаў, значная гібель гнёздаў і цэлых калоній у час паводак і ад змывання хвалямі пры праходжанні суднаў, вытоптванне гнёздаў жывёлай у час выпасу ў поймах рэк, адмоўны ўплыў дзейнасці чалавека, наведвання калоній турыстамі, рыбаловамі [8], знішчэнне кладак птушкамі і наземнымі драпежнікамі.
Асаблівасці біялогіі. Прылятае 20-30 траўня. Гнёзды - ямкі ў пяску без высцілкі. У кладцы 1-4, найчасцей 3 яйкі памерамі 31,5 x 23,6 мм шараватага колеру з дробнымі фіялетавымі і чорна-бурымі крапінкамі. Свежыя кладкі ў гнёздах у канцы траўня, наседжаныя - у першай дэкадзе чэрвеня. Лётны маладняк у пачатку жніўня [1]. Корміцца дробнай рыбай на мелкаводдзі, пераважна акунькамі, плоткай, верхаводкай, джгірамі [2]. Адлятае ў жніўні [1].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Забаронены адлоў і адстрэл птушак, разбурэнне гнёздаў. Прадугледжаны меры матэрыяльнага пакарання за адстрэл.
Неабходныя меры аховы. У сувязі з тым, што віду ўласцівы слабы гнездавы кансерватызм, неабходна стварэнне зон спакою хоць бы ў асобных месцах, прыдатных для гнездавання [9], забарона выпасу і прагону жывёлы на пясчаных наносах у поймах рэк з 15 красавіка да 30 ліпеня на адлегласці, меншай за 500 м ад калоній, абмежаванне наведвання чалавекам месцаў гнездавання, прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Федюшин, Долбик, 1967; 2. Наумчик, 1985; 3. Наумчик, 1987; 4. Казулін (асаб. павед.); 5. Шокала (асаб. павед.); 6. Клакоцкі (асаб. павед.); 7. Зуёнак, Казулін, Нікіфараў, Ямінскі (асаб. павед.); 8. Наумчик, 1982; 9. Птицы СССР. Чайковые, 1988.

М.Долбік, Ю.Вязовіч @

Балотная сава (Asio flammeus Pontopp., 1763)
Атрад Совападобныя (Strigiformes), сямейства Савіныя (Strigidae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога за апошнія гады прыкметна знізілася.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 3 прадстаўнікоў роду ў фауне Палеарктыкі.
Кароткае апісанне. Сава сярэдніх памераў, даўжыня цела 37-39 см, маса 260-440 г, размах крылаў 0,89-1,1 м. Агульная афарбоўка буравата-вохрыстая, ніз цела святлейшы, з цёмнымі падоўжнымі стракацінамі.
Пашырэнне. Эўразія, Паўночная і Паўднёвая Амерыка, Паўночна-Заходняя і Паўднёвая Афрыка. Трапляецца на ўсёй тэрыторыі Беларусі [1], але ў апошні час у гнездавы перыяд зарэгістравана толькі ў некалькіх раёнах [2-13].
Месцы пражывання. Поймавыя і сухадольныя лугі, нізінныя балоты, парослыя хмызняком або лісцевым драбналессем, часам купістыя, а таксама невялікія балотцы з курцінамі хмызняку і драбналесся сярод сеяных лугоў і палёў, асушаныя тарфянікі, якія зарастаюць, вялізныя ўвільготненыя высечкі.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У Паазер'і, Белавежскай пушчы, Прыпяцкім запаведніку рэдкі, але 20-25 гадоў таму назад ён быў тут звычайным [2, 5, 6, 14]. Значнае зніжэнне колькасці адзначана і для іншых раёнаў краіны, што адпавядае характару змянення колькасці віду на тэрыторыі Эўропы.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушальная меліярацыя, шырокамаштабнае прымяненне монакультуры і інтэнсіўных тэхналогій у сельскай гаспадарцы, часткова браканьерства.
Асаблівасці біялогіі. Манагам. Гняздуецца адзінкавымі парамі. Гняздо размяшчае на зямлі, звычайна пад прыкрыццём куста або купіны. Адкладка яек пачынаецца ў канцы красавіка - пачатку траўня. У кладцы часцей 4-6 яек памерамі 40,5 x 32,7 мм. Наседжванне працягваецца 24-28 сутак. У корме пераважаюць мышападобныя грызуны: цёмная і вадзяная палёўкі, а таксама мышы; трапляюцца жабы, зрэдку птушкі [1, 10]. Увосень у перыяд вандровак і міграцыі совы часам збіраюцца групамі па 5-10 птушак [10, 15].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Здабыча віду ў Беларусі забаронена [16].
Неабходныя меры аховы. Зберажэнне забалочаных і парослых хмызняком участкаў, у т.л. і невялікіх, пры разорванні і меліярацыі зямель, кантроль за станам віду, вядзенне растлумачальна-прапагандысцкай работы сярод паляўнічых.

Літ.: 1. Федюшин, Долбик, 1967; 2. Дацкевич, Попенко, 1981; 3. Грычык (асаб. павед.); 4. Дзямянчык (асаб. павед.); 5. Дарафееў (асаб. павед.); 6. Іваноўскі (асаб. павед.); 7. Клакоцкі (асаб. павед.); 8. Кузменка, Казлоў (асаб. павед.); 9. Нікіфараў (асаб. павед.); 10. Парэйка (асаб. павед.); 11. Цішачкін (асаб. павед.); 12. Шкляроў (асаб. павед.); 13. Ямінскі (асаб. павед.); 14. Дорофеев, 1983; 15. Тасмінскі (асаб. павед.); 16. Положение, 1987.

Б.Ямінскі @

Сіваваронка, сіваграк (Coracias garrulus L., 1758)
Атрад Ракшападобныя (Coraciiformes), сямейства Сіваваронкавыя (Coraciidae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі гнездавальны від. Колькасць скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны прадстаўнік сямейства і роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Памерам з голуба. Даўжыня цела 32-35 см, маса 140-160 г. Склад цела шчыльны, дзюба моцная. Агульная афарбоўка зеленавата-блакітная з яркім адлівам. На крылах і хвасце ёсць цёмна-сінія ўчасткі. Спіна глініста-карычневая. Полавы дымарфізм слаба выяўлены. Афарбоўка маладых птушак бледнаватая.
Пашырэнне. Эўразія і Паўночна-Заходняя Афрыка. Тэрыторыя Беларусі знаходзіцца ў межах арэала віду. Параўнальна нядаўна ў невялікай колькасці рэгулярна гнездавалася на поўначы краіны [1]. Найбольш пашырана на Палессі [2, 3].
Месцы пражывання. Аддае перавагу старым разрэджаным лясам паблізу рачных поймаў, каля азёр, высечак, лугоў, палёў, выганаў. Часта селіцца паблізу высакавольтавых ліній [4], у старых занядбаных парках, прысадах, гаях. Неабходныя ўмовы - наяўнасць дуплаватых дрэў.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Сучасная колькасць невядома. Пачынаючы з 1970-х гг. ідзе прыкметная дэпрэсія колькасці, у выніку чаго ў шэрагу раёнаў, дзе сіваваронка яшчэ нядаўна была звычайнай гнездавальнай птушкай, цяпер адсутнічае. У Вілейскім раёне ў ліпені 1987 г. трапілася 1 птушка, у Валожынскім у чэрвені-ліпені 1983-1986 гг. - 4 птушкі [5]. У 1973-1975 гг. у наваколлі в. Выганішча (Івацэвіцкі раён) сіваваронка была звычайным відам, асобныя пары гнездаваліся на адлегласці 20-30 м адна ад другой. З 1982 г. ў гэтым месцы не адзначаецца [6]. Да 1978 г. ў наваколлі в. Гарадное (Столінскі раён) штогод пасля вылету маладых на дрэвах сярод сухога луга трымалася каля 100 птушак. У 1980 г. іх тут было не больш за 10-15. У апошнія гады трапляюцца адзінкавыя асобіны [7]. Аналагічнае становішча апісваецца для сумежнай Летувы [8]. Не выключана, што мае месца характэрная для гэтага віду флуктуацыя колькасці - разам з гадамі нізкай колькасці (4-5 сустрэч за лета) адзначаюцца перыяды, калі за адну экскурсію даводзілася сустракаць да дзесяці і больш птушак [9].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Агульнае скарачэнне колькасці старых дуплаватых дрэў (асін, дубоў і інш.), забруджванне біятопаў пестыцыдамі, магчыма таксама павялічаная смяротнасць у месцах зімоўкі.
Асаблівасці біялогіі. Прылятае паміж 15 красавіка і 15 траўня. Канкрэтныя тэрміны прылёту і гнездавання залежаць ад ходу вясны і геаграфічнага месцазнаходжання мясцовасці [3]. Займае дуплы асін, дубоў, вольхаў, сосен, вербаў, радзей старых груш, яблынь, таполяў, ліп. Дуплы выкарыстоўвае некалькі гадоў запар [5, 10]. Нярэдка засяляе і штучныя гняздоўі (галачнікі). У поўных кладках, якія трапляюцца з 16 траўня па 16 чэрвеня [3, 11], 3-4 белыя, з бліскучай шкарлупінай яйкі памерамі 36,3 x 28,3 мм. Наседжвае ў асноўным самка (каля 19 сутак). Гнездавы перыяд (ад вылуплення да вылету маладых) 29-30 сутак. Вылет маладняку ў канцы чэрвеня - другой палове ліпеня [3]. Корміцца буйнымі жукамі, прамакрылымі, радзей дробнымі пазваночнымі: яшчаркамі, травянымі жабамі, землярыйкамі, мышамі. Адлятае на зімоўку (Афрыка, на поўдзень ад Сахары) у другой палове жніўня - пачатку верасня.
Развядзенне. Звестак няма. Выпадкі ўтрымання ў няволі штучна выгадаваных птушак выключна рэдкія.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльна не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Захаванне на лесасеках невялікіх груп старых дуплаватых дрэў. Зніжэнне ў гнездавы перыяд фактару неспакою. Развешванне ў месцах былога гнездавання штучных гняздоўяў (дуплянак).

Літ.: 1. Дорофеев, 1970; 2. Долбик, 1959; 3. Федюшин, Долбик, 1967; 4. Ямінскі (асаб. павед.); 5. Шкляроў (асаб. павед.); 6. Дзямянчык (асаб. павед.); 7. Казулін (асаб. павед.); 8. Aleknonis, 1987; 9. Мальчевский, Пукинский, 1983; 10. Дарафееў (асаб. павед.); 11. Кузьміч (асаб. павед.).

Л.Шкляроў @

Шэрашчокая паганка (Podiceps grisegena Bodd., 1783)
Атрад Паганкападобныя (Podicipediformes), сямейства Паганкавыя (Podicipedidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі пералётны і пралётны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 6 відаў роду ў сусветнай фауне і адзін з 4 прадстаўнікоў роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Птушка сярэдніх памераў, даўжыня цела каля 42 см, маса 0,7-0,9 кг. У самцоў і самак верх галавы да ўзроўню вачэй чорны. На патыліцы невялікі чуб, найбольш прыкметны пры ўзбуджэнні птушкі. Шчокі і горла светла-шэрыя, шыя ржава-чырвоная. Верх цела цёмны, ніз - белы. У маладых птушак па баках шыі і галавы цёмныя і светлыя падоўжныя палосы. Дзюба вострая, тоўстая, з жоўтай асновай. Пальцы з лопасцевымі перапонкамі.
Пашырэнне. Тэрыторыя Беларусі цалкам уваходзіць у склад шырокага арэала віду, які займае заходнюю частку Паўночнай Амерыкі, значную частку Эўропы, Сярэдняй Азіі, Усходняй Сібіры і Далёкага Ўсходу. У Беларусі пашырана вельмі спарадычна. У розныя гады адзначалася на гнездаванні ў Пінскім, Мядзельскім, Браслаўскім [1], Берасцейскім [1-3], Шумілінскім, Верхнядзвінскім [4], Пастаўскім [5], Чэрвеньскім, Жыткавіцкім [6], Гарадзенскім [7], Кобрынскім раёнах і ў Белавежскай пушчы [8].
Месцы пражывання. У час міграцый прытрымліваецца буйных адкрытых азёр і вадасховішчаў. Гняздуецца на неглыбокіх стаячых вадаёмах, часцей за ўсё на невялікіх азёрах і рыбагадоўчых сажалках. Аддае перавагу ўчасткам з густой надводнай расліннасцю.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У большасці выпадкаў на гнездаванні адзначаецца адзінкавымі парамі, зрэдку на вадаёме пасяляецца 2-4 пары і толькі аднойчы паведамлялася аб пасяленні 10 пар [9]. Прыкметных змен колькасці не адбываецца.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Рэканструкцыя старых рыбагадоўчых сажалак у многіх гаспадарках краіны. На паспяховасці гнездавання адмоўна адбіваецца мноства крумкачовых птушак у поймавых зонах вадаёмаў.
Асаблівасці біялогіі. Прылятае ў другой палове красавіка. Да размнажэння здольна на другі год жыцця. Манагам. За год дае адзін вывадак. Гняздо плывучае, размяшчаецца сярод надводнай расліннасці або на яе краі. Кладка з 3-5, радзей 6 яек памерамі 51,2 x 34,2 мм у другой - трэцяй дэкадах траўня. Наседжванне 22-23 сутак. Птушаняты ў месячным узросце пачынаюць самастойна карміцца, а ў паўтарамесячным - лётаць. Корміцца рознымі воднымі беспазваночнымі і дробнай рыбай.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Здабыча птушак і разбурэнне гнёздаў у Беларусі забаронены [10]. Занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [11].
Неабходныя меры аховы. Выяўленне месцаў рэгулярнага гнездавання птушак і арганізацыя аховы найбольш населеных месцаў. Зніжэнне фактару неспакою ў гнездавы перыяд і негатыўнага ўздзеяння крумкачовых птушак.

Літ.: 1. Федюшин, Долбик, 1967; 2. Дзямянчык (асаб. павед.); 3. Шокала (асаб. павед.); 4. Бірукоў (асаб. павед.); 5. Грычык (асаб. павед.); 6. Казулін (асаб. павед.); 7. Гулеўскі (асаб. павед.); 8. Ракоўскі (асаб. павед.); 9. Вадковский, 1964; 10. Положение, 1987; 11. Чырвоная кніга БССР, 1981.

М.Нікіфараў @

Вялікая белая чапля (Egretta alba L., 1758)
Атрад Буслападобныя (Ciconiiformes), сямейства Чаплевыя (Ardeidae)

Статус. III катэгорыя. Нешматлікі залётны від, гняздуюцца адзінкавыя птушкі.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 2 відаў роду, якія гняздуюцца ў Палеарктыцы.
Кароткае апісанне. Даўжыня цела 85-102 см, маса 1,1-1,5 кг, размах крылаў 1,4-1,7 м. Апярэнне снежна-белае. На плячах два пучкі рассуканых пёраў (агрэтак), якія заходзяць за вяршыню хваста.
Пашырэнне. Насяляе ўсе мацерыкі, акрамя Антарктыды. У Палеарктыцы паўночная мяжа арэала праходзіць праз Беларускае Палессе, нізоўі Волгі, Казахстан, Забайкалле і Прыамур'е. У Беларусі вялікую белую чаплю бачылі на тэрыторыі сучаснага Пінскага раёна ў 1900 і 1901 гг., а таксама ў жніўні 1963 г. [1, 2]. У Бярэзінскім запаведніку яна зарэгістравана ў пойме Бярэзіны (у 1972 г. адна асобіна; у чэрвені 1973 г. некалькі чапель трымаліся ў пойме каля месяца [3]; у 1974-1975 гг. чаплі адзначаны ў гнездавы час) [4]. У 1970-1980-х гг. яны не раз рэгістраваліся ў Лунінецкім, Жыткавіцкім, Петрыкаўскім, Брагінскім, Лепельскім і Лельчыцкім раёнах, у Белавежскай пушчы [5-7]. У снежні 1987 г. адна птушка адзначана каля г.п. Рудзенск Пухавіцкага раёна [8]. Гнездаванне віду даказана па сустрэчы 3 нялётных птушанят каля в. Лясковічы Петрыкаўскага раёна ў ліпені 1979 г., а таксама па знаходках гнязда з птушанятамі ў калоніі шэрых чапель у Лунінецкім раёне ў 1980 г. [5] і гнязда з 3 птушанятамі ў чэрвені 1986 г. на краю калоніі шэрых чапель каля ўпадзення р. Сцвігі ў Прыпяць [8]. З 1988 г. ў рыбгасе «Трэмля» (Петрыкаўскі раён) разам з шэрымі чаплямі кожны год адзначалася 100 белых чапель [7]. У гнездавы час групы да 11 асобін адзначаліся ў Столінскім, Іванаўскім, Нараўлянскім, Хойніцкім і Лоеўскім раёнах [3]. У негняздоўны час чароды дасягалі 16 асобін.
Месцы пражывання. Гняздуецца ў цяжкапраходных лазнякова-трысняговых зарасніках, радзей у астраўных лясах у поймах рэк. Вандроўныя птушкі трапляюцца і ў культурным ландшафце, на мелкаводдзі і косах суднаходных рэк.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Не вызначана. Больш часта птушкі трапляюцца ў сярэднім і ніжнім цячэнні Прыпяці. Паўторнае гнездаванне ў месцах асобных вывадкаў не пацверджана.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая дзейнасць у поймах рэк (меліярацыя, касьба, выпас жывёлы, рэкрэацыя).
Асаблівасці біялогіі. Біялогія вялікай белай чаплі ў Беларусі не вывучана. У Пінскім раёне прылёт дзвюх птушак адзначаны 10 красавіка 1985 г. [9]. Гнёзды будуе пераважна на заломах трыснягу і іншай прыбярэжнай расліннасці, а таксама на вербах на вышыні 8-9 м [9], ці на дубах. У кладцы 3-5 яек. Корміцца рыбай, воднымі і наземнымі насякомымі, грызунамі. Эўрапейская папуляцыя чаплі зімуе ў Міжземнамор'і, часткова ў Афрыцы.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў пойме Прыпяці ў Лунінецкім раёне ў біялагічным заказніку «Вусце Лані» [10]. Здабыча птушак і выманне яек з гнёздаў забаронены [11].
Неабходныя меры аховы. Улік гняздоўяў і іх ахова, расшырэнне ахоўнай зоны Прыпяцкага запаведніка.

Літ.: 1. Шнитников, 1913; 2. Федюшин, Долбик, 1967; 3. Самусенка (асаб. павед.); 4. Долбик, Дорофеев, 1978; 5. Долбик, 1985; 6. Амялюсік (асаб. павед.); 7. Турута (асаб. павед.); 8. Ражкоў (асаб. павед.); 9. Нікіфараў (асаб. павед.); 10. Справочник охотника, 1987; 11. Положение, 1987.

М.Долбік, Э.Самусенка @

Чорны бусел (Ciconia nigra L., 1758)
Атрад Буслападобныя (Ciconiiformes), сямейства Бусліныя (Ciconidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога ў шэрагу раёнаў Беларусі стабілізавалася або ўзрасла. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 5 відаў роду ў сусветнай фауне, адзін з 3 відаў у фауне Палеарктыкі, у Беларусі жыве 2 віды роду.
Кароткае апісанне. Даўжыня цела да 100 см, маса да 3 кг. Спіна, галава і шыя чорныя, бруха і падхвосце белыя, дзюба і ногі чырвоныя.
Пашырэнне. Арэал віду займае лясную зону Эўразіі да шыраты Санкт-Пецярбурга, Томска, Алдана, лясныя раёны Пірэнеяў, Балкан, Каўказа, Сярэдняй Азіі і Блізкага Ўсходу. Уся тэрыторыя Беларусі знаходзіцца ў межах арэала. Часцей адзначаўся на Палессі, радзей - на поўначы і вельмі рэдка ў заходніх і ўсходніх раёнах Беларусі [2]. Часам лічыўся рэдкім і на поўначы краіны [3].
Месцы пражывання. У Віцебскай вобласці 48% гнёздаў чорнага бусла размяшчаліся ў старых забалочаных лясах з наяўнасцю ручаёў і рэчак, 16% - у мяшаных лясах па сухадолу, 12% - на мысах і астравах сярод балот, 10% - на астравах сярод нізкага забалочанага лесу і высечак, астатнія - у хваёвых барах і на асобных дрэвах сярод высечак і асушаных тарфянікаў [4]. На поўдні краіны месцы пражывання бусла ў асноўным звязаны з шыракалістымі лясамі [5].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У Белавежскай пушчы ў 1949 г. налічвалася 20 пар чорных буслоў, да 1956 г. колькасць іх знізілася да 11 пар [5]. У Прыпяцкім запаведніку ў 1972-1973 гг. налічвалася 16 гнёздаў, у Бярэзінскім запаведніку ў 1957 г. - 8, у 1971 г. - 8, у 1972 г. - 7 гнёздаў [6]. У 1977 г. ў выніку спецыяльнага ўліку ў Беларусі закарціравана 65 гнёздаў, у асноўным на Палессі [6]. У 1979 г. ў Віцебскай вобласці гнездавалася каля 50 пар [7]. Да 1982 г. ў Паазер'і агульная колькасць папуляцыі чорнага бусла склала 120-150 пар [4]. У 1983-1989 гг. там былі сабраны звесткі пра 31 гняздо [8-11]. Да 1985 г. ў 79 раёнах Беларусі была ўлічана 321 пара буслоў [9]. Да 1987 г. чорныя буслы (745 пар) жылі ў 101 раёне краіны: у Берасцейскай вобласці - 208 пар, Гомельскай - 197, Менскай - 137, Віцебскай - 64, Магілеўскай - 61, Гарадзенскай - 78 пар [10]. У пачатку 1989 г. колькасць папуляцыі дасягнула 1007 [11]. Рост колькасці чорнага бусла больш чым у 10 разоў за апошняе дзесяцігоддзе абумоўлены не толькі аховай віду, але і пэўнымі зменамі яго экалогіі і эталогіі. У выніку меліярацыі ў Беларусі працягласць невялікіх каналаў, якія з'яўляюцца кармавымі біятопамі чорнага бусла, дасягнула 136,4 тыс. км. Значна палепшылася кармавая база буслоў за кошт павелічэння колькасці рыбагадоўчых сажалак рыбагаспадарак і калгасаў. За 1945-1984 гг. лясістасць Беларусі павялічылася з 21,5 да 34,6% [12], пры гэтым вырасла ўдзельная вага спелых лясоў, якім буслы аддаюць перавагу пры гнездаванні [6]. Прыкметна паменшыўся страх бусла перад чалавекам, зараз ён часта трапляецца ў чародах сярод белых буслоў [9] у населеных пунктах або паблізу іх.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Знішчэнне яек і птушанят шэрымі варонамі [6], падзенне гнёздаў ад моцнага ветру, нападзенне на вывадкі мядзведзяў і іншых драпежнікаў, асобныя выпадкі высечкі гнездавальных дрэў [4].
Асаблівасці біялогіі. Прылятае ў пачатку красавіка. Гнёзды робіць у разгалінаваннях кроны. З 65 закарціраваных у 1977 г. гнёздаў 46 знаходзіліся на дубах [6]. У Віцебскай вобласці па 21% гнёздаў зроблены на соснах і вольхах [4]. Размяшчаюцца на вышыні 5-26 м [4]. Адзначаны выпадак гнездавання на капе сена [4]. У кладцы 3-5 яек [6]. Кладку наседжваюць абедзве птушкі 33-38 сутак. Маладыя пакідаюць гняздо 25-30 ліпеня [6]. Корміцца дробнай рыбай, земнаводнымі і беспазваночнымі, часам паўзунамі і птушкамі [5].
Развядзенне. У зоабатанічным садзе Менскага аўтазавода ўтрымліваўся малады чорны бусел з пашкоджаным крылом. Ён хутка паправіўся і стаў ручным [13].
Прынятыя меры аховы. Уключаны ў Дадатак 2 «Канвенцыі аб міжнародным гандлі відамі дзікай фауны і флоры, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення». Ахоўваецца ў Бярэзінскім і Прыпяцкім запаведніках, у Белавежскай пушчы, дзесятках заалагічных заказнікаў [1, 6]. У Віцебскай вобласці выдзелены ахоўныя зоны (радыус 250 м) вакол вядомых жылых гнёздаў [4]. Гэты вопыт аховы распаўсюджваецца і ў іншых абласцях.
Неабходныя меры аховы. Узмацненне аховы месцаў гнездавання чорнага бусла [6]. На перспектыўных для гнездавання тэрыторыях неабходна зберагаць асобныя дрэвы або іх групы як пры высечцы лесу, так і пры іншых відах гаспадарчай дзейнасці. Узмацніць папулярызацыю аховы віду і перыядычную рэгістрацыю яго колькасці ў краіне для прыняцця неадкладных мер аховы. Прывабліваць птушак на гнездаванне, будуючы на дрэвах аснову для гнязда [2, 14].

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Федюшин, Долбик, 1967; 3. Дорофеев, Сюборова, 1987; 4. Ивановский, 1983; 5. Крапивный, 1958; 6. Чырвоная кніга БССР, 1981; 7. Lebedeva, 1981; 8. Ивановский, 1990; 9. Самусенко, 1987; 10. Э. Самусенко, И. Самусенко, 1989; 11. Э. Самусенко, И. Самусенко, 1991; 12. Энцыклапедыя.., 1986; 13. Рэўзін (асаб. павед.); 14. Ивановский, Самусенко, 1990.

І.Самусенка @

Звычайны гогаль (Bucephala clangula L., 1758)
Атрад Гусепадобныя (Anseriformes), сямейства Качыныя (Anatidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі на большай частцы тэрыторыі краіны від. Штогод звычайны на гнездаванні ў паўночнай частцы Віцебскай вобласці, у другіх абласцях месцы гнездавання рэдкія, раздзеленыя, але пастаянныя, з'яўляюцца новыя. Застаецца на зімоўку.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 3 відаў роду птушак, якія пражываюць у Эўразіі. Мае 2 падвіды - дробную і больш буйную расы. Від спецыфічны, непластычны, важны для захавання генафонду.
Кароткае апісанне. Птушка масай 700-1100 г. Даўжыня цела 41-46 см. Галава самцоў у шлюбным убранні чорная, з зялёным адценнем. Дзюба блакітна-чорная, высокая, каля асновы белая пляма. Крылы чорныя, але другарадныя махавыя і покрыўныя пёры часткова белыя. Спіна чорная. Ніз цела белы, ногі аранжава-жоўтыя, перапонкі карычнева-шэрыя. Самка мае шакаладна-карычневую афарбоўку, бакі і грудзі шэрыя, астатняя частка нізу цела белая. Ногі жоўта-карычневыя. Перапонкі чарнаватыя.
Пашырэнне. Від пашыраны на гнездаванні ў лясной зоне Эўразіі і Паўночнай Амерыкі. Ва ўсходняй Галарктыцы гняздуецца ад Скандынавіі і Прыбалтыкі да Камчаткі і Паўночнага Сахаліна. Паўночная мяжа гнездавання даходзіць да паўночных межаў пашырэння лясоў. Паўднёвая мяжа таксама ў асноўным звязана з лясамі Эўразіі, але не заўсёды: зрэдку птушка сустракаецца ў стэпавай зоне, у поймавых лясах Волгі, Дняпра, Урала і іншых рэк [1, 2]. У Беларусі гогаль гняздуецца штогод і звычайны на вясенніх і асенніх пралётах [3]. Упершыню гнездаванне ў Беларусі было даказана (здабыта маладая самка на р. Піна) 7 ліпеня 1902 г. У.Шнітнікавым [4]. С.Кірыкаў 7 чэрвеня 1928 г. выявіў вывадак гогаляў на Прыпяці. Праз месяц у тых жа месцах А.Фядзюшын знайшоў гняздо гогаля ў дупле дуба [3]. Цяпер гогаль рэгулярна гняздуецца ў паўночных і месцамі ў паўднёвых раёнах Беларусі, зрэдку - у заходніх. У Віцебскай вобласці выяўлены на гнездаванні: на азёрах Лісна ў Расонскім раёне [5, 6] (1974-1986 гг.), Вялікі (1984 г.) і Малы Акунёвец (1985, 1986 гг.), Глыбокае (1987 г.) у Полацкім раёне [6], Арлейка і Аслепна (1976-1979 гг.), Ціёста (1966, 1978 гг.) у Гарадоцкім раёне [5, 6]. Спецыяльныя меры па прывабліванню спрыялі гнездаванню гогаля ў штучных дуплянках на азёрах Вымна, Струкава, Касцюковіцкае, Рогава, Малынец, Плаў, Арлейка (1973 г.) у Гарадоцкім раёне [6]. Гнёзды выяўлены на вярховым балоце Обаль (1978, 1986 гг.) у Шумілінскім раёне [5, 6], на воз. Альшыца (1964 г.), у поймах Обалі і Полаты, у Бярэзінскім запаведніку [7], у Гарадзенскай вобласці птушка гняздуецца на азёрах Доўгае ў Шчучынскім, Белае (1987 г.) у Гарадзенскім раёнах [8]. У Берасцейскай вобласці штогод засяляе штучныя дуплянкі ў раёне штучнага вадаёма воз. Ляцкае ў Камянецкім раёне [9, 10], у пойме Прыпяці (1983 г.) у Столінскім раёне [11]. У Гомельскай вобласці штогод 4-6 пар жывуць ва ўрочышчы Галава і на азёрах Рэтыўля, Буслы, Бабровае і Красіна [3], выяўлены на гнездаванні ў рыбгасе «Белае» (1986 г.) у Жыткавіцкім раёне.
Месцы пражывання. Гняздуецца гогаль каля лясных азёр і рэчак, на ўзбярэжжы рознатыповых штучных вадаёмаў, на астравах, дзе ёсць дуплістыя дрэвы або штучныя гняздоўі, больш прыхільны да чыстых водных участкаў па суседству з лесам. Гнёзды будуе ў дуплах дрэў паблізу вады (але не далей як за 1 км) на вышыні 2-8 м. Гогалі ахвотна займаюць развешаныя дуплянкі.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Па выніках улікаў, суцэльных (1977, 1978, 1987 гг.) і выбарачных (1980, 1984 гг.) для Беларусі, у паслягнездавы перыяд сярод качыных гогаль складае 0,2% [9]. У Віцебскай вобласці штогод гняздуецца 70-80 пар [12, 13]. Колькасць гогаля стабілізавалася дзякуючы мерам па прывабліванню птушак з дапамогай штучных гняздоўяў і мае тэндэнцыю да павелічэння.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Наяўнасць прыродных (дуплы дрэў) і штучных (дуплянкі) месцаў гнездавання паблізу адкрытых і глыбокіх вадаёмаў; пашыранасць крумкачовых у месцах пражывання; антрапагенны фактар неспакою ў гнездавы перыяд; высечка поймавых лясоў; знішчэнне племяннога ядра мясцовай папуляцыйнай групоўкі ў першай палове сезона летне-асенняга палявання.
Асаблівасці біялогіі. Полавая спеласць ва ўзросце 2 гады. Гнездаванне з канца красавіка. У кладцы 8-12 шаравата-зялёных яек памерамі 59,2 x 43,9 мм. Працягласць наседжвання 27-30 сутак. Характэрны павольнае развіццё і рост маладняку. Маладыя птушкі здольныя да палёту праз 8 тыдняў.
Развядзенне. Гогаль, як гэта ўжо даказана і ў Беларусі, ахвотна займае штучныя гняздоўі [9, 12, 13], а самкі, якія з поспехам скончылі наседжванне, часта вяртаюцца да іх на наступны год. Птушка не пазбягае паселішчаў чалавека і ў зоне свайго пастаяннага пашырэння актыўна асвойвае гарадское асяроддзе пражывання. Гэтым абумоўлена перспектыўнасць віду для развядзення ў прыродных умовах.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [14]. У шэрагу раёнаў прывабліваюць птушак развешваннем дуплянак. У зоне Беларускага Паазер'я выпушчана лістоўка з заклікам развешваць драўляныя дуплянкі і ахоўваць птушак.
Неабходныя меры аховы. Шырокае інфармаванне насельніцтва пра асаблівасці біялогіі і паводзіны гэтай птушкі; пашырэнне вырабу і развешвання штучных гняздоўяў; увядзенне дзейснай забароны здабычы гогаля да канца верасня; ахова дуплістых дрэў у зонах паблізу вадаёмаў.

Літ.: 1. Степанян, 1975; 2. Определитель птиц СССР, 1964; 3. Федюшин, Долбик, 1967; 4. Шнитников, 1913; 5. Іваноўскі (асаб. павед.); 6. Дарафееў (асаб. павед.); 7. Клакоцкі (асаб. павед.); 8. Гулеўскі (асаб. павед.); 9. Вязовіч (асаб. павед.); 10. Ракоўскі (асаб. павед.); 11. Казулін (асаб. павед.); 12. Вадкоўскі (асаб. павед.); 13. Лычкоўскі (асаб. павед.); 14. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Ю.Вязовіч @

Даўгадзюбы крахаль (Mergus serrator L., 1758)
Атрад Гусепадобныя (Anseriformes), сямейства Качыныя (Anatidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі, лакальна гнездавальны і пралётны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 3 відаў роду ў Эўропе.
Кароткае апісанне. Качка сярэдніх памераў. Даўжыня цела 56-62 см, маса 1-1,3 кг. На патыліцы двайны чуб з падоўжаных пёраў. Дзюба вузкая з зубцамі па краі і з кручком на канцы. Полавы дымарфізм у афарбоўцы добра выяўлены. У самца галава чорная з металічным адлівам, валляк буры з чорнымі стракацінамі, спіна цёмная, бакі шэрыя. Самка шэрая, з карычневай галавой і шыяй.
Пашырэнне. Эўразія і Паўночная Амерыка. Вядомыя ў Беларусі асобныя гнездаванні на Нарачанскай групе азёр знаходзяцца побач з паўднёвай мяжой суцэльнага арэала віду. У час пралёту рэгулярна адзначаецца на буйных вадаёмах у розных частках краіны.
Месцы пражывання. Парослыя дрэвава-хмызняковай расліннасцю астравы і ўзбярэжжы буйных азёр з празрыстай вадой. Адзначаны таксама ў час харчавання на мелкаводных сажалках рыбагадавальніка.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Гнездаванне ў Беларусі дакладна вызначана ў 1979 г. [1]. У далейшыя гады таксама адзначаліся адзінкавыя знаходкі гнёздаў і сустрэчы вывадкаў [2]. У басейне воз. Нарач гняздуецца ад 8 да 13 пар. Адзінкавыя пары гняздуюцца, відаць, і на воз. Мядзел. У цэлым, групоўка птушак, якія гняздуюцца на паўночным захадзе краіны, стабільная, аднак вельмі ўразлівая ў выніку малой колькасці і вялікай рэкрэацыйнай нагрузкі на іх месцы пражывання.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Фактар неспакою і разбурэнне гнёздаў у выніку інтэнсіўнай рэкрэацыі. Разбурэнне гнёздаў крумкачовымі птушкамі (галоўным чынам шэрай варонай).
Асаблівасці біялогіі. Гняздо робіць ва ўтульных месцах - у нішах сярод камення, у густых зарасніках крапівы, пад кустамі вярбы або пад полагам лесу. Кладка з 8-11 яек памерамі 64 x 44,9 мм у першай палове чэрвеня. У выпадку гібелі першай кладкі бывае паўторная. Наседжванне 26-28 сутак. Корміцца, галоўным чынам, дробнай рыбай.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Забаронена наведванне ў гнездавы перыяд аднаго з асноўных месцаў гнездавання - вострава на воз. Нарач.
Неабходныя меры аховы. Больш строгі кантроль за выкананнем ахоўнага рэжыму на воз. Нарач. Устанаўленне статуса «зон спакою» для месцаў гнездавання птушак. Стварэнне штучных гняздоўяў для птушак з мэтай памяншэння ўрону ад шэрых варон. Забарона здабычы птушак.

Літ.: 1. Никифоров, Гембицкий, 1983; 2. Парэйка, Грычык, Казулін (асаб. павед.).

М.Нікіфараў @

Малы падворлік (Aquila pomarina Brehm, 1831)
Атрад Сокалападобныя (Falconiformes), сямейства Ястрабіныя (Accipitridae)

Статус. III катэгорыя. Нешматлікі від, колькасць якога скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўнік політыпічнага роду, адзін з 3 відаў у Беларусі.
Кароткае апісанне. У палявых умовах з вялікай цяжкасцю адрозніваюць ад падворліка вялікага. Буйная птушка. Даўжыня цела да 65 см, маса да 1,8 кг, размах крылаў 134-159 см. Афарбоўка цёмна-бурая, з больш светлымі мантыяй і ніжнімі покрыўнымі пёрамі. Маладыя птушкі цямнейшыя, з рэдкімі вохрыстымі плямамі на верхнім баку цела і рыжай плямай на патыліцы. Самкі некалькі больш буйныя за самцоў.
Пашырэнне. Від з раз'яднаным арэалам. Вузкаарэальны від Сярэдняй Эўропы, праз Беларусь праходзіць яго ўсходняя мяжа. Пашыраны па ўсёй тэрыторыі, але спарадычна. У Віцебскай вобласці вядомы 18 месцаў пастаяннага гнездавання і 7 месцаў, дзе від падворліка вызначыць не ўдалося, а таксама зарэгістраваны шматлікія сустрэчы птушак у гнездавы перыяд у розных раёнах вобласці [1-4]. У Белавежскай пушчы ў 1974-1979 гг. гнездавалася не меней за 3 пары [5], у наваколлі Жодзіна ў 1985-1986 гг. - 4 пары [6]. Жылыя гнёзды выяўлены ў 1973 г. ў Рэчыцкім, у 1983 г. ў Гомельскім [7], у 1981 г. ў Смалявіцкім і Мядзельскім раёнах [8, 9]. У гнездавы перыяд пары і асобныя птушкі адзначаны ў Столінскім і Жыткавіцкім, у 1985 г. ў Пружанскім і Наваградскім раёнах [8, 9].
Месцы пражывання. Вільготныя лісцевыя і мяшаныя лясы паблізу адкрытых забалочаных поймаў і азёр, нізінных і пераходных балот, сырых лугоў. Не пазбягае і аграландшафтаў.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У 1940-1950-я гг. у Беларусі звычайны, месцамі шматлікі від [10-12]. У 1960-1970-я гг. колькасць стала памяншацца, месцамі ўпала ў 2 разы [1, 10, 13]. Да пачатку 1980-х гг. у некаторых раёнах стаў рэдкім відам [5], хоць у шэрагу ўрочышчаў, якія гаспадарчая дзейнасць закранула слаба, яшчэ захаваў высокую колькасць [2, 6]. Для Віцебскай вобласці колькасць ацэньваецца ў 120-150 пар [2]. Цяпер стан папуляцыі малога падворліка ў Беларусі належыць лічыць адносна добрым.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушэнне нізінных і пераходных балот, выпростванне рэчышчаў, акультурванне поймавых лугоў, меліярацыя лясоў [2, 5]. Драпежніцкая актыўнасць куніцы. Знішчэнне гнёздаў пры суцэльных высечках лесу. Браканьерскі адстрэл. У Белавежскай пушчы ў 1956-1960 гг. было адстраляна 19 малых падворлікаў [11] і адстрэл іх працягваўся да 1974 г. [5].
Асаблівасці біялогіі. У месцы гнездавання прылятае ў другой палове сакавіка - першай палове красавіка [2, 10]. Гнёзды будуе сам або займае старыя гнёзды канюка, цецяроўніка, чорнага бусла. Размяшчае іх за 50-800 м ад адкрытых плошчаў на елках, вольхах, дубах, бярозах, ясенях, соснах, асінах [2, 6-10]. Кладка ў апошнія дні красавіка - пачатку траўня, як правіла, з 2 яек памерамі 64,1 x 50,3 мм. Наседжванне доўжыцца каля 43 сутак. Птушаняты вылупліваюцца ў апошнія дні траўня-чэрвені [2, 10, 11]. Пры наяўнасці ў гняздзе 2 птушанят адно з іх гіне на 3-4 дзень жыцця [2, 11]. Злёткі пакідаюць гняздо ў першай палове жніўня [2]. Аснову корму складаюць земнаводныя і дробныя грызуны, радзей корміцца птушкамі і паўзунамі [2]. Паляўнічы ўчастак складае ў сярэднім 360 га [11]. Адлёт да канца верасня.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Здабыча птушак і разбурэнне гнёздаў забаронены [14]. У Віцебскай вобласці вакол вядомых гнёздаў вылучаны ахоўныя зоны радыусам 50-250 м [2, 15].
Неабходныя меры аховы. Павелічэнне памераў дзейных штрафаў за здабычу птушак, разбурэнне гнёздаў і выманне з іх яек. Абсталяванне гнездавых дрэў прыладамі супраць куніцы (конусы з бляхі або калючага дроту на ствалах). Прывабліванне птушак з дапамогай штучных гняздоўяў [16]. Павышэнне прадукцыйнасці размнажэння метадам выкарыстання «прыёмных бацькоў» - адно з птушанят адразу пасля вылуплівання вымаюць і падкладваюць у гняздо, напрыклад, канюка, а неўзабаве перад вылетам вяртаюць яго ў гняздо сапраўдных бацькоў [2, 10]. Забарона высякаць дрэвы з гнёздамі любых драпежных птушак. Улік і ахова гняздоўяў. Прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Волков, 1975; 2. Іваноўскі (асаб. павед.); 3. Цішачкін (асаб. павед.); 4. Дарафееў (асаб. павед.); 5. Дацкевич, Попенко, 1981; 6. Пузанкевіч (асаб. павед.); 7. Самусеў (асаб. павед.); 8. Нікіфараў (асаб. павед.); 9. Ямінскі (асаб. павед.); 10. Федюшин, Долбик, 1967; 11. Голодушко, 1965; 12. Дорофеев, 1970; 13. Дацкевич, 1971; 14. Положение, 1987; 15. Дорофеев, Ивановский, 1982; 16. Дробялис, 1985; 17. Meyburg, 1971.

У.Іваноўскі @

Каршачок (Falco subbuteo L., 1758)
Атрад Сокалападобныя (Falconiformes), сямейства Сакаліныя (Falconidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі гнездавальны від. Колькасць скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўнік політыпічнага роду. Адзін з 10 відаў роду ў фауне ўсходняй Галарктыкі і адзін з 5 - у фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Дробны сокал (даўжыня цела 29-35 см, маса 200-250 г) з доўгімі (24-30 см) крыламі, размах якіх 0,71-0,85 м, і адносна кароткім (12-14 см) хвастом. Самкі буйнейшыя за самцоў. Верх цёмна-буры з шызым напылам. Горла, грудзі і брушка светла-вохрыстыя з шырокімі падоўжнымі цёмнымі стракацінамі. Ад вуглоў рота ўніз ідуць шырокія чорныя «вусы». Ніз брушка, галёнкі і падхвосце ў самцоў каштанава-рыжыя, у самак вохрыстыя з бурымі плямамі. Рулявыя пёры з рыжавата-вохрыстымі папярочнымі плямамі на ўнутраных апахалах (пара ўнутраных рулявых аднаколерная). Лапы і колца вакол вачэй жоўтыя. Дзюба цёмна-рогавага колеру, кіпцюры чорныя. Радужына цёмна-бурая.
Пашырэнне. Лясная і лесастэпавая зоны, а таксама горныя лясы Эўразіі і Паўночнай Афрыкі. Тэрыторыя Беларусі ў межах гнездавога арэала [1, 2]. Гняздуецца ў Верхнядзвінскім, Расонскім, Шумілінскім, Бешанковіцкім, Віцебскім, Гарадоцкім раёнах [3-6] Віцебскай вобл., у Бярэзінскім запаведніку [7], Смалявіцкім, Вілейскім, Чэрвеньскім, Менскім, Мядзельскім, Стаўбцоўскім раёнах [8] Менскай вобласці, у Белавежскай пушчы [9-11], Берасцейскім і Івацэвіцкім раёнах [12-13] Берасцейскай вобласці, Хойніцкім, Жыткавіцкім і Брагінскім раёнах [2, 14] Гомельскай вобласці, у Прыпяцкім запаведніку [15]. У Гарадзенскай і Магілеўскай абласцях адзначаны птушкі з прыкметамі гнездавання [16, 17].
Месцы пражывання. Узлескі старых хвойных і мяшаных лясоў, парослыя высакаствольным лесам астравы, мысы і грывы сярод вярховых балот, старыя гаі, асабліва паблізу рачных поймаў і лугоў.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Колькасць невысокая, але спецыяльна не вызначалася. У апошнія дзесяцігоддзі на тэрыторыі Беларусі, Прыбалтыкі і Ленінградскай вобласці скарачаецца [2, 11, 18, 19]. Да 1960 г. ў Белавежскай пушчы штогод гняздзілася 8-9 пар, к 1970 г. - не больш за 9-11. У 1970-1987 гг. адзначана знікненне птушак у шэрагу месцаў былога пражывання ў Віцебскай вобласці [4].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Змяненне ўмоў гнездавання пад уплывам гаспадарчай дзейнасці. Скарачэнне плошчаў старых насаджэнняў. Строгая залежнасць гнездавання ад наяўнасці гнёздаў крумкача і шэрай вароны. Гібель кладак і птушанят у выніку падзення гнёздаў.
Асаблівасці біялогіі. Прылятае ў канцы красавіка - пачатку траўня. Гнездавыя ўчасткі і гнёзды выкарыстоўвае на працягу некалькіх гадоў. Гняздуецца ў гнёздах крумкачоў і шэрых варон на вышыні да 15-25 м. Манагам. Кладка з 3, радзей 2 або 4 яек памерамі 42,3 x 32,9 мм у канцы траўня - пачатку чэрвеня. Наседжванне каля 28 сутак. Вылупленне птушанят 4-20 ліпеня [3, 4, 7-9, 12]. Птушаняты пачынаюць лётаць ва ўзросце 5-6 тыдняў [4, 6, 12-15], пакідаюць гнёзды ў канцы ліпеня - пачатку жніўня. Адлёт і пралёт у жніўні-верасні. Корміцца пераважна дробнымі вераб'інымі птушкамі, а таксама стракозамі, жукамі і лятучымі мышамі [2, 9]. Зімуе ў Паўднёвай Афрыцы.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльна не прымаліся. Асобныя месцы пражывання ахоўваюцца ў запаведніках і заказніках.
Неабходныя меры аховы. Ахова прыдатных для гнездавання біятопаў і гнездавых дрэў. Вывучэнне экалогіі, улік колькасці, кантроль за станам папуляцыі. Прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Дементьев, 1951; 2. Федюшин, Долбик, 1967; 3. Дорофеев, 1970; 4. Дарафееў, Іваноўскі (асаб. павед.); 5. Ільінскі, Фяцісаў (асаб. павед.); 6. Кузьміч, Казулін (асаб. павед.); 7. Цішачкін, Бышнеў (асаб. павед.); 8. Шкляроў, Грычык, Кузьміч, Нікіфараў, Ямінскі, Парэйка (асаб. павед.); 9. Голодушко, 1960; 10. Дацкевич, 1971; 11. Дацкевич, Попенко, 1981; 12. Шокала, Гайдук (асаб. павед.); 13. Дзямянчык (асаб. павед.) 14. Нікіфараў, Казулін (асаб. павед.); 15. Клакоцкі (асаб. павед.); 16. Сямашка, 1956; 17. Дарафееў (асаб. павед.); 18. Птицы Латвии, 1983; 19. Мальчевский, Пукинский, 1983.

А.Дарафееў @

Дзербнік (Falco columbarius L., 1758)
Атрад Сокалападобныя (Falconiformes), сямейства Сакаліныя (Falconidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі гнездавальны від. Колькасць скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўнік політыпічнага роду. Адзін з 10 відаў роду ў фауне ўсходняй Галарктыкі і адзін з 5 - у фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Дробны сокал (даўжыня цела 29-33 см, размах крылаў 0,59-0,69 м, маса 160-210 г). Самкі буйнейшыя за самцоў. У самца галава, верх спіны і хвост шызыя, брушны бок белавата-рыжы з падоўжнымі цёмнымі стракацінамі. Хвост з шырокай цёмнай палосай. У самкі спінны бок і галава бурыя, хвост паласаты з цёмным канцом. Дзюба каля верхавіны чарнаватая, кіпцюры чорныя. Васкавіца, рогавае колца вакол вачэй і лапы жоўтыя.
Пашырэнне. Зона тайгі, лесатундры і паўднёвай тундры Эўразіі і Паўночнай Амерыкі. Па тэрыторыі Беларусі праходзіць паўднёвая мяжа гнездавога арэала, умоўна па лініі Менск - Клімавічы [1-4]. Гнездаванне даказана для Верхнядзвінскага, Расонскага, Міёрскага, Шаркоўшчынскага, Лепельскага, Бешанковіцкага, Шумілінскага, Гарадоцкага, Віцебскага, Лёзненскага, Дубровенскага раёнаў Віцебскай вобласці [2, 4, 6], Мядзельскага і Менскага - Менскай вобласці [2, 7, 8], Клімавіцкага раёна Магілеўскай вобласці [2]. У Белавежскай пушчы, Берасцейскім раёне, Прыпяцкім запаведніку адзначаецца на вясеннім і асеннім пралётах, зрэдку зімуе [2, 9].
Месцы пражывання. Вярховыя балоты, узлескі хвойных і мяшаных лясоў. У культурным ландшафце гняздуецца значна радзей. Асноўная частка гнездавой папуляцыі прыстасавана да буйных вярховых балот з рэдкімі сфагнавымі саснякамі [4, 5]. У паслягнездавы перыяд часта адзначаецца нават у населеных пунктах.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Агульная колькасць у Беларусі не больш за 250 пар, з якіх каля 200 гнездавальных пар прыпадае на Паазер'е. Колькасць на вярховых балотах стабільная (каля 6 пар на 10 тыс. га), у культурных ландшафтах у апошнія 16-20 гадоў паменшылася [4, 10].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Змяненне ўмоў гнездавання і скарачэнне плошчаў вярховых балот. Пражыванне каля мяжы арэала. Фактар неспакою. Разбурэнне гнёздаў чалавекам, знішчэнне кладак шэрымі варонамі. Кармавая канкурэнцыя з боку каршачка і ястраба-перапёлачніка.
Асаблівасці біялогіі. Прылятае ў канцы сакавіка - пачатку красавіка. Уласных гнёздаў не будуе, займае гнёзды шэрых варон. Усе 24 гнязды, знойдзеныя ў Віцебскай вобласці (1974-1987 гг.), былі размешчаны ў гнёздах варон, на соснах [4, 5]. Манагам. Кладка з 4-5 яек памерамі 39,6 x 31,2 мм у канцы красавіка - першай палове траўня. Наседжванне 28-30 сутак. Птушаняты пакідаюць гняздо праз 25-27 сутак, у асноўным у першай палове ліпеня. Паспяховасць гнездавання нізкая: на адну пару прыходзіцца па 4,6 яйка і па 1,5 падлётка [4, 5]. Корміцца дробнымі вераб'інымі птушкамі (больш за 25 відаў). У Віцебскай вобласці - галоўным чынам шпакамі, палявымі жаваранкамі, вераб'ямі, а таксама дробнымі кулікамі і іх птушанятамі [2, 4, 10]. Адлёт мясцовых птушак і пралёт у верасні-кастрычніку. Асноўныя месцы зімоўкі - Заходняя і Паўднёвая Эўропа, Паўночная Афрыка.
Развядзенне. Паддаецца дрэсіроўцы. У мінулым выкарыстоўваўся ў якасці лоўчай птушкі.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [10]. Здабыча віду ў Беларусі забаронена [11]. Шэраг тыповых месцаў пражывання ахоўваецца ў Бярэзінскім запаведніку, паляўнічых і гідралагічных заказніках.
Неабходныя меры аховы. Стварэнне комплексных заказнікаў на базе буйных вярховых балот. Пераўтварэнне гідралагічнага заказніка Ельня ў запаведную тэрыторыю. Забарона наведвання людзьмі месцаў пражывання птушак з 1 красавіка па 1 жніўня. Вывучэнне экалогіі, улік колькасці, кантроль за станам папуляцыі. Прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Дементьев, 1951; 2. Федюшин, Долбик, 1967; 3. Долбик, Дорофеев, 1978; 4. Дорофеев, Ивановский, 1980; 5. Дарафееў, Іваноўскі, Кузменка, Казлоў (асаб. павед.); 6. Воронин, 1967; 7. Грычык (асаб. павед.); 8. Ямінскі, Нікіфараў, Цішачкін (асаб. павед.); 9. Дацкевіч, Шокала, Клакоцкі (асаб. павед.); 10. По страницам Красной книги, 1987; 11. Положение, 1987.

А.Дарафееў @

Залацісты сявец (Pluvialis apricaria L., 1758)
Атрад Сеўцападобныя (Charadriiformes), сямейства Сяўцовыя (Charadriidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі, спарадычна гнездавальны рэліктавы від. Колькасць скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 3 відаў роду ў фауне ўсходняй Галарктыкі і адзіны гнездавальны прадстаўнік роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Невялікі кулік. Даўжыня цела 25-28 см, маса 155-205 г. Самец зверху залаціста-стракаты, знізу чорны з белай аблямоўкай. Спод крылаў белы. Самка больш бледная (ніз чорна-буры з асобнымі белымі пёрамі). Дзюба і ногі чорныя. У пазагнездавы перыяд самец і самка афарбаваны аднолькава: чорны колер на брушным баку змяняецца дымчатым.
Пашырэнне. Тундра, лесатундра і поўнач лясной зоны Эўразіі. Па Беларусі праходзіць паўднёвая мяжа гнездавога арэала, якая ўмоўна супадае з мяжой суцэльнага пашырэння вярховых балот. Гнездаванне ўпершыню даказана ў 1975 г. для тэрыторыі Казьянскага паляўнічага заказніка. У 1975-1987 гг. выяўлена 11 месцаў пражывання: балоты Обаль і Ямішча (Шумілінскі раён), Краснаборскі мох (Расонскі раён), Асвейскі мох (Верхнядзвінскі раён), Ельня (Міёрскі раён), Даўбенішкі і Грыблаўскі мох (Шаркоўшчынскі раён), Пастрэжскі мох (Бярэзінскі запаведнік), Гладанскі мох (Віцебскі раён), а таксама Карачэўскае балота на мяжы з Расеяй [1-9]. На пралётах (часцей увосень) трапляецца па ўсёй тэрыторыі краіны [1-3, 10].
Месцы пражывання. Буйныя вярховыя балоты з градава-багнавым і градава-азёрным расліннымі комплексамі. Аддае перавагу абводненым адкрытым або з рэдкімі соснамі ўчасткам [1, 2, 4, 7-9].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У Беларусі гняздуецца каля 200 пар. На працягу 20 ст. колькасць рэзка скарацілася. У 1980-я гг. вызначылася некаторая яе стабілізацыя.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Змяненне ўмоў існавання пад уплывам гаспадарчай дзейнасці і меліярацыі. Кліматычныя фактары ў перыяд гнездавання (зацяжныя дажджы, пахаладанні, замаразкі, снегапады). Фактар неспакою. Драпежнікі.
Асаблівасці біялогіі. Прылятае ў другой палове красавіка. Гняздуецца невялікімі калоніямі. Манагам. Кладка з 4 яек памерамі 50,9 x 35,9 мм у другой палове траўня. З 17 па 31 траўня 1976-1986 гг. знойдзена на балотах Обаль, Ельня, Гладанскі мох і Пастрэжскі мох 13 гнёздаў са свежымі і наседжанымі кладкамі [4, 7-9]. Наседжванне 27-28 сутак [11]. Птушаняты пакідаюць гнёзды ў другой і трэцяй дэкадах чэрвеня, пачынаюць лётаць у 3-4-тыднёвым узросце. У канцы чэрвеня - пачатку жніўня перасяляюцца на палі. Кормяцца насякомымі і іншымі беспазваночнымі. Асенні адлёт і пралёт у другой палове жніўня-верасні. Зімуе на Пірэнейскім паўвостраве, у Паўднёвай Эўропе, Малой Азіі і Афрыцы [12].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [13]. Здабыча віду ў Беларусі забаронена [14]. Гнездавыя біятопы ахоўваюцца ў Бярэзінскім запаведніку і заказніках.
Неабходныя меры аховы. Стварэнне на базе буйных вярховых балот ландшафтна-гідралагічных, а таксама пастаянных і сезонных арніталагічных заказнікаў. Заснаванне рэжыму абсалютнай запаведнасці для тэрыторыі гідралагічнага заказніка «Ельня». Забарона наведвання месцаў пражывання людзьмі ў перыяд гнездавання з 1 красавіка па 1 жніўня. Вывучэнне экалогіі, рэгулярныя ўлікі колькасці і кантроль за станам папуляцыі. Прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Долбик, Дорофеев, 1978; 2. По страницам Красной книги, 1987; 3. Дорофеев, Сюборова, 1987; 4. Козлов, Ивановский, 1980; 5. Дорофеев, Козлов, Кузьменко, 1982; 6. Кузьменко, Козлов, Дорофеев, 1985; 7. Казлоў, Кузьменка (асаб. павед.); 8. Іваноўскі (асаб. павед.); 9. Нікіфараў (асаб. павед.); 10. Федюшин, Долбик, 1967; 11. Makatsch, 1974; 12. Добрынина, 1985; 13. Чырвоная кніга БССР, 1981; 14. Положение, 1987.

А.Дарафееў @

Гальштучнік (Charadrius hiaticula L., 1758)
Атрад Сеўцападобныя (Charadriiformes), сямейства Сяўцовыя (Charadriidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі, лакальна гнездавальны і пралётны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 2 відаў роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Дробны кулік (даўжыня да 22,5 см, маса 55-75 г) з кароткай дзюбай. Патыліца, спіна і надхвосце буравата-шэрыя, грудзі, брушка і падхвосце белыя. На валляку чорная палоса - «гальштук». Аснова дзюбы і ногі аранжава-жоўтыя, канец дзюбы чорны.
Пашырэнне. Пераважна тундра Эўразіі і Паўночнай Амерыкі. У Беларусі ўсе знойдзеныя да гэтага часу гнездавальныя групоўкі прымеркаваны да тэрыторыі Палесся і знаходзяцца ў Пінскім, Столінскім і Жыткавіцкім раёнах [1].
Месцы пражывання. Вялікія спустошаныя лугі-пашы, якія пераходзяць у прыбярэжныя косы і водмелі. Гняздуецца звычайна на сухіх узвышшах і грэбнях з разрэджанай расліннасцю (ксерафітныя злакі і расходнік).
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У выяўленых месцах пражывання ў 1987 г. агульная колькасць складала каля 30 пар.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гібель гнёздаў у выніку выпасу жывёлы і частага наведвання месцаў гнездавання людзьмі.
Асаблівасці біялогіі. Пасяляецца групамі па некалькі пар, звычайна побач з іншымі кулікамі (кнігаўкамі, траўнікамі, вялікімі вераценнікамі, марадункамі), а таксама з малымі і рачнымі крачкамі. Гняздо - паглыбленне ў глебе з беднай высцілкай або без яе. Кладка з 4, радзей 3 яек памерамі 35,1 x 25,6 мм. Тэрміны гнездавання расцягнутыя, магчыма з-за частага неспакою і вымушаных паўторных кладак пасля гібелі першых. Трохі і добра наседжаныя кладкі і пухавыя птушаняты адзначаліся ў апошняй дэкадзе траўня і ў другой дэкадзе чэрвеня [1]. Корміцца чарвямі, малюскамі і іншымі беспазваночнымі.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльна не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Забарона выпасу жывёлы і абмежаванне наведвання людзьмі месцаў гнездавання птушак на прыбярэжных участках поймы Прыпяці да канца чэрвеня. Выкарыстанне гэтых тэрыторый пасля перыяду размнажэння птушак пад пашу для прадухілення іх зарастання і трансфармацыі.

Літ.: 1. Нікіфараў, Казулін, Ямінскі (асаб. павед.).

М.Нікіфараў @

Кулік-сарока (Haematopus ostralegus L., 1758)
Атрад Сеўцападобныя (Charadriiformes), сямейства Кулікі-сарокі (Haematopidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі спарадычна гнездавальны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. У сямействе вядомы 4 віды сусветнай фауны, з якіх ва ўсходняй Галарктыцы і ў Беларусі - 1.
Кароткае апісанне. Буйны кулік (даўжыня цела 37-42 см, маса каля 450 г) з доўгай (6,3-10,3 см), прамой, ярка-чырвонай дзюбай. Афарбоўка кантрастная: спінны бок і грудзі чорныя, ніз белы. Пад вокам белая плямінка. Самец і самка афарбаваны аднолькава, але ў самкі дзюба даўжэйшая, чым у самца. Зімой у птушак на чорным горле паяўляецца белая пляма або асобныя белыя пёры.
Пашырэнне. Узбярэжжы мораў і буйных кантынентальных вадаёмаў Эўразіі, Амерыкі і Аўстраліі [1-3]. У Беларусі гняздуецца на Прыпяці ад вусця Ясельды да Дняпра, у ніжнім цячэнні Дняпра (ад г. Лоева да в. Ніжнія Жары) і Сажа (ад Гомеля да Лоева) [1, 4, 6]; на Браслаўскіх азёрах - Снуды, Струста, Войса, Балойса, Поцех, Недрава, Дрывяты [7] і Вілейскім вадасховішчы [8, 9]. На пралёце зрэдку адзначаецца па Дняпру, Сажы, Заходняй Дзвіне і на буйных азёрах паўночнай часткі краіны [10, 11].
Месцы пражывання. Адкрытыя прыбярэжныя пясчаныя і пясчана-галечныя водмелі, косы і астравы буйных рэк і азёр з рэдкай травяністай расліннасцю або без яе [4-9]. У траўні 1989 г. 3 пары выяўлены на гняздоўі ў рэкрэацыйнай зоне г. Гомеля на правым беразе Сажа [6].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Агульная колькасць у Беларусі (1987) не менш за 150 пар. Асноўны сучасны ачаг пражывання - пойма Прыпяці і ніжняе цячэнне Дняпра. У чэрвені 1987 г. на ўчастку Пінск - Верасніца (138 км) улічана 4 пары, Верасніца - Мазыр (161 км) - 39 птушак (многія з вывадкамі), Мазыр - Юравічы (141 км) - 62 птушкі [5]. На Дняпры ад в. Ніжнія Жары да Лоева (111 км) адзначана 27 птушак, на Сажы ад Гомеля да Лоева - 9 [5]. Другі ачаг і верагодна больш малады - у Заходнім Паазер'і. На Браслаўскіх азёрах гняздуецца каля 30 пар [7]. На Вілейскім вадасховішчы не больш за 5 пар. За апошнія 10 гадоў колькасць у Прыпяцкім запаведніку і на Браслаўскіх азёрах узрасла ў некалькі разоў [1, 4, 7].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Рэзкае павышэнне ўзроўню вады і затапленне гнездавых біятопаў у выніку моцных дажджоў і летніх (травень-чэрвень) паводак. Выпас жывёлы. Фактар неспакою.
Асаблівасці біялогіі. Полавай спеласці дасягае ва ўзросце 2 гадоў. Прылятае ў другой палове красавіка. Гняздуецца невялікімі калоніямі і асобнымі парамі, часта ў калоніях чаек. Кладка з 3-4 пясочна- або глініста-жоўтых яек з плямамі памерамі 56,1 x 39,2 мм. Манагам. Наседжванне 24-27 сутак. Птушаняты з'яўляюцца ў апошнія дні траўня-чэрвені. Узнімаюцца на крыло ва ўзросце 34-35 сутак. Лётныя маладыя адзначаны ў другой палове ліпеня [5-9]. Вандраванне і адлёт пачынаюцца з сярэдзіны жніўня. Корміцца малюскамі, ракападобнымі, насякомымі і іх лічынкамі. Зімуе на Атлантычным узбярэжжы Паўночна-Заходняй Эўропы [12].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [2]. Здабыча віду ў Беларусі забаронена [13]. Месцы пражывання ахоўваюцца ў Прыпяцкім запаведніку і арніталагічным заказніку «Снуды» (Браслаўскі раён).
Неабходныя меры аховы. Стварэнне пастаянных і сезонных заказнікаў у месцах гнездавання. Забарона выпасу жывёлы і наведвання чалавекам месцаў гнездавання з 1 красавіка па 1 жніўня. Вывучэнне экалогіі, улік колькасці, кантроль за станам папуляцыі. Прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Долбик, 1985; 2. По страницам Красной книги, 1987; 3. Дорофеев, Сюборова, 1987; 4. Клакоцкі (асаб. павед.); 5. Зуёнак, Казулін, Нікіфараў, Ямінскі (асаб. павед.); 6. Кусянкоў, 1990; 7. Казлоў, Навумчык, Бірукоў (асаб. павед.); 8. Нікіфараў (асаб. павед.); 9. Шкляроў, Навумчык, Грычык (асаб. павед.); 10. Федюшин, Долбик, 1967; 11. Кусянкоў (асаб. павед.); 12. Бианки, Нэльс, 1985; 13. Положение, 1987.

А.Дарафееў @

Вялікі уліт (Tringa nebularia Gunn., 1767)
Атрад Сеўцападобныя (Charadriiformes), сямейства Бакасавыя (Scolopacidae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі гнездавальн від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 7 відаў роду ў фауне ўсходняй Галарктыкі, самы буйны прадстаўнік роду.
Кароткае апісанне. Буйны кулік. Даўжыня цела 34-37 см, маса да 195 г. Дзюба доўгая, крыху загнутая ўверх. Пярэдняя частка спіны і плечавыя пёры шэрыя, з буйнымі цёмнымі стракацінамі, задняя частка спіны і надхвосце белыя. Брушны бок белы, з буйнымі каплепадобнымі стракацінамі на валлі і баках і дробнымі на горле.
Пашырэнне. Гнездавы арэал ахоплівае лясную зону Эўразіі. Паўднёвая мяжа даходзіць да паўночнага ўсходу Беларусі. На вясеннім і асеннім пралётах нешматлікі і трапляецца ў асноўным ва ўсходняй частцы краіны. У гнездавы час адзінкавыя птушкі адзначаны ў Менскім [1] і шэрагу раёнаў Віцебскай вобласці [2, 3]. Сустрэчы пар улітаў з гнездавымі паводзінамі зарэгістраваны ў Расонскім, Міёрскім, Шаркоўшчынскім, Віцебскім, Лёзненскім і Шумілінскім раёнах [2, 4]. Гняздуецца ў Бярэзінскім запаведніку, дзе ў 1975 г. была здабыта маладая птушка [5], а ў 1985 г. ў чэрвені назіралі 3 пары птушак з гнездавымі паводзінамі [6]. Адзінае гняздо вялікага уліта знойдзена на вярховым балоце 12.05.1987 г. ў Лёзненскім раёне [7].
Месцы пражывання. Вярховыя і пераходныя балоты.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. На межах арэала, у тым ліку і ў паўночна-ўсходніх раёнах Беларусі трапляюцца адзінкавыя пары.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Скарачэнне плошчаў вярховых балот у выніку меліярацыйных работ, крайняя насцярожанасць у паводзінах птушак перашкаджае засяленню імі месцаў, дзе часта бываюць людзі.
Асаблівасці біялогіі. Гняздуецца асобнымі парамі ў найбольш глухіх бязлюдных участках балот. Гнёзды размяшчае ў сухім месцы на зямлі або купіне. Гнездаванне з пачатку траўня. Кладка з 4 яек памерамі 50,3 x 35 мм. Пры неспакоі птушкі з крыкам абараняюць гнездавы ўчастак і тым самым лёгка выяўляюць сваю прысутнасць. Корміцца воднымі насякомымі і іх лічынкамі, якіх ловіць на водмелях.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. У Віцебскай вобласці ахоўваецца ў шэрагу заказнікаў, утвораных на вярховых балотах.
Неабходныя меры аховы. Захаванне вярховых балот і забарона наведвання людзьмі месцаў гнездавання улітаў у перыяд размнажэння. Прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Ямінскі (асаб. павед.); 2. Іваноўскі (асаб. павед); 3. Вязовіч (асаб. павед.); 4. Дорофеев, Козлов, Кузьменко, 1982; 5. Дучыц (асаб. павед.); 6. Цішачкін (асаб. павед.); 7. Казлоў, Лычкоўскі (асаб. павед.).

А.Казулін @

Марадунка (Xenus cinereus Guld., 1775)
Атрад Сеўцападобныя (Charadriiformes), сямейства Бакасавыя (Scolopacidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які гняздуецца лакальна.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўнік монатыпічнага роду.
Кароткае апісанне. Дробны кулік, даўжыня цела каля 20 см, маса 60-90 г, з доўгай загнутай уверх дзюбай. Полавы дымарфізм не выражаны. Верх цела буравата-шэры з цёмнымі стракацінамі, ніз - белы з вузкімі стракацінамі на грудзях і шыі. Ногі жоўтыя.
Пашырэнне. Эўразія, прычым асноўная частка арэала знаходзіцца ў Сібіры і прасціраецца ад зоны тундры да лесастэпаў. Нягледзячы на тое, што гэты кулік адносіцца да паўночных птушак, усе яго знаходкі на гнездаванні ў Беларусі, акрамя адной - у 1964 г. ў Гарадоцкім раёне [1], адносяцца да поймы Прыпяці на ўчастку ад г.п. Тураў да яе вусця. У 1926 г. марадунка выяўлена ў Нараўлянскім раёне, у Жыткавіцкім раёне каля г.п. Тураў у 1960 г. выяўлена птушка, у 1973 г. - 2 гнязды, у 1987 г. - гняздо і вывадак. Каля в. Пагост (Жыткавіцкі раён) у 1971 г. знойдзены 3 гнязды і ў 1987 г. - калонія птушак з 13 гнёздаў [2-5]. У Мазырскім раёне ў 1987 г. каля в. Барбарова на востраве сярод ракі выяўлены 3 пары птушак з вывадкамі [6].
Месцы пражывання. Адкрытыя поймы рэк, палосы плаўніку.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Спецыяльна не вызначалася. На ўчастку поймы Прыпяці ад г.п. Тураў да вусця налічваецца не менш за 30 пар [5].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая дзейнасць, выпас жывёлы ў поймах.
Асаблівасці біялогіі. Гняздуецца ў плаўніку, які застаецца пасля паводкі. Гнёзды - паглыбленні ў глебе, высланыя рэшткамі леташняй расліннасці. У кладцы 4 яйкі памерамі 37,7 x 26 мм бруднавата-зеленаватага колеру з бурымі крапінкамі. Свежыя і наседжаныя яйкі - у траўні, пухавічкі - у сярэдзіне чэрвеня.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Марадунка занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [7]. Здабыча птушкі забаронена [8].
Неабходныя меры аховы. Аб'яўленне часовымі заказнікамі на перыяд з красавіка да верасня тэрыторый сумеснага пражывання марадункі з іншымі ахоўнымі рэдкімі відамі птушак - малой чайкай, малой крачкай, куліком-сарокай, стэпавай ціркушкай. Прапаганда аховы віду з безумоўнай характарыстыкай палявых апазнавальных прыкмет птушкі.

Літ.: 1. Дорофеев, 1970; 2. Федюшин, Долбик, 1967; 3. Клакоцкі (асаб. павед.); 4. Долбик, Дорофеев, 1978; 5. Нікіфараў, Ямінскі, Казулін (асаб. павед.); 6. Нікіфараў (асаб. павед.); 7. Чырвоная кніга БССР, 1981; 8. Положение, 1987.

М.Долбік, М.Нікіфараў @

Чорнаваллёвік (Calidris alpina L., 1758)
Атрад Сеўцападобныя (Charadriiformes), сямейства Бакасавыя (Scolopacidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі пралётны і залётны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны прадстаўнік роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Трохі меншы за шпака кулік. Даўжыня цела да 23 см, маса каля 50 г. Самкі буйнейшыя за самцоў. Апярэнне спіны чорна-бурае з шырокімі рыжымі верхавінамі пёраў. Горла і валлё ў дробных цёмных стракацінах, грудзі і пярэдняя частка брушка чорна-бурыя, астатняя частка ніза белая. Дзюба доўгая, тонкая, крыху загнутая ўніз; ногі чорныя.
Пашырэнне. Пераважна арктычная зона Эўразіі і Паўночнай Амерыкі. У Беларусі трапляецца па ўсёй тэрыторыі на вясеннім і асеннім пралётах. Адзінкавыя асобіны і чародкі птушак даволі часта трапляюцца ў краіне і ўлетку [1-6]. Большасць мігрыруючых птушак адносіцца да падвіду C.a. alpina [7], які гняздуецца ў тундры. У летні перыяд праз Летуву пранікае, відаць, другі падвід C.a. schinzii, які гняздуецца на ўзбярэжжы Балтыйскага мора. У Беларусі гнездаванне адзначана на адным з астравоў воз. Снуды ў Браслаўскім раёне [8].
Месцы пражывання. Гняздуецца ў асноўным на мокрых лугах у поймах рэк і азёр, на мохавых балотах. У Беларусі ў летні перыяд трапляецца на пясчаных косах рэк, на астравах і сплавінах сярод азёр. Знойдзенае на воз. Снуды гняздо было размешчана на краі адкрытага нізкатраўнага ўчастка сухадольнага луга за пясчанай літараллю вострава.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. На ўзбярэжжы Балтыйскага мора колькасць скарачаецца з-за памяншэння прыдатных для гнездавання плошчаў, што, верагодна, і з'яўляецца прычынай рассялення віду на ўнутраныя вадаёмы і з'яўлення адзінкавых пар на гнездаванні ў Беларусі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Змяненне месцаў гнездавання ў выніку меліярацыі і стэнатопнасць віду, якая перашкаджае яго рассяленню на ўнутраныя вадаёмы.
Асаблівасці біялогіі. Вясенні пралёт у красавіку-траўні, асенні - у жніўні-верасні. Відаць, не ўсе маладыя птушкі на другі год жыцця дасягаюць полавай спеласці, аб чым сведчаць шматлікія сустрэчы чародак чорнаваллёвіка ў гнездавы час. Затрымка няполаваспелых птушак на шляхах міграцыі вядзе да магчымасці выпадковага гнездавання віду па-за межамі гнездавога арэала. Такія выпадкі гнездавання могуць прывесці да ўтварэння новых пастаянных месцаў пражывання, што і назіраецца на Браслаўскіх азёрах. Корміцца чорнаваллёвік лічынкамі водных насякомых, малюскамі, зрэдку расліннасцю.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльна не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Стварэнне мікразаказніка на астравах воз. Снуды.

Літ.: 1. Вадковский, 1964; 2. Дорофеев, 1970; 3. Ямінскі (асаб. павед.); 4. Дорофеев, Козлов, Кузьменко, 1982; 5. Бірукоў (асаб. павед.); 6. Вязовіч (асаб. павед.); 7. Федюшин, Долбик, 1967; 8. Казлоў (асаб. павед.).

А.Казулін @

Сярэдні кулон (Nymenius phaeopus L., 1758)
Атрад Сеўцападобныя (Charadriiformes), сямейства Бакасавыя (Scolopacidae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі спарадычна гнездавальны від. Колькасць скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўнік політыпічнага роду, які ўключае 8 відаў сусветнай фауны, з іх 5 відаў у фауне ўсходняй Галарктыкі і 2 у фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Кулік сярэдніх памераў (даўжыня цела да 47 см, маса 375-417 г) з серпападобна-загнутай уніз дзюбай даўжынёй 7,3-9,3 см. Агульная афарбоўка апярэння буравата-шэрая з падоўжнымі чорнымі стракацінамі, надхвосце і ніжні бок белыя. Цемя чорна-бурае з светлай падоўжнай палосай пасярэдзіне. Самкі буйнейшыя за самцоў і з больш доўгай дзюбай.
Пашырэнне. Лесатундра і поўнач лясной зоны Эўразіі і Паўночнай Амерыкі. У Беларусі праходзіць паўднёвая мяжа гнездавога арэала, якая супадае з лініяй суцэльнага пашырэння вярховых балот у паўночнай частцы краіны [1, 2]. Гнездаванне выяўлена ў 1976 г. на балоце Обаль у Казьянскім паляўнічым заказніку (Шумілінскі раён). У 1981-1987 гг. - у Міёрскім (гідралагічны заказнік «Ельня»), у Шаркоўшчынскім (балота Даўбенішкі), Верхнядзвінскім (балота Асвейскі мох), Расонскім (балоты Сакалішча, Чырванаборскі мох), Полацкім, Гарадоцкім і Віцебскім раёнах [3-8]. Усяго ў Паазер'і вядомы 8 пастаянных месцаў пражывання. На асеннім і вясеннім пралётах трапляецца па ўсёй тэрыторыі [8, 9].
Месцы пражывання. Буйныя вярховыя балоты з вялікімі адкрытымі ўчасткамі і градава-багнавымі расліннымі комплексамі. Найменш абводненыя, з рэдкімі хвоямі бугрыстыя ўчасткі [3, 5, 7, 8].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Агульная колькасць у Паазер'і каля 200 пар, у тым ліку на тэрыторыі Міёрскага і Расонскага раёнаў (на балотах Ельня, Сакалішча, Чырванаборскі мох) каля 90-100 пар. Найбольш інтэнсіўнае скарачэнне колькасці адбывалася ў 1950-1970 гг. У 1980-х гг. вызначылася некаторая яе стабілізацыя [10].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Скарачэнне плошчаў тыповых месцаў пражывання і змяненне ўмоў гнездавання пад уплывам асушальнай меліярацыі і гаспадарчай дзейнасці. Пагаршэнне кліматычных умоў. Фактар неспакою. Гібель кладак ад драпежнікаў.
Асаблівасці біялогіі. Прылятае ў другой палове красавіка. Гняздуецца часта разам з залацістым сяўцом, зрэдку асобна [3-6], і, як правіла, - побач з дзербнікам. Манагам. Гнёзды на сухіх месцах, часта на купінах пад прыкрыццём невялікага дрэўца. Кладка ў сярэдзіне траўня з 4 (паўторная з 2-3) яек памерамі 58,7 x 41,2 мм. Наседжванне на працягу 21-24 сутак. Птушаняты з'яўляюцца ў першай палове чэрвеня. Пачынаюць лётаць праз 30 сутак. Трымаюцца невялікімі чародамі. Адлятае на зімоўку ў другой палове ліпеня-жніўні [3-8]. Пралёт у верасні. Корміцца дробнымі насякомымі, малюскамі, чарвямі, ягадамі і насеннем балотных раслін.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [11]. Здабыча ў Беларусі забаронена [12]. Асобныя месцы пражывання ахоўваюцца ў гідралагічных і паляўнічых заказніках Віцебскай вобласці.
Неабходныя меры аховы. Стварэнне комплексных (для аховы рэдкіх раслін і жывёл) і арніталагічных заказнікаў на буйных вярховых балотах. Абмежаванне наведвання балот людзьмі ў гнездавы перыяд (з 1 красавіка па 1 жніўня). Вывучэнне экалогіі віду, прапаганда яго аховы.

Літ.: 1. Добрынина, 1985; 2. Иванов, 1978; 3. Дорофеев, Козлов, Кузьменко, 1982; 4. Кузьменко, Козлов, Дорофеев, 1985; 5. Козлов, Кузьменко, 1987; 6. Іваноўскі (асаб. павед.); 7. Дорофеев, Сюбарова, 1987; 8. По страницам Красной книги, 1987; 9. Грычык, Клакоцкі, Кусянкоў (асаб. павед.); 10. Дарафееў, Кузьменка (асаб. павед.); 11. Чырвоная кніга БССР, 1981; 12. Положение, 1987.

А.Дарафееў @

Серабрыстая чайка (Larus argentatus Pont., 1763)
Атрад Сеўцападобныя (Charadriiformes), сямейства Чайкавыя (Laridae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 17 відаў політыпічнага роду ў фауне ўсходняй Галарктыкі і адзін з 6 - у фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Самая буйная з чаек Беларусі. Даўжыня цела 58-64 см, маса да 1,8 кг, размах крылаў 1,4-1,6 м. Самкі меншыя за самцоў. Апярэнне знізу белае, на спіне шэрае. Крылы шэрыя з чорнымі канцамі. Дзюба (даўжынёй да 6 см) жоўтая з чырвонай плямай на выступе паддзюб'я. Маладыя птушкі шэра-бурыя з светлым нізам.
Пашырэнне. Марскія астравы і ўзбярэжжы, буйныя вадаёмы Паўночнай Эўразіі і Паўночнай Амерыкі [1]. У Беларусі ўпершыню выяўлена на гнездаванні ў 1982 г. ў Міёрскім раёне ў гідралагічным заказніку Ельня [2], у 1983 г. адзначана на воз. Снуды ў Браслаўскім раёне [4], у 1986 г. - на вярховым балоце Мох паблізу воз. Нобіста ў Міёрскім раёне [4], у 1987 г. - на воз. Асвея ў Верхнядзвінскім раёне [5]. Гняздуецца толькі ў паўночна-заходніх раёнах Паазер'я. Паводле звестак пра кальцаванне мясцовая папуляцыя фармуецца за кошт калоній, якія гняздуюцца ў Эстоніі [5]. У паслягнездавы час вандроўныя птушкі адзначаюцца па ўсёй тэрыторыі краіны, але часцей у заходніх раёнах [6]. У час вясенняга і асенняга пралётаў адзначаны на воз. Нарач [6], у Берасцейскай вобласці [7-9], Прыпяцкім запаведніку [10] і ў наваколлі Гомеля [11]. У паўднёва-заходняй частцы Беларусі (Берасце) асобныя птушкі зрэдку зімуюць [9].
Месцы пражывання. Градава-азярковыя комплексы на буйных вярховых балотах, пясчана-камяністыя берагі і сплавіны азёр [2-5].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У 1982 г. агульная колькасць гнездавальных птушак у паўночна-заходніх раёнах Паазер'я была каля 25 пар, у 1987 г. - каля 75 пар. З 1982 па 1987 гг. колькасць узрасла ў 3 разы, адзначаны спробы заснавання новых калоній на балоце Мох і воз. Асвея [2-5]. У бліжэйшыя гады тэндэнцыя павелічэння колькасці, магчыма, захаваецца.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Абмежаванасць прыдатных месцаў для гнездавання. Фактар неспакою. Адзначаны выпадкі знішчэння кладак шэрымі варонамі [5].
Асаблівасці біялогіі. Манагам. У Паазер'е прылятае ў першай палове красавіка. Гняздуецца невялікімі калоніямі (4-25 пар) або асобнымі парамі ў калоніях азёрных і шызых чаек. Гняздо буйное, з грубага расліннага матэрыялу і ламачча. Кладка ў канцы красавіка - першай палове траўня з 2-4, часцей 3 яек памерамі 71,1 x 49,9 мм. Наседжванне 26-27 сутак. Вылупленне птушанят у канцы траўня - першай палове чэрвеня. Узнімаюцца на крыло ва ўзросце каля 40 сутак. Вандроўкі і перамяшчэнні птушак у заходнім і паўднёва-заходнім напрамках з канца ліпеня [2-5]. Усёедная. Корміцца дробнай рыбай, яйкамі і птушанятамі, мышападобнымі грызунамі, падлай, ягадамі [1]. Зімуе ў Прыбалтыцы і Заходняй Эўропе [12].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльна не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Вывучэнне экалогіі, улік колькасці, кантроль за станам мясцовай папуляцыі. Рэжым спакою ў гнездавы перыяд.

Літ.: 1. Дементьев, 1951; 2. Наумчик, Ивановский, 1982; 3. Казлоў, Навумчык, Бірукоў (асаб. павед.); 4. Іваноўскі (асаб. павед.); 5. Бірукоў (асаб. павед.); 6. Грычык (асаб. павед.); 7. Дзямянчык (асаб. павед.); 8. Дацкевич, 1971; 9. Шокала (асаб. павед.); 10. Клакоцкі (асаб. павед.); 11. Кусянкоў (асаб. павед.); 12. Птицы Латвии, 1983.

А.Дарафееў @

Касматаногі сыч (Aegolius funereus L., 1758)
Атрад Совападобныя (Strigiformes), сямейства Савіныя (Strigidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі гнездавальны, аселы і вандроўны від. Колькасць скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны прадстаўнік роду ў фауне ўсходняй Галарктыкі і Беларусі.
Кароткае апісанне. Дробная сава. Даўжыня цела 22-25 см, маса да 220 г, размах крылаў 0,54-0,63 м. Галава вялікая, жаўтаватая, з пляскатым тваравым дыскам. Агульная афарбоўка бледная шаравата-бурая з светлымі стракацінамі, якія ўтвараюць на крылах і хвасце папярочны малюнак. Брушны бок белы з падоўжнымі бурымі стракацінамі. Тваравы дыск аблямаваны палосай з маленькіх з белымі кроплепадобнымі верхавінкамі пёрак. Дзюба і радужына жоўтыя, кіпцюры чорныя. Пальцы густа апераны да кіпцюроў.
Пашырэнне. Зона хвойных і мяшаных лясоў Паўночнай Эўразіі і Амерыкі. Па Беларусі праходзіць паўднёвая мяжа арэала, якая ўмоўна супадае з р. Прыпяць [1, 2]. Трапляецца спарадычна, часцей у паўночнай частцы краіны. Жылыя гнёзды і птушкі з гнездавымі паводзінамі адзначаны ў Гарадоцкім (травень-чэрвень 1966, 1967 гг., красавік-травень 1983-1985 гг.), Віцебскім (красавік-травень 1976, 1979, 1982-1985 гг.), Аршанскім (чэрвень 1929 г.), Лепельскім (травень 1925 г.), Докшыцкім (травень 1987 г.), Верхнядзвінскім (травень 1982 г.), Мядзельскім (1987 г.), Стаўбцоўскім (1982 г.) раёнах [3-8]. У красавіку-траўні 1980-1985 гг. гнёзды з птушанятамі і кладкамі, а таксама дарослыя птушкі адзначаны ў Менскім, Наваградскім і Вілейскім раёнах [9]. Гняздуецца ў Гарадзенскай вобласці [10]. Птушкі з прыкметамі гнездавання наглядаліся ў Івацэвіцкім, Пружанскім (1984-1987 гг.) і Пінскім (1913 г.) раёнах [11, 12]. Самы паўднёвы вядомы пункт гнездавання (1982 г.) - в. Альманы ў Столінскім раёне [13]. У паслягнездавы час адзначаны ў шэрагу іншых раёнаў, а таксама ў Белавежскай пушчы, дзе, верагодна, гняздуецца [14].
Месцы пражывання. Старыя, радзей сярэднеўзроставыя хвойныя і мяшаныя лясы з наяўнасцю дуплаватых дрэў паблізу балот, азёрных і рачных поймаў, высечак. У паслягнездавы перыяд - таксама разрэджаныя насаджэнні і пералескі [2, 4, 6, 9, 13].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Спецыяльна ў Беларусі не вызначалася. Заканамерна скарачаецца з поўначы на поўдзень па меры скарачэння ўдзельнай вагі таежных парод у насаджэннях. На працягу 20 ст. колькасць віду на захадзе лясной зоны Ўсходне-Эўрапейскай раўніны значна скарацілася [15, 16].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Скарачэнне плошчаў спелых і прыспяваючых насаджэнняў, дэфіцыт прыдатных для гнездавання дуплаватых дрэў, змяншэнне колькасці мышападобных грызуноў.
Асаблівасці біялогіі. Інтэнсіўнае такаванне (шлюбныя крыкі самцоў) у канцы сакавіка - першай палове красавіка. Манагам. Гняздуецца часцей за ўсё ў дуплах жаўны [2, 4, 9], займае і штучныя гняздоўі. Кладка з 4-6 (да 10) яек памерамі 31,9 x 26,4 мм у паўночных раёнах з канца сакавіка да пачатку красавіка, на поўдні (Столінскі раён) у сярэдзіне сакавіка [2, 6, 9, 12, 13]. Наседжванне 25-28 сутак. Маладыя пакідаюць дупло ў чэрвені ва ўзросце 30-40 сутак. У ліпені-жніўні вывадкі распадаюцца. У асенне-зімовы перыяд у паўднёва-заходнім і заходнім напрамках наглядаюцца вандраванні як асобных птушак, так і невялікіх (3-5 птушак) груп [15, 16]. Корміцца пераважна мышападобнымі грызунамі і дробнымі насякомаеднымі, радзей птушкамі. У халодны перыяд у дуплах робіць кармавыя запасы.
Развядзенне. Вядомы выпадкі паспяховага ўтрымання ў вальерах.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльна не прымаліся. Асобныя месцы пражывання віду ахоўваюцца ў запаведніках і заказніках.
Неабходныя меры аховы. Зберажэнне спелых насаджэнняў і дуплаватых дрэў. Развешванне штучных гняздоўяў. Вывучэнне экалогіі, улік колькасці і кантроль за станам асобных папуляцый. Прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Дементьев, 1951; 2. Федюшин, Долбик, 1957; 3. Дорофеев, 1970; 4. Дарафееў (асаб. павед.); 5. Лычкоўскі (асаб. павед.); 6. Іваноўскі (асаб. павед.); 7. Ільінскі, Фяцісаў (асаб. павед.); 8. Грычык (асаб. павед.); 9. Цішачкін, Ямінскі (асаб. павед.); 10. Сямашка, 1956; 11. Зуёнак, Дзямянчык (асаб. павед.); 12. Шнитков, 1913; 13. Іванюценка (асаб. павед.); 14. Дацкевич, 1971; 15. Мальчевский, Пукинский, 1983; 16. Птицы Латвии, 1983.

А.Дарафееў @

Даўгахвостая (уральская) няясыць (Strix uralensis Pall., 1771)
Атрад Совападобныя (Strigiformes), сямейства Савіныя (Strigidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі аселы від. Колькасць скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўнік політыпічнага роду, адзін з 3 відаў у фауне ўсходяй Галарктыкі і Беларусі.
Кароткае апісанне. Буйная сава (даўжыня цела 50-60 см, маса 680-980 г, размах крылаў 1,1-1,22 м) з доўгім (26-30 см) паласатым хвастом. Самкі буйнейшыя за самцоў. Апярэнне спіннога боку вохрыстае з густымі цёмнымі падоўжнымі стракацінамі, брушнога - белае з бурымі падоўжнымі плямамі. Тваравы дыск светла-шэры, з бакоў і знізу аблямаваны вузкай палосай з дробных серабрыста-белых пёрак. Першарадныя махавыя цёмна-бурыя з светлымі папярочнымі палоскамі. Дзюба жоўтая, радужына цёмна-карычневая, кіпцюры чорныя. Апярэнне ног белаватае або вохрыстае, даходзіць да кіпцюроў.
Пашырэнне. Зона хвойных лясоў таежнага тыпу Паўночнай Эўразіі. Паўднёвая мяжа гнездавога арэала ў Беларусі праходзіць па 54-й паралелі [1, 2]. У Паазер'і трапляецца паўсюдна ў тыповых біятопах. Звесткі аб сустрэчах птушак у гнездавы перыяд, знаходках гнёздаў (1984-1987 гг.) або здабычы птушак паступілі з Лагойскага (1928 г.), Лепельскага (1921, 1950, 1951, 1959, 1984-1987 гг.), Гарадоцкага (1963, 1964, 1978, 1982-1985 гг.), Віцебскага, Лёзненскага, Бешанковіцкага, Шумілінскага, Полацкага, Міёрскага, Расонскага і Верхнядзвінскага (1980-1987 гг.) раёнаў [3-10]. Для паўднёвай часткі краіны (Пінскі, Івацэвіцкі, Пухавіцкі раёны) знаходкі датуюцца раней 1927 г. [3, 10]. У Белавежскай пушчы не адзначана [11, 12]. Раней паказаная паўднёвая мяжа арэала па шыраце Пінск - Лунінец [13], як відаць па апошніх звестках, не адлюстроўвае сучаснае пашырэнне віду.
Месцы пражывання. Старыя вільготныя высакаствольныя яловыя і ялова-лісцевыя лясы, якія чаргуюцца з балотамі, высечкамі, гарамі і поймамі рэк. У Віцебскай вобласці гнёзды знойдзены ў бярэзніку з прымессю сасны і елкі, у прыспяваючым чарнічнікавым сасняку, астраўных ельніках і дубравах паблізу або сярод адкрытых балот. У пазагнездавы перыяд трапляецца ў аграландшафце і нават у населеных пунктах.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Колькасць невядома. Частыя знаходкі ў Паазер'і абумоўлены спецыяльнымі работамі па вывучэнню віду і выкарыстаннем акустычных метадаў [5, 7]. У 1986-1987 гг. у Бярэзінскім запаведніку выяўлена 20 гнездавых участкаў, з якіх 13 было занята [5, 14]. У 1984-1987 гг. 3 гнязды знойдзены ў Бярэзінскім запаведніку, 2 - у Докшыцкім і 1 у Бешанковіцкім раёнах [5]. Нягледзячы на значную лічбу знаходак у Паазер'і, наглядаецца агульная тэндэнцыя да зніжэння колькасці птушак у Беларусі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчае асваенне тэрыторый, высечка старых лясоў, пагаршэнне ўмоў гнездавання, скарачэнне колькасці мышападобных грызуноў. Фактар неспакою. У суровую шматснежную зіму 1981-1982 гг. адзначаны выпадкі гібелі птушак у капканах, ад знясілення, залёты ў населеныя пункты [7].
Асаблівасці біялогіі. Манагам. Гнездавыя ўчасткі пастаянныя на працягу многіх гадоў. Такаванне пачынаецца ў першыя дні сакавіка, найбольш актыўнае - у канцы сакавіка - першай палове красавіка [5]. Гняздуецца ў старых гнёздах драпежных птушак, вялікіх дуплах, зрэдку на зямлі. Гнёзды знойдзены ў старых гнёздах канюкоў, цецяроўніка, у дупле ліпы, у адкрытым зверху дупле дубовага пня, на вышыні 3,5-17 м. У Галубіцкай пушчы (Докшыцкі раён) 2 жылыя гнязды размяшчаліся на адлегласці 3,5 км адно ад другога [5]. Кладка з 2-4 яек памерамі 50,1 x 42 мм у красавіку. Наседжванне 28 сутак, пачынаючы з першага знесенага яйка. Птушаняты пакідаюць гняздо ў канцы траўня [5]. Лётны маладняк ў сярэдзіне ліпеня. Корміць птушанят самец. Дарослыя птушкі кормяцца мышападобнымі грызунамі, землярыйкамі, радзей птушкамі [15]. У паслягнездавы перыяд шырока вандруе.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Здабыча ў Беларусі забаронена [16]. Ахоўваецца ў запаведніках і заказніках. Занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [13].
Неабходныя меры аховы. Вывучэнне экалогіі, улік колькасці, выяўленне і ахова месцаў пражывання, захаванне старых лясных насаджэнняў. Прывабліванне птушак развешваннем штучных гняздоўяў. Прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Дементьев, 1951; 2. Степанян, 1975; 3. Федюшин, Долбик, 1967; 4. Долбик, 1959; 5. Цішачкін, Іваноўскі (асаб. павед.); 6. Дорофеев, 1970; 7. Дарафееў (асаб. павед.); 8. Іванюценка (асаб. павед.); 9. Ільінскі, Фяцісаў (асаб. павед.); 10. Шнитников, 1913; 11. Дацкевич, 1971; 12. Дацкевіч (асаб. павед.); 13. По страницам Красной книги, 1987; 14. Тишечкин, 1986; 15. Мальчевский, Пукинский, 1983; 16. Положение, 1987.

А.Дарафееў @

Звычайны зімародак (Alcedo atthis L., 1758)
Атрад Ракшападобныя (Coraciiformes), сямейства Зімародкавыя (Alcedinidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі гнездавальны від, колькасць якога скарачаецца [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны прадстаўнік роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Крыху большы за вераб'я. Даўжыня 18-19 см, маса 27-38 г. Галава вялікая, дзюба доўгая, прамая. Хвост кароткі. Апярэнне яркае: зверху блакітна-зялёнае, надхвосце («сядло») бліскуча-блакітнае, шырокая палоса ад дзюбы праз вока да патыліцы і горла - вохрыста-белаватая, ніз інтэнсіўна ржава-рыжы. Дзюба чорная, ногі чырвоныя.
Пашырэнне. Эўразія і Паўночная Афрыка. У Беларусі - па ўсёй тэрыторыі, але нераўнамерна. У гнездавы перыяд адзначаны на Прыпяці і яе прытоках (Белая, Піна, Лань, Гарынь, Пціч, Ясельда, Славечна), Заходняй Дзвіне і яе прытоках (Обаль, Усвяча, Дрыса, Ула, Уса, Лучоса, Лужасянка, Сар'янка, Ушача, Каспля), Нёмане і яго прытоках (Вілія, Бярэзіна, Іслач), Дняпры і яго прытоках (Сож, Бярэзіна), прытоках Заходняга Буга (Мухавец, Лясная), у азёрах Ціёста, Езярышча (Паазер'е), Сялява (Крупскі раён), Перасыпное (Мазырскі раён), на Сергучоўскім (Лепельскі раён) і Агінскім (Івацэвіцкі раён) каналах і г.д. [1-15]. У зімовы перыяд знойдзены на рэках: Ратамцы (Менскі раён), Беліцы (Бярэзінскі раён), Полаўне (Гарадоцкі раён), Чорнай Ганчы (Гарадзенскі раён), Лясной (Камянецкі раён), каналах і канавах Берасця і яго ваколіц [6, 9, 13, 16].
Месцы пражывання. Рэкі, старарэччы, значна радзей азёры, каналы з стромкімі і абрывістымі берагамі, парослымі дрэўна-хмызняковай і травяністай расліннасцю. У выпадку пастаяннага неспакою можа зменьваць відавы стэрэатып гнездавання. У 1976-1977 гг. пара зімародкаў паспяхова гняздзілася ў абрыве пясчана-гравійнага кар'ера ў бярозавым гаі на адлегласці 800-900 м ад рэчышча Нёмана каля в. Караліна ў Стаўбцоўскім раёне [10].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. За апошнія 20 гадоў колькасць у гнездавы перыяд на шэрагу рэк складала: Іслач (1967 г.) - 0,3 пары на кіламетр; Асцёр (1977 г., нізоўе) - 0,24; Сож (1977 г., ад вусця р. Асцёр да Слаўгарада) - 0,24, у нізоўі - 0,09; Бярэзіна (1983 г., басейн Дняпра, нізоўе) - 0,2; Славечна (1983 г.) - 0,18; Прыпяць (1984 г., нізоўе) - 0,25; Нёман (1984 г., вярхоўе, ад в. Нёман да вусця р. Сэрвіч) - 0,22 пары на кіламетр. Сярэдняя колькасць на ўчастках рэк з прыдатнымі гнездавымі ўмовамі - 0,25 пары на кіламетр. На аптымальных участках шчыльнасць гнездавання павялічваецца ў 11-15 разоў і гнездавыя норы размешчаны за 20 м адна ад другой [5]. У 1967-1970 гг. на ўчастку каля 3,5 км р. Іслач паміж в. Рудня і в. Яцкава-Млынава рэгулярна гняздзіліся 3 пары [10]. У сярэдзіне ліпеня 1974 г. на Прыпяці ад г.п. Тураў да вусця р. Убарць (каля 90 км) адзначана 11 пар [1].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Выпростванне рэк, знішчэнне па берагах дрэвава-хмызняковай расліннасці, разбурэнне гнёздаў, выпас жывёлы, забруджванне вадаёмаў пестыцыдамі, бытавымі і прамысловымі выкідамі, фактар неспакою.
Асаблівасці біялогіі. У месцах гнездавання з'яўляецца звычайна ў першай дэкадзе красавіка [3]. Манагам. Гнёзды ў глыбокіх норах. Гнездавы перыяд расцягнуты. Поўныя свежыя кладкі з 5-8 белых з бляскам яек памерамі 21,8 x 18,4 мм трапляюцца з сярэдзіны траўня да канца першай дэкады чэрвеня. Наседжваюць абедзве птушкі 19-21 суткі. Птушаняты вылятаюць у ліпені.
Развядзенне. Выпадкі ўтрымання ў няволі вельмі рэдкія. Узятыя з гнязда і выгадаваныя птушаняты прыручаюцца і мірна ўжываюцца з іншымі дробнымі птушкамі [17].
Прынятыя меры аховы. Спецыяльна не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Ахова месцаў гнездавання, прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Клакоцкі (асаб. павед.); 2. Долбик, 1959; 3. Федюшин, Долбик, 1967; 4. Федзюкоў (асаб. павед.); 5. Фоменков, Иванютенко, Прибыщук, 1985; 6. Дорофеев, 1970; 7. Дарафееў (асаб. павед.); 8. Пакалаў (асаб. павед.); 9. Гулеўскі (асаб. павед.); 10. Шкляроў (асаб. павед.); 11. Самофалов, 1985; 12. Дзямянчык (асаб. павед.); 13. Шокала (асаб. павед.); 14. Бурко (асаб. павед.); 15. Нягрэй (асаб. павед.); 16. Шкляров, 1961; 17. Благосклонов, 1960.

Л.Шкляроў @

Зялёны дзяцел (Picus viridis L., 1758)
Атрад Дзятлападобныя (Piciformes), сямейства Дзятлавыя (Picidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі гнездавальны і зімуючы від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 3 відаў роду ў сусветнай фауне і адзін з 2 відаў роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Крыху буйнейшы за вялікага стракатага дзятла. Даўжыня цела 33-37 см, маса 186-250 г. Лёгка адрозніваецца ад іншых дзятлаў яркім жаўтавата-зялёным апярэннем і характэрным крыкам. Верх галавы і патыліца чырвоныя. Ад дзюбы, па баках галавы і шыі, ідуць чорныя «вусы». Спіна аліўкава-зялёная, надхвосце бліскуча-жоўтае. Брушны бок бледна-зеленаваты, зрэдку з невыразнымі цёмнымі стракацінамі. У маладых птушак стракаціны шматлікія, цёмныя.
Пашырэнне. Эўропа і Заходняя Азія. Лісцевыя і мяшаныя лясы паўднёвай паловы Эўропы. Тэрыторыя Беларусі ў межах арэала віду. Трапляецца ва ўсіх раёнах краіны [1], але часцей у паўднёвых. Знаходкі на гнездаванні вядомы ў 1963 г. ў Гарадоцкім раёне [2], у 1972 г. ў Міёрскім, Браслаўскім, Докшыцкім і Расонскім раёнах [3], у 1979-1986 гг. у Менскім, Маладэчанскім, Наваградскім, Мастоўскім, Жыткавіцкім [4], у 1990 г. ў Столінскім [5] раёнах.
Месцы пражывання. Буйнаствольныя лісцевыя і мяшаныя лясы. Аддае перавагу хваёва-дубовым лясам і дубравам. Чыстых ельнікаў пазбягае [1].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Не вызначалася.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка старых лісцевых дрэвастояў.
Асаблівасці біялогіі. Шлюбныя крыкі чуваць у сярэдзіне красавіка - першай палове траўня. Спароўванне ў канцы красавіка. Гнёзды ў дуплах асіны, вольхі, дубу, высцілае парахнёй. Кладка да 6 бліскуча-белых, правільнай авальнай формы яек памерамі 31,5 x 23,2 мм у першай палове траўня. Наседжаныя кладкі трапляюцца да сярэдзіны чэрвеня. Вылет птушанят у другой палове чэрвеня. У жніўні пачынае вандраваць. Восенню і зімой разам з пішчухамі, попаўзнямі, вялікімі стракатымі дзятламі залятае ў сады і паркі. Корміцца мурашкамі, а таксама шкоднікамі лясной гаспадаркі - жукамі-вусачамі, златкамі, дрэвагрызамі, караедамі і інш. [1].
Развядзенне. У няволі не ўтрымліваўся.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльна не прымаліся. Асобныя месцы пражывання і птушкі ахоўваюцца ў запаведніках і заказніках.
Неабходныя меры аховы. Ахова месцаў пражывання і дуплаватых дрэў з гнёздамі птушак. Вывучэнне экалогіі, прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Федюшин, Долбик, 1967; 2. Дорофеев, 1970; 3. Дарафееў (асаб. павед.); 4. Ямінскі, Нікіфараў, Долбік, Клакоцкі, Парэйка (асаб. павед.); 5. Казулін, Цішачкін (асаб. павед.).

М.Долбік, А.Казулін @

Трохпальцы дзяцел (Picoides tridactylus L., 1758)
Атрад Дзятлападобныя (Piciformes), сямейства Дзятлавыя (Picidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі спарадычна гнездавальны від. Колькасць скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 2 відаў роду, адзіны прадстаўнік роду ў фауне ўсходняй Галарктыкі і Беларусі.
Кароткае апісанне. Невялікі дзяцел (даўжыня цела 21-24 см, маса 51-69 г). Агульная афарбоўка чорна-белая. Спіна белая з чорнымі стракацінамі. Цемя ў самцоў залаціста-жоўтае, у самак - брудна-белае. Ад вачэй назад ідзе вузкая белая палоса, ад дзюбы - чорныя вусы. Шчокі цёмныя. Крылы буравата-чорныя з белымі стракацінамі. Брушны бок белы, зрэдку з вузкім папярочным малюнкам. На нагах 3 пальцы.
Пашырэнне. Хвойныя лясы паўночнага паўшар'я. Па Беларусі праходзіць паўднёвая мяжа гнездавога арэала [1-4]. Гняздуецца пераважна ў паўночнай частцы краіны. За апошнія 50 гадоў адзначаны на гнездаванні ў Гарадоцкім, Шумілінскім, Полацкім, Расонскім, Верхнядзвінскім, Мядзельскім раёнах, у Бярэзінскім і Прыпяцкім запаведніках, Белавежскай пушчы, а таксама ў Івацэвіцкім, Баранавіцкім і Хойніцкім раёнах [2-12]. У паслягнездавы перыяд часцей трапляецца ў Паазер'і, а таксама ў цэнтральных раёнах у сувязі з вандроўкамі мясцовых і больш паўночных асобін.
Месцы пражывання. Спелыя і прыспяваючыя мшыстыя саснякі, субары і ельнікі, а таксама ялова-лісцевыя і чорнаальховыя лясы, нярэдка забалочаныя, паблізу высечак, гараў, поймаў рэк і азёр. У паслягнездавы перыяд часта трымаецца ў забалочаных бярэзніках і вольсах, мертвапокрыўных ельніках і сасняках [5-9, 11-14].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Агульная колькасць невядома. У 1966-1967 гг. у Гарадоцкім раёне ў гнездавы час трапляўся даволі часта, але стаў рэдкім [4, 11, 12] пасля неабмежаваных высечак у 1970 г. У 1980-1982 гг. у паўночна-ўсходніх раёнах (Гарадоцкі, Шумілінскі, Полацкі, Расонскі) было не больш за 60 пар [4, 11, 12]. У 1985-1986 гг. у мшыстых ялова-сасновых насаджэннях Верхнядзвінскага і Расонскага раёнаў улічана 1-1,5 пары на 10 км маршрута [13]. Зімой 1986-1988 гг. у поймавых ялова-альховых лясах Бярэзінскага запаведніка адзначана 6-6,8 асобін на 1 кв. км, у чорнаальховых - 3,7; у сфагнавых і мшыстых сасняках адпаведна 1,5 і 1,2 асобіны на 1 кв. км [15].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Скарачэнне плошчаў спелых і прыспяваючых хвойных насаджэнняў, санітарныя высечкі. Вядомы выпадкі разбурэння гнёздаў вавёркай і вялікім стракатым дзятлам, гібель птушак ад ястраба-цецяроўніка.
Асаблівасці біялогіі. Манагам. Такаванне і шлюбныя гульні ў канцы сакавіка - пачатку красавіка. Будаўніцтва гнёздаў з сярэдзіны красавіка [5, 13]. Дуплы ў жывых соснах, вольхах і ў сухастойных асінах, бярозах, вольхах або ў пнях [5, 7, 11]. У кладцы 3-5 (да 7) яек памерамі 24,8 x 18,8 мм. Наседжваюць абедзве птушкі 14 сутак. Птушаняты вылупляюцца ў канцы траўня - першай дэкадзе чэрвеня, пакідаюць дупло ў другой палове чэрвеня - пачатку ліпеня. У Бярэзінскім запаведніку дупло з птушанятамі ва ўзросце каля 15 сутак знойдзена 10 чэрвеня 1986 г., а свежая кладка (4 яйкі) 19 траўня [5]. У Мядзельскім раёне свежая кладка (7 яек) знойдзена 20 траўня 1980 г. [6], у Гарадоцкім - дупло з птушанятамі ва ўзросце каля 2 тыдняў 26 чэрвеня 1986 г. [13]. Там жа вывадкі адзначаны 28 чэрвеня 1966 г. і 6 ліпеня 1967 г., а ў Верхнядзвінскім раёне - пасля 24 чэрвеня 1982 г. [7, 11]. 8-9 чэрвеня 1990 г. ў Арлейскім лясніцтве Полацкага лясгаса ў месцы пераходу мшыстых бароў у балота знойдзены 2 жылыя гнязды з 5 і 2 птушанятамі ва ўзросце 13-15 сутак. Абодва дуплы размяшчаліся ў старых чорнаальховых пнях [16]. Корміцца пераважна насякомымі, якія жывуць пад карой дрэў (караеды, забалоннікі, вусачы), а ў цёплы перыяд года і іншымі насякомымі.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [4]. Здабыча віду ў Беларусі забаронена [17]. Месцы пражывання ахоўваюцца ў запаведніках і заказніках.
Неабходныя меры аховы. Ахова характэрных месцаў пражывання - рэгламентацыя санітарных высечак, старых ельнікаў, захаванне сухастойных дрэў. Стварэнне комплексных заказнікаў для аховы таежных відаў. Вывучэнне экалогіі, улік колькасці і кантроль за станам асобных папуляцый. Прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Степанян, 1975; 2. Федюшин, Долбик, 1967; 3. Долбик, Дорофеев, 1978; 4. По страницам Красной книги, 1987; 5. Бышнёў, Цішачкін, Ямінскі (асаб. павед.); 6. Грычык (асаб. павед.); 7. Ільінскі, Фяцісаў (асаб. павед.); 8. Дацкевич, 1971; 9. Дзямянчык (асаб. павед.); 10. Яновіч (асаб. павед.); 11. Дорофеев, 1970; 12. Дорофеев, Сюборова, 1987; 13. Дарафееў (асаб. павед.); 14. Пузанкевіч, Зуёнак (асаб. павед.); 15. Бышнев, Тишечкин, 1990; 16. Дарафееў (асаб. павед.); 17. Положение, 1987.

А.Дарафееў @

Шэры саракуш (Lanius excubitor L., 1758)
Атрад Вераб'інападобныя (Passeriformes), сямейства Саракушавыя (Laniidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі на большай частцы тэрыторыі краіны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўнік політыпічнага роду, які аб'ядноўвае каля 5 відаў, з іх 3 гняздуецца ў Беларусі.
Кароткае апісанне. Невялікая птушка даўжынёй 25-26 см і масай 55-80 г. Агульная афарбоўка шэрая (верх попельна-шэры, ніз злёгку шараваты). Крылы, хвост і шырокая палоса ад дзюбы праз вока да вуха чорныя. У час палёту на крылах відаць падоўжная белая палоса. Крайнія рулявыя пёры хваста з белымі палосамі па краях. Дзюба чорная кручкаватая, з зубцом на наддзюб'і, як у сакаліных птушак.
Пашырэнне. Эўропа, цэнтральная і паўночная частка Азіі (на поўнач да лесатундры, на поўдзень да Індыі), Паўночная Афрыка і Паўночная Амерыка. Тэрыторыя Беларусі знаходзіцца ў межах арэала віду. Гнездаванне адзначана ва ўсіх адміністрацыйных абласцях [1, 2]. Пастаянна трапляецца на зімоўцы.
Месцы пражывання. Узлескі хвойных і мяшаных лясоў, пералескі, гаі па суседству з поймамі, вялікімі высечкамі, лугамі і пашамі, вярховыя балоты, зрэдку ўскраіны нізінных балот. У апошні час часта гняздуецца ў астраўных лясах або на асобных групах старых дрэў сярод меліяраваных аграцэнозаў [3].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Агульная колькасць не вызначана. Ад адной да некалькіх пар трапляецца амаль на ўсіх буйных і вярховых балотах або на вялікіх меліярацыйных сістэмах [2]. Зімой колькасць павялічваецца за кошт птушак, якія адвандроўваюць з поўначы.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Вывучаны слаба. Адмоўна адбіваецца звядзенне дрэвавай расліннасці пры меліярацыі і асваенні тэрыторый.
Асаблівасці біялогіі. Манагам. Селіцца асобнымі парамі на значнай адлегласці адна ад другой. Гнёзды будуе на хвойных, радзей лісцевых дрэвах на вышыні ад 5 да 20 м. Аснова гнязда з тонкіх галінак. У кладцы ад 3 да 7, часцей 4-6 яек памерамі 26,7 x 20,4 мм. Тэрміны кладкі расцягнутыя, у сярэднім апошняя дэкада красавіка - сярэдзіна траўня. Наседжванне 15-17 сутак. Корміцца буйнымі насякомымі (жукамі, прамакрылымі), мышападобнымі грызунамі, дробнымі птушкамі (асабліва падлёткамі), зрэдку яшчаркамі і жабамі. Буйную здабычу птушкі надзяваюць на востры сучок або калючку і тады раздзіраюць.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [4]. Здабыча птушак і разбурэнне гнёздаў у Беларусі забаронены [5].
Неабходныя меры аховы. Зберажэнне астраўных лясоў і стварэнне штучных лесапалос на меліяраваных тэрыторыях. Прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Федюшин, Долбик, 1967; 2. Гулеўскі, Дарафееў, Іваноўскі, Нягрэй, Нікіфараў, Шокала (асаб. павед.); 3. Гулеўскі, Нікіфараў (асаб. павед.); 4. Чырвоная кніга БССР, 1981; 5. Положение, 1987.

М.Нікіфараў @

Варакушка (Luscinia svecica L., 1758)
Атрад Вераб'інападобныя (Passeriformes), сямейства Драздовыя (Turdidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўнік політыпічнага роду. Адзін з 7 відаў роду ў фауне ўсходняй Галарктыкі і адзін з 2 відаў у фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Дробная зграбная птушка. Даўжыня цела 14-15 см, маса каля 20 г. Полавы дымарфізм добра выяўлены. У самца горла і грудзі ярка-сінія, аблямаваныя знізу чорнай і рыжай палосамі. На сінім фоне горла ў цэнтры рыжая або белая плямінка. Верх цела аліўкавы, ніз светлы. Хвост рыжы з чорнымі палосамі па краях. У самкі горла і грудзі светлыя з чорнымі стракацінамі.
Пашырэнне. Арэал віду займае большую частку Эўразіі. Тэрыторыя Беларусі цалкам знаходзіцца ў межах арэала, але часцей варакушка трапляецца на Палессі, дзе месцамі не стварае ўражання рэдкай птушкі. Знаходкі гнёздаў або сустрэчы вывадкаў вядомы ў Пінскім, Лунінецкім, Жыткавіцкім, Гарадзенскім, Лідскім, Лепельскім, Мядзельскім, Петрыкаўскім [1], Столінскім [2] і Гарадоцкім [3] раёнах. Сустрэчы з самцамі ў час спеваў вядомы і ў іншых раёнах краіны.
Месцы пражывання. Забалочаныя вольсы, густыя зараснікі вярбы на поплавах і балотах, хмызнякі па берагах рэк, азёр, меліярацыйных каналаў і канаў [1, 2].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Спецыяльна не вызначалася. Прыкметна большая колькасць на Палессі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушэнне і асваенне забалочаных тэрыторый, выпростванне рэк, знішчэнне хмызнякоў.
Асаблівасці біялогіі. Прылятае 5-13 красавіка. Актыўна спявае ў траўні. Гнёзды сярод хмызнякоў, крыху ўзнятыя над паверхняй глебы. Кладка з 5-6 аліўкавых яек памерамі 18,9 x 14,2 мм у другой палове траўня - пачатку чэрвеня. Гняздуецца, відаць, двойчы за год. Лётныя птушаняты трапляюцца ў другой палове чэрвеня - першай дэкадзе ліпеня і маюць цёмнае, амаль чорнае, стракатае апярэнне. Варакушка вядзе скрытны спосаб жыцця, на вочы трапляецца рэдка, часцей выяўляецца па спевах. Корміцца рознымі беспазваночнымі, пераважна насякомымі. Адлятае ў верасні, апошнія - не пазней другой дэкады кастрычніка [1].
Развядзенне. Дарослых птушак утрымліваюць аматары [4]. Эфектыўнасць развядзення ў няволі невядомая.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльна не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Забарона адлову птушак. Вывучэнне экалогіі. Прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Федюшин, Долбик, 1967; 2. Нікіфараў, Ямінскі (асаб. павед.); 3. Дорофеев, 1970; 4. Яковіч (асаб. павед.).

М.Нікіфараў @

Звычайны рэмез (Remiz pendulinus L., 1758)
Атрад Вераб'інападобныя (Passeriformes), сямейства Сініцавыя (Paridae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі гнездавальны пералётны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны прадстаўнік роду ў Беларусі.
Кароткае апісанне. Крыху меншы за вялікую сініцу. Даўжыня цела 10-11 см, маса 8-11 г. Верх галавы белы з рознымі адценнямі ржавага колеру, бакі галавы чорныя. Пярэдняя частка спіны каштанавая, задняя - вохрыстая, брушка белаватае.
Пашырэнне. Эўразія. Пашыраны ад Эстоніі і Малдовы на захадзе да Прыамур'я на ўсходзе. Тэрыторыя Беларусі ўваходзіць у гняздовы арэал віду. На воз. Дабееўскае ў Шумілінскім раёне ў 1982 г. знойдзены гнёзды і адзначана пражыванне птушкі яшчэ на 4-7 гнездавых участках [1]. У розны час рэмеза знаходзілі ў іншых раёнах краіны, пераважна на Палессі, асабліва ў пойме Прыпяці і яе прытокаў [2]. У 1983 г. гнёзды знаходзілі на р. Одла ў Бераставіцкім раёне [3], у 1975-1987 гг. амаль кожны год у пойме р. Заходні Буг, у нізоўях яго прытокаў рэк Лясной і Мухавец [4, 5], у 1981-1987 гг. у пойме Прыпяці ў Столінскім раёне [6], у 1975 і 1977 гг. адпаведна ў рыбгасе «Волма» і на Заслаўскім вадасховішчы ў Менскім раёне [7]. У апошнія гады месцы гнездавання рэмеза з дастаткова высокай колькасцю вядомы на сажалках рыбгасаў «Чырвоная Слабада» (Салігорскі раён), «Лактышы» (Клецкі раён), «Сялец» (Бярозаўскі раён).
Месцы пражывання. Густыя вербнякі па берагах рэк і старыц, поймавыя забалочаныя лугі з асобнымі дрэвамі каля вады.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Спецыяльна не вызначалася, але значна вышэйшая ў паўднёвых раёнах краіны. У Бярэзінскім запаведніку ў 1975 г. на 40 км рэчышча р. Бярэзіны адзначана 2 пары птушак [8], а на 3 км поймы р. Лясной у розныя гады рэгістравалася ад 10 да 17 [4], на 1 км дамбаў, парослых вербняком, адзначалася 4 гнездавальныя пары.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушальная мелірацыя балот, асваенне поймаў рэк, забалочаных берагоў азёр. Від высокапластычны да антрапагенных фактараў. У 1981-1982 гг. у Бераставіцкім раёне 30% гнёздаў выяўлены на асвоеных чалавекам участках (у 60% выпадкаў птушкі гнездаваліся па 2-4 гады запар на адных і тых жа дрэвах, нягледзячы на фактар неспакою [4]. Вядомы выпадкі разбурэння гнёздаў людзьмі, якія лічылі іх лекавымі пры захворваннях горла [2].
Асаблівасці біялогіі. Прылёт у другой палове красавіка. Гнёзды размяшчаюцца не бліжэй за 200 м адно ад другога на бакавых галінках вярбы, звіслых над вадой, радзей на дубах, бярозах, вольхах на вышыні 2-4 м ад паверхні вады. Яны па-майстэрску звіты з лубу вербаў і пуху іх суквеццяў, збоку нагадваюць невялікую рукавіцу з незакончаным вялікім пальцам, маюць адну, вельмі рэдка дзве адтуліны - ляткі. Побач з асноўным гняздом будуецца дадатковае, у якім птушкі адпачываюць, начуюць. Як правіла, дадатковае гняздо няскончанае, нагадвае прыгожую «калыску». У кладцы 5-7 белых яек велічынёй 16,6 x 10,6 мм. Яйкі ў гняздзе перакладзены раслінным пухам і таму не разбіваюцца пры моцным хістанні галін ад ветру. Збудаванне гнёздаў і кладка заканчваюцца ў траўні [2], вылет птушанят у першай дэкадзе чэрвеня [8, 9].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Рэмез занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [8]. З 1987 г. прадугледжаны штраф за незаконную здабычу птушак [9].
Неабходныя меры аховы. Выяўленне новых месцаў гнездавання, арганізацыя комплексных заалагічных заказнікаў у месцах пражывання рэмеза і іншых рэдкіх птушак, прапаганда аховы птушак.

Літ.: 1. Бірукоў (асаб. павед.); 2. Федюшин, Долбик, 1967; 3. Гулеўскі (асаб. павед.); 4. Шокало, Гайдук, Шокало, 1985; 5. Федзюкоў (асаб. павед.); 6. Вакуліч, Казулін (асаб. павед.); 7. Нікіфараў (асаб. павед.); 8. Чырвоная кніга БССР, 1981; 9. Положение, 1987.

М.Долбік, А.Казулін @

Белая блакітніца (Parus cyanus Pall., 1770)
Атрад Вераб'інападобныя (Passeriformes), сямейства Сініцавыя (Paridae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від з абмежаваным пашырэннем.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўнік політыпічнага роду, які аб'ядноўвае да 27-29 відаў, з якіх у Беларусі гняздуецца 7 відаў.
Кароткае апісанне. Дробная птушка, даўжыня цела 13-14 см, маса да 10-12 г. Полавы дымарфізм не выражаны. Афарбоўка спіны блакітна-шэрая, крылаў і хваста буравата-блакітная, ад дзюбы да вачэй праходзіць блакітная палоса. Ніз цела і галава белыя.
Пашырэнне. Цэнтральная Эўразія. Арэал прасціраецца вузкай палосай на ўсход да Прыамур'я і ўзбярэжжа Японскага мора, а на захадзе абмежаваны тэрыторыяй Беларусі. У краіне сустрэчы з птушкамі прымеркаваны, за рэдкім выключэннем, да тэрыторыі Палесся. У 1983 г. блакітніца адзначана ў садзе каля г. Паставы, у 1952 г. гнездаванне даказана для Лунінецкага [1], у 1964 г. - для Пінскага, у 1987 г. - для Лельчыцкага [2] раёнаў. На ўсход ад Пінска магчыма гняздуецца таксама ў іншых раёнах, паколькі ў гнездавы час трапілася 21 траўня 1987 г. ў хмызняковай пойме Прыпяці ў Жыткавіцкім раёне каля в. Хваенск [3] і 19 чэрвеня 1987 г. сярод вярбовых зараснікаў поймы каля в. Касцюковічы ў Мазырскім раёне [4]. У негняздовы час сустрэчы з птушкамі вядомы ў красавіку 1982 г. ў Столінскім раёне [3], у 1986-1987 гг. у лясах па р. Убарць у Лельчыцкім раёне [2], у лютым 1983 г. на ўскраіне Берасця.
Месцы пражывання. Старыя забалочаныя альшанікі з густой і высокай травяністай расліннасцю, дубравы з забалочанымі ўчасткамі вербнякоў.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Дакладна невядома. У асобных месцах пражывання на Палессі на кіламетравым маршруце адзначаецца ад 1 да 4 гнездавальных пар [3].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асваенне поймаў рэк і меліярацыя лісцевых забалочаных лясоў.
Асаблівасці біялогіі. У красавіку птушкі трапляюцца парамі і чародкамі з 5-7 асобін. Гняздуецца ў дуплах і шчылінах вольхаў і дубоў на вышыні 1,5-2,5 м. Будаўнічы матэрыял гнязда - мох, лазовы луб, поўсць. У кладцы 3 (магчыма больш) белых, са светла-карычневымі плямкамі [1] яек памерамі 16,5 x 12 мм. Выводзіць патомства, магчыма, 2 разы ў год, таму што 14 чэрвеня 1952 г. ў гняздзе знойдзена свежая кладка з 3 яек [5], а 16 чэрвеня 1987 г. ў гняздзе былі птушаняты [2]. Дарослыя птушкі кормяць птушанят жоўтымі вусенямі (від не вызначаны).
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Белая блакітніца занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [6]. З 1987 г. здабыча яе забаронена [7].
Неабходныя меры аховы. Выяўленне новых месцаў гнездавання, іх карціраванне і ахова, прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Федюшин, Долбик, 1967; 2. Амялюсік (асаб. павед.); 3. Нікіфараў, Казулін (асаб. павед.); 4. Ямінскі (асаб. павед.); 5. Долбик, 1959; 6. Чырвоная кніга БССР, 1981; 7. Положение, 1987.

М.Долбік, М.Нікіфараў @

Уюрок (Fringilla montifringilla L., 1758)
Атрад Вераб'інападобныя (Passeriformes), сямейства Ўюрковыя (Fringillidae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі гнездавальны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 3 відаў роду ў сусветнай фауне і адзін з 2 відаў у фауне ўсходняй Галарктыкі і Беларусі.
Кароткае апісанне. Даўжыня цела каля 16 см, маса 20-25 г. У самца вясной галава, шыя, верх спіны і хвост чорныя, восенню - бураватыя. Горла, надхвосце, палосы на плячах і брушку белыя. Грудзі, бакі і верх крылаў вохрыста-рыжыя. Дзюба цёмная з жоўтай асновай. Самкі і маладыя птушкі афарбаваны менш ярка.
Пашырэнне. Гнездавы арэал знаходзіцца ў межах таежнай зоны Эўразіі. У Беларусі гняздуецца толькі ў паўночных раёнах. Паўднёвая мяжа арэала супадае з мяжой суцэльнага пашырэння елкі [1, 2]. 10 чэрвеня 1969 г. ў разрэджаным ельніку-кіслічніку каля воз. Негра (Гарадоцкі раён) знойдзена гняздо з 4 дзесяцідзённымі птушанятамі [3]. 15 траўня 1976 г. ў Барысаўскім раёне ў мяшаным лесе знойдзена гняздо з 4 свежымі яйкамі [4]. У траўні-чэрвені 1924 г. і ў 1970-1987 гг. спевы самцоў адзначаліся ў Верхнядзвінскім, Расонскім, Полацкім, Гарадоцкім, Мядзельскім, Пухавіцкім і Менскім раёнах [5-10], а таксама ў Бярэзінскім запаведніку [11]. На вясеннім і асеннім пралётах трапляецца па ўсёй тэрыторыі як звычайны від.
Месцы пражывання. Яловыя і ялова-лісцевыя лясы паблізу балот, рэчак і азёр [3-11].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Колькасць у гнездавы перыяд нізкая. У асобныя гады ў шэрагу месцаў адзначаецца заўсёды, у большасці ж выпадкаў - эпізадычна, што характэрна для папуляцый, якія знаходзяцца каля мяжы арэала.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Змяненні структуры і ўзросту лясных насаджэнняў пад уплывам гаспадарчай дзейнасці.
Асаблівасці біялогіі. Прылятае ў канцы сакавіка - пачатку красавіка. Манагам. Гнёзды на елках, соснах, вольхах, бярозах на вышыні ад 2 да 5 м. Кладка з 4-7 (часцей з 5-6) яек памерамі 19,4 x 14,5 мм у сярэдзіне траўня. Наседжванне 13-14 сутак. Птушаняты пакідаюць гняздо ва ўзросце 11-13 сутак, звычайна з другой дэкады чэрвеня [3-5]. У гнездавы перыяд корміцца насякомымі, насеннем дрэў і травяністых раслін, восенню і вясной - выключна насеннем. Вясенні пралёт з сярэдзіны красавіка да канца траўня, асенні - з сярэдзіны верасня да канца кастрычніка. Пралётныя чароды дасягаюць 500-1000 асобін [6]. Зімуе ў Паўднёвай Эўропе і Малой Азіі.
Развядзенне. Вядомы выпадкі працяглага (1-3 гады) утрымання ўюрка аматарамі.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [12]. Здабыча віду ў Беларусі забаронена [13]. Асобныя месцы пражывання ахоўваюцца ў Бярэзінскім запаведніку і шэрагу заказнікаў.
Неабходныя меры аховы. Стварэнне комплексных і сезонных заказнікаў у паўночнай частцы Беларусі. Зніжэнне фактару неспакою ў перыяд гнездавання птушак.

Літ.: 1. Федюшин, Долбик, 1967; 2. Долбик, 1974; 3. Долбик, Дорофеев, 1978; 4. Ямінскі, Нікіфараў (асаб. павед.); 5. По страницам Красной книги, 1987; 6. Дорофеев, Сюборова, 1987; 7. Дарафееў (асаб. павед.); 8. Ільінскі, Фяцісаў (асаб. павед.); 9. Нікіфараў, Ямінскі, Цішачкін, Яковіч (асаб. павед.); 10. Грычык (асаб. павед.); 11. Цішачкін, Бышнеў (асаб. павед.); 12. Чырвоная кніга БССР, 1981; 13. Положение, 1987.

А.Дарафееў @

Прасянка (Emberiza calandra L., 1758)
Атрад Вераб'інападобныя (Passeriformes), сямейства Аўсянкавыя (Emberizidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі гнездавальны від, які ў невялікай колькасці застаецца на зімоўку.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўнік пашыранага політыпічнага роду. Адзін з 4 відаў роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Птушка значна буйнейшая за вераб'я, шчыльнага целаскладу. Даўжыня цела да 19 см, маса да 60 г. Спінны бок бура-шэры. Горла, грудзі і брушка брудна-белыя з бурымі падоўжнымі стракацінамі. Дзюба высокая, моцная. Самцы крыху буйнейшыя за самак.
Пашырэнне. Эўразія і поўнач Афрыкі. Па тэрыторыі Беларусі праходзіць паўночная мяжа арэала. Параўнальна нядаўна (1950-1960-я гг.) была вядома толькі ў паўднёвай палове краіны як нешматлікая гнездавальная, часткова аселая птушка, паўночная мяжа гнездавання якой праходзіла па лініі Шчучын - Пінск - Мазыр - Рэчыца [1, 2]. У 1974-1979 гг. неаднаразова адзначалася ў Нясвіжскім і Стаўбцоўскім раёнах [3]. Самае паўночнае месца гнездавання прасянкі ў краіне - наваколле Горадні, дзе ў 1986 г. знойдзены 4 гнязды [4], а паўночная мяжа пашырэння - в. Слабодка Ашмянскага раёна, дзе 21.09.1987 г. назіралі пару дарослых птушак [5]. У апошнія дзесяцігоддзі адзначана ў Нясвіжскім, Стаўбцоўскім [3], Чэрвеньскім [6], Гарадзенскім [4], Ашмянскім [5], Пружанскім [7], Берасцейскім, Пінскім [8], Столінскім [9], Івацэвіцкім [10] і Гомельскім [11] раёнах, што сведчыць аб спарадычным пашырэнні віду.
Месцы пражывання. Культурны ландшафт. Засяляе адкрытыя біятопы: сухадольныя лугі, палеткі (пераважна засеяныя шматгадовымі травамі) пры наяўнасці сярод іх высокай травы і курцін леташняга пустазелля. Трапляецца на ўзлесках, ускраінах садоў і маладых насаджэнняў. У Столінскім раёне адзначана сярод верасавых пустэчаў, якія перамяжоўваюцца з невялікімі балотамі, бярозавым рэдкалессем і маладымі пасадкамі сасны [9].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Агульная колькасць невядомая, аднак, мяркуючы па літаратурных звестках, няўстойлівая па гадах [12]. У спрыяльныя гады шчыльнасць у гнездавы перыяд можа быць дастаткова высокай. У ліпені 1974 г. на маршруце працягласцю 2,2 км паміж в. Караліна і в. Новы Свержань (Стаўбцоўскі раён) былі ўлічаны 4 спяваючыя самцы [3].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Не вызначаны. Магчыма, знішчэнне кладак і птушанят у час сельскагаспадарчых работ.
Асаблівасці біялогіі. У месцах гнездавання з'яўляецца ў сакавіку-красавіку. Шлюбныя песні (ціхае і кароткае, скрыпучае верашчанне) чуваць з сакавіка да восені. Гняздуецца парамі, аднак, у выпадку, калі пераважае колькасць самак, схільна да полігаміі. Гняздо з сухіх сцяблоў травы, карэньчыкаў, радзей з валасоў і пер'я будуе сярод травы, часцей у невялікім паглыбленні. Кладка з 4-5 яек памерамі 24,2 x 17,7 мм у канцы траўня - пачатку чэрвеня, у ліпені магчыма другая. Наседжванне 12-14 сутак. Птушаняты знаходзяцца ў гняздзе 9-12 сутак. Пасля пад'ёму на крыло трапляюцца ў чародах з іншымі вераб'інымі. На аўсяным полі каля в. Чэрні Берасцейскага раёна назіралі даволі многа маладых і дарослых прасянак разам з лугавымі чаканамі і палявымі жаваранкамі [6]. У канцы лета вывадкі аб'ядноўваюцца ў чароды да 50 асобін. Птушкі, якія застаюцца на зімоўку, трымаюцца разам са звычайнымі аўсянкамі і вераб'ямі.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльна не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Выяўленне і ахова месцаў гнездавання. Прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Долбик, 1959; 2. Федюшин, Долбик, 1967; 3. Шкляроў (асаб. павед.); 4. Гулеўскі (асаб. павед.); 5. Загарэнка (асаб. павед.); 6. Манулік (асаб. павед.); 7. Воронин, 1967; 8. Шокала (асаб. павед.); 9. Ямінскі (асаб. павед.); 10. Дзямянчык (асаб. павед.); 11. Чуяшкоў (асаб. павед.); 12. Портенко, 1960.

Л.Шкляроў @

Садовая аўсянка (Emberiza hortulana L., 1758)
Атрад Вераб'інападобныя (Passeriformes), сямейства Аўсянкавыя (Emberizidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўнік політыпічнага роду, які аб'ядноўвае 34-37 відаў, з іх 4 гняздуюцца ў Беларусі.
Кароткае апісанне. Трохі меншая за аўсянку звычайную. Даўжыня 16-17 см, маса 20-23 г. У самцоў галава, шыя і грудзі зеленавата-шэрыя. Пляма на горле і «вусы» сярніста-жоўтыя. Крылы, хвост і спіна карычневыя з цёмнымі падоўжнымі стракацінамі, ніз рыжавата-карычневы. Вакол вока светлае колца. Афарбоўка самак і маладых птушак бледнаватая.
Пашырэнне. Эўразія і Паўночна-Заходняя Афрыка. Тэрыторыя Беларусі поўнасцю ўваходзіць у вобласць пашырэння віду.
Месцы пражывання. Аддае перавагу адкрытым, часта засушлівым тэрыторыям з асобнымі дрэвамі, рэдка размешчанымі пералескамі або хмызнякамі і не вельмі густым травяным покрывам. Даволі часта птушкі трапляюцца на вялікіх пустэчах і пустках, высечках, па ўскрайках палеткаў і пашы.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У аптымальных месцах пражывання на поўдні краіны шчыльнасць можа дасягаць 0,3-0,5 пары на 10 га. На большай частцы тэрыторыі вельмі рэдкая і трапляецца адзінкавымі парамі або групамі з некалькіх пар. Выразных тэндэнцый змянення колькасці не назіраецца. Аднак для птушак бывае характэрна зменлівасць месцаў гнездавання. Таму там, дзе сёлета гняздуецца нават некалькі пар, на наступны год можна не сустрэць ніводнай птушкі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Дакладна не вывучаны. Відаць, значны ўплыў аказвае пераўтварэнне сельскагаспадарчых тэрыторый, асабліва звядзенне пералескаў і курцін сярод палёў і лугоў.
Асаблівасці біялогіі. Гняздуецца асобнымі парамі звычайна далёка адна ад другой і толькі ў некаторых найбольш спрыяльных месцах зрэдку ўтварае даволі шчыльныя пасяленні. Гняздо будуе на ўчастках з разрэджаным травастоем, часта сярод рудэральнай расліннасці, на схілах узгоркаў, старых траншэй і кар'ераў. Кладка з 4-6 яек памерамі 19,6 x 15,5 мм у канцы красавіка - першай палове траўня. У чэрвені-ліпені бывае другі цыкл гнездавання [1, 2]. Самка наседжвае кладку 11-12 сутак. Корміцца садовая аўсянка насеннем розных раслін, але ўлетку і пры выкармліванні птушанят ужывае шмат дробных насякомых і іх лічынак.
Развядзенне. Папулярны аб'ект утрымання аматарамі.
Прынятыя меры аховы. Здабыча птушак і разбурэнне гнёздаў у Беларусі забаронены [3].
Неабходныя меры аховы. Захаванне тыповых месцаў пражывання. Павелічэнне колькасці лесапалос.

Літ.: 1. Гулеўскі (асаб. павед.); 2. Нікіфараў (асаб. павед.); 3. Положение, 1987.

М.Нікіфараў @

Чырванашыяя паганка (Podiceps auritus L., 1758)
Атрад Паганкападобныя (Podicipediformes), сямейства Паганкавыя (Podicipedidae)

Статус. IV катэгорыя. Вельмі рэдкі, адзінкава гнездавальны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 6 відаў роду, з якіх 4 прадстаўлены ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Адзін з дробных відаў паганак (даўжыня цела 32-35,6 см, маса 250-550 г). Самцы некалькі буйнейшыя за самак. Афарбаваны аднолькава. Галава і задняя частка шыі чорныя. На галаве чуб і «каўнер» з чорных бліскучых пёраў, а па баках за вачыма пучкі рыжых пёраў. Шыя, частка грудзей і бакі цела рыжыя. Верх цела чарнавата-буры, ніз - белы.
Пашырэнне. Эўразія і Паўночная Амерыка. У Беларусі ў 1960-х гг. птушкі адзначаны на гнездаванні на воз. Выганаўскае [1], у 1978 г. ў Берасцейскім раёне [2], у 1985 г. на сажалках рыбгаса «Волма» ў Чэрвеньскім раёне [3]. Сустрэчы птушак вядомы ў 1981 г. ў Камянецкім раёне [2] і ў 1985 г. ў Мядзельскім раёне. Усе іншыя назіранні паганак належаць да першай трэці 20 стагоддзя, за выключэннем сустрэч у 1940 і 1946 гг. [4].
Месцы пражывання. Невялікія і адносна мелкія вадаёмы, у першую чаргу азёры і старыя сажалкі, якія зарастаюць. Зрэдку трапляецца на старыцах рэк.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Дакладна невядома, але, відаць, вельмі малая.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Не даследаваны.
Асаблівасці біялогіі. Гняздуецца невялікімі групамі, часта на ўскрайках калоній чайкавых птушак. Могуць гняздзіцца і адзінкавыя пары. Гняздо тыповае для паганак - невялікае, плывучае. У кладцы 5-6 яек памерамі 44,1 x 30,6 мм. Наседжванне 22-25 сутак. Птушаняты становяцца самастойнымі ва ўзросце каля 1,5 месяца. Корміцца рознымі беспазваночнымі, радзей - дробнай рыбай.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльна не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Забарона здабычы птушак. Выяўленне і ахова месцаў гнездавання (увядзенне заказнога рэжыму для найбольш значных з іх). Прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Падутов, 1967; 2. Дзямянчык (асаб. павед.); 3. Казулін (асаб. павед.); 4. Федюшин, Долбик, 1967.

М.Нікіфараў @

Кваква (Nycticorax nycticorax L., 1758)
Атрад Буслападобныя (Ciconiiformes), сямейства Чаплевыя (Ardeidae)

Статус. IV катэгорыя. Вельмі рэдкі, недастаткова вывучаны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны прадстаўнік роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Невялікая чапля. Даўжыня цела да 60 см, маса 500-700 г, размах крылаў 1,05-1,12 м. Адзін з найбольш прыгожых прадстаўнікоў атрада. Ад іншых чапляў адрозніваецца каржакаватым целаскладам і кароткай шыяй. Спіна і верх галавы чорныя, крылы шэрыя, надбрыўная палоса, лоб і брушка белыя. Дзюба чорная, вочы чырвоныя. Вясной на патыліцы ўтвараецца чубок з доўгіх пёраў.
Пашырэнне. Эўразія, Афрыка, Паўночная і Паўднёвая Амерыка. Ва ўсходняй Галарктыцы праз Беларускае Палессе, Ніжняе Паволжа і Казахстан праходзіць паўночная мяжа пашырэння. Раней у Беларусі лічылася залётным відам. Асобныя птушкі здабываліся ў пойме Прыпяці. Летам 1929 г. была здабыта ў Калінкавіцкім раёне [1], у 1950 г. - у Пружанскім раёне, у жніўні 1963 г. ў паўднёва-заходніх раёнах Палесся [1]. Да гнездавальных відаў аднесена на падставе рэгістрацыі вывадка з 4 птушанят летам 1976 г. ў Жыткавіцкім раёне, а таксама здабычы маладой самкі 28 жніўня 1976 г. і далейшых сустрэч рознаўзроставых птушак у Прыпяцкім запаведніку [2].
Месцы пражывання. Хмызнякі і зараснікі трыснягу ў поймах рэк. Зрэдку селіцца ў калоніях іншых відаў чапляў.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Невядомая.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Не вывучаліся. Верагодна, антрапагеннае ўздзеянне на месцы гнездавання.
Асаблівасці біялогіі. Тыпова начная птушка. Гняздуецца пераважна на дрэвах, пры іх адсутнасці - на кустах вярбы або на заломах трыснягу і іншай прыбярэжнай расліннасці. У кладцы 3-5 яек памерамі 49,2 x 35,5 мм. Корміцца рыбай, жабамі, воднымі і наземнымі насякомымі, мышападобнымі грызунамі. Кваквы, якія жывуць у Эўропе, - пералётныя. Зімуюць у экватарыяльнай Афрыцы.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Прыпяцкім запаведніку і на іншых ахоўных тэрыторыях. Спецыяльныя меры не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Выяўленне месцаў гнездавання і іх ахова. Абмежаванне адстрэлу рыбаедных птушак у рыбгасах. Прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Федюшин, Долбик, 1967; 2. Клакоцкі (асаб. павед.).

Э.Самусенка, М.Долбік @

Рыжая чапля (Ardea purpurea L., 1766)
Атрад Буслападобныя (Ciconiiformes), сямейства Чаплевыя (Ardeidae)

Статус. IV катэгорыя. Рэдкі залётны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 2 прадстаўнікоў роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Даўжыня цела да 80 см, маса да 1,25 кг, размах крылаў 1,2-1,5 м. Верх галавы, чубок, палоскі і плямы на шыі чорныя, спіна шэра-бурая, крылы шараватыя з чорнымі канцамі, галава, шыя і грудзі рыжыя, дзюба і ногі жаўтавата-бурыя.
Пашырэнне. У Палеарктыцы паўночная мяжа арэала праходзіць па Ўкраінскім Палессі, дзе гняздоўе адзначана дакладна [1]. У Беларусі залёты рэгістраваліся да шыраты Горадні і Слуцка, у Беларускім Палессі, магчыма, гняздуецца [1, 2].
Месцы пражывання. У межах гнездавога арэала рыжыя чаплі жывуць калоніямі або асобнымі парамі ў прыбярэжных трысняговых, чаротавых зарасніках, хмызняках вадаёмаў, якія знаходзяцца на адкрытых прасторах. У Беларусі чаплі трапляюцца на азёрах Белае ў Жыткавіцкім і Выганаўскае ў Івацэвіцкім раёнах [1, 3].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Аб пашырэнні рыжай чаплі ў Беларусі няраз паведамлялася ў сярэдзіне і канцы 19 ст. і пачатку 20 ст. [3]. У 40-50-я гг. 20 стагоддзя колькасць паведамленняў аб залётах яе ў Беларусь скарацілася [3]. З 1960 г. яна рэгулярна паяўлялася на сажалках Беларускага Палесся ў восень [4]. У апошнія дзесяцігоддзі колькасць залётаў узрастае на фоне агульнага пашырэння мяжы арэала віду на поўнач [5].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Шырокамаштабнае асушэнне балот, якое пачалося ў Беларусі ў другой палове 19 ст., скарачэнне плошчаў прыбярэжных зараснікаў, фактар неспакою.
Асаблівасці біялогіі. Манагамны від, які гняздуецца сярод прыбярэжных зараснікаў, дзе будуе конусападобныя гнёзды на заломах трыснягу або іншых раслін. Можа гнездавацца і на дрэвах на невялікай вышыні [6]. У кладцы 3-5, часам да 8 яек памерамі 55,2 x 40,3 мм. У паўночныя раёны гнездавога арэала прылятае ў першай палове красавіка, часам пазней. Тэрміны кладак і вывядзення птушанят вельмі расцягнуты [6]. Наседжвае пераважна самка на працягу 24-28 сутак. Корміцца дробнай рыбай, земнаводнымі, паўзунамі, воднымі і наземнымі насякомымі, грызунамі. Здабычу падпільноўвае, стоячы ў вадзе, але корміцца таксама і ў сельгасугоддзях. Сярэднеэўрапейская папуляцыя рыжай чаплі адлятае ў вырай на паўднёвы ўскрай Эўропы або ў Афрыку ў верасні-кастрычніку [6].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльныя меры не прымаліся, аднак Палажэннем аб паляўніцтве і паляўнічай гаспадарцы Беларусі (1978 г.) ахоўваюцца біятопы, характэрныя для рыжай чаплі.
Неабходныя меры аховы. Выяўленне новых месцаў пражывання, ахова прыбярэжных зараснікаў і іншых тыповых біятопаў чаплі, ахова калоній шэрай чаплі, з якімі рыжая ўтварае мяшаныя калоніі. Запаведанне месцаў пражывання прыбярэжных каланіяльных птушак.

Літ.: 1. Долбик, Дорофеев, 1978; 2. Самусенко, 1986; 3. Федюшин, Долбик, 1967; 4. Вадкоўскі, 1964; 5. Ачкасова, Сарычев, 1981; 6. Жизнь животных. Т. 6, 1986.

Э.Самусенка @

Чырвонаваллёвая казарка (Rufibrenta ruficollis Pall., 1769)
Атрад Гусепадобныя (Anseriformes), сямейства Качыныя (Anatidae)

Статус. IV катэгорыя. Вельмі рэдкі залётны від, колькасць якога скарачаецца. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР (II катэгорыя аховы).
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўнік монатыпічнага роду. Эндэмік тундры ўсходняй Галарктыкі. Высокадэкаратыўны, перспектыўны для развядзення від.
Кароткае апісанне. Невялікі гусь. Даўжыня цела 54-56 см, маса каля 1 кг. Самцы буйнейшыя за самак. Верх і ніз цела чорныя, бакі і падхвосце белыя. Шыя спераду і шчокі каштанава-рыжыя з белым абрамленнем. Дзюба кароткая, чорная з акруглай белай плямай каля асновы. Ногі чорныя.
Пашырэнне. Гнездавы арэал поўнасцю знаходзіцца ў межах Паўночнай Азіі і ахоплівае тундру і лесатундру Заходняй Сібіры ад Ямала да заходняй часткі басейна Хатангі. Паўднёвая мяжа арэала ў апошнія дзесяцігоддзі значна адышла на поўнач у выніку знікнення многіх гнездавых калоній у лесатундры і паўднёвай тундры Ямала і Таймыра [1-5]. У час міграцый трапляецца ў Заходняй Сібіры, Паўночным Казахстане, Паўночным Прыкаспіі, у даліне Маныча, Паўночным Прычарнамор'і. У гэты перыяд асобныя птушкі і невялікія чароды зрэдку залятаюць ва Ўсходнюю і Цэнтральную Эўропу. Праз тэрыторыю Беларусі праходзяць пралётныя шляхі нямногіх (відаць, залётных) чарод. Птушкі адзначаны двойчы: у студзені 1965 г. параненая казарка злоўлена на Менскім моры і ў чэрвені 1982 г. знясіленая птушка была падабрана на р. Гарынь у Столінскім раёне [7-9].
Месцы пражывання. У перыяд міграцый - рэчышчы буйных рэк [4-6].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У Беларусі дакладна адзначаны пралётныя птушкі. Агульная колькасць у тундрах Паўночнай Азіі ў 1977-1979 гг. склала 27 тыс. асобін, у цяперашні час - 30-35 тыс. [10].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Антрапагеннае ўздзеянне, драпежнікі, вузкая кармавая спецыялізацыя [4, 5].
Асаблівасці біялогіі. Полавая спеласць на трэцім годзе жыцця. Гняздуецца калоніямі па 4-8 [16] пар. Манагам. У кладцы 4-10, часцей 6-7 яек. Наседжванне 24-26 сутак. У час міграцый корміцца эфемернымі злакамі, рунню, клубнямі і цыбулінамі стэпавых раслін.
Развядзенне. У Маскоўскім заапарку ў 1958 г. 2 пары казарак паспяхова выгадавалі птушанят. Вядомы выпадкі размнажэння ў Лонданскім і іншых заапарках Эўропы [4, 10]. Злоўленая ў 1982 г. ў Столінскім раёне птушка добра прыжылася сярод свойскіх качак. На працягу года да кастрычніка 1983 г. яна жыла на вадаёме ЦБС АН Беларусі [7, 8]. Перспектыўная для гадоўлі.
Прынятыя меры аховы. Занесена ў Дадатак II «Канвенцыі аб міжнародным гандлі відамі дзікай фауны і флоры, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення». Ахове птушак у час гнездавання, пералётаў і зімовак садзейнічае сетка дзяржаўных запаведнікаў і заказнікаў.
Неабходныя меры аховы. Ахова пралётных і зімуючых птушак. Улік сустрэч, аказанне дапамогі гаротным птушкам. Увядзенне штрафных санкцый за незаконную здабычу птушак. Прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Птушенко, 1952; 2. Иванов, 1976; 3. Степанян, 1975; 4. Красная книга СССР, 1984; 5. Красная книга РСФСР, 1983; 6. Исаков, 1979; 7. Федюшин, Долбик, 1967; 8. Долбик, 1985; 9. Дорофеев, Сюборова, 1987; 10. Сосновский, 1987.

А.Дарафееў @

Свіязь (Anas penelope L., 1758)
Атрад Гусепадобныя (Anseriformes), сямейства Качыныя (Anatidae)

Статус. IV катэгорыя. Нерэгулярна гнездавальны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 7 відаў роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Качка крыху буйнейшая за чырка. Даўжыня цела 44-49 см, маса да 900 г. Самца лёгка пазнаць па светла-каштанавай галаве з белаватым цемям. Спінны бок шэры, з тонкімі папярочнымі струменістымі палоскамі. Валляк ружавата-карычневы. Самка шаравата-бурая; галава, шыя, грудзі і бакі рыжаватыя. Дзюба прыкметна меншая, чым у іншых качак. У палёце добра адрозніваецца характэрным посвістам.
Пашырэнне. Паўночная Эўразія. Ад Кольскага паўвострава да Камчаткі. Тэрыторыя Беларусі знаходзіцца па-за межамі асноўнага арэала. У час міграцый больш шматлікая ў паўночна-заходняй частцы краіны. Даволі часта адзінкавыя асобіны і чародкі трапляюцца летам [1-4]. Гнездаванне даказана па знаходцы гнязда ў чэрвені 1964 г. на возеры Тонай і сустрэчы вывадка ў пачатку ліпеня 1967 г. на воз. Малое Струнава ў раёне Гарадоцкага ўзвышша [5].
Месцы пражывання. Буйныя, зарастаючыя вадаёмы з вялікімі ўчасткамі адкрытай вады, невялікія лясныя азёры, вялікія вокны адкрытай вады сярод балот. Гняздуецца на сырых поймавых лугах, зрэдку ў лесе, на значнай адлегласці ад вадаёма.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У Беларусі па прыблізных падліках у летні перыяд трымаецца каля 100 птушак, якія не размнажаюцца.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Малая колькасць у Беларусі абумоўлена аддаленасцю гнездавога арэала ад тэрыторыі краіны.
Асаблівасці біялогіі. Вясной першыя пралётныя чародкі птушак з'яўляюцца ў першай дэкадзе красавіка. Пралёт ідзе даволі інтэнсіўна і заканчваецца ў канцы красавіка. Ляцяць свіязі шчыльнымі чародамі і ў асноўным ноччу. Асенні пралёт у паўднёва-заходнім напрамку з верасня да сярэдзіны кастрычніка. Сустрэчы адзінкавых асобін і чародак птушак на шляхах пралёту ў гнездавы перыяд сведчаць аб тым, што частка птушак, верагодна маладых, не прымае ўдзелу ў размнажэнні. Такія затрымкі птушак на поўдзень ад асноўнага арэала могуць прыводзіць да выпадковага гнездавання асобных пар у гэтых раёнах. Гнёзды будуюць на сухім месцы і заўсёды добра маскіруюць. У канцы кладкі ў гняздзе з'яўляецца даволі многа шэра-попельнага пуху. Кладка з 7-10 яек памерамі 54,6 x 38,8 мм у траўні. Корміцца пераважна воднай расліннасцю, а таксама малюскамі і насякомымі.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльна не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Забарона здабычы віду. У сувязі з тым, што гнездаванне ў Беларусі носіць выпадковы характар, іншыя меры аховы не патрабуюцца.

Літ.: 1. Казулін (асаб. павед.); 2. Ямінскі (асаб. павед.); 3. Вязовіч (асаб. павед.); 4. Іваноўскі (асаб. павед.); 5. Дорофеев, 1970.

А.Казулін @

Стэпавы мышалоў (Circus macrourus Gm., 1771)
Атрад Сокалападобныя (Falconiformes), сямейства Ястрабіныя (Accipitridae)

Статус. IV катэгорыя. Вельмі рэдкі гнездавальны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўнік політыпічнага роду. Адзін з 5 відаў роду ў фауне ўсходняй Галарктыкі і адзін з 4 - у фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Зграбная птушка, даўжыня цела 45-52 см, маса 250-450 г, размах крылаў 0,99-1,17 м. Самцы меншыя за самак і больш светлыя. Спіна шыза-шэрая, брушны бок белы з шызаватым напылам на валляку. Надхвосце белае, канцы крылаў чорныя. Самка зверху вохрыста-бурая, знізу бураватая з цёмнымі падоўжнымі стракацінамі.
Пашырэнне. Стэпы, лесастэпы і паўпустыні Ўсходняй Эўропы і Паўночнай Азіі. Гнездавы арэал віду ў Беларусі ляжыць на поўдзень ад 53-й паралелі і займае нізоўі Дняпра, Сажа, Бярэзіны, басейн Прыпяці і Заходняе Палессе [1-4]. У гнездавы час адзначаны ў Гомельскім, Рэчыцкім, Брагінскім, Мазырскім, Петрыкаўскім, Пінскім (1914-1925 гг.) і Камянецкім (1947, 1971-1986 гг.) раёнах [4-6]. На поўнач ад вызначанай мяжы пашырэння птушкі, якія былі адзначаны ўлетку, могуць лічыцца як залётныя [7-10], таму што няма дакладных доказаў іх гнездавання.
Месцы пражывання. Вялізныя раўніны, сухія астэпаваныя лугі, якія перамяжоўваюцца з рачнымі далінамі і балотамі [1, 3].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У Беларусі невядома. Мяркуючы па частаце сустрэч у першай чвэрці 20 ст. на поўдні Беларусі - звычайны від [4, 5]. Пачатае ў 1930-я гг. скарачэнне колькасці ўсходнеэўрапейскай папуляцыі каля паўночнай мяжы арэала на тэрыторыі краіны набыло характар глыбокай дэпрэсіі. За апошнія гады (1971-1986) ёсць звесткі аб больш-менш рэгулярных сустрэчах птушак толькі ў Камянецкім раёне [6].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Інтэнсіўнае гаспадарчае асваенне стэпавых ландшафтаў [3]. Шырокія меліярацыйна-асушальныя работы на Беларускім і Ўкраінскім Палессі [11, 12]. Стэнабіёнтнасць. Выкарыстанне ядахімікатаў у сельскай гаспадарцы. Фактар неспакою. Знішчэнне птушак.
Асаблівасці біялогіі. Прылятае ў канцы красавіка. Манагам. Гняздо на глебе або купіне ў выглядзе неглыбокай ямінкі з параўнальна невялікай высцілкай. Пачатак кладкі ў сярэдзіне траўня. У кладцы ад 3 да 6 яек, звычайна 4-5 памерамі 44,9 x 34,8 мм. Наседжвае самка 28-30 сутак. Маладыя пакідаюць гняздо ва ўзросце каля 40 сутак [1, 3, 12]. Корміцца мышападобнымі грызунамі, радзей дробнымі вераб'інымі птушкамі, яшчаркамі, насякомымі [3, 4]. Адлятае на зімоўку ў другой палове жніўня - першай палове верасня [3, 11]. Зімуе на Балканскім паўвостраве, у Малой Азіі, на паўночным усходзе Афрыкі [13].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. У Беларусі здабыча віду забаронена [14]. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [12].
Неабходныя меры аховы. Выяўленне, улік і ахова гнездавых участкаў. Стварэнне комплексных заказнікаў. Вывучэнне экалогіі. Прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Дементьев, 1951; 2. Иванов, 1976; 3. Зубаровський, 1977; 4. Долбик, 1959; 5. Федюшин, Долбик, 1967; 6. Гайдук (асаб. павед.); 7. Птицы Латвии, 1983; 8. Мальчевский, Пукинский, 1983; 9. Птушенко, Иноземцев, 1968; 10. Граве, 1954; 11. Долбик, Дорофеев, 1978; 12. По страницам Красной книги, 1987; 13. Михельсон, 1982; 14. Положение, 1987.

А.Дарафееў @

Малы пагоніч (Porsana parva Scop., 1769)
Атрад Жураўлепадобныя (Gruiformes), сямейства Пастушковыя (Rallidae)

Статус. IV катэгорыя. Рэдкі гнездавальны від, біялогія якога вывучана недастаткова.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 6 відаў роду ў фауне ўсходняй Галарктыкі і адзін з 2 відаў роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Птушка памерам са шпака. Даўжыня цела да 20 см, маса 50-60 г. Апярэнне спіны аліўкава-бурае з цёмнымі стракацінамі, шыя і брушны бок аспідна-шэрыя без выразных палос, надхвосце паласатае. У самак на горле вохрыстае або рыжаватае адценне. Ногі ў самца і самкі зеленаватыя. Дзюба кароткая, сціснутая з бакоў, чырвоная каля асновы і зеленавата-жоўтая на канцы.
Пашырэнне. Заходняя Эўразія (за выключэннем паўднёвага захаду і поўначы) і Малая Азія. На поўнач трапляецца да Прыбалтыкі і цэнтральных абласцей Расеі, на поўдзень - да Чорнага мора, дэльты Волгі, паўднёвага захаду Сібіры. Тэрыторыя Беларусі знаходзіцца ў межах арэала віду. Верагодна, пашыраны паўсюдна, але мазаічна. Да 1940-х гг. адзначаўся для Пінскага і Брагінскага раёнаў [1-3]. У пасляваенны перыяд знойдзены ў Гарадзенскім (наваколле в. Гожа), Лунінецкім (рыбгас «Лахва», старарэччы Прыпяці), Гарадоцкім (азёры Коша, Бурачкоўскае), Бярозаўскім, Пружанскім і Мядзельскім раёнах [3-8].
Месцы пражывання. Аддае перавагу ўзбярэжжам азёр з шырокай палосай зараснікаў трыснягу, рагозу, пажарніцы; старарэччам, зарослым гарлачыкамі; асаковым балотам з зараснікамі вярбы. Радзей трапляецца на сажалках. Патрабавальны да наяўнасці ўчасткаў глыбокай вады, багны і цяжка даступных месцаў.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У пачатку 20 стагоддзя быў не толькі звычайным, але і вельмі шматлікім на Піншчыне [1]. У 1930 г. ў Брагінскім раёне (азёры Сперыж і Крукаўскае, рэкі Брагінка і Несвіч) трапляўся часцей, чым іншыя віды пастушковых [3]. У 1940-50-я гг. быў звычайным у Гарадзенскай вобласці [4], рыбгасе «Лахва» [3]. У жніўні 1976 г. па старарэччах Прыпяці (наваколле в. Лахва) яго колькасць была ў 3-4 разы ніжэй, чым вадзянога пастушка [5]. Рэдкі на гнездаванні ў Паазер'і [6]. Агульная колькасць у Беларусі невядомая, але, як відаць, скарачаецца.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Дэградацыя месцаў пражывання ў выніку меліярацыі балот і іх гаспадарчага асваення.
Асаблівасці біялогіі. У месцах гнездавання з'яўляецца звычайна ў першай палове, у асобныя гады - у другой палове красавіка. Гняздо размяшчае на заломах трыснягу, чароту, асакі або ў курціне травяністай расліннасці, нярэдка сярод галін затопленага вербняку. У кладцы ад 6 да 9 (часцей 7-8) глініста-шэрых або шаравата-жоўтых з іржава-рыжаватай плямістасцю яек памерамі 30,6 x 21,5 мм. Знаходкі поўных кладак з траўня па чэрвень сведчаць аб магчымасці паўторнага гнездавання. Наседжаныя і слаба наседжаныя кладкі трапляюцца звычайна ў канцы траўня - першай палове ліпеня [3, 4]. Наседжваюць абедзве птушкі 20-21 суткі. Адлёт на месца зімоўкі (Міжземнамор'е, Малая Азія, Афрыка) у канцы жніўня-верасні. Асобныя птушкі трапляліся ў Пінскім раёне і ў кастрычніку [3].
Развядзенне. Вядомы адзінкавыя выпадкі ўтрымання ў няволі (да 1,5 года).
Прынятыя меры аховы. Спецыяльна не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Выяўленне месцаў гнездавання і стварэнне комплексных водна-балотных заказнікаў. Абмежаванне гаспадарчай дзейнасці, звязанай са змяненнем узроўню грунтовых водаў. Прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Шнитников, 1913; 2. Долбик, 1959; 3. Федюшин, Долбик, 1967; 4. Сямашка, 1956; 5. Шкляроў (асаб. павед.); 6. Дорофеев, 1970; 7. Нікіфараў (асаб. павед.); 8. Грычык (асаб. павед.).

Л.Шкляроў @

Паручайнік (Tringa stagnatilis Bechs., 1803)
Атрад Сеўцападобныя (Charadriiformes), сямейства Бакасавыя (Scolopacidae)

Статус. IV катэгорыя. Магчыма, гнездавальны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 6 відаў роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Невялікі, памерам з дразда, кулік. Даўжыня цела да 23 см, маса 55-85 г. Апярэнне спіны і покрыўныя пёры крыла буравата-шэрыя з цёмнымі плямамі. Брушны бок белы, з цёмнымі дробнымі плямамі на валляку і грудзях, і папярочнымі стракацінамі на баках. Хвост з папярочнымі цёмнымі палосамі. Дзюба тонкая, чорная, ногі зеленавата-бурыя.
Пашырэнне. Эўразія. Пашыраны ў лясной і лесастэпавай зонах ад Украіны да Навасібірска. У Беларусі здабыта самка ў гнездавы перыяд у сумежных з Чарнігаўскай вобласцю раёнах [1]. У апошнія гады паручайнікі адзначаны ў гнездавы перыяд і на міграцыі ў наваколлях Менска [2] і Берасця [3]. Такія залёты птушак можна было б лічыць выпадковымі, аднак зрэдку яны прыводзяць да паспяховага гнездавання і па-за межамі асноўнага арэала, што наглядаецца ў Прыбалтыцы і пад Санкт-Пецярбургам [4].
Месцы пражывання. Забалочаныя, з купінамі і травяністыя берагі азёр і рачных заліваў, поплавы і балоты.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Па ўскраінах гнездавога арэала рэдкі, у цэнтры - звычайны. Адзначаецца тэндэнцыя да скарачэння колькасці.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Скарачэнне плошчаў забалочаных тэрыторый і асушэнне рачных поймаў.
Асаблівасці біялогіі. Часта гняздуецца ў мяшаных калоніях сумесна з кнігаўкамі, траўнікамі, крачкамі, радзей асобна. Гнёзды размяшчае на купінах або на адонках і асеўшых копах. Кладка ў траўні з 4 крэмавых ці жаўтаватых з буйнымі чырвона-бурымі плямамі яек. Корміцца ў асноўным воднымі беспазваночнымі, якіх здабывае ў тоўшчы вады, радзей на дне.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльна не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Выяўленне месцаў гнездавання і іх ахова, вывучэнне біялогіі, прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Кірыкаў, 1929; 2. Ямінскі (асаб. павед.); 3. Шокала (асаб. павед.); 4. Мальчевский, Пукинский, 1983.

А.Казулін @

Гаршнеп (Lymnocryptes minimus Brun., 1764)
Атрад Сеўцападобныя (Charadriiformes), сямейства Бакасавыя (Scolopacidae)

Статус. IV катэгорыя. Вельмі рэдкі гнездавальны від. Колькасць скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны прадстаўнік роду ў сусветнай фауне.
Кароткае апісанне. Дробны кулік, даўжыня цела каля 20 см, маса 60-70 г, з прамой дзюбай і кароткімі нагамі. Самцы і самкі афарбаваны аднолькава. Спіна карычнявата-бурая з зеленаватым металічным адлівам і вохрыстымі падоўжнымі палоскамі па баках. Патыліца з падоўжнай чорна-бурай палосай з вохрыстай аблямоўкай. Над вокам светлае брыво. На грудзях і валляку невыразныя бурыя падоўжныя стракаціны. Дзюба чорная, ногі жаўтавата-бурыя.
Пашырэнне. Балоты тундры, лесатундры і поўначы лясной зоны Эўразіі. Па Беларусі праходзіць паўднёвая мяжа гнездавога арэала [1-3]. 20 чэрвеня 1924 г. вывадак адзначаны ў Віцебскім раёне [3]; 27 чэрвеня 1980 г. на абводненым участку пераходнага балота (гідралагічны заказнік «Ельня», Міёрскі раён) знойдзена поўная наседжаная кладка, а 26 чэрвеня 1982 г. - толькі што пакінутае птушанятамі гняздо з рэшткамі шкарлупін [4]. У пачатку чэрвеня 1981 г. адзначаны ў такавым палёце ў наваколлі в. Зубраўка Шчучынскага раёна [5]. У 1980-1982 гг. рэгулярна назіраўся ў Слуцкім раёне, дзе адзначаны птушаняты [6]. У траўні 1982 г. адзначаны на забалочаных лугах у пойме р. Пліса (Смалявіцкі раён) і Заходняй Бярэзіны ў Валожынскім раёне [7]. Па ўсёй тэрыторыі краіны трапляецца на пралёце (восенню часцей, чым вясной).
Месцы пражывання. Адкрытыя травяністыя нізінныя і пераходныя, радзей вярховыя балоты з гразевымі агаленнямі. У паслягнездавы час - берагі рэк і азёр. Асноўныя сучасныя ачагі пражывання - вялізныя забалочаныя масівы паўночнай часткі краіны.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У Беларусі не вызначалася, але наглядаецца тэндэнцыя да скарачэння.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Змяншэнне плошчаў гнездавых біятопаў у выніку меліярацыі. Стэнатопнасць віду. Змяненне экалагічных умоў у месцах зімоўкі.
Асаблівасці біялогіі. Прылятае ў другой (Палессе) і трэцяй (Паазер'е) дэкадах красавіка. Такаванне ў траўні - першай дэкадзе чэрвеня. Вельмі скрытная маларухомая птушка. Кладка з 3-4 яек памерамі 38,1 x 27,5 мм у першай палове чэрвеня. Птушаняты пакідаюць гняздо ў трэцяй дэкадзе чэрвеня. Гняздо - ямка, акуратна высланая травой. Адлёт і пралёт - у другой палове верасня-кастрычніку. Зрэдку зімуе [3, 4, 9].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльна не прымаліся. Шэраг месцаў пражывання ахоўваецца ў запаведніках і заказніках.
Неабходныя меры аховы. Забарона здабычы. Вывучэнне экалогіі, улік колькасці, кантроль за станам папуляцыі. Стварэнне абсалютна запаведнага рэжыму ў гідралагічным заказніку «Ельня». Прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Гладков, 1951; 2. Иванов, 1976; 3. Федюшин, Долбик, 1967; 4. Казлоў, Дарафееў (асаб. павед.); 5. Гулеўскі (асаб. павед.); 6. Юрочка (асаб. павед.); 7. Нікіфараў, Зуёнак (асаб. павед.); 8. Клакоцкі (асаб. павед.).

А.Дарафееў @

Стэпавая ціркушка (Glareola nordmanni Nordm., 1842)
Атрад Сеўцападобныя (Charadriiformes), сямейства Ціркушкавыя (Glareolidae)

Статус. IV катэгорыя. Вельмі рэдкі, нерэгулярна гнездавальны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 4 відаў сямейства ў сусветнай фауне, адзіны прадстаўнік сямейства, які трапляецца ў Беларусі.
Кароткае апісанне. Ад блізкіх ёй кулікоў ціркушка знешне адрозніваецца кароткай дзюбай з вельмі глыбокім, як у ластаўкі, ротавым разрэзам (прыстасаванне для лоўлі насякомых у палёце). Даўжыня цела 18-20 см, маса 95-100 г, даўжыня крыла 18-20 см. Спіна шаравата-бурая. На горле і шыі спераду вохрыстая пляма, аблямованая чорнай палоскай, грудзі дымчатыя, брушка і верхнія покрыўныя пёры хваста белыя.
Пашырэнне. Эўразія, Афрыка, Аўстралія. У зоне стэпаў ад нізоўяў Дуная да перадгор'я Алтая. На паўночным захадзе арэал, як мяркуюць, прасціраецца да шыраты р. Прыпяць. Ён вызначаны па адзінай знаходцы гнязда з кладкай 3 чэрвеня 1971 г. на беразе ракі каля г.п. Тураў у Жыткавіцкім раёне [1] і знаходках на Ўкраіне.
Месцы пражывання. Пясчаныя рачныя наносы з рэдкай сухалюбнай расліннасцю.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Крайне нізкая. Верагодна, што мае месца пульсацыя арэала. Пасля 1971 г. стэпавая ціркушка больш не назіралася.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Магчыма, выпас жывёлы. Адно з вядомых гнёздаў было часткова разбурана жывёлай.
Асаблівасці біялогіі. Гняздуецца ў мяшаных калоніях малых крачак і зуйкоў. Гнёзды - паглыбленні ў пяску без высцілкі. У кладцы 4 яйкі бруднавата-пясочнага колеру памерамі 32,5 x 24,9 мм. Свежыя кладкі ў першыя дні чэрвеня, наседжаныя - у сярэдзіне і другой палове чэрвеня, лётны маладняк у другой палове ліпеня [1].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Стэпавая ціркушка занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [2]. Здабыча птушкі забаронена [3].
Неабходныя меры аховы. Забарона выпасу жывёлы ў пойме Прыпяці ў межах 500 м ад рэчышча, выяўленне новых месцаў пражывання і іх ахова, прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Клакоцкий, 1973; 2. Чырвоная кніга БССР, 1981; 3. Положение, 1987.

М.Долбік, А.Казулін @

Сплюшка (Otus scops L., 1758)
Атрад Совападобныя (Strigiformes), сямейства Савіныя (Strigidae)

Статус. IV катэгорыя. Вельмі рэдкі пералётны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны прадстаўнік роду ў фауне Эўропы і Беларусі.
Кароткае апісанне. Дробная сава. Даўжыня цела 20-21 см, маса каля 80 г, размах крылаў 0,53-0,63 м. Агульная афарбоўка буравата-шэрая з цёмнымі падоўжнымі стракацінамі і больш-менш выразным рыжым адценнем. На патыліцы і крылах белаватыя стракаціны. Цэўка і плюсна апераныя, пальцы голыя. «Вушныя» пучкі пёраў невялікія.
Пашырэнне. Эўразія і Паўночна-Заходняя Афрыка. Тэрыторыя Беларусі ў межах арэала віду. На гнездаванні выяўлена ў 1903 г. ў Пінскім [1], у 1983 г. ў Слаўгарадскім [2] і Верхнядзвінскім [3] раёнах, у 1986 г. ў Лёзненскім раёне [4]. Асеннія сустрэчы ў 1952 г. вядомы ў Лунінецкім раёне [5], а вясенне-летнія - у 1953 г. ў Столінскім [6], у 1982 г. ў Гомельскім [2] і Віцебскім [3] раёнах.
Месцы пражывання. Старыя мяшаныя і лісцевыя лясы, пераважна дубравы і вольсы.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Вельмі нізкая. Траплюцца адзінкавыя птушкі, пары і вывадкі не больш за 5 асобін. Тэндэнцыі змянення невядомы.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка старых мяшаных і лісцевых лясоў і іншыя антрапагенныя ўздзеянні.
Асаблівасці біялогіі. Вывучаны недастаткова. Шлюбныя галасы - меланхалічныя свісты «спл-ю-ю, спл-ю-ю, спл-ю-ю» чуваць у першай дэкадзе траўня. Актыўная ноччу. Не пужлівая. Гняздуецца ў дуплах, старых гнёздах сарок і варон [2, 3]. Кладка з 5 белых яек памерамі 31,5 x 27,1 мм у канцы траўня-чэрвені. Падлёткі трапляюцца ў сярэдзіне ліпеня [1]. Да сярэдзіны кастрычніка птушкі знаходзяцца яшчэ ў месцах гнездавання.
Развядзенне. Утрымлівалася ў няволі [1].
Прынятыя меры аховы. Спецыльна не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Выяўленне і ахова месцаў гнездавання. Вывучэнне экалогіі. Прывабліванне птушак з дапамогай штучных гняздоўяў. Прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Шнитников, 1913; 2. Рубін (асаб. павед.); 3. Бірукоў (асаб. павед.); 4. Лычкоўскі (асаб. павед.); 5. Долбик, 1959; 6. Долбик, Дорофеев, 1978.

Б.Ямінскі, М.Долбік @

Дамавы сыч (Athene noctua Scop., 1769)
Атрад Совападобныя (Strigiformes), сямейства Савіныя (Strigidae)

Статус. IV катэгорыя. Рэдкі малавывучаны від, колькасць якога скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны прадстаўнік роду ў арнітафауне Палеарктыкі.
Кароткае апісанне. Дробная сава, даўжыня цела 21-24 см, маса 150-210 г, размах крылаў 0,55-0,61 м. Спінны бок светла-буры, з белаватымі стракацінамі, брушны - белы з бураватымі падоўжнымі плямамі.
Пашырэнне. Значная частка Эўразіі, Паўночная Афрыка. У Эўразіі - на поўдзень ад Латвіі, Маскоўскай і Арэнбургскай абласцей, Паўночнага Казахстана, Паўднёвага Алтая і Забайкалля. У недалёкім мінулым сыч паўсюдна жыў на тэрыторыі Беларусі [1]. Цяпер трапляецца крайне нераўнамерна, адзначаны толькі ў некалькіх раёнах, пераважна ў паўднёва-заходняй частцы краіны [2-9].
Месцы пражывання. Перавагу аддае культурнаму ландшафту. Імкнецца жыць у населеных пунктах і гаспадарчых пабудовах, размешчаных на адкрытых прасторах.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. За апошнія 15-20 год значна знізілася: сыч не рэгіструецца ў раёнах, у якіх раней пастаянна трапляўся [4, 7, 9].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Верагодна, сучаснае вядзенне сельскай гаспадаркі і будаўніцтва (хімізацыя, узбуйненне населеных пунктаў, сучасны тып забудовы і г.д.).
Асаблівасці біялогіі. Вядзе аселы спосаб жыцця. Манагам. Гняздуецца адзіночнымі парамі на гарышчах, пад карнізамі жылых і гаспадарчых пабудоў, у дуплах, а таксама ў штучных гняздоўях. Пачатак адкладкі яек - другая палова красавіка. У кладцы 4-5 яек памерамі 34,6 x 29,1 мм. Наседжванне працягваецца 26-29 сутак. Корміцца мышападобнымі грызунамі, насякомымі, часам дробнымі птушкамі. Біялогія сыча ва ўмовах Беларусі вывучана недастаткова.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Здабыча віду ў Беларусі забаронена [10].
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцыі віду, вывучэнне біялогіі і экалогіі сыча, прывабліванне птушак з дапамогай штучных гняздоўяў.

Літ.: 1. Федюшин, Долбик, 1967; 2. Дацкевич, Попенко, 1981; 3. Дзямянчык (асаб. павед.); 4. Казулін (асаб. павед.); 5. Клакоцкі (асаб. павед.); 6. Кузьменка (асаб. павед.); 7. Нікіфараў (асаб. павед.); 8. Парэйка (асаб. павед.); 9. Шкляроў (асаб. павед.); 10. Положение, 1978.

Б.Ямінскі @

Вераб'іны сыч (Glaucidium passerinum L., 1758)
Атрад Совападобныя (Strigiformes), сямейства Савіныя (Strigidae)

Статус. IV катэгорыя. Рэдкі аселы від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны прадстаўнік роду ў фауне ўсходняй Галарктыкі.
Кароткае апісанне. Самая дробная сава. Даўжыня цела 16-19 см, маса 60-80 г, размах крылаў 0,34 x 0,39 м. Спінны бок буры з белаватымі крапінкамі, брушны - светлы, амаль белы з цёмнымі падоўжнымі стракацінамі. Махавыя і рулявыя пёры з белаватым папярочным малюнкам. Дзюба кароткая, жоўтая, крута загнутая, васкавіца ўздутая. Лапы апераны да кіпцюроў.
Пашырэнне. Хваёвыя і мяшаныя лясы Эўропы і Паўночнай Азіі. Тэрыторыя Беларусі знаходзіцца ў межах арэала віду. Знаходкі сыча вядомы ў Гарадоцкім [1], Суражскім [2], Лепельскім, Менскім, Горацкім, Слуцкім, Васілевіцкім, Столінскім і Камянецкім [3], Жыткавіцкім [4] раёнах.
Месцы пражывання. Яловыя і ялова-лісцевыя лясы з наяўнасцю дуплаватых дрэў.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Агульная колькасць невядомая, але нізкая. Як летам, так і зімой трапляюцца адзінкавыя асобіны. Тэндэнцыя змянення колькасці не вызначана.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка старых яловых і мяшаных лясоў.
Асаблівасці біялогіі. Вывучаны крайне недастаткова. Даказана толькі аселасць птушкі. Гнёзды і кладкі ў Беларусі не апісаны. Памеры яек 28,7 x 22,5 мм. Вядома, што сыч выкарыстоўвае дуплы вялікага стракатага дзятла, а яго ахвярамі могуць быць вялікія сініцы, жоўтагаловыя каралькі, палёўкі [5], што ён можа паляваць на берасцянак [2], нападаць на вялікага стракатага дзятла. На зіму запасае корм у дуплах.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльна не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Выяўленне месцаў гнездавання і іх ахова. Вывучэнне экалогіі і прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Дорофеев, 1970; 2. Лычкоўскі (асаб. павед.); 3. Федюшин, Долбик, 1967; 4. Ямінскі (асаб. павед.); 5. Нікіфараў (асаб. павед.).

Б.Ямінскі @

Чарналобы саракуш (Lanius minor Gm., 1788)
Атрад Вераб'інападобныя (Passeriformes), сямейства Саракушавыя (Laniidae)

Статус. IV катэгорыя. Вельмі рэдкі від, колькасць якога, мабыць, скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з прадстаўнікоў багата пашыранага і шматлікага сямейства.
Кароткае апісанне. Дробная птушка, даўжыня цела каля 19 см, маса 47-53 г. Спінны бок шэры, брушны - белы з ружова-палевым адценнем, крылы чорныя з белым «люстэрачкам», лоб і пярэдняя частка цемені чорныя.
Пашырэнне. Эўразія. Арэал ахоплівае поўдзень Эўропы і Заходняй Сібіры, даходзіць на ўсход да захаду Алтая і Казахстана, на поўначы да Латвіі, Маскоўскай вобласці, Башкірыі. У Беларусі рэгулярна трапляўся на поўдні, на астатняй яе частцы - крайне спарадычна і не вышэй шыраты Лепеля і Свіры [1, 2]. У апошні час у цэнтральнай і паўночнай частках краіны практычна не адзначаўся, сустрэчы ў гняздовы час у паўднёвых раёнах адзінкавыя [3-5]. Гнездавыя групоўкі зарэгістраваны ў Хойніцкім і Столінскім раёнах у 1988-1989 гг. [6].
Месцы пражывання. Пераважна культурны мазаічны ландшафт: прыдарожныя насаджэнні, палі, лугі, пусткі з групамі ці адзінкавымі дрэвамі, рэдкалессі і ўзлескі, ускраіны населеных пунктаў, лесанасаджэнні, пакінутыя землі з садамі, алеямі і асобнымі пабудовамі.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Дакладных звестак няма. Саракуш стаў надзвычай рэдкі або ўвогуле не трапляецца ў месцах, дзе ў 1950-60-х гг. быў звычайны.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Магчыма, флуктуацыі колькасці, а таксама яе невысокі ўзровень абумоўлены пражываннем віду каля паўночнай мяжы пашырэння.
Асаблівасці біялогіі. Ва ўмовах Беларусі вывучана недастаткова. Манагам. Гняздуецца адзіночнымі парамі. Гнёзды робіць у густых кронах лісцевых, радзей хвойных дрэў на вышыні ад 3 да 10 м. Гняздо даволі масіўнае, у яго сценкі заўсёды ўплятае зялёныя суквецці араматычных траў. Адкладка яек у канцы траўня-чэрвені. У кладцы 4-6 яек памерамі 24,8 x 18,1 мм. Наседжванне працягваецца 15-16 сутак. Пералётны від. Корміцца насякомымі, пераважна жукамі [1].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Вывучэнне стану і экалогіі віду на тэрыторыі краіны, зберажэнне мазаічнага лесастэпавага антрапагеннага ландшафту на поўдні рэгіёна.

Літ.: 1. Федюшин, Долбик, 1967; 2. Шкляроў (асаб. павед.); 3. Кузьміч (асаб. павед.); 4. Пісаненка (асаб. павед.); 5. Рубін (асаб. павед.); 6. Ямінскі, Казулін (асаб. павед.).

Б.Ямінскі @

Аляпка (Cinclus cinclus L., 1758)
Атрад Вераб'інападобныя (Passeriformes), сямейства Аляпкавыя (Cinclidae)

Статус. IV катэгорыя. Надзвычай рэдкі аселы від, біялогія якога вывучана крайне недастаткова.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны ў Беларусі прадстаўнік сямейства, якое ўключае 5 стэнабіёнтных відаў.
Кароткае апісанне. Даўжыня цела 19-20 см, маса 50-70 г. Галава і шыя зверху бурыя, спіна і хвост буравата-шэрыя, горла, валляк і грудзі белыя. Хвост кароткі, крылы акруглыя, апярэнне шчыльнае.
Пашырэнне. Эўразія, Паўднёва-Заходняя Афрыка. Тэрыторыя Беларусі ў межах арэала віду. Упершыню ў Беларусі выяўлена ў 1968 г. на р. Лясная ў Белавежскай пушчы (Камянецкі раён), дзе жыла пастаянна да сакавіка 1970 г. [1]. Зімой, вясной і летам 1976 г. адзначалася ў Барысаўскім раёне на хуткай рэчцы каля воз. Даманавіцкае, дзе і была здабыта. Адзіны экземпляр птушкі захоўваецца ў музеі Бярэзінскага запаведніка [2]. У іншых раёнах краіны вясеннія або летнія сустрэчы невядомы, а зімовыя адзначаны ў 1970, 1973, 1976 і ў 1981 гг. на рэках Обаль, Ушача, Сар'янка, Нішча, Каменка, Аўсянка, у 1984-1987 гг. амаль кожны год каля плаціны Ключагорскай ГЭС і каля в. Шавялі на р. Обаль у Гарадоцкім раёне [3], у 1983 г. каля маста цераз р. Палату ў Полацку [4].
Месцы пражывання. Вярхоўі чыстых рэк з хуткім цячэннем і з перакатамі.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Крайне нізкая. У 1976 г. на 3 км рэчышча Бярэзіны (басейн Дняпра) адзначана 4 птушкі [2].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Забруджванне рэк прамысловымі сцёкамі.
Асаблівасці біялогіі. У Беларусі не вывучаны. У іншых раёнах разарванага арэала гняздуецца на рэках з чыстай вадой і скалістымі берагамі. Можа прыносіць да 2 вывадкаў за год па 4-7 птушанят. Корміцца насякомымі, малюскамі, якіх збірае на беразе або пад вадой на глыбіні да 1,5 м, куды нырае і можа прабегчы па дне да 20 м.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [5]. Здабыча аляпкі забаронена [6].
Неабходныя меры аховы. Вывучэнне біялогіі і экалогіі аляпкі, выяўленне новых месцаў пражывання і іх ахова, прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Дацкевич, 1971; 2. Долбик, Дорофеев, 1978; 3. Дарафееў (асаб. павед.); 4. Самусенка (асаб. павед.); 5. Чырвоная кніга БССР, 1981; 6. Положение, 1987.

М.Долбік, Э.Самусенка @

Салаўіны цвыркун (Locustella luscinioides Savi, 1824)
Атрад Вераб'інападобныя (Passeriformes), сямейства Валасянкавыя (Sylviidae)

Статус. IV катэгорыя. Рэдкі малавывучаны від, які знаходзіцца ў Беларусі каля паўночнай мяжы арэала.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўнік звычайнага пашыранага сямейства.
Кароткае апісанне. Маленькая птушка, даўжыня цела каля 13 см, маса 15-16 г. Спінны бок рыжавата-карычневы, ніз белаваты, на горле і валляку часам бываюць маленькія цёмныя трохвугольныя плямы.
Пашырэнне. Эўразія, Паўночна-Заходняя Афрыка. Раней у Беларусі цвыркун адзначаўся пераважна ў паўднёвых і заходніх раёнах [1, 2], адзінкавыя сустрэчы былі адзначаны ў цэнтральнай частцы краіны [3]. Цяпер сустрэчы і ўскосныя доказы гнездавання вядомы ў Гомельскім і Жыткавіцкім раёнах [4, 5]. Ёсць звесткі пра рэгулярныя сустрэчы самцоў у паўночных раёнах Беларусі - Гарадоцкім, Ушацкім, Шаркоўшчынскім, Шумілінскім [5-7].
Месцы пражывання. Хмызнякі, цяжкадаступныя зараснікі чароту і іншай расліннасці на невялікіх забалочаных вадаёмах, рыбагадоўчых сажалках, багністых берагах азёр, старыцах рэк, забалочаныя поймавыя лясы.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Звестак няма.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Магчыма, асушальная меліярацыя зямель, знішчэнне прыбярэжнай расліннасці і расчыстка рыбагадоўчых сажалак.
Асаблівасці біялогіі. У Беларусі біялогія віду практычна не вывучана. У прыдатных месцах пражывання можа лакальна збірацца ў вялікай колькасці. Гняздуецца ў хмызняках, зарасніках густых траў. Гнёзды размяшчаюцца каля самай зямлі або вады. Будуе іх з лістоў рагозу, асакі. У кладцы 4-6 яек памерамі 19,6 x 14,6 мм. Корміцца насякомымі.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Вывучэнне сучаснага стану віду. Ахова месцаў пражывання водна-балотных арнітакомплексаў, дзе цвыркун канцэнтруецца ў найбольшай колькасці.

Літ.: 1. Сямашка, 1956; 2. Федюшин, Долбик, 1967; 3. Шкляроў (асаб. павед.); 4. Чуяшкоў (асаб. павед.); 5. Ямінскі, Нікіфараў (асаб. павед.); 6. Степанян, 1978; 7. Дарафееў (асаб. павед.).

Б.Ямінскі @

Вяртлявая чарацянка (Acrocephalus paludicola Vieill., 1817)
Атрад Вераб'інападобныя (Passeriformes), сямейства Валасянкавыя (Silviidae)

Статус. IV катэгорыя. Рэдкі від, біялогія і экалогія якога вывучана недастаткова.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўнік політыпічнага роду. Адзін з 6 відаў роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Птушка, драбнейшая за вераб'я. Даўжыня цела да 13 см, маса 11-12 г. Апярэнне спіны аліўкава-шэрае з цёмнымі плямамі і рыжым налётам, які ўзмацняецца да хваста. Надхвосце жаўтаватае з бурымі плямамі. Брушны бок рыжаваты, больш светлы на грудзях і горле. Ад чарацянкі-барсучка адрозніваецца 3 добра прыкметнымі жаўтавата-белымі палосамі на галаве, ад іншых чарацянак - жаўтаватым адценнем апярэння і светлымі з падоўжнымі стракацінамі грудзямі.
Пашырэнне. Сярэдняя частка Эўропы і захад Азіі. У Беларусі сучаснае пашырэнне дакладна не вызначана. Відаць, мае мазаічны характар, бо высокая выбіральнасць гнездавых біятопаў абмяжоўвае магчымасці пашырэння. Да пачатку 1930-х гг. дакладна траплялася толькі на Палессі, дзе ў 1917 г. была знойдзена на Піншчыне, а ў 1930 г. ў Брагінскім раёне [1]. У 1950-я гг. адзначана ў Белавежскай пушчы. Чучала адной з 6 здабытых там птушак захоўваецца ў мясцовым музеі [2]. У 1960 г. знойдзена ў Гомельскім раёне [3]. Самая паўночная знаходка віду - паблізу ад Скідаля [4].
Месцы пражывання. Вялікія балоты, парослыя густой асакой, травяністыя тарфянікі, падобныя да лугавых застаялых балот, з асобнымі кустамі або курцінамі хмызняку, радзей зарастаючыя кар'еры торфараспрацовак, зарослыя сажалкі. Зараснікаў чароту і рагозу пазбягае.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Агульная колькасць невядомая, але, верагодна, малая і працягвае зніжацца. Асноўныя запасы віду сканцэнтраваны, відаць, на захадзе і поўдні краіны. У мінулым (1930 г.) была звычайнай у Брагінскім раёне [1].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Вузкая экалагічная спецыялізацыя ў выбары месцаў гнездавання. Дэградацыя месцаў пражывання ў выніку гаспадарчай дзейнасці.
Асаблівасці біялогіі. Прылятае ў канцы красавіка - пачатку траўня. Гнездавы перыяд пачынаецца з сярэдзіны траўня. Умела замаскіраванае гняздо размяшчае сярод асакі або каля асновы куста, густа парослага травяністай расліннасцю; звычайна над багнай або над вадой. Кладка ў траўні - пачатку чэрвеня з 5-6 яек памерамі 17,6 x 13,1 мм, якія па афарбоўцы амаль не адрозніваюцца ад яек чарацянкі-барсучка. Асаблівасці біялогіі гнездавання амаль не вывучаны з-за рэдкай трапляльнасці птушкі і цяжкасці назірання. Адлёт пачынаецца ў канцы ліпеня, цягнецца ўвесь жнівень і да першых дзён верасня. Зімуе на Балканах, у Малой Азіі і Паўночна-Заходняй Афрыцы.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльна не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Выяўленне месцаў пражывання, стварэнне сезонных заказнікаў, кантроль за станам папуляцыі, прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Федюшин, Долбик, 1967; 2. Галадушка (асаб. павед.); 3. Чуяшкоў (асаб. павед.); 4. Сямашка, 1956.

Л.Шкляроў @

Лебедзь-шыпун (Cygnus olor Gm., 1789)
Атрад Гусепадобныя (Anseriformes), сямейства Качыныя (Anatidae)

Статус. V катэгорыя. Да 1970-х гг. быў вельмі рэдкі. У апошнія дзесяцігоддзі назіраецца хуткі рост колькасці нашчадкаў штучна разведзеных птушак.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны від з роду лебедзі на тэрыторыі Беларусі.
Кароткае апісанне. Буйная птушка, даўжыня цела каля 170 см, маса ад 8 да 13 кг, размах крылаў 2,1-2,3 м. Апярэнне чыста белае, толькі часам з іржава-рыжым налётам на галаве і шыі ў дарослых птушак. Дзюба з вялікім уздуццем каля асновы. У самак яно крыху меншае. Маладыя птушкі шэрага колеру. У адрозненне ад лебедзя-клікуна шыю трымае не прама, а згібае яе S-падобна.
Пашырэнне. У стэпавай і лесастэпавай зонах ад Калінінградскай вобласці, Эстоніі і дэльты Дуная да Заходняй Сібіры. У пачатку 1970-х гг. у Беларусі гнездаваліся толькі адзінкавыя пары лебедзя-шыпуна [1]. Ахоўныя мерапрыемствы і напаўвольнае развядзенне птушак у Заходняй Эўропе прывялі да павелічэння колькасці і рассялення іх ва ўсходнім напрамку. У канцы 70-х гг. лебедзі-шыпуны са змененымі паводзінамі паявіліся ў заходніх раёнах краіны, а потым паступова рассяліліся на ўсход. Аб шляхах рассялення і месцы паходжання лебедзяў у Беларусі сведчаць сустрэчы ў краіне птушак, акальцаваных у Польшчы (12 асобін), Германіі [2], Чэха-Славакіі [2], Даніі [1], Летуве (1 асобіна) [2-6]. Асноўная частка гняздоўных і зімуючых птушак цяпер канцэнтруецца ў Гарадзенскай і Берасцейскай абласцях.
Месцы пражывання. Трапляецца ў гнездавальны перыяд на вадаёмах рознага тыпу. Большасць гнёздаў адзначана на невялікіх сажалках і азёрах, размешчаных у населеных пунктах або паблізу іх. Аддае перавагу ўчасткам вадаёмаў з добра развітай надводнай расліннасцю. Зімуе большасць лебедзяў на незамярзаючых вадаёмах у населеных пунктах.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Першыя птушкі паявіліся на гнездаванні ў Беларусі ў 1977-1979 гг. У 1983 г. было 37 гнездавальных пар, у 1984 г. - 66, у 1985 г. - 49 пар. Агульная колькасць птушак павялічылася з 1982 па 1985 г. з 300 да 600 асобін. У 1991 г. ў межах Беларусі зімавала каля 1700 шыпуноў. Цяпер колькасць лебедзяў у заходняй частцы краіны, верагодна, дасягнула аптымальных значэнняў, аб чым сведчыць зніжэнне сярэдняй велічыні кладкі: у 1983 г. - 6,7 яйка (37 кладак), а ў 1985 г. - 5,1 яйка (45 кладак).
Асноўныя абмежавальныя фактары. Далейшаму рассяленню лебедзя ва ўсходнія раёны Беларусі перашкаджаюць больш суровыя ўмовы зімоўкі (лебедзь мае цягу да аселага спосабу жыцця). Асноўныя прычыны гібелі - сутыкненне з лініямі электраперадач, браканьерства, змардаванне ў час зімоўкі, хваробы, звязаныя з паяданнем не характэрных для віду кармоў.
Асаблівасці біялогіі. Палаваспеласці дасягае на чацвёртым годзе жыцця, але пры паўвольным утрыманні прыступае да гнездавання ва ўзросце 3 гадоў. Манагам. Часта гняздуецца на адным і тым жа вадаёме некалькі гадоў запар. Гнёзды размяшчае ў зарасніках жорсткасцябловай расліннасці, але часам гняздуецца сярод разрэджанага трыснягу. Нярэдка будуе гнёзды на беразе або востраве на адкрытым месцы. Асновай для гнязда служаць сплавіны, купіны, завалы прыбярэжнай расліннасці. У кладцы 6-9 яек памерамі 17,6 x 13,1 см. Пачатак яйкакладкі ў першай дэкадзе траўня, наседжванне 35 сутак. Гняздуецца асобнымі парамі, але вядомы выпадкі гнездавання на адным вадаёме адразу трох пар. Корміцца пераважна раслінным кормам.
Развядзенне. Шырока практыкуецца напаўвольнае развядзенне на паркавых вадаёмах.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [7]. Штучная падкормка ў зімовы перыяд.
Неабходныя меры аховы. Улік гнездавальных і зімуючых птушак, кантроль за станам папуляцыі, прапаганда сярод насельніцтва шкоды летняй і асенняй падкормак птушак.

Літ.: 1. Федюшин, Долбик, 1967; 2. Казулін (асаб. павед.); 3. Шокала (асаб. павед.); 4. Нікіфараў (асаб. павед.); 5. Байдакоў (асаб. павед.); 6. Амялюсік (асаб. павед.); 7. Чырвоная кніга БССР, 1981.

А.Казулін ##Chapter: 13. Паўзуны @

Балотная чарапаха (Emys orbicularis L., 1758)
Атрад Чарапахі (Testudines), сямейства Прэснаводныя чарапахі (Emydidae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від, колькасць скарачаецца. У Беларусі знаходзіцца на паўночным краю арэала.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны ў Беларусі прадстаўнік чарапах з больш за 200 відаў у сусветнай фауне.
Кароткае апісанне. Панцыр авальны, даўжынёй 16-18 см (зрэдку больш) [1], зверху рэльефны або гладкі, афарбоўка цёмна-аліўкавая, бура-карычневая і цёмна-шэрая, часцей чорная [1]. На цёмным фоне панцыра, а таксама на скуры галавы, шыі, хваста і канечнасцей густа рассыпаны дробныя светлыя (жоўтыя) плямкі або рысачкі. Даўжыня хваста прыкладна роўна палове даўжыні панцыра. Паміж пальцамі ног - плавальная перапонка.
Пашырэнне. Насяляе Паўднёвую і Цэнтральную Эўропу (да Летувы, поўначы Беларусі, Смаленскай вобласці, вярхоўя Дона, сярэдняй Волгі і левабярэжжа р. Урал), Пярэднюю Азію і паўночна-заходнюю частку Афрыкі. Трапляецца ў Прыураллі, Крыме, на Каўказе. У Беларусі пераважна ў паўднёвай частцы краіны [2-5]. Як мяркуюць, паўночная мяжа арэала на тэрыторыі краіны праходзіць прыкладна па лініі Горадня - Стоўбцы - Чэрыкаў [4]. Знаходкі на поўначы тлумачацца, магчыма, выпускам на волю чарапах, завезеных з паўднёвых раёнаў [5].
Месцы пражывання. Прыродныя і штучныя вадаёмы са спакойнай вадой: балоты, старыцы і завадзі рэк, азёры, сажалкі, меліярацыйныя каналы, рыбаводныя ставы [5].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Улік чарапах цяжкі з-за скрытнага спосабу жыцця. Звычайна рэдкая. Яўная тэндэнцыя да скарачэння колькасці назіраецца пры асушальнай меліярацыі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Татальная (не пакідаючая прыродных вадаёмаў) асушальная меліярацыя зямель, спрошчванне рэчышчаў, браканьерства, гібель кладак [5].
Асаблівасці біялогіі. Спосаб жыцця водна-наземны. Корміцца ў асноўным днём у вадзе насякомымі і іх лічынкамі, ракападобнымі, малюскамі, галавасцікамі, дробнымі жабкамі, трытонамі, снулай рыбай, расліннасцю; на сушы - зрэдку кіўсякамі, макрыцамі, жукамі і інш. Для дыхання ў вадзе служаць багатыя крывяноснымі капілярамі вырасты глоткі і анальныя пузыры [3]. Полавая спеласць наступае ва ўзросце 6-8 гадоў пры даўжыні панцыра 9-12 см. У траўні-чэрвені самка робіць 1-2 кладкі па 5-10 яек белага колеру велічынёй 28-33 x 18-20 мм, масай 7-8 г. Яйкі адкладваюцца на беразе (на ўзвышэнні, якое не затапляецца) вадаёма ў ямку глыбінёй каля 10 см, якую самка рые заднімі нагамі і старанна засыпае пасля адкладкі яек. Інкубацыйны перыяд працягваецца 2-3 месяцы ў залежнасці ад надвор'я. Маладыя чарапашкі (даўжыня 22-25 мм) пасля выхаду з яек застаюцца ў ямцы да вясны. Жывуць за кошт пажыўных рэчываў жаўтковага мяшка [3]
Развядзенне. Утрымліваюцца ў тэрарыумах.
Прынятыя меры аховы. Агульны ахоўны рэжым на запаведных тэрыторыях. Спецыяльныя меры не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Максімальна магчымае захаванне прыродных вадаёмаў пры меліярацыйных работах і месцаў масавага адкладвання яек. Стварэнне мясцовых заказнікаў на вадаёмах, дзе колькасць чарапахі найбольш высокая. Прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Дробенков, 1990; 2. Сапоженков, 1961; 3. Савіцкі, 1975; 4. Определитель земноводных и пресмыкающихся фауны СССР, 1977; 5. Пикулик, Бахарев, Косов, 1988.

М.Пікулік @

Мядзянка (Coronella austriaca Laur., 1768)
Атрад Лускаватыя (Squamata), сямейства Вужовыя (Colubridae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від. Колькасць скарачаецца. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 2 відаў у фауне Беларусі і больш за 1700 відаў сямейства ў сусветнай фауне; адзін з 2 відаў роду ў свеце.
Кароткае апісанне. Даўжыня 50-82 см. Луска вельмі гладкая, што вызначае назву «гладкі вуж», якая зрэдку трапляецца. Зрэнка круглая. Афарбоўка верхняй часткі цела пераважна шэрая, вар'іруе ад шэра-бурай да чырвона-бурай і медна-чырвонай. Уздоўж спіны 2-4 рады дробных рознай кантрастнасці плямак, якія могуць злівацца ў суцэльную палоску.
Пашырэнне. Насяляе амаль усю Эўропу, Заходні Казахстан, Заходнюю Сібір, паўночную частку Малой Азіі, Каўказ, Закаўказзе і Паўночны Іран. Тэрыторыя Беларусі, дзе від пашыраны крайне спарадычна, знаходзіцца прыкладна ў сярэдняй частцы арэала. Трапляецца вельмі рэдка і пераважна ў паўднёвай і заходняй частках краіны [1, 2]: у Валожынскім, Лагойскім, Любанскім, Ганцавіцкім, Слаўгарадскім, Баранавіцкім, Івацэвіцкім, Жыткавіцкім, Столінскім і Лельчыцкім раёнах [2].
Месцы пражывання. Узлескі, паляны, рэдкалессі, высечкі, хмызнякі сярод адкрытых прастораў, якія добра праграюцца сонцам, часам лугі [1, 2].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Крайне нізкая, скарачаецца.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Павелічэнне рэкрэацыйнай нагрузкі на месцы пражывання. Знішчэнне насельніцтвам з-за пашыранай памылковай думкі аб сільнай ядавітасці мядзянкі.
Асаблівасці біялогіі. Корміцца ў асноўным яшчаркамі, радзей дробнымі млекакормячымі, насякомымі. У жніўні-верасні самка яйкажыванараджае 2-15 дзіцянят даўжынёй 125-170 мм [3, 4].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Агульны ахоўны рэжым на запаведных тэрыторыях, спецыяльныя меры не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Стварэнне мікразаказнікаў у месцах канцэнтрацыі віду (Асіповіцкі, Пухавіцкі і Ганцавіцкі раёны), узмацненне прапаганды аховы віду.

Літ.: 1. Сапоженков, 1961; 2. Пикулик, Бахарев, Косов, 1988; 3. Определитель земноводных и пресмыкающихся фауны СССР, 1977; 4. Тертышников, 1977.

М.Пікулік ##Chapter: 14. Земнаводныя @

Чаротная рапуха (Bufo calamita Laur., 1768)
Атрад Бясхвостыя (Ecaudata (Anura)), сямейства Рапухі (Bufonidae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від, колькасць скарачаецца. Па Беларусі праходзіць усходняя мяжа арэала. Занесена ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 3 відаў рапух у фауне Беларусі. У сусветнай фауне род рапух налічвае больш за 250 відаў.
Кароткае апісанне. Даўжыня цела 4-6 см. Канечнасці адносна кароткія. У адрозненне ад іншых рапух Беларусі чаротная рапуха не поўзае, не скача, а адносна хутка бегае. Скура бугрыстая, шаравата-аліўкавага колеру з цёмнымі плямамі. Уздоўж галавы і спіны праходзіць светлая вузкая палоска, што з'яўляецца найбольш характэрнай прыкметай, якая адрознівае чаротную рапуху ад іншых рапух.
Пашырэнне. Эўропа. Усходняя мяжа арэала праходзіць па Прыбалтыцы, Беларусі (прыкладна па лініі Лепель - Бабруйск) [2] і паўночнаму захаду Ўкраіны. У Беларусі пашырана спарадычна і нераўнамерна.
Месцы пражывання. Участкі з пясчанымі глебамі, якія гранічаць з забалочанымі месцамі і вадаёмамі, узлескі хваёвых лясоў, дзюны, лугі, абочыны палёў, агароды, паркі [2]. Можа жыць на меліяраваных тэрыторыях [5].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У найбольш спрыяльных месцах жыве 25-200 асобін на плошчы 1 гектар. Колькасць у цэлым па краіне нязначная, за выключэннем асобных участкаў, дзе від можа дамінаваць [2, 3]. Колькасць рэзка мяняецца ў прыродных умовах [2, 4]. Пад уплывам асушальнай меліярацыі і іншых формаў гаспадарчага асваення зямель, якія прыводзяць да знікнення вадаёмаў размнажэння, колькасць мае тэндэнцыю да зніжэння.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Татальная (не пакідаючая прыродных рэзерватаў і вадаёмаў) асушальная меліярацыя і ўзмацненне гаспадарчага прэсу на месцы пражывання прыводзяць да забруджвання і ліквідацыі вадаёмаў размнажэння [1, 2].
Асаблівасці біялогіі. Ярка выяўлена актыўнасць на змярканні, днём трапляецца толькі ў пахмурную пагоду, звычайна хаваецца ў норах, пад камянямі, бярвеннем, закопваецца ў пясок. Корміцца ў асноўным насякомымі і іх лічынкамі. Полавая спеласць у 3-4 гады. Адкладванне ікры з красавіка па жнівень. Самцы падаюць гучныя, рэзкія і скрыпучыя шлюбныя крыкі. Самка адкладвае 3-4 тыс. ікрынак, размешчаных у два рады шнурамі даўжынёй да 1,5-1,8 м. Развіццё лічынак доўжыцца каля 50 сутак, пасля чаго маладыя асобіны пакідаюць вадаёмы і жывуць на сушы [2, 5].
Развядзенне. Утрымліваецца ў тэрарыумах аматарамі, ёсць вопыт паспяховага развядзення ў лабараторных умовах [1].
Прынятыя меры аховы. Агульны ахоўны рэжым на запаведных тэрыторыях, спецыяльныя меры не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Максімальнае зберажэнне рэзерватаў з вадаёмамі ў паніжэннях у час меліярацыйных работ; стварэнне запаведнага ўчастка ў раёне Вілейскага вадасховішча; прапаганда аховы земнаводных.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Пикулик, 1985; 3. Бахарев, 1986; 4. Сапоженков, 1961; 5. Падутов, 1987; 6. Определитель земноводных и пресмыкающихся фауны СССР, 1977.

М.Пікулік ##Chapter: 15. Рыбы @

Сцерлядзь (Acipenser ruthenus L., 1758)
Атрад Асетрападобныя (Acipenseriformes), сямейства Асятровыя (Acipenseridae)

Статус. I катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны з каштоўных прамысловых асятровых прэснаводных від, які пастаянна жыве ў рэках. Належыць да відаў, якія маюць вельмі доўгую гісторыю развіцця і захаваліся з далёкай старажытнасці.
Кароткае апісанне. Цела выцягнутае, верацёнападобнае, укрытае дробнымі касцявымі пласцінкамі. Уздоўж тулава цягнуцца пяць радоў жучак - буйных касцявых пласцінак. Рыла падоўжанае, канічнае, знізу наперадзе рота чатыры махрыстыя вусікі. Грудныя плаўнікі доўгія, магутныя, спінны і анальны - невялікія, далёка адсунутыя назад. Хваставы плаўнік асіметрычны (гетэрацэркальны), канец пазваночніка загібаецца ў яго доўгую верхнюю лопасць. Афарбоўка ад цёмнай да светлай, залежыць ад умоў пражывання. Спіна цёмна-бурая, бруха белаватае або жаўтаватае, плаўнікі шэрыя.
Пашырэнне. Рэкі басейнаў Чорнага і Каспійскага мораў, галоўным чынам Волга [1]. У Беларусі трапляецца ў Дняпры, радзей у Прыпяці, Сажы, Бярэзіне [2, 3]. У Латвіі ўсялялася ў Заходнюю Дзвіну, але да межаў Беларусі не падымаецца [6].
Месцы пражывання. Добра праточныя віры і ямы з галечным і камяністым грунтам. Зімуе на ямах, дзе збіраецца ў значнай колькасці, вясной падымаецца ўверх па цячэнню да нерасцілішчаў. На працягу лета паступова скочваецца да месцаў зімоўкі, надоўга затрымліваецца на высакакормных участках.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У канцы 40-х гг. 20 ст. ўловы сцерлядзі адзначаліся часцей, часам нават траплялі ў рыбагаспадарчую статыстыку. Цяпер адзінкавыя экземпляры ловяцца ў Дняпры, прамысловага значэння не мае, у іншых рэках увогуле выключна рэдкая.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Паскоранае абмяленне рэк і іх забруджванне; парушэнне ўмоў натуральнага ўзнаўлення папуляцыі; бескантрольнае знішчэнне пры аблове рэк, рыбаловамі-аматарамі і браканьерамі.
Асаблівасці біялогіі. Звычайная прамысловая даўжыня сцерлядзі 40-60 см, маса 0,5-2 кг. Як выключэнне можа дасягаць адпаведна 120 см і 16 кг. Полавая спеласць ва ўзросце 7-8 гадоў [2]. Нераст у красавіку-траўні на глыбокіх участках рэк з хуткай плынню і пясчаным або камяністым грунтам. Ікру адкладвае звычайна пры самым высокім стаянні паводкавых вод. Ікрынкам уласціва высокая клейкасць, яны добра прымацоўваюцца да субстрату, што ніякае цячэнне не можа іх змыць і ў той жа час хуткая вада забяспечвае добрую аэрацыю зародкаў на стадыі іх развіцця. Маладыя самкі адкладваюць ікру праз год, больш сталыя - радзей. Плоднасць невысокая - 11-140 тыс. ікрынак [2, 4]. Корміцца сцерлядзь дробнымі доннымі беспазваночнымі: лічынкамі хіранамід, мошак, аўсянікаў.
Развядзенне. Распрацавана эфектыўная біятэхналогія вырошчвання гібрыда бялугі і сцерлядзі (бясцера), які добра прыстасаваны да ўмоў пражывання ў сажалках і азёрах [5].
Прынятыя меры аховы. Правіламі рыбалоўства на вадаёмах Беларусі з 1952 да 1959 года вылоўліванне сцерлядзі было забаронена. Пазней з правіл гэта абмежаванне было выключана, а іншых мер па абмежаванню здабычы сцерлядзі прадугледжана не было [7]. Уключана ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г.
Неабходныя меры аховы. Поўная і паўсюдная забарона вылоўлівання; распрацоўка мер па ахове і паляпшэнню месцаў пражывання і нерасцілішчаў; узмацненне дзяржаўнага і грамадскага кантролю за лоўляй сцерлядзі і штрафных санкцый за незаконную здабычу; штучнае развядзенне сцерлядзі і зарыбленне ёю розных вадаёмаў для захавання генафонду, а таксама для гібрыдызацыі з іншымі відамі асятровых і прамысловай гадоўлі ў прэснаводных вадаёмах.

Літ.: 1.Берг, 1948; 2. Жуков, 1965; 3. Жуков, 1968; 4. Жуков, 1983; 5. Рыбоводство СССР, 1974; 6. Щетинина, 1960; 7. Положение, 1962.

П.Жукаў, Т.Шаўцова @

Ручаёвая стронга (фарэль) (Salmo trutta morpha fario L., 1758)
Атрад Ласосепадобныя (Salmoniiformes), сямейства Ласасёвыя (Salmonidae)

Статус. I катэгорыя. Рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прэснаводная форма марской прахадной ласасёвай рыбы - кумжы, якая захавалася з ледавіковага перыяду. Прывабны аб'ект аматарскага рыбалоўства.
Кароткае апісанне. Цела стройнае, тарпедападобнае, шчыльна ўкрытае дробнай луской (уздоўж бакавой лініі 115-130 лускавінак). Афарбоўка стракатая: спіна і бакі бура-зялёныя, ніз цела белаваты, плаўнікі цёмныя, на верхняй палове цела і на спінным плаўніку мноства цёмных, чырвоных і аранжавых плямак. Спінны плаўнік размешчаны пасярэдзіне цела, мае 3-5 простых і 9-11 разгалінаваных промняў, за ім, бліжэй да хваста, - тлушчавы плаўнічок без касцявых промняў. Хваставы плаўнік моцны, раўналопасцевы. Рот вялікі, з мноствам зубоў.
Пашырэнне. Жыве ў рэчках і ручаях басейна Балтыйскага мора, у вярхоўях некаторых прытокаў Волгі і Дняпра [1]. У Беларусі трапляецца ў прытоках Немана і Віліі, у басейне Дняпра - у Гайне, Волме, Вячы, вярхоўі Свіслачы і ў іншых рэчках, якія сцякаюць з усходняга схілу Менскага ўзвышша [2].
Месцы пражывання. Аселая рыба. Насяляе вярховыя ўчасткі рэк і ручаёў з чыстай халоднай вадой. Трымаецца паблізу абрывістых берагоў, вадападаў, крыніц, у месцах, дзе берагі густа параслі дрэвамі і кустамі. У пошуках корму вандруе ўверх па цячэнню. Трымаецца паасобку, актыўная пераважна на змярканні і ноччу, удзень хаваецца пад навіслымі берагамі, карчамі, у зарасніках і іншых укрыццях.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Раней сустракалася ў некаторых рэках у даволі значнай колькасці [3]. Цяпер колькасць хутка памяншаецца, а ў многіх рэчках і ручаях від ужо поўнасцю выпаў са складу іхтыяфауны [3].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Абмяленне рэк і ручаёў з прычыны высечкі лясоў, выпроствання рэчышчаў пры меліярацыі; забруджванне рэк, да чаго фарэль надзвычай адчувальная; бескантрольнае вынішчэнне запасаў рыбаловамі-аматарамі і браканьерамі; вынішчэнне моладзі драпежнымі рыбамі - шчупаком, ментузом.
Асаблівасці біялогіі. Звычайныя памеры стронгі ручаёвай: даўжыня 25-35 см, маса 200-500 г, вельмі рэдка да 2 кг. Полавая спеласць настае ва ўзросце 3-4 гадоў. Нерастуе ў лістападзе-снежні на мелкаводных участках з хуткай плынню і буйназярністым пясчаным ці камяніста-галечным дном [1, 2]. Ікра буйная, адкладваецца ў грунт і ўкрываецца галькай і пяском. Плоднасць ад 200 да 5 тыс. ікрынак. Развіццё ікры доўжыцца да вясны. Лічынкі доўгі час застаюцца на месцы і толькі праз 4-5 тыдняў маляўкі выходзяць са сховішчаў. Корміцца стронга дробнымі ракападобнымі, а таксама трапіўшымі ў ваду насякомымі і іх лічынкамі. Буйная стронга можа карміцца і дробнай рыбай (гальяны, бычкі-падкаменшчыкі) і апалонікамі [6]. Пад канец першага года моладзь дасягае даўжыні 10-12 см і болей [1, 2].
Развядзенне. У шэрагу краін разводзяць і вырошчваюць у спецыяльных гаспадарках (у Беларусі - у Лагойскім раёне). Распрацавана біятэхналогія яе штучнага ўзнаўлення [4].
Прынятыя меры аховы. Правіламі рыбалоўства ў вадаёмах Беларусі з 1952 да 1959 г. лоўля стронгі была забаронена. З 1962 г. вызначаны мінімальна дапушчальны памер фарэлі для вылоўлівання - 20 см [5]. Занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г.
Неабходныя меры аховы. Поўная і паўсюдная забарона лоўлі стронгі; ахова і паляпшэнне ўмоў у месцах пражывання і размнажэння рыбы; узмацненне штрафных санкцый за яе незаконную здабычу; ахова стронгавых рэчак і ручаёў ад забруджвання і высечкі берагавых зараснікаў, ад разбурэння нерасцілішчаў; узмацненне мясцовай папуляцыі стронгі ў штучных умовах і выпуск моладзі ў прыродныя вадаёмы з мэтай захавання і назапашвання генафонду для прамысловай стронгагадоўлі.

Літ.: 1. Берг, 1948; 2. Жуков, 1965; 3. Жуков, 1983; 4. Рыбоводство СССР, 1974; 5. Положение, 1962; 6. Жизнь животных, 1983.

П.Жукаў, Т.Шаўцова @

Звычайны харыус (Thymallus thymallus L., 1758)
Атрад Ласосепадобныя (Salmoniformes), сямейства Харыусавыя (Thymallidae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від, які знікае.
Значэнне ў захаванні генафонду. Каштоўная прамысловая рыба, вельмі прывабная і як аб'ект аматарскага рыбалоўства.
Кароткае апісанне. Цела стройнае, тарпедападобнае, укрытае адносна дробнай луской, размешчанай уздоўж цела рэзка акрэсленымі радамі. У бакавой лініі 74-96 лускавінак. Рот канцавы, невялікі, з маленькімі шчацінкападобнымі зубамі. Спінны плаўнік размешчаны бліжэй да галавы, высокі і доўгі, у ім 4-17 простых і 13-17 разгалінаваных прамянёў. Бліжэй да хваставога плаўніка ёсць невялікі тлушчавы плаўнічок. Афарбоўка цела яркая, асабліва вясной у перыяд нерасту. На спіне, у верхняй частцы з бакоў мноства чорных плямак, па баках слаба прыкметныя бураватыя палоскі, спінны плаўнік яркі, у вочкі. Парныя плаўнікі жоўтыя або чырванаватыя, няпарныя - фіялетавыя.
Пашырэнне. Рэкі Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы [1]. У Беларусі трапляецца ў вярхоўях і некаторых прытоках Нёмана, Віліі і Заходняга Буга [2].
Месцы пражывання. Аддае перавагу хуткаплынным рэкам з чыстай вадой, дзе ямы чаргуюцца з перакатамі. Аселая рыба, трымаецца на пясчаных і камяністых перакатах паблізу ям і віроў.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Сустракаецца асобнымі экземплярамі. Зрэдку здабываецца рыбаловамі-аматарамі. Колькасць скарачаецца.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Абмяленне і забруджванне рэк, высечка зараснікаў па берагах, выпростванне рэчышчаў у працэсе меліярацыі [3], бескантрольнае вылоўліванне браканьерамі і рыбаловамі-аматарамі, знішчэнне моладзі драпежнікамі.
Асаблівасці біялогіі. Даўжыня цела да 50 см, маса 0,5-1 кг. Полавая спеласць ва ўзросце 2-3 гады. Нераст у траўні на камяністых перакатах. Самцам уласціва шлюбнае ўбранне: цела іх становіцца ярка афарбаваным, спінны плаўнік павялічваецца. Плоднасць 3-36 тыс. ікрынак [2]. Корміцца жывёльнай доннай драбязой, насякомымі, што падаюць на ваду, ікрой іншых рыб. Буйныя харыусы кормяцца таксама дробнай рыбай і нават невялікімі грызунамі, якія выпадкова трапілі ў ваду.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльна не прымаліся, правіламі рыбалоўства не прадугледжаны. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г.
Неабходныя меры аховы. Поўная і паўсюдная забарона вылоўлівання. Узмацненне аховы і распрацоўка мер па паляпшэнню месцаў пражывання і размнажэння. Узмацненне штрафных санкцый за незаконную здабычу.

Літ.: 1. Берг, 1948; 2. Жуков, 1965; 3. Жуков, 1983.

П.Жукаў, Т.Шаўцова @

Рыбец (Vimba vimba L., 1758)
Атрад Карпападобныя (Cypriniformes), сямейства Карпавыя (Cyprinidae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. З усіх карпавых найбольш каштоўная прамысловая рыба, вылучаецца вельмі смачным і далікатэсным мясам.
Кароткае апісанне. Цела ўмерана падоўжанае, злёгку сціснутае з бакоў, укрытае адносна буйной шчыльнай луской. У бакавой лініі 56-64 лускавінкі. Паміж галавой і спінным плаўніком свабоднае ад лускі паглыбленне, раўчук, за спінным плаўніком укрыты лускою кіль (паміж брушнымі і анальным плаўнікамі без лускі). Спінны плаўнік кароткі, з 3 простымі і 8-10 разгалінаванымі прамянямі. Анальны плаўнік падоўжаны, мае 3 простыя промні і 17-21 разгалінаваныя. Галава падоўжаная, рот ніжні, паўмесяцавы, рыла з мясістым прыдаткам. Афарбоўка цела серабрыстая, у перыяд нерасту спіна і бакі цямнеюць, парныя і анальныя плаўнікі чырванеюць.
Пашырэнне. Басейны Паўночнага, Балтыйскага, Чорнага і Каспійскага мораў [1, 4]. У Беларусі ёсць у рэках басейнаў Нёмана, Дняпра, Заходняй Дзвіны і Заходняга Буга [1].
Месцы пражывання. Лічыцца прахадной рыбай [1], аднак у Беларусі належыць да тыпова прэснаводных відаў, якія пастаянна застаюцца ў рэках [2]. Як правіла, займае сярэднія і ніжнія ўчасткі рэк. У той жа час у сувязі з гідратэхнічным будаўніцтвам на рэках затрымліваецца ў вадасховішчах [2, 3]. Гадавы цыкл жыцця рыбца вывучаны недастаткова, але вядома, што высокая патрабавальнасць да ўмоў размнажэння абумоўлівае міграцыі віду высока ўверх па цячэнню і ўваходжанне ў некаторыя прытокі рэк. Пасля нерасту рыбец масамі скочваецца ўніз па цячэнню да месцаў свайго пастаяннага пражывання, дзе трымаецца глыбокіх участкаў з добрапраточнай вадой, звычайна ніжэй камяністых перакатаў.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Раней даволі часта вылоўлівалі на рыбапрамысловых рэках, але ўлічвалі рыбца прамысловай статыстыкай разам з іншымі карпавымі рыбамі. За апошнія гады ўловы зменшыліся, запасы знаходзяцца на мяжы поўнага вычарпання [2, 3].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Абмяленне і забруджванне рэк; пагаршэнне ўмоў размнажэння; бескантрольная здабыча, асабліва ў перыяд скочвання вытворнікаў з нерасцілішчаў, у т.л. рыбаловамі-аматарамі і браканьерамі; гібель вялікай колькасці моладзі ад драпежнікаў.
Асаблівасці біялогіі. Дасягае даўжыні 50 см і масы 1 кг, але ва ўловах звычайныя памеры складаюць 30 см даўжыні і 0,4-0,5 кг масы. Полавая спеласць ва ўзросце 4 гады. Нераст каля сярэдзіны траўня на ўчастках рэк з хуткай плынню і буйна-зярністым пясчана-камяністым дном, чыстым ад глею. Плоднасць 30-70 тыс. ікрынак. Моладзь жывіцца дробнымі беспазваночнымі, дарослая рыба - малюскамі, чарвямі, разнастайнымі доннымі ракападобнымі, буйныя асобіны паядаюць рыбу.
Развядзенне. Ікра праходзіць інкубацыю на рыбазаводах, а моладзь выпускаюць у вадаёмы [4].
Прынятыя меры аховы. Спецыяльныя меры па ахове не прымаліся. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г.
Неабходныя меры аховы. Поўная і паўсюдная забарона здабычы; узмацненне кантролю і штрафных санкцый за незаконную здабычу; дакладны ўлік і паляпшэнне стану нерасцілішча; прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Берг, 1949; 2. Жуков, 1965; 3. Жуков, 1983; 4. Жизнь животных, 1983.

П.Жукаў, Т.Шаўцова @

Вусач (марона, мірон) (Barbus barbus L., 1758)
Атрад Карпападобныя (Cypriniformes), сямейства Карпавыя (Cyprinidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адносіцца да ліку каштоўных прамысловых відаў.
Кароткае апісанне. Цела прадаўгаватае, валькаватае, звужаецца да хваставога плаўніка, шчыльна ўкрытае луской. У бакавой лініі да 56-63 лускавінак. Галава вялікая, рот ніжні, нагадвае паўмесяц з 4 вусікамі. Рыла падоўжанае, конусападобнае. Спінны плаўнік кароткі, з 4 простымі і 8-9 разгалінаванымі промнямі, у анальным адпаведна 3 і 5-6 промняў. Афарбоўка цела зеленавата-жаўтаватая зверху і бялёсападобная знізу. Спінны і хваставы плаўнікі цёмныя, астатнія чырванаватыя.
Пашырэнне. Насяляе рэкі Эўропы за выключэннем Гішпаніі, Італіі, Англіі, Даніі і Скандынаўскіх краін [1]. У Беларусі ёсць у басейнах Нёмана, Заходняга Буга і Дняпра [2]. У Заходняй Дзвіне і далей на ўсход няма. У Нёмане да г. Горадня звычайны, у Дняпры часцей сустракаецца ў верхняй частцы да г. Ворша. Ёсць у Сожы, Бярэзіне, Друці і ў прытоках Прыпяці і Стыры [4].
Месцы пражывання. Аддае перавагу глыбокім участкам рэк з галечным і камяністым грунтам і хуткай плынню, але рэк і месцаў з халоднай крынічнай вадой пазбягае, у малыя рэкі і азёры ўвогуле не заходзіць. Вядзе аселы, пераважна адзіночны спосаб жыцця, вялікіх міграцый не робіць, хоць у межах раёна пражывання пастаянна вандруе з месца на месца ў пошуках корму. Часта трымаецца каля мастоў, прыстаней, буйных камянёў, як правіла, у прыдоннай зоне. Невялікія скопішчы ўтварае толькі ў перыяд нерасту і на зімавальных ямах, дзе ўсю зіму праводзіць у маларухомым стане і не корміцца.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У прамысловых уловах адзначаўся гаспадарчай статыстыкай да 5 (1947 г.), 10 (1955 г.), 12 (1963 г.) і нават 17,8 (1964 г.) цэнтнера. У далейшым сярэднегадавыя ўловы зменшыліся да 0,5-0,3 цэнтнера і толькі ў 1981-1982 гг. зноў павысіліся да 11-17 цэнтнераў. Пасля гэтага вусач у прамысловай статыстыцы не значыўся [4].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Абмяленне рэк і іх забруджванне; заглейванне і разбурэнне асноўных нерасцілішчаў, вынішчэнне ікры і моладзі малакаштоўнымі рыбамі; бескантрольная здабыча рыбапромыславымі брыгадамі, рыбаловамі-аматарамі і браканьерамі.
Асаблівасці біялогіі. Даволі буйная рыба, можа дасягаць даўжыні 85 см і масы 4 кг. Ва ўловах звычайна пераважаюць экземпляры даўжынёй 50-60 см і масай 2-3 кг. Самкі некалькі буйнейшыя за самцоў [3, 4]. Полавай спеласці яны дасягаюць на 4 годзе жыцця пры даўжыні 30-35 см, самцы - на 2-3 годзе пры значна меншых памерах. Нераст адбываецца ў траўні-чэрвені на глыбокіх месцах з пясчаным і камяністым грунтам. Адкладванне ікры парцыённае, звычайна ў тры прыёмы праз 10-15 дзён. Плоднасць каля 15-42 тыс. ікрынак [3, 4]. Корміцца вусач у асноўным доннымі арганізмамі: чарвямі, лічынкамі насякомых, малюскамі, ракападобнымі, спажывае таксама раслінны корм.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Правіламі рыбалоўства мінімальны прамысловы памер вызначаны ў 40 см. Іншыя меры па ахове вусача не праводзіліся [5], хаця гэты від і занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г.
Неабходныя меры аховы. Поўная і паўсюдная забарона здабычы; узмацненне кантролю і штрафных санкцый за вылоўліванне вусача; ахова і паляпшэнне нерасцілішчаў; прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Жизнь животных, 1983; 2. Берг, 1949; 3. Жуков, 1965; 4. Жуков, 1983; 5. Положение, 1962.

П.Жукаў, Т.Шаўцова ##Chapter: 16. Насякомыя @

Апалон (Parnassius apollo L., 1758)
Атрад Лускакрылыя (Lepidoptera), сямейства Паруснікі (Papilionidae)

Статус. I катэгорыя. Зніклы від. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 3 відаў шматлікага роду.
Кароткае апісанне. Адзін з найбольш прыгожых эўрапейскіх дзённых матылёў. Размах крылаў 70-90 мм. Цела моцна апушана. Агульны тон паўпразрыстых крылаў белы або светла-крэмавы. Па іх вонкавым краі праходзіць шырокая шэрая палоса з светлымі плямамі. На верхніх крылах па 5 чорных плям, на ніжніх па 2 чырвоныя вочкі з белай сярэдзінай, аблямаваныя вузкай чорнай палоскай [2].
Пашырэнне. Эўразія. У Беларусі ў апошнія 30 гадоў дакладна не зарэгістраваны, ёсць вусныя звесткі аб знаходках апалона ў наваколлі воз. Нарач [3].
Месцы пражывання. Сухія бары, сонечныя і сухія паляны, узлескі.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Звестак няма.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Манафагія на адным з відаў раслін роду расходнік ставіць існаванне віду ў залежнасць ад наяўнасці некранутых раслінных асацыяцый з удзелам кармавой расліны. Пагаршэнне стану месцаў пражывання ў выніку гаспадарчай дзейнасці.
Асаблівасці біялогіі. Аселы від, няздольны нават да нязначных міграцый. За год дае 1 пакаленне. Лёт у чэрвені-жніўні. Матылі кормяцца нектарам кветак. Вусені развіваюцца на расходніках. Біялогія віду ва ўмовах Беларусі не вывучана.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Выяўленне месцаў пражывання, вывучэнне біялогіі віду.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Ламперт, 1913; 3. Шалапёнак (асаб. павед.).

А.Літвінава @

Браняносец звязаны, або гламерыс звязаны (Glomeris connexa c.l. Koch, 1844)
Атрад Мнаганожкі-браняносцы (Oniscomorpha), сямейства Гламерыды (Glomeridae)

Статус. II катэгорыя. Від, колькасць якога скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны прадстаўнік роду.
Кароткае апісанне. Цела пакрыта 12 шчыткамі з 17-19 парамі ног. Даўжыня цела 5-17 мм, шырыня 2,5-8 мм, афарбоўка ад светла- да цёмна-карычневай. На тэргітах, за выключэннем першага і апошняга, па 4 светлыя плямы.
Пашырэнне. Эўрапейскі від. Трапляецца ў паўднёвай і заходняй частках Беларусі [1-5].
Месцы пражывання. Аддае перавагу больш вільготным лясам, дубравам і чорнаалешнікам. Жыве ў бурых лясных глебах. Трапляецца ў падсцілцы, трухлявых пнях, у глебе да глыбіні 20 см.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У асобных біягеацэнозах колькасць дасягае 39-96 экз/м2 [1-5]. Зніжаецца.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчае асваенне ўчасткаў бурых лясных глеб.
Асаблівасці біялогіі. Вывучаны недастаткова. Ахвотна паядае розныя арганічныя рэшткі: апалае лісце грабу, дубу, бярозы, асіны, загніўшую драўніну і алені памёт. Яйкі адкладвае ў трэшчыны глебы і кару дрэў.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. У Белавежскай пушчы знаходзіцца пад аховай запаведнага рэжыму.
Неабходныя меры аховы. Зберажэнне асобных плошчаў бурых лясных глебаў, дзе жывуць браняносцы. Кантроль за станам папуляцый.

Літ.: 1. Локшина, 1964; 2. Гиляров, Перель, Утенкова, 1971; 3. Кохманюк, Ярощук, 1981; 4. Тарасевич, 1984; 5. Тарасевич, 1986.

Э.Хацько @

Жужаль рашэцісты (Carabus cancellatus Ill., 1798)
Атрад Цвердакрылыя (Coleoptera), сямейства Жужалі (Carabidae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 20 відаў роду жужаляў у Беларусі.
Кароткае апісанне. Даўжыня жука 20-28 мм. Надкрылы выпуклыя, з выразкай на бакавым краі перад верхавінкай, з 3 радамі падоўжных бугаркоў і рабрынак. Верх медны або ярка бронзавы, рэдка цёмна-сіні, цёмна-зялёны або бронзава-чорны.
Пашырэнне. Эўрапейска-сібірскі від. Трапляецца ад паўночнай Гішпаніі да Байкала. У Беларусі - паўсюдна, але радзей на Палессі [1-11].
Месцы пражывання. Палі, лугі, радзей забалочаныя месцы і драбналістыя лясы.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Часам шматлікі, але колькасць скарачаецца.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая дзейнасць на палях.
Асаблівасці біялогіі. Вясенні від. Яйкі адкладвае ў чэрвені-ліпені. Праз 2 месяцы паяўляюцца маладыя жукі. Зімуе імага. Жукі жывяцца чарвямі, слізнякамі, насякомымі і іх лічынкамі, вусенямі совак.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. У Бярэзінскім біясферным запаведніку і Белавежскай пушчы знаходзіцца пад аховай запаведнага рэжыму. Занесены ў спіс ахоўных жужаляў Беларусі [12].
Неабходныя меры аховы. Прапаганда аховы віду і кантроль за станам папуляцый.

Літ.: 1. Арнольд, 1901; 2. Радкевич, 1936; 3. Горбунова, 1956; 4. Кипенварлиц, 1961; 5. Кипенварлиц, 1963; 6. Радкевич, 1970; 7. Ярмашевич, 1975; 8. Хотько, 1978; 9. Шляхтёнок, 1983; 10. Александрович, 1984; 11. Молодова, 1985; 12. Хотько и др., 1986.

Э.Хацько @

Жужаль менетрые (Carabus menetriesi Humm., 1827)
Атрад Цвердакрылыя (Coleoptera), сямейства Жужалі (Carabidae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Від з абмежаваным арэалам.
Кароткае апісанне. Даўжыня жука 16-19 мм. Верх бронзавы, часам з зялёным бляскам. Надкрылы сплюшчаныя. Вусікі кароткія, у самцоў толькі крыху заходзяць за аснову надкрылаў. На аснове паміж шоўным кілем і першым ланцужком бугаркоў ёсць кароткі зачатак кіля.
Пашырэнне. Усходнеэўрапейскі від (ад паўночнага ўсходу Эўрапейскай часткі Расеі да ўсходніх абласцей Польшчы). На тэрыторыі Беларусі трапляецца паўсюдна, але прымеркаваны да балот [1-7].
Месцы пражывання. Тарфяныя балоты, нізіны, забалочаныя берагі рэк і азёр.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У асобных месцах, асабліва ў запаведніках, колькасць даволі высокая. Зніжаецца на меліяраваных тэрыторыях.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Скарачэнне плошчаў балот у выніку меліярацыі.
Асаблівасці біялогіі. Трапляецца з траўня па кастрычнік. Драпежнік-паліфаг. Жывіцца беспазваночнымі. Жукі актыўныя ўначы.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. У Бярэзінскім біясферным запаведніку знаходзіцца пад аховай запаведнага рэжыму. Занесены ў спіс ахоўных жужаляў Беларусі [8].
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцый.

Літ.: 1. Радкевич, 1936; 2. Кипенварлиц, 1961; 3. Радкевич, 1970; 4. Самерсов, Якимович, Александрович, 1975; 5. Александрович, Якимович, 1979; 6. Хотько, Панкевич, Молчанова, 1980; 7. Александрович, 1984; 8. Хотько и др., 1986.

Э.Хацько @

Жужаль бліскучы, або жужаль нітэнс (Carabus nitens L., 1758)
Атрад Цвердакрылыя (Coleoptera), сямейства Жужалі (Carabidae)

Статус. II катэгорыя. Від, колькасць якога скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Від з абмежаваным арэалам.
Кароткае апісанне. Цела даўжынёй 14-18 мм, чорнае. Галава і пярэдняспінка залаціста-чырвоныя, надкрылы зялёныя з 3 гладкімі рабрынкамі. Вонкавы вяршынны вугал пярэдніх галёнак адцягнуты ў сагнуты шып. Надкрылы з чорным швом і залаціста-чырвоным краем.
Пашырэнне. Паўночная і сярэдняя часткі Эўропы. У Беларусі прымеркаваны да цэнтральнай і паўночнай частак, радзей трапляецца на Палессі.
Месцы пражывання. Хваёвыя і лісцевыя лясы, берагі рэк, іншых вадаёмаў, балоты, палі, лугі [1-4].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Невысокая. Скарачаецца.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Антрапагеннае ўздзеянне, скарачэнне месцаў пражывання.
Асаблівасці біялогіі. Жужаль з вясновым тыпам размнажэння. Актыўны ўдзень [5]. Драпежнік. Корміцца глебавымі беспазваночнымі.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. У Бярэзінскім запаведніку знаходзіцца пад аховай запаведнага рэжыму.
Неабходныя меры аховы. Прапаганда аховы віду і кантроль за станам папуляцый.

Літ.: 1. Арнольд, 1901; 2. Радкевич, 1936; 3. Кипенварлиц, 1961; 4. Александрович, 1979; 5. Радкевич, 1970.

Э.Хацько @

Жужаль фіялетавы (Carabus violaceus L., 1758)
Атрад Цвердакрылыя (Coleoptera), сямейства Жужалі (Carabidae)

Статус. II катэгорыя. Від, колькасць якога скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 20 відаў роду жужаляў, адзначаных у Беларусі.
Кароткае апісанне. Даўжыня жука 20-34 мм. Афарбоўка чорна-сіняя або фіялетавая, краі надкрылаў з яркай сіняй, зялёнай або медна-чырвонай аблямоўкай.
Пашырэнне. Эўропа (не вышэй за 70° паўночнай шыраты). Вядомы таксама ў Заходняй Сібіры. У Беларусі трапляецца ўсюды.
Месцы пражывання. Драбналістыя лясы. Жыве ў падсцілцы, пад апалай карой, ламаччам.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У асобных добрагумусаваных біягеацэнозах дастаткова шматлікі. Колькасць скарачаецца.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая дзейнасць у лясах.
Асаблівасці біялогіі. Від з асеннім тыпам размнажэння. Характарызуецца высокай актыўнасцю. На адкрытых месцах жукі актыўны толькі ўначы, на ўзлесках і ў насаджэннях - на змярканні і ўначы, іншы раз цэлыя суткі, але праз акрэсленыя прамежкі часу становіцца нерухомым. Зімуюць імага і лічынкі. Жукі ляцяць на святло. Драпежнік-паліфаг. Паядае дажджавых чарвей, павукоў, лічынак, кукалак і імага каларадскага жука, вусеняў лугавога матылька, совак, маладых смаўжоў.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы. Занесены ў спіс ахоўных жужаляў Беларусі [6].
Неабходныя меры аховы. Прапаганда аховы віду і кантроль за станам папуляцый.

Літ.: 1. Арнольд, 1860; 2. Арнольд, 1901; 3. Якобсон, 1905; 4. Радкевич, 1936; 5. Радкевич, 1970; 6. Хотько и др., 1986.

Э.Хацько @

Красацел бронзавы (малы) (Calosoma inqisitor L., 1758)
Атрад Цвердакрылыя (Coleoptera), сямейства Жужалі (Carabidae)

Статус. II катэгорыя. Від, колькасць якога скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 4 відаў роду. Рэгулюе колькасць вусеняў матылёў - шкоднікаў лесу.
Кароткае апісанне. Даўжыня цела 16-24 мм. Верх цёмна-бронзавы або чорна-зялёны, часам медна-зялёны або сіні, бакавыя краі пярэдняспінкі і надкрылаў звычайна больш яркія. Афарбоўка заўсёды з металічным адлівам.
Пашырэнне. Палеарктыка. У Беларусі від пашыраны лакальна, часцей трапляецца ў поймавых дубравах Палесся [1-10].
Месцы пражывання. Лісцевыя лясы (дубравы і чорнаалешнікі).
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Вельмі нераўнамерная ў асобных біягеацэнозах. Скарачаецца.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая дзейнасць у лясах.
Асаблівасці біялогіі. Драпежнік. Знішчае пераважна вусеняў пядзенікаў, няпарнага шаўкапрада, залатагузкі. Жукі зімуюць у глебе і подсцілцы. Спароўванне ў траўні-чэрвені. Працягласць фазы яйка 3-14 сутак. Лічынка ліняе 2 разы, жыве каля 24 сутак, вядзе такі ж спосаб жыцця, як і дарослыя асобіны. У канцы лета лічынкі акукліваюцца ў глебе і праз 8-10 сутак паяўляюцца жукі, якія застаюцца ў глебе да наступнай вясны.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Від занесены ў спіс ахоўных жужаляў Беларусі [11]. У Белавежскай пушчы знаходзіцца пад аховай запаведнага рэжыму.
Неабходныя меры аховы. Увядзенне запаведнага рэжыму ў асобных месцах знаходжання віду. Кантроль за станам папуляцый.

Літ.: 1. Арнольд, 1901; 2. Радкевич, 1936; 3. Кипенварлиц, 1961; 4. Радкеич, 1970; 5. Ярмашевич, 1975; 6. Дьяченко, 1975; 7. Хотько, 1978; 8. Окулов, Савицкий, Дьяченко, 1982; 9. Александрович, 1985; 10. Молодова, 1985; 11. Хотько и др., 1986.

Э.Хацько @

Жук-алень (Lucanus cervus L., 1758)
Атрад Цвердакрылыя (Coleoptera), сямейства Рагачы (Lucanidae)

Статус. II катэгорыя. Колькасць скарачаецца. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Самы вялікі жук у фауне Беларусі, адзіны прадстаўнік алігатыпічнага роду. Заходнеміжземнаморскі элемент фауны, які ў Беларусі знаходзіцца на паўночнай мяжы арэала.
Кароткае апісанне. Цела самца даўжынёй 25-75 мм, самкі - 23-50 мм. Жукі буравата-чорныя, у самцоў надкрылы і верхнія сківіцы каштанава-карычневыя. Вусікі з падоўжным членікам і 4-членікавай грабеньчатай булавой. Заднія крылы развітыя. У самцоў вялікая галава з вялікімі верхнімі сківіцамі, ці жаваламі, якія выступаюць наперад і нагадваюць рогі аленя, за што жук атрымаў сваю назву.
Пашырэнне. Паўднёвая і Сярэдняя Эўропа, Паўночная Афрыка. У Эўропе насяляе зону шыракалістых лясоў, лесастэпу і стэпу. У Беларусі трапляецца пераважна ў заходніх і паўднёвых раёнах (Палессе, Белавежская пушча), у паўночнай частцы краіны рэдкі - на поўнач ад Бярэзінскага запаведніка не адзначаўся [2-6].
Месцы пражывання. Старыя дубравы.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Па ўсім арэале малая і працягвае скарачацца.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Скарачэнне плошчаў старых дубраў, лоўля жукоў калекцыянерамі.
Асаблівасці біялогіі. Лёт жукоў у чэрвені-ліпені. Лётаюць пераважна самцы. Самка адкладвае даволі вялікія (даўжыня да 2,2 мм) авальныя яйкі ў дуплы, у глебу каля камля спарахнелых лісцевых дрэў, пераважна дубу, радзей бярозы, ясеня, вяза, вярбы, грушы, а таксама ў загніўшую драўніну гэтых дрэў і пнёў. Адклаўшы яйкі, асноўная маса жукоў гіне. Развіваецца яйка 5-6 тыдняў. У лічынак цела мясістае, C-падобна выгнутае, з вялікай галавой і 3 парамі ног. Яны спачатку кормяцца гумусам, потым загніўшай драўнінай ствалоў, каранёў і пнёў, чым спрыяюць гніенню дрэўных рэшткаў. Развіваюцца каля 5 гадоў, у канцы гэтага перыяду дасягаюць даўжыні 10-14 мм, акукліваюцца ў камерах са стружак і экскрэментаў. Маладыя жукі адраджаюцца ўвосень, але астаюцца зімаваць у лічынкавых хадах. Вылятаюць у траўні-чэрвені наступнага года. Цыкл развіцця 5-6 гадоў. Дарослыя жукі кормяцца сокам з пашкоджаных галін і ствалоў дрэў.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваюцца ў запаведніках. Від занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [7].
Неабходныя меры аховы. Ахова месцаў пражывання віду, у прыватнасці, старых дубраў, дзе неабходна пакідаць некранутымі пашкоджаныя дрэвы, пні, адмерлыя карані. Вывучэнне экалогіі, колькасці і тэрытарыяльнага размяшчэння віду ў краіне.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Дьяченко, 1975; 3. Максіменкаў (асаб. павед.); 4. Пісаненка (асаб. павед.); 5. Тарлецкая (асаб. павед.); 6. Лаўрова (асаб. павед.); 7. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Н.Лаўрова @

Гнаявік веснавы (Geotrupes vernalis L., 1758)
Атрад Цвердакрылыя (Coleoptera), сямейства Пласцініставусыя (Scarabaeidae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Не вызначана. Добры глебаўтваральнік і санітар.
Кароткае апісанне. Даўжыня жука 14-20 мм. Пярэдняспінка ў густых буйных і дробных кропках. Верх бліскучы, сіні, чорна-сіні, ярка-зялёны, радзей чорны з матавымі надкрыламі, ніз сіні або зялёны.
Пашырэнне. Эўропа (акрамя крайняй поўначы Скандынаўскага і паўднёвай часткі Іберыйскага і Апенінскага паўастравоў). Вядомы з Малой Азіі і Ірана. У Беларусі трапляецца спарадычна па ўсёй тэрыторыі [1-4].
Месцы пражывання. Адкрытыя месцы, лясы. Жыве ў глыбокіх земляных норах пад кучамі конскага і каровінага гною.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У запаведніках часам шматлікі, але размеркаваны лакальна. Колькасць скарачаецца.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая дзейнасць.
Асаблівасці біялогіі. Цыкл развіцця доўжыцца каля года. Норы рые пад кучамі высахшага гною, на дне робіць ячэйкі, куды самка адкладвае яйкі. Лічынкі жывяцца гноем да наступлення халадоў. Перазімаваўшыя лічынкі працягваюць жывіцца гноем да акуклівання. Максімальная актыўнасць у чэрвені.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Від занесены ў спіс ахоўных пласцініставусых краіны [5]. У запаведніках знаходзіцца пад аховай запаведнага рэжыму.
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцый.

Літ.: 1. Арнольд, 1901; 2. Окулов, Савицкий, Дьяченко, 1982; 3. Александровіч (асаб. павед.); 4. Пісаненка (асаб. павед.); 5. Хотько и др., 1986.

Э.Хацько @

Пустэльнік (васковік-пустэльнік) (Osmoderma eremita Scop., 1763)
Атрад Цвердакрылыя (Coleoptera), сямейства Пласцініставусыя (Scarabaeidae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 3 відаў роду ў фауне Эўразіі, адзіны прадстаўнік роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Цела вялікае, шырокае (даўжыня 22-23, шырыня 12-18 мм), зверху пляскатае, бліскучае, чорна-бурае або цёмна-карычневае з металічна-зялёным бляскам. Уздоўж пярэдняспінкі пасярэдзіне праходзіць шырокая баразёнка.
Пашырэнне. Эўропа. На ўсходзе Расеі даходзіць да рэк Кама і Белая. У Беларусі трапляецца спарадычна. Вядомы знаходкі ў Менску, Жодзіне, в. Гарадзішча (Менскі раён), наваколлі Столбцаў, на паўднёвым захадзе ад Ваўкавыска, у Горках.
Месцы пражывання. Старыя шыракалістыя лясы і паркі, дзе растуць дуплаватыя або спарахнелыя дубы, а таксама ясакары, яблыні, грушы, вербы.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Трапляецца рэдка і адзінкава.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка старых дуплаватых дрэў.
Асаблівасці біялогіі. Жукі лятаюць у чэрвені-жніўні, кормяцца сокам, які выцякае з дрэў. Яйкі адкладваюць у парахню ў дуплах і пад карой. Лічынкі даўжынёй да 10 мм, жывуць у месцах яйкакладкі, кормяцца парахнёй і ліняюць некалькі раз. Пасля другой перазімоўкі акукліваюцца ў коканах, склееных з агрызкаў драўніны. Генерацыя 3-гадовая.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. У месцах пражывання захаванне дрэў, асабліва дубу, ясакару і дзікай яблыні.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984.

І.Лапацін @

Вусач вялікі дубовы (Cerambyx cerdo L., 1758)
Атрад Цвердакрылыя (Coleoptera), сямейства Дрывасекі (Cerambycidae)

Статус. II катэгорыя. Колькасць скарачаецца. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўнік беднага відамі міжземнаморскага роду.
Кароткае апісанне. Цела вялікае (24-55 мм), смаляна-чорнае, верхавінка надкрылаў каштанавая або рыжа-бурая. Вусікі самца прыкметна даўжэйшыя за цела, у самкі роўныя з ім.
Пашырэнне. Заходняя Эўропа, Украіна, Крым, Каўказ. У Беларусі жыве заходні (тыповы) падвід. Знойдзены ў Прыпяцкім запаведніку і Белавежскай пушчы [2].
Месцы пражывання. Лісцевыя лясы і старыя паркі. Аддае перавагу тоўстым ствалам дуба, граба, грэцкага арэха, часам ліпы. Зрэдку засяляе пні.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. За апошнія гады рэгістраваўся толькі па берагах Прыпяці.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Усыханне і высечка старых дубоў.
Асаблівасці біялогіі. Лёт жукоў у траўні-ліпені. Лічынка выгрызае хады даўжынёй да 1 м спачатку ў кары, потым у забалоні і драўніне. Акукліванне ў дрэве ў спецыяльнай калысачцы. Генерацыя 3-4-гадовая. Жукоў знаходзяць на ствалах з сокам, які выцякае.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Зберажэнне старых дубоў у дубравах Прыпяцкага запаведніка і Белавежскай пушчы.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Пісаненка (асаб. павед.).

І.Лапацін @

Чмель мохавы (Bombus muscorum Fabr., 1775)
Атрад Перапончатакрылыя (Hymenoptera), сямейства Пчаліныя (Apidae)

Статус. II катэгорыя. Колькасць скарачаецца. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Найважнейшы апыляльнік многіх кветкавых раслін.
Кароткае апісанне. Невялікі чмель з каротка-авальным ярка-залаціста-жоўтым целам і даволі доўгім хабатком, аранжавай спінкай. Ногі могуць быць апушаны светла-жоўтымі або цёмна-карычневымі і чорнымі валаскамі.
Пашырэнне. Эўразія (Усходняя Эўропа, Сібір, Далёкі Ўсход). На тэрыторыі Беларусі адзначаны ў цэнтральнай частцы.
Месцы пражывання. Пераважна поймавыя лугі.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У 1920-х гг. трапляўся ў пасевах чырвонай канюшыны ў значнай колькасці, хаця ў агульнай колькасці чмялёў складаў усяго 1,6% [2]. У 50-х гадах адзначалася значнае павелічэнне колькасці віду на насенніках канюшыны (12,9% чмялёў) [4]. У апошнія гады спецыяльныя даследаванні не праводзіліся, аднак, улічваючы значнае зніжэнне агульнай колькасці чмялёў у Беларусі [5], а таксама Эўразіі [6], можна меркаваць, што чмель мохавы ў цяперашні час у Беларусі нешматлікі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушэнне і сельскагаспадарчае асваенне поймавых земляў, павышаная вільготнасць у асобныя гады.
Асаблівасці біялогіі. Чмялі жывуць сем'ямі (50-100 асобін), у склад якіх уваходзяць вялікая самка - заснавальніца гнязда (матка), дробныя непалаваспелыя самкі (рабочыя) і самцы. Аплодненыя ўвосень самкі зімуюць асобна ў розных укрыццях. Абуджаюцца ў красавіку-траўні, кормяцца на квітучых раслінах, потым будуюць наземныя гнёзды (на вільготных лугах яны часта размяшчаюцца на купінах). У гняздо самка адкладвае некалькі яек, якія грэе сваім целам. Яйка развіваецца каля 4 сутак. Лічынак самка корміць пылком раслін і мёдам. На 22-23 суткі паяўляюцца дарослыя чмялі. З гэтага часу самка толькі адкладвае яйкі, а ўсе клопаты аб патомстве бяруць на сябе рабочыя чмялі. У другой палове лета выводзяцца вялікія самкі (будучыя заснавальніцы сем'яў) і больш дробныя самцы, якія апладняюць самак і хутка пасля гэтага гінуць. Да сярэдзіны восені гінуць таксама рабочыя чмялі і старая самка. Сям'я распадаецца. Маладыя самкі зімуюць. Ва ўмовах Беларусі вядомы 2 максімумы лёту чмялёў: у перыяд масавага цвіцення ранняспелай канюшыны першага ўкосу (канец чэрвеня - пачатак ліпеня) і ў канцы цвіцення канюшыны другога ўкосу (канец жніўня - пачатак верасня). На працягу сутак актыўнасць чмялёў дасягае максімуму двойчы - у 11 і 18 гадзін. Трафічныя сувязі чмялёў разнастайныя, аднак яны аддаюць перавагу раслінам сямействаў бабовых, астравых, губакветных, у меншай ступені - залознікавых, агурочнікавых і ружакветных [2-4, 7].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Вывучэнне біялогіі, экалогіі, колькасці і пашырэння віду на тэрыторыі Беларусі, зберажэнне месцаў гнездавання чмялёў. Скарачэнне хімічных апрацовак сельскагаспадарчых культур, якія актыўна наведваюць чмялі.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Дабратворскі, 1927; 3. Дабратворскі, 1928; 4. Иоаннисиани, 1958; 5. Шамяткоў (асаб. павед.); 6. Сысолетина, 1979; 7. Гребенников, 1984.

Н.Лаўрова @

Чмель Шрэнка (Bombus schrenckii Mor., 1881)
Атрад Перапончатакрылыя (Hymenoptera), сямейства Пчаліныя (Apidae)

Статус. II катэгорыя. Колькасць скарачаецца. Заходняя мяжа арэала віду праходзіць праз тэрыторыю краіны. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Мала вывучаны ва ўмовах Беларусі таежны від. Апыляльнік раслін.
Кароткае апісанне. На спінцы жоўтыя або рыжыя валаскі, часам з невялікай прымессю чорных, добра прыкметных толькі пры павелічэнні; трэці тэргіт брушка часткова пакрыты чорнымі валаскамі, першая палова пятага тэргіта брушка - чорнымі або карычневымі валаскамі.
Пашырэнне. Эўразія. У Беларусі адзначаны ў паўночна-ўсходняй частцы, у тым ліку ў Бярэзінскім запаведніку [2].
Месцы пражывання. Вільготныя лясы з прымессю елкі, вольхі, асіны, лясныя паляны.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Ужо ў 1920-х гг. быў вельмі рэдкі [3]. Сучасных звестак аб колькасці віду ў Беларусі няма, хаця агульная колькасць чмялёў у апошнія гады знізілася [1].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая дзейнасць чалавека.
Асаблівасці біялогіі. Жыццёвы цыкл такі ж самы, як у чмяля мохавага.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Бярэзінскім запаведніку.
Неабходныя меры аховы. Вывучэнне размяшчэння, колькасці, біялогіі і экалогіі віду ва ўмовах Беларусі.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Калекцыя Інстытута заалогіі АН Беларусі; 3. Дабратворскі, 1928.

Н.Лаўрова @

Чмель байкальскі (Bombus subbaicalensis Vogt., 1909)
Атрад Перапончатакрылыя (Hymenoptera), сямейства Пчаліныя (Apidae)

Статус. II катэгорыя. Колькасць скарачаецца. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Мала вывучаны ва ўмовах Беларусі эўрапейска-сібірскі від, заходняя мяжа арэала якога праходзіць праз тэрыторыю краіны. Апыляльнік раслін.
Кароткае апісанне. На пярэдняй частцы спінкі і шчыціку светлыя валаскі, на спінцы паміж асновамі крылаў суцэльная перавязь з цёмных валаскоў, бакі грудзей і лоб вышэй асновы вусікаў пакрыты шэрымі або жаўтавата-шэрымі валаскамі; аснова другога тэргіта - светла-карычневымі, трэцяга - пятага - мяшанымі чорнымі і жаўтавата-шэрымі валаскамі [1].
Пашырэнне. Эўразія [1, 2]. У Беларусі адзначаны ў паўночна-ўсходняй частцы [3].
Месцы пражывання. Хмызнякі, узлескі і лясныя паляны.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У некаторых частках арэала за апошнія 20 гадоў скарацілася больш як у 3 разы. У Беларусі ў 1920-х гг. адзначаўся як вельмі рэдкі [3]. Сучасных звестак няма.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Рэкрэацыйныя нагрузкі, празмерны выпас жывёлы [1].
Асаблівасці біялогіі. Жыццёвы цыкл такі ж, як у чмяля мохавага.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Вывучэнне пашырэння, колькасці, асаблівасцей біялогіі і экалогіі віду ва ўмовах Беларусі.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Сысолетина, 1979; 3. Дабратворскі, 1928.

Н.Лаўрова @

Чмель чырванаваты (Bombus ruderatus Fabr., 1775)
Атрад Перапончатакрылыя (Hymenoptera), сямейства Пчаліныя (Apidae)

Статус. II катэгорыя. Колькасць скарачаецца. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. У Беларусі малавывучаны від лесастэпавай фауны, які знаходзіцца на паўночнай мяжы арэала. Апыляльнік раслін.
Кароткае апісанне. Цела даўжынёй да 3,5 мм. На спінцы паміж асновамі крылаў суцэльная папярочная перавязь з цёмных валаскоў. На пярэдняй частцы спінкі і шчыціку светлыя, на брушку самкі чорныя валаскі, тэргіты ў рабочых і самцоў пакрыты белымі валаскамі [1].
Пашырэнне. Сярэдняя і Паўднёвая Эўропа, Малая Азія. Зарэгістраваны ў цэнтральнай частцы Беларусі [2, 3]. Мяркуюць, што ў паўднёвых раёнах краіны дастаткова звычайны, у паўночных вельмі рэдкі [3].
Месцы пражывання. Ва Ўсходняй Эўропе - астэпаваныя лугі і дзюны, парослыя злакамі і разнатраўем. У Беларусі не вывучаны.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. На большай частцы арэала за апошнія 20 гадоў скарацілася ў некалькі разоў. У некаторых рэгіёнах знік зусім [4]. Па Беларусі звестак няма.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчае асваенне астэпаваных лугоў, дзюнаў.
Асаблівасці біялогіі. Жыццёвы цыкл падобны да такога ў чмяля мохавага. Палітроф, але перавагу аддае раслінам сямействаў губакветных, у меншай ступені бабовых і астравых.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Вывучэнне экалогіі і біялогіі, выяўленне новых месцаў пражывання і колькасці віду. Ахова месцаў пражывання.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Дабратворскі, 1927; 3. Дабратворскі, 1928; 4. Сысолетина, 1979.

Н.Лаўрова @

Чмель фруктовы (стэпавы) (Bombus pomorum Pan., 1805)
Атрад Перапончатакрылыя (Hymenoptera), сямейства Пчаліныя (Apidae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога скарачаецца. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Характэрны для лесастэпавай зоны від, які найбольш падпадае пад антрапагеннае ўздзеянне. Апыляльнік многіх кветкавых раслін.
Кароткае апісанне. Спінка пакрыта чорнымі або цёмна-карычневымі валаскамі, часам з невялікай прымессю жоўтых або шэрых на пярэдняй частцы спінкі і шчыціка; першы тэргіт брушка пакрыты жоўтымі, а трэці і пяты - жоўтымі або аранжавымі валаскамі. На лбе ніжэй асновы вусікаў чорныя валаскі. Афарбоўка асобін вар'іруе. Хабаток доўгі [2].
Пашырэнне. Сярэдняя Эўропа. У Беларусі трапляецца спарадычна.
Месцы пражывання. Лугі.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У многіх частках арэала за апошнія 20 гадоў колькасць скарацілася больш як у 3 разы [2], у 1920-х гг. у Менскім раёне трапляўся нярэдка, у паўднёвых раёнах краіны, як мяркуюць, быў больш шматлікі [3-5]. Сучасных звестак няма.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Разворванне і асваенне астэпаваных лугоў.
Асаблівасці біялогіі. Схема жыццёвага цыклу такая ж, як у чмяля мохавага. Самкі вылятаюць з месцаў зімоўкі ў канцы вясны і хутка прыступаюць да адкладвання яек. Гнёзды размешчаны на зямлі, часам у норах дробных грызуноў. Сем'і невялікія. Актыўна апыляе лугавую канюшыну, корміцца на кветках бабовых, губакветных і астравых раслін.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Выяўленне і ахова месцаў пражывання. Правядзенне даследаванняў па біялогіі і экалогіі віду.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Сысолетина, 1979; 3. Гребенников, 1984; 4. Дабратворскі, 1927; 5. Дабратворскі, 1928.

Н.Лаўрова @

Чмель звычайны (Bombus proteus Gers., 1869)
Атрад Перапончатакрылыя (Hymenoptera), сямейства Пчаліныя (Apidae)

Статус. II катэгорыя. Колькасць скарачаецца. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Мала вывучаны ў Беларусі від паўднёвага паходжання, найбольш адчувальны да антрапагеннага ўздзеяння. Апыляльнік раслін.
Кароткае апісанне. Спінка пакрыта чорнымі або карычневымі валаскамі, часам з невялікай прымессю жоўтых або шэрых; трэці тэргіт брушка пакрыты чорнымі, а пяты аранжавымі або жоўтымі валаскамі, іншы раз з прымессю карычневых. На лбе ніжэй асновы вусікаў чорныя валаскі.
Пашырэнне. Цэнтральная і паўднёвая часткі Эўропы [1]. Арэал уключае тэрыторыю Беларусі.
Месцы пражывання. Лугі лясной, лесастэпавай і стэпавай зон.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У межах арэала трапляюцца адзінкавыя экземпляры. Па Беларусі звестак няма.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая дзейнасць чалавека (разворванне і сельскагаспадарчае асваенне лугоў).
Асаблівасці біялогіі. Схема жыццёвага цыклу як у чмяля мохавага. Палітроф, але аддае перавагу раслінам сямейства астравых, у меншай ступені губакветных.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Вывучэнне біялогіі, экалогіі, тэрытарыяльнага размяшчэння, вызначэнне колькасці і выяўленне месцаў пражывання чмяля. Арганізацыя мікразаказнікаў.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984.

Н.Лаўрова @

Жаўтушка тарфянікавая (Colias palaeno L., 1761)
Атрад Лускакрылыя (Lepidoptera), сямейства Бялянкі (Pieridae)

Статус. II катэгорыя. Від, колькасць якога хутка скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 3 відаў роду, які пашыраны ў Беларусі.
Кароткае апісанне. Даволі вялікія матылі. Размах крылаў 40-50 мм. Агульны тон крылаў самцоў лімонна-жоўты з шырокай цёмнай аблямоўкай, ніз крылаў жоўты, заднія крылы з шараватым апыленнем. Крылы самак белаватыя з зеленаватым адценнем, аблямоўка больш расплыўчатая, пярэднія крылы знізу белыя з жоўтымі краямі, заднія - як у самцоў. Махры ўсіх крылаў яркія, ружавата-чырвоныя. На пярэдніх крылах па адной чорнай кропцы.
Пашырэнне. Ад Заходняй Эўропы да Японіі [1]. Ёсць звесткі аб знаходках у Паўночнай Амерыцы [2]. Арэал разарваны, від трапляецца толькі там, дзе ёсць кармавая расліна вусеняў.
Месцы пражывання. Вярховыя балоты, дзе растуць дурніцы.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Рэзка скарачаецца. Жаўтушка знікла ў многіх раёнах Цэнтральнай Эўропы, дзе раней была звычайнай. У Беларусі захаваліся толькі асобныя вярховыя балоты, дзе матылі трапляюцца ў вялікай колькасці. На астатняй тэрыторыі назіраецца скарачэнне колькасці і ў шэрагу месцаў знікненне віду. Жаўтушка з'яўляецца добрым індыкатарам ступені парушэння прыроднай раўнавагі ў месцах яе пражывання ў выніку асушэння балот і здабычы торфу [2].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Монафагія. Вусені развіваюцца толькі на дурніцах.
Асаблівасці біялогіі. За год дае 1 пакаленне. Лёт матылёў у чэрвені-ліпені. Вусені зялёныя з ярка-жоўтымі бакавымі палосамі, аблямаванымі знізу чорнай лініяй, паяўляюцца ў канцы чэрвеня, пасля перазімоўкі некалькі разоў ліняюць і акукліваюцца. Кормяцца лісцем дурніц.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г.
Неабходныя меры аховы. Пры гаспадарчым асваенні вярховых балот неабходна пакідаць невялікія ўчасткі прыродных ландшафтаў для захавання ўсяго комплексу жывёл і раслін. Строгая ахова віду ў запаведніках і заказніках. Забарона адлову матылёў.

Літ.: 1. Ламперт, 1913; 2. Моуха, 1979.

А.Літвінава @

Пераліўніца вялікая (Apatura iris L., 1758)
Атрад Лускакрылыя (Lepidoptera), сямейства Німфаліды (Nymphalidae)

Статус. II катэгорыя. Від, колькасць якога скарачаецца. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з трох эўрапейскіх відаў роду.
Кароткае апісанне. Матылі даволі вялікія. Размах крылаў 65-75 мм. Агульная афарбоўка крылаў цёмна-бурая, у самцоў з сіне-фіялетавым адлівам. Пярэднія крылы з белымі плямамі, на задніх - белая косая палоса і невялікае цёмнае вочка з аранжавай аблямоўкай. Ніжні бок пярэдніх крылаў шэра-буры, з буйнай плямай у аранжавай аблямоўцы, мае малюнак з белых плямаў, як і на верхнім баку.
Пашырэнне. Эўропа, Сібір, Далёкі Ўсход, Кітай, Японія [1, 2, 3]. У Беларусі рэдкі па ўсёй тэрыторыі від.
Месцы пражывання. Лісцевыя і мяшаныя лясы, узлескі, лясныя дарогі. У Беларусі трапляецца часцей на лясных дарогах з вялікай колькасцю луж, па старых лясных меліярацыйных каналах, балоцістых месцах, парослых вярбой.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Прыкметна скарацілася ў сувязі з асушальнымі работамі ў лясах.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушальная меліярацыя, лесанарыхтоўкі. Алігафагія на родзе вярба робіць існаванне віду залежным ад наяўнасці некранутых раслінных асацыяцый з удзелам кармавых раслін [1]. Асушэнне парослых вербамі балот і лясных масіваў адмоўна ўплывае на экалагічныя ўмовы існавання віду.
Асаблівасці біялогіі. За год дае 1 пакаленне. Матылі трапляюцца чародамі на сухіх лясных дарогах, дзе яны садзяцца на загніўшыя жывёльныя адкіды, памёт, на высокія дрэвы, але не на кветкі. Адкладваюць яйкі часцей на вярбу казіную, якой аддаюць перавагу вусені, або на іншыя віды вярбы, рэдка на асіну. Маладыя вусені бураватыя, потым становяцца зялёныя з жоўтымі палоскамі па баках і 2 сінімі вырастамі на галаве. Пасля зімоўкі акукліваюцца. Лёт матылёў у чэрвені-жніўні [3].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г.
Неабходныя меры аховы. На лесанарыхтоўках трэба зберагаць падлесак, пры асушальнай меліярацыі на вялікіх масівах неабходна пакідаць некранутымі прыродныя астраўкі расліннасці. Забараніць адлоў матылёў.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Ламперт, 1913; 3. Мержеевская, Литвинова, Молчанова, 1976.

А.Літвінава @

Стужка ордэнская малінавая (Catocala sponsa L., 1767)
Атрад Лускакрылыя (Lepidoptera), сямейства Соўкі (Noctuidae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога скарачаецца. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з відаў шматлікага роду, характэрнага лясной зоне, да якой належыць Беларусь.
Кароткае апісанне. Матыль сярэдніх памераў, размах крылаў 60-65 мм. Пярэднія крылы бура-шэрыя са складаным малюнкам з вышчарбленых ліній. Заднія крылы малінавыя з чорнай хвалістай перавяззю, вонкавы край іх таксама чорны. Цела масіўнае, шчыльна апушанае.
Пашырэнне. Эўропа, Каўказ, Закаўказзе, Паўночная Турцыя. [1, 2]. У Беларусі вельмі рэдкі па ўсёй тэрыторыі від.
Месцы пражывання. Дубравы і мяшаныя лясы з удзелам дубу.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Значна скарацілася.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Пагаршэнне стану і ўсыханне дубраў, асабліва поймавых, у выніку зніжэння ўзроўню грунтавых вод, асушальнай меліярацыі ў поймах рэк; інтэнсіўныя высечкі лясоў з удзелам дубу - асноўнай кармавой расліны віду.
Асаблівасці біялогіі. Дае 1 пакаленне за год. Лёт матылёў з канца ліпеня да верасня. Іх вабіць сок дрэў, які бродзіць. Вусені развіваюцца ў траўні-чэрвені на дубе, дзе яны кормяцца лісцем, на якім і акукліваюцца [2].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Забарона адлову матылёў. Абмежаванне выпасу жывёлы пад полагам лесу, улік дапушчальных узроўняў рэкрэацыйных нагрузак.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Мержеевская, Литвинова, Молчанова, 1976; 3. Піскуноў (асаб. павед.).

А.Літвінава @

Прыгажуня бліскучая (Calopteryx splendens Harris, 1782)
Атрад Стракозы (Odonata), сямейства Прыгажуні (Calopterygidae)

Статус. III катэгорыя. Від, колькасць якога скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 2 відаў роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Страказа сярэдніх памераў (даўжыня брушка 34-39 мм, размах крылаў 30-35 мм). Галава, пярэдняспінка, брушка сіне-зялёныя або цёмна-сінія, бліскучыя. Крылы самцоў пасярэдзіне з бліскучай сіняй перавяззю, іх аснова і верхавіна празрыстыя. Цела самак залаціста-зялёнае, крылы бясколерныя з металічнымі зялёнымі папярочнымі жылкамі, птэрастыгма белая [1]. У спакойным стане крылы складзены і падняты вертыкальна ўверх.
Пашырэнне. Эўразія, Паўночная Афрыка. Даволі шырока трапляецца па ўсёй тэрыторыі Беларусі [2-6].
Месцы пражывання. Дарослыя асобіны часцей трапляюцца па берагах рэк, ручаёў і іншых праточных вадаёмаў. Лічынкі - тыповыя рэафілы, патрабавальныя да чысціні вады і насычэння яе кіслародам. Жывуць сярод воднай расліннасці.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У асобных раёнах краіны прыгажуня даволі шматлікая, але за апошняе дзесяцігоддзе колькасць яе рэзка знізілася.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Забруджванне вадаёмаў з сярэдняй скорасцю цячэння, меліярацыйныя работы.
Асаблівасці біялогіі. Стракозы з 2-гадовым цыклам развіцця. Імага паяўляюцца ў канцы вясны. Лёт да пачатку восені, часцей за ўсё каля ўрэзку вады. Палёт пырхаючы. Яйкі адкладвае ў тканкі водных раслін на глыбіні да 1 м. Лічынкі падоўжныя з 3 хваставымі жабрамі і цёмнымі плямамі на целе, развіваюцца ў слабапраточных рэках і ручаях з глеістым дном і зараснікамі воднай расліннасці. Патрабавальныя да чысціні вады [5].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Бярэзінскім і Прыпяцкім запаведніках, Белавежскай пушчы і шэрагу заказнікаў.
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцый прыгажунь на запаведных тэрыторыях, зберажэнне малых рэк, папярэджванне забруджвання малых рэк і ручаёў, прапаганда аховы віду, забарона збору стракоз для калекцый.

Літ.: 1. Спурис, 1964; 2. Радкевич, 1928, 1957; 3. Wnukowski, 1937; 4. Определитель пресноводных беспозвоночных.., 1977; 5. Писаненко, 1985; 6. Шалапёнак (асаб. павед.).

А.Пісаненка @

Беланоска таўстахвостая (Leucorrhinia caudalis Charp., 1840)
Атрад Стракозы (Odonata), сямейства Сапраўдныя стракозы (Libellulidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 5 відаў роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Страказа сярэдняга памеру: даўжыня брушка 24-27 мм, крыла 29-32 мм. Адрозніваецца ад іншых прадстаўнікоў роду расшыраным на канцы брушкам. Цела чорнае. Брушка самцоў у пярэдняй частцы з блакітным налётам. Пры аснове задніх крылаў па адной чорнай пляме. Птэрастыгма белая. Анальныя прыдаткі светла-жоўтыя.
Пашырэнне. Усходне-эўрапейскі від з ізаляванымі ўчасткамі арэала [1]. У Беларусі трапляецца лакальна ў Гомельскім [2], Жыткавіцкім [3], Асіповіцкім [3] і Мядзельскім [4] раёнах.
Месцы пражывання. Забалочаныя ўчасткі праточных вадаёмаў, старыцы рэк, парослыя часцей за ўсё белымі або жоўтымі гарлачыкамі.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Папуляцыі нешматлікія, аднак у некаторых стацыях колькасць можа быць даволі высокая.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушэнне балот, забруджванне вадаёмаў.
Асаблівасці біялогіі. Вясенне-летні від. Цыкл развіцця 2 гады. Лічынкі жывуць у стаячых або слабапраточных дыстрафаваных вадаёмах, парослых воднай расліннасцю.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Прыпяцкім запаведніку.
Неабходныя меры аховы. Улік колькасці віду. Арганізацыя мікразаказніка на воз. Глубінка ў Мядзельскім раёне.

Літ.: 1. Белышев, 1973; 2. Wnukowski, 1937; 3. Писаненко, 1985; 4. Шалапёнак (асаб. павед.).

А.Пісаненка @

Страказа перавязаная, або сціснутабрух перавязаны (Sympetrum pedemontanum All., 1766)
Атрад Стракозы (Odonata), сямейства Сапраўдныя стракозы (Libellulidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі лакальны від, які знаходзіцца на мяжы арэала.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 5 відаў роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Брушка даўжынёй 18-25 мм, ад цёмна-жоўтага да ярка-чырвонага колеру. Крылы з шырокай карычневай перавяззю перад верхавінай. Даўжыня задніх крылаў 21-27 мм.
Пашырэнне. Эўропа, Паўночная Афрыка [1]. У Беларусі адзначана ў Віцебскім [2], Менскім [3], Наваградскім [4], Пухавіцкім [5], Акцябрскім [3] раёнах.
Месцы пражывання. Адкрытыя біятопы паблізу слабапраточных або стаячых вадаёмаў. Дарослыя формы ад вады на вялікія адлегласці не адлятаюць.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Вядомы адзінкавыя знаходкі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Забруджванне вадаёмаў, рэкрэацыйныя нагрузкі.
Асаблівасці біялогіі. Цыкл развіцця 1-2 гады. Лічынкі жывуць у невялікіх слабапраточных вадаёмах, моцна зарослых воднай расліннасцю. Лёт імага ў другой палове лета і ў пачатку восені. Палёт слабы, пырхлівы, асобіны часта садзяцца на субстрат.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Налібоцкім заказніку.
Неабходныя меры аховы. Прапаганда аховы віду. Інвентарызацыя фауны стракоз на запаведных тэрыторыях, інтрадукцыя лічынак у вадаёмы з прыдатнымі ўмовамі пражывання. Стварэнне мікразаказнікаў у Менскім раёне (у наваколлі вёсак Крыжоўка і Ждановічы) на невялікіх стаячых вадаёмах.

Літ.: 1. Редкие насекомые, 1982; 2. Радкевич, 1957; 3. Писаненко, 1985; 4. Шалапёнак (асаб. павед.); 5. Казлоўскі (асаб. павед.).

А.Пісаненка @

Дазоршчык-уладар (Anax imperator Leach., 1815)
Атрад Стракозы (Odonata), сямейства Каромыслы (Aeschaidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від.
Значэнне ў захаванні генафонду. У Беларусі адзіны прадстаўнік роду.
Кароткае апісанне. Адна з самых вялікіх прыгожых стракоз беларускай фауны: даўжыня брушка 49-61 мм, задняга крыла 45-51 мм. Грудзі ярка-зялёныя, брушка самца блакітнае з чорнай зігзагападобнай падоўжнай палосай; брушка самкі зялёнае з бурай палосай. Чорная вузкая палоса на краю лба [2].
Пашырэнне. Эўразія. У Беларусі зарэгістраваны лакальныя знаходкі на Нарачанскіх і Браслаўскіх азёрах [1, 3, 4].
Месцы пражывання. Літаральная зона вялікіх азёр, радзей слабапраточныя вадаёмы. Стракозы адлятаюць на значныя адлегласці ад месцаў выпладу.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Паўсюдна рэдкі, іншы раз спарадычна паяўляецца больш часта на азёрах Нарач, Дрывяты, Вялікія Швакшты, Мядзел.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Забруджванне вадаёмаў, асабліва пры змыванні ўгнаенняў з сельскагаспадарчых угоддзяў; рэкрэацыйныя нагрузкі ў месцах канцэнтрацыі віду.
Асаблівасці біялогіі. Цыкл развіцця 3-4 гады. Лёт у траўні-жніўні. Лічынкі развіваюцца ў літаральнай зоне азёр, радзей у слабапраточнай вадзе.
Развядзенне. У лабараторных умовах лічынкі апошняга ўзросту даволі добра кормяцца і хутка растуць. Выхад імага 96%. На корм выкарыстоўвалі лічынак хіранамід.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Стварэнне мікразаказнікаў у месцах найбольшага скопішча лічынак на азёрах Нарач, Вялікія Швакшты, Дрывяты, Мядзел, забарона збору і калекцыянавання стракоз.

Літ.: 1. Шалапёнок, 1964; 2. Спурис, 1964; 3. Писаненко, 1985; 4. Шалапёнак (асаб. павед.).

А.Пісаненка @

Булавабрух (кардулегастэр) кольчаты (Cordulegaster annulatus Lat., 1805)
Атрад Стракозы (Odonata), сямейства Булавабрухі (Cordulegasteridae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны ў Беларусі прадстаўнік роду.
Кароткае апісанне. Вялікая страказа яркай афарбоўкі (даўжыня брушка 54-61, крылаў 41-46 мм). На чорным брушку чаргуюцца жоўтыя кольцавыя плямы, пры яго аснове - шыпападобныя вырасты. Грудзі і брушка чорныя, з жоўтымі плямамі і палосамі [1].
Пашырэнне. Эўропа. У Беларусі трапляюцца нешматлікія папуляцыі ў Віцебскім [2], Менскім [3], Лагойскім [4] раёнах.
Месцы пражывання. Лічынкі аддаюць перавагу слабапраточным, радзей стаячым вадаёмам, трапляюцца на пясчаных грунтах. Стракозы лятаюць па берагах вадаёмаў, аддаляючыся часам на вялікія адлегласці ад месцаў выпладу.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Звестак няма.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Не вызначаны.
Асаблівасці біялогіі. Імага - рэгулятары колькасці крывасосных двухкрылых. Лёт у чэрвені-ліпені. Яйкі адкладваюць у вільготны грунт. Цыкл развіцця 3-4 гады. Лічынкі вялікія, развіваюцца ў водах з павольным цячэннем.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Стварэнне мікразаказнікаў у зонах найбольшай канцэнтрацыі віду (вытокі р. Волма ў Смалявіцкім раёне; наваколле воз. Плешчаніцы ў Лагойскім раёне). Рассяленне лічынак. Выяўленне новых месцаў пражывання віду.

Літ.: 1. Спурис, 1964; 2. Радкевич, 1957; 3. Писаненко, 1985; 4. Лаўрова (асаб. павед.).

А.Пісаненка @

Зелянчук няпарны (Chrysochraon dispar Germ., 1835)
Атрад Прамакрылыя (Orthoptera), сямейства Саранчовыя сапраўдныя (Acrididae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўнік монатыпічнага роду, які належыць да рэшткаў старажытнай фауны Ангарыды [1]. Распадаецца на 2 падвіды.
Кароткае апісанне. Цела самца даўжынёй 16-20 мм, светла-ізумруднага колеру з залацістым адценнем. Самка даўжынёй 22-26 мм, серабрыстая светла-шэрая або бура-зялёная з вохрыстым адценнем. Пярэдняспінка падоўжная, з амаль паралельнымі бакавымі кілямі, ззаду закругленая. Вусікі самак нязначна даўжэйшыя за галаву з пярэдняспінкай, вусікі самцоў даўжэйшыя за іх амаль у 2 разы. Надкрылы самак звычайна ўкарочаныя, завостраныя на верхавінцы (у f. macroptera падоўжныя), амаль сутыкаюцца. Яйкаклад кручкападобны. Надкрылы самцоў закругленыя, дасягаюць верхавінкі задніх сцёгнаў. Ногі доўгія, стройныя. Вонкавы бок задніх сцёгнаў рабрысты. Галёнкі і сцёгны аднолькавай даўжыні.
Пашырэнне. Эўропа, Сібір, Казахстан, паўночны ўсход Сярэдняй Азіі [2]. У Беларусі жыве падвід Chrysochracn dispar dispar Germ, знойдзены ў Гомельскай і Віцебскай абласцях.
Месцы пражывання. Сырыя лугі і балоты.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Невысокая. Трапляецца рэдка і лакальна. У Беларусі вядомы знаходкі каля воз. Чырвонае [3], на тэрыторыі Бярэзінскага запаведніка і на прытоку Друці - Хвашчоўцы ў Талачынскім раёне [4].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчае асваенне тэрыторый (у тым ліку празмерная асушальная меліярацыя), прыдатных для пражывання віду.
Асаблівасці біялогіі. Ва ўмовах Беларусі не вывучаліся.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Ахова месцаў пражывання, якая ўключае абмежаванне празмернай асушальнай меліярацыі, касьбы і выпасу жывёлы.

Літ.: 1. Копанева, Стебаев, 1985; 2. Бей-Биенко, 1951; 3. Щелкановцева, 1907; 4. Смирнова, 1988.

Т.Смірнова @

Скакун пясчаны (арэнарыя) (Cicindela arenaria viennensis Schrank, 1781)
Атрад Цвердакрылыя (Coleoptera), сямейства Жужалі (Carabidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны від політыпічнага роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Жук даўжынёй 6,5-10 мм. Верх медна-зялёны, матавы. Надкрылы з 2 тонкімі, вельмі выгнутымі белымі перавязямі і верхавінкавай плямай. Сярэдзіна пярэдняспінкі з рэдкімі белымі валаскамі, на надкрылах грубая рэдкая пункціроўка. Ніз і ногі зялёныя з металічным бляскам, стэрніты грудных сегментаў і бакавая паверхня брушка пакрыты доўгімі белымі валаскамі. Аснова ротавых частак і верхняя губа белыя.
Пашырэнне. Трапляецца ад Сярэдняй і Паўднёвай Эўропы да Заходняй Сібіры. У Беларусі адзначаны ў наваколлі Салігорска і Пінска [1, 2].
Месцы пражывання. Сухія сыпучыя пяскі па берагах вадаёмаў, пясчаныя кар'еры.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У Эўропе колькасць віду скарачаецца. У Беларусі не вывучана.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Забруджванне і рэкрэацыйнае выкарыстанне месцаў пражывання віду.
Асаблівасці біялогіі. Жукі трапляюцца ў чэрвені-жніўні. Кормяцца мурашкамі. Жыццёвы цыкл не вывучаны.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Арганізацыя заказніка ў вядомым месцы пражывання скакуна.

Літ.: 1. Александровіч (асаб. павед.); 2. Максіменкаў (асаб. павед.).

А.Александровіч @

Красацел даследчык, або красацел чорны (Calosoma investigator Ill., 1798)
Атрад Цвердакрылыя (Coleoptera), сямейства Жужалі (Carabidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 14 відаў роду ў Беларусі.
Кароткае апісанне. Даўжыня жука 16-27 мм. Афарбоўка чорная, зверху часта бронзавая або зеленаватая. Паміж радамі буйных залацістых ямак на надкрылах можна заўважыць 5-7 няправільных радоў дробных зярнятак.
Пашырэнне. Паўночна-Ўсходняя Эўропа (вядомы таксама з Швецыі), Сібір. У Беларусі знойдзены ў паўднёвых раёнах (на Палессі) [1-4].
Месцы пражывання. Часцей за ўсё палі і лугі; на пясчанай і супясчанай глебе.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Трапляецца спарадычна, але рэдка.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая дзейнасць на палях.
Асаблівасці біялогіі. Мезаксерафіл. Актыўны ўначы. Днём хаваецца ў сховішчах. Трапляецца з траўня па кастрычнік. Корміцца ў асноўным вусенямі лугавога матылька, коканапрадаў, совак і пядзенікаў. Генерацыя аднагадовая.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльна не распрацоўваліся.
Неабходныя меры аховы. Прапаганда аховы віду і ўвядзенне запаведнага рэжыму ў месцах пражывання.

Літ.: 1. Александрович, 1985; 2. Молодова, 1985; 3. Александрович, 1979; 4. Александрович, Якимович, 1979.

Э.Хацько @

Красацел пахучы (Calosoma sycophanta L., 1758)
Атрад Цвердакрылыя (Coleoptera), сямейства Жужалі (Carabidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 14 відаў роду. Рэгулюе колькасць іншых насякомых.
Кароткае апісанне. Буйны, ярка афарбаваны жук даўжынёй 22-33 мм. Бакавы кант пярэдняспінкі працягнуты да задніх вуглоў. Галава, пярэдняспінка і большая частка нізу цела цёмна-сінія, надкрылы залаціста-зялёныя з медна-чырвоным бляскам. Вусікі, ротавы апарат, галёнкі, лапкі і брушка чорныя.
Пашырэнне. Паўднёвая і Сярэдняя Эўропа, уключаючы поўдзень Англіі і Швецыі, Заходняя Азія (Сібір, Заходні Казахстан, поўдзень Алтая), Паўночная Афрыка [1]. Акліматызаваны ў Паўночнай Амерыцы [2]. У Беларусі праходзіць паўночна-ўсходняя мяжа арэала. Дакладна вядомы толькі з Белавежскай пушчы. У 1936 г. адзначаўся ў Віцебскім раёне [3-6].
Месцы пражывання. Шыракалістыя лясы (асабліва дубравы), часам хваёвыя лясы, сады і паркі.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Трапляюцца адзінкавыя экземпляры.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Надзвычай моцны ўрон віду наносіць гаспадарчая дзейнасць у лясах, лоўля жукоў калекцыянерамі.
Асаблівасці біялогіі. Актыўны драпежнік. Жукі і лічынкі знішчаюць у асноўным вусеняў і кукалак матылёў, сярод якіх ёсць шкоднікі лесу: няпарны і кольчаты шаўкапрады, манашка, чубаткі і інш. Жукі зімуюць у глебе і лясной падсцілцы. Спароўванне і адкладка яек вясной або ў пачатку лета. Развіццё лічынак і кукалак доўжыцца каля 2 месяцаў. Самкі адкладваюць каля сотні яек, з якіх праз 3-15 сутак выходзяць лічынкі, якія праходзяць 3 стадыі развіцця і ператвараюцца ў кукалак, а праз 10-18 сутак выходзяць жукі. Маладыя жукі паяўляюцца ў жніўні-верасні. Частка асобін зімуе і адкладвае яйкі 2-3 разы.
Развядзенне. Красацел пахучы паспяхова размнажаецца ў інсектарыях ЗША.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў спіс ахоўных жужаляў Беларусі [7].
Неабходныя меры аховы. Скарачэнне апрацовак лясных масіваў ядахімікатамі. Забарона адлову жукоў. Прапаганда аховы віду. У Беларусі мэтазгодна рассяленне.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Суитмен, 1964; 3. Радкевич, 1936; 4. Дьяченко, 1975; 5. Окулов, Савицкий, Дьяченко, 1982; 6. Александрович, 1984; 7. Хотько и др., 1986.

Э.Хацько @

Жужаль шчыгрынавы (Carabus coriaceus L., 1758)
Атрад Цвердакрылыя (Coleoptera), сямейства Жужалі (Carabidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 20 відаў роду жужалі ў Беларусі.
Кароткае апісанне. Даўжыня жука 30-42 мм, чорны, паверхня надкрылаў матавая, маршчыністая.
Пашырэнне. Від дастаткова шырока трапляецца ў Эўропе. Мяжа пашырэння даходзіць да 64° паўночнай шыраты. У Беларусі - па ўсёй тэрыторыі [1-10].
Месцы пражывання. Лясы розных тыпаў. Аддае перавагу хвойнікам чарнічным на поўдні краіны.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Трапляюцца адзінкавыя экземпляры, але рэдка.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая дзейнасць у лясах. Калекцыянаванне.
Асаблівасці біялогіі. Лясны від. Зімуе ў фазе лічынкі, развіццё якіх заканчваецца вясной. Маладыя імага паяўляюцца ў чэрвені-ліпені. Максімальная актыўнасць у жніўні-верасні. Корміцца малюскамі, насякомымі і іх лічынкамі.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Від занесены ў спіс ахоўных жужаляў Беларусі [11].
Неабходныя меры аховы. Забарона лоўлі жужаляў калекцыянерамі. Прапаганда аховы віду. Мэтазгодна рассяленне.

Літ.: 1. Арнольд, 1901; 2. Якобсон, 1905; 3. Радкевич, 1936; 4. Горбунова, 1956; 5. Кипенварлиц, 1961; 6. Арзамасов, 1966; 7. Радкевич, 1970; 8. Гиляров, Перель, Утенкова, 1971; 9. Ляшенко, Кирста, 1975; 10. Окулов, Савицкий, Дьяченко, 1982; 11. Хотько и др., 1986.

Э.Хацько @

Жужаль цудоўны (Carabus scheidleri excellens Fabr., 1801)
Атрад Цвердакрылыя (Coleoptera), сямейства Жужалі (Carabidae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 14 відаў роду. Лесастэпавы эндэмік.
Кароткае апісанне. Даўжыня жука 22-28 мм. Верх бронзавы, медна-чырвоны, зялёны, сіні або фіялетава-чорны, краі больш яркія, часта іншага колеру, сцёгны часам чырвоныя.
Пашырэнне. Эўропа. Вядомы з Польшчы і Ўкраіны. У Беларусі трапляецца толькі на Палессі.
Месцы пражывання. Аддае перавагу дубравам рознага тыпу.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. За апошнія 12 гадоў выяўлена 6 экземпляраў [1].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Абмежаванасць прыдатных умоў існавання.
Асаблівасці біялогіі. Жукі трапляюцца ў траўні-ліпені. Актыўныя ноччу. Драпежнікі. Кормяцца рознымі беспазваночнымі. Зімуюць у стадыі імага.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў спіс ахоўных жужаляў Беларусі [2].
Неабходныя меры аховы. Прапаганда аховы віду і запаведанне месцаў яго пражывання.

Літ.: 1. Хотько, 1987; 2. Хотько и др., 1986.

Э.Хацько @

Жужаль блытаны (інтрыкатус) (Carabus intricatus L., 1761)
Атрад Цвердакрылыя (Coleoptera), сямейства Жужалі (Carabidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від. У Беларусі знаходзіцца на мяжы арэала.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны від падроду Chaetocarabus у фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Жук даўжынёй 24-36 мм. Цела пляскатае, верх сіні або фіялетавы. Надкрылы з 3 ланцужкамі бугаркоў і тонкімі прамежкамі, скульптура надкрылаў часта зблытаная, нерэгулярная. Ніз, ногі, ротавыя часткі і вусікі чорныя.
Пашырэнне. Сярэдняя, Паўднёвая і Паўднёва-Ўсходняя Эўропа [1]. У Беларусі дакладна вядомы ў Белавежскай пушчы [2, 3], указанні для Беларускага Паазер'я [4] патрабуюць пацвярджэння.
Месцы пражывання. Імшыстыя саснякі.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У Белавежскай пушчы колькасць стабільная, але значна ніжэйшая, чым у іншых відаў роду.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Невядомы.
Асаблівасці біялогіі. Зімуе імага, жукі актыўныя з канца красавіка да кастрычніка. Размнажэнне ў траўні-чэрвені, развіццё лічынак у чэрвені-жніўні, акукліванне ў жніўні. Жукі жывуць некалькі гадоў і кожны год размнажаюцца. Жукі і лічынкі кормяцца малюскамі і лічынкамі насякомых. Цеплалюбівы від.
Развядзенне. Праводзілі ў лабараторных умовах, жыццёвы цыкл вывучаны падрабязна [6].
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы.
Неабходныя меры аховы. Выяўленне новых месцаў пражывання віду і іх ахова.

Літ.: 1. Крыжановский, 1979; 2. Арзамасаў, 1966; 3. Александровіч (асаб. павед.); 4. Радкевич, 1936; 5. Радкевич, 1970; 6. Hurka, 1972.

А.Александровіч @

Жужаль аблямаваны (Carabus marginalis Fabr., 1794)
Атрад Цвердакрылыя (Coleoptera), сямейства Жужалі (Carabidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від. У Беларусі праходзіць паўночна-заходняя мяжа арэала.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 2 відаў падроду Callistocarabus вялікага політыпічнага роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Жук даўжынёй 20-26 мм. Верх чорна-фіялетавы, бакавыя краі пярэдняспінкі і надкрылаў залаціста-жоўтыя, залаціста-зялёныя або агніста-чырвоныя. Надкрылы дробназярністыя. Ніз, ногі, вусікі і ротавыя часткі чорныя.
Пашырэнне. Усходнеэўрапейскі від. Трапляецца ад усходу Сярэдняй Эўропы да Заходняй Сібіры. На захад ад Беларусі вядомы толькі ізаляваныя папуляцыі. У Беларусі - у наваколлі Быхава [1], Гомеля [2], Нароўлі [3], у Прыпяцкім запаведніку [4].
Месцы пражывання. Сасновыя лясы ў рачных далінах, на пясчанай глебе.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Звестак няма.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Невядомы.
Асаблівасці біялогіі. Жукі актыўныя з траўня па кастрычнік. Зімуе імага. Драпежнік-паліфаг, корміцца дажджавымі чарвямі, лічынкамі насякомых, маладымі смаўжамі [5, 6].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Прыпяцкім запаведніку.
Неабходныя меры аховы. Выяўленне новых месцаў пражывання і арганізацыя іх аховы.

Літ.: 1. Арнольд, 1901; 2. Молодова, 1985; 3. Максіменкаў (асаб. павед.); 4. Пісаненка (асаб. павед.); 5. Аверин, 1938; 6. Сметанин, 1981.

А.Александровіч @

Гладыш жоўты (Notonecta lutea Mull., 1776)
Атрад Паўцвердакрылыя (Heteroptera), сямейства Гладышы (Motonectidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі малавывучаны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 2 відаў роду, зарэгістраваных у Беларусі.
Кароткае апісанне. Цела даўжынёй 13-15 мм, авальнае. Вусікі 4-членікавыя, простыя, вельмі кароткія, прымацаваны пад вачамі. Хабаток кароткі, 4-членікавы. Брушка без паветраных жылак. Надкрылы светлыя, матавыя, ад жоўтых да белых, іншы раз з цёмнымі плямамі ўздоўж бакавога края. Шчыток светлы, вельмі рэдка буры. Ногі і ніз цела бурыя.
Пашырэнне. Эўразія (на поўдзень да Крыма і ніжняй Волгі [1], на ўсход да Якуціі і Прыбайкалля) [2, 3]. У Беларусі адзначаны ва ўсіх абласцях, але трапляецца спарадычна і не ўтварае ўстойлівых папуляцый [4].
Месцы пражывання. Стаячыя вадаёмы, пераважна з пясчаным дном, часцей старыцы рэк і сажалкі.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Не вывучаны.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Невядомы.
Асаблівасці біялогіі. Водны клоп. Спароўванне і адкладванне яек восенню ў тканкі раслін. Зімуюць яйкі [1].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Вывучэнне біялогіі віду.

Літ.: 1. Канюкова, 1973; 2. Винокуров, 1976; 3. Кержнер, Ячевский, 1964; 4. Мароз (асаб. павед.).

М.Мароз @

Плывунец шырачэнны (Dytiscus latissimus L., 1758)
Атрад Цвердакрылыя (Coleoptera), сямейства Плывунцы (Dytiscidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 17 відаў у фауне Эўразіі, адзін з 6 відаў роду, зарэгістраваных у Беларусі.
Кароткае апісанне. Цела даўжынёй 36-44 мм, шырокаавальнае, слабавыпуклае, зеленавата-бурае. Надкрылы моцна расшыраныя за кошт шырокіх пляскатых эпіплеўраў, надкрылы самцоў з 2 радамі крапінак на дыску. На пярэдніх лапках 1000-1200, на сярэдніх 200-500 дробных прысосак, анальны стэрніт на канцы з невялікай выемкай. Надкрылы самак з 10 падоўжнымі баразёнкамі, якія не даходзяць да верхавіны, анальны стэрніт з глыбокай выемкай пасярэдзіне.
Пашырэнне. Эўропа (паўночная і сярэдняя палоса) [1]. У Беларусі адзначаны ў наваколлі г. Белаазёрск Бярозаўскага, г.п. Плешчаніцы Лагойскага раёнаў, у вёсках Домжарыцы Лепельскага, Караліна Стаўбцоўскага, Лахва Лунінецкага, Чамярын Пінскага раёнаў [2].
Месцы пражывання. Буйныя стаячыя вадаёмы (азёры, старыцы рэк).
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Не вывучаны.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Невядомы.
Асаблівасці біялогіі. Невядомы.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Вывучэнне біялогіі віду.

Літ.: 1. Зайцев, 1953; 2. Захаренко, Мороз, 1988.

М.Мароз @

Глейнік невядомы (Rhantus incognitus Scholz, 1927)
Атрад Цвердакрылыя (Coleoptera), сямейства Плывунцы (Dytiscidae)

Статус. III катэгорыя. Малавядомы від з вельмі абмежаваным арэалам.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 9 відаў роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Цела жука даўжынёй 10-11 мм, авальнае, спераду і ззаду амаль аднолькава моцна звужанае, бліскучае, чырванавата-жоўтае. Задні край пярэдняспінкі часцей з вузкай, на сярэдзіне з расшыранай аблямоўкай, чорныя крапінкі надкрылаў шырокія, зліваюцца адна з адной, вусікі і ногі чырванавата-жоўтыя. Скульптура верха слабавыразная [1].
Пашырэнне. Вядомы 2 месцы, дзе рэгулярна трапляюцца жукі - Польшча [2] і Беларусь (Дзятлаўскі раён) [3].
Месцы пражывання. Лясныя рэкі і ручаі з павольным цячэннем і глеістым дном.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Не вывучаны.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Звестак няма.
Асаблівасці біялогіі. Невядомы.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Удакладненне арэала і вывучэнне біялогіі віду.

Літ.: 1. Зайцев, 1953; 2. Galewski, 1957; 3. Мороз, Лопатин, 1980.

М.Мароз @

Стафілін валасаты (Emus hirtus L., 1758)
Атрад Цвердакрылыя (Coleoptera), сямейства Стафілініды (Staphylinidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від. Колькасць скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны від роду.
Кароткае апісанне. Жук даўжынёй 18-28 мм. Верх чорны, ніз сіні або фіялетавы. Цела падоўжнае, надкрылы ўкарочаныя, прыкрываюць толькі два першыя тэргіты брушка. На галаве, пярэдняспінцы і задняй палове брушка залаціста-жоўтыя, на заднім краі пярэдняспінкі і пярэдняй палове брушка цёмныя валаскі, надкрылы з папярочнай перавяззю з шэра-жоўтых валаскоў. Ногі і вусікі чорныя.
Пашырэнне. Эўропа [1, 2]. У Беларусі знойдзены ў Бярэзінскім запаведніку, наваколлі Менска, Лагойска, Петрыкава [3, 4].
Месцы пражывання. Лугі, узлескі, выганы.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Звестак няма.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Невядомы.
Асаблівасці біялогіі. Жыццёвы цыкл вывучаны недастаткова. Зімуе імага, жукі актыўны вясной і восенню. Драпежнікі, кормяцца лічынкамі і імага двухкрылых і цвердакрылых капрафагаў.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Бярэзінскім запаведніку.
Неабходныя меры аховы. Вывучэнне пашырэння, выяўленне месцаў пражывання віду.

Літ.: 1. Тихомирова, 1973; 2. Крыжановский, 1979; 3. Пісаненка (асаб. павед.); 4. Александровіч (асаб. павед.).

А.Александровіч @

Стафілін пахучы (Ocypus olens Mull., 1764)
Атрад Цвердакрылыя (Coleoptera), сямейства Стафілініды (Staphylinidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, у Беларусі знаходзіцца каля паўночнай мяжы арэала, колькасць скарачаецца. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Від з нешматлікага ў фауне Беларусі роду.
Кароткае апісанне. Вялікі жук. Цела даўжынёй 20-32 мм, падоўжнае, чорнае, матавае, з вельмі густой пункціроўкай. Надкрылы ўкарочаны і прыкрываюць толькі першыя два тэргіты брушка, роўныя з пярэдняспінкай; крылы развітыя. Галава вялікая, вусікі і ногі чорныя.
Пашырэнне. Эўропа (акрамя поўначы) [1]. У Беларусі, як мяркуюць, наваколле Старых Дарог (пас. Новы) [2].
Месцы пражывання. Лісцевыя лясы, узлескі.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Звестак няма.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Невядомы.
Асаблівасці біялогіі. Не вывучаны.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Выяўленне месцаў пражывання. Вывучэнне біялогіі віду і прапаганда яго аховы.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. По страницам Красной книги, 1987.

А.Александровіч @

Бронзаўка вялікая зялёная (эругіноза) (Potosia aeruginosa Dr., 1770)
Атрад Цвердакрылыя (Coleoptera), сямейства Пласцініставусыя (Scarabaeidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від. У Беларусі знаходзіцца на мяжы арэала.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 3 відаў роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Жук даўжынёй 22,8-28,7 мм, шырокі, умерана пукаты, ззаду слаба завужаны. Верх вельмі бліскучы, залаціста-зялёны. На надкрылах рэдкія дробныя кропкі, малапрыкметныя круглыя рэбры, бугры і ўвагнутасці. Пігідый умерана пукаты, коса ўвагнуты з кожнага боку. Ніз і ногі зялёныя, часта з сінім адлівам, пярэднія галёнкі з 3 зубцамі.
Пашырэнне. Эўропа (акрамя поўначы). У Беларусі адзінкавыя знаходкі ў наваколлі Быхава ў 19 стагоддзі [1] і ў Белавежскай пушчы [2].
Месцы пражывання. Старыя, пераважна шыракалістыя лясы, сады. Жукі жывуць у кронах і на ствалах дрэў, з якіх выцякае сок, радзей на кветках.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Звестак няма.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка старых дуплаватых дубоў, груш, яблынь.
Асаблівасці біялогіі. Лёт жукоў з канца траўня да сярэдзіны верасня, максімум лёту з сярэдзіны чэрвеня да сярэдзіны жніўня. Лічынкі развіваюцца ў дуплах і трухлявай драўніне дубу, грушы, яблыні. Зімуюць лічынкі. Генерацыя 1-2-гадовая [3].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы і Прыпяцкім запаведніку.
Неабходныя меры аховы. Пакідаць у лесе асобныя засохлыя і мёртвыя дубы, зберагаць старыя дуплаватыя дрэвы.

Літ.: 1. Калекцыя Арнольда (ЗІН АН СССР); 2. Дзьячэнка (асаб. павед.); 3. Медведев, 1964.

А.Александровіч @

Бронзаўка мармуровая (Liocola marmorata Fabr., 1794)
Атрад Цвердакрылыя (Coleoptera), сямейства Пласцініставусыя (Scarabaeidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны від роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Жук даўжынёй 19,8-26,5 мм, падоўжаны, звужаны ззаду, умерана пукаты. Верх голы, бліскучы, чорна-бронзавы з мармуровым малюнкам са шматлікіх плямаў і штрыхоў. Бакавы край пярэдняспінкі часткова аблямаваны. Ніз пакрыты валаскамі, брушка пасярэдзіне гладкае, краі 1-5 стэрнітаў з белымі плямамі. Ногі зялёныя з металічным бляскам, пакрытыя кропкамі і валаскамі, пярэднія галёнкі з 3 зубцамі. Вусікі з 3-членікавай пласціністай булавой.
Пашырэнне. Эўропа, Сібір, Далёкі Ўсход. У Беларусі вядомы знаходкі ў наваколлі Магілева [1], Менска, Радашковіч [2], Мазыра [3], Белавежскай пушчы [4].
Месцы пражывання. На дрэвах, дзе выцякае сок, на кветках на ўзлесках і палянах у старых лясах і садах.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Звестак няма.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка старых дуплаватых спарахнелых дрэў лісцевых парод.
Асаблівасці біялогіі. Лёт жукоў з сярэдзіны чэрвеня да пачатку верасня. Лічынка развіваецца ў пнях і дуплах дубу, грушы, ясакара, асіны, вярбы. Зімуюць лічынкі. Генерацыя 1-2-гадовая.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы.
Неабходныя меры аховы. Ахова старых дуплаватых лісцевых дрэў.

Літ.: 1. Арнольд, 1901; 2. Александровіч (асаб. павед.); 3. Дзьячэнка (асаб. павед.); 4. Максіменкаў (асаб. павед.); 5. Медведев, 1964.

А.Александровіч @

Стракач зялёны (Gnorimus nobilis L., 1758)
Атрад Цвердакрылыя (Coleoptera), сямейства Пласцініставусыя (Scarabaeidae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які знаходзіцца ў Беларусі на ўсходняй ускраіне арэала віду.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 5 відаў у фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Цела даўжынёй 14-20 мм, шырынёй 7-10 мм. Верх умерана пукаты, зялёны, з металічным бляскам, надкрылы з нешматлікімі белымі плямамі, ніз з медна-чырвоным адлівам. Часам увесь верх медна-чырвоны, або з зялёнымі надкрыламі, пярэдняспінка медна-чырвоная.
Пашырэнне. Эўропа. У Беларусі дакладна вядомы знаходкі каля в. Хваенск у Жыткавіцкім раёне [1, 2].
Месцы пражывання. Старыя шыракалістыя, асабліва дубовыя лясы. Жукі часцей трапляюцца на лясных палянах.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Звестак няма.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Ліквідацыя старых спарахнелых дрэў.
Асаблівасці біялогіі. Цыкл развіцця аднагадовы. Лічынкі развіваюцца ў спарахнелай драўніне старых дубоў, таполяў, вербаў, фруктовых дрэў. Зімуюць лічынкі, вясной акукліваюцца, у чэрвені выходзяць жукі. Імага выядаюць пыльнікі кветак бузіны.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Ахова старых, у тым ліку спарахнелых дрэў, асабліва на ўзлесках і лясных палянах. Забарона калекцыянавання жукоў.

Літ.: 1. Медведев, 1960; 2. Пісаненка (асаб. павед.).

І.Лапацін @

Рагачык (алянёк) скромны (Ceruchus chrysomelinus Hoch., 1785)
Атрад Цвердакрылыя (Coleoptera), сямейства Рагачы (Lucanidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны від роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Жук даўжынёй 12-16 мм. Верх пукаты, чорны, бліскучы. Галава і пярэдняспінка самца пакрыты дробнымі, самкі - даволі вялікімі крапінкамі. Жавалы самцоў расшыраныя, моцна выступаюць наперад, зверху з вуглаватым зубцом. Надкрылы падоўжаныя, з выразнымі глыбокімі баразёнкамі і пукатымі міжрадкоўямі. Вусікі з трохчленікавай булавой, ногі ржава-чырвоныя.
Пашырэнне. Эўразія (акрамя крайніх поўдня і поўначы). У Беларусі вядомы ў Белавежскай пушчы [1], Бярэзінскім [2] і Прыпяцкім [3, 4] запаведніках.
Месцы пражывання. Старыя яловыя лясы. Жукі на кветках і соку, які выцякае з дрэў.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Колькасць скарачаецца.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Знішчэнне старых спарахнелых дрэў.
Асаблівасці біялогіі. Лёт жукоў у траўні-чэрвені. Лічынкі развіваюцца 2-3 гады ў драўніне, пераважна елкі, пашкоджанай бурай гніллю. Акукліванне вясною [5].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. На тэрыторыі запаведнікаў ахоўваць адмерлыя дрэвы елкі, драўніна якіх пашкоджана бурай гніллю.

Літ.: 1. Александровіч (асаб. павед.); 2. Флора и фауна заповедников СССР, 1989; 3. Арнольд, 1901; 4. Пісаненка (асаб. павед.); 5. Pawłowski, 1960.

А.Александровіч @

Майка зменлівая (стракатая) (Meloe variegatus Donov., 1793)
Атрад Цвердакрылыя (Coleoptera), сямейства Шпанкі (Meloidae)

Статус. III катэгорыя. У Беларусі знаходзіцца на мяжы арэала.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 6 відаў роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Цела жукоў вялікае і масіўнае (даўжыня 11-42 мм). Надкрылы кароткія, на аснове заходзяць адно на адно, потым разыходзяцца. Брушка вельмі доўгае, прыкметна даўжэйшае за надкрылы, уздутае. Верх груба маршчакаваты бронзавы, зялёны або чырвона-фіялетавы, брушка з медна-чырвонымі папярочнымі палосамі. Самкі намнога большыя за самцоў.
Пашырэнне. Эўропа (акрамя поўначы), Заходняя і Сярэдняя Азія. У Беларусі вядомы знаходкі ў наваколлі Горак [1], Менска [2], Івацэвічаў [3] і Стоўбцаў [4].
Месцы пражывання. Адкрытыя біятопы, гліністыя і пясчаныя агаленні.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Звестак няма.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Невядомы.
Асаблівасці біялогіі. Развіццё з гіперметамарфозам. З адкладзеных вясной яек выходзяць лічынкі - трыунгуліны, якія актыўна ўзбіраюцца на кветкі і там прымацоўваюцца да адзінкавых пчол. Разам з імі трапляюць у пчаліныя гнёзды, дзе пасля лінькі кормяцца мёдам і пасля складаных пераўтварэнняў акукліваюцца.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Ахова вядомых і выяўленне новых месцаў пражывання жукоў.

Літ.: 1. Арнольд, 1901; 2. Пісаненка (асаб. павед.); 3. Жукавец (асаб. павед.); 4. Александровіч (асаб. павед.).

А.Александровіч @

Лістаед асклепіевы (Chrysochus asclepiadeus Pall., 1776)
Атрад Цвердакрылыя (Coleoptera), сямейства Лістаеды (Chrysomelidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі лакальны від, які знаходзіцца каля паўночнай мяжы арэала.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны прадстаўнік роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Вялікі сярод лістаедаў жук - даўжыня цела 8-10 мм. Верх сіні з металічным адценнем, ногі і вусікі чорныя, брушка чорна-зялёнае. На цемені пасярэдзіне прадольная баразёнка, другі і трэці членікі вусікаў на канцах чырванаватыя. Пярэднія лапкі самцоў крыху расшыраныя, пярэдняспінка карацей, чым у самак [1].
Пашырэнне. Эўразія. У межах Эўропы трапляецца пераважна ў лесастэпавай і стэпавай зонах. У Беларусі знойдзены толькі ў адным пункце - на ўсходзе Гомельскага Палесся [2].
Месцы пражывання. Поймавыя біятопы, лісцевыя лясы, хмызнякі. У Беларусі знойдзены ў травастоі на беразе поймавага возера.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Від вельмі малалікі - знойдзены 1 экземпляр.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушэнне і сельскагаспадарчае асваенне поймавых зямель.
Асаблівасці біялогіі. Цыкл развіцця не вывучаны. Кармавая расліна жукоў - вінцэтоксікум ластаўчын, на каранях якога, магчыма, развіваюцца і лічынкі, здольныя паглыбляцца ў глебу да 20 см [3, 4]. Жукі актыўныя ў ліпені-жніўні [1].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Выяўленне месцаў пражывання віду і іх ахова, вывучэнне біялогіі і экалогіі, высвятленне колькасці.

Літ.: 1. Лопатин, 1986; 2. Лаўрова, 1986; 3. Медведев, Рогинская, 1988; 4. Warchałowski, 1971.

Н.Лаўрова @

Лістаед аблямаваны (Chrysolina limbata Fabr., 1775)
Атрад Цвердакрылыя (Coleoptera), сямейства Лістаеды (Chrysomelidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Малавывучаны ў Беларусі від паўднёвага паходжання, які знаходзіцца каля паўночнай мяжы арэала.
Кароткае апісанне. Жукі сярэдняга памеру (6-10 мм) з падоўжна-авальным целам цёмнага, чорна-бурага, зялёна-чорнага, сіне-чорнага, радзей сіняга колеру. Бакавая баразёнка пярэдняспінкі пры аснове вельмі глыбокая са стромкай вонкавай сценкай. Па баках надкрылаў і па пярэднім іх краі да шчытка праходзіць цагельна-чырвоная аблямоўка. Эпіплеўры чырвоныя або цагельна-чырвоныя. Асновы вусікаў і часткова вяртлюгі ног жаўтаватыя.
Пашырэнне. Эўразія. У Беларусі знойдзены адзінкавыя экземпляры ў некалькіх пунктах [1, 2, 3]. На поўнач ад Менска не адзначаны.
Месцы пражывання. Лугі, адкрытыя травяністыя ўчасткі на пералесках, узлесках, схілах узгоркаў, абочынах дарог, па берагах рэк. Мезаксерафільны від.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Трапляюцца рэдка адзінкавыя экземпляры.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Сельскагаспадарчае асваенне зямель.
Асаблівасці біялогіі. Зімуе яйка або лічынка малодшага ўзросту ў подсціле або неглыбока ў глебе. Лічынкі развіваюцца ў красавіку-траўні. Акукліваюцца ў глебе або ў подсціле ў другой палове траўня або ў чэрвені. З канца чэрвеня да сярэдзіны ліпеня імага трапляюцца на раслінах, у другой палове ліпеня і ў жніўні жывуць ва ўкрыццях, пад камянямі, у подсціле, пад сухім гноем, неглыбока ў глебе і інш. Зноў на раслінах паяўляюцца ў канцы лета або ўвосень; пасля нядоўгага перыяду кармлення спароўваюцца і адкладваюць яйкі. Кармавыя расліны жукоў - розныя віды трыпутніку і палыну. Аднак трафічныя сувязі віду патрабуюць далейшага вывучэння [4, 5].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Вывучэнне біялогіі віду, устанаўленне колькасці і ўдакладненне пашырэння на тэрыторыі Беларусі. Выяўленне і ахова месцаў пражывання.

Літ.: 1. Арнольд, 1901; 2. Лаўрова, 1986; 3. Лопатин, Мороз, Константинов, 1981; 4. Бровдій, 1977; 5. Warchałowski, 1973.

Н.Лаўрова @

Лістаед аліўкавы (Gonioctena olivacea Fors., 1771)
Атрад Цвердакрылыя (Coleoptera), сямейства Лістаеды (Chrysomelidae)

Статус. III катэгорыя.
Значэнне ў захаванні генафонду. У Беларусі трапляецца лакальна, усходняя мяжа пашырэння віду праходзіць праз тэрыторыю краіны.
Кароткае апісанне. Цела даўжынёй 3,5-4,5 мм, яйкападобнае, брудна-жоўтае. Галава, пярэдняспінка і надкрылы вохравыя або чырванавата-бурыя. Надкрылы іншы раз з чырванаватымі плямамі. Трапляюцца экземпляры часткова чорнаафарбаваныя (ніз цела, шво надкрылаў, шчыток, падоўжны штрых ад плечавога бугарка да верхавіны надкрылаў). Вельмі рэдка цела суцэльна чорнае. Вусікі і ногі жоўтыя, карычневыя або чарнаватыя. Кропкі на надкрылах размешчаны правільнымі радамі, каля верхавіны часта зблытаны [1].
Пашырэнне. Сярэдняя і Паўднёвая Эўропа, Алжыр і Марока [2, 3]. Для віду характэрна лакальнае пашырэнне - ачагі могуць мець плошчу некалькі дзесяткаў квадратных метраў. У Беларусі зарэгістраваны 2 ачагі - пад Менскам і на Палессі [4]. Вядомы знаходкі лістаеда ў заходняй частцы краіны [5].
Месцы пражывання. Адкрытыя сонечныя камяністыя або пясчаныя ўчасткі, берагі рэк, негустыя бярэзнікі на схілах і ўзгорках.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У ачагах бывае даволі высокая. Тэндэнцыя змянення не высветлена.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Лакальнае пашырэнне кармавой расліны.
Асаблівасці біялогіі. Зімуюць імага ў глебе або ў раслінных рэштках пад кармавымі раслінамі (жаўтазель фарбавальны і жарновец). Ва ўмовах Беларусі выходзяць на паверхню ў траўні-чэрвені і кормяцца верхавінкавым лісцем жаўтазеля. Адкладванне яек (за сезон 150-300 штук) пачынаецца ў канцы траўня - пачатку чэрвеня і заканчваецца ў пачатку жніўня. Лічынкі паяўляюцца ў пачатку чэрвеня, развіваюцца на кармавых раслінах імага, скелетуюць лісце, тройчы ліняюць. Праз 20-28 сутак акукліваюцца ў глебе або ў подсціле. Праз 6-10 сутак паяўляюцца жукі, якія прыкладна ў канцы жніўня адыходзяць на зімоўку. Паколькі перыяд выхаду з зімоўкі і адкладвання яек вельмі расцягнуты, у сярэдзіне лета ў прыродзе адначасова можна знайсці ўсе фазы развіцця жукоў [2, 4, 5].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Ахова вядомых і выяўленне новых месцаў пражывання віду.

Літ.: 1. Лопатин, 1986; 2. Бровдій, 1977; 3. Warchałowski, 1973; 4. Лаўрова, 1986; 5. Оглоблин, Медведев, 1971.

Н.Лаўрова @

Ляфрыя (ктыр) гарбатая (Laphria gibbosa L., 1758)
Атрад Двухкрылыя (Diptera), сямейства Ктыры (Asilidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 50 відаў роду ў Палеарктыцы [1].
Кароткае апісанне. Даўжыня цела 15-28 мм. Агульная афарбоўка чорная. Пярэдняя палова сярэдняспінкі пакрытая светлымі, а задняя - чорнымі доўгімі стаячымі валаскамі. Аснова брушка чорная, бліскучая, з рэдкімі валаскамі, чацвертае - шостае кольцы брушка ў прылеглых, вельмі густых светла-жоўтых валасках. Ротавы хабаток моцна сціснуты з бакоў. Лічынка даўжынёй 15-30 мм, мае характэрнае аблічча [2]. Яе галава маленькая, чорная, кручкападобная, амаль не ўцягнутая ў пярэднягрудзі. На сярэдніх брушных сегментах па 6-8 рухальных бугаркоў. На канцы цела заўсёды ёсць шыпік.
Пашырэнне. Паўночная і сярэдняя палосы Эўропы, Закаўказзе, Сібір, Прыморскі край. У Беларусі адзначана ў Менскай (наваколлі воз. Нарач і г.п. Плешчаніцы), Магілеўскай (Асіповіцкі раён, в. Дараганава) абласцях. Трапляецца на абмежаваных тэрыторыях [3].
Месцы пражывання. Высечкі, паляны, узлескі і іншыя адкрытыя прасторы. У летнія сонечныя дні часцей за ўсё трапляюцца на пнях і ствалах дрэў, сценах драўляных пабудоў, слупах, агароджах, на пясчаных дарогах і агаленнях.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Трапляецца адзінкавымі асобінамі. Тэндэнцыі змянення колькасці невядомы.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчае асваенне тэрыторый і скарачэнне месцаў пражывання.
Асаблівасці біялогіі. У Беларусі біялогія віду не вывучалася. Вядома, што дарослыя насякомыя вядуць вольны спосаб жыцця. Драпежнікі, кормяцца іншымі насякомымі. Лічынкі жывуць у драўніне, дзе праследуюць лічынак вусачоў і пласцінчатавусых жукоў.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Вывучэнне біялогіі, ахова месцаў пражывання, прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Рихтер, 1969; 2. Мамаев, 1972; 3. Запольская (асаб. павед.).

Т.Запольская @

Паўлінава вока малое начное (Eudia pavonia L., 1761)
Атрад Лускакрылыя (Lepidoptera), сямейства Паўлінавочкі (Attacidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі лакальны від. Занесена ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 2 відаў сямейства ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Размах крылаў 50-58 мм. Агульны тон афарбоўкі самца вохрыста-шэры, задніх крылаў вохрысты, у самкі - шэры. На крылах вочкі з чорнай аблямоўкай, хвалістай цёмнай перавяззю ўздоўж краю. У прыкаранёвай частцы ломаныя палосы, апушэнне. Цела таксама апушанае. Вусікі самца шырокія, перыстыя; у самкі больш тонкія, грабеньчатыя.
Пашырэнне. Лясная зона Эўразіі ад Заходняй Эўропы да Прымор'я [1]. У Беларусі адзінкавыя знаходкі [2, 3]. У Бярэзінскім запаведніку выяўлена папуляцыя віду на вярховым балоце [3].
Месцы пражывання. Балотная форма віду жыве на вярховых балотах, паўднёвая (лесастэпавая) форма - у лісцевых лясах.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Можна меркаваць, што колькасць паменшана з-за скарачэння плошчы балот.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушэнне балот. Гаспадарчае асваенне тэрыторыі на поўдні Беларусі.
Асаблівасці біялогіі. Від аселы. Дае 1 пакаленне за год. Матылі лятаюць у красавіку-траўні, здольныя не карміцца. На тэрыторыі Беларусі дакладна адзначана балотная форма, кармавымі раслінамі вусеняў гэтай формы служаць чарніцы і дурніцы. Кармавая расліна вусеняў паўднёвай формы - маліна, цёрн, радзей крушына, бяроза, дуб. Акукліваюцца вусені ў шчыльным карычневым кокане грушападобнай формы. Зімуюць кукалкі [1, 2, 4].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльна не прымаліся. Ахоўваецца ў Бярэзінскім запаведніку.
Неабходныя меры аховы. Выяўленне новых месцаў пражывання віду з абмежаваннем або поўнай забаронай там гаспадарчай дзейнасці.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Мержеевская, Литвинова, Молчанова, 1976; 3. Галдзянкоў (асаб. павед.); 4. Koch, 1964.

А.Галдзянкоў @

Бражнік Празерпіна (Proserpinus proserpina Pall., 1771)
Атрад Лускакрылыя (Lepidoptera), сямейства Бражнікі (Sphingidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны від роду, які трапляецца ў Беларусі.
Кароткае апісанне. Матыль невялікі - размах крылаў 42-45 мм. Пярэднія крылы шэра-зялёныя з цёмна-зялёнай перавяззю пасярэдзіне. Вонкавыя краі слаба вышчарбленыя. Заднія крылы аранжава-жоўтыя з шырокім чорным вонкавым краем.
Пашырэнне. Паўднёвая і ўсходняя часткі Эўропы, Сярэдняя Азія [1, 2]. У Беларусі - цэнтральная і паўднёвая часткі.
Месцы пражывання. Лясныя паляны, узлескі, высечкі.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Нізкая, скарачаецца.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Павелічэнне антрапагенных нагрузак на месцы пражывання.
Асаблівасці біялогіі. Спецыяльна не вывучаліся. Дае 1 пакаленне за год. Лёт матылёў у траўні-ліпені. Вусені развіваюцца ў ліпені-жніўні на травяністых раслінах - скрыпені, чальчаку [3].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Вывучэнне біялогіі, пашырэння і колькасці на тэрыторыі Беларусі, забарона адлову матылёў.

Літ.: 1. Ламперт, 1913; 2. Горностаев, 1970; 3. Казлоўскі (асаб. павед.).

А.Літвінава @

Бражнік мёртвая галава (Manduca atropos L., 1758)
Атрад Лускакрылыя (Lepidoptera), сямейства Бражнікі (Sphingidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі, малавывучаны ў Беларусі, залётны від афрыканскага паходжання. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны на тэрыторыі Беларусі прадстаўнік невялікага трапічнага роду.
Кароткае апісанне. Вялікі матыль з масіўным брушкам. Размах крылаў больш за 10 см. Пярэднія крылы цёмна-бурыя з 2 папярочнымі шырокімі зубчастымі рыжавата-чорнымі палосамі з складаным малюнкам і жоўтым апыленнем. Заднія крылы вохрыста-жоўтыя з 2 папярочнымі цёмнымі палосамі. На цёмным грудным аддзеле цела матыля светлы малюнак у выглядзе чэрапа з перакрыжаванымі пад ім касцямі. Брушка тоўстае з чорнымі і жоўтымі папярочнымі палоскамі і з блакітнавата-сіняй падоўжнай палосай.
Пашырэнне. Арэал ахоплівае Афрыку, Азорскія астравы, Мадагаскар, Эўропу (за выключэннем паўночнай часткі), Блізкі Ўсход, Сярэднюю Азію (Туркменія) [1, 2]. У Беларусі рэдкі залётны від, вядома некалькі знаходак у Менскай, Берасцейскай, Віцебскай і Гарадзенскай абласцях [3-5].
Месцы пражывання. Нізкія даліны, палі і плантацыі, перадгор'і (на сельскагаспадарчых раслінах і пустазеллі). У Беларусі некалькі асобін матылёў знойдзена ў двары аптэчнага складу, пад гарадскімі ліхтарамі, на прысядзібных участках.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Трапляюцца асобныя экземпляры. У апошняе дзесяцігоддзе стаў вялікай рэдкасцю ў выніку антрапагенных нагрузак на прыроду.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Хімічныя апрацоўкі бульбяных палеткаў, у выніку якіх гінуць вусені і кукалкі. Неспрыяльныя ўмовы надвор'я.
Асаблівасці біялогіі. На поўдні дае 2 пакаленні за год. Можа мігрыраваць на вялікую адлегласць (вядомы знаходкі пад Санкт-Пецярбургам, Петразаводскам і на Кольскім паўвостраве). Вусені вельмі вялікія, ярка-жоўтыя з сінімі, чорнымі і зялёнымі косымі палоскамі на сегментах. Кормяцца на травяністых раслінах сямейства паслёнавых, у тым ліку на бульбе. Ёсць звесткі аб развіцці вусеняў на дрэвава-кустовых раслінах - язміне, брызгліне і інш. Зімуе кукалка ў глебе. Матыль, вусень і кукалка могуць выдаваць гукі. У Беларусі біялогія не вывучана.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г.
Неабходныя меры аховы. Высвятленне біялогіі і пашырэння ў краіне. Забарона адлову матылёў.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Ламперт, 1913; 3. Мержеевская, Литвинова, Молчанова, 1976; 4. Казлоўскі (асаб. павед.); 5. Радкевіч (асаб. павед.).

А.Літвінава @

Бражнік асінавы (Laothoe amurensis Stgr., 1892)
Атрад Лускакрылыя (Lepidoptera), сямейства Бражнікі (Sphingidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 2 відаў роду, пашыраных у Беларусі.
Кароткае апісанне. Матыль вялікі, з масіўным брушкам. Размах крылаў 80-90 мм. Крылы цёмна-шэрыя з бураватым адценнем і слабым больш цёмным малюнкам з хвалістых палосаў рознай шырыні плямаў. Заднія крылы колерам і малюнкам падобныя да пярэдніх. Крылы звонку слаба вышчарбленыя, пры аснове крылаў - цёмна-шэры пух.
Пашырэнне. Эўрасібірскі від [1, 2]. У Беларусі адзначаны ў паўночнай і цэнтральнай частках.
Месцы пражывання. Цёмныя, густыя лісцевыя і мяшаныя лясы.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У апошнія гады не адзначаўся.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Пагаршэнне стану месцаў пражывання ў выніку антрапагенных нагрузак. З-за вялікіх памераў і прыгожай формы з'яўляецца аб'ектам адлову калекцыянерамі-аматарамі.
Асаблівасці біялогіі. Дае адно пакаленне за год. Лёт матылёў у траўні-чэрвені. Вусені тоўстыя, жоўта-зялёныя, з косымі жоўтымі палоскамі па баках і бела-жоўтай зярністасцю па ўсім целе. Жывуць у чэрвені-ліпені на асінах. Акукліваюцца ў зямлі. Кукалка зімуе [1, 2].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Вывучэнне колькасці. Забарона адлову матылёў.

Літ.: 1. Ламперт, 1913; 2. Мержеевская, Литвинова, Молчанова, 1976.

А.Літвінава @

Стужка ордэнская пуэрпэра (Catocala puerpera Ciorna, 1791)
Атрад Лускакрылыя (Lepidoptera), сямейства Соўкі (Noctuidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, за апошнія гады не трапляўся.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з відаў шматлікага роду, характэрнага лясной зоне, да якой належыць Беларусь.
Кароткае апісанне. Матыль сярэдняй велічыні. Размах крылаў 56-58 мм. Агульны тон светла-шэры. Папярочныя, хвалістыя са шчарбінкамі, лініі - чорнага і светла-бурага колеру ўтвараюць малюнак. Пупышкападобная пляма светла-шэрая, акаймаваная перарывістымі цёмнай і светлай лініямі. Махры шэрыя. Заднія крылы аранжава-чырвоныя, з шырокай чорнай аблямоўкай і перавяззю, на пярэднім вугле крыла чырвоная пляма [1].
Пашырэнне. Эўропа, Азія (Сібір) [2].
Месцы пражывання. Лісцевыя і мяшаныя лясы, паркі.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Звестак недастаткова. У зборах на святло за апошнія гады не трапляўся.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Пагаршэнне стану месцаў пражывання ў выніку антрапагеннай нагрузкі.
Асаблівасці біялогіі. Не вывучаліся. Лёт матылёў адзначаецца ў ліпені-жніўні. Паводле літаратурных звестак вусені развіваюцца на таполях і вербах [2].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Правесці спецыяльныя даследаванні - вызначыць месцы знаходжання, вывучыць біялогію, колькасць, пашырэнне.

Літ.: 1. Мержеевская, 1971; 2. Мержеевская, Литвинова, Молчанова, 1976.

А.Літвінава @

Стужка ордэнская блакітная (Catocala fraxini L., 1758)
Атрад Лускакрылыя (Lepidoptera), сямейства Соўкі (Noctuidae)

Статус. III катэгорыя. Колькасць скарачаецца. Занесена ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з відаў шматлікага роду, характэрнага лясной зоне, да якой належыць Беларусь.
Кароткае апісанне. Вялікі прыгожы начны матыль. Размах крылаў да 10 см. Пярэднія крылы шэрыя з складаным малюнкам з шматлікіх хвалістых папярочных ліній і палос. Заднія крылы чорныя з шырокай блакітнай перавяззю і белымі махрамі. Цела масіўнае, густаапушанае. Вусікі доўгія, ніткападобныя.
Пашырэнне. Ад Заходняй Эўропы да Прыморскага краю ў лясной зоне, за выключэннем хвойных насаджэнняў [1, 2].
Месцы пражывання. Прарэджаныя ўчасткі мяшаных і лісцевых лясоў. Аддае перавагу старым асіннікам і бярэзнікам.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У Беларусі значна скарацілася. Калі ў 50-я гады на прынаду, якая бродзіць, за адзін вечар у адным месцы можна было лёгка злавіць 30 і больш экземпляраў, то ў апошнія гады за ўвесь сезон на святлолавушку трапляе 5-9 экземпляраў.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Пагаршэнне стану месцаў пражывання або іх поўнае вынішчэнне ў выніку гаспадарчых мерапрыемстваў. Месцам пражывання шкодзяць рэкрэацыйныя нагрузкі, гаспадарчая дзейнасць (асушэнне, раскарчоўка, лесанарыхтоўкі). У парках і населеных пунктах матылі гінуць, апякаючыся аб ліхтары.
Асаблівасці біялогіі. За год дае 1 пакаленне. Найбольш актыўны лёт матылёў з сярэдзіны да канца жніўня. Лёт пачынаецца позна ўвечары і заканчваецца а 2 гадзіне ночы. Матылі збіраюцца вакол дрэў з сокам (удзень сок бродзіць і служыць добрай прынадай). Адкладанне яек і кармленне вусеняў адбываюцца ў кронах высокіх дрэў таполі, асіны, бярозы, ясеня. Тут жа вусені акукліваюцца ў лёгкіх коканах. Зімуюць яйкі [2].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г.
Неабходныя меры аховы. Від трэба ахоўваць у месцах пражывання ва ўсіх запаведніках краіны.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Мержеевская, Литвинова, Молчанова, 1984.

А.Літвінава @

Мядзведзіца Геба (Ammobiota hebe L., 1758)
Атрад Лускакрылыя (Lepidoptera), сямейства Мядзведзіцы (Arctiidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны прадстаўнік роду ў Беларусі.
Кароткае апісанне. Масіўны матыль сярэдніх памераў. Размах крылаў 47-53 мм. Пярэднія крылы чорныя з шырокімі белымі папярочнымі перавязкамі з карычнева-чырвонымі краямі. Дзве перавязкі каля вонкавага краю крыла пасярэдзіне звязаны паміж сабою. Заднія крылы светла-чырвоныя. Каля вонкавага краю кожнага крыла па 2 чорныя вялікія плямы. Пасярэдзіне крыла чорная перавязка. Галава і грудзі амаль чорныя. Брушка светла-чырвонае, канец яго, сярэдзіна спіны і бакі чорныя.
Пашырэнне. Эўропа (за выключэннем паўночнай часткі), Малая Азія, поўдзень Сібіры [1, 2]. У Беларусі - у паўднёвай частцы.
Месцы пражывання. Сухія пясчаныя лясныя паляны і ўзлескі, пусткі [3].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Не вывучана. У апошня гады ў зборах амаль не трапляецца.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Павелічэнне рэкрэацыйных нагрузак на месцы пражывання.
Асаблівасці біялогіі. Спецыяльна не вывучаліся. Лёт матылёў у траўні-чэрвені. Вусені паяўляюцца ў сярэдзіне лета і жывуць да вясны. Развіваюцца на травяністых раслінах - зоркаўцы, лебядзе, малачаі, крываўніку, трыпутніку і інш. [4].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Забараніць адлоў матылёў. Вывучыць пашырэнне ў Беларусі.

Літ.: 1. Ламперт, 1913; 2. Мержеевская, Литвинова, Молчанова, 1976; 3. Горностаев, 1970; 4. Казлоўскі (асаб. павед.).

А.Літвінава @

Мядзведзіца-пані (Callimorpha dominula L., 1758)
Атрад Лускакрылыя (Lepidoptera), сямейства Мядзведзіцы (Arctiidae)

Статус. III катэгорыя. Колькасць скарачаецца. Занесена ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўрапейска-малаазійскі від. Адзін з 2 відаў роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Размах крылаў 47-53 мм. Пярэднія крылы чорныя з металічным бірузовым адлівам, пакрытыя белымі і жоўтымі плямкамі. Заднія крылы ярка-чырвоныя з малюнкам з няправільных чорных плям. На чорных з металічным бірузовым бляскам грудзях падоўжныя жоўтыя палосы. Брушка чырвонае з чорнай палосай пасярэдзіне. Вусікі чорныя тонкія.
Пашырэнне. Эўропа (акрамя паўночнай часткі), поўнач Турцыі [1], Закаўказзе, Каўказ [1]. У Беларусі трапляецца па ўсёй тэрыторыі лакальна [2, 3]. У Налібоцкай пушчы звычайны і ў некаторыя гады месцамі масавы від [2].
Месцы пражывання. Лясныя паляны і ўзлескі лісцевых і мяшаных лясоў, поймы лясных рэк і ручаёў.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Як мяркуецца, колькасць скарачаецца.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Дэградацыя лясоў у далінах рэчак у выніку выраўноўвання рэчышчаў, а таксама паблізу балот пры іх асушэнні. Высечка лясоў.
Асаблівасці біялогіі. Аселы від. За год дае 1 пакаленне. Лёт матылёў у чэрвені-ліпені. Вусені кормяцца крапівой, незабудкамі, казяльцамі, суніцамі і інш. раслінамі. Пасля зімоўкі яны акукліваюцца на зямлі ў лёгкім кокане [1, 3, 4].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Ахова прыродных комплексаў Налібоцкай пушчы і іншых месцаў, дзе знойдзены папуляцыі віду.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Галдзянкоў (асаб. павед.); 3. Мержеевская, Литвинова, Молчанова, 1976; 4. Koch, 1964.

А.Галдзянкоў @

Мядзведзіца-гаспадыня (мядзведзіца вялікая) (Pericallia matronula L., 1758)
Атрад Лускакрылыя (Lepidoptera), сямейства Мядзведзіцы (Arctiidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны прадстаўнік роду ў Беларусі.
Кароткае апісанне. Вялікі, яркі, прыгожы матыль. Размах крылаў 70-80 мм. Пярэднія крылы цёмна-бура-карычневыя, уздоўж пярэдняга краю крылаў 4-5 вялікіх і маленькіх жоўтых плям, такія ж плямы каля ўнутранага вугла. Заднія крылы жоўтыя ці аранжавыя з 2 радамі вялікіх чорных плям, якія часцей за ўсё зліваюцца. Паміж гэтымі радамі асобная чорная пляма. Брушка чырвонае з чорнымі папярочнымі плямамі на кожным сегменце.
Пашырэнне. Эўрасібірскі від [1]. У Беларусі - у паўднёвай частцы і наваколлі Віцебска.
Месцы пражывання. Лісцевыя і мяшаныя лясы, лясныя паляны і ўзлескі.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Не ўстаноўлена. Трапляюцца адзінкавыя экземпляры, у апошнія гады надзвычай рэдка.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Яркая, прывабная для калекцыянераў афарбоўка і павольны палёт, павелічэнне рэкрэацыйных нагрузак на месцы пражывання.
Асаблівасці біялогіі. Не вывучаліся. Матылі паяўляюцца ў чэрвені-ліпені. Вусені - у жніўні-траўні на чарніцах, ляшчыне, чаромсе, дзьмухаўцу, трыпутніку і інш. раслінах.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Вывучэнне біялогіі, колькасці. Забарона адлову матылёў.

Літ.: 1. Ламперт, 1913; 2. Мержеевская, Литвинова, Молчанова, 1976; 3. Горностаев, 1970.

А.Літвінава @

Махаон (Papilio machaon L., 1758)
Атрад Лускакрылыя (Lepidoptera), сямейства Паруснікі (Papilionidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від. Колькасць скарачаецца. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 4 відаў роду ў фауне Палеарктыкі. Адзіны прадстаўнік роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Вялікі яркі матыль. Размах крылаў 70-90 мм. Агульны фон крылаў ярка-жоўты з чорнымі аблямоўкай і плямамі. Уздоўж аблямоўкі жоўтыя лункі, на задніх крылах сіні налёт, каля задняга вугла чырвоная пляма з сінім водбліскам.
Пашырэнне. Палеарктыка і Аляска (акрамя Крайняй поўначы). У Беларусі часцей на поўдні [1, 2, 3].
Месцы пражывання. Лясныя ўзлескі і паляны, якія добра праграюцца, высечкі, сухадольныя і поймавыя лугі.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Колькасць значна скарачаецца ў месцах гаспадарчага асваення зямель.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Пагаршэнне стану або поўнае знішчэнне месцаў пражывання ў выніку гаспадарчай дзейнасці - асушальнай меліярацыі і асваення поймавых зямель, выпасу жывёлы, лесанарыхтовак. Скарачэнне кармавой базы віду ў выніку павелічэння рэкрэацыйных нагрузак, вынішчэнне матылёў.
Асаблівасці біялогіі. На большай частцы арэала дае 2 пакаленні за год. Можа ўтвараць мноства экалагічных рас, якія ў шэрагу выпадкаў разглядаюцца як падвіды. Лёт матылёў з траўня па жнівень. Матылі кормяцца на кветках. Вусені з чэрвеня па верасень кормяцца на раслінах сямействаў парасонавых, складанакветных, губакветных [3]. Зімуе кукалка.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Забарона адлову матылёў.
Неабходныя меры аховы. Ахова месцаў пражывання ў запаведніках і заказніках. Пры гаспадарчым асваенні тэрыторыі неабходна ўлічваць дапушчальныя ўзроўні рэкрэацыйных нагрузак.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Ламперт, 1913; 3. Мержеевская, Литвинова, Молчанова, 1976.

А.Літвінава @

Падалірый (Iphiclides podalirius L., 1758)
Атрад Лускакрылыя (Lepidoptera), сямейства Паруснікі (Papilionidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від. У Беларусі ў апошнія гады не трапляецца. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўнік монатыпічнага роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Матылі вялікія, своеасаблівай формы, з шырокімі крэмавымі крыламі. Размах крылаў да 80 мм. На задніх крылах доўгія вырасты - «хвосцікі», на пярэдніх - па 3 доўгія і 2 кароткія цёмна-шэрыя косыя палосы. Вонкавы край задніх крылаў цёмна-шэры з блакітнымі месяцападобнымі плямамі, каля задняга вугла - чорна-сіняе вочка, аблямаванае аранжава-жоўтымі плямамі.
Пашырэнне. Эўропа (за выключэннем паўночных абласцей), Паўночная Афрыка. На ўсход праз Малую Азію і Закаўказзе пранікае ў Іран і далей да Заходняга Кітая. У Беларусі - у паўднёва-заходняй частцы (Берасце, Івацэвіцкі раён) [2]. Ёсць звесткі за 60-я гады аб адзінкавых знаходках у Гарадзенскай вобласці і Горадні [3].
Месцы пражывання. Добра прагравальныя высокія маладаступныя адхоны яроў, парослыя калючымі зараснікамі цёрну, узлескі, сады.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Прыкметна скарачаецца.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Адсутнасць некранутых раслінных асацыяцый з дрэвавымі і кустовымі ружакветнымі, якія з'яўляюцца кармавой базай вусеняў. Значнае скарачэнне плошчаў, занятых садамі. Павелічэнне рэкрэацыйнай нагрузкі.
Асаблівасці біялогіі. Дае 1 пакаленне за год. Матылі лётаюць высока ў кронах абрыкосаў, персікаў, сліў, дзікіх яблынь або ў зарасніках цёрну, дзе адкладваюць шарападобныя бледна-зялёныя яйкі. На гэтых жа дрэвах кормяцца вусені, якія паяўляюцца ў чэрвені. Вусені спачатку чорныя з двума аксамітна-зялёнымі плямамі на спіне, пасля першай лінькі набываюць зялёны колер. Зімуюць кукалкі. Лёт матылёў у траўні-чэрвені. Матылі кормяцца на квітучых раслінах [1, 3]. У Беларусі від вывучаны слаба.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г.
Неабходныя меры аховы. Выяўленне месцаў пражывання і іх ахова. Звесткі пра знаходжанне віду на тэрыторыі Беларусі неабходна накіроўваць у АН Беларусі.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Шокала, Дзямянчык (асаб. павед.); 3. Мержаеўская, Казлоўскі, 1969.

А.Літвінава @

Мнемазіна (апалон чорны) (Parnassius mnemosyne L., 1758)
Атрад Лускакрылыя (Lepidoptera), сямейства Паруснікі (Papilionidae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від. Колькасць скарачаецца. Занесена ў Чырвоную кнігу СССР [1]. Ахоўваецца амаль ва ўсім свеце [2].
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 3 эўрапейскіх відаў шматлікага роду, большасць відаў якога пашырана ў Азіі. У Беларусі адзіны від роду.
Кароткае апісанне. Матылі сярэдніх памераў. Крылы ў размаху 55-60 мм, паўпразрыстыя. Агульны тон афарбоўкі крылаў белы, на верхавіне і вонкавым краі пярэдніх крылаў шэрае поле. На пярэдніх крылах па 2 чорныя плямы. Цела матыля і ўнутраныя краі задніх крылаў чорныя, значна апушаныя.
Пашырэнне. Ад Пірэнеяў да Цэнтральнай Азіі. Часта трапляецца ў Паўночнай і Заходняй Эўропе. У Беларусі - Гомельская, Менская і Віцебская вобласці [1, 3].
Месцы пражывання. Строга абмежаваны. Звязаны з ростам кармавой расліны - чубаткі пустой (Corydalis cava). Лясныя паляны з квітучымі раслінамі, высечкі.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Скарачаецца. У Беларусі дакладна вядома толькі некалькі месцаў знаходжання. Няздольнасць віду да міграцый уплывае на скарачэнне колькасці і поўнае вынішчэнне яго пры выкарыстанні ў гаспадарчых мэтах тых участкаў лесу, дзе ён жыве.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Кармавы - вусені могуць развівацца толькі на чубатках, пераважна чубатцы пустой. Інтэнсіфікацыя выпасу жывёлы, касьбы, рэкрэацыйных нагрузак на месцы пражывання.
Асаблівасці біялогіі. Аселы від. За год дае 1 пакаленне. Лёт матылёў у чэрвені-ліпені. Адкладваюць яйкі толькі на чубаткі. Вусені днём не кормяцца, хаваюцца пад лісцем або камянямі. Зімуюць маладыя вусені, якія яшчэ не выйшлі з яек [2]. Біялогія віду ва ўмовах Беларусі не вывучана.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г.
Неабходныя меры аховы. Забарона адлову матылёў. Вывучэнне біялогіі. Стварэнне мікразаказнікаў у месцах пражывання.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Аракчеев, 1985; 3. Мержеевская, Литвинова, Молчанова, 1976.

А.Літвінава @

Мнагавочка блакітнаватая (Lycaena helle Den. et Schiff., 1775)
Атрад Лускакрылыя (Lepidoptera), сямейства Блакітніцы (Lycaenidae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі лакальны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўнік шматлікага роду.
Кароткае апісанне. Размах крылаў 23-26 мм. Верх крылаў аранжава-буры, з дробнымі цёмнымі круглымі плямамі і фіялетавым адлівам. На заднім крыле ўздоўж вонкавага краю аранжавая палоса. Спод крылаў вохрыста-жоўты з аранжавай перавяззю ўздоўж вонкавага краю і радамі чорных кропак вакол яе. У цэнтры і ў прыкаранёвай частцы крыла шэраг дробных чорных плям.
Пашырэнне. Лясная зона Эўразіі [1, 2]. У Беларусі вядома толькі ў 2 пунктах у цэнтры [3] і на поўначы краіны, прычым першае месца пражывання знішчана пры асваенні і забудове тэрыторыі [4, 5].
Месцы пражывання. Балоты і невялікія забалочаныя лясныя лугі. Адзінае месца пражывання віду знаходзіцца на пераходным балоце ў Бярэзінскім запаведніку.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Звестак няма.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушальная меліярацыя.
Асаблівасці біялогіі. Аселы від. Ва ўмовах Беларусі зарэгістравана 1 пакаленне за год. Лёт матылёў у траўні - пачатку чэрвеня. Вусені кормяцца на драсёне змяіным і іншых драсёнавых раслінах. Зімуюць кукалкі [1, 6, 7].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Бярэзінскім запаведніку.
Неабходныя меры аховы. Вывучэнне пашырэння віду, абмежаванне асушальнай меліярацыі.

Літ.: 1. Higgins, Riley, 1978; 2. Коршунов, 1972; 3. Мержаеўская, Казлоўскі, 1969; 4. Галдзянкоў (асаб. павед.); 5. Казлоўскі (асаб. павед.); 6. Коршунов, 1985; 7. Мержеевская, Литвинова, Молчанова, 1976.

А.Галдзянкоў @

Блакітніца алькон (Maculinea alcon Den. et Schiff., 1775)
Атрад Лускакрылыя (Lepidoptera), сямейства Блакітніцы (Lycaenidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўнік роду рэдкіх знікаючых у Эўропе плямістых блакітніц.
Кароткае апісанне. Размах крылаў 34-38 мм. Крылы самца зверху фіялетава-блакітныя, бліскучыя, з вузкім цёмным краем, часам з цёмнымі плямамі ў цэнтры. Крылы самкі зверху бурыя. Знізу крылы светла-бурыя з 2 паралельнымі радамі цёмных плямаў уздоўж вонкавага краю і малюнкам з чорных крапінак у цэнтральнай і прыкаранёвай частках крыла.
Пашырэнне. Эўропа, горныя раёны Казахстана, Сярэдняй Азіі, поўдня Сібіры [1, 2]. У Беларусі можа быць выяўлена на ўсёй тэрыторыі, але знаходкі абмежаваны [3, 4].
Месцы пражывання. Ускрайкі і паляны пераважна сасновых лясоў.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Звестак няма. Знікненне віду разам з іншымі відамі роду адзначана на тэрыторыі шэрага эўрапейскіх краін [5].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Як мяркуецца, разворванне ўзлескаў, касьба, выпас жывёлы.
Асаблівасці біялогіі. За год дае 1 пакаленне. Матылі лётаюць у ліпені-жніўні. Вусені кормяцца на гарычках, у працэсе развіцця звязаны з мурашкамі роду Myrmica. Вусені старэйшых узростаў трапляюцца ў мурашніках. Яны ж і зімуюць [1, 5, 6].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Выяўленне месцаў пражывання віду, абвяшчэнне іх заказнікамі.

Літ.: 1. Higgins, Riley, 1978; 2. Коршунов, 1972; 3. Мержаеўская, Казлоўскі, 1969; 4. Чарны, Галдзянкоў, Казлоўскі (асаб. павед.); 5. Новак, 1976; 6. Malicky, 1969.

А.Галдзянкоў @

Блакітніца мелеагр (Polyommatus daphnis Den. et Schiff., 1775)
Атрад Лускакрылыя (Lepidoptera), сямейства Блакітніцы (Lycaenidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Паўднёвы від, які знаходзіцца ў Беларусі на паўночнай мяжы арэала. Прадстаўнік шматлікага роду.
Кароткае апісанне. Размах крылаў 31-35 мм. Самец зверху атласна-блакітны. Самка бурая з цёмнай палосай па краю крыла, іншы раз з блакітным апыленнем. Спод крылаў буравата-шэры, у самцоў амаль белы з 2 радамі цёмна-шэрых плям уздоўж краю і чорнымі плямамі ў пярэдняй частцы крылаў. Ад іншых роднасных відаў адрозніваецца зубчастым выступам каля ўнутранага вугла задняга крыла. У самкі такіх выступаў некалькі і яны больш выразныя.
Пашырэнне. Паўднёвая Эўропа, Малая Азія [1-3]. У Беларусі адзначана на Палессі, дзе праходзіць паўночная мяжа арэала [4, 5].
Месцы пражывання. Пусткі, сухія схілы, берагі рэчак, невялікія лугі, узлескі, абочыны дарог і чыгуначныя насыпы. Трапляецца пераважна ў месцах, асвоеных чалавекам.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Дакладных змяненняў колькасці не ўстаноўлена. Знаходзячыся на мяжы арэала, від можа займаць новыя тэрыторыі на поўнач ад яе, а потым у сувязі з пахаладаннем зноў адыходзіць на поўдзень. Для віду спрыяльныя пэўныя формы гаспадарчай дзейнасці - высечкі, пракладванне дарог у лясной мясцовасці [4].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Сезонныя тэмпературныя ваганні. Інтэнсіўныя антрапагенныя ўздзеянні.
Асаблівасці біялогіі. За год дае 1 пакаленне. Лёт матылёў у ліпені-жніўні. Вусені развіваюцца на вязелю, чыне, чабары і іншых раслінах. Зімуюць яйкі [1, 2].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Абмежаванне касьбы і выпасу жывёлы ў рэкрэацыйных зонах.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Higgins, Riley, 1978; 3. Коршунов, 1972; 4. Галдзянкоў (асаб. павед.); 5. Мержаеўская, Казлоўскі, 1969.

А.Галдзянкоў @

Блакітніца эроідэс (Polyommatus eroides Friv., 1835)
Атрад Лускакрылыя (Lepidoptera), сямейства Блакітніцы (Lycaenidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі лакальны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэдкі прадстаўнік шматлікага роду.
Кароткае апісанне. Размах крылаў 30-34 мм. Крылы самца зверху атласна-блакітныя з цёмнай аблямоўкай, знізу светла-шэрыя. У самак верх крылаў буры, ніз буравата-шэры. На сподзе крылаў характэрны для блакітніц гэтага роду яркі малюнак з круглых чорных крапінак у белых арэолах, аранжавых лунак уздоўж краю, абмежаваных чорнымі дужкападобнымі плямамі.
Пашырэнне. Ад Усходняй Эўропы да горных раёнаў Цэнтральнай і Ўсходняй Азіі [1, 2]. У Беларусі вядома па некалькіх знаходках на поўдні [3-5].
Месцы пражывання. Ускрайкі сасновых лясоў.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Не ўстаноўлены. Знаходкі віду адзінкавыя.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Магчыма, гаспадарчая дзейнасць.
Асаблівасці біялогіі. За год дае 1 пакаленне. Матылі лётаюць у чэрвені-ліпені. Вусені развіваюцца на кураваях. Яны ж і зімуюць [1, 2].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Далейшае вывучэнне экалогіі і пашырэння віду.

Літ.: 1. Higgins, Riley, 1978; 2. Коршунов, 1985; 3. Мержаеўская, Казлоўскі, 1969; 4. Krzywicki, 1984; 5. Казлоўскі, Галдзянкоў (асаб. павед.).

А.Галдзянкоў @

Блакітніца тарфянікавая (Polyommatus optilete Knoch, 1781)
Атрад Лускакрылыя (Lepidoptera), сямейства Блакітніцы (Lycaenidae)

Статус. III катэгорыя. Даволі рэдкі лакальны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Пашыраны барэальны від шматлікага роду.
Кароткае апісанне. Размах крылаў 24-26 мм. Верх крылаў самца цёмна-фіялетава-блакітны з бляскам. У самкі крылы зверху амаль чорныя, фіялетава-блакітныя толькі ў прыкаранёвай і часткова цэнтральнай частках. Ніз крылаў шэры з папярочнымі радамі чорных кропак у белых арэолах. Уздоўж краю задніх крылаў падвойны рад цёмных плям з белай аблямоўкай, паміж радамі плям ёсць рыжыя меты. Трэцяя знізу пляма павялічаная, з бліскучымі лусачкамі.
Пашырэнне. Ад цэнтра і поўначы Эўропы да Японіі [1]. У Беларусі трапляецца лакальна па ўсёй тэрыторыі [2-4].
Месцы пражывання. Вярховыя балоты, забалочаныя вільготныя сасновыя лясы, радзей забалочаныя мяшаныя лясы.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Месцы пражывання блакітніцы скарачаюцца.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушальная меліярацыя і высечкі лесу.
Асаблівасці біялогіі. За год дае 1 пакаленне. Лёт матылёў у чэрвені-ліпені, часта яны смокчуць вільготную глебу на лясных дарогах і гной буйных капытных жывёл. Кармавыя расліны вусеняў - журавіны, брусніцы, дурніцы, чарніцы. Зімуюць вусені [1, 3, 4].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльна не прымаліся. Від зберагаецца на тэрыторыі запаведнікаў і гідралагічных заказнікаў.
Неабходныя меры аховы. Зберажэнне балот і забалочаных лясоў як рэзерватаў рэдкіх відаў.

Літ.: 1. Higgins, Riley, 1978; 2. Мержаеўская, Казлоўскі, 1969; 3. Галдзянкоў (асаб. павед.); 4. Мержеевская, Литвинова, Молчанова, 1976.

А.Галдзянкоў @

Перламутраўка балотная (Boloria aquilonaris Stich., 1908)
Атрад Лускакрылыя (Lepidoptera), сямейства Німфаліды (Nymphalidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі лакальны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўнік барэамантаннага роду, пашыранага пераважна ў таежнай зоне.
Кароткае апісанне. Размах крылаў 32-36 мм. Крылы вохрыста-чырвоныя, зверху з малюнкам з круглых чорных плям і палосак, у прыкаранёвай частцы цёмныя. Спод задніх крылаў вохрысты, пакрыты перавязямі з асобных белых або жоўтых плям. Па краі крыла светлыя жаўтаватыя або белыя лункі.
Пашырэнне. Лясная зона (паўночная частка) ад Цэнтральнай Эўропы да Прыамур'я і Прымор'я. У Беларусі лакальна па ўсёй тэрыторыі [1-4].
Месцы пражывання. Вярховыя і зрэдку пераходныя балоты, забалочаныя сасновыя лясы.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Скарачэнне колькасці віду не зарэгістравана. Гады з высокай колькасцю чаргуюцца з перыядамі, калі від рэдкі і больш лакальны ў месцах пражывання.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушэнне балот і лесараспрацоўкі.
Асаблівасці біялогіі. За год дае 1 пакаленне. Лёт матылёў у чэрвені-ліпені. Кармавыя расліны вусеняў - журавіны і некаторыя фіялкі [1, 5].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Ахова масіваў балот і забалочаных лясоў, арганізацыя заказнікаў у месцах знаходжання віду.

Літ.: 1. Higgins, Riley, 1978; 2. Коршунов, 1972; 3. Антонова, 1982; 4. Галдзянкоў (асаб. павед.); 5. Коршунов, 1985.

А.Галдзянкоў @

Перламутраўка фрыга (Clossiana frigga Thunb., 1791)
Атрад Лускакрылыя (Lepidoptera), сямейства Німфаліды (Nymphalidae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі лакальны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Від на паўднёвай мяжы арэала, прадстаўнік шматлікага роду дробных перламутравак.
Кароткае апісанне. Размах крылаў 34-37 мм. Асноўны тон афарбоўкі чырванавата-вохрысты. На крылах невялікія круглыя чорныя плямы, уздоўж краю крылаў і ў прыкаранёвай частцы ломаныя лініі, цёмныя ўчасткі. Знізу пярэднія крылы святлейшыя, заднія крылы чырвона-карычневыя ў прыкаранёвай частцы, з ломанай перавяззю з белых і жоўтых плям пасярэдзіне. На вонкавай частцы крылаў шырокая вохрыстая перавязь з ружавата-фіялетавым адлівам і радам слабавыражаных плям у вочкі.
Пашырэнне. Тундра і тайга Эўразіі і Амерыкі, горы Алтая і Тарбагатая, Прыамур'е [1-3]. У Беларусі выяўлены толькі на балотным масіве паблізу в. Блужа ў Пухавіцкім раёне [4].
Месцы пражывання. Рэдкія саснякі на вярховых балотах.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Звестак няма.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушальная меліярацыя.
Асаблівасці біялогіі. Від аселы. За год дае 1 пакаленне. Матылі лётаюць нядоўга - з другой паловы траўня да пачатку чэрвеня. Вусені кормяцца на марошцы і, напэўна, на іншых відах балотнай расліннасці. Зімуюць вусені [2, 3].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Зберажэнне балотнага масіву, дзе знойдзены від. Далейшае вывучэнне пашырэння віду.

Літ.: 1. Коршунов, 1972; 2. Коршунов, 1985; 3. Higgins, Riley, 1978; 4. Голденков, 1987.

А.Галдзянкоў @

Сенніца гера (Coenonympha hero L., 1761)
Атрад Лускакрылыя (Lepidoptera), сямейства Аксамітніцы (Satyridae)

Статус. III катэгорыя. Занесена ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Вельмі пашыраны, але лакальны від шматлікага роду.
Кароткае апісанне. Размах крылаў 28-30 мм. Агульны тон афарбоўкі бура-карычневы. На задніх крылах зверху ўздоўж вонкавага краю 4 чорныя вочкі ў рыжых абадках, рыжая аблямоўка. Спод крылаў больш светлы, на ім рад вочак з белай перавяззю каля ўнутранага краю рада.
Пашырэнне. Эўропа, Паўночны Казахстан, поўдзень Сібіры, Прыамур'е, Прымор'е [2]. У Беларусі па ўсёй тэрыторыі лакальна [3].
Месцы пражывання. Сырыя сасновыя, радзей мяшаныя лясы, балоты. Аддае перавагу забалочаным багуновым саснякам, лясістым участкам вярховых балот.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Бывае шматлікі ў характэрных месцах пражывання. Магчыма, колькасць віду скарачаецца і ён становіцца больш лакальны.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Парушэнне гідралагічнага рэжыму месцаў пражывання ў выніку асушэння, лесараспрацовак.
Асаблівасці біялогіі. Аселы від. За год дае 1 пакаленне. Матылі лётаюць у пачатку чэрвеня-ліпені, кормяцца нектарам кветак. Кармавыя расліны вусеняў - дзікарослыя злакі (мятліцы, каласняк пясчаны і інш.). Зімуюць вусені [1, 4].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў запаведніках і заказніках.
Неабходныя меры аховы. Расшырэнне запаведных тэрыторый, абмежаванне асушальнай меліярацыі ў лясістых месцах.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Коршунов, 1972; 3. Галдзянкоў (асаб. павед.); 4. Krzywicki, 1966.

А.Галдзянкоў @

Сенніца Эдып (Coenonympha oedippus F., 1787)
Атрад Лускакрылыя (Lepidoptera), сямейства Аксамітніцы (Satyridae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі лакальны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэдкі ў Эўропе від шматлікага роду.
Кароткае апісанне. Размах крылаў 35-40 мм. Асноўны тон афарбокі зверху цёмна-буры, знізу больш светлы. На сподзе задніх крылаў рад чорных вочак у жоўтай аблямоўцы, на пярэдніх крылах вочкі дробныя, часам адсутнічаюць. У некаторых экземпляраў чорныя вочкі з белым цэнтрам таксама і зверху крылаў.
Пашырэнне. Ад Заходняй Эўропы да Кітая і Японіі [1]. Від прымеркаваны да зоны шыракалістых лясоў, лесастэпаў і стэпаў [2, 3]. У Беларусі адзначаны ў паўднёвых раёнах (Прыпяцкі запаведнік) [4, 5].
Месцы пражывання. Аблесеныя забалочаныя тэрыторыі. Лятае на адкрытых палянах. У Прыпяцкім запаведніку знойдзена на вярховым балоце [5].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Від прымеркаваны да ўразлівых біяцэнозаў. На сумежных тэрыторыях знікае [3]. Пашырэнне ў Беларусі не вывучалася.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушальная меліярацыя і лесараспрацоўкі.
Асаблівасці біялогіі. Аселы від. За год дае 1 пакаленне. Лёт матылёў у чэрвені. Кармавыя расліны вусеняў - злакі, асокі, касач балотны. Зімуюць вусені [1, 3-5].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Выяўленне новых месцаў пражывання віду і іх запаведанне.

Літ.: 1. Higgins, Riley, 1978; 2. Коршунов, 1972; 3. Kzywicki, 1967; 4. Яхонтов, 1939; 5. Галдзянкоў (асаб. павед.).

А.Галдзянкоў @

Аксамітніца пецярбургская (Lasiommata petropolitana F., 1787)
Атрад Лускакрылыя (Lepidoptera), сямейства Аксамітніцы (Satyridae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Найбольш рэдкі прадстаўнік роду ў Эўропе.
Кароткае апісанне. Размах крылаў 36-42 мм. Агульны тон афарбоўкі карычнева-буры. Верх крылаў з чорнымі вочкамі, цэнтраванымі белымі кропкамі ў рыжай шырокай аблямоўцы. Колькасць вочак вар'іруе: на пярэднім крыле звычайна 1 у верхнім вугле, на заднім - 3, часцей 4 дробныя вочкі. Знізу на крылах такія ж вочкі ў тонкай аблямоўцы з канцэнтрычных жаўтаватых і чорных кольцаў.
Пашырэнне. Лясная зона і горныя раёны Эўразіі [1, 2]. Адзначаны ў Прыбалтыцы як рэдкі від на паўднёвай мяжы арэала [3]. У Беларусі зарэгістраваны на тэрыторыі Прыпяцкага запаведніка і Белавежскай пушчы [4, 5].
Месцы пражывання. Сасновыя лясы побач з балотамі і пераўвільготненымі мясцінамі, але матылі лётаюць і ў сухіх стацыях.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У вузкалакальных месцах пражывання від звычайны. Дакладнага скарачэння колькасці не адзначалася. У сувязі з рэдкасцю месцаў пражывання віду відавочна, што стан яго пагражальны.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушальная меліярацыя.
Асаблівасці біялогіі. Від аселы. Дае 1 пакаленне за год. Матылі лётаюць у траўні-чэрвені. Кармавыя расліны вусеняў з роду аўсяніц. Зімуюць кукалкі [1].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Далейшае вывучэнне пашырэння віду. Абмежаванне асушальнай меліярацыі.

Літ.: 1. Higgins, Riley, 1978; 2. Коршунов, 1972; 3. Вийдалепп, 1966; 4. Мержаеўская, Казлоўскі, 1969; 5. Галдзянкоў (асаб. павед.).

А.Галдзянкоў @

Аксамітніца ахінэ (краявочка прыдарожная) (Lopinga achine Scop., 1763)
Атрад Лускакрылыя (Lepidoptera), сямейства Аксамітніцы (Satyridae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі лакальны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны прадстаўнік роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Размах крылаў 48-54 мм. Крылы бурыя, уздоўж вонкавага краю зверху рады вялікіх круглых плям у жоўтых абадках. Спод крылаў святлейшы, з плямамі, цэнтрыраванымі белай «зрэнкай». На заднім крыле белая перавязь.
Пашырэнне. Лясная і часткова стэпавая зоны Эўразіі [1,2]. У Беларусі папуляцыі віду знойдзены па ўсёй тэрыторыі, але лакальны [3-5].
Месцы пражывання. Вільготныя лясы, пераважна алешнікі і мяшаныя цемнахвойна-драбналістыя лясы. Па палянах, узлесках, уздоўж балот, пад полагам лесу.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Магчыма, скарачаецца.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушэнне зямель, высечкі лесу.
Асаблівасці біялогіі. За год дае 1 пакаленне. Лёт матылёў з пачатку чэрвеня да канца ліпеня. Матылі смокчуць сок, які бродзіць і выцякае з дрэў, вільгаць з глебы. Кармавыя расліны вусеняў - дзікарослыя злакі. Зімуюць вусені [2, 4].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў запаведніках і заказніках.
Неабходныя меры аховы. Расшырэнне сеткі запаведных тэрыторый, абмежаванне асушэння і іншых відаў гаспадарчай дзейнасці на забалочаных тэрыторыях у лясной мясцовасці.

Літ.: 1. Higgins, Riley, 1978; 2. Коршунов, 1972; 3. Мержеевская, Литвинова, Молчанова, 1976; 4. Казлоўскі (асаб. павед.); 5. Галдзянкоў (асаб. павед.).

А.Галдзянкоў @

Аксамітніца юта (Oeneis jutta Hubn., 1806)
Атрад Лускакрылыя (Lepidoptera), сямейства Аксамітніцы (Satyridae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі лакальны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Барэальны від на паўднёвай мяжы арэала. Прадстаўнік роду паўночных і горных матылёў.
Кароткае апісанне. Размах крылаў 42-48 мм. Асноўны тон афарбоўкі шэра-карычневы. Зверху на крылах цёмныя круглыя вочкі ў вохрыстых плямах. Спод задніх крылаў шэры са струменістым малюнкам і больш цёмнай перавяззю на ўнутранай частцы, вочак няма або яны вельмі дробныя.
Пашырэнне. Таежная зона Эўразіі [1]. У Беларусі пашырана лакальна па ўсёй тэрыторыі [2].
Месцы пражывання. Жыве выключна на вярховых балотах, дзе выбірае месцы з рэдкімі зараснікамі дробнай сасны і максімальнай вільготнасцю тарфяной тоўшчы.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Звычайная ў межах невялікіх участкаў. Звестак пра памяншэнне колькасці няма, таму што від знойдзены ў Беларусі нядаўна [2].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушальная меліярацыя вярховых балот.
Асаблівасці біялогіі. Аселы від. Дае звычайна 1 пакаленне за 2 гады. У Беларусі трапляецца кожны год, што, магчыма, з'яўляецца вынікам несінхроннага развіцця. Лёт матылёў у другой палове траўня - першай дэкадзе чэрвеня. Вусені кормяцца на асоках і злаках, развіваюцца ўсё лета, зімуюць, жывуць наступнае лета, зноў зімуюць, потым акукліваюцца вясною [3].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца на тэрыторыі гідралагічных заказнікаў і запаведнікаў.
Неабходныя меры аховы. Зберажэнне вярховых балот як унікальных прыродных комплексаў, багатых на рэдкія віды.

Літ.: 1. Higgins, Riley, 1978; 2. Голденков, 1985; 3. Plester, 1983.

А.Галдзянкоў @

Кашаніль польская (Porphyrophora polonica L., 1758)
Атрад Раўнакрылыя хобатныя (Homoptera), сямейства Маргарадзіды (Margarodidae)

Статус. IV катэгорыя. Вельмі рэдкі, не даследаваны ў Беларусі від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўнік політыпічнага роду. Адзін з 23 відаў роду ў сусветнай фауне.
Кароткае апісанне. Імага вішнёва-чырвоныя. Самкі без крылаў і па форме цела нагадваюць маленькіх макрыц. Самцы крылатыя з доўгімі васковымі ніткамі на канцы брушка.
Пашырэнне. Вядома на Ўкраіне, Беларусі (Гарадзенская вобласць) і ў Тамбоўскай вобласці Расеі [1]. Магчыма, распаўсюджана шырэй, але з-за скрытнага спосабу жыцця і недастатковага энтамафауністычнага абследавання Эўрапейскай часткі краіны ў іншых месцах не выяўлена.
Месцы пражывання. Лугі, узлескі, паляны з наяўнасцю ў раслінным покрыве сунічніку, дубровак, талакнянкі, мацярдушкі і інш.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Спецыяльных даследаванняў не праводзілася, але, зыходзячы з лакальнасці месцазнаходжанняў і нешматлікіх калекцыйных экземпляраў, агульная колькасць невялікая. Пасля 1962 г. знаходак не адзначана.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Не вывучаны.
Асаблівасці біялогіі. Зімуе ў стадыі лічынкі першага ўзросту ў глебе пад засцярогай васковага кокана, утворанага дарослай самкай. На раслінах з'яўляюцца ў траўні, потым уходзяць у глебу і кормяцца клетачным сокам каранёў дубровак, сунічніку, талакнянкі і іншых раслін. У другой палове ліпеня лічынкі пакрываюцца цвёрдай абалонкай. Прыкладна праз месяц з цыстаў выходзяць лічынкі самцоў і дарослыя самкі. Лічынкі самцоў хутка акукліваюцца і праз тыдзень з кукалак выходзяць дарослыя самцы. У Беларусі лёт самцоў і з'яўленне з цыстаў самак - у ліпені. Пасля спароўвання самцы гінуць, а аплодненыя самкі зарываюцца ў зямлю і абкружаюць сябе ватападобнымі васковымі выдзяленнямі. Яйкі [300-700] адкладвае ў жніўні [1, 2].
Развядзенне. Вядомы ўдалы вопыт інтрадукцыі і развіцця кашанілі ў Ленінградскай вобласці, куды яна была завезена разам з кармавымі раслінамі.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Ахова месцаў пражывання. Прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Борхсениус, 1950; 2. Красная книга СССР, 1984.

І.Лапацін @

Вясляр дыдымус (Agabus didymus Oliv., 1795)
Атрад Цвердакрылыя (Coleoptera), сямейства Плывунцы (Dytiscidae)

Статус. IV катэгорыя. Рэдкі від, які знаходзіцца на ўсходняй мяжы арэала.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 16 відаў роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Цела даўжынёй 7,5-8 мм, авальнае, моцна звужанае спераду і ззаду, вельмі пукатае, бліскучае, зверху чорна-бронзавае з ярка выражаным металічным бляскам, краі чырванаватыя. На галаве звычайна 2 кропкі. На задняй частцы надкрылаў 2 светлыя плямы. Ніз цела часцей чорны. Пярэднія і сярэднія ногі карычняватыя, заднія чорныя.
Пашырэнне. Эўропа. У Беларусі знойдзены ў р. Малінаўка ў Мядзельскім раёне [1].
Месцы пражывання. Трапляецца ў вадаёмах з павольным цячэннем у прыбярэжных зарасніках водных макрафітаў.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Звестак няма.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Невядомы.
Асаблівасці біялогіі. Спароўванне і адкладванне яек вясною. Лічынкі праходзяць 3 узросты, акукліваюцца на беразе. Корміцца воднымі беспазваночнымі [2].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Вывучэнне пашырэння і ўмоў, якія спрыяюць павышэнню колькасці.

Літ.: 1. Лопатин, Мороз, Константинов, 1981; 2. Galewski, 1978.

М.Мароз @

Мурашка-амазонка (Polyergus rufescens Latr., 1798)
Атрад Перапончатакрылыя (Hymenoptera), сямейства Мурашкі (Formicidae)

Статус. IV катэгорыя. Рэдкі від, у Беларусі праходзіць паўночная мяжа арэала.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны від роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Рабочыя асобіны даўжынёй 5,5-6 мм, цела карычнева-чырвонае, з чорнымі адтапыранымі валаскамі. Мандыбулы шаблепадобныя. Самкі даўжынёй 8-9,5 мм, карычнявата-чырвоныя, самцы 6-7,5 мм, чорныя.
Пашырэнне. Сярэдняя і Ўсходняя Эўропа, стэпавая зона Заходняй Сібіры. У Беларусі адзначана ў Гарадзенскім, Лунінецкім, Жабінкаўскім і Ельскім раёнах [1, 2].
Месцы пражывання. Умерана вільготныя хвойныя і лісцевыя лясы. Мурашнікі робяць на ўзлесках, прасеках, разрэджаных участках лясных біятопаў. Пазбягаюць участкаў моцнага зацянення і зусім адкрытых месцаў.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Вельмі рэдкі, трапляюцца адзінкавыя мурашнікі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Не высветлены.
Асаблівасці біялогіі. Гняздо мурашак складаецца з 2 частак: надземнай (у пні, гнілым бервяне, аснове жывога падсыхаючага дрэва) і падземнай. Мурашка-амазонка з'яўляецца аблігатным сацыяльным паразітам - «рабаўладальнікам». У якасці «рабоў» выкарыстоўваюцца мурашкі Formica fusca. У паходах за кукалкамі гэтага віду ўдзельнічае да 2 тыс. мурашак-амазонак. Вылет крылатых асобін у сярэдзіне-канцы ліпеня.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Ахова месцаў пражывання віду, улік і ахова мурашнікаў.

Літ.: 1. Jagodzinska, 1933; 2. Блинов, 1985.

У.Бліноў @

Мурашка Форшлюнда (Formica forsslundi Lohm., 1949)
Атрад Перапончатакрылыя (Hymenoptera), сямейства Мурашкі (Formicidae)

Статус. IV катэгорыя. Рэдкі малавывучаны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 19 відаў роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Рабочыя асобіны даўжынёй 4-6 мм, двухкаляровыя. Галава з глыбокай выемкай на патылічным краі. Самкі не большыя за рабочых мурашак, даўжынёй 5-6 мм, з гладкім бліскучым целам. Самцы чорныя, даўжыня цела 5-6 мм.
Пашырэнне. Швецыя, Фінляндыя, Польшча, Швейцарыя. У Беларусі адзначана ў Шаркоўшчынскім, Лепельскім і Жыткавіцкім раёнах.
Месцы пражывання. Выключна сфагнавыя балоты, звычайна вярховыя, радзей пераходныя.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Можа скарачацца.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушэнне і распрацоўка балот.
Асаблівасці біялогіі. Аблігатны балотны від. Будуе на купінах невялікія купалы з кавалачкаў сцёблаў імху. Лёт крылатых асобін у сярэдзіне ліпеня - пачатку жніўня.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Зберажэнне месцаў пражывання віду, агароджванне мурашнікаў, улік гнёздаў.

Літ.: 1. Длусский, 1967.

У.Бліноў @

Тапінома няясная, або мурашка цёмная (Tapinoma ambiguum Emery, 1925)
Атрад Перапончатакрылыя (Hymenoptera), сямейства Мурашкі (Formicidae)

Статус. IV катэгорыя. Рэдкі малавывучаны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 2 відаў роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Рабочыя асобіны даўжынёй 2,5-3,5 мм, чорныя. Лускавінкі няма, налічнік з трохвугольнай выразкай. Самкі даўжынёй 4,5-6, самцы 4-5 мм.
Пашырэнне. Цэнтральная і Ўсходняя Эўропа. У Беларусі адзначаны ў Ельскім, Лепельскім, Пружанскім і Стаўбцоўскім раёнах [1, 2].
Месцы пражывання. Светлыя лясы, часцей сасновыя, на лёгкіх пясчаных і супясчаных глебах.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Трапляюцца адзінкавыя мурашнікі. Усяго адзначана 5 гнёздаў [1, 2].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Не высветлены.
Асаблівасці біялогіі. Гнёзды дыфузнага тыпу, у сям'і прыкладна 1500 рабочых і 20-30 самак. Від цеплалюбівы, паколькі гнездавых пабудоў не робіць, мурашнікі размяшчаюцца толькі на добра прагравальных месцах: узгорках, палянах, паўднёвых схілах, ускрайках светлых сухіх лясоў.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Ахова месцаў пражывання віду.

Літ.: 1. Блинов, 1984 а; 2. Блинов, 1984 б.

У.Бліноў @

Мядзведзіца Гера (Callimorpha quadripunctaria Poda, 1761)
Атрад Лускакрылыя (Lepidoptera), сямейства Мядзведзіцы (Arctiidae)

Статус. IV катэгорыя. Занесена ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 2 відаў роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Размах крылаў 48-54 мм. Пярэднія крылы чорныя з металічным зялёным адлівам і крэмавымі косымі папярочнымі палоскамі, задні край крыла і дробныя плямкі таксама крэмавыя. Заднія крылы чырвоныя з няроўнымі чорнымі плямамі. Грудзі чорныя з падоўжнымі крэмавымі палоскамі. Брушка чырвонае з радам чорных кропак пасярэдзіне. Вусікі доўгія, ніткападобныя, у самцоў крыху грабеньчатыя.
Пашырэнне. Эўропа, Турцыя, Сірыя, Іран [1, 2]. У Беларусі вядома ў паўднёвых раёнах [3]. Паўночная мяжа арэала праходзіць на Палессі.
Месцы пражывання. Паляны і ўскрайкі шыракалістых лясоў. У Беларусі месцы знаходак не ўказаны [3].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Звестак няма.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Відавочна пагаршэнне стану і знішчэнне месцаў пражывання ў выніку змены клімату і гаспадарчай дзейнасці чалавека (перавыпас, раскарчоўка хмызнякоў, разворванне).
Асаблівасці біялогіі. Від аселы. За год дае 1 пакаленне. Матылі лётаюць у ліпені-жніўні, часта кормяцца на кветках і ўдзень. Кармавыя расліны вусеняў - бружмель, ляшчына, маліна, ажына і інш. Зімуюць вусені, якія потым акукліваюцца на зямлі ў лёгкіх павуцінавых коканах.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Выяўленне месцаў пражывання віду з абмежаваннем там гаспадарчай дзейнасці.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Мержеевская, Литвинова, Молчанова, 1976; 3. Koch, 1964.

А.Галдзянкоў @

Блакітніца аркас (Maculinea nausithous Bergs., 1779)
Атрад Лускакрылыя (Lepidoptera), сямейства Блакітніцы (Lycaenidae)

Статус. IV катэгорыя.
Значэнне ў захаванні генафонду. Немаральны від з роду рэдкіх у Эўропе плямістых блакітніц.
Кароткае апісанне. Размах крылаў 34-36 мм. Крылы самца зверху цёмныя з бліскучымі фіялетава-сінімі палямі ў цэнтры, шырокімі бурымі краямі, выгнутымі папярочнымі радкамі чорных плям. Крылы самкі зверху бурыя. Спод крылаў буравата-шэры з няроўным радам круглых чорных кропак на кожным крыле.
Пашырэнне. Зона шыракалістых лясоў Эўропы, на ўсход да Саян [1, 2]. У Беларусі адзначалася на Палессі, пункты знаходак не ўказаны [3, 4].
Месцы пражывання. Невялікія лугі і ўзлескі з зараснікамі крывасмоку.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Дакладных звестак няма.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Відавочна інтэнсіўнае асваенне лясных і поймавых біятопаў на Палессі. Касьба, якая прыводзіць да поўнага знішчэння кармавой базы вусеняў - суквеццяў крывасмоку.
Асаблівасці біялогіі. Від аселы. За год дае 1 пакаленне. Лёт матылёў у ліпені - пачатку жніўня. Зімуюць вусені. Кармавая расліна вусеняў - крывасмок. У сваім развіцці яны звязаны з мурашкамі роду Formica. Вусені старшага ўзросту жывуць у мурашніках [1, 4, 5].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Выяўленне новых месцаў пражывання віду з мэтай распрацоўкі яго аховы.

Літ.: 1. Higgins, Riley, 1972; 2. Коршунов, 1985; 3. Мержаеўская, Казлоўскі, 1969; 4. Мержеевская, Литвинова, Молчанова, 1976; 5. Malicky, 1969.

А.Галдзянкоў @

Чарнушка эфіопка (Erebia aethiops Esp., 1777)
Атрад Лускакрылыя (Lepidoptera), сямейства Аксамітніцы (Satyridae)

Статус. IV катэгорыя. Рэдкі лакальны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэдкі прадстаўнік шматлікага роду паўночных і горных матылёў.
Кароткае апісанне. Размах крылаў 38-45 мм. Агульны тон афарбоўкі цёмна-карычневы, зверху на крылах рыжыя плямкі з чорнымі вочкамі і белымі «зрэнкамі». Колькасць вочак непастаянная: на пярэднім крыле 3-5, на заднім 3-4. Ніз пярэдняга крыла падобны да верху, а задняга - святлейшы, з чаргаваннем цёмных і светлых шырокіх перавязяў, вочкі выражаны слаба.
Пашырэнне. Эўразія [1, 2]. У Прыбалтыцы рэдкі і лакальны [3]. У Беларусі адзначаны ў Белавежскай пушчы [4], у наваколлі Жодзіна [5], на Наваградчыне без дакладнай даты і месца адлову [6].
Месцы пражывання. Старыя хвойныя лясы, бары.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Звестак няма.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечкі лесу, якія прыводзяць да замены старых хвойных лясоў маладымі пасадкамі.
Асаблівасці біялогіі. Від аселы. Дае 1 пакаленне за год. Лёт матылёў у ліпені - пачатку жніўня на палянах, узлесках і пад полагам лесу. Кармавыя расліны вусеняў - дзікарослыя злакі (метлюжок, купкоўка, мятліца). Зімуюць вусені [2, 6, 7].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Выяўленне новых месцаў пражывання віду. Зберажэнне старых лясоў як рэзерватаў рэдкіх відаў.

Літ.: 1. Higgins, Riley, 1978; 2. Коршунов, 1972; 3. Вийдалепп, 1966; 4. Мержаеўская, Казлоўскі, 1969; 5. Казлоўскі (асаб. павед.); 6. Prüffer, 1947; 7. Мержеевская, Литвинова, Молчанова, 1976.

А.Галдзянкоў ##Chapter: 17. Ракападобныя @

Лімнакалянус (Limnocalanus macrurus Sars, 1863)
Атрад Весланогія ракападобныя (Copepoda), сямейства Цэнтрапагіды (Centropagidae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Ледавікова-марскі рэлікт чацвярцічнага перыяду. Корм для сігавых рыб [1].
Кароткае апісанне. Адзін з буйных прадстаўнікоў планктонных прэснаводных капепод. Даўжыня цела ад 1,6 да 2,2 мм (у вадаёмах Беларусі). Тулава складаецца з 3 аддзелаў: галаўнога, груднога (торакс), злітых у галавагрудзі, і брушнога (абдомен). На канцы абдомена 2 каудальныя галінкі з 5 аперанымі шчацінкамі. Галавагрудзі складаюцца з 5 сегментаў, дзе размешчаны: пара доўгіх аднагалінастых пярэдніх антэнаў, 5 пар ротавых канечнасцей і 5 пар плавальных ног. Абдомен намнога вузейшы за галавагрудзі, у самкі трох-, у самца пяцічленікавы. Каудальныя галінкі больш як у 2 разы даўжэйшыя за апошні членік брушка.
Пашырэнне. Глыбокія азёры паўночнага паўшар'я. Па Беларусі праходзіць паўднёвая мяжа арэала. Знойдзены ў паўночна-заходняй частцы краіны ў азёрах Паўночны і Паўднёвы Валасо, Снуды, Струста, Рычы, Доўгае, Крывое Сіта, Бабына [1-6].
Месцы пражывання. Насяляе алігатрофныя і мезатрофныя азёры ледавіковага паходжання. Жыве ў тоўшчы вады, пераважна ў слаях з тэмпературай не вышэй за 10-12°С.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Вагаецца ад 40 да 300 рачкоў у 1 м3 вады. Максімальная шчыльнасць (30 000 асобін у 1 м3) адзначана ў воз. Паўднёвы Валасо. Колькасць змяншаецца.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Змяншэнне колькасці карэлюе з дэфіцытам кіслароду ў прыдонных слаях вады, а таксама з забруджваннем (цеплавым, прамысловымі і сельскагаспадарчымі сцёкамі).
Асаблівасці біялогіі. Працягласць жыццёвага цыклу 1 год. Размнажэнне прымеркавана да халоднага перыяду года. Спароўванне ў лістападзе. Самка адкладвае да 20 яек у ваду, развіццё іх праходзіць на дне вадаёмаў. Мае 12 стадый развіцця: 6 наупліяльных і 6 капепадзітных. Лічынкі першага ўзросту паяўляюцца праз 20-25 сутак. Кормяцца водарасцямі (на наупліяльных стадыях), а таксама зоапланктонам (на капепадзітных стадыях).
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў азёрным заказніку на воз. Рычы і ландшафтным заказніку «Міжазёрны». Від занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г.
Неабходныя меры аховы. Арганізацыя азёрных заказнікаў у месцах пражывання рачкоў для захавання рэліктавага комплексу (лімнакалянус, мізіда, понтапарэя і бакаплаў Паласа). Забарона выкарыстання хімічных сродкаў і ўгнаенняў на вадазборы вадаёмаў з рэліктавай фаунай.

Літ.: 1. Вежновец, Семенченко, 1977; 2. Гаврилов и др., 1979; 3. Драко, 1954; 4. Петрович, 1954; 5. Черемисова, 1964; 6. Вежновец, 1984.

В.Вежнавец @

Мізіда рэліктавая (Mysis relicta Loven, 1863)
Атрад Мізіды (Mysidacea), сямейства Мізідавыя (Mysidae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны прадстаўнік роду ў фауне Беларусі. Ледавікова-марскі рэлікт чацвярцічнага перыяду. Корм для рыб.
Кароткае апісанне. Звонку нагадвае маленькіх крэветак. Цела выцягнутае, даўжынёй 8-16 мм, вочы на сцяблінках, галава і грудзі пакрыты цыліндрычным хіцінавым карапаксам, брушка тонкае, канчаецца хваставым веерам, які складаецца з пласцінак тэльсона з плоскімі двухгалінастымі ўраподамі па краях.
Пашырэнне. Поўнач Эўразіі, Паўночная Амерыка. У Беларусі праходзіць паўднёвая мяжа арэала віду. Знойдзена ў азёрах Паўночны і Паўднёвы Валасо, Дрысвяты [1].
Месцы пражывання. Чыстыя аліга- і мезатрофныя азёры ледавіковага паходжання з высокім утрыманнем кіслароду ў вадзе [2]. Аддае перавагу слаям вады з тэмпературай не больш за 14°С.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У час прыдоннай тралавай лоўлі за некалькі хвілін трапляецца ад адзінак да соцень экземпляраў [3]. Колькасць зніжаецца пад уздзеяннем антрапагеннага эўтрафіравання і забруджвання вадаёмаў.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Зніжэнне канцэнтрацыі кіслароду ў прыдонных слаях вады ніжэй 2 мг/л, цеплавое забруджванне вадаёма [4].
Асаблівасці біялогіі. Вядуць калядонны спосаб жыцця. Ажыццяўляюць сутачныя вертыкальныя міграцыі ў тоўшчы вады. Працягласць жыццёвага цыклу ў дробных асобін 1 год, у буйных - 2 гады. Размнажэнне пачынаецца позняй восенню. Пладавітасць ад 9 да 40 яек. Развіццё яек і эмбрыёнаў да малявак адбываецца зімой у вывадковай сумцы. Масавае паяўленне малявак вясной. Кормяцца ўзважанымі часцінкамі ў тоўшчы вады, дэтрытам з паверхні дна, а таксама больш дробнымі іншымі ракападобнымі.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца на тэрыторыі заказніка «Міжазёрны». Занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [5].
Неабходныя меры аховы. Забарона прымянення хімічных сродкаў і кантроль за выкарыстаннем мінеральных угнаенняў на вадазборах з рэліктавай фаунай. Арганізацыя азёрных заказнікаў.

Літ.: 1. Вежновец, Семенченко, 1977; 2. Сущеня, Семенченко, Вежновец, 1986; 3. Байчораў, 1978; 4. Хмелёва и др., 1979; 5. Чырвоная кніга БССР, 1981.

В.Вежнавец @

Бакаплаў Паласа (Pallasea quadrispinosa Sars, 1861)
Атрад Бакаплавы (Amphipoda), сямейства Гамарыды (Gammaridae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Ледавікова-прэснаводны рэлікт чацвярцічнага перыяду [1]. Адзін з 11 відаў роду ў сусветнай фауне, у Беларусі адзіны прадстаўнік роду.
Кароткае апісанне. Цела даўжынёй 10-15 мм, сціснутае з бакоў, складаецца з 18 сегментаў, дзе адрозніваюць 3 аддзелы: галаўны, грудны і брушны. На канцы брушнога аддзела пласцінка - тэльсон, будова якога з'яўляецца адной з асноўных вызначальных прыкмет. У адрозненне ад тэльсона понтапарэі ён не расшчэплены да канца, а толькі мае неглыбокую выемку. На спінным баку пярэдніх абдамінальных сегментаў 2 вострыя, накіраваныя назад шыпы.
Пашырэнне. Поўнач Эўропы. Па тэрыторыі Беларусі праходзіць паўднёвая мяжа арэала віду. Пашыраны ў азёрах Браслаўскай групы, у азёрах Лукомскае (Чашніцкі раён) і Доўгае (Глыбоцкі раён) [1, 2].
Месцы пражывання. У адрозненне ад іншых рэліктавых ракападобных пражывае ў азёрах рознага тыпу - ад эўтрофных да алігатрофных. Трапляецца не толькі на глыбакаводных участках дна, але і на мелкаводдзі.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Звестак няма.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Эўтрафаванне азёр, забруджванне вадаёмаў прамысловымі адходамі і ядахімікатамі.
Асаблівасці біялогіі. Жыве на дне вадаёмаў. Монацыклічны від. Размнажаецца на працягу ўсяго года. Сярэдняя пладавітасць 45 яек [1].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў ландшафтным заказніку «Міжазёрны». Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [3].
Неабходныя меры аховы. Забарона выкарыстання ядахімікатаў, гербіцыдаў на землях, якія прылягаюць да вадаёмаў з рэліктавай фаунай. Арганізацыя азёрных заказнікаў з мэтай зберажэння рэліктавага комплексу (бакаплаў Паласа, понтапарэя, мізіда і лімнакалянус).

Літ.: 1. Сущеня, Семенченко, Вежновец, 1986; 2. Вежновец, Семенченко, 1977; 3. Чырвоная кніга БССР, 1981.

В.Вежнавец @

Понтапарэя (Pontoporeia affinis Lind., 1883)
Атрад Бакаплавы (Amphipoda), сямейства Хаўстарыды (Haustoriidae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Ледавікова-марскі рэлікт чацвярцічнага перыяду.
Кароткае апісанне. Цела даўжынёй 8-10 мм, складаецца з 18 сегментаў (4 галаўныя, 14 тулаўныя) і падзяляецца на 3 аддзелы: галаўны, грудны і брушны. Галава ўтворана злітымі разам сегментамі з першым грудным і мае ротавыя прыдаткі. На кожным грудным і брушным сегменце размешчаны па пары канечнасцей, якія служаць для ўтрымання корму, перамяшчэння па паверхні грунту і ў тоўшчы вады, а таксама для дыхання. На заднім краі апошняга брушнога сегмента знаходзіцца пласцінка - тэльсон. Глыбокая выемка на тэльсоне, якая раздзяляе яго на 2 лопасці з 1-3 шыпікамі на канцы - вызначальная прыкмета понтапарэі. На спінным баку ўсіх брушных сегментаў вельмі кароткія, тонкія валаскі.
Пашырэнне. Азёры паўночнай часткі Эўропы, Паўночнай Амерыкі, Канады. Па тэрыторыі Беларусі праходзіць паўднёвая мяжа арэала віду [1]. Понтапарэя знойдзена ў азёрах Браслаўскай групы (Паўднёвы Валасо, Снуды).
Месцы пражывання. Глыбокія алігатрофныя і мезатрофныя азёры з вялікай колькасцю кіслароду ў вадзе. Аддае перавагу глеістым і глеіста-пясчаным донным адкладам, размяшчаецца на глыбіні больш за 10 м пры нізкай тэмпературы.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У вадаёмах Беларусі максімальная колькасць да 2400 рачкоў на 1 м2 [2, 3]. Колькасць скарачаецца.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Зніжэнне канцэнтрацыі кіслароду ў прыдонных слаях азёраў у выніку эўтрафіравання і забруджвання вадаёмаў. Павышэнне тэмпературы вады пры цеплавым забруджванні.
Асаблівасці біялогіі. Жыве на дне вадаёмаў. Працягласць жыцця да 3 гадоў. Палаваспелая на 2-3 годзе. Размнажэнне прымеркавана да асенне-зімняга перыяду. Самкі выношваюць яйкі ў вывадковай сумцы на працягу 3,5 месяца да поўнага развіцця малявак. Сярэдняя пладавітасць 16 яек.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Возера Паўднёвы Валасо ўключана ў склад ландшафтнага заказніка «Міжазёрны». Понтапарэя занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г.
Неабходныя меры аховы. Забарона прымянення ядахімікатаў, гербіцыдаў і ўгнаенняў на землях, якія прылягаюць да вадаёмаў з рэліктавай фаунай. Арганізацыя азёрных заказнікаў.

Літ.: 1. Вежновец, Семенченко, 1977; 2. Семенченко, 1978; 3. Сущеня, Семенченко, Вежновец, 1986.

В.Вежнавец @

Шыракапальцы рак (Astacus astacus L., 1758)
Атрад Дзесяціногія (Decapoda), сямейства Рачныя ракі (Astacidae)

Статус. III катэгорыя. Від пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 2 відаў роду ў фауне Беларусі. Раней быў аб'ектам промыслу.
Кароткае апісанне. Цела даўжынёй да 30 см, складаецца з галавагрудзей, брушка і тэльсона. 19 пар канечнасцей выконваюць розныя функцыі: антэнулы (2 пары) служаць органамі нюху і дотыку, сківіцы (3 пары) і нагасківіцы (3 пары) - для ўтрымання і раздраблення корму, першая пара хадзільных ног (5 пар) утварае клюшні, першыя дзве пары брушных ног (6 пар) у самцоў ператварыліся ў капулятыўны орган. Цела карычневае (да чорнага) або аліўкава-карычневае. Галавагрудзі ўкрыты цвёрдым гладкім шчытом без шыпоў, па баках іншы раз пакрыты бугаркамі. Клюшні шырокія, карычнева-чырвоныя знізу, з выемкай на сярэдзіне нерухомага пальца [1].
Пашырэнне. Эўропа. У Беларусі трапляецца спарадычна, часцей у азёрах і рэках паўночнай часткі.
Месцы пражывання. Чыстыя, пераважна праточныя вадаёмы з рознымі грунтамі, за выключэннем глеістых [1, 2], колькасць іх скарачаецца ў выніку гаспадарчай дзейнасці чалавека.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Колькасць папуляцый і арэал скарачаюцца. Аб колькасці ўскосна можна меркаваць па прамысловых уловах: у 1930-я гады здабывалі да 200 ц, у пачатку 1950-х не болей як 20 ц. У апошнія гады шыракапальцы рак захаваўся толькі ў 6 з 20 раней улічаных азёраў басейна Заходняй Дзвіны. Ва ўловах не трапляецца.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Забруджванне вадаёмаў ядахімікатамі, бытавымі сцёкамі і мінеральнымі ўгнаеннямі, меліярацыйныя мерапрыемствы, канкурэнтныя адносіны з вузкапальцым ракам.
Асаблівасці біялогіі. Полавая спеласць настае ва ўзросце 3-4 гадоў пры даўжыні самак 8 см, самцоў 7 см [1]. Спароўванне ў кастрычніку, адкладванне ікры праз 10-15 сутак. Сярэдняя плоднасць 160-180 ікрынак [1, 3]. Ікра прымацоўваецца да брушных ножак і выношваецца самкай на працягу 7-8 месяцаў. Да часу вылуплівання лічынак (чэрвень) захоўваецца 30-40% ікры, адкладзенай увосень. Лічынкі да першай лінькі прымацаваны да брушных ножак маці, потым хаваюцца пад брушка толькі пры небяспецы, першы час кормяцца за кошт запасаў жаўтка ў галавагрудзях, рэшткамі яйкавых абалонак, водарасцямі, зоапланктонам. Пасля лінькі ў корме моладзі і старэйшых узроставых груп пераважае раслінны кампанент. Жывёльны корм (зоапланктон, бентас, зрэдку рыба) складае не больш за 15% і павялічваецца ў перыяд інтэнсіўных энергетычных затрат (размнажэнне, лінька, падрыхтоўка да зімоўкі).
Развядзенне. Ёсць звесткі пра вырошчванне рака ў Летуве [1].
Прынятыя меры аховы. У 1969 г. забаронена лоўля ракаў у час лінькі, спароўвання і выношвання ікры, а таксама лоўля асобін, якія не дасягнулі даўжыні 9 см. З 1981 г. шыракапальцы рак занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі [4] і лоўля яго поўнасцю забаронена, што ўлічваецца Правіламі аматарскага і спартыўнага рыбалоўства ў Беларусі [5].
Неабходныя меры аховы. Арганізацыя азёрных заказнікаў, барацьба з забруджваннем вадаёмаў. Штучнае развядзенне і рассяленне ракаў.

Літ.: 1. Цукерзис, 1979; 2. Штейнфельд, Захаренков, Соболь, 1968; 3. Штейнфельд, 1957; 4. Чырвоная кніга БССР, 1981; 5. Правила, 1984.

А.Штэйнфельд ##Chapter: 18. Двухстворкавыя малюскі @

Жамчужніца звычайная (эўрапейская) (Margaritifera margaritifera L., 1758)
Атрад Уніяніды (Unionidae), сямейства Прэснаводныя жамчужніцы (Margaritiferidae)

Статус. I катэгорыя. Магчыма, зніклы від. Занесена ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Галарктычны від. Адзін з 4 відаў сусветнай фауны.
Кароткае апісанне. Цела даўжынёю да 130 мм, укрыта ракавінай, утворанай дзвюма авальнымі створкамі, якія ахопліваюць цела з бакоў і звязаны на спіне эластычнай перамычкай - лігаментам. Верхавінка створкі ссунута наперад. Вонкавая паверхня створак пакрыта лініямі нарастання ракавіны, унутраная - перламутрам. У адрозненне ад малюскаў сямейства уніянід замок ракавіны мае толькі масіўныя пярэднія зубы.
Пашырэнне. Поўнач Эўропы і Амерыкі. У Беларусі да сярэдзіны 19 стагоддзя жамчужніцы трапляліся паўсюдна ў рэках паўночнай часткі, у цяперашні час не выяўлены. Магчыма наяўнасць у паўночна-ўсходніх раёнах Віцебскай вобласці (у басейне Заходняй Дзвіны) [2].
Месцы пражывання. Жыве толькі ў чыстых, багатых на кісларод праточных рэчках і ручаях. Аддае перавагу месцам з пясчаным грунтам, ахаваным ад моцнага цячэння, пазбягае жорсткай вады і забалочаных берагоў [2, 3].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Не вызначана.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Забруджванне рэк сцёкавымі водамі. Драпежніцкае вынішчэнне жамчужніц у мінулым з мэтай атрымання жэмчугу і перламутру [4].
Асаблівасці біялогіі. Палаваспеласць настае на 2-3 годзе жыцця. Плоднасць ад 300 тысяч да 3 мільёнаў яек. Апладненне і адкладванне яек у жабры малюска ў ліпені-чэрвені. Лічынкі (глахідыі) выходзяць наверх у верасні і на працягу 1-2 месяцаў паразітуюць на скуры, плаўніках і жабрах рыб (гальяна, эўрапейскага харыуса, фарэлі і інш.), потым апускаюцца на дно вадаёма і развіваюцца ў маладога малюска. Растуць вельмі марудна, да 10 гадоў дасягаюць 6 см, затым штогодны прырост каля 1 мм. Жэмчуг высокай якасці атрымліваецца праз 30-40 гадоў жыцця [4, 5]. Агульная працягласць жыцця 50-60, іншы раз 100-120 гадоў.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [6].
Неабходныя меры аховы. Забарона ўсіх відаў гаспадарчай дзейнасці, якая прыводзіць да забруджвання вадаёмаў на вадазборах рэк, дзе жывуць жамчужніцы. Арганізацыя рачных заказнікаў.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Властов, 1934; 3. Жадин, 1952; 4. Зорина, 1972; 5. Жизнь животных, т. 2, 1968; 6. Чырвоная кніга БССР, 1981.

В.Вежнавец ##Chapter: 21. Дзеразападобныя @

Лікападыела заліўная (Lycopodiella inundata (L.) Holub, 1964)
Парадак Дзярэзы (Lycopodiales), сямейства Дзеразовыя (Lycopodiaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэліктавы барэальны атлантычна-эўрапейскі лугава-балотны від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах і астраўных месцазнаходжаннях за паўднёва-ўсходняй мяжой суцэльнага пашырэння [1].
Кароткае апісанне. Невялікая (спараносныя парасткі вышынёй 10-15 см) шматгадовая расліна з паўзучым, амаль неразгалінаваным сцяблом даўжынёй 75-100 см, якое месцамі перарываецца. Стробілы адзінкавыя, цыліндрычныя. Спарафілы шылападобныя, зялёныя.
Асаблівасці біялогіі. Спараносіць у ліпені. Размнажаецца спорамі і вегетатыўна.
Пашырэнне. Эўразія - асобныя астравы і эксклавы ў Эўрапейскай частцы, на Каўказе, у Заходняй і Ўсходняй Сібіры, на Далёкім Усходзе. У Беларусі трапляецца спарадычна, пераважна на Палессі (Гомельскі, Жыткавіцкі, Жлобінскі, Лунінецкі, Пінскі, Столінскі раёны), а таксама ў Белавежскай пушчы, на Наваградскім, Менскім і Аршанска-Магілеўскім (Крычаўскі і Магілеўскі раёны) узвышшах.
Месцы росту. Асакова-сфагнавыя балоты, сырыя грунтавыя агаленні і выемкі грунту. Аддае перавагу сырому торфу і пяску, на поўдні арэала трапляецца ў кар'ерах і каля дарог.
Характар росту. Расце невялікімі, часам даволі значнымі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушэнне зямель і іх сельскагаспадарчае асваенне.
Культываванне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы, Бярэзінскім і Прыпяцкім запаведніках.
Неабходныя меры аховы. Захаванне экалагічнага рэжыму месцазнаходжанняў і, перш за ўсё, рэжыму ўвільгатнення.

Літ.: Редкие и исчезающие виды..., 1987.

Л.Семярэнка @

Баранец звычайны (Huperzia selago (L.) Bernh. ex Schrank et Mart., 1829)
Парадак Дзярэзы (Lycopodiales), сямейства Баранцовыя (Huperziaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Галарктычны арктабарэальны від, які ў Беларусі знаходзіцца паблізу паўднёвай мяжы арэала. Лекавая расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая вечназялёная расліна з узыходнымі аблісцелымі сцёбламі вышынёй 10-20 см і кароткім карэнішчам. Сцябло дыхатамічна галінастае. Лісце цвёрдае вузкаланцэтнае суцэльнакрайняе або каля верхавінкі слабазубчастае, прыціснутае або злёгку адагнутае, размешчана спіралямі накшталт чарапіцы. Спарангіі жаўтаватыя, размешчаны па аднаму ў пазухах спарафілаў некалькі ніжэй верхавінкі сцябла.
Асаблівасці біялогіі. Спараносіць у ліпені. Размнажэнне споравае і вегетатыўнае. За год адрастае на 2-3 мм.
Пашырэнне. Лясная і лесатундравая зоны абоіх паўшар'яў, Каўказ, горы Сярэдняй Азіі, Грэнландыя. У Беларусі вядомы звыш 50 месцазнаходжанняў, пераважна ў паўночных, заходніх і цэнтральных раёнах, на поўдні - рэдкі, у паўднёва-ўсходняй частцы тэрыторыі адсутнічае [1, 2].
Месцы росту. Яловыя, шыракаліста-яловыя, ясене-чорнаальховыя і чорнаальховыя лясы.
Характар росту. Расце асобнымі курцінамі і невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка лесу, асушэнне зямель, вытоптванне і бескантрольная нарыхтоўка раслін.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [3]. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы, Бярэзінскім запаведніку і некаторых дзяржаўных заказніках, створаны спецыялізаваныя батанічныя заказнікі мясцовага значэння.
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцый, забарона нарыхтовак як лекавай сыравіны.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Козловская, Парфенов, 1972; 3. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Н.Казлоўская @

Палушнік азёрны (Isoetes lacustris L., 1753)
Парадак Палушнікі (Isoetales), сямейства Палушнікавыя (Isoetaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных плошчах.
Значэнне ў захаванні генафонду. Барэальны, амфіатлантычны рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах за паўднёва-ўсходняй мяжой арэала [1, 2]. Дэкаратыўная, прыдатная для аквакультуры расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая вечназялёная водная разнаспоравая расліна вышынёй 8-20 см з укарочаным сцяблом і клубнепадобным карэнішчам са шматлікімі каранямі. Ад сцябла адыходзіць пучком жорсткае цёмна-зялёнае шылападобнае лісце (філоіды): унутранае лісце (трафафілы) стэрыльнае, вонкавае (спарафілы) з расшыранай асновай - фертыльнае. У пазухах лісця ўтвараюцца сядзячыя макра- і мікраспарангіі, прыкрытыя пакрывалам (вэлюмам). Мегаспоры (50-100) бугорчата-маршчакаватыя. Сперматазоіды шматжгуцікавыя [2-5].
Асаблівасці біялогіі. Спараносіць у жніўні-верасні. Размнажэнне споравае. Жаночы спарафіт жыве за кошт пажыўных рэчываў мегаспоры [4].
Пашырэнне. Эўразія (паўночныя, паўночна-заходнія і цэнтральныя раёны Ўсходняй Эўропы, Заходняя Сібір), Паўночная Амерыка [3-5]. У Беларусі трапляецца пераважна ў Беларускім Паазер'і: Гарадоцкі (азёры Белае і Лосвіда), Полацкі (азёры Белае, Вялікае Белае, Малое Белае, Глыбокае, Чарбамысла, Вялікае Астравіта) і Ўшацкім (воз. Крывое) раёнах, а таксама ў Наваградскім (воз. Свіцязь) і Лунінецкім (воз. Белае) раёнах [5-12].
Месцы росту. Пясчаныя літаралі алігатрофных і мезатрофных з прыкметамі алігатрафіі азёр з вельмі нізкай мінералізацыяй вады, на глыбіні 30-300 см.
Характар росту. Утварае чыстыя або мяшаныя (з лабеліяй Дортмана і эладэяй канадскай) прыбярэжныя зараснікі («палушнікавыя лугі») шырынёй 20-50 м.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Забруджванне, эўтрафікацыя і абмяленне вадаёмаў, празмерная рэкрэацыйная і гаспадарчая дзейнасць (лоў рыбы сеткамі, здабыча сапрапелю і інш.), змена клімату і тэмпературнага рэжыму вадаёмаў, выцясненне палушніка больш канкурэнтаздольнымі відамі.
Культываванне. Магчыма, вырошчваецца аматарамі-акварыумістамі [13].
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў ландшафтных заказніках «Свіцязянскі» і «Белае», азёрных заказніках «Крывое», «Глыбокае-Чарбамысла», «Вялікае Астравіта». Занесены ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [14] і Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [15].
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных і азёрных заказнікаў ва ўсіх вядомых і не ўзятых пад ахову месцах росту, пошук новых месцаў росту, забарона або абмежаванне ўказаных вышэй антрапагенных уздзеянняў, увядзенне ў аквакультуру, штучнае развядзенне і рассяленне ў прыродныя вадаёмы.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 3. Флора СССР, т. 1, 1934; 4. Флора Европейской части СССР, т. 1, 1974; 5. Флора БССР, т. 1, 1949; 6. Михайловская, 1958; 7. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 8. Курловіч (асаб. павед.); 9. Богдзель, Курловіч, 1977; 10. Dybowski, 1898; 11. Пачоский, 1900; 12. Мартыненко, 1971; 13. Жданов, 1987; 14. Моисеева, 1967; 15. Чырвоная кніга БССР, 1981.

П.Парфёнаў ##Chapter: 22. Хвошчападобныя @

Хвошч вялікі (Equisetum telmateia Ehrh., 1783 [E. majus Gars., 1767])
Парадак Хвашчы (Equisetales), сямейства Хвашчовыя (Equisetaceae)

Статус. I катэгорыя. Выключна рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Барэальны эўрапейска-малаазійскі (атлантычна-міжземнаморскі) горны рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў адзіным ізаляваным месцазнаходжанні за ўсходняй мяжой арэала [1].
Кароткае апісанне. Шматгадовая споравая расліна вышынёй 25-120 см з доўгім паўзучым галінастым карэнішчам. Сцёблы членістыя, рабрыстыя, дыморфныя. Спараносныя (веснавыя) сцёблы бурыя, тоўстыя, са стробілам даўжынёй 3-8 см і похвамі з 20-30 зубцамі; неспараносныя (летнія) - зялёныя, галінастыя, з вялікай цэнтральнай поласцю; галіны накіраваны коса ўверх [2, 3].
Асаблівасці біялогіі. Спараносіць у красавіку. Размнажэнне споравае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Сярэдняя і Атлантычная Эўропа, Скандынавія, Міжземнамор'е, Каўказ, Малая Азія, Паўночная Амерыка [3]. У Беларусі вядома месцазнаходжанне паблізу г. Петрыкава [4].
Месцы росту. Парослыя хмызняком схілы карэннага берага ракі з крыніцамі і гліністай глебай.
Характар росту. Расце адзіночнымі экземплярамі і невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне, водапаніжэнне).
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [5].
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцыі, арганізацыя спецыялізаванага батанічнага заказніка, пошук новых месцаў росту, абмежаванне антрапагенных уздзеянняў, увядзенне ў культуру, рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Флора СССР, т. 1, 1934; 3. Флора Европейской части СССР, т. 1, 1974; 4. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і Прыпяцкага запаведніка; 5. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Г.Вынаеў @

Хвошч стракаты (Equisetum variegatum Schleicher ex Weber et Mohr, 1807)
Парадак Хвашчы (Equisetales), сямейства Хвашчовыя (Equisetaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэліктавы цыркумпалярны арктаальпійскі від, які ў Беларусі знаходзіцца ў ізаляваных лакалітэтах і астраўных месцах росту на паўднёвай мяжы арэала [1].
Кароткае апісанне. Шматгадовая споравая расліна з цвёрдымі зімуючымі рабрыстымі сцёбламі вышынёй 6-30 см. Карэнішча моцна разгалінаванае, буравата-чорнае, часта ўтварае дзернавіну. Стробілы верхавінкавыя, даўжынёй да 5 мм, крыху таўсцейшыя за сцябло. Похвы вузкія чорныя; зубцы іх шырокаяйкападобныя, уверсе рэзка адцягнутыя ў асцюкаваты канец, з бурай сярэдняй лініяй і белым краем [2].
Асаблівасці біялогіі. Спараносіць у красавіку-жніўні. Размнажэнне вегетатыўнае і споравае.
Пашырэнне. Арктычныя тундравыя і горныя раёны Эўразіі і Паўночнай Амерыкі [3], у лясной зоне трапляецца рэдка як рэліктавая або заносная расліна. У Беларусі знойдзены на ўзбярэжжы азёр Дрысвяты, Дрывяты, Валасо (Браслаўскі раён) і Доўгае (Глыбоцкі раён); у Берасцейскім, Маладэчанскім, Магілеўскім, Зэльвенскім і Пухавіцкім раёнах адзначана толькі як заносная расліна.
Месцы росту. Вільготныя пясчаныя і галечныя берагі азёр, забалочаныя ключавіны і прыбярэжныя лужкі. Заносныя расліны трапляюцца на сырых пясках, па вільготных кюветах, насыпах дарог.
Характар росту. Расце невялікімі групамі і буйнымі курцінамі, нярэдка на значнай плошчы.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушэнне і гаспадарчая трансфармацыя зямель.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў ландшафтным заказніку «Міжазёрны» і азёрным заказніку «Доўгае».
Неабходныя меры аховы. На азёрах Дрысвяты і Дрывяты стварыць спецыялізаваныя батанічныя заказнікі з абмежаваннем рэкрэацыйных нагрузак, забаронай меліярацыйных і будаўнічых работ.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Флора Европейской части СССР, 1974; 3. Кобелева, 1974.

Г.Вынаеў ##Chapter: 23. Папарацепадобныя @

Граздоўнік рамонкалісты (Botrychium matricariifolium A.Braun ex Koch., 1845)
Парадак Вужоўнікі (Ophioglossales), сямейства Вужоўнікавыя (Ophioglossaceae)

Статус. I катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўрапейска-паўночнаамерыканскі барэальна-лясны від, які знаходзіцца ў ізаляваных лакалітэтах за паўднёва-ўсходняй мяжой арэала [1].
Кароткае апісанне. Шматгадовая раўнаспоравая папарацепадобная расліна з дыферэнцыраванай на стэрыльны і спараносны ўчасткі ліставой пласцінкай. Вышыня 10-15 см. У ніжняй частцы сцябло нярэдка чырванаватае. Неспараносная ліставая пласцінка простаперыстая з тупымі няправільнымі долямі, прадаўгавата-яйкападобная, на ножцы.
Асаблівасці біялогіі. Спараносіць у чэрвені-жніўні. Размнажэнне споравае.
Пашырэнне. Сярэдняя і Атлантычная Эўропа, усходняя частка Паўночнай Амерыкі. У Беларусі вядомы месцы росту ў Докшыцкім (Бярэзінскі запаведнік), Чашніцкім, Петрыкаўскім (Прыпяцкі запаведнік) раёнах.
Месцы росту. Сухадольныя лугі, лясныя паляны і ўзлескі ў сасновых, яловых і ялова-шыракалістых лясах.
Характар росту. Расце паасобнымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчае выкарыстанне экатопаў, якія займае від, рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне).
Культываванне. Па Беларусі звестак няма. Культывуецца ў батанічным садзе Інстытута экалогіі раслін і жывёл УНЦ АН Расеі [2].
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Бярэзінскім і Прыпяцкім запаведніках.
Неабходныя меры аховы. Арганізацыя батанічнага мікразаказніка ў Чашніцкім раёне, кантроль за станам папуляцый і выяўленне новых месцаў росту, рассяленне ў адпаведныя экатопы, увядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Редкие и исчезающие виды природной флоры СССР..., 1983.

Л.Семярэнка @

Граздоўнік віргінскі (Botrychium virginianum (L.) Sw., 1802)
Парадак Вужоўнікі (Ophioglossales), сямейства Вужоўнікавыя (Ophioglossaceae)

Статус. I катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Барэальны лугава-лясны від, які знаходзіцца ў ізаляваных лакалітэтах на паўднёвай мяжы спарадычнага пашырэння [1]. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая раўнаспоравая папарацепадобная расліна з дыферэнцыраванай на стэрыльны і спараносны ўчасткі ліставой пласцінкай. Вышыня 20-45 (80) см. Вегетатыўная частка травяністая, сядзячая, тройчы-, чатырохперыстая з вострымі і зубчастымі сегментамі апошняга парадку. Спараносная частка на доўгай ножцы, двойчы- або тройчыперыстаразгалінаваная.
Асаблівасці біялогіі. Спараносіць у чэрвені-жніўні. Размнажэнне споравае.
Пашырэнне. Сярэдняя і Атлантычная Эўропа, Скандынавія, паўночныя, паўночна-заходнія і цэнтральныя раёны Ўсходняй Эўропы, Карпаты і горныя раён Заходняй Сібіры. У Беларусі знойдзены ў Барысаўскім (Бярэзінскі запаведнік) і Чэрыкаўскім (Чэрыкаўскі паляўнічы заказнік) раёнах.
Месцы росту. Яловыя, шыракаліста-яловыя і шыракалістыя лясы, узлескі, хмызнякі, ускраіны балот з добра развітым травяным покрывам.
Характар росту. Расце паасобнымі экземплярамі або невялікімі групамі на вельмі абмежаваных плошчах.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка лясоў, асушальная меліярацыя і разворванне зямель, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне).
Культываванне. У Беларусі звестак няма. Культывуецца ў батанічным садзе Інстытута экалогіі раслін і жывёл УНЦ АН Расеі [2].
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Бярэзінскім біясферным запаведніку, Чэрыкаўскім паляўнічым заказніку.
Неабходныя меры аховы. Узмацненне рэжыму аховы ў месцах росту з ажыццяўленнем маніторынга стану папуляцый, пошук новых месцаў росту, увядзенне ў культуру і рассяленне ў адпаведныя экатопы.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Редкие и исчезающие виды природной флоры СССР..., 1983.

Л.Семярэнка @

Чыставуст каралеўскі (Osmunda regalis L., 1753)
Парадак Мнаганожкі (Polypodiales), сямейства Чыставуставыя (Osmundaceae)

Статус. I катэгорыя. Выключна рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Акіянічны (амфіатлантычны) рэліктавы від міжнароднага значэння, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобным лакалітэце на ўсходняй мяжы эўрапейскага фрагмента арэала [1].
Кароткае апісанне. Шматгадовазялёная (ва ўмовах Беларусі летнезялёная) паўдрэвападобная папараць вышынёй 80-120 (200) см з моцным разгалінаваным касым карэнішчам. Сцябло ўкарочанае, звычайна прамастойнае, адраўнелае, укрытае рэшткамі чаранкоў апалага лісця і шматлікімі чорнымі паветранымі каранямі. Лісце бледна-зялёнае, буйное, на доўгіх чаранках. Верхнія сегменты лісця вузкалінейныя, спараносныя, па ўсёй паверхні ўкрытыя сорусамі, сабраны ў канцавую сціснутую мяцёлку (спачатку зялёная, па меры выспявання спор становіцца карычневай і да моманту іх высыпання - бурай) [2].
Асаблівасці біялогіі. Спараносіць у чэрвені-жніўні. Размнажэнне споравае і вегетатыўнае (парасткамі карэнішча).
Пашырэнне. Скандынавія (поўдзень), Сярэдняя і Атлантычная Эўропа, Каўказ, Закаўказзе, Міжземнамор'е, Малая Азія, Іран [2, 6]. У Беларусі вядома месцазнаходжанне ў Берасцейскім раёне [3, 4].
Месцы росту. Сырыя сасновыя, мяшаныя і чорнаальховыя лясы (звычайна ўзлескі), адкрытыя тарфяныя і лясныя балоты, берагі азёр.
Характар росту. Расце невялікімі групамі і асобнымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушальная меліярацыя, гаспадарчая трансфармацыя зямель, высечка лесу, выпас жывёлы, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР з 1978 г. [5, 6]. Ахоўваецца ў дзяржаўным біялагічным заказніку «Селяхі».
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцыі, пошук новых месцаў росту, увядзенне ў культуру, рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Флора Европейской части СССР, т. 1, 1974; 3. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 4. Бурдин, Шокало, 1985; 5. Красная книга СССР, 1978; 6. Красная книга СССР, 1985.

Н.Казлоўская @

Пузырнік судэцкі (Cystopteris sudetica A.Braun et Milde, 1855)
Парадак Мнаганожкі (Polypodiales), сямейства Качадыжнікавыя (Athyriaceae)

Статус. I катэгорыя. Выключна рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўрасібірскі старажытнатаежны рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў ізаляваных лакалітэтах эўрапейскага фрагмента дыз'юнктыўнага эўразійскага арэала [1].
Кароткае апісанне. Шматгадовая папараць вышынёй 10-35 см з тонкім чарнаватым паўзучым карэнішчам. Лісце тонкае, на доўгіх чаранках, шырокаавальнае або шырокатрохвугольнае двойчы-тройчы перыстае. Ніжнія сегменты ліставой пласцінкі карацей за размешчаныя вышэй. Жылкі ліставых пласцінак выходзяць у выемчастыя зубцы. Сорусы круглаватыя, з плеўкавым пакрывальцам, залозістыя, размешчаны на тыльным баку ліставых жылак. Споры з тупымі кароткімі шыпікамі [2].
Асаблівасці біялогіі. Спараносіць у жніўні. Размнажэнне споравае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Паўночныя, паўночна-заходнія, заходнія і цэнтральныя раёны Ўсходняй Эўропы, Каўказ, Сярэдні Ўрал, горы Заходняй і Ўсходняй Сібіры, Далёкі Ўсход, Камчатка [2-5]. У Беларусі знойдзены ў Бярэзінскім запаведніку паблізу воз. Палік [6].
Месцы росту. Хвойныя, шыракаліста-хвойныя і шыракалістыя лясы [6, 7].
Характар росту. Расце невялікімі групамі і асобнымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка лесу, змяненне рэжымаў асвятлення і ўвільгатнення, выпас жывёлы.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Бярэзінскім запаведніку.
Неабходныя меры аховы. Выяўленне новых месцаў росту, увядзенне ў культуру, рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Флора СССР, т. 1, 1934; 3. Флора Европейской части СССР, т. 1, 1974; 4. Флора северо-востока Европейской части СССР, т. 1, 1974; 5. Определитель сосудистых растений Камчатской области, 1981; 6. Парфенов, Симонович, Ставровская, 1983; 7. Ставровская, 1986.

Л.Сімановіч @

Касцянец пасценны (Asplenium ruta-muraria L., 1753)
Парадак Мнаганожкі (Polypodiales), сямейства Касцянцовыя (Aspleniaceae)

Статус. I катэгорыя. Выключна рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Барэальна-галарктычны, пераважна амфіатлантычны петрафільны від папарацей, які знаходзіцца ў Беларусі ў ізаляваным лакалітэце за ўсходняй мяжой суцэльнага арэала [1].
Кароткае апісанне. Шматгадовая дробная папараць вышынёй 3-25 см з чорна-бурым кароткім карэнішчам і трохвугольна-яйкападобнымі, амаль скурыстымі, двойчы-тройчы перыстараздзельнымі зімуючымі ліставымі пласцінкамі. Сегменты пласцінкі першага і другога парадкаў чаргаваныя, радзей супраціўныя, на маленькіх чаранках; сегменты апошняга парадку рамбічна-адваротна-авальныя, буйныя. Чаранкі зялёныя, толькі каля асновы карычневыя. На ніжнім баку ліставой пласцінкі размешчаны прадаўгаватыя сорусы, пакрытыя пакрывалам [2, 3].
Асаблівасці біялогіі. Спараносіць у ліпені-жніўні. Размнажэнне вегетатыўнае і споравае.
Пашырэнне. Адносіцца да галарктычнага элемента флоры і мае цыркумпалярнае пашырэнне: амаль уся Эўразія [1-3] і Паўночная Амерыка. Аднак у межах такога вялізнага арэала трапляецца спарадычна і ў невялікай колькасці. У Беларусі вядомы толькі ў Вердаміцкім парку ў Свіслацкім раёне [4]. Раней адзначаўся ў наваколлі Горадні [5].
Месцы росту. Расце на мураваных агароджах, сценах будынкаў і збудаванняў. Як тыповы кальцэфіл рассяляецца па субстратах, якія ўтрымліваюць вапну і мел.
Характар росту. Трапляюцца адзінкавыя экземпляры і невялікія групы на абмежаваных плошчах.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Абмежаванае пашырэнне і разбурэнне субстратаў з утрыманнем вапны і мелу.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльныя меры аховы не прымаліся. Ахоўваецца на тэрыторыі помніка прыроды рэспубліканскага значэння - старажытнага Вердаміцкага парку.
Неабходныя меры аховы. Забарона рэканструкцыі і рэстаўрацыі адпаведнай часткі агароджы Вердаміцкага парку, кантроль за станам папуляцый, выяўленне новых месцаў росту і іх ахова, культываванне і штучнае рассяленне віду ў прыродныя ўмовы.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Флора Европейской части СССР, т. 1, 1974; 3. Флора северо-востока Европейской части СССР, т. 1, 1974; 4. Маньяков, 1983; 5. Севергин, 1803.

Г.Зубкевіч @

Мнаганожка звычайная (Polypodium vulgare L., 1753)
Парадак Мнаганожкі (Polypodiales), сямейства Мнаганожкавыя (Polypodiaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Барэальны горна-лясны рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў астраўных і асобных лакалітэтах паблізу ўсходняй мяжы эўрапейскага фрагмента арэала [1, 2]. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая папараць вышынёй 20-40 см з доўгім, паўзучым, густа ўкрытым бурымі ланцэтнымі лускавінкамі, на смак занадта салодкім карэнішчам. Лісце трохвугольна-ланцэтнае, перыста-раздзельнае, на доўгіх чаранках, размешчана 2 радамі на верхнім баку карэнішча. Сегменты іх суцэльна-крайнія або гародчатыя па краі. Сорусы голыя, акруглыя або эліптычныя, без індузіеў, фармуюцца на ніжнім баку сегментаў. Паліморфны від, у Беларусі знойдзены разнавіднасці: var. commune з акруглымі канцамі ліставых долей, var. rotundatum з моцна закругленымі канцамі ліставых долей і var. attenuatum з завостранымі канцамі і зубчастымі краямі верхніх ліставых долей. Пазначаныя разнавіднасці адносяцца да тыповага падвіду subsp. vulgare, але з'яўляюцца, відаць, асаблівымі геаграфічнымі расамі.
Асаблівасці біялогіі. Спараносіць у чэрвені-жніўні. Размнажэнне споравае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Эўразія (паўночныя, заходнія і цэнтральныя раёны Ўсходняй Эўропы, Крым, Каўказ, Заходняя Сібір, Сярэдняя Азія), Паўночная Амерыка [3]. У Беларусі трапляецца спарадычна па ўсёй тэрыторыі. Вядомы месцы росту ў Асіповіцкім, Барысаўскім, Гомельскім, Гарадзенскім, Докшыцкім, Лепельскім, Мазырскім, Мастоўскім, Мядзельскім, Пружанскім і Свіслацкім раёнах [4, 5]. Раней адзначалася ў наваколлі Магілева і Менска [6].
Месцы росту. Мінеральныя грунтавыя агаленні на схілах у далінах рэк і катлавінах азёр; радзей пні, каранёвыя лапы, паваленыя ствалы дрэў і замшэлыя валуны ў мяшаных, сасновых, саснова-яловых і шыракалістых (грабавых, грабава-чорнаальховых і дубова-грабавых) лясах і зараснікі хмызняку.
Характар росту. Расце невялікімі, радзей даволі значнымі, групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка лесу, гаспадарчая трансфармацыя зямель, выпас жывёлы, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі.
Культываванне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [7]. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы, Бярэзінскім біясферным запаведніку, ландшафтных заказніках «Блакітныя азёры», «Азёры», «Мазырскія яры».
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў у месцах росту, якія не ахоўваюцца, выяўленне новых месцаў росту, увядзенне ў культуру, рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 3. Флора Европейской части СССР, т. 1, 1974; 4. Николаев, Зефиров, 1971; 5. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і БДУ; 6. Пачоский, 1900; 7. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Г.Вынаеў @

Сальвінія плывучая (Salvinia natans (L.) All., 1785)
Парадак Сальвініі (Salviniales), сямейства Сальвініевыя (Salviniaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Трапагенна-барэальны эўразійскі рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца на паўночнай мяжы арэала [1, 2]. Дэкаратыўная расліна. Корм для вадаплаўных птушак і звяроў.
Кароткае апісанне. Аднагадовая водная свабоднаплаваючая разнаспоравая папараць без каранёў, з ніткападобным, пакрытым мяккімі валаскамі сцяблом даўжынёй да 10 см. Лісце сабрана па 3 у кальчакі: два лісты супраціўныя, плывучыя, светла-зялёныя, эліпсападобныя, суцэльнакрайнія, з белаватымі паветранымі пузыркамі па ўсёй паверхні; трэці - падводны, бураваты, рассечаны на ніткападобныя долі, апушаны, нагадвае карані. Каля асновы падводнага ліста ўтвараюцца шарападобныя апушаныя спаракарпіі (сорусы) з мікра- і макраспарангіямі, пакрытыя тонкай скурыстай абалонкай [2-6].
Асаблівасці біялогіі. Спараносіць у жніўні-верасні. Размнажэнне споравае і вегетатыўнае (асобнымі галінкамі). Спелыя споры апускаюцца на дно і перазімоўваюць, вясной усплываюць і прарастаюць. Споры могуць пераносіцца вадаплаўнымі птушкамі далёка за межы паўночнага арэала, але сальвінія ўтрымліваецца там звычайна 1-2 вегетацыйныя перыяды. У паўночных раёнах нярэдка пераходзіць выключна на вегетацыйнае размнажэнне. Функцыі каранёў выконвае падводнае лісце.
Пашырэнне. Эўразія (заходнія, цэнтральныя і ўсходнія раёны Ўсходняй Эўропы, Каўказ, Сярэдняя Азія, поўдзень Заходняй Сібіры, Далёкі Ўсход), поўнач Афрыкі, Паўночная Амерыка [2-5]. У Беларусі трапляецца ў даліне Прыпяці і нізоўях яе прытокаў - Піны, Ясельды, Убарці, Лані, Случы і інш., даліне Дняпра (ніжэй вусця Бярэзіны) і на р. Мухавец у Берасцейскім раёне [1, 2, 6-12]. Раней траплялася ў Белавежскай пушчы (у даліне р. Грыўда), у наваколлях Горадні, Наваградка, Слоніма, Менска і Касцюковічаў [7, 14, 15], аднак гэтыя месцы росту не пацвярджаюцца.
Месцы росту. Высокаэўтрофныя стаячыя і павольна цякучыя воды поймавых і лясных азёр, старыц, рачных заток глыбінёй 30-70 см.
Характар росту. Расце звычайна невялікімі групамі, часам утварае значныя зараснікі: найбольш буйныя (1-3 га) у воз. Карасіна ў Прыпяцкім запаведніку і воз. Заазер'е ў Нараўлянскім раёне [10, 11].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Забруджванне вадаёмаў і вадацёкаў, змяненне іх гідрахімічных умоў і абмяленне ў выніку гідрамеліярацыйных работ і водазабору, выкарыстанне водаматорнага транспарту, празмерныя рэкрэацыйныя і гаспадарча-эксплуатацыйныя (здабыча сапрапелю, лоўля рыбы сеткамі і інш.) нагрузкі, змяненне клімату і цеплазабеспячэння вадаёмаў, выцясненне больш канкурэнтаздольнымі відамі.
Культываванне. Вырошчваецца аматарамі-акварыумістамі.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. і Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [16, 17]. Ахоўваецца ў Прыпяцкім запаведніку, біялагічным заказніку «Нізоўе Случы» і шэрагу батанічных мікразаказнікаў у Лунінецкім і Нараўлянскім раёнах.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцаў росту, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя батанічных і гідралагічных (азёрных і рачных) заказнікаў ва ўсіх вядомых месцах росту, пошук новых месцаў росту, абмежаванне антрапагенных уздзеянняў, асабліва на ўчастку рэчышча і поймы Прыпяці ад Турава да Петрыкава, шырокае ўвядзенне ў аквакультуру, рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 3. Доброхотова, Ролдугин, Доброхотова, 1982; 4. Флора СССР, т. 1, 1934; 4. Флора Европейской части СССР, т. 1, 1974; 5. Флора БССР, т. 1, 1949; 6. Михайловская, 1953; 7. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 8. Русаленка (асаб. павед.); 9. Кісялёў, Пікулік, 1973; 10. Кісялёў, Пікулік, 1974; 11. Модель, 1956; 12. Полянская, 1931; 13. Пачоский, 1897; 14. Пачоский, 1900; 15. Жданов, 1987; 16. Моисеева, 1967; 17. Чырвоная кніга БССР, 1981.

П.Парфёнаў ##Chapter: 24. Голанасенныя @

Піхта белая (Abies alba Mill., 1768)
Парадак Хвоі (Pinales), сямейства Хваёвыя (Pinaceae)

Статус. I катэгорыя. Надзвычай рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі барэальны рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў астраўных месцах росту за паўночна-ўсходняй мяжой арэала [1, 2]. Тэхнічная, лекавая і дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Буйное вечназялёнае аднадомнае дрэва вышынёй да 33 м і дыяметрам ствала да 77 см. Крона амаль цыліндрычная з кальчаковымі галінкамі. Кара светла-зялёная, гладкая. Ігліца даўжынёй 2-3 см, лінейная, плоская, размешчана грабеньчата ў 2 рады, бліскучая, цёмна-зялёная, зверху з жалабкамі, знізу злёгку кіляватая, з 2 светлымі палоскамі. Хвоя рэпрадукцыйных парасткаў амаль 4-гранная. Мікрастробілы і жаночыя шышкі - у верхняй частцы кроны; шышкі прамастойныя, даўжынёй 10-16 см, пры выспяванні рассыпаюцца на асобныя карычневыя лускавінкі. Покрыўныя лускавінкі даўжэйшыя за насенныя, адагнутыя ўніз, на канцы з загнутым уніз вастрыём. Пупышкі авальныя, не пакрытыя смалой.
Асаблівасці біялогіі. Шышкі выспяваюць у канцы жніўня - пачатку верасня. Размнажаецца буйным, з шырокім светлым крылом насеннем [3, 4].
Пашырэнне. Сярэдняя і Атлантычная Эўропа, Карпаты, Міжземнамор'e [4]. У Беларусі вядома адно ізаляванае астраўное месца росту ў Белавежскай пушчы (квартал 562, урочышча «Цісаўка» у Пружанскім раёне) [6].
Месцы росту. Ялова-грабавая дубрава.
Характар росту. Трапляецца невялікімі групамі (у сярэднім 35 дарослых дрэў на плошчы 15 га), у маладняку - спантанныя сеянцы (самасеў).
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушальная меліярацыя і гаспадарчая трансфармацыя зямель, празмерныя заагенныя нагрузкі (падлесак амаль цалкам знішчаецца дзікімі капытнымі жывёламі - паяданне, вытоптванне).
Культываванне. Вырошчваецца ў некаторых лясгасах, парках і лесагадавальніках краіны, а таксама ў ЦБС АН Беларусі [6]. У культуры вырошчваецца ў Столінскім лясгасе.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы. Занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [7].
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцый, агароджванне месцаў росту ад пранікнення дзікіх капытных жывёл, аптымізацыя рэжыму ўвільгатнення ва ўрочышчы «Цісаўка», штучнае развядзенне ў гадавальніках і рассяленне ў іншыя месцы Белавежскай пушчы, больш шырокае ўвядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 3. Флора БССР, т. 1, 1949; 4. Флора Европейской части СССР, т. 1, 1974; 5. Николаева, Зефиров, 1971; 6. Древесные растения Центрального ботанического сада АН БССР, 1982; 7. Чырвоная кніга БССР, 1981.

В.Парфёнаў ##Chapter: 25. Пакрытанасенныя @

Боцікі шарсцістагубыя (Aconitum lasiostomum Reichenb., 1823-1827)
Парадак Казяльцовакветныя (Ranunculales), сямейства Казяльцовыя (Ranunculaceae)

Статус. I катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Усходне-эўрапейскі лесастэпавы эндэмічны рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах за паўночна-заходняй мяжой арэала [1]. Дэкаратыўная і ядавітая расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з прамым сцяблом вышынёй да 1,5 м і 3-5-далонепадобна рассечаным чаргаваным лісцем. Долі ліста шырокія клінападобныя, разыходныя. Ніжняе лісце на доўгіх чаранках, верхняе - кароткачаранковае або сядзячае. Суквецце - густая гронка даўжынёй 20-30 см з жаўтаватых кветак. Шлём пакрыт кароткімі кучаравымі валаскамі. Сярэднія долі калякветніка барадатыя. Плод - шматнасенная, апушаная лістоўка [2].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-жніўні, пладаносіць у жніўні-верасні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Стэпавая і лесастэпавая зоны Ўсходняй Эўропы [3]. У Беларусі выяўлены ў Гарадоцкім і Віцебскім раёнах [4]. Раней адзначаўся ў наваколлі Магілева [2, 5].
Месцы росту. Берагі рэк, парослыя хмызняком.
Характар росту. Расце невялікімі групамі або адзінкавымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гідрамеліярацыйныя работы, гаспадарчая трансфармацыя зямель, водапаніжэнне, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (зрыванне квітучых раслін).
Культываванне. У Летуве вырошчваецца як дэкаратыўная і лекавая расліна.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя батанічных заказнікаў у наваколлі Віцебска і Гарадоцкім раёне, выяўленне новых месцаў росту, увядзенне ў культуру, рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Флора БССР, т. 2, 1949; 3. Флора СССР, т. 7, 1937; 4. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і Віцебскага педінстытута імя Кірава; 5. Даныя гербарыя Доўнара, 1862.

Дз.Траццякоў @

Боцікі паўночныя (высокія) (Aconitum septentrionale Koelle, 1786 [Aconitum excelsum Reichenb.])
Парадак Казяльцовакветныя (Ranunculales), сямейства Казяльцовыя (Ranunculaceae)

Статус. I катэгорыя. Выключна рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўрасібірскі барэальна-таежны рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобным лакалітэце за паўднёва-заходняй мяжой арэала [1, 2]. Лекавая, дэкаратыўная і ядавітая расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з тоўстым кароткім карэнішчам і рабрыстым, апушаным сцяблом вышынёй да 2 м. Лісце буйное, даўжынёй да 15 см і шырынёй 25 см, сэрцападобнае або ныркападобна-акруглае, 3-9-пальчаста-раздзельнае на шырокія, амаль рамбічныя буйна-зубчастыя долі, зверху амаль голае, знізу апушанае. Кветкі брудна- або шаравата-фіялетавыя, сабраны ў рыхлую, у ніжняй частцы галінастую, коласападобную гронку. Чашалісцікі афарбаваныя, пялёсткападобныя: верхні - высокі, канічна-цыліндрычны, шлемападобны. Пялёсткаў (нектарнікаў) - 2. Плод - сухая шматнасенная лістоўка [1, 3, 4].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-жніўні, пладаносіць у жніўні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Эўразія [3, 4]. У Беларусі вядома месца росту ў наваколлі Віцебска [5-7]. Раней, як мяркуецца, адзначаўся для наваколля Копыся, Рагачова і Гомеля [8].
Месцы росту. Цяністыя ярыстыя берагі рэк, сярод зараснікаў вольхі шэрай, на рыхлай глебе.
Характар росту. Расце асобнымі экземплярамі і невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гідрамеліярацыйныя работы, гаспадарчая трансфармацыя зямель, водапаніжэнне, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (зрыванне квітучых раслін).
Культываванне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцыі, арганізацыя батанічнага заказніка ў наваколлі Віцебска, пошук новых месцаў росту, увядзенне ў культуру, рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Флора северо-востока Европейской части СССР, т. 3, 1976; 2. Atlas Florae Europaeae, vol. 8, 1989; 3. Флора БССР, т. 2, 1949; 4. Флора СССР, т. 7, 1937; 5. Сюборова, Скуратович, Мержвинский и др., 1991; 6. Даныя гербарыя Віцебскага педінстытута імя Кірава; 7. Шымко (асаб. павед.); 8. Чоколовский, 1882.

Дз.Траццякоў @

Чубатка прамежкавая (Corydalis intermedia (L.) Merat, 1812)
Парадак Макакветныя (Papaverales), сямейства Дымніцавыя (Fumariaceae)

Статус. I катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі рэліктавы горны від, які знаходзіцца ў Беларусі ў ізаляваных лакалітэтах па-за паўночна-ўсходняй мяжой арэала [1]. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна вышынёй 8-15 см з шчыльным шарападобным клубнем. Каля асновы сцябла - лускападобны ліст. Верхняе лісце доўгачаранковае, двойчы-, тройчырассечанае; сегменты на доўгіх, а зваротна-яйкападобна-клінападобныя долі на кароткіх чаранках. Кветкі з кароткім (да 15 мм) фіялетава-ружовым вяночкам, сабраны ў малакветкавую сціснутую гронку, паніклую да цвіцення і пры пладах. Прыкветнікі суцэльнакрайнія, зваротна-яйкападобныя. Шпорка прамая або злёгку загнутая; кветаножкі ў 3-6 разоў карацейшыя за плод. Плод - каробачка, якая раскрываецца 2 створкамі.
Асаблівасці біялогіі. Эфемероід. Цвіце ў красавіку-траўні, пладаносіць у траўні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Эўропа. У Беларусі знойдзены ў наваколлі в. Азяраны ў Жыткавіцкім раёне і ў Гомелі ў парку імя Луначарскага. Паводле літаратурных звестак прыводзіцца таксама для ваколіц Горадні [2].
Месцы росту. Шыракалістыя лясы і хмызнякі на добра гумусаваных карбанатных глебах [1].
Характар росту. Расце невялікімі групамі на абмежаваных плошчах.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка лесу з трансфармацыяй зямель, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне, зрыванне квітучых раслін).
Культываванне. Вырошчваецца ў Рэспубліканскім экалагічным цэнтры навучэнцаў у Менску.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Прыпяцкім запаведніку.
Неабходныя меры аховы. Наданне месцазнаходжанню ў Гомельскім парку статуса помніка прыроды мясцовага значэння, кантроль за станам папуляцый, выяўленне новых месцаў росту, забарона несанкцыянаванага збору раслін, мэтавая аптымізацыя ўмоў росту, шырокае ўвядзенне ў культуру, рассяленне ў прыродныя ўмовы.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Пачоский, 1901.

Л.Семярэнка @

Фіялка высокая (Viola elatior Fries, 1828)
Парадак Фіялкакветныя (Violales), сямейства Фіялкавыя (Violaceae)

Статус. I катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога хутка скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўразійскі лесастэпавы рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў асобных лакалітэтах за паўночна-заходняй мяжой арэала. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая кароткаапушаная травяністая расліна з прамастойным сцяблом вышынёй 15-50 см. Лісце трохвугольна прадаўгавата-ланцэтнае з вузкакрылатымі чаранкамі. Прыліснікі вельмі буйныя, лістападобныя, ланцэтныя або яйкападобна-ланцэтныя. Кветкі на кветаножках, светла-сінія з зеленаватым шпорцам, белаватым зевам і цёмнымі палоскамі на пялёстках. Чашалісцікі ланцэтныя, вострыя. Плод - сухая каробачка [1, 2].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў траўні-чэрвені, пладаносіць у ліпені. Размнажэнне насеннае.
Пашырэнне. Эўразія (заходнія і цэнтральныя раёны Ўсходняй Эўропы, Крым, Каўказ, горныя раёны Сярэдняй Азіі, Заходняя Сібір) [1]. У Беларусі вядома месца росту ў наваколлі Віцебска [3], ёсць гербарны экземпляр з Менскага раёна [4]. Раней адзначалася ў наваколлі Горадні, Слоніма, у былой Магілеўскай губерні [5].
Месцы росту. Поймавыя дубравы і лугі, хмызняковыя зараснікі, ускрайкі мяшаных лясоў.
Характар росту. Расце невялікімі групамі і адзінкавымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне, зрыванне раслін), касьба і выпас жывёлы.
Культываванне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцыі, арганізацыя ў вядомым месцы росту спецыялізаванага батанічнага заказніка, выяўленне новых месцаў росту, увядзенне ў культуру і рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Флора СССР, т. 15, 1949; 2. Флора БССР, т. 3, 1950; 3. Даныя гербарыя Віцебскага педінстытута імя Кірава; 4. Даныя гербарыя БДУ; 5. Пачоский, 1897.

Т.Сауткіна @

Першацвет высокі (Primula elatior (L.) Hill., 1765)
Парадак Першакветныя (Primulales), сямейства Першакветныя (Primulaceae)

Статус. I катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі горны рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах за ўсходняй мяжой арэала [1]. Лекавая, меданосная і дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая бессцябловая расліна з разеткай прыкаранёвага лісця і прамастойным кветаносам вышынёй 15-25 см. Суквецце парасонападобнае, з 5-10 кветак з светла-жоўтым венчыкам, які мае плоскі адгіб, роўны з трубкай. Плод - каробачка [2].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў канцы красавіка - пачатку траўня. Пладаносіць у траўні. Размнажаецца насеннем і вегетатыўна (парасткамі карэнішча).
Пашырэнне. Горныя раёны Сярэдняй, Атлантычнай і Паўднёвай Эўропы, поўдзень Скандынавіі [3]. У Беларусі вядомы месцы росту ў Пухавіцкім і Віцебскім раёнах [4, 5].
Месцы росту. Лугавіны з часовым празмерным увільгатненнем і каля крыніц.
Характар росту. Расце асобнымі экземплярамі і невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Касьба, выпальванне хмызнякоў, земляныя работы, вытоптванне, збор квітучых раслін.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [6] і ў Рэспубліканскім экалагічным цэнтры навучэнцаў у Менску.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў спецыялізаваным батанічным заказніку «Веленскі». Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [7].
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаванага батанічнага заказніка ў Віцебскім раёне, пошук новых месцаў росту і іх ахова, увядзенне ў культуру і штучнае рассяленне ў прыродныя ўмовы.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Флора БССР, т. 4, 1955; 3. Флора Европейской части СССР, т. 5, 1981; 4. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і Віцебскага педінстытута імя Кірава; 5. Козловская, Симонович, Блажевич и др., 1979; 6. Кухарева, Пашина, 1986; 7. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Н.Казлоўская @

Воўчнік баравы (Daphne cneorum L., 1753)
Парадак Воўчнікакветныя (Thymelaeales), сямейства Воўчнікавыя (Thymelaeaceae)

Статус. I катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Міжземнаморска-эўрапейскі горны рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў астраўных участках і асобных лакалітэтах на паўночна-ўсходняй мяжы пашырэння [1, 2]. Дэкаратыўная і лекавая расліна.
Кароткае апісанне. Невялікі, ад асновы галінасты, зімнезялёны куст вышынёй 15-20 (30) см з шэра-карычневай карой. Лісце сядзячае, чаргаванае, дробнае, скурыстае, лапатчатае або падоўжна-адваротнаяйкападобнае, круглаватае або злёгку выемчатае на верхавінцы. Кветкі ружовыя, пушыстыя, сабраны па 6-8 у галоўчатае суквецце на канцах парасткаў. Калякветнік просты з вузкай трубкай і чатырма долямі адгібу, звонку кароткаапушаны. Тычынак 8. Плод - жоўта-бурая ягада [3].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў траўні - пачатку чэрвеня, пладаносіць у чэрвені-ліпені. Размнажэнне насеннае. Асобныя галінкі могуць укараняцца. Працягласць жыцця звыш 20 гадоў.
Пашырэнне. Сярэдняя, Атлантычная і Паўднёвая Эўропа, Міжземнамор'е, Малая Азія [3]. У Беларусі вядомы 3 месцы росту ў Лельчыцкім раёне [4-8].
Месцы росту. Светлыя сасновыя і шыракаліста-сасновыя лясы, часцей на ўзлесках і лясных палянах.
Характар росту. Расце асобнымі экземплярамі і невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка лясоў, гаспадарчая трансфармацыя зямель, выпас жывёлы, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне), збор як дэкаратыўнай расліны і лекавай сыравіны [8].
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Прыпяцкім запаведніку. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г.
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў ва ўсіх вядомых месцах росту, пошук новых месцаў росту, увядзенне ў культуру, штучнае развядзенне і рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Козловская, Парфёнов, 1972; 2. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 3. Флора СССР, т. 15, 1949; 4. Козловская, Рыковский, Штутина, 1969; 5. Рубан, 1979; 6. Клакоцкая (асаб. павед.); 7. Парфенов, 1983; 8. Рекомендации..., 1989; 9, 10. Красная книга СССР, 1978, 1985; 11. Чырвоная кніга БССР, 1981.

В.Парфёнаў @

Дуброўка скальная (Potentilla rupestris L., 1753)
Парадак Ружакветныя (Rosales), сямейства Ружавыя (Rosaceae)

Статус. I катэгорыя. Выключна рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі горны рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў асобных лакалітэтах за ўсходняй мяжой арэала [1]. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з прамастойным сцяблом вышынёй 30-60 см і прыкаранёвай разеткай перыста-раздзельнага лісця. Кветкі белыя, сабраныя ў гронкі. Плод - шматарэшак [2].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў траўні-чэрвені. Зацвітае на другі год. Пладаносіць у ліпені-жніўні. Размнажэнне насеннае.
Пашырэнне. Сярэдняя Эўропа, Крым, Каўказ [3]. У Беларусі выяўлена толькі ў Слонімскім раёне [4]. Раней адзначалася для былой Гарадзенскай губерні [5].
Месцы росту. Расце на ўзлеску арляковай дубравы.
Характар росту. Трапляюцца адзіночныя экземпляры і невялікія групы (выяўлена некалькі дзесяткаў раслін у добрым стане).
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі, выпас жывёлы.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [6].
Прынятыя меры аховы. Спецыяльныя меры аховы не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Арганізацыя спецыялізаванага батанічнага заказніка ў Слонімскім раёне, кантроль за станам папуляцыі, выяўленне новых месцаў росту, шырокае ўвядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Флора БССР, т. 3, 1952; 3. Флора СССР, т. 15, 1938; 4. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 5. Пачоский, 1897; 6. Кухарева, Пашина, 1986.

Н.Казлоўская @

Канюшына чырванаватая (Trifolium rubens L., 1753)
Парадак Бабовакветныя (Fabales), сямейства Бабовыя (Fabaceae)

Статус. I катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў асобных лакалітэтах на ўсходняй мяжы арэала [1]. Кармавая і дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з прамастойным сцяблом вышынёй 20-50 см. Лісце трайчастаскладанае, з буйнымі ланцэтнымі прыліснікамі. Кветкі цёмна-пурпуровыя, сабраны ў адзіночную прадаўгаватую (у пачатку цвіцення канічную, пры пладах цыліндрычную) галоўку. Чашачка з 20 жылкамі, трубка чашачкі голая. Плод - маленькі яйкападобны аднанасенны плёнчаты струк [2, 3].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені, пладаносіць у ліпені-жніўні. Размнажэнне, магчыма, насеннае.
Пашырэнне. Сярэдняя Эўропа, Міжземнамор'е [2]. На тэрыторыі Беларусі знойдзены толькі ў Гарадзенскім і Ваўкавыскім раёнах [4]. Раней траплялася таксама ў наваколлі Горадні, Свіслачы, Магілева і ў Белавежскай пушчы [5].
Месцы росту. Расце на лясных палянах і ўзлесках у маладых хваёвых і мяшаных лясах.
Характар росту. Трапляюцца невялікія групы і асобныя экземпляры.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Тэхнагеннае ўздзеянне пры высечцы лесу, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне, зрыванне раслін), гаспадарчая трансфармацыя зямель. Пашырэнне на ўсход, відавочна, абмяжоўваецца нарастаннем кантынентальнасці клімату.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [6].
Прынятыя меры аховы. Спецыяльна не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў і кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, выяўленне новых месцаў росту, увядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Флора Европейской части СССР, т. 6, 1987; 3. Флора БССР, т. 3, 1950; 4. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 5. Пачоский, 1897; 6. Кухарева, Пашина, 1986.

Т.Сауткіна @

Астранцыя вялікая (Astrantia major L., 1753)
Парадак Араліякветныя (Araliales), сямейства Сельдэрэевыя (Парасонавыя) (Apiaceae (Umbelliferae))

Статус. I катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі рэліктавы горны від, які знаходзіцца ў Беларусі ў асобных лакалітэтах за паўночна-ўсходняй мяжой арэала [1-3]. Дэкаратыўная і лекавая расліна [4].
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з кароткім карэнішчам і прамым сцяблом вышынёй 50-80 см. Прыкаранёвае лісце на доўгіх чаранках, глыбока раздзеленае на 3-7-ланцэтныя або адваротнаяйкападобныя, па краі буйназубчастыя долі. Сцябловае лісце больш дробнае, з больш вузкімі долямі, кароткачаранковае або амаль сядзячае. Кветкі дробныя, шматлікія, белыя або чырванаватыя, сабраны ў складаныя парасонікі дыяметрам 3-4,5 см (краявыя кветкі тычынкавыя, унутраныя - песцікавыя). Агульная абгортка зорчатая, з 10-20 белых або чырванаватых плевачных падоўжна-лінейных лісцікаў. Плод - рабрысты віслаплоднік з уздутымі лусачкамі [5].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-жніўні, пладаносіць у жніўні-верасні. Зацвітае на другі год. Размнажэнне насеннае.
Пашырэнне. Горныя раёны Сярэдняй Эўропы. У Беларусі вядомы месцы росту ў Белавежскай пушчы і Пухавіцкім раёне [6, 7]. Раней указвалася для наваколля г.п. Антопаля (Драгічынскі раён) [8], аднак сучаснымі даследаваннямі не пацвярджаецца.
Месцы росту. Грабавыя дубравы і бярэзнікі, хмызняковыя зараснікі.
Характар росту. Расце асобнымі экземплярамі і невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель, выпас жывёлы, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне, зрыванне квітучых раслін).
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [4] і ў Рэспубліканскім экалагічным цэнтры навучэнцаў у Менску.
Прынятыя меры аховы. Занесена ў Чырвоную кнігу СССР з 1987 г. [9, 10] і Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [11]. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы і спецыялізаваным батанічным заказніку мясцовага значэння «Веленскі» у Пухавіцкім раёне.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў і кантроль за станам папуляцый, выяўленне новых месцаў росту, увядзенне ў культуру, рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Блажевич, 1986; 3. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 4. Кухарева, Пашина, 1986; 5. Флора СССР, т. 16, 1950; 6. Николаева, Зефиров, 1971; 7. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і БДУ; 8. Пачоский, 1897; 9. Красная книга СССР, 1978; 10. Красная книга СССР, 1985; 11. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Р.Блажэвіч @

Шчыталіснік звычайны (Hydrocotyle vulgaris L., 1753)
Парадак Араліякветныя (Araliales), сямейства Сельдэрэевыя (Парасонавыя) (Apiaceae (Umbelliferae))

Статус. I катэгорыя. Выключна рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Атлантычна-эўрапейскі рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах за паўднёва-ўсходняй мяжой арэала [1].
Кароткае апісанне. Шмат- або двухгадовая травяністая расліна з тонкім паўзучым сцяблом даўжынёй 10-60 (100) см, якое ўкараняецца, у вузлах развіваюцца лісце і кветаносы. Лісце на доўгіх, у верхняй частцы валасістых чаранках з маленькімі акруглымі прыліснікамі; ліставыя пласцінкі акруглыя, дыяметрам 1,5-4 см, зверху голыя, знізу часта валасістыя, па краі двойчы або проста гародчатыя, да слаба лопасцевых, шчыткападобна прымацаваны ў цэнтры да чаранка. Суквецці адзіночныя або па 2-3 на тонкім кветаносе. Кветкі дробныя, амаль сядзячыя, нешматлікія, з адным скурыстым яйкападобным крыючым лістом; пялёсткі яйкападобныя, плоскія, белыя. Плод - віслаплоднік з чырванаватымі бародаўкамі [2].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў ліпені, пладаносіць у жніўні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Атлантычная і Сярэдняя Эўропа, поўнач Міжземнамор'я [2]. У Беларусі вядома адно месца росту ў Берасцейскім раёне [3]. Раней адзначаўся ў былой Гарадзенскай і Менскай губернях [4].
Месцы росту. Забалочаныя чорнаальховыя лясы і лугі; часам трапляецца ў вадзе.
Характар росту. Расце невялікімі групамі і асобнымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гідрамеліярацыя і водапаніжэнне, гаспадарчая трансфармацыя зямель, перавыпас жывёлы, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне і зацвярдзенне глебы).
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцыі, арганізацыя ў Берасцейскім раёне спецыялізаванага батанічнага заказніка, пошук новых месцаў росту, вырошчванне на калекцыйных участках, рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Jasnowski, 1967; 2. Флора СССР, т. 16, 1950; 3. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і Берасцейскага педінстытута; 4. Пачоский, 1897.

Г.Вынаеў @

Валяр'ян двухдомны (Valeriana dioica L., 1753)
Парадак Варсянкакветныя (Dipsacales), сямейства Валяр'янавыя (Valerianaceae)

Статус. I катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР з 1985 г. [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі горны рэліктавы від. У Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах за ўсходняй мяжой арэала [2, 3]. Лекавая і дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з адзіночным кароткаапушаным чатырохгранным прамым сцяблом вышынёй 10-25 см і тонкім, даўжынёй да 15 см, паўзучым карэнішчам, па вузлах якога пучкамі размешчаны ніткападобныя карані. Прыкаранёвае лісце яйкападобнае або авальнае, на даволі доўгіх чаранках, сцябловае - сядзячае лірападобна-непарнаперыстае, з 2-3 парамі бакавых доляў. Кветкі дробныя, раздзельнаполыя (радзей палігамныя), песцікавыя - белыя, тычынкавыя - ружовыя або светла-ружовыя, сабраны ў шчыльныя канцавыя суквецці з адной парай прыкветнікаў. Плод - прадаўгавата-яйкападобная сямянка з лятучкай з 10 перыстых шчацінак [4].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў сярэдзіне траўня - пачатку чэрвеня, пладаносіць у чэрвені-ліпені. Размнажэнне насеннае.
Пашырэнне. Горныя раёны Сярэдняй і Атлантычнай Эўропы, поўдзень Скандынавіі і паўночны захад Міжземнамор'я [4, 5]. У Беларусі знойдзена ў Белавежскай пушчы [6] і ў Пухавіцкім раёне [7].
Месцы росту. Сырыя дробнаасакова-злакавыя хмызняковыя лугавіны ў месцах выхаду грунтавых вод.
Характар росту. Расце невялікімі шчыльнымі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель, касьба, выпас жывёлы, вытоптванне, гідрамеліярацыя, збор квітучых раслін.
Культываванне. Вырошчваецца ў Рэспубліканскім і гарадскім экалагічных цэнтрах навучэнцаў у Менску.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы і ў батанічным заказніку «Веленскі» у Пухавіцкім раёне. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [8].
Неабходныя меры аховы. Рэвізія месцаў росту ў Белавежскай пушчы і кантроль за станам папуляцыі ў Пухавіцкім раёне, пошукі новых месцаў росту, штучнае размнажэнне, увядзенне ў культуру і рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1985; 2. Козловская, Парфенов, 1972; 3. Редкие и исчезаюшие виды..., 1987; 4. Флора СССР, т. 23, 1958; 5. Флора Европейской части СССР, т. 3, 1978; 6. Николаева, Зефиров, 1971; 7. Козловская, Симонович, Блажевич и др., 1979; 8. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Н.Казлоўская @

Скабіёза галубковая (Scabiosa columbaria L., 1753)
Парадак Варсянкакветныя (Dipsacales), сямейства Варсянкавыя (Dipsacaceae)

Статус. I катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі горны рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў асобных лакалітэтах за паўночна-ўсходняй мяжой арэала [1, 2]. Дэкаратыўная, лекавая, меданосная і фарбавальная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з прамастойным сцяблом вышынёй 40-90 см і кароткім карэнішчам. Сцябловае лісце супраціўнае, двойчыперыстарассечанае, прыкаранёвае - лірападобна-перыстанадрэзанае або амаль суцэльнае, на чаранках, сабрана ў разетку. Кветкі двухполыя, светла-блакітныя або чырванавата-ліловыя, у галоўчатым суквецці, якое нагадвае кошык складанакветных. Агульнае кветаложа пакрыта лускападобнымі прыкветнікамі. Плод - глыбокавасьмібаразнаватая апушаная сямянка [3-5].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў ліпені-верасні, пладаносіць у жніўні-верасні. Размнажэнне насеннае.
Пашырэнне. Эўразія [6]. Па старых літаратурных і гербарных даных [7, 8] адзначалася ў наваколлі Камянца, Наваградка і Магілева. Цяпер вядома толькі адно месца росту ў Лагойскім раёне [9]. Месцазнаходжанне каля воз. Нарач [10] не пацверджана.
Месцы росту. Расце на парослых хмызняком пераўвільготненых лугавінах у далінах рэк, на сырых узлесках, ускрайках балот.
Характар росту. Трапляюцца невялікія групы і асобныя экземпляры.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне, зрыванне раслін), касьба, выпас жывёлы.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі з 1958 г. [11] і ў батанічным садзе БДУ.
Прынятыя меры аховы. Занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [10]. Ахоўваецца ў батанічным заказніку «Плешчаніцкі».
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў і кантроль за станам папуляцый, выяўленне новых месцаў росту, увядзенне ў культуру і рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 3. Флора СССР, т. 24, 1957; 4. Флора БССР, т. 4, 1955; 5. Флора Европейской части СССР, т. 3, 1978; 6. Пачоский, 1897; 7. Даныя гербарыя Батанічнага інстытута імя В.Л. Камарова АН СССР; 8. Сауткина, Зубкевич, Кудряшева, 1975; 9. Чырвоная кніга БССР, 1981; 10. Кухарева, Пашина, 1986.

Т.Сауткіна @

Гарычка веснавая (Gentiana verna L., 1753)
Парадак Гарычкакветныя (Gentianales), сямейства Гарычкавыя (Gentianaceae)

Статус. I катэгорыя. Выключна рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі горны рэліктавы від. У Беларусі знаходзіцца ў ізаляваным лакалітэце за ўсходняй мяжой арэала [1, 2]. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з кароткім голым чатырохгранным сцяблом вышынёй 3-5 см і тонкім галінастым карэнішчам, якое ўтварае дзярніну. Прыкаранёвае лісце эліпсападобнае, па краі гладкае, сабранае ў разетку; сцябловае - супраціўнае, больш кароткае і вузкае, зрослае парамі ў кароткія похвы. Кветка адзінкавая, цёмна-сіняя з доўгай трубкай і плоскім пяцілопасцевым адгібам. Плод - вузкаэліпсападобная каробачка з дробным насеннем [3].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў пачатку траўня, пладаносіць у сярэдзіне або канцы траўня. Размнажаецца насеннем.
Пашырэнне. Горныя раёны Сярэдняй і Атлантычнай Эўропы, поўдзень Скандынавіі, поўнач Балканскага паўвострава [4]. У Беларусі вядома адзінае месца росту ў Пухавіцкім раёне [5, 6]. Паводле літаратурных звестак [7] траплялася ў Капыльскім раёне, дзе ў цяперашні час, магчыма, не расце.
Месцы росту. Сырыя мшыстыя, парослыя хмызняком лугавіны.
Характар росту. Расце адзінкавымі экземплярамі і маленькімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель, асушэнне, касьба, выпас жывёлы, вытоптванне, збор квітучых раслін.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў батанічным заказніку мясцовага значэння «Веленскі». З 1981 г. занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі [8].
Неабходныя меры аховы. Рэвізія месцазнаходжання ў Капыльскім раёне, кантроль за станам папуляцыі ў Пухавіцкім раёне і яе ахова. Пошук новых месцаў росту, штучнае размнажэнне, увядзенне ў культуру і рассяленне ў прыроднае асяроддзе.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 3. Флора СССР, т. 18, 1952; 4. Флора Европейской части СССР, т. 3, 1978; 5. Козловская, Симонович, 1973; 6. Козловская, Симонович, Блажевич и др., 1979; 7. Wodzińska, 1911; 8. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Н.Казлоўская @

Сверцыя шматгадовая (Swertia perennis L., 1753)
Парадак Гарычкакветныя (Gentianales), сямейства Гарычкавыя (Gentianaceae)

Статус. I катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі горны рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах на ўсходняй мяжы пашырэння [1, 2]. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з прамым або ў верхняй частцы крыху галінастым голым сцяблом вышынёй да 60 см і кароткім карэнішчам з каранёвымі пупышкамі. Прыкаранёвае лісце буйное, шырокае, эліпсападобнае, паступова звужана ў чаранок, амаль роўнае па даўжыні ліставой пласцінцы; сцябловае - больш дробнае і вузкае (ланцэтападобнае), супраціўнае, са сцеблаабдымнай асновай. Кветкі нешматлікія, брудна-сінія або брудна-фіялетавыя з цёмнымі плямамі або палоскамі, у паўпарасоніках, сабраных у вузкае мяцёлчатае канечнае суквецце даўжынёй 7-12 см. Плод - яйкападобная каробачка, якая раскрываецца 2 створкамі [3].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў жніўні-верасні, пладаносіць у верасні-кастрычніку. Размнажэнне насеннае.
Пашырэнне. Горныя раёны Сярэдняй Эўропы і Міжземнамор'я [4]. У Беларусі вядомы месцы росту ў Барысаўскім і Лагойскім раёнах [5, 6]. Паводле старых гербарных і літаратурных звестак адзначалася ў наваколлі Горадні, Магілева, Менска і ў Лідскім раёне [7].
Месцы росту. Сырыя нізінныя мшыстыя лугі, балоты з крыніцамі, берагі рэк.
Характар росту. Расце асобнымі экземплярамі і невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушальна-меліярацыйныя работы, гаспадарчая трансфармацыя зямель, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі, выпас жывёлы, касьба.
Культываванне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [8]. У Лагойскім раёне ахоўваецца як помнік прыроды рэспубліканскага значэння, у Барысаўскім - у біялагічным заказніку «Цна».
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцый, выяўленне новых месцаў росту, увядзенне ў культуру, рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 3. Флора СССР, т. 18, 1952; 4. Флора Европейской части СССР, т. 3, 1978; 5. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 6. Скуратовіч (асаб. павед.); 7. Пачоский, 1899; 8. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Р.Блажэвіч @

Тлушчанка звычайная (Pinguicula vulgaris L., 1753)
Парадак Залознікакветныя (Scrophulariales), сямейства Плывунцовыя (Lentibulariaceae)

Статус. I катэгорыя. Рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Галарктычны рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах па-за паўднёва-ўсходняй мяжой арэала.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна вышынёй да 10-15 см з кароткім карэнішчам, якое нясе разетку прыкаранёвага лісця. Лісце сядзячае, прадаўгаватае, масляністае з-за наяўнасці залозак. Кветкі адзіночныя, паніклыя, з сіне-фіялетавым венчыкам.
Асаблівасці біялогіі. Насякомаедная расліна. Цвіце ў канцы траўня - пачатку чэрвеня, пладаносіць у чэрвені-ліпені. Размнажэнне, магчыма, пераважна насеннае.
Пашырэнне. Эўразія (Эўрапейская частка, Урал, Закаўказзе, Заходняя і Ўсходняя Сібір), Паўночная Амерыка [1]. У Беларусі знойдзена ў Баранавіцкім, Вілейскім, Мядзельскім і Наваградскім раёнах [2-4].
Месцы росту. Крынічныя балоты па берагах рэк і азёр.
Характар росту. Расце адзіночнымі экземплярамі і невялікімі групамі на абмежаваных плошчах.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гідрамеліярацыйныя работы, выпас жывёлы, касьба.
Культываванне. Тлушчанка выпрабоўвалася ў культуры ў ЦБС АН Беларусі. Вынікі адмоўныя.
Прынятыя меры аховы. Занесена ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [5] і ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [6].
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцаў росту і кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў ва ўсіх месцах росту, выяўленне новых месцаў росту і іх ахова, забарона несанкцыянаванага збору раслін, мэтавая аптымізацыя ўмоў росту. Распрацоўка метадаў культывавання віду.

Літ.: 1. Цвелев, 1981; 2. Пачоский, 1901; 3. Круганова и др., 1961; 4. Бибиков, 1979; 5. Моисеева, 1969; 6. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Ю.Бібікаў @

Гарлянка пірамідальная (Ajuga pyramidalis L., 1753)
Парадак Ясноткакветныя (Lamiales), сямейства Ясноткавыя (Губакветныя) (Lamiaceae)

Статус. I катэгорыя. Рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі горны рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў асобных лакалітэтах і астраўных участках росту па-за ўсходняй мяжой дыз'юнктыўнага арэала [1, 2].
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з кароткім галоўным і пучком бакавых каранёў, прамым апушаным чатырохгранным сцяблом вышынёй да 35 см. Лісце буйное, адваротнаяйкападобнае або шырокалапчастае, сядзячае, часта фіялетавае. Кветкі невялікія, бледна-блакітныя, сабраны па 6 у несапраўдныя кальчакі, з якіх фармуецца пірамідальнае суквецце. Плод - акруглы, цёмна-карычневы, сеткава маршчакаваты, апушаны арэшак [3, 4].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў траўні-чэрвені, пладаносіць у чэрвені-ліпені. Размнажэнне, відаць, насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Сярэдняя і Атлантычная Эўропа, поўдзень Скандынавіі, Міжземнамор'е [4]. У Беларусі дакладна вядомы месцы росту ў Астравецкім, Ашмянскім, Баранавіцкім, Вілейскім, Валожынскім, Іўеўскім, Менскім, Мядзельскім і Стаўбцоўскім раёнах [5]. Раней адзначалася для Магілеўскай губерні, наваколляў Пінска і Наваградка [6, 7].
Месцы росту. Сасновыя, саснова-бярозавыя, яловыя і шыракаліста-яловыя лясы мшыстага і чарнічнага тыпаў. Аддае перавагу лясным палянам, узлескам, прасекам, высечкам, абочынам лясных дарог.
Характар росту. Расце адзінкавымі экземплярамі і невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Лесагаспадарчыя работы з парушэннем жывога наглебавага покрыва, асушэнне тэрыторыі, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне).
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Налібоцкай пушчы і гідралагічным заказніку «Чарэмшыца».
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцаў росту і кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, абмежаванне рэкрэацыйных нагрузак, выяўленне новых месцаў росту, увядзенне ў культуру з наступным рассяленнем у прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Миняев, Симачев, 1981; 3. Флора СССР, т. 20, 1954; 4. Флора Европейской части СССР, т. 3, 1978; 5. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і БДУ; 6. Пачоский, 1899; 7. Флора БССР, т. 4, 1955.

Н.Казлоўская @

Званок лілеялісты (Adenophora lilifolia (L.) A. DC., 1830)
Парадак Званочкакветныя (Campanulales), сямейства Званочкавыя (Campanulaceae)

Статус. I катэгорыя. Рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўрасібірскі рэліктавы, па паходжанню лесастэпавы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў асобных лакалітэтах і астраўных участках за паўночнай мяжой арэала [1, 2]. Дэкаратыўная, лекавая і меданосная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з прамым, густааблісцелым, голым рабрыстым сцяблом вышынёй 50-120 см. Прыкаранёвае лісце доўгачаранковае, яйкападобна-прадаўгаватае або эліпсоіднае; сцябловае - чаргаванае, зубчастае, больш вузкае, размешчана спіральна. Кветкі шматлікія, паніклыя, светла-блакітныя або светла-ліловыя, рэдка белыя, у гронкападобных або пірамідальных суквеццях. Вяночак трубчаста-званочкавы, даўжынёй 14-20 мм. Плод - зваротнагрушападобная сухая каробачка.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў ліпені-жніўні, пладаносіць у верасні. Размнажэнне насеннае.
Пашырэнне. Эўропа (акрамя паўночных раёнаў), Азія (поўдзень Заходняй Сібіры, Казахстан) [3]. У Беларусі вядомы месцазнаходжанні ў Калінкавіцкім і Пружанскім раёнах; паводле літаратурных і гербарных звестак - паблізу Горадні, Камарына, Лоева, Магілева [4, 5].
Месцы росту. Сухія дубовыя і мяшаныя лясы, зараснікі хмызняку і поймавыя лугі, лясныя паляны і ўзлескі [2-5].
Характар росту. Расце невялікімі групамі і асобнымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка лесу з трансфармацыяй зямель, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне, зрыванне квітучых раслін), касьба, выпас жывёлы.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [6]. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія ўсіх вядомых месцазнаходжанняў, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, выяўленне новых месцаў росту і іх ахова, увядзенне ў культуру, рассяленне ў прыродныя ўмовы.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 3. Флора Европейской части СССР, т. 3, 1978; 4. Флора БССР, т. 4, 1955; 5. Пачоский, 1901; 6. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Л.Семярэнка @

Званочак рапунцэль (Campanula rapunculus L., 1753)
Парадак Званочкакветныя (Campanulales), сямейства Званочкавыя (Campanulaceae)

Статус. I катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі лесастэпавы рэліктавы від. У Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах за паўночна-ўсходняй мяжой арэала [1]. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Двухгадовая травяністая расліна з прамастойным, зрэдку ў верхняй частцы галінастым сцяблом вышынёй да 70 см і тоўстым коранем, які ўтрымлівае млечны сок. Прыкаранёвае лісце адваротнаяйкападобнае, сцябловае - лінейна-ланцэтнае, сядзячае. Кветкі блакітныя або бледна-блакітныя, сабраныя ў доўгую гронкападобную мяцёлку. Плод - трохгнёздавая каробачка [2-4].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені, пладаносіць у ліпені-жніўні.
Пашырэнне. Сярэдняя і Атлантычная Эўропа, Міжземнамор'е [3]. У Беларусі вядомы з Ваўкавыскага і Петрыкаўскага раёнаў [5]. Раней адзначаўся для Гарадзенскай, Менскай і Магілеўскай губерній [6].
Месцы росту. Злакава-разнатраўны луг у зрэджанай поймавай дубраве са слядамі старога ворыва і ўзлесак сухога разнатраўнага сасняка.
Характар росту. Расце асобнымі экземплярамі і невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель, касьба, выпас жывёлы, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі, збор квітучых раслін.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [7].
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, пошук новых месцаў росту, увядзенне ў культуру і штучнае размнажэнне і рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Флора СССР, т. 24, 1957; 3. Флора Европейской части СССР, т. 3, 1978; 4. Флора БССР, т. 4, 1955; 5. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 6. Пачоский, 1899; 7. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Н.Казлоўская @

Кольнік чорны (Phyteuma nigrum F.W. Schmidt, 1793)
Парадак Званочкакветныя (Campanulales), сямейства Званочкавыя (Campanulaceae)

Статус. I катэгорыя. Надзвычай рэдкі від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэліктавы сярэднеэўрапейскі горны від у ізаляваных лакалітэтах на значным аддаленні ад усходняй мяжы арэала [1]. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Мнагалетнік з простым голым сцяблом вышынёй 40-75 см і тоўстым мясістым карэнішчам. Лісце прыкаранёвае і ніжняе сцябловае чаранковае або акругла-яйкападобнае, голае; верхняе - сядзячае, лінейна-ланцэтнае, падоўжанае да верхавінкі. Кветкі сабраны ў галоўчатае або яйкападобнае суквецце, якое моцна расце ўгору пасля цвіцення. Венчык цёмна-фіялетавы. Плод - 2-3-гнёздавая адваротнаканічная ці амаль шарападобная каробачка.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені. У культуры скрыжоўваецца з кольнікам каласістым. Размнажаецца насеннем. Зацвітае на другі год.
Пашырэнне. Горныя раёны Сярэдняй Эўропы. У Беларусі вядома адзінае месцазнаходжанне ў наваколлі чыгуначнай станцыі Пухавічы [1].
Месцы росту. Сырая закуставаная лугавіна.
Характар росту. Вядома толькі адна папуляцыя з некалькіх асобін.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Касьба, меліярацыйныя работы, збор квітучых раслін.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [2] і ў Рэспубліканскім экалагічным цэнтры навучэнцаў у Менску.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў спецыялізаваным батанічным заказніку мясцовага значэння каля чыгуначнай станцыі Пухавічы.
Неабходныя меры аховы. Строгае захаванне экалагічнага рэжыму ўтрымання заказніка.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Кухарева, Пашина, 1986.

Дз.Траццякоў @

Лабелія дортмана (Lobelia dortmanna L., 1753)
Парадак Званочкакветныя (Campanulales), сямейства Лабеліевыя (Lobeliaceae)

Статус. I катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Барэальны амфіатлантычны акіянічны рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў асобных лакалітэтах за паўднёва-ўсходняй мяжой арэала [1, 2]. Дэкаратыўная, лекавая і ядавітая расліна [3].
Кароткае апісанне. Шматгадовая водная травяністая бессцябловая расліна, з валакністым коранем і прыкаранёвай разеткай адагнутага ўніз, тоўстага, лінейнага, суцэльнакрайняга лісця, унутры пустога і падзеленага 2 падоўжнымі перагародкамі. Кветаносы вышынёй да 40-80 см, прамастойныя, голыя, у ніжняй частцы маюць некалькі лускападобных лісцікаў, выступаюць над вадой у час цвіцення. Кветкі двухполыя, накшталт званочкаў, зігаморфныя, двухгубыя, з доўгай трубкай і 5 зрослымі тычынкамі, на паніклых кветаножках, з блакітна-белым вяночкам, сабраны ў рыхлую аднабокую гронку. Чашачка глыбокапяціраздзельная, зялёная. Плод - сухая прадаўгаватая каробачка, раскрываецца 2 створкамі. Насенне дробнае, падоўжна-бугрыстае [2, 4, 5].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў канцы чэрвеня-жніўні, пладаносіць у жніўні. Размнажэнне насеннае. Пылок выспявае яшчэ ў бутонах.
Пашырэнне. Сярэдняя і Атлантычная Эўропа, Скандынавія, Паўночная Амерыка. У Беларусі вядомы месцы росту на воз. Свіцязь у Наваградскім і воз. Белае ў Лунінецкім раёнах [6-9].
Месцы росту. Пясчаная літараль прэсных алігатрофных і мезатрофных з прыкметамі алігатрафіі азёр, на глыбінях 40-160 см.
Характар росту. Расце ў прыбярэжнай зоне азёр і ўтварае зараснікі з палушнікам азёрным палосамі шырынёй 5-15 м.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Забруджванне і эўтрафікацыя вадаёмаў, іх абмяленне ў выніку гідрамеліярацыйных работ і водазабору, пашкоджанне раслін сеткамі пры лоўлі рыбы, празмерныя рэкрэацыйныя і гаспадарча-эксплуатацыйныя нагрузкі.
Культываванне. Вырошчваецца аматарамі-акварыумістамі [10].
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў ландшафтных заказніках «Свіцязянскі» і «Белае». Занесена ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [11]. Уключана ў Чырвоную кнігу СССР з 1978 г. [12, 13] і ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [14]. Збор і продаж лабеліі рэгламентаваны Канвенцыяй аб міжнародным гандлі відамі дзікай фаўны і флоры, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцаў росту, кантроль за станам папуляцый, пошук новых месцаў росту, забарона або абмежаванне неспрыяльных антрапагенных уздзеянняў, больш шырокае ўвядзенне ў аквакультуру, штучнае рассяленне ў вадаёмы.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 3. Белоусова, Денисова, Никитина, 1987; 4. Флора СССР, т. 24, 1957; 5. Флора Европейской части СССР, т. 3, 1978; 6. Флора БССР, т. 4, 1955; 7. Михайловская, 1953; 8. Пачоский, 1899; 9. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 10. Жданов, 1987; 11. Моисеева, 1967; 12. Красная книга СССР, 1978; 13. Красная книга СССР, 1985; 14. Чырвоная кніга БССР, 1981.

П.Парфёнаў @

Чарнакорань голы (Scorzonera glabra Rupr., 1845 [S. ruprechtiana Lipsch. et Krasch. ex Lipsch.])
Парадак Астракветныя (Asterales), сямейства Астравыя (Складанакветныя) (Asteraceae (Compositae))

Статус. I катэгорыя. Выключна рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэліктавы барэальны горна-таежны від, які ў Беларусі знаходзіцца ў ізаляваным лакалітэце на значным аддаленні ад паўднёвай мяжы паўночна-эўрапейскага раўнінна-таежнага фрагмента арэала [1].
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з пустым баразнаватым, пад кошыкамі крыху ўздутым голым сцяблом вышынёй 25-50 см і вельмі доўгім (да 2 м і больш) тоўстым маршчыністым сцеблакоранем (каўдэксам), каранёвая шыйка якога апранута шматлікімі шчацінкападобнымі валакністымі рэшткамі чаранкоў леташняга лісця. Лісце голае шызаватае або зялёнае (рэдка), ад ланцэтнага да шырокаланцэтнага, па краях роўнае або слабахвалістае, на крылатых чаранках, у прыкаранёвай разетцы. Сцябловае лісце (2-3) дробнае, лускападобнае. Язычковыя кветкі жоўтыя, сабраны ў адзіночныя кошыкі на канцах сцябла. Абгортка чарапіцавая, голая з шырока-яйкападобнымі і прадаўгаватымі лісцікамі, па краі з плеўкавай каймой. Плод - сямянка з чубком.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў траўні, пладаносіць у чэрвені. Размнажэнне насеннае.
Пашырэнне. Поўнач Эўропы, Урал, Заходняя Сібір. Лічыцца высакагорным уральскім эндэмікам [3]. У Беларусі вядомы ў Мядзельскім раёне [4].
Месцы росту. Эрадзіраваныя схілы з пясчана-галечнікавымі агаленнямі ў катлавінах азёр і далінах рэк.
Характар росту. Расце адзіночнымі экземплярамі і невялікімі групамі на вельмі абмежаванай плошчы; мясцовая папуляцыя налічвае некалькі дзесяткаў добра развітых, квітучых і пладаносных асобін.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Зарастанне схілавых участкаў, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне, вырыванне раслін).
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [5]. Ахоўваецца ў заказніку «Блакітныя азёры».
Неабходныя меры аховы. Прадухіленне зарастання месцаў росту, памяншэнне рэкрэацыйных нагрузак, кантроль за станам папуляцыі, пошук новых месцаў росту, штучнае рассяленне і ўвядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Липшиц, 1964; 3. Горчаковский, Шурова, 1982; 4. Вынаев, Третьяков, 1978; 5. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Г.Вынаеў @

Старасцень водны (Senecio aquaticus Hill, 1761)
Парадак Астракветныя (Asterales), сямейства Астравыя (Складанакветныя) (Asteraceae (Compositae))

Статус. I катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Атлантычна-эўрапейскі рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах і астраўных участках росту за паўднёва-ўсходняй мяжой арэала [1].
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з голым прамастойным або ўзыходным, у верхняй частцы галінастым зялёным, а ў ніжняй частцы злёгку чырванеючым баразнаватым сцяблом вышынёй 20-60 см і кароткім карэнішчам. Лісце лірападобнае, голае, крыху памяншаецца ў памерах знізу ўверх па сцяблу. Ніжняе сцябловае лісце звычайна сабрана ў разетку, якая зберагаецца да часу цвіцення расліны. Абгортка складаецца з 16-20 лісцікаў з цёмнай спінкай і больш светлымі плевачнымі краямі. Язычковыя кветкі жоўтыя, сабраны ў кошыкі дыяметрам да 2 см, апошнія ўтвараюць канечнае мяцёлчатае суквецце. Плод - вузкаканічная светлая голая рабрыстая сямянка [2].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені, пладаносіць у жніўні. Размнажэнне насеннае.
Пашырэнне. Эўропа. У Беларусі знойдзены ў Мядзельскім і Докшыцкім раёнах [3, 4].
Месцы росту. Сырыя забалочаныя поймавыя лугі.
Характар росту. Расце асобнымі экземплярамі і невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гідрамеліярацыйныя работы, гаспадарчая трансфармацыя зямель, касьба, выпас жывёлы, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльныя меры аховы не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцаў росту, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў ва ўсіх вядомых месцах росту, пошук новых месцаў росту, вырошчванне на спецыяльных калекцыйных участках, штучнае развядзенне і рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Флора СССР, т. 26, 1961; 3. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 4. Шымко (асаб. павед.).

Г.Вынаеў @

Старасцень дняпроўскі (Senecio borysthenicus (DC.) Andrz., 1837)
Парадак Астракветныя (Asterales), сямейства Астравыя (Складанакветныя) (Asteraceae (Compositae))

Статус. I катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Усходнеэўрапейскі псамафільны эндэмічны від абмежаванага пашырэння, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах і астраўных участках росту за паўночнай мяжой арэала [1].
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з некалькімі прамастойнымі, злёгку звілістымі, у ніжняй частцы фіялетавымі, павуцініста апушанымі або амаль голымі, тонкарабрыстымі, у сярэдняй або толькі ў верхняй частцы галінастымі сцёбламі вышынёй 30-90 см і вертыкальным або пакарочаным карэнішчам. Прыкаранёвае і ніжняе сцябловае лісце на доўгіх чаранках, рана ападае. Ліставая пласцінка па контуру прадаўгаватая, двойчы-тройчы перыстарассечаная, з вузкімі лінейнымі долямі апошняга парадку. Сярэдняе сцябловае лісце больш дробнае, на кароткіх чаранках, верхняе - сядзячае. Усё лісце павуцініста апушанае або часам амаль голае. Язычковыя кветкі (10-15) прадаўгаваталінейныя, жоўтыя, амаль у 2 разы даўжэйшыя за абгортку, сабраны ў кошыкі дыяметрам да 1,5-2 см, якія ўтвараюць агульнае мяцёлчатае або рыхла-шчыткападобнае суквецце. Плод - голая рабрыстая сямянка [2].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-жніўні, пладаносіць у жніўні-верасні. Размнажэнне насеннае.
Пашырэнне. Усходняя Эўропа - басейны Дняпра, Дона, Днястра, Волгі, Прычарнамор'е і паўночная частка Крыма [2]. У Беларусі знойдзены ў 2 пунктах у Добрушскім раёне [3, 4].
Месцы росту. Прырэчныя і мацерыковыя пяскі, пясчаныя стэпы ў далінах рэк, ускрайкі сухіх сасновых лясоў.
Характар росту. Расце адзіночнымі экземплярамі або невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, пошук новых месцаў росту, вырошчванне на калекцыйных участках, рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Флора СССР, т. 26, 1961 3. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 4. Вынаеў, Траццякоў (асаб. павед.).

Г.Вынаеў @

Старасцень прыручайны (Senecio rivularis (Waldst. et Kit.) DC., 1837)
Парадак Астракветныя (Asterales), сямейства Астравыя (Складанакветныя) (Asteraceae (Compositae))

Статус. I катэгорыя. Выключна рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі горны рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў ізаляваным лакалітэце на значным аддаленні ад усходняй мяжы арэала [1]. Дэкаратыўная і меданосная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з прамым баразнаватым, у верхняй частцы крыху галінастым, у ніжняй частцы нярэдка пурпуровым сцяблом вышынёй 20-60 см і кароткім тоўстым карэнішчам. Прыкаранёвае лісце ў разетцы, лапатчастае, на верхавінцы тупое, па краях востразубчастае, на доўгіх, часам у 2-3 разы даўжэйшых за пласцінку, крылатых чаранках. Ніжняе сцябловае лісце на больш кароткіх чаранках, чым прыкаранёвае, верхняе - сядзячае, ланцэтападобнае, або вузкаяйкападобнае. Ліставыя пласцінкі зверху цёмна-зялёныя, знізу больш бледныя і каротка апушаныя. Абгортка аднарадная, злёгку апушаная. Язычковыя кветкі аранжава-жоўтыя. Кошыкі каля асновы са шматлікімі лінейна-ланцэтападобнымі прыкветнікамі і сабраны ў канцавое парасонападобнае суквецце з 4-15 промнямі. Плод - голая, карычневая, лінейна-падоўжная рабрыстая сямянка [1, 2].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў траўні, пладаносіць у траўні-чэрвені. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Горныя раёны Сярэдняй і Атлантычнай Эўропы, Балканы [1, 2]. У Беларусі знойдзены ў Пухавіцкім раёне [3].
Месцы росту. Сырыя мшыстыя, парослыя хмызняком лугавіны з блізкім узроўнем грунтавых вод.
Характар росту. Расце адзіночнымі экземплярамі і невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель, касьба, выпас жывёлы, водапаніжэнне і гідрамеліярацыя, вытоптванне, зрыванне квітучых раслін.
Культываванне. Вырошчваецца ў Рэспубліканскім экалагічным цэнтры навучэнцаў у Менску.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў спецыялізаваным батанічным заказніку «Веленскі» ў Пухавіцкім раёне. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [4].
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцыі, пошук новых месцаў росту, увядзенне ў культуру, штучнае размнажэнне і рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Флора СССР, т. 29, 1964; 3. Козловская, Симонович, Блажевич и др., 1979; 4. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Г.Вынаеў @

Тафільдыя чашачкавая (Tofieldia calyculata (L.) Wahlenb., 1812)
Парадак Лілеякветныя (Liliales), сямейства Лілейныя (Liliaceae)

Статус. I катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі горны рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў асобных лакалітэтах за паўночна-ўсходняй мяжой арэала [1, 2].
Кароткае апісанне. Шматгадовая голая травяністая расліна з кароткім карэнішчам і прамастойным сцяблом вышынёй 15-30 см. Прыкаранёвае лісце доўгае (да 15 см), вузкае, пляскатае, лінейнае, завостранае на верхавінцы, сабрана ў разетку. Сцябловае лісце больш дробнае, у ліку 1-4. Кветкі жаўтавата-белыя, дробныя, на кароткіх кветаножках, у пазухах перапончатых прыкветнікаў, сабраны ў густое гронкападобнае верхавінкавае суквецце. Плод - яйкападобная шматнасенная каробачка, якая раскрываецца 3 створкамі [3, 4].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені, пладаносіць у ліпені-жніўні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Скандынавія (поўдзень), Сярэдняя і Атлантычная Эўропа, Міжземнамор'е (Пірэнеі) [3]. Раней адзначалася ў наваколлі Баранавіч, Барысава, Віцебска, Ваўкавыска, Горадні, Драгічына, Менска, Магілева, Мастоў, Мсціслаўля, Наваградка, Воршы, Сянно, Багушэўска, Свіслачы, Слуцка і ў Белавежскай пушчы [4-6]. У 1974 г. знойдзена ў Берасцейскім раёне паблізу в. Смолін [7].
Месцы росту. Расце на нізінных асакова-злакава-разнатраўных лугах, мохавых балотах, у хмызняковых зарасніках, драбналессі, на травяных схілах у далінах рэк.
Характар росту. Трапляецца невялікімі групамі і асобнымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушальная меліярацыя і гаспадарчая трансфармацыя зямель, касьба, выпас жывёлы, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі.
Культываванне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Занесена ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1967 [8] і ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [9]. Спецыяльныя меры аховы не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, пошук новых месцаў росту, забарона ўказаных відаў антрапагенных уздзеянняў, увядзенне ў культуру і штучнае рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Козловская, Парфенов, 1972; 3. Флора Европейской части СССР, т. 4, 1979; 4. Пачоский, 1900; 5. Флора БССР, 1949; 6. Михайловская, 1953; 7. Федарук (асаб. павед.); 8. Моисеева, 1967; 9. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Т.Сауткіна @

Венерын чаравічак сапраўдны (жоўты) (Cypripedium calceolus L., 1753)
Парадак Ятрышнікакветныя (Orchidales), сямейства Ятрышнікавыя (Orchidaceae)

Статус. I катэгорыя. Рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўразійскі падтаежны від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах і астраўных участках росту эўрапейскага фрагмента арэала [1, 2]. Высокадэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з моцным прамым, аблісцелым, апушаным сцяблом вышынёй 25-50 см і тоўстым паўзучым карэнішчам, якое мае моцны спецыфічны пах. Лісце (3-4) эліптычнае, чаргаванае, даўжынёй да 18 см і шырынёй 12 см, з выразнымі дугападобнымі жылкамі. Кветкі дыяметрам да 8 см, адзіночныя або па 2-3, з мешкападобна ўздутай накшталт чаравічка (адсюль назва) жоўтай губой з чырванаватымі плямкамі і пахам ванілі. Бакавыя лісцікі калякветніка завостраныя, чырванавата-бурыя, унутраныя - лінейна-ланцэтныя, завостраныя, гарызантальна адхіленыя, крыху закручаныя. Плод - сухая каробачка, якая раскрываецца 3-6 падоўжнымі шчылінамі [3-5].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў траўні-чэрвені, пладаносіць у чэрвені-ліпені. Зацвітае на 15-18 годзе жыцця, працягласць цвіцення 10-15 дзён. Насенне выспявае праз 2,5 месяца, мае недаразвіты зародак (прарастае толькі ў сімбіёзе з пэўнымі відамі глебавых грыбоў). Размнажаецца бакавымі пупышкамі карэнішча, рэдка насеннем [6].
Пашырэнне. Эўропа, Азія (Урал, паўднёвыя раёны Сібіры і Далёкага Ўсходу) [3, 4]. У Беларусі спарадычна трапляецца пераважна ў заходніх і паўднёвых раёнах: у Браслаўскім, Бярозаўскім, Ваўкавыскім, Віцебскім, Камянецкім, Лепельскім, Мазырскім, Мядзельскім, Наваградскім, Пінскім, Пружанскім, Свіслацкім, Столінскім і іншых раёнах [7-9]. Раней адзначаўся ў наваколлі Горадні, Менска, Слуцка, Слоніма, Пінска, Магілева, Халопенічаў і на тэрыторыі сучасных Глыбоцкага, Міёрскага, Пастаўскага, Рэчыцкага раёнаў [10, 11].
Месцы росту. Разрэджаныя шыракалістыя, драбналістыя і мяшаныя лясы, лясныя паляны, узлескі, ускрайкі балот, сырыя мшыстыя яловыя лясы. Аддае перавагу багатай карбанатамі глебе.
Характар росту. Расце адзіночнымі экземплярамі і невялікімі групамі, старыя экземпляры ўтвараюць шматсцябловыя курціны [6].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка лясоў, гаспадарчая трансфармацыя зямель, гідрамеліярацыйныя работы і водапаніжэнне, перавыпас жывёлы ў лясах, пашкоджанне капытнымі звярамі, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне, збор квітучых раслін, выкопванне карэнішчаў).
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі і ў Рэспубліканскім экалагічным цэнтры навучэнцаў у Менску, кветкаводамі-аматарамі.
Прынятыя меры аховы. Уключаны ў Чырвоную кнігу СССР з 1978 г. [12, 13]. Занесены ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. і Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [14, 15]. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы і Бярэзінскім запаведніку, ландшафтных заказніках «Свіцязянскі» і «Блакітныя азёры», гідралагічным заказніку «Дзікае», батанічным заказніку мясцовага значэння «Стрэльскі».
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў ва ўсіх вядомых месцах росту, якія не ахоўваюцца, пошук новых месцаў росту, рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 3. Флора СССР, т. 4, 1935; 4. Флора Европейской части СССР, т. 2, 1976; 5. Флора БССР, т. 1, 1949; 6. Биологическая флора Московской области, вып. 4, 1978; 7. Николаева, Зефиров, 1971; 8. Михайловская, 1953; 9. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і БДУ; 10. Пачоский, 1900; 11. Полянская, 1931; 12. Красная книга СССР, 1978; 13. Красная книга СССР, 1985; 14. Моисеева, 1967; 15. Чырвоная кніга БССР, 1981.

І.Швец @

Броўнік аднаклубневы (Herminium monorchis (L.) R. Br., 1813)
Парадак Ятрышнікакветныя (Orchidales), сямейства Ятрышнікавыя (Orchidaceae)

Статус. I катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэліктавы эўразійскі падтаежна-горны від у ізаляваных лакалітэтах і астраўных участках росту на заходняй мяжы ўсходнеэўрапейска-сібірскага фрагмента арэала [1].
Кароткае апісанне. Шматгадовая расліна з голым, амаль бязлістым сцяблом вышынёй 8-25 см і шарападобным клубнем. Лісце ланцэтнае ці прадаўгавата-ланцэтнае па 2-3 у ніжняй частцы сцябла. Кветкі дробныя, жаўтавата-зялёныя, з моцным мядовым пахам, сабраны ў падоўжанае, шматкветкавае коласападобнае суквецце. Лісцікі калякветніка ў выглядзе шлема. Губа з кароткім мяшэчкападобным шпорцам. Завязь сядзячая, скручаная. Плод - сухая каробачка з дробным насеннем [2-4].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені. Размнажаецца вегетатыўна і насеннем [5].
Пашырэнне. Агульны арэал складаецца з заходнеэўрапейскага, скандынаўскага і ўсходнеэўрапейска-сібірскага фрагментаў, якія працягнуліся дугападобнай палосай ад Дняпра да Далёкага Ўсходу. Асобныя эксклавы існуюць на поўдні Вялікабрытаніі, на Балканах, Каўказе, у Карпатах, на Тыбеце, Гімалаях, Цянь-Шані і на ўсходзе Кітая і Японіі [1]. У Беларусі трапляецца спарадычна; дакладна вядомы ў Верхнядзвінскім і Полацкім раёнах, а таксама ў Белавежскай пушчы [6] і Бярэзінскім запаведніку [7]. Раней адзначаўся ў Слуцкім раёне і ў Магілеўскай вобласці [8], а таксама ў Наваградскім раёне [9].
Месцы росту. Сырыя лугі, крынічныя балоты, лясныя паляны.
Характар росту. Расце адзінкавымі экземплярамі і невялікімі групамі на вельмі абмежаваных плошчах.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушэнне пераўвільготненых зямель з наступнай іх гаспадарчай трансфармацыяй (узорванне, земляныя і будаўнічыя работы), перавыпас жывёлы, акультурванне лугоў з прымяненнем угнаенняў і ядахімікатаў, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне).
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Бярэзінскім запаведніку, Белавежскай пушчы і батанічным заказніку «Асвейскі».
Неабходныя меры аховы. Арганізацыя ва ўсіх выяўленых месцазнаходжаннях спецыялізаваных батанічных заказнікаў, рэвізія старых і пошук новых месцаў росту, кантроль за станам папуляцый.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Невский, 1935; 3. Невский, 1949; 4. Смольянинова, 1976; 5. Вахрамеева и др., 1991; 6. Николаева, Зефиров, 1971; 7. Березинский биосферный заповедник, 1983; 8. Пачоский, 1900; 9. Mowszowicz, 1958-1959.

І.Швец @

Ятрышнік мужчынскі (Orchis mascula L., 1753)
Парадак Ятрышнікакветныя (Orchidales), сямейства Ятрышнікавыя (Orchidaceae)

Статус. I катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Міжземнаморска-эўрапейскі від, які знаходзіцца ў Беларусі на ўсходняй мяжы арэала [1]. Дэкаратыўная і лекавая расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з прамастойным сцяблом вышынёй 25-30 (48) см і 2 авальнымі каранёвымі клубнямі дыяметрам каля 1,5 см. Лісце (5-8) шырокаланцэтнае, даўжынёй 7-12 см, чаранкі з пурпурова-фіялетавымі плямкамі. Суквецце верхавінкавае (даўжыня 10-20 см), шматкветкавае (15-50 кветак). Кветкі светла-пурпуровыя, фіялетавыя, ружавата-пурпуровыя або бледна-фіялетавыя. Сярэдняя лопасць губы ўсечаная, з тупымі зубчыкамі, пры аснове белаватая з цёмна-пурпурнымі плямкамі. Шпорка даўжынёй 10-15 мм, ліловая, на канцы булавападобна расшыраецца [2]. Плод - каробачка.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў канцы траўня - пачатку чэрвеня, пладаносіць у чэрвені-ліпені. Размнажэнне ў асноўным насеннае.
Пашырэнне. Скандынавія, Сярэдняя і Атлантычная Эўропа, Міжземнамор'е, Малая Азія, Іран [2]. У Беларусі адзначаны ў Віцебскім - наваколле в. Малыя Лётцы [3], Дубровенскім - паблізу пас. Асінторф [1], Мядзельскім - наваколлі вёсак Некасецк, Навасёлкі, Юшкавічы, Студзяніцы [4, 5] раёнах. У пачатку 20 ст. адзначаўся ў Магілеўскай губерні і ваколіцах Слуцка [6].
Месцы росту. Сырыя лугі, хмызнякі, лясныя паляны, ускрайкі нізінных і пераходных балот, пераважна на багатых карбанатамі глебах [7].
Характар росту. Расце адзіночнымі экземплярамі або невялікімі (рэдка даволі шматлікімі) групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушальная меліярацыя, узворванне лугоў, выпас жывёлы, касьба, прымяненне ядахімікатаў і мінеральных угнаенняў, збор квітучых раслін.
Культываванне. Выпрабоўваўся ў ЦБС АН Беларусі і батанічным садзе БДУ. Цвіце толькі ў першыя гады.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [8], Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [1].
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў і арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, абмежаванне рэкрэацыйных нагрузак, выяўленне новых месцаў росту, увядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Чырвоная кніга БССР, 1981; 2. Флора Европейской части СССР, т. 2, 1976; 3. Сюборова, Мержвинский, 1989; 4. Бибиков, 1984; 5. Бибиков, 1985; 6. Пачоский, 1901; 7. Лукс, 1977; 8. Моисеева, 1967.

Ю.Бібікаў @

Ятрышнік шлеманосны (Orchis militaris L., 1753)
Парадак Ятрышнікакветныя (Orchidales), сямейства Ятрышнікавыя (Orchidaceae)

Статус. I катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўрапейска-малаазійскі стэнатопны від. Занесены ў Дадатак II Канвенцыі аб міжнародным гандлі відамі дзікай фаўны і флоры, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення [1].
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна вышынёй 25-45 см з 2 яйкападобнымі каранёвымі клубнямі. Лісце прадаўгавата-эліптычнае, тупое, сабрана каля асновы сцябла. Кветкі светла-ружовыя, духмяныя, у шматкветкавым цыліндрычным коласе. Губа 4-лопасцевая, каля асновы белаватая, з пурпуровымі плямамі і дробнымі сасочкамі. Лісточкі калякветніка, за выключэннем губы, складзены падобна шлему і павернуты ўверх. Плод - сухая каробачка [1-3].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені, пладаносіць у ліпені-жніўні. Размнажэнне ў асноўным насеннае, рэдка вегетатыўнае [3].
Пашырэнне. Эўразія [2]. У Беларусі вядомы ў Віцебскім і Шумілінскім раёнах [4-6]. Раней адзначаўся ў наваколлі Горадні [7], Воршы, Магілева [8], таксама ў Белавежскай пушчы, былых Слонімскім і Слуцкім уездах, Менскай губерні [7].
Месцы росту. Сырыя лугі, лясныя паляны і ўзлескі з дастатковым увільгатненнем і карбанатнымі глебамі.
Характар росту. Расце адзінкавымі экземплярамі або невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушэнне і гаспадарчае асваенне зямель, касьба, выпас жывёлы, выкарыстанне як лекавай сыравіны.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [9], Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [10].
Неабходныя меры аховы. Арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, кантроль за станам папуляцый, рэвізія старых і пошук новых месцаў росту, увядзенне ў культуру, рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1985; 2. Смольянинова, 1976; 3. Вахрамеева и др., 1991; 4. Сюборова, Мержвинский, 1989; 5. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і Віцебскага педінстытута; 6. Моисеева, 1980; 7. Пачоский, 1900; 8. Невский, 1949; 9. Моисеева, 1967; 10. Чырвоная кніга БССР, 1981.

І.Швец @

Ятрышнік абпалены (Orchis ustulata L., 1753)
Парадак Ятрышнікакветныя (Orchidales), сямейства Ятрышнікавыя (Orchidaceae)

Статус. I катэгорыя. Выключна рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі від у адзінкавым месцазнаходжанні на паўночна-заходняй мяжы арэала. Дэкаратыўная і лекавая расліна [1].
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з шараяйкападобным клубнем і прамастойным, аблісцелым (акрамя верхняй часткі) сцяблом вышынёй 30-40 см. Суквецце - густы шматкветны колас; кветкі з чарнавата-пурпуровым шлемам і светла-ружовай губой з малінавымі плямкамі. Да распускання кветак колас цёмны, быццам абпалены. Плод - сухая каробачка [2].
Асаблівасці біялогіі. Выяўляецца не кожны год; перыядычнасць паяўлення не ўстаноўлена. Цвіце ў ліпені-жніўні, пладаносіць у жніўні-верасні.
Пашырэнне. Сярэдняя і Паўднёвая Эўропа. У Беларусі - адзінае месца росту ў Смалявіцкім раёне [3].
Месцы росту. Расце ў маладых хвойніках верасовага тыпу.
Характар росту. Трапляецца адзінкавымі экземплярамі і невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель.
Культываванне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [4]. Ахоўваецца ў спецыялізаваным батанічным заказніку «Пекалінскі».
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцыі, выяўленне новых месцаў росту.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Флора БССР, т. 1, 1949; 3. Вынаев, Козловская, 1986; 4. Моисеева, 1967.

Н.Казлоўская @

Асака дэвела (Carex davalliana Smith., 1800)
Парадак Асакакветныя (Cyperales), сямейства Асаковыя (Cyperaceae)

Статус. I катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі лугавы рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў асобных лакалітэтах за ўсходняй мяжой арэала [1].
Кароткае апісанне. Шматгадовая двухдомная травяністая расліна са шматлікімі шурпатымі рабрыстымі прамастойнымі сцёбламі вышынёй 10-40 см, якія знізу абкружаны карычнева-цёмна-бурымі ліставымі похвамі. Утварае шчыльныя дзярнінкі. Ліставыя пласцінкі шчацінападобныя, карацейшыя за сцябло. Каласкі адзіночныя, аднаполыя. Мяшочкі адтапыраныя, прадаўгавата-ланцэтныя, спераду моцна пукатыя, з патоўшчанымі краямі і жылкамі, паступова патанчаюцца ў доўгі, слаба выгнуты носік [2].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў канцы красавіка - пачатку траўня, пладаносіць у чэрвені. Насенне (2-4) завязваецца на адным генератыўным парастку. Размнажэнне пераважна насеннае, радзей вегетатыўнае.
Пашырэнне. Горныя раёны Сярэдняй і Атлантычнай Эўропы - Балканскі паўвостраў [2]. У Беларусі вядомы месцы росту ў Віцебскім, Пружанскім і Пухавіцкім раёнах [3]. Раней указвалася для Белавежскай пушчы, наваколля Пружан, Менскай і Магілеўскай губерній.
Месцы росту. Сырыя і забалочаныя лугі з крыніцамі. Аддае перавагу багатай карбанатамі глебе.
Характар росту. Расце адзіночнымі купінамі і невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель, водапаніжэнне і гідрамеліярацыя, перавыпас жывёлы, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі.
Культываванне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Занесена ў Чырвоную кнігу СССР з 1978 г. [5, 6]. Ахоўваецца ў спецыялізаваным батанічным заказніку «Веленскі».
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцый, абмежаванне антрапагеннага ўздзеяння, выяўленне новых месцаў росту, увядзенне ў культуру, рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Флора Европейской части СССР, т. 2, 1978; 3. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 4. Пачоский, 1900; 5. Красная книга СССР, 1978; 6. Красная книга СССР, 1985.

Л.Сімановіч @

Меч-трава звычайная (Cladium mariscus (L.) Pohl, 1809)
Парадак Асакакветныя (Cyperales), сямейства Асаковыя (Cyperaceae)

Статус. I катэгорыя. Выключна рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Атлантычна-эўрапейскі рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах на паўднёва-ўсходняй мяжы арэала [2, 3].
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна вышынёй 100-150 см з акруглым прамым густааблісцелым сцяблом і доўгім паўзучым карэнішчам. Утварае шчыльныя дзярніны. Лісце лінейнае, шырынёй 10-15 мм, уздоўж складзенае, жорсткае, кіляватае, па краях і ўздоўж кіля вострапілавата-зубчастае, рэжучае. Суквецце - канцавая складаная мяцёлка з галоўчата скучаных бурых каласкоў. Каласкі 2-3-кветкавыя, з укарочанай воссю. Кветкі двухполыя, без калякветніка. Плод - яйкападобны цёмна-карычневы бліскучы арэшак з вострай верхавінкай.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў траўні-чэрвені, пладаносіць у жніўні-верасні. Размнажэнне пераважна вегетатыўнае за кошт доўгіх парасткаў, якія адыходзяць ад тоўстых карэнішчаў.
Пашырэнне. Эўропа, Азія (Каўказ, Казахстан, Сярэдняя Азія) [3]. У Беларусі дакладна вядома адзінае месцазнаходжанне ў Мядзельскім раёне на тэрыторыі ландшафтнага заказніка «Блакітныя азёры» [4]. Меч-трава адзначалася таксама ў Вілейскім раёне [2] і для Магілеўскай губерні [5].
Месцы росту. Расце ў прыбярэжнай палосе азёр з высокай мінералізацыяй вады на заглееным або затарфаваным грунце на глыбіні 0,2-0,5 м.
Характар росту. Утварае суцэльныя зараснікі або асобныя сплавіны.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Змена гідралагічнага і гідрахімічнага рэжымаў вадаёмаў, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі.
Культываванне. Вырошчваецца ў аранжарэі і ў адкрытым грунце батанічнага саду БДУ.
Прынятыя меры аховы. Занесена ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [6] і Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [7]. Ахоўваецца ў ландшафтным заказніку «Блакітныя азёры».
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцый, выяўленне новых месцаў росту і іх ахова, мэтавая аптымізацыя ўмоў росту.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1978; 2. Козловская, Парфенов, 1972; 3. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 4. Вынаев, Третьяков, 1978; 5. Пачоский, 1901; 6. Моисеева, 1969; 7. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Ю.Бібікаў @

Гарлачык белы (Nymphaea alba L., 1821)
Парадак Гарлачыкакветныя (Nymphaeales), сямейства Гарлачыкавыя (Nymphaeaceae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога хутка скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Атлантычна-міжземнаморска-эўрапейскі прэбарэальны рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах і астраўных участках росту паблізу паўночна-ўсходняй мяжы арэала [1]. Харчовая, дубільная, лекавая і дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая водная бессцябловая травяністая расліна з тоўстым і доўгім гарызантальным карэнішчам са шматлікімі карэньчыкамі і ромбападобнымі меткамі ў месцах прымацавання чаранкоў адмерлага лісця. Лісце буйное (да 40 см дыяметрам), плывучае, акругла-авальнае з сэрцападобнай асновай і доўгімі чаранкамі, зверху цёмна-зялёнае, знізу чырванавата-фіялетавае. Кветкі буйныя (да 20 см дыяметрам), адзіночныя, белыя, з завостранымі лісцікамі калякветніка і серна-жоўтым плоскім рыльцам, слабадухмяныя. Аснова чашачкі закругленая (завязь да верхавінкі не звужана, уся ў тычынках). Плод - шара- або ягадападобная шматлістоўка [1-3].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-верасні, пладаносіць у ліпені-лістападзе. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае (карэнішчамі). Плод выспявае пад вадой.
Пашырэнне. Эўропа, Міжземнамор'е, Малая Азія [1, 3]. У Беларусі найбольш пашырана ў даліне Прыпяці і нізоўях яе прытокаў, у старыцах Сажа, Нарава і басейна Нёмана; у больш паўночных раёнах трапляецца на буйных азёрах - Нарач у Мядзельскім, Чарнова ў Гарадоцкім раёнах і ў іншых вадаёмах [4-7].
Месцы росту. Стаячыя і з павольнай плынню воды старыц, заток і поймавых азёр з глеістым грунтам на глыбіні 50-250 см.
Характар росту. Утварае значныя, дастаткова шчыльныя або разрэджаныя зараснікі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Абмяленне і забруджванне вадаёмаў, змяненне іх гідрахімічнага саставу і тэмпературнага рэжыму, пашкоджванне рыбалоўнымі сеткамі і водаматорным транспартам, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (зрыванне квітучых раслін), кліматычныя змены, выцясненне больш канкурэнтаздольнымі відамі.
Культываванне. Вырошчваецца аматарамі-акварыумістамі [8].
Прынятыя меры аховы. Занесены ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. і ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [9, 10]. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы, Прыпяцкім запаведніку, паляўнічым заказніку «Налібоцкая пушча».
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных і гідралагічных (азёрных і рачных) заказнікаў ва ўсіх выяўленых месцах росту, пошук новых месцаў росту, увядзенне ў культуру, рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Определитель растений Белоруссии, 1967; 3. Флора СССР, т. 7, 1937; 4. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і БДУ; 5. Флора Налибокской пущи, 1980; 6. Николаев, Зефиров, 1971; 7. Пачоский, 1883; 8. Жданов, 1987; 9. Моисеева, 1967; 10. Чырвоная кніга БССР, 1981.

П.Парфёнаў @

Сон лугавы (Pulsatilla pratensis (L.) Mill. s. l., 1768)
Парадак Казяльцовакветныя (Ranunculales), сямейства Казяльцовыя (Ranunculaceae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога скарачаецца. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі від, які ў Беларусі знаходзіцца на ўсходняй мяжы арэала [2]. Дэкаратыўная і лекавая расліна. Адрозніваецца моцнай унутрывідавой зменлівасцю [1].
Кароткае апісанне. Шматгадовая густаапушаная травяністая расліна. Лісце двойчы-, тройчыперыстарассечанае. Парасткі вышынёй 10-50 см, у час цвіцення на верхавінцы паніклыя, з пладамі моцна падоўжаныя і прамастойныя. Кветкі буйныя, адзіночныя званочкавыя, афарбаваныя ў розныя адценні фіялетавага колеру; лісцікі калякветніка звонку густаапушаныя, даўжынёй да 3 см і шырынёй 1 см, на верхавінцы адагнутыя. Плод - шматарэшак.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў красавіку-траўні, пладаносіць у траўні-чэрвені. Размнажэнне насеннае.
Пашырэнне. Цэнтральная і Ўсходняя Эўропа, арэал пашыраецца да паўднёвага ўсходу Нарвегіі, захаду Даніі і поўначы Югаславіі [1]. У Беларусі пашыраны пераважна на Палессі, у заходніх і паўночна-заходніх раёнах Берасцейскай, Гарадзенскай і Гомельскай абласцей. Самы ўсходні пункт - наваколле Мазыра [3].
Месцы росту. Сасновыя лішайнікавыя, верасковыя, імшыстыя лясы і сасновае драбналессе з разрэджаным наглебавым покрывам, радзей трапляецца на дзюнах [3].
Характар росту. Расце паасобнымі экземплярамі або невялікімі, часам даволі шматлікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчае асваенне зямель, збор квітучых раслін.
Культываванне. Па Беларусі звестак няма. Інтрадукаваны ў батанічных садах Санкт-Пецярбурга і Масквы [1].
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Прыпяцкім запаведніку і гідралагічным заказніку «Чарэмшыца».
Неабходныя меры аховы. Стварэнне батанічных заказнікаў у месцах росту найбольш шматлікіх папуляцый, прапаганда ашчадных адносін да расліны, шырокае ўвядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Козловская, Парфенов, 1972; 3. Парфенов, 1983.

Л.Семярэнка @

Пярэсна эўрапейская (Trollius europaeus L., 1753)
Парадак Казяльцовакветныя (Ranunculales), сямейства Казяльцовыя (Ranunculaceae)

Статус. II катэгорыя. Адносна рэдкі від, колькасць якога скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Цэнтральна-ўсходнеэўрапейскі від, які ў Беларусі знаходзіцца паблізу паўднёвай мяжы арэала [1, 2]. Дэкаратыўная, лекавая, меданосная і фарбавальная расліна. Ядавітая.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая карэнішчавая расліна вышынёй 30-80 см з прамым сцяблом. Лісце пальчатараздзельнае, рассечана да асновы на 5 рамбічных, на верхавінцы зубчаста-надрэзаных сегментаў, голае, зверху цёмна-зялёнае, знізу больш светлае. Кветкі буйныя, адзіночныя, на верхавінцы сцябла, шарападобныя з-за моцна ўвагнутых шматлікіх жоўтых чашалісцікаў. Плод - шматлістоўка.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў траўні-чэрвені, пладаносіць у чэрвені-жніўні. Размнажэнне насеннае.
Пашырэнне. Скандынавія, Сярэдняя і Атлантычная Эўропа, Міжземнамор'е, Балканскі паўвостраў, Малая Азія [3], Заходняя Сібір [4]. У Беларусі большасць месцазнаходжанняў размешчана на Менскім узвышшы, таксама трапляецца ў Белавежскай і Налібоцкай пушчах, Бярэзінскім і Прыпяцкім запаведніках, на Мазырскай градзе, у Віцебскім, Гарадоцкім, Добрушскім і іншых раёнах.
Месцы росту. Хвойна-шыракалістыя лясы, вільготныя лясныя паляны, узлескі, сырыя лугі.
Характар росту. Расце паасобнымі экземплярамі і невялікімі, часам даволі шматлікімі групамі на абмежаваных плошчах.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчае асваенне тэрыторый, збор квітучых раслін.
Культываванне. У культуры з 16 ст., ёсць садовыя махровыя формы. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [3], у Рэспубліканскім экалагічным цэнтры навучэнцаў у Менску. Перспектыўная для зялёнага будаўніцтва [5].
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай і Налібоцкай пушчах, Бярэзінскім і Прыпяцкім запаведніках, ландшафтным заказніку «Мазырскія яры», батанічных рэзерватах у Віцебскім, Гарадоцкім, Добрушскім раёнах [6].
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцый, павелічэнне колькасці батанічных рэзерватаў у месцах найбольш шматлікіх папуляцый, выяўленне новых месцаў росту, прапаганда ашчадных адносін да расліны, шырокае ўвядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Чырвоная кніга БССР, 1981; 3. Кухарева, Пашина, 1986; 4. Флора БССР, т. 2, 1949; 5. Пашина, 1969; 6. Ахоўныя расліны, 1983.

Л.Семярэнка @

Каменяломнік балотны (Saxifraga hirculus L., 1753)
Парадак Каменяломнікакветныя (Saxifragales), сямейства Каменяломнікавыя (Saxifragaceae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога хутка скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Цыркумпалярны арктаальпійскі рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў асобных лакалітэтах на паўднёвай мяжы арэала [1, 2]. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з прамастойным сцяблом (адзіночнае або іх некалькі) вышынёй 10-15 (20) см і доўгімі аблісцелымі паўзучымі парасткамі, зрэдку ўтварае невялікія дзярнінкі. Сцябло ў верхняй частцы апушанае адтапыранымі рыжаватымі валаскамі. Лісце светла-зялёнае, голае, падоўжна-ланцэтнае, сядзячае, ніжняе - у разетцы. Кветкі ярка-жоўтыя з аранжавымі плямкамі і 2 бародавачкамі (нектарнікамі) каля асновы, па 1-4 на верхавінцы сцябла. Плод - 2-гнёздавая каробачка [3].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў ліпені-жніўні, пладаносіць у жніўні-верасні. Размнажаецца насеннем.
Пашырэнне. Эўразія (арктычная і субарктычная зоны Эўропы і Сібіры, заходнія і паўночна-заходнія раёны лясной зоны), Паўночная Амерыка (арктычныя і горныя раёны) [3, 4]. На тэрыторыі Беларусі раней расла ў Аршанскім, Бярозаўскім, Брагінскім, Быхаўскім, Горацкім, Лепельскім, Магілеўскім, Менскім, Нясвіжскім, Рагачоўскім і Сенненскім раёнах [5-7]. У апошнія гады адзначалася толькі ў Лепельскім раёне - на тэрыторыі Бярэзінскага запаведніка [7].
Месцы росту. Пераходныя асаковыя і асакова-гіпнавыя балоты, забалочаныя бярозавыя і саснова-бярозавыя лясы.
Характар росту. Расце невялікімі групамі і адзінкавымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушальная меліярацыя і гаспадарчая трансфармацыя забалочаных зямель, касьба.
Культываванне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [8]. Ахоўваецца ў Бярэзінскім запаведніку.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцаў росту і кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, выяўленне новых месцаў росту і іх ахова, выпрабаванне ў культуры, штучнае рассяленне ў прыроднае асяроддзе.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Парфенов, 1980; 3. Лозина-Лозинская, 1939; 4. Толмачев, Мартыненко, 1976; 5. Флора БССР, т. 2, 1949; 6. Пачоский, 1897; 7. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і БДУ; 8. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Т.Сауткіна @

Прыбярэжнік аднакветкавы (Littorella uniflora (L.) Aschers., 1864)
Парадак Залознікакветныя (Scrophulariales), сямейства Трыпутнікавыя (Plantaginaceae)

Статус. II катэгорыя. Выключна рэдкі від, колькасць якога хутка скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Атлантычна-эўрапейскі рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў ізаляваным лакалітэце за паўднёва-ўсходняй мяжой арэала [1].
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна вышынёй 2-15 см з укарочаным сцяблом і карэнішчам з прыдатачнымі каранямі і паўзучымі сталонападобнымі парасткамі. Лісце ў прыкаранёвай разетцы, вузкае (2-2,5 мм), мясістае, лінейнае або лінейна-шылападобнае. Кветкі аднаполыя: тычынкавыя (1, рэдка 2) на ножках даўжынёй 2-9 см, з 4 чашалісцікамі, шырокатрубчастымі, плевачнымі, белаватымі вяночкамі і 4 тычынкамі на доўгіх (у 5-6 разоў даўжэй вяночка) ніцях; песцікавыя (1-8) сядзяць у пазухах трохвугольна-ланцэтных прыкветнікаў каля асновы або ў сярэдняй частцы ножкі тычынкавай кветкі, чашалісцікі падобны на прыкветнікі, вяночак з 3 [4] кароткімі неаднолькавымі долямі, песцік з доўгім слупком. Плод - аднанасенны карычневы арэшак [2-4].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў траўні-верасні, пладаносіць у жніўні-верасні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае. У азёрах на поўначы краіны, асабліва на глыбіні 30-80 см, звычайна не цвіце, размнажаецца сталонападобнымі парасткамі. Ветраапыляльная расліна, цвіце над вадой, аднак бутоны тычынкавых і песцікавых кветак развіваюцца пад вадой [2-4]. Ва ўмовах наземнай паўзаліваемай культуры развіваюцца ў канцы траўня - чэрвені двухполыя кветкі (замест тычынкавых), а ў ліпені і жніўні - тычынкавыя. Чэрвеньскія двухполыя кветкі звычайна бясплодныя [5].
Пашырэнне. Сярэдняя і Атлантычная Эўропа, Скандынавія, заходняе Міжземнамор'е [4]. У Беларусі знойдзена ў воз. Свіцязь Наваградскага раёна [6-8]. Раней адзначалася ў воз. Калдычаўскае ў Баранавіцкім раёне [9].
Месцы росту. Прыбярэжныя зоны азёр да глыбіні 2,5 м, сырыя берагі азёр і рэк.
Характар росту. Утварае значныя зараснікі, радзей расце адзіночнымі экземплярамі або невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Забруджванне вадаёмаў, пашкоджанне раслін сеткамі пры лоўлі рыбы, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў заказніку «Свіцязянскі».
Неабходныя меры аховы. Рэвізія месцазнаходжання ў воз. Калдычаўскае, кантроль за станам папуляцыі, пошук новых месцаў росту, рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Jasnowski, 1967; 2. Флора СССР, т. 23, 1958; 3. Флора Ленинградской области, т. 4, 1965; 4. Флора Европейской части СССР, т. 5, 1981; 5. Вислоух, 1930; 6. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 7. Вынаеў (асаб. павед.); 8. Eichwald, 1830; 9. Пачоский, 1899.

Г.Вынаеў @

Кадзіла сармацкае (Melittis sarmatica Klok., 1957)
Парадак Ясноткакветныя (Lamiales), сямейства Ясноткавыя (Lamiaceae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога хутка скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі, па паходжанні старажытна-міжземнаморскі, немаральны рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў асобных лакалітэтах і астраўных участках росту на паўночна-ўсходняй мяжы арэала [1, 2]. Дэкаратыўная, лекавая і меданосная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з прамастойным чатырохгранным мяккаапушаным сцяблом вышынёй 20-80 см, паўзучым карэнішчам і духмяным пахам. Лісце супраціўнае, з шырокай яйкападобнай, па краі гародчата-пілаватай пласцінкай. Кветкі буйныя, двухгубыя, бела-ружовыя, з малінавай плямай у зеве і моцным мядовым пахам, сабраны па 2-6 у пазухах верхняга лісця. Чашачка светла-зялёная, скурыстая. Плод - сухі чатырохарэшак [3, 4].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў траўні - пачатку чэрвеня, пладаносіць у чэрвені-ліпені. Размнажэнне насеннае.
Пашырэнне. Сярэдняя Эўропа. У Беларусі трапляецца ў Баранавіцкім, Берасцейскім, Ваўкавыскім, Зэльвенскім, Гарадзенскім, Іванаўскім, Камянецкім, Лельчыцкім, Мазырскім, Маларыцкім, Мастоўскім, Пінскім, Пружанскім, Свіслацкім, Слонімскім і Столінскім раёнах [5, 6]. Ёсць непацверджаныя звесткі аб росце віду ў Астравецкім раёне [7]. Раней кадзіла сармацкае адзначалася ў наваколлях Слуцка [8].
Месцы росту. Дубовыя, дубова-грабавыя і грабавыя лясы чарнічнага і арляковага тыпаў.
Характар росту. Расце асобнымі экземплярамі і невялікімі групамі, часам утварае значныя зараснікі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Збор раслін як лекавай сыравіны, высечка лесу, выпас жывёлы, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне).
Культываванне. Вырошчваецца на прысядзібных участках, у ЦБС АН Беларусі [9] і ў Рэспубліканскім экалагічным цэнтры навучэнцаў у Менску.
Прынятыя меры аховы. Занесена ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [10] і Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [11]. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы, а таксама ў спецыялізаваных батанічных заказніках мясцовага значэння ў Баранавіцкім, Берасцейскім, Ваўкавыскім, Зэльвенскім, Гарадзенскім, Лельчыцкім, Маларыцкім, Мазырскім, Пінскім, Пружанскім, Слонімскім і Столінскім раёнах.
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцый, арганізацыя новых спецыялізаваных заказнікаў ва ўсіх вядомых месцах росту, пошук новых месцаў росту, штучнае развядзенне і рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 3. Флора СССР, т. 20, 1954; 4. Флора Европейской части СССР, т. 3, 1978; 5. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 6. Николаева, Зефиров, 1971; 7. Голад (асаб. павед.); 8. Пачоский, 1899; 9. Кухарева, Пашина, 1986; 10. Моисеева, 1967; 11. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Н.Казлоўская @

Купальнік горны (Arnica montana L., 1753)
Парадак Астракветныя (Asterales), сямейства Астравыя (Складанакветныя) (Asteraceae (Compositae))

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога хутка скарачаецца. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР з 1978 г. [1, 2].
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі горны рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі на ўсходняй мяжы арэала [3, 4]. Дэкаратыўная, лекавая, меданосная і харчовая расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з тоўстым кароткім карэнішчам і прамастойным, простым або разгалінаваным, апушаным сцяблом вышынёй 30-70 см. Лісце, большасць у прыкаранёвай разетцы, шырокае, авальнае, суцэльна-крайняе, з выразнымі бакавымі жылкамі, каротка звужанае ў чаранок або амаль сядзячае. Сцябловае лісце (1-3 пары) прадаўгаватае або ланцэтападобнае, супраціўнае. Кошыкі да 5 см у дыяметры, размешчаны на верхавінцы. Язычковыя кветкі аранжава-жоўтыя. Плод - сямянка [4].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені, пладаносіць у ліпені-жніўні. Пачынае цвісці на трэці год. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Эўропа. У Беларусі пашырана ў заходніх і цэнтральных раёнах. Большасць месцаў росту знаходзіцца на ўзвышшах Беларускай грады і прыледавіковых раўнінах Перадпалесся [5-7].
Месцы росту. Сасновыя, шыракаліста-хваёвыя, саснова-шыракалістыя і саснова-бярозавыя лясы пераважна чарнічнага, а таксама мшыстага, арляковага і верасовага тыпаў; радзей - сіўцовыя лугі, лясныя высечкі і паляны.
Характар росту. Расце адзінкавымі экземплярамі і невялікімі групамі, зрэдку (на высечках) утварае значныя па колькасці папуляцыі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель, вытоптванне, збор квітучых раслін, выпас жывёлы ў месцах росту, нарыхтоўка ў якасці лекавай сыравіны.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [8], у Рэспубліканскім і гарадскім экалагічных цэнтрах навучэнцаў у Менску.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў запаведніках і спецыялізаваных заказніках. Спецыяльнай пастановай Мінабл- і гарвыканкамаў забаронены масавы збор і продаж гэтай расліны. Занесены ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [9] і ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [10].
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, забарона адзначаных відаў антрапагеннага ўздзеяння, увядзенне ў культуру і вырошчванне ў спецыяльных гадавальніках, на высечках і г.д., у якасці лекавай сыравіны.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1978; 2. Красная книга СССР, 1985; 3. Козловская, Парфенов, 1972; 4. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 5. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і БДУ; 6. Парфенов, Козловская, Симонович, 1970; 7. Блажевич, 1986; 8. Кухарева, Пашина, 1986; 9. Моисеева, 1967; 10. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Р.Блажэвіч @

Цыбуля мядзведжая, або чарамша (Allium ursinum L., 1753)
Парадак Лілеякветныя (Liliales), сямейства Цыбулевыя (Alliaceae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога хутка скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі немаральны рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах і астраўных участках росту на паўночна-ўсходняй мяжы арэала [1]. Дэкаратыўная, лекавая, меданосная і харчовая расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з адзінкавай вузкай белай цыбулінай і трохгранным кветаносам вышынёй 15-40 см. Лісце шырокае, з ланцэтнай або падоўжна-ланцэтнай пласцінкай, паступова звужанай у чаранок. Кветкі белыя, накшталт зорачак, з 6 завостранымі пялёсткамі, сабраны ў паўшарападобны густы парасонік. Плод - шарападобная трохгранная каробачка. Насенне чорнае [2].
Асаблівасці біялогіі. Эфемероід. Цвіце ў траўні-чэрвені, пладаносіць у чэрвені-ліпені. У канцы ліпеня заканчвае вегетацыю. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Сярэдняя і Атлантычная Эўропа, Скандынавія, Міжземнамор'е, Малая Азія [3]. У Беларусі трапляецца спарадычна па ўсёй тэрыторыі. Дакладна вядома больш за 50 месцаў росту, у асноўным у заходніх і цэнтральных раёнах краіны [4, 5].
Месцы росту. Шыракалістыя і шыракаліста-хваёвыя лясы ў далінах невялікіх ручаёў і рэчак, сярод балот, поймавыя дубравы і чорнаалешнікі, забалочаныя беразнякі.
Характар росту. Расце вялікімі групамі, зрэдку ўтварае суцэльныя зараснікі на плошчы да некалькіх гектараў.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка лесу, лесамеліярацыя, вытоптванне і масавы збор чарамшы як харчовай расліны.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [6], у Рэспубліканскім экалагічным цэнтры навучэнцаў у Менску, а таксама на прысядзібных участках.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы і Бярэзінскім запаведніку, у некаторых комплексных і спецыялізаваных батанічных заказніках. Забаронены збор і продаж чарамшы ў наваколлях Менска [7]. Занесена ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [8] і ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [9].
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцаў росту, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, пошук новых месцаў росту, забарона пазначаных вышэй антрапагенных уздзеянняў, увядзенне ў культуру, у тым ліку вырошчванне на плантацыях.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Флора СССР, т. 4, 1935; 3. Флора Европейской части СССР, т. 4, 1979; 4. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і БДУ; 5. Блажевич, 1986; 6. Кухарева, Пашина, 1986; 7. Постановление..., 1980; 8. Моисеева, 1967; 9. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Р.Блажэвіч @

Пылкагалоўнік даўгалісты (Cephalanthera longifolia (L.) Fritsch, 1888 [C. ensifolia Rich.])
Парадак Ятрышнікакветныя (Orchidales), сямейства Ятрышнікавыя (Orchidaceae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога хутка скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўрапейска-малаазійскі немаральны рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах і астраўных участках росту на паўночна-ўсходняй мяжы арэала [1, 2]. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з прамым або чуць сагнутым голым сцяблом вышынёй 15-45 см і ўкарочаным гарызантальным карэнішчам з таўставатымі шнурападобнымі каранямі. Лісце лінейна-ланцэтнае, часта ўдоўжкі складзенае, завостранае, даўжынёй 7-16 см і шырынёй 1-3 см, па 6-9 на сцябле. Кветкі даволі буйныя, белыя, званочкавыя, з тонкім прыемным водарам, сабраны ў рыхлае коласападобнае суквецце. Губа кароткая, акруглая, падзелена выемкай на 2 долі, з жоўтай плямай каля асновы, укрытая дробнымі сасочкамі. Завязь сядзячая, злёгку скручаная, голая. Плод - сухая вераценападобная каробачка [3-5].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў траўні-чэрвені, пладаносіць у чэрвені. Размнажэнне пераважна насеннае, рэдка вегетатыўнае.
Пашырэнне. Эўразія. Трапляецца ў заходніх, цэнтральных і паўднёвых раёнах Эўрапейскай часткі [3, 4]. У Беларусі расце ў Ваўкавыскім, Валожынскім, Лагойскім, Лельчыцкім, Мазырскім, Менскім і Наваградскім раёнах [6]. Раней адзначаўся ў наваколлях Горадні, Магілева, Горак, Сяльца, Слуцка і Нясвіжа [5, 7]. Месцазнаходжанне ў наваколлях Мазыра (былая в. Кімбараўка), відаць, ужо знішчана.
Месцы росту. Шыракалістыя, хваёва-шыракалістыя, хваёва-драбналістыя, а таксама вытворныя (асінавыя, бярозавыя) лясы, хмызнякі.
Характар росту. Трапляецца асобнымі экземплярамі, невялікімі, часам даволі значнымі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка лясоў, гаспадарчая трансфармацыя зямель, водапаніжэнне, выпас жывёлы ў лясах, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне, збор квітучых раслін, выкопванне карэнішчаў).
Культываванне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў ландшафтным заказніку «Свіцязянскі», спецыялізаваных батанічных заказніках «Стрэльскі», «Белая», «Хамічкі», «Глушкавічы» ў Мазырскім і Лельчыцкім раёнах. Уключаны ў Чырвоную кнігу СССР з 1978 г. [8, 9]. Занесены ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [10] і ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [11].
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў ва ўсіх выяўленых месцах росту, пошук новых месцаў росту, забарона або абмежаванне ўказаных вышэй антрапагенных уздзеянняў, увядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 3. Флора СССР, т. 4, 1935; 4. Флора Европейской части СССР, т. 2, 1976; 5. Флора БССР, т. 1, 1949; 6. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і БДУ; 7. Пачоский, 1900; 8. Красная книга СССР, 1978; 9. Красная книга СССР, 1985; 10. Моисеева, 1967; 11. Чырвоная кніга БССР, 1981.

І.Швец @

Пылкагалоўнік чырвоны (Cephalanthera rubra (L.) Rich., 1818)
Парадак Ятрышнікакветныя (Orchidales), сямейства Ятрышнікавыя (Orchidaceae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога хутка скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Паўднёваэўрапейскі немаральны рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах і астраўных участках росту на паўночна-ўсходняй мяжы арэала [1]. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з кароткім узыходным або амаль вертыкальным карэнішчам і простым прамым сцяблом вышынёй 25-60 см. Лісце прадаўгавата-ланцэтнае або ланцэтнае, завостранае, даўжынёй 5-12 і шырынёй 1-3 см, чаргаванае, па 5-8 на сцябле. Кветкі даволі буйныя, лілова-ружовыя, на кветаножках, сабраны ў рыхлае, коласападобнае суквецце. Губа белая з трохвугольнай завостранай верхняй лопасцю, прыкветнікі лінейна-ланцэтныя або ланцэтныя, роўныя ці злёгку даўжэйшыя за завязь. Плод - сухая вераценападобная каробачка з вельмі дробным насеннем. Сцябло, вось суквецця, кветаножка і завязь з дробным залозістым апушэннем [2-5].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені, пладаносіць у ліпені-жніўні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае [5].
Пашырэнне. Эўразія [2, 3]. У Беларусі выяўлены ў Бярозаўскім, Барысаўскім, Ваўкавыскім, Ганцавіцкім, Дзяржынскім, Жыткавіцкім, Іванаўскім, Камянецкім, Клецкім, Камарынскім, Лельчыцкім, Лепельскім, Любанскім, Маларыцкім, Магілеўскім, Мядзельскім, Наваградскім, Петрыкаўскім, Пінскім, Пружанскім, Пухавіцкім, Рэчыцкім, Светлагорскім, Свіслацкім, Смалявіцкім, Хойніцкім, Чачэрскім, Чэрвеньскім і Чэрыкаўскім раёнах [6-8]. Раней адзначаўся таксама для Хойніцкага і Брагінскага раёнаў, наваколляў Менска, Магілева, Бабруйска, Клецка, Наваградка і Нясвіжа [4, 9, 10].
Месцы росту. Шыракалістыя, хвойна-шыракалістыя і хвойна-драбналістыя, а таксама асінавыя, бярозавыя лясы, хмызнякі.
Характар росту. Трапляюцца адзінкавыя экземпляры або невялікія групы.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка лясоў, гаспадарчая трансфармацыя зямель, водапаніжэнне, выпас жывёлы ў лясах, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне, збор квітучых раслін, выкопванне карэнішчаў).
Культываванне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Бярэзінскім і Прыпяцкім запаведніках, Белавежскай пушчы, у Чачэрскім і Чэрыкаўскім паляўнічых заказніках, у спецыялізаваных батанічных заказніках «Мохра» (Іванаўскі раён), «Вепрынскі» (Чэрыкаўскі раён), «Любячка» (Пухавіцкі раён), «Пекалінскі» (Смалявіцкі раён) і «Замкавы лес» (Ваўкавыскі раён). Уключаны ў Чырвоную кнігу СССР з 1978 г. [11, 12]. Занесены ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [13] і ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [14].
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, пошук новых месцаў росту, забарона або абмежаванне антрапагенных уздзеянняў, увядзенне ў культуру і штучнае рассяленне ў прыродныя ўмовы.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Флора СССР, т. 4, 1935; 3. Флора Европейской части СССР, т. 2, 1976; 4. Флора БССР, т. 1, 1949; 5. Вахромеева и др., 1991; 6. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і БДУ; 7. Михайловская, 1935; 8. Николаева, Зефиров, 1971; 9. Пачоский, 1900; 10. Полянская, 1931; 11. Красная книга СССР, 1978; 12. Красная книга СССР, 1985; 13. Моисеева, 1967; 14. Чырвоная кніга БССР, 1981.

І.Швец @

Пальчатакарэннік майскі (Dactylorhiza majalis (Reichenb. f.) P.F. Hunt et Summerhayes, 1965)
Парадак Ятрышнікакветныя (Orchidales), сямейства Ятрышнікавыя (Orchidaceae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога хутка скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі ўмерана-барэальны лугавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў астраўных участках росту і асобных лакалітэтах паблізу паўночна-ўсходняй мяжы арэала [1]. Дэкаратыўная і лекавая расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з 2 сплясканымі, пальчатараздзельнымі клубнямі і прамым сцяблом вышынёй да 40 см. Лісце ланцэтападобнае, чаргаванае, сцеблаабдымнае, плямістае. Кветкі пурпуровыя або фіялетавыя, сабраны ў коласападобнае суквецце. Губа каротка-трохлопасцевая з малюнкам з суцэльных або перарывістых ліній. Шпорац фіялетавы. Плод - каробачка [1].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў траўні-чэрвені, пладаносіць у чэрвені-ліпені. Размнажэнне пераважна насеннае.
Пашырэнне. Скандынавія, Сярэдняя і Атлантычная Эўропа, Міжземнамор'е. У Беларусі вядома некалькі месцазнаходжанняў, прымеркаваных, галоўным чынам, да Беларускай грады і прыледніковых раўнін, - Белавежская пушча, Бярэзінскі запаведнік, Ваўкавыскі, Пухавіцкі і некаторыя іншыя раёны [2].
Месцы росту. Нізінныя лугі, прыбярэжныя хмызнякі, сырыя лясныя паляны.
Характар росту. Расце асобнымі экземплярамі або невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гідрамеліярацыйныя работы, гаспадарчая трансфармацыя зямель, водапаніжэнне, перавыпас жывёлы, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне, зрыванне квітучых раслін).
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы, Бярэзінскім запаведніку, спецыялізаваным батанічным заказніку «Веленскі» ў Пухавіцкім раёне.
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, забарона пазначаных відаў антрапагеннага ўздзеяння на месцазнаходжанні віда, абмежаванне рэкрэацыйных нагрузак, выяўленне новых месцаў росту, увядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Флора Европейской части СССР, т. 2, 1976; 2. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі.

І.Швец @

Ятрышнік клапаносны (Orchis coriophora L., 1753)
Парадак Ятрышнікакветныя (Orchidales), сямейства Ятрышнікавыя (Orchidaceae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога хутка скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Міжземнаморска-эўрапейскі від, які знаходзіцца ў Беларусі на паўночна-ўсходняй мяжы арэала [1]. Дэкаратыўная і лекавая расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з прамастойным сцяблом вышынёй 20-40 см і 2 эліпсападобнымі клубнямі. Лісце вузкалінейнае, шырынёй 4-10 [15] мм, зялёнае, тупа завостранае. Суквецце верхавінкавае, густое, коласападобнае, шматкветкавае, даўжынёй да 13-14 см. Прыкветнікі з 1 жылкай, зялёныя або па краі пурпуровыя. Кветкі карычнева-пурпуровыя, з пахам лясных клапоў. Лісцікі калякветніка вузкалінейныя. Губа карычнева-пурпуровая з аліўкавым адценнем, каля асновы белаватая з пурпуровымі крапінкамі. Шпорка востра-канічная, сагнутая, карацей, чым завязь. Плод - каробачка.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў канцы траўня - пачатку чэрвеня, пладаносіць у чэрвені-жніўні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Сярэдняя і Атлантычная Эўропа, Міжземнамор'е, Малая Азія [2]. У Беларусі пашыраны спарадычна, пераважна ў Берасцейскім, Буда-Кашалёўскім, Гарадзенскім, Жыткавіцкім, Капыльскім, Крычаўскім, Мазырскім, Мастоўскім, Менскім, Мсціслаўскім, Наваградскім, Слуцкім і Столінскім раёнах [3-6].
Месцы росту. Сухадольныя і поймавыя лугі з нізкім і разрэджаным разнатраўна-злакавым травастоем, пераважна на багатых карбанатных глебах нармальнага ўвільгатнення або сухаватых.
Характар росту. Расце невялікімі, нярэдка даволі буйнымі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Узорванне лугавых угоддзяў, выпас жывёлы, касьба, прымяненне ядахімікатаў, гербіцыдаў і мінеральных угнаенняў.
Культываванне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [7]. Спецыяльныя меры аховы канкрэтных папуляцый не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў і кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, абмежаванне ў месцах росту віду антрапагенных уздзеянняў, выяўленне новых месцаў росту, увядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Флора Европейской части СССР, т. 2, 1976; 3. Парфенов, 1983; 4. Пачоский, 1900; 5. Флора БССР, т. 1, 1949; 6. Михайловская, 1953; 7. Моисеева, 1967.

Ю.Бібікаў @

Ятрышнік дрэмлік (Orchis morio L., 1753)
Парадак Ятрышнікакветныя (Orchidales), сямейства Ятрышнікавыя (Orchidaceae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога хутка скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Міжземнаморска-эўрапейскі від, які ў Беларусі знаходзіцца на паўночна-ўсходняй мяжы арэала [1]. Дэкаратыўная і лекавая расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з прамастойным сцяблом вышынёй 12-25 (30) см і 2 шарападобнымі клубнямі дыяметрам каля 1 см. Лісце прадаўгавата-ланцэтнае, сабрана ў ніжняй частцы сцябла; вышэй іх размешчана 3-4 ліставых похвы. Суквецце верхавінкавае, рыхлае, з 8-16 кветак. Кветкі з буйнымі прыкветнікамі, пераважаюць фіялетава-пурпуровыя розных адценняў, трапляюцца ружовыя, мяса-чырвоныя, крэмавыя, цёмна-фіялетавыя, белаватыя і чыста белыя. Шлем звычайна буравата-зялёны. Губа часцей фіялетава-пурпуровая, пасярэдзіне белаватая з адзінкавымі крапінкамі. Шпорка булавападобная, тупая, па даўжыні амаль роўная губе. Плод - доўгая каробачка.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў канцы траўня - пачатку чэрвеня, пладаносіць у чэрвені-жніўні. Размнажэнне ў асноўным насеннае. Насенне прарастае толькі пры наяўнасці ў глебе асобых грыбоў-сімбіёнтаў (мікарызаўтваральнікаў).
Пашырэнне. Скандынавія, Сярэдняя і Атлантычная Эўропа, Міжземнамор'е [2]. У Беларусі найбольш буйныя папуляцыі адзначаны на поўначы Мядзельскага раёна, радзей трапляецца ў Астравецкім, Докшыцкім, Любанскім і Пастаўскім раёнах [3]. Раней адзначаўся ў Гарадзенскай і Магілеўскай губернях, а таксама ў наваколлях Менска, Наваградка і Пінска [4-7].
Месцы росту. Сухадольныя лугі з нізкім і разрэджаным разнатраўна-злакавым травастоем і палогія схілы азёрна-ледавіковых раўнін, часам трапляецца сярод хмызняку, на лясных палянах і ўзлесках [8].
Характар росту. Расце невялікімі, нярэдка даволі буйнымі групамі [9, 10].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Антрапагенная трансфармацыя тэрыторый, выпас жывёлы, касьба, збор квітучых раслін.
Культываванне. Выпрабоўваўся ў ЦБС АН Беларусі і батанічным садзе БДУ. Цвіце толькі ў першыя гады, выпадае праз 1-2 гады.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [11] і Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [12]. Спецыяльных мер аховы канкрэтных папуляцый не прымалася.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў і кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, забарона адзначаных відаў антрапагеннага ўздзеяння на месцы росту віду, выяўленне новых месцаў росту, увядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Флора Европейской части СССР, т. 2, 1976; 3. Бібікаў, Вынаеў (асаб. павед.); 4. Пачоский, 1900; 5. Флора БССР, т. 1, 1949; 6. Міхайловская, 1953; 7. Dybowski, 1899; 8. Бибиков, 1980; 9. Бибиков, 1985; 10. Бибиков, 1986; 11. Моисеева, 1967; 12. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Ю.Бібікаў @

Асака буксбаўма (Carex buxbaumii Wahlenb., 1803)
Парадак Асакакветныя (Cyperales), сямейства Асаковыя (Cyperaceae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога хутка скарачаецца; трапляецца на абмежаванай тэрыторыі.
Значэнне ў захаванні генафонду. Барэальны цыркумпалярны від [1], які знаходзіцца ў Беларусі ў ізаляваных лакалітэтах у межах шырокага галарктычнага арэала.
Кароткае апісанне. Шматгадовая шэра-зялёная доўгакарэнішчавая травяністая расліна вышынёй 50-60 см з доўгімі цвёрдымі парасткамі. Сцёблы каля асновы абкружаны чырванавата-пурпуровымі, сеткавата расшчэпленымі похвамі. Лісце цвердаватае, унізе кіляватае, карацей за сцябло. Каласкі (3-5) прамыя. Верхавінкавы каласок булавападобны, у верхняй частцы з песцікавымі, у ніжняй - з тычынкавымі кветкамі; бакавыя каласкі (2-3) яйкападобныя, песцікавыя [4]. Лускавіны прадаўгавата-яйкападобныя, іржавыя або буравата-ржавыя, з 1-3 зялёнымі жылкамі і шылападобным шурпатым асцюком. Мяшэчкі эліптычныя зеленавата-белаватыя, з шырокавыемчата-двухзубчастым носікам [2, 3].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў траўні, пладаносіць у чэрвені. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Эўразія, Паўночная Амерыка, Аўстралія [1-3]. У Беларусі выяўлена ў Вілейскім, Менскім, Рэчыцкім, Салігорскім, Жыткавіцкім і Лунінецкім раёнах [4].
Месцы росту. Расце на балотах і забалочаных лугах, па берагах вадаёмаў.
Характар росту. Трапляюцца адзінкавыя экземпляры і невялікія групы на абмежаваных плошчах.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушальная меліярацыя і гаспадарчая трансфармацыя зямель.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльныя меры аховы не прымаліся. Знаходзіцца пад аховай у Ленінскім паляўнічым заказніку.
Неабходныя меры аховы. Арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў у вядомых месцах росту, кантроль за станам папуляцый, забарона ўказаных відаў антрапагенных уздзеянняў на месцазнаходжанні віду, выяўленне новых месцаў росту і іх ахова.

Літ.: 1. Флора северо-востока Европейской части СССР, т. 2, 1976; 2. Флора Европейской части СССР, т. 2, 1976; 3. Флора СССР, т. 3, 1935; 4. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і Батанічнага інстытута імя Камарова АН СССР.

Г.Зубкевіч @

Асака воласападобная (Carex capillaris L., 1753)
Парадак Асакакветныя (Cyperales), сямейства Асаковыя (Cyperaceae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога хутка скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Галарктычны рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі на паўднёва-ўсходняй мяжы пашырэння ў асобных лакалітэтах і астраўных участках росту.
Кароткае апісанне. Шматгадовая густадзярністая расліна вышынёй 10-20 см. Лісце шырынёй 1-2 мм, тонкае, плоскае, у 2-3 разы карацей за сцябло. Верхні каласок тычынкавы, белаваты, лінейны, даўжынёй 0,5-1 см; бакавыя - песцікавыя, у колькасці 2-5, малакветкавыя, рыхлыя, амаль лінейныя, даўжынёй 1-1,5 см, на доўгіх ніткападобных ножках, панікаюць. Ніжні прыкветны ліст з доўгай похвай, карацейшы за суквецце. Лускавінкі песцікавых каласкоў бледна-бурыя або бледна-зялёныя з шырокімі белаперапончатымі краямі. Мяшочкі ўздутыя, акруглыя, зеленавата-бурыя, са слаба шурпатым, радзей гладкім носікам.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў траўні-чэрвені, пладаносіць у жніўні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Скандынавія, Сярэдняя і Атлантычная Эўропа, Міжземнамор'е, паўночныя і заходнія раёны Ўсходняй Эўропы, Каўказ, Сібір, Далёкі Ўсход, Паўночная Амерыка [1-3]. У Беларусі вядомы ў Мядзельскім і Астравецкім раёнах [4].
Месцы росту. Сырыя і вільготныя лугі, берагі рэк і ручаёў, ускрайкі нізінных і пераходных балот.
Характар росту. Расце невялікімі, часам буйнымі і вельмі буйнымі (да 30-50 м у дыяметры) групамі [4].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Распашка зямель, празмерны выпас жывёлы, прымяненне мінеральных угнаенняў.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў заказніках «Рудакова» і «Некасецкі».
Неабходныя меры аховы. Арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў ва ўсіх вядомых месцах росту, выяўленне новых месцазнаходжанняў і іх ахова.

Літ.: 1. Флора Европейской части СССР, т. 2, 1976; 2. Lietuvos TSR flora, т. 2, 1963; 3. Конспект флоры Псковской обл., 1970; 4. Бибиков, 1982.

Ю.Бібікаў @

Асака птушканожкавая (Carex ornithopoda Willd., 1805)
Парадак Асакакветныя (Cyperales), сямейства Асаковыя (Cyperaceae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога хутка скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі рэліктавы кальцэфільны від, які знаходзіцца ў Беларусі ў ізаляваных лакалітэтах і астраўных участках росту на паўднёва-ўсходняй мяжы арэала.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна вышынёй 5-20 см, утварае шчыльныя дзярніны. Лісце шырынёй 2-4 мм, дугападобна выгнутае. Суквецці даўжынёй 1-2 см з 3-4 пучкападобна збліжаных каласкоў; тычынкавыя каласкі светла-карычневыя, даўжынёй каля 0,5 см, песцікавыя - 0,8-1,5 см. Мяшочкі зваротнаяйкападобныя, трохгранныя, апушаныя, з белым мясістым прыдаткам у ніжняй частцы.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў траўні, пладаносіць у чэрвені-ліпені. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Скандынавія, Сярэдняя і Атлантычная Эўропа [1-3]. У Беларусі вядомы месцазнаходжанні ў Глыбоцкім, Мядзельскім і Астравецкім раёнах [4].
Месцы росту. Сухадольныя лугі і сухія травяністыя схілы з карбанатнай глебай і нізкім разрэджаным травастоем [4].
Характар росту. Расце невялікімі, часам вельмі значнымі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Разворванне зямель, празмерны выпас жывёлы, выкарыстанне мінеральных угнаенняў.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў заказніках «Рудакова» і «Некасецкі».
Неабходныя меры аховы. Арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў у вядомых месцазнаходжаннях, кантроль за станам папуляцый, выяўленне новых месцаў росту, папярэджванне змянення экалагічных рэжымаў месцаў росту, мэтавая аптымізацыя ўмоў росту.

Літ.: 1. Флора Европейской части СССР, т. 2, 1976; 2. Lietuvos TSR flora, т. 2, 1963; 3. Конспект флоры Псковской области, 1970; 4. Бибиков, 1982.

Ю.Бібікаў @

Асака прысадзістая (Carex supina Wahlenb., 1803)
Парадак Асакакветныя (Cyperales), сямейства Асаковыя (Cyperaceae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога хутка скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўрасібірскі стэпавы рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах за паўночнай мяжой арэала [1].
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з тонкім кароткім карэнішчам, укрытым бурымі похвамі, і прамастойнымі сцёбламі вышынёй 7-25 см (каля асновы з чырвона-бурымі сеткаватымі похвамі). Ліставыя пласцінкі вузкія, па краі шурпатыя. Суквецце з 2-3 каласкоў, з якіх верхні - мужчынскі лінейна-прадаўгаваты, ніжні - жаночы, амаль шарападобны. Мяшочкі адваротна-яйкападобныя або акруглыя, лімонна-жоўтыя, пазней бурэюць, з кароткім няясназубчастым носікам. 3 рыльцы [2, 3].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў канцы красавіка - пачатку траўня, пладаносіць у канцы чэрвеня. Размнажэнне пераважна вегетатыўнае, але магчыма і насеннае [4].
Пашырэнне. Эўразія [3]. Упершыню знойдзена ў Беларусі ў 1974 г. ў наваколлі в. Клецішча Стаўбцоўскага раёна [5, 6], а пазней - у межах Менска (пас. Дворышча) [7]. Апошняе месца росту знішчана.
Месцы росту. Расце на сухіх астэпаваных схілах узгоркаў і яроў.
Характар росту. Трапляюцца невялікія групы.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель.
Культываванне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльна не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцыі, арганізацыя спецыялізаванага батанічнага заказніка ў наваколлі в. Клецішча, пошук новых месцаў росту, увядзенне ў культуру і штучнае рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Флора СССР, т. 3, 1935; 3. Флора Европейской части СССР, т. 2, 1978; 4. Новиков, Бахрамеева, 1980; 5. Зубкевич, Сауткина, Бибиков, 1983; 6. Сауткина и др., 1979; 7. Траццякоў (асаб. павед.).

Т.Сауткіна @

Гарлачык жоўты малы (Nuphar pumila (Timm) DC., 1821)
Парадак Гарлачыкакветныя (Nymphaeales), сямейства Гарлачыкавыя (Nymphaeaceae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўразійскі, барэальна-таежны рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах на паўднёва-ўсходняй мяжы арэала [1, 2]. Лекавая, дубільная і дэкаратыўная расліна. Ядавітая [3].
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая водная бессцябловая расліна з тоўстым мясістым карэнішчам і плывучым ярка-зялёным, скурыстым, авальна-эліптычным сэрцападобным лісцем дыяметрам 5-15 см; падводнае лісце тонкае, маршчакаватае, светла-зялёнае, з плоскімі чаранкамі. Кветкі дробныя (дыяметрам 2-3 см), аранжава-жоўтыя адзіночныя, з моцным прыемным пахам, з 5 жоўтымі, знізу зялёнымі чашалісцікамі і шматлікімі пялёсткамі. Рыльца пукатае, з 8-10 добра прыкметнымі прамянямі. Плод ягадападобны [3, 4].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-верасні, пладаносіць у ліпені-лістападзе. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае (карэнішчамі). Плод выспявае пад вадой.
Пашырэнне. Сярэдняя паласа Эўразіі, Скандынавія, паўночныя раёны Ўсходняй Эўропы, лясная зона Сібіры і Далёкага Ўсходу, Паўднёвы Сахалін [1-4]. У Беларусі знойдзены ў Браслаўскім (р. Друйка), Верхнядзвінскім (воз. Асвейскае), Міёрскім (воз. Шчоўна, р. Заходняя Дзвіна), Расонскім (воз. Мохавае) і Чашніцкім (воз. Лукомскае) раёнах [1, 5, 6]. Мяркуюць, што гарлачык расце ў Бярозаўскім, Ганцавіцкім, Менскім, Пухавіцкім і Салігорскім раёнах [7, 8].
Месцы росту. Невялікія поймавыя, лясныя і балотныя азярцы, радзей затокі буйных азёр і рэк на глыбіні 0,5-1,5 м, на глеістых адкладах.
Характар росту. Утварае дастаткова шчыльныя або разрэджаныя зараснікі, часам расце невялікімі групамі і адзінкавымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Абмяленне і забруджванне вадаёмаў, змяненне іх гідрахімічнага саставу і тэмпературнага рэжыму, пашкоджванне зараснікаў рыбалоўнымі сеткамі і водаматорным транспартам, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі, кліматычныя змены, выцясненне больш канкурэнтаздольнымі відамі.
Культываванне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. і ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [9, 10]. Ахоўваецца ў заказніку-журавінніку «Юхавіцкі», паляўнічым заказніку «Асвейскі».
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных і гідралагічных (азёрных) заказнікаў ва ўсіх выяўленых месцах росту, пошук новых месцаў росту, увядзенне ў аквакультуру, рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 3. Флора средней полосы Европейской части СССР, 1954; 4. Флора СССР, т. 7, 1937; 5. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 6. Якушка (асаб. павед.); 7. Даныя гербарыя БДУ; 8. Казлоўскі, Скуратовіч (асаб. павед.); 9. Моисеева, 1967; 10. Чырвоная кніга БССР, 1981.

П.Парфёнаў @

Кураслеп лясны (Anemone sylvestris L., 1753)
Парадак Казяльцовакветныя (Ranunculales), сямейства Казяльцовыя (Ranunculaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Лесастэпавы эўрасібірскі рэліктавы від, у Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах і астраўных месцах росту на паўночнай мяжы арэала [1]. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з прамастойным сцяблом вышынёй 30-40 см і некалькімі прыкаранёвымі лістамі, мякка апушаная, з кароткім карэнішчам. Ліставыя пласцінкі пяціраздзельныя, на доўгіх чаранках. Кветкі буйныя, 3-5 см у дыяметры, белыя.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў канцы траўня - чэрвені. Цвіценне працягваецца 15-20 сутак [2, 3]. Пладаносіць у чэрвені-ліпені. Размнажаецца насеннем і вегетатыўна пры дапамозе сталонаў і каранёвых атожылкаў.
Пашырэнне. Эўразія [4]. На тэрыторыі Беларусі знойдзены ў Асіповіцкім, Астравецкім, Браслаўскім, Валожынскім, Ваўкавыскім, Веткаўскім, Віцебскім, Гомельскім, Гарадзенскім, Добрушскім, Калінкавіцкім, Карэліцкім, Лагойскім, Лоеўскім, Магілеўскім, Мазырскім, Менскім, Мядзельскім, Наваградскім, Рагачоўскім, Рэчыцкім і Слаўгарадскім раёнах.
Месцы росту. Сухія адкрытыя схілы берагоў рэк, узгоркаў і яроў, якія добра праграваюцца, узлескі і светлыя паляны сасновых, бярозавых, саснова- і ялова-бярозавых лясоў, ядлоўцавага рэдкалесся [5].
Характар росту. Расце невялікімі, часам буйнымі групамі, на абмежаваных плошчах.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Тэхнагеннае ўздзеянне пры высечцы лесу, разорванні зямель, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне, зрыванне раслін), выпас жывёлы.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі, батанічным садзе БДУ і ў Рэспубліканскім экалагічным цэнтры навучэнцаў у Менску. У культуры адзначаецца падаўжэнне тэрмінаў цвіцення да 25-30 дзён, назіраецца другое цвіценне ў жніўні-верасні, нярэдка павялічваюцца колькасць кветканосаў і памеры кветак [6].
Прынятыя меры аховы. Занесены ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [7] і Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [4]. Ахоўваецца ў ландшафтных заказніках «Блакітныя азёры», «Мазырскія яры», батанічным заказніку «Пасынкі» і Налібоцкім паляўнічым заказніку.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцаў росту і кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў у месцах масавай трапляльнасці віду, выяўленне новых месцаў росту і іх ахова, забарона збору раслін, мэтавая аптымізацыя ўмоў росту, шырокае ўвядзенне ў культуру для зберажэння генафонду мясцовых папуляцый і далейшага рассялення.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Бибиков, 1975; 3. Бибиков, 1985; 4. Чырвоная кніга БССР, 1981; 5. Вынаев, 1984; 6. Пашина, 1976; 7. Моисеева, 1969.

Ю.Бібікаў @

Клапагон эўрапейскі (Cimicifuga europaea Schipcz., 1937)
Парадак Казяльцовакветныя (Ranunculales), сямейства Казяльцовыя (Ranunculaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных плошчах.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі лесастэпавы рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў астраўных участках росту і асобных лакалітэтах за паўночна-ўсходняй мяжой арэала [1, 2]. Дэкаратыўная, лекавая і ядавітая расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з магутным тоўстым карэнішчам і моцным, злёгку баразнаватым, у верхняй частцы галінастым сцяблом вышынёй да 2,5 м. Прыкаранёвае лісце даўжынёй да 40 см, двойчы-, тройчынераўнаперыстае, на доўгіх чаранках. Верхняе сцябловае лісце больш дробнае, амаль сядзячае. Долі ліставых пласцінак яйкападобныя, завостраныя, па краях буйназубчастыя. Кветкі двухполыя, з прыкветнікамі, дробныя, белаватыя, сабраны ў гронкі. Плод - шматлістоўка, плодзікі якой голыя, з кароткім носікам. Насенне шматлікае, дробнае, густа пакрыта бураватымі плевачнымі лускавінкамі [3].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў ліпені-жніўні, пладаносіць у жніўні-верасні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае. Усе часткі расліны маюць непрыемны ўдушлівы пах.
Пашырэнне. Горныя раёны Сярэдняй Эўропы. У Беларусі вядомы 2 астраўныя ўчасткі росту - Белавежская пушча і Мазырскае ўзвышша [4, 5].
Месцы росту. Паляны і ўзлескі ў лісцевых (дубова-грабавыя, дубова-чорнаальховыя) і мяшаных (грабава-кісліцавыя ельнікі, шыракаліста-сасновыя) лясах.
Характар росту. Расце асобнымі экземплярамі і невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель, выпас жывёлы, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне, зрыванне квітучых раслін).
Культываванне. Вырошчваецца ў Рэспубліканскім экалагічным цэнтры навучэнцаў у Менску.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы, у ландшафтным заказніку «Мазырскія яры» і ў спецыялізаваным батанічным заказніку «Стрэльскі». Занесены ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [6] і Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [7].
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцый, пошук новых месцаў росту, забарона пазначаных вышэй відаў антрапагенных уздзеянняў, увядзенне ў культуру, штучнае развядзенне і рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 3. Флора СССР, т. 7, 1937; 4. Николаева, Зефиров, 1971; 5. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 6. Моисеева, 1967; 7. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Р.Блажэвіч @

Павойнік прамы (Clematis recta L., 1753)
Парадак Казяльцовакветныя (Ranunculales), сямейства Казяльцовыя (Ranunculaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаванай тэрыторыі.
Значэнне ў захаванні генафонду. Міжземнаморска-эўрапейскі лесастэпавы від, які ў Беларусі знаходзіцца на ізаляваных астраўных участках на паўночнай мяжы арэала [1]. Лекавая, дэкаратыўная і меданосная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая карэнішчавая расліна з прамым сцяблом вышынёй да 1,5 м. Лісце даўжынёй 15-20 см, шызавата-зялёнае, супраціўнае, з 2-4 адагнутымі адна ад другой парамі яйкападобных лісцікаў, якія знізу маюць вельмі выразныя жылкі. Кветкі шматлікія, дыяметрам да 2 см, белыя або жоўтыя, сабраны ў шчыткападобнае суквецце. Плод - шматарэшак.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені, пладаносіць у жніўні-верасні; размнажаецца вегетатыўна і насеннем [2].
Пашырэнне. Паўднёвая і Цэнтральная Эўропа. Поўдзень лясной, лесастэпавай і стэпавай зон Усходняй Эўропы, Перадкаўказзе і Ўсходняе Закаўказзе [3]. У Беларусі трапляецца толькі ва ўсходняй частцы. Ёсць даныя аб месцах росту ў далінах Дняпра (Ворша, Копысь, Магілеў, Рагачоў, Лоеў), Друці, Прыпяці (Мазыр, Юравічы, Барбароў) і Сажа (Гайшын, Шапатовічы) [1, 4, 5].
Месцы росту. Парослыя хмызняком схілы рачных далін і яроў, узлескі светлых лясоў, драбналессе, сухія лугі ў далінах рэк [1, 4].
Характар росту. Расце асобнымі экземплярамі і невялікімі групамі, зрэдку ўтварае папуляцыі з вялікай колькасцю раслін.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчае асваенне тэрыторый, выпас жывёлы, знішчэнне раслін.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [2] і ў Рэспубліканскім экалагічным цэнтры навучэнцаў у Менску.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [4].
Неабходныя меры аховы. Арганізацыя батанічных заказнікаў ва ўсіх вядомых месцах росту і выяўленне новых месцаў, перыядычны кантроль за станам папуляцый, вырошчванне ў культуры.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Кухарева, Пашина, 1986. 3. Флора БССР, т. 2, 1949; 4. Чырвоная кніга БССР, 1981; 5. Каравосаў (асаб. павед.).

Л.Семярэнка @

Рагулькі высокія (Delphinium elatum L., 1753)
Парадак Казяльцовакветныя (Ranunculales), сямейства Казяльцовыя (Ranunculaceae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэліктавы барэальны сібірска-таежны від. У Беларусі знаходзіцца ў ізаляваных лакалітэтах на паўднёва-заходняй мяжы арэала [1-3]. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая расліна вышынёй 150-200 см з буйным лопасна-рассечаным лісцем даўжынёй да 10 см і шырынёй 15-16 см. Кветкі сіне-фіялетавыя, буйныя (дыяметр 2-3 см), сабраны ў негустую доўгую гронку. Верхняя доля калякветніка з доўгай шпоркай. Плод - голая лістоўка з носікам.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-жніўні [4]. Размнажаецца вегетатыўна і насеннем. Зацвітае на другі год [5].
Пашырэнне. Эўразія. У Беларусі - паўночна-ўсходняя частка: Віцебскі, Лёзненскі, Аршанскі, Гарадоцкі, Бешанковіцкі, Шумілінскі раёны.
Месцы росту. Поймавыя лугі, хмызнякі і рэдкалессе па берагавых схілах і тэрасах далін рэк [2].
Характар росту. Адзінкавымі экземплярамі і невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчае асваенне рачных поймаў, збор квітучых раслін.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [5]. Здаўна культывуецца насельніцтвам Беларусі.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [1]. Ахоўваецца ў спецыялізаваным батанічным заказніку «Віцебскі».
Неабходныя меры аховы. Стварэнне спецыялізаваных батанічных заказнікаў ва ўсіх вядомых месцах росту.

Літ.: 1. Чырвоная кніга БССР, 1981; 2. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 3. Козловская, Парфенов, 1972; 4. Флора БССР, 1949; 5. Кухарева, Пашина, 1986.

Дз.Траццякоў @

Раўнаплоднік пылюшнікавы (Isopyrum thalictroides L., 1753)
Парадак Казяльцовакветныя (Ranunculales), сямейства Казяльцовыя (Ranunculaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных плошчах.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі горны рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў астраўных участках росту і асобных лакалітэтах на паўночна-ўсходняй мяжы арэала [1, 2]. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з тонкім прамым сцяблом вышынёй 10-30 см і гарызантальным разгалінаваным карэнішчам з вялікай колькасцю тонкіх шнурападобных каранёў. Лісце двойчытройчастае, прыкаранёвае і ніжняе сцябловае - чаранковае, самае верхняе - сядзячае. Кветкі ў дыяметры да 1 см, з авальнымі белымі чашалісцікамі і дробнымі шырокаавальнымі пялёсткамі (нектарнікамі), адзіночныя, радзей па 2-3, на тонкіх кветаножках, якія выходзяць з пазух верхняга лісця. Плод - шматлістоўка, якая складаецца з 2-3 плоскіх плодзікаў [3].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў красавіку - пачатку траўня. Пладаносіць у траўні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае. Ранневясновы эфемероід - наземная частка адмірае пасля цвіцення.
Пашырэнне. Горныя раёны Сярэдняй і Атлантычнай Эўропы, Міжземнамор'е. Трапляецца спарадычна ў заходніх раёнах Усходняй Эўропы (Прыбалтыка, Беларусь, заходнія раёны Ўкраіны). У Беларусі расце ў Белавежскай пушчы [4, 5] і ў Камянецкім раёне [6]. Раней адзначаўся ў наваколлях Берасця і Горадні [7].
Месцы росту. Дубова-грабавыя і грабавыя лясы.
Характар росту. Расце адзінкавымі экземплярамі і невялікімі, часам адносна буйнымі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка лясоў, гаспадарчая трансфармацыя зямель, выпас жывёлы, вытоптванне і збор квітучых раслін.
Культываванне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы. Занесены ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [8] і ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [9].
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцаў росту, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаванага батанічнага заказніка ў наваколлі г.п. Высокае, пошук новых месцаў росту, увядзенне ў культуру, штучнае размнажэнне і рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 3. Флора СССР, т. 7, 1937; 4. Николаева, Зефиров, 1971; 5. Блажевич, 1986; 6. Маньякаў (асаб. павед.); 7. Пачоский, 1897; 8. Моисеева, 1967; 9. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Р.Блажэвіч @

Дуб скальны (Quercus petraea (Mattuschka) Liebl., 1784)
Парадак Букакветныя (Fagales), сямейства Букавыя (Fagaceae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных плошчах.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі горны рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных астраўных участках росту за ўсходняй мяжой арэала [1]. Адна з важнейшых лесаўтваральных парод горных і перадгорных лясоў Цэнтральнай Эўропы. Дэкаратыўная, тэхнічная і лекавая расліна.
Кароткае апісанне. Дрэва вышынёй 30 і больш метраў, з цёмнай растрэсканай карой і чырвона-бурымі парасткамі. Ліставая пласцінка з 5-7 парамі няроўных лопасцяў (найбольш доўгія пасярэдзіне пласцінкі). Песцікавыя кветкі і плады па 1-5, часцей па 2-3, сядзячыя або на вельмі кароткіх пладаножках. Плод - жолуд даўжынёй 1,5-2,5 см, абкружаны на 1/2-1/3 даўжыні чашападобнай плюскай [2].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў красавіку-траўні, пладаносіць у ліпені-верасні. Размнажэнне насеннае.
Пашырэнне. Скандынавія, Сярэдняя і Атлантычная Эўропа, Міжземнамор'е, заходнія раёны Ўсходняй Эўропы, Крым, Паўночны Каўказ. У Беларусі ў прыродных умовах расце толькі ў Белавежскай пушчы [1-3]. Раней адзначаўся ў наваколлі Маларыты і паблізу воз. Свіцязь [2, 3], але гэтыя даныя не пацвярджаюцца даследваннямі апошніх гадоў.
Месцы росту. Грабавыя і ялова-грабавыя дубравы арляковага і кіслічнага тыпаў.
Характар росту. Расце асобнымі экземплярамі і невялікімі, месцамі значнымі групамі. У Белавежскай пушчы трапляецца на плошчы 1 тыс. га у 20 лясных кварталах, утварае як чыстыя, так і змешаныя з дубам чарэшчатым (10-15%) і грабам насаджэнні. Чыстыя насаджэнні сканцэнтраваны на плошчы каля 100 га. Трапляецца падрост усіх узроставых катэгорый [5, 6].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Падрост і жалуды знішчаюцца дзікай жывёлай.
Культываванне. Вырошчваецца ў батанічных садах і парках.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [9].
Неабходныя меры аховы. Рэгуляцыя колькасці капытных жывёл у месцах росту дубу, агароджванне асобных участкаў з мэтай зберажэння падросту, культываванне ў лясгасах і парках.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Флора БССР, т. 2, 1949; 3. Николаева, Зефиров, 1971; 4. Пачоский, 1930; 5. Юркевич, Феофилов, 1960; 6. Парфенов, 1969; 7. Парфенов, 1970; 8. Парфенов, Козловская, 1971; 9. Чырвоная кніга БССР, 1981.

В.Парфёнаў @

Бяроза карлікавая (Betula nana L., 1753)
Парадак Бярозакветныя (Betulales), сямейства Бярозавыя (Betulaceae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных плошчах.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўрасібірскі арктабарэальны рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў асобных лакалітэтах за паўднёва-заходняй мяжой арэала [1, 2].
Кароткае апісанне. Нізкарослы моцна разгалінаваны куст вышынёй 1-1,5 м, з цёмна-карычневымі галінкамі, якія сцелюцца або ўзыходзяць. Маладыя галінкі апушаныя, з залозістымі бародаўкамі, пазней амаль голыя. Лісце даўжынёй 0,5-1,5 і шырынёй 1-2 см, шматлікае, дробнае, шырокаклінападобнае, пупышка- або сэрцападобнае, з тупаватай верхавінкай, па краі тупазубчастае, з 2-4 жылкамі на кожнай старонцы, зверху цёмна-зялёнае, бліскучае, знізу светла-зялёнае, зрэдку апушанае, або голае. Кветкі аднаполыя, у тычынкавых і песцікавых каташках. Тычынкавыя каташкі цвёрдыя, тырчаць уверх, песцікавыя - на кароткіх ножках. Плод - эліпса- або яйкападобныя арэшкі з вузкімі крыльцамі [3, 4].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў красавіку - пачатку траўня, пладаносіць у траўні-чэрвені. Размнажаецца ў асноўным вегетатыўна, іншы раз насеннем (у некаторыя гады зусім не пладаносіць).
Пашырэнне. Паўночныя таежныя і гіпаарктычныя раёны Эўразіі [4]. У Беларусі знойдзена ў Барысаўскім, Докшыцкім (Бярэзінскі запаведнік), Міёрскім, Мядзельскім, Пастаўскім, Расонскім і Сенненскім раёнах [2, 5]. Раней адзначалася для наваколляў Горадні [6], аднак І.К.Пачоскі [7] адносіў гэта ўказанне да іншага віду бярозы - Betula humilis Schrank. Палеабатанічныя даныя сведчаць аб росце ў мінулым бярозы карлікавай і ў больш паўднёвых раёнах краіны, у тым ліку ў Прыпяцкім Палессі [8].
Месцы росту. Аблесеныя і бязлесныя тарфяныя сфагнавыя балоты вярховага і пераходнага тыпаў, звычайна на берагах балотных азёр і на ключавінах з доступам мінеральнага жыўлення.
Характар росту. Утварае невялікія зараснікі або расце асобнымі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушальная меліярацыя і гаспадарчае выкарыстанне балот. Як рэдкая рэліктавая расліна з вузкай экалагічнай амплітудай знікае з прычыны спантаннага і антрапагеннага змянення экалагічнага рэжыму месцазнаходжанняў.
Культываванне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Бярэзінскім запаведніку [9], гідралагічных заказніках «Ельня» і «Чарэмшыца», у журавінным заказніку «Юхавіцкі». Занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [10].
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў у месцах росту, пошук новых месцаў росту, забарона неспрыяльных антрапагенных уздзеянняў, аптымізацыя воднага рэжыму балот і сумежных мясцовасцей, увядзенне ў культуру і штучнае рассяленне ў прыродныя ўмовы.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 3. Флора СССР, т. 5, 1936; 4. Флора БССР, т. 2, 1949; 5. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 6. Gilibert J., 1981; 7. Пачоский, 1899; 8. Величкевич, 1973; 9. Ставровская, 1978; 10. Чырвоная кніга БССР, 1981.

В.Парфёнаў @

Гваздзік армерыяпадобны (Dianthus armeria L., 1753)
Парадак Гваздзікакветныя (Caryophyllales), сямейства Гваздзіковыя (Caryophyllaceae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэліктавы, сярэднеэўрапейскі від у ізаляваных лакалітэтах на паўночна-ўсходняй мяжы арэала [1]. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Адна-, двухгадовая расліна з простым або слабаразгалінаваным, зверху апушаным сцяблом вышынёй 20-50 см і кароткім вертыкальным коранем. Ніжняе лісце прадаўгавата-ланцэтападобнае, сярэдняе і верхняе лінейна-ланцэтападобнае ці лінейнае, сядзячае. Кветкі ружова-пурпуровыя, на кароткіх кветаножках, сабраны на верхавінцы сцябла ў малакветкавае галоўчатае суквецце. Плод - каробачка.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-верасні. Размнажаецца насеннем [2].
Пашырэнне. Эўропа [1, 3]. У Беларусі - у наваколлях вёсак Беражное (Столінскі раён), Азяраны, Старажоўцы, Перароў і Хачэнь (Жыткавіцкі раён). Раней адзначаўся ў Менску на тэрыторыі ЦБС АН Беларусі [4], у наваколлях Горадні, Ваўкавыска і Лоева [5].
Месцы росту. Ускрайкі лясоў, хмызнякі.
Характар росту. Расце адзінкавымі экземплярамі або невялікімі групамі. Найбольш буйная папуляцыя знаходзіцца ў Жыткавіцкім раёне.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель, будаўніцтва і земляныя работы, празмерны выпас жывёлы.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі і ў Рэспубліканскім экалагічным цэнтры навучэнцаў у Менску.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Стварэнне батанічнага заказніка ў Жыткавіцкім раёне.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Флора БССР, 1949; 3. Atlas Fl. Eur., 1986; 4. Козловская, Парфенов, 1972; 5. Пачоский, 1897.

Дз.Траццякоў @

Гваздзік картузіянскі (Dianthus carthusianorum L., 1753)
Парадак Гваздзікакветныя (Caryophyllales), сямейства Гваздзіковыя (Caryophyllaceae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі від, які знаходзіцца ў Беларусі ў асобных лакалітэтах на ўсходняй мяжы пашырэння. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з нешматлікімі прамастойнымі або прыўзнятымі голымі кветканоснымі парасткамі вышынёй 15-70 см і галінастым карэнішчам, ад якога адыходзяць вегетатыўныя парасткі. Лісце супраціўнае, лінейнае, каля асновы зрастаецца ў похву. Кветкі на кароткіх кветаножках, каля асновы з бурымі або чарнаватымі ланцэтнымі доўгавостраканцовымі лускавінкамі, сабраны па 3-8 у верхавінкавае галоўчатае суквецце. Чашачка пурпуровая, пяцізубчатая, да сярэдзіны абхвачана шырокаяйкападобнымі, шылападобна звужанымі лускавінкамі. Вяночак ружовы або пурпурова-чырвоны. Плод - прадаўгаватая каробачка [1].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-верасні, пладаносіць у верасні-кастрычніку. Размнажэнне насеннае.
Пашырэнне. Сярэдняя і Паўднёвая Эўропа, Заходняе Міжземнамор'е, Балканы, [1, 2]. У Беларусі трапляецца ў Бярозаўскім, Берасцейскім, Гарадзенскім, Драгічынскім, Камянецкім і Маларыцкім раёнах [3, 4].
Месцы росту. Сасновыя, шыракаліста-сасновыя і шыракалістыя лясы, сухадольныя лугі на пясчаных глебах, лясныя паляны, узлескі і прасекі, чыгуначныя насыпы.
Характар росту. Расце невялікімі, нярэдка даволі буйнымі групамі або асобнымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Антрапагенная трансфармацыя зямель, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі, выпас жывёлы, касьба, збор квітучых раслін.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [5].
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы, біялагічным заказніку «Спароўскі».
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў і кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, выяўленне новых месцаў росту і іх ахова, увядзенне ў культуру, рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Флора СССР, т. 6, 1936; 2. Определитель высших растений Украины, 1987; 3. Николаева, Зефиров, 1971; 4. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 5. Кухарева, Пашина, 1986.

Л.Сімановіч @

Зубніца клубняносная (Dentaria bulbifera L., 1753)
Парадак Каперсакветныя (Capparales), сямейства Крыжакветныя (Brassicaceae (Cruciferae))

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўрапейска-малаазійскі рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі на паўночна-ўсходняй мяжы арэала [1].
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з прамастойным сцяблом вышынёй да 50 см і непарнаперыстарассечаным лісцем на доўгіх чаранках з буйназубчастымі лісцікамі. У пазухах лісця і ў суквеццях звычайна размешчаны карычнева-фіялетавыя лёгка ападаючыя цыбулінкі, якія служаць для вегетатыўнага размнажэння. Кветкі светла-бэзавыя, сабраны ў рыхлую гронку. Плод - сухі стручок [2].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў траўні-чэрвені, пладаносіць у чэрвені. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае (цыбулінкамі).
Пашырэнне. Заходняя і Ўсходняя Эўропа, Каўказ, Малая Азія, Іран. У Беларусі вядома больш за 30 месцаў росту, пераважна ў заходніх, цэнтральных і паўднёвых раёнах.
Месцы росту. Расце ў ялова-грабавых дубравах, дубова-ясянёвых і яловых лясах кіслічнага і сніткавага тыпаў.
Характар росту. Трапляюцца невялікія, іншы раз значныя групы і асобныя экземпляры.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка лесу, змяненне рэжымаў асвятлення і ўвільгатнення месцаў росту.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [3] і ў Рэспубліканскім экалагічным цэнтры навучэнцаў у Менску.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [4] і ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [5]. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы, Бярэзінскім і Прыпяцкім запаведніках, а таксама ў некаторых комплексных і спецыялізаваных батанічных заказніках.
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, пошук новых месцаў росту, забарона ўказаных відаў антрапагенных уздзеянняў, увядзенне ў культуру і штучнае рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Флора БССР, т. 2, 1949; 3. Кухарева, Пашина, 1986; 4. Моисеева, 1967; 5. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Н.Казлоўская @

Луннік ажываючы (Lunaria rediviva L., 1753)
Парадак Каперсакветныя (Capparales), сямейства Крыжакветныя (Brassicaceae (Cruciferaea))

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных плошчах. Уключаны ў Чырвоную кнігу СССР з 1985 г. [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі немаральны рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў астраўных участках росту і асобных лакалітэтах паблізу паўночна-ўсходняй мяжы арэала [2, 3]. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з прамым валасістым, у верхняй частцы галінастым сцяблом вышынёй 120 см. Лісце буйное, тонкае, мяккае, сэрцападобнае, кароткаваласістае. Кветкі буйныя, духмяныя з ліловымі пялёсткамі, сабраны ў негустое мяцёлчатае суквецце. Плод - плоскі павіслы стручочак. Насенне ныркападобнае, па 4-6 у стручочку [4].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў траўні-чэрвені, пладаносіць у чэрвені-жніўні. Размнажэнне насеннае. Зацвітае на другі год.
Пашырэнне. Горныя раёны Сярэдняй і Атлантычнай Эўропы, поўдзень Скандынавіі, Міжземнамор'е. У Беларусі трапляецца, галоўным чынам, на Беларускай градзе (Барысаўскі, Валожынскі, Вілейскі, Бешанковіцкі, Віцебскі, Гарадоцкі, Лагойскі, Менскі і Мядзельскі раёны), а таксама ў Івацэвіцкім, Любанскім і Салігорскім раёнах [5-9]. Раней адзначаўся ў Белавежскай пушчы, наваколлях Горадні і Магілева [10].
Месцы росту. Поймавыя дубравы, чорнаальховыя і ялова-шыракалістыя лясы на вільготных, багатых гумусам глебах, часцей каля ручаёў і крыніц, у далінах рэк.
Характар росту. Расце вялікімі групамі, зрэдку ўтварае буйныя зараснікі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка лясоў, лесамеліярацыйныя работы, гаспадарчая трансфармацыя зямель, выпас жывёлы і празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне, збор квітучых і пладаносных раслін).
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [11], а таксама разводзіцца на прысядзібных участках.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў паляўнічым заказніку «Налібоцкая пушча», спецыялізаваных батанічных заказніках у Гарадоцкім і Докшыцкім раёнах. Занесена ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [12] і Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [13].
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцаў росту, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў ва ўсіх вядомых месцах росту, пошук новых месцаў росту, больш шырокае ўвядзенне ў культуру, штучнае развядзенне і рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1985; 2. Козловская, Парфенов, 1972; 3. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 4. Флора СССР, т. 8, 1939; 5. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 6. Флора Налибокской пущи, 1980; 7. Юрчанка (асаб. павед.); 8. Лазерка (асаб. павед.); 9. Вынаеў (асаб. павед.); 10. Пачоский, 1897; 11. Кухарева, Пашина, 1986; 12. Моисеева, 1967; 13. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Р.Блажэвіч @

Торбачнік альпійскі (Thlaspi alpestre L., 1763)
Парадак Каперсакветныя (Capparales), сямейства Крыжакветныя (Brassicaceae (Cruciferae))

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі горны натуралізаваны від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах за паўднёва-ўсходняй мяжой арэала [1]. Дэкаратыўная і меданосная расліна.
Кароткае апісанне. Шмат-, двух- або аднагадовая травяністая расліна з кароткім, злёгку галінастым карэнішчам і простым прамым, радзей галінастым сцяблом вышынёй 5-20 см. Прыкаранёвае лісце сабрана ў разетку, суцэльнакрайняе, чаранковае, эліптычнае або адваротнаяйкападобнае; сцябловае - вузкаяйкападобна-сэрцападобнае, сядзячае, сцеблаабдымнае, каля асновы стрэлападобнае, з вастраватымі вушкамі, суцэльнае або рэдка выемчаста-зубчастае. Кветкі дробныя, бэзавата-белыя або белыя, сабраны ў коласападобную мяцёлку. Зубцы чашачкі чырванаватыя. Плод - крылаты струк даўжынёй 6-8 мм, на ножцы. Насенне жаўтавата-карычневае, гладкае, па 6-8 у кожным гняздзе [2, 3].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў канцы красавіка - траўні, пладаносіць у траўні-чэрвені. Размнажэнне насеннае.
Пашырэнне. Сярэдняя і Атлантычная Эўропа, Скандынавія, паўночныя і паўночна-заходнія раёны Ўсходняй Эўропы [2]. У Беларусі знойдзена ў 2 пунктах у Мядзельскім раёне [4, 5].
Месцы росту. Злакава-разнатраўныя сухадольныя лугі і папарныя палеткі, на пясчанай глебе. Аддае перавагу парушаным месцам росту і грунтавым агаленням.
Характар росту. Расце невялікімі групамі і асобнымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель, касьба, выпас жывёлы, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне).
Культываванне. Вырошчваецца ў Рэспубліканскім экалагічным цэнтры навучэнцаў у Менску.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў ландшафтным заказніку «Блакітныя азёры».
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцый, пошук новых месцаў росту, увядзенне ў культуру, рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Krawiecowa,1951; 2. Флора Ленинградской области, т. 2, 1957; 3. Флора Европейской части СССР, т. 4, 1979; 4. Вынаев, Третьяков, 1978; 5. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і БДУ.

Г.Вынаеў @

Вярба чарнічная (Salix myrtilloides L., 1753)
Парадак Вербакветныя (Salicales), сямейства Вербавыя (Salicaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных плошчах.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўрасібірскі таежны рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах на паўднёва-ўсходняй мяжы арэала [1, 2]. Дэкаратыўная і тэхнічная расліна.
Кароткае апісанне. Кустарнік вышынёй 30-80 см з шэрай карой. Парасткі жоўта-бурыя або чырвона-бурыя, на верхавінцы пушыстыя. Лісце эліптычнае або падоўжнае, голае, зверху матава-зялёнае, знізу шызае, на вельмі кароткіх чаранках. Кветкі дробныя, без калякветніка, сабраны ў рыхлыя мяцёлкі. Плод - аднагнёздавая двухстворкавая каробачка [2, 3].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў траўні (каташкі расцвітаюць адначасова з паяўленнем лісця), пладаносіць у чэрвені. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Лесатундравая і таежныя зоны Эўразіі, зрэдку ў Заходняй Эўропе, у паўночнай частцы Ўкраіны, на Сярэдняй Волзе. У Беларусі трапляецца ў асноўным у цэнтральнай і ўсходняй частках краіны: Барысаўскі, Вілейскі, Докшыцкі, Лепельскі, Маларыцкі, Чэрыкаўскі і іншыя раёны [2, 4, 5]. Раней адзначалася ў наваколлях Горадні, Слуцка, Жлобіна і Глуска [6, 7].
Месцы росту. Мезатрофныя асакова-сфагнавыя балоты.
Характар росту. Утварае зараснікі і трапляецца асобнымі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушэнне балот і гаспадарчая трансфармацыя зямель.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Бярэзінскім і Прыпяцкім запаведніках, Налібоцкім і Чэрыкаўскім паляўнічых заказніках, а таксама ў ахоўных балотных масівах.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцаў росту, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў на неахоўных месцах росту, пошук новых месцаў росту, штучнае рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Парфенов, Мазан, 1986; 3. Флора БССР, 1949; 4. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 5. Мазан, Вынаеў, Кніга, Шымко, Дубовік (асаб. павед.); 6. Пачоский, 1899; 7. Полянская, 1931.

В.Парфёнаў @

Рададэндран жоўты (Rhododendron luteum Sweet, 1830)
Парадак Верасакветныя (Ericales), сямейства Верасовыя (Ericaceae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных плошчах.
Значэнне ў захаванні генафонду. Старажытнаміжземнаморскі (эўрапейска-малазійскі) рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў астраўных участках росту і асобных лакалітэтах за паўночнай мяжой валынскага фрагмента арэала [1, 2]. Дэкаратыўная, тэхнічная, лекавая расліна.
Кароткае апісанне. Лістападны куст вышынёй да 2 і больш метраў. Лісце чаргаванае, падоўжна-ланцэтнае, на кароткіх чаранках, па жылках рассеяна-валасістае, а па краях шчацініста-раснітчатае. Кветкі буйныя, аранжавыя або жоўтыя, з вельмі моцным пахам, сабраны на канцах галінак у малакветкавыя парасонападобныя шчыткі. Чашачка 5-раздзельная, рана ападае. Плод - падоўжная, пры выспяванні сухая карычневая каробачка [3].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў траўні - пачатку чэрвеня, пладаносіць у чэрвені-жніўні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Горныя раёны Сярэдняй Эўропы, Каўказ, Малая Азія (Пантыйскі хрыбет) [3]. У Беларусі вядома 5 астраўных месцазнаходжанняў на Палессі (Лельчыцкі, Ельскі, Жыткавіцкі раёны) [1, 4-7]. Адзінкавы, відаць, інтрадукаваны куст рададэндрана выяўлены ў Ляхавіцкім раёне [8].
Месцы росту. Сасновыя і саснова-шыракалістыя лясы, пераважна на пераходных палосах паміж чарнічным і багуновым тыпамі лесу, узлескі, ускрайкі сфагнавых балот [1].
Характар росту. Расце адзіночнымі экземплярамі і невялікімі групамі, часта ўтварае густы падлесак.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Знішчэнне хмызняку ў час высечкі лесу, гідралесамеліярацыя, адмярзанне парасткаў і вымярзанне раслін у суровыя зімы.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [9].
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Прыпяцкім запаведніку. Насаджэнне рададэндрана ў Жыткавіцкім раёне і ўнікальны экземпляр яго ў Ляхавіцкім раёне аб'яўлены помнікамі прыроды, створаны спецыялізаваныя батанічныя заказнікі ў Лельчыцкім раёне. Занесены ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [10] і Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [11].
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцый, аб'яўленне насаджэння ў Ельскім раёне помнікам прыроды, пошук новых месцаў росту, больш шырокае ўвядзенне ў культуру, штучнае рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 3. Флора БССР, т. 4, 1955; 4. Козловская, Рыковский, Штутина, 1969; 5. Клакоцкая, Парфенов, Козловская, 1976; 6. Козловская, 1978; 7. Парфенов, 1983; 8. Бурдзін (асаб. павед.); 9. Древесные растения ЦБС АН БССР, 1982; 10. Моисеева, 1967; 11. Чырвоная кніга БССР, 1981.

В.Парфёнаў @

Каменяломнік зярністы (Saxifraga granulata L., 1753)
Парадак Каменяломнікакветныя (Saxifragales), сямейства Каменяломнікавыя (Saxifragaceae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Атлантычна-эўрапейскі рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў асобных лакалітэтах за паўднёва-ўсходняй мяжой арэала [1]. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая шурпата-залозіста-валасістая расліна з кветаносным парасткам вышынёй 15-50 см і разеткай доўгачаранковага прыкаранёвага акругла-ныркападобнага, па краі гародчатага лісця, каля асновы якога знаходзяцца «цыбулінкі». Сцябловае лісце з клінападобнай асновай і больш вузкімі і вострымі лапасцямі. Кветкі белыя або жаўтаватыя, сабраны ў шчыткападобна-мяцёлчатае суквецце. Плод - сухая авальная каробачка [2].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў траўні-чэрвені, пладаносіць у чэрвені-ліпені. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае («цыбулінкамі»).
Пашырэнне. Скандынавія, Сярэдняя і Атлантычная Эўропа, Заходняе Міжземнамор'е, Паўночная Афрыка (Марока) [2]. На тэрыторыі Беларусі раней адзначаўся [3-5] у Белавежскай пушчы, наваколлі Горадні, Наваградка, Слоніма, Карэліч, Магілева і Воршы. Сучаснымі даследваннямі пацвярджаецца факт яго росту ў Карэліцкім, Наваградскім, Слонімскім і Стаўбцоўскім раёнах [5].
Месцы росту. Расце на сырых і мезафітных лугах у поймах рэк, у ярах.
Характар росту. Трапляецца невялікімі групамі і адзіночнымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушальная меліярацыя і гаспадарчая трансфармацыя забалочаных зямель, касьба, выпас жывёлы, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі.
Культываванне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [6].
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцаў росту і кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, выяўленне новых месцаў росту і іх ахова, забарона антрапагенных уздзеянняў на месцы росту, выпрабаванне ў культуры, штучнае рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Флора СССР, т. 9, 1939; 3. Флора БССР, т. 2, 1949; 4. Пачоский, 1897; 5. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі, Батанічнага інстытута імя Камарова і БДУ.

Т.Сауткіна @

Расіца прамежкавая (Drosera intermedia Hayne, 1798)
Парадак Каменяломнікакветныя (Saxifragales), сямейства Расіцавыя (Droseraceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Амфіатлантычны рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў ізаляваных лакалітэтах за ўсходняй мяжой арэала [1]. Лекавая расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна вышынёй 5-8 см з разеткай прыкаранёвага лісця, якое звычайна накіравана ўверх. Сцябло ўкарочанае. Ліставыя пласцінкі прадаўгавата-зваротнаяйкападобныя, клінападобна звужаны ў доўгі чаранок (даўжыня 1,5-3 см). Паверхня лісця ўкрыта шматлікімі чырванаватымі залозістымі галоўчатымі ліпкімі валаскамі. Кветкі дробныя, у негустых гронкападобных, крыху закручаных суквеццях. Кветкавыя стрэлкі прыўзнятыя, пры аснове дугападобна выгнутыя ўверх. Плод - каробачка з 3-4 падоўжнымі бароздкамі.
Асаблівасці біялогіі. Насякомаядная расліна. Цвіце ў чэрвені-жніўні, пладаносіць у жніўні-верасні. Размнажэнне насеннае.
Пашырэнне. Скандынавія, Прыбалтыка, Сярэдняя і Атлантычная Эўропа, Паўночная Амерыка [2]. У Беларусі пашырана пераважна на Палессі - ваколіцы Букчы, Гародна, Жыткавіч, Калодна, Лучыцы, Радостава, Рэчыцы [3], а таксама ў Беларускім Паазер'і - ваколіцы Обалі ў Шумілінскім раёне [1].
Месцы росту. Вярховыя і пераходныя балоты, сырыя пясчаныя месцы, выемкі грунту і кар'еры [3].
Характар росту. Расце невялікімі, часам буйнымі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушальная меліярацыя.
Культываванне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Прыпяцкім запаведніку.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых і выяўленне новых месцаў росту, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, забарона несанкцыянаванага збору раслін, папярэджванне змянення экалагічнага рэжыму месцазнаходжанняў.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Флора БССР, т. 2, 1949; 3. Парфенов, 1983.

Л.Семярэнка @

Валжанка двухдомная (звычайная) (Aruncus dioicus (Walt.) Fern., 1939)
Парадак Ружакветныя (Rosales), сямейства Ружавыя (Rosaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных плошчах.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў астраўных участках росту і асобных лакалітэтах за паўночна-ўсходняй мяжой арэала [1-3]. Дэкаратыўная, лекавая і меданосная расліна [4].
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая двухдомная расліна з тоўстым дзеравяністым карэнішчам і моцным прамастойным сцяблом вышынёй каля 2 м. Прыкаранёвае лісце даўжынёй да 1 м, доўгачаранковае, двойчы-, тройчыперыстае, складаецца з 9 двойчыпілаватых лісцікаў. Кветкі дробныя, белыя, у доўгіх гронках, сабраны ў буйныя раскідзістыя мяцёлкі даўжынёй да 50 см. Гронкі тычынкавых кветак густыя, коласападобныя, песцікавых - рэдкія. Тычынкавыя кветкі большыя за песцікавыя. Плод - лістоўка [5].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце з сярэдзіны чэрвеня да пачатку жніўня, пладаносіць у жніўні-верасні. Зацвітае на трэці год. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае (парасткавымі атожылкамі).
Пашырэнне. Горныя раёны Паўночнай Эўропы, Карпаты, Валынь; Каўказ [5]. У Беларусі вядома больш за 20 месцаў росту, прымеркаваных у асноўным да ўзвышшаў Беларускай грады і прыледавіковых раўнін (Пружанскі, Камянецкі, Свіслацкі, Баранавіцкі, Капыльскі, Наваградскі, Карэліцкі, Менскі, Нясвіжскі і Чэрвеньскі раёны) [6, 7].
Месцы росту. Шыракалістыя, шыракаліста-чорнаальховыя і хвойна-шыракалістыя лясы.
Характар росту. Расце адзінкавымі экземплярамі і групамі па 5-20 асобін.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка лесу, выпас жывёлы, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі, збор квітучых раслін.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [4] і на прысядзібных участках.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы. Занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [8].
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцаў росту і кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў ва ўсіх вядомых месцах росту, выяўленне новых месцаў росту, больш шырокае ўвядзенне ў культуру, штучнае размнажэнне і рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Блажевич, Шаблинский, 1976; 3. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 4. Кухарева, Пашина, 1986; 5. Флора СССР, т. 9, 1939; 6. Пачоский, 1897; 7. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 8. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Р.Блажэвіч @

Кізільнік алаунскі (Cotoneaster alaunicus Golits., 1964 [C. x matrensis Domokos])
Парадак Ружакветныя (Rosales), сямейства Ружавыя (Rosaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэліктавы гібрыдагенны эндэмічны для тэрыторыі Ўсходняй Эўропы від з дыз'юнктыўным арэалам, які знаходзіцца ў Беларусі ў асобных ізаляваных лакалітэтах. Патрабуе далейшага таксанамічнага, экалагічнага і геаграфічнага вывучэння. Дэкаратыўная, харчовая і меданосная расліна.
Кароткае апісанне. Раскідзісты галінасты куст вышынёй да 1,5 м. Маладыя парасткі апушаныя, гадавалыя голыя, цёмна-пурпуровыя. Лісце зверху светла-зялёнае, з яйкападобнай або эліптычнай пласцінкай, зверху рассеяна-валасістае, знізу рыхлабелаваталямцавае. Кветкі двухполыя, сабраны па 1-4 [7] у паніклае гронкападобнае суквецце, карацейшае за лісце, з рассеяна-валасістымі кветаносамі і кветаножкамі; пялёсткі прамастойныя, акруглаяйкападобныя, ружовыя. Зубцы чашачкі ружоваакаймаваныя, на верхавінцы і на краі тонкалямцаватыя. Кветкавая трубка (гіпантый) голая. Плод - дробны, буравата-чорны, з шызым налётам яблык, у якім 3 костачкі і мучністая мякаць [1, 2].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені, пладаносіць у жніўні-верасні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Спарадычна трапляецца на паўднёвым захадзе і захадзе Ўсходняй Эўропы, на Сярэднерасейскім узвышшы, на ўсходзе даходзіць да Волгі [1]. У Беларусі адзначаны ў Браслаўскім, Верхнядзвінскім, Глыбоцкім, Гарадоцкім і Мядзельскім раёнах [3, 4].
Месцы росту. Расце на адкрытых схілах, у хмызняку, на ўзлесках, на абразійных схілах у азёрных катлаванах. Каля воз. Доўгае трапляецца як падлесак у хваёвым лесе. Аддае перавагу багатым карбанатамі глебам.
Характар росту. Трапляецца адзінкавымі кустамі або невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчае асваенне зямель, знішчэнне кустовай расліннасці, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў азёрным заказніку «Доўгае» і Асвейскім паляўнічым заказніку.
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцый, рэарганізацыя Асвейскага паляўнічага заказніка ў ландшафтны, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў у месцах росту, якія не знаходзяцца пад аховай, выяўленне новых месцаў росту. Як вельмі дэкаратыўная і непатрабавальная расліна заслугоўвае шырокага ўвядзення ў культуру.

Літ.: 1. Голицин, 1964; 2. Ареалы деревьев и кустарников СССР, т. 2, 1980; 3. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 4. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і БДУ.

Г.Вынаеў @

Сліва калючая, або цёрн (Prunus spinosa L., 1753)
Парадак Ружакветныя (Rosales), сямейства Ружавыя (Rosaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўрапейска-малаазійскі рэліктавы від пантыйска-сармацкага пашырэння [1] - «кантынентальны пантыйскі фларыстычны элемент сасновых бароў і пясчаных месцаў Беларусі» [2]. У Беларусі знаходзіцца ў астраўных участках росту і асобных лакалітэтах на паўночнай і паўночна-ўсходняй мяжы арэала. Дэкаратыўная і харчовая пладовая расліна.
Кароткае апісанне. Невялікі, моцна галінасты куст або невысокае дрэва вышынёй да 4 м з чарнавата- або буравата-шэрай карой і шматлікімі ўкарочанымі парасткамі, якія заканчваюцца калючкай. Лісце адваротна-яйкападобнае, радзей ланцэтнае або эліптычнае. Кветкі звычайна адзіночныя, белыя або ружовыя, каля 1,5-2 см дыяметрам. Плод - шарападобная або прадаўгаватая касцянка з шызым налётам, на кароткай цвёрдай ножцы [3].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў красавіку-траўні (да распускання лісця), пладаносіць у чэрвені-жніўні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае (парасткамі).
Пашырэнне. Эўразія [3]. У Беларусі трапляецца спарадычна, большая частка месцазнаходжанняў сканцэнтравана ў Бярозаўскім, Гомельскім, Жыткавіцкім, Ляхавіцкім раёнах. Раней прыводзілася для Белавежскай пушчы, наваколля Берасця, былых Пінскага і Слуцкага паветаў [4].
Месцы росту. Драбналессе і хмызнякі на прырэчных тэрасах, узлесках і ахоўных прыдарожных палосах.
Характар росту. Расце невялікімі, месцамі значнымі групамі, нярэдка ўтварае асобныя курціны або суцэльныя зараснікі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель.
Культываванне. Разводзіцца ў садах і парках.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Прыпяцкім запаведніку.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў ва ўсіх вядомых месцах росту, выяўленне новых месцаў росту, увядзенне ў культуру, рассяленне ў прыродныя ўмовы.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Палянская, 1931; 3. Флора БССР, т. 3, 1950; 4. Пачоский, 1897.

В.Парфёнаў @

Марошка прысадзістая (Rubus chamaemorus L., 1753)
Парадак Ружакветныя (Rosales), сямейства Ружавыя (Rosaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікіх колькасцях на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Цыркумпалярны арктабарэальны рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў асобных лакалітэтах за паўднёвай мяжой арэала [1, 2]. Ядомая, меданосная і лекавая расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая двухдомная травяністая расліна з доўгім паўзучым карэнішчам, нізкімі (каля 20 см) сцёбламі і 2-3 акругла-ныркападобнымі лістамі з зубчастым краем. Кветкі аднаполыя, белыя, адзіночныя, тычынкавыя буйнейшыя за песцікавыя. Плод - складаная шарападобная касцянка, спачатку чырванаватая, спелая - аранжава-жоўтая [3].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў траўні-чэрвені, пладаносіць у ліпені-жніўні, але багатае плоданашэнне абцяжарана парушэннем полавай структуры папуляцый. Пераважае вегетатыўнае размнажэнне паўзучымі карэнішчамі.
Пашырэнне. Лесатундравая і таежная зоны абодвух паўшар'яў. У Беларусі трапляецца пераважна ў паўночных раёнах - Беларускім Паазер'і (Віцебская і поўнач Менскай абласцей) [4]. Раней адзначалася ў наваколлях Горадні, Браслава, у Белавежскай і Налібоцкай пушчах [5].
Месцы росту. Расце на вярховых і пераходных балотах, у сфагнавым хвойніку.
Характар росту. Трапляецца невялікімі, іншы раз значнымі групамі (зараснікі), радзей асобнымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушэнне і гаспадарчае асваенне балот.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [6]. Ахоўваецца ў дзяржаўных гідралагічных заказніках «Ельня», «Балота Мох», «Карыценскі Мох» і журавінных заказніках «Лонна» і «Чысцік».
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных гідралагічных і батанічных заказнікаў у Мядзельскім, Полацкім і Шумілінскім раёнах.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 3. Флора СССР, т. 10, 1941; 4. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 5. Флора БССР, т. 3, 1950; 6. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Н.Казлоўская @

Жаўтазель германскі (Genista germanica L., 1753)
Парадак Бабовакветныя (Fabales), сямейства Бабовыя (Fabaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі немаральны рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў ізаляваных лакалітэтах і астраўных месцах росту на паўночнай мяжы арэала [1]. Дэкаратыўная і меданосная расліна.
Кароткае апісанне. Невялікі куст вышынёй 0,2-0,5 м з шматлікімі неаднолькавай даўжыні ўзыходнымі сцёбламі. Парасткі валасістыя, з простымі або разгалінаванымі калючкамі. Лісце простае, эліпсоіднае, на кароткіх чаранках або амаль сядзячае, зверху некалькі бліскучае і злёгку сеткаватае. Кветкі жоўтыя, сабраны па 8-20 на канцах галінак у кароткія гронкі. Чашачка і лодачка апушаныя. Плод - невялікі цвёрда-валасісты авальна-прадаўгаваты, на верхавінцы амаль абсечаны боб.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў траўні-чэрвені, пладаносіць у чэрвені-ліпені. Размнажэнне насеннае.
Пашырэнне. Поўдзень Скандынавіі, Сярэдняя Эўропа, поўдзень Атлантычнай Эўропы, цэнтральныя і заходнія раёны Ўсходняй Эўропы, поўнач Міжземнамор'я [2]. У Беларусі вядомы месцы росту ў Берасцейскім, Пружанскім, Столінскім, Гомельскім, Рэчыцкім, Добрушскім, Брагінскім, Чачэрскім, Буда-Кашалёўскім, Нараўлянскім, Светлагорскім, Мазырскім, Лоеўскім, Свіслацкім, Бабруйскім, Салігорскім раёнах [3].
Месцы росту. Сасновыя, саснова-шыракалістыя і шыракалістыя лясы, зараснікі хмызняку па берагах рэк. Аддае перавагу ўзлескам і адкрытым месцам.
Характар росту. Расце невялікімі, часам буйнымі, групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Тэхнагенныя ўздзеянні пры высечцы лесу, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне, вырыванне раслін), гаспадарчая трансфармацыя зямель.
Культываванне. Па Беларусі звестак няма. Культывуецца ў Прыбалтыцы.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Прыпяцкім запаведніку, Белавежскай пушчы, ландшафтным заказніку «Мазырскія яры», Веткаўскім і Шабрынскім батанічных заказніках, Чачэрскім паляўнічым заказніку.
Неабходныя меры аховы. Стварэнне батанічных заказнікаў у месцах найбольш масавага росту, увядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Флора Европейской части СССР, т. 6, 1987; 3. Редкие и исчезающие виды..., 1987.

Л.Семярэнка @

Чына горная (Lathyrus montanus Bernh., 1800)
Парадак Бабовакветныя (Fabales), сямейства Бабовыя (Fabaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Атлантычна-эўрапейскі лясны рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў асобных лакалітэтах і астраўных месцах росту за ўсходняй мяжой арэала [1]. Каштоўная кармавая і дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая зялёная травяністая расліна з доўгім патоўшчаным у вузлах карэнішчам і прамым вузкакрылатым сцяблом вышынёй 15-85 см. Лісце парна-перыстаскладанае з паўстрэлападобнымі прыліснікамі і 2-4 парамі прадаўгавата-эліпсападобных лісточкаў. Кветкі ружова-лілова-чырвоныя ў кароткіх верхавінкавых гронках. Чашачка званочкападобная з няроўнымі зубцамі. Флаг венчыка з сеткай цёмных жылак, падоўжна-авальны, адгіб яго з выемкай на верхавінцы. Плод - падоўжна-лінейны завостраны на канцы (спелы - чорны) струк. Насенне шарападобнае, гладкае, чырванавата-бурае [2-4].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені, пладаносіць у ліпені. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Эўразія [4]. На тэрыторыі Беларусі адзначана ў Менскім, Лагойскім, Баранавіцкім, Івацэвіцкім і Наваградскім раёнах [1, 5]. У канцы мінулага стагоддзя траплялася ў наваколлі Горадні, Магілева і Мазыра [6].
Месцы росту. Хваёвыя (пераважна сасновыя) лясы, хмызнякі, лясныя паляны і ўзлескі.
Характар росту. Расце невялікімі групамі і адзіночнымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Тэхнагеннае ўздзеянне на месцы росту пры высечцы лясоў, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне, збор раслін), гаспадарчая трансфармацыя зямель.
Культываванне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцаў росту і кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, выяўленне новых месцаў росту, увядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Флора СССР, т. 13, 1947; 3. Флора БССР, т. 3, 1952; 4. Флора Европейской части СССР, т. 6, 1987; 5. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і БДУ; 6. Пачоский, 1897.

Г.Зубкевіч @

Чына гарохападобная (Lathyrus pisiformis L., 1753)
Парадак Бабовакветныя (Fabales), сямейства Бабовыя (Fabaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўразійскі падтаежны і лесастэпавы рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў асобных лакалітэтах і астраўных месцах росту на значным аддаленні ад паўночнай мяжы арэала [1]. Каштоўная кармавая расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая шаравата-зялёная травяністая расліна з вузкакрылым сцяблом вышынёй 50-100 см, якое чапляецца з дапамогай ліставых вусікаў. Лісце парна-перыстаскладанае, з буйнымі прыліснікамі і 4-6 парамі яйкападобных або прадаўгавата-авальных лісцікаў даўжынёй 5-6 см і шырынёй 1-3 см. Кветкі чырванавата-ліловыя ў кароткіх густых пазушных гронках з 8-20 кветак. Зубцы чашачкі неаднолькавыя - 3 верхнія карацейшыя за 2 ніжнія. Флаг вяночка з сеткай цёмных жылак, акругла-эліптычны; лодачка сагнутая пад прамым вуглом. Плод - прадаўгавата-лінейны завостраны на канцы струк даўжынёй 4-5 см і шырынёй 0,4-0,5 см. Насенне шарападобнае, бурае [1-4].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені, пладаносіць у ліпені-жніўні. Размнажэнне, відаць, насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Сярэдняя Эўропа, Сярэдняя і Цэнтральная Азія [4]. У Беларусі адзначана ў Асіповіцкім, Лагойскім, Лоеўскім і Менскім раёнах [5, 6].
Месцы росту. Лісцевыя, сасновыя і шыракалістыя лясы, хмызнякі на схілах узгоркаў. Аддае перавагу ўзлескам і іншым адкрытым месцам, багатым карбанатным глебам.
Характар росту. Расце невялікімі, часам даволі буйнымі групамі і асобнымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Тэхнагеннае ўздзеянне пры высечцы лесу, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне, зрыванне раслін), гаспадарчая трансфармацыя зямель.
Культываванне. Вырошчваецца ў батанічным садзе БДУ.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў батанічным заказніку «Чырванашвабскі».
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў і кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, забарона пазначаных відаў антрапагеннага ўздзеяння на месцы росту віду, абмежаванне рэкрэацыйных нагрузак, выяўленне новых месцаў росту, увядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Флора СССР, т. 13, 1947; 3. Флора БССР, т. 3, 1952; 4. Флора Европейской части СССР, т. 6, 1987; 5. Даныя гербарыяў БДУ і МДУ імя Ламаносава; 6. Сауткина, Зубкевич, 1975.

Г.Зубкевіч @

Эспарцэт пясчаны (Onobrychis arenaria (Kit.) DC., 1825)
Парадак Бабовакветныя (Fabales), сямейства Бабовыя (Fabaceae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўразійскі лесастэпавы рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах на паўночнай мяжы арэала. Каштоўная кармавая і дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з шматлікімі прамастойнымі або прыўзнятымі простымі або разгалінаванымі сцёбламі вышынёй 50-120 см. Лісце перыста-складанае на доўгіх чаранках, з 5-12 парамі ланцэтных, з ніжняга боку каротка апушаных лісцікаў. Прыліснікі шырока трохвугольныя, шылападобна завостраныя, бугарчастыя, па краі перапончатыя. Кветкі фіялетава-ружовыя з цёмнымі палоскамі, сабраны ў густую (перад цвіценнем) верхавінкавую гронку. Чашачка трубчаста-званочкавая, валасістая. Плод - каротка апушаны струк [1, 2].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені, пладаносіць у ліпені-жніўні. Размнажэнне насеннае.
Пашырэнне. Сярэдняя Эўропа, Каўказ, Міжземнамор'е, Малая і Сярэдняя Азія, Сібір [1]. У Беларусі знойдзены ў Васілевіцкім, Лагойскім, Лельчыцкім, Лепельскім, Магілеўскім, Менскім, Мядзельскім, Пухавіцкім, Рэчыцкім і Чэрвеньскім раёнах [3].
Месцы росту. Астэпаваныя схілы, пясчаныя абочыны дарог, высечкі і ўзлескі ў сасняках, адкрытыя або слаба аблесеныя ўзгоркі.
Характар росту. Расце невялікімі групамі і адзінкавымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Тэхнагеннае ўздзеянне пры высечцы лесу, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне, зрыванне раслін), гаспадарчая трансфармацыя зямель.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі і батанічным садзе БДУ [4].
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Чырванашвабскім батанічным заказніку мясцовага значэння.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў і кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, забарона пазначаных відаў антрапагенных уздзеянняў у месцах росту віду, абмежаванне рэкрэацыйных нагрузак, выяўленне новых месцаў росту, увядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Флора Европейской части СССР, т. 6, 1987; 2. Флора БССР, т. 3, 1950; 3. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і БДУ; 4. Кухарева, Пашина, 1986.

Т.Сауткіна @

Канюшына лубінавая (Trifolium lupinaster L., 1753)
Парадак Бабовакветныя (Fabales), сямейства Бабовыя (Fabaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўразійскі рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў асобным эксклаве на паўночнай і паблізу заходняй мяжы арэала [1]. Каштоўная кармавая, лекавая, меданосная і дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з моцнымі верацёнападобнымі патоўшчанымі каранямі і прамастойнымі сцёбламі вышынёй 20-40 см. Лісце пальчата-складанае, звычайна з 5 вузкімі лінейна-прадаўгаватымі лісцікамі і буйнымі перапончатымі ланцэтнымі прыліснікамі, якія зрасліся з кароткімі чаранкамі. Кветкі лілова-пурпуровыя або жаўтавата-белыя, сабраны ў рыхлаватыя верхавінкавыя і пазушныя гронкі. Чашачка з адкрытым зевам і амаль роўнымі зубцамі. Плод - лінейна-прадаўгаваты 2-6-насенны струк [2, 3].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені, пладаносіць у ліпені-жніўні. Размнажэнне, напэўна, насеннае.
Пашырэнне. Паўднёвы ўсход Сярэдняй Эўропы, Сібір, Сярэдняя Азія (паўночныя раёны), Далёкі Ўсход, Кітай, Манголія, Карэя, Японія [2]. У Беларусі трапляецца ў сярэдняй паласе - на тэрыторыі 34 раёнаў. Раней адзначалася таксама ў наваколлі Горадні, Жлобіна, Бабруйска, Менска, Рагачова, Свіслачы, Слоніма, Слуцка і ў Белавежскай пушчы [5].
Месцы росту. Светлыя сасновыя, саснова-бярозавыя і мяшаныя лясы, узлескі, паляны і высечкі.
Характар росту. Расце невялікімі групамі і асобнымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Тэхнагенныя ўздзеянні пры высечцы лесу, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне, зрыванне раслін), гаспадарчая трансфармацыя зямель.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [6].
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы, батанічных заказніках «Баранавіцкі», «Добрушскі», «Струменскі», «Чырванашвабскі», паляўнічых заказніках «Чачэрскі», «Налібоцкі».
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцаў росту і кантроль за станам папуляцый, арганізацыя батанічных заказнікаў, выяўленне новых месцаў росту, увядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Флора Европейской части СССР, т. 6, 1987; 3. Флора БССР, т. 3, 1950; 4. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і БДУ; 5. Пачоский, 1897; 6. Кухарева, Пашина, 1986.

Т.Сауткіна @

Вастралодачнік валасісты (Oxytropis pilosa (L.) DC., 1802)
Парадак Бабовакветныя (Fabales), сямейства Бабовыя (Fabaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўрасібірскі лесастэпавы рэліктавы від з дыз'юнктыўным арэалам, які знаходзіцца ў Беларусі ў крайніх усходніх пунктах росту прыбалтыйскага фрагмента арэала [1]. Дэкаратыўная і кармавая расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна, густа пакрытая мяккімі валаскамі. Сцябло ўзыходнае, вышынёй да 40 см. Лісце няпарна-перыстае. Пазушныя кветаносы нясуць гронка-галоўчатыя суквецці, якія складаюцца з 10-20 кветак; пялёсткі светла-жоўтыя. Плод - прамастойны касматы струк [2].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені, пладаносіць у ліпені-жніўні. Размнажэнне насеннае.
Пашырэнне. Балканскі паўвостраў, Каўказ, Сярэдняя і Ўсходняя Эўропа, Малая Азія, Манголія, Сібір [3, 4]. У Беларусі вядомы некалькі пунктаў росту ў Гарадзенскім, Ушацкім і Смаргонскім раёнах [5-7].
Месцы росту. Расце ў сухіх хвойніках, на астэпаваных схілах.
Характар росту. Трапляецца адзіночнымі экземплярамі і невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка лесу, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі, выпас жывёлы, гаспадарчая трансфармацыя зямель.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў гідралагічным заказніку «Крывое» ва Ўшацкім раёне, а таксама ў спецыялізаваным батанічным мікразаказніку ў Гарадзенскім раёне.
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцый, забарона ўказаных відаў антрапагенных уздзеянняў у месцах росту віду, абмежаванне рэкрэацыйных нагрузак, выяўленне новых месцаў росту і іх ахова, увядзенне ў культуру і рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Флора БССР, т. 3, 1952; 3. Флора Европейской части СССР, т. 6, 1987; 4. Охрана редких и исчезающих видов растений Молдавии, 1980; 5. Гесь, Козловская, 1963; 6. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 7. Блудаў (асаб. павед.).

Н.Казлоўская @

Вадзяны арэх плывучы, або чылім (Trapa natans L.s.l., 1753)
Парадак Міртакветныя (Myrtales), сямейства Вадзянаарэхавыя (Trapacaeae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Трапагенна-барэальны панэўрапейскі рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў астраўных участках росту і асобных лакалітэтах на паўночна-ўсходняй мяжы арэала [1, 2]. Харчовая, кармавая і дэкаратыўная расліна. Выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне [3].
Кароткае апісанне. Аднагадовая травяністая расліна з разеткай лісця дыяметрам 10-30 см, якая плавае на вадзе, і тонкім разгалінаваным падводным сцяблом даўжынёй 60-160 см, каля асновы з пучкамі доўгіх ніткападобных каранёў. Падводнае лісце рэдукаванае, супраціўнае, лінейнае, рана ападае; надводнае (15-20) - скурыстае, рамбічнае, няроўназубчастае, на доўгіх чаранках з пухіравата-ўздутымі поласцямі, якія ўтрымліваюць разетку лісця на вадзе. Кветкі адзіночныя, белыя, у пазухах надводнага лісця. Плод - цвёрдая арэхападобная касцянка з 4 або 2 рогападобнымі выступамі (адсюль народная назва расліны - «чортаў арэх»), на канцах якіх востразазубраныя калючкі (лёгка абламваюцца). На адной расліне да 10-15 пладоў [2-4].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў ліпені-жніўні, пладаносіць у верасні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае. Самаапыляльнік. Плады захоўваюць усходжасць да 50 гадоў. Для прарастання насення патрэбен перыяд спакою 4-6 месяцаў і прагрэў вадаёму не ніжэй 10-12 оС.
Пашырэнне. Эўразія, Паўночная Афрыка [2-4]. У Беларусі асноўныя месцазнаходжанні сканцэнтраваны ў паўднёва-ўсходняй і паўночна-ўсходняй частцы: у далінах Прыпяці (ад сярэдняга цячэння да вусця), Убарці, Дняпра, Бярэзіны, Сажа, Іпуці; у азёрах Ціёста, Азярок, Рамашкава, Аляксееўскае ў Гарадоцкім раёне, Сіньша ў Расонскім і Лазвінка ў Бешанковіцкім раёнах. Асобныя лакалітэты вядомы ў Бярэзінскім (р. Клявіца), Гомельскім (р. Сож), Жыткавіцкім (воз. Чэрвонае), Добрушскім (р. Іпуць), Смалявіцкім (вадасховішча на р. Пліса каля г. Жодзіна) раёнах [5-11]. Раней адзначаўся ў наваколлі Горадні (Баброўшчына), былым Пінскім (воз. Пагосцкае) і Слонімскім паветах [12, 13].
Месцы росту. Прыбярэжныя зоны слабапраточных або стаячых эўтрофных вадаёмаў, часцей поймавыя азёры і старыцы, затокі рэк глыбінёй 50-200 см, на глеістым грунце ў вадзе, багатай жалезам.
Характар росту. Утварае шчыльныя зараснікі, часам расце невялікімі групамі і адзіночнымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Выкарыстанне ў якасці кармавой і харчовай расліны, гідрамеліярацыйныя работы, водапаніжэнне, забруджванне вадаёмаў, пашкоджанне зараснікаў рыбалоўнымі сеткамі і водаматорным транспартам, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі, выцясненне больш канкурэнтаздольнымі відамі.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі і аматарамі-акварыумістамі [14].
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР з 1978 г., спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. і Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [15-18]. Месцы росту ў азёрах Ціёста, Азярок, Рамашкава і Аляксееўскае ў Гарадоцкім раёне аб'яўлены помнікамі прыроды рэспубліканскага значэння, ахоўваецца таксама ў батанічным заказніку «Старуха» ў Нараўлянскім раёне.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя батанічных і гідралагічных (азёрных) заказнікаў ва ўсіх вядомых месцазнаходжаннях, пошук новых месцаў росту, абмежаванне шырокага выкарыстання ў якасці харчовай і кармавой расліны, увядзенне ў аквакультуру, рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 3. Доброхотова, Ролдугин, Доброхотова, 1982; 4. Флора СССР, т. 15, 1949; 5. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і БДУ; 6. Вынаеў (асаб. павед.); 7. Кісялёў, Пікулік, 1973; 8. Кісялёў, Пікулік, 1974; 9. Полянская, 1931; 10. Богдзель, Курловіч, 1977; 11. Флора БССР, т. 3, 1950; 12. Tiliber, 1782; 13. Пачоский, 1897; 14. Жданов, 1987; 15. Красная книга СССР, 1978; 16. Красная книга СССР, 1985; 17. Моисеева, 1967; 18. Чырвоная кніга БССР, 1981.

П.Парфёнаў @

Герань цёмна-бурая (цёмная, сумная) (Geranium phaeum L., 1753)
Парадак Гераніякветныя (Geraniales), сямейства Гераніевыя (Geraniaceae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі рэліктавы горны від, які ў Беларусі знаходзіцца ў астраўных і асобных лакалітэтах за паўночна-ўсходняй мяжой арэала [1-3]. Дэкаратыўная расліна [4].
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з вузлаватым, коса ўзыходным або гарызантальным карэнішчам і апушаным кароткімі валаскамі сцяблом вышынёй 40-70 см. Лісце глыбока 5-7-пальчата-раздзеленае на клінападобна-рамбічныя, надрэзана-зубчастыя па краю долі; ніжняе - доўгачаранковае, сярэдняе - кароткачаранковае, верхняе - сядзячае. Кветкі цёмна-бура-фіялетавыя, з 5 крыху адагнутымі адваротнаяйкападобнымі, па краю хвалістымі пялёсткамі і 5 залозкамі-нектарнікамі паміж імі; размешчаны папарна на валасістых кветканожках. Плод - стэрыгма, якая распадаецца на 5 плодзікаў [5].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў траўні-чэрвені, пладаносіць у чэрвені-ліпені. Зацвітае на другі год. Размнажэнне насеннае.
Пашырэнне. Горныя раёны Сярэдняй, Паўднёвай Эўропы, заходнія раёны Ўсходняй Эўропы, Балканы [3]. У Беларусі вядома ў Белавежскай пушчы [6] і Наваградскім раёне [7]. Раней адзначалася ў Менскай (вярхоўе р. Лань) і Магілеўскай губернях [8].
Месцы росту. Дубова-грабавыя, грабавыя і вытворныя ад іх бярозавыя лясы кіслічнага і сніткавага тыпаў, прыбярэжныя алешнікі.
Характар росту. Расце адзіночнымі экземплярамі і невялікімі, зрэдку значнымі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель, выпас жывёлы і празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне і зрыванне раслін).
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [4] і ў Рэспубліканскім экалагічным цэнтры навучэнцаў у Менску.
Прынятыя меры аховы. Занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [9]. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы і ландшафтным заказніку «Свіцязянскі».
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў і кантроль за станам папуляцый, абмежаванне пазначаных відаў антрапагеннага ўздзеяння і рэкрэацыйных нагрузак, выяўленне новых месцаў росту, увядзенне ў культуру, рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Блажевич, 1986; 3. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 4. Кухарева, Пашина, 1986; 5. Флора СССР, т. 14, 1949; 6. Николаев, Зефиров, 1971; 7. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 8. Пачоский, 1897; 9. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Р.Блажэвіч @

Плюшч звычайны (Hedera helix L., 1753)
Парадак Араліякветныя (Araliales), сямейства Араліевыя (Araliaceae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных плошчах.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прэбарэальны сярэднеэўрапейскі горны рэліктавы від атлантычна-міжземнаморскага пашырэння, які ў Беларусі знаходзіцца ў астраўных участках росту і асобных лакалітэтах на ўсходняй мяжы арэала і за яе межамі [1, 2]. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая ліяна з тонкім галінастым сцяблом (ва ўмовах Беларусі дасягае даўжыні 3-5 м), якое сцелецца па зямлі або падымаецца па ствалах дрэў пры дапамозе маленькіх паветраных каранёў-прысосак. Лісце чаргаванае, скурыстае, 3-5-лопасцевае (сярэдняя доля лопасці больш буйная). Кветкі зеленаватыя, пяцічленныя, сабраны ў шматкветкавыя шарападобныя парасонікі (адзінкавыя або ўтвараюць невялікую мяцёлку). Плод - ягада, якая выспявае вясной наступнага года [3].
Асаблівасці біялогіі. Ва ўмовах Беларусі цвіце толькі ў культуры. Размнажэнне вегетатыўнае. Маладыя гадавалыя парасткі абмярзаюць на вышыні снежнага покрыва [4].
Пашырэнне. Эўразія [3]. У Беларусі вядомы месцазнаходжанні ў Белавежскай пушчы, Берасцейскім, Маларыцкім, Жабінкаўскім і Асіповіцкім раёнах [5-7]. Раней адзначаўся ў наваколлях Шчучына, Ліды і Берасця [3, 8].
Месцы росту. Ялова-шыракалістыя і шыракалістыя лясы.
Характар росту. Утварае невялікія, месцамі значныя, зараснікі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчае асваенне тэрыторый (высечка лесу, гаспадарчая трансфармацыя зямель і змены мікраклімату).
Культываванне. Вырошчваецца ў батанічных садах і парках, а таксама як пакаёвая расліна.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы і спецыялізаваных батанічных заказніках. Занесены ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [9] і Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [10]
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцаў росту, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, а таксама ландшафтнага заказніка (запаведніка) у Асіповіцкім раёне [11], пошук новых месцаў росту, забарона пазначаных вышэй антрапагенных уздзеянняў, больш шырокае ўвядзенне ў культуру, штучнае развядзенне і рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 3. Флора БССР, т. 3, 1950; 4. Парфенов, 1967; 5. Николаева, Зефиров, 1971; 6. Адерихо, Орехов, 1984; 7. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі, 1981; 8. Пачоский, 1897; 9. Моисеева, 1967; 10. Чырвоная кніга БССР, 1981; 11. Адерихо, Юркевич, Вынаев, 1985.

В.Парфёнаў @

Дзікая пятрушка аленевая (Peucedanum cervaria (L.) Lapeyr., 1813)
Парадак Араліякветныя (Araliales), сямейства Сельдэрэйныя (Парасонавыя) (Apiaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікіх колькасцях на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі лясны рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў асобных лакалітэтах на паўночнай мяжы арэала [1].
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з прамым баразнаватым сцяблом вышынёй 50-60 см і двойчы-тройчы перыстым буйным шызаватым лісцем. Кветкі ў парасоніках з 20-30 промнямі, абгорткай і абгортачкай, пялёсткі з загнутай верхавінкай. Плод - акруглы рабрысты віслаплоднік [2].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-жніўні (зацвітае на другі год), пладаносіць у жніўні-верасні. Размнажэнне насеннае.
Пашырэнне. Лесастэпавыя і горныя раёны Заходняй Эўропы. У Беларусі трапляецца выключна ў паўднёвых і паўднёва-ўсходніх раёнах Палесся (Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Гомельскі і Добрушскі), а таксама ў Белавежскай пушчы [3]. Раней адзначалася для наваколля Горадні, у Пінскім, Хойніцкім і Лоеўскім раёнах [4].
Месцы росту. Расце ў сухіх хваёвых, хваёва-дубовых лясах, у хмызняках на схілах рачных далін.
Характар росту. Трапляецца асобнымі экземплярамі і невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка лесу, выпас жывёлы, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі, гаспадарчая трансфармацыя зямель.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [5].
Прынятыя меры аховы. Знаходзіцца пад аховай запаведнага рэжыму ў Белавежскай пушчы, Прыпяцкім запаведніку і на тэрыторыі батанічнага заказніка «Шабрынскі».
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, пошук новых месцаў росту, забарона ўказаных відаў антрапагенных уздзеянняў у месцах росту, увядзенне ў культуру і штучнае рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Флора БССР, т. 4, 1955; 3. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 4. Пачоский, 1897; 5. Кухарева, Пашина, 1986.

Н.Казлоўская @

Бядрынец вялікі (Pimpinella major (L.) Huds., 1762)
Парадак Араліякветныя (Araliales), сямейства Сельдэрэйныя (Парасонавыя) (Apiaceae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі від, які знаходзіцца ў Беларусі ў асобных лакалітэтах на ўсходняй мяжы пашырэння. Дэкаратыўная, харчовая (вострапрыпраўная), лекавая і тэхнічная (фарбавальная) расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з верацёнападобным галінастым коранем і прамастойным пустым баразнаватым сцяблом вышынёй 40-100 см. Лісце перыстае, цёмна-зялёнае. Суквецце - складаны парасонік з 9-15 прамянёў; абгортка і абгортачкі адсутнічаюць. Пялёсткі белыя або ружаватыя. Плод - прадаўгавата-яйкападобны віслаплоднік.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-жніўні, пладаносіць у жніўні-верасні. Размнажэнне насеннае.
Пашырэнне. Скандынавія, Сярэдняя і Атлантычная Эўропа, паўночна-заходнія і заходнія раёны Ўсходняй Эўропы, Каўказ, Міжземнамор'е, Балканы [1]. У Беларусі вядомы ў Менскім і Наваградскім раёнах [2]. Раней адзначаўся ў Лунінецкім раёне, Белавежскай пушчы, наваколлях Магілева, Горадні, Наваградка і Слуцка [3-4].
Месцы росту. Расце ў разрэджаных лясах, на ўзлесках, палянах, у хмызняку па берагах рэк. Аддае перавагу дубравам.
Характар росту. Расце невялікімі, часам буйнымі групамі або асобнымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечкі лесу, антрапагенная трансфармацыя зямель, выпас жывёлы, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [5].
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў і кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, выяўленне новых месцаў росту і іх ахова, увядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Флора СССР, т. 16, 1950; 2. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і БДУ; 3. Пачоский, 1900; 4. Флора БССР, т. 4, 1955; 5. Кухарева, Пашина, 1986.

Г.Зубкевіч @

Сіела прамая (Siella erecta (Huds.) M.Pimen., 1978)
Парадак Араліякветныя (Araliales), сямейства Сельдэрэйныя (Парасонавыя) (Apiaceae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах на ўсходняй мяжы пашырэння. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з прамастойным або прыўзнятым голым, амаль акруглым, тонкабаразнаватым галінастым сцяблом вышынёй 15-100 см, якое ўкараняецца ў ніжніх вузлах. Карэнішча з падземнымі парасткамі. Лісце непарнаперыстае, ніжняе - на чаранках, з 4-9 парамі яйкападобна-прадаўгаватых надрэзаных лісцікаў, верхняе - больш дробнае, з ланцэтападобнымі лісцікамі і расшыранай похвай. Суквецце - складаны парасонік на кароткім кветаносе. Абгорткі і абгортачкі шматлістныя, травяністыя. Чашачка з шылападобнымі зубцамі. Пялёсткі белыя, адваротнасэрцападобныя. Плод - шырокаяйкападобны віслаплоднік [1].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-жніўні, пладаносіць у жніўні-верасні. Размнажэнне вегетатыўнае, магчыма, насеннае.
Пашырэнне. Сярэдняя і Атлантычная Эўропа, заходнія раёны Ўсходняй Эўропы, Каўказ, Балканы; як заносная трапляецца ў Паўночнай Амерыцы, Мексіцы, Аўстраліі [1]. У Беларусі знойдзена ў Белавежскай пушчы [2] і Валожынскім раёне [3]. Раней адзначалася ў наваколлях Горадні, Магілева [4, 5].
Месцы росту. Берагі рэк, канаў, ускрайкі балот, вакол крыніц.
Характар росту. Расце невялікімі, нярэдка даволі буйнымі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Рэзкае водапаніжэнне, асушэнне балот.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы. Спецыяльныя меры аховы не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў і кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, выяўленне новых месцаў росту і іх ахова, увядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Флора СССР, т. 16, 1950; 2. Николаева, Зефиров, 1971; 3. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 4. Пачоский, 1900; 5. Флора БССР, т. 4, 1955.

Л.Сімановіч @

Лінея паўночная (Linnaea borealis L., 1753)
Парадак Варсянкакветныя (Dipsacales), сямейства Бружмелевыя (Caprifoliaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Арктабарэальны цыркумпалярны таежны рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі на паўднёвай мяжы арэала [1]. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Вечназялёны кусцік з тонкімі парасткамі даўжынёй да 1,5 м, якія сцелюцца. Лісце цёмна-зялёнае, акруглае, дробнае, скурыстае, па краях зубчастае, супраціўнае. Кветкі белыя або ружовыя, з прыемным пахам, вяночак званочкападобны. Плод - касцянка.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў канцы чэрвеня-ліпені, пладаносіць у жніўні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Паўночныя раёны Эўропы, Усходняя Азія, Паўночная Амерыка [2, 3]. У Беларусі трапляецца спарадычна ў Аршанскім, Баранавіцкім, Барысаўскім, Бешанковіцкім, Браслаўскім, Бярэзінскім, Валожынскім, Гарадоцкім, Дзяржынскім, Докшыцкім, Камянецкім, Карэліцкім, Лагойскім, Лёзненскім, Менскім, Мядзельскім, Наваградскім, Нясвіжскім, Полацкім, Пружанскім, Пухавіцкім, Салігорскім, Свіслацкім, Сенненскім, Стаўбцоўскім, Уздзенскім, Ушацкім, Чэрвеньскім і Шчучынскім раёнах [1-4].
Месцы росту. Маладыя сасновыя і яловыя лясы мшыстага, бруснічнага і чарнічнага тыпаў.
Характар росту. Расце невялікімі, часам буйнымі курцінамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Антрапагенная трансфармацыя тэрыторый, высечка лесу, пажары, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне), выпас жывёлы.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Бярэзінскім запаведніку, Белавежскай і Налібоцкай пушчах, азёрных заказніках «Крывое» і «Глыбокае-Чарбамысла», батанічным заказніку «Баранавіцкі» і некаторых спецыялізаваных батанічных заказніках мясцовага значэння. Занесены ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [5], Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [6].
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў і кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, забарона высечкі лесу і выпасу жывёлы, абмежаванне рэкрэацыйных нагрузак, выяўленне новых месцаў росту, увядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Флора Европейской части СССР, т. 3, 1978; 3. Флора БССР, т. 1, 1955; 4. Ахоўныя расліны..., 1983; 5. Моисеева, 1967; 6. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Ю.Бібікаў @

Гарычка крыжападобная (Gentiana cruciata L., 1753)
Парадак Гарычкакветныя (Gentianales), сямейства Гарычкавыя (Gentianaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных плошчах.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўрасібірскі лесастэпавы рэліктавы від [1]. Дэкаратыўная і лекавая расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з некалькімі ўзыходнымі, густа пакрытымі лісцем, сцёбламі вышынёй да 50 см. Лісце ланцэтападобнае. Кветкі сабраны пучкамі ў пазухах верхняга лісця; вяночак буйны, ярка-сіні, з доўгай трубкай. Плод - каробачка [2].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў ліпені-жніўні, пладаносіць у жніўні-верасні. Размнажаецца насеннем.
Пашырэнне. Сярэдняя і Атлантычная Эўропа, Міжземнамор'е, Малая Азія, Каўказ, цэнтральныя і паўднёвыя раёны Ўсходняй Эўропы, Заходняя Сібір, Сярэдняя Азія [3]. У Беларусі трапляецца пераважна ў паўночнай і ўсходняй частках. Знойдзена ў Мядзельскім, Віцебскім, Ваўкавыскім, Гарадоцкім, Полацкім і Ўшацкім раёнах [4]. Раней [3-8] адзначалася таксама ў наваколлях Горадні, Магілева, у Барысаўскім, Брагінскім, Наваградскім, Рэчыцкім раёнах і ў Белавежскай пушчы.
Месцы росту. Адкрытыя астэпаваныя схілы ўзгоркаў, сухадольныя лугі, схілы рачных далін і азёрных катлавін, лясныя паляны і ўзлескі, зараснікі хмызняку. Аддае перавагу цяжкім гліністым глебам і месцам выхаду грунтавых водаў.
Характар росту. Расце адзінкавымі экземплярамі і невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель, выпас жывёлы, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі, збор квітучых раслін.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [9] і Рэспубліканскім экалагічным цэнтры навучэнцаў у Менску.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў паляўнічым заказніку «Асвейскі» і шэрагу батанічных заказнікаў у Верхнядзвінскім і Віцебскім раёнах. Занесена ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [10] і ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [11].
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцый, пошук новых месцаў росту і стварэнне спецыялізаваных батанічных заказнікаў. Забарона гаспадарчай дзейнасці ў месцах росту віду. Увядзенне ў культуру і штучнае рассяленне ў прыроднае асяроддзе.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Флора СССР, т. 18, 1952; 3. Флора Европейской части СССР, т. 3, 1978; 4. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 5. Флора БССР, т. 4, 1955; 6. Михайловская, 1953; 7. Пачоский, 1899; 8. Николаева, Зефиров, 1971; 9. Кухарева, Пашина, 1986; 10. Моисеева, 1967; 11. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Н.Казлоўская @

Балатнакветнік шчыталісты (Nymphoides peltata (S.G.Gmel.) O.kuntze, 1891)
Парадак Гарычкакветныя (Gentianales), сямейства Бабковыя (Menyanthaceae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўразійскі, па паходжанню дэрыватны трапагенны від. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая водная расліна з паўзучым, даўжынёй да 1-1,5 м карэнішчам. Сцёблы дасягаюць паверхні вады. Лісце акругла-эліптычнае, каля асновы сэрцападобнае, на верхавінцы выемчастае, знізу густа пакрыта залозістымі плямкамі, плавае на вадзе. Кветкі ярка-жоўтыя, у дыяметры да 5 см. Вяночак глыбока рассечаны на махрыстыя па краях лопасці, чашачка 5-раздзельная. Плод - яйкападобная каробачка [1, 2].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-жніўні, пладаносіць у верасні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Амаль уся Эўропа і Азія [1-3]. У Беларусі вядома два ізаляваныя месцы росту на Нёмане ў Карэліцкім і Стаўбцоўскім раёнах.
Месцы росту. У рэках, старыцах, азёрах і сажалках.
Характар росту. Расце невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Парушэнне гідралагічнага і гідрахімічнага рэжымаў, лоўля рыбы сеткамі, рэкрэацыйныя нагрузкі.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [4].
Неабходныя меры аховы. Арганізацыя батанічных заказнікаў у вядомых месцазнаходжаннях, кантроль за станам папуляцый, выяўленне новых месцаў росту і забеспячэнне іх аховы, прадухіленне змянення экалагічных рэжымаў месцаў росту і забруджвання водаў, увядзенне ў аквакультуру з паслядоўным рассяленнем у прыродныя ўмовы.

Літ.: 1. Бибиков, 1977; 2. Иконников, 1978; 3. Флора БССР, т. 4, 1955; 4. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Ю.Бібікаў @

Павіліца (маруна) трохкветкавая (Galium triflorum Michx., 1803)
Парадак Гарычкакветныя (Gentianales), сямейства Марэнавыя (Rubiaceae)

Статус. III катэгорыя. Надзвычай рэдкі від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Паўднёва-барэальны галарктычны від паблізу паўднёвай мяжы арэала [1].
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з тонкім паўзучым карэнішчам і слабым распасцёртым чатырохгранным сцяблом вышынёй 25-60 см. Лісце буйное, лінейна-ланцэтнае, на верхавінцы каротказавостранае даўжынёй 4-6 і шырынёй да 1 см. Ніжняе і верхняе лісце па 4 у кальчаках, сярэдняе - па 6. Прыкветкавае лісце шылавата-ланцэтнае. Белаватыя кветкі сабраны па 2-3 на доўгіх голых кветаножках у пазушных паўпарасоніках. Плады з двайным ці адным мерыкарпіем, усаджаны доўгімі, белымі, бліскучымі кручкавата-загнутымі валаскамі [2].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-жніўні. Размнажаецца насеннем і вегетатыўна.
Пашырэнне. Арэал ахоплівае Скандынавію, Японію, Кітай, Паўночную Амерыку. Пашырана на паўночным усходзе, у цэнтры Эўрапейскай часткі, Прыбалтыцы, Заходняй і Ўсходняй Сібіры, на Далёкім Усходзе [3]. У Беларусі дакладна вядома адзінае месцазнаходжанне ў наваколлі Менска, у заходніх кварталах Прылепскай лясной дачы [4].
Месцы росту. Яловыя і ялова-шыракалістыя лясы.
Характар росту. Некалькі невялікіх курцін.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Не вызначаны.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Арганізацыя батанічнага заказніка мясцовага значэння ў Прылепскай лясной дачы.

Літ.: 1. Флора северо-востока Европейской части СССР, 1977; 2. Флора СССР, 1958; 3. Флора Европейской части СССР, 1978; 4. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі.

Дз.Траццякоў @

Шчамяліца мякенькая (Pulmonaria mollis Wulfen ex Hornem., 1813)
Парадак Сінюшнікакветныя (Polemoniales), сямейства Бурачнікавыя (Boraginaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Лесастэпавы сярэднеэўрапейскі сібірскі від, які ў Беларусі знаходзіцца ў ізаляваных лакалітэтах эўрапейскага эксклава. Дэкаратыўная і меданосная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з прамастойным, у верхняй частцы ліпкім ад залозістых валаскоў сцяблом вышынёй 20-40 см і кароткім тоўстым карэнішчам з пучком шнурападобных прыдатачных каранёў. Прыкаранёвае лісце буйное, эліптычнае, мяккаапушанае, рэзка звужана ў крылаты чаранок; сцябловае - прадаўгаватае, у шмат разоў вузейшае і карацейшае за прыкаранёвае. Кветкі буйныя з фіялетава-сінім або блакітным вяночкам, сабраны ў густыя завіткі. Плод - яйкападобны, амаль голы арэшак.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў красавіку-траўні, пладаносіць у траўні-чэрвені. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Эўразія. У Беларусі знойдзена ў Валожынскім, Камянецкім, Менскім раёнах. Раней адзначалася ў наваколлі Магілева [1].
Месцы росту. Шыракалістыя і хвойна-шыракалістыя лясы на ўзгорках, лясныя паляны.
Характар росту. Расце невялікімі групамі або адзінкавымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель, збор квітучых раслін.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [2] і ў Рэспубліканскім экалагічным цэнтры навучэнцаў у Менску.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Арганізацыя батанічных заказнікаў у месцах росту, кантроль за станам папуляцый, абмежаванне рэкрэацыйных нагрузак у прыгараднай зоне Менска, выяўленне новых месцаў росту, увядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Флора Европейской части СССР, т. 5, 1981; 2. Кухарева, Пашина, 1986.

Дз.Траццякоў @

Увярэднік каўфмана (Pedicularis kaufmannii Pinzger, 1868)
Парадак Залознікакветныя (Scrophulariales), сямейства Залознікавыя (Scrophulariaceae)

Статус. III катэгорыя. Надзвычай рэдкі від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэліктавы лесастэпавы ўсходнеэўрапейскі від паблізу паўночна-заходняй мяжы арэала. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая расліна з адзіночнымі тонкімі кучарава-валасістымі сцёбламі вышынёй 20-40 см, з кароткім коранем і верацёнападобнымі патоўшчанымі валаснікамі. Ніжняе лісце перыстарассечанае, верхняе перыстараздзельнае. Сцябловае лісце ўверсе змяншаецца і пераходзіць у прыкветнічкі. Вяночак жоўты з плаўна сагнутым двухзубчастым караткадзюбым шлемам і трохлопасцевай вышчарбленай губой. Чашачка званочкападобная з доўгімі кучаравымі валаскамі, радзей голая. Плод - каробачка.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені. Размнажаецца насеннем.
Пашырэнне. Стэпавыя і лесастэпавыя паўднёва-ўсходнія і цэнтральныя раёны Ўсходняй Эўропы, паўднёва-заходнія раёны Заходняй Сібіры [1]. У Беларусі вядомы толькі ў наваколлі чыгуначнай станцыі Прудок у Гарадоцкім раёне [2].
Месцы росту. Лясныя паляны, лугавіны.
Характар росту. Расце адзінкавымі экземплярамі, утварае невялікія курціны на плошчы да 0,5 га.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Разворванне лугавін, палян.
Культываванне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Стварэнне батанічнага заказніка ў Гарадоцкім раёне.

Літ.: 1. Флора Европейской части СССР, 1981; 2. Даныя гербарыя Віцебскага педінстытута.

Дз.Траццякоў @

Увярэднік скіпетрападобны (Pedicularis sceptrum-carolinum L., 1753)
Парадак Залознікакветныя (Scrophulariales), сямейства Залознікавыя (Scrophulariaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Барэальны эўразійскі лугава-балотны від; ледавіковы рэлікт [1]. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая расліна з прамастойным сцяблом, узыходным карэнішчам і тонкім карэннем. Сцёблы вышынёй 30-100 см адзіночныя або па некалькі штук, голыя, з невялікай колькасцю перыстараздзельнага або перыстарассечанага лісця. Кветкі па адной у пазухах прыкветнікаў, утвараюць коласападобнае суквецце, падоўжанае пры пладах. Венчык буйны, жоўты; ніжняя губа спераду крывава-чырвоная. Плод - шарападобная каробачка.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-жніўні. Размнажаецца насеннем [2].
Пашырэнне. Эўразія. У Беларусі - Быхаўскі, Вілейскі, Жыткавіцкі, Жлобінскі, Лепельскі, Менскі, Магілеўскі, Мядзельскі, Пружанскі, Пухавіцкі, Рагачоўскі, Свіслацкі, Смалявіцкі, Салігорскі раёны. Раней адзначаўся ў наваколлях Бярозы-Картузскай, Бабруйска, Горадні, Кобрына, Менска і ў іншых месцах [3-6].
Месцы росту. Эўтрофныя, радзей мезатрофныя балоты, балоцістыя лугі, зараснікі хмызняку на краях балот.
Характар росту. Расце адзінкавымі экземплярамі, утварае невялікія курціны.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Вельмі адчувальны да зніжэння ўзроўню грунтавых вод і хутка знікае пры асушэнні балот, лугоў.
Культываванне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы, Бярэзінскім і Прыпяцкім запаведніках.
Неабходныя меры аховы. Стварэнне батанічных заказнікаў у выяўленых месцах росту.

Літ.: 1. Изменение растительности и флоры болот УССР..., 1982; 2. Флора БССР, 1955; 3. Kulczyński, 1939-1940; 4. Казлоўская (асаб. павед.); 5. Hryniewiecki, 1932; 6. Пачоский, 1899.

Дз.Траццякоў @

Увярэднік лясны (Pedicularis sylvatica L., 1753)
Парадак Залознікакветныя (Scrophulariales), сямейства Залознікавыя (Scrophulariaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Атлантычна-эўрапейскі рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў ізаляваных лакалітэтах за ўсходняй мяжой арэала. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Адна- або двухгадовая травяністая расліна з галоўным сцяблом вышынёй 7-12 см і некалькімі бакавымі ўзыходнымі або прыўзнятымі сцёбламі даўжынёй 10-20 см. Корань верацёнападобны. Лісце чаранковае, ніжняе па контуру эліптычнае, амаль суцэльнакрайняе, верхняе перыстарассечанае прадаўгавата-эліптычнае. Кветкі буйныя са светла-пурпуровым або бледна-чырвоным вяночкам з доўгай трубкай, сядзяць па адной у пазухах прыкветнікаў, утвараюць гронкападобнае суквецце. Плод - косаяйкападобная каробачка.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў траўні-чэрвені, пладаносіць у чэрвені-ліпені. Размнажэнне насеннае [1].
Пашырэнне. Сярэдняя Эўропа, поўдзень Скандынавіі, заходнія раёны Летувы і Ўкраіны [2]. У Беларусі вядомы ў Берасцейскім, Вілейскім, Докшыцкім, Мядзельскім раёнах.
Месцы росту. Сухадольныя і сырыя лугі, ускрайкі нізінных балот, мяшаных і яловых лясоў, схілы ўзгоркаў, парослыя хмызняком.
Характар росту. Расце невялікімі групамі або адзіночнымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Меліярацыйныя работы, гаспадарчая трансфармацыя зямель, выпас жывёлы.
Культываванне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Арганізацыя батанічных заказнікаў у месцах росту, кантроль за станам папуляцый, выяўленне новых месцаў росту.

Літ.: 1. Флора БССР, т. 4, 1955; 2. Meusel, Jäger, Weinert, 1965.

Дз.Траццякоў @

Змеегалоўнік руйша (Dracocephalum ruyschiana L., 1753)
Парадак Ясноткакветныя (Lamiales), сямейства Ясноткавыя (Губакветныя) (Lamiaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных плошчах.
Значэнне ў захаванні генафонду. Барэальны эўразійскі лесастэпавы рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі паблізу паўночна-заходняй мяжы арэала [1, 2]. З'яўляецца прадстаўніком паўднёвасібірскага (алтайскага) міграцыйна-генетычнага элемента ў флоры Беларусі [3]. Дэкаратыўная, лекавая, меданосная, тэхнічная і кармавая расліна [4].
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з разгалінаваным карэнішчам і прамымі валасістымі, у верхняй частцы разгалінаванымі сцёбламі вышынёй да 60 см. Лісце ланцэтна-лінейнае або амаль лінейнае, з загнутымі ўніз краямі, пераважна сядзячае, даўжынёй 2-3 см. Кветкі буйныя, сіне-фіялетавыя, у 6-кветкавых несапраўдных мутоўках, сабраных на канцы сцябла ў падоўжанае гронкападобнае суквецце даўжынёй 3-5 см. Плод - арэшак [5, 6].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені, пладаносіць у ліпені. Размнажэнне насеннае.
Пашырэнне. Эўразія. У Беларусі трапляецца ў Берасцейскім, Лепельскім, Лагойскім, Лоеўскім, Менскім і Пружанскім (Белавежская пушча) раёнах [7-9]. Раней адзначаўся для Гомельскага, Гарадзенскага, Жлобінскага, Зэльвенскага, Мсціслаўскага, Рэчыцкага і Слуцкага раёнаў [10, 11].
Месцы росту. Зрэджаныя хвойна-шыракалістыя, сасновыя і саснова-бярозавыя лясы мшыстага, чарнічнага і верасовага тыпаў, травяністыя схілы.
Характар росту. Расце асобнымі экземплярамі і невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель, выпас жывёлы, вытоптванне, збор квітучых раслін.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [4].
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы, Бярэзінскім запаведніку і ў спецыялізаваным батанічным заказніку «Чырванашвабскі» ў Лагойскім раёне.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія месцаў росту і кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, пошук новых месцаў росту, забарона адзначаных відаў антрапагеннага ўздзеяння, увядзенне ў культуру, штучнае размнажэнне і рассяленне ў прыродныя ўмовы.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Носова, 1973; 3. Kalisch, 1981; 4. Кухарева, Пашина, 1986; 5. Флора СССР, т. 20, 1954; 6. Флора Европейской части СССР, т. 3, 1978; 7. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 8. Николаева, Зефиров, 1971; 9. Березинский биосферный заповедник, 1983; 10. Пачоский, 1899; 11. Полянская, 1931.

Н.Казлоўская @

Званочак шыракалісты (Campanula latifolia L., 1753)
Парадак Званочкакветныя (Campanulales), сямейства Званочкавыя (Campanulaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўрасібірскі рэліктавы, па паходжанню таежны від, які ў Беларусі знаходзіцца ў ізаляваных лакалітэтах на паўднёвай мяжы арэала [1]. Дэкаратыўная і харчовая расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна вышынёй 50-120 см. Сцябло простае, голае або злёгку апушанае, унутры пустое. Лісце з мяккім апушэннем, яйкападобна-прадаўгаватае, няроўнапілаватае; прыкаранёвае доўгачаранковае, сцябловае кароткачаранковае, верхняе сядзячае. Кветкі размешчаны па адной у пазухах лісця, верхнія - у кароткай гронцы. Вяночак блакітнавата-ліловы або ліловы, рэдка белы, да 6 см даўжынёй. Плод - сухая паніклая каробачка.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені, пладаносіць у ліпені-жніўні. Размнажэнне насеннае.
Пашырэнне. Эўропа (акрамя крайняй поўначы) і Заходняя Азія [2]. У Беларусі вядомы месцы росту паблізу Віцебска, Магілева, Менска, у Валожынскім, Верхнядзвінскім, Вілейскім, Віцебскім, Глыбоцкім, Горацкім, Дзяржынскім, Клімавіцкім, Лёзненскім, Шумілінскім раёнах [3]. Раней адзначаўся ў наваколлі Горадні [4].
Месцы росту. Вільготныя шыракаліста-яловыя лясы, шэраальшанікі, берагі лясных рэчак і ручаёў [5].
Характар росту. Расце невялікімі групамі або асобнымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка лесу з трансфармацыяй зямель, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне, збор квітучых раслін), змяненне гідралагічных умоў росту.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [6].
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Налібоцкай пушчы і батанічных мікразаказніках мясцовага значэння ў Віцебскім і Верхнядзвінскім раёнах [7]. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [5].
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых і выяўленне новых месцаў росту, арганізацыя батанічных заказнікаў, забарона несанкцыянаванага збору раслін, мэтавая аптымізацыя ўмоў росту, шырокае ўвядзенне ў культуру, рассяленне ў прыродныя ўмовы.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Флора Европейской части СССР, т. 3, 1978; 3. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 4. Пачоский, 1901; 5. Чырвоная кніга БССР, 1981; 6. Кухарева, Пашина, 1986; 7. Ахоўныя расліны..., 1983.

Л.Семярэнка @

Званочак сібірскі (Campanula sibirica L., 1753)
Парадак Званочкакветныя (Campanulales), сямейства Званочкавыя (Campanulaceae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўра-заходнесібірскі лесастэпавы від. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Двух- і шматгадовая травяністая расліна з верацёнападобным, галінастым коранем. Сцябло прамое, галінастае, вышынёй 15-80 см, рабрыстае, пакрыта жорсткімі аттапыранымі валаскамі. Прыкаранёвае і ніжняе сцябловае лісце падоўжна-лапатчатае адваротна-ланцэтнае, звужана ў чаранок, астатняе - падоўжна-ланцэтнае або лінейнае, сядзячае або прылеглае да сцябла. Кветкі на доўгіх кветаножках і сабраны ў шматкветкавую вузкую кісцепадобную верхавінкавую мяцёлку. Чашачка ў 3-4 разы карацейшая за венчык, пакрыта жорсткімі валаскамі, з адагнутымі ўніз прамежкавымі долечкамі. Венчык даўжынёй 10-25 мм сіне-ліловы, рэдка белы. Плод - каробачка.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце з чэрвеня да верасня. Размнажаецца насеннем [1].
Пашырэнне. Лесастэпавыя раёны Эўропы, Заходняя Сібір, поўнач Сярэдняй Азіі. У Беларусі знойдзены каля Менска, Горак, Петрыкава, в. Юравічы (Калінкавіцкі раён) і в. Карпаўцы (Ваўкавыскі раён). Раней адзначаўся ў ваколіцах Мазыра (в. Кімбараўка) [2] і ў Магілеўскай губерні [3].
Месцы росту. Сухія сасновыя лясы, лясныя паляны, абочыны дарог.
Характар росту. Адзінкавыя экземпляры на невялікай плошчы.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель, будаўніцтва і земляныя работы, збор квітучых раслін.
Культываванне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Арганізацыя батанічных заказнікаў у Ваўкавыскім і Калінкавіцкім раёнах у месцах росту званочка сібірскага.

Літ.: 1. Флора БССР, т. 4, 1955; 2. Парфенов, 1983; 3. Пачоский, 1899.

Дз.Траццякоў @

Лопух дуброўны (Arctium nemorosum Lej., 1833)
Парадак Астракветныя (Asterales), сямейства Астравыя (Складанакветныя) (Asteraceae (Compositae))

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэліктавы сярэднеэўрапейскі немаральны від, які знаходзіцца ў Беларусі ў ізаляваных лакалітэтах за паўночна-ўсходняй мяжой арэала.
Кароткае апісанне. Двухгадовая травяністая расліна з моцным прамастойным галінастым сцяблом вышынёй да 2 м і магутным верацёнападобным коранем. Ніжнія галіны звычайна дугападобна адагнутыя ўніз. Лісце буйное, сэрца-, яйкападобнае, тонкае, па краі расстаўлена-выемчаста-зубчастае, з доўгімі пустымі чаранкамі; зверху зялёнае, знізу слаба лямцавае, шэра-зялёнае з дробнымі рассеянымі жаўтаватымі залозкамі. Агульнае суквецце гронкападобнае; верхавінкавыя кошыкі адзіночныя або сабраны ў клубочкі па 2-6. Абгорткі большай часткай голыя, радзей злёгку павуціністыя, іх лісцікі шылападобныя, заканчваюцца кручочкамі. Кветкі трубчастыя з пурпурова-чырвоным вяночкам. Плод - падоўжная рабрыстая сямянка з ападаючым чубком.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-жніўні, пладаносіць у жніўні-верасні. Размнажэнне насеннае.
Пашырэнне. Сярэдняя і Атлантычная Эўропа, поўдзень Скандынаўскага паўвострава, Крым, Каўказ [1]. У Беларусі вядомы ў Белавежскай пушчы [2].
Месцы росту. Шыракалістыя і хвойна-шыракалістыя лясы на багатай гумусам глебе.
Характар росту. Расце невялікімі групамі і адзінкавымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка лесу (празмернае асвятленне полага), гаспадарчая трансфармацыя зямель.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы.
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцый з мэтай вывучэння тэндэнцый змянення яе колькасці, штучнае рассяленне ў адпаведныя экатопы, пошук новых месцаў росту, увядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Флора СССР, т. 27, 1962; 2. Николаева, Зефиров, 1971.

Г.Вынаеў @

Астра стэпавая (Aster amellus L., 1753)
Парадак Астракветныя (Asterales), сямейства Астравыя (Складанакветныя) (Asteraceae (Compositae))

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэліктавы эўрапейскі лесастэпавы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў ізаляваных астраўных месцах росту і лакалітэтах за паўночнай мяжой арэала. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна вышынёй 20-60 см са слаба галінастым у суквецці сцяблом і кароткім тоўстым карэнішчам. Сцябло звычайна каротка валасістае або голае, па ўсёй даўжыні аблісцелае. Лісце зваротнаяйкападобнае, лапатчатае, шурпатае, прытупленае (сярэднія і верхнія з вастрыём на верхавінцы), па краі цэльнае або часам расстаўлена-шыроказубчастае з 3 выразнымі жылкамі. Кошыкі даволі буйныя, дыяметрам 3-5 см, сабраны ў простую шчыткападобную мяцёлку. Абгортка шырокая, паўшарападобная, чарапіцавая; яе лісцікі шурпатыя, зялёныя, па краях з раснічкамі. Язычковыя кветкі ўдвая перавышаюць абгортку, лінейна-ланцэтныя, фіялетавыя або блакітныя. Кветкі дыска трубчастыя, жоўтыя. Плод - густаваласістая сціснутая сямянка з белым чубком.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў ліпені-верасні, пладаносіць у жніўні-верасні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Эўразія [1-3]. У Беларусі вядомы ў Баранавіцкім, Ваўкавыскім, Гарадзенскім, Добрушскім, Жыткавіцкім, Івацэвіцкім, Карэліцкім, Магілеўскім, Менскім, Наваградскім, Пухавіцкім, Слонімскім і Уздзенскім раёнах.
Месцы росту. Маладыя сасновыя і дубова-сасновыя мшыстыя лясы, лясныя паляны і ўзлескі, сухадольныя лугавіны і хмызнякі.
Характар росту. Расце адзінкавымі экземплярамі або невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне, збор квітучых раслін), гаспадарчая трансфармацыя зямель.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [4].
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Арганізацыя ў вядомых месцах росту батанічных заказнікаў, кантроль за станам папуляцый, увядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Флора СССР, т. 25, 1959; 2. Флора БССР, т. 5, 1959; 3. Носова, 1973; 4. Кухарева, Пашина, 1986.

Г.Вынаеў @

Белакапытнік гібрыдны (лекавы) (Petasites hybridus (L.) Gaertn., Mey. et Schreb., 1801 [P. officinalis Moench])
Парадак Астракветныя (Asterales), сямейства Астравыя (Складанакветныя) (Asteraceae (Compositae))

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных плошчах.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі горны рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў асобных лакалітэтах і астраўных участках росту паблізу ўсходняй мяжы арэала. Лекавая, кармавая, меданосная і дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з тоўстым клубнепадобным карэнішчам і буйным доўгім (больш за 60 см) акругласэрцападобным, знізу шараватым ад мяккага шарсцістага апушэння доўгачаранковым лісцем. Кветаносы вышынёй да 60 см з лускападобным лісцем, з'яўляюцца ранняй вясной яшчэ да пачатку росту прыкаранёвага лісця. Песцікавыя і тычынкавыя кошыкі сабраны ў густыя верхавінкавыя коласападобныя гронкі даўжынёй 6-10 см. Кветкі брудна-пурпуровыя з фіялетавым адценнем, пахучыя. Плод - цыліндрычная сямянка з падоўжнымі рабрынкамі і брудна-белым чубком [1, 2].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў красавіку-траўні, пладаносіць у траўні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Сярэдняя Эўропа, поўдзень Скандынавіі [1]. У Беларусі адзначаны ў Барысаўскім, Браслаўскім, Валожынскім, Вілейскім, Глыбоцкім, Горацкім, Івацэвіцкім, Камянецкім, Маладэчанскім, Маларыцкім, Менскім, Мядзельскім, Нясвіжскім, Слонімскім, Смалявіцкім і Шклоўскім раёнах [3]. Раней адзначаўся ў наваколлях Ганцавіч, Горадні, Магілева, Наваградка, Слуцка [4, 5].
Месцы росту. Бліз крыніц у вытоках і на схілавых участках рэк, вільготныя берагі вадаёмаў, невялікіх лясных рэк і ручаёў, хмызнякі, на багатых гумусам глебах.
Характар росту. Расце невялікімі, месцамі значнымі групамі, зрэдку ўтварае даволі буйныя зараснікі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель і асушальная меліярацыя.
Культываванне. Зрэдку культывуецца на прысядзібных участках і дзічэе.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца на тэрыторыі азёрнага заказніка «Доўгае» ў Глыбоцкім раёне.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых і кантроль за станам папуляцый сучасных месцаў росту, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, выяўленне новых месцаў росту, увядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Флора СССР, т. 26, 1961; 2. Флора БССР, т. 5, 1959; 3. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і БДУ; 4. Пачоский, 1899; 5. Пачоский, 1900.

Г.Вынаеў @

Рамоначнік (пірэтрум) шчытковы (Pyrethrum corymbosum (L.) Scop., 1803)
Парадак Астракветныя (Asterales), сямейства Астравыя (Складанакветныя) (Asteraceae (Compositae))

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўразійскі лесастэпавы рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў асобных лакалітэтах за паўночнай мяжой арэала. Дэкаратыўная, інсектыцыдная і кармавая расліна [1].
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з патоўшчаным косым карэнішчам і прамастойным апушаным доўгімі валаскамі або амаль голым сцяблом вышынёй 30-120 см. Лісце звычайна слаба валасістае, прадаўгаватае, перыстарассечанае, прыкаранёвае - сядзячае. Кошыкі нешматлікія, сабраны па 3-15 у рыхлае шчыткападобнае суквецце. Краявыя кветкі язычковыя, белыя, сярэдзінныя - трубчастыя, жоўтыя. Плод - прадаўгаватая прызматычная сямянка з 5 моцна вытаркнутымі падоўжнымі рэбрамі [2, 3].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені, пладаносіць у ліпені-жніўні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Эўразія (акрамя паўночных раёнаў), Каўказ, Малая Азія (Турцыя), Заходняя Сібір [2]. У Беларусі дакладна вядомы месцы росту рамоначніка шчытковага ў Бераставіцкім, Добрушскім і Мазырскім раёнах [4]. Раней адзначаўся ў наваколлях Лоева, Лутава (Рэчыцкі ўезд) і Мазыра [5].
Месцы росту. Асветленыя лісцевыя лясы, лясныя паляны і ўзлескі, сухадольныя астэпаваныя лугі, на багатых гумусам глебах.
Характар росту. Расце асобнымі экземплярамі і невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель, выпас жывёлы, касьба, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі, зрыванне квітучых раслін.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [1] і ў Рэспубліканскім экалагічным цэнтры навучэнцаў у Менску.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [1]. Ахоўваецца ў батанічным заказніку дэкаратыўных лекавых раслін «Шабрынскі».
Неабходныя меры аховы. Рэвізія раней вядомых месцаў росту і кантроль за станам папуляцый у сучасных месцах росту, арганізацыя спецыялізаванага батанічнага заказніка ў Мазырскім раёне, выяўленне новых месцаў росту, увядзенне ў культуру, рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Кухарева, Пашина, 1986; 2. Флора СССР, т. 26, 1961; 3. Флора БССР, т. 5, 1959; 4. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 5. Пачоский, 1899.

Г.Вынаеў @

Чарнакорань пурпуровы (Scorzonera purpurea L., 1753)
Парадак Астракветныя (Asterales), сямейства Астравыя (Складанакветныя) (Asteraceae (Compositae))

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэліктавы лесастэпавы эўрасібірскі від, які ў Беларусі знаходзіцца ў ізаляваных лакалітэтах і астраўных участках росту на паўночнай мяжы арэала [1]. Дэкаратыўная і меданосная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з простым або ў верхняй частцы галінастым сцяблом вышынёй 15-45 (80) см і чорным вертыкальным маршчыністым сцеблакоранем (каўдэксам), каранёвая шыйка якога густа пакрыта шчацінкападобнымі валакністымі рэшткамі ліставых чаранкоў. Лісце вузкалінейнае, плоскае або жалобчата-трохграннае, голае або злёгку павуцініста апушанае. Язычковыя кветкі светла-пурпуровыя або фіялетава-ружовыя, з пахам ваніліну, сабраны ў невялікія кошыкі на канцах сцёблаў і галінак. Абгорткі чарапіцавыя, прадаўгавата-цыліндрычныя. Плод - сямянка з чубком [2].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў траўні-чэрвені, пладаносіць у жніўні. Размнажэнне насеннае.
Пашырэнне. Эўразія. У Беларусі трапляецца ў Брагінскім, Гомельскім і Добрушскім раёнах [1].
Месцы росту. Сасновыя і дубова-сасновыя лясы на пясчанай глебе, па ўзлесках.
Характар росту. Расце адзіночнымі экземплярамі і невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка лесу з трансфармацыяй зямель, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне, зрыванне квітучых раслін).
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [3]. Ахоўваецца ў Шабрынскім батанічным заказніку.
Неабходныя меры аховы. Арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў у Гомельскім і Брагінскім раёнах, кантроль за станам папуляцый, выяўленне новых месцаў росту.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Флора СССР, т. 29, 1964; 3. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Г.Вынаеў @

Старасцень эрукалісты (Senecio erucifolius L., 1753)
Парадак Астракветныя (Asterales), сямейства Астравыя (Складанакветныя) (Asteraceae (Compositae))

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўразійскі стэпавы рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах за паўночнай мяжой арэала.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з прамым голым або крыху павуцініста апушаным, у верхняй частцы галінастым, часам чырванаватым сцяблом вышынёй 40-100 см і паўзучым карэнішчам. Прыкаранёвае і ніжняе сцябловае лісце рана вяне, голае або злёгку апушанае, лірападобна перыстарассечанае, на чаранках; сярэдняе сцябловае - яйкападобнае, перыстарассечанае, з ланцэтападобнымі або лінейнымі, завостранымі суцэльнакрайнімі, зубчастымі або надрэзанымі на шматлікія долькі долямі. Абгортка званочкавая, голая або крыху павуціністая. Язычковыя кветкі (10-15) прадаўгаватыя, жоўтыя, сабраны ў шматлікія кошыкі, утвараюць шчыткападобнае суквецце. Плод - прадаўгавата-цыліндрычная, рабрыстая сямянка [1].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-жніўні, пладаносіць у жніўні-верасні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Паўднёвыя і цэнтральныя раёны Эўропы, Каўказ, Сібір, Сярэдняя Азія [1]. У Беларусі знойдзены ў Берасцейскім, Вілейскім, Жыткавіцкім, Лагойскім, Стаўбцоўскім і Чэрыкаўскім раёнах [2, 3]. Раней адзначаўся ў наваколлі Горадні, Турава, у Столінскім і Пінскім раёнах [2, 3].
Месцы росту. Ускрайкі сухіх сасновых і бярозавых лясоў, зараснікі хмызняку, сухія астэпаваныя схілы, поймавыя лугі.
Характар росту. Расце адзіночнымі экземплярамі або невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Прыпяцкім запаведніку.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя батанічных заказнікаў ва ўсіх вядомых месцах росту, пошук новых месцаў росту, вырошчванне на калекцыйных участках, рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Флора СССР, т. 26, 1961; 2. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 3. Дубовік (асаб. павед.); 4. Пачоский, 1899.

Г.Вынаеў @

Старасцень прырэчны (Senecio fluviatilis Wallr., 1840)
Парадак Астракветныя (Asterales), сямейства Астравыя (Складанакветныя) (Asteraceae (Compositae))

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных плошчах.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўразійскі далінна-рачны рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах і астраўных участках росту на паўночна-ўсходняй мяжы арэала. Дэкаратыўная і меданосная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з прамым, густа аблісцелым, у верхняй частцы крыху галінастым, рабрыстым сцяблом вышынёй 100-120 см і паўзучым або ўзыходным карэнішчам. Лісце сядзячае, цэльнае, вострае, да асновы клінападобна звужанае, па краях пільчата-зубчастае і каротка-раснічастае, даўжынёй 12-20 см і шырынёй 1,5-4 см. Абгортка двухрадная, кароткаваласістая, з 3-5 лінейнымі знешнімі і 6-12 ланцэтападобнымі, на верхавінцы раснічастымі, з чорнымі плямамі, унутранымі лісцікамі. Язычковыя кветкі (6-8) ярка-жоўтыя, сабраны ў шматлікія кошыкі, якія ўтвараюць шчыткападобнае суквецце. Плод - голая рабрыстая сямянка [1].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені, пладаносіць у жніўні-верасні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Эўразія [1]. У Беларусі знойдзены ў Валожынскім, Дзятлаўскім, Камянецкім, Лагойскім, Стаўбцоўскім і Чэрыкаўскім раёнах [2-4].
Месцы росту. Вербнякі і зараснікі іншых хмызнякоў па берагах рэк, поймавых лугоў і ўскрайках балот.
Характар росту. Расце невялікімі групамі або адзінкавымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель са знішчэннем прыбярэжнай расліннасці, водапаніжэнне і гідрамеліярацыя, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы і Налібоцкім паляўнічым заказніку.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў ва ўсіх вядомых месцах росту, пошук новых месцаў росту, увядзенне ў культуру ў цяністых парках паблізу вадаёмаў, штучнае развядзенне і рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Флора СССР, т. 26, 1961; 2. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і БДУ; 3. Траццякоў (асаб. павед.); 4. Дубовік (асаб. павед.).

Г.Вынаеў @

Гідрыла кальчаковая (Hydrilla verticillata (L. fil.) Royle., 1839)
Парадак Жабнікакветныя (Hydrocharitales), сямейства Жабнікавыя (Hydrocharitaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Гемікасмапалітны рэліктавы, магчыма, заносны натуралізаваны палеатрапічны від монатыпічнага трапічнага роду, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах і астраўных участках росту на мяжы эўрапейскага фрагмента арэала [1, 2]. Дэкаратыўная расліна, добры корм для рыб і вадаплаўных птушак [3]. Месцазнаходжанні ў Беларусі з'яўляюцца найбольш паўночнымі і паўночна-ўсходнімі ў Эўропе.
Кароткае апісанне. Шматгадовая, паглыбленая ў ваду двухдомная расліна (знешне нагадвае эладэю), з тонкім доўгім галінастым сцяблом даўжынёй ад 15 см да 3 м. Міжвузеллі падоўжныя, галіны рэдкія. Лісце лінейнае, ланцэтападобнае, эліптычнае або яйкападобнае, па 3-8 у кальчаках, з вострай верхавінкай, па краі востра пілавата-зубчастае; у пазухах лісця па 2 махрыста-зубчастыя лускавінкі. Кветкі дробныя, адзіночныя, раздзельнаполыя. Чашачка з 3 зеленавата-бурых лісцікаў. Тычынкавыя кветкі зеленавата-белыя, песцікавыя - белавата-плевачныя. Плод - ягадападобны [4-6].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце рэдка, у чэрвені-ліпені, пладаносіць у жніўні-верасні. Размнажэнне, у асноўным, вегетатыўнае: зімуючымі вегетатыўнымі пупышкамі (турыёнамі). Тычынкавыя кветкі нярэдка ўсплываюць, перамяшчаюцца ветрам і плынню па вадаёму, што садзейнічае перакрыжаванаму апыленню.
Пашырэнне. Эўразія, Мадагаскар, Аўстралія [4, 5, 7]. У Беларусі знойдзена ў азёрах Віцебскай вобласці: Бешанковіцкі (воз. Каранёва), Браслаўскі (воз. Дрывяты), Віцебскі (азёры Лосвіда, Сосна), Гарадоцкі (азёры Белае, Чорнае, Езярышча), Полацкі (азёры Сітна, Няклея), Расонскі (азёры Нешчарда, Доўгае, Страдань, Валоба), Ушацкі (воз. Крывое), Шумілінскі (воз. Сосна) раёны [8-11].
Месцы росту. Азёры, пераважна мезатрофныя, з сярэдняй ступенню мінералізацыі вады, на пясчаных і глеістых грунтах на глыбіні 150-200 см.
Характар росту. Утварае зараснікі або расце адзіночнымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Забруджванне і эўтрафікацыя азёр, змяненне іх гідрахімічных умоў, празмерныя рэкрэацыйныя і гаспадарча-эксплуатацыйныя (здабыча сапрапелю, лоўля рыбы сеткамі і інш.) нагрузкі.
Культываванне. Вырошчваецца аматарамі-акварыумістамі [3].
Прынятыя меры аховы. Занесена ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [12]. Ахоўваецца ў азёрных заказніках «Крывое», «Сосна» [10].
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя батанічных і гідралагічных (азёрных) заказнікаў ва ўсіх выяўленых месцазнаходжаннях, пошук новых месцаў росту, увядзенне ў аквакультуру, рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 3. Жданов, 1987; 4. Флора СССР, т. 1, 1934; 5. Флора Европейской части СССР, т. 4, 1979; 6. Определитель растений Белоруссии, 1967; 7. Доброхотова, Ролдугин, 1982; 8. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і БДУ; 9. Мартыненко, 1971; 10. Федотов, Мартыненко, 1982; 11. Курловіч (асаб. павед.); 12. Моисеева, 1967.

П.Парфёнаў @

Каўлінія гнуткая (Caulinia flexilis Willd., 1801)
Парадак Наядакветныя (Najadales), сямейства Наядавыя (Najadaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных плошчах.
Значэнне ў захаванні генафонду. Барэальны амфіатлантычны рэліктавы постпліяцэнавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах на паўднёва-ўсходняй мяжы арэала [1]. Кармавая і дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Паглыбленая ў ваду двухдомная, гнуткая, даволі кволая, светла-зялёная аднагадовая расліна з тонкім (менш за 1 мм у дыяметры) разгалінаваным сцяблом даўжынёй 8-40 см. Лісце лінейнае, па краях ледзь прыкметна зубчастае. Кветкі непрыкметныя, адзіночныя, у пазухах лісця. Тычынкавыя кветкі з адной тычынкай, абкружанай двухлопасцевым калякветнікам, песцікавыя - без калякветніка. Плод вузкаэліпсаідальны, касцянкападобны. Насенне жаўтаватае, бліскучае [1, 2].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў ліпені-жніўні, пладаносіць у жніўні-верасні. Цвіценне і апыленне адбываюцца пад вадой. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Эўразія, Паўночная Амерыка [2]. У Беларусі выяўлена ў азёрах Лосвіда (Гарадоцкі раён), Нешчарда (Расонскі раён), Дрывяты (Браслаўскі раён) [3, 4]. Раней адзначалася ў воз. Свіцязь [5].
Месцы росту. Расце на глыбіні 20-60 см у азёрах з рознай ступенню трофнасці і мінералізацыі вады, пясчанымі і пясчана-галечнымі грунтамі з намулам.
Характар росту. Расце невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Змена хімізму вады, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Занесена ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [6]. Ахоўваецца ў Свіцязянскім ландшафтным заказніку.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія месцазнаходжання ў воз. Свіцязь, кантроль за станам папуляцый. Арганізацыя гідралагічных заказнікаў, выяўленне новых месцаў росту, абмежаванне гаспадарчай дзейнасці, увядзенне ў аквакультуру, штучнае развядзенне і рассяленне ў прыродныя вадаёмы.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Флора Европейской части СССР, т. 4, 1979; 3. Мартыненко, 1971; 4. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 5. Пачоский, 1900; 6. Моисеева, 1967.

П.Парфёнаў @

Каўлінія малая (Caulinia minor (All.) Coss. et Germ., 1845)
Парадак Наядакветныя (Najadales), сямейства Наядавыя (Najadaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных плошчах.
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэліктавы постпліяцэнавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах у межах эўрапейскага фрагмента арэала. Кармавая і дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Паглыбленая ў ваду аднагадовая двухдомная расліна з тонкім разгалінаваным, вельмі ломкім сцяблом даўжынёй 4-25 см. Лісце лінейнае, супраціўнае або ў кальчаках, сэрцападобна выгнутае, па краях з 6-10 даволі буйнымі, пры аснове расшыранымі зубцамі. Кветкі адзіночныя, непрыкметныя, у пазухах лісця, раздзельнаполыя. Плод падоўжны, касцянкападобны. Паверхня насення ячэістая [1, 2].
Асаблівасці біялогіі. Апыленне адбываецца пад вадой. Цвіце ў ліпені-жніўні, пладаносіць у жніўні-верасні. Размнажэнне насеннае [1].
Пашырэнне. Эўразія, Афрыка [2]. У Беларусі знойдзена ў Браслаўскім (воз. Дрывяты), Брагінскім (р. Дняпро), Гарадоцкім (воз. Езярышча), Лепельскім (азёры Домжарыцкае, Палік), Лоеўскім (р. Сож) і Петрыкаўскім (р. Прыпяць) раёнах [3-6].
Месцы росту. Эўтрофныя азёры і рэкі з чыстай сярэднемінералізаванай вадой, на глыбіні 20-60 см.
Характар росту. Расце групамі, часам утварае чыстыя зараснікі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Змена хімізму вады, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі.
Культываванне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Бярэзінскім запаведніку [3, 4]. Занесена ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [7].
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцый, ахова вод ад забруджвання, выяўленне новых месцаў росту віду і стварэнне гідралагічных заказнікаў, абмежаванне гаспадарчай і рэкрэацыйнай дзейнасці на вадаёмах, увядзенне ў аквакультуру, штучнае развядзенне і рассяленне ў адпаведныя вадаёмы.

Літ.: 1. Основы охраны растительного покрова Литовской ССР, 1986; 2. Флора Европейской части СССР, т. 4, 1979; 3. Ставровская, 1982; 4. Игнатенко, Парфенов, 1983; 5. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 6. Пачоский, 1900; 7. Моисеева, 1967.

П.Парфёнаў @

Наяда вялікая (Najas major All., 1773)
Парадак Наядакветныя (Najadales), сямейства Наядавыя (Najadaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Барэальны, старажытнаміжземнаморскі рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах на паўночнай мяжы арэала [1]. Дэкаратыўная водная расліна. Выяўлена ў міяцэнавых, пліяцэнавых і антрапагенавых адкладах Беларусі [2].
Кароткае апісанне. Аднагадовая, паглыбленая ў ваду двухдомная цёмна-зялёная расліна з слабаразвітай каранёвай сістэмай, тонкім разгалінаваным ломкім сцяблом даўжынёй 10-70 см і таўшчынёй 1 мм. Лісце прамое, лінейнае, шырынёй да 4 мм, па краі буйна выемчаста-зубчастае, па 3 у кальчаках; ліставыя похвы суцэльнакрайнія або з 1 амаль прыкметным зубцом. На мелкаводдзі трапляецца нізкая форма, сцелецца па грунце, мае ўкараняльныя парасткі. Кветкі дробныя, адзіночныя, раздзельнаполыя, у пазухах лісця; тычынкавыя з 1 тычынкай, укрытыя двухлопасцевым калякветнікам і пакрывалам; песцікавыя без калякветніка і пакрывала. Плод - касцянкападобны арэшак [2-4]. У азёрах Беларусі трапляецца асобая разнавіднасць var. polonica (Zalewsky Tavel) з пладамі даўжынёй 6-6,5 мм, якая па сутнасці прадстаўляе буйнаплодную сярэднеэўрапейскую расу - наяду польскую (Najas polonica Zalewsky), блізкую да эўрапейска-міжземнаморскай Najas major All. [4].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў ліпені-верасні. Размнажэнне насеннае, часам вегетатыўнае. Апыленне адбываецца пад вадой.
Пашырэнне. Эўразія [4]. У Беларусі вядома ў Брагінскім (р. Дняпро), Лоеўскім (рэкі Дняпро, Сож), Петрыкаўскім (р. Прыпяць) і Пухавіцкім (воз. Сяргеевіцкае) раёнах [5]. Раней прыводзілася для наваколля Магілева (р. Дняпро) і былога Пінскага (р. Гарынь) павету [6, 7].
Месцы росту. Затокі і старыцы рэк, азёры з прэснымі, радзей саланаватымі водамі, на пясчана-галечных з намулам грунтах на глыбіні 100-250 см.
Характар росту. Расце групамі, часам утварае зараснікі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Забруджванне і эўтрафікацыя азёр, змяненне іх гідрахімічных умоў, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі, пашкоджанне раслін сеткамі пры лоўлі рыбы.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Занесена ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [8].
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя батанічных заказнікаў ва ўсіх вядомых месцах росту, пошук новых месцаў росту, увядзенне ў аквакультуру, рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Энцыклапедыя прыроды Беларусі, т. 3, 1984; 3. Флора СССР, т. 1, 1934; 4. Флора Европейской части СССР, т. 4, 1979; 5. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 6. Besser, 1832; 7. Пачоский, 1900; 8. Моисеева, 1967.

П.Парфёнаў @

Наяда марская (Najas marina L., 1753)
Парадак Наядакветныя (Najadales), сямейства Наядавыя (Najadaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных плошчах.
Значэнне ў захаванні генафонду. Барэальна-галарктычны рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах на паўднёва-ўсходняй мяжы эўрапейскага фрагмента арэала [1]. Дэкаратыўная водная расліна, прыдатная для аквакультуры.
Кароткае апісанне. Аднагадовая, пагружаная ў ваду цёмна-зялёная расліна з доўгімі (10-60 см) парасткамі. Лісце лінейнае, па краях буйнавыемчатазубчастае. Похвы лісця з 1-2 добра прыкметнымі шырокімі зубцамі. Кветкі раздзельнаполыя, двухдомныя. Тычынкавыя кветкі з адной тычынкай, двухлопасцевым калякветнікам і пакрывалам, песцікавыя - без іх. Плод шырокаэліпсаідальны [1-3].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў ліпені-жніўні, пладаносіць у канцы жніўня - пачатку верасня. Размнажэнне насеннае. Апыленне адбываецца пад вадой [2, 3].
Пашырэнне. Эўразія [2-4]. У Беларусі месцы росту ў Віцебскім (воз. Лосвіда), Лепельскім (воз. Вогзіна) і Шумілінскім (воз. Сосна) раёнах [5-7].
Месцы росту. Слабаэўтрофныя азёры з чыстай сярэднемінералізаванай вадой на глыбіні 200-250 см на пясчана-галечным грунце сярод шыракалістых рдзестаў [5, 6].
Характар росту. Расце групамі, часам утварае чыстыя зараснікі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Забруджванне і эўтрафікацыя азёр, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі, пашкоджванне зараснікаў пры лоўлі рыбы сеткамі.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў азёрным заказніку «Сосна». Занесена ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [8].
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцый, пошук новых месцаў росту, забарона або абмежаванне пазначаных відаў антрапагенных уздзеянняў, увядзенне ў аквакультуру, штучнае развядзенне і рассяленне ў прыродныя вадаёмы.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Флора СССР, т. 1, 1934; 3. Флора Европейской части СССР, т. 4, 1979; 4. Доброхотова, Ролдугин, Доброхотова, 1982; 5. Мартыненко, 1970; 6. Мартыненко, 1976; 7.Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 8. Моисеева, 1967.

П.Парфёнаў @

Познацвет асенні (Colchicum autumnale L., 1753)
Парадак Лілеякветныя (Liliaceae), сямейства Мелантыевыя (Melanthiaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэліктавы сярэднеэўрапейскі горны від, які ў Беларусі трапляецца за паўночна-ўсходняй мяжой арэала. Дэкаратыўная расліна [1].
Кароткае апісанне. Шматгадовая клубнецыбульная расліна вышынёй 10-40 см са шчыльным падоўжна-ланцэтным бліскучым лісцем (даўжынёй да 30 см, шырынёй 3-5 см), якое развіваецца вясной, а летам адмірае. Клубнецыбуліна буйная, пакрыта цёмнымі абалонкамі, якія ўтвараюць вакол сцябла трубку. Кветкі адзіночныя, буйныя, лілова-ружовыя, лейкападобныя з простым 6-лопасцевым калякветнікам. Плод - прадаўгавата-акруглая трохгнёздавая каробачка.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў жніўні-верасні, пладаносіць у траўні-чэрвені. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае (клубнецыбулінамі). Кветкі з'яўляюцца восенню пасля адмірання лісця, аплодненая завязь перазімоўвае і вясной разам з лісцем паяўляецца зялёная каробачка, якая выспявае ў траўні-чэрвені. Насенне, якое высыпаецца з каробачак, даспявае на паверхні глебы, усходы паяўляюцца вясной наступнага года. Зацвітае на 7-9-ы год жыцця.
Пашырэнне. Сярэдняя і Атлантычная Эўропа, поўдзень Скандынавіі, заходнія і паўночна-заходнія раёны Ўсходняй Эўропы [2]. У Беларусі трапляецца ў Віцебскім, Дзяржынскім [3], Мядзельскім [4], Пухавіцкім і Шумілінскім раёнах; раней адзначаўся для Пінскага ўезда [5].
Месцы росту. Парослыя хмызняком сырыя лугі.
Характар росту. Расце невялікімі групамі і адзінкавымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Меліярацыйныя і будаўнічыя работы.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі і ў Рэспубліканскім экалагічным цэнтры навучэнцаў у Менску.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў батанічным заказніку ў Пухавіцкім раёне. Занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [2].
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцаў росту і кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў ва ўсіх вядомых месцах росту, выяўленне новых месцазнаходжанняў, увядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Чырвоная кніга БССР, 1981; 3. Вынаеў (асаб. павед.); 4. Сауткина, 1987; 5. Пачоский, 1900.

Дз.Траццякоў @

Гусіная цыбуля лугавая (Gagea pratensis (Pers.) Dumort., 1827)
Парадак Лілеякветныя (Liliales), сямейства Лілейныя (Liliaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі рэліктавы сармацкі від, які знаходзіцца ў ізаляваных лакалітэтах за ўсходняй мяжой арэала [1].
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна вышынёй 10-15 см з 3 цыбулінамі і прыкаранёвым лістом, значна даўжэйшым за «парасонікі» суквецця. Кветкі нешматлікія, калякветнік буйны, жоўты, звонку зеленаваты, з 6 вузкіх ланцэтападобных лісцікаў. Плод - трохгнёздавая каробачка [2].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў красавіку - пачатку траўня. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Горныя раёны Сярэдняй Эўропы, Міжземнамор'е, частка Атлантычнай Эўропы і поўдзень Скандынавіі. У Беларусі - левабярэжжа Нёмана (Мастоўскі раён), Берасцейскі раён [3].
Месцы росту. Расце на лугавінах сярод дрэўных пасадак, на папарных палетках, ускрайках шыракалістых лясоў.
Характар росту. Трапляюцца адзіночныя экземпляры і невялікія групы.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Парушэнне прыроднага покрыва ў ходзе гаспадарчай трансфармацыі зямель.
Культываванне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльныя меры аховы не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, пошук новых месцаў росту, увядзенне ў культуру і штучнае рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Флора БССР, т. 1, 1949; 3. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі.

Н.Казлоўская @

Гусіная цыбуля пакрывальцавая (Gagea spathacea (Hayne) Salisb., 1906)
Парадак Лілеякветныя (Liliales), сямейства Лілейныя (Liliaceae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэліктавы субатлантычны паўночнаэўрапейскі від у ізаляваным лакалітэце за паўднёва-ўсходняй мяжой арэала.
Кароткае апісанне. Эфемероідная цыбульная расліна вышынёй 6-20 см. Цыбуліны 2, адна з іх буйная. Два прыкаранёвыя лісты дудкаватыя, вузкалінейныя, значна вышэйшыя за сцябло. Падсуквеццевы ліст прадаўгавата-ланцэтны, уверсе звужаны і сцягнуты ў каўпачок, прыблізна роўны суквеццю. Кветкі лімонна-жоўтыя, сабраны па 2-4 у парасонападобнае суквецце. Звонку долі калякветніка зеленаватыя. Плод - каробачка.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў красавіку-траўні. Размнажаецца вегетатыўна і насеннем [1].
Пашырэнне. Скандынавія, Сярэдняя і Атлантычная Эўропа. заходнія раёны Ўкраіны, Калінінградскай вобласці, Летува і Латвія [2]. У Беларусі - у Мазырскім і Гомельскім раёнах.
Месцы росту. Цяністыя чорнаальховыя і грабава-чорнаальховыя лясы, хмызнякі.
Характар росту. Расце невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушальная меліярацыя чорнаальховых лясоў, гаспадарчая трансфармацыя зямель.
Культываванне. Вырошчваецца ў Рэспубліканскім экалагічным цэнтры навучэнцаў у Менску.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Стварэнне батанічнага заказніка ў Гомельскім раёне.

Літ.: 1. Флора БССР, 1949; 2. Meusel, 1965.

Дз.Траццякоў @

Цюльпан лясны (Tulipa sylvestris L., 1753)
Парадак Лілеякветныя (Liliales), сямейства Лілейныя (Liliaceae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўрапейска-міжземнаморскі натуралізаваны від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах за ўсходняй мяжой арэала [1]. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая цыбульная расліна з прамым голым тонкім сцяблом вышынёй 30-40 см і 2-4 адхіленымі ад яго лістамі. Лісце вузкае, жалабатае, бліскучае, даўжынёй да 20-25 см. Кветкі званочкавыя, ярка-жоўтыя, са слабым прыемным пахам, адзіночныя (рэдка па 2 на канцах сцябла). Калякветнік з 6 свабодных лісцікаў, размешчаных у 2 кругі. Плод - прадаўгаватая трохгранная каробачка [1-3].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў канцы траўня, пладаносіць у чэрвені. Размнажэнне вегетатыўнае; штогод новая цыбуліна нарастае зверху старой, а таксама фармуюцца новыя цыбуліны на канцах вертыкальных і гарызантальных сталонаў.
Пашырэнне. Міжземнамор'е (поўдзень Італіі, Балканскі паўвостраў); натуралізаваўся ў многіх краінах Сярэдняй і Атлантычнай Эўропы, на поўдні Скандынавіі [1-3]. У Беларусі знойдзены ў Берасцейскім і Мядзельскім раёнах [4, 5].
Месцы росту. Шыракалістыя лясы ў далінах рэк.
Характар росту. Расце невялікімі, рэдка значнымі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі і ў Рэспубліканскім экалагічным цэнтры навучэнцаў у Менску.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [6]. Ахоўваецца ў ландшафтным заказніку «Блакітныя азёры».
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, пошук новых месцаў росту, вырошчванне на калекцыйных участках, увядзенне ў культуру, рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Флора СССР, т. 4, 1935; 3. Флора Европейской части СССР, т. 4, 1979; 4. Вынаев, Третьяков, 1978; 5. Бурдзін, Шокала (асаб. павед.); 6. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Г.Вынаеў @

Цыбуля скарада, або цыбуля рэзанец (Allium schoenoprasum L., 1753)
Парадак Лілеякветныя (Liliales), сямейства Цыбулевыя (Alliaceae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Арктальпійскі рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў асобных лакалітэтах у межах шырокага галарктычнага арэала на паўднёвай мяжы яго паўночнаэўрапейскага раўніннага фрагмента.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая цыбульная расліна вышынёй 15-45 см. Цыбуліны прадаўгаватыя, размешчаныя на кароткім карэнішчы. Сцябло ўнутры пустое, аблісцелае. Лісце (1-2) кароткае, дудчастае, з доўгай похвай. Суквецце - шарападобны парасонік, без цыбулінак. Лісцікі калякветніка ружовыя або ружова-фіялетавыя, бліскучыя. Насенне вуглаватае [1].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў канцы чэрвеня-ліпені, пладаносіць у жніўні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Эўропа, Каўказ, Сібір, Далёкі Ўсход, Паўночная Амерыка [1]. У Беларусі выяўлена ў Віцебскім і Шумілінскім раёнах, у асноўным у даліне Заходняй Дзвіны [2]; адзначалася таксама ў Ельскім раёне (наваколле в. Кузьмічы) [3].
Месцы росту. Расце на сырых лугах у далінах рэк.
Характар росту. Трапляюцца невялікія групы на абмежаваных плошчах.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Антрапагенная трансфармацыя тэрыторый, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне, зрыванне раслін) і выпас жывёлы.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі, батанічным садзе БДУ. У культуры добра пладаносіць, дае ўсходжае насенне і самасеў.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцаў росту і кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў ва ўсіх вядомых лакалітэтах, выяўленне новых месцаў росту і іх ахова, больш шырокае ўвядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Флора Европейской части СССР, т. 4, 1979; 2. Сюбарова, Мержвинский, 1989; 3. Флора БССР, т. 1, 1949.

Ю.Бібікаў @

Шпажнік (гладыёлус) чарапіцавы (Gladiolus imbricatus L., 1753)
Парадак Касачакветныя (Iridales), сямейства Касачовыя (Iridaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Панэўрапейскі від, які знаходзіцца ў Беларусі паблізу ўсходняй мяжы арэала [1]. Дэкаратыўная, лекавая і харчовая расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая клубнецыбульная травяністая расліна вышынёй 40-80 см з тонкімі прамымі сцёбламі. Клубнецыбуліна шарападобная, дыяметрам 1-1,5 см. Ніжняе лісце лускападобнае, сцябловае - мечападобнае. Суквецце - аднабаковы густы колас, складзены з 3-11 буйных ружавата- або пурпурова-фіялетавых кветак даўжынёй 2,5-3,5 см. Плод - кароткая зваротнаяйкападобная сухая каробачка.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені, пладаносіць у жніўні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Сярэдняя Эўропа і Міжземнамор'е [1, 2]. У Беларусі трапляецца зрэдку па ўсёй тэрыторыі.
Месцы росту. Нізінныя і поймавыя лугі, лугавіны, зараснікі хмызняку, лясныя паляны ў ельніках, дубравах і альшаніках [1].
Характар росту. Расце асобнымі экземплярамі і невялікімі, часам буйнымі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушальная меліярацыя і антрапагенная трансфармацыя забалочаных зямель, касьба ў нявызначаныя тэрміны, выпас жывёлы, збор квітучых раслін.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [3], у Рэспубліканскім экалагічным цэнтры навучэнцаў у Менску. У культуры з 1604 г., ёсць садовыя формы і гібрыды.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [1]. Ахоўваецца ў запаведніках і некаторых заказніках рэспубліканскага і мясцовага значэння [4].
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў і кантроль за станам папуляцый, арганізацыя батанічных заказнікаў у месцах масавага росту, выяўленне новых месцаў росту, забарона несанкцыянаванага збору раслін, мэтавая аптымізацыя ўмоў росту, рассяленне ў прыродныя ўмовы.

Літ.: 1. Чырвоная кніга БССР, 1981; 2. Флора Европейской части СССР, т. 4, 1979; 3. Кухарева, Пашина, 1986; 4. Ахоўныя расліны..., 1983.

Л.Семярэнка @

Касач бязлісты (Iris aphylla L., 1753)
Парадак Касачакветныя (Iridales), сямейства Касачовыя (Iridaceae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўрапейскі лесастэпавы рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах за паўночна-заходняй мяжой арэала [1, 2]. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з моцным, ад асновы галінастым голым кветаносам вышынёй да 50 см і магутным кароткім паўзучым карэнішчам. Большая частка лісця ў прыкаранёвых веерападобных пучках, шырокае, лінейна-мечападобнае, серпападобна-выгнутае, па даўжыні роўнае кветаносу або некалькі даўжэйшае за яго. Лісце на кветаносе нешматлікае, да вяршыні паступова памяншаецца. Лісце абгорткі яйкападобнае або прадаўгаватае, уздутае, травяністае, зялёнае, нярэдка з пурпуровымі жылкамі. Кветкі буйныя, ярка-фіялетавыя, са слабым пахам, адзінкавыя, па 3-5 на кветаносе. Калякветнік з 6 лісцікаў, зрослых у ніжняй частцы ў трубку, якая ў 2 разы вышэй за завязь. Вонкавыя долі калякветніка з бародкай, утворанай шматлікімі жоўтымі валаскамі. Плод - прадаўгаватая трохгранная каробачка [3, 4]. У Беларусі расце падвід касача бязлістага - касач венгерскі, у якога кветкі панікаюць да цвіцення, а каробачка тупатрохгранная [3].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў траўні-чэрвені, пладаносіць у чэрвені. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае. Кветаносы паяўляюцца звычайна раней за лісце (адсюль відавая назва).
Пашырэнне. Сярэдняя Эўропа, Балканскі паўвостраў, Малая Азія [3]. У Беларусі знойдзены ў Жыткавіцкім (Прыпяцкі запаведнік) [5] і Вілейскім [6] раёнах.
Месцы росту. Астэпаваныя лугі, хмызнякі, узлескі і паляны.
Характар росту. Расце невялікімі групамі на абмежаваных плошчах.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель, выпас жывёлы, збор квітучых раслін, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі ў месцах росту.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [7], батанічным садзе БДУ і Рэспубліканскім экалагічным цэнтры навучэнцаў у Менску.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [8], у Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [9]. Ахоўваецца ў Прыпяцкім запаведніку.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцаў росту і арганізацыя там спецыялізаваных батанічных заказнікаў, забарона антрапагеннага ўздзеяння на месцы росту віду, выяўленне новых месцаў росту і іх ахова, увядзенне ў культуру і рассяленне ў прыродныя ўмовы.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Козловская, Парфенов, 1972; 3. Цвелев, 1979; 4. Федченко, 1976; 5. Клакоцкая, 1974; 6. Даныя гербарыя БДУ; 7. Кухарева, Пашина, 1986; 8. Моисеева, 1967; 9. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Г.Зубкевіч @

Касач сібірскі (Iris sibirica L., 1753)
Парадак Касачакветныя (Iridales), сямейства Касачовыя (Iridaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўрасібірскі барэальны від з высокімі дэкаратыўнымі якасцямі.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з моцным, негалінастым голым кветаносам вышынёй да 80 см і паўзучым карэнішчам. Парасткі каля асновы з бурымі валокнамі - рэшткамі адмерлых лісцевых похваў. Прыкаранёвае лісце доўгае, вузкае, лінейнае, значна карацейшае за кветанос. 3 сцябловыя лісты невялікія, абдымаюць сцябло. Кветкі буйныя, з кароткай трубкай, сінія, без паху, па 2-3 на кветаносе. Плод - падоўжная, тупа завостраная трохгранная каробачка са слаба выразным носікам [1, 2].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў траўні-чэрвені, пладаносіць у жніўні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Эўропа, Каўказ, Заходняя і Ўсходняя (паўднёва-заходняя частка) Сібір [1]. У Беларусі пашыраны спарадычна па ўсёй тэрыторыі. Знойдзены ў Асіповіцкім, Бабруйскім, Берасцейскім, Быхаўскім, Буда-Кашалёўскім, Валожынскім, Вілейскім, Ганцавіцкім, Гомельскім, Гарадзенскім, Дзятлавіцкім, Добрушскім, Жлобінскім, Жыткавіцкім, Іванаўскім, Івацэвіцкім, Калінкавіцкім, Камянецкім, Капыльскім, Клецкім, Кобрынскім, Крупскім, Лельчыцкім, Лоеўскім, Лунінецкім, Маларыцкім, Мазырскім, Менскім, Мсціслаўскім, Мядзельскім, Наваградскім, Нараўлянскім, Пінскім, Полацкім, Пружанскім, Рагачоўскім, Расонскім, Свіслацкім, Слуцкім, Смаргонскім, Ушацкім і Чэрыкаўскім раёнах [3].
Месцы росту. Ускрайкі шыракалістых, драбналістых і мяшаных лясоў, лясныя і поймавыя лугі, ускрайкі балот, парослыя хмызняком, берагі вадаёмаў і канаў.
Характар росту. Расце невялікімі групамі і адзінкавымі экземплярамі на абмежаваных плошчах. Зрэдку ў поймах утварае значныя зараснікі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушальная меліярацыя і гаспадарчая трансфармацыя зямель, касьба, выпас жывёлы, збор квітучых раслін, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [4], батанічным садзе БДУ і ў Рэспубліканскім экалагічным цэнтры навучэнцаў у Менску.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [5]. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы, Прыпяцкім запаведніку, ландшафтным заказніку «Мазырскія яры», батанічным заказніку лекавых раслін «Шабрынскі», батанічных мікразаказніках рэдкіх і знікаючых відаў раслін «Глушкавічы» (Лельчыцкі раён), «Дзядок» (Клецкі раён), «Мядзельскі» і «Некасецкі» (Мядзельскі раён), паляўнічых заказніках «Налібоцкі» і «Чэрыкаўскі».
Неабходныя меры аховы. Арганізацыя ў месцах масавага росту спецыялізаваных батанічных заказнікаў, забарона антрапагенных уздзеянняў на месцы росту віду, увядзенне ў культуру і рассяленне ў прыродныя ўмовы.

Літ.: 1. Цвелев, 1979; 2. Федченко, 1976; 3. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і БДУ; 4. Кухарева, Пашина, 1986; 5. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Г.Зубкевіч @

Пустапялёснік зялёны (Coeloglossum viride (L.) C. Hartm., 1820)
Парадак Ятрышнікакветныя (Orchidales), сямейства Ятрышнікавыя (Orchidaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных плошчах.
Значэнне ў захаванні генафонду. Цыркумпалярны, барэальна-таежны рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах і астраўных участках росту паблізу паўднёвай мяжы арэала [1-3]. Меданосная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з пальчатараздзельнымі, падоўжнымі, на канцах шылападобна падоўжанымі клубнямі і прамым або злёгку сагнутым сцяблом вышынёй 15-35 см, укрытым пры аснове бураватымі похвамі. Лісце эліптычна-яйкападобнае або эліптычна-ланцэтнае, даўжынёй 3-10 см. Прыкветнікі лінейна-ланцэтныя. Кветкі жаўтавата-зялёныя (радзей чырванавата-карычневыя), сабраны ў коласападобнае суквецце даўжынёй 10-15 см. Лісцікі калякветніка сабраны накшталт шлема. Губа даўжэйшая за лісцікі калякветнікаў, на канцы зубчастая, адваротнаклінападобная, з кароткім мешкападобным шпорцам. Завязь сядзячая, скручаная. Плод - сухая каробачка [4-6].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені, пладаносіць у ліпені-жніўні. Размнажэнне ў асноўным насеннае, зрэдку вегетатыўнае.
Пашырэнне. Пераважна паўночныя, паўночна-заходнія, заходнія і цэнтральныя раёны Ўсходняй Эўропы, Крым, Каўказ, Сібір, Далёкі Ўсход, Сярэдняя Азія [6]. У Беларусі знойдзены ў Асіповіцкім, Ашмянскім, Віцебскім, Гарадоцкім, Дзяржынскім, Докшыцкім, Крычаўскім, Лагойскім, Лепельскім, Менскім, Мядзельскім, Пастаўскім, Полацкім, Пухавіцкім, Смалявіцкім, Смаргонскім і Шумілінскім раёнах [7, 8]. Раней адзначаўся ў Белавежскай пушчы, наваколлях Менска, Слуцка, Глуска, Мазыра, Лоева, у Магілеўскай губерні, а таксама на тэрыторыі Глыбоцкага, Наваградскага, Ашмянскага і Шаркоўшчынскага раёнаў [5, 9-11].
Месцы росту. Сырыя нізінныя і ўвільготненыя сухадольныя лугі, поймы невялікіх рэк і ручаёў, крыніцы і выпаты на схілах, тальвегі яроў.
Характар росту. Расце асобнымі экземплярамі і невялікімі, радзей значнымі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель, водапаніжэнне, перавыпас жывёлы, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Бярэзінскім запаведніку, а таксама ў спецыялізаваным батанічным заказніку «Веленскі».
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцаў росту, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў ва ўсіх вядомых месцах росту, пошук новых месцаў росту, увядзенне ў культуру, штучнае развядзенне і рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Попов, 1949; 2. Hulten, 1962; 3. Козловская, Парфенов, 1972; 4. Флора СССР, т. 4, 1935; 5. Флора БССР, т. 1, 1949; 6. Флора Европейской части СССР, т. 2, 1976; 7. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі, БДУ і Віцебскага педінстытута; 8. Моисеева, 1980; 9. Пачоский, 1900; 10. Mowsczowicz, 1937; 11. Михайловская, 1953.

І.Швец @

Ладдзян трохнадрэзаны (Corallorhiza trifida Châtel., 1760)
Парадак Ятрышнікакветныя (Orchidales), сямейства Ятрышнікавыя (Orchidaceae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Галарктычны цыркумбарэальна-таежны рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі паблізу паўднёвай мяжы пашырэння [1]. Цікавы з пункта гледжання вывучэння сапратрофнага спосабу жыўлення і сімбіятычных адносін з мікарызнымі грыбамі.
Кароткае апісанне. Шматгадовая расліна вышынёй 10-30 см, жаўтавата-карычневая, з каралападобна разгалінаваным мясістым карэнішчам. Лісце рэдукаванае, у выглядзе перапончатых падоўжных похваў, па 2-4 на сцябле. Кветкі дробныя, паніклыя, жаўтавата- або зеленавата-белыя, сабраныя па 2-10 у рыхлую гронку даўжынёй 2-3 см. Губа авальная, трохлопасцевая, белаватая з чырванаватымі палоскамі і крапінкамі [2].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў траўні-чэрвені. Размнажэнне ў асноўным насеннае.
Пашырэнне. Эўразія, Паўночная Амерыка [2]. У Беларусі трапляецца ў Верхнядзвінскім, Докшыцкім, Лепельскім (Бярэзінскі запаведнік) [4], Пастаўскім і Расонскім раёнах, а таксама ў Менскім і Мядзельскім (гідралагічны заказнік «Чарэмшыца») раёнах. Раней адзначаўся ў наваколлях Горадні, Пінска, Мазыра і Магілева, а таксама на тэрыторыі Белавежскай пушчы [5, 6].
Месцы росту. Забалочаныя сасновыя, яловыя і чорнаальховыя лясы, ускрайкі пераходных і нізінных балот, забалочаныя берагі азёр [1].
Характар росту. Трапляецца адзінкавымі экземплярамі і невялікімі, па 5-6 раслін групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Парушэнне прыродных месцаў росту пры высечцы і меліярацыі лясоў, асушэнні балот.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [3]. Ахоўваецца ў Бярэзінскім запаведніку, а таксама ў гідралагічным заказніку «Чарэмшыца» і спецыялізаваным батанічным мікразаказніку «Вялікія Швакшты» [1].
Неабходныя меры аховы. Стварэнне спецыялізаваных батанічных заказнікаў на вядомых месцазнаходжаннях, пошук новых месцаў росту, пастаянны кантроль за станам папуляцый.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Флора Европейской части СССР, т. 2, 1976; 3. Чырвоная кніга БССР, 1981; 4. Ставровская, 1978; 5. Флора БССР, т. 1, 1949; 6. Пачоский, 1900.

І.Швец @

Пальчатакарэннік балтыйскі (Dactylorhiza baltica (Klinge) Orlova, 1970)
Парадак Ятрышнікакветныя (Orchidales), сямейства Ятрышнікавыя (Orchidaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які знікае.
Значэнне ў захаванні генафонду. Усходнеэўрапейска-сібірскі від [1]. Дэкаратыўная і лекавая расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна вышынёй 30-60 см з парай пальчата-раздзеленых сціснутых клубняў. Лісце прадаўгавата-ланцэтнае, плоскае, з карычневымі або пурпуровымі плямамі. Кветкі фіялетава-пурпуровыя, сабраны ў коласападобнае суквецце. Губа трохлопасцевая з цёмна-фіялетавымі плямкамі, сярэдняя лопасць даўжэйшая за бакавыя [2].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені. Размнажаецца насеннем.
Пашырэнне. Скандынавія, Сярэдняя Эўропа. У Беларусі вядомы месцазнаходжанні ў Ляхавіцкім, Маларыцкім і Камянецкім (Белавежская пушча) [3] раёнах; Браслаўскім, Глыбоцкім і Лепельскім (Бярэзінскі запаведнік) [4]; Мастоўскім, Астравецкім, Ашмянскім і Свіслацкім (Белавежская пушча); Дзяржынскім, Менскім, Мядзельскім, Пухавіцкім, Чэрвеньскім, Асіповіцкім і Чавускім раёнах. Раней адзначаўся ў Бешанковіцкім, Рагачоўскім і Светлагорскім раёнах, а таксама ў наваколлі Магілева [4].
Месцы росту. Нізінныя закуставаныя лугі, даліны рэк, радзей сырыя лясы, зараснікі хмызняку і сырыя лясныя паляны на водападзелах.
Характар росту. Трапляецца невялікімі групамі і адзінкавымі экземплярамі на абмежаваных плошчах.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Змяненне месцаў росту ў выніку гаспадарчай дзейнасці (меліярацыя, узорванне зямель, выпас жывёлы), збор квітучых раслін, выкопванне клубняў для атрымання салепу.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы і Бярэзінскім запаведніку.
Неабходныя меры аховы. Стварэнне спецыялізаваных батанічных заказнікаў, кантроль за станам папуляцый.

Літ.: 1. Аверьянов, 1983; 2. Флора Европейской части СССР, т. 2, 1976; 3. Николаева, Зефиров, 1971; 4. Березинский биосферный заповедник, 1983; 5. Флора БССР, т. 1, 1949.

І.Швец @

Гайнік цёмна-чырвоны (Epipactis atrorubens (Hoffm.) Schult., 1814)
Парадак Ятрышнікакветныя (Orchidales), сямейства Ятрышнікавыя (Orchidaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які знікае.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўрасібірскі барэальна-сармацкі, па паходжанні сярэднеэўрапейскі прэбарэальны від [1]. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна вышынёй 25-60 см з кароткім карэнішчам. Сцябло ў верхняй частцы буравата-фіялетавае, кароткаапушанае. Лісце падоўжанае або шырокаланцэтнае, вострае. Кветкі цёмна- ці чырванавата-пурпуровыя, з пахам ванілі, паніклыя, сабраны ў аднабаковую гронку. Губа без шпоркі, падзелена на 2 долі (пярэдняя пурпуровая, сэрцападобная) [2].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені. Размнажэнне насеннае, зрэдку вегетатыўнае.
Пашырэнне. Эўропа, Сібір, Сярэдняя Азія [2]. У Беларусі трапляецца спарадычна. Вядомы месцазнаходжанні ў Валожынскім, Вілейскім, Гомельскім, Іванаўскім, Лельчыцкім (Прыпяцкі запаведнік), Менскім, Мядзельскім, Наваградскім, Пружанскім (Белавежская пушча) [3], Смалявіцкім, Хойніцкім і Чэрыкаўскім раёнах. У мінулым адзначаўся ў наваколлі гарадоў Горадня, Магілеў, Мазыр, Менск, Наваградак, Слуцак, Хойнікі [4-6].
Месцы росту. Расце ў шыракалістых і хваёва-шыракалістых лясах.
Характар росту. Трапляецца асобінамі або невялікімі групамі на абмежаваных плошчах.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Парушэнне ўмоў росту і знішчэнне папуляцый у выніку гаспадарчага асваення зямель.
Культываванне. У Беларусі не культывуецца. У Ленінградзе выпрабоўваўся ў культуры і рэкамендаваны для камяністых горак [7].
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [8]. Знаходзіцца пад аховай запаведнага рэжыму ў Белавежскай пушчы, Бярэзінскім і Прыпяцкім запаведніках, а таксама ў заказніках «Белае», «Блакітныя азёры», «Міжазёрны», «Налібоцкая пушча», «Свіцязянскі» і ў некалькіх спецыялізаваных батанічных мікразаказніках.
Неабходныя меры аховы. Арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў у месцах масавага росту гайніка цёмна-чырвонага, кантроль за станам папуляцый, выяўленне новых месцаў росту.

Літ.: 1. Попов, 1949; 2. Флора Европейской части СССР, т. 2, 1976; 3. Николаева, Зефиров, 1971; 4. Пачоский, 1900; 5. Флора БССР, т. 1, 1949; 6. Михайловская, 1953; 7. Заверуха, Андриенко, Протопопова, 1983; 8. Чырвоная кніга БССР, 1981.

І.Швец @

Ядрушка даўгарогая (Gymnadenia conopsea (L.) R. Br., 1813)
Парадак Ятрышнікакветныя (Orchidales), сямейства Ятрышнікавыя (Orchidaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных плошчах.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўразійскі барэальны плюрызанальны від [1], які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах і астраўных участках росту ў межах асноўнай часткі арэала. Дэкаратыўная і меданосная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з пальчаталопасцевымі клубнямі і прамым аблісцелым сцяблом вышынёй 25-45 см, пры аснове пакрытым бураватымі ліставымі похвамі. Лісце (3-5) вузкае, доўгае; ніжняе ланцэтнае, з башлыкападобнай верхавінкай. Кветкі дробныя, светла-пурпуровыя або лілова-пурпуровыя, з тонкай доўгай, сэрцападобнавыгнутай шпоркай і слабым пахам гваздзіка, сабраны ў густое, вузкае, цыліндрычнае коласападобнае суквецце. Губа ромбападобная, трохлопасцевая, сярэдняя лопасць даўжэйшая. Завязь сядзячая, цыліндрычная, скручаная. Плод - сухая каробачка [1-4].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені, пладаносіць у ліпені-жніўні. Размнажэнне насеннае, зрэдку вегетатыўнае.
Пашырэнне. Эўропа, Каўказ, Сібір, Далёкі Ўсход [4]. У Беларусі вядомы месцы росту ў Асіповіцкім, Барысаўскім, Бешанковіцкім, Бялыніцкім, Верхнядзвінскім, Віцебскім, Гарадоцкім, Горацкім, Ельскім, Іўеўскім, Лагойскім, Лепельскім, Менскім, Мсціслаўскім, Мядзельскім, Пастаўскім, Пружанскім, Смалявіцкім, Стаўбцоўскім і Чэрыкаўскім раёнах [5, 6]. У Верхнядзвінскім раёне (наваколле г.п. Асвея) трапляецца блізкая да сярэднеэўрапейскай раса - ядрушка густакветкавая - Subsp. densiflora (Wahl.) Camus [7]. Раней ядрушка даўгарогая траплялася ў наваколлях Горадні, Менска, Халопенічаў, Нясвіжа, Барысава, Воршы і на тэрыторыі былога Слонімскага павета [8].
Месцы росту. Саснякі мшыстыя і верасовыя, другасныя беразнякі, пераходныя асакова-сфагнавыя балоты, сырыя лугі, лясныя паляны і ўзлескі.
Характар росту. Расце асобнымі экземплярамі і невялікімі, радзей значнымі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка лясоў, гаспадарчая трансфармацыя зямель, гідрамеліярацыя і водапаніжэнне, перавыпас жывёлы ў лясах і на лугах, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне, зрыванне квітучых раслін, пашкоджванне дзікімі капытнымі жывёламі).
Культываванне. У Беларусі не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Бярэзінскім запаведніку і Белавежскай пушчы, гідралагічным заказніку «Дзікае», паляўнічым заказніку «Чачэрскі» і спецыялізаваных батанічных заказніках «Некасецкі», «Чырванашвабскі» і «Пекалінскі».
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў ва ўсіх неахоўных месцах росту, увядзенне ў культуру, штучнае развядзенне і рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Флора северо-востока Европейской части СССР, т. 2, 1976; 2. Флора СССР, т. 4, 1935; 3. Флора БССР, т. 1, 1949; 4. Флора Европейской части СССР, т. 2, 1976; 5. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі, БДУ і Віцебскага педінстытута; 6. Николаева, Зефиров, 1971; 7. Вынаеў (асаб. павед.); 8. Пачоский, 1900.

І.Швец @

Хамарбія балотная (Hammarbya paludosa (L.) O. Kuntze., 1891 [Malaxis paludosa (L.) Sw.])
Парадак Ятрышнікакветныя (Orchidales), сямейства Ятрышнікавыя (Orchidaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўразійскі барэальна-таежны рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах і астраўных участках росту паблізу паўднёвай і паўднёва-ўсходняй мяжы арэала [1].
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з прадаўгавата-эліптычным клубнем, апранутым ліставымі похвамі, і тонкім карэнішчам. Сцябло вельмі тонкае, вышынёй 15-30 см, каля асновы яйкападобна патоўшчанае, з 2 (3-4) прадаўгаватымі або прадаўгавата-яйкападобнымі, тупымі або слаба завостранымі лісцікамі ў ніжняй частцы. Кветкі дробныя, жаўтавата-зялёныя, сабраны ў прамую шматкветкавую гронку, роўную палове сцябла. Вонкавыя лісцікі калякветніка большыя за ўнутраныя. Губа павернута ўверх, яйкападобная, суцэльная, крыху ўвагнутая. Плод - сухая каробачка [2-4].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені, пладаносіць у ліпені-жніўні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Эўразія, Паўночная Амерыка [2, 3]. У Беларусі знойдзена ў Верхнядзвінскім, Докшыцкім, Лепельскім, Мядзельскім, Полацкім, Столінскім і іншых раёнах [4, 5]. Раней адзначалася ў Белавежскай пушчы [6].
Месцы росту. Асакова-сфагнавыя балоты, забалочаныя лясы і поймы рэк, багністыя берагі азёр.
Характар росту. Расце асобнымі экземплярамі і невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Меліярацыйныя работы і водапаніжэнне, гаспадарчая трансфармацыя зямель.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Бярэзінскім біясферным запаведніку, ландшафтным заказніку «Блакітныя азёры», азёрным заказніку «Глыбокае-Чарбамысла», паляўнічым заказніку «Асвейскі».
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў у месцах росту, якія не ахоўваюцца, выяўленне новых месцаў росту, штучнае рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Флора северо-востока Европейской части СССР, т. 2, 1976; 2. Флора СССР, т. 4, 1935; 3. Флора Европейской части СССР, т. 2, 1976; 4. Флора БССР, т. 5, 1959; 5. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 6. Пачоский, 1900.

І.Швец @

Ласняк лёзеля (Liparis loeselii (L.) Rich., 1818)
Парадак Ятрышнікакветныя (Orchidales), сямейства Ятрышнікавыя (Orchidaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных плошчах.
Значэнне ў захаванні генафонду. Галарктычны амфіатлантычны від, які знаходзіцца ў Беларусі ў асобных лакалітэтах паблізу паўночна-ўсходняй мяжы арэала [1].
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з кароткім карэнішчам і прамастойным, яйкападобна ўздутым каля асновы сцяблом вышынёй 8-20 см. Лісце бліскучае, амаль супраціўнае, прадаўгаватае або эліптычна-ланцэтнае, паступова звужаецца ў кароткія крылатыя чаранкі. Кветкі жаўтавата-зялёныя, па 2-10 у рэдкай гронцы. Прыкветнікі дробныя, плеўкавыя, яйкападобна-ланцэтныя. Губа эліпсападобная або авальная, звужаная пры аснове, з невялікім паўавальным бугарком. Плод - сухая каробачка, якая растрэскваецца [2].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў траўні-чэрвені, пладаносіць у чэрвені-жніўні. Размнажаецца насеннем, зрэдку вегетатыўна.
Пашырэнне. Эўразія, Паўночная Амерыка [2]. У Беларусі трапляецца спарадычна ў Браслаўскім, Глыбоцкім, Гарадоцкім, Докшыцкім, Жлобінскім, Полацкім, Рагачоўскім і інш. раёнах [3]. Раней адзначаўся ў наваколлях Горадні, Магілева, Брагіна [4].
Месцы росту. Тарфяныя балоты, балоцістыя лугі, забалочаныя берагі азёр.
Характар росту. Расце невялікімі групамі і адзінкавымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушальная меліярацыя і гаспадарчая трансфармацыя зямель, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне, зрыванне квітучых раслін).
Культываванне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў дзяржаўным ландшафным заказніку «Міжазёрны» (Браслаўскі раён).
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, забарона небяспечных антрапагенных уздзеянняў на месцы росту віду, абмежаванне рэкрэацыйных нагрузак, выяўленне новых месцаў росту, увядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Парфенов, 1981; 2. Флора Европейской части СССР, т. 2, 1976; 3. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і Батанічнага інстытута імя Камарова; 4. Пачоский, 1900.

І.Швец @

Тайнік сэрцападобны (Listera cordata (L.) R. Br., 1813)
Парадак Ятрышнікакветныя (Orchidales), сямейства Ятрышнікавыя (Orchidaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Цыркумпалярны барэальна-таежны акіянічны рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах на паўднёва-ўсходняй мяжы эўрапейскага фрагмента арэала [1, 2]. Меданосная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з паўзучым карэнішчам і тонкім, у верхняй частцы залозістаапушаным сцяблом вышынёй 6-15 (30) см з 2 дробнымі, сядзячымі, трохвугольна-яйкападобнымі, з сэрцападобнай асновай, амаль супраціўнымі лістамі даўжынёй 1-3 см. У ніжняй частцы сцябло ўкрыта 1-2 бураватымі похвамі. Прыкветнікі дробныя, яйкападобныя. Кветкі дробныя, зеленавата-фіялетавыя, сабраны па 4-12 у рэдкую гронку. Губа без шпорца, прадаўгаватая, рассечана да сярэдзіны на 2 вузкаланцэтныя лопасці. Плод - сухая каробачка [3-5].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені, пладаносіць у ліпені-жніўні. Размнажэнне вегетатыўнае і насеннае.
Пашырэнне. Эўразія, Паўночная Амерыка [5]. У Беларусі знойдзены ў Асіповіцкім, Верхнядзвінскім, Валожынскім, Гарадоцкім, Жыткавіцкім, Іўеўскім, Лепельскім, Пастаўскім, Пружанскім і Расонскім раёнах [6-9]. Раней адзначаўся ў наваколлі в. Рудня Гарадоцкага і р. Свіла Глыбоцкага раёнаў [10, 11].
Месцы росту. Сырыя і забалочаныя хвойныя лясы, імшыстыя балоты, забалочаныя даліны рэк і ручаёў.
Характар росту. Расце асобнымі экземплярамі і невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка лясоў, гаспадарчая трансфармацыя зямель, гідрамеліярацыя і водапаніжэнне.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [8]. Ахоўваецца ў Бярэзінскім і Прыпяцкім запаведніках, Белавежскай і Налібоцкай пушчах, батанічным заказніку мясцовага значэння «Вялікія Швакшты».
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя батанічных і гідралагічных (балотных) заказнікаў ва ўсіх месцах росту, якія не ахоўваюцца, пошук новых месцаў росту, рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 3. Флора СССР, т. 4, 1935; 4. Флора БССР, т. 1, 1949; 5. Флора Европейской части СССР, т. 2, 1976; 6. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі, БДУ і Віцебскага педінстытута; 7. Николаева, Зефиров, 1971; 8. Флора Налибокской пущи, 1980; 9. Михайловская, 1958; 10. Палянская, 1931; 11. Mowszowicz, 1937; 12. Чырвоная кніга БССР, 1981.

І.Швец @

Тайнік яйкападобны (Listera ovata (L.) R. Br., 1813)
Парадак Ятрышнікакветныя (Orchidales), сямейства Ятрышнікавыя (Orchidaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных плошчах.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўрасібірскі таежны рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў асобных лакалітэтах і астраўных месцах росту на паўднёвай мяжы арэала.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з кароткім і тоўстым карэнішчам з густа пасаджанымі шнурападобнымі каранямі і прамым, у ніжняй частцы голым, вышэй лісця залозіста апушаным сцяблом вышынёй 25-60 см. Лісце даўжынёй 6-15 см, парнае, сядзячае, супраціўнае, шырокаяйкападобнае, з сцеблаабдымнымі асновамі і бураватымі похвамі, глянцавае; на верхавінцы сцябла 1-3 маленькія рэдукаваныя лісцікі. Прыкветнікі яйкападобна-ланцэтныя, завостраныя. Кветкі дробныя, зялёныя або жоўта-зялёныя, на скручаных залозіставаласістых кветаножках, сабраныя ў шматкветкавую гронку. Лісцікі калякветніка складзены ў шлем, губа амаль да сярэдзіны надрэзана на 2 лінейна-падоўжныя лопасці, звісае ўніз. Плод - сухая каробачка, якая растрэскваецца [1-3].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў траўні-чэрвені, пладаносіць у чэрвені-ліпені. Размнажэнне пераважна вегетатыўнае, зрэдку - насеннае. Мае біялагічнае прыстасаванне для перакрыжаванага апылення [2].
Пашырэнне. Эўразія [3]. У Беларусі трапляецца спарадычна, практычна па ўсёй тэрыторыі краіны. Адзначаны ў Бярозаўскім, Верхнядзвінскім, Вілейскім, Валожынскім, Глыбоцкім, Гарадоцкім, Дзяржынскім, Жыткавіцкім, Лепельскім, Лагойскім, Менскім, Маладэчанскім, Мядзельскім, Полацкім, Пружанскім, Пухавіцкім, Расонскім, Свіслацкім, Стаўбцоўскім, Столінскім, Чэрыкаўскім, Шумілінскім і некаторых іншых раёнах [4-6]. Раней адзначаўся таксама для наваколляў Горадні, Астраўца, Нясвіжа, Лоева, Рагачова, Жлобіна, шэрага пунктаў Воранаўскага, Ганцавіцкага, Іванаўскага, Мазырскага, Пінскага і Слонімскага раёнаў [7-9].
Месцы росту. Сырыя лісцевыя і мяшаныя лясы, лясныя паляны, нізінныя лугі, парослыя хмызняком, ускрайкі балот і вакол крыніц.
Характар росту. Расце асобнымі экземплярамі або невялікімі, радзей значнымі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка лясоў, гаспадарчая трансфармацыя зямель, водапаніжэнне, выпас жывёлы ў лясах і на лугах, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі.
Культываванне. Вырошчваецца ў Рэспубліканскім экалагічным цэнтры навучэнцаў у Менску.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Бярэзінскім і Прыпяцкім запаведніках, Белавежскай пушчы, а таксама ў ландшафтным заказніку «Блакітныя азёры», паляўнічых заказніках «Асвейскі», «Налібоцкая пушча», азёрных заказніках «Глыбокае-Чарбамысла», «Белае», спецыялізаваным батанічным заказніку мясцовага значэння «Веленскі».
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў ва ўсіх неахоўных месцах росту, пошук новых месцаў росту, забарона або абмежаванне неспрыяльных антрапагенных уздзеянняў, увядзенне ў культуру, штучнае рассяленне ў прыродныя ўмовы.

Літ.: 1. Флора СССР, т. 4, 1935; 2. Флора БССР, т. 1, 1949; 3. Флора Европейской части СССР, т. 2, 1976; 4. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі, БДУ і Віцебскага педінстытута; 5. Николаева, Зефиров, 1971; 6. Флора Налибокской пущи, 1980; 7. Пачоский, 1900; 8. Mowsczowicz, 1937; 9. Михайловская, 1953.

І.Швец @

Мякатніца адналістая (Malaxis monophyllos (L.) Sw., 1800)
Парадак Ятрышнікакветныя (Orchidales), сямейства Ятрышнікавыя (Orchidaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Галарктычны трапагенны від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах у межах вялікай раўніннай часткі арэала.
Кароткае апісанне. Шматгадовая жаўтавата-зялёная травяністая расліна з падземным клубнем і тонкім трохгранным, каля асновы клубнепадобна-патоўшчаным сцяблом вышынёй 6-30 см. Ліст адзіночны, прадаўгаваты або яйкападобны, даўжынёй 3-10 см, тупы або завостраны, звужаны ў доўгі сцеблаабдымны чаранок, размешчаны каля асновы сцябла. Кветкі дробныя, бледна-зялёныя, сабраны ў доўгую прамую шматкветкавую гронку. Губа каля асновы шырокаяйкападобная, увагнутая, на верхавінцы завостраная, з 5 жылкамі. Прыкветнікі ланцэтныя, завостраныя. Плод - сухая каробачка [1-4].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені, пладаносіць у ліпені-жніўні. Размнажэнне насеннае, зрэдку вегетатыўнае.
Пашырэнне. Скандынавія, Сярэдняя Эўропа, Міжземнамор'е, Малая Азія, Сібір, Далёкі Ўсход, Манголія, Японія, Кітай, Паўночная Амерыка [1-3]. У Беларусі пашырана пераважна ў паўночных і цэнтральных раёнах: Барысаўскім, Астравецкім, Браслаўскім, Віцебскім, Глыбоцкім, Докшыцкім, Лепельскім, Расонскім [5]. Раней адзначалася ў наваколлі Магілева, Менска, Жлобіна і ў Белавежскай пушчы [6].
Месцы росту. Сфагнавыя балоты і забалочаныя лясы (ельнікі, бярэзнікі), багністыя берагі вадаёмаў.
Характар росту. Расце адзіночнымі экземплярамі, рэдка невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель, высечка лесу, гідрамеліярацыйныя работы і водапаніжэнне.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Бярэзінскім запаведніку, Белавежскай пушчы, азёрных заказніках «Рычы», «Белае», «Глыбокае-Чарбамысла».
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў ва ўсіх месцах росту, якія не ахоўваюцца, пошук новых месцаў росту, рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Флора северо-востока Европейской части СССР, т. 2, 1976; 2. Флора СССР, т. 4, 1935; 3. Флора Европейской части СССР, т. 2, 1976; 4. Флора БССР, т. 1, 1949; 5. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 6. Пачоский, 1900.

І.Швец @

Неатыянта клабучковая (Neottianthe cucullata (L.) Schlechter, 1919)
Парадак Ятрышнікакветныя (Orchidales), сямейства Ятрышнікавыя (Orchidaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўразійскі таежны рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца паблізу паўднёвай мяжы арэала [1]. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з шарападобнымі белаватымі клубнямі. Сцябло вышынёй 10-20 см, тонкае, рабрыстае, пры аснове 2 няроўныя лісты, вышэй 1-3 дробныя, вузкаланцэтныя лісцікі. Кветкі фіялетава-ружовыя, іншы раз белыя, сабраны па 6-24 у аднабаковы рэдкі колас. Губа трохлопасцевая, з больш шырэйшай і даўжэйшай сярэдняй лопасцю, шпорац сагнуты і скіраваны наперад, на канцы шарападобны [2].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені. Размнажаецца насеннем.
Пашырэнне. Эўразія [2]. У Беларусі трапляецца ў Баранавіцкім, Браслаўскім, Буда-Кашалёўскім, Гарадзенскім, Лагойскім, Магілеўскім, Мазырскім, Менскім, Наваградскім, Пружанскім і Свіслацкім (Белавежская пушча), Слаўгарадскім, Слонімскім і Чэрыкаўскім раёнах [3-6].
Месцы росту. Саснякі кусцікава-зеленамшыстыя, часцей на ўзгорыстай мясцовасці [1].
Характар росту. Трапляецца невялікімі групамі і адзінкавымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Змяненне ўмоў росту пад уздзеяннем гаспадарчага асваення лясоў, збор квітучых раслін, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [1]. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы.
Неабходныя меры аховы. Арганізацыя батанічных заказнікаў на вядомых месцах росту, кантроль за станам папуляцый, выяўленне новых месцаў росту.

Літ.: 1. Чырвоная кніга БССР, 1981; 2. Флора Европейской части СССР, т. 2, 1976; 3. Николаева, Зефиров, 1971; 4. Пачоский, 1900; 5. Флора БССР, т. 1, 1949; 6. Палянская, 1931.

І.Швец @

Чараўнік зеленакветкавы (Platanthera chlorantha (Cust.) Reichenb., 1828)
Парадак Ятрышнікакветныя (Orchidales), сямейства Ятрышнікавыя (Orchidaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі прэбарэальны рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах і астраўных участках росту на паўночнай і паўночна-ўсходняй мяжы арэала [1, 2]. Дэкаратыўная і лекавая расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з 2 прадаўгавата-яйкападобнымі клубнямі і прамым голым сцяблом вышынёй 30-60 см. У ніжняй частцы сцябла 2 буйныя (даўжынёй 8-18 см), прадаўгавата-адваротнаяйкападобныя або эліптычныя, голыя глянцавыя лісты, звужаныя ў крылатыя чаранкі; вышэй іх - 1-3 дробныя ланцэтныя лісцікі. Кветкі зеленавата-белыя, без паху, сабраны ў рыхлае, шматкветкавае, цыліндрычнае коласападобнае суквецце даўжынёй 6-25 см. Губа суцэльная, лінейная; шпорац на канцы булавападобны. Плод - сухая каробачка [3-5].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені, пладаносіць у жніўні. Размнажэнне насеннае.
Пашырэнне. Скандынавія, Сярэдняя і Атлантычная Эўропа, Міжземнамор'е, Малая Азія [3, 4]. У Беларусі пераважна ў заходніх, паўднёвых і цэнтральных раёнах: Бярозаўскім, Добрушскім, Жыткавіцкім, Камянецкім, Кармянскім, Лельчыцкім, Менскім, Мядзельскім, Пружанскім, Рэчыцкім і іншых [5-9]. Раней адзначалася ў наваколлі Горадні, Магілева, на тэрыторыі Іванаўскага, Пінскага, Горацкага, Буда-Кашалёўскага, Калінкавіцкага, Мазырскага і Рэчыцкага раёнаў [10].
Месцы росту. Шыракалістыя і хвойна-шыракалістыя лясы.
Характар росту. Расце асобнымі экземплярамі або невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка лесу, гаспадарчая трансфармацыя зямель, перавыпас жывёлы ў лясах, пашкоджванне клубняў дзікімі капытнымі жывёламі, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне, збор квітучых раслін і клубняў).
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [10]. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы, Прыпяцкім ландшафтна-гідралагічным запаведніку, батанічных заказніках «Шабрынскі», «Струменскі».
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў ва ўсіх вядомых месцах, якія не ахоўваюцца, пошук новых месцаў росту, рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Попов, 1949; 2. Козловская, Парфенов, 1972; 3. Флора СССР, т. 4, 1935; 4. Флора Европейской части СССР, т. 2, 1976; 5. Флора БССР, т. 1, 1949; 6. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і БДУ; 7. Николаева, Зефиров, 1971; 8. Михайловская, 1953; 9. Пачоский, 1900; 10. Чырвоная кніга БССР, 1981.

І.Швец @

Асака павіслая (Carex flacca Schreb., 1771)
Парадак Асакакветныя (Cyperales), сямейства Асаковыя (Cyperaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Барэальны атлантычна-эўрапейскі рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў асобных лакалітэтах за паўднёва-ўсходняй мяжой суцэльнага арэала.
Кароткае апісанне. Шматгадовая шызавата-зялёная травяністая расліна з паўзучым карэнішчам. Сцёблы вышынёй 15-40 см, прамыя, трохгранныя. Лісце двухскладкаватае, карацейшае за сцябло, у ніжняй частцы сцябла - чырвона-бурае, лускападобнае. Ніжні крыючы ліст суквецця карацейшы за суквецце або роўны яму. Суквецце з 1-2 верхавінкавых мужчынскіх каласкоў і 2-4 жаночых. 3 рыльцы [1].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў траўні-чэрвені, пладаносіць у ліпені. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Скандынавія, Сярэдняя і Атлантычная Эўропа, Паўночная Амерыка і Новая Зеландыя [1, 2]. У Беларусі знойдзена ў наваколлях Віцебска і Горадні.
Месцы росту. Сырыя забалочаныя лугі на карбанатных глебах.
Характар росту. Расце невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гідрамеліярацыйныя работы і іншыя фактары, якія зменьваюць гідралагічны рэжым месцаў росту, узворванне зямель, празмерны выпас жывёлы.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў у вядомых месцах росту, кантроль за станам папуляцый, выяўленне новых месцаў росту і іх ахова.

Літ.: 1. Биологическая флора, 1980; 2. Флора Европейской части СССР, 1976.

Л.Сімановіч @

Асака атрубы (Carex otrubae Rodp., 1922)
Парадак Асакакветныя (Cyperales), сямейства Асаковыя (Cyperaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаванай тэрыторыі.
Значэнне ў захаванні генафонду. Від з недастаткова вывучаным пашырэннем і экалогіяй, знаходзіцца ў Беларусі ў асобных лакалітэтах на ўсходняй мяжы суцэльнага арэала.
Кароткае апісанне. Шматгадовая шчыльнадзірваністая травяністая расліна. Сцёблы вышынёй 40-70 см, прамыя, востратрохгранныя. Сярэдняе лісце шырокае (5-10 см), двухскладкаватае, карацейшае за сцябло, лускападобнае, карычневае або светла-карычневае. Суквецце густое, бледна-зялёнае, складаецца са змешаных каласкоў на вельмі кароткіх ножках. Крыючыя лускавіны кветак з асцюком. Мяшэчкі жаўтавата-зялёныя, звужаныя ў двухзубчасты, аднолькава расшчэплены спераду і ззаду носік. 2 рыльцы [1].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені, пладаносіць у ліпені. Размнажэнне насеннае.
Пашырэнне. Скандынавія (поўдзень). Сярэдняя і Атлантычная Эўропа, Міжземнамор'е, Малая Азія, Іран, Афрыка (Канарскія астравы, Мадэйра) [1, 2]. У Беларусі знойдзена ў Маларыцкім, Ваўкавыскім і Слонімскім раёнах [4].
Месцы росту. Расце на сырых забалочаных лугах на карбанатных і саланаватых глебах.
Характар росту. Трапляецца невялікімі групамі на абмежаваных плошчах.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гідрамеліярацыйныя работы і іншыя фактары, якія мяняюць гідралагічны рэжым месцаў росту, гаспадарчая трансфармацыя зямель.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльныя меры аховы не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў у вядомых месцах росту, кантроль за станам папуляцый, выяўленне новых месцазнаходжанняў і іх ахова.

Літ.: 1. Флора Европейской части СССР, т. 2, 1976; 2. Егорова, 1966; 3. Флора СССР, т. 3, 1935; 4. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і БДУ.

Г.Зубкевіч @

Асака малакветкавая (Carex pauciflora Linghtf., 1777)
Парадак Асакакветныя (Cyperales), сямейства Асаковыя (Cyperaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаванай тэрыторыі.
Значэнне ў захаванні генафонду. Барэальны цыркумпалярны рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў асобных лакалітэтах на крайняй паўднёвай мяжы пашырэння [1].
Кароткае апісанне. Шматгадовая бледна-зялёная травяністая расліна з доўгім тонкім паўзучым карэнішчам. Сцёблы вышынёй 5-40 см, прамыя, трохгранныя. Лісце вузкае, жалабатае, карацейшае за сцябло. Суквецце складаецца з верхавінкавага каласка, які нясе на верхавінцы 1-3 тычынкавых, ніжэй 2-5 песцікавых кветак.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені, пладаносіць у ліпені-жніўні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Скандынавія, Сярэдняя, Атлантычная, Паўночная і Ўсходняя Эўропа, поўдзень Сібіры, Далёкі Ўсход і горы Сярэдняй Азіі, Японія, Карэя, Паўночная Амерыка [2]. У Беларусі вядомы месцы росту ў Верхнядзвінскім, Віцебскім, Гарадоцкім, Жыткавіцкім, Лельчыцкім, Лепельскім, Полацкім, Расонскім і Столінскім раёнах.
Месцы росту. Расце на вярховых балотах і ў забалочаных хваёвых хмызнячкова-падвейна-сфагнавых лясах.
Характар росту. Трапляецца невялікімі групамі на абмежаваных плошчах.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гідрамеліярацыйныя работы і іншыя фактары, якія мяняюць гідралагічны рэжым месцаў росту.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Бярэзінскім і Прыпяцкім запаведніках, а таксама ў азёрным заказніку «Глыбокае», паляўнічым заказніку «Асвейскі», заказніку-журавінніку «Чысцік» і ў некаторых батанічных мікразаказніках мясцовага значэння ў Віцебскім і Верхнядзвінскім раёнах.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцаў росту, арганізацыя спецыялізаваных батанічных і гідралагічных (балотных) заказнікаў у вядомых месцах росту, кантроль за станам папуляцый, выяўленне новых месцаў росту і іх ахова.

Літ.: 1. Биологическая флора, 1980; 2. Флора Европейской части СССР, т. 2.

А.Сімановіч @

Асака заліўная (Carex paupercula Michx., 1803)
Парадак Асакакветныя (Cyperales), сямейства Асаковыя (Cyperaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных плошчах.
Значэнне ў захаванні генафонду. Барэальна-таежны цыркумпалярны рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах за паўднёвай мяжой арэала [1].
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з кароткім паўзучым карэнішчам і тонкімі сцёбламі вышынёй 30-40 см. Лісце плоскае, не жорсткае, ярка-зялёнае, амаль роўнае са сцяблом. Ніжні калякветны ліст звычайна роўны суквеццю, якое складаецца з 1 тычынкавага і 2-3 песцікавых каласкоў. Покрыўныя лускавінкі ланцэтападобныя, з загнутымі ўнутр краямі. Мяшочкі шырокаяйкападобныя, зеленавата-шызыя. 3 рыльцы [2, 3].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў канцы траўня - чэрвені, пладаносіць у канцы ліпеня-жніўні. Насенне (5-20) завязваецца на адным генератыўным парастку. Размнажэнне вегетатыўнае, магчыма, насеннае [2].
Пашырэнне. Таежная і тундравая зоны паўночнага паўшар'я, Далёкі Ўсход, Японія. [3]. У Беларусі ўпершыню знойдзена ў некалькіх кварталах Бярэзінскага запаведніка ў 1976 г. [4]. У цяперашні час вядома некалькі месцаў росту ў Верхнядзвінскім, Лепельскім, Полацкім і Мядзельскім раёнах [5].
Месцы росту. Забалочаныя чорнаальховыя, яловыя, ялова-бярозавыя, ялова-чорнаальховыя, сасновыя, саснова-бярозавыя і пушыстабярозавыя лясы, рэдкалессе, тарфяныя сфагнавыя балоты.
Характар росту. Расце асобнымі экземплярамі і невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушальная меліярацыя, высечка лясоў, вытоптванне пры выпасе жывёлы.
Культываванне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Бярэзінскім запаведніку, паляўнічым заказніку «Асвейскі», гідралагічным заказніку «Чарэмшыца» і азёрным заказніку «Глыбокае-Чарбамысла». Занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [6].
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцый, пошук новых месцаў росту, забарона антрапагеннага ўздзеяння на месцы роду віду, штучнае рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Новиков, Абрамова, 1980; 3. Флора Европейской части СССР, т. 2, 1978; 4. Симонович, Игнатенко, 1979; 5. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 6. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Л.Сімановіч @

Асака карэнішчавая (Carex rhizina Blytt ex Lindbl., 1839)
Парадак Асакакветныя (Cyperales), сямейства Асаковыя (Cyperaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаванай тэрыторыі.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўрасібірскі немаральны від [1], які знаходзіцца ў Беларусі ў ізаляваных лакалітэтах па-за заходняй мяжой суцэльнага арэала.
Кароткае апісанне. Шматгадовая рыхладзірваністая травяністая расліна вышынёй 15-50 см з паўзучым карэнішчам і кароткімі палеглымі ўкараняльнымі парасткамі, густа абкружанымі каля асновы пурпурова-бурымі, у большасці сеткавата расшчэпленымі валокнамі. Лісце з кароткімі, уверх накіраванымі зубчыкамі, шырынёй 2-3 мм. Суквецце складаецца з аднаго тычынкавага і 2-3 песцікавых каласкоў, якія сядзяць на больш-менш доўгіх ножках. Крыючыя лускавіны кветак з асцюком. Песцік з 3 рыльцамі [1-3].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў траўні, пладаносіць у траўні-чэрвені. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Эўропа, Заходняя Сібір [1-3]. У Беларусі выяўлена ў Асіповіцкім, Бялыніцкім, Гарадоцкім і Глыбоцкім раёнах [4].
Месцы росту. Сухія лісцевыя і мяшаныя лясы, бары, узлескі і схілы. Аддае перавагу карбанатным глебам.
Характар росту. Трапляецца невялікімі групамі на абмежаваных плошчах.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель, высечка лясоў.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльныя меры аховы не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў у вядомых месцах росту, кантроль за станам папуляцый, выяўленне новых месцазнаходжанняў і іх ахова.

Літ.: 1. Биологическая флора Московской обл., вып. 6, 1980; 2. Флора Европейской части СССР, т. 2, 1976; 3. Флора СССР, т. 3, 1933; 4. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі.

Г.Зубкевіч @

Асака ценявая (Carex umbrosa Host, 1801)
Парадак Асакакветныя (Cyperales), сямейства Асаковыя (Cyperaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі горны рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах на ўсходняй мяжы арэала [1].
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з шматлікімі прамастойнымі сцёбламі вышынёй 25-40 см, пакрытымі ў ніжняй частцы светла-шаравата-бурымі, моцна валакніста расшчэпленымі похвамі адмерлага лісця. Ліставыя пласцінкі 2-3 мм шырынёй, амаль роўныя сцёблам. Суквецце з 2-3 каласкоў: верхні каласок мужчынскі, светлы, ланцэта-булавападобны; ніжнія - жаночыя, з каштанава-бурымі лускавінкамі, на вельмі кароткіх ножках. Мяшэчкі апушаныя, жаўтавата-зялёныя, прадаўгавата-зваротнаяйкападобныя [2].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў канцы красавіка - пачатку траўня, пладаносіць у чэрвені. Размнажэнне пераважна насеннае, радзей вегетатыўнае.
Пашырэнне. Горныя раёны Сярэдняй і Атлантычнай Эўропы, Міжземнамор'е [2]. У Беларусі месцазнаходжанні сканцэнтраваны пераважна на Палессі - Драгічынскі, Іванаўскі, Пінскі, Жыткавіцкі і Мазырскі раёны, а таксама вядомы ў Пухавіцкім і Гарадзенскім раёнах [3]. Раней адзначалася ў Брагінскім, Слуцкім і Горацкім раёнах [4].
Месцы росту. Сухадольныя лугі, схілы, сухія светлыя лісцевыя лясы і лясныя паляны, хмызнякі.
Характар росту. Расце невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель, перавыпас жывёлы, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі.
Культываванне. Вырошчваецца ў Рэспубліканскім экалагічным цэнтры навучэнцаў у Менску.
Прынятыя меры аховы. Занесена ў Чырвоную кнігу СССР з 1978 г. [5, 6] і Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [7]. Ахоўваецца ў Прыпяцкім запаведніку, батанічных заказніках мясцовага значэння «Веленскі» і «Стрэльскі».
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцый, арганізацыя ва ўсіх вядомых месцазнаходжаннях батанічных заказнікаў, пошук новых месцаў росту, рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Флора Европейской части СССР, т. 2, 1978; 3. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 4. Пачоский, 1900; 5. Красная книга СССР, 1987; 6. Красная книга СССР, 1985; 7. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Л.Сімановіч @

Кастрэц бенякена (Bromopsis benekenii (Lange) Holub, 1973)
Парадак Мятлюжкакветныя (Poales), сямейства Мятлюжкавыя (Злакі) (Poaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўразійскі немаральны рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў асобных лакалітэтах усходнеэўрапейскай часткі арэала [1]. Прадстаўнік дуброўнага эколага-фларыстычнага комплексу.
Кароткае апісанне. Шматгадовая рыхладзірваністая травяністая расліна вышынёй 70-100 (140) см з некалькімі акруглымі кароткаапушанымі сцябламі і кароткімі карэнішчамі. Лісце зялёнае, па краі вострашурпатае, з белаватай сярэдняй жылкай, якая моцна выдаецца. Похвы ніжняга лісця з ланцэтнымі або трохвугольнымі вушкамі, усаджаныя ўніз адагнутымі валаскамі. Каласкі зялёныя, асцюковістыя, сплюшчаныя з бакоў, сабраны ў слаба раскідзістыя мяцёлкі. Ніжняя кветкавая луска буйнейшая за верхнюю, тонка завостраная, з даволі доўгім прамым асцюком [2, 3].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў ліпені, пладаносіць у ліпені-жніўні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Трапляецца ў зоне шыракалістых і мяшаных лясоў Эўропы, на Каўказе, на поўдні Заходняй Сібіры і ў Сярэдняй Азіі [1-3]. У Беларусі выяўлены ў Менскім, Пружанскім (Белавежская пушча) і Калінкавіцкім раёнах [4]. Раней адзначаўся ў наваколлі Магілева і Жлобіна [5, 6].
Месцы росту. Расце ў шыракалістых і мяшаных лясах, на лясных палянах.
Характар росту. Трапляецца невялікімі групамі на абмежаваных плошчах.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка лясоў, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі і гаспадарчая трансфармацыя зямель.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльна не прымаліся. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы і Прылуцкім лясным заказніку.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія ўсіх вядомых месцаў росту, арганізацыя ў іх спецыялізаваных батанічных заказнікаў, выяўленне новых месцаў росту і іх ахова, увядзенне ў культуру і рассяленне ў прыроднае асяроддзе.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Флора Европейской части СССР, т. 1, 1974; 3. Цвелев, 1976; 4. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і БДУ; 5. Пачоский, 1900; 6. Палянская, 1931.

Г.Зубкевіч @

Аўсяніца (мурожніца) высокая (Festuca altissima All., 1789 [F. sylvatica (Poll.) Vill., 1787])
Парадак Мятлюжкакветныя (Poales), сямейства Мятлюжкавыя (Злакі) (Poaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі немаральны рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў асобных лакалітэтах і астраўных месцах росту на паўночна-ўсходняй мяжы арэала [1]. Кармавая расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з вельмі кароткім цвёрдым паўзучым карэнішчам, якое мае ўкарочаныя парасткі, і нешматлікімі тоўстымі прамастойнымі, баразнаватымі сцёбламі вышынёй 50-120 (150) см. Лісце пляскатае, шырынёй 5-15 мм, лінейнае, з сярэдняй выступаючай жылкай. Похвы лісця кароткія, шурпатыя, баразнаватыя. Язычок абсечаны, з накіраванымі ўверх вушкападобнымі вырастамі, на верхавінцы махрысты. Мяцёлка буйная, паніклая, рыхлая, з доўгімі тонкімі шурпатымі галінкамі. Каласкі 3-5-кветкавыя, на ножках. Кветкавыя лускавінкі роўныя. Плод - прадаўгаватая бурая зярняўка [2, 3].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені, пладаносіць у жніўні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Шыракалістыя і мяшаныя лясы Эўропы, поўдзень Сібіры, Каўказ і Сярэдняя Азія [3]. У Беларусі адзначана ў Асіповіцкім, Валожынскім, Віцебскім, Горацкім, Добрушскім, Жыткавіцкім, Лепельскім, Лунінецкім, Маладэчанскім, Менскім, Мсціслаўскім, Пінскім, Пружанскім, Рэчыцкім, Свіслацкім і Слуцкім раёнах [4]. Раней адзначалася для Белавежскай пушчы і Пінскага павета [5].
Месцы росту. Маладыя шыракалістыя і ялова-шыракалістыя лясы кіслічнага і сніткавага тыпаў.
Характар росту. Расце невялікімі групамі і адзіночнымі экземплярамі, утварае невялікія рыхлыя дзернавінкі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка лесу, гаспадарчая трансфармацыя зямель, асвятленне і высыханне наглебавага покрыва ляснога полага, выпас жывёлы і празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне).
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Бярэзінскім і Прыпяцкім запаведніках, Белавежскай пушчы, Прылуцкім біялагічным і Шабрынскім батанічным заказніках, у паляўнічым заказніку «Налібоцкая пушча».
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, абмежаванне пазначаных відаў антрапагеннага ўздзеяння на месцы росту віду, выяўленне новых месцаў росту, увядзенне ў культуру, рассяленне ў прыродныя ўмовы.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Флора Европейской части СССР, т. 1, 1974; 3. Злаки СССР, 1976; 4. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і БДУ; 5. Пачоский, 1900.

Г.Вынаеў @

Аўсяніца дзюнная (Festuca sabulosa (Anderss.) Lindb. fil., 1906 [F. beckeri (Hack.) Trautv. subsp. sabulosa (Anderss.) Tzvel., 1970])
Парадак Мятлюжкакветныя (Poales), сямейства Мятлюжкавыя (Злакі) (Poaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных плошчах.
Значэнне ў захаванні генафонду. Атлантычна-эўрапейскі аблігатна-псамафільны рэліктавы від [1]. У Беларусі знаходзіцца за паўднёва-ўсходняй мяжой суцэльнага арэала. Кармавая і дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая шыза-зялёная травяністая расліна вышынёй 20-30 см з шурпатымі пад суквеццямі сцёбламі. Утварае густыя дзярнінкі. Лісце скручанае ўдоўж, жорсткае, зверху гладкае, унутры густа пакрытае кароткімі валаскамі. Суквецце - падоўжаная мяцёлка. Каласкі шыза-зялёныя, 4-6-кветкавыя. Кветкавыя лускавіны шурпатыя, каротка асцюкаватыя [2, 3].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені, пладаносіць у ліпені-жніўні. Размнажэнне насеннае.
Пашырэнне. Атлантычная Эўропа, Скандынавія [3]. У Беларусі вядома некалькі астраўных месцаў росту ў наваколлях Горадні [4, 5]. У літаратуры даецца пад назвай F. ovina c. glauca для наваколляў Пагоста і Менска [6], але гэтыя звесткі няпэўныя.
Месцы росту. Сухія слабазадзірнаваныя схілы рачных далін, якія добра праграваюцца.
Характар росту. Расце невялікімі, месцамі значнымі групамі, нярэдка задзярноўвае эрадзіраваныя глебы.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель, прыродныя і антрапагенныя абразійныя працэсы.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльна не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў у наваколлях Горадні, выяўленне новых месцаў росту, увядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Флора северо-востока Европейской части СССР, т. 1, 1974; 2. Флора СССР, т. 2, 1934; 3. Цвелев, 1976; 4. Вынаеў (асаб. павед.); 5. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 6. Пачоский, 1900.

Г.Вынаеў @

Аўсяніца (мурожніца) танкалістая (Festuca tenuifolia Sibth., 1794)
Парадак Мятлюжкакветныя (Poales), сямейства Мятлюжкавыя (Злакі) (Poaceae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Амфіатлантычны рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў асобных лакалітэтах за паўднёва-ўсходняй мяжой арэала [1]. Кармавая расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з голымі, пад мяцёлкамі больш-менш шурпатымі прамастойнымі сцёбламі вышынёй 30-60 см і цёмнымі валасніковістымі каранямі. Утварае шчыльныя дзярніны. Лісце вельмі тонкае, воласападобнае, вузкае, удоўж скручанае. Язычок амаль непрыкметны з акруглымі кароткараснічастымі вушкамі. Суквецце - вузкая слабараскідзістая мяцёлка даўжынёй 3-6 см. Каласкі 3-4 [6]- кветкавыя. Ніжнія кветкавыя лускавінкі ланцэтныя, безасцюковыя або з асцюкападобным канцом. Плод - зярняўка [2, 3].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені, пладаносіць у жніўні. Размнажэнне насеннае.
Пашырэнне. Эўропа, Паўночная Амерыка [2]. У Беларусі знойдзены ў Жыткавіцкім і Петрыкаўскім раёнах [4].
Месцы росту. Разнатраўна-злакавыя поймавыя лугі на бедных пясчаных глебах, адкрытыя пясчаныя ўзгоркі і грады, поймавыя дубнякі і бары на рачных тэрасах.
Характар росту. Расце невялікімі шчыльнымі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель, перавыпас жывёлы.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Прыпяцкім запаведніку.
Неабходныя меры аховы. Арганізацыя спецыялізаванага батанічнага заказніка ва ўрочышчы «Пясочнае» паблізу г.п. Турава, абмежаванне антрапагеннага ўздзеяння, кантроль за станам папуляцый, выяўленне новых месцаў росту, увядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Злаки СССР, 1976; 3. Злаки Украины, 1977; 4. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і Прыпяцкага запаведніка.

Г.Вынаеў @

Аўсяніца валіская, або тыпчак (Festuca valesiaca Gaud., 1811)
Парадак Мятлюжкакветныя (Poales), сямейства Мятлюжкавыя (Злакі) (Poaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных плошчах.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўразійскі стэпавы рэліктавы від [1], які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах і астраўных участках росту за паўночнай мяжой арэала. Кармавая і дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая густадзернавінная зялёная або шыза-зялёная расліна з тонкімі гладкімі або шурпатымі пад суквеццямі сцёбламі вышынёй 20-40 см. Лісце скручанае ўдоўж, жарсткаватае, шурпатае, баразнаватае, у 3 разы карацейшае за сцябло. Суквецце - падоўжаная мяцёлка даўжынёй 2-6 см. Каласкі дробныя, эліптычныя, зялёныя або крыху фіялетавыя, 3-5-кветкавыя. Кветкавыя лускавіны шырокаланцэтныя, асцюкаватыя [2-4]. У Беларусі гэты від прадстаўлены асобнай расай - F. pseudovina Hack. es Wiesb., 1880 [F. valesiaca Gaud. subsp. pseudovina (Hack. es Wiesb.) Hegi, 1908] - аўсяніца несапраўдная авечая, якая адрозніваецца ад тыповага падвіду зялёнай афарбоўкай.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені, пладаносіць у ліпені. Размнажэнне насеннае.
Пашырэнне. Сярэдняя і Ўсходняя Эўропа, Міжземнамор'е (Балканы), Каўказ, Заходняя Сібір, Сярэдняя Азія [4]. У Беларусі вядома некалькі астраўных месцаў росту на Палессі [5]. Раней адзначалася для наваколляў в. Барбарова (Мазырскі раён), Жлобіна, Кобрына і Барысава [6].
Месцы росту. Сухія зрэджаныя лясы, паляны і ўзлескі, сухадольныя лугі, астэпаваныя схілы, на багатых гумусам глебах.
Характар росту. Расце невялікімі, месцамі значнымі групамі, нярэдка ўтварае дзернавіны на эрадзіраваных глебах.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [7].
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Прыпяцкім запаведніку.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія адзначаных месцаў росту і кантроль за станам папуляцый, стварэнне спецыялізаваных батанічных заказнікаў, выяўленне новых месцаў росту, увядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Флора северо-востока Европейской части СССР, т. 1, 1974; 2. Флора СССР, т. 2, 1934; 3. Флора Европейской части СССР, т. 1, 1974; 4. Цвелев, 1976; 5. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 6. Пачоский, 1900; 7. Кухарева, Пашина, 1986.

Г.Вынаеў @

Пухірнік ягадны (Cucubalus baccifer L., 1753)
Парадак Гваздзікакветныя (Caryophyllales), сямейства Гваздзіковыя (Caryophyllaceae)

Статус. IV катэгорыя. Рэдкі недастаткова вывучаны від, колькасць і стан папуляцый якога выклікаюць трывогу.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прэбарэальны рэліктавы від з дэз'юнктыўным эўразійскім арэалам. Адзіны прадстаўнік старажытнага монатыпічнага роду [1]. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з моцнагалінастым сцяблом вышынёй 60-150 см. Лісце цэльнае, яйкападобна-ланцэтнае, супраціўнае. Кветкі з 5 эеленавата-белымі двухлопасцевымі пялёсткамі і 5 зрослымі чашалісцікамі, якія застаюцца пры пладах. Плод - чорная шарападобная ягада з бліскучым ныркападобным насеннем, не характэрны для сямейства гваздзіковых.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-жніўні, пладаносіць у жніўні. Размнажэнне насеннае. Зацвітае на другі год.
Пашырэнне. Цэнтральныя і паўднёвыя раёны Эўропы, Каўказ, Заходняя Сібір, Сярэдняя Азія, Далёкі Ўсход [2]. У Беларусі адзначаны ў Верхнядзвінскім, Валожынскім, Глыбоцкім, Гарадзенскім, Менскім і Шумілінскім раёнах [3-4]. Раней адзначаны таксама ў наваколлі Горадні, Віцебска і Магілева [5].
Месцы росту. Хмызнякі па ярах і абрывістых берагах рэк.
Характар росту. Расце адзіночнымі экземплярамі і невялікімі групамі, але на абмежаваных плошчах.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчае асваенне яроў, выпростванне рэк.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі і ў Рэспубліканскім экалагічным цэнтры навучэнцаў у Менску [6].
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Налібоцкай пушчы. Спецыяльныя меры аховы не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцаў росту і кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, выяўленне новых месцаў росту і іх ахова, увядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Флора СССР, т. 6, 1936; 3. Флора БССР, т. 2, 1949; 4. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і БДУ; 5. Пачоский, 1897; 6. Кухарева, Пашина, 1986.

Г.Зубкевіч @

Фіялка багнавая (Viola uliginosa Bess., 1809)
Парадак Фіялкакветныя (Violales), сямейства Фіялкавыя (Violaceae)

Статус. IV катэгорыя. Вельмі рэдкі, недастаткова вывучаны від, колькасць і стан якога выклікаюць трывогу.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі падтаежны рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў асобных лакалітэтах і астраўных месцах росту ў межах усходнеэўрапейскага фрагмента дыфузнага эўрапейскага арэала. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з доўгім тонкім карэнішчам і прамастойным кветаносам вышынёй 10-20 см. Лісце яйкападобна-трохвугольнае, з крылатым чаранком, па даўжыні амаль роўным ліставой пласцінцы, сабранае ў прыкаранёвую разетку. Прыліснікі да паловы зрасліся з чаранком, залозістаапушаныя. Кветаносы з 2 прыкветнікамі, якія рана ападаюць. Кветкі буйныя (даўжынёй да 3 см), ліловыя, без паху. Шпорац тупы, кароткі, злёгку загнуты ўверх. Плод - тупая прадаўгавата-яйкападобная каробачка [1, 2].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў красавіку-траўні, пладаносіць у чэрвені. Размнажэнне насеннае. Насенне з мясістым прыдаткам, разносіцца мурашкамі.
Пашырэнне. Скандынавія, Сярэдняя і Ўсходняя Эўропа [1]. У Беларусі пашырана пераважна ва ўсходняй частцы Палесся - Буда-Кашалёўскі, Гомельскі, Добрушскі, Жыткавіцкі, Жлобінскі, Кармянскі, Лельчыцкі, Мазырскі і Петрыкаўскі раёны, крайні паўночны пункт - наваколле в. Гарэлец Пухавіцкага раёна [3]. Раней адзначалася ў наваколлі Мазыра, Лоева, у Івацэвіцкім, Лунінецкім і Пінскім раёнах, Белавежскай пушчы [4].
Месцы росту. Забалочаныя чорнаальховыя лясы і хмызнякі, поймавыя дубравы, парослыя хмызняком лугі і балоты, сырыя яловыя лясы з дамешкам дубу і ўскрайкі мяшаных лясоў.
Характар росту. Расце невялікімі або даволі буйнымі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушальная меліярацыя і гаспадарчая трансфармацыя зямель, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне, зрыванне квітучых раслін), касьба, выпас жывёлы.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [5] і ў Рэспубліканскім экалагічным цэнтры навучэнцаў у Менску.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Прыпяцкім запаведніку, заказніках «Мазырскія яры» і «Шабрынскі».
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, забарона пазначаных відаў антрапагеннага ўздзеяння на месцы росту віду, абмежаванне рэкрэацыйных нагрузак, выяўленне новых месцаў росту, увядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Флора СССР, т. 15, 1949; 2. Флора БССР, т. 3, 1950; 3. Пачоский, 1897; 4. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі і БДУ; 5. Кухарева, Пашина, 1986.

Т.Сауткіна @

Альдраванда пухіраватая (Aldrovanda vesiculosa L., 1753)
Парадак Каменяломнікавыя (Saxifragales), сямейства Расіцавыя (Droseraceae)

Статус. IV катэгорыя. Вельмі рэдкі, недастаткова вывучаны від, колькасць і стан якога выклікаюць трывогу.
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэліктавы, магчыма заносны натуралізаваны палеатрапічны са спарадычным пашырэннем ва ўмераных шыротах від монатыпічнага трапічнага роду, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах на паўночна-ўсходняй мяжы сярэднеэўрапейскага фрагмента арэала [1, 2]. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая расліна без каранёў, з ніткападобнымі, крыху галінастымі сцёбламі даўжынёй 5-10 см, якія плаваюць на вадзе. Лісце ў кальчаках па 6-9, круглаватае, каля асновы зрослае, з шырокімі і плоскімі клінападобнымі чаранкамі. Кожны ліст мае расшыраны чаранок з 4-6 шчацінкамі ў верхняй частцы і пласцінку з 2 акруглых палавінак з валаскамі па краі (лоўчы апарат) і стрававальнымі залозкамі пасярэдзіне. Кветкі дробныя, адзіночныя, пазушныя, белыя. Плод - шарападобная каробачка [2, 3].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені, пладаносіць (рэдка) у ліпені-жніўні. Кветкі раскрываюцца пад вадой і перакрыжавана апыляюцца. Размнажэнне, пераважна, вегетатыўнае - часткамі сцябла і буйнымі зімуючымі вегетатыўнымі пупышкамі, якія ўтвараюцца восенню на канцах галін, аддзяляюцца і апускаюцца на дно вадаёма. Насякомаедная расліна: паўкруглыя палавінкі ліста пры дакрананні зачыняюцца па сярэдняй жылцы і злоўленыя лічынкі насякомых, водных ракападобных ператраўліваюцца і засвойваюцца раслінай [4].
Пашырэнне. Паўднёвыя і цэнтральныя раёны Эўропы, Каўказ, Сярэдняя Азія, Далёкі Ўсход, Афрыка (паўднёва-ўсходняя частка) [2-4]. У Беларусі вядома ў Прыпяцкім Палессі: Берасцейскі (р. Мухавец), Жыткавіцкі (воз. Чырвонае), Маларыцкі (воз. Арэхаўскае) раёны і ў Беларускім Паазер'і: Верхнядзвінскі (воз. Асвейскае), Міёрскі (воз. Абстэрна), Ушацкі (воз. Атолава, р. Праскавея) раёны [1, 2, 5, 6]. Раней траплялася ў Пінскім і Мазырскім раёнах [7, 8].
Месцы росту. Эўтрофныя, сярэднемінералізаваныя азёрныя і рачныя затокі, старыцы, зарослыя суднаходныя і меліярацыйныя каналы, абводненыя балоты.
Характар росту. Трапляецца невялікімі групамі або адзінкавымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Змяненне гідрахімічных умоў у сувязі з забруджваннем і эўтрафікацыяй вадаёмаў і вадатокаў, іх абмяленне з-за гідрамеліярацыйных работ і водазабору, празмерныя рэкрэацыйныя і гаспадарча-эксплуатацыйныя (здабыча сапрапелю, лоўля рыбы сеткамі і інш.) нагрузкі.
Культываванне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Занесена ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [9] і Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [10]. Ахоўваецца ў Прыпяцкім ландшафтна-гідралагічным запаведніку, паляўнічым заказніку «Асвейскі».
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя батанічных і гідралагічных (азёрных) заказнікаў ва ўсіх выяўленых месцазнаходжаннях, пошук новых месцаў росту, увядзенне ў аквакультуру, рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 3. Флора СССР, т. 9, 1939; 4. Доброхотова, Ролдугин, Доброхотова, 1982; 5. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і БДУ; 6. Мартыненка (асаб. павед.); 7. Пачоский, 1897; 8. Михайловская, 1953; 9. Моисеева, 1967; 10. Чырвоная кніга БССР, 1981.

П.Парфёнаў @

Баршчэўнік звычайны (Heracleum sphondylium L., 1753)
Парадак Араліякветныя (Araliales), сямейства Сельдэрэйныя (Парасонавыя) (Apiaceae (Umbelliferae))

Статус. IV катэгорыя. Вельмі рэдкі, недастаткова вывучаны від, колькасць якога скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі горна-таежны від, які знаходзіцца ў Беларусі ў асобным лакалітэце за ўсходняй мяжой пашырэння.
Кароткае апісанне. Двух-, радзей шматгадовая травяністая расліна з галінастым коранем і прамастойным баразнаватым апушаным сцяблом вышынёй 60-150 см. Лісце трайчастае, зверху апушанае, знізу па буйназубчастым краі шурпатае ад дробных шыпаватых валаскоў; бакавыя сегменты лісця на чаранках. Ліставая похва моцна выцягнутая. Суквецце - складаны шматпрамянёвы парасонік. Кветкі белыя. Пялёсткі краявых кветак вельмі выцягнутыя і глыбока надрэзаныя, лопасці іх моцна разыходзяцца. Плады адваротнаяйкападобныя [1].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені. Пладаносіць у ліпені-жніўні. Размнажаецца насеннем.
Пашырэнне. Скандынавія, Сярэдняя і Атлантычная Эўропа. У Беларусі вядома адзінае месцазнаходжанне ў Пухавіцкім раёне [2].
Месцы росту. Зараснікі хмызняку і закуставаныя лугавіны.
Характар росту. Расце адзінкавымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Антрапагенная трансфармацыя зямель, касьба, выпас жывёлы, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [3].
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў спецыялізаваным батанічным мікразаказніку «Веленскі».
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцыі, выяўленне новых месцаў росту, вырошчванне ў культуры і рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Флора СССР, т. 17, 1951; 2. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 3. Кухарева, Пашина, 1986.

Т.Сауткіна @

Шалфей лугавы (Salvia pratensis L., 1753)
Парадак Ясноткакветныя (Lamiales), сямейства Ясноткавыя (Губакветныя) (Lamiaceae)

Статус. IV катэгорыя. Рэдкі, недастаткова вывучаны від, колькасць і стан якога выклікаюць трывогу.
Значэнне ў захаванні генафонду. Панэўрапейскі лесастэпавы рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца на паўночнай мяжы арэала [1]. Меданосная, лекавая, дубільная і дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна вышынёй 15-80 см з 1 або 2-3 прамастойнымі ці ўэыходнымі, густаапушанымі сцёбламі. Ніжняе лісце доўгачаранковае, прадаўгавата-яйкападобнае з сэрцападобнай асновай, гародчата-пілаватае па краях, сабранае ў прыкаранёвую разетку або ў пучкі на ўкарочаных бясплодных парастках. Сцябловае лісце (2-3 пары) ніжняе падобна на прыкаранёвае, верхняе - дробнае, сядзячае, прадаўгавата-ланцэтнае. Кветкі (4-8) у кальчаках. Чашачка званочкавая. Вяночак даўжынёй 17-25 мм, фіялетава-сіні, часам ружовы або белы, звонку валасісты, двухгубы. Плод - шырокаяйкападобны арэшак.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-жніўні, пладаносіць у ліпені-жніўні. Размнажэнне насеннае.
Пашырэнне. Сярэдняя, Усходняя і Атлантычная Эўропа, Скандынавія, Заходняе Міжземнамор'е [2]. У Беларусі асноўныя месцазнаходжанні сканцэнтраваны ў паўднёва-ўсходняй частцы (Мазырскі, Буда-Кашалёўскі, Добрушскі і Гомельскі раёны), вядомы месцы росту на поўначы: в. Палонка - басейн р. Шчары [1-3].
Месцы росту. Шыракаліста-сасновыя лясы, зараснікі дубняку з арэшнікам па берагавых схілах рэк, сухія саснякі, адхоны чыгункі [3, 4].
Характар росту. Расце невялікімі групамі або асобнымі экземплярамі; вялікія папуляцыі знойдзены ў Гомельскім і Буда-Кашалёўскім раёнах.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель, збор квітучых раслін.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [5]; дае самасеў.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Шабрынскім батанічным заказніку, ландшафтным заказніку «Мазырскія яры», лясным заказніку «Буда-Кашалёўскі».
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых і выяўленне новых месцаў росту, арганізацыя ў іх спецыялізаваных батанічных заказнікаў, забарона несанкцыянаванага збору раслін, мэтавая аптымізацыя ўмоў росту, шырокае ўвядзенне ў культуру, рассяленне ў прыродныя ўмовы.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Флора Европейской части СССР, т. 3, 1978; 3. Парфенов, 1983; 4. Козловская, 1980 (докторская дисс.); 5. Кухарева, Пашина, 1986.

Л.Семярэнка @

Лілея кучаравая (царскія кучары) (Lilium martagon L., 1753)
Парадак Лілеякветныя (Liliales), сямейства Лілейныя (Liliaceae)

Статус. IV катэгорыя. Рэдкі, недастаткова вывучаны від, колькасць і стан якога выклікаюць трывогу.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўрасібірскі рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі на паўночнай мяжы арэала [1]. Дэкаратыўная, лекавая, меданосная і тэхнічная (фарбавальная) расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая расліна з залаціста-жоўтай лускаватай цыбулінай і прамым голым аблісцелым сцяблом вышынёй 30-80 см. Лісце шырокаланцэтнае, з абодвух канцоў звужана, у сярэдняй частцы сцябла сабрана ў кальчакі, у верхняй - чаргаванае. Кветкі даволі буйныя, брудна-ружовыя з цёмнымі плямамі, паніклыя, сабраны ў рэдкую гронку. Калякветнік з 6 прадаўгаватых, тупых, дугападобна адагнутых назад лісцікаў. Плод - шасцігранная шматнасенная зваротнаяйкападобная каробачка.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў канцы чэрвеня-ліпені, пладаносіць у жніўні-верасні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Эўропа, Сібір, Далёкі Ўсход [2, 3]. У Беларусі трапляецца спарадычна па ўсёй тэрыторыі [4].
Месцы росту. Шыракалістыя і хвойна-шыракалістыя лясы, радзей саснякі і ельнікі з ляшчынай у падлеску.
Характар росту. Расце невялікімі групамі або асобнымі экземплярамі на абмежаваных плошчах.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Антрапагенная трансфармацыя тэрыторый, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне, зрыванне раслін), выпас жывёлы.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі, батанічным садзе БДУ, у Рэспубліканскім экалагічным цэнтры навучэнцаў у Менску. У культуры з 1305 г. Роданачальнік многіх садовых форм і гібрыдаў.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [5], Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [6]. Ахоўваецца ў Бярэзінскім і Прыпяцкім запаведніках, Белавежскай і Налібоцкай пушчах, некаторых спецыялізаваных батанічных і іншых заказніках.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў і кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў у месцах масавага росту, выяўленне новых месцаў росту, больш шырокае ўвядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Флора Европейской части СССР, т. 4, 1979; 3. Флора БССР, т. 1, 1949; 4. Ахоўныя расліны..., 1983; 5. Моисеева, 1967; 6. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Л.Семярэнка @

Ячменеваласнец (хардэлімус) эўрапейскі (Hordelymus europaeus (L.) Harz., 1885)
Парадак Мятлюжкакветныя (Poales), сямейства Мятлюжкавыя (Злакі) (Poaceae)

Статус. IV катэгорыя. Вельмі рэдкі, недастаткова вывучаны від, колькасць і стан якога выклікаюць трывогу.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі горны рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў астраўных участках росту на значным аддаленні ад паўночна-ўсходняй мяжы арэала [1, 2]. Дэкаратыўная і кармавая расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая ярка-зялёная травяністая расліна з пустымі, у вузлах валасістымі сцёбламі вышынёй 60-120 см і ўкарочанымі карэнішчамі. Лісце пляскатае, тонкае, шырынёй 0,5-1,3 см. Суквецце - прамы, звужаны да верхавінкі густы колас. Каласкі звычайна аднакветкавыя. Каласковыя і кветкавыя лускавінкі вузкія, лінейна-шылападобныя, паступова пераходзяць у доўгі тонкі асцюк. Плод - зярняўка.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў ліпені-жніўні, пладаносіць у жніўні-верасні. Размнажэнне насеннае.
Пашырэнне. Горныя раёны Сярэдняй і Атлантычнай Эўропы, поўдзень Скандынавіі, Міжземнамор'е, Малая Азія, Каўказ і горны Крым [3, 4]. У Беларусі расце ў Белавежскай пушчы [5, 6].
Месцы росту. Грабавыя і дубова-грабавыя лясы кіслічнага і сніткавага тыпаў на бурых глебах.
Характар росту. Расце асобнымі экземплярамі і невялікімі групамі, утварае невялікія рыхлыя дзярнінкі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель, вытоптванне і паяданне звярамі.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [7]. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы.
Неабходныя меры аховы. Абгароджванне зараснікаў ад вытоптвання, рассяленне ў лясы за межы Белавежскай пушчы, увядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 3. Цвелёв, 1976; 4. Флора Европейской части СССР, т. 1, 1974; 5. Николаева, Зефиров, 1971; 6. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 7. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Р.Блажэвіч ##Chapter: 26. Мохападобныя @

Меркія ірландская (Moerckia hibernica (Hook.) Gott., 1860)
Парадак Метцгерыевыя (Metzgeriales), сямейства Палавічыніевыя (Pallaviciniaceae)

Статус. I катэгорыя. Выключна рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Барэальны эўрасібірска-амерыканскі від, адзіны ў Беларусі прадстаўнік слаявінных юнгерманіевых пячоначнікаў з наяўнасцю спецыялізаванай эндагідрычнай праводнай сістэмы.
Кароткае апісанне. Слаявіна распасцёртая, светла- або жаўтавата-зялёная, свежая - з хвалістымі краямі і моцным пахам. Сярэдняе патоўшчанае рабро па баках з 2 невыразнымі праводнымі пучкамі з падоўжаных, вузкіх клетак, знізу мае рызоіды. Псеўдаперыянцый цыліндрычны, вонкавая абгортка глыбокаразразная, складаецца з лісцікаў, зрослых каля асновы. Каробачка на ножцы, цыліндрычная да авальнай, чырвона-бурая, раскрываецца падоўжнымі створкамі [1].
Асаблівасці біялогіі. Двухдомная расліна.
Пашырэнне. Эўразія, Сібір, Паўночная Амерыка. Зрэдку трапляецца ў таежнай і хвойна-шыракалістай зонах Сібіры, на поўдзень ад іх - толькі ў гарах. У Беларусі адзначаны ў наваколлі п.г.т. Лельчыцы.
Месцы росту. Расце на лясным подсціле ў вільготных цяністых лясах.
Характар росту. Трапляецца невялікімі групамі або адзіночнымі слаявінамі на вельмі абмежаванай плошчы.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушальная меліярацыя і суцэльная высечка лесу.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Абвяшчэнне помнікам прыроды рэспубліканскага значэння астраўнога ўчастка яловага лесу з комплексам рэдкіх відаў раслін у наваколлі Лельчыц; правядзенне мэтанакіраванага пошуку новых месцаў росту і іх ахова.

Літ.: 1. Шляков, 1976.

Г.Рыкоўскі @

Гімнакалея ўздутая (Gymnocolea inflata (Huds.) Dum., 1835)
Парадак Юнгерманіевыя (Jungermanniales), сямейства Лафозіевыя (Lophoziaceae)

Статус. I катэгорыя. Выключна рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэліктавы прадстаўнік паўночна-таежнага барэальна-горнага фларакомплексу, які знаходзіцца ў ізаляваным лакалітэце на паўднёвай мяжы арэала.
Кароткае апісанне. Дзярнінкі шырокія, ад светла-зялёных да чарнаватых або цёмна-бурых. Парасткі да 2,5 см у даўжыню, часта з падверхавінкавымі галінкамі. Лісце коса прымацаванае, да 1/4-1/3 двухлопасцевае, звычайна з амаль роўнымі тупымі або закругленымі лопасцямі. Клеткі лісця акруглыя, з патоўшчанымі сценкамі. Перыянцый ад амаль шарападобнага да адваротнаяйкападобнага або грушападобнага. Каробачка на ножцы, цыліндрычная, раскрываецца створкамі [1, 2].
Асаблівасці біялогіі. Двухдомная расліна. Вегетатыўна размнажаецца перыянтыямі.
Пашырэнне. Цыркумпалярнае; арэал займае пераважна арктычную і паўночна-таежную зоны. У зоне хвойна-шыракалістых лясоў трапляецца вельмі рэдка; на поўдзень ад іх - толькі ў гарах. У Беларусі знойдзены ў Мядзельскім раёне [2].
Месцы росту. Расце на алігатрофных хваёва-кусцікава-сфагнавых балотах па берагах азёр.
Характар росту. Трапляецца суцэльнымі курцінамі, але звычайна вузкімі палосамі на абмежаваных плошчах.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушэнне балот і торфараспрацоўкі.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў гідралагічным заказніку «Чарэмшыца» (Мядзельскі раён).
Неабходныя меры аховы. Пастаянны кантроль за станам папуляцый, мэтанакіраваны пошук і выяўленне месцаў росту.

Літ.: 1. Зеров, 1964; 2. Шляков, 1980.

Г.Рыкоўскі @

Скапанія завостраная (Scapania apiculata Spruce, 1847)
Парадак Юнгерманіевыя (Jungermanniales), сямейства Скапаніевыя (Scapaniaceae)

Статус. I катэгорыя. Надзвычай рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэліктавы, пераважна барэальна-таежны від у ізаляваным лакалітэце на паўднёвай мяжы пашырэння.
Кароткае апісанне. Дзярнінкі рыхлыя, жаўтавата-зялёныя. Парасткі ляжачыя або прыўзнятыя, даўжынёй 2-5 см. Лісце двухбаковаадыходнае, шчыльна размешчанае, да трэці або сярэдзіны расчлянёнае на 2 няроўныя кіляватыя лопасці. Ніжняя лопасць яйкападобная, завостраная; верхняя меншая за ніжнюю, завостраная. Клеткі лісця акруглыя, з вузлаватымі патаўшчэннямі. Перыянцый зажаты ў дарзавентральным напрамку. Каробачка на ножцы, эліпсападобная, чырвона-бурая, раскрываецца падоўжнымі створкамі [1, 2].
Асаблівасці біялогіі. Двухдомны. Спараносіць летам. Размнажэнне вегетатыўнае - аднаклетачнымі акруглымі або авальнымі вывадковымі пупышкамі, якія развіваюцца ў цёмна-бурых кучках на верхавінках звычайнага лісця або дробнага дэфармаванага лісця прамастойных парасткаў.
Пашырэнне. Арктабарэальны від з цыркумпалярным арэалам, які займае ў асноўным таежную і падтаежную зоны. У Беларусі вядомы толькі на тэрыторыі Бярэзінскага запаведніка [3, 4].
Месцы росту. Загніўшая драўніна ў сырых забалочаных лясах.
Характар росту. Расце дробнымі нешматлікімі дзярнінкамі на абмежаваных плошчах.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушальная меліярацыя і расчыстка ламачча ў лясах.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Бярэзінскім запаведніку.
Неабходныя меры аховы. Выяўленне новых месцаў росту і арганізацыя іх эфектыўнай аховы.

Літ.: 1. Зеров, 1964; 2. Шляков, 1981; 3. Зеров та Риковський, 1970; 4. Рыковский, 1980.

Г.Рыкоўскі @

Андрэя скальная (Andreaea rupestris Hedw., 1801)
Парадак Андрэевыя (Andreaeales), сямейства Андрэевыя (Andreaeaceae)

Статус. I катэгорыя. Выключна рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны прадстаўнік старажытных прымітыўных андрэевых імхоў у Беларусі.
Кароткае апісанне. Дзернавінкі невялікія, падушачкападобныя, зялёныя. Сцёблы 1-1,5 см вышынёй, простыя ці вілавата-разгалінаваныя, шматрадкова-густааблісцелыя. Лісце прама адстаіць або павернута ў адзін бок (сухое - прылеглае), падоўжана-яйкападобнае да косаяйкападобна-ланцэтнага, тупаватае ці завостранае, без жылак. Клеткі ліста акруглашматвугольныя або авальныя, з патоўшчанымі сценкамі, уверсе ліста на спінным баку папілозныя, у сярэдняй частцы ліста падоўжаныя, каля асновы вузкія. Каробачка падоўжана-яйкападобная, спелая - бура-чырвоная да чорнай, падымаецца на псеўданожцы і раскрываецца 4 падоўжнымі шчылінамі [1-3].
Асаблівасці біялогіі. Аднадомная расліна. Спараносіць увесну і летам.
Пашырэнне. Арктаальпійскі від, пашыраны ў Паўночным паўшар'і цыркумпалярна і пераважна ў Арктыцы; трапляецца таксама ў тайзе, на поўдзень ад яе - толькі ў гарах; расце ў Паўднёвай Амерыцы, на поўдні Афрыкі, у Тасманіі, Новай Зеландыі, Акіяніі, Антарктыдзе. У Беларусі дакладна вядома месца росту ў Белавежскай пушчы [4]. Паводле літаратурных звестак трапляўся таксама ў Смаргонскім раёне [5].
Месцы росту. Расце на гранітных валунах у разрэджаных лясах.
Характар росту. Трапляецца невялікімі курцінкамі на вельмі абмежаваных плошчах.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Перамяшчэнне і драбненне валуноў.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы.
Неабходныя меры аховы. Захаванне месцазнаходжання віду ў Белавежскай пушчы, рэвізія месца росту ў Смаргонскім раёне, мэтанакіраваны пошук новых месцаў росту і іх ахова.

Літ.: 1. Савич-Любицкая, Смирнова, 1970; 2. Абрамова, Савич-Любицкая, Смирнова, 1961; 3. Мельничук, 1970; 4. Рыковский, 1986; 5. Szafnagel,1908.

Г.Рыкоўскі @

Цынклідотус дунайскі (Cinclidotus danubicus Schiffn. et Baumg., 1906)
Парадак Потыевыя (Pottiales), сямейства Цынклідотавыя (Cinclidotaceae)

Статус. I катэгорыя. Надзвычай рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэліктавы немаральнагорны сярэднеэўрапейскі від (тыповы прадстаўнік комплексу брыяфітаў сярэднягорных патокаў) у ізаляваным лакалітэце за ўсходняй мяжой арэала.
Кароткае апісанне. Дзярнінкі буйныя, рыхлыя, буравата-зялёныя. Сцябло даўжынёй да 5 см, плаваючае і ляжачае, шматразова вілавата- або пучкаватаразгалінаванае, з чырвона-бурымі рызоідамі. Лісце адыходнае, падоўжана-лінейнае, паступова завостранае, іншы раз з кароткім тупым кончыкам. Жылка простая, доўгая, выходзіць з кончыка ліста тупым вастрыём. Клеткі ліста дробныя, акругла-6-вугольныя і прамавугольныя, з патоўшчанымі сценкамі.
Асаблівасці біялогіі. Двухдомны. Спарагоны невядомы. Размнажэнне вегетатыўнае - утвараюцца пупышкі на другаснай пратанеме.
Пашырэнне. Сярэдняя Эўропа. Ва Ўсходняй Эўропе расце ў р. Заходняя Дзвіна ў Латвіі і Беларусі (у наваколлі вёскі Руба ў Віцебскім раёне).
Месцы росту. Даламітавыя парогі ў рэчышчах рэк.
Характар росту. Расце невялікімі групамі на даламітавых глыбах або засцілае іх цалкам.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Абмежаванасць пашырэння адпаведных месцазнаходжанняў. Празмернае затапленне або высушванне даламітавых глыбаў, забруджванне вады, разбурэнне парогаў пры расчыстцы рэчышча.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Абвяшчэнне даламітавых парогаў помнікамі прыроды рэспубліканскага значэння.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984.

Г.Рыкоўскі @

Брыум клінгрэфа (Bryum klinggraeffii Schbmp., 1858)
Парадак Эубрыевыя (Eubryales), сямейства Брыевыя (Bryaceae)

Статус. I катэгорыя. Надзвычай рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Немаральны элемент з няпэўнымі флорагенетычнымі сувязямі і своеасаблівым пашырэннем.
Кароткае апісанне. Сцябло даўжынёй 2-5 см, простае або галінастае. Лісце чаргаванае, жорсткае, яйкападобна-ланцэтнае, з адхіленымі краямі. Жылка выходзіць з верхавінкі ліста кароткім зубчастым вастрыём. Клеткі ліста падоўжана-рамбаідальныя, са слабапатоўшчанымі сценкамі. Каробачка на чырвонай ножцы, адвіслая, маленькая, ад яйкападобнай да адваротна-яйкападобнай, спелая - чырвоная. Перыстом двайны. Вечка пукатае, з вострай верхавінкай.
Асаблівасці біялогіі. Двухдомны. Размнажаецца вегетатыўна - рызоіднымі ярка-малінавымі акруглымі шматклетачнымі вывадковымі целамі [1, 2]. Спараносіць летам.
Пашырэнне. Эўропа, Усходняя Азія, Паўночная і Южная Амерыка, Цэнтральная Афрыка. Ва Ўсходняй Эўропе трапляецца рэдка ў паўночна-заходніх яе раёнах. У Беларусі дакладна вядома адно месца росту - батанічны заказнік «Сапоцкінскі» ў Гарадзенскім раёне [3]; у мінулым стагоддзі адзначаўся для Белавежскай пушчы [4].
Месцы росту. Бетонныя апоры шлюзаў і тарфяныя берагі рэк.
Характар росту. Трапляецца невялікімі рыхлымі дзярнінкамі, часцей сярод іншых відаў імхоў.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Празмернае высушванне або затапленне месцаў росту, канкурэнцыя з боку іншых, больш буйных мохападобных, абмежаванае пашырэнне карбанатных субстратаў.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў батанічным заказніку «Сапоцкінскі».
Неабходныя меры аховы. Арганізацыя на рацэ Чорная Ганьча спецыялізаванага брыялагічнага мікразаказніка, пошук новых месцаў росту і іх ахова.

Літ.: 1. Савич-Любицкая, Смирнова, 1970; 2. Мельничук, 1970; 3. Рыковский, Млынарчик, Масловский, 1988; 4. Алексенко, 1899.

Г.Рыкоўскі @

Птэрыгінандрум ніткападобны (Pterigynandrum filiforme Hedw., 1793)
Парадак Гіпнабрыевыя (Hypnobryales), сямейства Энтадонтавыя (Entodontaceae)

Статус. I катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэліктавы немаральнамантанны фларыстычны элемент.
Кароткае апісанне. Дзярнінкі досыць густыя, пераплеценыя, зялёныя або жоўта-зялёныя. Сцябло паўзучае да ўзыходнага, вілавата- або кусцістаразгалінаванае, са шматлікімі сталонамі. Парасткі ніткападобныя, тупыя, нярэдка дугападобна сагнутыя. Лісце чарапічнае, авальна-яйкападобнае, каротказавостранае, на верхавінцы па краі тонкапілаватае. Жылка кароткая, простая або вілаватая. Клеткі ліста вузкарамбаідальныя, з верхнімі вугламі, якія папілозна выступаюць на спінным баку; па вуглах пры аснове - квадратныя. Каробачка на ножцы, прамастойная, цыліндрычная. Перыстом двайны. Вечка з дзюбкай.
Асаблівасці біялогіі. Двухдомны. Размнажаецца вегетатыўна - сцеблароднымі прадаўгавата-булавападобнымі чырванавата-карычневымі вывадковымі целамі [1, 2].
Пашырэнне. Эўропа, Сібір, Паўночная Амерыка; трапляецца пераважна ў лясной палосе, у Эўропе - часцей у гарах, чым на раўнінах. У Беларусі дакладна вядомы толькі ў Докшыцкім раёне. Паводле літаратурных звестак быў знойдзены ў Смаргонскім [3] і Баранавіцкім [4] раёнах.
Месцы росту. Сілікатныя валуны і пні ў разрэджаных сасновых і мяшаных лясах, зрэдку на лугах [3].
Характар росту. Расце невялікімі нешматлікімі дзярнінкамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Перамяшчэнне і драбленне валуноў, высечка лесу.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Арганізацыя спецыялізаваных брыялагічных мікразаказнікаў у вядомым месцазнаходжанні, рэвізія ранейшых і пошук новых месцаў росту.

Літ.: 1. Абрамова, Савич-Любицкая, Смирнова, 1961; 2. Мельничук, 1970; 3. Szafnagel, 1908; 4. Szepesfalvy, 1926.

Г.Рыкоўскі @

Парэла пласкалістая (Porella platyphylla (L.) Preiff., 1869)
Парадак Юнгерманіевыя (Jungermanniales), сямейства Парэлавыя (Porellaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Панбарэальны элемент трапагеннага сямейства, які ўваходзіць у немаральны кампанент флоры Беларусі.
Кароткае апісанне. Дзярнінкі плоскія, буравата-зялёныя. Сцябло даўжынёй 3-8 см, жорсткае, даволі правільна двойчы-, тройчыперыстаразгалінаванае. Лісце густое, чарапічнае, больш-менш пукатае, двухлопасцевае. Верхняя лопасць яйка-, сэрцападобная з закругленай верхавінкай, ніжняя - яйкападобная, тупазавостраная, з загнутым уніз вонкавым краем. Амфігастрыі акругла-квадратныя з павернутым уніз краем, у 2-3 разы шырэйшыя за сцябло. Клеткі лісця акруглыя. Перыстом буйны, зверху пляскаты [1, 2]. Каробачка шарападобная, на кароткай ножцы, раскрываецца 4 створкамі. Спараносіць летам.
Асаблівасці біялогіі. Двухдомны. Размнажаецца вегетатыўна - вывадковымі лісцікамі.
Пашырэнне. Від з цыркумпалярным арэалам у Галарктыцы: ад Субарктыкі да стэпавай зоны; больш на поўдзень, пераважна па гарах, дасягае Міжземнамор'я, Малой Азіі, Кітая, Гімалаяў. У Беларусі за апошняе стагоддзе гэты від з даволі звычайнага на паўднёвым захадзе краіны ператварыўся ў рэдкі. Расце толькі ў Лельчыцкім, Мазырскім і Ваўкавыскім раёнах; паводле літаратурных звестак адзначаўся ў Белавежскай пушчы [3, 4], а таксама ў Берасцейскім [5], Ляхавіцкім [6] і Пружанскім [4] раёнах.
Месцы росту. Цяністыя лясы, старыя паркі і аблесеныя яры - на ствалах, на выступаючых з зямлі каранях шыракалістых дрэў.
Характар росту. Нешматлікія невялікія дзернавінкі на абмежаванай плошчы.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка і прарэджванне высокаўзроставых шыракалістых і хвойна-шыракалістых лясоў.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы, аднак месцазнаходжанне віду патрабуе праверкі.
Неабходныя меры аховы. Арганізацыя брыялагічных мікразаказнікаў ва ўсіх вядомых месцах росту, рэвізія ранейшых месцазнаходжанняў.

Літ.: 1. Зефиров, 1964; 2. Шляков, 1982; 3. Bloński, Drimmer, Eismond, 1988; 4. Алексенко, 1899; 5. Filipowicz, 1881; 6. Szepesfalvy, 1926.

Г.Рыкоўскі @

Сфагнум ліндберга (Sphagnum lindbergii Schimp., 1858)
Парадак Сфагнавыя (Sphagnales), сямейства Сфагнавыя (Sphagnaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэліктавы субарктычны від на паўднёвай мяжы пашырэння.
Кароткае апісанне. Дзярнінкі буйныя, вышынёй да 30 см, рыхлыя, жоўта-зялёныя або рыжавата-бурыя, радзей зялёныя. Сцябло прамое, па ўсёй даўжыні раўнамерна разгалінаванае. Сцябловае лісце шырокашпатэлепадобнае, да верхавінкі моцна пашыранае, на шырока ўсечанай верхавінцы махрыстае, з вузкай каймой. Галінкавае лісце ад яйкападобна-ланцэтнага да вузка-ланцэтнага, сухое - бліскучае. Каробачка шарападобная, на несапраўднай ножцы, раскрываецца адкідваннем вечка [1, 2].
Асаблівасці біялогіі. Двух- або аднадомны.
Пашырэнне. Трапляецца цыркумпалярна ў арктычнай, субарктычнай і таежнай зонах. У Беларусі адзначаны толькі ў паўночнай частцы - у Браслаўскім, Гарадоцкім і Шумілінскім (Казьянскі паляўнічы заказнік) раёнах [3].
Месцы росту. Алігатрофныя саснова-кусцікавыя балоты - у паніжэннях паміж курцінамі.
Характар росту. Утварае лакальныя малаколькасныя, розныя па памерах курціны.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушальная меліярацыя балот.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Казьянскім паляўнічым заказніку.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія наяўных месцазнаходжанняў, арганізацыя ў месцах росту віду брыялагічных і гідралагічных заказнікаў.

Літ.: 1. Савич-Любицкая, 1952; 2. Савич-Любицкая, Смирнова, 1968; 3. Пидопличко, 1948.

Г.Рыкоўскі @

Сфагнум мяккі (Sphagnum molle Sull., 1945)
Парадак Сфагнавыя (Sphagnales), сямейства Сфагнавыя (Spagnaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога скарачаецца. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэліктавы амфіатлантычны від у ізаляваных лакалітэтах за межамі асноўнай часткі арэала.
Кароткае апісанне. Дзярнінкі кампактныя, вышынёй да 10-15 см, бледна-шэра-зялёныя, з жаўтаватым адценнем. Галінкі звіслыя, сабраныя, большай часткай, па 2-4, радзей па 1-2 у завостраных уверсе пучках. Сцябловае лісце ромбападобнае, прадаўгаватае або трохвугольна-языковападобнае, з зубчастымі каля верхавінкі краямі. Галінкавае лісце яйкападобна-ланцэтнае, вельмі ўвагнутае, з краявым жалабком. Каробачка шарападобная, пры выспяванні выносіцца ўгору несапраўднай ножкай і раскрываецца адкідваннем вечка.
Асаблівасці біялогіі. Аднадомны. Спараносіць багата ў канцы лета. Размнажаецца вегетатыўна.
Пашырэнне. Заходняя і Сярэдняя Эўропа, Скандынавія і Паўночная Амерыка. Ва Ўсходняй Эўропе трапляецца ў Летуве, Латвіі, Беларусі і ў сумежных з ёю раёнах Украіны [2, 3]. У Беларусі выяўлены ў Міёрскім раёне (гідралагічны заказнік «Ельня»); паводле літаратурных звестак адзначаўся таксама ў Слуцкім, Глускім і Лельчыцкім раёнах [1].
Месцы росту. Вярховыя, пераходныя і нізінныя, не вельмі абводненыя балоты ў складзе падвейна-кусцікава-сфагнавых, чаротнікава-малініева-асакова-сфагнавых і малініева-асакова-падвейных цэнозаў.
Характар росту. Расце паасобнымі дзярнінкамі або групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Прыродныя - з павелічэннем абводненасці субстрату выцясняецца іншымі відамі сфагнавых імхоў, але ліквідацыя гэтых канкурэнтаў пірагенным уздзеяннем садзейнічае аднаўленню віду; антрапагенныя - знікненне віду з прычыны інтэнсіўнага асушвання і асваення тарфянікаў.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца на тэрыторыі гідралагічнага заказніка «Ельня».
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў віду з мэтай стварэння спецыялізаваных батанічных (брыялагічных) заказнікаў. Пошук новых месцаў росту.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Steffen,1931; 3. Путеводитель XVI экспедиции-конференции ботаников Прибалтики, 1982.

Г.Рыкоўскі @

Паралеўкобрыум даўгалісты (Paraleucobryum longifolium (Ehrh. ex Hedw.) Loeske, 1786)
Парадак Дыкранавыя (Dicranales), сямейства Дыкранавыя (Dicranaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэліктавы прадстаўнік барэальна-мантаннага фларыстычнага комплексу ў флоры Беларусі.
Кароткае апісанне. Дзернавінкі даволі буйныя, 2-4 см вышынёй, рыхлыя або густыя, мяккія, белавата-зялёныя, бліскучыя, малалямцавыя. Сцябло прамастойнае або ўзыходнае, простае ці галінастае. Лісце серпападобна звілістае, павернутае ў адзін бок, з ланцэтнай асновы паступова доўгажалабата-шылападобнае, па краі двухрадкова дробназубчастае. Жылка простая, шырокая, займае ўсю шылападобную частку ліста. Клеткі ліста падоўжаныя, у вуглах асновы 6-вугольныя, утвараюць вушкападобную групу. Каробачка на ножцы, прадаўгавата-цыліндрычная, ад жоўта-зялёнай да жаўтавата-бурай. Перыстом просты. Вечка з шылападобным кончыкам [1, 2].
Асаблівасці біялогіі. Двухдомная расліна. Звычайна не спараносіць.
Пашырэнне. Від з цыркумпалярным арэалам у Галарктыцы, які прасціраецца ад субарктыкі да лесастэпу; на поўдзень ад яго трапляецца ў гарах. У Беларусі адзначаны ў Бярэзінскім запаведніку [3], у Ашмянскім, Барысаўскім [4] і Лельчыцкім раёнах. Паводле літаратурных звестак рос таксама ў Бярозаўскім [5] і Гарадоцкім [6] раёнах.
Месцы росту. Расце на буйных сілікатных валунах і старых гнілых пнях у зацененых месцах.
Характар росту. Утварае даволі буйныя дзернавінкі на вельмі абмежаваных плошчах.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Перамяшчэнне і драбненне валуноў.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Бярэзінскім запаведніку.
Неабходныя меры аховы. Абвяшчэнне помнікамі прыроды рэспубліканскага і мясцовага значэння выяўленыя месцы росту.

Літ.: 1. Савич-Любицкая, Смирнова, 1970; 2. Мельничук, 1970; 3. Рыковский, 1980; 4. Голубков, Рыковский, 1988; 5. Алексенко, 1900; 6. Улична, 1978.

Г.Рыкоўскі @

Тартэла звілістая (Tortella tortuosa (Hedw.) Limpr., 1890)
Парадак Потыевыя (Pottiales), сямейства Трыхастомавыя (Trichostomaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Аркта-альпійскі кальцафільны від у ізаляваных лакалітэтах за мяжой вобласці суцэльнага пашырэння.
Кароткае апісанне. Дзярнінкі буйныя, часта падушкападобныя, мяккія, жаўтавата-зялёныя, сплеценыя рызоідным лямцам. Сцябло прамастойнае, простае або вілавата разгалінаванае, даўжынёй 2-6 см. Лісце адыходнае, пры яйкападобнай або падоўжанай аснове лінейна-ланцэтнае, вузказавостранае, кілявата-жалабатае, з вельмі хвалістымі, уверсе папілозна-гародчатымі краямі. Жылка простая, выступае з верхавінкі ліста вастрыём. Клеткі ўверсе ліста акругла-квадратныя, вельмі папілозныя, пры аснове ліста - прамавугольныя, бясколерныя, па краі ў выглядзе каймы працягваюцца ўгору. Каробачка на ножцы, прамая або трохі сагнутая, падоўжана-яйкападобная. Перыстом просты. Вечка з касой дзюбкай [1, 2].
Асаблівасці біялогіі. Двухдомны. Звычайна стэрыльны. Размнажэнне вегетатыўнае - верхавінкамі лісця. Спараносіць летам.
Пашырэнне. Цыркумпалярнае - ад арктычнай да падтаежнай зоны паўночнага паўшар'я; у паўднёвым паўшар'і толькі ў Паўднёвай Амерыцы. У Беларусі адзначаны ў Смаргонскім, Браслаўскім (Браслаўскія азёры) раёнах [3].
Месцы росту. Расце ў ельніках асінава-сныцевых і на вапнава-пясчанай гальцы, знойдзены на сценах старых бетонных збудаванняў.
Характар росту. Расце густа, буйнымі дзярнінкамі, але на невялікіх плошчах.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Абмежаванае пашырэнне патрэбных месцазнаходжанняў, зніжэнне ступені іх вільгацезабеспячэння.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Знаходзіцца пад аховай рэжыму на тэрыторыі ландшафтнага заказніка «Міжазёрны».
Неабходныя меры аховы. Утварэнне брыялагічнага мікразаказніка для аховы месцазнаходжання віду ў Смаргонскім раёне, дзе сканцэнтраваны комплекс рэдкіх брыяфітаў.

Літ.: 1. Савич-Любицкая, Смирнова, 1970; 2. Мельничук, 1970; 3. Рыковский, Млынарчик, Масловский, 1988.

Г.Рыкоўскі @

Цынклідыум стыгійскі (Cinclidium studium Sw., 1801)
Парадак Эубрыевыя (Eubryales), сямейства Мніевыя (Mniaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэліктавы прадстаўнік аркта-альпійскага фларыстычнага комплексу, які знаходзіцца ў Беларусі ў ізаляваных лакалітэтах на паўднёвай мяжы пашырэння.
Кароткае апісанне. Дзярнінкі звычайна акруглыя, густыя, карычнева-зялёныя або чырвона-бурыя, знізу чарнаватыя, густалямцавыя да асновы новых гадавых парасткаў. Сцябло прамастойнае, даўжынёй да 10 см, простае або з каляверхавінкавымі парасткамі. Лісце рыхла размешчанае, каля звужанай асновы акруглае або адваротнаяйкападобнае, раптоўна коратка і рэзка завостранае, на верхавінцы сцябла ў малалістай разетцы, шпатэлепадобнае, з выцягнутым вострым кончыкам; усё - з чырвона-бурай аблямоўкай. Жылка простая, бура-чырвоная, заканчваецца ў верхавінцы ліста або выступае з яго кончыка. Клеткі ліста авальна-6-вугольныя, пры аснове падоўжаныя. Каробачка на ножцы, павіслая, прадаўгаватая, жоўта-карычневая. Перыстом двайны. Вечка пуката-канічнае, з бародаўкай [1, 2].
Асаблівасці біялогіі. Аднадомны. Спараносіць летам.
Пашырэнне. Аркта-альпійскі від з цыркумпалярным арэалам у паўночным паўшар'і, які ахоплівае арктычную, таежную і падтаежную зоны; на поўдні трапляецца ў гарах. У паўднёвым паўшар'і мае ізаляваны фрагмент арэала, які займае паўднёвую частку Паўднёвай Амерыкі. У Беларусі трапляецца толькі ў заходніх раёнах Беларускага Паазер'я - у Глыбоцкім, Лепельскім, Астравецкім і Мядзельскім раёнах.
Месцы росту. Нізінныя, асакова-гіпнавыя балоты з удзелам у покрыве пуханосу альпійскага, часцей на берагах невялікіх азёр.
Характар росту. Трапляецца невялікімі групамі курцін на абмежаваных плошчах.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушальная меліярацыя забалочаных зямель, якая выклікае дэградацыю цэнапапуляцый віду.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Бярэзінскім запаведніку.
Неабходныя меры аховы. Арганізацыя гідралагічных і спецыялізаваных батанічных заказнікаў ва ўсіх выяўленых месцах росту.

Літ.: 1. Савич-Любицкая, Смирнова, 1970; 2. Мельничук, 1970; 3. Рыковский, 1981.

Г.Рыкоўскі @

Артотрыхум лайэля (Orthotrichum lyellii Hook. et Tayl., 1918)
Парадак Ізабрыевыя (Isobryales), сямейства Артотрыхавыя (Orthotrichaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэліктавы сярэднеэўрапейска-амфіпацыфічны субакіянічна-немаральны від у ізаляваных лакалітэтах на мяжы эўрапейскага фрагмента арэала.
Кароткае апісанне. Дзернавінкі падушкападобныя, рыхлыя, цёмна-зялёныя, 2-5 см вышынёй. Сцёблы простыя або разгалінаваныя. Лісце з прадаўгаватай асновы лінейна-ланцэтнае, доўга і рэзка завостранае, кіляватае, на верхавінцы няроўназубчастае. Жылка простая, заканчваецца перад верхавінкай ліста або ў ёй. Клеткі ўверсе ліста акруглыя ці прадаўгаватыя, патоўшчаныя, з папіламі, каля асновы жылкі лінейныя. Каробачка на кароткай ножцы, пагружаная або выступае з перыхэцыя, падоўжана-яйкападобная, з 8 палоскамі і паверхневымі вусцейкамі. Перыстом двайны. Вечка з дзюбкай. Каўпачок рэдка валасісты [1, 2].
Асаблівасці біялогіі. Спараносіць летам. Вегетатыўна размнажаецца лістароднымі вывадковымі цельцамі, простымі ці разгалінаванымі, булавападобнай або цыліндрычнай формы.
Пашырэнне. Сярэдняя і Атлантычная Эўропа, Паўночная Афрыка, захад Паўночнай Амерыкі. Ва Ўсходняй Эўропе трапляецца толькі ў паўночна-заходніх раёнах. У Беларусі выяўлены ў Слонімскім раёне [5]. Паводле літаратурных звестак від рос таксама ў Белавежскай пушчы [4].
Месцы росту. Расце на ствалах лісцевых дрэў і на зацененых бетонных збудаваннях.
Характар росту. Трапляецца невялікімі групамі дзярнінак на абмежаваных плошчах.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка старых дрэў і зніжэнне вільготнасці месцаў росту.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы.
Неабходныя меры аховы. Арганізацыя аховы вядомых месцазнаходжанняў; рэвізія старых месцаў росту і правядзенне мэтанакіраванага пошуку новых.

Літ.: 1. Лазаренко, 1955; 2. Мельничук, 1970; 3. Рыковский, Млынарчик, Масловский, 1988; 4. Алексенко, 1899.

Г.Рыкоўскі @

Рынхастэгіум сценны (Rhynchostegium murale (Hedw.) B.S.G., 1852)
Парадак Гіпнабрыевыя (Hypnobryales), сямейства Брахітэцыевыя (Brachytheciaceae)

Статус. III катэгорыя. Надзвычай рэдкі від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Міжземнаморска-сярэднеэўрапейскі немаральны від у ізаляваным лакалітэце за паўночна-ўсходняй мяжой арэала.
Кароткае апісанне. Дзярнінкі шчыльныя, жаўтавата-зялёныя, асобныя або сярод дзярнінак іншых імхоў. Сцябло паўзучае, няправільна перыста-разгалінаванае, з кароткімі прамымі, крыху пукатымі тупымі галінкамі. Сцябловае лісце чарапічнае, увагнутае, ад звужанай асновы яйкападобнае, на верхавінцы з кароткім кончыкам. Жылка простая, заканчваецца вышэй сярэдзіны ліста, часам кароткая, вілаватая. Клеткі ліста празенхіматычныя, пры аснове кароткія. Галінкавае лісце больш вузкае і кароткае. Каробачка на ножцы, нахіленая або гарызантальная, цыліндрычная; перыстом двайны. Вечка з доўгай дзюбкай [1].
Асаблівасці біялогіі. Аднадомны. Спараносіць восенню.
Пашырэнне. Сярэдняя Эўропа, Міжземнамор'е. У Беларусі - адзінае месцазнаходжанне на р. Чорная Ганьча ў Гарадзенскім раёне - бетонныя апоры старога шлюза [2].
Месцы росту. Вільготныя сцены бетонных збудаванняў, агаленні карбанатных горных парод.
Характар росту. Расце паасобнымі дзярнінкамі або сярод іншых імхоў.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Нязначная колькасць карбанатных горных парод у Беларусі.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Захаванне вядомых месцазнаходжанняў віду, дзе сканцэнтраваны комплекс іншых рэдкіх брыяфітаў, арганізацыя спецыялізаванага брыялагічнага заказніка.

Літ.: 1. Мельничук, 1970; 2. Рыковский, Млынарчик, Масловский, 1988.

Г.Рыкоўскі ##Chapter: 27. Грыбы @

Труфля летняя, або летняя чорная труфля (Tuber aestivum Vitt., 1831)
Клас Сумчатыя грыбы (Ascomycetes), парадак Туберальныя (Tuberales), сямейства Труфлевыя (Tuberaceae)

Статус. I катэгорыя. Надзвычай рэдкі, магчыма, зніклы від. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Гіпагейны немаральны лясны від з эўразійскім арэалам. Каштоўны ядомы грыб.
Кароткае апісанне. Пладовае цела дыяметрам да 2-8 см, няправільна-акругленае або клубнепадобнае. Перыдый (абалонка) ад мякаці не аддзяляецца, буйнабародаўчаты, чорна-буры. Бародаўкі цвёрдыя, тупапірамідальныя, з ледзь бачнымі палоскамі, дыяметрам 0,2-1 см. Глеба (мякаць) шчыльнамясістая, са слабым грыбным смакам і прэсным пахам, спачатку белаватая, пры выспяванні жоўта-бурая, на разрэзе з мармуровым малюнкам ад чаргавання светлых (вонкавыя вены) і цёмных звілістых (унутраныя вены) жылак. Сумкі авальна-мешкападобныя, 1-6-споравыя, размешчаны ў слаі, які высцілае вонкавыя вены. Споры 17-24 або 30-45 мкм, шырокаавальныя, амаль шарападобныя, з тоўстай сеткаватай абалонкай, тытунёва-бураватыя [2-5].
Асаблівасці біялогіі. Расце і ўтварае пладовыя целы ў верхнім гумусавым слоі глебы, пад яе паверхняй, у адных і тых жа месцах - «труфельніках». Мікарызны сімбіятроф шыракалістых дрэў. Пладовыя целы выспяваюць у чэрвені-жніўні.
Пашырэнне. Эўразія [1]. У Беларусі адзначаны ў Белавежскай пушчы [6].
Месцы росту. Шыракалістыя лясы з багатай на гумус, асабліва карбанатнай глебай.
Характар росту. Пладовыя целы трапляюцца адзінкавымі экземплярамі або невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Змена ўмоў росту пры неспрыяльным уздзеянні антрапагенных фактараў (зацвярдзенне і забруджванне глебы, высечка лесу, нерэгламентаваны збор і г.д.).
Культываванне. Ёсць звесткі аб вопыце развядзення чорнага труфеля ў прыродных умовах у Францыі і Італіі [1].
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомага месцазнаходжання, вывучэнне і кантроль за станам папуляцыі, выяўленне новых месцаў росту і іх ахова, забарона несанкцыянаванага збору пладовых цел, увядзенне ў культуру з мэтай захавання генафонду мясцовых папуляцый і наступнага рассялення ў прыроднае асяроддзе.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Жизнь растений, т. 2, 1976; 3. Морочковський и др., 1969; 4. Сержанина, Гапиенко, 1980; 5. Moszer, 1963; 6. Bloński, 1889.

Г.Сяржаніна @

Спарасіс кучаравы, або грыбная капуста (Sparassis crispa Wulf.: Fr., 1821)
Клас Базідыяльныя грыбы (Basidiomycetes), парадак Афілафаральныя (Aphyllophorales), сямейства Спарасісавыя (Sparassidaceae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога скарачаецца. Уключаны ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Від з дыз'юнктыўным арэалам. Ядомы грыб.
Кароткае апісанне. Пладовае цела дыяметрам 10-35 см, масай да 10 кг, круглаватае, моцнагалінастае, мясістае, падобнае да галоўкі цвятной капусты (адсюль другая назва), у сухім стане рогападобнае, белаватае, крэмава-жоўтае, пазней бурае; шматлікія галінкі лісцепадобныя, хваліста-кучаравыя з зубчастым краем, пакрытыя гіменіем. Тканка белая, валакністая, смакам і пахам нагадвае грэцкі арэх. Ножка кароткая, тоўстая, знаходзіцца ў зямлі. Споры памерам 5-7,5 х 3-5 мкм, эліпсаідальныя, гладкія, з кропляй алею, жаўтаватыя [2-4].
Асаблівасці біялогіі. Пладаносіць у жніўні-лістападзе.
Пашырэнне. Заходняя Эўропа, Летува, Латвія, Украіна, Кабардзіна-Балкарыя, Грузія, Заходняя Сібір, Алтай, Далёкі Ўсход, Паўночная Амерыка. У Беларусі выяўлены ў Камянецкім, Драгічынскім, Пружанскім (Белавежская пушча), Пінскім, Петрыкаўскім і Жыткавіцкім (Прыпяцкі запаведнік), Мазырскім, Лагойскім, Смалявіцкім, Бярэзінскім, Уздзенскім і Стаўбцоўскім раёнах [1-8].
Месцы росту. Расце ў хвойных, пераважна сасновых лясах, каля асновы ствалоў, радзей на свежых пнях, выклікае жоўта-бурую гніль каранёў і асновы ствалоў хвоі.
Характар росту. Трапляюцца адзінкавыя пладовыя целы.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Змяненне ўмоў росту пад уздзеяннем антрапагенных і заагенных фактараў (ушчыльненне глебы, зрэджванне дрэвастою, збор пладовых цел).
Культываванне. Ёсць у калекцыі культур Батанічнага інстытута ў Санкт-Пецярбурзе. Уключаны ў Каталог культур усесаюзнай калекцыі непатагенных мікраарганізмаў і каталог (СВ) Нідэрландаў. Дае багатую біямасу ў глыбіннай культуры [1].
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы і Прыпяцкім ландшафтна-гідралагічным запаведніку.
Неабходныя меры аховы. Забарона збору пладовых цел, абвяшчэнне вядомых месцаў росту пасля рэвізіі іх стану мікалагічнымі мікразаказнікамі, увядзенне ў калекцыі чыстых культур для захавання генафонду мясцовых папуляцый і наступнага развядзення ў прыродных умовах.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Пармасто, 1965; 3. Грибы, 1984; 4. Jєulich, 1984; 5. Любарский, Васильева, 1975; 6. Визначник грибів..., 1972; 7. Mazelaitis, 1976; 8. Сержанина, Яшкин, 1986.

А.Галаўко @

Герыцый рашэцістападобны (Hericium clathroides (Pallas: Fr.) Pers., 1825)
Клас Базідыяльныя грыбы (Basidiomycetes), парадак Афілафаральныя (Aphyllophorales), сямейства Герыцыевыя (Hericiaceae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від. Уключаны ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Від з дэкаратыўнымі пладовымі целамі. Ядомы ў маладым узросце.
Кароткае апісанне. Пладовае цела дрэвападобна разгалінаванае, іншы раз каля асновы жаўлакападобнае, мясістае, потым цвярдзее, белае, ружаватае, з узростам бурае; шыпы гіменафора даўжынёй да 1 см, прамыя або выгнутыя, пакрываюць галіны амаль да самай іх асновы, белыя, потым крэмавыя з ружаватым адценнем, бурэюць пры высыханні. Тканка белая, злёгку губчатая, з узростам цвёрдамясістая, без асобага смаку і паху. Споры памерам 3,5-5 х 3,5-4 мкм, шырокаэліпсоідныя, бясколерныя, амілоідныя [2, 3].
Асаблівасці біялогіі. Пладаносіць у жніўні-кастрычніку.
Пашырэнне. Заходняя Эўропа, Эстонія, Летува, Украіна, Крым, Каўказ, Заходняя і Ўсходняя Сібір, Далёкі Ўсход, Паўночная Амерыка. У Беларусі адзначаны ў Петрыкаўскім, Жыткавіцкім, Рэчыцкім, Менскім, Гарадзенскім, Магілеўскім раёнах, у Белавежскай пушчы [2-5].
Месцы росту. Расце ў лісцевых і мяшаных лясах - на драўніне лісцевых парод (пераважна на бярозе).
Характар росту. Трапляюцца адзінкавыя пладовыя целы.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Змяненне ўмоў росту пад уздзеяннем антрапагенных фактараў (ушчыльненне і забруджванне глебы, высечка лясоў, збор пладовых цел).
Культываванне. Указаны ў Каталогу чыстых культур Нідэрландаў [5].
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы і Прыпяцкім запаведніку.
Неабходныя меры аховы. Забарона збору пладовых цел, папярэджванне змянення экалагічнага рэжыму месцаў росту і забруджвання асяроддзя, увядзенне ў культуру з мэтай зберажэння генафонду мясцовых папуляцый і наступнага рассялення ў прыроднае асяроддзе, рэвізія вядомых месцаў росту, вывучэнне і кантроль за станам папуляцый, выяўленне новых месцаў росту і іх ахова.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Николаева, 1961; 3. Комарова, Головко, 1965; 4. Jєulich, 1984; 5. Stalpers, 1978; 6. Сержанина, Яшкин, 1986.

А.Галаўко @

Смярдзюх (вясёлка) звычайны (Phallus impudicus (L.) Pers., 1801)
Клас Базідыяльныя грыбы (Basidiomycetes), парадак Фалальныя (Phallales), сямейства Смярдзюхавыя (Phallaceae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Немаральны від з эўразійска-афрыканскім арэалам; малавядомы ядомы грыб (маладыя пладовыя целы), шырока папулярны сродак народнай медыцыны.
Кароткае апісанне. Пладовае цела спачатку яйкападобнае, паўпадземнае, вышынёй да 7-8 см, дыяметрам 5-6 см, з доўгім тоўстым коранепадобным прыдаткам каля асновы, брудна-белаватае. Абалонка (перыдый) трохслаёвая: звонку і ўнутры плеўкавая, шчыльная, са слізістай або студзяністай праслойкай («земляное масла»). З ростам грыба абалонка разрываецца на 2-3 лопасці, якія захоўваюцца на аснове рэцэптакула - белай верацёнападобнай губчатай ножкі вышынёй 10-12 і дыяметрам 3-4 см з кароткай шапачкай на верхавінцы. Шапачка вышынёй да 3-4 см, зверху прырослая да ножкі кольцападобным патаўшчэннем, сеткавата-ячэйкавая, укрытая слоем аліўкавай слізі («землянога масла») з рэзкім пахам падлы. Споры ў слізі 3-5 х 1-2 мкм, падоўжна-эліпсаідальныя, гладкія, бясколерныя, у масе жаўтаватыя [1, 2].
Асаблівасці біялогіі. Расце на ўрадлівай глебе, гумусавы сапратроф, магчымы паразіт ружаў, вінаграднай лазы [3]. Пладаносіць у ліпені-верасні. Размнажэнню спорамі спрыяюць насякомыя, якіх прываблівае падлавы пах.
Пашырэнне. Заходняя і Паўднёвая Эўропа, Цэнтральная і Ўсходняя Азія, Паўночная Афрыка. У Беларусі трапляецца паўсюдна, але спарадычна [3-5].
Месцы росту. Шыракалістыя і мяшаныя лясы.
Характар росту. Пладовыя целы трапляюцца адзінкавымі экземплярамі і невялікімі групамі. Адзначана зніжэнне колькасці плоданашэння.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Нерэгламентаваны збор пладовых цел, змяненне ўмоў росту пад уздзеяннем антрапагенных фактараў.
Культываванне. Звесткі адсутнічаюць.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў запаведніках і некаторых заказніках.
Неабходныя меры аховы. Забарона несанкцыянаванага збору пладовых цел. Увядзенне ў культуру для атрымання лекавых прэпаратаў і магчымага рассялення ў адпаведных біятопах, арганізацыя спецыялізаваных мікалагічных мікразаказнікаў.

Літ.: 1. Сержанина, Яшкин, 1986; 2. Сосин, 1973; 3. Горленко и др., 1980; 4. Mazelaitis, 1982; 5. Pilat, 1958.

Г.Сяржаніна @

Пархавік вялізны, або галавач, або дажджавік гіганцкі (Langermannia gigantea (Pers.) Rostk., 1839)
Клас Базідыяльныя грыбы (Basidiomycetes), парадак Пархавікальныя (Lycoperdales), сямейства Пархавіковыя (Lycoperdaceae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Галарктычны від з эўразійска-амерыканскім арэалам; малавядомы ядомы грыб (маладыя пладовыя целы), мае антыбластычныя якасці.
Кароткае апісанне. Пладовае цела вышынёй да 50-60 см, у дыяметры пляската-шарападобнае, сядзячае, каля асновы звужанае, складкаватае, са слаба развітай стэрыльнай тканкай і коранепадобным прыдаткам. Перыдый (абалонка) двухслаёвы. Экзаперыдый (вонкавы слой) тонкі, белы, паступова бурэе, у стадыі спеласці захоўваецца толькі каля асновы. Эндаперыдый (унутраны слой) тоўсты, мяккі, белы або буры, крохкі, абламваецца. Глеба (мякаць) мяккая, мясістая, губчатая, белая, з прыемным пахам і смакам, спелая аліўкава-бурая, парашкаватая. Капіліцый (ніткі для разрыхлення парашкаватай масы спелых спораў) таўстасценны, перагародчаты. Споры 3,5 х 6 мкм, шарападобныя, гладкія або шурпатыя, бура-карычневыя [1, 2].
Асаблівасці біялогіі. Грыбніца шматгадовая, пладовыя целы развіваюцца ў ліпені-верасні.
Пашырэнне. Заходняя і Паўднёвая Эўропа, Усходняя Азія, Паўночная Амерыка. У Беларусі знойдзены ў Менску і паблізу в. Амбросавічы ў Віцебскім раёне [3, 4].
Месцы росту. Узлескі лісцевых і мяшаных лясоў, паркі, палі, выганы, лугі. Расце на ўрадлівай глебе ва ўмовах умеранага ўвільгатнення.
Характар росту. Пладовыя целы трапляюцца адзінкавымі экземплярамі, вельмі рэдка па 2-3 у адным месцы.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Змена ўмоў росту пад уздзеяннем антрапагенных фактараў (зацвярдзенне глебы і г.д.).
Культываванне. Вырошчваецца ў Батанічным інстытуце Расейскай АН [5].
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Забарона несанкцыянаванага збору пладовых цел, выяўленне новых месцазнаходжанняў і арганізацыя ў месцах масавага росту спецыялізаваных мікалагічных мікразаказнікаў.

Літ.: 1. Сержанина, Яшкин, 1986; 2. Сосин, 1973; 3. Горленко и др., 1980; 4. Pilat,1958; 5. Высшие грибы..., 1973.

Г.Сяржаніна @

Грабянёк залацісты, або спатулярыя булавападобная (Spathularia clavata (Schaeff.) Sacc., 1881)
Клас Сумчатыя грыбы (Ascomycetes), парадак Гелацыяльныя (Helotiales), сямейства Языкаўцовыя (Geoglossaceae)

Статус. III катэгорыя. Выключна рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Галарктычны лясны від з эўразійска-амерыканскім арэалам. Надзвычай дэкаратыўны, малавядомы ядомы грыб.
Кароткае апісанне. Пладовае цела дыяметрам 1,5-2 см і да 3-5 см у вышыню, вертыкальна выцягнутае, лапаткападобнае. Ножка ўнізе звычайна з клубнепадобным уздуццем, часта сплюшчаная з бакоў, гладкая, жоўтая або жаўтаватая. Верхняя частка (спараносная) расшырана накшталт грабеньчыка або аблямоўкі, складкавата-хвалістая, яечна-жоўтая, аддзелена ад ножкі. Мякаць тонкая, з прыемным грыбным пахам і смакам. Сумкі выцягнутыя, 8-споравыя, размешчаны ў вонкавым слоі мякаці. Споры памерам 35-60 х 2-3 мкм, ніткападобныя, з больш шырокімі верхнімі канцамі, часам крыху выгнутыя, бясколерныя, гладкія, часта аслізлыя, спачатку аднаклетачныя, у спелай стадыі падзелены папярочнымі перагародкамі [2, 5, 6].
Асаблівасці біялогіі. Сапратроф на лясным гумусе са шматгадовай грыбніцай. Пладовыя целы ўтвараюцца ў жніўні-верасні (не кожны год).
Пашырэнне. Заходняя Эўропа, Азія, Паўночная Амерыка [1, 3]. У Беларусі выяўлена ў наваколлі в. Жорнаўка ў Асіповіцкім раёне (Жорнаўская ЛДС). Адзначалася ў Белавежскай пушчы [4].
Месцы росту. Расце ў ялова-шыракалістых і яловых лясах.
Характар росту. Пладовыя целы трапляюцца паасобку або невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Змяненне ўмоў росту пад уздзеяннем антрапагенных і заагенных фактараў (ушчыльненне і забруджванне глебы, высечка лясоў, пашкоджанне і збор пладовых цел і г.д.).
Культываванне. Звесткі адсутнічаюць.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Забарона збору пладовых цел, папярэджванне змянення экалагічнага рэжыму месцаў росту, увядзенне ў культуру з мэтай зберажэння генафонду мясцовых папуляцый і наступнага рассялення ў прыроднае асяроддзе, кантроль за станам папуляцыі вядомага месца росту, выяўленне новых месцаў росту і іх ахова.

Літ.: 1. Жизнь растений, т. 2, 1976; 2. Морочковський и др., 1963; 3. Шварцман, Кажиева, 1976; 4. Bloński, 1889; 5. Micael, Hennig, 1960; 6. Moszer, 1963.

Г.Сяржаніна @

Пікнапорус кінаварна-чырвоны (Pycnoporus cinnabarinus (Jacg: Fr.) P. Karst., 1881)
Клас Базідыяльныя грыбы (Basidiomycetes), парадак Афілафаральныя (Aphyllophorales), сямейства Паліпоравыя (Polyporaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Від з дэкаратыўнымі пладовымі целамі.
Кароткае апісанне. Шапка дыяметрам 4-6 см, пуката-плоская, палавінчатая, сядзячая або веерападобная, іншы раз паўраспасцёртая, з вострым і тонкім краем, гладкая ці дробнамаршчакаватая, чырванавата-аранжавая да кінаварна-чырвонай, з часам выцвілая. Тканка шапкі мяккая, губчатая, пры высыханні замшава-коркавая, слаба занальная. Трубачкі суцэльнакрайнія, поры ад акруглых да вуглаватых, з кінаварна-чырвонымі краямі. Ножка зачаткавая. Споры памерам 5-6 х 2-3 мкм, прадаўгавата-эліпсаідальныя, амаль цыліндрычныя, бясколерныя [1, 2].
Асаблівасці біялогіі. Пладаносіць у красавіку-верасні.
Пашырэнне. Эўропа. У Беларусі трапляецца ў многіх раёнах спарадычна, але рэдка [1-6].
Месцы росту. Расце ў лісцевых і мяшаных лясах. Часцей на выварачаных і абвугленых ствалах бярозы, на рабіне, асіне, буку, вішні і некаторых іншых лісцевых дрэвах, як выключэнне - на хвойных.
Характар росту. Трапляюцца адзінкавыя экземпляры.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Парушэнне ўмоў росту пад уздзеяннем антрапагенных фактараў.
Культываванне. Указаны ў Каталогу чыстых культур Нідэрландаў [7].
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Выяўленне і арганізацыя ўліку ўсіх месцаў росту, забеспячэнне іх захаванасці ў запаведніках і заказніках, увядзенне ў калекцыі чыстых культур.

Літ.: 1. Бондарцев, 1953; 2. Комарова, 1964; 3. Головко, 1968; 4. Mazelaitis, 1976; 5. Визначник грибів..., 1972; 6. Степанова-Картовенко, 1967; 7. Stalpers, 1978.

А.Галаўко @

Грыфала кучаравая, або грыб-баран (Grifola frondosa (Dicks.: Fr.) S.F. Gray, 1821)
Клас Базідыяльныя грыбы (Basidiomycetes), парадак Афілафаральныя (Aphyllophorales), сямейства Албатрэлавыя (Уласна губавыя грыбы) (Albatrellaceae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці і на абмежаваных тэрыторыях. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэліктавы від. Дэкаратыўны малавядомы ядомы грыб.
Кароткае апісанне. Пладовае цела дыяметрам да 1 м і масай да 10-20 кг. Складаецца з паўторна-галінастых пянькоў з агульнай асновай, якія на канцах пераходзяць у плоскія шапкі. Шапкі шматлікія, паўкруглыя, шырынёй 4-10 см, клінападобна звужаныя ў пянёк, мясіста-скурыстыя. Паверхня іх радыяльна-маршчакаватая, шурпатая, жаўтавата-шэрая ці шаравата-бурая. Тканка белая, валакніста-мясістая, з прыемным смакам. Трубачкі кароткія, зыходныя; поры акруглыя, іншы раз няправільныя. Гіфы тканкі таўста- і танкасценныя, дыяметрам 3-9 мкм; цыстыдаў няма. Споры гладкія, бясколерныя, шырокаэліпсоідныя, з зярністым змесцівам [2-5].
Асаблівасці біялогіі. Фітапатагенны грыб. Грыбніца яго жыве ў каранях і ствалах дрэў на працягу многіх гадоў. Утварае белую стрыжнёвую гніль з шматлікімі поласцямі, запоўненымі белай ватападобнай грыбніцай. Пладовыя целы за 8-10 сутак дасягаюць 1 м у дыяметры і масы да 20 кг; з'яўляюцца ў ліпені-верасні. Мае прыемны пах і смак арэха.
Пашырэнне. Эўразія, Паўночная Амерыка, Аўстралія. У Беларусі знойдзены ў Пружанскім (Белавежская пушча), Барысаўскім, Чэрвеньскім і Жыткавіцкім раёнах [1-7].
Месцы росту. Шыракалістыя і хвойна-шыракалістыя лясы. Расце пры аснове старых ствалоў дубу, грабу, вязу, клёну, значна радзей - сасны.
Характар росту. Трапляюцца адзінкавыя экземпляры.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Збор пладовых цел.
Культываванне. Занесены ў Каталогі чыстых культур Нідэрландаў і Германіі [1].
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы, Прыпяцкім ландшафтна-гідралагічным запаведніку, а таксама ў Жыткавіцкім батанічным заказніку.
Неабходныя меры аховы. Стварэнне ў вядомых месцах росту спецыялізаваных мікалагічных мікразаказнікаў, выяўленне новых месцаў росту, увядзенне ў калекцыі чыстых культур для захавання генафонду мясцовай папуляцыі і наступнага рассялення ў прыроднае асяроддзе, забарона несанкцыянаванага збору пладовых цел.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Бондарцев, 1953; 3. Горленко, Бондарцева и др., 1980; 4. Domański..., 1967; 5. Головко, 1968; 6. Грибы, 1984; 7. Вимба, Эрдмане, 1968.

А.Галаўко @

Грыфала парасонавая, або губа разгалінаваная (Grifola umbellata (Pers.: Fr.) Pilat., 1936)
Клас Базідыяльныя грыбы (Basidiomycetes), парадак Афілафаральныя (Aphyllophorales), сямейства Албатрэлавыя (Уласна губавыя грыбы) (Albatrellaceae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці і на абмежаваных тэрыторыях. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Каштоўны ядомы грыб.
Кароткае апісанне. Пладовае цела дыяметрам да 50 см і масай да 4 кг. Складаецца са шматлікіх разгалінаваных, добра бачных пянькоў з цэнтральна размешчанымі на верхавінцы шапкамі, злучаных каля асновы ў агульную клубнепадобную ножку. Шапкі (да 100 і больш) дыяметрам 1,5-4 см, акруглыя, суцэльнакрайнія, іншы раз хвалістыя, з невялікімі выемкамі ў цэнтры, палевыя, светла-вохрыстыя, шэра-карычневыя, гладкія, іншы раз дробналускаватыя. Тканка белая, мясістая, з узростам валакністая, з характэрным кропавым пахам і прыемным смакам. Трубачкі белыя, кароткія, зыходныя на ножкі; поры няправільна-акруглыя, потым вуглаватыя. Гіфы тканкі танкасценныя, складаюцца з тоўстых і кароткіх ці доўгіх вузкіх сегментаў, закругленых на канцах, дыяметрам 3-9 мкм; цыстыдаў няма. Споры даўжынёй 7-10 мкм, амаль цыліндрычныя ці вераценападобныя, часта з зярністым змесцівам [2, 3].
Асаблівасці біялогіі. Фітапатагенны грыб. Грыбніца яго жыве ў каранях і пры аснове ствалоў лісцевых, як выключэнне, хвойных дрэў. Сапратроф на дрэвавым ападзе ў подсціле. У глебе ўтварае разгалінаваны чорны склероцый, з якога, магчыма, развіваюцца пладовыя целы [3].
Пашырэнне. Эўразія, Паўночная Амерыка. У Беларусі знойдзены ў Бялыніцкім, Бярозаўскім, Глыбоцкім, Жабінкаўскім, Жыткавіцкім, Крычаўскім, Лёзненскім, Маладэчанскім, Пружанскім (Белавежская пушча), Пухавіцкім і Хоцімскім раёнах [1-8].
Месцы росту. Лісцевыя і хвойна-шыракалістыя лясы. Расце каля асновы ствалоў і пнёў лісцевых дрэў - дубу, грабу, вязу, клёну і іншых, а таксама паблізу кустоў ляшчыны.
Характар росту. Трапляюцца адзінкавыя экземпляры.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Збор пладовых цел, парушэнне ўмоў росту неспрыяльнымі антрапагеннымі і заагеннымі ўздзеяннямі.
Культываванне. Занесены ў Каталог чыстых культур Нідэрландаў [1].
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы, Прыпяцкім запаведніку, у азёрным заказніку «Доўгае».
Неабходныя меры аховы. Стварэнне ў вядомых месцах росту спецыялізаваных мікалагічных мікразаказнікаў, выяўленне новых месцазнаходжанняў, увядзенне ў калекцыі чыстых культур для захавання генафонду мясцовай папуляцыі і наступнага рассялення ў прыроднае асяроддзе, забарона несанкцыянаванага збору пладовых цел.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Комарова, 1964; 3. Бондарцев, 1953; 4. Domański..., 1967; 5. Mazelaitis, 1976; 6. Природа Белоруссии..., 1986; 7. Флора споровых растений..., 1964; 8. Сержанина, Яшкин, 1986.

А.Галаўко @

Балетопсіс бела-чорны (Boletopsis leucomelaena (Pers.) Fayod., 1889)
Клас Базідыяльныя грыбы (Basidiomycetes), парадак Афілафаральныя (Aphyllophorales), сямейства Тэляфоравыя (Thelephoraceae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Барэальны від, адзіны прадстаўнік роду ў Беларусі. Ядомы грыб.
Кароткае апісанне. Шапка дыяметрам 5-10 см, паўшарападобная, пазней плоска-пукатая, мясістая, у цэнтры злёгку ўціснутая, матавая, шаравата-бураватая да брудна-шэрай, пакрыта тонкай кутыкулай, якая з часам радыяльна растрэскваецца ў выглядзе жылак або слаба прыкметных лускавінак, асабліва ў цэнтры. Тканка шапкі шчыльная, белая, на зломе і пры націсканні робіцца ружавата-фіялетавай, пазней - бледна-шэрай або бураватай. Трубачкі зыходзяць на ножку, кароткія, белыя або шараватыя, пазней бурэюць; поры ад акруглых да злёгку вуглаватых. Ножка даўжынёй 2-4 см, таўшчынёй да 3 см, часта да асновы ўздутая, вельмі шчыльная, бруднавата-бураватая, пазней падоўжна маршчакаватая. Споры памерам 4,5-6 х 3,5-5,5 мкм, амаль вуглаватыя, спачатку бясколерныя, потым бураватыя [1-6].
Асаблівасці біялогіі. Пладаносіць у верасні-кастрычніку.
Пашырэнне. Заходняя Эўропа, Паўночная Амерыка (ЗША). У Беларусі выяўлены ў Лепельскім (Бярэзінскі запаведнік) і Лагойскім раёнах [1-6].
Месцы росту. Расце ў верасова- і мшыста-лішайнікавых хвойных лясах сярод разрэджанага наглебавага покрыва ў добра асветленых месцах на абагачанай гумусам глебе.
Характар росту. Трапляюцца адзінкавыя экземпляры, радзей невялікія групы.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Збор грыбоў, парушэнне ўмоў росту антрапагеннымі і заагеннымі ўздзеяннямі (у асноўным ушчыльненне глебы).
Культываванне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Бярэзінскім запаведніку.
Неабходныя меры аховы. Забарона збору грыбоў, кантроль за станам папуляцыі і ўмоў росту, абвяшчэнне вядомых месцазнаходжанняў пасля рэвізіі іх стану спецыялізаванымі мікалагічнымі мікразаказнікамі, выяўленне новых месцаў росту.

Літ.: 1. Головко, 1975; 2. Бондарцев, 1953; 3. Визначник грибів..., 1972; 4. Mazelaitis, 1976; 5. Ярва, Пармасто, 1980; 6. Jєulich, 1984.

А.Галаўко @

Клаварыядэльфус (рагацік) песцікавы (Clavariadelphus pistillaris (Fr.) Donk., 1933)
Клас Базідыяльныя грыбы (Basidiomycetes), парадак Афілафаральныя (Aphyllophorales), сямейства Рагацікавыя (Clavariaceae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях. Уключаны ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Від з дэкаратыўнымі пладовымі целамі.
Кароткае апісанне. Пладовае цела вышынёй 7-15 (30) см, дыяметрам да 5 см (у найбольш шырокай частцы), булавападобнае, іншы раз лапатападобнае, светла-жоўтае, з часам цёмна-вохравае, падоўжна-маршчакаватае. Тканка шчыльная, губчатая, белая, на зломе афарбоўваецца ў пурпурова-бураваты колер, з прыемным пахам, гаркаватым смакам. Ножка няясная, каля асновы белалямцавая. Гіменій пакрывае верхавінку пладовага цела. Споры памерам 7-16 х 4-10 мкм, гладкія, бясколерныя, часам з зярністым змесцівам [2, 3].
Асаблівасці біялогіі. Пладаносіць у жніўні-лістападзе.
Пашырэнне. Заходняя Эўропа, Паўночная Амерыка, Кітай, Японія. У Беларусі выяўлены ў Пружанскім (Белавежская пушча), Ушацкім, Асіповіцкім і Жыткавіцкім раёнах [2-4].
Месцы росту. Расце ў лісцевых і мяшаных, радзей хвойных лясах.
Характар росту. Трапляюцца адзінкавыя экземпляры або невялікія групы.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Збор пладовых цел, парушэнне месцаў росту пад уздзеяннем антрапагенных і заагенных фактараў (у асноўным ушчыльненне глебы).
Культываванне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы і Прыпяцкім запаведніку.
Неабходныя меры аховы. Забарона збору пладовых цел, абвяшчэнне вядомых месцазнаходжанняў пасля рэвізіі іх стану спецыялізаванымі мікалагічнымі мікразаказнікамі, выяўленне новых месцаў росту, увядзенне ў калекцыі чыстых культур для зберажэння генафонду мясцовай папуляцыі і наступнага рассялення ў прыродныя ўмовы.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1967; 2. Пармасто, 1965; 3. Флора споровых растений..., 1964; 4. Флора и растительность Уссурийского..., 1978.

А.Галаўко @

Махавік паразітны (Xerocomus parasiticus (Fr.) Quel., 1888)
Клас Базідыяльныя грыбы (Basidiomycetes), парадак Балетальныя (Boletales), сямейства Балетавыя, або Трубчастыя (Boletaceae)

Статус. III катэгорыя. Надзвычай рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці і на абмежаваных плошчах.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны паразітны грыб сярод сямейства трубчастых. Немаральны від з эўрафрыкана-амерыканскім арэалам. Малавядомы ядомы грыб.
Кароткае апісанне. Шапка дыяметрам 2-7 см, пукатая, потым пляскатая, сухая, тонкаапушаная, з узростам са шчылінкамі, жаўтавата- або аліўкава-бурая. Мякаць жоўтая, каля ножкі буравата-чырванаватая, з мяккім смакам і слабым грыбным пахам. Трубачкі зыходныя, жоўтыя, з чырванаватымі плямамі, з няправільна-вуглаватымі порамі. Ножка памерам 3-7 х 1-2 см, цыліндрычная, суцэльная, нярэдка выгнутая, гладкая, залаціста-жоўтая, з чырванаватымі плямамі. Споры 12-15 х 4-5 мкм, шырокавераценападобныя, гладкія, аліўкава-бурыя [1-3].
Асаблівасці біялогіі. Расце на жывых пладовых целах пашыранага і багата пладаноснага цвердаскура звычайнага (Scleroderma aurantium).
Пашырэнне. Заходняя Эўропа, Паўночная Афрыка, Паўночная Амерыка. У Беларусі знойдзены паблізу вёсак Найда і Млынок у Жыткавіцкім раёне [3-5].
Месцы росту. Расце ў шыракалістых лясах з умераным увільгатненнем, у месцах плоданашэння несапраўднага дажджавіка.
Характар росту. Пладовыя целы растуць паасобку або невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Змена ўмоў росту пад уздзеяннем антрапагенных фактараў.
Культываванне. Звесткі адсутнічаюць.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Стварэнне ў месцах росту віду спецыялізаваных мікалагічных мікразаказнікаў, увядзенне ў калекцыі чыстых культур для захавання генафонду мясцовых папуляцый і наступнага развядзення ў прыродных умовах, забарона несанкцыянаванага збору пладовых цел.

Літ.: 1. Michael, Hennig, 1960; 2. Moszer, 1978; 3. Pilat, Dermek, 1974; 4. Сержанина, 1984; 5. Skirgiello, 1960.

Г.Сяржаніна @

Махавік чырванеючы, або рубінава-ружовы (Xerocomus rubellus (Krombh.) Quel., 1888)
Клас Базідыяльныя грыбы (Basidiomycetes), парадак Балетальныя (Boletales), сямейства Балетавыя, або Трубчастыя (Boletaceae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці і на абмежаваных плошчах.
Значэнне ў захаванні генафонду. Немаральны від з эўразійска-афрыканскім арэалам. Дэкаратыўны малавядомы ядомы грыб.
Кароткае апісанне. Шапка дыяметрам 3-6 [8] см, пукатая, потым пляскатая, тонкаапушаная, іншы раз са шчылінкамі, вішнёва-чырвона-бурая або ружова-бураватая, звычайна з аліўкавым адценнем. Мякаць жоўтая, на разрэзе ў ножцы злёгку зелянее. Трубачкі прырослыя, з вуглаватымі порамі, жоўта-аліўкавыя, пры дотыку зелянеюць. Ножка памерам 4-8 х 1-2 см, суцэльная, роўная, каля трубачак жоўтая, каля асновы з вішнёва-чырвоным адценнем. Споры 8-15 х 4-6 мкм, падоўжана-эліпсаідальныя, гладкія, жоўта-аліўкавыя [1-5].
Асаблівасці біялогіі. Мікарызны сімбіёнт дуба, граба, магчыма ляшчыны. Пладаносіць ва ўмовах умеранага ўвільгатнення. Пладовыя целы з'яўляюцца ў ліпені-верасні.
Пашырэнне. Эўразія, Паўночная Афрыка. У Беларусі знойдзены паблізу в. Леніна ў Жыткавіцкім раёне і ў Асіповіцкім раёне на Жорнаўскай лясной доследнай станцыі [1, 4, 5].
Месцы росту. Дубравы і іншыя шыракалістыя лясы.
Характар росту. Пладаносіць адзінкавымі пладовымі целамі і невялікімі групамі. Адзначана зніжэнне колькасці плоданашэнняў.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Змена ўмоў росту пад уздзеяннем антрапагенных фактараў (зацвярдзенне глебы, зрэджванне дрэвастою, нерэгламентаваны збор пладовых цел і т.п.).
Культываванне. Звесткі адсутнічаюць.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца на тэрыторыі Ленінскага паляўнічага заказніка.
Неабходныя меры аховы. Стварэнне ў месцах росту віду спецыялізаваных мікалагічных мікразаказнікаў, увядзенне ў культуру для захавання генафонду мясцовых папуляцый і наступнага развядзення ў прыродных умовах, забарона несанкцыянаванага збору пладовых цел.

Літ.: 1. Сержанина, 1984; 2. Michael, Hennig, 1960; 3. Moszer, 1978; 4. Pilat, Dermek, 1974; 5. Skirgiello, 1960.

Г.Сяржаніна @

Гіднотрыя цюляна, або труфля чырвона-бурая (Hydnotria tulasnei Bk. et Br., 1846)
Клас Сумчатыя грыбы (Ascomycetes), парадак Туберальныя (Tuberales), сямейства Труфлевыя (Tuberaceae)

Статус. IV катэгорыя. Выключна рэдкі, недастаткова вывучаны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Гіпагейны галарктычны лясны від з эўразійскім арэалам. Малавядомы ядомы грыб.
Кароткае апісанне. Пладовае цела дыяметрам да 3-4 см, круглавата-клубнепадобнае, нагадвае грэцкі арэх. Абалонка ад мякаці не аддзяляецца, шчыльная, часта маршчакаватая, з глыбокімі звілінамі і ямкамі, якія вядуць усярэдзіну пладовага цела, спачатку з мучністым або вотруб'епадобным налётам, пазней гладкая, бураватая, з шакаладна-каштанавым адценнем, асабліва прыкметным пры падсыханні. Мякаць шчыльнамясістая, з прыемным пахам і смакам, ружавата-бураватая, са шматлікімі звілістымі вузкімі поласцямі (хадамі), на разрэзе з жылкаватым мармуровым малюнкам. Сумкі выцягнута мехападобныя, ружавата-бурыя, 8-споравыя, размяшчаюцца групамі ў слоі, які высцілае хады. Споры дыяметрам 24-34 мкм, няправільна-шарападобныя, з тоўстай бугрыстай абалонкай, ружавата-бураватыя, у сумцы ляжаць у два рады [1-4].
Асаблівасці біялогіі. Утварае пладовыя целы пад паверхняй глебы, зрэдку яны выступаюць над ёй. Мікарызны сімбіятроф дуба, граба, магчыма, хвоі. Пладовыя целы развіваюцца на працягу ўсяго лета, выспяваюць у жніўні-верасні.
Пашырэнне. Эўразія. У Беларусі выяўлены ў наваколлі в. Старажоўцы (Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік) [5-8].
Месцы росту. Расце пераважна ў лісцевых лясах з багатай гумусам супясчанай глебай.
Характар росту. Пладовыя целы трапляюцца паасобку або невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Змяненне ўмоў росту пад уздзеяннем неспрыяльных антрапагенных і заагенных фактараў (ушчыльненне і забруджванне глебы, высечка лясоў, паяданне дзікамі і аленямі).
Культываванне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Прыпяцкім запаведніку.
Неабходныя меры аховы. Забарона збору пладовых цел, папярэджванне змянення экалагічнага рэжыму месцаў росту, увядзенне ў культуру з мэтай зберажэння генафонду мясцовых папуляцый і наступнага рассялення ў прыроднае асяроддзе, кантроль за станам папуляцыі вядомага месца росту, выяўленне новых месцаў росту і іх ахова.

Літ.: 1. Горленко и др., 1980; 2. Морочковський и др., 1969; 3. Сержанина, Гапиенко, 1980; 4. Moszer, 1963; 5. Бухгольц, 1902; 6. Васильева, 1978.

Г.Сяржаніна @

Стэфензія атласная, або труфля шаўкавістая (Stephensia bombycina (Vitt.) Tul., 1845)
Клас Сумчатыя грыбы (Ascomycetes), парадак Туберальныя (Tuberales), сямейства Труфлевыя (Tuberaceae)

Статус. IV катэгорыя. Надзвычай рэдкі, недастаткова вывучаны від з дыз'юнктыўным арэалам, які, магчыма, скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Гіпагейны галарктычны лясны від.
Кароткае апісанне. Пладовае цела дыяметрам да 2-2,5 см, акругла-клубнепадобнае. Перыдый (абалонка) ад мякаці не аддзяляецца, звіліста-складкаваты, з вузкай шчылінкай, якая вядзе ўнутр пладовага цела, кароткаапушаны, амаль гладкі, вельмі светлы, крыху бураваты. Глеба (мякаць) белаватая, шчыльна-мясістая, з лабірынтападобнымі хадамі, у сярэдзіне ружавата-белаватая, з прэсным смакам і рэзкім сырным пахам. Сумкі вузкія, цыліндрычныя або мяшэчкападобныя, 8-споравыя, высцілаюць хады гіменіяльным слоем. Споры 17 х 24-26 мкм, шарападобныя, гладкія, амаль бясколерныя, у масе светла-бураватыя, у сумцы размешчаны ў 2 рады [1-3].
Асаблівасці біялогіі. Расце і пладаносіць у паверхневым слоі глебы. Утварае мікарызу з шыракалістымі дрэвамі. Пладовыя целы выспяваюць у ліпені-верасні.
Пашырэнне. Заходняя Эўропа. Ва Ўсходняй Эўропе трапляецца толькі ў Беларусі, знойдзены ў наваколлі в. Глебкавічы ў Смалявіцкім раёне [2, 3].
Месцы росту. Мяшаныя і хвойныя лясы з багатымі на гумус глебамі.
Характар росту. Пладовыя целы трапляюцца адзінкавымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Змена ўмоў росту пры неспрыяльным уздзеянні антрапагенных фактараў (зацвярдзенне і забруджванне глебы, высечка лесу і г.д.).
Культываванне. Звесткі адсутнічаюць.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Арганізацыя спецыялізаванага мікалагічнага заказніка ў Смалявіцкім раёне, выяўленне новых месцаў росту і іх ахова, забарона несанкцыянаванага збору пладовых цел, увядзенне ў культуру з мэтай захавання генафонду мясцовых папуляцый і наступнага рассялення ў прыроднае асяроддзе.

Літ.: 1. Бухгольц, 1902; 2. Сержанина, Гапиенко, 1980; 3. Moszer, 1963.

Г.Сяржаніна @

Труфля борха, або труфля белаватая (Tuber borchii Vitt., 1831)
Клас Сумчатыя грыбы (Ascomycetes), парадак Туберальныя (Tuberales), сямейства Труфлевыя (Tuberaceae)

Статус. IV катэгорыя. Надзвычай рэдкі, недастаткова вывучаны від з арэалам, які, магчыма, скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Гіпагейны немаральны лясны від, як мяркуецца, з дыз'юнктыўным арэалам. Малавядомы ядомы грыб.
Кароткае апісанне. Пладовае цела дыяметрам да 2,5 см, клубнепадобнае або вуглавата-акругленае. Перыдый (абалонка) ад мякаці не аддзяляецца, з няроўнай паверхняй, але гладкі, белаваты, часам з брудна- або шакаладна-бураватым адценнем. Глеба (мякаць) шчыльнамясістая, белая або злёгку крэмавая, ружаватая, на разрэзе з мармуровым малюнкам, з вельмі тонкімі звілінамі крэмавага колеру, пры выспяванні бурэе, мае пах сырой бульбы, без асаблівага смаку. Сумкі авальныя або авальна-грушападобныя, з выцягнутай кароткай ніжняй часткай, 1-3-, радзей 4-5-споравыя, у мякаці, якая высцілае звіліны (вонкавыя вены), размешчаны групамі. Споры 41-50 х 26-29 мкм, спачатку бясколерныя, амаль шарападобныя, з сеткаватай абалонкай, пазней авальныя, жоўта-бурыя, з доўгімі шыпамі па вуглах сеткаватай структуры [1-3].
Асаблівасці біялогіі. Расце і ўтварае пладовыя целы ў верхнім гумусавым слоі глебы, пад яе паверхняй. Мікарызны сімбіятроф шыракалістых дрэў. Пладовыя целы выспяваюць у жніўні-верасні.
Пашырэнне. Заходняя Эўропа. У Беларусі знойдзены толькі ў наваколлі в. Жорнаўка ў Асіповіцкім раёне - Жорнаўская лясная доследная станцыя [2, 4].
Месцы росту. Лісцевыя і мяшаныя лясы з глебай, багатай на гумус, асабліва з карбанатнай сугліністай.
Характар росту. Пладовыя целы трапляюцца адзінкавымі экземплярамі або невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Змена ўмоў росту пры неспрыяльным уздзеянні антрапагенных фактараў (зацвярдзенне і забруджванне глебы, высечка лесу і г.д.).
Культываванне. Звесткі адсутнічаюць.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомага месцазнаходжання, вывучэнне і кантроль за станам папуляцыі, арганізацыя спецыялізаванага мікалагічнага мікразаказніка ў Асіповіцкім раёне, выяўленне новых месцаў росту і іх ахова, забарона несанкцыянаванага збору пладовых цел, увядзенне ў культуру з мэтай захавання генафонду мясцовых папуляцый і наступнага рассялення ў прыроднае асяроддзе.

Літ.: 1. Бухгольц, 1902; 2. Сержанина, Гапиенко, 1980; 3. Moszer, 1963; 4. Michael, Hennig, 1960.

Г.Сяржаніна @

Грыб-парасонік (буйналускаўніца) дзявочы (Macrolepiota puellaris (Fr.) Mos., 1967)
Клас Базідыяльныя грыбы (Basidiomycetes), парадак Агарыкальныя (Agaricales), сямейства Лускаўніцавыя (Lepiotaceae)

Статус. IV катэгорыя. Надзвычай рэдкі, слаба вывучаны від. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Галарктычны від з дыз'юнктыўным эўразійскім арэалам. Малавядомы ядомы грыб.
Кароткае апісанне. Пладовае цела складаецца з ножкі і шапкі. Шапка дыяметрам 5-10 см, яйка- або парасонападобная, з пакатым гладкім бураватым бугарком і злёгку апушаным кудлатым або махрыстым краем, белая, укрыта трохвугольнымі адтапыранымі мяккімі белымі лусачкамі, сухая. Мякаць белая, рыхлая, без асаблівага смаку, з пахам рэдзькі, на разрэзе каля асновы ножкі чырванее. Пласцінкі свабодныя, шырокія, ланцэтападобныя, частыя, белыя або злёгку ружаватыя, пры дотыку набываюць бура-карычневае адценне. Споры гладкія, бясколерныя, у масе слаба крэмавыя, эліпсаідальныя, 8-9 x 5-6 мкм, з порай прарастання. Хейлацыстыды (краявыя цыстыды) выцягнутыя, бясколерныя, рознай формы. Ножка памерам 5-10 x 0,7-1 см, цыліндрычная, каля асновы расшыраная, полая, брудна-белаватая, з цягам часу карычнявата-бураватая, гладка-валакністая, уверсе з шырокім адыходзячым, даволі тоўстым і рыхлым белым кальцом [2-4].
Асаблівасці біялогіі. Гумусавы сапратроф. Пладовыя целы з'яўляюцца спарадычна ў жніўні-верасні.
Пашырэнне. Эўразія. У Беларусі вядома адзінае месцазнаходжанне ў наваколлі в. Падневічы ў Валожынскім раёне [1, 2].
Месцы росту. Узлескі і паляны хвойных і мяшаных лясоў, сухадольныя лугі. Расце на добра ўгноенай глебе ў гумусавым гарызонце.
Характар росту. Пладовыя целы трапляюцца адзінкавымі экземплярамі, зрэдку невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Змена ўмоў росту пад уздзеяннем антрапагенных і заагенных фактараў (зацвярдзенне глебы, выпас жывёлы і г. д.), збор і пашкоджванне пладовых цел.
Культываванне. Звесткі адсутнічаюць.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльныя меры аховы не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Стварэнне ў месцах росту віду спецыялізаваных мікалагічных мікразаказнікаў, выяўленне новых месцазнаходжанняў і іх ахова, увядзенне ў калекцыі чыстых культур для аховы генафонду мясцовай папуляцыі і наступнага рассялення ў прыродныя ўмовы, забарона несанкцыянаванага збору пладовых цел.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Вассер, 1980; 3. Michael, Hennig, Kreisel, 1979; 4. Moszer, 1978.

Г.Сяржаніна ##Chapter: 28. Водарасці @

Цэнтранела рэйхельта (Centronella reicheltii Voigt)
Аддзел Дыятомавыя водарасці (Bacillariophyta), клас Пенатафіцыевыя (Pennatophyceae), парадак Бясшвовыя (Araphinales), сямейства Фрагілярыевыя (Fragillariaceae)

Статус. I катэгорыя. Выключна рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўнік алігатыпічнага [1], па іншых звестках монатыпічнага [2, 3] роду.
Кароткае апісанне. Аднаклетачная водарасць. Клеткі (створкі) трохпрамянёвыя. Прамяні палачкападобныя, з паяска лінейныя, даўжынёй 22-35 мкм, шырынёй каля асновы 2 мкм, на свабодным злёгку галоўчатым канцы 1 мкм. Аснова ледзь прыкметна каленчата выгнутая і злёгку перашнураваная. Прамяні з далікатнымі папярочнымі паралельнымі штрыхамі (22-26 у 10 мкм), перарванымі вузка лінейным восевым полем. Хларапласты (3 прадаўгаватыя пласцінкі) размешчаны па аднаму каля асновы кожнага праменя. Ядро трохлопасцевае [1, 3].
Асаблівасці біялогіі. Размнажэнне вегетатыўнае - падоўжным дзяленнем клеткі. Здрабненне клеткі звычайна не перавышае паловы або трэці першапачатковага памера, пасля чаго адбываецца ўтварэнне ауксаспор. У ауксаспоры ўтвараецца новая буйная клетка, здольная дзяліцца. Утварэнне ауксаспоры суправаджаецца полавым працэсам.
Пашырэнне. Трапляецца спарадычна ў Эўропе (Германія, Польшча). Знойдзена ў Полацкім (азёрны заказнік «Вялікае Астравіта») і Мядзельскім (воз. Баторын) раёнах [4, 5].
Месцы росту. У планктоне пераважна эўтрофных азёр і павольна цякучых водах; ёсць указанні - у саланаватых водах [1].
Характар росту. Трапляецца асобнымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Невядомы.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Знаходзіцца пад аховай рэжыму азёрнага заказніка «Вялікае Астравіта».
Неабходныя меры аховы. Прадухіленне забруджвання і змянення гідралагічнага і гідрахімічнага рэжымаў вадаёмаў, выяўленне новых месцаў росту.

Літ.: 1. Забелина и др., 1951; 2. Hindak, 1978; 3. Топачевский, Оксиюк, 1960; 4. Михеева, 1971; 5. Михеева, 1985.

Т.Міхеева @

Гамфацымбела выгнутая (Gomphocymbella ancyli (Cleve) Hust., 1951)
Аддзел Дыятомавыя водарасці (Bacillariophyta), клас Пенатафіцыевыя (Pennatophyceae), парадак Шоўныя (Raphinales), сямейства Гамфацымбелавыя (Gomphocymbellaceae)

Статус. I катэгорыя. Выключна рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны прэснаводны холадаўстойлівы альпійскі прадстаўнік роду.
Кароткае апісанне. Аднаклетачны мікраскапічны арганізм з лінейна-ланцэтнымі, слаба асіметрычнымі па падоўжнай і папярочнай восях, ледзь серпападобна выгнутымі і злёгку клінападобнымі створкамі з тупа закругленымі канцамі. Базальны канец больш звужаны і адцягнуты. Спінны край створкі выпуклы, брушны слаба ўвагнуты з невялікай пукатасцю пасярэдзіне. Даўжыня 30-45 мкм, шырыня 7-8 мкм. Восевае поле вузкае, сярэдняе - маленькае з ізаляванай кропкай. Шво эксцэнтрычнае, злёгку выгнутае. Палярныя шчыліны адагнуты да спіннога боку. Штрыхі (10-13 у 10 мкм) на панцыры радыяльныя, пункцірныя [1-3].
Асаблівасці біялогіі. Вегетатыўнае размнажэнне адбываецца падоўжным дзяленнем клеткі з наступным утварэннем адсутнай паловы панцыра.
Пашырэнне. У вадаёмах Цэнтральных Альпаў, горных вадаёмах Югаславіі, азёрах Германіі, Даніі, Ірландыі. Выяўлена ў Беларусі - у воз. Нарач.
Месцы росту. Расце ў планктоне і перыфітоне, прымацавана да субстрату студзяністымі ножкамі, у намулках, донных адкладаннях.
Характар росту. У планктоне трапляецца адзіночнымі экземплярамі, у абрастаннях макрафітаў - ад некалькіх да 1000 экз./ кв. см паверхні, у намулках - часта.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Эўтрафіраванне вадаёмаў.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Выяўленне новых месцаў росту і арганізацыя іх аховы, прадухіленне эўтрафіравання вадаёмаў і парушэння іх тэрмічнага рэжыму.

Літ.: 1. Забелина и др., 1951; 2. Хурсевич, 1976; 3. Энцыклапедыя..., 1983.

Т.Міхеева @

Батрахаспермум ружанцападобны (Batrachospermum moniliforme Roth., 1807)
Аддзел Чырвоныя водарасці (Rhodophyta), клас Фларыдыяфіцыевыя (Florideophyceae), парадак Немаліевыя (Nemaliales), сямейства Батрахаспермавыя (Batrachospermaceae)

Статус. II катэгорыя. Адносна рэдкі від, колькасць якога хутка скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Асноўны пашыраны від роду, які адрозніваецца высокай ступенню полімарфізму.
Кароткае апісанне. Слаявіна ніткападобная, шматклетачная, даўжынёй 2-12 см, слізістая, жоўта- або аліўкава-шэрая, бураватая, багата разгалінаваная. Галоўная вось густа ўсаджана кальчакамі кароткіх галінак, а таксама кальчакова размешчанымі бакавымі галінкамі, якія надаюць слаявіне ружанцападобную форму. Кальчакі дыяметрам 500-1000 мкм, шара-, эліпса- або бочачкападобныя. Кальчаковыя галінкі багата разгалінаваныя, прамыя ў верхняй частцы, складзены з 6-20 клетак. Верхавінкавыя клеткі часта заканчваюцца бясколерным валаском. Паміж кальчакамі могуць узнікаць і шматлікія другасныя бакавыя галінкі, якія маскіруюць кальчаковую будову слаявіны. На кальчаковых галінках утвараюцца жаночыя (аагоніі або карпагоны) і мужчынскія (сперматангіі) рэпрадукцыйныя органы [1-3].
Асаблівасці біялогіі. Аднадомны від. Полавы працэс - аагамія. Мужчынскія і жаночыя гаметы пазбаўлены жгуцікаў. Жаночыя гаметы не выходзяць у навакольнае асяроддзе, а застаюцца на расліне, мужчынскія - выкідваюцца і пасіўна пераносяцца вадой [1-3].
Пашырэнне. Трапляецца ў многіх частках свету. Рэдкія месцазнаходжанні адзначаны ў Эўразіі. У Беларусі знойдзены ў Мядзельскім раёне - басейн воз. Нарач [4].
Месцы росту. Расце ў прэсных водах з добрай аэрацыяй: ручаях з хуткім цячэннем, рэках, крыніцах, у прыбярэжнай зоне азёр на цвёрдым субстраце (камяні, штучныя пабудовы), а таксама як эпіфіт на іншых раслінах.
Характар росту. Трапляецца невялікімі групамі або паасобнымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Антрапагеннае забруджванне водаў, гаспадарчая дзейнасць чалавека.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Папярэджванне забруджвання і змянення гідралагічнага і гідрахімічнага рэжымаў вадаёмаў і вадацёкаў басейна воз. Нарач, арганізацыя ў месцах росту альгалагічных мікразаказнікаў, выяўленне новых месцазнаходжанняў.

Літ.: 1. Виноградова и др., 1980; 2. Мошкова, Фролова, 1983; 3. Fott, 1967; 4. Энцыклапедыя прыроды Беларусі, т. 1, 1983.

Т.Міхеева @

Гільдэнбрандтыя рачная (Hildenbrandtia rivularis (Liebm.) J.Ag., 1837)
Аддзел Чырвоныя водарасці (Rhodophyta), клас Фларыдыевыя (Florideophyceae), парадак Крыптанеміевыя (Cryptonemiales), сямейства Гільдэнбрандтыевыя (Hildenbrandtiaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэліктавы від, адчувальны нават да нязначных змяненняў умоў росту. Індыкатар чыстых і праточных вод.
Кароткае апісанне. Эпілітная водарасць, утварае на паверхні субстрату плевачны шчыльнакоркавы кармінавы талом, бліжэй да перыферыі мае выгляд цёмна-чырвонай каймы. Талом акруглы, дыяметрам да 2,5 см; пры разрастанні таломы зліваюцца ў суцэльную корку таўшчынёй 50-100 мкм. Вертыкальныя ніткі простыя, рэдка дыхатамічна разгалінаваныя, з 7-10 [15] клетак. Клеткі шырынёй 4-12 мкм, квадратныя або па даўжыні да 2 разоў большыя [1].
Асаблівасці біялогіі. Полавы працэс невядомы. Размнажаецца вегетатыўна.
Пашырэнне. Эўразія, Амерыка, Афрыка [2]. У Беларусі трапляецца ў Лагойскім (наваколле в. Чырвоная Швабаўка), Менскім (наваколле в. Падсады), Мядзельскім (наваколле в. Альшэва), Ушацкім (наваколле воз. Вечалле), Глыбоцкім (наваколле в. Бабруйшчына) раёнах [3-5].
Месцы росту. Расце на камяністым субстраце ў празрыстых рэках і ручаях з хуткай плынню, у зацененых месцах.
Характар росту. Трапляецца адзінкавымі экземплярамі, радзей утварае суцэльную корку, надае цёмна-чырвоную афарбоўку субстрату.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Моцнае забруджванне рэк сцёкавымі водамі.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў ландшафтным заказніку «Блакітныя азёры».
Неабходныя меры аховы. Папярэджванне забруджвання, змянення гідралагічнага і гідрахімічнага рэжымаў вадатокаў у месцах росту і арганізацыя ў іх альгалагічных мікразаказнікаў, выяўленне новых месцаў росту.

Літ.: 1. Определитель пресноводных водорослей СССР, т. 13, 1980; 2. Palik, 1957; 3. Голубков, Вынаев, 1984; 4. Вынаеў (асаб. павед.); 5. Антонаў (асаб. павед.).

У.Галубкоў @

Нітэла грацыёзная (Nitella gracilis (Smith) Ag., 1824)
Аддзел Харавыя водарасці (Charophyta), клас Харафіцыевыя (Charophyceae), парадак Харавыя (Charales), сямейства Нітэлавыя (Nitellaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від з абмежаваным пашырэннем.
Значэнне ў захаванні генафонду. Від з высокай ступенню марфалагічнай зменлівасці. Добры індыкатар наяўнасці ў асяроддзі таксічных рэчываў. Аб'ект лабараторных даследаванняў.
Кароткае апісанне. Зялёная, іншы раз жаўтаватых або карычневых адценняў расліна. Талом ніткападобны, кусціста-галінасты, 0,3-0,6 мм у дыяметры, 5-20 см вышынёй, членіста-кальчаковай будовы, падзелены на вузлы і міжвузеллі, прымацаваны да дна рызоідамі. Міжвузеллі - адна выцягнутая цыліндрычная клетка - голыя, без кары і прылісткаў. Вузлы складаюцца з папярочнага слоя клетак. Бакавыя парасткі («лісце») адыходзяць ад вузлоў і будовай паўтараюць талом. Лісты па 5-7 у кальчаку, правільна 2-3-кратна вілаватыя. Першыя ліставыя членікі найбольш доўгія (да паловы ўсяго «ліста»), другія ў ліку 3-6, трэція - 3-4, з якіх 1-3 яшчэ раз галінуюцца, утвараючы чацвёртыя ліставыя членікі ў ліку 3-4. Канечныя членікі 2-3-клетачныя. Верхавінкавая клетка канічна завостраная. Мноства ліставых членікаў 2-3 парадкаў стварае ўражанне махнатасці [1, 2].
Асаблівасці біялогіі. Аднадомная расліна. Полавыя органы размешчаны на вузлах разгалінаванняў: антэрыдый апікальна, а аагоній - ніжэй яго, з боку. Выспяванне ааспор адбываецца звычайна на працягу лета да глыбокай восені і нават да пачатку зімы. Спелыя ааспоры прарастаюць, відаць, увесну.
Пашырэнне. У вадаёмах усіх краін і кантынентаў. Трапляецца ў некаторых раёнах Эўрапейскай часткі, у Заходняй Сібіры, на Далёкім Усходзе і ў Сярэдняй Азіі. У Беларусі выяўлена ў Наваградскім раёне - возера Свіцязь, а таксама ў Лунінецкім - возера Белае [2, 3].
Месцы росту. Расце пераважна ў прэснай, слабашчалачной і сярэднежорсткай вадзе, але трапляецца ў вадаёмах і з саланаватай і моцна жорсткай вадой [1], часцей на мяккіх глеістых грунтах, радзей у вадаёмах з пясчаным дном, пераважна ў чыстай спакойнай вадзе.
Характар росту. Трапляецца невялікімі групамі і адзіночнымі экземплярамі на абмежаванай плошчы.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Забруджванне вадаёмаў і прамысловае рыбалоўства.
Культываванне. Культывуецца ў лабараторных умовах.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў ландшафтных заказніках «Свіцязянскі» і «Белае».
Неабходныя меры аховы. Папярэджванне забруджвання і змянення гідралагічнага і гідрахімічнага рэжымаў вадаёмаў, забарона прамысловай лоўлі рыбы сеткамі, невадамі і траламі, выяўленне новых месцаў росту.

Літ.: 1. Голлербах, Красавина, 1983; 2. Энцыклапедыя прыроды Беларусі, т. 4, 1985; 3. Парфенов, 1989.

Т.Міхеева @

Насток слівападобны (Nostoc pruniforme Ag., 1812)
Аддзел Сіне-зялёныя водарасці (Cyanophyta), клас Гармагоніевыя (Hormogoniophyceae), парадак Настокавыя (Nostocales), сямейства Настокавыя (Nostocaceae)

Статус. IV катэгорыя. Адносна рэдкі від, пашырэнне якога вывучана недастаткова.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўляе навуковы і практычны інтарэс, ужываецца ў ежу.
Кароткае апісанне. Калоніі шара- або эліпсападобныя, нагадваюць плады вінаграду ці слівы, дасягаюць велічыні курынага яйка, ярка-сіне-зялёныя, аліўкавыя да чорна-карычневых, з моцным перыдэрмам, унутры мяккія, іншы раз з цэнтральнай поласцю. Трыхомы рыхла пераплеценыя, часам радыяльна размешчаныя ад цэнтра да перыферыі, з добра прыкметнымі бясколернымі або жаўтаватымі похвамі, шырынёй 4-6 мкм, з коратка бочачкападобнымі або слаба падоўжанымі клеткамі, амаль шарападобнымі гетэрацыстамі (6-7 мкм) і спорамі (каля 10 мкм).
Асаблівасці біялогіі. Размнажаецца спорамі.
Пашырэнне. Заходняя Эўропа, Азія [1, 2]. У Беларусі знойдзены ў Мядзельскім раёне (воз. Нарач).
Месцы росту. Сажалкі і азёры (свабодна плаваюць у тоўшчы вады або збіраюцца на глеістым дне вадаёмаў, у літаральнай зоне) [1].
Характар росту. Калоніі трапляюцца ў асноўным невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Інтэнсіўныя рэкрэацыйныя нагрузкі, антрапагеннае забруджванне водаў.
Культываванне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Папярэджванне забруджвання і змянення гідралагічнага і гідрахімічнага рэжымаў у воз. Нарач, выяўленне новых месцаў росту.

Літ.: 1. Еленкин, 1938; 2. Голлербах и др., 1953.

Т.Міхеева @

Кладофара эгаграпільная (Cladophora aegagropila (L.) Rabenh., 1843)
Аддзел Зялёныя водарасці (Chlorophyta), клас Сіфонакладавыя (Siphonocladophyceae), парадак Кладафоравыя (Cladophorales), сямейства Кладафоравыя (Cladophoraceae)

Статус. IV катэгорыя. Недастаткова вывучаны від, колькасць якога хутка скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Дэкаратыўная расліна для акварыумаў.
Кароткае апісанне. Каланіяльная цёмна-зялёная ніткаватая водарасць, свабодна плавае ці прымацаваная, мае выгляд дзярнінак, цвёрдых навобмацак. Плывучыя «дзярнінкі» пераважна шарападобныя, ад некалькіх да 21 см у дыяметры, больш шчыльныя звонку і рыхлыя ўнутры, складаюцца са шматлікіх радыяльна размешчаных таломаў. У прымацаваных форм «дзярнінкі» звычайна шчыльныя, падушкападобныя або ў выглядзе суцэльных «дываноў». Талом вельмі галінасты, кожная клетка можа даць да 4 галінак, рызоіды каралападобныя, ад якіх могуць узнікаць новыя парасткі. Абалонка ў клетак асноўнай восі тоўстая - да 20 мкм, у клетак канечных галінак - 2,5-8 мкм; гэта надае ўсёй расліне цвёрдасць.
Асаблівасці біялогіі. Рост клетак апікальны (верхавінкавы) і інтэркалярны (уставачны). Размнажэнне выключна вегетатыўнае фрагментацыяй талома, іншы раз апланаспорамі і зааспорамі [1].
Пашырэнне. Эўразія, Паўночная Амерыка (ЗША) [3]. У Беларусі вядома адзінае месца росту - воз. Нарач [2].
Месцы росту. Расце ў прэсных або (вельмі рэдка) у саланаватых азёрах.
Характар росту. Трапляецца асобнымі калоніямі ў невялікай колькасці.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Забруджванне вадаёмаў, лоўля для акварыумаў.
Культываванне. Культывуецца акварыумістамі.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Папярэджванне забруджвання і змянення гідралагічнага і гідрахімічнага рэжымаў у воз. Нарач, забарона лоўлі, выяўленне новых месцаў росту і іх ахова.

Літ.: 1. Виноградова и др., 1980; 2. Энцыклапедыя..., 1984; 3. Fott, 1967.

Т.Міхеева @

Нітэлопсіс прытуплены (Nitellopsis obtusa (Desv.) Gr., 1864)
Аддзел Харавыя водарасці (Charophyta), клас Харафіцыевыя (Charophyceae), парадак Харавыя (Charales), сямейства Нітэлопсіевыя (Nitellopsidaceae)

Статус. IV катэгорыя. Адносна рэдкі, недастаткова вывучаны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны прадстаўнік роду з нязначнай марфалагічнай зменлівасцю. Адчувальны да забруджвання асяроддзя (індыкатарны). Аб'ект лабараторных даследаванняў.
Кароткае апісанне. Водарасць знешнім выглядам нагадвае хвошч, але больш далікатная. Маладая расліна светла-, цёмна-зялёная, потым сіне-зялёная. Механічна лёгка разбураецца, пры гэтым шматлікія дыскападобныя хларапласты лёгка выходзяць з клетак у ваду і яна становіцца ярка-зялёнай. Можа дасягаць вышыні 1 м пры дыяметры да 2 м. Талом складзены з ніткападобных парасткаў: асноўнага («сцябло») і бакавых («лісце»), якія маюць членіста-кальчаковую будову; без кары, з коранепадобнымі рызоідамі. Міжвузелле - адна шмат'ядравая клетка даўжынёй 0,2-20 см. Кальчакі з вельмі доўгага «лісця» (5-7 штук), якое мала адрозніваецца ад «сцябла». «Лісце» з 2-3 членікаў з рудыментарнымі прыліснікамі, ад кожнага членіка адыходзяць 1-3 «лісцікі». На ніжніх частках «сцябла» з вузлоў, паглыбленых у глей, утвараюцца зорчатай формы клубеньчыкі. Аагоніі цёмна-кафейныя, спіралепадобна счэрчаныя, вельмі зменлівыя па форме і памерах, на верхавінцы з разеткай з 5 пукатых бугаркоў. Антэрыдыі бледна-жоўта-чырвоныя, адзіночныя, шарападобныя, дыяметрам да 0,5 мм [1, 2].
Асаблівасці біялогіі. Двухдомная расліна. Полавае размнажэнне назіраецца рэдка, пераважна восенню. Характэрна вялікая здольнасць да вегетатыўнага размнажэння клубеньчыкамі, якія пасля перазімоўкі прарастаюць новымі парасткамі. У звычайных умовах адналетнік, на значнай глыбіні і пры мяккай зіме можа стаць двухлетнікам [2].
Пашырэнне. Пашыраны па ўсіх краінах і кантынентах, але трапляецца спарадычна. У Беларусі адзначаны ў Мядзельскім раёне (азёры Нарач і Мястра).
Месцы росту. Расце пераважна на глыбіні да 30 м у прэсных стаячых або слаба праточных вадаёмах [1]. У азёрах Нарач і Мястра, як правіла, заканчвае глыбінную зону зарастання макрафітаў, часта разам з іншымі раслінамі.
Характар росту. Трапляецца групамі, месцамі з тэндэнцыяй да змяншэння займаемых плошчаў.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Забруджванне, эўтрафіраванне вадаёмаў, выкарыстанне ў рыбалоўстве тралаў і невадаў.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Прадухіленне забруджвання і змянення гідралагічнага і гідрахімічнага рэжымаў вадаёмаў, забарона выкарыстання тралаў і невадаў ва ўказаных вадаёмах і арганізацыя ў іх альгалагічных мікразаказнікаў, выяўленне новых месцаў росту.

Літ.: 1. Голлербах, Красавина, 1983; 2. Энцыклапедыя прыроды Беларусі, т. 4, 1985.

Т.Міхеева @

Хара грубая (Chara rudis A.Br., 1862)
Аддзел Харавыя водарасці (Charophyta), клас Харафіцыевыя (Charophyceae), парадак Харавыя (Charales), сямейства Харавыя (Characeae)

Статус. IV катэгорыя. Адносна рэдкі від, пашырэнне якога вывучана недастаткова.
Значэнне ў захаванні генафонду. Актыўна ўдзельнічае ў біялагічнай ачыстцы і фармаванні якасці вады. Выкарыстоўваецца ў лячэбных мэтах. Зараснікі хары - месца нерасцілішча рыб, месцазнаходжанне лічынак насякомых і іншых беспазваночных жывёл, субстрат для перыфітону. Аб'ект лабараторных даследаванняў.
Кароткае апісанне. Слаявіна (талом) вышынёй 10-50 см, падзелена на вузлы і міжвузеллі накшталт сцябла, лісця і каранёў, з добра развітай правільна двухпалоснай карой. Да дна прымацоўваецца рызоідамі. Звычайна белавата-зялёная. Сцябло моцнае, да 1,2 мм у дыяметры, з добра развітымі каўбасападобнымі, на канцы звужанымі, пераважна парнымі, коравымі шыпамі, размешчанымі вертыкальна адзін над другім. Кальчакі складаюцца з 6-11 так званых лісцікаў з прыліснікамі, якія ўтвараюць двухрадковы венчык, па 2 пары на кожны ліст, звычайна даўжэйшы за шыпы. Аагоніі эліпсоідныя, спіральна-счэрчаныя з шчыльнай каронкай, якая складаецца з пяцігранных клетак. Ааспоры цёмна-карычневыя, рабрыстыя, з кіпцюрыкамі або кошыкам каля асновы. Антэрыдыі драбнейшыя за аагоніі і апярэджваюць іх у развіцці [1].
Асаблівасці біялогіі. Аднадомная расліна. Мужчынскія (антэрыдыі) і жаночыя (аагоніі) органы размнажэння развіваюцца на ўсіх лісцевых вузлах, акрамя апошняга, аагоніі размяшчаюцца над антэрыдыямі. Размнажаецца вегетатыўна - укараненнем бакавых парасткаў слаявіны з іх далейшым адчляненнем ад мацярынскай расліны, а таксама з дапамогай клубеньчыкаў, якія ўтвараюцца на рызоідах або на паглыбленых у грунт ніжніх частках сцябла [1].
Пашырэнне. Паўсюдна, акрамя Антарктыды [1]. У Беларусі адзначана ў Мядзельскім (азёры Нарач, Ячмянёк, Глубля), Браслаўскім (азёры Валасо Паўночнае, Валасо Паўднёвае) і Ўшацкім (воз. Крывое) раёнах [2, 3].
Месцы росту. У прэсных чыстых водах, пераважна ў азёрах, зрэдку ў слаба праточнай вадзе.
Характар росту. Расце невялікімі групамі ў чыстай асацыяцыі або разам з іншымі харавымі водарасцямі і вышэйшымі воднымі раслінамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Эўтрафіраванне вадаёмаў, механічнае знішчэнне раслін пры прамысловай лоўлі рыбы.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Выяўленне новых месцаў росту і іх ахова, правядзенне мерапрыемстваў, якія перашкаджаюць эўтрафікацыі вадаёмаў.

Літ.: 1. Голлербах, Красавина, 1983; 2. Энцыклапедыя прыроды Беларусі, т. 5, 1986; 3. Парфенов, 1989.

Т.Міхеева ##Chapter: 29. Лішайнікі @

Каніяцыбе тонкая (Coniocybe gracilenta Ach., 1816)
Клас Сумчатыя лішайнікі (Ascolichenes), парадак Каліцыяльныя (Caliciales), сямейства Каліцыевыя (Caliciaceae)

Статус. I катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення [1, 2].
Значэнне ў захаванні генафонду. Вельмі адчувальны (індыкатарны) да антрапагеннага ўздзеяння барэальны від парашкаплодных лішайнікаў.
Кароткае апісанне. Слаявіна лепрозная, у выглядзе зярністага пылу, шаравата-зялёная. Апатэцыі на доўгіх (даўжыня 2-5 мм), тонкіх (таўшчыня 0,1 мм), выгнутых і скрыўленых, голых, чарнаватых або шараватых, месцамі цёмна-карычневых ножках. Галоўкі апатэцыяў шарападобныя, ад шараватых да светла-карычневых, дыяметрам 0,5-1 мм [3].
Асаблівасці біялогіі. Размнажаецца аскаспорамі і вегетатыўна.
Пашырэнне. Эўразія, Паўночная Амерыка, Аўстралія [3, 4]. Трапляецца ў Карэліі, Прыбалтыцы, на Ўкраіне [3]. У Беларусі дакладна вядома толькі ў Камянецкім раёне ў Белавежскай пушчы [1]; раней адзначалася ў Мядзельскім раёне [5].
Месцы росту. Расце ў вільготных шыракалістых і хвойна-шыракалістых лясах на ствалах і каранёвых лапах дубоў, на кары сасны.
Характар росту. Трапляецца групамі на невялікай плошчы, радзей утварае суцэльнае покрыва.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Памяншэнне плошчы старых шыракалістых лясоў, парушэнне экалагічнага рэжыму ў месцах росту.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія месцазнаходжання ў Мядзельскім раёне, выяўленне новых месцаў росту і арганізацыя ў іх ліхеналагічных мікразаказнікаў.

Літ.: 1. Голубков, 1987; 2. Титов, 1986; 3. Определитель лишайников СССР, вып. 3, 1975; 4. Tibell, 1975; 5. Bachmann, Bachmann, 1920.

У.Галубкоў @

Сфінктрына ямістая (Sphinctrina gelasinata (With.) Zahlbr., 1846 [Sphinctrina turbinata (Pers. ex. Fr.) Dnot])
Клас Сумчатыя лішайнікі (Ascolichenes), парадак Каліцыяльныя (Caliciales), сямейства Каліцыевыя (Caliciaceae)

Статус. I катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення не толькі ў Беларусі, але і ў іншых рэгіёнах свету [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Асабліва адчувальны (індыкатарны) да антрапагеннага ўздзеяння барэальны від парашкаплодных лішайнікаў.
Кароткае апісанне. Парасімбіёнтны лішайнік. Уласцівай слаявіны не мае. Апатэцыі сядзячыя або на кароткіх, чорных ці карычнева-чорных, часам паглыбленых ножках даўжынёй 0,15-0,27 мм і таўшчынёй 0,01-0,28 мм. Галоўкі апатэцыяў маленькія, акруглыя, ваўчка- або грушападобныя, бліскучыя, чорныя. Дыск часам пакрыты белаватым налётам [2].
Асаблівасці біялогіі. Размнажаецца аскаспорамі.
Пашырэнне. Эўразія (арктычныя раёны, Урал, Украіна), Паўночная Амерыка [2]. У Беларусі вядомы ў Пружанскім (Белавежская пушча) [3] і Жыткавіцкім (Прыпяцкі запаведнік) раёнах. Раней прыводзілася для тэрыторыі краіны без удакладнення канкрэтных месцаў росту [4].
Месцы росту. Расце на слаявіне эпіфітных лішайнікаў з роду пертузарыя ў старых шыракалістых лясах.
Характар росту. Трапляецца ў невялікай колькасці, групамі, на вельмі абмежаванай плошчы.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Скарачэнне плошчаў старых шыракалістых лясоў, парушэнне экалагічных рэжымаў месцазнаходжанняў.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы і Прыпяцкім ландшафтна-гідралагічным запаведніку.
Неабходныя меры аховы. Выяўленне новых месцазнаходжанняў і арганізацыя ліхеналагічных мікразаказнікаў.

Літ.: 1. Титов, 1986; 2. Определитель лишайников СССР, вып. 3, 1975; 3. Голубков, 1987; 4. Томин, 1956.

У.Галубкоў @

Нефрома згладжаная (Nephroma laevigatum Ach., 1814)
Клас Сумчатыя лішайнікі (Ascolichenes), парадак Леканаральныя (Lecanorales), сямейства Нефромавыя (Nephromaceae)

Статус. I катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення не толькі ў Беларусі, але і ў іншых рэгіёнах Эўропы [1, 2].
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэлікт субакіянічнай флоры атлантычнага перыяду галацэну [3].
Кароткае апісанне. Слаявіна лістападобная, дыяметрам 90-120 мм, тонкая, з кароткімі лопасцямі, якія звычайна грабеньчата налягаюць адна на адну. Верхняя яе паверхня карычнева-шэрая, гладкая, бліскучая, часам ізідыёзная або нясе рэгенерацыйныя лускавінкі. Ніжняя паверхня светлая, к цэнтру часта цямнее, шэрая або светлая, на ўсім працягу голая або больш-менш апушаная, часам з рассеянымі рызінамі ў вузкіх пучках. Апатэцыі часта шматлікія, даўжынёй да 3,5-5 мм і шырынёй да 4-8 [10] мм, гарызантальна прымацаваныя, з чырванавата-карычневым, карычневым, плоскім або некалькі выгнутым дыскам. Асяродачны слой белы, жоўты, часам ярка-жоўты; ад K ружавее і становіцца ліловым, чырванавата-ліловым або вішнёва-чырвоным. Слаявіна ўтрымлівае рэчыва нефрамін [4].
Асаблівасці біялогіі. Размнажаецца вегетатыўна і аскаспорамі.
Пашырэнне. Эўразія, Афрыка, Паўночная Амерыка, Аўстралія [4]. Трапляецца ў Эстоніі, на Ўкраіне (Крым), Камчатцы [4]. У Беларусі вядома ў Белавежскай пушчы [5, 6], наваколлі Менска - в. Прылукі [7].
Месцы росту. Расце на галінах елкі ў старых хвойных і хвойна-шыракалістых лясах.
Характар росту. Трапляецца асобнымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка лесу, гідрамеліярацыйныя работы і іншыя антрапагенныя ўздзеянні, якія прыводзяць да змянення гідралагічнага рэжыму месцаў росту.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы.
Неабходныя меры аховы. Забарона ў месцах росту высечкі лесу, змянення рэжымаў увільготненасці і асветленасці, арганізацыя ліхеналагічнага мікразаказніка ў в. Прылукі, выяўленне новых месцаў росту.

Літ.: 1. Cieśliński, Czyżewska, Fabiszewski, 1986; 2. Пишут, 1982; 3. Миняев, 1940; 4. Определитель лишайников СССР, вып. 3, 1975; 5. Горбач, 1973; 6. Голубков, 1987; 7. Савич, 1925.

У.Галубкоў @

Лабарыя ямістая (Lobaria scrobiculata (Scop.) DC., 1801 [Pseudocyphellaria scrobiculata (Scop.) Blum])
Клас Сумчатыя лішайнікі (Ascolichenes), парадак Леканаральныя (Lecanorales), сямейства Лабарыевыя (Lobariaceae)

Статус. I катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэліктавы, вільгацелюбны від [1], вельмі адчувальны (індыкатарны) да антрапагенных уздзеянняў.
Кароткае апісанне. Слаявіна ліставатая, дольчата-буйналопасцевая, неглыбока выразаная, шырынёй да 15 см. Верхняя паверхня слаявіны блакітна-шэрая, светла-шаравата-зялёная або аліўкавая, больш-менш невыразна сеткавата-ямістая, па краях, рэбрах або па ўсёй паверхні мае блакітна-шэрыя або цёмна-бурыя сараліі. Сарэдыі часам прарастаюць у сарэдыяльныя ізідыі. Ніжняя паверхня караткалямцавая, шаравата-жоўтая, у цэнтры - да бура-чорнай, з нешматлікімі рызінамі, прыкметнымі ўэдуццямі, якія адпавядаюць ямкам на верхняй паверхні. Псеўдацыфелы белыя, парашкападобныя, няправільнай формы і памераў. Стрыжань ад K, P жаўцее, ад C ружавее [2]. Утрымлівае уснінавую, нарсціктавую, сціктавую і канарсціктавую кіслоты, а таксама скрабікулін [3].
Асаблівасці біялогіі. Размнажаецца вегетатыўна (сарэдыямі і ізідыямі) або аскаспорамі.
Пашырэнне. Трапляецца ў лясах Галарктыкі, у Паўднёвай Амерыцы, Афрыцы, Аўстраліі і Новай Зеландыі [2]. Пашырана ў лясной палосе Эўразіі [2], адзначана і ў Арктыцы (эўрапейскі сектар) [4]. У Беларусі адзначана ў Асіповіцкім раёне [5], Прыпяцкім запаведніку [6] і Белавежскай пушчы [7, 8].
Месцы росту. Расце на ствалах шыракалістых дрэў, на сучках елкі і на замшэлым бураломе ў старых цяністых лясах з павышанай вільготнасцю паветра.
Характар росту. Трапляецца асобнымі экземплярамі або невялікімі групамі на абмежаваных плошчах.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка старых лясоў, гідрамеліярацыйныя работы і іншыя антрапагенныя фактары, якія мяняюць гідралагічны і светлавы рэжымы месцазнаходжанняў.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Прыпяцкім запаведніку і Белавежскай пушчы.
Неабходныя меры аховы. Забарона высечкі лесу, змянення рэжымаў увільгатнення і асветленасці, папярэджванне забруджвання асяроддзя ў месцах росту, арганізацыя ліхеналагічнага мікразаказніка ў Асіповіцкім раёне, выяўленне новых месцаў росту.

Літ.: 1. Миняев, 1940; 2. Определитель лишайников СССР, в. 3, 1971; 3. Вайнштейн, 1982; 4. Окснер, 1956; 5. Савич, 1925; 6. Паламарчук, Шахрай, Парукова, 1975; 7. Горбач, 1957; 8. Голубков, 1987.

У.Галубкоў @

Пунктэлія грубаватая (Punctelia subrudecta (Nyl.) Krog, 1982 [Parmelia subrudecta Nyl., Parmelia dubia (Wulf.) Schaer.])
Клас Сумчатыя лішайнікі (Ascolichenes), парадак Леканаральныя (Lecanorales), сямейства Пармеліевыя (Parmeliaceae)

Статус. I катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэлікт немаральнай флоры атлантычнага перыяду галацэну [1].
Кароткае апісанне. Слаявіна ліставатая, разеткападобная або няправільнай формы, дыяметрам 3-10 см. Утвараецца з лопасцей, якія цесна прымыкаюць або, часам, часткова налягаюць адна на адну сваімі краямі. Лопасці шырынёй да 6 мм, злёгку ўвагнутыя, з акругла выразанымі і слаба выгнутымі канцамі. Верхняя паверхня гладкая ці злёгку складкавата-маршчыністая, блакітна-зеленавата-шэрая, матавая або злёгку бліскучая, з белымі псеўдацыфеламі і сарэдыямі кропка- або шарападобнай формы, з саралямі, якіх багата развіваецца ў цэнтры, а іншы раз па краях лопасцей. Ніжняя паверхня слаявіны бледна-карычневая, з рэдкімі таго ж колеру рызінамі. Апатэцыі ўтвараюцца рэдка. Кара слаявіны ад K жаўцее; стрыжань ад K і P не мяняецца, ад C чырванее. Утрымлівае атранарын і леканоравую кіслату [2].
Асаблівасці біялогіі. Размнажаецца вегетатыўна (сарэдыямі).
Пашырэнне. Эўразія, Афрыка, Паўночная і Паўднёвая Амерыка, Новая Зеландыя, Тасманія, Аўстралія [2, 3]. Трапляецца ў Ленінградскай вобласці [1, 2], Беларусі [4, 5], на Украіне (Карпаты, Крым), Каўказе і Далёкім Усходзе [2]. У Беларусі адзначана ў Камянецкім (Белавежская пушча) [4, 5] і Мазырскім [5] раёнах.
Месцы росту. Расце на ствалах вольхі чорнай, вярбы ломкай і іншых лісцевых дрэў, пераважна ў чорнаальховых лясах і прыбярэжных вербняках.
Характар росту. Трапляецца невялікімі групамі і асобнымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гідрамеліярацыйныя работы і іншыя фактары, якія мяняюць гідралагічны рэжым месцазнаходжанняў.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы.
Неабходныя меры аховы. Забарона высечкі лесу, змянення рэжымаў увільгатнення і асветленасці, папярэджванне забруджвання асяроддзя ў месцах росту; арганізацыя ліхеналагічнага мікразаказніка ў Мазырскім раёне, пошук новых месцаў росту.

Літ.: 1. Миняев, 1940; 2. Определитель лишайников СССР, вып. 1, 1971; 3. Galloway, Elix, 1981; 4. Голубков, 1986; 5. Голубков, 1987.

У.Галубкоў @

Уснея арагавелая (Usnea ceratina Ach., 1810)
Клас Сумчатыя лішайнікі (Ascolichenes), парадак Леканаральныя (Lecanorales), сямейства Ўснеевыя (Usneaceae)

Статус. I катэгорыя. Рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з нямногіх прадстаўнікоў мантаннага (горнага) элемента ліхенафлоры Беларусі.
Кароткае апісанне. Слаявіна кусцістая, звіслая, даўжынёй да 40 см, шэра-попельная або сіне-зялёная, жорсткая, амаль арагавелая, мае тоўстую, цемнаватую або чорную аснову. Галінкі пры аснове грубаватыя, дугападобна і нераўнамерна выгнутыя, амаль па ўсёй даўжыні аднолькава патоўшчаныя, толькі на канцах патанчаюцца, злёгку дэфармаваныя, з кароткімі шырокімі, большай часткай тупымі бародаўкамі і карой з папярочнымі трэшчынамі. На даволі буйных бародаўках утвараюцца мучністыя сарэдыі, якія на галоўных і бакавых галінках часам прарастаюць у дадатковыя галінкі [1]. Вядома ў стэрыльным стане. Слаявіна ўтрымлівае уснінавую і дыфрактавую кіслоты [2], у адрозненне ад іншых відаў роду мае ружовы асяродак.
Асаблівасці біялогіі. Размнажаецца вегетатыўна.
Пашырэнне. Эўропа, Паўночная Амерыка [1, 3], Заходняя Аўстралія [4]. У Беларусі выяўлена ў Свіслацкім раёне ў Белавежскай пушчы [5], адзначалася таксама для Мядзельскага раёна [6].
Месцы росту. Расце на ствалах і галінах дрэў у месцах з высокай вільготнасцю паветра. У Белавежскай пушчы адзначана ў чорнаалешніку на ствалах вольхі чорнай.
Характар росту. Трапляецца асобнымі экземплярамі і невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушэнне балот, высечка лесу і іншыя фактары, якія мяняюць гідралагічны рэжым у месцах росту.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы.
Неабходныя меры аховы. Забарона ў месцах росту высечкі лесу, змянення рэжымаў увільгатнення і асветленасці, правядзенне пошукавага даследавання ў Мядзельскім і іншых раёнах з мэтай выяўлення новых месцаў росту.

Літ.: 1. Motyka, 1962; 2. Вайнштейн, 1982; 3. Egan, 1987; 4. Sammy, 1989; 5. Голубков, 1987; 6. Bachmann, Bachmann, 1920.

У.Галубкоў @

Уснея квітучая (Usnea florida (L.) Wigg., 1753)
Клас Сумчатыя лішайнікі (Ascolichenes), парадак Леканаральныя (Lecanorales), сямейства Ўснеевыя (Usneaceae)

Статус. I катэгорыя. Рэдкі від, які занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з нямногіх прадстаўнікоў мантаннага (горнага) элементу ліхенафлоры Беларусі. Знаходзіцца за мяжой вобласці масавага пашырэння.
Кароткае апісанне. Слаявіна кусцістая (адстае ад асновы), амаль аднолькавай даўжыні і шырыні (5-10 см), шэра- або попельна-зялёная, з грубаватымі галінкамі, якія разыходзяцца на ўсе бакі пад шырокім вуглом, і амаль заўсёды заканчваюцца апатэцыямі. Галінкі па ўсёй даўжыні з дробнымі або даволі буйнымі паўкруглымі бародавачкамі і ніткападобнымі вырастамі (фібрыламі). Апатэцыі шматлікія, акруглыя, дыяметрам 3-8 мм, сподкападобныя, на старой слаявіне амаль плоскія, гладкія, заўсёды з вянцом фібрыл. Утрымлівае уснінавую кіслату [1].
Асаблівасці біялогіі. Размнажаецца спорамі.
Пашырэнне. Заходняя і Цэнтральная Эўропа, Азія, Паўночная і Цэнтральная Амерыка. Трапляецца пераважна ў горных раёнах Каўказа, Карпат, Крыма, зрэдку ў Смаленскай вобласці. У Беларусі адзначана ў Пружанскім (Белавежская пушча) [2], Лепельскім (Бярэзінскі запаведнік) [3] і Расонскім раёнах; паводле старых літаратурных звестак - у Асіповіцкім раёне [4].
Месцы росту. Расце на ствалах лісцевых дрэў, галінах елкі ў старых шыракалістых і хвойна-шыракалістых лясах з павышанай вільготнасцю паветра.
Характар росту. Трапляецца асобнымі экземплярамі або невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка карэнных лясоў, гідрамеліярацыйныя работы і іншыя антрапагенныя фактары, якія выклікаюць змяненне гідралагічнага рэжыму месцаў росту.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы і Бярэзінскім біясферным запаведніку.
Неабходныя меры аховы. Забарона ў месцах росту высечкі лесу, змянення рэжымаў увільготненасці і асветленасці, папярджанне забруджвання паветра ў месцах росту, арганізацыя ліхеналагічнага мікразаказніка ў Расонскім раёне, правядзенне рэвізіі месцаў росту ў Асіповіцкім раёне, арганізацыя работ па выяўленню новых месцаў росту.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1985; 2. Голубков, 1987; 3. Горбач, Машенкова, 1967; 4. Савич, 1925.

У.Галубкоў @

Уснея эстонская (Usnea estonica Ras., 1931)
Клас Сумчатыя лішайнікі (Ascolichenes), парадак Леканаральныя (Lecanorales), сямейства Ўснеевыя (Usneaceae)

Статус. I катэгорыя. Выключна рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення не толькі ў Беларусі, але і ў іншых рэгіёнах Эўропы [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэліктавы эўразійска-паўночнаамерыканскі субакіянічны від атлантычнага перыяду галацэну.
Кароткае апісанне. Слаявіна кусцістая, звіслая, даўжынёй да 15 см, аліўкава-зялёная. Галінкі пры аснове дугападобна выгнутыя, далей пераходзяць у прамыя і звісаюць; па ўсёй даўжыні пакрыты маленькімі цемнаватымі або даволі доўгімі і вострымі бародаўкамі, паміж якімі размешчаны буйныя бародаўчатыя саралі і шматлікія сагнутыя і злёгку дробнамаршчыністыя і бародаўчатыя бакавыя галінкі. Апатэцыі невядомы. Асяродак слаявіны ад K жаўцее, потым набывае цагельна-чырвоны колер [2].
Асаблівасці біялогіі. Размнажаецца вегетатыўна (сарэдыямі).
Пашырэнне. Эўразія, Паўночная Амерыка [2, 4]. Знойдзены ў Эстоніі, на Алтаі, Кузнецкім Алатаў [3, 5]. У Беларусі ў Камянецкім раёне ў Белавежскай пушчы [6].
Месцы росту. Расце на ствалах вольхі чорнай у старых забалочаных лясах.
Характар росту. Трапляецца адзіночнымі экземплярамі або невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка лясоў, гідрамеліярацыйныя работы і іншыя антрапагенныя фактары, якія рэзка мяняюць гідралагічны рэжым месцазнаходжанняў.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы.
Неабходныя меры аховы. Выяўленне новых месцаў росту.

Літ.: 1. Cieśliński, Czyżewska, Fabiszewski, 1986; 2. Motyka, 1962; 3. Сидельникова, 1990; 4. Egan, 1987; 5. Трасс, 1970; 6. Голубков, 1987.

У.Галубкоў @

Кладонія дзірваністая (Cladonia caespiticia (Pers.) Flk., 1828)
Клас Сумчатыя лішайнікі (Ascolichenes), парадак Леканаральныя (Lecanorales), сямейства Кладоніевыя (Cladoniaceae)

Статус. I катэгорыя. Выключна рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з нямногіх прадстаўнікоў мантаннага (горнага) элементу ліхенафлоры Беларусі.
Кароткае апісанне. Слаявіна складаецца з гарызантальных лускавінак першаснай слаявіны і, зрэдку, з другаснай (падэцыяў), якая вырастае з першаснай. Лускавінкі даўжынёй 25 [10] мм і шырынёй 0,5-1 мм, чарапічна налягаюць адна на другую, глыбока рассечаны, зверху шараватыя або аліўкава-эеленаватыя, знізу белыя, зрэдку з нешматлікімі зярністымі сарэдыямі. Падэцыі вышынёй 0,5-2 [7] мм, белаватыя, часта не развіваюцца, цыліндрычныя або невыразна сцыфападобныя, на канцах з цёмна- або чырвона-карычневымі апатэцыямі. Слаявіна ад K і KC не мяняе колер, ад P чырванее. Утрымлівае фумарпротацэтрарыевую кіслату [1].
Асаблівасці біялогіі. Размнажаецца вегетатыўна (сарэдыямі).
Пашырэнне. Эўразія, Паўночная Амерыка, Паўднёвая Афрыка [1-3]. Трапляецца ў Карэліі, Эстоніі, Летуве, на Ўкраіне, у Маскоўскай вобласці, на Каўказе. У Беларусі дакладна вядома месца росту ў Свіслацкім раёне (Белавежская пушча) [4]. Больш раннія звесткі аб выяўленні віду на тэрыторыі краіны [1, 5] прыводзяцца без удакладнення канкрэтных месцаў росту.
Месцы росту. Расце на каранёвых лапах елкі ў хвойна-шыракалістых лясах.
Характар росту. Трапляецца адзіночнымі курцінамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка лясоў, празмернае антрапагеннае ўздзеянне на жывое наглебавае покрыва.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы.
Неабходныя меры аховы. Забарона ў месцах росту высечкі лесу і абмежаванне ўздзеяння на жывое наглебавае покрыва, выяўленне новых месцаў росту.

Літ.: 1. Определитель лишайников СССР, вып. 5, 1975; 2. Anti, 1983; 3. Egan, 1987; 4. Голубков, 1987; 5. Окснер, 1968.

У.Галубкоў @

Хенатэка картузіянская (Chaenotheca carthusiae (Harm.) Lett., 1912)
Клас Сумчатыя лішайнікі (Ascolichenes), парадак Каліцыяльныя (Caliciales), сямейства Каліцыевыя (Caliciaceae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэдкі барэальны від парашкаплодных лішайнікаў.
Кароткае апісанне. Слаявіна лепрозная (парашкападобная), зярністая або бародаўчатая, зеленавата- або шызавата-шэрая. Апатэцыі на чорных або карычнева-чорных ножках (даўжынёй 0,8-1 мм і таўшчынёй 0,09 мм), пакрытых густым бледна-залацістым або зеленавата-жоўтым налётам. Галоўкі чорныя, круглыя, з залаціста-зялёным налётам, дыяметрам 0,2 мм [1].
Асаблівасці біялогіі. Размнажаецца аскаспорамі.
Пашырэнне. Сярэдняя і Атлантычная Эўропа, Амерыка, Новая Зямля [1, 2]. У Беларусі трапляецца спарадычна ў Белавежскай пушчы, у Пінскім, Жыткавіцкім (Прыпяцкі запаведнік) [3], Мядзельскім (заказнік «Блакітныя азёры»), Лепельскім (Бярэзінскі запаведнік) [4] і Расонскім раёнах.
Месцы росту. Расце на кары або ў трэшчынах кары ствалоў лісцевых дрэў, а таксама на аголенай драўніне ствалоў і пнёў у лясах з павышанай вільготнасцю паветра.
Характар росту. Трапляецца групамі, часам утварае суцэльнае покрыва.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка лесу, гідрамеліярацыйныя работы і іншыя гаспадарчыя мерапрыемствы, якія мяняюць гідралагічны рэжым месцаў росту.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы, Прыпяцкім ландшафтна-гідралагічным і Бярэзінскім біясферным запаведніках, у ландшафтным заказніку «Блакітныя азёры».
Неабходныя меры аховы. Забарона ў месцах росту высечкі лесу, змянення рэжымаў увільготненасці і асветленасці, папярэджанне забруджвання паветра ў месцах росту, арганізацыя ліхеналагічных мікразаказнікаў у Пінскім і Расонскім раёнах, выяўленне новых месцаў росту.

Літ.: 1. Определитель лишайников СССР, вып. 3, 1975; 2. Tibell, 1980; 3. Голубков, 1987; 4. Инсаров, Пчёлкин, 1982.

У.Галубкоў @

Менегацыя прадзіраўленая (Menegazzia pertusa (Schrank.) Stein., 1854 [M. terebrata (Haffm.) Koerb.])
Клас Сумчатыя лішайнікі (Ascolichenes), парадак Леканаральныя (Lecanorales), сямейства Гіпагімніевыя (Hypogymniaceae)

Статус. II катэгорыя. Від, які скарачаецца і паступова знікае.
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэдкі вільгацелюбны лішайнік, які расце ў Беларусі на паўднёва-ўсходняй мяжы арэала [1] і рэзка скарачае колькасць не толькі ў Беларусі, але і на ўсёй раўніннай частцы Ўсходняй Эўропы.
Кароткае апісанне. Слаявіна ліставатая, разеткападобная, часта аднабакова развітая або невыразнай формы, у цэнтры адмірае. Верхняя паверхня шаравата-зялёная, матавая, зрэдку злёгку бліскучая, голая, гладкая, з акруглымі або авальнымі дзіркамі, часта з галоўчата- або манжэтападобна расчлянёнымі саралямі. Ніжняя паверхня вельмі складкаватая, чорная, бліжэй да краёў крыху святлейшая, часам з чорнай аблямоўкай па краю слаявіны, без рызін. Апатэцыі ўтвараюцца рэдка. Кара слаявіны ад K злёгку жаўцее, стрыжань не мяняецца; ад P слаявіна і стрыжань чырванеюць, набываюць цёмна-карычневае адценне [2]. Утрымлівае атранарын, сціктавую і нарсціктавую кіслоты [3].
Асаблівасці біялогіі. Полавы працэс невядомы. Размнажаецца вегетатыўна (сарэдыямі).
Пашырэнне. Сярэдняя і Атлантычная Эўропа, Скандынавія, Прыбалтыка, Карпаты, Урал, Каўказ, Заходняя Сібір, Далёкі Ўсход і Сахалін, Кітай, Японія, Мадагаскар, Паўночная і Паўднёвая Амерыка, Гавайскія астравы [2]. У Беларусі трапляецца спарадычна, адзначана ў Камянецкім і Пружанскім (Белавежская пушча) [4, 5], Лепельскім (Бярэзінскі запаведнік) [4], Полацкім, Расонскім, Верхнядзвінскім, Буда-Кашалёўскім [6], Лельчыцкім (Прыпяцкі запаведнік), Жыткавіцкім, Свіслацкім (Белавежская пушча) [4], Лагойскім, Мядзельскім (гідралагічны заказнік «Чарэмшыцы»), Слуцкім, Старадарожскім і Асіповіцкім [7] раёнах.
Месцы росту. Расце на ствалах вольхі чорнай, радзей на ствалах грабу, асіны, бярозы пушыстай, у старых чорнаальховых прыручайна-травяных лясах, а таксама на бураломе і ствалах елак.
Характар росту. Трапляецца невялікімі групамі або асобнымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка чорнаальховых лясоў, гідрамеліярацыйныя работы і іншыя антрапагенныя фактары, якія мяняюць гідралагічны рэжым месцазнаходжання.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы, Бярэзінскім і Прыпяцкім запаведніках, гідралагічным заказніку «Чарэмшыца». Рэкамендавана для ўключэння ў Чырвоную кнігу СССР.
Неабходныя меры аховы. Забарона высечкі лесу, змянення рэжымаў увільготненасці і асветленасці, папярэджванне забруджвання асяроддзя ў месцах росту, выяўленне новых месцазнаходжанняў віду.

Літ.: 1. Tobolewski, 1976; 2. Определитель лишайников СССР, вып. 1, 1971; 3. Вайнштейн, 1982; 4. Голубков, 1986; 5. Голубков, 1987; 6. Высоцкий, Савич, Савич, 1925; 7. Галубкоў (асаб. павед.).

У.Галубкоў @

Пармелія адагнутая (Parmelia revoluta Flk., 1815)
Клас Сумчатыя лішайнікі (Ascolichenes), парадак Леканаральныя (Lecanorales), сямейства Пармеліевыя (Parmeliaceae)

Статус. II катэгорыя. Адносна рэдкі від, колькасць якога скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэліктавы від субакіянічнай флоры трацічнага перыяду [1]. Арэал рэзка скарачаецца і від знікае ў многіх краінах Цэнтральнай Эўропы [2-5].
Кароткае апісанне. Слаявіна ліставатая, часта з дрэнна развітымі сегментамі, невыразна разеткападобная, дыяметрам 4-10 см, амаль скурыстая. Лопасці шырынёй 3-6 мм, часта плоскія або ўвагнутыя, узыходныя, на канцах загінаюцца ўніз. Верхняя паверхня слаявіны свінцова-шэрая, больш цёмная ў цэнтры, з сарэдыямі; ніжняя - ад бурага да амаль чорнага колеру, па перыферыі бледна-жоўта-карычневая, бліскучая, з густымі чорнымі рызінамі, якія не даходзяць да краёў лопасцей. Саралі цёмна-шэрыя, карычневыя або аліўкавыя, галоўчатыя. Апатэцыі трапляюцца вельмі рэдка. Кара слаявіны ад K заўсёды жаўцее; ад C і KC чырванее, ад P жаўцее [6]. Утрымлівае атранарын і гірафоравую кіслату.
Асаблівасці біялогіі. Размнажаецца вегетатыўна (сарэдыямі).
Пашырэнне. Эўропа, Азія, Амерыка, Аўстралія, Палінезія, Новая Зеландыя [6]. У Беларусі трапляецца спарадычна ў Белавежскай пушчы [7-9], а таксама ў Маларыцкім [9], Столінскім, Лепельскім (Бярэзінскі запаведнік) [8], Расонскім, Жыткавіцкім і Лельчыцкім (Прыпяцкі запаведнік) [7], Мядзельскім (заказнікі «Блакітныя азёры» і «Чарэмшыца») [7-9], Вілейскім раёнах.
Месцы росту. Расце на старых замшэлых ствалах вольхі чорнай, радзей на іншых лісцевых дрэвах у старых і забалочаных чорнаальховых лясах.
Характар росту. Трапляецца невялікімі групамі або асобнымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гідрамеліярацыйныя работы і іншыя фактары, якія парушаюць гідралагічны рэжым месцаў росту.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы, Бярэзінскім біясферным і Прыпяцкім ландшафтна-гідралагічным запаведніках, ландшафтным заказніку «Блакітныя азёры» і гідралагічным заказніку «Чарэмшыца».
Неабходныя меры аховы. Забарона ў месцах росту высечкі лесу, змянення рэжымаў увільготненасці і асветленасці, арганізацыя ліхеналагічных мікразаказнікаў у Маларыцкім, Столінскім, Вілейскім і Расонскім раёнах, выяўленне новых месцаў росту.

Літ.: 1. Миняев, 1940; 2. Motyka, 1960; 3. Пишут, 1982; 4. Tobolewski, 1979; 5. Cieśliński, Czyżewska, Fabiszewski, 1986; 6. Определитель лишайников СССР, вып. 1, 1971; 7. Голубков, 1985; 8. Голубков, 1986; 9. Голубков, 1987.

У.Галубкоў @

Каліцыум усыпаны (Calicium adspersum Pers., 1798)
Клас Сумчатыя лішайнікі (Ascolichenes), парадак Каліцыяльныя (Caliciales), сямейства Каліцыевыя (Caliciaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэдкі немаральны від парашкаплодных лішайнікаў, вельмі адчувальны да антрапагеннага ўздзеяння. У Беларусі знаходзіцца на паўночна-ўсходняй мяжы арэала.
Кароткае апісанне. Слаявіна зярністая, бугрыстая або лускаватая, белавата-шэрая або аліўкава-бурая. Падслаявіна белаватая. Апатэцыі вышынёй 0,5-1,5 мм, на ножках (вышыня 0,3-1 мм, таўшчыня 0,1-0,3 мм), з зеленаватым налётам. Галоўкі апатэцыяў лейка- або лінзападобныя, рэзка адмежаваныя ад ножкі. Дыск спачатку ўкрыты шчыльным жоўта-зялёным або залаціста-жоўтым налётам, пазней голы, пукаты, дыяметрам 0,3-0,9 мм [1].
Асаблівасці біялогіі. Размнажаецца аскаспорамі.
Пашырэнне. Эўропа (Карэлія, Прыбалтыка, Украіна і Курская вобласць), Азія (Японія), Паўночная Амерыка, Аўстралія - асаблівая форма [1]. У Беларусі знойдзены ў Пружанскім і Свіслацкім раёнах (Белавежская пушча) [2], Жыткавіцкім (Прыпяцкі запаведнік), Нараўлянскім (Палескі запаведнік) раёнах.
Месцы росту. Расце на кары ствалоў дуба ў старых шыракалістых лясах з павышанай вільготнасцю паветра, на гнілых сасновых пнях у забалочаных сасновых лясах.
Характар росту. Трапляецца невялікімі групамі, зрэдку ўтварае суцэльнае покрыва.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка старых шыракалістых лясоў, асушэнне забалочаных зямель і іншыя фактары, якія мяняюць гідралагічны рэжым месцаў росту.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы, Прыпяцкім ландшафтна-гідралагічным і Палескім экалагічным запаведніках.
Неабходныя меры аховы. Забарона ў месцах росту высечкі лесу, змянення рэжымаў увільготненасці і асветленасці, папярэджанне забруджвання паветра ў месцах росту, выяўленне новых месцаў росту і арганізацыя ліхеналагічных мікразаказнікаў.

Літ.: 1. Определитель лишайников СССР, вып. 3, 1975; 2. Голубков, 1987.

У.Галубкоў @

Пельтыгера гарызантальная (Peltigera horizontalis (Huds.) Baumg., 1719)
Клас Сумчатыя лішайнікі (Ascolichenes), парадак Леканаральныя (Lecanorales), сямейства Пельтыгеравыя (Peltigeraceae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэдкі рэліктавы, мантанны (горны) від, які часам трапляецца на раўнінах [1, 2].
Кароткае апісанне. Слаявіна ліставатая, буйналопасцевая, даўжынёй да 150 мм, часам утварае акруглыя разеткі. Лопасці шырынёй 10-30 мм, з закругленымі канцамі і прыўзнятымі роўнымі, хвалістымі краямі. Слаявіна зверху гладкая, бліскучая, блакітнавата- або карычнявата-шэрая, к цэнтру звычайна стракатая ад сеткі шырокіх карычняватых звіслых жылак, якія зліваюцца ў амаль суцэльны лямец. Рызіны размешчаны пучкамі, радзей у выглядзе шчотачак або вузкіх косак. Апатэцыі шырокаэліптычныя, гарызантальныя, размешчаны на канцах лопасцей [3]. Утрымлівае скабразін A і B [4].
Асаблівасці біялогіі. Размнажаецца аскаспорамі.
Пашырэнне. Эўразія, паўночная і трапічная Афрыка, Паўночная Амерыка, Ньюфаўндленд, Тасманія [3, 5, 6]. У Беларусі знойдзены ў Лагойскім, Лельчыцкім, Свіслацкім (Белавежская пушча) раёнах [7, 8]..
Месцы росту. Расце ў вільготных месцах пры аснове ствалоў старых лісцевых дрэў, звычайна сярод імхоў і папарацей.
Характар росту. Трапляецца асобнымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка спелых лясоў, змяненне іх гідралагічнага рэжыму.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы.
Неабходныя меры аховы. Забарона ў месцах росту высечкі лесу, змянення рэжымаў увільготненасці і асветленасці, папярэджанне забруджвання паветра ў месцах росту, арганізацыя ліхеналагічных мікразаказнікаў у Лельчыцкім і Лагойскім раёнах, выяўленне новых месцаў росту.

Літ.: 1. Миняев, 1940; 2. Макаревич, Навроцкая, Юдина, 1982; 3. Определитель лишайников СССР, вып. 3, 1975; 4. Вайнштейн, 1982; 5. Ahti, 1983; 6. Egan, 1987; 7. Горбач, 1970; 8. Голубков, 1987.

У.Галубкоў @

Лабарыя лёгачная (Lobaria pulmonaria (L.) Hoffm., 1796)
Клас Сумчатыя лішайнікі (Ascolichenes) парадак Леканаральныя (Lecanorales), сямейства Лабарыевыя (Lobariaceae)

Статус. III катэгорыя. Адносна рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэдкі прадстаўнік немаральнага элементу ліхенафлоры Беларусі. Можа выкарыстоўвацца як араматычная расліна, у народнай медыцыне - як сродак супраць лёгачных захворванняў [1].
Кароткае апісанне. Слаявіна шырынёй 10-30 см, буйналопасцевая з выемчата-абрубленымі краямі лопасцей. Верхняя паверхня слаявіны карычневая, часта з зеленаватым або аліўкавым адценнем, сеткавата-рабрыстая. Сарэдыі акруглыя, бугрыстыя, развіваюцца на рэбрах верхняга боку лопасцей або па іх краях, часам прарастаюць у палачкападобныя ізідыі. Ніжняя паверхня слаявіны карычняватая, з розным адценнем; выпуклыя часткі звычайна голыя, а жалабкі паміж уздуццямі пакрыты пушком і рызоідамі. Апатэцыі дыяметрам 2-5 мм, развіваюцца не часта, размяшчаюцца на рэбрах або па краях лопасцей. Слаявіна ўтрымлівае сціктавую, норсціктавую і коннарсціктавую кіслоты [2], ад P і K становіцца аранжавай [3].
Асаблівасці біялогіі. Размнажаецца вегетатыўна і аскаспорамі.
Пашырэнне. Эўразія (большая частка лясной зоны, горныя раёны), Паўночная Амерыка, поўдзень Афрыкі, заходнія ціхаакіянскія астравы, Аўстралія [3-5]. У Беларусі знойдзена ў Белавежскай пушчы [6], у Лунінецкім, Ганцавіцкім, Лепельскім раёнах (Бярэзінскі запаведнік) [7], Аршанскім, Сенненскім, Шумілінскім [8], Талачынскім, Буда-Кашалёўскім [9], Жыткавіцкім (Прыпяцкі запаведнік), Наваградскім (заказнік «Свіцязянскі»), Менскім [10, 11], Мядзельскім (заказнік «Блакітныя азёры») [12], Нясвіжскім [13], Магілеўскім і Асіповіцкім [10, 14] раёнах.
Месцы росту. Расце ў старых шыракалістых лясах на ствалах дубу, ясеню, грабу і іншых шыракалістых дрэў. Аддае перавагу лесу з павышанай вільготнасцю паветра.
Характар росту. Трапляецца невялікімі групамі або адзіночнымі экземплярамі з дрэнна развітымі сегментамі слаявіны, без апатэцыяў (у стэрыльнай форме).
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка шыракалістых лясоў, гідрамеліярацыйныя работы, забруджванне паветранага асяроддзя, збіранне як лекавай сыравіны..
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы, Бярэзінскім біясферным і Прыпяцкім ландшафтна-гідралагічным запаведніках, ландшафтных заказніках «Блакітныя азёры» і «Свіцязянскі».
Неабходныя меры аховы. Забарона ў месцах росту высечкі лесу, змянення рэжымаў увільготненасці і асветленасці, папярэджанне забруджвання паветра ў месцах росту, выяўленне новых месцаў росту, забарона збору лішайніка.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1985; 2. Вайнштейн, 1982; 3. Определитель лишайников СССР, вып. 3, 1975; 4. Окснер, 1956; 5. Макрый, 1988; 6. Голубков, 1987; 7. Горбач, Машенкова, 1967; 8. Крейер, 1913; 9. Высоцкий, Савич, Савич, 1925; 10. Савич, 1925; 11. Окснер, 1924; 12. Голубков, Шуканов, 1983; 13. Горбач, 1961; 14. Савич, 1924.

У.Галубкоў @

Пармелія пакуллепадобная (Parmelia stuppea Tayl., 1847)
Клас Сумчатыя лішайнікі (Ascolichenes), парадак Леканаральныя (Lecanorales), сямейства Пармеліевыя (Parmeliaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Вільгацелюбны рэлікт субакіянічнай флоры трацічнага перыяду [1].
Кароткае апісанне. Слаявіна няправільна разеткападобная або невыразнай формы, дыяметрам да 7-12 см, з прыўзнятымі па краях сарэдыёзнымі лопасцямі і злёгку акруглымі або вострымі пазухамі. Лопасці хвалістанадрэзаныя, кучаравыя, з рэдкімі невялікімі раснічкамі па краях. Верхняя паверхня шаравата-зеленаватая, аліўкава-шараватая, шэрая, матавая, бліжэй да краёў бліскучая, гладкая; ніжняя - цёмная, амаль чорная, з чорнымі рызінамі, па краях святлейшая. Сарэдыі валікападобныя, крыху выгнутыя, часам зліваюцца па некалькі разам. Апатэцыі не выяўлены. Кара слаявіны і стрыжань ад K робяцца цёмна-чырвонымі, ад C і KC не мяняюцца, ад P стрыжань набывае аранжава-чырвоны колер. Утрымлівае атранарын і салацынавую кіслату [2].
Асаблівасці біялогіі. Размнажаецца вегетатыўна (сарэдыямі).
Пашырэнне. Эўразія (Карпаты, Каўказ і Далёкі Ўсход), Афрыка, Паўночная і Цэнтральная Амерыка [2]. У Беларусі выяўлена ў Жыткавіцкім і Лельчыцкім (Прыпяцкі запаведнік), а таксама ў Мазырскім [3], Столінскім і Асіповіцкім раёнах.
Месцы росту. Расце ў шыракалістых лясах на ствалах дубу, ясеню і іншых шыракалістых дрэў.
Характар росту. Трапляецца асобнымі экземплярамі або невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка шыракалістых лясоў, гідрамеліярацыйныя работы і іншыя фактары, якія мяняюць гідралагічны рэжым месцазнаходжанняў.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Знаходзіцца пад аховай рэжыму Прыпяцкага ландшафтна-гідралагічнага запаведніка.
Неабходныя меры аховы. Забарона высечкі лесу, змянення рэжымаў увільготненасці і асветленасці, папярэджванне забруджвання асяроддзя ў месцах росту, выяўленне новых месцазнаходжанняў віду.

Літ.: 1. Миняев, 1940; 2. Определитель лишайников СССР, вып. 1, 1971; 3. Голубков, 1986.

У.Галубкоў @

Пармелія сарэдыёзная (Parmelia sorediosa Almb., 1861)
Клас Сумчатыя лішайнікі (Ascolichenes), парадак Леканаральныя (Lecanorales), сямейства Пармеліевыя (Parmeliaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных плошчах.
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэлікт арктычнага перыяду галацэну [1].
Кароткае апісанне. Слаявіна разеткападобная, дыяметрам да 3-4 см, даволі шчыльна прымацаваная да субстрату, часта зліваецца з суседняй слаявінай. Лопасці вузкія, шырынёй да 0,5 мм, малагалінастыя, з вострымі або акруглымі пазухамі. Верхняя паверхня слаявіны карычнева-чорная або аліўкава-карычневая, матавая або бліскучая, з рассеянымі белымі, больш або менш плоскімі акруглымі саралямі; ніжняя - чорная або чорна-карычневая, з кароткімі, рассеянымі рызінамі. Апатэцыі трапляюцца вельмі рэдка. Ад K, KC, N колер кары слаявіны і асяродка не мяняецца [2, 3]. Утрымлівае перлатавую і стэнаспоравую кіслоты [3].
Асаблівасці біялогіі. Размнажаецца вегетатыўна (сарэдыямі).
Пашырэнне. Эўразія, Паўночная Амерыка, Грэнландыя [2]. У Беларусі адзначана ў Верхнядзвінскім, Глыбоцкім, Лепельскім раёнах (Бярэзінскі запаведнік) [6], Мядзельскім (заказнік «Блакітныя азёры») [7], Лагойскім, Стаўбцоўскім, Камянецкім (Белавежская пушча) [7] раёнах. Паводле літаратурных звестак трапляецца таксама ў Аршанскім [5], Асіповіцкім [8], Пастаўскім, Сенненскім раёнах.
Месцы росту. Гранітныя валуны і іншыя камяністыя субстраты, якія ўтрымліваюць крэмень.
Характар росту. Трапляецца асобнымі разеткамі, радзей утварае суцэльнае покрыва.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Разбурэнне і перамяшчэнне валуноў.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы, Бярэзінскім біясферным запаведніку, ландшафтным заказніку «Блакітныя азёры».
Неабходныя меры аховы. Наданне валунам з пармеліяй сарэдыёзнай статуса помнікаў прыроды рэспубліканскага або мясцовага значэння, арганізацыя ў раёнах іх збору ліхеналагічных мікразаказнікаў, выяўленне новых месцаў росту.

Літ.: 1. Миняев, 1940; 2. Определитель лишайников СССР, вып. 1, 1971; 3. Esslinger, 1977; 4. Bachmann, Bachmann, 1920; 5. Крейер, 1913; 6. Горбач, 1967; 7. Голубков, 1988; 8. Савич, 1924.

У.Галубкоў