##ShortTitle: Культуралогія ##LongTitle: Культуралогія ##FrontpageTitle: Культуралогія ##ExpandArticle: true ##Type: enc ##HTMLDescription_BEGIN Створана на падставе:
Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік. Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2003. ISBN 985-11-0277-6
Укладальнік: Эдуард Дубянецкі

Даведнік уключае 844 артыкулы, у якіх разглядаюцца актуальныя праблемы тэорыі і гісторыі культуры, асноўныя культуралагічныя паняцці і тэрміны, найважнейшыя школы і кірункі культуралогіі. У біяграфічных артыкулах, прысвечаных вядомым культуролагам, мысліцелям і асветнікам, дзеячам культуры, асвятляюцца іх жыццёвы і творчы шлях, асаблівасці светапогляду, распрацаваныя імі канцэпцыі і тэорыі. Змест большасці матэрыялаў арганічна звязаны з Беларуссю, з канкрэтнымі рэаліямі этнакультурнага развіцця беларускага грамадства. Кніга адрасавана спецыялістам у галіне культуралогіі, выкладчыкам і навучэнцам вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, усім, хто цікавіцца пытаннямі айчыннай і сусветнай культуры.
##HTMLDescription_END @

А капэла (італ. a cappella), харавое спяванне без інструментальнага суправаджэння. А.к. ўзнікла ў царкоўнай музыцы ў эпоху Сярэднявечча. Гэты стыль атрымаў шырокае распаўсюджанне ў царкоўнай і народнай музыцы Расеі. Спевы А.к. выкарыстоўвалі ў сваіх творах П.Чайкоўскі, С.Танееў, Д.Шастаковіч, Д.Бартнянскі і інш. кампазітары. @

Аалта Алвар (1898-1976), фінскі архітэктар. Адзін з буйнейшых архітэктараў 20 ст. Скончыў Тэхналагічны інстытут у Хельсінкі (1923). Працаваў у розных краінах свету (Швецыя, ЗША, Германія і інш.). Праектаваў жылыя комплексы, друкарні, санаторыі, бібліятэкі, навучальныя ўстановы, культурныя цэнтры, прамысловыя аб'екты (заводы, фабрыкі) і інш. У сваёй творчасці спалучаў нацыянальныя фінскія традыцыі з прынцыпамі функцыяналізму і арганічнай архітэктуры, дабіваўся выразнасці аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі, арганічна ўпісанай у прыродны ці гарадскі ландшафт. Лічыцца адным са стваральнікаў фінскага дызайну. Сярод найбольш значных твораў А. - галоўны будынак Політэхнічнага інстытута ў Атаніемі (1963-1966), санаторый у Пайміо (1929-1930), палац «Фінляндыя» ў Хельсінкі; бібліятэка ў Выбаргу; культурны цэнтр у Вольфсбургу (1962); будынак Пенсійнага кіравання і інш. У творчасці А. адлюстраваўся шматслойны характар фінскай культуры (змяшэнне розных элементаў заходняй цывілізацыі, рэшткаў дагістарычных і сярэднявечных часоў). Значную ўвагу А. удзяляў арганізацыі асвятлення ў будынках, паколькі лічыў, што святло фармуе прастору, выяўляе пластыку канструкцый, служыць магутным сродкам ўздзеяння на чалавечыя эмоцыі. @

Абеляр П'ер (каля 1079 - 1142), французскі філосаф, багаслоў, паэт. Вучыўся ў Шартры і Парыжы. Амаль усё жыццё пераходзіў з адной школы або кляштара ў іншыя. Каля 1101 адкрыў уласную школу, пазней узначальваў саборную школу ў Нотр-Дам. Рацыянальна-містычная накіраванасць светапогляду А. («разумею, каб верыць») выклікала нязгоду, пратэст з боку артадаксальных царкоўных колаў. Сцвярджаў, што рэальна існуюць толькі асобныя рэчы, а агульныя паняцці - толькі ў чалавечай свядомасці (прынцып канцэптуалізму). Аснову маральных учынкаў А. бачыў у згодзе чалавека са сваім сумленнем. Быў блізкі да ідэі верацярпімасці, падкрэсліваў значнасць індывідуальных намаганняў у выратаванні чалавечай душы. Сярод яго твораў - «Так і не», «Дыялектыка», «Аб боскім адзінстве і траіснасці» і інш. Аўтар аўтабіяграфічнага твора «Гісторыя маіх бедстваў» (1132-1136), любоўных вершаў, лістоў да сваёй каханай Элаізы і інш. @

Аберацыйнае дэкадаванне, тэрмін, які ўведзены вядомым італьянскім пісьменнікам, культуролагам У.Эка для абазначэня выпадку, калі паведамленне, што было закадавана з дапамогай адной сістэмы кадзіроўкі, пазней дэкадуецца ў адпаведнасці з іншай сістэмай. Паняцце А.д. звязана са словам «аберацыя» (ад лац. aberrare - адхіляцца), што азначае адхілене ад нормы, ад ісціны. Адно і тое ж паведамленне, перададзенае праз радыё, тэлебачанне ці Інтэрнет, па-рознаму ўспрымаецца прадстаўнікамі розных культур і субкультур. @

Абраз (ікона), у хрысціянстве жывапісная або рэльефная выява божастваў, святых, рэлігійных сюжэтаў. Вытокі ўшанавання А. можна вывесці з першабытнага фетышызму. Культ А. у хрысціянстве атрымаў шырокае распаўсюджанне з 4 ст. У праваслаўі А. з'яўляецца неабходным элементам рэлігійнага культу, што знайшло адлюстраванне ў іканапісе. У Беларусі найбольш раннія творы іканапісу з'явіліся ў канцы 10 ст. (Полацак, Тураў). Магчыма, першыя з іх прывозіліся з Візантыйскай імперыі, пра што сведчыць атрыманне Ефрасінняй Полацкай ад імператара Мануіла Комніна абраза Маці Божай. Беларускія А. 11-15 ст. ствараліся пад прыкметным уплывам праваслаўнай візантыйска-балканскай традыцыі (напр., «Маці Божая Замілаванне» з-пад Берасця, «Успенне» з Менска, 15 ст.). У 16 ст. сфармавалася самабытная беларуская іканапісная школа. Адметныя рысы беларускіх А. - узорыстасць, багатая і разнастайная арнаментоўка, разны раслінны арнамент фону, мажорнасць агульнага эмацыянальнага раду. На працягу 17-18 ст. цэнтрамі іканапісання былі Берасце, Горадня, Пінск, Магілеў, Віцебск, Полацак, Менск, Вільня і інш. Адметнасцю беларускага іканапісу былі алтарныя А. з рысамі готыкі, рэнесансу і барока. У эпоху барока А. аздабляліся т.зв. «абкладамі» - накладнымі чаканенымі металічнымі рызамі. @

Абстрактнае мастацтва (ад лац. abstractio - адцягненне), беспрадметнае мастацтва, мастацтва, якое захоўвае відавыя і тэхнічныя прыкметы і сродкі, выпрацаваныя выяўленчымі мастацтвамі (напр., карціна, роспіс, скульптурная кампазіцыя; лінія, каларыт, светлацень і інш.), аднак адмаўляецца пры гэтым ад выяўлення навакольнага свету і ад самога прынцыпу выяўленчасці. А.м. адлюстроўвае спецыфічнае светабачанне або душэўны, псіхалагічны стан аўтара мастацкага твора. Вытокі А.м. ўзыходзяць да ранніх этапаў першабытнага мастацтва і дзіцячай творчасці як неарганізаванае выяўленне эстэтычнай імпульсіўнай дзейнасці. Уласна А.м. як цэласная сістэма склалася ў рамках станковага і манументальнага мастацтва ў пачатку 20 ст., калі аформіўся абстракцыянізм як асобны мастацкі кірунак. @

Абстрактны экспрэсіянізм, плынь у абстрактным жывапісе. Узнікла ў пачатку 1940-х г. пад непасрэдным уплывам эстэтыкі сюррэалізму і выпрацаваных ім прыёмаў псіхічнага аўтаматызму. А.э. прадстаўлены творчасцю мастакоў т.зв. «нью-ёркскай школы» - Дж.Полака, В.дэ Кунінга, Х.Хофмана, Ф.Клайна і інш. Галоўная адметная рыса А.э. - крайняя спантаннасць, імправізацыйнасць творчага акта. Прадстаўнікі А.э. звычайна ў імклівым тэмпе наносілі на палатно буйныя энергічныя мазкі, нярэдка выкарыстоўвалі прыём дрыпінгу (распырскванне або выцісканне фарбы адразу на палатно), што адлюстроўвала іх псіхічны і эмацыянальны стан у канкрэтныя перыяды працы над сваім творам. Імпульсіўнасць, непасрэднасць А.э. ўспрымаліся як выяўленне бязмежнай унутранай свабоды, пратэст супраць умоўных эстэтычных норм і сацыяльных абмежаванняў. А.э. дамінаваў у мастацкім жыцці ЗША да пачатку 1960-х г., даў імпульс да развіцця розных форм акцыянізму. @

Абстракцыя мастацкая, спосаб мастацкага мыслення і пабудовы вобразу рэальнасці ў мастацтве. Прадугледжвае адмаўленне другараднага і акцэнтацыю ўвагі на найбольш значных рысах аб'екта мастацтва, абагульненне іх характарыстык і тыповых якасцей. А.м. фармуецца з дапамогай такіх мастацкіх сродкаў, як тыпізацыя, індывідуалізацыя, ідэалізацыя і інш. @

Абстракцыянізм (ад лац. abstractus - адцягнены), кірунак у мастацтве 20 ст, у якім твор заснаваны выключна на фармальных элементах (лінія, колеравая пляма, адцягненая канфігурацыя). А. як асобны мастацкі кірунак узнік у пачатку 20 ст. Для яго характэрны вельмі абстрагаваныя вобразы, якія практычна ніяк не звязаны з рэчаіснасцю, крайняя фармалізацыя агульнай кампазіцыі, адвольнае, часам хаатычнае спалучэнне геаметрычных форм, колеравых ліній і плям. Прадстаўнікі А. сцвярджаюць, што яны не выяўляюць рэчаіснасць, а твораць «новую рэальнасць». Сярод заснавальнікаў і асноўных прадстаўнікоў А. - В.Кандзінскі, П.Пікасо, К.Малевіч, Ж.Брак, Р.Дэлон, П.Мондрыян і інш. Пасля другой сусветнай вайны А. становіцца адным з вядучых кірункаў у мастацтве Заходняй Эўропы і Паўночнай Амерыкі. @

Абсурду драма (ад лац. absurdus - недарэчны), плынь у заходнеэўрапейскай драматургіі і тэатры другой паловы 20 ст. Найбольш вядомыя творы А.д. - «У чаканні Гадо» С.Бекета, «Лысая спявачка» Э.Іянеска. Для А.д. ўласцівы адсутнасць яснага сюжэту і распрацаваных характараў персанажаў, песімістычнае светаўспрыманне, адчуванне трагізму і адчужанасці чалавека ў недасканалым свеце, успрыманне рэчаіснасці як чагосьці пазбаўленага ўнутранага сэнсу і прычынных сувязей, гратэскна-камічная дэманстрацыя абсурднасці і бессэнсоўнасці чалавечага быцця. @

Авангардызм (ад франц. avantgardisme - пярэдні край, перадавы атрад), агульнае паняцце, якое аб'ядноўвае эксперыментальныя пошукі ў мастацтве 20 ст. Поўнасцю адмаўляе ўстаноўленыя ў сусветным мастацтве эстэтычныя прынцыпы. З'яўляецца крайнім выяўленнем мадэрнізму. Для А. ўласцівы пошукі пазаэстэтычных спосабаў уздзеяння на гледача (напр., перанос акцэнту са знешняга на ўнутранае, з сузірання аб'ектаў мастацтва на іх эмацыянальнае перажыванне). У А. выкарыстоўваюцца незвычайныя, экстравагантныя, часам шакіруючыя мастацкія сродкі і формы творчага самавыяўлення. Да ліку асноўных авангардысцкіх плыняў адносяцца фавізм, экспрэсіянізм, абстракцыянізм (у форме кубізму), футурызм, сюррэалізм, дадаізм, поп-арт. @

Аверынцаў Сяргей Сяргеевіч (н. 1937), расейскі літаратузнавец, культуролаг, публіцыст, перакладчык, біблеіст. Асноўныя працы прысвечаны гісторыі антычнай (грэчаскай, усходняй) і сярэднявечнай літаратуры (візантыйскай, расейскай, заходнеэўрапейскай). Публікаваў працы па заходнеэўрапейскай філасофскай і культуралагічнай думцы 20 ст. (К.Г.Юнг, О.Шпенглер, К.Ясперс і інш.). Для творчасці А. ўласцівы літаратурна-крытычная аналітычнасць, універсальная эрудыцыя, уважлівасць і глыбіня аналізу першакрыніц. У яго працах сімвалы антычнай і сярэднявечнай культуры разглядаюцца ў перспектыве сучасных духоўных праблем, у кантэксце своеасаблівага дыялогу даследчыка з аўтарам літаратурнага твора. Аўтар шматлікіх артыкулаў у галіне міфалогіі, семіётыкі, перакладаў старажытных лацінскіх, візантыйскіх, сірыйскіх аўтараў, літаратараў мінулых стагоддзяў і сучаснасці. Выступае з літаратурна-крытычнымі артыкуламі аб расейскай паэзіі і паэтах (А.Пушкін, В.Жукоўскі, В.Іваноў, В.Мандэльштам). Сярод найбольш вядомых прац А. «Паэтыка ранневізантыйскай літаратуры» (1977), «Культура Візантыі 4 - першай паловы 7 ст.» (1984), «Культура і рэлігія» (1991), «Хрысціянства і культура ў Эўропе» (1992) і інш. Піша вершы (у т.л. з 1980-х г. - духоўныя), якія арыентуюцца на класічную эўрапейскую паэзію і фальклор. @

«Авеста», старажытнаіранскі рэлігійны помнік; у зараастрызме - збор свяшчэнных кніг. Узнікла, магчыма, у першай палове 1 тыс. да н.э. Тэкст быў канчаткова кадыфікаваны на працягу 3-7 ст. н.э. «А.» - адзіны ў свеце твор, запісаны авесційскім алфавітам. Утрымлівае звод рэлігійных і юрыдычных прадпісанняў, малітоўныя песнапенні, разнастайныя паданні і легенды, гімны божаствам і інш. Паданне прыпісвае аўтарства ўсіх кніг «А.» Заратуштры, аднак у сучасны перыяд лічыцца, што ён мог мець непасрэднае дачыненне толькі да асобных, найбольш старажытных частак «А.» - да т.зв. «Гаты» (кнігі свяшчэнных малітваў). @

Аганальнасць (ад грэч. agon - барацьба, спаборніцтва), спецыфічная рыса старажытнагрэчаскай культуры. Азначае нястрыманае імкненне грэкаў да спаборніцтваў у розных сферах жыццядзейнасці (эканоміцы, палітыцы, культуры). Спаборніцтвы праводзіліся часта, а пераможцы атрымлівалі разнастайныя ўзнагароды, карысталіся грамадскай павагай, мелі шырокую вядомасць. Грэкі вельмі любілі спартовыя, музычныя, тэатральныя спаборніцтвы, на якіх галоўным лічылася атрымаць перамогу, быць пераможцам. Напр., найбольш вядомымі і буйнымі спаборніцтвамі былі Алімпійскія гульні, Істмійскія, Піфійскія, Немейскія гульні, Вялікія гарадскія Дыянісіі (на якіх спаборнічалі харавыя групы, трагічныя і камічныя паэты-драматургі). Былі папулярнымі таксама конкурсы выканаўцаў на музычных інструментах, скульптараў і жывапісцаў, прамоўцаў і інш. @

Агенты (суб'екты) культуры, індывіды, групы, установы, якія спрыяюць стварэнню, развіццю, распаўсюджванню, захаванню і перадачы культурных каштоўнасцей і прадуктаў. Да іх ліку традыцыйна адносяць вялікія сацыяльныя групы (этнасы, нацыянальныя меншасці, прафесійныя і пакаленныя групы); малыя сацыяльныя групы (навуковая, гуманітарная, тэхнічная інтэлігенцыя, прыхільнікі музыкі і інш.); творчых індывідаў (пісьменнікаў, музыкантаў, артыстаў, мецэнатаў), якія ствараюць, выконваюць або спансуюць мастацкія творы; установы культуры (акадэміі навук, школы, ВНУ, міністэрствы культуры і адукацыі, бібліятэкі, галерэі, тэатры, навучальна-выхаваўчыя комплексы і інш.). @

Агіяграфія (ад грэч. hagios - святы + графія), від царкоўнай літаратуры пра жыццё кананізаваных духоўных або свецкіх асоб. Узнікла ў Рымкай імперыі, пашырылася ў Візантыі, дзе былі дакладна сфармуляваны асноўныя патрабаванні да А. У Сярэднявеччы агіяграфічныя творы пісаліся звычайна на лацінскай мове і апісвалі жыццё, цуды і пакутніцтва за «веру Хрыстовую» святых людзей - велікамучанікаў, прапаведнікаў і інш. Творы А. вызначаліся дыдактыкай, умоўнасцю, услаўлялі аскетызм, цярплівасць, пакорлівасць Боскай волі. Арыгінальныя беларускія агіяграфічныя творы вядомы з канца 12-13 ст. - «Жыціе Ефрасінні Полацкай», «Жыціе Аўраамія Смаленскага». Іх аўтары строга не прытрымліваліся візантыйскіх схем, звярталіся да гістарычных фактаў, уключалі эмацыянальна-псіхалагічныя маналогі, бытавыя замалёўкі. З 15-16 ст. у Беларусі ствараюцца пашыраныя (мінеі-чэцці) і кароткія жыціі (пралогі), а таксама пацерыкі (жыціі пра жыццё манахаў). @

Агні (літар. «агонь»), у ведыйскай і індуісцкай міфалогіі бог агню, хатняга ачага. А. - галоўны сярод зямных багоў; з'яўляецца персаніфікацыяй свяшчэннага агню. Ён прыносіць сямейнае шчасце, здаровае патомства, поспехі, удачы, несмяротнасць. Лічыцца несмяротным божым жрацом. Яго асноўная задача - узнясенне ахвярных прынашэнняў да нябесных багоў. @

Адамовіч Алесь (1927-1994), беларускі пісьменнік, літаратуразнавец, крытык, грамадскі дзеяч. Член-карэспандэнт АН Беларусі (1980), доктар філалагічных навук (1962), прафесар (1971). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1971). Скончыў БДУ (1950). Вучыўся на Вышэйшых сцэнарных курсах (Масква). Працаваў у БДУ, Інстытуце літаратуры АН Беларусі, Маскоўскім універсітэце, быў дырэктарам Усесаюзнага навукова-даследчага існтытута кінамастацтва. У сваіх літаратуразнаўчых працах («Беларускі раман», 1961; «Маштабнасць прозы», 1972; «Браму скарбаў сваіх адчыняю», 1974; «Літаратура, мы і час», 1979) глыбокі эстэтычны аналіз мастацкіх твораў спалучаў з гуманістычнай канцэпцыяй успрымання літаратуры і жыцця, з прынцыпамі праўдзівасці і гістарызму. У рамане-дылогіі «Партызаны» (Ч. 1-2, 1960-1963), «Хатынскай аповесці» (1972), дакументальных кнігах «Я з вогненнай вёскі» (1977, разам з Я.Брылём і Ў.Калеснікам), «Карнікі» (1980), «Блакаданая кніга» (1977-1981, разам з Д.Граніным) асэнсоўваў паводзіны чалавека ў экстрэмальных сітуацыях ваеннага часу, праблемы захавання духоўнай спадчыны беларускага народа, паказваў антычалавечую сутнасць фашызму, псіхалогію здрадніцтва. Аўтар пацыфісцкай лірыка-драматычнай аповесці на фантастычны сюжэт «Апошняя пастараль» (1987), публіцыстычных кніг актуальнага грамадска-палітычнага гучання («Выберы - жыццё», 1986; «Дадумваць да канца: Літаратура і трывогі стагоддзя», 1988; «Мы - шасцідзесятнікі», 1991; «Апакаліпсіс па графіку», 1992). Па яго творах пастаўлены тэатральныя спектаклі, зроблены радыёпастаноўкі, зняты мастацкія фільмы. Сваёй літаратурнай творчасцю і грамадскай дзейнасцю А. сцвярджаў прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцей, неабходнасць дэмакратычных перамен, захавання дзяржаўнага суверэнітэту, духоўна-культурнага адраджэння беларускай нацыі. @

Адаптацыя (ад лац. adaptare - прыстасоўваць), працэс прыстасавання індывіда або групы людзей да знешніх абставін іх жыццядзейнасці. У працэсе фізічнай А. чалавек паступова прыстасоўваеца да пэўнага клімату, а ў ходзе сацыякультурнай А. - адпаведна да патрабаванняў канкрэтнай культуры, усяго грамадства. Адным з найбольш важных момантаў А. з'яўляецца ўзгадненне ўласных поглядаў, стэрэатыпаў паводзін з рэальнымі магчымасцямі навакольнага фізічнага і культурнага асяроддзя. А. па свайму зместу падобная да сацыялізацыі, аднак калі апошняя працягваецца практычна ўсё жыццё, то А. можа мець лакальны маштаб і адбывацца ў кароткія тэрміны. @

Адметнасць культурная, сукупнасць рыс, прыкмет, якія адрозніваюць адную культуру ад другой. А.к. праяўляецца ў спосабах будаўніцтва жылля, асаблівасцях вырабу прадметаў працы, правядзення свят, абрадаў, звычаяў, традыцый, сямейнага жыцця, працоўнай дзейнасці, адпачынку, штодзённых паводзін, прыгатавання ежы, спецыфіцы этыкету, маральных і эстэтычных каштоўнасцей розных народаў свету і да т.п. Напр., у эўрапейскіх краінах пры сустрэчы прынята вітацца, паціскаючы адзін аднаму руку, а ў народаў Усходу (кітайцы, японцы, індыйцы) гэта рабіць не прынята. @

Адорна Тэадор (1903-1969), нямецкі сацыёлаг і філосаф, музыказнаўца; прадстаўнік франкфурцкай школы. З 1949 прафесар універсітэта (Франкфурт-на-Майне), з 1953 кіраўнік Інстытута сацыяльных даследаванняў. Распрацоўваў праблемы сацыялогіі культуры, музыкі і літаратуры. Выступаў з крытыкай культуры і грамадства (кніга «Дыялектыка Асветніцтва», 1948; сумесна з М.Хоркхаймерам). Лічыў, што развіццё чалавецтва суправаджаецца нарастаючым супрацьстаяннем грамадства і прыроды, стратай індывідуальнай свабоды. А. пісаў пра «новы тып варварства», які склаўся пад уплывам пашырэння спецыфічнай тэхналагічнай свядомасці. Адметнай рысай такой свядомасці з'яўляецца пастаяннае імкненне да падаўлення чалавечай індывідуальнасці, стварэння грамадства «татальнага адміністравання» і няўхільнай дэгуманізацыі яго сябраў. Распрацаваў канцэпцыю «новай музыкі» як пратакольнай фіксацыі «непрасветленых пакут». Сярод асноўных работ - «Аўтарытарная асоба» (1950), «Уводзіны ў сацыялогію музыкі» (1962), «Негатыўная дыялектыка» (1966) і інш. @

Адраджэнне (Рэнесанс), гісторыка-культурная эпоха паміж Сярэднявеччам і Новым часам (14 - першая палова 17 ст.) у краінах Заходнай і Цэнтральнай Эўропы. Назва А. звязана з сапраўдным адраджэннем інтарэсу да культурных здабыткаў і каштоўнасцей Старажытнай Грэцыі і Рыма. Пачалося ў паўночнай Італіі, пазней распаўсюдзілася на іншыя эўрапейскія краіны. У эпоху А. былі зроблены важныя адкрыцці і вынаходніцтвы ў розных галінах навукі і тэхнікі, створаны выдатныя ўзоры рэалістычнага мастацтва. Для культуры А. былі ўласцівы антыфеадальная і антыклерыкальная накіраванасць, адмаўленне дагматызму і схаластыкі, узрастанне асобаснага пачатку, індывідуалізму, пашырэнне вальнадумства, свабодалюбівых, патрыятычных настрояў. Адной з найбольш важных адметных рыс рэнесанснай культуры з'яўляўся яе відавочны гуманізм. Характэрнай асаблівасцю эпохі А. быў зварот да культуры антычнасці як зыходнага пункта для фармавання новай, пераважна свецкай культуры, апорай якой станаваліся гарады, двары і маёнткі феадалаў, багатых мяшчан, а галоўнымі выразнікамі - прадстаўнікі новай інтэлігенцыі, перадавыя грамадскія і палітычныя дзеячы. Рэнесансныя ідэі і матывы найбольш ярка выявіліся ў творчасці выдатных мастакоў, скульптараў (Мікеланджэла, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, А.Дзюрэр, Тыцыян, Данатэла), архітэктараў (Ф.Брунелескі, Д.Брамантэ), літаратараў (У.Шэкспір, М. дэ Сервантэс, Ф.Рабле, Лопэ дэ Вэга), вучоных (Г.Галілей, М.Капернік, Д.Бруна), мысліцеляў (Т.Мор, Э.Ратэрдамскі, М.Мантэнь) і інш. У эпоху А. культура выйшла з-пад поўнай апекі царквы, што прывяло да хуткага развіцця свецкага мастацтва; найбольшыя поспехі былі дасягнуты ў галіне выяўленчага мастацтва. Рэнесансная культура 15 - пачатку 17 ст. эўрапейскіх краін (Германія, Нідэрланды, Англія, Францыя, Гішпанія, Швецыя і інш.), размешчаных на поўнач ад Італіі і Альпаў, традыцыйна называецца Паўночным А. Яго асаблівасцямі былі кампраміс з сярэднявечнымі традыцыямі, моцная сувязь з рэлігійнымі і нацыянальна-культурнымі рухамі (напр., з Рэфармацыяй).

Перадумовамі станаўлення і развіцця культуры А. на беларускіх землях сталі ўзаемасувязі ВКЛ з краінамі Заходняй Эўропы, адносна дэмакратычны лад жыцця, рост гарадоў, завяршэнне працэсу фармавання беларускага этнасу і старабеларускай мовы. Тыповыя рысы рэнесанснай культуры (гуманізм, свабодалюбства, патрыятызм, антыдагматычнасць) выразна праявіліся ў культурна-асветніцкай, творчай дзейнасці Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага, М.Гусоўскага, Сімяона Полацкага і інш. Расквітнела летапісанне, заняпала жыційная літаратура, былі створаны хронікі, гістарыяграфічныя творы, на старабеларускую мову перакладаліся ўзоры свецкай прозы. Пашырэнню рэнесансных ідэй паспрыяла ўзнікненне і хуткае развіццё мясцовага кнігадрукавання. Літаратура пераставала быць ананімнай, цэлая плеяда літаратараў, публіцыстаў (М.Сматрыцкі, А.Волан, А.Філіповіч, А.Рымша, Л. і С.Зізаніі, І.Пацей і інш.) гучна заявіла пра сябе творамі высокага мастацкага і эстэтычнага ўзроўню, напісанымі на старабеларускай, лацінскай і польскай мовах. З'явіліся прафесійныя паэты, атрымала развіццё мемуарная літаратура. Паспяхова развівалася архітэктура, што знайшло адлюстраванне ў будаўніцтве шматлікіх ратуш, храмаў, палацаў, шпіталяў, дамоў цэхавых брацтваў і інш. Спачатку рэнесансныя рысы спалучаліся з элементамі готыкі (Мірскі замак, Мураванкаўская царква-крэпасць). У 16 - сярэдзіне 17 ст. рысы А. праявіліся і ў выяўленчым мастацтве, якое спалучала заходнеэўрапейскія традыцыі, асаблівасці візантыйскай мастацкай спадчыны і адметныя рысы творчасці мясцовых мастакоў. Пашырыўся жанр партрэта, у якім праявілася рэнесансавае разуменне асобы чалавека. Фармаваўся жанравы і батальны жывапіс. У беларускім іканапісе ўзнікла наватарская плынь, што выявілася ва ўвядзенні ў сюжэтную канву бытавых і этнаграфічных дэталяў. У беларускім мастацтве 1-й паловы 17 ст. формы А. суіснавалі з рысамі маньерызму, але паступова пачалі саступаць вядучае месца стылістыцы барока. @

Адставанне культурнае, канцэпцыя, распрацаваная амерыканскім сацыёлагам У.Огбарнам. Асноўная ідэя канцэпцыі А.к. заключаецца ў тым, што матэрыяльная культура развіваецца больш хутка ў параўнанні з нематэрыяльнай культурай (яе аўтар называе «адаптыўнай»). Сярод прычын А.к. Огбарн адзначаў наступныя: наяўнасць ў адаптыўнай культуры малой колькасці вынаходніцтваў; існаванне перашкод адаптыўным змяненням; апасродкаванасць кантактаў паміж матэрыяльнай і адаптыўнай культурамі; супраціўленне адаптацыі, што праяўляецца ў пэўных арыентацыях, адзнаках якой-небудзь групы і інш. @

«Адысея», старажытнагрэчаская эпічная паэма пра вандраванні Адысея. Аўтарства «А.» прыпісваецца Гамеру. Напісана гекзаметрам (каля 12 100 вершаў). Апавядае пра вяртанне Адысея дадому з-пад Троі і ахоплівае падзеі прыблізна 40 дзён. У вобразе Адысея гераічныя рысы (пераадоленне звышнатуральных перашкод і спакусаў) адступаюць на задні план перад якасцямі розуму, вынаходлівасцю і разважлівасцю. У паэме адлюстраваны рэаліі як старажытнага крыта-мікенскага перыяду, так і падзеі часоў жыцця самога Гамера. Па матывах «А.» ў розны час створана мноства твораў літаратуры, выяўленчага мастацтва, кінематографа. @

Акадэмізм (франц. akademisme), кірунак у выяўленчым мастацтве 17-18 ст., які дагматычна следаваў знешнім формам класічнага мастацтва. Узнік у канцы 16 ст. ў Італіі, дзе былі распрацаваны правілы пераймання мастацтваў антычнасці і Адраджэння, засвоены некаторыя прыёмы і прынцыпы класіцызму. У шырокім сэнсе А. тлумачыцца як любая кананізацыя, ператварэнне ў бясспрэчную норму ідэалаў мастацтва папярэдніх гістарычных эпох. @

Акмеізм (ад грэч. akme - вышэйшая ступень чаго-небудзь, квітнеючая сіла), плынь у расейскай паэзіі 1910-х г. (С.Гарадзецкі, М.Кузьмін, раннія М.Гумілёў, Г.Ахматава, В.Мандэльштам). Прадстаўнікі А. імкнуліся пераадолець схільнасць паэтаў-сімвалістаў да «звышрэальнага», шматзначнасці і цякучасці вобразаў, ускладнёнай метафарычнасці, выступалі за стварэнне пачуццёвых, пластычна-ясных вобразаў і за дакладнасць, выразнасць паэтычнага слова. Для паэзіі акмеістаў уласцівы своеасаблівая «прыземленасць», схільнасць да камернасці і эстэтызму, паэтызацыя мінулай культуры і біялагічнага пачатку, пачуццяў спрадвечнага чалавека (адсюль і другая назва А. - адамізм, ад імя Адам). Акмеісты лічылі, што ў выніку адыходу ад сімвалізму паэзія стане свабоднай, а В.Мандэльштам успрымаў А. як «тугу па сусветнай культуры». А. аказаў уплыў на жывапіс (К.Каровін, Б.Кустодзіеў, Ф.Малявін) і музыку (А.Лядаў, І.Стравінскі). Акмеісты аб'ядноўваліся ў «Цэх паэтаў», выдавалі часопіс «Гіпербарэй» (1912-1913), альманахі. @

Аксіялогія (ад грэч. axios - каштоўны + logos - вучэнне, веды), вучэнне аб прыродзе каштоўнасцей, іх ролі і месцы ў сацыяльнай рэчаіснасці, аб структуры каштоўнаснага свету. Пытанні А. пачалі асэнсоўвацца яшчэ ў антычным свеце (Сакрат, Платон, Арыстоцель і інш.) і распрацоўваліся на працягу ўсёй гісторыі сусветнай філасофскай думкі (П.Абеляр, В.Віндэльбад, Г.Рыкерт, М.Шэлер, М.Вебер і інш.). Прадмет А. - гістарычна абумоўленыя этычныя, эстэтычныя і інш. каштоўнасці ў іх узаемасувязі і ў адносінах да сацыякультурнай сферы і структуры асобы. Базавай для А. з'яўляецца праблема абгрунтавання магчымасці існавання каштоўнасцей у структуры быцця і іх сувязі з прадметнай рэальнасцю. У культуралагічнай навуцы аксіялагічная праблематыка займае істотнае месца ў сувязі з шырока распаўсюджанай трактоўкай культуры як сукупнасці ўсіх каштоўнасцей, створаных чалавецтвам, а таксама з актуальнасцю, практычнай важнасцю праблемы ідэалаў (як абагульненых уяўленняў аб дасканаласці ў розных сферах жыццядзейнасці грамадства). Аксіялагічны аналіз лічыцца важнай састаўной часткай пры вывучэнні працэсаў інкультурацыі, звязаных з засваеннем чалавекам сістэмы культурных норм і каштоўнасцей. Распрацоўкай разнастайных пытанняў, звязаных з А., займаюцца пераважна прадстаўнікі структурна-функцыянальнага падыходу. Перыяды грамадскіх, духоўна-культурных крызісаў павышаюць увагу да асэнсавання ролі і месца каштоўнасцей у жыцці грамадства. У сярэдзіне 20 ст. ўзнікла ідэя прыярытэтнасці агульначалавечых каштоўнасцей (свабода і правы чалавека, захаванне міру, пераадоленне экалагічнай і тэхнагеннай катастроф, новых пагроз чалавецтву і інш.). @

Акультурацыя (acculturation - англ. неологизм ад лац. ad - к, да + cultura - ураблянне), працэс і вынік узаемаўплыву розных культур, пры якім ўсе ці частка прадстаўнікоў адной культуры (рэцыпіенты) пераймаюць нормы, каштоўнасці і традыцыі другой культуры (донара). У працэсе А. асобны народ або яго частка (саслоўе, клас, сацыяльная група, нацыянальная меншасць) засвойваюць культуру і мову другога народа (звычайна дэмаграфічна дамінуючага ці больш культурна развітога), але ў той жа час не страчваюць поўнасцю сваю культуру, гістарычную памяць і нацыянальную самасвядомасць. Упершыню праблема А. была апісана ў канцы 19 ст. ў працах ангельскіх і амерыканскіх этнографаў. У навуковым ужытку тэрмін А. замацаваўся ў першай трэці 20 ст., у перыяд хуткага развіцця культурнай антрапалогіі, калі ў даследаваннях Ф.Боаса, Р.Лінтана, Р.Рэдфілда, М.Мід, М.Хантэра, М.Херсковіца і інш. вызначаліся механізмы і асаблівасці ўплыву англасаксонскай культуры ЗША на мясцовых індзейцаў і афра-амерыканцаў. У 1930-я г. былі вылучаны тры асноўныя тыпы рэакцыі культуры-рэцыпіента на працэс А.: прыняцце (поўнае замяшчэнне старой культуры новай); адаптацыя (частковае змяненне старой культуры новай); адмаўленне (поўнае адарванне новай культуры). У сярэдзіне - другой палове 20 ст. замежнымі даследчыкамі вывучаліся звязаныя з А. працэсы вестэрнізацыі, кітаізацыі, японізацыі ў розных рэгіёнах свету. Прычым даследаваліся не толькі пытанні ўздзеяння дамінуючай культуры на розныя субкультуры, але і гэтых субкультур на культуру-донара (напр., афрыканскіх форм музыкі на заходняе музычнае мастацтва). А. можа мець пазітыўны характар, калі яна прыводзіць да ўзбагачэнння культуры-рэцыпіента. Аднак ў выпадках, калі ўплыў іншай культуры перавышае пэўную «крытычную мяжу», тады гэта можа ўяўляць пагрозу для культуры-рэціпіента, паколькі такі магутны знешні ўплыў можа прывесці да збяднення ці поўнага знікнення асобных нацыянальных традыцый, абрадаў, звычаяў, артэфактаў і інш. У выпадках, калі больш развітая, «моцная» культура падаўляе больш неразвітую, «слабую» культуру, нярэдка мае месца збядненне, дэградацыя апошняй. Прычым і «культура-донар» у выніку можа ў пэўным сэнсе растраціць свой унутраны патэнцыял, збядніць свой агульны «культурны фонд». У розныя гістарычныя эпохі беларуская культура неаднолькава рэагавала на працэсы А. з боку культур суседніх і больш далёкіх народаў. У эпоху Сярэднявечча пераважаў уплыў усходняй візантыйскай культуры, а ў час Рэнесансу - заходнеэўрапейскай культуры. На працягу 17-20 ст. вельмі моцнымі былі ўплывы на беларускую культуру суседніх культур - найперш польскай і расейскай. У працэсе паланізацыі і русіфікацыі беларуская культура набывала асобныя новыя рысы, засвойвала некаторыя іншаэтнічныя традыцыі, а часам, наадварот, не ўспрымала, адвяргала іх, аказваючы пэўны ўплыў на гэтыя культуры. У сучасны перыяд адбываецца пэўная вестэрнізацыя беларускай культуры, што ў большай ці меншай ступені выяўляецца ў сферы выяўленчага, тэатральнага мастацтва, літаратуры, кіно, музыкі. @

Акумуляцыя культурная, працэс накаплення культурнага патэнцыялу, спадчыны. Мае месца там, дзе да культурнай спадчыны дадаецца больш новых элементаў, чым адкідваецца старых. Наадварот, калі страчваецца больш культурных здабыткаў, чым дадаецца, прынята гаварыць пра культурнае вычарпанне. Акумуляваць культурныя каштоўнасці, перадаваць іх новым пакаленням павінны як асобныя індывіды, так і спецыяльныя сацыяльныя інстытуцыі - дзяржаўныя адукацыйныя, навукова-асветныя ўстановы, грамадскія аб'яднанні і таварыствы і г.д. Найбольш важнымі з'яўляюцца не столькі колькасныя паказчыкі, колькі якасныя, а таксама феномен «грамадскай запатрабаванасці», актуалізацыі культурных каштоўнасцей рознымі сацыяльнымі групамі. Сярод найважнейшых каналаў А.к. - музеі і бібліятэкі. Пра яўныя праблемы ў гэтай сферы сведчаць, напр., такія факты, як змяншэнне колькасці ўстаноў клубнага тыпу, кінатэатраў, зніжэнне колькасці кніг у бібліятэках, а таксама моцнае скарачэнне колькасці наведванняў музеяў, бібліятэк. @

Акцыянізм, адна з форм постмадэрнізму, якая атрымала распаўсюджанне ў краінах Заходняй Эўропы ў 1970-я г. Заснавальнікамі А. з'яўляюцца мастак К.Ольдэнбург, кампазітар Д.Кейдж, тэарэтык А.Кэпроў. У А. спалучаюцца абстрактны жывапіс, скульптура, элементы розных кірункаў абстрактанага мастацтва (дадаізм і інш.), поп-арта, тэатра абсурду, вулічных прадстаўленняў у рэчышчы карнавальнай традыцыі і нават дэманстрацыя «дзеянняў» самога творцы («жывапіс дзеяння», «жывая скульптура» і інш.). @

Александроўская Ларыса (1904-1980), спявачка (сапрана), рэжысёр. Народная артыстка Беларусі (1938). Народная артыстка СССР (1940). Скончыла Беларускі музычны тэхнікум (1928). У Другую сусветную вайну сябра франтавых канцэртных брыгад. З поспехам выконвала партыі ў класічных і нацыянальных операх - Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Таццяна («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Любаша («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Надзейка («Кветка шчасця» А.Туранкова), Марыя Грагатовіч («Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса) і інш. Выступала як канцэртная спявачка, у рэпертуары якой важнае месца займалі беларускія народныя песні. Выканальніцкая манера А. вызначалася пранікнёным лірызмам, своеасаблівасцю вакальна-сцэнічнай трактоўкі вобразаў. Музыкальнасць, драматычны тэмперамент, артыстызм, глыбокае веданне жыцця абумовілі моцнае эмацыянальнае ўздзеянне створаных ёю вобразаў. У сваіх рэжысёрскіх работах («Страшны двор» С.Манюшкі, 1952; «Дзяўчына з Палесся» Я.Цікоцкага, 1953; «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага, 1954; «Трубадур» Дж.Вердзі, 1955 і інш.) развівала рэалістычныя традыцыі тэатра. Адна з арганізатараў Беларускага тэатральнага аб'яднання (з 1946 старшыня, з 1976 ганаровы старшыня). З 1987 праводзіцца Рэспубліканскі конкурс вакалістаў імя А. У 1992 устаноўлена прэмія імя А. у галіне тэатральнага мастацтва. @

Алімпійскія гульні,

1) спартовыя спаборніцтвы, якія праводзіліся ў Старажытнай Грэцыі. На час іх правядзення заключаўся т.зв. «свяшчэнны мір» і спыняліся любыя ваенныя дзеянні паміж рознымі гарадамі-дзяржавамі (полісамі). Першыя А.г. былі праведзены ў 776 г. да н.э. у г. Алімпія на паўвостраве Пелапанесе, з таго часу адбываліся там адзін раз у чатыры гады і працягваліся пяць дзён у канцы чэрвеня - пачатку ліпеня. Да ўдзелу ў А.г. дапускаліся толькі свабодныя грэкі, якія прадстаўлялі ўсе полісы. У іх праграму ўваходзілі розныя віды спорта: пентатлон (які ўключаў бег, барацьбу, кіданне дыска і кап'я, скачкі ў даўжыню), бег розных тыпаў, барацьба, кулачны бой, конныя спаборніцтва (на калясніцах). Пераможца А.г. - алімпіёнік - меў вялікую пашану і сацыяльныя прывілеі (вызваленне ад падаткаў, пажыццёвая пенсія, пастаянныя лепшыя месцы ў тэатры і на святах); у яго гонар складаліся гімны. Тройчы чэмпіён А.г. замаўляў у знакамітага скульптара сваю статую, якую ставілі ў свяшчэнным гаі каля галоўнай святыні горада Алімпія і ўсёй Грэцыі - храма Зеўса. У 394 г. А.г. былі забаронены рымскім імператарам Феадосіем як язычніцкія забавы, якія з'яўляюцца «несумяшчальнымі з хрысціянствам».

2) Буйнейшыя міжнародныя комплексныя спартовыя спаборніцтвы сучаснасці (праводзяцца з 1896 г.). @

Альтэрнатыўныя культуры, культуры, якія супрацьстаяць традыцыйнай, пануючай у грамадстве культуры. Узнікненне А.к. было звязана з пашырэннем у краінах Заходняй Эўропы ў апошняй трэці 20 ст. альтэрнатыўных сацыяльных рухаў, для якіх былі характэрны непрыманне існуючых грамадскіх парадкаў, культурны песімізм і інш. А.к. спрабуюць выступаць у якасці больш перспектыўнай, «выратавальнай» альтэрнатывы. Да ліку А.к. адносіцца большая частка моладзевых субкультур; іх другая назва - «новыя культуры». У Беларусі спробы стварэння альтэрнатыўных культурных каштоўнасцей робяць асобныя літаратурныя («Бум-бам-літ»), музычныя (Беларуская музычная альтэрнатыва) аб'яднанні, суполкі, таварыствы і інш. @

Амар Хайям (каля 1048 - пасля 1122), персідскі паэт, фізік, матэматык, астраном. Пісаў таксама на арабскай мове. У 1074-92 узначальваў астранамічную абсерваторыю ў Ісфахане, у 1079 увёў каляндар (больш дакладны, чым сучасны грыгарыянскі). Яго пяру належыць філасофскі трактат «Аб усеагульнасці быцця», матэматычныя трактаты, сярод якіх «Алгебра» (упершыню апублікавана толькі ў 1851 г.). Найбольш праславіўся як аўтар зборніка філасофскіх, свабодалюбівых вершаваных чатырохрадкоўяў (рубаі), якія выклікалі моцныя нападкі духавенства. @

Амарнскае мастацтва, унікальны феномен у развіцці старажытнаэгіпецкай культуры. Узнікла ў перыяд існавання Новага Царства, калі фараон Аменхатэп IV, ці Эхнатон (14 ст. да н.э.). правёў т.зв. «рэлігійную рэвалюцыю». У яе выніку замест былога політэізму (шматбожжа) афіцыйна ўводзіўся культ адзінага божаства ўсяго Эгіпта - бога сонечнага дыска Атона. Назва «А.м.» паходзіць ад новай сталіцы эгіпецкай дзяржавы - горада Ахетатон (літар. «Гарызонт Атона») каля сучаснай вёскі Эль-Амарны. У час праўлення Эхнатона былі ўнесены істотныя змены ў выяўленчае мастацтва, якое раней заўсёды вызначалася надзвычайным традыцыяналізмам, устойлівасцю, кананічнасцю. У гэты т.зв. «Амарнскі перыяд» (яго працягласць - каля 25 гадоў) адбыўся сапраўдны росквіт эгіпецкага мастацтва. Для А.м. ўласцівы такія рысы, як адыход ад традыцыйных норм і большая свабода ў выяўленні вобразаў фараона і яго сям'і (больш натуралістычныя позы, больш рэалістычныя фігуры і твары, нефармальная абстаноўка), пэўная інтымнасць, лірычнасць, псіхалагічная заглыбленасць вобразаў. Сапраўднымі шэдэўрамі А.м. з'яўляюцца знакамітыя партрэты-бюсты жонкі Эхнатона - царыцы Неферціці. А.м. прыўнесла ў эгіпецкую мастацкую культуру пейзаж, які апяваў прыгажосць мясцовай прыроды. Пасля смерці Эхнатона росквіт А.м. быў спынены, паколькі адбылося вяртанне да ранейшых традыцый і ўшанавання старажытных багоў. @

Амбівалентнасць (ад лац. ambi - вакол, з абодвух бакоў + valentia - сіла), дваістасць; прызнанне наяўнасці ў дзеяннях, феноменах як станоўчых (пазітыўных), так і адмоўных (негатыўных) рысаў, момантаў. Напр., адносіны да аднаго чалавека, да твору мастацтва могуць вызначацца адначасова як сімпатыяй, задавальненнем, так і антыпатыяй, незадавальненнем. @

Амерыканацэнтрызм, культурна-палітычная канцэпцыя, паводле якой Амерыка разглядаецца як фарпост чалавецтва, бастыён сусветнай дэмакратыі і гуманізму, цытадэль абсалютна новай і самай высокай культуры. Паводле канцэпцыі А., амерыканская культура значна адрозніваецца ад эўрапейскай культуры (сваім дынамізмам, прыхільнасцю да ідэй тэхнічнага прагрэсу, сацыяльных пераўтварэнняў) і ў цэлым уяўляе сабой непаўторны, самабытны феномен духоўнага жыцця грамадства. Прадстаўнікі А. разглядаюць Эўропу і іншыя краіны свету як своеасаблівы плацдарм для ўкаранення каштоўнасцей амерыканскай цывілізацыі і культуры. @

Амерыкі дакалумбавай культура, сукупнасць матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, створаных народамі Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі да іх адкрыцця Хрыстафорам Калумбам (1492). У дакалумбавы перыяд на гэтай тэрыторыі пражывалі шматлікія індзейскія плямёны, большасць якіх знаходзіліся яшчэ на стадыі першабытнага грамадства. Аднак у «Мезаамерыцы» (г.зн. Цэнтральнай Амерыцы) і ў раёне Андаў (Паўднёвая Амерыка) жылі і такія народы, якія па асобных паказчыках практычна дасягнулі ўзроўню развіцця старажытных цывілізацый свету. Найбольш вядомымі і высокаразвітымі з іх былі майя, ацтэкі і інкі. Асаблівасцю гэтых народаў з'яўлялася тое, што яны змаглі паспяхова развівацца без такіх важных гаспадарча-тэхнічных дасягненняў, як кола, ганчарны круг, плужнае земляробства, выкарыстанне жалеза і бронзы для вырабу прыладаў працы і зброі, прымяненне цяглавых і ўючных жывёл. Акрамя таго, гэтыя народы развіваліся ў складаных прыродна-кліматычных умовах (горы, джунглі, землятрусы, паводкі і інш.). Для культур індзейскіх народаў былі ўласцівы наступныя рысы: політэістычныя вераванні (наяўнасць шматлікіх багоў і божастваў); важная роля міфалагічных уяўленняў, частае прынясенне мясцовым багам разнастайных ахвярапрынашэнняў (зерне, кветкі, птушкі, жывёлы, часам людзі); значная роля ў грамадскім і духоўным жыцці ўладароў, жрацоў, шаманаў; найбольшае развіццё сярод розных відаў мастацкай культуры архітэктуры (найперш пірамідальныя храмы, палацы), выяўленчага мастацтва (скульптурныя творы, насценны жывапіс, рэльефы, ювелірныя вырабы), літаратуры (пераважна паэзія, міфічныя творы), музыкі (песні, рытуальныя танцы) і да т.п. Да заняпаду дзяржаўна-палітычнага і культурнага жыцця індзейскіх народаў спрычыніліся розныя фактары, сярод якіх разбурэнне гарадоў, знішчэнне мноства каштоўнасцей эўрапейскімі заваёўнікамі (канкістадорамі), грамадзянскія войны, сутыкненні паміж рознымі гарадамі-дзяржавамі, разнастайныя эпідэміі, хваробы, збядненне глебаў і інш. @

Аморфнасць культуры, культуралагічны тэрмін, які ўжываецца для абазначэння спецыфікі пачатковай стадыі развіцця культуры, калі яе структура яшчэ не аформілася, а розныя элементы культуры (выяўленчае мастацтва, архітэктура, скульптура) яшчэ не маглі разглядацца як самастойныя з'явы, феномены першабытнага грамадства. @

Ампір, стыль позняга класіцызму ў архітэктурным і прыкладным мастацтве Заходняй Эўропы (першая чвэрць 19 ст.). Пазней пашырыўся ў іншых эўрапейскіх краінах (у т.л. Беларусі, Расеі і інш.). Для А. уласцівы масіўныя аб'ёмы, кантраст сцен з дэкаратыўнымі дэталямі, стылізаваны арнамент, знешняя параднасць, вытанчаная дэкаратыўная пластыка. У А. выкарыстоўваліся старажытнарымскія і старажытнаэгіпецкія дэкаратыўныя формы (крылатыя сфінскы, ваенныя трафеі і інш.). У сярэдзіне 19 ст. А. змяніўся рознымі эклектычнымі стылямі. У Беларусі архітэктурныя помнікі з элементамі А. вызначаліся ўрачыстасцю і прастатой форм: Сноўскі палацава-паркавы ансамбль, Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор, альтанка ў Нараўлянскім сядзібна-паркавым ансамблі. Творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, выкананыя ў стылі А., вызначаюцца статычнай маналітнай формай, з якой кантрастуе пластыка-дэкаратыўнае аздабленне ў выглядзе арнаментальных уставак. @

Амфітэатр, антычная эліпсападобная каменная пабудова для правядзення розных відовішчаў, спаборніцтваў. У А. месцы для гледачоў размешчаны ўступамі вакол авальнай арэны. Самы буйны ў свеце А. - Калізей у Рыме, дзе перыядычна наладжваліся гладыятарскія бойкі, страўліванне звяроў, тэатралізаваныя прадстаўленні і інш. Некаторыя старажытныя А. былі разлічаны на дзесяткі тысяч чалавек. @

«Аналаў школа», школа французскіх гісторыкаў (М.Блок, Л.Феўр, Ф.Брадэль і інш.), якія групаваліся вакол створанага ў 1929 французскага часопіса «Аналы эканамічнай і сацыяльнай гісторыі». Выступалі за стварэнне новай «сінтэтычнай» (шматмернай і рознабаковай) гісторыі ў супрацьвагу «падзейнаснай», якая апавядае пра простую змену, чаргаванне розных гістарычных падзей. У даследаваннях прадстаўнікоў «А.ш.» шмат увагі ўдзялялася аналізу праблем ментальнасці, карціны свету розных народаў, псіхалагічных станаў людзей розных гістарычных эпох, духоўнай культуры і інш. @

Анамія (ад франц. anomie - адсутнасць закона), тэрмін для абазначэння любых відаў «парушэнняў» у каштоўнасна-нарматыўнай сістэме грамадства, разбурэння адзінства і цэласнасці культуры. Уведзены ў навуковы ўжытак у канцы 19 ст. французскім сацыёлагам Э.Дзюркгеймам. А. разглядаецца як своеасаблівы маральны вакуум, калі ранейшыя нормы і каштоўнасці ўжо не дзейнічаюць, а новыя яшчэ не сфармаваліся. У выніку нарастання А. павялічваецца грамадская нестабільнасць, узрастае колькасць злачынстваў, самазабойстваў, разводаў і інш. Праявы А. былі ўласцівы жыхарам былых савецкіх рэспублік (у т.л. і Беларусі) пасля распаду СССР у пачатку 1990-х г. і адмены дамінуючай ролі камуністычнай ідэалогіі ў тагачасным грамадстве. @

Андэграўнд, падпольны, нелегальны рух у мастацкай культуры. Праяўляецца ў розных відах мастацкай культуры - музыцы, літаратуры, выяўленчым мастацтве, кінамастацтве. Напр., існуе рок-музыка А., жывапіс А., кіно А. і г.д. Узнік у сярэдзіне 20 ст. у ЗША і эўрапейскіх краінах. Характэрныя рысы А.: адмаўленне дамінуючай дзяржаўнай ідэалогіі, непрыманне агульнапрынятых грамадскіх каштоўнасцей, мастацкіх і сацыяльных традыцый; нярэдка бунтарскі дух (бунтарства); эпатажнасць. Праявы А. нярэдка пераследаваліся афіцыйнымі ўладамі, але падтрымліваліся нонканфармісцкай часткай інтэлігенцыі. Тэрмін «А.» таксама выкарыстоўваўся ў амерыканскай кінематаграфіі 1940-х г. для абазначэння некамерцыйных фільмаў, якія стваралі для хатняга прагляду пачынаючыя рэжысёры на свае ўласныя грошы на вузкафарматнай плёнцы. У Беларусі А. не атрымаў шырокага развіцця, аднак яго праявы сустракаліся ў музычным, выяўленчым мастацтве 1970-1980-х г. (рок-групы, літаратурна-мастацкія суполкі), у дзейнасці мясцовых хіпі, панкаў і інш. @

Аніматызм (ад лац. animatus - адушаўлёны, жывы), вера ў безасабовую адушаўлёнасць прыроды або асобных яе частак і з'яў. З'яўляецца характэрнай рысай першабытных рэлігій і вераванняў. Па сваёй сутнасці А. - адна з першых спроб цэласнага асэнсавання свету. У разнастайных трансфармацыях А. уласцівы рэлігіям усіх кантынентаў і ўсіх стадый у гісторыі рэлігіі. У беларускім фальклоры адлюстравалася тэндэнцыя да адушаўлення розных прыродных з'яў, аб'ектаў (напр., Сонца, Месяца, зорак, рэк, дрэў і інш.). @

Анімацыйнае кіно (мультыплікацыя), від кінамастацтва, творы якога ствараюцца спосабам пакадравага малявання або іншымі тэхнічнымі спосабамі. Заснавальнікам А.к. лічыцца французскі мастак і інжынер Э.Рэйно, які з 1892 пачаў даваць сеансы маляванага кіно. У залежнасці ад тэхнікі стварэння сучаснае А.к. падзяляецца на маляванае, аб'ёмнае («лялечнае»), ценявое (заснавана на прынцыпе тэатра ценяў), камп'ютэрнае і інш. Асобныя творы А.к. прысвячаюцца не толькі дзецям, але і дарослым. Да ліку найбольш вядомых у свеце майстроў А.к. адносяцца Ў.Дысней, В.Кацёначкін, Ю.Нарштэйн, Ф.Хітрук і інш. Гісторыя беларускага А.к. пачынаецца з 1920-х г., калі былі створаны першыя мультыплікацыйныя навукова-папулярныя фільмы. Найбольшага развіцця А.к. у Беларусі атрымала ў 1970-1980-я г., калі былі створаны такія яго высакаякасныя ўзоры, як «Прытча пра зямлю», «Капрычыо», «Дудка-весялушка», «Несцерка», «Ліса, мужыкі і мядзведзь», «Светлячок і Расінка» і інш. Сярод стваральнікаў беларускага А.к. - І.Воўчак, Я.Ларчанка, В.Доўнар, Ю.Батурын, Т.Жыткоўская, У.Піменаў і інш., асобныя працы якіх заснаваны на беларускіх літаратурных і фальклорных творах. @

Анімізм, адна з форм першабытных вераванняў; вера ў існаванне душы і розных духаў; сістэма ўяўленняў і вераванняў аб духах і душы як вызначальных пачатках свету і чалавечага жыцця. Тэрмін «А.» уведзены ангельскім антраполагам, этнографам Э.Б.Тайларам для характарыстыкі першабытнага светапогляду, які вызначаецца проціпастаўленнем бачнага і нябачнага (незямнога) светаў. А. узнік у эпоху першабытнага грамадства і з'яўляецца адным з састаўных элементаў кожнай сучаснай рэлігіі. Лічыцца, што духі аказваюць пазітыўны або адмоўны ўплыў на жыццё чалавека, жывёл і раслін, а таксама на прадметы і з'явы навакольнага свету. У беларускім фальклоры (легендах, паданнях, песнях) сустракаюцца вобразы злых і добрых духаў (лесавік, палявік, вадзянік і інш.), а таксама хатніх духаў (дамавік, лазнік і г.д.). Анімістычныя ўяўленні прысутнічаюць у розных народных звычаях, абрадах, традыцыях, святах (напр., у беларускім абрадзе памінання продкаў - Дзядах; у абрадзе «завівання барады» падчас дажынак і да т.п.). У Беларусі з даўніх часоў было распаўсюджана павер'е аб тым, што, напр., жыта, як і чалавек, мае ўласную душу, можа гаварыць чалавечым голасам, і таму часам удаецца падслухаць гэтую дзіўную гаворку жыта. @

Антрапалагічная школа, кірунак культуралагічнай навукі, прадстаўнікі якога (Э.Тайлар, Дж.Фрэзер, А.Ланг, М.Сумцоў, А.Весялоўскі і інш.) тлумачылі падабенства матэрыяльнай і духоўнай культуры (у т.л. міфалогіі і фальклору) розных народаў аднолькавасцю чалавечай прыроды, падобнымі рысамі мыслення людей на пэўных ступенях гістарычнага развіцця. Склалася ў Вялікабрытаніі ў 1860-я г. Прыхільнікі А.ш. лічылі, што аднойчы ўзнікшыя падобныя сюжэты сталі своеасаблівымі вечнымі спадарожнікамі («перажыткамі») культуры, а ўсе народы праходзяць аднолькавыя ступені культурнага развіцця, прычым на кожным новым этапе захоўваюцца пэўныя перажыткі папярэдніх этапаў. @

Антрапамарфізм (ад грэч. anthropos - чалавек + грэч. morphe - форма, від), упадабленне чалавеку, надзяленне чалавечымі якасцямі (напр., свядомасцю) прадметаў і з'яў нежывой прыроды, нябесных цел, жывёл, міфічных істот і г.д. Выяўляецца ў наданні чалавечага падабенства міфалагічным істотам (багам, разнастайным духам і інш.). У многіх беларускіх народных творах багі, злыя і добрыя духі, жывёлы, расліны, прыродныя з'явы, поры года вызначаюцца рысамі А.: маюць чалавечы выгляд, адпаведныя псіхалагічныя якасці, эмоцыі, перажыванні. Пра гэта сведчаць, напр., прыказкі і прымаўкі «Зямелька нас корміць, а сама есці просіць», «Маладзік умываецца, то будзе непагадзь», «Слухай, дуброва, што лес гаворыць»; «Зіма на лета робіць, а лета на зіму», «Зіма - свякруха, лета - матачка», «Вясна - маці, а лета - бацька», «Дзень - бацька, а ноч - маці»; фрагменты з народных песень: «Пры лужку бела бярозка зашумела // Пра людскую нядолечку песні пела» і інш. У творах мастацтва А. знаходзіць сваё адлюстраванне ва ўпадабленні геаметрычных аб'ёмаў формам чалавечага цела: напр., калона ў выглядзе чалавечай фігуры (атлант, карыятыда), пасудзіна ў форме галавы чалавека, фігурныя ручкі і да т.п. @

Антрапацэнтрызм (ад грэч. anthropos - чалавек + лац. centrum - цэнтр), уяўленне, у адпаведнасці з якім чалавек ёсць цэнтр Сусвету і вышэйшая мэта Сусвету. У антычнай філасофіі прынцып А. сфармуляваў Пратагор («Чалавек - мера ўсіх рэчаў»). Значнае пашырэнне ідэй А. адбылося ў эпохі Адраджэння і Асветніцтва. У Беларусі ідэі А. вядомы з 11 ст., калі пачалі распаўсюджвацца творы патрыстычнай літаратуры. Рэнесансны гуманістычны А. быў уласцівы дзейнасці і светапогляду Ф.Скарыны, М.Гусоўскага, Сімяона Полацкага і інш. беларускіх мысліцеляў. @

Антыноміі культуры, супрацьлегласці, палярныя тэндэнцыі ў культурным развіцці пэўных нацыянальных супольнасцей. Уклад у распрацоўку праблемы А.к. унёс расейскі філосаф М.Бярдзяеў. Ён вызначаў наступыя антыноміі расейскай культуры: індывідуалізм - калектывізм; мяккасць - жорсткасць; самаахвярнасць - эгаізм; пакорлівасць - бунт; прыродная стыхійнасць - манаскі аскетызм і інш. @

Антычнасць (ад лац. antiquus - старажытны), у шырокім сэнсе - «старажытнасць»; у вузкім і больш распаўсюджаным значэнні - грэка-рымская старажытнасць (гл. Грэцыі Старажытнай культура, Рыма Старажытнага культура). У антычным грамадстве былі створаны ўмовы для фармавання агульначалавечых каштоўнасцей (дэмакратыя, свабода, правы грамадзян і інш.), высокага ўзроўню развіцця дасягнулі філасофія (Сакрат, Платон, Арыстоцель), літаратура (Гамер, Гесіёд, Сапфо, Вергілій, Авідзій), выяўленчае мастацтва (Фідзій, Праксіцель, Лісіп), архітэктура (Ікцін, Калікрат, Вітрувій), тэатр і інш. Многія феномены, артэфакты сучаснай матэрыяльнай і духоўнай культуры (напр., трагедыя і камедыя, сатыра, гімназія, лірыка, дыялог, хор, іпадром, цырк, мост, брукаваныя дарогі, амфітэатр і інш.) узніклі ў эпоху А. Яе спадчына стала адной з асноў развіцця эўрапейскага грамадства і культуры. @

Анх (анкх, ці Эгіпецкі крыж), крыж з пяцелькай на версе; важнейшы старажытнаэгіпецкі сімвал са значэннем «вечнае жыцце», «несмяротнасць». З-за сваёй формы, якая нагадвала ключ, ён называўся «ключ Ніла» і «ключ жыцця». У сімвалічнай форме А. увасабляў таксама своеасаблівы ключ да патаемных эзатэрычных ведаў, да прыхаванай мудрасці, улады і сілы. Успрымаўся як камбінацыя мужчынскіх і жаночых сімвалаў Асірыса і Ісіды, як саюз жыццядайных прынцыпаў - Неба і Зямлі. Магчыма, авал азначаў вечнасць, а крыжападобнае пашырэнне - пераход з бясконцасці ў прастору. З А. у руцэ выяўлялася эгіпецкая багіня ісціны Маат. Часта А. выкарыстоўваўся як амулет. @

Апалон, у старажытных грэкаў і рымлян бог Сонца, святла, апякун лекараў і прадказальнікаў. Сын Зеўса і яго жонкі Леты. Лічыцца, што А. быў заступнікам паэзіі, музыкі, навукі і ўсіх мастацтваў. У выяўленчым мастацтве выяўляўся стройным, прыгожым, залатакудрым юнаком, які нярэдка маляваўся з лірай у руках і ў акружэнні дзевяці муз - багінь розных сфер творчага жыцця. Валодаў дарам прадбачання і надзяляў ім людзей. У гонар А. ўзводзіліся шматлікія свяцілішчы, храмы, праводзіліся святкаванні, гульні. Міф аб А. натхняў антычных скульптараў, жывапісцаў Рафаэля, Джарджоне, кампазітараў І.С.Баха, В.А.Моцарта і інш. @

Апалонаўскае і дыянісійскае, тэрміны, якія прымяняў нямецкі філосаф Ф.Ніцшэ для абазначэння двух супрацьлеглых пачаткаў у быцці культуры. Увасабленнем гэтых пачаткаў служылі два старажытнагрэчаскія багі - Апалон і Дыяніс. Калі апалонаўскі пачатак сімвалізуе ўсё светлае, сузіральнае, упарадкаванае, рацыянальнае, то дыянісійскі - адпаведна цёмнае, буйное, хаатычнае, ірацыянальнае. @

Аперэта (італ. operetta - літар. маленькая опера), адзін з відаў музычнага тэатра, у якім спалучаюцца вакальная і інструментальная музыка, танец, балет, элементы эстраднага мастацтва. У 17 - першай палове 19 ст. А. называлі невялікую, звычайна камічную оперу. Як самастойны музычна-тэатральны жанр сфармавалася ў сярэдзіне 19 ст. ў Францыі. У А. вакальныя нумары (арыі песеннага характару, песні, дуэты, хоры) чаргуюцца з танцамі і размоўнымі дыялогамі. Родапачынальнікам А. лічыцца французскі кампазітар Жак Афенбах (1819-1890), які стварыў звыш 100 твораў у гэтым музычным жанры (напр., «Арфей у пекле», 1858; «Чароўная Алена», 1864 і інш.). Выдзяляюцца наступныя разнавіднасці А.: сатырычная французская А. (прадстаўнік - Ж.Афенбах); пранізаная стыхіяй вальсу венская А. (І.Штраўс - сын, Ф.Зупе); узбагачаная вугорскімі танцавальнымі рытмамі новая венская А. (Ф.Легар, І.Кальман). У сярэдзіне 19 ст. словам А. часам называў свае п'есы В.Дунін-Марцінкевіч, у супрацоўніцтве з якім С.Манюшка стварыў свае А. «Рэкруцкі набор», «Ідылія» і інш.

У Беларусі ў 1920-1930-я г. былі створаны блізкія да А. музычна-камедыйныя творы («Каваль-ваявода», «Простыя сэрцы», «Цудоўная дудка» і інш.), а пастаноўкі «Кухня святасці» Я.Цікоцкага (1931) і «Зарэчны барок» С.Палонскага і М.Іванова (1940) сучаснікамі вызначаліся як «першыя савецкія А.». У 1960 - першай палове 1990-х г. шмат выдатных узораў мастацтва А. стварылі такія вядомыя беларускія кампазітары, як Ю.Семяняка («Рабінавыя каралі», «Паўлінка», «Тыдзень вечнага кахання» і інш.), Р.Сурус («Несцерка», «Судны час»), А.Мдывані («Дзяніс Давыдаў»), Я.Глебаў («Мільянерка»), У.Кандрусевіч («Джулія»). У 1970 у Менску быў створаны Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь, дзе пастаўлены многія А. Яркія, запамінальныя сцэнічныя вобразы ствараюць вядучыя беларускія майстры Н.Гайда, Г.Казлоў, А.Кузьмін, В.Мазур, А.Ранцанц і інш. @

«Аповесць мінулых гадоў», усходнеславянскі летапісны звод, складзены ў Кіеве ў 1110-я г. манахам Кіева-Пячэрскай лаўры Нестарам на аснове больш ранніх крыніц. Пакладзена ў аснову многіх больш позніх летапісных зводаў. Асноўны змест твора - палітычная гісторыя ўсходніх славян, якая пададзена на шырокім міжнародным фоне ў сувязі з гісторыяй суседніх краін і народаў. Расказваецца таксама пра паходжанне славян, рассяленне ўсходнеславянскіх плямён, іх норавы, звычаі і інш. «А.м.г» змяшчае ўнікальныя звесткі з гісторыі беларускіх зямель, асабліва Полацкага княства. Тут апавядаецца пра полацкага князя Рагвалода і яго дачку Рагнеду, пра дзейнасць князя Ўсяслава Брачыславіча, апетага ў «Слове пра паход Ігаравы». Прыведзены самыя раннія звесткі пра Полацак, Менск, Тураў, Пінск, Друцак і інш. беларускія гарады. @

Апокрыфы (ад грэч apokryphos - патаемны, запаветны), мастацкія аповесці ў сярэднявечнай літаратуры, сюжэтна звязаныя з Бібліяй, жыціямі святых, легендамі пра рай, пекла, канец свету. Забараняліся царковй як некананічныя. А. аказалі ўплыў на асобныя жанры беларускага фальклору (казкі, духоўныя вершы). У дахрысціянскія і раннія хрысціянскія часы А. лічыліся кнігамі вялікай мудрасці, глыбокі сэнс якіх быў даступны толькі асобным людзям. Матывы А. выкарыстоўваў М.Багдановіч у сваіх творах «Апокрыф», «Страцім-лебедзь». @

Арабеска,

1) жанр інструментальнай музыкі (галоўным чынам для фартэпіяна), музычная п'еса звычайна вытанчанага характару, з багата арнаментаваным меладычным малюнкам і ўзорыстай фактурай - Шуман (першы ўзор), А.Лядаў, К.Дэбюсі і інш.

2) Складаны, насычаны арнамент, заснаваны на мудрагелістым перапляценні геаметрычных і стылізаваных раслінных матываў. Узнік і атрымаў пашырэнне ў мастацкай традыцыі арабскіх краін. У эпоху Адраджэння ў Эўропе А. называлі любы арнамент, які складаўся з пераплеценых ліній, стужак ці галінак. У беларускім мастацтве А. захаваліся ў аздобе драўляных царскіх варот Благавешчанскай царквы Супрасльскага манастыра (16 ст.), каваных алтарных перагародак (Троіцкі касцёл у Ружанах Пружанскага р-на, 18 ст.), у гравіраваным дэкоры шклянога посуду мануфактур Урэчча і Налібакаў (18 ст.) і інш. Шпалеры на сценах палаца Радзівілаў у Нясвіжы (18 ст.), дываны Гарадзенскай ткацкай мануфакгуры таксама былі ўпрыгожаны А. @

«Арганічная архітэктура», плынь у архітэктуры 20 ст. Заснавальнік і асноўны прадстаўнік - амерыканскі архітэктар Ф.Л.Райт. Галоўнымі прынцыпамі А.г. з'яўляліся індывідуальны характар архітэктурных твораў (пераважна вілы, асабнякі, загарадныя атэлі), абумоўлены канкрэтнай функцыяй і прыродным асяроддзем, адмаўленне метадаў урбанізму, будаўніцтва з натуральных матэрыялаў, непарыўная сувязь архітэктуры з навакольнай прыродай. @

Армстранг Луі Даніэл (1900-1971), амерыканскі джазавы музыкант (труба, кларнет), кампазітар, спявак. У маладосці вучыўся ў вулічных музыкантаў, спяваў у хоры, іграў у барах, выступаў з рознымі джазавымі аркестрамі. Арганізатар і ўдзельнік першых негрыцянскіх джаз-бэндаў у Нью-Арлеане. У 1947 г. заснаваў джазавы секстэт «Усе зоркі Луі Армстранга», гастраліраваў з ім як саліст-трубач у многіх краінах Амерыкі, Эўропы, Азіі, Афрыкі. Стварыў уласны непаўторны стыль выканання, для якога характэрны надзвычайная віртуёзнасць, імправізацыйная свабода, разнастайнасць тэмбравых формаў і рытмаформул. Перанёс некалькі аперацый на галасавых звязках. Аўтар многіх блюзавых і джазавых песень. Выступаў з многімі вядомымі музыкантамі і спевакамі (Б.Сміт, Э.Фіцджэральд і інш.). Адносіцца да ліку найбольш славутых музыкантаў Амерыкі 20 ст. Здымаўся ў многіх (звыш 50) музычных і мастацкіх фільмах. Выканаў (разам з Э.Фіцджэральд) джазавую версію оперы Дж.Гершвіна «Поргі і Бэс». Апублікаваў некалькі аўтабіяграфічных кніг. @

Арто Антанен (1895-1948; Антуан Мары Жазэф), французскі паэт, акцёр і рэжысёр. У маладосці прымыкаў да сюррэалізму. Стаў вядомы сваёй радыкальнай праграмай пераўтварэння драматычнага мастацтва. Прапанаваў ідэю «тэатра жорсткасці», які непасрэдна ўплывае на псіхіку гледачоў. У тэатральных пастаноўках імкнуўся выкарыстоўваць пераважна невербальныя элементы (гук, асвятленне, жэсты, міміку) для таго, каб канчаткова пакончыць з «дыктатурай маўлення». А. лічыў, што па свайму ўздзеянню тэатр падобны на чуму, паколькі ён «прымушае людзей убачыць, якія яны на самой справе, ён зрывае маскі, раскрываючы хлусню, разбэшчанасць, подласць і крывадушнасць свету». На А. аказалі моцны ўплыў парыжскія гастролі балета з вострава Балі, які ён лічыў удалым прыкладам невербальнага тэатра. Яго асноўны твор - зборнік «Тэатр і яго двайнік» (1938). Здымаўся ў кіно як акцёр. @

Артэга-і-Гасет Хасэ (1883-1955), гішпанскі філосаф, культуролаг, публіцыст; прадстаўнік філасофіі жыцця і філасофскай антрапалогіі. Атрымаў адукацыю ў Мадрыдзе і Малазе, стажыраваўся ў Марбургскім універсітэце (Германія). Быў прафесарам Мадрыдскага ўніверсітэта. У 1948 заснаваў у Мадрыдзе Інстытут гуманітарных навук. Свае філасофскія ідэі актыўна папулярызаваў у газетных, часопісных публікацыях, публічных лекцыях у розных краінах свету. У кнізе «Паўстанне мас» (1929-1930) выказаў ідэю пра ўзнікненне ў 20 ст. «масавага грамадства», якое падаўляе свабоднае развіццё асобы, яркай індывідуальнасці. У культуры, мастацтве, палітыцы такога грамадства пачынае дамінаваць усярэднены стандарт і прымітывізм мыслення. Духоўную эліту, якая творыць і захоўвае культуру, А.-і.-Г. супрацьпастаўляў масе людзей, што валодаюць прымітыўнымі, стандартнымі паняццямі і ўяўленнямі. Паводле А.-і.-Г., дзеля паспяховага развіцця грамадства ўлада павінна быць перададзена меншасці насельніцтва - духоўнай эліце. Ён разважаў аб «спартова-святочных» адносінах да жыцця і лічыў, што само мастацтва павінна стаць гульнёй, якая супрацьпастаўляецца штодзённасці, утылітарызму і пошасці чалавечага быцця. Лічыў, што духоўнага ўзвышэння чалавека можна дабіцца дзякуючы стварэнню ва ўніверсітэтах у якасці своеасаблівага ядра факультэтаў культуры, асноўная функцыя якіх - культурны сінтэз ідэй свайго часу. У эстэтыцы выступіў як тэарэтык мадэрнізму («Дэгуманізацыя мастацтва», 1925). @

Артэфакт (ад лац. artefactum - штучна створанае),

1) любы штучна створаны чалавекам матэрыяльны прадмет, фізічны аб'ект (прылады працы, рэчы, адзенне, упрыгожванні, мастацкае і хатняе начынне, жыллё, дарогі, масты і інш.).

2) Прадукт культуры ў адрозненне ад натуральных аб'ектаў. Да ліку культурных А. можна аднесці, напр., напісаныя пісьменнікамі кнігі прозы, зборнікі вершаў, намаляваныя мастакамі карціны, гравюры, напісаныя музыкантамі сімфоніі, песні і інш., пастаўленыя рэжысёрамі тэатральныя спектаклі, кінафільмы, апублікаваныя вучонымі манаграфіі, навуковыя артыкулы і да т.п. А. культуры з'яўляюцца таксама разнастайныя тэорыі, канцэпцыі, гіпотэзы, ідэі, мастацкія вобразы, а таксама спосабы паводзін індывідаў ці пэўных супольнасцей і да т.п. @

Археалогія (ад грэч. archaios - старажытны + logos - вучэнне, слова), навука, якая вывучае гісторыю грамадства па матэрыяльных рэштках жыццядзейнасці людзей - археалагічных помніках (прылады працы, жыллё, зброя, посуд, упрыгажэнні, творы мастацтва і інш.). Асновы сучаснай методыкі даследавання, храналогіі і тыпалогіі археалагічных помнікаў закладзены ў другой палове 19 - пачатку 20 ст. (працы французскага вучонага Г.Марцілье, шведскага даследчыка А.Мантэліуса, у Расеі - А.Спіцына і інш.). А. вывучае тыя культуры, у якіх адсутнічае пісьменнасць (яна існуе каля 5 тыс. гадоў). Пры вывучэнні больш позніх культур (антычнай, сярэднявечнай і інш.) звесткі А. дапаўняюць пісьмовыя крыніцы. А. дае багаты матэрыял для распрацоўкі гістарычных і культуралагічных канцэпцый. @

Архетып (ад грэч. arche - пачатак + typos - вобраз), універсальны правобраз, ці першавобраз (маці-зямлі, героя, мудрага старца, дэмана і інш.), які паўтараецца на працягу гісторыі паўсюдна, дзе свабодна дзейнічае творчая фантазія людзей. Тэрмін уведзены швейцарскім псіхолагам К.Г.Юнгам. Ён лічыў, што А. узнікаюць з калектыўнага неўсвядомленага і з'яўляюцца асноўным зместам рэлігій, міфалогій, легенд, ляжаць у аснове сімволікі творчасці, рытуалаў, міфаў, казак, сноў, комплексаў і да т.п. На думку Юнга, А. з'яўляецца больш старажытным, чым культура, і перадаецца не традыцыяй, мовай, а разам з мазгавой структурай чалавека. А. рэалізуюцца ў неўсвядомленых дзеяннях, выконваюць функцыі ментальнай тэрапіі для «заклапочанага і хворага чалавецтва». А. ментальнасці беларусаў, таксама як і ўсіх іншых народаў свету, сфармаваліся пераважна яшчэ ў старажытны перыяд, а потым на працягу многіх наступных стагоддзяў перадаваліся з пакалення ў пакаленне ў амаль нязменным, інварыянтным выглядзе. @

Архетып культурны, базісны элемент культуры, які фармуе канстантныя мадэлі духоўнага жыцця. Змест А.к. складае найбольш тыповае ў культуры. Яго фармаванне адбываецца на ўзроўні культуры ўсяго чалавецтва або культур буйных гістарычных супольнасцей у працэсе сістэматызацыі і схематызацыі культурнага вопыту. А.к. выступаюць у якасці ўстойлівых структур апрацоўкі, захавання і рэпрэзентацыі калектыўнага вопыту. Існуюць універсальныя і этнічныя А.к. Сярод пашыраных універсальных А.к. - утаймаванага агню, хаосу, тварэння, шлюбнага саюзу, мужчынскага і жаночага пачаткаў, змены пакаленняў, «залатога веку», Сусветнага Дрэва і інш. Этнічныя А.к. (этнакультурныя архетыпы) адлюстроўваюць і адначасова ў пэўным сэнсе вызначаюць адметныя рысы ментальнасці, характару, гістарычнага лёсу таго ці іншага народа. Паводле К.Г.Юнга, этнічныя А.к. выяўляюць не толькі народны вопыт мінулых часоў, але і запаветныя мары народа, яго ўяўленні пра сваю будучыню. Да ліку этнічных А.к. можна аднесці архетыпічныя вобразы германскага бога Вотана, расейскія вобразы «града Кіцежа», «святой Русі», беларускія вобразы «роднай зямелькі», «роднай хаткі» і г.д. Актыўная прысутнасць А.к. разглядаецца як важная ўмова захавання самабытнасці і цэласнасці нацыянальнай культуры. А.к. застаюцца практычна нязменнымі па сваёй сутнасці, аднак у прасторава-часавай перспектыве праяўляюцца ў самых разнастайных формах: міфалагічных сюжэтах і вобразах, рэлігійных вучэннях і рытуалах, нацыянальных ідэалах і інш. У культуралогіі праявы А.к. вывучаюцца таксама праз аналіз сноў, фантазій, фобій, літаратурных, філасофскіх твораў і да т.п. @

Архітэктура (лац. architectura ад грэч. architekionike - будаўнічае мастацтва), дойлідства, мастацтва праектавання і пабудовы будынкаў розных тыпаў, якое выяўляе ў мастацка-вобразнай форме ўяўленні чалавека пра свет, прастору, час. Творы А. - будынкі, ансамблі, а таксама пабудовы, якія арганізуюць адкрытыя прасторы (манументы, тэрасы, набярэжныя і т.д.). Фармуе прастору для жыцця, працоўнай дзейнасці і адпачынку людзей. Паводле функцыянальнага прызначэння яна падзяляецца на жылую А., прамысловую А., А. грамадскіх будынкаў і збудаванняў, садова-паркавую А. Асноўнымі крытэрыямі і прынцыпамі дойлідства выступаюць мэтазгоднасць, карыснасць, трываласць, прыгажосць. Вобразна-эстэтычны пачатак у А. звязаны з яе сацыяльнай функцыяй і праяўляецца ў фармаванні аб'ёмна-прасторавай і канструктыўнай сістэмы пабудоў. Асноўныя выразныя сродкі А. - кампазіцыя, рытм, архітэктоніка, маштаб, пластыка, сінтэз мастацтваў і інш. Спецыфіка нацыянальнага характару А. абумоўлена гістарычным развіццём, эканомікай, культурай, этнічнымі і мастацкімі традыцыямі пэўнага народа. А. зарадзілася ў першабытным грамадстве, калі чалавек навучыўся будаваць сваё жыллё. Выдатнымі ўзорамі старажытнай А. выступаюць старажытнаэгіпецкія піраміды, храмы, месапатамскія зікураты, старажытнаіндыйскія ступы, Вялікая Кітайская сцяна і г.д. Паспяховае развіццё А. атрымала ў эпоху антычнасці, дзе яе найбольш яркімі ўзорамі з'яўляюцца храмы, акропалі, форумы, акведукі, тэатры, амфітэатры, тэрмы, базілікі, трыумфальныя аркі і інш. Візантыйская А. аказала істотны ўплыў на традыцыі дойлідства многіх эўрапейскіх краін. У краінах Заходняй і Цэнтральнай Эўропы з канца 10 - пачатку 11 ст. пачаў распаўсюджвацца раманскі стыль, а з 12 ст. - гатычны (готыка). У эпоху Адраджэння пашырылася будаўніцтва свецкіх будынкаў, ансамбляў, гарадскіх цэнтраў. З канца 16 ст. у эўрапейскіх краінах пачаў распаўсюджвацца стыль барока. У другой палове 17 ст. у Францыі пачала складвацца А. класіцызму, якая была галоўным кірункам і ў 18 - першай палове 19 ст. пасля кароткатэрміновай успышкі стылю ракако. У канцы 19 ст. ўзнік стыль мадэрн, у 20 ст. развіваліся такія стылі і кірункі, як рацыяналізм, функцыяналізм, арганічная архітэктура, бруталізм і інш. У 1970-1980-я г. ў ЗША і Заходняй Эўропе ўзнік постмадэрнізм.

На тэрыторыі Беларусі найбольш раннія жылыя збудаванні вядомы з часоў палеаліту (стаянкі каля вёскі Бердыж Чачэрскага і Юравічы Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці). У сярэднявечную эпоху ўзведзена мноства храмаў, манастыроў, княжацкіх палацаў, замкаў. У 12-14 ст. склаліся розныя школы дойлідства - кіеўская, пскоўская, ноўгарадская, полацкая, гарадзенская і інш., а на працягу 14-16 ст. як адметны культурны феномен сфармавалася беларуская А. Яркімі ўзорамі рэнесанснай А. ў Беларусі сталі культавыя (напр., Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква), замкава-палацавыя (Мірскі замкава-паркавы комплекс, ратуша і замкавая брама ў Нясвіжы) пабудовы. Першы помнік барочнай А. ў Беларусі - Нясвіжскі касцёл езуітаў. З другой паловы 17-18 ст. атрымаў пашырэнне стыль класіцызму. У другой палове 19 - пачатку 20 ст. пачалі ўзводзіць будынкі ў розных стылях і плынях - неакласіцызм, неарускі і неараманскі стылі, несапраўдная готыка, мадэрн. У 1920-я г. пачалі складвацца прынцыпы савецкай А., што выявілася ў будаўніцтве рабочых пасёлкаў, дамоў-камун, дамоў спецыялістаў, культурна-асветных устаноў. У 1960-1980-я г. пашырылася жыллёвае будаўніцтва, пачалася комплексная забудова жылых масіваў многіх гарадоў Беларусі, актыўна развіваліся сельская і прамысловая А. @

Арыстоцель (384-322 да н. э.), старажытнагрэчаскі мысліцель, філосаф. А. лічыўся любімым вучнем Платона, працяглы час вучыўся ў яго Акадэміі. Потым заснаваў уласны Лікей (філасофскую школу). На працягу трох гадоў быў выхавацелем Аляксандра Македонскага. Працы А. (захавалася 47 яго твораў) ахоплівалі практычна ўсе галіны тагачасных ведаў - філасофію, фізіку, біялогію, логіку, геаграфію, псіхалогію, анатомію, фізіялогію, заалогію, геалогію, астраномію, этыку, эстэтыку, тэалогію, паліталогію, педагогіку, эканоміку, паэтыку, рыторыку і інш. Ім напісана мноства кніг («Катэгорыя», «Аналітыкі», «Метафізіка», «Фізіка», «Гісторыя жывёл», «Пра душу», «Палітыка», «Паэтыка» і інш). Лічыў, што сапраўднай крыніцай ведаў з'яўляецца пачуццёвы вопыт, непасрэдна назіраемыя дадзеныя. А. распрацаваў канцэпцыю катарсісу (ад грэч. «ачышчэнне»), паводле якой найбольшае выхаваўчае і ачышчальнае значэнне для кожнага чалавека мае мастацтва, якое дапамагае яму ўзвышаць душу, перажываць стан «бяскрыўднай радасці», пераадольваць свае слабасці, дрэнныя якасці. А. вылучаў мастацтвы рухомыя (паэзія, музыка, танец) і нерухомыя (архітэктура, жывапіс, скульптура). @

Арэал культурны, зона тэрытарыяльнай распаўсюджанасці пэўных лакальных культурных сістэм, тыпаў і форм. Да А.к. адносяцца канкрэтныя геаграфічныя рэгіёны, якія надзелены падобнымі рысамі культуры ці падзяляюць дамінуючую культурную арыентацыю (напр., А. індабудыйскай культуры, А. усходнеафрыканскай культуры і інш.). Канцэпцыя А.к. распрацавана амерыканскімі этнолагамі для правядзення даследаванняў прасторавага распаўсюджання з'яў культуры і вызначэння культурных узаемасувязей. Значны ўклад у распрацоўку тэорыі А.к. унёс амерыканскі культурантраполаг А.Кробер. Тэарэтыкі А.к. ставілі мэты ўстанавіць цэнтры ўзнікнення, шляхі распаўсюджання і прасторава-часавыя межы асобных культур і інш. @

Асветніцтва, грамадска-палітычная, ідэйная і культурная плынь 18 - першай паловы 19 ст., прадстаўнікі якой прапаведавалі прыярытэт асветы, навукі і розуму ў жыцці асобы, грамадства і дзяржавы. А. ўзнікла ў заходнеэўрапейскіх краінах (Англія, Францыя і інш.). Галоўныя прадстаўнікі А.: у Англіі - Дж.Локк, А.Э.Шэфтсберы, Дж.А.Колінз, Дж.Толанд; у Францыі - Вальтэр, Ш.Мантэск'ё, Ж.Ж.Руссо, Д.Дзідро, К.Гельвецый, П.Гольбах; у Германіі - Г.Лесінг, І.Гердэр, І.Гётэ; у ЗША - Т.Джэферсан, Б.Франклін, Т.Пэйн; у Расеі - І.Новікаў, А.Радзішчаў. Яны выказваліся за ўстанаўленне «царства розуму», заснаванага на прынцыпах свабоды, братэрства і роўнасці ўсіх людзей, арыентаваліся на прынцып «натуральнага права», паводле якога кожны чалавек мае права на асабістую свабоду і поўнае выяўленне сваіх здольнасцей, поглядаў. Асветнікі выкарыстоўвалі навуковыя адкрыцці і дасягненні ў галіне прыродазнаўства, гуманітарных ведаў у барацьбе супраць феадальна-царкоўнай ідэалогіі, абсалютысцкіх рэжымаў, схаластычных метадаў адукацыі і выхавання, дагматычнага мыслення. 18 ст. ўвайшло ў гісторыю як «эпоха А.», падчас якой сфармавалася адмысловая культура А., для якой было характэрна ўзмацненне свецкіх пачаткаў, большая вытанчанасць, лёгкасць і меншая ўзвышанасць, глыбіня (у параўнанні з папярэднім перыядам), своеасаблівая цяга да геданізму, пачуццёвага задавальнення, заангажаванасць у працэсы грамадска-палітычнага жыцця. Сярод усіх відаў культуры на першыя месцы выйшлі філасофія, музыка і тэатр, якія нават адцяснілі на другі план выяўленчае мастацтва. Хутка пачала развівацца навука, якая разам з філасофіяй лічылася найлепшым увасабленнем магчымасцей чалавечага розуму. Асноўнымі стылямі мастацкай культуры па-ранейшаму заставаліся барока і класіцызм, аднак узніклі і новыя стылі - ракако і сентыменталізм. Найбольш яркімі творцамі эпохі А. былі: у філасофіі - Вальтэр, Ж.Ж.Русо, Д.Дзідро; І.Гердэр; у літаратуры - І.В.Гётэ, Ф.Шылер, Д.Свіфт, Д.Дэфо; у музыцы - І.С.Бах, В.А.Моцарт, Г.Гендэль, Й.Гайдн; у выяўленчым мастацтве - Ж.А.Фраганар, Ж.Л.Давід, Ф.Бушэ, А.Вато і інш. У эпоху А. ідэалам чалавека лічылася адукаваная, высокакультурная асоба, якая схільная да прагрэсіўных новаўвядзенняў, вызначаецца рацыяналістычным мысленнем, скептычнымі адносінамі да рэлігійных догмаў.

У Беларусі ідэі А. распаўсюдзіліся ў 2-й палове 18 - пачатку 19 ст. і знайшлі адлюстраванне ў філасофіі, сацыялогіі, гістарычнай навуцы, літаратуры і мастацтве (працы і погляды К.Лышчынскага, С.Полацкага, І.Капіевіча, Б.Дабшэвіча, К.Нарбута, М.Пачобут-Адляніцкага, А.Снядэцкага, В.Карчэўскага, А.Маркевіча, П.Славінскага і інш. У сваіх творах беларускія асветнікі сцвярджалі гуманістычныя ідэі дабра і справядлівасці, выхавання і адукацыі на аснове свабоды перакананняў, высокай грамадзянскасці і адказнасці, неабходнасць пабудовы дэмакратычнага грамадства, усталявання законнасці і захавання правоў чалавека. У пашырэнні асветніцкіх ідэй важную ролю адыграла створаная ў 1773. Адукацыйная камісія, якая, па сутнасці, была першым у Эўропе міністэрствам народнай асветы. Адметнымі рысамі беларускага А. былі яго элітарны характар (асветніцкі рух ахапіў пераважна прадстаўнікоў шляхты і мяшчанства), навукова-адукацыйны кірунак, арыентацыя на вырашэнне сялянскай праблемы (вызваленне сялян ад прыгнёту, надзяленне іх неад'емнымі правамі). Ідэалогія А. знаходзіла сваё адлюстраванне ў розных стылях, кірунках літаратуры і выяўленчага мастацтва. У 18 ст. пад уплывам А. класіцызм пачаў трансфармавацца ў сентыменталізм (І.Быкоўскі, Ф.Карпінскі і інш.), узніклі элементы рамантызму і рэалізму. Адначасова з перайманнем эўрапейскіх мастацкіх стыляў (барока, класіцызм, ракако) у выяўленчым мастацтве пашыраліся мясцовыя стылі і школы (Магілеўская, Віцебская і інш.). @

Асіміляцыя (ад лац. assimilatio - упадабленне, зліццё), працэс засваення адным народам культуры, мовы, этнічнай самасвядомасці другога народа, звычайна больш сацыяльна развітога і дэмаграфічна пераважаючага. Паняцце А. пачало выкарыстоўвацца з канца 19 ст. (найперш у амерыканскай сацыяльнай навуцы) і спачатку было сінонімам слова «амерыканізацыя». Да сярэдзіны 20 ст. тэрмін «А.» выкарыстоўваўся ў кантэксце вывучэння інкарпарацыі індзейскіх плямёнаў у ЗША ў дамінуючую культуру белага насельніцтва. Выдзяляюцца 2 разнавіднасці А. - натуральная і прымусовая. Натуральная А. мае месца падчас міжэтнічных кантактаў, міжэтнічных шлюбаў. Прымусовая А. адбываецца ў выніку штучнай палітыкі ўрадавых колаў. У выніку культурнай А. адбываецца механічнае засваенне каштоўнасцей, традыцый, звычаяў, паглынанне (поўнае ці частковае) адной культуры другой. Звычайна больш «слабая» культура паступова нібы раствараецца ў больш «моцнай» культуры. Асобныя даследчыкі адрозніваюць аднабаковую А., пры якой культура меншасці поўнасцю выцясняецца дамінуючай культурай, і культурнае змешванне, калі элементы культур падначаленай і дамінуючай змешваюцца, што ў выніку можа прывесці да ўзнікнення якасна новай культуры. Выпадкі поўнай А. сустракаюцца вельмі рэдка, звычайна мае месца паступовая трансфармацыя традыцыйнай культуры меншасці пад уплывам культур дамінуючай энічнай супольнасці. У Сярэднявеччы беларусы асімілявалі асобныя групы балцкага насельніцтва, татар, расейскіх перасяленцаў, а пазней і самі падвергліся А. з боку польскіх і расейскіх місіянераў. На тэрыторыі Беларусі А. балцкага насельніцтва працягвалася ажно да 12-13 ст. і нават пазней. У розных формах працэсы А. беларускага насельніцтва мелі месца падчас узмацнення польскага і расейскага этнакультурных уплываў на працягу 17-20 ст. @

Асоба,

1) чалавек як суб'ект адносін і свядомай дзейнасці.

2) Устойлівая сістэма сацыяльна значных рыс, якія характарызуюць індывіда як сябра грамадства або якой-небудзь супольнасці. Паняцце «А.» адрозніваюць ад паняццяў «індывід» (асобны прадстаўнік чалавечага роду) і «індывідуальнасць» (сукупнасць рыс, якія адрозніваюць дадзенага індывіда ад усіх іншых). А. фармуецца пад уплывам грамадскіх адносін, культуры, непасрэднага акружэння і абумоўлена таксама біялагічнымі асаблівасцямі. @

Афрацэнтрызм, тэорыя, накіраваная на каштоўнаснае ўзвышэнне афрыканскай культуры. А. сфармаваўся на базе ідэалогіі «негрыцюда» - вучэння пра ўсеўладдзе негрыцянскай расы. Яго прыхільнікі сцвярджалі, што шматвяковае ўладаранне Эўропы павінна змяніцца вяршэнствам Афрыкі. У распрацоўцы А. значная роля належыць стваральніку тэорыі «негрыцюда» сенегальскаму філосафу, паэту і эсэісту Леапольду Сенгору (працы «Дух цывілізацыі і законы афрыканскай культуры», 1956; «Негрыцюд і германізм», 1965, і інш.). Прадстаўнікі А. сцвярджаюць, што розум афрыканскага негра ірацыянальна-інтуітыўны, а розум белага эўрапейца - адпаведна рацыянальна-аналітычны. Паводле А., у адрозненне ад рацыяналістычнага светаўспрымання заходняга чалавека, для неграў уласцівы эмацыянальныя адносіны да свету, якія істотна ўплываюць на асаблівасці ўсіх відаў афрыканскай культуры (рэлігія, літаратура, музыка, выяўленчае мастацтва, мова). @

Афрыканская культура, сукупнасць матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, створаных рознымі афрыканскімі народамі. У розныя гістарычныя эпохі народы афрыканскіх дзяржаў (імперый, каралеўстваў) стваралі самабытныя культурныя творы, шмат у чым непадобныя на культурныя здабыткі заходняй і ўсходняй цывілізацый. Для А.к. заўсёды былі ўласцівы даволі высокая ўстойлівасць, стабільнасць, кансерватыўнасць культурных традыцый, а таксама адносна нізкія, невысокія тэмпы культурнага развіцця. У стварэнні разнастайных культурных каштоўнасцей надзвычай важную ролю адыгрывалі не столькі рацыянальныя, колькі эмацыянальна-інтуітыўныя ўяўленні, погляды і схільнасці. Таму афрыканцы (у адрозненне ад больш рацыянальных эўрапейцаў) не змаглі дасягнуць прыкметных поспехаў у навуцы, філасофіі, стварыць арыгінальныя тэорыі, зрабіць вялікія адкрыцці. У афрыканскіх культурах звычайна вельмі значную ролю адыгрывалі рэлігійныя погляды, што праяўлялася ў пашыранасці політэізму (шматбожжа), абагаўленні розных прыродных з'яў і стыхій, трываласці культу продкаў. Адметнай рысай культурнага развіцця афрыканскіх народаў было тое, што практычна ўсе яны не стварылі сваёй уласнай пісьменнасці і распрацаванай сістэмы лічэння. Аднак гэтыя непісьменныя (ці, дакладней, беспісьменыя) народы з'яўляліся стваральнікамі такіх культурных каштоўнасцей (напр., скульптурных, архітэктурных твораў), некаторыя з якіх па свайму мастацкаму ўзроўню і майстэрству выканання не саступалі найлепшым узорам мастацтва цывілізаваных краін свету. Значную ролю ў духоўна-культурным жыцці афрыканцаў ва ўсе часы займалі рытуальныя танцы і песні, дзякуючы чаму многія мясцовыя жыхары маюць прыроджаныя музычныя здольнасці (аб чым сведчыць вялікая колькасць знакамітых музыкантаў, спевакоў з афрыканскімі каранямі). Традыцыйная афрыканская музыка стала адным з вытокаў узнікненя джазу, моцна паўплывала на такія музычныя стылі, як соўл, рэп і інш. @

Бабосаў Яўген (н. 1931), беларускі філосаф, сацыёлаг, палітолаг і культуролаг. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1994). Заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1996). Выкладаў філасофію ў БДУ і Менскім медыцынскім інстытуце. У 1977-1989 дырэктар Інстытута філасофіі і права АН Беларусі. У 1990 заснаваў Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (да 1998 яго дырэктар, цяпер ганаровы дырэктар). Сфера навуковых інтарэсаў - сацыяльная філасофія, тэарэтычныя праблемы культуры, сацыялогія культуры, фармаванне духоўнага свету асобы, праблемы славянскіх культур. Даследуе метадалагічныя праблемы функцыянавання духоўнай культуры ў жыцці сучаснага грамадства, асаблівасці яе структурных кампанентаў (навукі, светапогляду, палітычнай, маральнай, мастацкай культуры), філасофскія праблемы навуковага пазнання, гнасеалагічныя механізмы навуковых рэвалюцый, спецыфіку ўзаемадзеяння навукова-тэхнічнага і сацыяльнага прагрэсу і інш. Распрацаваў новыя канцэптуальныя падыходы да даследавання сацыяльных аспектаў навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, станаўлення і развіцця духоўнага свету чалавека. Асноўныя сацыялагічныя і культуралагічныя ідэі выкладзены ў працах «Сацыяльныя аспекты навукова-тэхнічнай рэвалюцыі» (1976), «Маральная культура асобы» (1985), «Чалавек на парозе рынку: Сацыяльныя чаканні насельніцтва» (1992), «Катастрофы: сацыялагічны аналіз» (1995), «Прыкладная сацыялогія» (1999), «Канфлікталогія» (2000), «Сацыялогія кіравання» (2000), «Агульная сацыялогія» (2002), «Сацыяльна-стратыфікацыйная панарама сучаснай Беларусі» (2002) і інш. Аўтар навучальных дапаможнікаў і падручнікаў па сацыялогіі і канфлікталогіі. Дзяржаўная прэмія Беларусі 1984 за ўдзел у напісанні цыкла работ па гісторыі філасофскай і грамадскай думкі Беларусі (апубл. у 1973-1980). @

Багдановіч Максім (1891-1917), беларускі паэт, перакладчык, крытык, гісторык літаратуры; адзін з заснавальнікаў беларускай літаратуры. Вучыўся ў гімназіі (Ніжні Ноўгарад). У 1916 скончыў у Яраслаўлі Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй і вярнуўся на радзіму. У прыфрантавым Менску Б. уладкаваўся сакратаром губернскага харчовага камітэта. У лютым 1917 ён паехаў на лячэнне ў Ялту і там памёр 25 траўня ў поўнай адзіноце. Першы яго друкаваны твор - алегарычнае апавяданне «Музыка» (1907). Раннія вершы, прасякнутыя гуманістычнымі матывамі і патрыятычным пафасам, пераклікаліся з паэзіяй Я.Купалы і Я.Коласа. Вылучыў канцэпцыю «вершаў беларускага складу», набліжаных па форме і духу да народных традыцый (цыкл вершаў «На ціхім Дунаі»). У цыклах вершаў «У зачараваным царстве» (1909-1911), «Згукі Бацькаўшчыны» (1911) імкнуўся наблізіць нацыянальную паэзію да народных вытокаў, узбагаціць форму беларускага верша. Сталасць яго эстэтычнай пазіцыі выявілася ў творах на сацыяльна-філасофскую і патрыятычную праблематыку («Мая душа», «Рушымся, брацця, хутчэй», «Пагоня», «Беларусь, твой народ дачакаецца»). Значнае месца ў спадчыне Б. займаюць празаічныя і публіцыстычныя творы, крытычныя артыкулы («Глыбы і слаі», «За тры гады», «Забыты шлях»). Ён перакладаў Гарацыя, Авідзія, Ф.Шылера, Г.Гейне, П.Верлена, Э.Верхарна, А.Пушкіна і інш. паэтаў, песні розных народаў свету, што спрыяла ўздыму агульнага ўзроўню беларускай паэзіі. Б. лічыў, што эпоха Адраджэння (Рэнесансу) стала сапраўдным «залатым стагоддзем» для беларускага грамадства, што выявілася ў хуткім развіцці кнігадрукавання, літаратуры, мастацкай культуры. Але пазней, на яго думку, пачаўся працяглы перыяд заняпаду беларускай культуры, які быў выкліканы ўзмацненнем асімілятарскіх тэндэнцый (паланізацыі). У выніку беларускі народ, паводле Б., страціў магчымасць развіваць многія сферы культурнай дзейнасці і змог захаваць за сабой толькі асноўныя, першапачатковыя элементы культуры (напр., мову, звычаі і інш.). Сцвярджаў, што беларускае адраджэнне праяўляецца перш за ўсё ў стварэнні літаратуры на роднай беларускай мове. Паэзія Б. арганічна ўвайшла ў «залаты фонд» беларускай культурнай спадчыны. Многія вершы Б. пакладзены на музыку, сталі народнымі песнямі («Зорка Венера», «Лявоніха», «Слуцкія ткачыхі» і інш.). @

Багема (франц. boheme - літар. цыганшчына), асяродддзе творчай інтэлігенцыі (акцёры, музыканты, мастакі), для прадстаўнікоў якога быў характэрны бесклапотны, абыякавы да агульнапрынятых норм лад жыцця пры адсутнасці ўстойлівага матэрыяльнага забеспячэння. Б. таксама называецца вобраз жыцця, побыт такога асяродку. Назва паходзіць ад Багеміі - часткі Чэхіі, якая лічылася радзімай цыганоў. З'явы, падобныя да Б., вядомы з даўніх часоў, аднак слова Б. узнікла ў 19 ст. у Францыі (першая багемная групоўка была створана каля 1830). Багемныя паводзіны маюць месца і ў сучаснай Беларусі - найперш у асяродку часткі айчынных паэтаў, мастакоў, музыкантаў. @

Багушэвіч Францішак Бенядзікт Казімір (1840-1900), беларускі паэт, празаік, перакладчык, публіцыст; заснавальнік новай беларускай літаратуры. Лічыцца пачынальнікам крытычнага рэалізму ў беларускай літаратуры. Вучыўся ў Віленскай гімназіі. Удзельнік паўстання 1863-1864 у Беларусі і Польшчы. Працаваў настаўнікам, судовым следчым, адвакатам. Друкаваўся пад псеўданімамі Мацей Бурачок, Сымон Рэўка з-пад Барысава. У паэтычных зборніках «Дудка беларуская» (1891), «Смык беларускі» (1894) паказаў самабытны характар гісторыі беларускага народа, абгрунтаваў яго неад'емнае права на дзяржаўную незалежнасць, на свабоднае развіццё мовы і культуры. Б. стаў адным з першых сапраўды народных выразнікаў асаблівасцей нацыянальнай свядомасці, ментальнасці беларусаў, духоўным пачынальнікам і натхняльнікам працэсу нацыянальнага самаўсведамлення і культурнага адраджэння беларускага народа. У публіцыстычных творах Б. імкнуўся асэнсаваць гістарычны шлях беларускага народа ў кантэксце гісторыі іншых народаў (польскага, расейскага, украінскага, летувіскага, чэшскага і інш.). У перыядычным друку выступаў з артыкуламі, дзе абараняў інтарэсы працоўнага сялянства і гарадской беднаты, адзначаў недастаткова высокі ўзровень пісьменнасці значнай часткі беларускага народа. Складаў слоўнік беларускай мовы, імкнуўся ўзбагаціць і ўдасканаліць беларускую паэтыку. Дэмакратычны характар творчасці Б. выразна раскрыўся ў падыходзе да народнага жыцця як галоўнага аб'екта мастацкага адлюстравання. Аказаў значны ўплыў на развіццё грамадскай і эстэтычнай думкі, фармаванне ідэалогіі нацыянальна-вызваленчага руху. @

Бадрыяр Жан (н. 1929), французскі філосаф, сацыёлаг. У 1966-1987 выкладаў сацыялогію ў Парыжскім універсітэце. Шырокую вядомасць Б. прынесла распрацоўка канцэпцыі гіперрэальнасці, г.зн. віртуальнага, нерэальнага характару сучаснай масавай культуры. На аснове гэтай канцэпцыі Б. прыйшоў да высновы, што на самой справе вайны ў Персідскім заліве 1991 не было, а яна была штучна «створана» сродкамі масавай інфармацыі. Распрацаваў адмысловы метад сацыяльнага аналізу - «чыстае падарожжа», сутнасць якога заключаецца ў хуткім, імклівым турнэ індывіда па якой-небудзь краіне. Выкарыстоўваючы гэты метад падчас наведвання ЗША, Б. зрабіў заключэнне пра банальнасць, нерэальнасць (гіперрэальнасць) амерыканскай культуры. Ён лічыў, што Амерыка ўяўляе сабой вялізную культурную бездань, дзе амаль поўнасцю зніклі адрозненні паміж рэальным і нерэальным, паміж праўдай і выдумкай. Магчыма, філасофская цікавасць да пытаняў мас-медыя і масавага спажывання прывялі да таго, што ў сваім доме Б. устанавіў каля 50 тэлевізараў. Аўтар кніг «Амерыка», «У цені маўклівай большасці» і інш. @

Базіліка (ад грэч. basilikē - царскі дом), прамавугольны будынак, раздзелены знутры шэрагамі калон ці слупоў. У Старажытным Рыме Б. выкарыстоўваліся як судовыя залы, рынкі, біржы. Пазней стала адным з асноўных тыпаў хрысціянскіх храмаў, пашырылася ў візантыйскай, раманскай, гатычнай, рэнесанснай архітэктуры. У Беларусі Б. з'явіліся ў канцы 16 ст. Найчасцей выкарыстоўваліся ў культавых хрысціянскіх будынках, зрэдку - у ратушах, сінагогах. @

Байранізм, новы, асобы тып светаўспрымання і паводзін жыхароў эўрапейскіх краін пачатку 19 ст., для якога характэрна спалучэнне пачуцця расчаравання ў рэчаіснасці (матывы «касмічнага песімізму»), адчуванне катастрафічнасці індывідуальнага і грамадскага быцця, страта ідэалаў, дух бунтарства, барацьбы асобы супраць зла ўсяго свету, захопленасць Усходам. Назва звязана з імем ангельскага паэта-рамантыка Джорджа Байрана (1788-1824) - аўтара шырока вядомых паэм «Паломніцтва Чайльд Гарольда» (1812-1818), «Гяур» (1813), «Карсар» (1814), «Манфрэд» (1817), «Каін» (1821) і інш. @

Баланчын Джордж (1904-1983; сапр. Георгій Мелітонавіч Баланчывадзе), амерыканскі балетмайстар, харэограф; стваральнік новага кірунку ў класічным балеце. Вучыўся ў Петраградскай тэатральнай навучальні і ў кансерваторыі. У 1921-1924 у Акадэмічным тэатры оперы і балета ў Петраградзе. У пачатку 1920-х г. ставіў танцы для артыстаў, што аб'ядноўваліся ў эксперыментальны калектыў «Малады балет». У другой палове 1920-х г. стварыў мноства балетаў і танцаў ў оперных пастаноўках тэатра Монтэ-Карла. Працаваў у Дацкім каралеўскім балеце, у трупе «Расейскага балета Монтэ-Карла». У 1934 пераехаў у Амерыку, дзе арганізаваў «Школу амерыканскага балета» і на яе аснове трупу «Амерыканскі балет». Тут Б. здзейсніў свае шырокавядомыя балетныя пастаноўкі - «Пацалунак феі» і «Гульня ў карты» І.Стравінскага (абедзве 1937), «Серэнада» на музыку П.Чайкоўскага (1940), «Канчэрта барока» на музыку І.С.Баха (1940) і «Бале Эмперыяль» на музыку П.Чайкоўскага (1941). Рэпертуар Б.-харэографа ўключае пастаноўкі розных жанраў. Наватарства Б. праявілася ў пастаноўцы т.зв. «бессюжэтных балетаў», дзе выкарыстоўвалася музыка, не прызначаная для танцаў (сюіты, канцэрты, інструментальныя ансамблі, сімфоніі). Абапіраўся на класічную балетную школу, але змог развіць і ўзбагаціць яе новымі магчымасцямі (бытавой, джазавай, спартовай лексікай, нечаканым рытмічным малюнкам). Ставіў таксама шмат танцаў ў мюзіклах, операх, фільмах (мюзікл «На пуантах», 1936; оперныя спектаклі «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага, 1962; «Руслан і Людміла» М.Глінкі, 1969, і інш.). Аўтар кнігі «Сто расказаў пра вялікі балет» (1954; другое выд. 1968; у сааўтарстве). @

Балет (франц. ballet, ад позналац. ballare - танцаваць), від тэатральнага мастацтва, дзе асноўным сродкам выразнасці з'яўляецца т.зв. «класічны танец» (падначалены строгім, гістарычна выпрацаваным канонам); музычна-харэаграфічны спектакль, у якім арганічна спалучаюцца музыка, танец, драматычнае дзейства і элементы выяўленчага мастацтва. У Б. уключаюць розныя віды танца: класічны, характарны, народна-сцэнічны, рытма-пластычны, мадэрн і інш. Існуюць Б.-трагедыі і Б.-камедыі, Б.-п'есы і Б.-сімфоніі, Б. сюжэтныя (блізкія да драматычнага спектакля) і бессюжэтныя, шматактовыя і аднаактовыя, харэаграфічныя мініяцюры. Узнік у Францыі і Італіі ў 16 ст. Вядучым цэнтрам сусветнага балетнага мастацтва на працягу 18-19 ст. быў Парыж, дзе дзейнічалі вядомыя танцоўшчыкі, балетмайстры і кампазітары, якія пісалі балетную музыку. Да жанру Б. неаднойчы звярталіся буйнейшыя кампазітары, напр., П.Чайкоўскі («Лебядзінае возера», «Спячая красуня», «Шчаўкунок»), М.Равель («Дафніс і Хлоя»), І.Стравінскі («Вясна свяшчэнная»), С.Пракоф'еў («Рамэа і Джульета») і інш. Значны ўклад у станаўленне і развіццё сусветнага балетнага мастацтва ў 18-20 ст. унеслі харэографы Ж.Ж.Навер, Ж.Даберваль, Ф.Тальёні, М.Пеціпа, М.Фокін, М.Бежар, Дж.Баланчын, К.Макмілан, Ю.Грыгаровіч, Б.Эйфман і інш. Сярод найбольш вядомых і таленавітых танцоўшчыкаў - М.Тальёні, Г.Паўлава, В.Ніжынскі, Р.Нурэеў, М.Барышнікаў, М.Плісецкая, Г.Уланава, М.Фантэйн і інш.

Вытокі беларускага харэаграфічнага мастацтва - у старажытных абрадах, гульнях, карагодах, дзе танец быў неаддзельны ад музыкі, песні, акцёрскага дзеяння. У 18 ст. у прыватнаўласніцкіх замках і буйных сядзібах дзейнічалі прыватныя балетныя трупы, балетныя школы. Нацыянальны балетны тэатр узнік у 1920-я гг., калі былі пастаўлены першыя класічныя балетныя спектаклі. Развіццю балетнага мастацтва паспрыяла адкрыццё ў 1933 Дзяржаўнага тэатра оперы і балета. Вяхой у гісторыі беларускага Б. стала стварэнне першага беларускага балета «Салавей» М.Крошнера (1939). У 1950-1960-я г. працягваліся пошукі нацыянальнай адметнасці, абнаўлялася харэаграфічная лексіка, рэпертур узбагачаўся новымі класічнымі і сучаснымі творамі. У 1970-1990-я г. беларускае харэаграфічнае мастацтва атрымала шырокае міжнароднае прызнанне. Набылі вядомасць таленавітыя балерыны Л.Бржазоўская, І.Душкевіч, У.Іваноў, Н.Паўлава, Н.Фадзеева, а таксама танцоўшчыкі Ў.Камкоў, У.Іваноў, Ю.Траян, В.Захараў і інш. Пастаноўка балетмайстра В.Елізар'ева спектакля «Страсці» («Рагнеда») на музыку А.Мдывані была прызнана лепшым балетным спектаклем у свеце ў 1995. З пачатку 1990-х г. узмацніліся свабода творчасці, актыўныя пошукі новых сродкаў мастацкай выразнасці, што прывяло да фармавання і развіцця ў Беларусі т.зв. «мадэрн-харэаграфіі». @

Бальны танец, танец, які выконваецца парай ці большай колькасцю ўдзельнікаў на танцавальных вечарах, балях. Узнік у 15 ст. у Італіі; у 16-17 ст. заканадаўцам моды была Францыя. Спачатку Б.т. не меў устаноўленай формы, вызначаўся ўзнёсла-арыстакратычным характарам. Тады папулярнымі Б.т. былі алеманда, бурэ, гавот, менуэт, сарабанда. У 18-19 ст. узніклі і пашырыліся больш свабодныя Б.т., сярод якіх галоп, канкан, контрданс, лендлер, мазурка, полька і інш. З сярэдзіны 19 ст. найбольшае пашырэнне атрымаў вальс, непарыўна звязаны з творчасцю бацькі і сына Штраўсаў. У канцы 19 - пачатку 20 ст. пад уплывам танцавальных традыцый розных краін амерыканскга кантыненту ўзніклі блюз, румба, самба, танга, чарльстон і інш. Большасць сучасных Б.т. вызначаюцца імправізацыйнасцю, зменлівасцю танцавальнай моды. Многія Б.т. другой паловы 20 ст. маюць свабодную кампазіцыю (рок-н-рол, твіст, шэйк і інш.). Праводзяцца нацыянальныя і міжнародныя конкурсы на лепшае выкананне Б.т. па спецыяльнай праграме. У Беларусі з 17 ст. былі вядомы асобныя заходнеэўрапейскія танцы (куранта, марэска, павана), якія выконваліся пры дварах магнатаў, у калегіумах. Зараз у нашай краіне дзейнічае мноства гурткоў, школ і студый Б.т. @

Бардаўская песня (ад кельц. Bard; аўтарская песня), від музычна-паэтычнага мастацтва, дзе паэт, кампазітар і выканаўца аб'яднаны ў адной асобе (барда). У Сярэднявеччы бардамі называлі прафесійных паэтаў-спевакоў Ірландыі, Уэльса, Шатландыі, якія пад уласны акампанемент выконвалі разнастайныя песні, элегіі і г.д. Б.п. звычайна выконваюцца ў гітарным суправаджэнні аўтара ці іншых музыкантаў. Як асобны від мастацтва Б.п. сфармавалася ў пачатку 20 ст. Сярод вядомых майстроў Б.п. - Ж.Бэко, Ш.Азнавур, Д.Рыд, В.Хара і інш. У былым СССР узнікла ў 1950-я г. ў асяродку творчай інтэлігенцыі, студэнтаў і турыстаў. Да ліку найбольш яркіх расейскіх бардаў адносяцца Б.Акуджава, М.Анчараў, Ю.Візбар, У.Высоцкі, Ю.Кім, С.Нікіціны, А.Міцяеў, А.Дольскі і інш. У Беларусі бардаўская песня ўзнікла ў 1960-я г. і была прадстаўлена пераважна расейскамоўнымі бардамі (А.Круп, Б.Вайханскі, У.Бобрыкаў і інш.). З пачатку 1970-х г. пачалі праводзіцца фестывалі Б.п. З сярэдзіны 1980-х г., на хвалі дэмакратызацыі і нацыянальнага адраджэння, актыўна развівалася беларускамоўная Б.п. Яе прадстаўнікі - А.Камоцкі, С.Сокалаў-Воюш, А.Атаманаў, В.Шалкевіч, В.Цярэшчанка, А.Мельнікаў і інш. Творы бардаў вызначаюцца найчасцей актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, палітычнай накіраванасцю, патрыятычнымі матывамі, своеасаблівай лірычнасцю, часам вострай сатырычнасцю, іранічнасцю, філасофскім роздумам аб штодзённым жыцці і г.д. Публічныя выступленні майстроў Б.п. абуджаюць у гледачоў цікавасць да роднай гісторыі, культуры, спрыяюць патрыятычнаму выхаванню, паглыбленню нацыянальнай самасвядомасці. @

Барока (ад італ. barocco - вычварны, дзіўны), адзін з асноўных стыляў у архітэктуры і выяўленчым мастацтве Эўропы канца 16 - сярэдзіны 18 ст. Узнікла ў канцы 16 ст. у Італіі. Мастацтву Б. уласцівы грандыёзнасць, пышнасць і дынаміка, імкненне да велічнасці, патэтычная прыўзнятасць, прыхільнасць да эфектнай відовішчнасці, параднасці, да сумяшчэння ілюзорнага і рэальнага, да моцных кантрастаў маштабаў і рытмаў, матэрыялаў і фактуры, святла і ценю, павялічаная эмацыянальнасць і пачуццёвасць. Для архітэктуры Б. ўласцівы вычварная пластыка фасадаў, складаныя планы і абрысы, упрыгожванне пабудоў пышнай шматкаляровай скульптурай, лепкай, разьбой, шырокае выкарыстанне роспісаў, люстэркаў і да т.п. У выяўленчым мастацтве (найперш жывапісе) Б. арганічна спалучаецца рэальнасць і фантазія, рэлігійная афектацыя з падкрэсленай пачуццёвасцю; эмацыянальнае, рытмічнае і каларыстычнае адзінства твораў. Скульптурныя творы вызначаюцца маляўнічай цякучасцю формы, адчуваннем зменлівасці вобраза. Для літаратуры Б. ўласцівы такія характэрныя рысы, як складанасць стылю, вычварнасць, незвычайная вобразнасць, метафарычнасць, павышаная эмацыянальнасць. У першай палове 18 ст. Б. паступова эвалюцыянавала да грацыёзнай лёгкасці стылю ракако, спачатку арганічна суіснавала з ім, а затым, прыблізна з 1770-х г., паступова пачало выцясняцца класіцызмам.

Б. было вядучым мастацкім стылем у мастацтве Беларусі канца 16-18 ст. Беларускае Б. вызначалася спалучэннем заходнеэўрапейскіх уплываў з візантыйскімі і мясцовымі традыцыямі. У мастацтве Б. вылучаюцца 3 перыды: ранняе Б. (канец 16 - першая палова 17 ст.), сталае Б. (другая палова 17 - першая палова 18 ст.), позняе Б. (з сярэдзіны 18 ст.). У галіне архітэктуры Б. ў Беларусі прадстаўлена пераважна касцёламі, кляштарамі, палацавымі комплексамі (Нясвіжскі касцёл езуітаў, Гарадзенскі касцёл і кляштар езуітаў, Гальшанскі палац і інш.). Мастацкая сістэма позняга Б. ў манументальнай культавай архітэктуры атрымала назву «віленскае барока». У выяўленчым мастацтве рысы Б. пачалі праяўляцца ў першай палове 17 ст. (найперш у скульптурным аздаблені і размалёўках касцёлаў і кляштараў). У другой палове 18 ст. стыль Б. стаў пануючым і ў іканапісе, дзе яго рысы спалучаліся з традыцыямі візантыйскага і старажытнарускага мастацтва. У графіцы стыль Б. найбольш выявіўся ў жанры кніжнай гравюры. Мясцовыя майстры кнігі 17-18 ст. выпрацавалі адметны стыль беларускага Б., для якога былі ўласцівы стрыманасць форм і сувязь з народным мастацтвам. Рысы Б. выявіліся ва ўсіх відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: ткацтве (слуцкія паясы, шпалеры), вырабах са шкла, паліванай кераміцы, разьбе па дрэве (беларуская рэзь), ювелірным мастацтве. Літаратурнае Б. як новы мастацкі стыль спачатку ўзнікла ў Італіі і Гішпаніі, затым распаўсюдзілася на землі Польшчы і Чэхіі, а праз гэтыя краіны прыйшло на тэрыторыю сучасных Беларусі і Ўкраіны. І толькі пазней, прыблізна ў сярэдзіне 17 ст., традыцыі Б. пачалі пашырацца (найперш дзякуючы творчай дзейнасці Сімяона Полацкага) і на Расею. Для твораў беларускага Б. ўласцівы сінтэз сярэднявечных і рэнесансных традыцый, ускладненасць вобразаў, сюжэтаў і формы, метафарычнасць, парадаксальнасць, спалучэнне рэальнага з ірэальным, імкненне як мага больш здзівіць чытача, паўплываць на яго эмоцыі і пачуцці. Асаблівасці Б. выявіліся ў розных жанрах літаратуры - рэлігійна-філасофскай паэзіі, школьнай драме, інтэрмедыі, палемічнай прозе і інш. У Беларусі побач з «высокім» Б., творы якога напісаны на польскай, лацінскай і стараславянскай мовах, існавала таксама «сярэдняе» і «нізкае» Б., што адпавядала інтарэсам бяднейшай шляхты, гараджан і было прадстаўлена парадыйна-сатырычнай і гумарыстычнай паэзіяй і прозай, інтэрмедыямі да школьных драм, песенна-інтымнай лірыкай. @

Батлейка (ад Betleem - назва г. Віфлеем, дзе паводле біблейскага міфа нарадзіўся Ісус Хрыстос), беларускі народны лялечны тэатр. Вядомы з 16 ст. Некаторае падабенства да беларускай батлейкі маюць украінскі вертэп (найбольш пашыраны ў 18-19 ст.) і польская шопка (вядомая з 15 ст.). Паказы Б. звычайна адбываліся на Каляды; для гэтага выраблялі з дрэва спецыяльныя скрынкі, якія звычайна мелі выгляд хаткі ці царквы, з гарызантальнымі перагародкамі (сцэнамі-ярусамі). Лялькі-персанажы рабіліся з дрэва і каляровай тканіны. Паказы суправаджаліся словамі і музыкай, а батлеечнік агучваў персанажы-лялькі рознымі галасамі. Звычайна батлеечнае прадстаўленне складалася з дзвюх частак: рэлігійнай (кананічнай) і свецкай (народна-бытавой), прычым кананічны сюжэт разыгрываўся на верхнім ярусе, а свецкі - на ніжнім. Вельмі папулярнымі былі народныя інтэрмедыйныя сцэнкі з песнямі і танцамі, у якіх нярэдка ў гумарыстычнай і вострасатырычнай форме высмейваліся паводзіны нахабных, ілжывых, сквапных купцоў, шляхцічаў, паноў, карчмароў і да т.п. Найбольшую вядомасць набылі паказы такіх народных сцэн, як «Барыня і доктар», «Цыган і цыганка», «Жыд і казак», «Скамарох з мядзведзем» і інш. Асноўнымі кампанентамі батлеечных паказаў былі песня, танец, дыялог, маналог. У канцы 19 - пачатку 20 ст. асобныя сцэны батлейкі выконвалі жывыя акцёры (т.зв. «жывая батлейка»). З канца 1980-х г. робяцца спробы адрадзіць паказы Б. на Каляды. З 1991 паказы Б. адбываюцца ў філіяле Літаратурнага музея імя М.Багдановіча, а прафесійныя Дзяржаўны тэатр лялек і Тэатр-студыя кінаакцёра паставілі батлеечную п'есу «Цар-Ірад». @

Батычэлі Сандра (1444-1510), італьянскі жывапісец, прадстаўнік фларэнтыйскай школы жывапісу ранняга Адраджэння. Яго заслужана называюць самым эмацыянальным, лірычным і паэтычным мастаком эпохі Адраджэння. Ён з'яўляўся аўтарам многіх твораў на рэлігійныя і міфалагічныя сюжэты («Вясна»; 1477; «Нараджэнне Венеры»; 1484), малюнкаў да «Боскай камедыі» Дантэ, партрэтаў. Творчасць Б. вызначаецца паэтычнай узвышанасцю, адухоўленасцю, узнёсласцю і арыстакратычнай вытанчанасцю. @

Бах Іаган Себасцьян (1685-1750), нямецкі кампазітар, арганіст. Працаваў кантарам царквы ў Лейпцыгу, выкладаў музыку ў царкоўнай школе, даваў прыватныя ўрокі музыцыравання. Б. лічыцца непераўзыйдзеным майстрам поліфаніі. Праславіўся як аўтар і выканаўца арганнай музыкі. Пісаў творы практычна ва ўсіх музычных жанрах (араторыі, кантаты, месы, фугі, харалы, матэты, санаты, сюіты, фартэп'янныя п'есы і інш.). Сярод найбольш вядомых твораў - «Страсці па Іаану» (1724), «Страсці па Матфею» (1729), 6 «Брандэнбургскіх канцэртаў» для аркестра (1711-1720). Свецкая музыка Б. па свайму мастацкаму ўзроўню саступае яго духоўным, рэлігійным творам. Пры жыцці Б. быў вядомы пераважна як арганіст, а большасць яго выдатных твораў былі належным чынам ацэнены значна пазней, у 19-20 ст. І.Гётэ сцвярдаў, што музыка Б. - «гэта гутарка вечнай гармоніі з самой сабой, яна падобная на Боскую думку перад стварэннем свету». Творчасць Б. вызначаецца філасофскай глыбінёй зместу і высокім этычным сэнсам. Яна абагульніла дасягненні музычнага мастацтва некалькіх стагоддзяў на мяжы барока і класіцызму, значна паўплывала на далейшае развіццё эўрапейскай музычнай культуры. У розны час ўзніклі і дзейнічаюць Бахаўскі Інстытут (Германія), Бахаўскія таварыствы, праводзяцца Бахаўскія фестывалі. @

Бахцін Міхаіл Міхайлавіч (1895-1975), расейскі філосаф, культуролаг, філолаг, літаратуразнаўца, эстэтык. Вучыўся ў Новарасійскім і Пецярбургскім універсітэтах. Пасля рэвалюцыйных падзей 1917 жыў у Невелі і Віцебску. У 1929 быў рэпрэсаваны і адпраўлены ў ссылку. Распрацаваў канцэпцыю дыялогу ў культуры. Культуру разглядаў як асобы суб'ект творчасці, што выяўляе сябе як сінхроннае шматгалоссе. Лічыў, што культура «заўсёды ляжыць на межах» з другімі культурамі і эпохамі. Даследаваў «смехавую» карнавальную культуру, характэрную для эпохі Сярэднявечча. Выкарыстоўваў тэрмін «поліфанія» для абазначэння феномену шматгалосся і раўнапраўя існуючых у свеце і мастацкіх творах свядомасцей у адносінах адзін да аднаго і да адзінага культурнага цэлага. Увёў паняцце «вялікага часу», якое дазваляе аналізаваць з'явы культуры не толькі ў сучасным сацыякультурным кантэксце, але і ў праекцыі мінулага і будучыні. Творчасць разглядаў як валявы акт адказнага ўчынку асобы, якая асэнсавана праламляе свет у сабе. Аўтар прац «Праблемы паэтыкі Дастаеўскага» (1929), «Творчасць Франсуа Рабле і народная культура Сярэднявечча і Рэнесансу» (1965), «Пытанні літаратуры і эстэтыкі» (1975), «Эстэтыка мастацкай творчасці» (1979) і інш. Напісаў мноства артыкулаў пра спецыфіку жанру рамана, пра творчасць Гётэ, Рабле. Працы Б. пачалі шырока друкавацца толькі ў 1960-1980-я г. @

Баявыя мастацтвы, сістэмы адзінаборстваў пераважна азіяцкага паходжання (Японія, Кітай, Карэя). Развіваліся галоўным чынам як сродкі вядзення рукапашнага паядынку. У сучасны перыяд практыкуюцца ў многіх краінах свету найчасцей у выглядзе спартовых практыкаванняў, накіраваных на фізічнае і духоўнае ўдасканаленне чалавека. Першапачаткова Б.м. мелі мэты выключна самаабароны. У некаторых відах Б.м. выкарыстоўвалася халодная зброя (нажы, мячы, нунчакі і інш.), якая разглядалася як своеасаблівае «прадаўжэнне» рукі. @

Беларуская іканапісная школа, самабытная нацыянальная іканапісная школа 16 - пачатку 19 ст. Склалася пад уплывам ідэй Адраджэння на аснове традыцый візантыйскага і старажытнарускага мастацтва. Адметнай рысай Б.і.ш. быў моцны ўплыў фальклору, народнага мастацтва, што выявілася ў простанародным тыпажы, шырокім выкарыстанні этнаграфічных элементаў. Для ранніх твораў Б.і.ш. 16 ст. было характэрна спалучэнне адметных рыс сярэднявечнага мастацтва з элементамі Рэнесансу: светлы каларыт, лірычнасць вобразнага ладу («Маці Божая Ерусалімская» з Берасцейшчыны). Найлепшыя ўзоры Б.і.ш. 17 ст. вызначаліся аб'ёмнасцю, дэталізацыяй, паказам асобных персанажаў у вопратцы таго часу («Тройца Запаветная» з Берасцейшчыны, «Нараджэнне Маці Божай» Пятра Яўсеевіча з Галынца). На беларускі іканапіс 18 ст. зрабілі прыкметны ўплыў мастацтва барока, народныя традыцыі, фальклорныя матывы (абраз «Ушэсце» Паўла Клачковіча з Берасцейшчыны). Шырокае развіццё набыло т.зв. «наіўнае барока», або народны прымітыў («Тройца Новазапаветная» з Віцебшчыны). Для іканапісу гэтага часу характэрна імкненне спасцігнуць непаўторнасць і самабытнасць чалавечага характару, што збліжае яго з тагачасным свецкім партрэтным жывапісам. У канцы 18 - пачатку 19 ст. беларускі іканапіс паступова страціў сваю самабытнасць і перастаў існаваць як асобная мастацкая школа. @

Беларуская рэзь, манументальна-дэкаратыўная аб'ёмна-ажурная разьба па дрэве. Творы Б.р. нярэдка пакрывалі пазалотай. Сфармавалася на землях Беларусі з канца 16 ст. пад уплывам стыляў рэнесансу і барока. Да ліку лепшых узораў Б.р. адносяць іканастасы Богаяўленскага сабора і Мікалаеўскай царквы ў Магілеве, Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра ў Маскве. Беларускія майстры аздаблялі ёю храмы і палацы Маскоўскай дзяржавы з 17 ст. З-за візуальнага падабенства на полымя творы Б.р. былі вядомы і пад назвай «флемская» (ад ням. Flamme - полымя) разьба. На ўзорах Б.р. прысутнічаюць выявы раслін, птушак, чалавека, гронак. Майстэрства Б.р. дасягнула свайго росквіту на мяжы 17-18 ст. і захоўвалася да пачатку 19 ст. @

Беларускія вечарынкі, вечары беларускай нацыянальнай культуры, што праводзіліся з пачатку 20 ст. да 1920-х г. у Беларусі і за яе межамі. Першая вядомая Б.в. адбылася ў 1906 ў в. Пятроўшчына пад Менскам. Шырокі рэзананс атрымала першая Б.в. ў Вільні ў лютым 1910. У Пецярбургу Б.в. наладжваў Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў універсітэта. У іх праграму ўваходзілі спектаклі, харавыя і сольныя спевы, танцы, выступленні чытальнікаў прозы і паэзіі. Падчас Б.в. ставіліся п'есы «Мядзведзь» і «Сватанне» А.Чэхава, «Па рэвізіі» і «Пашыліся ў дурні» М.Крапіўніцкага, «Паўлінка» Я.Купалы, «Модны шляхцюк» К.Каганца, інсцэніроўкі твораў Э.Ажэшкі «У зімовы вечар» і «Хам» і інш. Б.в. садзейнічалі прапагандзе беларускага мастацтва, станаўленню беларускага прафесійнага тэатра, арганізацыі самадзейных гурткоў, паглыбленню нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. Яны карысталіся шырокай папулярнасцю па ўсёй Беларусі, іх лепшыя традыцыі пакладзены ў аснову творчай дзейнасці Першай беларускай трупы І.Буйніцкага. @

Бельканта (ад лац. - «цудоўнае спяванне»), найбольш прыгожая манера спявання, якая ўзнікла і атрымала шырокае распаўсюджанне ў Італіі ў сувязі з зараджэннем і развіццём оперы. Для Б. ўласцівы выключная меладычная звязнасць, выразнасць дыкцыі, наяўнасць мноства віртуозных эфектаў, вытанчанасць і прыгажосць гучання. Найбольшае пашырэнне Б. атрымаў у 19 ст. (у операх В.Беліні, Г.Даніцэці, Дж.Расіні, Дж.Вердзі, Дж.Пучыні). Сярод сучасных оперных спевакоў майстрамі Б. лічацца П.Дамінга, Л.Павароці, М.Кабалье і інш. @

Бенядыкт Рут (1887-1948), амерыканскі культурантраполаг; прадстаўнік этнапсіхалагічнага кірунку ў амерыканскай антрапалогіі. Вучылася ў каледжы, потым у Калумбійскім універсітэце пад кіраўніцтвам Ф.Боаса. У 1923 г. абараніла доктарскую дысертацыю па тэме «Уяўленні амерыканскіх індзейцаў аб духах-абярэгах». З 1923 да канца жыцця выкладала ў Калумбійскім універсітэце. У 1947 абрана старшынёй Амерыканскай антрапалагічнай асацыяцыі. Б. кіравала палявымі школамі (сярод індзейскіх плямёнаў), удзельнічала ў некалькіх этнаграфічных экспэдыцыях па Паўднёваму Захаду Амерыкі. Рэдагавала «Часопіс амерыканскага фальклора» і «Працы Калумбійскага ўніверсітэта па антрапалогіі». Стварыла канцэпцыі аб канфігурацыях і патэрнах культуры, якія характарызавалі яе цэласнасць зыходзячы з стэрэатыпу ці ўзору культурна-дэтэрмінаваных паводзінаў. У сваіх даследаваннях звычайна імкнулася да параўнальнага вывучэння культур розных народаў свету, праводзіла параўнальны аналіз фальклору і рэлігіі амерыканскіх індзейцаў, адстойвала неабходнасць вывучэння кожнай культурнай з'явы ў кантэксце менавіта гэтай культуры. Найбольш вядомая яе праца «Патэрны культуры» (1934) прысвечана праблеме суадносін чалавечай асобы і форм культуры. Яна была перакладзена на многія мовы і ўнесла рашаючы ўклад у працэс інтэграцыі навуковых дысцыплін, якія займаюцца вывучэннем культуры і асобы. Прымяняла антрапалагічныя метады і гіпотэзы да аналізу сучасных культур Японіі, Германіі, Румыніі і Сіама. У гады другой сусветнай вайны на аснове распрацаванай ёю тэхнікі «дыстанцыйнага вывучэння культуры» займалася даследаваннем японскай нацыянальнай псіхалогіі. Вынікам гэтай працы стала кніга «Хрызантэма і меч» (1946), якая прызнана класічнай работай у галіне культурнай антрапалогіі. Рыхтавала спецыялістаў у галіне даследавання сучасных культур і міжнародных адносін. Сярод іншых прац - «Міфалогія кочыці» (1931), «Міфалогія зуні» (1935), «Раса: навука і палітыка» (1940) і інш. @

Берасцяныя граматы, пісьмы, запіскі і дакументы 11-15 ст. на берасцянай кары (бяросце). У другой палове 20 ст. былі знойдзены ў Ноўгарадзе, Смаленску, Маскве, Пскове, Цверы, Віцебску і інш. Вядома каля 750 грамат. Сведчаць пра адносна шырокае распаўсюджанне пісьменнасці на Русі. Б.г. уяўляюць сабой не толькі лісты баяр сваім падначаленым (і наадварот), але і дзелавую перапіску, любоўныя запіскі, вучнёўскія практыкаванні, перапіску паміж бацькамі і дзецьмі, разнастайныя малюнкі і да т.п. Такія берасцяныя лісты спачатку прачытвалі, а потым звычайна выкідвалі. Бяроста была (у адрозненне ад пергамента) даволі танным пісчым матэрыялам, на якім пісалі т.зв. «пісаламі» - спецыяльнымі металічнымі стрыжнямі. @

Бергман Інгмар (н. 1918), шведскі рэжысёр тэатра і кіно, сцэнарыст. Атрымаў адукацыю ў Стакгольмскім універсітэце. Творчую працу пачаў у 1940 у якасці рэжысёра Каралеўскага драматычнага тэатра, потым сцэнарыстам і рэжысёрам мясцовай кінакампаніі. Выступаў аўтарам сцэнарыяў практычна ўсіх сваіх фільмаў. Сярод найбольш значных фільмаў - «Землянічная паляна» (1957), «Усмешкі летняй ночы» (1955), Сёмая пячатка» (1957), «Маўчанне» (1963), «Персона» (1966), «Восеньская саната» (1978) і інш. Тройчы яго фільмы атрымлівалі прэмію «Оскар» - «Некранутая вясна» (1960), «Скрозь цьмянае шкло» (1961), «Фанні і Аляксандар» (1983) як лепшыя замежныя фільмы года. Напісаў дзве кнігі аўтабіяграфічных успамінаў - «Латэрна магіка» (1988) і «Вобразы» (1994). У сваёй творчасці развіваў тэмы трагічнай адзіноты людзей у сучасным свеце, ставіў вострыя філасофскія, псіхалагічныя і этычныя праблемы (сэнс жыцця чалавека, роля рэлігіі ў грамадскім жыцці, маральны выбар людзей, сутнасць творчай працы, хвароба, смерць і інш.). Творчая манеры Б. вызначаецца псіхалагічнай і філасофскай заглыбленасцю, іншасказальнасцю, часам прытчавай формай, насычанасцю шматлікімі сімваламі, метафарамі і да т.п. Ставіў спектаклі ў драматычных і оперных тэатрах. @

Бернар Сара (1844-1923), французская актрыса тэатра і кіно. Скончыла драматычны клас Парыжскай кансерваторыі. Працавала ў парыжскім тэатры «Камеды Франсэз», узначальвала тэатр «Рэнесанс» (з 1893) і створаны ёю «Тэатр Сары Бернар» (1898-1922). У час першай сусветнай вайны выступала перад вайскоўцамі на франтах. Выконвала трагедыйныя і меладраматычныя ролі ў п'есах У.Шэкспіра, В.Гюго, Ж.Расіна, Э.Растана, А.Дзюма-сына і інш. Яе акцёрская ігра вызначалася віртуёзным майстэрствам, пластычнасцю, вытанчанай тэхнікай, выдатнай дыкцыяй, высокім мастацкім густам, часам наўмыснай эфектнасцю. Здымалася ў кінафільмах, займалася скульптурай, напісала некалькі п'ес, мемуары «Маё двайное жыццё». @

Берніні Джаванні Ларэнца (1698-1780), італьянскі скульптар, архітэктар, малявальшчык. Лічыцца буйнейшым прадстаўніком італьянскага барока. Вывучаў антычную і сучасную італьянскую скульптуру, архітэктуру (асабліва творчасць Мікеланджэла Буанароці). У яго творах ярка ўвасобіліся найбольш тыповыя прынцыпы стылю барока: драматычная эмацыянальнасць, эфектная тэатральнасць, відовішчнасць вобразаў і кампазіцый твораў. Архітэктурныя творы Б. (ансамбль плошчы св. Пятра ў Рыме, 1657-1663; афармленне параднай лесвіцы Скала Рэджа ў Ватыкане, 1663-1666) вызначаюцца прасторавым размахам, дынамікай і кантрастам форм, а скульптурныя - імклівасцю руху, спалучэннем рэлігійнай афектацыі з экзальтаванай пачуццёвасцю («Экстаз св. Тэрэзы», 1644-1652; мармуровая кампазіцыя «Апалон і Дафна», 1622-1625). Стварыў тып параднага партрэта-бюста, які арганічна спалучаў у сабе рэалістычнасць вобліка чалавека з псіхалагічнай вастрынёй і дэкаратыўнай пышнасцю (напр., мармуровы партрэт Людовіка XIV; 1665). Маляваў вострыя карыкатуры. Творчасць Б. аказала значны ўплыў на эўрапейскае мастацтва 17-18 ст. @

Бетховен Людвіг ван (1770-1827), нямецкі кампазітар, дырыжор, піяніст. З дзяцінства праявіў вялікія музычныя здольнасці. У 1796 г. Б. першы і апошні раз у жыцці зрабіў канцэртнае падарожжа па Эўропе (выступаў у Берліне, Дрэздэне, Празе, Будапешце), дзе праявіў сябе як выдатны кампазітар і піяніст-віртуоз. Б. даволі рана пачаў глохнуць, вымушаны быў адмовіца ад публічных выступленняў у якасці піяніста і дырыжора. У апошні перыяд жыцця яму даводзілася ствараць творы, абапіраючыся на музычную фантазію і высокі ўзровень музычнай культуры. Б. лічыцца апошнім кампазітарам-класіцыстам, які адным з першых праклаў шлях для з'яўлення новага кірунку ў музыцы - рамантызму. Напр., пра яго адступленне ад норм класіцызму сведчыць увядзенне ў Дзевятую сімфонію хора і салістаў. Сярод найбольш вядомых твораў Бетховена - балет «Тварэнне Праметэя» (1801), опера «Фідэліо» (1803-1805), месы (у т.л. «Урачыстая меса», 1819-1823), кантаты, дзевяць сімфоній (у т.л. 3-я «Гераічная», 6-я «Пастаральная»), уверцюры, дуэты, хоры, канцэрты для фартэпіяна і скрыпкі з аркестрам, санаты для фартэпіяна (у т.л. 8-я «Патэтычная», 14-я «Месяцовая», 23-я «Апасіяната»), а таксама варыяцыі, багатэлі, ронда, танцы. @

Біблія (ад грэч. biblia - кнігі, звод кніг), збор старажытных тэкстаў, кананізаваны ў юдаізме і хрысціянстве ў якасці Свяшчэннага Пісання. Складаецца са Старога Запавету (39 кніг) і Новага Запавету (27 кніг). Стары Запавет складаецца з помнікаў старажытнаэўрапейскай літаратуры 12-2 ст. да н.э. Яго цэнтральнай часткай з'яўляецца Тора (у хрысціянскай традыцыі - Пяцікніжжа), якая прыпісваецца прароку Майсею. Новы Запавет складаюць помнікі раннехрысціянскай літаратуры другой паловы 1 - пачатку 2 ст., напісаныя пераважна на грэчаскай мове. У Б. адлюстраваліся вераванні, культы, традыцыі, сацыяльныя ўмовы жыццядзейнасці людзей розных гістарычных эпох, іх маральна-этычныя прынцыпы, уяўленні аб светабудове і да т.п. Яе ідэі, вобразы, нормы складаюць духоўную аснову хрысціянскай культуры, з'яўляюцца адной з важных крыніц развіцця мастацкай культуры, фармавання ідэалаў і ўзораў, якія вызначаюць менталітэт грамадства. @

Бідні Дэвід (1908-1987), амерыканскі культурантраполаг. Прафесар аддзялення антрапалогіі Індыянскага ўніверсітэта. У Йельскім універсітэце абараніў доктарскую дысертацыю «Праблема каштоўнасцей у метафізіцы Спінозы». Спецыяліст у галіне гісторыі антрапалагічнай думкі, тэорыі культуры, параўнальнай міфалогіі, філасофіі гісторыі і філасофіі прыродазнаўства. Прапанаваў канцэпцыю метаантрапалогіі, якую ён разглядаў як своеасаблівую тэорыю, звязаную з праблемамі культурнай рэальнасці і прыроды чалавека. Яго асноўныя працы - «Канцэпцыя свабоды ў антрапалогіі» (1963), «Тэарэтычная антрапалогія» (1968)» і інш. @

«Бітлз» (The Beatles), ангельская рок-група. Створана ў 1959 у Ліверпулі, таму яе нярэдка называлі «ліверпульскай чацвёркай». Назва квартэта звязваецца з назвай насякомага (англ. - жук) і абазначэннем рытмічнай пульсацыі (біт). Удзельнікі «Б.»: Джон Ленан (1940-1980; гітара, вакал), Пол Макартні (н. 1942; гітара, вакал), Джордж Харысан (1943-2001; гітара), Рынга Стар (н. 1940; ударныя). Для музыкі «Б.» характэрны моцнае гучанне (дасягалася з дапамогай электраўзмацняльнікаў), рэзка выражаны біт, іранічнасць, фарсавасць, багацце аранжыровак, эксперыменты з класічнай, усходняй музыкай, мелодыкай (увядзенне электронных шумоў, гукаў сітара). Сярод асноўных тэм песень «Б.» - канфлікт бацькоў і дзяцей, уплыў алкаголю і наркотыкаў, моладзевая субкультура і г.д. У музыцы «Б.» заўважаюцца ўплывы рок-н-рола, джаза, скіфла (імправізацыйнай музыкі, якая выконвалася ангельскімі музыкантамі-аматарамі на незвычайных інструментах - пральнай дошцы, дзіцячай дудцы, квадратнай гітары і інш.). Першы значны поспех прыйшоў да «Б.» у 1963 пасля іх выступлення ў лонданскім эстрадным тэатры «Паладзіум». Узрастанню папулярнасцю «Б.» паспрыялі іх здымкі ў фільмах амерыканскага рэжысёра Рычарда Лестэра «Вечар цяжкага дня» (1964) і «На дапамогу!» (1965). У першай палове 1960-х г. пашырылася т.зв. «бітламанія» - гарачая, фанатычная прыхільнасць слухачоў да музыкі «Б.». У 1967 выйшаў альбом «Аркестр клуба «Адзінокія сэрцы» сержанта Пепера», многія песні з якога сталі міжнароднымі хітамі. У сярэдзіне 1990-х г. выйшла «Анталогія Бітлз» на некалькіх кампакт-дысках, куды ўвайшлі раней невядомыя песні музыкантаў. Асобныя ўдзельнікі «Б.» займаліся і індывідуальнай творчасцю. Ленан быў аўтарам зборнікаў вершаў і прозы з незвычайнымі каламбурамі. Макартні напісаў музыку да мастацкага фільма «Сямейнае жыццё» (1967). У 1970 выйшаў апошні альбом «Б.» «Няхай будзе так», пасля чаго гурт распаўся. Ленан пасля распаду «Б.» запісаў некалькі альбомаў ў сааўтарстве са сваёй жонкай, японскай мастачкай Йока Она. У 1980 Ленан быў забіты ў Нью-Ёрку адным са сваіх фанатаў. @

Бітнікі (ад англ. beat - біць, разбіць), літаратурна-мастацкі моладзевы рух у ЗША сярэдзіны 1950 - пачатку 1960-х г. Б. абвяшчалі добраахвотную беднасць, бадзяжніцтва, сексуальную свабоду, культ пачуццёвых задавальненняў, адлучанасць ад грамадства. Рух Б. выказваў актыўны пратэст супраць матэрыяльнага дабрабыту, няспыннай пагоні за багаццямі, канфармізму і стандартызацыі чалавечай асобы, ханжаскай маралі і сацыяльнага насілля, жорсткасці. У руху Б. існавалі 2 кірункі (літаратурны і выяўленчы). Літаратура Б. была прадстаўлена такімі паэтамі і празаікамі, як Дж.Керуак, У.Бероўз, А.Гінзберг, Л.Ферлінгеці і інш. Для творчай манеры літаратараў-бітнікаў былі ўласцівы бессюжэтнасць, свабодная форма, метафарычнасць, імпрэсіяністычнасць, наяўнасць шакіруючых, натуралістычных апісанняў, бесцэнзурнай лексікі. Для мастакоў-бітнікаў (Р.Раўшэнберг, Дж.Хермс, Б.Конер і інш.) характэрны іранічнасць, сатырычнасць, схільнасць да сацыяльна-палітычнай тэматыкі. У іх творчасці асаблівую папулярнасць набыў жанр калажу. @

Блокбастэр (англ. blockbuster - літар. бомба вялікага калібру), высокабюджэтны мастацкі фільм (звычайна з бюджэтам звыш 100 млн. даляраў). Тэрмін «Б.» пачаў выкарыстоўвацца пасля выхаду ў свет у 1975 фільма амерыканскага рэжысёра С.Спілберга «Сківіцы». Сярод найбольш вядомых Б. такія мастацкія стужкі, як «Клеапатра», «Тэрмінатар», «Тытанік», «Уладар пярсцёнкаў», «Пёрл Харбар» і інш. У Беларусі найбольш высокабюджэтны фільм «У жніўні 44-га...» (2000) таксама можна аднесці да ліку своеасаблівых Б. @

Блюз (ад англ. blues - меланхолія, смутак), песенны жанр афраамерыканскай музыкі, які склаўся ў пачатку 20 ст. Па сваёй мелодыі, інтанацыі, форме Б. найбольш дакладна выявіў дух і светаўспрыманне неграў ЗША. Першапачаткова азначаў сольную лірычную песню амерыканскіх неграў з берагоў Місісіпі. У аснове Б. - музычны перыяд з 3 фраз па 4 такты. Для яго музыкі характэрны востры рытм, незвычайныя інтанацыі. Б. адыграў істотную ролю ў станаўленні джаза, а затым развіваўся ў рэчышчы яго традыцый. Сярод вядучых выканаўцаў Б. - Б.Сміт, Э.Фіцджэральд. У 1950-1960-я г. паўплываў на ўзнікненне і развіццё амерыканскай і ангельскай рок-музыкі. @

Боас Франц (1858-1942), нямецка-амерыканскі этнограф, антраполаг, лінгвіст. Вучыўся ва ўніверсітэтах Гейдэльберга, Бона і Кіля. Па першапачатковай адукацыі быў фізікам і матэматыкам. Атрымаў вучоныя ступені доктара філасофіі і доктара медыцыны. У 1880-я г. эміграваў у ЗША. З 1899 - прафесар антрапалогіі Калумбійскага ўніверсітэта. Адзін з заснавальнікаў Амерыканскай антрапалагічнай асацыяцыі, рэдактар часопіса «Амерыканскі фальклор», прзідэнт Амерыканскай асацыяцыі садзейнічання развіццю навукі. Працяглы час у палявых умовах вывучаў культуры і мовы індзейцаў паўночна-заходняга ўзбярэжжа ЗША. Апублікаваў сотні артыкулаў і кніг па антрапалогіі, лінгвістыцы, археалогіі і этналогіі. Стварыў школу гістарычнай этналогіі. Лічыў, што нельга захапляцца агульнымі законамі і схемамі развіцця культуры (эвалюцыянізм, дыфузіянізм, функцыяналізм), паколькі кожны народ мае свае непаўторныя гісторыю і культуру. Рысы падабенства (напр., агульнасць мовы) могуць быць вытлумачаны як агульным паходжаннем, так і ўзаемнымі ўплывамі. Паводле Б., навуковае даследаванне культуры магчыма толькі на базе сістэмы каштоўнасцей таго народа, якому яны належаць. Выступаў за комплекснае даследаванне культурнай дзейнасці чалавека з прыцягненнем матэрыялаў і фактаў з фізічнай антрапалогіі, лінгвістыкі, археалогіі, біялогіі і інш. Адным з першых Б. пачаў выкарыстоўваць статыстычныя метады апрацоўкі антрапалагічных дадзеных. Аўтар класічных культурантрапалагічных прац «Розум першабытнага чалавека» (1911). «Кіраўніцтва па мовах амерыканскіх індзейцаў» (1911-1922), «Раса, мова і культура» (1940), іншых манаграфій, шматлікіх артыкулаў. @

Босх Хіеранімус (каля 1460 - 1516; сапр. Бос ван Акен), нідэрландскі жывапісец, малявальшчык; прадстаўнік ранняга нідэрландскага Адраджэння. У творах спалучаў рысы сярэднявечнай фантастыкі, фальклорныя, сатырычныя вобразы і матывы, рэалістычныя назіранні, наватарскія смелыя пошукі ў галіне каларыту. Смела пашыраў кола незвычайных, часам вычварна-мудрагелістых тэм і вобразаў, крыніцай якіх служылі фальклор, народныя прытчы і забабоны і інш. (карціны «Спакуса св. Антонія», «Нясенне крыжа», «Пакланенне вешчуноў», трыпціхі «Воз сена» і «Сад асалоды», «Карабель дурняў», «Шарлатан», «Лячэнне глупства» і інш.). Творчасць Б. прыкметна паўплывала на многія кірункі сучаснага выяўленчага мастацтва. @

Брадэль Фернан (1902-1985), французскі гісторык культуры. Аўтар трохтомнай фундаментальнай працы «Матэрыяльная цывілізацыя, эканоміка і капіталізм. 15-18 ст.», шматлікіх артыкулаў па пытаннях гісторыі, культуралогіі. Кніга Б. «Што такое Францыя» з'яўляецца своеасаблівай энцыклапедыяй, у якой сабраны шматлікія факты і звесткі аб прыродзе, гісторыі і культуры Францыі, аб менталітэце і нацыянальным характары французаў. Лічыў, што культура - гэта «цывілізацыя, якая не дасягнула сваёй спеласці, сацыяльнага оптымуму і не забяспечыла свайго росту». @

Брамантэ Даната (1444-1514), італьянскі архітэктар, прадстаўнік Высокага Адраджэння. Ствараў гарманічныя, цэльныя, смелыя па сваёй прасторавай кампазіцыі будынкі. Пабудаваў «Тэмп'ета» - невялікую капэлу пры адной з цэркваў кляштара ў Рыме, якая мае форму цыліндра. Б. працаваў у Ватыкане, дзе ўпершыню пасля антычнасці стварыў адзіны архітэктурны ансамбль. Спраектаваў сабор св. Пятра ў Рыме (самы вялікі каталіцкі сабор у Эўропе), аднак дабудаваць яго не паспеў і купал гэтага сабора быў скончаны толькі ў канцы 16 ст. па плану Мікеланджэла Буанароці. @

Брандо Марлон (н. 1924), амерыканскі акцёр кіно і тэатра, рэжысёр. Вучыўся ў ваеннай акадэміі, у тэатральным класе школы сацыяльных даследаванняў, а потым у Акцёрскай студыі Лі Страсберга. У 1944. дэбютаваў у тэатры на Брадвеі ў п'есе «Я люблю маму», а ў 1950 - у кіно (фільм «Мужчыны»). Для акцёрскай манеры Б. уласцівы непасрэдная эмацыянальнасць, імправізацыйны талент, прыцягальнасць і г.д. Дыяпазон яго акцёрскіх здольнасцей надзвычай шырокі - ад псіхалагічных драм да лёгкіх камедый. Найбольш удалыя і складаныя ролі сыграў у фільмах «Пагоня» (1965), «Хросны бацька» (1972; прэмія «Оскар»), «Апошняе танга ў Парыжы» (1972), «Апакаліпсіс сёння» (1979), «Дон Жуан дэ Марка» (1995). Здымаўся ў кінастужках вядомых амерыканскіх і эўрапейскіх рэжысёраў - Ф.Ф.Копалы, Э.Казана, Б.Берталучы і інш. Неаднаразовы лаўрэат міжнародных кінафестываляў, прэмій Брытанскай кінаакадэміі. У 1994 апублікаваў мемуары пад назвай «Песні, якім навучыла мяне маці». @

Бржазоўская Людміла (н. 1946), артыстка балета, педагог. Народная артыстка Беларусі (1975). Скончыла Беларускую харэаграфічную навучальню (1966), Менскі інстытут культуры (1987). З 1989 выкладала ў Беларускай харэаграфічнай навучальні, з 1994 на кафедры харэаграфіі Беларускай акадэміі музыкі, адначасова з 1997 - педагог-рэпетытар у Нацыянальным акадэмічным тэатры балета Беларусі. У 1966-1989 вядучая танцоўшчыца Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР. Выканальніцкае мастацтва Б. вызначалася высокім лірыка-трагедыйным напалам, спалучала ўменне выявіць унутраную сутнасць вобраза з сучасным пластычным малюнкам танца і завершанасцю ліній. Сярод лепшых партый - Нэле («Тыль Уленшпігель» Я.Глебава), Кармэн («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ - Р.Шчадрына), «Адэта-Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.Адана) і інш. Здымалася ў тэлевізійных варыянтах класічных балетаў «Лебядзінае возера», «Жызэль», «Шчаўкунок» і інш., створаных у Беларусі і Румыніі. Ёй быў прысвечаны творчы тэлевечар «Танцуе Людміла Бржазоўская» (на Беларускім тэлебачанні). @

Брук Пітэр (н. 1925), ангельскі рэжысёр. Працаваў у Каралеўскім Шэкспіраўскім тэатры (Стратфорд-он-Эйван), драматычных тэатрах Лондана. З 1971 з'яўляецца кіраўніком Міжнароднага цэнтра тэатральных даследаванняў у Парыжы. Сярод найбольш вядомых тэатральных пастановак - «Гамлет» (1955) і «Кароль Лір» (1962) У.Шэкспіра, «Вішнёвы сад» (1981) А.Чэхава і інш. У 1984 паставіў старажытнаіндыйскі эпас «Махабхарата» (працягласць спектакля - 11 гадзін). Ставіў оперы ў «Ковент-Гардэн» (Лондан) і «Метраполітэн-опера» (Нью-Ёрк). Зняў мастацкія фільмы «Уладар мух», «Кароль Лір», «Трагедыя Кармэн» і інш. У сваіх спектаклях па-майстэрску спалучае ўмоўныя прыёмы, разнастайныя эксперыменты з глыбокай псіхалагічнай распрацоўкай характараў. @

Брунелескі Філіпа (1377-1446), італьянскі архітэктар, скульптар, вучоны. Лічыцца родапачынальнікам рэнесанснай архітэктуры. Па-наватарску выкарыстоўваў антычныя традыцыі і спадчыну сярэднявечнай італьянскай архітэктуры, стварыў пабудовы, якія вызначаюцца дасканаласцю інжэнерна-тэхнічных характарыстык, гарманічнай яснасцю, дакладнасцю і строгасцю прапорцый. Распрацаваў грандыёзны (да 42 м у падмурку) купал над саборам Санта-Марыя дэль Ф'ёрэ (1420-1436; Фларэнцыя). Пабудаваў Капэлу Пацы (часоўня для малітваў) і «Выхаваўчы дом» у Фларэнцыі, які лічыцца першай грамадзянскай пабудовай эпохі Адраджэння. @

Брэхт Бертольд (1898-1956), нямецкі драматург, рэжысёр, пісьменнік, тэарэтык мастацтва. Слухаў лекцыі па медыцыне, філасофіі, тэатразнаўстве ў Мюнхенскім універсітэце (1917-1920). Літаратурную дзейнасць пачаў у 1914 антываеннымі вершамі. У 1933-1947 знаходзіўся ў эміграцыі. Стварыў т.зв. «эпічны тэатр», адной з галоўных задач якога з'яўлялася фармаванне ў гледача актыўнай жыццёвай пазіцыі, а асноўным прынцыпам - зварот да розуму і аналітычных здольнасцей (а не эмоцый) кожнага чалавека. Для пастановак Б. ўласцівы адмаўленне ад падкрэсленай псіхалагізацыі, індывідуалізацыі, выкарыстанне класічных сюжэтаў, непасрэдная апеляцыя да публікі, пантаміма, спрошчаны рэквізіт, уключэнне ў спектаклі кінакадраў і г.д. Яго пяру належаць п'есы «Трохграшовая опера», «Матухна Кураж і яе дзеці», а таксама раманы, апавяданні, вершы, песні, мастацтвазнаўчыя працы. @

Буда (літар. «прасветлены», «той, хто спасціг вышэйшую ісціну»), у будыйскай рэлігіі істота, якая дасягнула стану вышэйшага духоўнага развіцця («прасветленасці»). У будыйскім пантэоне налічваецца мноства Будаў. У больш вузкім значэнні Б. - гэта імя, нададзенае індыйскаму прынцу Сідхартхе Гаўтаме. Па паданню, ён паходзіў з царскага роду племені шак'яў у Паўночнай Індыі (адно з яго імёнаў - «Шакьямуні», што значыць «пустэльнік з роду шак'яў»). Ва ўзросце 29 гадоў Б. пакінуў дом бацькі і сваю сям'ю (жонка і сын) і пасля сямігадовых вандраванняў, аскетычных подзвігаў і глыбокіх медытацый стаў прапаведнікам вучэння, якое пазней атрымала назву «будызм». У шматлікіх скульптурных і жывапісных вобразах Б. ўвасоблены ідэал дасканалай духоўнай і фізічнай гармоніі прасветленага чалавека. @

Будны Сымон (каля 1530 - 1593), гуманіст, рэлігійны рэфарматар, асветнік, філосаф, філолаг, гісторык ВКЛ. Вучыўся ў Кракаўскім універсітэце. Быў настаўнікам пратэстанцкай школы ў Вільні, кальвінісцкім прапаведнікам у Клецку. Адзін з заснавальнікаў Нясвіжскай друкарні, дзе выдаў на старабеларускай мове «Катэхізіс», «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» і інш. З 1573 прапаведнік у Лоску (Валожынскі раён). У 1574 у Лоскай друкарні надрукваў свой пераклад Новага Запавету з прадмовай і заўвагамі і свае творы «Пра дзве сутнасці Хрыста», «Супраць хрышчэння дзяцей» і інш. У творы «Пра найважнейшыя палажэнні хрысціянскай веры» абагульніў свае рэлігійна-філасофскія погляды, вывады. Б. - адзін з заснавальнікаў навуковай крытыкі Бібліі. Яго ідэі паўплывалі на развіццё эўрапейскага рацыяналізму 17 ст. Выступаў за роўнасць усіх саслоўяў перад законам, за справядлівасць правасуддзя, абмежаванне феадальнага свавольства. Зрабіў уклад у развіццё старабеларускай мовы, выступаў за пашырэнне асветы сярод простага люду, за выкарыстанне жывой народнай мовы ў рэлігійным пісьменстве і царкоўным набажэнстве. Заклікаў князёў клапаціцца аб развіцці беларускай культуры, адукацыі, роднай мовы. Прытрымліваўся думкі пра вялікае пазнавальнае значэнне і маральна-выхаваўчую ролю мастацтва. Лічыў прыгожым тое, што сапраўднае, аддаваў перавагу прыгажосці зместу перад прыгажосцю формы. Б. высоўваў ідэю маральна-духоўнай свабоды чалавека, лічыў індывідуальны розум найбольш важным інструментам пазнання. @

Будызм, адна з трох (разам з хрысціянствам і ісламам) сусветных рэлігій. Узнік у 6-5 ст. да н.э. ў Індыі. Заснавальнік - Сідхартха Гаўтама (Буда). У аснове будыйскай этыкі ляжыць прынцып т.зв. «сярэдзіннага шляху», які прадугледжвае пазбягаць крайнасцей - як цягі да пачуццёвай асалоды, так і поўнага падаўлення гэтай цягі. У працэсе развіцця Б. у ім паступова склаўся культ Буды і «бадхісатваў», а таксама ўзніклі рэлігійны рытуал і т.зв. «сангхі» (манаскія абшчыны). Аснову Б. складае вучэнне пра «чатыры высакародныя ісціны» - існуюць пакуты; іх крыніца - жаданні; выратаванне ад пакутаў магчымае; ёсць шлях да вызвалення ад пакутаў. Гэты шлях заключаецца ў адмове ад штодзённых спакусаў, у самаўдасканаленні. Канчатковага выратавання можна дасягнуць тады, калі чалавек уваходзіць у стан нірваны. Важную ролю ў Б. займае медытацыя, якая дазваляе веруючым ачысціць свядомасць і дасягнуць супакаення. Будыйскія святыні (асобныя прадметы, фрагменты мошчаў Буды) захоўваюцца ў спецыяльных пабудовах - ступах, пагадах. @

Буйніцкі Ігнат (1861-1917), беларускі тэатральны дзеяч, акцёр, рэжысёр. Стваральнік нацыянальнага прафесійнага тэатра. Скончыў Рыжскую землямерную навучальню, вучыўся ў прыватнай драматычнай студыі ў Вільні. З 1905 наладжваў беларускія вечарынкі. У 1907-1913 кіраўнік і пастаноўшчык большасці спектакляў Першай беларускай трупы. Адзін з ініцятараў арганізацыі Першага таварыства беларускай драмы і камедыі (1917). Б. далучаў да тэатральных пастановак таленавітых выканаўцаў-сялян, арганізоўваў аматарскія гурткі. Шмат гастраляваў па Беларусі і замежжы. Падчас выступленняў, вандраванняў збіраў для тэатральных пастановак запісы беларускіх песень, танцаў, узоры народнага аддзення, арнаменту, размалёўкі і інш. Падтрымліваў свой тэатр уласнымі сродкамі. Першы ў Беларусі звярнуў увагу на прыгажосць і эстэтычныя магчымасці беларусакага народнага танца, падняў яго да ўзроўню высокага мастацтва. Б. ставіў і тэмпераментна, па-майстэрску выконваў многія беларускія народныя танцы. Як акцёр выступаў у разнапланавых ролях (ад камедыйных да драматычных): Аляксей («У зімовы вечар» паводле Э.Ажэшкі), «Ігнась («Модны шляхцюк» К.Каганца) і інш. Выступаў таксама як неардынарны чытальнік прозы і паэзіі, спявак (сола і ў хоры). Яшчэ пры жыцці Б. называлі «бацькам беларускага тэатра». Заклаў асновы сучаснага беларускага тэатральнага мастацтва. Творчую дзейнасць Б. скіроўваў на адраджэнне і развіццё беларускай нацыянальнай культуры, мовы, паглыблене нацыянальнай самасвядомасці народа. З 1992 прысуджаеца прэмія Б. ў галіне тэатральнага мастацтва. @

Бунюэль Луіс (1900-1983), гішпанскі кінарэжысёр, сцэнарыст, міжнародна прызнаны лідэр «аўтарскага» кірунку ў сусветным кінамастацтве; адзін з буйнейшых рэжысёраў у гісторыі сусветнага кіно. Вучыўся ў Мадрыдскім універсітэце. У 1925 г. Б. прыехаў у Парыж і сумесна з С.Далі зняў фільмы «Андалузскі сабака» і «Залаты век», дзе праявіўся вобразны свет сюррэалістычных сноў. У 1930-я г. з-за пераследаванняў фашысцкага рэжыму быў вымушаны пераехаць у ЗША. На працягу пятнаццаці гадоў не зняў ніводнай поўнаметражнай мастацкай стужкі. У 1947 пераехаў у Мексіку, дзе пачаўся новы этап у творчасці Б. У 1950-1970-я г. зняў мноства мастацкіх фільмаў, якія прынеслі яму міжнародную вядомасць і прызнанне гледачоў і кінакрытыкаў ва ўсім свеце - «Забытыя» (1950), «Ён» (1953), «Вірыядыяна» (1961), «Дзённая прыгажуня» (1966), «Млечны шлях» (1969), «Сціплая абаяльнасць буржуазіі» (1972), «Гэты смутны аб'ект жадання» (1977) і інш. Для творчай манеры Б. характэрны псіхалагічная дакладнасць, пастаноўка складаных маральных і філасофскіх праблем, яркая вобразнасць, іншасказальнасць, сімвалічнасць, упэўненасць рэжысёрскага почырку і да т.п. @

Быкаў Васіль (1924-2003), беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Народны пісьменнік Беларусі (1980). Вучыўся ў Віцебскай мастацкай навучальні. Удзельнік Другой сусветнай вайны, быў двойчы паранены. Друкуецца з 1949. Аўтар шматлікіх аповесцяў, апавяданняў, прытчаў. У першай кнізе «Жураўліны крык» (1960), аповесцях «Трэцяя ракета» (1962), «Альпійская балада» (1964), «Мёртвым не баліць» (1965), «Праклятая вышыня» (1968) з вялікай мастацкай выразнасцю паказаў жорсткасць і суровую праўду вайны. Своеасаблівы «партызанскі цыкл» склалі яго аповесці «Круглянскі мост» (1969), «Сотнікаў» (1970), «Абеліск» (1971), «Дажыць да світання» (1973), «Воўчая зграя» (1974) і інш. У творах 1980-1990-х г., адзначаных высокім трагізмам, актыўнай аўтарскай пазіцыяй, вострым эмацыянальна-этычным напалам (аповесці «Знак бяды, 1982; «У тумане», 1987; «Аблава», 1989, «Сцюжа», 1993; раман «Кар'ер», 1986 і інш.) узнімаў праблемы масавых рэпрэсій, раскулачвання. Для лепшых твораў Б. ўласцівы абвостраная чалавечнасць, увага да маральна-этычных канфліктаў, высокі гуманізм, дэмакратызм, шчырасць аўтарскага голасу. Абавязкам мастака Б. лічыў выкрыццё зла, паказ велічы подзвігу чалавека ў неспрыяльных, экстрэмальных абставінах. Працаваў у галіне кінадраматургіі. Аўтар сцэнарыяў, па якіх пастаўлены мастацкія фільмы «Трэцяя ракета» (1963), «Альпійская балада» (1966) і кароткаметражны фільм «Пастка» (1966). Выступаў як публіцыст (зборнік «На крыжах», 1992). Б. быў лаўрэатам Дзяржаўных прэмій СССР і БССР, Ленінскай прэміі; яму было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. У канцы 1980-х г. стаў адным з заснавальнікаў руху за нацыянальна-культурнае адраджэнне і незалежнасць Беларусі. Аўтар мемуараў «Доўгая дарога дадому» (2003). @

Бэкан Фрэнсіс (1561-1626), ангельскі філосаф. Вучыўся ў Кембрыджскім універсітэце. Быў сябрам ангельскага парламента. Меў тытулы барона і віконта, званне рыцара. Займаў пост лорда-канцлера - самы высокі ў сістэме судовай улады. Быў стваральнікам «эмпірызму» і лічыў пачуццёвы вопыт і эксперымент асноўнай крыніцай чалавечых ведаў. Б. строга адмяжоўваў навуку ад рэлігіі і выказваў думку пра тое, што апошняя не павінна займацца навуковымі справамі. Адзіна правільны шлях да дасягнення ісціны бачыў у гарманічным спалучэнні эмпірычнага і тэарэтычнага падыходу, а найбольш аптымальнай метадалогіяй навуковага пазнання лічыў «індукцыю», заснаваную на першапачатковым назапашванні разнастайных фактаў і іх далейшай сістэматызацыі, абагульненні. Выступаў за ачышчэнне чалавечага розуму ад памылковых поглядаў («ідалаў», ці «прывідаў»), якія былі абумоўлены прыродай чалавека, яго выхаваннем, сацыяльнымі ўмовамі, некрытычнымі адносінамі да ўсякіх аўтарытэтаў. Лічыў, што «веды ёсць сіла, а сіла ёсць веды». Сярод яго асноўных прац - «Вопыты, ці настаўленні» (1625), «Новы Арганон»(1620), утопія «Новая Атлантыда» (1627). @

Бярдзяеў Мікалай Аляксандравіч (1874-1948), расейскі філосаф. Вучыўся ў Кіеўскім універсітэце, але не скончыў яго з-за арышту ў 1898. Займаўся самаадукацыяй, вывучаў сусветную філасофію, сацыялогію, гісторыю, псіхалогію. У 1900 апубліваў сваю першую кнігу «Суб'ектывізм і індывідуалізм у грамадскай філасофіі». У 1907 выдаў зборнік артыкулаў пад назвай «Новая рэлігійная свядомасць і грамадскасць». Удзельнічаў у рэдагаванні часопісаў «Новы шлях» і «Пытанні жыцця» (1904-1905), выступаў з дакладамі на пасяджэннях рэлігійна-філасофскага таварыства ў Пецярбургу. У 1911 выйшла яго кніга «Філасофія свабоды». Сцвярджаў, што вытокі культуры сакральныя, паколькі яна нарадзілася з культа і была шчыльна звязана з рэлігійным жыццём. Культура па свайму зместу мае сімвалічны характар, у ёй феномены духоўнай жыццядзейнасці людзей адлюстроўваюцца ў сімвалічнай форме. Лічыў, што менавіта ў сферы культуры ажыццяўляюцца асноўныя мэты грамадства. Паводле Б., культура паступова пераходзіць у цывілізацыю. Культура ёсць з'ява глыбока індывідуальная, непаўторная, а цывілізацыя, наадварот, агульная і паўсюдна паўтаральная. У кожнай культуры, на думку Б., дзейнічаюць два пачаткі - кансерватыўны, накіраваны на мінулае і звязаны з ёй шляхам пераемнасці, і творчы, які звернуты да будучыні і стварае новыя каштоўнасці. Меркаваў, што ў культуры не можа дзейнічаць разбуральны, рэвалюцыйны пачатак, паколькі ён па сваёй сутнасці з'яўляецца антыкультурным, варожым сапраўднай культуры. @

Вагнер Рыхард (1813-1883), нямецкі кампазітар, дырыжор, музычны пісьменнік. Вучыўся ў Лейпцыгскім універсітэце. У 17 гадоў быў публічна выкананы яго першы твор - адна з уверцюр. З 1834 быў капельмайстрам (дырыжорам) у оперных тэатрах Магдэбурга, Кёнігсберга, Рыгі. Шырокую вядомасць В. прынесла яго опера «Лятучы галандзец» (1843). Па яго ініцыятыве і дзякуючы падтрымцы прыхільнікаў і караля ў 1876 у г. Байройт (Баварыя) быў адкрыты спецыяльны тэатр для пастановак твораў В. Лічыцца адным з найвялікшых рэфарматараў опернага мастацтва, стваральнікам музычнай драмы, таленавітым паэтам-драматургам (ён быў лібрэтыстам усіх сваіх опер), заснавальнікам (разам з Г.Берліёзам) сучаснага мастацтва дырыжыравання. Быў таксама таленавітым музычным публіцыстам і тэарэтыкам музычнага тэатра. Оперы В. («Лятучы галандзец», «Трыстан і Ізольда», оперная тэтралогія «Пярсцёнак нібелунгаў» і інш.) уяўляюць сабой грандыёзныя вакальна-сімфанічныя паэмы, якія не маюць аналагаў у гісторыі сусветнага опернага мастацтва. В. лічыў, што неабходна стварыць універсальны мастацкі твор, закліканы маральна ўздзейнічаць на масавую аўдыторыю. Упершыню змог арганічна аб'яднаць тры віды мастацтва - музыку, паэзію і тэатр. Для творчасці В. ўласцівы надзвычайная выразнасць, аркестровае і гарманічнае багацце. Яго вакальна-сімфанічны стыль мыслення, наватарская гармонія і аркестроўка (тэмбравая драматургія) моцна паўплывалі на развіццё эўрапейскай музыкі. @

Вазапіс, майстэрства распісной керамікі, пашыранае ў старажытнай Грэцыі. Галоўнымі цэнтрамі керамічнай вытворчасці былі старажытнагрэчаскія гарады Афіны і Карынф. У канцы 7 - пачатку 6 ст. да н.э. ўзнік самабытны «чорнафігурны стыль». Выявы на вазах рабіліся чорным лакам на чырванаватай гліне. Сюжэты браліся звычайна з грэчаскіх міфаў, а пазней сталі больш выяўляць розныя бытавыя сцэнкі: рынак, пір, спаборніцтвы, карагод, школа. Сапраўднай жамчужынай В. лічыцца амфара афінскага майстра Эксекія «Ахіл і Аякс за гульнёй у шашкі» (каля 540 г. да н.э.). У апошняй трэці 6 ст. да н.э. ўзнік больш складаны «чырвонафігурны стыль», у якім чорным лакам зроблены фон, а фігуры заставаліся ў колеры чырвонай гліны - на чорным фоне лягчэй перадаваць аб'ём і глыбіню прасторы. Сярод найбольш вядомых твораў - ваза Эўтыміда «Зборы воіна» (канец 6 ст. да н.э.). Менавіта тады грэчаскія творцы (ганчары, жывапісцы, скульптары) пачалі ўпершыню падпісваць свае творы. Сярод найбольш вядомых майстроў былі Эксекій, Эўтымід, Андокід, Еўфроній і інш. @

Вайда Анджэй (н. 1926), польскі рэжысёр тэатра і кіно. Вучыўся ў Акадэміі выяўленчых мастацтваў у Кракаве. У 1954 скончыў рэжысёрскае аддзяленне Вышэйшай школы кінематаграфіі і тэатральнага мастацтва ў Лодзі, выкладаў у ёй на рэжысёрскім аддзяленні. Яго першыя поўнаметражныя фільмы «Пакаленне» (1955), «Канал» (1957), «Попел і алмаз» (1958) паклалі пачатак т.зв. «польскай школе кіно» і зрабілі В. яе прызнаным лідэрам. Трагізм гісторыі і асобных чалавечых лёсаў вызначае гучанне фільмаў «Пейзаж пасля бітвы» (1970), «Беразняк» (1971), «Без наркозу» (1978), «Корчак» (1990). Ад гістарычных сюжэтаў перайшоў да прамога выкрывання «камуністычнай сістэмы» («Чалавек з мармуру» 1976; «Чалавек з жалеза», 1981) і рэвалюцыйнай практыкі («Дантон», 1983). Неаднаразова экранізаваў польскую і сусветную літаратурную класіку - «Сібірская лэдзі Макбет» (1961, паводле М.Ляскова), «Попел» (1965, паводле С.Жэромскага), «Зямля запаветная» (1974, паводле В.Рэйманта), «Д'яблы» (1988, паводле Ф.Дастаеўскага), «Пан Тадэвуш» (1999, паводле А.Міцкевіча) і інш. Для рэжысёрскай практыкі В. характэрны сувязь з традыцыямі польскага рамантызму, спалучэнне напружанага драматызму і экспрэсіі з глыбокім лірызмам і глыбокай псіхалагічнай распрацоўкай характараў. Фільмы В. адзначаны ўзнагародамі на многіх міжнародных кінафестывалях, атрымлівалі прэстыжныя прэміі. Шмат працуе ў тэатры і на тэлебачанні. @

Валачобніцтва, старажытны беларускі звычай, які меў месца падчас Вялікадня. Назва В. паходзіць ад старажытнага тэрміна «валачоба», што азначае «баранаванне». В. было прымеркавана да пачатку Вялікадня; паводле хрысціянскага календара - да свята Ўваскрэсення Хрыста. Ствараўся валачобны гурт (яго ўдзельнікі - валачобнікі, валачоннікі, лалоўнікі). У пачатку свята валачобнікі абыходзілі сялянскія двары, спявалі гаспадарам валачобныя песні, велічалі гаспадара, зычылі яму і ўсёй сям'і шчасця, плёну на ніве, прыплоду ў статку. Затым валачобнікі гаварылі імправізаваныя віншаванні. Пасля гэтага гаспадары дзякавалі ім і давалі падарункі - т.зв. «валачобнае» (яйкі, сыр, каўбасы). У мінулым лічылі, што валачобны абрад спрыяе ўраджаю, дабрабыту сям'і, засцерагае ад розных нягод. Аб земляробчым характары В. сведчыць як змест абрадавых песень, так і тое, што валачобнікаў часам называлі «ралёшнікамі» (ад слова «ралля»). Архаічна-міфалагічныя ўяўленні відавочна адлюстраваліся і ў валачобных песнях, якія практычна невядомыя за межамі Беларусі. @

Валенціна Рудольф (1895-1926), амерыканскі кінаакцёр. Нарадзіўся ў Італіі. У 18 гадоў эмігрыраваў у Амерыку. Быў удзельнікам вандроўнай трупы артыстаў, здымаўся ў масавых сцэнах у фільме Д.У.Грыфіта. Першую значную ролю сыграў у фільме «Чатыры коннікі Апакаліпсіса» (1921). Наступныя ролі прынеслі В. шырокую вядомасць і захапленне многіх аматараў кіно (найперш жанчын) - «Шэйх» (1921), «Кроў і пясок» (1922), «Малады раджа» (1922). Зрабіў турнэ па розных гарадах, дзе ён у касцюме гауча кожны вечар танцаваў танга з адной з глядачак (гэта прыносіла яму тры тысячы даляраў у тыдзень). Дзякуючы В. ўзнік новы тып кіназоркі - т.зв. «лацінскага палюбоўніка», які з'яўляўся адначасова рамантычным героем і ракавым спакуснікам. Культ В. набыў характар масавага псіхозу, што праяўлялася ў праследаваннях акцёра фанатычнымі прыхільнікамі, у самазабойствах апошніх і інш. Пра В. напісана нямала кніг, створаны мастацкія і дакументальныя фільмы. @

Вальтэр (1684-1778; сапр. Мары Франсуа Аруэ), французскі філосаф-асветнік, пісьменнік. Выступаў за дэмакратычныя свабоды; ідэал грамадства бачыў у асветнай манархіі і таму вёў перапіску з расейскай імператрыцай Кацярынай II, прускім імператарам Фрыдрыхам II. Выказваўся супраць рэлігійнай нецярпімасці і цемрашальства, крытыкаваў заганы сучаснай цывілізацыі. Быў адным з ідэолагаў Французскай рэвалюцыі канца 18 ст. В. лічыў, што змест гісторыі павінна складаць барацьба розуму з неразумным, асветніцтва з невуцтвам. Сцвярджаў, што ўсе жанры мастацтва «добрыя, акрамя сумных». Сярод асноўных твораў В. аповесці «Кандыд, ці Аптымізм» (1759), «Прастадушны» (1767), трагедыі ў стылі класіцызму «Брут» (1731), «Танкрэд» (1761), публіцыстыка, гістарычныя творы, лірычныя вершы. Як філосаф з'яўляецца аўтарам прац «Філасофскія лісты» (1733), «Філасофскі слоўнік» (1764-1769). У другой палове 19 - пачатку 20 ст. ў розных эўрапейскіх краінах нават існавала адмысловая асветная плынь пад назвай «вальтэр'янства», якое звычайна разглядаецца як сінонім «вальнадумства» і вызначаецца духам свабодалюбства, іроніі і сатыры, пафасам звяржэння аўтарытэтаў. @

Вандалізм, бессэнсоўнае разбурэнне матэрыяльных і культурных каштоўнасцей. Назва паходзіць ад слова «вандалы» (ад лац. Vandali), што азначала назву групы старажытнагерманскіх плямёнаў, якія ў 455 г. захапілі Рым і знішчылі там мноства твораў мастацтва. У пераносным сэнсе «вандал» - разбуральнік культурных каштоўнасцей, варвар, невук. @

Варварства, сярэдняя з трох эпох гістарычнага развіцця чалавецтва (разам з дзікасцю і цывілізацыяй) у адпаведнасці з гісторыка-культурнай перыядызацыяй, якая замацавалася ў грамадазнаўстве ў 19 ст. (Л.Морган, Ф.Энгельс). В. пачынаецца з вынаходніцтва ганчарнай вытворчасці і завяршаецца з узнікненнем пісьменнасці. У сучасны перыяд распрацоўваецца новая перыядызацыя першабытнай гісторыі. У пераносным сэнсе В. - крайняя, часта бессэнсоўная жорсткасць, бескультур'е. @

Вашчанка Гаўрыла (н. 1928), беларускі мастак, жывапісец. Народны мастак Беларусі (1988). Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1977). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1987). Скончыў Львоўскі інстытут прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва (1955). Працуе ў галіне станковага жывапісу, акварэлі, манументальнай размалёўкі і вітражу. Работы вылучаюцца жанравай і тэматычнай разнастайнасцю, роздумам над актуальнымі праблемамі часу і мінуўшчынай роднай зямлі, патрыятызмам: «Маё Палессе», «Дума пра хлеб» (абедзве 1973), «Мацярынскія крылы» (1975), «Нацюрморт з барэльефам Гусоўскага» (1986) і інш. Важным падзеям беларускай гісторыі прысвечаны палотны «Грунвальдская бітва» (1985), трыпціх пра паўстанне К.Каліноўскага «За зямлю, за волю» (1983), «Балада пра мужнасць» (1974) і інш. Стварыў партрэты пісьменнікаў, асветнікаў, дзяржаўна-палітычных дзеячаў Беларусі - Я.Купалы, Я.Коласа, Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, К.Астрожскага, С.Буднага, В.Цяпінскага і інш. Персанальная карцінная галерэя В. з 2002 дзейнічае ў Гомелі. Зрабіў манументальныя размалёўкі «Зямля светлагорская» (1972, Палац культуры хімікаў у Светлагорску), «Асветнікі» (1976, Дом настаўніка ў Менску), вітражы ў касцёле Сымона і Алены (1974, Менск) і інш. @

Вебер Макс (1864-1920), нямецкі філосаф, сацыёлаг, эканаміст, гісторык культуры. Буйнейшы прадстаўнік нямецкай і сусветнай гуманітарна-сацыяльнай думкі 20 ст. Вучыўся ва ўніверсітэтах Гейдэльберга і Берліна. Быў прафесарам эканомікі Фрайбургскага, Гейдэльбергскага і Мюнхенскага ўніверсітэтаў. У 1904 стаў рэдактарам «Архіва сацыяльнай навукі і сацыяльнай палітыкі», з 1909 - рэдактар шматтомных «Нарысаў сацыяльнай эканомікі». Яго раннія працы прысвечаны гісторыі старажытнага Рыма і ўсходняй Германіі. Працаваў у галіне сацыялогіі рэлігіі, права, малых груп, палітычнай улады, філасофіі гісторыі, этыкі, параўнальных гісторыка-культурных даследаванняў. Стварыў канцэпцыю ідэальных тыпаў. Даследаваў «харызматычны» тып палітычнага лідэрства. Сярод галоўных прац - «Пратэстанцкая этыка і дух капіталізму» (1904-1905), «Эканоміка і грамадства» (1922), «Эканамічная этыка сусветных рэлігій» (1916-1917), «Палітыка як прызванне» (1919) і інш. Найбольшае прызнанне ідэі В. атрымалі пасля яго смерці і сістэматычнай публікацыі яго шматлікіх прац. Канцэптуальныя палажэнні В. працяглы час разглядаліся як найбольш сур'ёзная альтэрнатыва марксізму. В. лічыў культуру каштоўнасным паняццем і сцвярджаў, што эмпірычная рэальнасць з'яўляецца для нас культурай таму, што мы заўжды суадносім яе з каштоўнаснымі ідэямі. Ён разважаў пра спецыфічны рацыяналізм, уласцівы заходняй культуры. На яго думку, «ва ўсіх культурах існавалі самыя розныя рацыяналізацыі ў самых розных жыццёвых сферах». @

Веды (на санскрыце «веда»; літар. «веды»), індыйскія свяшчэнныя тэксты; першыя помнікі старажытнаіндыйскай літаратуры канца 2 - пачатку 1-га тыс. да н.э. на старажытна-індыйскай (ведыйскай) мове. У В. ўваходзяць зборнікі (самхіты) свяшчэнных песняў, урачыстых гімнаў і магічных заклінанняў. Выдзяляюцца 4 разнавіднасці В. «Рыгведа» (азначае «веданне гімнаў») складаецца з 10 кніг, якія ўтрымліваюць 1028 гімнаў. Менавіта ў гэтай самхіце падрабязна апісаны пантэон багоў старажытных арыйцаў. Другая частка В. - «Самаведа» (азначае «веданне мелодый») складаецца са шматлікіх песняў на матывы гімнаў «Рыгведы». Таму «Самаведу» часам называюць «нотным сшыткам» Рыгведы. Трэцяя частка В. - «Яджурведа» (азначае «веданне ахвярапрынашэнняў») складаецца з ахвярных формул-заклінанняў і каментароў да іх. Апошняя, чацвёртая частка В. - «Атхарваведа» (азначае «веданне заклінанняў») складаецца з розных магічных заклінанняў, загавораў і да т.п. Прыблізна ў 10-7 ст. да н.э. для больш зразумелага тлумачэння найбольш складаных палажэнняў В. былі створаны т.зв. «Брахманы» - празаічныя тэксты з тлумачэннямі і каментарамі да ўсіх чатырох В. @

Ведызм, рэлігійная сістэма індаарыяў. Сярод яе адметных рыс: шматбожжа (існавала 33 галоўныя багі і сотні іншых); антрапаморфнасць; практычна поўная адсутнасць жаночых божастваў. У В. самым магутным божаствам лічылася тое, да якога ў дадзены момант звярталіся з гімнамі. Такое выдзяленне сярод многіх багоў аднаго, галоўнага ў кожны канкрэтны час называюць «генатэізмам». Да ліку галоўных багоў В. адносяцца Індра, Варуна, Агні, Сома, Сур'я і інш. @

Вердзі Джузепе (1813-1901), італьянскі кампазітар; адзін з найбольш яркіх прадстаўнікоў рэалізму ў музыцы. З дзяцінства праявіў немалыя музычныя здольнасці, і ўжо ў 11 гадоў пачаў выконваць абавязкі арганіста ў сваёй роднай вёсцы. Вучыўся ў хатніх настаўнікаў, браў прыватныя ўрокі ў аднаго з дырыжораў опернага тэатра «Ла Скала». Яго творы спрыялі адраджэнню італьянскай нацыянальнай самасвядомасці, росту нацыянальна-вызваленчых ідэй. В. называлі нават «маэстра італьянскай рэвалюцыі», народ спяваў хоры з яго опер як рэвалюцыйныя песні. В. імкнуўся спрыяць аб'яднанню Італіі, быў нават сенатарам. У канцы жыцця В. заснаваў спецыяльны Дом для пажылых музыкантаў. Сярод 28 яго опер да ліку найбольш вядомых і папулярных адносяцца такія музычныя шэдэўры, як «Рыгалета» (1851), «Травіята» (1853), «Аіда» (1871), «Атэла» (1886), «Фальстаф» (1892) і інш. В. - выдатны майстар адлюстравання ў ансамблевай форме канфлікту характараў і пачуццяў сваіх персанажаў. Для яго опер уласціва глыбокая меладычнасць, выдатная аркестроўка. У творчай спадчыне В. таксама ёсць харавыя творы, рамансы і струнны квартэт, а таксама выдатны Рэквіем. Лічыцца, што ў операх В. геніяльна адлюстраваны ўсе асноўныя пачуцці, эмоцыі і перажыванні чалавека. В. быў таксама аўтарам духоўных п'ес, струннага квартэта, рамансаў. @

Вестэрнізацыя, поўная або частковая пераарыентацыя грамадства на сацыякультурнае развіццё па ўзору развітых краін Захаду. У выніку В. адбываецца засваенне не толькі заходніх тэхналогій, форм сацыяльна-эканамічных і грамадска-палітычных адносін, але і асобных элементаў і праяў заходняй культуры (маральна-этычныя нормы і каштоўнасці, мода, лад жыцця, стэрэатыпы паводзін і мыслення і інш.). Сярод мноства феноменаў, з'яў заходняй цывілізацыі пры В. найчасцей пераймаюцца дэмакратычныя формы кіравання, ліберальная эканамічная мадэль, рэлігійная і нацыянальная талерантнасць, свабода інфармацыі і творчасці і да т.п. Звычайна В. адбываецца добраахвотна і праводзіцца па ініцыятыве кіраўнікоў дзяржаў, органаў улады, прадстаўнікоў правячых эліт (напр., В. расейскага грамадства ў перыяд пятроўскіх рэформ пачатку 18 ст., японскай дзяржавы ў другой палове 19-20 ст., Вялікага Княства Літоўскага ў 16-18 ст. і інш.). У некаторых краінах мае месца актыўнае супраціўленне В. на ўзроўні дзяржаўнай палітыкі і ідэалогіі (напр., у мусульманскіх краінах, былым Савецкім Саюзе і г.д.), або асобных сацыяльных і этнаканфесійных супольнасцей. У сучасны перыяд у многіх постсавецкіх краінах узмацніліся працэсы В., якія нярэдка набываюць характар «амерыканізацыі» грамадства. Да ліку асноўных каналаў В. можна аднесці сродкі масавай інфармацыі (радыё, тэлебачанне, перыядычыны друк, Інтэрнет), міждзяржаўныя і міжіндывідуальныя кантакты, сувязі, распаўсюджванне адпаведных культурных артэфактаў (фільмаў, відэакасет, камп'ютэрных праграм, кніг, моднага адзення і інш.). @

Вечныя вобразы, міфалагічныя і літаратурныя персанажы, якім надзвычайная мастацкая абагульненасць, сімвалічнасць і невычарпальнасць духоўнага зместу надаюць усечалавечае, пазачасовае значэнне. Сярод В.в. - Праметэй, Авель і Каін, Дон Кіхот, Дон Жуан, Мефістофель, Фаўст, Гамлет і інш. Розныя трактоўкі В.в. на працягу стагоддзяў неаднаразова рабіліся ў шматлікіх творах літаратуры, выяўленчага і тэатральнага мастацтва, кінамастацтва. @

Відэаарт (англ. video art), кірунак ў выяўленчым мастацтве апошняй трэці 20 ст., які шырока выкарыстоўвае магчымасці відэатэхнікі. Узнік у 1960-х г. Мэта В. - расшырэнне свядомасці, яе пазбаўленне ад тэхналагічнай рацыянальнасці заходняй культуры шляхам напаўнення ірацыяналізмам, усходняй містыкай. Прадуктамі В. выступаюць не матэрыяльныя прадметы, а візуальныя ці аўдыёвізуальныя вобразы, што ствараюцца з дапамогай тэлевізійнай тэхнікі, лазерных і галаграфічных установак. В. прадугледжвае стварэнне эксперыментальных фільмаў у духу канцэптуальнага мастацтва, якія дэманструюцца ў спецыяльнай выставачнай прасторы. Прадстаўнікі В. выкарыстоўваюць тэлепрыёмнікі, відэакамеры і маніторы ў хэпенінгах. Заснавальнікам гэтага кірунку з'яўляецца амерыканец карэйскага паходжання Нам Юнь Пайк. В. прэтэндуе на змяненне свядомасці, пранікненне ў глыбіні падсвядомасці, і адначасова на трансфармацыю ўсёй культуры сродкамі электронікі. @

Візантыйская культура, сукупнасць культурных здабыткаў народаў Усходняй Рымскай (Візантыйскай) імперыі. Сфармавалася і развівалася на тэрыторыі Грэцыі, Малой Азіі і Паўночнага Эгіпта ў 5 - сярэдзіне 15 ст. на аснове традыцый эліністычнай культуры і хрысціянскай рэлігіі. Назва паходзіць ад горада Візантыя, на месцы якога ў 330 быў заснаваны г. Канстанцінопаль - сталіца Візантыйскай імперыі. Найбольшыя дасягненні В.к. - у галіне архітэктуры, літаратуры, выяўленчым мастацтве, адукацыі, філасофіі. Візантыйская культура была спадкаемцам антычнай культуры; яе архітэктура, жывапіс, філасофія, тэалогія, навука выступалі ў якасці недасягальнага ўзору для народаў як мусульманскага, так і хрысціянскага свету (да 12-13 ст.). У эпоху Візантыйскай імперыі культура перажывала перыяд сапраўднага росквіту (найвышэйшы ўздым у 10-12 ст.). В.к. ўяўляла сабой своеасаблівы, арыгінальны сінтэз грэка-рымскай і ўсходняй культур. Асобныя яе элементы нагадвалі антычную культуру (напр., адміністрацыйная сістэма, ваенная магутнасць, моцная армія, хрысціянская рэлігія, рымскае права, дзяржаўная лацінская, пазней грэчаская мова, асаблівасці архітэктуры, іпадромы і інш.). У эпоху Сярэднявечча візантыйская цывілізацыя займала (разам з кітайскай) вядучае месца ў сусветным цывілізацыйна-культурным працэсе. Гэтаму садзейнічала яе выгаднае геаграфічнае становішча на скрыжаванні гандлёвых і культурных шляхоў паміж Эўропай, Азіяй і Афрыкай. В.к. мела выключна рэлігійны характар. Яна стала першай у свеце ў поўным сэнсе хрысціянскай культурай. Аказала прыкметнае ўздзеянне на культуру многіх эўрапейскіх краін, у т.л. і Ўсходняй Эўропы (Балгарыі, Сербіі, Русі, Полацкага княства і Вялікага Княства Літоўскага). Найбольш выразна яно праяўлялася ў галіне архітэктуры, музыкі, філасофіі, права, адукацыі і выхавання. @

Віко Джамбатыста (1668-1744), італьянскі філосаф; заснавальнік філасофіі, гісторыі і псіхалогіі народаў. Увёў у гісторыю кампаратыўны (параўнальны) метад. Паводле В., гістарычны працэс мае аб'ектыўны і правідэнцыяльны характар, а ўсе нацыі развіваюцца па цыклах, што складаюцца з трох эпох - боскай (адсутнасць дзяржавы, падначаленне жрацам, развіццё міфалогіі); гераічнай (арыстакратычная дзяржава, наяўнасць гераічнага эпасу); чалавечнай (дэмакратычная рэспубліка ці прадстаўнічая манархія). В. лічыў, што пасля завяршэння трэцяй эпохі пачынаецца паступовы распад пэўнага грамадства. Асноўны твор В. - «Асновы новай навукі аб агульнай прыродзе нацый» (1725). @

Віленскае барока, архітэктурна-мастацкая сістэма, якая склалася ў манументальнай культавай архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага ў сярэдзіне 18 ст. У В.б. спалучаліся раманскія і візантыйскія мастацкія ўплывы. Для архітэктурных помнікаў характэрны вытанчанасць прапорцый, скульптурная пластычнасць фасадаў і інтэр'ераў, маляўнічасць сілуэта. Да ліку найлепшых узораў В.б. адносяцца пераважна вуніяцкія храмы - Полацкі Сафійскі сабор (пасля перабудовы ў першай палове 18 ст.), Глыбоцкі касцёл і кляштар кармелітаў, касцёлы ў Вільні, Горадні, Воршы, Слоніме, Спаса-Праабражэнскі сабор у Магілеве і інш. У стылі В.б. будаваліся і афармляліся амбоны, спавядальні, алтары розных касцёлаў і кляштараў Беларусі. @

Віртуальная рэальнасць (ад лац. virtualis - магчымы, патэнцыяльны), уяўны свет, які ствараецца з дапамогай сродкаў камп'ютэрнай тэхнікі і адлюстроўваецца на экране дысплея (манітора) камп'ютэра. У сферы В.р. магчыма свабодна маніпуляваць прасторава-часавымі характарыстыкамі на аснове разнастайных жаданняў і фантазій чалавека, уступаць у кантакты з іншымі людзьмі і штучнымі персанажамі, атрымліваць эмоцыі і пачуцці, набліжаныя да рэальных. Глядач пераўтвараецца ў сааўтара, здольнага самастойна трансфармаваць камп'ютэрныя мастацкія аб'екты, уяўна пераходзіць у любы час і любую прастору. Новую рэальнасць ствараюць віртуальныя артэфакты (фантомныя аб'екты) - камп'ютэрныя двайнікі рэчаіснасці. Стварэнне В.р. актывізавалася з канца 20 ст. і шырока прымяняецца ў сучасным кінематографе, выяўленчым мастацтве, у індустрыі інтэрактыўных забаў, адукацыйных тэхналогій (гульні, трэнажоры, рэкламныя ролікі, кліпы, электронныя падручнікі, даведнікі і інш.). В.р. часам называецца «кіберпрасторай». Некаторыя спецыялісты распрацоўваюць канцэпцыі культуры 21 ст., у якіх традыцыйныя элементы культуры (пісьменнасць, кнігі, карціны і г.д.) будуць усё больш актыўна выцясняцца феноменамі В.р. @

Вісконці Лукіна (1906-1976; сапр. Вісконці дзі Мадронэ), італьянскі рэжысёр. Паходзіў з роду герцагаў В. З дзяцінства захапляўся музыкай і тэатрам. У маладосці прымаў удзел у афармленні спектакляў у міланскім тэатры. У 1930-я г. пачаў займацца кінематографам, спачатку быў асістэнтам рэжысёра Жана Рэнуара на здымках яго фільмаў. У пачатку 1940-х г. апублікаваў некалькі сур'ёзных работ па тэорыі кіно (у т.л. «Антрапамарфічнае кіно», 1943). Першыя фільмы В. былі створаны ў рэчышчы т.зв. неарэалізму - «Апантанасць» (1942), «Зямля дрыжыць» (1948). Прымаў удзел у стварэнні калектыўнага дакументальнага фільма «Дні славы» (1945) пра вызваленне Італіі ў гады другой сусветнай вайны. Многія фільмы В. былі зняты паводле твораў класікаў і сучасных аўтараў. Шмат працаваў у драматычным і музычным тэатрах, ставіў класічныя п'есы і оперы, творы сучасных аўтараў. Галоўныя тэмы фільмаў В. - распад сямейных, грамадскіх адносін, чалавек і яго час, мастак і культура, упадак мастацтва і гібель прыгажосці ў сучасным свеце. Фільмам В. ўласцівы інтэлектуалізм, вытанчаная пластычная культура. @

Вітраж (франц. vitrage ад лац. vitrum - шкло), твор дэкаратыўнага мастацтва, выкананы з каляровага шкла ці іншага матэрыялу, што прапускае сонечнае святло; выяўленчая або арнаментальная кампазіцыя, разлічаная на скразное асвятленне ў якім-небудзь праёме (вакно, дзверы, празрыстая перагародка). Каляровыя В. ствараюць багатае зіхаценне святла і эмацыянальную атмасферу ў інтэр'еры. Мяркуецца, што В. былі вядомы ўжо ў старажытным Эгіпце і старажытным Рыме. У Сярэднявеччы шырока распаўсюдзіліся пры ўзвядзенні храмаў, дзе яны стваралі ўзвышаную, містычна-таямнічую атмасферу. Сюжэты В. разнастайныя (гістарычныя, міфалагічныя, рэлігійныя, бытавыя і інш.). У Беларусі В. знаёмы з 15-16 ст. (у капліцах фарнага касцёлу ў Наваградку, касцёле бернардзінцаў у Горадні). Яны шырока прадстаўлены і ў сучасным беларускім манументальна-дэкаратыўным мастацтве - напр., у інтэр'ерах касцёла Сымона і Алены, Дома літаратара, кінатэатра «Масква», у тэатры юнага гледача, на паштамце (усе ў Менску). Сярод вядомых майстроў В. - Г.Вашчанка, У.Стальмашонак, В.Позняк, Н.Шчасная і інш. @

Вішну, у індыйскай міфалогіі адзін з галоўных багоў; бог-стваральнік свету і яго ахоўнік. В. ўвасабляе творчую касмічную энергію. Мае выгляд або дзіцяці, што сядзіць на лісці лотаса, або прыгожага чатырохрукага юнака, які ляжыць на плывучым па касмічнаму акіяну тысячагаловым драконе. З'яўляецца заступнікам усіх прыгнечаных і пакрыўджаных, змагаром супраць усякага зла і несправядлівасці. В. можа прымаць розныя вобразы (т.зв. «аватары»), сярод якіх найбольш вядомымі з'яўляюцца Рама і Крышна. Яго боскай жонкай з'яўляецца багіня прыгажосці і шчасця Лакшмі, якая паўсюдна суправаджае свайго мужа. Вобраз непараўнальнай светлатварай багіні Лакшмі (увасабленне ідэала прыгажосці, самаадданага кахання і шлюбнай вернасці) - адзін з найбольш папулярных у індыйскай скульптуры і жывапісе. @

Вунт Вільгельм (1832-1920), нямецкі псіхолаг, філосаф, мовазнаўца, фізіёлаг. Вывучаў медыцыну ў розных універсітэтах Германіі. Быў прафесарам Гейдэльбергскага, Цюрыхскага і Лейпцыгскага ўніверсітэтаў. Лічыў, што вывучэнне вышэйшых форм псіхічнага жыцця, псіхалогіі народаў магчыма толькі праз даследаванне іх міфаў, вераванняў, абрадаў, звычаяў, мовы. Псіхалогія разглядалася В. як навука аб духу народа. Вынікі яго шматгадовых даследаванняў у галіне нацыянальнай псіхалогіі, мовазнаўства выкладзены ў фундаментальнай дзесяцітомнай працы «Псіхалогія народаў. Даследаванне законаў развіцця мовы, міфаў і звычаяў» (1900-1920). У даследаваннях народнай псіхалогіі выступаў за шырокае прымяненне гісторыка-параўнальнага метаду. Аўтар прац «Этыка» (1887-1888), «Сістэма філасофіі», «Фантазія як аснова мастацтва» і інш. @

Выгоцкі Леў (1896-1934), расейскі псіхолаг, мастацтвазнаўца; стваральнік культурна-гістарычнай тэорыі развіцця чалавечай псіхікі; заснавальнік культурна-гістарычнай школы ў псіхалогіі. Нарадзіўся ў Гомелі. Скончыў Маскоўскі ўніверсітэт (1917). У 1919-1923 жыў і працаваў у Беларусі. З 1924 у Маскоўскім інстытуце эксперыментальнай псіхалогіі, потым у заснаваным ім Інстытуце дэфекталогіі. У сваёй культурна-гістарычнай тэорыі развіцця псіхікі В. вылучаў два злітыя ў сваім развіцці планы паводзін чалавека - натуральны і культурны. Лічыў, што культура стварае асобыя формы паводзін і «відазмяняе дзейнасць псіхічных функцый чалавека». Сцвярджаў, што «свядомасць адлюстроўвае сябе ў слове, як сонца ў малой кроплі вады», а асэнсаванае слова «ёсць мікракосм чалавечай свядомасці». Структуру свядомасці лічыў дынамічнай сэнсавай сістэмай, што знаходзіцца ў адзінстве афектыўных, валявых і інтэлектуальных працэсаў. Аўтар кніг «Гісторыя развіцця вышэйшых псіхічных функцый» (1930-1931), «Мысленне і мова» (1934) і інш. @

Вытворчасць культурная,

1) працэс стварэння новых ідэй, сімвалаў, каштоўнасцей і іншых культурных артэфактаў. Прадугледжвае, што суб'ектам культурнай дзейнасці выступае не столькі індывід, колькі грамадства ў цэлым. Таму працэсы стварэння і распаўсюджання культурных каштоўнасцей павінны мець інстытуцыянальны характар, рэгулявацца і накіроўвацца дзяржавай. Вынікамі В.к. выступаюць школы і інстытуты, навуковыя інстытуты і лабараторыі, бібліятэкі і музеі і да т.п.

2) Вытворчасць каштоўнасцей масавай культуры, развіццё індустрыі адпачынку, шоў-бізнеса і г.д.

3) У вузкім сэнсе - дзейнасць сродкаў масавай інфармацыі па вытворчасці і распаўсюджванні культурнай інфармацыі. @

Вярнадскі Ўладзімір Іванавіч (1863-1945), расейскі прыродазнавец, мысліцель, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Харкаўскай і Пецярбургскай гімназіях. Скончыў фізіка-матэматычнае аддзяленне Пецярбургскага ўніверсітэта. Стажыраваўся ў Мюнхене і Парыжы. Быў прыват-дацэнтам Маскоўскага ўніверсітэта (1890-1898). У 1912 быў абраны акадэмікам Пецярбургскай акадэміі навук. Распрацаваў вучэнне аб эвалюцыі біясферы ў наасферу, у якой чалавечы розум і дзейнасць навуковай думкі становяцца вызначальным фактарам развіцця, магутнай сілай, параўнальнай па сваім уздзеянні на прыроду з геалагічнымі працэсамі. Развіваў традыцыі «расейскага касмізму», вызначальнай рысай якога было ўяўленне аб непарыўным унутраным адзінстве чалавецтва і Сусвету. Пасля Кастрычніцкага пераварота 1917 выказваў меркаванне пра тое, што сацыялізм непазбежна з'яўляецца ворагам свабоды, культуры, навукі, незалежнасці чалавечага духу. У 1922 разам з сям'ёй пераехаў у Парыж, дзе чытаў лекцыі, працаваў у лабараторыі М.Складоўскай-Кюры. У 1926 вярнуўся ў СССР, выдаў кнігу «Біясфера» (1926). Сярод іншых прац - «Біягеахімічныя нарысы» (1940), «Навуковая думка як планетная з'ява» (упершыню апублікавана з купюрамі ў 1977), «Некалькі слоў аб наасферы» (1944). У поўным аб'ёме працы В. былі апублікаваны толькі ў канцы 20 ст. @

Галубок Уладзіслаў (сапр. Голуб; 1882-1937), беларускі драматург, рэжысёр, акцёр, тэатральны дзеяч. Першы народны артыст Беларусі (1928). Напісаў каля 40 п'ес (пераважна меладрамы, камедыі, вадэвілі, фарсы), прысвечаныя мінуламу і сучаснаму жыццю беларускага народа. П'есы Г. шырока ставіліся ў беларускіх прафесійных і самадзейных тэатральных калектывах. У 1917-1920 працаваў як акцёр, драматург і рэжысёр Першага беларускага таварыства драмы і камедыі. У 1920 арганізаваў у Менску Трупу беларускіх артыстаў, якая пазней ператварылася ў Беларускі трэці дзяржаўны тэатр. Тэатральныя пастаноўкі Г. (пастаўленыя па яго п'есах «Суд», «Апошняе спатканне», «Плытагоны», «Ганка», «Пінская мадонна», «Мужычае шчасце», «Пісаравы імяніны» і інш.) вызначаліся народным каларытам, маляўнічасцю, сацыяльнай і маральна-этычнай завостранасцю, былі насычаны беларускімі песнямі, танцамі. Як акцёр з псіхалагічнай і бытавой дакладнасцю, павышанай эмацыянальнасцю, экспрэсіўнасцю выконваў драматычныя і характарныя ролі. Падрыхтаваў і выхаваў нямала таленавітых беларускіх акцёраў. Вёў актыўную культурна-асветніцкую работу сярод жыхароў Беларусі - выступаў з лекцыямі і дакладамі, публікаваў артыкулы ў перыядычным друку, дапамагаў аматарам, выпускаў баявыя лісткі і насценныя газеты. З канца 1920-х г. Г. абвінавачвалі ў нацыяналізме, а ў 1931 яго адхілілі ад мастацкага кіраўніцтва творчым калектывам. У 1937 рэпрэсаваны, рэабілітаваны ў 1957. @

Гамер, старажытнагрэчаскі паэт, якому прыпісваецца аўтарства сусветна вядомых эпічных паэм «Іліяда» і «Адысея». Магчыма, што спачатку гэты «сляпы вандроўнік» вандраваў па розных элінскіх гарадах і пасяленнях, слухаў і запамінаў там розныя гісторыі, міфічныя паданні, казкі, легенды, а потым на іх аснове ствараў свае творы. Лічыцца, што Г. нярэдка выступаў перад шматлікімі гледачамі на плошчах і рынках грэчаскіх гарадоў, пад акампанемент кіфары нараспеў дэкламуючы свае паэтычныя творы. Яшчэ ў антычную эпоху Г. называлі «бацькам паэзіі», «адзіным паэтам», «царом паэтаў». Яго творы на працягу многіх стагоддзяў лічыліся непераўзыйдзеным узорам для пераймання. @

Гамлет, цэнтральны персанаж аднайменнай трагедыі У.Шэкспіра. З'яўляецца сімвалічнай фігурай чалавека, які пастаянна сумняваецца, часам няздольны праявіць актыўную волю ў дасягненні сваіх мэтаў, схільны хутчэй да разважанняў і сумненняў, чым да рэальных канкрэтных дзеянняў. Ён разумее, што павінен змагацца са злом, з несправядлівасцю, аднак яго воля ў значнай ступені паралізавана, паколькі ім валодае сумненне і застаецца нявырашаным сакраментальнае пытанне: «Быць або не быць?». І ўсё ж такі Г. гатовы да таго, каб змагацца са злом усімі магчымымі сродкамі і нават ахвяраваць сваім уласным жыццём у гэтай няроўнай барацьбе. Нягледзячы на ўсе выпрабаванні і пакуты, Г. працягвае верыць у чалавека і яго розум, спадзяецца на лепшае жыццё (няхай і ў тым свеце). Спецыфіка светаўспрымання і паводзін Г. часта асэнсоўвалася ў шматлікіх тэатральных і кінапастаноўках славутымі майстрамі сусветнага мастацтва. @

Гарбо Грэта (1905-1990; сапр. прозвішча - Густафсон), амерыканская кінаактрыса. Па паходжанні шведка. Упершыню знялася ў роднай Швецыі ў фільме М.Стылера «Сага аб Йесце Берлінге» (1924). У Германіі выканала ролю дачкі беспрацоўнага настаўніка ў карціне «Бязрадасны завулак» (1925). Стала надзвычай яркай «зоркай» Галівуда і кумірам публікі з другой паловы 1920-х г., калі пачала іграць ролі загадкавых, гордых жанчын, якія перажываюць рамантычнае ці трагічнае каханне (фільмы «Паток», 1926; «Пацалунак», 1929; «Каралева Крысціна», 1934; «Дама з камеліямі», 1937). Своеасаблівы «міф Г.» быў створаны дзякуючы яе незвычайнай, заварожваючай прыгажосці, неардынарнаму таленту, нейкай таямнічай аўры яе асобы. У 1954 актрысу ўзнагародзілі ганаровай прэміяй «Оскар» з матывіроўкай «за незабыўныя экранныя выступленні». @

Гармонія (греч. harmonia - сувязь, стройнасць, сувымернасць), эстэтычная катэгорыя, якая абазначае сувымернасць частак, цэльнасць, узаемадзеянне, зліццё розных кампанентаў аб'екта ў адзінае арганічнае цэлае. Адушаўлёная Г., напоўненая чалавечым пачуццём і сэнсам, называецца прыгажосцю. Абумоўлівае ўнутраную і знешнюю стройнасць мастацкага твора, яго эстэтычную дасканаласць. З'яўляецца канечным вынікам як творчага працэсу (хаця тут магчымы элементы дысгармоніі, дысанансу, неадпаведнасці), так і працэсу ўспрымання мастацкага твора. Звычайна мастак імкнецца да Г. як да ўвасаблення паўнаты сваёй мастацкай задумы, і яе дасягненне становіцца праяўленнем яго творчага майстэрства. Свядомае ігнараванне ці разбурэнне Г., адмаўленне маральных норм і інш. эстэтычных катэгорый характэрна для розных кірункаў авангардызму, постмадэрнізму другой паловы 20 ст. У старажытнагрэчаскай філасофіі Г. трактавалася як арганізаванасць космасу, у супрацьвагу хаосу. У гісторыі эстэтыкі Г. разглядалася як істотная характарыстыка прыгожага. @

Гарсія Маркес Габрыэль (н. 1928), калумбійскі пісьменнік. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1982). Вучыўся ў езуіцкім каледжы. Жыў у ЗША, Гішпаніі, на Кубе, у Мексіцы. Працаваў адвакатам, карэспандэнтам перыядычных выданняў у Італіі, Францыі. Аўтар сацыяльна-палітычных аповесці «Палкоўніку ніхто не піша» (1958) і рамана «Нядобры час» (1962), антытыранічнага гратэскнага рамана «Восень патрыярха» (1975), раманаў «Хроніка абвешчанай смерці» (1981), «Каханне падчас чумы» (1985), шматлікіх апавяданняў. У рамане-эпапеі «Сто гадоў адзіноты» (1967), выкарыстоўваючы фальклорна-міфалагічныя матывы і парадзіруючы розныя мастацкія традыцыі, стварыў фантасмагарычны свет, гісторыя якога адлюстроўвае рэальныя гісторыка-культурныя рысы Калумбіі і ўсёй Лацінскай Амерыкі і адначасова з'яўляецца метафарай развіцця чалавецтва ў цэлым. Многія творы Г. напісаны ў стылі «магічнага рэалізму», для якога ўласцівы спалучэнне дакладнай дэталізацыі з эксцэнтрычнымі характарамі і звышнатуральнымі падзеямі. @

Гарэцкі Максім (1893-1938), беларускі пісьменнік, літаратуразнавец, лексікограф, грамадска-культурны дзеяч. Адзін з заснавальнікаў і класікаў беларускай нацыянальнай літаратуры. Першыя празаічныя творы апублікаваў у газеце «Наша Ніва» (1913). Працаваў у беларускіх культурна-асветніцкіх арганізацыях, выкладчыкам Віленскай беларускай гімназіі, рэдактарам газет «Наша думка» і «Беларускія ведамасці» (1920-1921). У 1922 быў арыштаваны польскімі ўладамі і пасаджаны ў турму. Правадзейны сябра Інстытута беларускай культуры. Акадэмік Беларускай Акадэміі навук (1928-1930). У 1930 арыштаваны па справе неіснуючай арганізацыі «Саюз вызвалення Беларусі». У 1938 расстраляны, рэабілітаваны ў 1957. Адзін з пачынальнікаў беларускай інтэлектуальна-філасофскай прозы (аповесць «Дзве душы»). Напісаў раманы-хронікі «На імперыялістычнай вайне» і «Камароўская хроніка», мноства апавяданняў. Для творчай манеры Г. ўласцівы каларытнасць рэалістычна-бытавога пісьма, увага да псіхалагічных перажыванняў герояў, дакладнасць мастацкіх дэталей. Аўтар манаграфічнага даследавання па гісторыі нацыянальнага прыгожага пісьменства «Гісторыя беларускай літаратуры» (1920). Заклікаў творчую інтэлігенцыю смялей і актыўней змагацца за беларускую справу - мову, культуру, будучыню сваёй Бацькаўшчыны. Лічыў, што сапраўдныя прыхільнікі нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі заўсёды павінны дбаць пра адзінства слова і справы, каб «слова радзіло дзела, а дзела паддавала духу слову». Звяртаўся да ўсіх свядомых беларусаў з заклікам здабываць сабе і свайму народу волю, адзначаючы пры гэтым, што найперш трэба быць вольнымі ў саміх сабе. Выдаў фальклорны зборнік «Народныя песні з мелодыямі» (1928; разам з А.Ягоравым), куды ўвайшло больш за 150 песень, запісаных Г. ад сваёй маці. Складальнік «Хрэстаматыі беларускай літаратуры: ХІ век-1905» (Вільня, 1922), слоўнікаў. @

Гаўдзі Антоніа (1852-1926; поўнае - Гаўдзі-і-Карнет), гішпанскі архітэктар. Нарадзіўся і працаваў у Барселоне. Адзін з найбольш самабытных архітэктараў канца 19-20 ст. У творчасці спалучаў рысы неаготыкі, мадэрна і сюррэалізма. У сваіх незвычайных пабудовах ён імкнуўся дабіцца ўражання небывалай фантастычнасці і вычварнасці. Яскравым сведчаннем такога падыходу можа служыць манументальная Царква Саграда Фамілія (літар. «Святога сямейства»; 1884-1926), узведзеная ў родным горадзе архітэктара. @

Гегель Георг Вільгельм Фрыдрых (1770-1831), нямецкі філосаф; стваральнік сістэматычнай тэорыі дыялектыкі. Вучыўся ў Цюбінгенскім універсітэце. Працаваў хатнім настаўнікам. Выкладаў у Йенскім і Берлінскім універсітэтах, быў рэктарам гімназіі ў Нюрнбергу. Лічыў, што толькі філасофія дае нам сапраўднае і поўнае веданне. Філасофія Г. пабудавана на рацыяналізме ў яго абстрактна-тэарэтычным выглядзе. Цэнтральным паняццем тэорыі дыялектыкі Г. з'яўляецца развіццё, якое тлумачыцца як характарыстыка дзейнасці абсалюта («сусветнага духу»). Унутранай крыніцай развіцця выступаюць супрацьлегласці. Мастацтва, рэлігію, філасофію як вышэйшыя дасягненні розуму адносіў да сферы «абсалютнага духу». Паводле Г., гісторыя (як і ўся рэчаіснасць) з'яўляецца царствам розуму, а канчатковая мэта гістарычнай эвалюцыі заключаецца ў дасягненні сапраўднай свабоды. Асноўныя працы Г. - «Фенаменалогія духа» (1807), «Навука логікі» (ч. 1-2; 1815-1817), «Энцыклапедыя філасофскіх навук» (1817). @

Геданізм (ад грэч. hedone - асалода, вяселле, задавальненне), этычнае вучэнне, у адпаведнасці з якім вышэйшай мэтай жыцця і асноўным матывам паводзін чалавека з'яўляецца асалода, задавальненне. Ідэі Г. былі ўпершыню сфармуляваны ў старажытнагрэчаскай філасофіі (4 ст. да н.э.), прадстаўнікі якой дабро вызначалі як тое, што прыносіць асалоду, а зло - адпаведна як тое, што выклікае пакуты. Геданісцкія матывы атрымалі пашырэнне ў эпоху Адраджэння, у этычных тэорыях філосафаў-асветнікаў. У рэальным жыцці Г. можа існаваць у форме эстэцтвуючага арыстакратызму і пагоні за пачуццёвай асалодай. Праявы геданісцкіх адносін да жыцця заўважаюцца ў прадстаўнікоў розных моладзевых субкультур (бітнікі, хіпі і інш.). @

Генезіс (ад грэч. genesis - паходжанне), паходжанне, узнікненне. У шырокім сэнсе - момант зараджэння і наступны працэс развіцця, які прыводзіць да пэўнага стану, віду, з'явы. Г. культуры ўяўляецца складаным працэсам, які адбываўся ў старажытнасці. Тэрмін Г. уваходзіць у склад складаных слоў (напр., культурагенез, антрапагенез, сацыягенез і да т.п.), якія азначаюць узнікненне, утварэнне чаго-небудзь. @

Геній (ад лац. genius - геній, дух, ахоўнік),

1) чалавек з найвышэйшай ступенню творчай адоранасці, даравітасці. З'яўленне і развіццё Г. абумоўлена ўздеяннем шэрагу фактараў, сярод якіх спадчыннасць, прыродныя здольнасці, сямейнае і грамадскае выхаванне, уласнае імкненне да самаўдасканалення і самарэалізацыі і да т.п. Творчая дзейнасць Г. практычна заўсёды вызначаецца ўніверсальна-цэласным характарам, выключнай самабытнасцю, глыбокім наватарствам, паспяховым вырашэннем самых складаных праблем, пераадоленнем састарэлых грамадскіх ідэалаў, догмаў і стэрэатыпаў, вялікай творчай прадукцыйнасцю, наяўнасцю добра развітай інтуіцыі, фантазіі і прадбачання. Звычайна ў творах Г. ў надзвычай арыгінальнай форме адлюстроўваюцца спрадвечныя ідэйна-эстэтычныя каштоўнасці, маральна-духоўныя арыентацыі чалавека, народа і нават усяго чалавецтва. Агульнапрызнана, што найвялікшымі геніямі чалавецтва з'яўляюцца музыканты В.Моцарт, І.Бах, Л.Бетховен, мастакі Рафаэль, Мікеланджэла, П.Пікасо, паэты Гамер, Дантэ, І.Гётэ, празаікі А.Бальзак, Ч.Дзікенс, Л.Талстой, драматургі У.Шэкспір, Мальер, Б.Шоў, філосафы Арыстоцель, Б.Спіноза, Г.Гегель, вучоныя І.Ньютан, Ч.Дарвін, А.Эйнштэйн, палітычныя і ваенныя дзеячы Цэзар, Напалеон, У.Чэрчыль. Да нацыянальных геніяў Беларусі можна з поўным правам аднесці беларускага першадрукара і асветніка Ф.Скарыну, класікаў беларускай літаратуры, заснавальнікаў новай беларускай літаратурнай мовы Я.Коласа, Я.Купалу, М.Багдановіча, аднаго з першых беларускіх нацыянальных паэтаў, «бацьку беларускага адраджэння» Ф.Багушэвіча.

2) У старажытна-рымскай міфалогіі Г. - прабацька роду, потым бог мужчынскай сілы, а таксама добры дух, звышнатуральная істота, якая ахоўвае чалавека на працягу ўсяго яго жыцця. Паводле старажытнарымскіх павер'яў, дзень нараджэння чалавека лічыўся святам яго Г., якому прыносіліся разнастайныя ахвяры. У Рымскай імперыі Г. (духаў-ахоўнікаў) мелі не толькі людзі, але і гарады, асобныя мясцовасці, некаторыя карпарацыі, воінскія часці, сем'і, абшчыны. @

Геніяльнасць, найвышэйшая ступень творчай адоранасці і развіцця здольнасцей чалавека. Паняцце «Г.» выкарыстоўваецца як для вызначэння надзвычайных творчых здольнасцей чалавека, так і для ацэнкі вынікаў яго дзейнасці. Г. можа праяўляцца ў розных сферах жыццядзейнасці людзей: у навуцы, мастацтве, рэлігіі, палітыцы, ваеннай справе, педагогіцы, медыцыне і інш. Аб наяўнасці Г. можна казаць толькі ў тым выпадку, калі чалавек з'яўляецца аўтарам вялікіх адкрыццяў, родапачынальнікам новых тэорый, канцэпцый і навуковых школ, заснавальнікам арыгінальных мастацкіх стыляў, жанраў, стваральнікам непераўзыдзеных твораў мастацтва, ініцыятарам і правадніком перспектыўных навацый у палітычнай, эканамічнай, рэлігійнай і ваеннай сферах (гл. Геній). @

Гердэр Іаган Готфрыд (1744-1803), нямецкі філосаф, асветнік, педагог. Вучыўся на тэалагічным факультэце Кёнігсбергскага ўніверсітэта. Працаваў настаўнікам у царкоўнай школе, быў пастарам, прыдворным прапаведнікам. Культуралагічныя погляды Г. адлюстраваны ў яго фундаментальнай працы «Ідэі да філасофіі гісторыі чалавецтва» (1784-1791), дзе дадзена шырокая панарама гістарычнага развіцця нацыянальных культур, моў, міфалогій, разгледжаны асаблівасці характару, светаўспрымання розных народаў свету. Сцвярджаў, што паміж агульначалавечымі дасягненнямі культуры і народнай культурай няма ніякіх супрацьлегласцей, што ўсе культуры ўяўляюць сабой адзінства, якое вядзе да стварэння чалавечай цывілізацыі. Важнейшымі часткамі культуры Г. лічыў мову, навуку, рамёствы, мастацтва, сям'ю, дзяржаву, рэлігію, прычым іх узаемасувязі, узаемаўплывы разглядаў як крыніцу культурнага развіцця. Стаяў на пазіцыях пераемнасці і ўсеагульнасці сацыяльна-культурнага працэсу, пазнання ўласнай культуры праз спасціжэнне іншых культур. Як педагог неабходным элементам выхавання лічыў павагу да гісторыі і культуры свайго і іншых народаў свету. Лічыцца стваральнікам славістыкі - навукі аб славянскіх мовах. @

Гермес, у старажытнагрэчаскай міфалогіі веснік багоў, ахоўнік падарожнікаў, купцоў, рамеснікаў і злодзеяў; заступнік гандлю; праваднік душ памерлых людзей. Меў крылатыя сандалі, што дазваляла яму хутка пераносіцца з аднаго месца ў другое. Па легендзе, Г. вынайшаў ліру, азбуку, стварыў матэматыку, астраномію, бокс. @

Герменеўтыка (ад грэч. hermeneutike - вытлумачэнне), майстэрства тлумачэння і перакладу; спосабы і прынцыпы вытлумачэння складаных шматзначных тэкстаў (пераважна старажытных, напр., Бібліі, твораў антычнасці). У эпоху Адраджэння Г. выступала як мастацтва перакладу антычных тэкстаў на мову сучаснай, жывой культуры. У філасофскіх плынях канца 19-20 ст. Г. трактуецца ў якасці спецыфічнага вучэння аб разуменні (цэласным душэўна-духоўным перажыванні) як метадалагічнай аснове ўсіх гуманітарных навук. Значны ўклад у распрацоўку філасофскай Г. ўнеслі Э.Гусерль, В.Дзільтэй, М.Хайдэгер, Х.Гадамер і інш. @

Гесэ Герман (1877-1962), нямецка-швейцарскі пісьменнік. Спачатку Г. пісаў і друкаваў рамантычныя вершы, апавяданні. З 1912 г. жыў у Швейцарыі; у 1923 атрымаў швейцарскае грамадзянства. Сярод найбольш вядомых твораў - «Дэміян» (1919), «Сідхарта» (1922), «Стэпавы воўк» (1927), «Нарцыс і Гальмгольд» (1930) і інш. У рамане-утопіі «Гульня ў бісер» (1943) - інтэлектуальнае выкрыццё бясплоднасці сыходу мастака ад жыцця ў свет эстэтычных каштоўнасцей. Яго творы атрымалі шырокую папулярнасць у заходніх краінах, што было ў значнай ступені абумоўлена не толькі высокімі мастацкімі якасцямі, але і наяўнасцю ў раманах, навелах матываў усходняй філасофіі і рэлігіі, папулярных ідэй З.Фрэйда, К.Г.Юнга, Ф.Ніцшэ. Для творчай манеры Г. ўласцівы інтэлектуалізм, пастаноўка фундаментальных філасофскіх праблем, сімвалічнасць, дакладнасць псіхалагічных характарыстык. Г. крытыкаваў сучасную буржуазную культуру, выступаў за актуалізацыю класічнай культурнай спадчыны. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1946). @

Гётэ Іаган (1749-1832), нямецкі пісьменнік, мысліцель, прыродазнавец. Адзін з заснавальнікаў нямецкай літаратуры Новага часу. Займаўся таксама філасофіяй, прыродазнаўчымі навукамі (даследаваў прыроду святла і колеру, мінералы). Вучыўся ў Лейпцыгскім універсітэце. Служыў пры веймарскім двары, быў дзяржаўным міністрам. Замежны ганаровы сябра Пецярбургскай Акадэміі навук (1826). Культ антычнасці і пантэістычнае задавальненне паўнатой жыцця адлюстраваліся ў вершаваных цыклах «Рымскія элегіі» (1790), «Заходне-ўсходні дыван» (1814-1919). Аўтар рамана «Пакуты юнага Вертэра» (1774). У выніковым філасофскім творы - трагедыі «Фаўст» (1808-1832) увасоблены пошукі чалавекам сэнсу жыцця, яго вечнае імкненне спасцігнуць таямніцы Сусвету. Напісаў аўтабіяграфічную кнігу «Паэзія і праўда» (1811-1813). Лічыў, што сапраўдная паэзія павінна адлюстроўваць уласны жыццёвы вопыт паэта, а не арыентавацца на старадаўнія ўзоры. Галоўнымі ідэаламі Г. ў мастацтве былі стрыманасць і самакантроль, ураўнаважанасць, гармонія і класічная дасканаласць формы. Разглядаў усю прыроду і ўсё жывое як адзінае цэлае. У 1780-я г. Ф.Шылер і Г. адкрылі новы этап у нямецкай літаратуры - т.зв. «веймарскі класіцызм», асноўнымі рысамі якога былі разрыў з рэчаіснасцю, праслаўленне «чыстага мастацтва» і прыхільнасць да антычнай літаратуры і культуры. На тэмы твораў Г. пісалі музыку Л.Бетховен, Ш.Гуно і інш. @

Гіперрэалізм (ат грэч. hyper - над, звыш, па той бок + позналац. realis - рэчавы), фотарэалізм, кірунак у амерыканскім і заходнеэўрапейскім мастацтве канца 1960-1980-х г., прыхільнікі якога імкнуліся аднавіць страчаную ў авангардысцкім мастацтве жыццёвасць мастацкай мовы за кошт імітацыі вобразаў фатаграфіі ці муляжнага ўзнаўлення асобных фрагментаў рэчаіснасці. Сфармаваўся ў значнай ступені на аснове поп-арта. Асноўныя прадстаўнікі - Ч.Клоўз, Д.Эдзі, Ю.Валер і інш. Тыповыя сюжэты гіперрэалістаў - віды магазінаў, рэстаранаў, бензазаправачных станцый, стандартных жылых дамоў і да т.п. @

Гіперрэальнасць, канцэпцыя свету, паводле якой з-за павелічэння ўплыву сродкаў масавай інфармацыі (СМІ) на жыццядзейнасць грамадства стала амаль немагчымым правесці розніцу паміж рэальнасцю і выдумкай. Тэрмін Г. увёў французскі філосаф Ж.Бадрыяр для абазначэння віртуальнай (ці нерэальнай, гіперрэальнай) прыроды сучаснай культуры ў перыяд дамінавання масавых сродкаў зносін і масавага спажывання. У другой палове 20 ст. разнастайныя сімвалы, архетыпы, вобразы, навязаныя СМІ, настолькі ўкараніліся ў сучасную культуру (асабліва ў ЗША), што яна набыла гіперрэальныя рысы. @

Гіпотэза культуралагічная (грэч. hipothesis - аснова, меркаванне), навуковае меркаванне аб прычыннай сувязі з'яў, якое патрабуе далейшай праверкі для таго, каб стаць верагоднай культуралагічнай тэорыяй. Напр., Г.к. аб інстынктыўных асновах чалавечай культуры. Паводле гэтай гіпотэзы, натуральныя вытокі чалавечай культуры бачацца ў спецыфіцы інстынктыўных паводзін розных жывёл (іх «вясельныя скокі», будаўніцтва жылля, клопат пра нашчадкаў, узаемная перадача гукавых і візуальных сігналаў, калектыўны «побыт» калоній мурашак і пчол і да т.п.). @

Глабалізацыя, тэрмін для абазначэння паскоранага працэсу інтэграцыі нацый у сусветную сістэму ў сувязі з развіццём сучасных транспартных сродкаў і эканамічных сувязей, а таксама ўзмацненнем ўздзеяння сродкаў масавай інфармацыі. Г. культуры трактуецца як распаўсюджанне аднолькавых культурных узораў, каштоўнасцей па ўсім свеце ў выніку ўзмацнення кантактаў паміж народамі, сацыяльнымі групамі, асобнымі індывідамі. Г. мае як станоўчыя (узаемаўзбагачэнне культур, шырокае азнаямленне з культурнымі здабыткамі), так і адмоўныя (страта культурнай самабытнасці ў выніку акультурацыі і асіміляцыі). @

Глебаў Яўген (н. 1929), кампазітар і педагог. Народны артыст Беларусі (1973), народны артыст СССР (1984). Дзяржаўная прэмія Беларусі (1970). Скончыў Беларускую кансерваторыю (1956). Выкладаў у Менскай музычнай навучальні, з 1971 у Беларускай акадэміі музыкі. Значна ўзбагаціў жанры балета і сімфоніі. Музыцы Г. ўласцівы вялікая сіла эмацыянальнага ўздзеяння, дасканаласць музычнай формы, інтанацыйнае багацце тэматызму, заснаванага на беларускай народнай песеннасці. Самабытна пераўтвараў у творчасці беларускі народна-песенны матэрыял, імкнуўся да ўвасаблення агульначалавечых праблем сучаснасці, гістарычнага мінулага. Надаваў значную ўвагу тэмбравай драматургіі, своеасаблівым, нетрадыцыйным гукавым спалучэнням. Літаратурнай першакрыніцай яго найлепшых балетаў паслужылі вядомыя творы беларускай і сусветнай літаратуры (Я.Купалы, В.Быкава, А. дэ Сент-Экзюперы, Ш. дэ Кастэра і інш.). Аўтар сімфоній, канцэртаў, араторый, кантат, твораў для эстраднага аркестра і інш. Сярод твораў - балеты «Мара» (паст. 1961), «Альпійская балада» (1967), «Тыль Уленшпігель» (1-я рэд., 1974; 2-я рэд., 1977), «Маленькі прынц» (1982), «Курган» (1982), оперы «Майстар і Маргарыта» (1991), аперэта «Мільянерка» (1986), «Харэаграфічныя навелы», «Альпійская сімфонія-балада» і інш. @

Гойя Франсіска (1746-1828), гішпанскі жывапісец, гравёр, малявальшчык. У 1780 быў абраны ў мадрыдскую Акадэмію мастацтваў, у 1786 прызначаны прыдворным жывапісцам, з 1799 «першы жывапісец караля». З 1824 жыў і працаваў у Францыі. Яго творчасць вызначалася смелым наватарствам, страснай эмацыянальнасцю, фантазіяй, спалучэннем гратэску і рэальнасці, алегорыі і фантастыкі, вострай сацыяльнай сатырай і цвярозым аналізам рэчаіснасці, сімвалізмам, адчуваннем трагізму чалавечага жыцця: партрэты «Сям'я караля Карла IV» (1800), графіка - серыі афортаў «Капрычос» (1797-1798), «Бедствы вайны» (1810-1820), карціны «Маха апранутая» і «Маха аголеная» (абедзве каля 1802), «Паўстанне 2 траўня 1808 года ў Мадрыдзе» (каля 1814), роспісы «Дома глухога» (загараднага дома, дзе ён жыў некалькі гадоў) і інш. Аднак і ў самых змрочных уяўленнях жорсткая цемра не можа падавіць уласцівае мастаку адчуванне вечнага руху, пастаяннага абнаўлення жыцця, што стала лейтматывам у карціне «Пахаванне сардзінкі» (каля 1814) і ў серыі афортаў «Таўрамахія» (1815). Уплыў творчасці Г. на жывапіс і графіку меў агульнаэўрапейскі характар і адчуваецца да сучаснасці. @

Готыка (гатычны стыль), мастацкі стыль, распаўсюджаны ў эўрапейскіх краінах у 12-13 ст. Назва паходзіць ад імя германскага племені «готаў». Гэтаму стылю ўласцівы: панаванне ў архітэктуры стральчатых формаў, вертыкальных ліній; лёгкія калоны; высокія востраканечныя вежы; ажурная каменная разьба, скульптура, шматлікія каляровыя вітражы; багаты дэкор. Гатычныя саборы з іх вышынёй, накіраванасцю ўверх, у неба сімвалічна адлюстроўвалі імкненне чалавека да Бога, з'яўляліся своеасаблівым адлюстраваннем усяго Сусвету, вобразам гарманічнага Божага свету. Найбольш знакамітымі ўзорамі гатычнага стылю з'яўляюцца Сабор Парыжскай Божай Маці, а таксама саборы ў Рэймсе, Шартры, Сен-Дэні, Ам'ене. Гатычная скульптура ўпрыгожвала саборы (найперш на парталах, а таксама ў інтэр'еры). Цэнтрам інтэр'ернага мастацтва было скульптурнае распяцце. Вобразамі гатычных скульптурных кампазіцый былі Ісус Хрыстос, Багародзіца, каталіцкія святыя, каралі. Многія скульптурныя творы вызначаліся надзвычайнай эмацыянальнасцю, драматычнасцю, выразнасцю. У дэкаратыўным афармленні гатычных храмаў шырока выкарыстоўваліся шматкаляровыя вітражы і мазаікі. У Г. мелі месца выцясненне рацыянальнага падыходу свабодным палётам творчай думкі, пераход ад выяў фантастычных істот да раслінных сюжэтаў (пераважна кветак і лісця).

У Беларусі Г. прадстаўлена пераважна помнікамі архітэктуры. У 15-16 ст. на беларускіх землях сфармаваўся своеасаблівы стыль, для якога характэрны спалучэнне элементаў, рыс уласна Г. і рэнесансу, традыцый візантыйскага стылю і старажытнарускага манументальнага дойлідства. Такі сінтэз надаў мясцовым архітэктурным помнікам непаўторны каларыт і мастацкую каштоўнасць (напр., Сынковіцкая царква-крэпасць). Аб'ёмы пабудоў тут вырашаны скульптурна, вызначаюцца мяккай прарысоўкай ліній, архітэктурны дэкор адыгрывае другарадную ролю (Ішкалдскі Троіцкі касцёл). Асноўнымі дэкаратыўнымі элементамі былі абрамленні парталаў і ваконных праёмаў, разнастайныя па малюнку нішы (Наваградская Барысаглебская царква). Архітэктурныя формы, канструкцыі і будаўнічая тэхніка стылю Г. ўласцівы для замкавага дойлідства 16-17 ст. (Стары замак у Горадні, Наваградскі замак, Мірскі замак). У драўляным дойлідстве асобныя элементы Г. захоўваліся да 18 ст. @

Гратэск (франц. grotesque - мудрагелісты, вычварны, смешны, ад лац. grotta - грот),

1) арнамент, у якім вычварна, фантастычна спалучаюцца дэкаратыўныя і выяўленчыя матывы (расліны, жывёлы, чалавечыя формы, маскі);

2) від мастацкай вобразнасці, які камічна ці трагікамічна абагульняе і завастрае жыццёвыя адносіны дзякуючы вычварнаму і кантрастнаму спалучэнню рэальнага і фантастычнага, праўдападобнага і карыкатурнага, гіпербалы і алегорыі. Тэрмін «Г.» уведзены ва ўжытак у 15-16 ст. для абазначэння мудрагелістых вобразаў жывёл і раслін, што захаваліся на сценах антычных пабудоў (гротаў, адсюль і назва). Г. з'яўляецца неад'емным элементам т.зв. «смехавой культуры», што адлюстроўвалася ў выявах людзей ці асобных прадметаў у фантастычна-гіпербалізаваным, пачварна-камічным выглядзе ў творах літаратуры, выяўленчага і тэатральнага мастацтва. Як сродак стварэння мастацкага вобраза Г. характэрны для сатыры, памфлета, карыкатуры, шаржа, клаўнады і інш. У літаратуры з антычных часоў і да сучаснасці Г. быў уласцівы мастацкаму мысленню (творы Арыстафана, Лукіяна, Ф.Рабле, Э.Т.А.Гофмана, М.Гогаля, М.Твэна, Ф.Кафкі і інш.). У мастацтве Г. вядомы з эпохі Сярэднявечча (фігуры хімер на гатычных саборах, фантастычныя мініяцюры на палях рукапісаў). Вяршыні мастацкай выразнасці Г. дасягнуў у эпоху Рэнесансу (Х.Босх, П.Брэйгель і інш.). Характэрны для сюррэалізму, экспрэсіянізму і г.д.

Багатая гратэскавая вобразнасць уласціва беларускаму фальклору (у т.л. казачнаму эпасу). У беларускай літаратуры элементы Г. выявіліся ў эпоху барока ў асобных творах палемічнай літаратуры, парадыйна-сатырычнай прозы, у інтэрмедыях. Прыёмы Г. ўласцівы многім узорам беларускай драматургіі (п'есы «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Паўлінка» Я.Купалы, «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка і інш.). У беларускім выяўленчым мастацтве 19-20 ст. Г. нярэдка сустракаецца ў творах сатырычнай, востра-сацыяльнай накіраванасці (працы А.Бартэльса, С.Богуш-Сестранцэвіча, Я.Драздовіча, А.Волкава, В.Славука, А.Карповіча, Л.Чурко і інш.). @

Графіка (ад грэч. grapho - пішу, малюю), від выяўленчага мастацтва, заснаваны на насяненні малюнка на пэўную плоскасць. Творы Г. звычайна выконваюцца на паперы; у параўнанні з жывапіснымі работамі яны найчасцей маюць меншы, невялікі фармат. Асноўныя сродкі выразнасці - контурная лінія, штрых, пляма, белы, чорны ці каляровы фон аркуша. Г. падзяляецца на станковую (малюнак, які не мае прыкладнога значэння, лубок, эстамп), кніжную і газетна-часопісную (ілюстрацыя і інш.), прыкладную (экслібрыс і інш.), плакат. Сярод розных жанраў Г. найбольш распаўсюджаны пейзаж і партрэт. Для Г. ўласцівы лаканічнае, завостранае выяўленне пачуццяў і думак аўтара, здольнасць хутка адгукацца на важныя падзеі грамадскага жыцця, магчымасць развіваць абраную тэму, сюжэт у цыклах, серыях выяў. Найбольш старажытны і традыцыйны від графічнага мастацтва - малюнак, вытокі якога ў выявах эпохі палеаліту і ў антычным вазапісе. Гравюра як асобны від мастацтва графікі вядомая з 6-7 ст. у Кітаі, з 14-15 ст. у Эўропе. Станковая Г. пачала распаўсюджвацца з эпохі Адраджэння (творы Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, А.Дзюрэра і інш.). У 17-19 ст. у розных відах Г. працавалі Рэмбрант, К.Хакусай, У.Хогарт, Ф.Гойя, Э.Дэлакруа, Д.Энгр, А.Кіпрэнскі, у 20 ст. - П.Пікасо, А.Маціс, Ж.Грос, К.Кольвіц, А.Астравумава-Лебедзева, У.Фаворскі і інш.

У Беларусі Г. вядома з 11-12 ст., калі яе творамі аздабляліся рэлігійныя рукапісныя кнігі (Аршанскае евангелле, Полацкае евангелле, Тураўскае евангелле і інш.). У сувязі з пачаткам і пашырэннем кнігавыдавецкай справы (дзейнасць Ф.Скарыны і яго паслядоўнікаў) узнікла друкаваная Г. У 17-18 ст. пашырыўся дыяпазон Г. ў кніжным мастацтве Беларусі. З 19 ст. Г. пачала выкарыстоўвацца ў газетна-часопісных выданнях. У першай трэці 20 ст. хутка і плённа развіваліся выдавецкая (яе вядомыя прадстаўнікі - Я.Драздовіч, А.Ахола-Вало, М.Філіповіч, Б.Малкін і інш.) і станковая Г. (А.Астаповіч, Я.Мінін, З.Гарбавец і інш.). У 1927 лепшыя ўзоры беларускай кніжнай Г. былі паказаны на міжнароднай выстаўцы ў Лейпцыгу (Германія). З 1930-х г. мастацтва Г. знаходзілася ў заняпадзе. У 1960-1970-я г. майстры беларускай Г. (А.Кашкурэвіч, В.Шаранговіч, Г.Паплаўскі, Я.Кулік, М.Купава, У. і М. Басалыгі) зацікавіліся традыцыямі народнага мастацтва, пачалі ўдзяляць больш увагі гісторыка-культурнай спадчыне беларускага народа. У 1980-1990-я г. найбольшых поспехаў беларуская Г. дасягнула ў афармленні кніг для дзяцей і юнацтва (В.Славук, М.Селяшчук, У.Савіч, Т.Беразенская і інш.). @

Графіці (ад італ. graffiti - надрапаныя), мастацтва нанясення надпісаў ці малюнкаў на розныя плоскасці (паверхні) - сцены будынкаў, розных прадметаў і інш. Першапачаткова Г. называлі надпісы і малюнкі (часта сатырычнага, карыкатурнага характару) на сценах антычных помнікаў, на старажытных пасудзінах. З другой паловы 20 ст. Г. пачалі называць малюнкі і надпісы на сценах жылых дамоў, грамадскіх пабудоў, агароджах, у метро, зробленыя дзецьмі ці дарослымі людзьмі. Такія творы выконваюцца рознымі матэрыяламі - крэйдай, вуглём, аэразолем - або проста прадрапваюцца ў тынкоўцы. Для Г. характэрны крайні лаканізм, выкарыстанне мінімальнай колькасці графічных элементаў для выяўлення чалавечай фігуры, твару, руху і інш., экспрэсія, яркая маляўнічасць, адлюстраванне сацыяльных праблем і матываў, увага да папулярных сімвалаў і г.д. У Беларусі вядомы ўзоры Г., якія адносяцца да 11-13 ст. і былі зроблены вострымі прадметамі на сценах будынкаў і розных рэчаў. Гэтыя надпісы, што змяшчаюць звесткі аб імёнах, датах, бытавой лексіцы, асобных гістарычных падзеях, выяўлены ў Сафійскім саборы і Спаскай царкве ў Полацку, на амфарах, прасліцах у Друцку, Менску, Пінску, Наваградку і інш. У сучасны перыяд у Беларусі зрэдку праводзяцца конкурсы мясцовых мастакоў-графіцістаў. @

Гропіус Вальтэр (1883-1969), нямецкі архітэктар; адзін з заснавальнікаў функцыяналізму. Агульнаэўрапейскую вядомасць прынеслі Г. будынак абутковай фабрыкі «Фагус» у Альфельдзе (1911-1916) і фабрычны комплекс у Кёльне (1914). У 1918 узначаліў Мастацкую школу ў Веймары, пашырыў яе, абнавіў праграму навучання (накіроўваючы яе на максімальнае садзейнічанне развіццю індывідуальных творчых здольнасцей студэнтаў), і ў 1919 яна атрымала назву «Баўхаўз». Г. распрацоўваў шмат прамысловых будынкаў, танных пабудоў для рабочых, кааператыўных магазінаў і інш. У 1937 пераехаў у ЗША, дзе атрымаў пасаду загадчыка кафедры архітэктуры Гарвардскага ўніверсітэта. Сярод лепшых работ Г. - будынак «Баўхаўза» ў Дэсаў (1925-1926), Цэнтр выпускнікоў Гарвардскага ўніверсітэта ў Кембрыджы (1949-1950), будынак пасольства ЗША ў Афінах (1957-1961), небаскроб авіякампаніі «Амерыкан эрлайнс» у Нью-Ёрку (1958-1963) і інш. Г. напісаў некалькі кніг па архітэктурным мастацтве: «Баўхаўз: 1919-1928» (1938), «Татальная архітэктура» (1955) і «Апалон у свеце дэмакратыі» (1967). @

Грыфіт Дэйвід Уорк (1875-1948), амерыканскі кінарэжысёр, акцёр, сцэнарыст. Да прыходу ў кінематограф Г. пісаў апавяданні, вершы і п'есы, спрабаваў сябе як тэатральны акцёр. У 1907 пачаў актыўна прапаноўваць свае сцэнарыі кінастудыям, выступаць як акцёр у асобных фільмах. У 1908 дэбютаваў як рэжысёр фільма «Прыгоды Долі». На працягу 1908-1913 паставіў звыш 300 карцін (пераважна кароткаметражных), у якіх шукаў новыя сродкі мастацкай выразнасці. Найвышэйшым творчым дасягненнем Г.-рэжысёра лічыцца яго стужка «Нараджэнне нацыі» (1915), прысвечаная падзеям Грамадзянскай вайны ў ЗША. Гэты надзвычай працяглы (больш за тры гадзіны) фільм атрымаў вялікі камерцыйны поспех і быў прызнаны шэдэўрам сусветнага кінамастацтва. Яшчэ адзін выдатны твор Г. - «Нецярпімасць» (1916) - паказваў розныя гістарычныя эпохі і аказаў істотны ўплыў на развіццё кінематографа. Да ліку найбольш важных творчых здабыткаў, навацый Г. адносяцца выкарыстанне рухомай камеры, распрацоўка прынцыпаў кінамантажу, вызваленне кінамастацтва ад тэатральнай умоўнасці. Сярод яго паспяховых пастановак - фільмы «Сэрца свету» (1918), «Зламаныя парасткі» (1919), «Шлях на Ўсход» (1920), «Хіба жыццё не цудоўнае?» (1924) і інш. Г. з вялікай цяжкасцю прыняў выкарыстанне гуку ў кіно. Быў адным з заснавальнікаў кінакампаніі «Юнайтэд Артыстс». @

«Грэмі», найвышэйшая ўзнагарода за музычныя дасягненні ў ЗША. Уручаецца з 1957 па 27 намінацыях, сярод якіх «Джаз», «Рок», «Поп», «Рэп», «Фолк», «Рэгей», «Альтэрнатыўная музыка» і нават «Полька». Вызначаюцца «Лепшы рэп-музыкант», «Лепшы жаночы поп-вакал», «Лепшы мужчынскі рок-вакал», «Лепшы рок-альбом» і інш. Усім пераможцам уручаюцца прызы ў выглядзе невялікіх залатых грамафонаў. Найбольшую колькасць прэмій «Г.» атрымаў афраамерыканскі сляпы кампазітар і спявак Стыві Ўандэр. @

Грэцыі Старажытнай культура, сукупнасць матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, нормаў, стэрэатыпаў паводзін і мыслення старажытных грэкаў. Яе зараджэнне звычайна звязваецца з узнікненнем у 8-7 ст. да н.э. старажытнагрэчаскай літаратуры (Гамер, Гесіёд). Галоўныя адметныя рысы Г.С.к.: высокае развіццё літаратуры, архітэктуры, вытанчанасць, ушанаванне многіх багоў і божастваў, аганальнасць і да т.п. Спадчынай старажытнагрэчаскай цывілізацыі і культуры з'яўляюцца класічны тэатр, Алімпійскія гульні, дэмакратыя, грамадзянскае права, мецэнацтва, дыялог, ордэр архітэктурны, галоўныя жанры і віды літаратуры (эпічная паэма, ідылія, трагедыя, камедыя, ода, элегія, лірыка, сатыра, эпіграма, байка і інш.), сістэма адукацыі і да т.п. У значнай ступені Г.С.к. склала своеасаблівы падмурак далейшага развіцця эўрапейскай культуры. На працягу многіх стагоддзяў (асабліва з эпохі Адраджэння) грэчаскае мастацтва было ўзорам для творчага пераймання. Старажытнагрэчаская міфалогія і літаратура з'яўляюцца невычэрпнай крыніцай натхнення паэтаў, пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў, а тагачасная філасофія (найперш Платон і Арыстоцель) аказала надзвычай моцны ўплыў на далейшае развіццё сусветнай філасофскай думкі. Старажытныя грэкі многае перанялі ў эгіпцян, вавіланян, аднак змаглі давесці гэтыя навацыі да класічных формаў і вышэйшай дасканаласці. Адной з асаблівасцей старажытнагрэчаскай культуры было ўспрыманне мастацтва як своеасаблівага катарсісу (ачышчэння душы); у ёй практычна заўсёды дамінаваў эстэтычны пачатак, што выяўлялася ў надзвычай важным значэнні такіх катэгорый, як прыгажосць, мера і гармонія. У цэлым старажытнагрэчаская культура развівалася даволі хутка і дынамічна (у адрозненне ад надзвычай статычнай культуры Старажытнага Эгіпта). Імклівы росквіт гэтай культуры складае аснову т.зв. «грэчаскага цуду», сутнасць якога заключаецца ў тым, што толькі грэчаскаму народу амаль адначасова і практычна ва ўсіх галінах культуры ўдалося дасягнуць небывалых творчых вышыняў. @

Гульня, форма свабоднага самавыяўлення людзей. Г. звычайна праводзіцца ў выглядзе разнастайных спаборніцтваў або ў выглядзе ўяўлення пэўных сітуацый, сэнсаў, станаў. У культуралагічнай навуцы Г. была прадметам спецыяльных даследаванняў (Й.Хейзінга, Х.Артэга-і-Гасет, Д.Ліхачоў і інш.), у якіх даказвалася значная яе роля ва ўзнікненні і развіцці асноўных сфер культурнай дзейнасці чалавека - мастацтва, навукі, філасофіі, палітыкі і г.д. Галандскі культуролаг Й.Хейзінга лічыў, што чалавечая культура з'яўляецца больш маладой з'явай (у параўнанні з Г.), узнікае і разгортваецца ў форме Г., носіць гульнёвы характар. @

Гуманізм (ад лац. humanus - чалавечны), спосаб светаўспрымання, сукупнасць ідэй і поглядаў, якія сцвярджаюць вышэйшую каштоўнасць чалавека як унікальнай асобы («Чалавек - мера ўсіх рэчаў»), яго неад'емнае права на свабоднае развіццё сваіх творчых сіл і здольнасцей, дасягненне матэрыяльнага дабрабыту і асабістага шчасця. Абвяшчае прынцыпы роўнасці, справядлівасці і чалавечнасці паміж усімі людзьмі. У эпоху Адраджэння Г. называлі таксама грамадскі і літаратурны рух, што супрацьстаяў схаластыцы і духоўнаму дамінаванню царквы, імкнуўся да адраджэння антычнага ідэалу прыгажосці і чалавечнасці. Сярод найбольш вядомых рэнесансавых гуманістаў - Дантэ Аліг'еры, Петрарка, Мікеланджэла Буанароці, Леанарда да Вінчы, Томас Мор, Эразм Ратэрдамскі і інш.

У Беларусі гуманістычныя ідэі былі вядомы на ўсіх этапах гісторыка-культурнага развіцця грамадства. Хрысціянскі Г. пашыраўся праз рукапісную новазапаветную літаратуру (евангеллі), рэлігійную і свецкую літаратуру, царкоўную архітэктуру, музыку, розныя жанры народнай творчасці. У эпоху Рэнесансу рысы Г. яскрава праявіліся ў творчай і асветніцкай дзейнасці Ф.Скарыны, М.Гусоўскага, С.Буднага, Сімяона Полацкага, В.Цяпінскага і інш. З канца 18 - пачатку 19 ст. ўзніклі сацыяльна-утапічныя плыні гуманістычнай думкі, накіраванай на пабудову грамадства без эксплуатацыі, на аснове хрысціянскай згоды і гармоніі. Нацыянальна-беларуская плынь гуманістычнай думкі пашырылася з другой паловы 19 - пачатку 20 ст. (творчасць і грамадская дзейнасць В.Дуніна-Марцінкевіча, К.Каліноўскага, Ф.Багушэвіча, М.Багдановіча, Я.Купалы, Я.Коласа і інш.). У савецкі перыяд Г. звязваўся з рэвалюцыйна-класавай барацьбой за пабудову камуністычнага грамадства, якое нібы стварае перадумовы для ўсебаковага развіцця асобы. У канцы 20 ст. ўзмацніліся працэсы вывучэння і вяртання народу гуманістычных традыцый беларускай культуры. @

Гумбальт Вільгельм фон (1767-1835), нямецкі філосаф, філолаг, мастацтвазнаўца, дзяржаўны дзеяч. Вучыўся ва ўніверсітэце ў Франкфурце-на-Одэры, слухаў лекцыі па філалогіі і гісторыі ў Гётынгенскім універсітэце. Жыў у Парыжы, дзе вывучаў французскую культуру, падарожнічаў па Гішпаніі. Матэрыялы для даследаванняў па культурах і мовах розных народаў чэрпаў са шматлікіх крыніц, у т.л. і са звестак яго брата - падарожніка і натуразнаўцы Аляксандра Г. Лічыў, што мова павінна вывучацца не як прадукт дзейнасці, а як дзейнасць. Сцвярджаў, што матэрыяльная і духоўная культура кожнага народа ўвасабляюцца ў яго мове. Паводле Г. мова - гэта адмысловы свет, які «знаходзіцца паміж светам знешніх з'яў і ўнутраным светам чалавека», а розныя мовы з'яўляюцца «для нацыі органамі іх арыгінальнага мыслення і ўспрымання». @

Гун-бі (літар. акуратны пэндзаль), самабытная творчая манера ў класічным сярэднявечным і традыцыйным кітайскім жывапісе. Заснавана на надзвычай тонкай графічнай прапрацоўцы дэталяў. Найбольш вядомыя майстры Г.-б. - Тан Інь, Чоў Ін і інш. - з дапамогай тонка нюансаваных колеравых спалучэнняў стваралі паэтычныя «світкі-аповесці». У гэтай манеры звычайна выконваліся паліхромныя апавядальныя і жанравыя кампазіцыі. Тэхніка Г.-б. была пераймана японскім мастацтвам, што адлюстравалася ў творах ямато-э. @

Гуру (санскр. «настаўнік»), традыцыйная індыйская назва духоўнага настаўніка. Г. разглядаецца як носьбіт глыбокіх, патаемных ведаў, які валодае правам накіроўваць сваіх вучняў на шлях ісціны, самарэалізацыі і вызвалення іх ад кругазвароту нараджэння і смерці. Нярэдка Г. доўгі час выпрабоўваюць вучня і толькі затым прымаюць яго да сябе, выкарыстоўваюць розныя метады ўздзеяння (вербальныя, часам фізічныя) і інш. @

Гурэвіч Арон Якаўлевіч (1924-1998), расейскі культуролаг, гісторык-медыявіст. Асноўная сфера даследаванняў - сярэднявечная культура. На аснове аналізу шматлікіх пісьмовых тэкстаў Г. апісвае адметныя рысы культуры не толькі духоўнай эліты, але і шырокіх слаёў насельніцтва («большасці, якая маўчыць»). Лічыў, што ўніверсальныя катэгорыі культуры фармуюць адмысловую «карціну свету» (ці «мадэль свету», «вобраз свету»), уласцівую для пэўнага грамадства ў канкрэтныя гістарычныя эпохі. Вывучаў праблему ментальнасці сярэднявечных жыхароў. Сярод асноўных культуралагічных работ Г. - «Катэгорыі сярэднявечнай культуры» (1972), «Праблемы сярэднявечнай народнай культуры» (1981), «Культура і грамадства сярэднявечнай Эўропы вачыма сучаснікаў» (1989), «Гістарычны сінтэз і школа «Аналаў» (1992) і інш. @

Гусерль Эдмунд (1859-1938), нямецкі філосаф, заснавальнік фенаменалогіі. Прафесар у Гале, Гётынгене, Фрайбургу. Паводле Г., філасофія не мае ніякіх адносін ні да навакольнага свету, ні да навук, што яе вывучаюць; яе прадмет - гэта толькі з'явы (феномены) свядомасці, якія разглядаюцца як адзіныя і непасрэдна дадзеныя. Лічыў асабістыя перажыванні суб'екта, яго ўспрымане і інтуіцыю асноўным крытэрыем ісціны. Вылучыў ідэю «жыццёвага свету» як першаснага сацыяльна-культурнага вопыту. Сцвярджаў, што з дапамогай рэканструкцыі «жыццёвага свету» мінулых культур можна вытлумачыць змест і глыбінную сутнасць пісьмовых помнікаў розных гістарычных эпох. Погляды Г. аказалі ўплыў на станаўленне і развіццё філасофскай антрапалогіі, экзістэнцыялізму, іншых філасофскіх кірункаў. Аўтар працы «Лагічныя даследаванні» (Т. 1-2; 1900-1901) і інш. @

Гусоўскі Мікола (1470-я - пасля 1533), беларускі паэт-гуманіст, мысліцель, асветнік. Прадстаўнік новалацінскай усходнеэўрапейскай літаратурнай школы. Адукацыю атрымаў у Беларусі (таксама і ў Вільні), Польшчы, Італіі. Яго лепшы твор - «Паэма пра выгляд, лютасць зубра і паляванне на яго» (1522), напісаная на лацінскай мове ў Рыме. У 1523 у Кракаве выдаў зборнік «Паэма пра зубра», які складаўся з празаічнага прысвячэння, аднайменнай паэмы і 11 вершаў. У прысвячэнні каралеве Бона Сфорца паэт прасіў яе ўзяць дзяржаўнае апякунства над таленавітымі і здольнымі ў навуках і мастацтвах людзьмі. У гэтай паэме Г. выступіў як прадстаўнік рэнесансавага рэалізму, папулярызатар гісторыі і культуры Беларусі на сусветнай арэне, уславіў мужную, свабодную, гарманічна развітую асобу, заклікаў да яднання і дружбы эўрапейскіх народаў перад пагрозай турэцкага і татарскага нашэсця. Галоўнай тэмай твора з'яўляецца лёс Радзімы, адданасць роднай зямлі, павага да прыроды. Зубр у паэме выступае ў выглядзе алегарычнага вобраза роднага краю, сімвала яго былой магутнасці. Г. першым у славянскай літаратуры паказаў сацыяльна-палітычны крызіс Вялікага Княства Літоўскага, рашуча асуджаў свавольствы прыгнятальнікаў «простага люду». Адну з галоўных прычын пакут і няшчасцяў народаў бачыў у войнах. Невычэрпнай крыніцай паэзіі лічыў народную мудрасць. Выступаў за творчае засваенне жыхарамі ВКЛ антычнай літаратуры, міфалогіі, лацінскай мовы. У выхаванні народа важную ролю адводзіў мастацтву і навуцы. З мэтай павышэння адукаванасці народа прапагандаваў сістэму лацінскай класічнай адукацыі. З'яўляецца таксама аўтарам эпічных паэм «Новая і славутая перамога над туркамі ў ліпені месяцы» (1524), «Жыццё і подзвігі св. Гіяцынта» (1525). Г. лічыцца пачынальнікам жанру ліра-эпічнай паэмы ў літаратуры Ўсходняй Эўропы, заснавальнікам мастацкай рэнесансавай рэалістычнай традыцыі ў паэзіі Беларусі, Украіны, Летувы і Польшчы. @

Гутэнберг Іаган (1399?-1468), нямецкі друкар, пачынальнік кнігадрукавання ў Эўропе. Быў «залатых спраў» майстрам. У 1438 заснаваў прыватную друкарню. У 1452-1455 у г. Майнц з дапамогай рухомых шрыфтоў выдаў першае поўнааб'ёмнае выданне - Біблію ў 2 тамах (на лацінскай мове). Гэтае выданне прызнана шэдэўрам ранняга друку. Выпускаў таксама навукова-папулярныя кнігі павучальнага характару, падручнікі, каляндары і інш. У 1901 у Майнцы заснаваны музей Г. Вынаходніцтва Г. дазволіла зрабіць друкаванне кніг больш танным, хуткім і шматтыражным. @

Даасізм (назва паходзіць ад слова «дао» - літ. «шлях», «дарога»), кітайскае рэлігійна-філасофскае вучэнне, якое ўзнікла ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. З'яўляецца адным з трох найбольш распаўсюджаных у Кітаі рэлігійна-філасофскіх вучэнняў (разам з канфуцыянствам і будызмам). Яго заснавальнікам лічыцца паўлегендарны мудрэц Лао-Цзы. У аснове Д. - вучэнне пра «Дао», якое ўяўляецца першапачаткам усяго існага ў свеце, абсалютнай заканамернасцю быцця («Чалавек залежыць ад зямлі, зямля ад неба, неба - ад Дао, а Дао - ад сябе самога»). Паводле Д., увесь свет лічыцца ўвасабленнем гэтага няўлоўнага Дао, якое немагчыма выказаць словамі і спасцігнуць розумам. Кожны чалавек павінен прытрымлівацца свайго Дао, дзеля чаго яму трэба адкінуць усе ўмоўнасці цывілізаванага грамадства і падначальвацца натуральным прыродным рытмам і законам. Сапраўдны даасіст павінен адмовіцца ад актыўнай дзейнасці, прытрымлівацца прынцыпа «у вэй» («нядзеяння»), г.зн. рабіць толькі тое, што патрабуе ад яго Прырода - падтрымліваць уласную жыццядзейнасць, размнажацца, быць раўнадушным да багацця, мірской мітусні, славы, дасягнуць маральна-духоўнай дасканаласці і адзінства з прыродай. Даосы лічылі жыццё і смерць усяго толькі рознымі ступенямі або праяўленнямі Абсалютнага Дао, таму яны заклікалі жыць у поўнай гармоніі з прыродай. @

Дадаізм (франц. dadaisme ад dada - няскладны дзіцячы лепет), авангардысцкі мастацкі кірунак у заходнеэўрапейскім мастацтве (пераважна французскім і нямецкім), які ўзнік ў перыяд першай сусветнай вайны ў Швейцарыі. Сярод яго асноўных прадстаўнікоў - М.Дзюшан, Х.Арп, М.Эрнст, К.Швітэрс і інш. Галоўныя асаблівасці Д.: адсутнасць планамернай будовы твораў; разбурэнне мастацкай формы; прапаганда выпадковасці; выкарыстанне прыёмаў пародыі на творчасць; ірацыяналізм, творчы эпатаж, сацыяльная крытыка. Дадаісты нярэдка выкарыстоўвалі ў сваіх творах ужо «гатовыя рэчы» (або «ready-made») прамысловай вытворчасці (веласіпеднае кола, расчоска, сушылка для бутэлек). М.Дзюшан у 1914 г. выставіў на ўсеагульны агляд «Веласіпеднае кола», а пазней і звычайны пісуар, назваўшы яго «Фантан» (1918). Д. з'яўляўся адной з крыніц поп-арта і хэпенінга. @

Далі Сальвадор (1904-1989), гішпанскі жывапісец, прадстаўнік сюррэалізму. Вучыўся ў мадрыдскай Акадэміі мастацтваў. Лічыцца адным з найвялікшых мастакоў і апошнім мастацкім геніем 20 ст. Стварыў мноства арыгінальных карцін на гістарычныя, рэлігійныя, філасофскія тэмы - «Прадчуванне грамадзянскай вайны ў Гішпаніі» (1936), «Атамная Леда» (1949), «Тайная вячэра» (1955), «Сон Хрыстафора Калумба» (1959) і інш. Яго творы вызначаюцца нястрыманай фантазіяй і віртуознай тэхнікай выканання і нярэдка ўяўляюць сабой фантасмагорыі, у якіх самым ненатуральным сітуацыям і спалучэнням прадметаў надаецца бачная дакладнасць і пераканальнасць. Распрацаваў «паранаідальна-крытычны» метад творчай працы, заснаваны на адлюстраванні ірацыянальных імпульсаў, сноў, вобразаў трызнення. Аўтар «Дзённіка генія», аўтабіяграфіі «Таемнае жыццё Сальвадора Далі, напісанае ім самім» (1942). Рабіў дэкарацыі да балетаў і спектакляў. Прымаў удзел (разам з Л.Бунюэлем) у стварэнні двух сюррэалістычных фільмаў - «Андалузскі сабака» (1929) і «Залаты век» (1931). @

Дамінга Пласіда (н. 1941), гішпанскі спявак (драматычны тэнар). Вучыўся ў Нацыянальнай кансерваторыі музыкі (Мексіка). Яго дэбют у оперы адбыўся ў 1960 у мексіканскім горадзе Мантэрэі (партыя Альфрэда ў оперы Дж.Вердзі «Травіята»). У першай палове 1960-х г. спяваў у Ізраільскай нацыянальнай оперы. У 1968 дэбютаваў у «Метраполітэн-опера» (Нью-Ёрк). За сваю музычную кар'еру Дамінга выканаў больш сотні вядучых оперных партый - ад Моцарта і Вердзі да Берліёза і Пучыні. Здымаўся ў фільмах-операх. Выступае і як оперны дырыжор. Атрымаў міжнародную вядомасць у лірычных і драматычных партыях у італьянскіх операх. Выканаў шэраг галоўных роляў у нямецкіх операх Рыхарда Вагнера. Лічыцца непераўзыдзеным Атэлам сучаснасці. У 1990-я г. адбылося некалькі папулярных сумесных (з Л.Павароці і Х.Карэрасам) выступленняў Д. пад назвай «Тры тэнары». У 2002 атрымаў высокі тытул Брытанскай імперыі - ганаровае рыцарства (пасвечаны ў рыцары). Выкананне Д. вызначаецца вышэйшым сінтэзам акцёрскага і вакальнага майстэрства, натуральнай, спантаннай эмацыянальнасцю. @

Данатэла (1386-1466), італьянскі скульптар эпохі Ранняга Адраджэння, выдатны прадстаўнік фларэнтыйскай школы. Быў наватарам амаль ва ўсіх відах пластыкі; яго творчасць аказала істотны ўплыў на развіццё скульптуры ў наступныя стагоддзі. Д. стварыў тып самастойнай, не звязанай з архітэктурай, круглай статуі, паклаў пачатак новаму скульптурнаму партрэту-бюсту (нагадваў рымскія партрэты), быў аўтарам першага коннага манумента ў эпоху Рэнесансу, адрадзіў мастацтва выяўлення аголенага чалавечага цела. Найбольш вядомыя яго творы - мармуровая статуя св. Георгія (у царкве ва Фларэнцыі) - першы рэнесансавы вобраз гераічнай асобы; статуя кандацьера (кіраўніка наёмных ваенных атрадаў у Італіі) Гатамелаты, фігура якога стварае з канём адзінае цэлае; бронзавая статуя Давіда - першая ў рэнесансавай скульптуры статуя маладога аголенага пастуха, які перамог волата Галіяфа. @

Данілеўскі Мікалай Якаўлевіч (1822-1885), расейскі філосаф, прыродазнавец. Адзін з тэарэтыкаў і ідэолагаў славянафільства. Скончыў Пецярбургскі ўніверсітэт (1847). Стварыў тэорыю агульнай тыпалогіі культур, згодна з якой сапраўднымі носьбітамі гістарычнага жыцця з'яўляюцца адасобленыя, замкнёныя «культурна-гістарычныя тыпы» (ці цывілізацыі). Усяго ён вылучаў дзесяць тыпаў, сярод якіх эгіпецкі, кітайскі, эўрапейскі, славянскі і інш., прычым кожны з іх у сваім развіцці праходзіць тры этапы - юнацтва, сталасць, старасць. На яго думку, у свеце не існуе сусветнай культуры, а ёсць рэгіянальныя, нацыянальныя і гістарычныя тыпы культуры, якія ўзнікаюць, развіваюцца і паступова прыходзяць у заняпад. Яго галоўная праца - «Расея і Эўропа» (1869). Ён прытрымліваўся ідэй панславізму і лічыў, што славянскі тып (як больш малады) зможа самастойна пайсці далей эўрапейскага. @

Дантэ Аліг'еры (1265-1321), італьянскі паэт і палітычны дзеяч, стваральнік італьянскай літаратурнай мовы. Па некаторых звестках, вучыўся ў Балонскім універсітэце. Працаваў у кірунку т.зв. «новага салодкага стылю», для якога характэрны такія рысы, як моцнае, містычнае выяўленне пачуццяў і эмоцый чалавека, паказ высокадухоўнага, узнёслага кахання і інш. Ранняй любоўнай лірыцы Д. ўласцівы ўскладненыя маральна-філасофскія ідэі, сімволіка і алегарызм, вытанчанасць мастацкай формы. Кніга санетаў і канцонаў «Новае жыццё» (каля 1292) з пранікнёным псіхалагізмам распавядала пра шчырае і ўзнёслае каханне паэта да Беатрычэ Партынары. Д. стварыў своеасаблівую філасофска-мастацкую энцыклапедыю Сярэднявечча - грандыёзную паэму ў трох частках («Пекла», «Чысцец» і «Рай») і 100 песнях - «Камедыю» (1307-1321; выдадзена ў 1472), за высокія мастацкія вартасці названую нашчадкамі «Боскай». У паэме хрысціянскі алегарызм, схаластыка, рэлігійны дыдактызм арганічна спалучаюцца з надзвычай пластычнымі і яркімі замалёўкамі фларэнтыйскага жыцця, з абаронай свабоды чалавечых пачуццяў і выкрыццём царквы. У сваіх творах Дантэ замест хрысціянскай крытыкі пачуццёвага кахання як граху гаварыў пра т.зв. «закон кахання», у адпаведнасці з якім пачуццёвае каханне ўключаецца ў прыроду самога жыцця. Яму належыць незакончаны трактат «Пір» (1304-1308), які лічыцца першым узорам філасофскай прозы на народнай італьянскай мове. У трактаце «Пра манархію» (1312-1313) ён сцвярджаў, што сусветная манархія будзе залогам усеагульнага адзінства і працвітання. У працы «Пра народнае красамоўства» (1304-1307) выступіў з ідэяй роднасці ўсіх раманскіх моў. Творчасць Д. аказала значны ўплыў на развіццё эўрапейскай літаратуры. @

Дарашэвіч Энгельс (н. 1931), беларускі філосаф, культуролаг, сацыёлаг. Доктар філасофскіх навук (1984), прафесар (1992). Скончыў БДУ (1953). З 1958 у Інстытуце філасофіі і права, з 1990 загадчык аддзела сацыялогіі культуры Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай АН Беларусі. Даследуе гісторыю эстэтычнай думкі, філасофіі і педагогікі Беларусі, праблемы развіцця духоўнай культуры, этнічнай самасвядомасці, міжнацыянальных адносін. Сярод асноўных прац - «Аніёл Доўгірд - мысліцель эпохі Асветніцтва» (1967), «Філасофія эпохі Асветніцтва ў Беларусі» (1971), «Нарыс гісторыі эстэтычнай думкі Беларусі» (1972; разам з У.Конанам), «Асвета і педагагічная думка ў Беларусі» (1985, у сааўтарстве) і інш. Адзін з аўтараў навучальных дапаможнікаў для ВНУ па культуралогіі, этнапедагогіцы, этнасацыялогіі. Дзяржаўная прэмія Беларусі 1984 за ўдзел у напісанні цыкла работ па гісторыі філасофскай і грамадскай думкі Беларусі (апублікаваны ў 1973-1980). @

Дастаеўскі Фёдар Міхайлавіч (1821-1881), расейскі пісьменнік, мысліцель. Паходзіў са старажытнага беларускага роду, які ў пачатку 16 ст. атрымаў грамату на вёску Дастоева (Іванаўскі раён Берасцейскай вобласці). Скончыў Пецярбургскую ваенна-інжынерную навучальню (1843). Сцвярджаў, што хрысціянскі ідэал усецярпімасці і ўсечалавечнасці можа дапамагчы Расеі засвоіць пазітыўныя каштоўнасці эўрапейскай культуры без крайнасцей і негатыўных момантаў сучаснай заходняй цывілізацыі (беднасць, варожасць саслоўяў, барацьба ўсіх супраць усіх). Паводле Д., дабро і зло карэніцца не ў культуры і дзяржаўным ладзе, а ў прыродзе самога чалавека, які самастойна, свабодна можа выбіраць сваю маральную пазіцыю. Лічыў, што свет выратуецца прыгажосцю. У творах Д. - раманах «Злачынства і пакаранне» (1866), Ідыёт» (1868), «Браты Карамазавы» (1879-1880), «Д'яблы» (1871-1872), «Падлетак» (1875) і інш. - пастаўлены вострыя сацыяльныя пытанні, апісаны псіхалагічныя канфлікты персанажаў, сцвярджаюцца ідэі аб гуманізме, грамадскай і чалавечай гармоніі. Творчасць Д. аказала магутны ўплыў на развіццё расейскай і сусветнай літаратуры. @

Джаз, від музычнага мастацтва 20 ст., для якога характэрны імправізацыйнасць і своеасаблівае спаборніцтва ў ансамблевым дыялагічным музыцыраванні, а таксама індывідуальна-кампазітарскі пачатак. Склаўся ў пачатку 20 ст. на поўдні ЗША ў выніку сінтэзу розных форм музычнага фальклору «чорных» з папулярна-бытавой, песенна-танцавальнай музыкай «белых». Адпаведны тып ансамбляў і аркестраў называецца «джаз-бэнд». З 1920-х г. пачалося распаўсюджванне Д. ў краінах Эўропы, а пазней і Азіі. Д. аказаў уплыў на кампазітарскую музыку 20 ст. Сярод найбольш яркіх джазавых выканаўцаў - Л.Армстранг, Д.Гілеспі, Э.Фіцджэральд, Д.Элінгтон і інш. @

Джайнізм, адна з рэлігій у Індыі (каля 3 млн. паслядоўнікаў). Узнік у 6 ст. да н.э.; заснавальнікам лічыцца Вардхамана. Д. не прызнаваў аўтарытэт «Ведаў», дазволіў уступаць у свае абшчыны мужчынам і жанчынам усіх варнаў (кастаў). Д. захаваў індуісцкае вучэнне аб перараджэнні душ і аддзяцы за ўчынкі. Мэтай джайнаў з'яўляецца вызваленне ад перараджэнняў (нірвана). Паводле вучэння джайнаў, нірваны можа дасягнуць толькі аскет, які прытрымліваецца строгіх правілаў (у тым ліку «ахімсы» - непрычыненне шкоды жывым істотам). @

Джатака, разнастайныя прытчы, пропаведзі, казкі, міфы, легенды, дыдактычныя гісторыі аб мінулых існаваннях, перараджэннях Буды. Узніклі прыблізна ў 5-4 ст. да н.э.; пазней падвергліся літаратурнай апрацоўцы. Многія Д. сталі сюжэтамі для рэльефаў і роспісаў будыйскіх пячорных храмаў (чайцья). Усяго іх налічваецца каля 500. @

Джойс Джэймс (1882-1941), ірландскі пісьменнік, прадстаўнік мадэрнісцкай і постмадэрнісцкай прозы. Вучыўся ў езуіцкім пансіёне, на мастацтвазнаўчым факультэце Дублінскага каледжа. Выкладаў ангельскую мову ў Цюрыху (Швейцарыя). Першая кніга Д. - зборнік вершаў «Камерная музыка» (1904). У 1914 выйшаў у свет зборнік апавяданняў (скетчаў) пад назвай «Дублінцы», у якіх Д. апісвае паўсядзённае жыццё жыхароў Дубліна. У 1916 апублікаваў раман «Партрэт мастака ў юнацтве». Сапраўдную славу Д. прынёс раман «Уліс» (1922), які стаў адным з самых наватарскіх і яркіх твораў 20 ст. У гэтым рамане апавядаецца пра адзін дзень, праведзены жыдоўскім камерсантам Леапольдам Блумам у г. Дублін. Раманы «Уліс» і «Памінкі па Фінегану» (1939) сталі манументальнымі помнікамі ў справе стварэння новай эксперыментальнай мовы, адкрыцця новай паэтыкі і спосабаў пісьма, у якіх мастацкая форма займае месца зместу, кадуючы ў сабе ідэйныя, псіхалагічныя і іншыя вымярэнні. Мастацкаму метаду Д. ўласцівы выкарыстанне «патоку свядомасці», пародыі, стылізацыі, камічных прыёмаў, выяўленне міфалагічных і сімвалічных слаёў сэнсу асобных слоў, сказаў, амаль поўная адсутнасць сацыяльных аспектаў і матываў. Творчасць Д. аказала значны ўплыў на далейшае развіццё сусветнай прозы і тэорыі літаратуры. @

Джота ды Бандоне (1266-1337), італьянскі жывапісец эпохі Протарэнесансу; пачынальнік рэалізму ў італьянскім жывапісе. Яго мастацтва вызначалася вялікай выяўленчай сілай і драматычнай выразнасцю вобразаў. Д. рашуча парваў з адцягненасцю і аскетызмам сярэднявечнага мастацтва і ўпершыню ў поўнай ступені сцвердзіў думку пра каштоўнасць рэальнага чалавечага жыцця. Традыцыйныя рэлігійныя сюжэты ён напаўняў простым жыццёвым зместам, вобразы людзей трактаваў жыва і наглядна, проціпастаўляў іх рэлігійна-абстрактным матывам Сярэднявечча. Унёс у рэлігійныя сцэны зямны пачатак, евангельскія легенды маляваў з жыццёвай пераканальнасцю і ўнутранай сілай. Галоўная праца - роспіс Капэлы дэль Арэна ў Падуі (1304-1306), для якога характэрныя яснасць задумы, строгая манументальнасць, сіла чалавечых пачуццяў, перададзеных у вобразах святых. Увёў у жывапіс інтэр'ер, паказваў трохмерную прастору. Распісаў дзве капэлы ў царкве Санта-Крочэ ва Фларэнцыі, 1320-1325). Аўтар праекта кампанілы (званіцы) сабора ва Фларэнцыі. @

Джэймс Уільям (1842-1910), амерыканскі філосаф, псіхолаг; прадстаўнік прагматызму і функцыяналізму. Брат вядомага пісьменніка Г.Джэймса. Атрымаў ступень доктара медыцыны ў Гарвардскай медыцынскай школе (1869). У 1872-1876 выкладаў анатомію і фізіялогію ў Гарвардскім універсітэце. У 1884 заснаваў Амерыканскае таварыства парапсіхалагічных даследаванняў. З 1885 прафесар псіхалогіі, а пазней і прафесар філасофіі Гарвардскага ўніверсітэта. Лічыў, што свет існуе як сістэма рэчаў, з якімі кожны чалавек сутыкаецца ў сваім штодзённым жыцці; у той жа час кожны чалавек стварае свой уласны свет. У кнізе «Прынцыпы псіхалогіі» (1890) параўноўваў свет са статуяй, якую скульптар высякае з мармуру. Першапачаткова свет уяўляўся Д. як своеасаблівы «хаос адчуванняў», «паток свядомасці». Уяўляў чалавека як творцу рэальнасці, ісціны і каштоўнасцей. Састаўныя элементы асобы, паводле Д., падзяляюцца на тры класы: фізічная асоба; сацыяльная асоба; духоўная асоба. @

Джэксан Майкл (н. 1958), амерыканскі рок-спявак, кампазітар. Афраамерыканец. Яго неаднаразова называлі «каралём поп-музыкі». Пачаў выступаць на сцэне з 1969 у складзе сямейнай групы «Пяцёрка Джэксанаў» (з 1975 - «Джэксаны»). Папулярнасць заваявала ўжо яго першая сольная песня «Бен» (1972). У 1979 пачаў супрацоўнічаць са студыяй кампазітара і аранжыроўшчыка К.Джонса. Канцэртныя выступленні Д. вызначаюцца надзвычайнай экспрэсіўнасцю, пластычнасцю, арыгінальнымі спецэфектамі. Лічыцца лепшым і найбольш арыгінальным танцорам сярод зорак сусветнай поп-музыкі. Рэкардсмен па колькасці прададзеных дыскаў (напр., альбом «Трылер», 1982, меў тыраж 40 млн. экз.). Па гэтым паказчыку Д. занесены ў «Кнігу рэкордаў Гінэса». @

Дзейнасць культурная, спецыфічная чалавечая форма актыўных адносін да навакольнага свету, змест якой складае яго мэтанакіраванае змяненне. Любая Д.к. ўключае яе мэту, сродкі, працэс і вынік. Яе неад'емнай рысай з'яўляецца асэнсаванасць, усвядомленасць, рацыянальнасць. На характар Д.к. у найбольшай ступені ўплываюць чалавечыя матывы, ідэалы, каштоўнасці. У розных тыпах культуры выступае або як носьбіт вышэйшага сэнсу чалавечага быцця, або як неабходная, але не шанаваная ўмова жыцця. @

Дзідро Дэні (1713-1774), французскі філосаф-асветнік, пісьменнік. Вучыўся ў езуіцкім каледжы. Быў прыхільнікам асветнай манархіі, выступаў з непрымірымай крытыкай феадалізму, абсалютызму, хрысціянскай рэлігіі і царквы. Разам з Д'Аламберам на працягу многіх гадоў Д. займаўся выпускам у свет «Энцыклапедыі, ці Тлумачальнага слоўніка навук, мастацтваў і рамёстваў» (1751-1780; 35 тамоў). Некаторыя тамы «Энцыклапедыі» падвяргаліся забароне і рэпрэсіям, выходзілі напоўлегальна, аднак часта перакладаліся на розныя эўрапейскія мовы. Лічыў, што «першая мадэль мастацтва - гэта прырода» і выказваўся за тое, каб мастацтва імкнулася пераймаць прыродныя з'явы, аднак любая копія заўсёды будзе ніжэй арыгінала. Сцвярджаў, што людзі перастаюць думаць, разважаць, калі перастаюць чытаць. З'яўляўся аўтарам літаратурных твораў, напісаных у традыцыях рэалістычна-бытавога рамана («Манахіня», «Пляменнік Рамо» і інш.). @

Дзікасць, назва першага этапу чалавечай гісторыі (у класіфікацыі амерыканскага гісторыка і этнографа 19 ст. Л.Моргана), які пазней змяніўся варварствам. У сучаснай этналогіі перыяду Д. адпавядаюць эпохі палеаліту і мезаліту, калі адбываліся працэсы антрапагенезу (фармавання чалавека сучаснага тыпу), існаваў радавы лад жыцця. У перыяд Д. першабытныя людзі авалодалі агнём, стварылі каменныя прылады працы, вынайшлі тэхналогію апрацоўкі каменю, ганчарства і інш. У пераносным сэнсе Д. азначае крайнюю ступень бескультур'я і грубасці. @

Дзілан Боб (н. 1941), амерыканскі эстрадны спявак, кампазітар, паэт. Адзін з вядучых прадстаўнікоў руху фолксінгераў у ЗША ў 1960-я г. Спачатку выконваў балады і песні ў традыцыях музыкі кантры (у т.л. «песень пратэсту»), а з 1970-х г. - нярэдка ў стылі рок-музыкі. Неаднаразовы лаўрэат самай прэстыжнай музычнай прэміі «Грэмі». Яго творчасць паспрыяла сціранню межаў паміж узвышанай і вульгарнай культурамі. Асобныя крытыкі вельмі высока ацэньвалі ўзровень паэтычнай лірыкі Д. і нават выказвалі прапановы паставіць яго ў адзін шэраг з вялікімі класічнымі паэтамі. @

Дзільтэй Вільгельм (1833-1911), нямецкі філосаф, псіхолаг, гісторык культуры. Вядучы прадстаўнік філасофіі жыцця, заснавальнік філасофскай герменеўтыкі. Вывучаў тэалогію ў Гейдэльбергскім і Берлінскім універсітэтах. Прафесар філасофіі Базельскага ўніверсітэта (1866). Выказваў ідэю аб узаемасувязі культурных з'яў у грамадстве, якія аб'яднаны ў кожны дадзены гістарычны момант у адзінае, арганічнае цэлае. Лічыў, што ў аснове ўсіх форм культурнай творчасці ляжаць розныя светапогляды, якія ён падзяляў на тры тыпы: натуралізм (пазітывізм), аб'ектыўны ідэалізм (пантэізм), ідэалізм свабоды (тэізм). Прытрымліваўся меркавання аб інтуітыўным спасціжэнні духоўнай цэласнасці асобы і культуры. Разглядаў гісторыю культуры як шэраг твораў «аб'ектыўнага духу», да якога ён адносіў мастацтва, філасофію, рэлігію. Прапанаваў паняцце «навук аб духу». Аўтар шматлікіх прац па гісторыі заходняй цывілізацыі, нямецкай філасофскай думцы, псіхалогіі: «Уводзіны ў навукі аб духу» (1883), «Ідэя апісальнай і аналітычнай псіхалогіі» (1894), «Узнікненне герменеўтыкі» (1900), «Будова гістарычнага свету ў навуках аб духу» (1910) і інш. @

Дзітрых Марлен (1901-1992; сапр. Марыя Магдалена фон Лош), нямецка-амерыканская кінаактрыса, спявачка. Вучылася ў Музычнай акадэміі і Школе драматычнага мастацтва (Берлін). У 1922 дэбютавала ў тэатры, а праз год - у кіно. Першую значную ролю сыграла ў фільме «Блакітны анёл» (паводле рамана Т.Мана). З 1930 жыла і працавала ў ЗША. У фільмах 1930-х г. («Чырвоная імператрыца», «Шанхайскі экспрэс», «Марока», «Д'ябал - гэта жанчына» і інш.) стварала пераважна вобразы прыгожых і амаральных ракавых жанчын. Пазней іграла камедыйныя («Дэстры зноў у сядле» і інш.) і складаныя драматычныя ролі («Сведка абвінавачвання», «Нюрнбергскі працэс»). Адна з самых папулярных зорак амерыканскага кіно даваеннага перыяду. У гады другой сусветнай вайны адхіліла прапанову нацыстаў вярнуцца ў Германію, выступала з рэзкім асуджэннем фашызму, вяла антыфашысцкую прапаганду. Вядома і як эстрадная спявачка. @

Дзэн-будызм (Дзэн), японская разнавіднасць традыцыйнага будызму. Пранік у Японію з Кітая ў 12 ст. і пашырыўся пераважна сярод самурайскага саслоўя. Асноўная мэта Д.-б. - пошук Ісціны, дасягненне Прасвятлення. Адным з галоўных метадаў дабіцца такога стану з'яўляецца штодзённая (нярэдка шматгадзінная) медытацыя ў спецыяльных залах у манастырах; выкарыстоўваюцца таксама спецыяльныя прытчы («року»), парадаксальныя загадкі («коаны»), дыялогі паміж вучнем і настаўнікам. Дзэнскі настаўнік - «росі» - павінен рознымі сродкамі (нярэдка незвычайнымі, неардынарнымі, а часам і грубымі - напр., моцны крык, удар рукой ці палкай па галаве і інш.) паспрыяць пошукам сваіх вучняў стану Буды. Кожны прыхільнік гэтай рэлігіі абавязаны знайсці свой уласны шлях да Ісціны. Некаторыя даследчыкі бачаць сутнасць Д.-б. ў ачышчэнні душы чалавека шляхам зліцця з прыродай. У Японіі амаль заўсёды мірна суіснавалі Д.-б. і сінтаізм, аб чым сведчыць будаўніцтва побач, на адной вуліцы, будысцкіх храмаў і сінтаісцкіх свяцілішчаў, а таксама ўдзел будысцкіх манахаў у сінтаісцкіх рытуалах, цырымоніях. Са спецыфікай Д.-б. цесна звязаны такія віды японскай мастацкай культуры, як манахромны жывапіс, каліграфія, паэзія, драма «Но», чайная цырымонія, ікэбана, разбіўка пейзажна-дэкаратыўных садоў, а таксама воінска-спартовыя мастацтвы і фізічна-аздараўленчыя сістэмы (каратэ, кэндо, айкідо, ніндзя, дзэн-медытацыя). На працягу 19-20 ст. ідэі Д.-б атрымалі шырокае распаўсюджанне сярод эўрапейскай і амерыканскай інтэлігенцыі. @

Дзюркгейм Эміль (1858-1917), французскі сацыёлаг, адзін з першых прадстаўнікоў функцыяналізму. Скончыў Вышэйшую нармальную школу (1882). Выкладаў у некалькіх правінцыяльных ліцэях, чытаў лекцыі па сацыяльных навуках і педагогіцы ва ўніверсітэце ў Бардо (1887-1902). З 1902 працаваў у Парыжскім універсітэце. У 1896-1914 заснаваў і кіраваў «Сацыялагічным штогоднікам». Лічыў, што грамадства ўяўляе сабой сістэму сацыяльных з'яў, якія выконваюць пэўныя функцыі, адпавядаючыя «сацыяльным патрэбнасцям». Д. меркаваў, што падзел працы ў развітым грамадстве служыць для падтрымання яго «салідарнасці». На яго думку, усе сістэмы маралі вытворныя ад арганізацыі грамадства, пры гэтым кожнае грамадства стварае мараль, патрэбную для яго належнага функцыянавання. Увёў у навуковы ўжытак паняцце калектыўнай свядомасці. Сцвярджаў, што сацыяльнае жыццё залежыць ад сістэмы каштоўнасцей, якія падзяляюцца сябрамі грамадства, а функцыя сацыяльных і рэлігійных рытуалаў заключаецца ў падтрыманні і захаванні ўласцівых людзям агульных каштоўнасцей. Яго асноўныя працы - «Аб падзеле грамадскай працы» (1893), «Правілы сацыялагічнага метаду» (1895), «Самазабойства: сацыялагічнае даследаванне» (1897), «Элементарныя формы рэлігійнага жыцця» (1912), «Сацыялогія і філасофія» (1924) і інш. @

Дзюрэр Альбрэхт (1471-1528), нямецкі графік і жывапісец, малявальшчык, тэарэтык мастацтва. Заснавальнік мастацтва нямецкага Адраджэння. Засвоіў асновы жывапісу ў майстэрні мастака М.Вальгемута. У 1495 адкрыў уласную мастацкую майстэрню. Быў прыдворным жывапісцам. Для яго твораў характэрны напружана-экспрэсіўныя формы, фантастычныя вобразы, прадчуванне сусветна-гістарычных перамен (серыя гравюр «Апакаліпсіс», 1498). Ілюстраваў кнігу «Карабель дурняў» Бранта і інш. У партрэтах і аўтапартрэтах сцвярджаў новае рэнесансавае разуменне чалавечай асобы і сацыяльнага стану мастака («Аўтапартрэт», 1498). Стварыў тып чалавека рэнесансавай эпохі, прасякнутага самасвядомасцю ўласнай асобы, напружанай духоўнай энергіяй і практычнай мэтанакіраванасцю (дыптых «Чатыры апосталы», 1526). Яго шматлікія (некалькі соцень) гравюры - адно з найвышэйшых дасягненняў сусветнай графікі. Аўтар трактатаў «Кіраўніцтва па ўмацаванні гарадоў, замкаў і крэпасцей» (1527), «Чатыры кнігі аб прапорцыях чалавека» (1528) і інш. У сваёй творчасці Д. прапаведаваў гуманістычныя ідэалы незалежнасці чалавека, яго надзвычайнай жыццёвай сілы і стойкасці ў барацьбе за ісціну і справядлівасць. @

Дзяды, беларускі народны памінальны абрад; рытуальная вячэра ў памяць аб памерлых родзічах. Д. таксама называлі і дзень, калі адбываўся абрад, і саміх нябожчыкаў, якіх ушаноўвалі. Паходзіць абрад ад язычніцкага ўсходнеславянскага звычаю т.зв. «трызны». Д. звязаны з культам продкаў, спраўляліся звычайна 3-4 і нават больш разоў у год (у залежнасці ад мясцовасці) вясною і ўвосень. Галоўнымі былі Д. змітраўскія (асяніны) - у суботу перад Змітравым днём (26 кастрычніка па ст., 2 лістапада па новым стылі), на Радаўніцу, а таксама перад Масленіцай, Сёмухай. На Д. рыхтавалі святочныя і абрадавыя стравы (абавязковымі былі куцця, бліны, клёцкі, яечня, мяса). @

Дом, сімвал, архетып культуры. Сімвалізуе цэнтр свету, прыстанішча Вялікай Маці, а таксама замкнёнасць і абарону. Д. з'яўляецца таксама адлюстраваннем усяго Сусвету і традыцыйна звязваецца з ідэяй свяшчэннай прасторы, якая разгортваецца вакол ачага як «восі свету» і асвячаецца сценамі гэтага дома. Разглядаецца і як сканцэнтраванне асноўных жыццёвых каштоўнасцей - шчасця, дастатку, адзінства сям'і і ўсяго роду. У беларускіх культурных феноменах, артэфактах нярэдка сустракаецца гэты сімвал. Напр., у прыказках і прымаўках нярэдка згадваецца пра Д., яго функцыі і значэнне ў жыцці індывіда і грамадства. Сведчаннем гэтага могуць служыць наступныя фальклорныя творы - «Дадому (дахаты) і конь спрытней бяжыць», «Дома і салома ядома, на чужыне і гарачы тук стыне», «Дома хоць няўежна, дык улежна», «Дарагая тая хатка, дзе мяне радзіла матка», «Нідзе так, як дома», «Усюды добра, а дома лепей». Д. у беларусаў нярэдка называецца памяншальна-ласкальна «хатка», «хата». Недарэмна нашы продкі з даўніх часоў стараліся асвяціць свой Д. Таму часта сустракаюцца выказванні «мой, наш дом», які супрацьпастаўляецца «чужому», «не-нашаму» дому. Многім народам уласціва ўспрыняцце свайго жытла ў адпаведнасці з вядомым выслоўем «мой дом - мая крэпасць», дзе кожны чалавек знаходзіцца ў бяспецы, надзейна абаронены «роднымі сценамі» ад усякіх напасцяў, непрыемных сітуацый. @

Дон Жуан, легендарны гішпанскі рыцар, парушальнік рэлігійных і маральных нормаў, заваёўнік жанчын. Стаў адным з папулярных персанажаў-тыпаў сусветнага мастацтва (у літаратуры, музыцы, кінамастацтве). Лічыцца, што Д.Ж. быў прадстаўніком аднаго з арыстакратычных севільскіх родаў. Тэрмін «донжуанізм» выкарыстоўваецца для абазначэння неўпарадкаванага палавога жыцця з усё новымі сексуальнымі партнёрамі, інтарэс да якіх губляецца адразу ж пасля першых інтымных кантактаў. @

Дон Кіхот, сімвалічная фігура няўрымслівага змагара за справядлівасць і праўду, які дзеля ідэі і сваёй уяўнай Прыгожай Дамы гатовы пайсці на любыя, найчасцей бессэнсоўныя, неадэкватныя самаахвярныя дзеянні і ўчынкі. Вобраз Д.К. створаны ў рамане «Дон Кіхот Ламанчскі» (1606-1615) гішпанскага пісьменніка М. дэ Сервантэса. Тут паказаны разнастайныя прыгоды Д.К. і яго вернага зброяносцы Санча Пансы, які па сваіх маральна-псіхалагічных якасцях уяўляў сабой супрацьлегласць свайму экстравагантнаму сеньёру. Розныя трактоўкі вобразу Д.К. неаднаразова рабіліся ў выяўленчым, тэатральным, кінамастацтвах. Вечны вобраз Д.К. з'яўляецца сімвалам чалавека, чые высакароднасць, велікадушнасць, гатоўнасць на рыцарскія подзвігі ўступаюць у трагічную супярэчнасць з сапраўднай рэчаіснасцю, з т.зв. «прозай жыцця». @

Драздовіч Язэп (1888-1954), беларускі мастак, скульптар, археолаг, этнограф. Адзін з заснавальнікаў нацыянальнага гістарычнага жывапісу. Вучыўся ў Віленскай мастацкай школе. Працаваў у галіне кніжнай графікі, змяшчаў малюнкі і ілюстрацыі. У 1910-1920-я г. стварыў графічную серыю «Старажытная забудова ў Беларусі», партрэты полацкіх і смаленскіх князёў, партрэты і замалёўкі памятных месцаў Ф.Багушэвіча. Працаваў у галіне скульптуры (бюст Ф.Скарыны, партрэты-барэльефы М.Машары, А.Грыневіча, Я.Пачопкі, сваёй маці). Упершыню ў беларускім мастацтве пачаў маляваць карціны на касмічныя тэмы. Маляваў насценныя дываны. Запісваў фальклор і апрацоўваў для слоўнікаў народную лексіку Дзісеншчыны і Піншчыны. Праводзіў археалагічныя даследаванні, вёў археалагічныя дзённікі «Дзісенская дагістарычная старына». Аўтар навукова-папулярнай брашуры «Нябесныя бегі» (1931). @

Дрэва, сімвал, архетып культуры. У большасці культур свету Д. ўспрымаецца як своеасаблівая мадэль Сусвету (Дрэва Сусвету). Паколькі яно карэннямі ўваходзіць у Зямлю, а галінамі - у Неба, то Д., як і сам чалавек, з'яўляецца адлюстраваннем «сутнасці двух светаў» і своеасаблівым пасярэднікам паміж «верхам і нізам», Небам і Зямлёй. У многіх старажытных культурах асобныя дрэвы ці цэлыя гаі лічыліся месцам знаходжання звышнатуральных істот (багоў, разнастайных духаў і г.д.). Д. нярэдка разглядалася як Вось Свету, вакол якой групуецца ўвесь Космас. Згодна з першабытнымі ўяўленнямі, Д. разглядаліся як адухоўленыя істоты, якія маюць сваю душу. Архетып Д. мае для беларускага народа асаблівае значэнне, паколькі беларусы з часоў старажытнасці пражывалі ў лясной зоне, дзе лесам у мінулыя стагоддзі была пакрыта большая частка тэрыторыі нашай зямлі. @

Дудараў Аляксей (н. 1950), беларускі драматург і празаік. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1991). Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1976). Працаваў акцёрам, загадчыкам літаратурнай часткі Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача. Галоўны рэдактар часопіса «Мастацтва» (1991-2002). З 2001 мастацкі кіраўнік тэатра «Вольная сцэна». З 1992 старшыня прэзідыума Рады Беларускага саюза тэатральных дзеячаў. Друкуецца з 1973. У першай кнізе прозы «Святая птушка» (1979) і п'есе «Выбар» (паст. 1979), а таксама п'есах «Парог» (паст. 1981), «Апошні ўзлёт» (паст. 1982), «Радавыя» (1984; Дзяржаўная прэмія СССР 1985), драме «Злом» (1989) даследуе маральна-этычныя і духоўныя праблемы сучасніка, нялёгкія пошукі героямі свайго выбару жыццёвага шляху. Паводле сцэнарыяў Д. пастаўлены кароткаметражныя і мастацкія фільмы на кінастудыі «Беларусьфільм» («Кола», «Дэбют», «Бусляня», «Белыя Росы» і інш.). П'есы Д. вызначаюцца філасофскім роздумам пра сэнс жыцця, дабро і зло, лёс чалавека і народа, вострай канфліктнасцю, псіхалагічнай заглыбленасцю; яны неаднаразова ставіліся за мяжой (Балгарыя, Паўночная Ірландыя, Польшча, Расея і інш.). Пераклаў на беларускую мову п'есы Ў.Шэкспіра «Рычард III», «Макбет», «Гамлет». @

Дунін-Марцінкевіч Вінцэнт (1808-1884), беларускі паэт, драматург, тэатральны дзеяч. Вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце. Удзельнічаў у паўстанні 1863-1864, за што адбываў зняволенне ў менскай турме. Літаратурную дзейнасць пачаў у 1840-я г. (лібрэта аперэт «Спаборніцтва музыкаў», «Чарадзейная вада» і інш.). У 1846 апублікаваў музычна-драматычны твор «Сялянка» («Ідылія»). Арганізаваў тэатральную трупу - першы беларускі тэатр, які наладжваў спектаклі ў розных мясцінах Беларусі. У 1850-я г. распрацоўваў новыя жанравыя формы - вершаванае апавяданне і аповесць, баладу, вытрыманыя ў павучальна-дыдактычным духу («Вечарніцы», «Гапон», «Купала» (усе 1855) і інш.). У іх спалучаюцца рамантычная цікавасць да народных звычаяў, традыцый і рэалістычнае імкненне перанесці на грунт рэальнага жыцця вобразы народных легенд, казак, паданняў. У многіх творах Д.-М. паэтызавалася сялянская праца, узвышаўся чалавек з народа, высмейваліся адмоўныя рысы характару прадстаўнікоў розных саслоўяў, востра крытыкаваліся заганы, недахопы тагачаснага грамадскага жыцця (камедыі «Пінская шляхта», 1866; «Залёты», 1870; «Халімон на каранацыі», 1857). У творчасці Д.-М. фармаваўся метад рамантычнага этнаграфізму, які найбольш адпавядаў пачатковаму этапу развіцця беларускай літаратуры 19 ст. Шлях да сацыяльнай гармоніі ён бачыў у маральным удасканаленні, асветніцтве, развіцці нацыянальнай мовы і культуры. Выступаў за сінтэз, адзінства дзвюх культур - дваранскай і народнай, першая з якіх нясе высокі ўзровень духоўнасці, а другая вызначае самабытнасць. Лічыў, што адметны характар беларускай культуры грунтуецца найперш на асаблівасцях духоўнага багацця беларусаў, увасобленага ва ўсім складзе светапогляду народа, у яго паданнях, песнях, звычаях, побыце. У 1859 пераклаў на беларускую мову эпічную паэму А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш». @

Духоўная культура, сукупнасць духоўных каштоўнасцей, створаных людзьмі ў працэсе іх грамадска-гістарычнай дзейнасці. Уключае веды, працоўныя навыкі, традыцыі і звычаі, розныя віды мастацтва, народнай творчасці, уяўленняў і вераванняў, што перадаюцца ад пакалення да пакалення і забяспечваюць цэласнасць і стабільнасць этнасу. З падзелам працы на разумовую і фізічную Д.к. пачала існаваць у двух відах - прафесійная (ахоплівае як самастойныя віды дзейнасці навуку, літаратуру, мастацтва, адукацыю, права, мараль, рэлігію) і народная (вераванні, звычаі, традыцыі, святы, вусная паэтычная творчасць), якія знаходзяцца ў пастаянным узаемадзеянні і ўзаемапранікненні. Існуе ў арганічным адзінстве з матэрыяльнай культурай. Д.к. уяўляе сабой усю сукупнасць інфармацыі, якая захоўваецца ў калектыўнай памяці розных супольнасцей людзей і праяўляецца ў пэўных формах паводзін. @

Дывергенцыя (ад лац. divergere - адхіляцца, разыходзіцца), паступовае разыходжанне прыкмет у роднасных арганізмах, сістэмах у працэсе іх гістарычнай эвалюцыі. У культуралогіі Д. праяўляецца ў павелічэнні колькаснай і якаснай разнастайнасці культур. Асобныя даследчыкі лічаць, што ў сучасным свеце пераважаюць дывергентныя працэсы, якія ўцягваюць у грамадскае жыццё раней «невядомыя» ці «забытыя» культуры, спрыяюць узнікненню новых культур са спецыфічнымі каштоўнасцямі, традыцыямі, арыентацыямі. @

Дыверсіфікацыя культуры (ад лац. diversus - розны + facere - рабіць), распадзенне, расчляненне адзінай культуры на асобныя састаўныя часткі або на розныя культуры. Можа быць поўнай ці частковай. Працэс Д.к. ацэньваецца пазітыўна ў тых выпадках, калі ён прыводзіць да распадзення дамінуючай культуры на розныя субкультуры, спрыяе павелічэнню культурнай разнастайнасці. Аднак пры неспрыяльных абставінах Д.к. можа выклікаць паступовы заняпад пэўных этнічных супольнасцей, культурных традыцый, каштоўнасцей, ідэалаў. @

Дызайн (ад англ. designe - праект, чарцёж, праектаваць, канструяваць), від праектнай дзейнасці па фармаванні рэчавага асяроддзя; метад мастацкага канструявання асяроддзя жыццядзейнасці індывіда і грамадства. Асноўная мэта Д. - наданне аб'ектам, прадметам комплексу ўзаемазвязаных характарыстык і якасцей - прыгажосць, мэтазгоднасць, эканамічнасць, гарманічнасць, зручнасць карыстання аб'ектамі, здольнасць выклікаць пачуццё псіхафізіялагічнага камфорту. Галоўныя сродкі Д. - аб'ём і прастора канструкцыі, прапорцыі, рытм, кантраст, колер, фактура і інш. Аб'ектамі Д. выступаюць прамысловыя вырабы (вытворчае абсталяванне, бытавая тэхніка, мэбля, адзенне і інш.), элементы і сістэмы вытворчага і жыллёвага асяроддзя, візуальная інфармацыя і г.д. Як спецыяльнае праектаванне (пераважна вытворчае) Д. узнік у першай чвэрці 20 ст. ў Германіі і Расеі. Асабліва хуткае развіццё Д. адбылося пасля другой сусветнай вайны, калі ён пранік у сферу аўтамабільнай прамысловасці, машынабудавання, рэкламы, друкаванай прадукцыі і г.д. У сучаснай сусветнай практыцы Д. успрымаецца як асяроддзе, якое поўнасцю спраектавана і абнаўляецца з дапамогай праектавання, а таксама як глабальны метад арганізацыі свету, уключаючы і вырашэнне сацыяльных, духоўна-культурных праблем. У Беларусі дзейнічаюць Беларускі інстытут дызайну, студыі Саюза дызайнераў Беларусі. @

Дынаміка культуры, культуралагічнае паняцце, якое ўжываецца для апісання змяненняў або мадыфікацыі рыс культуры ў прасторы і часе; апісанне культуры ў руху, у працэсе змен. Прычынамі, каталізатарамі Д.к. выступаюць неабходнасць адаптацыі да зменлівых знешніх умоў, вырашэння ўнутраных праблем, супрацьлегласцей, творчай ініцыятывы асобных індывідаў і супольнасцей, культурныя адкрыцці і вынаходніцтвы. Уключае ўзнікненне пэўных культурных з'яў, працэсаў, іх распаўсюджанне, развіццё, функцыянаванне і заняпад. Рэалізуецца ў галоўных відах - эвалюцыйным і цыклічным, прычым цыклічныя культурныя змены адрозніваюцца ад эвалюцыйных тым, што яны праз пэўныя адрэзкі часу могуць паўтарацца. Працэсы дынамічных змен могуць аналізавацца як на ўзроўні ўсёй культуры, так і яе асобных сфер - рэлігіі, навукі, філасофіі, мастацтва. Вылучаюцца інтэграцыйная і дэзінтэграцыйная, узыходзячая і сыходзячая, прагрэсіўная і рэгрэсіўная Д.к. Змены ў развіцці культуры могуць мець эвалюцыйны ці рэвалюцыйны характар, быць буйнамаштабнымі, мікрамаштабнымі, хуткапраходзячымі. Напр., буйнамаштабнымі зменамі ў культуры лічацца інтэрвалы часу ў 100-1000 гадоў (цывілізацыйныя зрухі), мікрамаштабнымі - перыяды ад 25-30 гадоў (час актыўнай дзейнасці ў культуры аднаго пакалення) да 100 гадоў, хуткапраходзячымі - ад аднаго месяца да некалькіх гадоў (сезонныя змены моды, жаргону моладзевых субкультур і інш.). Адной з формаў пераходу ад паступовых змен да рэзкага абнаўлення, радыкальных інавацый з'яўляецца своеасаблівы «выбух» (у тэрмінах сінергетыкі - «кропка біфуркацыі»), калі істотна павялічваецца колькасць навацый, у выніку чаго мяняецца вектар агульнага развіцця з магчымым выбарам некалькіх альтэрнатыўных шляхоў. Праблемы Д.к. разглядаліся ў работах М.Вебера, П.Сарокіна (яго шматтомная праца называлася «Сацыяльная і культурная дынаміка»), А.Моля і інш. даследчыкаў. Для гісторыка-культурнага развіцця Беларусі найчасцей была ўласціва эвалюцыйная Д.к., хаця часам мелі месца і змены рэвалюцыйнага характару (напр., у перыяд сацыяльных узрушэнняў 1917-1920 г.). Паскораная Д.к. беларускага народа адбывалася ў эпоху Адраджэння, у пачатку і ў канцы 20 ст. @

Дыферэнцыяцыя культурная, працэс і вынік расчлянення, раздзялення культуры як цэласнага феномена на розныя структурныя элементы, часткі, формы, ступені. Існуе мноства падстаў, прыкмет для Д.к.: напр., па вераспавядальнай прыкмеце (хрысціянская, мусульманская, юдэйская і інш. культуры), сацыяльных прыкметах (культуры земляробаў, сялян, рамеснікаў, рабочых і г.д.), па этнічных, расавых, сацыябіялагічных і інш. прыкметах. Тыповым прыкладам Д.к. можа служыць паступовае вылучэнне з сінкрэтычнага адзінства першабытнай культуры такіх спецыялізаваных сфер культурнай актыўнасці, як рэлігія, мастацтва, права, гаспадарчая культура і інш. У распрацоўку праблем Д.к. унеслі немалы ўклад прадстаўнікі эвалюцыянісцкага і структурна-функцыянальнага падыходаў, прычым апошнія звязвалі яе найперш з павелічэннем інтэнсіўнасці міжкультурных кантактаў, а таксама міжасабовых і міжгрупавых сувязей у сучасным свеце. @

Дыфузія культурная, распаўсюджанне, прасторавае перамяшчэнне культуры або асобных яе элементаў з якога-небудзь цэнтра ці некалькіх цэнтраў на іншыя рэгіёны свету. У выніку Д.к. звычайна адбываецца ўзаемадзеянне і ўзаемаўзбагачэнне адной або некалькіх культур. Тэрмін «Д.к.» распрацаваны ў дыфузіянізме. Асноўнымі механізмамі, каналамі Д.к. выступаюць добраахвотныя перайманні, міграцыі, гандлёвыя адносіны, войны, заваяванні, турызм, дзейнасць місіянераў, абмен спецыялістамі, студэнтамі і да т.п. Яна можа адбывацца не толькі паміж асобнымі краінамі і народамі, але і паміж пэўнымі сацыяльнымі супольнасцямі, групамі ў межах аднаго грамадства. Таму вылучаецца гарызантальны (паміж некалькімі этнасамі, рознымі групамі ці індывідамі) і вертыкальны (паміж суб'ектамі з няроўным статусам) напрамак Д.к. @

Дыфузіянізм (ад лац. diffusio - разліццё, прасочванне), культуралагічная школа, якая аформілася ў канцы 19 - пачатку 20 ст. у краінах Заходняй Эўропы і ЗША. Асноўныя прадстаўнікі - Г.Тард, Ф.Боас, Ф.Грэбнер, У.Рыверс, Г.Чайльд, В.Шмідт і інш. Паводле Д., у аснове культурнага развіцця ляжаць працэсы пераймання і распаўсюджання культуры з адных цэнтраў (ачагоў высокай культуры) у іншыя, звычайна менш культурна развітыя. Дыфузіяністы супрацьпаставілі паняццям эвалюцыі, гістарычнага працэсу паняцце дыфузіі культурнай, якое азначае прасторавае перамяшчэнне, распаўсюджанне культуры ці асобных яе элементаў з якога-небудзь цэнтра ці адразу некалькіх цэнтраў. Працэсы міжкультурнага ўзаемадзеяння могуць даць магчымасць некаторым народам не праходзіць пэўныя стадыі свайго культурнага развіцця. Асноўнымі сродкамі пашырэння культур Д. лічыў заваяванні, гандаль, каланізацыю, міграцыю, добраахвотнае перайманне, а таксама ўнутрысістэмныя фактары развіцця. Развіццё асобных культур у Д. тлумачылася не іх унутранымі асаблівасцямі, заканамернасцямі і тэндэнцыямі гістарычнай эвалюцыі (як у эвалюцыянізме), а галоўным чынам перайманнямі культурных дасягненяў іншых народаў свету. Паводле Д., найбольш вядомыя культурныя вынаходніцтвы - міфалогія, земляробства, лук і стрэлы, культ духаў, патаемныя мужчынскія саюзы і інш. - першапачаткова ўзніклі ў пэўным геаграфічным рэгіёне (напр., у старажытным Эгіпце, Вавілоне і г.д.), а потым распаўсюдзіліся па ўсім свеце шляхам стыхійнага расцякання. Д. адносіцца да ліку эндагенных тэорый, паколькі галоўнае значэнне ва ўзнікненні і пашырэнні культурных з'яў надае знешнім фактарам. У Д. чалавек успрымаецца не як стваральнік, а як носьбіт культуры. На аснове Д. была распрацавана культурных колаў тэорыя, паводле якой спалучэнне шэрагу прыкмет у пэўным геаграфічным раёне дазваляе вылучыць асобныя культурныя правінцыі («колы»). @

Дыхатамія культуры (ад грэч. dichotomia - раздзяленне на дзве часткі), у культуралогіі тэрмін для абазначэння падзелу культуры на дзве часткі. Азначае наяўнасць у культурнай прасторы такіх з'яў, феноменаў, відаў культурнай дзейнасці, якія складаюцца з дзвюх частак, знаходзяцца ў гарманічным адзінстве ці, наадварот, супрацьстаяць адзін аднаму. Напр., да ліку падобных Д.к. можна аднесці наступныя: матэрыяльная і духоўная культура; рэлігійная і свецкая культура; элітарная (высокая) і масавая культура; прафесійная і народная культура; гарадская і вясковая культура і да т.п. @

Дыяніс (Бахус, Вакх), у грэчаскай міфалогіі бог вінаградарства і вінаробства, сын Зеўса і фіванскай царэўны Семелы. Лічыцца, што ён разам са сваёй світай (менады, сатыры) ходзіць па розных краінах і вучыць людзей майстэрству вінаробства, здымае з іх груз зямных клопатаў, бытавых абавязкаў, дапамагае пераадольваць гора, знаходзіць радасць у жыцці. За гэта ў гонар Д. арганізоўваліся святкаванні - Дыянісіі, на якіх праводзіліся ўрачыстыя шэсці, спаборніцтвы драматургаў, паэтаў, спяваліся гімны-дыфірамбы і да т.п. @

Дыяхранічны аналіз культуры, даследчыцкі падыход, асноўным патрабаваннем якога з'яўляецца выкладанне фактаў, з'яў, падзей сусветнай і айчыннай культуры ў храналагічнай паслядоўнасці. Мэта Д.а.к. - аналіз развіцця культуры на працягу розных гістарычных эпох (старажытнасць, Сярэднявечча, Адраджэнне, Новы і Навейшы час). @

Дэвіянтныя паводзіны (ад лацінскага deviatio - адхіленне), паводзіны з адхіленнем ад агульнапрынятых у грамадстве прававых і маральна-этычных нормаў. Асноўныя віды Д.п. - злачыннасць, алкагалізм, наркаманія, прастытуцыя, самазабойствы, сексуальная разбэшчанасць. Дэвіянтныя дзеянні і ўчынкі нярэдка прыводзяць чалавека да сацыяльнай ізаляцыі, лячэння ці пакарання. Узнікненне Д.п. абумоўлена недахопамі выхавання, дэфектамі маральнай і прававой свядомасці, асаблівасцямі характару, эмацыянальна-валявой дзейнасці, інтарэсаў і патрэбнасцей чалавека, нізкім узроўнем інтэлектуальнага развіцця асобы, неспрыяльным уплывам спадчыннасці і інш. фактарамі. Д.п. нярэдка пачынаюць праяўляцца ўжо ў дзяцей і падлеткаў, што можа быць вытлумачана адноснай слабасцю іх інтэлекта, незавершанасцю працэсу сацыялізацыі асобы, адмоўным уплывам сям'і, бліжэйшага асяроддзя, залежнасцю ад каштоўнасных арыентацый групы. @

Дэгуманізацыя (ад лац. de - прыстаўка, што азначае аддзяленне, humanus - чалавечны), страта грамадствам маральна-духоўных, гуманістычных каштоўнасцей; адмаўленне ад светапогляду, заснаванага на справядлівасці, увазе і павазе да асобы, індывідуальных якасцей чалавека. Паняцце Д. мастацтва ўвёў у навуковы ўжытак гішпанскі філосаф Х.Артэга-і-Гасет для абазначэння працэсу выдалення з мастацкіх твораў «занадта чалавечага» (па тэрміналогіі Ф.Ніцшэ), арыентаванага на звычайнае ўспрыманне, якое прадугледжвае ўзнаўленне жыцця ў «формах самога жыцця». Тэрмін Д. мастацтва найчасцей выкарыстоўваецца пры сацыялагічным і эстэтычным аналізе авангардысцка-мадэрнісцкіх кірункаў мастацтва 20 ст. @

Дэкадэнцтва (дэкаданс; франц. decadence ад лац. decadentia - заняпад), агульная назва крызісных, упадніцкіх з'яў у культуры; плынь у літаратуры і мастацтве канца 19 - пачатку 20 ст., для якой уласцівы апазіцыя да агульнапрынятай «мяшчанскай маралі», культ прыгажосці як самакаштоўнасці, нярэдка паэтызацыя граху і распусты, ірацыянальныя матывы, містычныя настроі, амбівалентныя пачуцці агіды да жыцця і адначасова вытанчанай асалоды ім і да т.п. (французскія паэты Ш.Бадлер, П.Верлен, А.Рэмбо і інш.; расейскія паэты Д.Меражкоўскі, З.Гіпіус, К.Бальмонт, Ф.Салагуб). Рысы Д. выявіліся ў розных мастацкіх кірунках - найперш сімвалізме, імпрэсіянізме. Узнікненне Д. звязана з крушэннем традыцыйных каштоўнасцей культуры, няздольнасцю чалавечага розуму асэнсаваць супярэчлівую рэальнасць. Сярод характэрных рыс Д. - настроі ўпадку, безнадзейнасці, дэградацыі і пагібелі, услаўленне свабоды асобы і творчасці, незалежнасць ад рэальнага жыцця і да т.п. Дэкадэнцкія матывы, сюжэты і вобразы ўслед за літаратурай пачалі праяўляцца ў графіцы, жывапісе, скульптуры. Паняцце Д. з'яўляецца адным з цэнтральных у крытыцы культуры Ф.Ніцшэ, які звязваў дэкаданс з узрастаннем ролі інтэлекту і аслабленнем першасных жыццёвых інстынктаў, «волі да ўлады». У Беларусі эстэтыка Д. паўплывала на творчасць мастакоў Віцебскай школы (К.Малевіч, М.Шагал, Р.Фальк), Я.Драздовіча і інш. У літаратуры праявы дэкадэнцкага светаўспрымання (адчуванне трагічнай наканаванасці чалавечага існавання, надзвычайны суб'ектывізм, ускладненая, цьмяная сімволіка) характэрны асобным творам М.Багдановіча, Я.Купалы, М.Гарэцкага, З.Бядулі, А.Гаруна і інш. @

Дэрвіш (перс. - бядняк; арабскі сінонім - факір), сябра містычнага мусульманскага ордэна (брацтва); іншая назва - суфій. У Іране, Сярэдняй Азіі, Турцыі Д. таксама называлі бедных бадзяжных аскетаў-містыкаў. Д. абавязаны штодзённа выконваць спецыяльныя малітвы брацтва і прысутнічаць на агульнай малітве ў манастыры ва ўстаноўленыя рытуалам дні і на рэлігійных святкаваннях. Яны давалі абяцанні беднасці і ўстрымання. Некаторыя Д. былі вандруючымі жабракамі ці настаўнікамі. Вядомы практыкай выканання рэлігійнай музыкі, песнапенняў і рытуальных танцаў. @

Дэрыда Жак (н. 1930), французскі філосаф; буйнейшы прадстаўнік эўрапейскага постструктуралізму; заснавальнік дэканструкцыйнага руху. Крытыкуе метафізіку як аснову эўрапейскай культуры. Пераадоленне метафізікі Д. звязвае з адшуканнем гістарычных вытокаў шляхам аналітычнага расчлянення (дэканструкцыі) фундаментальных паняццяў, якія складаюць аснову анталогіі. Увёў у навуковы ўжытак паняцце дэцэнтрацыя. Лічыў, што «няма нічога па-за тэкстам». Распрацаваная Д. «граматалогія» (навука пра пісьмо) сцвярджае прымат пісьменнасці над словам (логасам), якое гучыць. Аўтар кнігі «Граматалогія» (1967) і інш. @

Дэтэрмінізм культурны (ат лац. determinare - абумоўліваць, вызначаць), сацыялагічная і культуралагічная філасофская канцэпцыя, якая разглядае культуру як адносна аўтаномнае ўтварэнне, незалежнае ад іншых сфер грамадскага жыцця. У Д.к. культура трактуецца як сукупнасць каштоўнасцей і значэнняў (грамадскія ідэі, вераванні, звычаі, традыцыі і інш.), якія падтрымліваюцца большасцю сябраў грамадства. Пры такім падыходзе культура ўспрымаецца як актыўная сіла, што адыгрывае вырашальную ролю ў грамадскім развіцці і аказвае значны ўплыў на функцыянаванне ўсіх сфер жыццядзейнасці соцыуму. У заходняй сацыялогіі Д.к. быў сфармуляваны ў працах па гісторыі і сацыялогіі рэлігіі М.Вебера, дзе ён сцвярджаў, што развіццё грамадства залежыць ад дамінуючых у ім рэлігійных каштоўнасцей. @

Дэцэнтрацыя, адно з ключавых паняццяў постструктуралізму. Паводле Ж.Дэрыда, Д. азначае распаўсюджанне, міграцыю культурнага жыцця ў розных напрамках па ўсім зямным шары, у выніку чаго Захад страчвае свой ранейшы статус цэнтральнага ядра сучаснай культуры. Д. вядзе да знікнення паняцця дамінуючай, «высокай» культуры. @

Эгіпта Старажытнага культура, культурныя здабыткі, творчыя дасягненні старажытных эгіпцян. Эгіпецкая цывілізацыя з'яўляецца (разам з месапатамскай) адной з найбольш старажытных у свеце. Яна праіснавала з канца 4 тыс. да н.э. да 332 да н.э., калі была заваявана войскамі Аляксандра Македонскага. Асаблівасць геаграфічнага становішча Эгіпта, размешчанага ў вузкай урадлівай даліне Ніла пасярод вялізных пустыняў, паўплывала на ізаляванасць і ўстойлівасць эгіпецкай культуры. Адной з найбольш важных адметных рыс старажытнаэгіпецкай культуры з'яўляецца яе сакральны (ад лац. sacralis - свяшчэнны) характар. Гэта значыць, што эгіпецкая культура была ў значнай ступені нібы «пранізана», насычана містычна-рэлігійнымі элементамі, архетыпамі, матывамі. Эгіпцяне нават лічылі, што іх краіна створана багамі і што да першых зямных цароў Эгіптам правілі богі, а потым паўбогі. Да ліку галоўных сімвалаў старажытнаэгіпецкай цывілізацыі і культуры адносяцца піраміда, фараон, анх, Ка. Эгіпцяне лічылі, што свяшчэнная, галоўная роля мастацтва заключаецца ў тым, каб забяспечваць несмяротнасць і праслаўляць уладу богападобных фараонаў. Таму розныя віды старажытнаэгіпецкага мастацтва былі даволі цесна звязаны з верай тагачасных людзей у замагільны свет, паслясмяротнае існаванне. У мастацкай культуры галоўную ролю адыгрывала архітэктура, асноўнымі прынцыпамі якой з'яўляліся манументальнасць і статычнасць. Тут упершыню былі выпрацаваны класічныя архітэктурныя формы і тыпы (піраміда, калона, абеліск). Выяўленчае мастацтва (скульптура, рэльеф, манументальны жывапіс) прытрымлівалася такіх прынцыпаў, як сіметрыя, статыка, геаметрычная абагульненасць, строгая франтальнасць. Унікальнай з'явай старажытнаэгіпецкай культуры было Амарнскае мастацтва. Літаратура Эгіпта падзялялася на рэлігійную (сакральную) і свецкую, прычым большую частку літаратурных помнікаў складалі рэлігійныя творы, у т.л. звязаныя з культам памерлых. У старажытным Эгіпце паспяхова развіваліся розныя навукі - астраномія, матэматыка, медыцына (яскрава праявілася ў майстэрстве бальзамавання і муміфікацыі). Спадчынай Е.С.к. з'яўляюцца такія феномены матэрыяльнай і духоўнай культуры, як калоны, абеліскі, храмы, сфінксы, вадзяныя і сонечныя гадзіннікі, культ памерлых і інш. @

Елізар'еў Валянцін (н. 1947), беларускі балетмайстар, пастаноўшчык. Народны артыст БССР (1979) і СССР (1985). Скончыў Ленінградскую акадэмічную харэаграфічную навучальню імя А.Ваганавай (1967), Ленінградскую дзяржаўную кансерваторыю імя М.Рымскага-Корсакава (1973). З 1992 г. мастацкі кіраўнік-дырэктар Акадэмічнага Вялікага тэатра балета Рэспублікі Беларусь. Прафесар Беларускай Акадэміі музыкі (1985). Сябра Савета Эўропы па культуры (1990). З'яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1996) за пастаноўку балета А.Мдывані «Страсці» («Рагнеда»). Лаўрэат Усесаюзнага конкурса балетмайстраў і артыстаў балета (1970), 7-га Міжнароднага конкурса артыстаў балета (1993). Удастоены вышэйшай узнагароды Міжнароднай асацыяцыі танца ў Парыжы (пад эгідай ЮНЕСКА) «Бенуа дэ ла данс» (1996). Называўся Чалавекам года ў вобласці музычнага мастацтва з уручэннем прыза «Залатая Неферціці» (1996). У пастаноўках Е. выйшлі балеты «Стварэнне свету» А.Пятрова (1976), «Тыль Уленшпігель» Я.Глебава (2-я рэд. 1978), «Спартак» А.Хачатурана (1980), «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага (1982), «Карміна Бурана» на музыку К.Орфа (1983), «Рамэо і Джульета» С.Пракоф'ева (1988) і інш., у якіх на высокім мастацкім узроўні ўвасабляліся грамадска значныя, філасофскія праблемы, інтэнсіўна абнаўляліся сродкі выразнасці, фармаваліся новыя прынцыпы харэаграфічнай паэтыкі і эстэтыкі. Асноўныя канфлікты ў яго пастаноўках вырашаюцца сродкамі вобразнага, паліфанічна складанага танца, а значная драматургічная нагрузка ўскладаецца на дуэтныя сцэны, якія адрозніваюцца вынаходлівасцю рухаў, паэтычнай абагульненасцю. Працуе ў галіне малых харэаграфічных форм (канцэртныя нумары, аднаактовыя балеты). Творчая дзейнасць Е. паспрыяла шырокаму міжнароднаму прызнанню беларускага балета, які з поспехам гастраляваў амаль у 30 краінах свету. @

Эўразійства, кірунак расейскай сацыяльнай і культуралагічнай думкі 20-30-х г. 20 ст., які ўзнік у асяродку эмігранцкай навуковай інтэлігенцыі. Прадстаўнікі Е. (М.Трубяцкой, Л.Карсавін, Г.Вярнадскі, П.Савіцкі і інш.) спрабавалі выявіць адметнасць «культурнай асобы» Расеі. Упершыню канцэпцыя Е. была сфармулявана ў кнізе Трубяцкога «Эўропа і чалавецтва» (1920), а потым была развіта ў калектыўных зборніках «Расея і лацінства» (1923), «Эўразійства: вопыт сістэматычнага выкладання» (1926), «Эўразійства: Фармуліроўка 1927 г.» (1927) і інш. У Германіі, Англіі, Чэхаславакіі, Кітаі склаліся эўразійскія цэнтры, якія выпускалі зборнікі, хронікі, манаграфіі і артыкулы. У Е. да сферы культуры адносіліся палітыка, духоўная творчасць і матэрыяльная культура. Паводле Е., Расея ўяўлялася як «Эўразія» - асобны сярэдзінны мацярык паміж Азіяй і Эўропай. Эўразійцы лічылі, што расейская культура па сваёй сутнасці з'яўляецца эўразійскай, паколькі аб'ядноўвае, спалучае ў сабе элементы розных культурных традыцый - эўрапейскай (заходняй) і азіяцкай (усходняй). Таму расейская культура адначасова належыць Захаду і Ўсходу, і ў той жа час не адносіцца ні да аднаго, ні да другога. У адпаведнасці з Е., культура Расеі разглядаецца як своеасаблівы неэўрапейскі феномен, што дзякуючы наяўнасці рыс розных цывілізацый з'яўляецца больш багатай і знаходзіцца на больш высокім узроўні развіцця ў параўнанні з заходнімі і ўсходнімі культурамі. @

Эўропацэнтрызм, культурфіласофская і светапоглядная ўстаноўка, у адпаведнасці з якой Эўропа з уласцівым ёй духоўным укладам з'яўляецца цэнтрам сусветнай цывілізацыі і культуры. Вытокі Е. - у антычнай Грэцыі, дзе размежаванне Ўсходу і Захаду стала формай супрацьлегласці варвара і эліна, «дзікасці» і «цывілізаванасці». Паводле Е., культура, мова, палітыка, эканоміка Эўропы ўяўляюць сабой адзіную і найвышэйшую каштоўнасць, якая супрацьстаіць «неразвітасці» і «няправільнасці» ўсходняга свету. Е. традыцыйна ўзвялічвае разумнасць, рацыянальнасць заходніх каштоўнасцей і супрацьпастаўляе іх эмацыянальным, магічным, афектыўным пачаткам усходніх культур. У распрацоўку канцэпцыі Е. значны ўклад унеслі працы нямецкага сацыёлага М.Вебера, у якіх рацыянальнасць разглядалася як гістарычны лёс усёй эўрапейскай цывілізацыі. @

Ефрасіння Полацкая (свецкае імя Прадслава; 1102-1167), беларуская асветніца, ігумення манастыра св. Спаса ў Полацку. Першая жанчына на Русі, кананізаваная праваслаўнай царквой (1547). Дачка князя Георгія Ўсяславіча, унучка полацкага князя Ўсяслава Брачыславіча (Чарадзея). Пра дзейнасць Е.П. апавядаецца ў «Жыціі Ефрасінні Полацкай» (12-13 ст.). Арыгінальнасць гэтага твора заключаецца ў сцвярджэнні неабходнасці ведаў, любові да кнігі, у ідэі духоўнага ўдасканалення, праслаўленні падзвіжніцтва, самаадданым служэнні вышэйшым маральным ідэалам. Перапісвала царкоўныя кнігі, або, як сказана ў «Жыціі...», пачала «кнігі пісаць сваімі рукамі». Мяркуецца, што Е.П. пісала летапісы і арыгінальныя творы. Пабудавала на свае сродкі дзве царквы ў Полацку, заснавала жаночы і мужчынскі манастыры, якія сталі асяродкамі асветы ў Полацкім княстве. Па яе заказе Лазар Богша ў 1161 зрабіў напрастольны шасціканцовы крыж - шэдэўр тагачаснага мастацкага рамяства. У 1941 крыж бясследна знік, а ў 1997 берасцейскі майстра М.Кузьміч зрабіў копію крыжа. Пры манастыры Е.П. заснавала школу, дзе вучыліся дзеці розных саслоўяў. Памерла падчас паломніцтва ў Ерусалім, дзе была пахавана ў манастыры святога Феадосія. У 1178 перапахавана ў Феадосіеву пячору Кіеўскай лаўры. У 1910 мошчы Е.П. урачыста перавезены з Кіева ў Полацак, дзе і знаходзяцца цяпер. Захаваліся царкоўныя спевы аб Е.П. у спісках 16-18 ст. Яе імя, справы і вобраз падзвіжніцы набылі найвышэйшую якасць нацыянальнага сімвала самаадданага служэння высакародным ідэалам хрысціянскага гуманізму і міласэрнасці, вернасці сваёй Радзіме. @

Жанр (ад франц. genre - род, від),

1) гістарычна складзенае, устойлівае падраздзяленне віда мастацтва;

2) тып мастацкага твору ў адзінстве спецыфічных рыс яго формы і зместу. Абагульняе рысы, уласцівыя вялікай групе твораў якой-небудзь эпохі, нацыі ці сусветнага мастацтва ўвогуле. У літаратуры Ж. вызначаецца на аснове дамінуючай эстэтычнай якасці (ідэйна-ацэначнага настрою - сатырычнага, патэтычнага, трагічнага), аб'ёму твора і спосабу пабудовы вобразу (сімволіка, алегорыя, дакументальнасць): эпічны (гераічная паэма, раман, апавяданне), лірычны (ода, элегія, верш, песня), драматычны (камедыя, трагедыя). У выяўленчым мастацтве Ж. вызначаецца на аснове прадмета выяўлення (партрэт, нацюрморт, пейзаж, гістарычная ці батальная карціна), а часам і характару выяўлення (шарж, карыкатура). У музыцы Ж. падзяляюцца: па выканальніцкаму (вакальныя-сольныя; ансамблевыя, харавыя; вакальна-інструментальныя; інструментальныя - сольныя, ансамблевыя і аркестровыя); па прызначэнню і тыпах сацыяльнага функцыянавання (прыкладныя Ж. - марш, танец, калыханка; культавыя і інш.); па зместу і тыпах экспрэсіі (лірычныя, эпічныя і драматычныя); па месцы і ўмовах выканання (тэатральныя, канцэртныя, камерныя, кінамузыка). У 20 ст. адбываўся інтэнсіўны працэс узаемадзеяння і мадыфікацыі Ж. @

Жывапіс, від выяўленчага мастацтва, творы якога ствараюцца з дапамогай фарбаў, што наносяцца на якую-небудзь паверхню. Займае галоўнае месца ў трыядзе выяўленчых мастацтваў (разам з графікай і скульптурай). Падзяляецца на станковы Ж. (асновай служыць палатно, дошка, кардон і інш.) і манументальны Ж. (творы размяшчаюцца на трывалай архітэктурнай аснове). Сярод жанраў Ж. - партрэт, пейзаж, нацюрморт, гістарычны, міфалагічны, батальны, анімалістычны і інш. Асобымі відамі Ж. з'яўляюцца іканапіс, мініяцюра, дыярама, панарама, а таксама дэкарацыйны Ж. (тэатральныя і кінадэкарацыі). Важнейшыя сродкі выразнасці - кампазіцыя, малюнак і колер (каларыт). Гісторыя Ж. бярэ пачатак ад наскальных роспісаў часоў палеаліту. У Старажытным Эгіпце дасягнуў высокага ўзроўню развіцця манументальны Ж. У антычнасці Ж. вызначаўся пластычнай яснасцю форм, шырокім, свабодным пісьмом, жыццёва дакладным адлюстраваннем прадметаў. Выдатным узорам антычнага станковага Ж. з'яўляюцца фаюмскія партрэты. У Сярэднявеччы ў Эўропе дамінаваў рэлігійны Ж., асноўнымі відамі якога былі фрэска, іканапіс, мініяцюра. У краінах Далёкага Ўсходу (Кітай, Карэя, Японія) паспяхова развіваўся Ж. акварэллю, тушшу і гуашшу на скрутках з шоўку і паперы. У эпоху Адраджэння заходнеэўрапейскі Ж. сцвярджаў гуманістычныя ідэалы і каштоўнасці (творчасць Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Рафаэля, А.Дзюрэра і інш.). У 17-18 ст. пачалі складвацца нацыянальныя школы Ж. ў Францыі (Н.Пусэн, А.Вато, Ж.Л.Давід), Італіі (М.Караваджа, Дж.Цьепала), Гішпаніі (Эль Грэка, Д.Веласкес, Ф.Гойя), Галандыі (Ф.Халс, Рэмбрант) і інш. Сфармаваліся розныя жывапісныя сістэмы з агульнымі стылявымі прыкметамі (Ж. барока, Ж. класіцызму, Ж. ракако). У канцы 19 ст. ў барацьбе з традыцыямі позняга класіцызму, акадэмізму і натуралізму склаўся Ж. рамантызму (Т.Жэрыко, Э.Дэлакруа і інш.) і рэалізму (Г.Курбэ, Дж.Канстэбл, К.Каро). Актыўныя пошукі новых выяўленчых сродкаў былі характэрны прадстаўнікам імпрэсіянізму і постімпрэсіянізму. У канцы 19-20 ст. ва ўсім свеце развіццё Ж. стала надзвычай складаным і супярэчлівым: адначасова суіснавалі і ўзаемаўплывалі розныя рэалістычныя і авангардысцкія, мадэрнісцкія плыні (фавізм, футурызм, абстракцыянізм, кубізм, экспрэсіянізм, сюррэалізм і інш.), што выявілася ў творчасці буйнейшых мастакоў - П.Пікасы, А.Маціса, Д.Рыверы, Д.Сікейраса, Дж.Полака, С.Далі, Р.Гутуза і інш.). З другой паловы 20 ст. Ж. актыўна развіваецца ў напрамках поп-арта, оп-арта, кінетычнага мастацтва, гіперрэалізму і інш., а таксама ў рэалістычным кірунку.

У Беларусі Ж. як самастойны від мастацтва пачаў фармавацца ў 11-12 ст. Развіваўся пад значным уплывам візантыйскага выяўленчага мастацтва (фрэскі Полацкай Спаса-Ефрасіннеўскай царквы і інш.). У 16-18 ст. меў месца росквіт партрэтнага жанру (напр., партрэты князёў, мітрапалітаў і інш.). На працягу 18-19 ст. у беларускім Ж. праявіліся рысы класіцызму, рэалізму, рамантызму (творы І.Аляшкевіча, В.Ваньковіча, Я.Дамеля, Я.Сухадольскага). Патрыятычныя ідэі, сацыяльныя матывы адлюстраваліся ў блізкай да рэалізму творчасці К.Альхімовіча (карціны «На этапе», «Пахаванне Гедзіміна»), Н.Селівановіча («Салдат з хлопчыкам»), Сухадольскага («Бітва пры Грунвальдзе») і інш. У пачатку 20 ст. творчасць М.Шагала і К.Малевіча паклала пачатак мастацтву авангарда ў Віцебску. Традыцыі нацыянальнай гісторыі і культуры знайшлі адлюстраванне ў творчасці Я.Драздовіча, М.Філіповіча, П.Сергіевіча, М.Сеўрука і інш. На працягу 1950-1980-х г. галоўную тэматычную лінію беларускага Ж. складала асэнсаванне сутнасці і наступстваў былой вайны (партызанскі цыкл і серыя «Лічбы на сэрцы» М.Савіцкага, «3 ліпеня 1944 года» В.Волкава, «Абаронцы Берасцейскай крэпасці» І.Ахрэмчыка, «Партызаны ў разведцы» Я.Ціхановіча і інш.). З 1960-х г. у Ж. пераважалі абагульненасць форм, сімвалічнасць і манументальнасць вобразаў, т.зв. «суровы стыль» (творы Савіцкага, У.Стальмашонка, Г.Вашчанкі, В.Ткачова і інш.). Важнае месца ў Ж. займала таксама тэма духоўнай і гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі («Кастусь Каліноўскі» А.Гугеля і Р.Кудрэвіч, творы Л.Шчамялёва, А.Марачкіна, Г.Вашчанкі і інш.). У 1970-1990-я г. ў Ж. актывізаваліся творчыя пошукі, эксперыменты мастакоў, пашырыўся абстрактна-асацыятыўны метад, узмацнілася мастацкая экспрэсія (творы А.Ксяндзова, В.Альшэўскага, Ф.Янушкевіча, Р.Заслонава, А.Задорына і інш.), ускладнілся выяўленчая мова манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва (працы Савіцкага, А.Кішчанкі і інш.). @

Жэнь (літар. «гуманнасць», «чалавекалюбства», «міласэрнасць»), адна з вызначальных катэгорый кітайскай філасофіі і традыцыйнай духоўнай культуры. Паняцце Ж. сумяшчае ў сабе тры галоўныя сэнсавыя аспекты: 1) маральна-псіхалагічны - любоў да людзей, справядлівасць, добрапрыстойнасць; 2) сацыяльна-этычны - сукупнасць усіх відаў правільных адносін да другога чалавека і грамадства ў цэлым; 3) этыка-метафізічны - інтэгратыўная ўзаемасувязь асобы з усім існым, уключаючы сюды нават неадушаўлёныя прадметы. @

Забэйда-Суміцкі Міхаіл (1900-1981), беларускі спявак (лірычны тэнар). Скончыў Маладэчанскую семінарыю (1918). Вакальную падрыхтоўку атрымаў у Харбіне, выступаў на сцэне Харбінскай оперы (1929-1932). У 1932-1934 у Мілане (Італія), удасканальваў майстэрства ў Ф.Карпі, канцэртаваў у Міланскай кансерваторыі. У 1935-1936 у Пазнанскай оперы (Польшча), з 1937 саліст Варшаўскага радыё. З 1940 у Празе: саліст Народнага тэатра, пазней канцэртны спявак. Пераможца многіх міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў вакалістаў. У 1963 з вялікім поспехам выступаў у розных гарадах Беларусі. Адзін з яркіх прадстаўнікоў эўрапейскай вакальнай школы. У найбольшай ступені талент З.-С. выявіўся ў партыях Ленскага («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Фаўста («Фаўст» Ш.Гуно), Альфрэда, Герцага («Травіята», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Альмавівы («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Уладзіміра («Князь Ігар» А.Барадзіна), «Пінкертона, Рудольфа («Мадам Батэрфляй», «Багема» Дж.Пучыні) і інш. Меў гнуткі, прыгожага, мяккага тэмбру голас, яркую сцэнічную знешнасць, акцёрскі талент; спяваў заўсёды на мове арыгінала (на 16 мовах). Наспяваў на грампласцінкі першыя ў Заходняй Беларусі беларускія народныя песні «Малады дубочак», «Чаму ж мне не пець», «Ляціць сарока», «Ой, рана-рана куры запелі», «Конь бяжыць, зямля дрыжыць» і інш. Выступаў з канцэртамі, у праграме якіх былі арыі, кантаты, рамансы, песні розных народаў свету. Вёў шырокую педагагічную дзейнасць. @

Замовы (загаворы, шэпты, слоўныя выказванні), адзін з найбольш старажытных жанраў вуснай народнай творчасці. Асноўнай мэтай З. з'яўлялася ператварэнне жаданага ў рэальнасць з дапамогаю магічных слоў і выразаў. З. традыцыйна падзяляюцца на некалькі тэматычных груп: звязаныя з гаспадарчай дзейнасцю; звязаныя з сямейна-бытавым жыццём; звязаныя з грамадскімі адносінамі; супраць хвароб (зубнога болю, ліхаманкі, зляку, скулы і інш.). У большасці З. даволі яскрава адлюстраваліся пантэістычныя, анімістычныя, антрапаморфныя ўяўленні беларусаў. @

Зараастрызм, рэлігія, якая атрымала назву па імені персідскага прарока Заратуштры (Зараастра; 8-7 ст. да н.э.). Свяшчэнная кніга З. - «Авеста», якая сладаецца з рэлігійных гімнаў, малітваў, легендаў і паданняў, разнастайных забарон, прадпісанняў і інш. Сярод асноўных прынцыпаў З. - супрацьпастаўленне дзвюх «вечных пачаткаў» (дабра і зла; святла і цемры), супрацьборства паміж якімі складае змест сусветнага гістарычнага працэсу; вера ў канчатковую перамогу дабра, якое ўвасабляецца ў вобразе вярхоўнага божаства Ахурамазды. Галоўную ролю ў рытуале адыгрывае агонь як ачышчальная сіла; Заратуштра адмяніў усе ранейшыя крывавыя ахвярапрынашэнні і пакінуў толькі вогненныя ахвярапрынашэнні; агонь ён лічыў сімвалам праведнасці і адзіна правільным шляхам да бессмяротнасці. У сучасны перыяд прыхільнікаў З., якія пражываюць у Індыі і Іране, налічваецца каля 125 тыс. чал. @

Заратуштра (грэч. Зараастр), прарок і рэфарматар старажытнаіранскай рэлігіі. Звестак пра жыццё З. захавалася вельмі мала. Магчыма, ён быў свяшчэннаслужыцелем. Паводле вучэння З., у свеце існуюць адзінае вярхоўнае божаства Ахурамазда (Армузд) - добры дух, які вядзе няспынную барацьбу са злым духам Анхра-Майнью (Арыманам). На баку Ахурамазды знаходзяцца шэсць добрых духаў (геніяў) - праўдзівасць, дабрамысленне, мудрасць, улада, здароўе і доўгавечнасць. На баку Арымана - толькі гнеў і хлусня. Задача чалавека, на думку З., імкнуцца да спрыяння Ахурамаздзе ў яго барацьбе з Арыманам. Сваё вучэнне З. выклаў у свяшчэнннай кнізе - «Авесце». Паданне прыпісвае аўтарства ўсіх кніг З., аднак сучасны аналіз пацвердзіў непасрэднае дачыненне З. толькі да асобных частак «Авесты». Нямецкі філосаф Ф.Ніцшэ назваў сваю кнігу імем З. («Так гаварыў Заратуштра», 1883-1884), таму што менавіта З. першым сярод усіх мудрацоў і прарокаў свету ўбачыў «у барацьбе дабра і зла сапраўдную прычыну руху рэчаў». @

Застой культурны, стан працяглай нязменнасці культуры, пры якім рэзка абмяжоўваюцца ці зусім забараняюцца розныя навацыі. У такім стане агульнапрынятыя ў грамадстве нормы, каштоўнасці, ідэалы, спосабы дзейнасці аднаўляюцца практычна ў нязменным выглядзе. Грамадства імкнецца пазбягаць непажаданых змен шляхам штучнага ізаляцыянізму, жорсткага кантролю над культурнай сферай з боку розных сацыяльных інстытутаў - дзяржавы, царквы, сістэмы адукацыі і інш. Пераадоленню К.з. могуць паспрыяць як знешнія (іншакультурныя ўплывы, культурныя запазычанні), так і ўнутраныя (змены ў культурнай палітыцы, творчая актыўнасць асобных індывідаў ці супольнасцей і інш.) фактары. @

Заходніцтва, кірунак расейскай грамадскай думкі сярэдзіны 19 ст.. Прадстаўнікі З. (П.Аненкаў, Т.Граноўскі, К.Кавелін, І.Тургенеў, П.Чаадаеў, Б.Чычэрын і інш.) лічылі, што гісторыя Расеі з'яўляецца часткай сусветнага гістарычнага працэсу, а яе грамадска-культурнае развіццё павінна ісці па заходнеэўрапейскаму шляху. У выніку Расея павінна засвоіць лепшыя рысы заходнееўарпейскай палітычнай сістэмы, эканамічнага ладу, сацыяльных інстытутаў, культурных норм і духоўных каштоўнасцей. Заходнікі прызнавалі агульнасць Расеі і Заходняй Эўропы як непадзельных частак адзінага культурна-гістарычнага цэлага, крытыкавалі самаўладдзе і прыгонніцтва, прапаноўвалі праекты вызвалення сялян з зямлёй, былі прыхільнікамі рэформ і канстытуцыйнага пераўтварэння дзяржаўнага ладу. Свае думкі выказвалі на старонках часопісаў «Отечественные записки», «Современник», «Русский вестник». З. аказала ўплыў на развіццё грамадска-філасофскай думкі і ўсёй расейскай культуры. @

Заходняя культура, адмысловы тып культуры, уласцівы краінам заходняй цывілізацыі (найперш Эўропа, Паўночная Амерыка). Да ліку асаблівасцей З.к. адносяцца прыярытэт рацыянальнага, разумнага, сцыентызм, дынамізм, інавацыйнасць, інывідуалізм, актыўнае тэхніка-тэхналагічнае пераўтварэнне свету і да т.п. Сярод яе асноўных здабыткаў - гуманізм, дэмакратыя, плюралізм, тэатр, камедыя і трагедыя, ода, байка, раман, опера, балет, рок-музыка, кіно, тэлебачанне, Інтэрнет і інш. @

Зеўс, старажытнагрэчаскі бог-уладыка, бог грому і маланкі (у рымлян - Юпітэр). Назва мае індаэўрапейскае паходжанне і азначае «светлае неба». З. пражываў на самай высокай гары ў Грэцыі - Алімпе, лічыўся бацькам багоў і людзей. Атрыбутамі З. была эгіда (шчыт), скіпетр, зрэдку арол. Культ З. быў распаўсюджаны практычна ва ўсіх грэчаскіх гарадах-дзяржавах; у яго гонар было пабудавана мноства храмаў. @

Зікурат, у архітэктуры Месапатаміі (Шумера, Вавілона) 3-1 тыс. да н.э. храмавая вежа, свяцілішча галоўнага божаства. Пры будаўніцтве З. прымяняліся высокія штучныя платформы, на самым версе якіх узводзіўся цэнтральны храм - «жыллё Бога». Жрацы на вяршыні З. нярэдка праводзілі астранамічныя назіранні. Адным з самых высокіх і вядомых З. лічылася т.зв. «Вавілонская вежа» (вышыня каля 90 м.), якая складалася з сямі ярусаў, на верхнім з якіх знаходзілася свяцілішча Мардука - вярхоўнага бога вавіланян. Вавілонская вежа ўпамінаецца ў Бібліі. @

Зімель Георг (1858-1918), нямецкі філосаф, сацыёлаг; прадстаўнік філасофіі жыцця. Разглядаў «жыццё» як працэс творчага станаўлення, што спасцігаецца толькі інтуітыўна, унутранымі перажываннямі. Трагедыю чалавечай творчасці З. бачыў у супрацьлегласці паміж творчай пульсацыяй «жыцця» і яго аб'ектывацыяй у застылых формах культуры. Культуру З. успрымаў як вытанчаную, напоўненую розумам форму жыцця, вынік духоўнай і практычнай дзейнасці людзей. Да сферы культуры адносіў найперш рэлігію, мастацтва, філасофскія навукі. Аўтар прац пра творчасць І.Гётэ, І.Канта, А.Шапенгаўэра, Ф.Ніцшэ і інш.., шматлікіх эсэ па філасофіі і гісторыі культуры. Асноўныя культуралагічныя ідэі З. выкладзены ў кнігах «Паняцце і трагедыя культуры» (1911-1912), «Канфлікт сучаснай культуры» (1918), «Гётэ» (1913) і інш. @

Зоамарфізм (ад грэч. soon - жывёла + morphe - форма),

1) упадабленне багоў, божастваў да вобразу розных жывёл. Узнік у першабытным грамадстве, калі склаліся ўяўленні пра жывёл як кроўных сваяках чалавека. Асобныя народы свету ў розныя гістарычныя эпохі з часоў старажытнасці ўяўлялі сваіх багоў у выглядзе жывёл (напр., у старажытных эгіпцян бог Анубіс меў выгляд шакала ці сабакі). У пазнейшыя часы З. паступова змяніўся антрапамарфізмам.

2) Рэлігійна-містычныя ўяўленні, вераванні і абрады, прысвечаныя жывёлам і звязаныя з культам жывёл. У сучаснай культуры З. увасабляецца ў розных сімвалах, адлюстроўваецца ў выяўленчым мастацтве (найперш у анімалістычным жанры), міфалагічных і казачных персанажах, знаках задыяку, сузор'ях, а таксама ў архітэктуры, прыкладным мастацтве, у тэхнічнай творчасці (біёніка) і г.д. Пераемнасць традыцый З. захоўваецца ў некаторых народаў да сучаснасці (напр., культ каровы і малпы ў Індыі, мядзведзя ў Паўночнай Амерыцы, рэшткі ўшанавання казы, мядзведзя ў беларускай традыцыйнай культуры і інш.). @

Зямля, сімвал, архетып культуры. Зямля ўяўляе сабой універсальны сімвал (архетып) нараджэння, мацярынства, урадлівасці і абароны. У беларускім фальклоры відавочна выяўлена ўяўленне пра З. як пра адвечную маці ўсяго жывога, у т.л. і самога чалавека. У фальклорных творах апісваюцца стваральнікі З. - найперш Бог і яго пастаянны антаганіст чорт. Паводле народных уяўленняў, З. стваралася паступова, у некалькі этапаў. Аб часе яе стварэння гаворыцца ў агульных рысах - «калісь». Прычым З. ўяўлялася ў выглядзе амаль жывой, самастойнай істоты (накшталт расліны). Гэта выяўляецца ў наступных словах з беларускага паданя «Бог і д'ябал»: «Гасподзь зямельку пасеяў, зямелька стала расці». @

Ібн Сіна (лацінізаванае Авіцэнна; Avicenna; 980-1037), вучоны, філосаф, лекар, музыкант. Жыў у Сярэдняй Азіі і Іране. Быў прыдворным лекарам у мясцовых султанаў, везірам. Пры двары аднаго з шахаў чытаў лекцыі па астраноміі і логіцы. Напісаў звыш 100 папулярных на Ўсходзе і Захадзе трактатаў па розных навуках. Сярод асноўных філасофскіх твораў - «Кніга збавення», «Кніга ўказанняў і павучанняў», якія ўтрымліваюць таксама яго прыродазнаўчыя, музычна-тэарэтычныя палажэнні. Энцыклапедыя тэарэтычнай і клінічнай медыцыны «Канон лекарскай навукі» І.С. ўяўляла сабой абагульненне поглядаў і вопыту грэчаскіх, рымскіх, індыйскіх і сярэднеазіяцкіх лекараў і на працягу многіх стагоддзяў выкарыстоўвалася як абавязковы падручнік па медыцыне (у т.л. ў сярэднявечнай Эўропе). @

Ідал (ад грэч. eidolon - вобраз, падабенства), матэрыяльны прадмет, які з'яўляецца аб'ектам культавага пакланення ў політэістычных рэлігіях. Першапачаткова І. былі натуральныя прадметы - камяні, дрэвы, рэкі; радзей жывёлы. Падчас пакланення І. у капішчах, на ахвярных алтарах маглі рабіцца ахвярапрынашэнні. У Беларусі І. прадстаўлены старажытнымі каменнымі, драўлянымі і металічнымі скульптурнымі выявамі язычніцкіх багоў (напр., Слонімскі, Шклоўскі ідалы). Лакальныя назвы І. - багі, балваны, каменныя бабы, куміры, ёлупы і інш. Пасля ўсталявання хрысціянства большасць І. была знішчана (закапана ў зямлю ці ўтоплена). Некаторым І. надавалі форму крыжа ці выбівалі на іх крыжы. У пераносным сэнсе І. - аб'ект сляпога, ірацыянальнага пакланення. У сучасным свеце своеасаблівымі «І.» могуць лічыцца асобныя музыканты, спевакі, акцёры, якія маюць мноства фанатычных прыхільнікаў. @

Ідэал (фр. ideal ад грэч. idea - ідэя, паняцце, уяўленне), дасканаласць; дасканалы ўзор якога-небудзь аб'екта, з'явы, падзеі з пункту гледжання канкрэтнага чалавека ці групы людзей. У пластычных мастацтвах І. - гэта найвышэйшы ўзор духоўнай і фізічнай прыгажосці, ісціны і дабра, увасоблены ў чалавеку. Кожная эпоха высоўвае свой уласны І. (божаства, святога, манарха, героя), выпрацоўвае ўяўленні, абсалютную гармонію, справядлівасць і прыгажосць, найвышэйшую мэту імкненняў і дзейнасці. Суадносіцца з каштоўнасцямі, якія даследуюцца аксіялогіяй і сацыялогіяй. Гуманістычны І. маральна і фізічна дасканалай асобы ўзнік ужо ў эпоху антычнасці. Тэорыя І. была сфармулявана ў нямецкай класічнай філасофіі (І.Кант, Г.Гегель, І.Фіхтэ). У 19-20 ст. узнік і атрымаў пашырэнне І. камуністычнага грамадства. У сярэднявечнай хрысціянскай культуры Беларусі яскрава выявіліся І. боскай мудрасці і грамадскай згоды (асветніцкая дзейнасць Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, рэлігійная паэзія). У эпоху Адраджэння сфармаваліся гуманістычныя І. асветніка, будаўніка хрысціянскага міру (творчасць Ф.Скарыны, М.Гусоўскага, Статуты ВКЛ і інш.). У канцы 19 - пачатку 20 ст. ў асяроддзі інтэлігенцыі (Ф.Багушэвіч, М.Багдановіч, І.Канчэўскі і інш.) быў сфармуляваны нацыянальна-адраджэнцкі І., які прадугледжваў стварэнне незалежнай дзяржаўнасці, забеспячэнне дэмакратычных правоў і свабод, свабоднае развіццё нацыянальнай культуры, мовы. Савецкая ўлада прапанавала грамадству камуністычныя І., якія звязваліся з ліквідацыяй прыватнай уласнасці, пабудовай бяскласавага грамадства, усталяваннем прынцыпаў справядлівасці і роўнасці ўсіх людзей. Аднак у канцы 20 ст. адбылося крушэнне гэтых утапічных І., таму ў сучасны перыяд паўстала праблема пошуку новых, адэкватных сённяшнім рэаліям грамадскіх І. @

Ідэалістычная культура, тэрмін, уведзены сацыёлагам П.Сарокіным. Ён лічыў, што свет І.к. з'яўляецца як звышпачуццёвым, так і пачуццёвым (аднак пачуццёвасць гэтая датычыцца самых вышэйшых праяўленняў). Каштоўнасці І.к. належаць адначасова як Небу, так і Зямлі. І.к. была характэрна, паводле П.Сарокіна, для старажытнай Грэцыі (5-4 ст. да н.э.) і для сярэднявечнай Заходняй Эўропы (13-14 ст.). @

Ідэацыйная культура, тэрмін, які ўвёў у навуковы ўжытак П.Сарокін. На яго думку, у гэтай культуры сапраўднай рэальнасцю лічыцца звышнатуральнае, недасягальнае органам пачуццяў быццё. Заснавана на прынцыпах звышапачуццёвасці і звышразумнасці Бога. Сярод чалавечых патрэбнасцей на першым плане знаходзяцца духоўныя, для задавальнення якіх неабходна трансфармацыя асобы, мінімізацыя фізічных патрэб, аскетызм. Стыль І.к. сімвалічны, мастацтва мае рэлігійны характар, а героямі могуць быць богі, ангелы, святыя. Да І.к. адносяцца культура брахманісцкай Індыі, будыйская культура, культура Сярэднявечча да канца 12 ст. @

Ідэальны тып, паняцце, уведзенае нямецкім сацыёлагам М.Веберам. Разглядаецца як тэарэтычная канструкцыя, схема, узор, разумовы вобраз, што не з'яўляецца гістарычнай рэальнасцю і дазваляе зручным спосабам упарадкаваць разнастайны эмпірычны матэрыял. Азначае таксама вобраз культуры, які нібы накладваецца на вывучаемую рэальнасць. І.т. уяўляецца як своеасаблівая «ідэя» гістарычна дадзенай арганізацыі грамадства. Могуць існаваць як індывідуальныя, так і калектыўныя І.т. У якасці І.т. успрымаюцца паняцці рэлігій, гаспадаркі, капіталізму і, нават, бардэляў. Паводле М.Вебера, мэта ўтварэння ідэальна-тыпічных паняццяў заўсёды заключаецца ў тым, каб «поўнасцю давесці да свядомасці не родавыя прыкметы, а адметнасць з'яў культуры». @

Іканапіс (мастацтва вырабу ікон [абразоў]), від станковага рэлігійнага жывапісу (галоўным чынам праваслаўнага). Кананічныя нормы І., якія рэгламентавалі творчасць майстроў-іканапісцаў, аформіліся ў 11-12 ст. у Візантыйскай імперыі. Расейскія іканапісцы (А.Рублёў, Ф.Грэк, Дыянісій і інш.) увасобілі ў сваёй творчасці не толькі праваслаўныя сюжэты, але і агульначалавечыя, гуманістычныя ідэалы. У Беларусі І. узнік пасля прыняцця хрысціянства. У гісторыі мастацтваў сустракаюцца ўпамінанні пра абразы 12-14 ст. (напр., «Маці Божая Эфеская» з Полацка). Да 16 ст. беларускі І. развіваўся пад моцным уплывам візантыйскага мастацтва. У 16 ст. склалася самабытная беларуская іканапісная школа. У І. найбольш пашыранымі на беларускіх землях былі сюжэты, прысвечаныя Маці Божай (Адзігітрыя і Замілаване), а таксама евангельскія матывы (жыццё і дзеянні Хрыста, апосталаў). Адначасова з выявамі святых майстры беларускага І. стваралі шматфігурныя кампазіцыі з элементамі ландшафтнага і архітэктурнага пейзажаў, нацюрморта, партрэта і інш. У канцы 20 ст. пачалі адраджацца традыцыі І., што выяўляецца не толькі ў капіравані і стылізацыі старажытных форм, але і стварэнні арыгінальных твораў. @

Ікэбана (літар. «жыццё кветак»), у традыцыйным японскім мастацтве сімвалічны букет з жывых ці штучных кветак, які падбіраецца ў адпаведнасці з сезонам, канкрэтнай падзеяй, настроем гаспадара; мастацтва састаўлення букетаў. Кампазіцыя І. заснавана на сімвалічным трыадзінстве Неба, Зямлі і Чалавека. І. звычайна ставілі ў спецыяльнай нішы - «таканома» - у інтэр'еры чайнага доміка (павільёна), або ў галоўным пакоі палаца, асобнага дома. Шырока прымяняецца ў афармленні сучаснага інтэр'ера. У Японіі і за яе межамі існуюць разнастайныя школы і кірункі І. @

«Іліяда» (паэма аб Іліёне, г.зн. Троі), старажытнагрэчаская эпічная паэма, якая прыпісваецца Гамеру. Узнікла, верагодна, у 9-8 ст. да н.э. на аснове паданняў аб Траянскай вайне. Напісана гекзаметрам, складаецца з каля 15 700 вершаў. У паэме расказваецца пра апошнія 50 дзён дзесятага года Траянскай вайны. Яе галоўны герой - мужны грэчаскі герой Ахіл. Карціны гераічных паядынкаў чаргуюцца з карцінамі мірнага жыцця ў асаджанай Троі і са сцэнамі спрэчкі багоў на Алімпе. @

Імажызм (ад англ. image - вобраз), школа ў ангельскамоўнай паэзіі пачатку 20 ст. Аўтарам тэрміна «І.» быў, верагодна, Эзра Паўнд (1885-1972), які прымяніў яго да творчасці групы паэтаў, куды ўваходзіў і ён сам. Асноўныя прадстаўнікі І. - паэты Р.Олдзінгтон, Э.Паўнд, Э.Лоўэл, Ф.Флінт, Д.Флетчэр і інш. У 1915 у ЗША выйшаў зборнік «Паэты-імажысты», у маніфесце якога былі выкладзены шэсць прынцыпаў І.: 1) дакладнае выкарыстанне штодзённай мовы без непатрэбных упрыгажэнняў; 2) разнастайнасць вершаваных памераў, перавага навізны; 3) свабода і разнастайнасць тэм; 4) свабоднае выкарыстанне вобразаў, якое Паўнд вызначаў як «узнаўленне інтэлектуальна-эмацыянальнага комплексу ў дадзены момант часу»; 5) дакладнасць і яснасць уздзейнічаючых уражанняў; 6) пераадоленне расплыўчатасці з дапамогай канцэнтрацыі свядомасці. @

Імідж культуры, вобраз культуры, які мэтанакіравана фармуецца і закліканы аказаць эмацыянальна-псіхалагічнае ўздзеянне на прадстаўнікоў іншай культуры. Ствараецца з мэтай папулярызацыі, рэкламы, распаўсюджання пэўнай культуры ў канкрэтным сацыякультурным асяродку. І.к. можа быць як пазітыўным, станоўчым, так і негатыўным, адмоўным. У фармаванні І.к. значную ролю адыгрываюць дзяржаўная культурная палітыка, сродкі масавай інфармацыі (тэлебачанне, радыё, перыядычны друк, Інтэрнет) і інш. @

Імітацыя (лац. imitafio - перайманне), у мастацтве перайманне якога-небудзь стылю, кірунку, школы, манеры майстра ці якасцей пэўнага матэрыялу з дапамогай іншых сродкаў, прыёмаў і матэрыялаў. Паняцце «І.» выкарыстоўваецца як у пазітыўным сэнсе (калі гэта абумоўлена мастацкімі задачамі ці агаворваецца спецыяльна), так і ў негатыўным (як сінонім падману, падробкі, часта ў камерцыйных мэтах). @

Імправізацыя (лац. improvisus - непрадбачаны), стварэнне мастацкага твора (верша, музыкі, спектакля, танца, песні і інш.) непасрэдна ў працэсе яго выканання. У шырокім сэнсе - творчасць без папярэдняй падрыхтоўкі, якая выяўляе непасрэднасць развіцця мастацкай думкі. У сферы літаратуры І. распаўсюдзілася ў Італіі ў эпоху Сярэднявечча і асабліва Адраджэння. У галіне музыкі адыгрывала важную ролю ў канцэртным выканальніцтве да канца 18 ст. Сярод найбольш вядомых музыкантаў-імправізатараў В.А.Моцарт, Л.Бетховен, Ф.Шапэн, А.Рубінштэйн і інш. Імправізацыйны характар мелі асобныя беларускія каляндарныя і сямейна-бытавыя абрады, народны тэатр, інтэрмедыі школьнага тэатра. Мастацтвам І. былі насычаны выступленні трупы В.Дуніна-Марцінкевіча, Першай беларускай трупы І.Буйніцкага, беларускія вечарынкі і інш. @

Імпрэсіянізм (ад франц. impression - уражанне), кірунак у мастацкай культуры апошняй трэці 19 - пачатку 20 ст. Узнік у 1870-х г. у французскім жывапісе, а потым праявіўся ў музыцы, літаратуры, тэатры. Тэрмін «І.» паходзіць ад аднайменнай назвы адной з карцін Клода Манэ «Impression. Soleil Levant» («Уражанне. Узыход сонца»; 1872). Сярод асноўных прадстаўнікоў І. ў выяўленчым мастацтве - К.Манэ, П.-А.Рэнуар, К.Пісарро, Э.Дэга. Сутнасць І. - у танчайшай фіксацыі выпадковых прасторава-часавых момантаў рэчаіснасці, мімалётных уражанняў, паўтаноў. У сваіх пейзажах, партрэтах мастакі-імпрэсіяністы імкнуцца захаваць сілу і свежасць «першага ўражання», якое здольнае выявіць у рэчаіснасці сапраўды непаўторнае, унікальнае. У беларускім выяўленчым мастацтве рысы І. уласцівы творчасці Я.Драздовіча, В.Бялыніцкага-Бірулі, У.Кудрэвіча і інш. І. аказаў уплыў і на іншыя разнавіднасці мастацкай культуры - музыку, літаратуру і тэатр. І. у музыцы прадстаўлены імёнамі К.Дэбюсі, М.Равеля і інш., у літаратуры - К. Гамсуна, Т.Мана, С.Цвэйга і інш. Галоўнае ў музыцы І. - перадача тонкіх псіхалагічных настрояў і станаў, выкліканых сузіраннем знешняга свету. @

Інавацыя культурная (ад англ. innovation - новаўвядзенне), новаўтварэнне, з'яўленне і распаўсюджванне аб'екта ці рысы, якія раней не мелі месца, а ўзніклі толькі на пэўным этапе культурнага развіцця. Можа быць вынікам унутрыкультурнага вынаходніцтва ці міжкультурнага ўзаемадзеяння. У гісторыі культуры чалавецтва найбольш важнымі І.к. можна лічыць, напр., узнікненне рэлігіі, вынаходніцтва розных тыпаў пісьма, сістэм лічэння, з'яўленне навукі, літаратуры, мастацтва, філасофіі, кіно і да т.п. @

Інварайнмент (ат англ. environment - навакольнае асяроддзе), адна з інтэрдысцыплінарных форм постмадэрнізму. Узнік у 1860-я г. І. уяўляе сабой аранжыроўку навакольнай прасторы (прыроднага геаграфічнага комплексу, горада ці закрытага памяшкання) з дапамогай алагічнага спалучэння створаных мастаком (або публікай) аб'ектаў з гатовымі элементамі навакольнага асяроддзя. Разнавіднасцю І. з'яўляюцца экалагічнае мастацтва, лэнд-арт, прыродная скульптура, інсталяцыя. @

Індра, ведычнае вярхоўнае божаства; «цар багоў і ўсяго Сусвету». Спачатку бог навальніцы, дажджу і грому; пазней - заступнік царскай улады, барацьбіт супраць усякіх дэманаў, ворагаў і інш. Лічыўся таксама дарыльшчыкам ураджаю, даўгалецця, мужчынскай сілы, багацця. З'яўляецца ўвасабленнем надзвычайнай фізічнай сілы і мужнасці. Меў выгляд прыгожага белацелага юнака, які ляціць па небу ў суправаджэнні нябесных танцаўшчыц-прыгажунь - апсар. @

Індуізм, адна з найбольш буйных (па колькасці вернікаў) рэлігій свету. Каля 95% усіх індуістаў свету пражываюць у Індыі. Сфармаваўся ў 1 тыс. да н.э. ў выніку далейшай эвалюцыі ведычнай рэлігіі і брахманізма, а таксама асіміляцыі народных вераванняў. У аснове І. - вучэнне аб пераўвасабленні душаў (сансара) і карме; ушанаванне вярхоўных багоў Вішну і Шывы; следаванне каставым правілам. У І. свяшчэннымі лічацца: сярод жывёл - карова, змяя; сярод рэк - Ганг; сярод раслін - лотас. Культавыя абрады адбываюцца ў храмах, каля мясцовых і хатніх алтароў, а таксама ў свяшчэнных месцах. Для І. уласціва ўяўленне аб універсальнасці і ўсеагульнасці вярхоўнага божаства. У І. існуюць дзве асноўныя плыні - вішнуізм і шываізм. @

Індывідуацыя (лац. individuatio),

1) працэс вылучэння адзінкавага і індывідуальнага са ўсеагульнага. Ідэя І. была сфармулявана яшчэ антычнымі філосафамі. Прадстаўнікі стаіцызму (Зянон, Хрысіп, Сенека) лічылі, што навука імкнецца пазнаць агульнае, але пачуцці чалавека ўспрымаюць рэчаіснасць як нешта адзінкавае. Арыстоцель сфармуляваў прынцып І., пад якім ён разумеў спалучэнне формы з матэрыяй.

2) У аналітычнай псіхалогіі К.Г.Юнга І. азначае працэс станаўлення і развіцця адзінага, цэласнага, унікальнага індывіда ў выніку асіміляцыі свядомасцю зместу асабістага і калектыўнага неўсвядомленага. Ахоплівае практычна ўвесь перыяд чалавечага жыцця і прадугледжвае свядомае развіццё і выяўленне ўсіх (у т.л. і супрацьлеглых) элементаў асобы. Канчатковы вынік ажыццяўлення І. - самарэалізацыя чалавека, якой могуць дасягнуць толькі найбольш мэтанакіраваныя, высокаадукаваныя і здольныя людзі. @

Індыйская культура, культурная спадчына індыйскага народа. Індыйская цывілізацыя адносіцца да ліку адной з найбольш старажытных у свеце (разам з эгіпецкай і месапатамскай); яна ўзнікла і развівалася ва ўрадлівай даліне дзвюх буйных рэк - Інда і Ганга. Да найбольш важных і адметных рыс І.к. можна аднесці яе своеасаблівую «адкрытасць» для знешніх уплываў; багацце і разнастайнасць рэлігійна-філасофскіх вучэнняў (ведызм, індуізм, брахманізм, будызм, джайнізм і інш.); захаванне на працягу тысячагоддзяў політэістычных ўяўленняў; відавочная звернутасць да Сусвету і адначасова да ўнутранага свету чалавека; надзвычайная «прасякнутасць» пачуццём кахання. Неадназначны ўплыў на сацыяльнае і духоўна-культурнае развіццё індыйскага грамадства аказала сістэма чатырох варнаў (саслоўяў) - брахманы (жрацы), кшатрыі (правіцелі і воіны), вайш'я (земляробы, жывёлаводы, простыя абшчыннікі) і шудры (бедныя, бяспраўныя людзі), а пазней - шматлікіх кастаў. У І.к. высокі ўзровень развіцця быў уласцівы літаратуры («Веды», «Упанішады», «Махабхарата», «Рамаяна», «Кама-Сутра», джатакі і інш.), архітэктуры (індуісцкія і будыйскія культавыя і мемарыяльныя збудаванні - храмы, ступы, манастыры і інш.), рэлігійна-філасофскай думцы (канцэпцыі кармы, сансары і інш., якія сталі своеасаблівым маральна-этычным рэгулятарам паводзін індыйцаў на працягу многіх стагоддзяў), выяўленчаму мастацтву (насценныя роспісы, рэльефы ў храмах, статуі Буды і іншых божастваў, капітэлі са скульптурнымі выявамі на вяршыні мемарыяльных калон, мітхуны і інш.), музыкі і харэаграфіі (розныя віды музычнага тэатра, мноства класічных танцаў і да т.п.). @

Індыферэнтызм культурны, натуральнае ці паказное раўнадушша, абыякавасць асобнага індывіда ці групы людзей да розных відаў культуры (музыка, тэатр, літаратура). Выяўляецца ў адсутнасці ўсякай цікавасці, інтарэсу людзей да тых ці іншых форм культурнай дзейнасці, да жыцця і творчасці мастакоў, літаратараў, музыкантаў, кінематаграфістаў. @

Інкультурацыя, працэс і вынік засваення людзьмі традыцый, звычаяў і каштоўнасцей, вераванняў роднай культуры; вывучэнне і перадача культуры ад аднаго пакалення да іншага. Тэрмін І. уведзены амерыканскім антраполагам М.Херсковіцам у яго кнізе «Чалавек і яго праца. Навука культурнай антрапалогіі» (1948). У ходзе І. індывід засвойвае традыцыйныя спосабы мыслення і дзеянняў, характэрныя для той культуры, да якой ён належыць. У адрозненне ад сацыялізацыі, канечным вынікам І. з'яўляецца не асоба, а інтэлігент як своеасаблівая сукупнасць набытых культурных норм. Паняцце «І.» прымяняецца як да засваення культурных норм дзецьмі, так і дарослымі індывідамі (у апошнім выпадку гэта могуць быць імігранты, якія адаптуюцца да новых культурных абставін). Працэс І. можа працягвацца не толькі некалькі гадоў, але часам і ўсё жыццё чалавека. @

Інсітнае мастацтва (інсіта, наіўнае мастацтва), галіна выяўленчага мастацтва; творчасць мастакоў, якія не маюць прафесійнай мастацкай падрыхтоўкі. Атрымала пашырэнне з 1880-х г. у краінах Заходняй Эўропы (творчасць французскіх мастакоў А.Русо, К.Бамбуа, С.Луі і інш.). Тэрмін «І.м.» ўведзены ў 1966 г. славацкім мастацтвазнаўцам Ш.Ткачом. Творчасць мастакоў-інсітнікаў мае характар захаплення, выражаецца інстынктыўна, непасрэдна самабытна, суб'ектыўна, чым адрозніваецца ад самадзейнага мастацтва мастакоў-аматараў, арыентаваных на спасціжэнне прафесійнай мовы выяўленчага мастацтва. Стылістыка І.м. вызначаецца метафарычнасцю мастацкай мовы, дэталізацыяй, умоўнасцю перспектывы, імкненнем да абагульненасці тыпажу, лакальным колерам, перавагай размалёўкі над жывапіснасцю. У Беларусі пэўнымі рысамі І.м. вылучаюцца асобныя творы Я.Драздовіча, М.Засінца, І.Супрунчыка, М.Тарасюка, Л.Трахалёвай, В.Кавалеўскага і інш. Створаны музеі твораў Засінца (у Ельскім раёне Гомельскай вобласці) і Тарасюка (Пружанскі раён Берасцейскай вобласці). У 1994 г. у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адбылася першая нацыянальная выстаўка І.м. @

Інсталяцыя (ад франц. installation - устаноўка, размяшчэнне, збудаванне), у мастацтве 20 ст. - мастацкі твор, які ўяўляе сабой аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю, канструкцыю з розных прадметаў (якія часта ўжо раней выкарыстоўваліся), падначаленую пэўнай мастацкай задуме. У І. гратэскны характар падбору аб'ектаў дэманстрацыі (газеты, гародніна, банкі кансерваў, звязкі хворасту, тэхнічныя прыстасаванні і інш.) дазваляе шматкратна ўзмацніць алагічны характар усёй мастацкай кампазіцыі. Звычайна ствараецца ў час правядзення буйных выставак у экспазіцыйных памяшканнях або ў інтэр'еры і размяшчаецца найчасцей на даволі вялікіх плошчах. І. узнікла ў 1970-я г., прычым пашырылася пераважна ў ЗША, Германіі, Польшчы і інш. краінах. У Беларусі І. выкарыстоўваецца з канца 1980-х г. у творчасці мастакоў І.Кашкурэвіча, А.Клінава, А.Вараб'ёва і інш. @

Інталерантнасць культурная, адмоўныя, нецярпімыя адносіны асобнага індывіда ці групы людзей да асобных відаў культуры, да некаторых стваральнікаў культурных каштоўнасцей (мастакоў, музыкантаў, спевакоў, пісьменнікаў, архітэктараў і інш.). Можа праяўляцца таксама ў адмоўным стаўленні да дзейнасці тых або іншых дзяржаўных устаноў, грамадскіх арганізацый, якія працуюць у сферы культуры. І.к. нярэдка сведчыць пра абмежаванасць культурнага кругагляду індывідаў, іх агрэсіўныя, часам нават асацыяльныя схільнасці, думкі і паводзіны. @

Інтуіцыя (ад позналац. intuitio - сузіранне), здольнасць спасціжэння ісціны шляхам яе непасрэднага перажывання без абгрунтавання з дапамогай лагічных доказаў; працэс непасрэднага атрымання ведаў шляхам цэласнага «схоплівання» праблемнай сітуацыі без лагічнага яе вытлумачэння. Антычныя філосафы разглядалі І. як своеасаблівы сродак цэласнага «спасціжэння сябе» (Сакрат), як спосаб пазнання ідэй (Платон), як спосаб пазнання вышэйшых прынцыпаў быцця (Арыстоцель). У інтуітывізме І. тлумачыцца як непасрэднае зліццё суб'екта з аб'ектам, поўнае пераадоленне супрацьлегласці паміж імі (А.Бергсон). У філасофіі жыцця І. супрацьстаіць навуковаму пазнанню жыццёвай рэальнасці і ўспрымаецца як здольнасць да ірацыянальнага спасціжэння свету. У псіхааналізе І. трактуецца як неўсвядомлены першапрынцып творчай дзейнасці чалавека (З.Фрэйд). У экзістэнцыялізме І. тлумачыцца як спецыфічны спосаб быцця чалавека ў свеце (М.Хайдэгер, К.Ясперс і інш.). Адыгрывае важную ролю ў вырашэнні складаных навуковых задач, стварэнні арыгінальных мастацкіх твораў, прадухіленні канфліктных сітуацый у штодзённым жыцці кожнага чалавека і да т.п. @

Інтуітывізм, філасофска-метадалагічная ўстаноўка і кірунак філасофіі, якія асноўным спосабам спасціжэння быцця лічаць непасрэднае, інтуітыўнае пранікненне ў сутнасць розных прадметаў і з'яў. Найбольш вядомыя прадстаўнікі і прыхільнікі І. - французскія філосафы А.Бергсон, Э.Жыльсон, Ж.Марытэн, нямецкія філосафы Э.Гусерль, М.Гартман, М.Шэлер, расейскія філосафы М.О.Лоскі, С.Л.Франк і інш. І. разглядае ірацыянальнае, «жывое» перажыванне ў якасці асновы філасофскага мыслення і адначасова найбольш дакладнага сродку пазнання рэчаіснасці. Для І. характэрна разуменне інтуіцыі як асобай, самай «каштоўнай» псіхічнай здольнасці ў параўнанні з дыскурсіўным, лагічным мысленнем. Ідэі І. набылі важнае значэнне ў розных містычных плынях, у якіх містычная інтуіцыя лічылася вышэйшай формай спасціжэння звышрэальнасці ў яе сувязі з рэальнасцю асабістага «Я». Упершыню на важную ролю інтуіцыі ў пазнанні рэчаіснасці звярнулі ўвагу яшчэ антычныя філосафы (Платон, Арыстоцель). Аднак як асобны філасофскі кірунак І. узнік на мяжы 19-20 ст., што з'яўлялася своеасаблівай рэакцыяй на шырокае распаўсюджанне рацыянальнага спосабу мыслення. Вылучаюцца дзве асноўныя разнавіднасці І. Для першай характэрна супрацьпастаўленне інтэлекта і інтуіцыі (А.Бергсон і іншыя прадстаўнікі філасофія жыцця), а для другой, наадварот, спроба арганічна спалучыць інтэлектуальнае і інтуітыўнае пазнанне. У цэлым І. імкнецца абгрунтаваць поўную аўтаномію інтуітыўнага пазнання ад прыродазнаўчага. @

Інтымізацыя культуры, культуралагічны тэрмін, які фіксуе працэс фармавання аднаго з тыпаў культурнага асяродку - камфортнага, індывідуальна-інтымнага. Пры І.к. спажыванне культурных каштоўнасцей адбываецца ў вузкім, часам хатнім, «інтымным» коле. Акрамя станоўчых (камфортнасць, лёгкасць, таннасць авалодвання феноменамі культуры), І.к. мае і негатыўныя наступствы. Да ліку апошніх можна аднесці непазбежную страту жывога, непасрэднага кантакту людзей, пагрозу нарастаючай духоўнай ізаляцыі індывіда ва ўмовах лакалаізацыі культуры за «хатнімі дзвярыма». Асобныя культуролагі выказваюць меркаванне, што сучасны навукова-тэхнічны прагрэс будзе спрыяць паглыбленню працэсаў І.к. @

Інтэграцыя культурная, працэс паглыблення культурнага ўзаемадзеяня і ўзаемаўплываў паміж дзяржавамі, нацыянальна-культурнымі групамі і гісторыка-культурнымі вобласцямі. Ахоплівае ўзаемадзеянне паміж установамі культуры, творцамі і спажывальнікамі культуры, працэс узгаднення розных нацыянальных форм культуры, традыцый і навацый, устанаўленне адзінай агульначалавечай сістэмы каштоўнасцей. У выніку І.к. розныя элементы, часткі культуры з-за іх падабенства паступова аб'ядноўваюцца ў адзіную культурную сістэму. @

Інтэлект (ад лац. intellectus - пазнанне, розум), агульная здольнасць мыслення, рацыянальнага ўспрымання; сукупнасць усіх пазнавальных здольнасцей індывіда (памяці, пачуццяў, адчуванняў, уяўленняў і інш.). Тэрмін «І.» з'яўляецца перакладам старагрэчаскага слова «нус», што азначае «розум». У эпоху антычнасці Арыстоцель і Платон лічылі «нус» вышэйшай разумнай часткай чалавечай душы. У Сярэднявеччы адны філосафы лічылі, што воля падпарадкоўваецца І. (Фама Аквінскі), а другія сцвярджалі абсалютна адваротнае (У.Акам, Дунс Скот). Прадстаўнікі нямецкай класічнай філасофіі тлумачылі І. як магчымасць розуму да ўтварэння абстрактных паняццяў (І.Кант), або як разумовую здольнасць да абстрактна-аналітычнага расчлянення (Г.Гегель). З канца 19 - пачатку 20 ст. у эксперыментальнай псіхалогіі пачалі атрымоўваць распаўсюджанне разнастайныя колькасныя, статыстычныя метады вымярэння і ацэнкі І. (найперш спецыяльныя тэсты). Пры вывучэнні структуры І. рознымі аўтарамі выдзяляецца ад 1-2 да 120 яго састаўных частак, элементаў. Большасць даследчыкаў лічыць, што існуе агульны І. як універсальная псіхічная здольнасць чалавека. Індывідуальны ўзровень развіцця І. абумоўлены ўплывам як біялагічна-генетычных, так і сацыяльных (асаблівасці сацыялізацыі чалавека, сямейнага выхавання, сацыяльных кантактаў і інш.) фактараў. У сучасны перыяд для абазначэння тэхнічных сістэм, здольных да адаптыўных паводзін і рашэння разнастайных задач, выкарыстоўваецца паняцце «штучны І.». @

Інтэлігенцыя (ад лац. imtelligens - разумны, разумеючы), грамадскі слой людзей, якія прафесійна займаюцца разумовай, творчай працай, развіццём і распаўсюджваннем культуры. Выдзяляецца творчая і навукова-тэхнічная І. Тэрмін «І.» быў уведзены ў 19 ст. расейскім даследчыкам П.Бабарыкіным і пазней з расейскай перайшоў у іншыя мовы. Перадумовай узнікнення І. быў падзел працы, асабліва аддзяленне разумовай ад фізічнай, які адбыўся яшчэ ў антычную эпоху і паглыбляўся ў працэсе фармавання і развіцця індустрыяльнага грамадства. І. неаднародная па сваім сацыяльным паходжанні, статусе і палітычных арыентацыях, выконвае функцыі тэарэтычнага асэнсавання і выпрацоўкі канцэпцый развіцця грамадства, культуры, асветы, а таксама арганізацыі розных сацыяльных інстытутаў. У Беларусі І. як самастойны сацыяльны слой склалася ў 19 - пачатку 20 ст. і ўнесла значны ўклад у развіццё беларускай літаратуры, выяўленчага і тэатральнага мастацтваў, навукі. У сярэдзіне 1990-х г. у Беларусі налічвалася каля 1 млн. чал., якія працавалі ў сферах, звязаных з разумовай працай. @

Інтэрналізацыя (ад лац. interims - унутраны), працэс засваення індывідам або групай людзей сацыяльных каштоўнасцей, норм, установак, стэрэатыпаў тых індывідаў, з кім яны ўступаюць у адносіны, кантакты. У выніку І. асобныя маральныя, псіхалагічныя ўстаноўкі, арыентацыі, структуры, якія спачатку былі знешнімі ў дачыненні да пэўных індывідаў, груп, паступова становяцца іх унутранымі рэгулятарамі паводзін. @

Інтэрнет (ад лац. inter - паміж + net - павуцінне, сетка), міжнародная (сусветная) камп'ютэрная сетка электроннай сувязі, якая аб'ядноўвае рэгіянальныя, лакальныя, нацыянальныя і інш. сеткі. Спрыяе значнаму паскарэнню і паляпшэнню абмену разнастайнай інфармацыяй (дзелавой, навукова-тэхнічнай, гуманітарнай, індывідуальнай і інш.). Колькасць карыстальнікаў І. хутка павялічваецца і сёння складае сотні мільёнаў чалавек. Узнікла нават паняцце «Інтэрнет-пакаленне» для вызначэння тых дзяцей і маладых людзей, якія значную частку свайго часу праводзяць у І. Менавіта з І. многія людзі атрымліваюць самую разнастайную інфармацыю, заказваюць сабе неабходныя рэчы, пакупкі на дом, вырашаюць дзелавыя справы, вядуць перапіску, размовы, знаёмяцца і нават ствараюць новыя сем'і. Цяпер нават не выходзячы са свайго дома, офіса, вучэбнай аўдыторыі можна атрымліваць свабодны доступ да любых сусветных навін, вывучаць замежныя мовы, праглядаць кінафільмы, карыстацца электроннай поштай, афармляць разнастайныя заказы, чытаць кнігі ў розных бібліятэках, наведваць мастацкія галерэі, праслухоўваць музыку, трапляць на канцэрты, удзельнічаць у тэлеканферэнцыях, размаўляць (як па тэлефону, толькі значна танней!) са сваімі сябрамі, знаёмымі з розных краін свету. Прычым практычна ўсё гэта можна рабіць у рэжыме «он-лайн», дзе абмен інфармацыяй адбываецца па прынцыпу «тут і зараз». Адзін з заснавальнікаў і распрацоўшчыкаў сучасных камп'ютэрных тэхналогій Біл Гейтс (самы багаты чалавек на планеце) паставіў мэту ўвесці камп'ютэр у кожны дом. Можна сказаць, што на нашых вачах узнікае своеасаблівая агульнасусветная «камп'ютэрная цывілізацыя», якая ахоплівае ўсе рэгіёны і кантыненты Зямлі. @

Інфармацыйная культура (ад лац. informatio - тлумачэнне, выкладанне), сукупнасць арганізацый, устаноў, тэхнічных сродкаў, якія спрыяюць выпрацоўцы і распаўсюджанню важнай для жыццядзейнасці чалавека інфармацыі; узровень набытых асобнымі людзьмі або ўсім грамадствам ведаў. Тэрмін «І.к.» адлюстроўвае спецыфіку арганізацыі інфармацыйных працэсаў, ступень задаволенасці людзей у якасці і колькасці атрыманай інфармацыі, асаблівасці стварэння, перапрацоўкі і перадачы разнастайных інфармацыйных патокаў. @

Інфраструктура культуры, сукупнасць сацыяльна-культурных і сацыяльна-бытавых аб'ектаў, якія забяспечваюць стварэнне, захаванне, трансляцыю і ўзнаўленне культурных каштоўнасцей, спрыяюць развіццю культурнага жыцця і творчасці. У сферу І.к. уваходзяць музеі, публічныя бібліятэкі, тэатры, кінатэатры, мастацкія галерэі, творчыя майстэрні, выставачныя залы, навуковыя і навучальныя ўстановы, інстытуты, творчыя саюзы, сродкі масавай інфармацыі, а таксама грамадскія арганізацыі, міністэрствы і ведамствы культурнага профілю. Да ліку элементаў ці аб'ектаў І.к. адносяцца і гарадскія плошчы, вуліцы і транспартныя магістралі, па якіх людзі дабіраюцца да музеяў, тэатраў, бібліятэк і інш. Найбольш развітая І.к. ў гарадах, а ў сельскай мясовасці яна звычайна вельмі слабая, недастаткова сфармаваная. У краінах Афрыкі і Лацінскай Амерыкі І.к. менш развітая, чым у Японіі, ЗША, Заходняй Эўропе. @

Інь-Ян (кіт. «цемра-святло»), у кітайскай рэлігійна-філасофскай думцы два палярна супрацьлеглыя (але ў той жа час непадзельныя і ўзаемазвязаныя) пачаткі, якія ляжаць у аснове існавання Сусвету, Космасу, а таксама ўсяго жывога на Зямлі. Ёсць дзве выявы Інь-Ян - круг з двума часткамі (светлай і цёмнай), у кожнай з якіх пазначана кропка іншага колеру; Інь увасабляе жаночы пачатак, а Ян - адпаведна мужчынскі. Інь - гэта «цёмнае», «рэчавае», «халоднае», «жаночае», «пасіўнае», «мяккае», «зямное», «вільготнае», «інтуітыўнае», Ян - гэта «светлае», «духоўнае», «гарачае», «мужчынскае», «актыўнае», «цвёрдае», «нябеснае», «сухое», «рацыянальнае». Гэтыя два супрацьлеглыя пачаткі, дасягнуўшы свайго апагея, узаемна пераходзяць адзін у аднаго (класічны прыклад - агрэгатныя станы вады, калі звычайная вада па сваёй прыродзе мяккая і цёмная (Інь), але пад уплывам холаду яна пераўтвараецца ў празрысты і цвёрды лёд (Ян). У кожным Інь ёсць нейкая частка Ян, а ў кожным Ян у зародкавым стане ўжо існуе Інь. Чаргаванне Інь-Ян вызначае ўсе змены і рытмы (касмічныя, прыродныя, чалавечыя, эмацыянальна-псіхалагічныя), рэгулюе жыццё чалавека, жывёл, раслін і інш. Для нармальнага функцыянавання любой сістэмы неабходна раўнавага паміж Інь і Ян; у адваротным выпадку такая сістэма распадаецца. Інь атаясамліваецца з месяцам, ноччу, зямлёй, далінай, дрэвамі, кветкамі, начнымі жывёламі, воднымі і балотнымі стварэннямі, а Ян - з сонцам, днём, небам, гарамі, сонечнымі жывёламі, птушкамі. У кітайскім мастацтве «Інь-Ян» разглядаецца як галоўны эстэтычны прынцып гармоніі і раўнавагі, як аснова мастацка-вобразнай сістэмы архітэктуры, скульптуры, жывапісу і каліграфіі. Кітайскія медыкі сцвярджаюць, што жанчына - гэта «Інь звонку, Ян знутры», а мужчына - гэта «Ян звонку, Інь знутры». @

Іслам, монатэістычная рэлігія; адна з трох сусветных рэлігій (разам з будызмам і хрысціянствам). Узнік у першай палове 7 ст. н. на тэрыторыі Арабійскага паўвострава. Яе заснавальнік - прарок Магамет (Мухамед), які разглядаецца як прарок і пасланнік Бога. Сярод асноўных догматаў І.: вера ва ўсемагутнага, усяведнага, усюдыіснага Бога (Алаха), які з'яўляецца творцам усяго існага, уладыкай свету; вера ў святасць Карана; вера ў рай і пекла; вера ў несмяротнасць душы, а таксама ва ўваскрэсенне з памерлых у дзень Страшнага суда; вера ў боскую прадвызначанасць; вера ў ангелаў і дэманаў; вера ў прарокаў і пасланніцтва Мухамеда. Да ліку галоўных прарокаў у І. адносяцца Ібрахім (у хрысціянстве Аўраам), Муса (Маісей), Іса (Ісус), Нух (Ной) і інш. І. абапіраецца на пяць «стаўпоў веры», якія з'яўляюцца адначасова і найважнейшымі абавязкамі кожнага мусульманіна: 1) Спавяданне веры, г.зн. прамаўленне малітвы «Няма божаства акрамя Алаха, і Мухамед - пасланнік Яго» (шахада); 2) Штодзённая пяціразовая малітва (салят); 3) Пост (ураза) у месяц рамадан; 4) Добраахвотны падатак на карысць бедных (закят); 5) Паломніцтва ў свяшчэнны горад Меку (хадж). Галоўная дабрачыннасць мусульманіна - пакорлівасць Алаху. Цэнр рэлігійнага жыцця ў І. - мячэць. У сучасны перыяд у свеце налічваецца звыш 1 млрд. мусульман. У Беларусі І. (сунізм) вызнае татарскае насельніцтва, якое прыйшло сюды ў канцы 14 ст. Тады ж з'явіліся і першыя мячэці; у канцы 16 ст. іх налічвалася амаль 400. У наступныя стагоддзі мелі месца працэсы асіміляцыі мясцовых татар і іх адыходу ад І. У канцы 20 ст. пачалося ажыўленне рэлігійнай і грамадска-культурнай дзейнасці сярод беларускіх татар. Створаны самастойны Муфтыят Беларусі (1994), дзейнічаюць 24 абшчыны мусульман (2001). @

Ісламская культура, сукупнасць культурных дасягненняў народаў мусульманскага свету. Ісламская цывілізацыя і культура склаліся на землях Арабійскага паўвострава (цяпер - тэрыторыя Саудаўскай Арабіі), дзе пераважалі пустыні і паўпустыні. Арабскія плямёны жылі пераважна ў аазісах, займаліся качавой жывёлагадоўляй, прычым яны найчасцей варагавалі паміж сабой. На культуру ісламскіх народаў аказалі неадназначны ўплыў культурныя традыцыі іншых народаў свету - персаў, эгіпцян, візантыйцаў, грэкаў і інш. Сярод найбольш важных асаблівасцей І.к. - прыкметны традыцыяналізм, кансерватызм, устойлівасць; нясхільнасць да хуткіх навацый, радыкальных пераўтварэнняў і да т.п.; строгі монатэізм (адзінабожжа) пасля ўзнікнення мусульманства; недастаткова высокі ўзровень развіцця навукі і тэхнікі; адносна слабое развіццё выяўленчага мастацтва (найперш разнастайныя арнаменты, у т.л. і арабескі), тэхнікі; высокі ўзровень літаратуры (найперш лірычнай паэзіі), культавай архітэктуры (пераважна мячэці), асобных навук (астраномія, медыцына, матэматыка). У культуры ісламскіх народаў надзвычай важную ролю адыгрывала рэлігія - іслам, які нібы «пранізваў» практычна ўсе бакі жыццядзейнасці грамадства. Асаблівасцю ісламскага выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з'яўляецца забарона рабіць выявы Бога і чалавека, абмежаванні на выявы жывых істот. Штодзённае жыццё ўсіх мусульман прадвызначаецца нормамі т.зв. «шарыята» (ад арабск. «шарыя» - патрэбны, неабходны шлях), у якім зафіксаваны агульныя палажэнні Карана і Сунны. Шарыят вызначае нормы маралі, права, этычныя, культурныя і іншыя ўстаноўкі, якія датычацца асабістага і грамадскага жыцця мусульман. @

Ісус Хрыстос, паводле хрысціянскага веравучэння Богачалавек, у якім спалучаны боская (як Бог-Сын ён - другі твар Троіцы) і чалавечая (народжаны ад Дзевы Марыі) прыроды. Добраахвотна прыняў пакуты і смерць на крыжы дзеля іскуплення першароднага граху, зробленага Адамам і Евай у акце грэхападзення. Адсюль розныя эпітэты і імёны І.Х. - Хрыстос, (грэч. Christós), Збавіцель (Заступнік), Сын чалавечы, Сын Божы і інш. Ва ўзросце 30 гадоў пачаў прапаведаваць сваё вучэнне, прызваў першых вучняў, тварыў цуды (уваскрэсенне памерлых, хаджэнне па вадзе, насычэнне тысяч людзей пяццю хлябамі, лячэнне псіхічнахворых і інш.). З імем І.Х. звязана ўзнікненне новай рэлігіі - хрысціянства. Некаторыя даследчыкі (асабліва ў 19 ст.), адмаўлялі само яго існаванне. Большасць сучасных даследчыкаў прызнаюць гістарычнасць І.Х. @

Юдаізм, найбольш ранняя монатэістычная рэлігія, якая ўзнікла ў 1-м тыс. да н.э. на тэрыторыі Палестыны. Прыхільнікі Ю. вераць у Яхве (адзінага Бога, Стваральніка і Ўладыкі Сусвету), несмяротнасць душы, замагільнае жыццё, а таксама ў богаабранасць жыдоўскага народа (ідэя «запавету», дагавора народа з Богам). Канон свяшчэнных кніг Ю. уключае Тору («Пяцікніжжа Маісея»), кнігі прарокаў і т.зв. «Пісанні». Розныя тлумачэнні і каментары канона сабраны ў Талмудзе. Юдэі вераць у прыход цара-выратавальніка «машыаха» (Месіі), пасля чаго наступіць Царства Божае, уваскрэсенне памерлых, з'яўленне «нябеснага Ерусаліма» і цудоўнае перанясенне ў яго ўсіх жыдоў, расселеных па ўсяму свету. У Ю. існуюць шматлікія прадпісанні, якія датычацца нормаў паўсядзённых паводзін, правілаў гаспадарання і харчавання, гігіенічных нормаў, забароны на змешванне несумяшчальных сутнасцей (напрыклад, ільну і шэрсці; малака і мяса; злакаў з бабовымі; двух розных цяглавых жывёл у адной вупражы і інш.). Цэнтр рэлігійнага і абшчыннага жыцця ў Ю. - сінагога. У сучасны перыяд агульная колькасць паслядоўнікаў Ю. - каля 18 млн. чал., з якіх прыблізна 1/3 пражывае ў ЗША. На тэрыторыі Беларусі жыды-юдаісты пачалі рассяляцца, ствараць свае абшчыны з 14 ст. У 16 ст. пачалося будаўніцтва сінагог, малітоўных дамоў. Тады ж пачалі стварацца юдэйскія рэлігійныя навучальныя ўстановы - ешыботы. У савецкі перыяд пад уплывам свецкай адукацыі, антырэлігійнай прапаганды значэнне Ю. ў жыцці мясцовых жыдоў прыкметна скараціліся. У канцы 1980-х г. пачалося адраджэнне жыдоўскага нацыянальна-культурнага і рэлігійнага жыцця. Цяпер у Беларусі дзейнічаюць 22 юдэйскія абшчыны і 10 абшчын «прагрэсіўнага юдаізму». Акрамя жыдоў Ю. вызнаюць некаторыя іншыя этнаканфесійныя супольнасці (напр., караімы). @

Юдэйская культура, культурныя здабыткі прадстаўнікоў юдэйскай веры - пераважна жыдоў. Старажытнажыдоўская культура была вельмі шчыльна звязана з узнікненнем і развіццём рэлігіі - спачатку політэістычнай, а пазней монатэістычнай (юдаізм). І.к. можна лічыць «пісьмовай культурай», бо перадача культурных каштоўнасцей адбывалася пераважна пісьмовым шляхам - найперш праз рэлігійныя тэксты на старажытнажыдоўскай мове (іўрыце). Таму сярод розных відаў мастацтва найбольшага развіцця дасягнула літаратура (найперш рэлігійная). Паколькі ў гісторыі жыдоўскага народа было мноства ўсякіх бедстваў, ганенняў і абмежаванняў, то і І.к. найчасцей развівалася ў надзвычай неспрыяльных, нават экстрэмальных умовах і абставінах. Аднак яна паказала сваю надзвычайную жыццяздольнасць і захавалася на ўсім працягу сваёй шматтысячагадовай гістарычнай эвалюцыі, што нярэдка тлумачылася т.зв. «богаабранасцю жыдоўскага народа». Жыдоўская культура захоўвалася і развівалася не толькі на «зямлі абяцанай», але і ў шматлікай, расселенай па ўсім свеце дыяспары. @

Йітс Уільям Батлер (1865-1939), ірландскі паэт, драматург, крытык. Вучыўся ў Дублінскай мастацкай школе і мастацкай навучальні пры Каралеўскай Ірландскай акадэміі. Стаяў ля вытокаў ірландскага нацыянальнага тэатра; быў адным з найбольш яркіх прадстаўнікоў Ірландскага Адраджэння - грамадскага руху па развіццю нацыянальнай літаратуры, мовы, мастацтва. Й. праяўляў павышаны інтарэс да ўсходніх рэлігій і акультызму. Першыя вершы апублікаваны ў 1885. Быў складальнікам зборніка ірландскага фальклору пад назвай «Чароўныя і народныя казкі ірландскіх сялян» (1888). Апублікаваў зборнікі вершаў «Прыгоды Ойсіна» (1889), «Кельцкія сумеркі» (1893), «У сямі лясах» (1903) і інш., зборнік апавяданняў «Патаемная ружа» (1897), зборнікі эзатэрычных эсэ «Дзесяць запаветаў і пакланенне валхвоў» (1897) і г.д. Аўтар шматлікіх п'ес, рэлігійна-філасофскага трактату «Уяўленні» і інш. У 1890-я г. прымаў актыўны ўдзел у ірландскім нацыянальна-вызваленчым руху, уступіў у рэвалюцыйную арганізацыю «Ірландскае літаратурнае брацтва», удзельнічаў у стварэнні таварыстваў, якія павінны былі папулярызаваць старажытную і новую нацыянальную літаратуру. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1923). Для лепшых твораў Й. характэрны эзатэрычныя матывы, ускладнёная вобразнасць, сімвалічнасць, пастаноўка складаных філасофскіх, рэлігійных, псіхалагічных праблем. @

Йога (санскр.; літар. - злучэнне, парадак, сузіранне), адзін з асноўных кірункаў у індыйскай думцы; практычная сістэма духоўнага і фізічнага самаўдасканалення чалавека. Узнікла ў Індыі тысячы гадоў таму назад. Паводле касмалогіі Й., свет мае два першапачаткі: пракрыці (матэрыя) і пуруша (духоўная субстанцыя, свядомасць). Іх узаемадзеянне з'яўляецца прычынай развіцця Сусвету і чалавека, які разглядаецца як прыватны выпадак спалучэння матэрыі і свядомасці. Сярод найбольш важных кірункаў Й.: карма-Й (шлях дзеяння) як метад пераадолення «суетных» інтарэсаў у жыцці; бхакці-Й (шлях любові да Бога - Брахмана, Вечнага, Абсалютнага Духу); раджа-Й (сістэма фізічных і псіхічных практыкаванняў, накіраваных на ачышчэнне цела і вызвалення душы). Для дасягнення гэтых мэт у Й. выкарыстоўваюцца розныя метады і сродкі - спецыяльныя фізічныя і псіхічныя практыкаванні, медытацыя, аскетызм, вегетарыянства, малітвы і інш. Практыка Й. дазваляе дасягнуць самапазнання, вызвалення чалавека ад путаў матэрыяльнага існавання. @

Йоні (ст.-інд. - «крыніца», «жаночы орган»), індыйскі сімвал боскай стваральнай энергіі. Й. - сімвал жонкі Шывы - багіні Шакці. У індыйскім мастацтве пашыраны выява Й. і лінгама ў выглядзе каменных слупоў, што ўзвышаюцца над наземнай асновай. З'яўляецца аб'ектам рэлігійнага пакланення. Стылізаваныя каменныя ці драўляныя выявы Й. сустракаюцца ва многіх індуісцкіх храмах. У асобных рытуалах вернікі пакланяюцца не Й., а геніталіям жывой жанчыны, што ўвасабляе сабой Вялікую Багіню Дэві (ці Шакці). @

Йонілінга, у індуізме культавая выява лінгама і йоні, якая сімвалізуе зліццё двух супрацьлеглых пачаткаў - мужчынскага і жаночага, а таксама саюз Шывы і Шакці, дзе зараджаецца ўсё жывое. Выявы Й. найчасцей сустракаюцца ў выглядзе каменных статуэтак ці нават статуй даволі значных памераў. @

Кааба (літар. «чатырохвугольнік»), культавы каменны будынак кубічнай формы (памерамі 12 на 10 м.) ва ўнутраным дворыку Вялікай мячэці ў г. Мека. Мае толькі адзін уваход; адсутнічаюць вокны. Унутры К., у яе правым вуглу на вышыні каля паўтара метраў размешчаны свяшчэнны для ўсіх мусульман «Чорны камень» (верагодна, метэарытнага паходжання). З'яўляецца мусульманскай святыняй; вакол яе прынята сем разоў абыходзіць падчас наведвання меканскай мячэці. @

Кабала, эзатэрычная плынь у юдаізме; містычная практыка старажытных юдэяў. Падзяляецца на дзве разнавіднасці - тэасофскую і практычную. У аснове тэасофскай К. ляжыць уяўленне пра свет як пра эманацыю Божаства. У практычнай К. выкарыстоўваюцца разнастайныя амулеты, талісманы, спецыяльныя малітвы, аскетычныя практыкаванні. Асобныя хрысціянскія вучоныя займаліся вывучэннем К. (напр., сярэднявечны вучоны Піка дэ ла Мірандола). @

Кабукі (ад японск. «майстэрства музыкі і танца»), від японскага тэатральнага мастацтва. Узнік у 16 ст. на аснове народнага тэатра і народнага танца. Для гэтага віда тэатра ўласцівы наступныя адметныя рысы: складаныя дэкарацыі (уключаючы сюды спецыяльны памост, які злучае сцэну з глядацкім залам); насычанасць тэатральных прадстаўленняў дынамічным дзеяннем і эфектнымі сцэнамі; арганічнае спалучэнне музыкі, танца, драмы, пантамімы. Спачатку ў тэатральных трупах пераважалі жанчыны; потым, з 1629 яны найчасцей складаліся з хлопчыкаў-падлеткаў, а з 1652 - выключна з мужчын, якія выконвалі і жаночыя ролі (у адпаведным адзенні). Ігра акцёраў будавалася на аснове перааймання рэчаіснасці і перадачы ўнутранага свету чалавека; сярод асноўных акцёрскіх амплуа - герой, нягоднік, дзяўчына, хлопец і інш. Галоўныя жанры тэатра К. - пачуццёвая меладрама і бытавая драма. У сучасных пастаноўках К. захоўваюцца кананічныя позы, грым, дэкарацыі, і іншыя элементы. Існавала пераемнасць акцёрскіх дынастый (напрыклад, Іцікава, Аноэ). @

Каган Майсей Самойлавіч (н. 1921), расейскі філосаф, культуролаг, эстэтык. Сфера навуковых інтарэсаў - гісторыя і тэорыя сусветнай мастацкай культуры, гісторыя філасофіі і эстэтычнай думкі. Распрацаваў метадалогію сістэмнага даследавання і прымяняў яе пры вывучэнні чалавечай дзейнасці, культуры, мастацтва як складаных грамадскіх сістэм. Аўтар прац «Марфалогія мастацтва» (1972), «Чалавечая дзейнасць» (1974), «Сістэмны падыход і гуманітарныя веды» (1991), «Град Пятроў у гісторыі расейскай культуры» (1996), «Філасофія культуры» (1996) і інш. Яго пяру належыць мноства артыкулаў і падручнікаў па культуралогіі. @

Калаж (ад франц. collage - наклейванне, наклейка), тэхнічны прыём у выяўленчым мастацтве 20 ст., які заключаецца ў наклейванні на якую-небудзь аснову матэрыялаў, што адрозніваюцца ад яе па колеру і фактуры. К. называецца таксама сам твор, выкананы ў дадзенай тэхніцы. Мэта К. - стварэнне карціны ці графічнага твора шляхам прымянення розных наклеек з плоскіх (фрагменты газет, этыкетак, шпалераў, каляровай паперы, тканін, частак аб'яў і г.д.) або аб'ёмных (кавалкі дрэва, вяроўкі, метала, провалакі і інш.). Тэхніка К. вядома з часоў Сярэднявечча і эпохі Адраджэння, выкарыстоўвалася ў творах некаторых мастакоў пазнейшага перыяду. Аднак як самастойны від мастацкай дзейнасці і адмысловы творчы метад К. аформіўся ў пачатку 1910-х г. (Ж.Брак і П.Пікасо). Да гэтай тэхнікі звярталіся прадстаўнікі розных авангардысцкіх мастацкіх кірункаў і плыняў - кубізму, футурызму, дадаізму, сюррэалізму і інш. У беларускім мастацтве тэхніка К. выкарыстоўвалася ў некаторых абразах 18-19 ст., у творах мастакоў М.Данцыга, М.Паўлоўскага, М.Селешчука, В.Смаляк і інш., а таксама ў асобных кампазіцыях мастакоў тэатра і кіно. @

Калас Марыя (1923-1977), грэчаска-амерыканская оперная спявачка (сапрана); выдатны прадстаўнік бельканта. Нарадзілася ў Нью-Ёрку ў сям'і грэкаў, таму мела адначасова і амерыканскае, і грэчаскае грамадзянства. У 13 гадоў пераехала з бацькамі ў Грэцыю, дзе з 1937 пачала вучыцца ў Каралеўскай кансерваторыі ў Афінах. У 18 гадоў адбыўся яе дэбют на опернай афінскай сцэне ў оперы «Тоска». Пік папулярнасці і славы К. прыпаў на пачатак 1950-х - першую палову 1960-х г. У ЗША яна дэбютавала ў 1954 у Чыкага. Найлепшыя ролі выканала ў операх «Тоска», «Норма», «Багема», «Травіята» і інш. Здымалася ў кіно. З 1982 праводзіцца Міжнародны конкурс вакалістаў імя М.Калас. Атрымала міжнароднае прызнанне дзякуючы сваёй вакальнай віртуознасці, надзвычайнай эмацыянальнасці, драматычнай выразнасці. Лічыцца адной з лепшых оперных спявачак 20 ст. @

Калектыўнае неўсвядомленае, тэрмін К.Г.Юнга, якім ён абазначаў асобую сферу чалавечай псіхікі, якая ўласціва ўсім людзям (у адрозненне ад асабістага неўсвядомленага) і не ўсведамляецца імі. Юнг лічыў, што К.н. ўтрымлівае ўсю духоўную спадчыну чалавецтва, што «нараджаецца кожны раз наноў у мазгавой структуры асобнага чалавека». З К.н. узнікаюць архетыпы, якія з'яўляюцца асноўным зместам рэлігій, міфалогій, легендаў; ляжаць у аснове сімволікі творчасці, рытуалаў, міфаў, казак, сноў, комплексаў і да т.п. Паводле Юнга, міфалогія можа разглядацца як пэўная праекцыя К.н. На думку некаторых мысліцеляў, К.н. Юнга з'яўляецца «найбольш рэвалюцыйнай ідэяй 20 стагоддзя». @

Калектыўная свядомасць, тэрмін, уведзены ў навуковы ўжытак Э.Дзюркгеймам. Ён лічыў, што К.с. уяўляе сабой духоўнае адзінства грамадства, якое не з'яўляецца простай сумай індывідуальных свядомасцей, існуе незалежна ад іх у выглядзе сацыяльных фактараў (звычаяў, маралі, права, традыцый, ведаў і да т.п.). Аказвае моцнае ўздзеянне на індывідуальную свядомасць, стварае маральна-духоўную атмасферу, якая вымушае людзей прымаць спосабы дзеянняў і мыслення, распаўсюджаныя ў дадзеным грамадстве. Формамі К.с. з'яўляюцца калектыўныя ўяўленні (сукупнасць сімвалаў і ідэй, традыцый, звычаяў і інш., што маюць такое значэнне для ўсіх сябраў супольнасці) і калектыўныя пачуцці (сукупнасць пачуццяў, агульных для сябраў грамадства). @

Каліграфія (ад грэч. kalligraphia - прыгожы почырк), мастацтва прыгожага і дакладнага пісьма. Вылучаецца кампазіцыйнай дакладнасцю, дэкаратыўнай прыгажосцю, вобразнай выразнасцю, яснасцю, гарманічнасцю, высокім выканаўчым майстэрствам (віртуознасць росчыркаў, выразнасць аўтарскай індывідуальнасці, інструмента і інш.). Сярод інструментаў для пісьма - трысняговае пяро, пэндзаль, птушынае пяро. Асаблівасці К. у розных краінах абумоўлены нацыянальнымі, культурнымі, мастацкімі і рэлігійнымі традыцыямі, сацыяльнымі нормамі і інш. Вялікая ўвага К. надавалася ў краінах з іерагліфічным пісьмом (Кітай, Японія і інш.) і арабскім, дзе мусульманскае веравызнанне абмяжоўвае выяўленчую творчасць. У краінах далёкага Ўсходу К. цанілася высока як мастацтва надання графічнаму знаку сімвалічнага і эмацыянальнага значэння, перадачы ў ім сутнасці слова, думкі і пачуцця каліграфа. Свабоднай і экспрэсіўнай усходняй К. натхняліся многія мастакі 20 ст. У Беларусі К. вядома з 10-11 ст. у рукапісных богаслужбовых кнігах. Асаблівая ўвага надавалася афармленню пачатковых старонак (змяшчалі арнамент, застаўкі, ініцыялы). У 15-16 ст. адбыўся сапраўдны росквіт беларускай К. Традыцыі К. паўплывалі на шрыфты кніг Ф.Скарыны, якія ўяўляюць сабой творчы сінтэз беларускай і заходнеэўрапейскай К. У 20 ст. К. захавалася ў афармленні кніг, плакаце, рэкламе, дзе выкарыстоўваюцца маляваныя шрыфты. У сучасны перыяд К. выступае часам як твор станковай графікі (Ю.Тарэеў і інш.). @

Каліноўскі Кастусь (Вікенцій Канстанцін; 1838-1864), лідэр беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, публіцыст, паэт; тэарэтык адраджэння беларускай дзяржаўнасці і культуры. Скончыў Свіслацкую дваранскую навучальню (1855), Пецярбургскі ўніверсітэт (1860). Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 г. у Беларусі і Польшчы. Паўстанне разглядаў не як самамэту, а як адзіна магчымы ў тагачасных умовах сродак дасягнення свабоды і незалежнасці Беларусі. Адзін з выдаўцоў, аўтар і рэдактар першай у свеце газеты для сялян на беларускай мове «Мужыцкая праўда» (выступаў пад псеўданімам «Яська-гаспадар з-пад Вільні»). К. першы абгрунтаваў праграму барацьбы за сацыяльнае і духоўнае вызваленне беларускага народа. У аснову сваіх ідэй дэмакратычных пераўтварэнняў спрабаваў пакласці канстытуцыйны і парламенцкі вопыт ЗША, Францыі і іншых краін свету. Распрацаваў адну з першых канцэпцый гісторыі Беларусі, паводле якой беларускія землі мелі сваю самабытную гісторыю і разглядаліся ў непарыўным адзінстве. Падзяляў думку А.Герцэна пра стварэнне ў далейшым федэрацыі незалежных дзяржаў свабодных славянскіх народаў. Выступаў за аб'яднанне беларускіх і летувіскіх зямель у адзіную суверэнную дзяржаву, у абарону вуніяцтва, супраць прымусовага пераводу сялян у праваслаўе. Перакладаў з польскай мовы на беларускую рэвалюцыйныя песні (напр., мазурку Дамброўскага «Яшчэ Польшча не загінула» і інш.). Аўтар публіцыстычных твораў і лірычных, патрыятычных вершаў. Аказаў значны ўплыў на фармаванне і паглыбленне нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, садзейнічаў станаўленню беларускай літаратурнай мовы. Вобраз К. шырока адлюстраваны ў розных відах мастацтва - літаратуры, жывапісе, музыцы і інш. @

Каляды (ад лац. calendae, «календы» - назва першага дня кожнага месяца ў старажытных рымлян), народнае зімовае свята дахрысціянскага паходжання. Святкаванне К. звязана з перыядам зімовага сонцастаяння і адпаведна з першым павелічэннем самага кароткага дня ў годзе. У гадавым коле народных аграрных абрадаў і святкаванняў займала 1-е месца. З усталяваннем хрысціянства К. былі прымеркаваны да святаў Раства Хрыстовага і Вадохрышча. У Беларусі рытуал святкавання К. цесна пераплецены з народнай святочнай традыцыяй. К. працягваюцца з 24 снежня па 6 студзеня (па старому стылю). У аснове К. - старажытная аграрная абраднасць, агульным прызначэннем якой было паскарэнне надыходу цяпла (паводле народнага выказвання «Ад Каляд сонца паварочвала на лета») і забеспячэнне добрага ўраджаю ў новым гаспадарчым годзе пры дапамозе магічных дзеянняў. Для К. характэрны тры абрадавыя вячэры (куцці): посная (вялікая) спраўляецца перад першым святочным днём; багатая (тоўстая, шчодрая) з мяснымі стравамі - у вечар перад Новым годам; посная (галодная, вадзяная) - перад Вадохрышчам. У час К. наладжвалі варажбу, шматлікія забавы, гульні, а таксама т.зв. «калядаванне» - хаджэнне калядоўшчыкаў па хатах з выкананнем велічальных песень, тэатралізаваных сцэнак, пераапрананнем у «казу», «мядзведзя», «кабылу» і да т.п. Калядоўшчыкі спявалі калядныя песні, у якіх віншавалі гаспадароў хаты, жадалі ім дабра і заможнасці, услаўлялі іх працавітасць і шчодрасць, дабрадушна кпілі з малалеткаў, дзеда ці бабулі. За гэта гаспадары хаты давалі ім розныя падарункі (сала, каўбасы і інш.). @

Каляндар (ад. лац. calendarium - даўгавая кніга), сістэма ўяўленняў аб часе, святах і прысвятках, святочных днях; сістэма падліку больш-менш працяглых прамежкаў часу, заснаваная на перыядычнасці бачных рухаў нябесных цел. У міфалогіі К. з'яўляецца адным са спосабаў асэнсавання міфалагічнай свядомасцю прыродных з'яў. Існуюць К. сонечныя, месяцовыя, змешаныя сонечна-месяцовыя, а таксама т.зв. Юліянскі і Грыгарыянскі К. Беларускі народны К. склаўся ў асноўным яшчэ ў старажытнасці, а потым паступова дапаўняўся новымі святамі, прысвяткамі, абрадамі, адпаведнымі дазволамі і забаронамі. Ён быў звязаны са зменаю фаз (квадраў) Месяца, прычым кожная з іх лічылася спрыяльнай або неспрыяльнай для пэўных гаспадарчых работ. Захаваліся ў ім і рэшткі сонечнага календара - старадаўняга падзелу года адпаведна зімоваму (на Каляды) і летняму (на Купалле) сонцастаянню. У беларусаў амаль што ўсе дні года падзяляліся на святочныя і будзённыя, а таксама існаваў і «падзел» на спрыяльныя і неспрыяльныя, шчаслівыя і нешчаслівыя для жыццядзейнасці чалавека. Так, шчаслівымі днямі тыдня ў многіх мясцовасцях Беларусі лічыліся аўторак і чацвер, а нешчаслівымі, цяжкімі - панядзелак і пятніца. Дастаткова прыгадаць народныя выказванні накшталт: «У панядзелак работы не пачынай і ў дарогу не выязджай», «Па субоце адпачынак на рабоце», «Хто ў пятніцу спявае, той у нядзелю плача». @

Кама-Сутра (літар. «Мастацтва кахання»), старажытнаіндыйскі эратычны твор. З'яўляецца своеасаблівай энцыклапедыяй сямейных адносін і сексуальнага жыцця. Назва твора паходзіць ад старажытнаіндыйскага бога кахання Камы, які (паводле Вед) «саманарадзіўся» з сэрца вярхоўнага бога Брахмы. К.-С. была напісана дзеля асветніцтва індыйскіх грамадзян (пераважна багатых) у справах кахання і канчатковы варыянт яе тэкста аформіўся прыблізна ў 3-5 ст. Паводле дадзенага твора, неабходнымі атрыбутамі фізічнай блізасці з'яўляюцца музыка, танцы, кветкі, паэзія, размова і пэўныя адценні зубоў, адзення, валасоў, пазногцяў і скуры, а таксама некаторыя экзатычныя дзеянні (напр., «гульня на музычных чарках, напоўненых вадой»). У цэлым К.-С. прысвечана парадам наконт уступлення ў шлюб і спосабаў яго захавання, а таксама класіфікацыі любоўных гульняў, апісанню сексуальных поз, адносін з куртызанкамі, дадатковых сродкаў забеспячэння пачуццёвага задавальнення і да т.п. Лічыцца адным з самых вядомых і папулярных у свеце эратычных твораў. @

Камедыя (ад грэч. komos - вясёлая працэсія + oide - песня), адзін з жанраў драмы, у якім характары, дзеянні, з'явы паказваюцца праз прызму камічнага. Як твор «нізкага» жанру проціпастаўлялася «высокаму» жанру - трагедыі. Сярод асноўных разнавіднасцей К. - памфлет, вадэвіль, інтэрмедыя, фарс, буфанада і г.д. Сродкамі камедыйнай выразнасці выступаюць іронія, гумар, пародыя, гратэск, сарказм і інш. Высмейвае негатыўныя з'явы сацыяльнага жыцця, заганы чалавечага характару, з дапамогай смеху сцвярджае станоўчы ідэал. Узнікла ў Старажытнай Грэцыі на мяжы 6-5 ст. да н.э. з выкрывальных песняў удзельнікаў святочных святаў і з фальклорных бытавых, парадыйна-міфалагічных сцэнак. Тады К. характарызавалася вострай палітычнай накіраванасцю, фантастычнымі і рэальнымі сюжэтамі, у якіх дзейнічалі міфічныя персанажы, жывёлы, гетэры, воіны, палітыкі, дзеячы культуры і да т.п. «Бацькам» К. лічыцца старажытнагрэчаскі драматург Арыстафан. Была вядома ў Старажытным Рыме (камедыёграфы Ц.Плаўт, П.Тэрэнцый), у Сярэднявеччы (пераважна ў форме фарсаў і інтэрлюдый). Найбольшага росквіту дасягнула ў эпоху Адраджэння ў творчасці Лопэ дэ Вэгі, П.Кальдэрона, У.Шэкспіра, Ж.Б.Мальера і інш. Значны ўплыў на заходнеэўрапейскую К. аказала італьянская «камедыя дэль артэ» (камедыя масак), спектаклі якой ставіліся падчас святаў на плошчах і вуліцах гарадоў. Паспяхова развівалася ў 18-19 ст. у розных эўрапейскіх краінах - Італіі (К.Гоцы, К.Гальдоні), Англіі (Г.Філдынг, Ф.Шэрыдан), Расеі (І.Крылоў, А.Грыбаедаў, М.Гогаль, М.Салтыкоў-Шчадрын). У Беларусі К. вядома са старажытнасці; яе элементы праяўляліся ў народных гульнях, святах, рытуалах, тэатралізаваных паказах. У пастаноўкі школьнага тэатра, народнай драмы, батлейкі ўключаліся камедыйныя сцэнкі. У другой палове 19 ст. на высокі прафесійны ўзровень жанр К. ўзнялі творы В.Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта» і «Залёты». У пачатку 20 ст. выдатныя камедыйныя п'есы пісалі Я.Купала, У.Галубок, К.Каганец, М.Чарот і інш. Яркія ўзоры К. стварылі К.Крапіва, В.Вольскі, А.Макаёнак, М.Матукоўскі, А.Петрашкевіч, А.Дудараў, якія вызначаліся актуальнасцю зместу, каларытнасцю характараў, непрымірымасцю да чалавечых заган, сцвярджэннем гуманістычных ідэалаў. @

Кампанела Тамаза (1568-1639), італьянскі філосаф, палітычны дзеяч. У 15 гадоў стаў манахам-дамініканцам. Вучыўся ў школах гэтага манаскага ордэна, дзе вывучаў багаслоўе, філасофію, астралогію і інш. У 1599 арыштаваны па абвіначванні ў змове супраць гішпанскага рэжыму ў Неапалі, асуджаны ў 1602 і каля 27 гадоў правёў у розных турмах, дзе і напісаў большасць сваіх твораў па філасофіі, палітыцы, медыцыне, астраноміі. Сярод мноства яго твораў найбольш вядомым з'яўляецца «Горад Сонца» (1602; апубл. 1632), дзе апавядаецца пра ідэальнае грамадства, якім кіруюць вучоныя і жрацы, у якім адсутнічаюць прыватная ўласнасць, сям'я, але існуюць дзяржаўнае выхаванне дзяцей, абавязковая праца для ўсіх жыхароў (пры 4-х гадзінным рабочым дні), паспяхова развіваюцца навукі, адукацыя, асветніцтва. Распрацаваў вучэнне пра «дзве кнігі» - Прыроду, якую пазнае навука і філасофія, і Свяшчэннае Пісанне, якое спасцігаецца свядомасцю чалавека. Аўтар паэтычных твораў (паэм, мадрыгалаў, санетаў, канцонаў і інш.). @

Камп'ютэрнае мастацтва (англ. computer - вылічальнік), сукупнасць культурных артэфактаў, створаных з дапамогай камп'ютэрнай тэхнікі. Узнікла ў апошняй трэці 20 ст.; першая выстаўка твораў К.м. пад назвай «Кібернетычная інтуіцыя» адбылася ў Лондане ў 1968. Творы К.м. набіраюцца на пульце камп'ютэра, паказваюцца на экране манітора, агучваюцца праз дынамікі, раздрукоўваюцца на прынтэры. Сярод асноўных відаў К.м. - камп'ютэрная графіка, камп'ютэрная музыка, камп'ютэрны дызайн, камп'ютэрная анімацыя і інш. У адрозненне ад узнаўлення выяў на паперы ці іншым традыцыйным носьбіце, створанае на экране камп'ютэра можна вельмі хутка змяніць, падправіць, сціснуць або расцягнуць у любым напрамку, заставіць рухацца, змяніць ракурс ці колер і да т.п. Магчымасці К.м. шырока выкарыстоўваюцца ў кінамастацтве, музыцы, архітэктуры, выяўленчым мастацтве, мультыплікацыі, дызайне, канструяванні, мадэліраванні, а таксама пры стварэнні тэлевізійных перадач, рэкламных ролікаў, пры мастацкім афармленні кніг і г.д. @

Камунікацыя (ад лац. communico - раблю агульным, звязваю), працэс перадачы і абмену інфармацыяй; сродкі сувязі паміж любымі аб'ектамі матэрыяльнага і духоўнага свету. Тэрмін «К.» ўзнік у пачатку 20 ст. ў кантэксце розных філасофскіх і псіхалагічных плыняў - біхевіярызму, персаналізму, экзістэнцыялізму. Пасля другой сусветнай вайны сфармаваліся 2 асноўныя падыходы да вывучэння К.: рацыяналістычны (разглядае сродкі інфармацыі ў якасці адзінага стымулу, крыніцы сацыяльнага развіцця) і ірацыяналістычны (лічыць, што асноўным вынікам К. з'яўляецца ўзаемаразуменне). Можа мець як аднанакіраваны, так і шматбаковы характар. К. паміж людзьмі звычайна ажыццяўляецца пры дапамозе мовы, іншых знакавых сістэм, а таксама розных невербальных прыкмет (міміка, жэсты, мадуляцыя голасу і г.д.). У сацыяльным жыцці першаступеннае значэнне мае дзейнасць сродкаў масавай інфармацыі - тэлебачанне, радыё, друк, кінематограф і інш. @

Камю Альбер (1913-1960), французскі пісьменнік, філосаф; прадстаўнік экзістэнцыялізму. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1957). Скончыў ліцэй, Алжырскі ўніверсітэт. Займаўся журналістыкай. Арганізаваў самадзейны тэатр. Праблемы пошуку сэнсу жыцця, ілюзорнасці бязмежнай асабістай свабоды, фатальнага бяссілля чалавекам авалодаць патокам быцця разглядаў у п'есе «Калігула» (1944), аповесцях «Чужы» (1942), «Падзенне» (1956). Скразнымі тэмамі многіх твораў К. (раман-прытча «Чума», 1947; філасофскія эсэ «Міф па Сізіфа», 1942; «Бунтучы чалавек», 1951) былі бунт супраць законаў свету, стаічнае супрацьстаянне абсурднаму быццю, абавязковасць маральнага выбару як спосабу свабоднага самавыяўлення і ўдасканалення чалавека. К. называлі «спеваком абсурду», бо ён займаўся пераважна праблемай абсурднасці чалавечага існавання. Лічыў, што абсурд быцця з'яўляецца нормай жыццядзейнасці грамадства, сутнасцю чалавечай гісторыі. Аднак чалавек павінен яму актыўна супраціўляцца, бо толькі тады можна захаваць самастойнасць унікальнай чалавечай асобы ў нашым абсурдным свеце. Ставіў спектаклі па ўласных інсцэніроўках - напр., «Д'яблы» Ф.Дастаеўскага, «Рэквіем па манашцы» У.Фолкнера. @

Кандзінскі Васіль Васільевіч (1866-1944), расейскі жывапісец, графік, тэарэтык мастацтва; адзін з заснавальнікаў абстрактнага мастацтва. Скончыў Адэскую гімназію (1885). Вучыўся ў Маскоўскім універсітэце, у Каралеўскай Акадэміі мастацтваў (Германія). У 1900-1914 і з 1921 жыў за мяжой. Аўтар дынамічных, экспрэсіўных кампазіцый, пабудаваных на спалучэнні красачных плямаў і ламаных ліній («Цьмянае», 1917). Удзельнічаў у стварэнні таварыства «Сіні коннік» і Інстытута мастацкай культуры. Асноватворным фундаментам мастацтва лічыў яго духоўны змест. Сцвярджаў, што патаемны ўнутраны сэнс найлепшым чынам можа быць выяўлены ў кампазіцыях, арганізаваных на аснове рытма, псіхафізічнага ўздзеяння колеру, кантрастаў дынамікі і статыкі. Працаваў таксама ў сферы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (эскізы жаночых упрыгажэнняў, мэблевай фурнітуры), пластыкі (лепка ў гліне), жывапісу па шклу. Выступіў сцэнографам і рэжысёрам у пастаноўцы сюіты М.Мусаргскага «Карцінкі з выставы» (Германія; 1928). @

Канон (ад грэч. kanon - правіла, прадпісанне),

1) правіла, палажэнне якой-небудзь плыні, вучэння, якое прызнаецца цвёрда ўстаноўленым, стала традыцыйным, агульнапрынятым, мае сілу закона. К. можа быць носьбітам пэўных традыцый у духоўным жыцці грамадства, увасабляць ідэал культуры, а пры пэўных абставінах - быць тормазам развіцця культуры, мастацтва, мовы і інш. У Старажытнай Грэцыі пад К. разумелі сістэму ідэальных прапорцый чалавечай фігуры, разлічаную скульптарам Паліклетам (5 ст. да н.э.) у яго тэарэтычным трактаце «Канон». У далейшым у мастацтве К. - гэта сукупнасць мастацкіх прыёмаў і правіл, якія лічацца абавязковымі ў тую ці іншую эпоху (напр., візантыйскі К. у іканапісе, правіла залатога сячэння ў архітэктуры і выяўленчым мастацтве). На спецыфіку беларускага сярэднявечнага мастацтва паўплывалі візантыйскі К. (найперш культавая архітэктура, агіяграфічная літаратура, царкоўная музыка) і традыцыі этнічнай культуры. Біблейскі К. - сукупнасць кніг Бібліі, якія прызнаюцца царквой «боганатхнёнымі» (у адрозненне ад апокрыфаў) і выкарыстоўваюцца ў богаслужэннях - найперш Свяшчэннае Пісанне. Царкоўны К. - правілы ў галіне дагматыкі, культу, арганізацыі царквы, узведзеныя хрысціянскай царквой у закон.

2) Жанравая форма візантыйскай літургічнай паэзіі і спеўнага майстэрства, від царкоўнай паэмы-гімна складанай канструкцыі. @

Кансерватызм культурны (ад лац. converso - ахоўваю, захоўваю), схільнасць да сфармаваных духоўных каштоўнасцей, норм, правілаў паводзін і жыццядзейнасці; непрыняцце ўсяго новага ў навуцы, літаратуры, мастацтве і г.д. К.к. пачаў прыкметна праяўляцца ў 19 ст. і атрымаў развіццё ў Англіі (творчасць С.Кольрыджа, Т.Карлейля, Дж.Рэскіна і інш.). Наяўнасць К.к. з'яўляецца паказчыкам устойлівасці, стабільнасці любой культуры. Аднак пры адпаведных абставінах шырокае распаўсюджанне К.к. можа прывесці да замаруджанага, а часам і рэгрэсіўнага развіцця культуры. @

Канструктывізм (ад лац. constructio - пабудова), кірунак у мастацкай культуры (архітэктура, выяўленчае і тэатральнае мастацтвы, літаратура) Эўропы і Амерыкі першай трэці 20 ст. К. імкнуўся да «канструявання» навакольнага асяроддзя, якое актыўна накіроўвае жыццёвыя працэсы, да стварэння «мастацтва для ўсяго народа». Прадстаўнікі К. паказной раскошы проціпастаўлялі прастату і падкрэслены ўтылітарызм новых прадметных форм, рэчаў і інш. Найбольшае распаўсюджанне К. атрымаў у архітэктуры, дзе для яго былі ўласцівы збліжэнне мастацтва з практыкай індустрыяльнага побыту, асіметрычнасць контураў будынкаў, агаленне тэхнічнага боку пабудоў, шырокае выкарыстанне шкла замест сцен, жалезабетону, плоскіх дахаў і да т.п. У Беларусі рысы К. выявіліся ў 1920-1930-я г. у архітэктуры Віцебска і Менска (напр., комплекс БДУ, 1928-1931; будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, 1932; клуб металістаў у Віцебску, 1932; Дом культуры ў Бабруйску, 1927-1930 і інш. @

Кант Імануіл (1724-1804), нямецкі філосаф, родапачынальнік нямецкага класічнага ідэалізму. Нарадзіўся ў г. Кёнігсберг (цяпер г. Калінінград). Скончыў Кёнігсбергскі ўніверсітэт, працаваў хатнім настаўнікам. Ганаровы сябра Пецярбургскай Акадэміі навук. Каля 40 гадоў быў выкладчыкам, дэканам факультэта, рэктарам Кёнігсбергскага ўніверсітэта (выкладаў тут логіку, метафізіку, філасофію). Сярод найбольш вядомых твораў - «Крытыка чыстага розуму» (1781), «Крытыка практычнага розуму (1788), «Асновы метафізікі і маралі» (1785) і інш. У аснове этыкі К. - праблема годнасці і самакаштоўнасці кожнай асобы. Сфармуляваў паняцце т.зв. «катэгарычнага імператыву», паводле якога кожны індывід павінен дзейнічаць так, каб правіла яго асабістых паводзін магло стаць правілам паводзін для ўсіх людзей. К. падзяляў свет на дзве часткі - свет прыроды і свет свабоды. Першы з іх уяўляе сабой свет жорсткасці і зла, а другі, наадварот, свет культуры і маралі. Гэтыя два светы злучае, звязвае вялікая сіла Прыгажосці (сіла мастацтва). Паводле К., вышэйшым праяўленнем культуры выступае менавіта яе эстэтычная праяўленне. Ён вызначыў тры асноўныя прынцыпы грамадскага жыцця: свабода кожнага сябра грамадства; самастойнасць кожнага грамадзяніна; роўнасць усіх падданых у дзяржаве. На думку К., чалавечае грамадства развіваецца ў кірунку да «ўсеагульнай прававой грамадзянскай супольнасці», г.зн. да дасканалай ідэальнай рэспублікі; дасягнуць ідэальнага стану грамадства, дзе б панаваў мір паміж людзьмі і дзяржавамі, можна толькі праз пераадоленне ўсякіх антаганізмаў, супярэчнасцей, войнаў і звязаных з імі бедстваў і пакут людзей. Як эстэтык, К. адзначаў, што ўжо сама цікавасць да прыгожага ў прыродзе ўзвышае чалавека ў маральных адносінах. Распрацаваў вучэнне аб антыноміях (супрацьлегласцях) тэарэтычнага розуму, якое адыграла значную ролю ў развіцці дыялектыкі. @

Канфуцыянства, рэлігійна-філасофскае і этыка-палітычнае вучэнне, асновы якога былі закладзены ў 6 ст. да н.э. кітайскім мудрацом Канфуцыем (каля 551 - 479 г. да н.э.). Абвяшчала ўладу правіцеля свяшчэннай, дараванай Небам, а раздзяленне людзей на вышэйшых і ніжэйшых («высакародных мужоў» і «дробных людзішак») усеагульным законам справядлівасці. У аснову сацыяльнага ўладкавання К. ставіла маральнае самаўдасканаленне і выкананне норм этыкету («лі»). К. было дзяржаўнай рэлігіяй Кітая з 2 ст. да н.э. да пачатку 20 ст. Канфуцый распрацаваў канцэпцыю ідэальнага чалавека (цзюнь-цзы), у аснове характару якога павінна быць т.зв. «жэнь» - гуманасць, чалавечнасць, любоў да людзей. Важнае значэнне ў вучэнні Канфуцыя займала канцэпцыя «сяо» - сыноўняй пачцівасці, павагі да бацькоў і старэйшых. Ён лічыў «сяо» найбольш эфектыўным метадам кіравання краінай (краіна - гэта адна «вялікая сям'я»); кожны павінен усвядоміць адну простую ісціну: «Правіцель павінен быць правіцелем, бацька - бацькам, а сын - сынам». @

Канчэўскі Ігнат (1896-1923), беларускі паэт, філосаф, публіцыст. Скончыў Віленскую рэальную навучальню (1913). Вучыўся ў Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце, Маскоўскім універсітэце (1913-1916), на Вышэйшых кааператыўных курсах пры ўніверсітэце імя А.Шаняўскага (Масква, 1917). Удзельнік беларускага культурна-асветніцкага руху. У філасофскім эсэ «Адвечным шляхам» (1921) глыбока раскрыў драматызм гістарычнага лёсу беларусаў, іх неадольнае імкненне захаваць незалежнасць свайго духу. К. сцвярджаў, што «ваганне паміж Захадам і Ўсходам і шчырая непрыхільнасць ні да аднаго ні да другога з'яўляецца асноўнаю адзнакаю гісторыі беларускага народа». Прычым, на яго думку, беларускі народ не стварыў выразнай культуры з-за таго, што ў яго гісторыі была «вялікая трагедыя народнага духу, якую перажыць выпала толькі двум-тром эўрапейскім народам: Беларусь ад 10 веку і да гэтай пары фактычна з'яўляецца полем змагання двух кірункаў эўрапейскай, пэўна, - арыйскай, культуры - усходняга і заходняга...». Вершы друкаваў пад псеўданімамі Ігнат Абдзіраловіч і Ганна Галубянка. Паэтычная творчасць вызначаецца філасофскай пранікнёнасцю ў сутнасць народнага жыцця, спалучэннем прыгажосці беларускага слова з нацыянальным светабачаннем, замілаваннем да чалавека, верай у адраджэнне і будучы росквіт Бацькаўшчыны (вершы «Па святой зямлі...», «Вераснёвае пано», «На матывы Р.Тагора», верш у прозе «Мы разам...» і інш.). Аўтар палітычных артыкулаў, рэцэнзій у віленскай прэсе. @

Караваджызм, мастацкая плынь у эўрапейскім жывапісе 17 ст., звязаная з імем італьянскага мастака Мікеланджэла да Караваджа (1573-1610). Прадстаўнікамі «К.» былі яго паслядоўнікі і прыхільнікі (О.Джэнцілескі ў Італіі, Х.Рыбера ў Гішпаніі, Ж.Валантэн у Францыі і інш.). Для К. характэрны дэмакратызм вобразнай сістэмы, узмоцненае пачуццё рэальнасці, матэрыяльнасці навакольнага асяроддзя, манументалізацыя бытавых матываў, актыўная роля светлаценевых кантрастаў. Праз этап К. прайшлі П.Рубенс, Х.Рэмбрант, Д.Веласкес і інш. У Італіі К. захоўваў сваю актуальнасць да канца 17 ст. @

Каран (арабск. Кур'ан - літар. «чытанне»), свяшчэнная кніга ўсіх мусульман свету; зборнік рэлігійна-міфалагічных, дагматычных і прававых тэкстаў. Складзены ў 7-8 ст. Напісаны на арабскай мове і складаецца з 114 сур (глаў), у якіх адлюстраваны ўяўленні аб светабудове, страшным судзе, уваскрэсенні памерлых, «пасмяротнай адплаце». Па ўяўленнях мусульман, тэкст К. быў створаны самім Алахам, які перадаваў асноўныя палажэнні веры прароку Магамету праз ангела Джабраіла. Поўны тэкст К. быў сабраны і сістэматызаваны пасля смерці Мухамеда. Асобныя сюжэты К. - аб стварэнні свету, раі і пекле, грэхападзенне чалавека - амаль супадаюць па змесце з біблейскімі паданнямі. @

Караткевіч Уладзімір (1930-1984), беларускі пісьменнік, паэт, драматург. Скончыў Кіеўскі ўніверсітэт (1954), Вышэйшыя літаратурныя (1960) і сцэнарныя (1962) курсы ў Маскве. Пачаў друкавацца ў 1955. Распрацоўваў пераважна гістарычную тэматыку (паўстанне 1863-1864 і інш.). У паэзіі К. яркая вобразнасць, асацыятыўнасць мыслення, глыбіня філасофскага роздуму (зборнікі вершаў «Матчына душа», 1958; «Вячэрнія ветразі», 1960; «Мая Іліяда», 1969; «Быў. Ёсць. Буду» (1986). Для прозы К. характэрны вострая фабула, яркія характары, пастаноўка сацыяльна значных праблем: раманы «Нельга забыць» (1982; Літаратурная прэмія імя І.Мележа, 1983), «Каласы пад сярпом тваім» (Т. 1-2; 1968), «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1966), «Чорны замак Альшанскі» (1983; Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я.Коласа, 1984), аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» (1964), «Чазенія» (1967) і інш. Аўтар кінасцэнарыяў, публіцыстычных і літаратурна-крытычных артыкулаў, оперных лібрэта («Сівая легенда», музыка Дз.Смольскага). Аўтар п'ес «Млын на Сініх Вірах» (паст. 1959), «Званы Віцебска» (паст. 1974), «Кастусь Каліноўскі» (паст. 1978) і інш., гістарычнага нарысу «Зямля пад белымі крыламі» (1977). Многія героі твораў К. вабяць сваёй прыгажосцю і багаццем унутранага свету, маральнасцю, высакароднасцю ўчынкаў, самаахвярным служэннем Бацькаўшчыне. Творчасці К. ўласцівы філасофскія роздумы пра сэнс жыцця і прызначэнне чалавека на Зямлі, пра лёс беларускага народа ў яго трагічным і адначасова светлым, аптымістычным вымярэнні, вострая сацыяльная накіраванасць і грамадзянская страснасць, вернасць ідэалам гуманізму, дабра і справядлівасці, узнёслая рамантычнасць, паэтычнасць. На творах К., часта заснаваных на гістарычных фактах і архіўных дакументах, выхоўвалася не адно пакаленне беларусаў, прадстаўнікі якога праз захапленне творчасцю пісьменніка прыходзілі да свайго нацыянальнага самаўсведамлення, да шчырай павагі і любові да свайго роднага краю, да сваёй багатай культуры і мовы. Шматгранная творчасць К. паспрыяла развіццю не толькі беларускай літаратуры, але і нацыянальнаму тэатральнаму мастацтву, нацыянальнаму кінематографу, паколькі асобныя яго творы ўжо неаднойчы пераносіліся на сцэнічныя падмосткі, экранізаваліся. @

Каратэ (літар. «пустая рука»), японская сістэма самаабароны без зброі; адзін з відаў спартовых адзінаборстваў. Галоўная мэта заняткаў К. - маральнае і фізічнае самаўдасканаленне чалавека, выпрацоўка ўмення пераадольваць складаныя абставіны, бараніць сябе ад узброенага праціўніка і да т.п. Першыя звесткі пра К. датуюцца пачаткам 8 ст. н.э. У аснове спартовага К. - удары рукой або нагой па найбольш балявых кропках цела праціўніка. У спаборніцтвах па бескантактнаму К. супернікі толькі абазначаюць пэўныя ўдары, прыёмы, не даводзячы іх да канца. Існуюць спецыяльныя практыкаванні па спарынгу (кумітэ) і вольныя практыкаванні (ката), якія імітуюць паядынак. @

Карма (азначае «дзеянне», «жэрабя»), адно з асноўных паняццяў індыйскіх рэлігій (індуізма, будызма, джайнізма) і філасофскай думкі. К. чалавека складаецца з сумы ўсіх яго добрых і дрэнных спраў і ў канчатковым выніку прадвызначае форму наступнага перараджэння, пераўвасаблення. К. вызначае спрыяльныя або неспрыяльныя падзеі ў жыцці кожнага чалавека (багацце-беднасць; здароўе-хвароба; шчасце-няшчасце), а таксама пол, сацыяльны статус, тэрмін жыцця чалавека і да т.п. Добрая К. гарантуе адраджэнне ў новым жыцці брахманам ці князем, сярэдняя - прыблізна на ранейшым узроўні, дрэнная - рабом ці недатыкальным, а часам нават якой-небудзь жывёлай (чарвяком, камаром, пацуком і інш.). Ідэя К. стала своеасаблівым маральна-этычным рэгулятарам паводзін індыйцаў на працягу многіх стагоддзяў. @

Карнавал, у Заходняй Эўропе, Лацінскай Амерыцы і іншых рэгіёнах свету народнае гулянне з вулічнымі шэсцямі, ражэннямі, тэатралізаванымі гульнямі перад пачаткам Вялікага посту; форма масавай народнай культуры. Узнік у сярэднявечнай Эўропе. Першапачаткова К. меў язычніцкія вытокі і традыцыйна звязваўся з провадамі зімы. Адбываўся звычайна ў канцы зімы - пачатку вясны (люты, сакавік). Удзельнікі К. (скамарохі, блазны і інш.) нярэдка парадзіравалі высокіх свецкіх і рэлігійных асоб. Паводле расейскага даследчыка М.Бахціна, менавіта ў смеху, у карнавальнай весялосці сярэднявечны чалавек востра адчуваў сваю перамогу над страхам, смерцю, прыцясненнем, галечай і інш. К. быў часовай перамогай язычніцкага «ніза» сярэднявечнай культуры перад яе хрысціянскім, кніжным «верхам». Ва ўсходнеславянскіх народаў элементы К. праяўляліся ў калядных, купальскіх, велікодных, масленічных абрадах і звычаях з удзелам скамарохаў, блазнаў. У сучасны перыяд найбольш масавыя, пышныя, шматдзённыя К. праводзяцца ў каталіцкіх краінах Паўднёвай Амерыкі (Бразілія, Аргенціна). Некаторыя рысы К. мае беларускае народнае свята Каляды. @

Карскі Яўхім (1861-1931), філолаг-славіст, заснавальнік беларускага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнограф, палеограф, фалькларыст. Акадэмік Пецярбургскай АН (1916), правадзейны сябра Інбелкульта (1922), Чэшскай АН (1929). Скончыў Нежынскі гісторыка-філалагічны інстытут (1885). З 1894 прафесар, у 1905-1910 рэктар Варшаўскага, з 1917 прафесар Петраградскага ўніверсітэта. Аўтар звыш 700 прац па славістыцы, беларусістыцы і русістыцы, у т.л. даследаванняў па гісторыі беларускай мовы, дыялекталогіі, фальклоры, гісторыі беларускай літаратуры і інш. Яго фундаментальная праца «Беларусы» (т. 1-3, 1903-1922) была названа сапраўднай энцыклапедыяй беларусазнаўства і лічыцца вышэйшым дасягненнем эўрапейскай славістыкі канца 19 - пачатку 20 ст. На аснове комплекснага, гісторыка-параўнальнага абагульнення вялікага фактычнага матэрыялу навукова абгрунтаваў, што беларускі народ існуе як самабытная нацыянальная адзінка, што ён стварыў сваю багатую і арыгінальную культуру, мае старажытныя традыцыі і невычэрпную скарбніцу народнай творчасці. У запісах фальклорных твораў К. дакладна перадаваў асаблівасці беларускіх народных гаворак. @

Картасар Хуліо (1914-1984), аргенцінскі празаік. Нарадзіўся ў Бельгіі, вырас у Аргенціне. Скончыў педагагічны каледж у Буэнас-Айрэсе (1935), працаваў настаўнікам у сярэдняй школе. Пакінуў Аргенціну ў 1951, потым пастаянна пражываў у Парыжы, дзе працаваў перакладчыкам у ЮНЕСКА. Раман К. «Гульня ў класікі» (1963) быў успрыняты крытыкай як «першы вялікі лацінаамерыканскі раман». Кнігі К. перакладзены на многія мовы свету. У яго творчасці арганічна спалучыліся фантазія, паэтычнасць, іронія і гульня. Творы К. не ўкладваюцца ў рамкі ні аднаго літаратурнага кірунку і вызначаюцца арыгінальнасцю, спалучэннем рэальнасці і фантазіі, паэтычнасцю, іранічнасцю, непрадказальнасцю паваротаў сюжэту і паводзін персанажаў, часам містычнасцю, імкненнем да гармоніі паміж чалавекам і Сусветам. Па яго апавяданні «Слюні д'ябла» вядомы італьянскі кінарэжысёр М.Антаніёні паставіў фільм «Фотапавелічэнне» («Блоў-ап»). @

Каруза Энрыка (1883-1927), італьянскі оперны спявак (лірыка-драматычны тэнар). Буйнейшы майстар бельканта. Першы тэнар, які пачаў запісвацца на пласцінкі. З 1891 займаўся ў школе спеваў у Г.Верджыне. З 15 гадоў спяваў у царкоўным хоры. Оперны дэбют К. адбыўся ў лістападзе 1894 у Неапалітанскім тэатры. У 1895-1898 выступаў у многіх гарадах Італіі, у 1900-1901 спяваў на сцэне міланскага тэатра «Ла Скала». У 1903-1920 вядучы саліст тэатра «Метраполітэн-опера» (Нью-Ёрк). З 1898 з трыумфальным поспехам гастраляваў у многіх краінах свету (у т.л. у Расеі - 1898, 1900). З 1903 стаў найбольш яркай зоркай нью-ёркскага тэатра «Метраполітэн-опера». Меў багаты, разнастайны рэпертуар, у які ўваходзілі галоўныя партыі шэрагу італьянскіх і французскіх опер. З аднолькавым поспехам выконваў партыі драматычнага і лірычнага плану, пераважна ў операх Дж.Вердзі («Рыгалета», «Трубадур», «Бал-маскарад», «Аіда»), а таксама кампазітараў-верыстаў («Паяцы» Р.Леанкавала, «Багема», «Тоска» Дж.Пучыні) і інш. Яго надзвычай гучны, гнуткі, непаўторнага тэмбру, выдатна рэзаніраваны голас меў барытонавую сілу і вызначаўся мяккім лірызмам, эмацыянальнай пранікнёнасцю. Адзін з лепшых выканаўцаў неапалітанскіх песень. @

Карыда (гішп. corrida de toros - бой быкоў), гішпанскае нацыянальнае відовішча; бой быкоў. Вядома са старажытнасці, звязана з тагачасным культам быкоў, якія ўвасаблялі жыццёвую сілу, энергію, урадлівасць. З пачатку 18 ст. К. стала традыцыйным цыркавым відовішчам не толькі ў Гішпаніі, але і ў Партугаліі, паўднёвай Францыі, краінах Лацінскай Амерыкі, дзе яно звычайна наладжвалася падчас розных свят. Адбываецца на спецыяльна пабудаванай арэне або на абгароджанай пляцоўцы. У правядзенні К. выдзяляецца некалькі этапаў: спачатку тарэра (удзельнікі К.) дражняць быка чырвонымі плашчамі, потым пікадоры (конныя тарэра) наносяць жывёле ўдары доўгімі вострымі пікамі, затым бандэрыльё раздражняюць быка кароткімі коп'ямі (бандэрыльямі); у канцы К. яго галоўная фігура - матадор - дакладным ударам шпагі ў загрывак забівае раз'юшанага быка. Зрэдку здараюцца і трагічныя выпадкі на К. (разнастайныя траўмы ўдзельнікаў, пагібель тарэадораў і інш.). Ёсць нямала праціўнікаў К., якія лічаць яе небяспечным для людзей і негуманным у адносінах да жывёл крывавым відовішчам і патрабуюць забароны. Аднак па-ранейшаму К. карыстаецца значнай папулярнасцю як сярод мясцовых жыхароў, так і шматлікіх гасцей, турыстаў. @

Карціна свету моўная, своеасаблівая сукупнасць уяўленняў аб свеце, пэўны спосаб канцэптуалізацыі рэчаіснасці, што адлюстраваны ў той ці іншай нацыянальнай мове. Паняцце «К.с.м.» узыходзіць да ідэй В.фон Гумбальта і да лінгвістычнай адноснасці гіпотэзы Э.Сепіра-Б.Уорфа. Лічыцца, што канкрэтная мова з яе граматыкай і лексікай нібы навязвае людзям класіфікацыйную сетку, праз якую яны ўспрымаюць навакольную рэчаіснасць. Уласцівы дадзенай мове спосаб канцэптуалізацыі рэчаіснасці часткова ўніверсальны, часткова нацыянальна спецыфічны, таму носьбіты розных моў могуць успрымаць свет па-рознаму, скрозь прызму сваіх моў. @

Кастанеда Карлас (1925-1998), амерыканскі антраполаг, пісьменнік, этнограф. Нарадзіўся ў Перу, у 1951 эмігрыраваў у ЗША. У 1961 зрабіў падарожжа ў Мексіку, дзе вывучаў лекавыя расліны, апісаў побыт мясцовых індзейцаў племені які і пазнаёміўся з яго правадыром - мудрацом Хуанам Матусам і спасцігаў у яго індзейскую мудрасць. Першая кніга К. - «Вучэнне дона Хуана: шлях пазнання індзейцаў племені які» - выйшла ў свет у 1968 і мела вялікі поспех. Наступнымі яго кнігамі былі «Асобая рэальнасць» (1971), «Апавяданні аб сіле» (1974), «Дар арла» (1981) і інш. Яны былі перакладзены на многія мовы свету. Найбольш папулярнымі кнігі К. былі сярод прадстаўнікоў моладзевай субкультуры канца 1960-1970-х г. У яго дзевяцітомным «містычна-спірытуальным серыяле» з заварожваючымі падрабязнасцямі апісана духоўнае падарожжа аўтара (па імені «Карлас») за межы звычайнай рэчаіснасці, у іншыя светы, падчас якога магчыма набыць сапраўдныя веды і свабоду. Для пагружэння ў «іншасвет» герой раманаў выкарыстоўваў як прыродныя галюцынагены, так і спецыяльныя фізічныя практыкаванні. К. выступаў за духоўныя пошукі і самаўдасканаленне людзей на «шляху з сэрцам», які не з'яўляецца дарогай непарыўнага самааналізу ці містычнага палёту, а ёсць шлях «прыцягнення радасці і смутку свету». @

Кастратнае спяванне, адмысловая форма вакальнага майстэрства, характэрная для спевакоў-кастратаў. Найбольшае пашырэнне атрымала ў 17-18 ст. Знакамітым у Эўропе спеваком-кастратам быў Карла Броскі (па мянушцы Фарынэлі). Творы для К.с. пісалі Ф.Й.Гайдн, Ф.Телеман і інш. кампазітары. Яго традыцыі спрабуюць адрадзіць у апошнія дзесяцігоддзі (найперш у Італіі і Германіі). Сярод вядомых сучасных майстроў К.с. - Р.Якабс, Д. Лі Рагін, А.Кёлер, Й.Кавальскі, Р.Попкен і інш. У 17-18 ст. спевакоў-кастратаў вельмі шанавалі, нават абагаўлялі, іх шырокай папулярнасці і міжнароднай славе зайздросцілі. Іх спяванне часам было такім моцным, што магло разбівацца нават шкло вокнаў, а некаторыя вытанчаныя жанчыны падчас канцэртаў страчвалі прытомнасць. Голас такіх спевакоў быў падобны адначасова як на самы высокі мужчынскі голас, так і на дзіцячы, жаночы. @

Каталіцызм, адзін з асноўных кірункаў у хрысціянстве (побач з праваслаўем і пратэстантызмам). Канчаткова аформіўся як асобнае веравучэнне і царкоўная арганізацыя ў 1054 пасля падзелу хрысціянства на дзве галіны - заходнюю (К.) і ўсходнюю (праваслаўе). У 16 ст. у ходзе Рэфармацыі ад К. адкалоўся пратэстантызм. Для каталіцкай царквы характэрны строгая цэнтралізацыя, наяўнасць адзінага сусветнага цэнтру (Ватыкан), а таксама адзінага кіраўніка - Папы Рымскага, які лічыцца намеснікам Ісуса Хрыста на зямлі, непагрэшным у справах веры і маральнасці. Крыніцы веравызнання - Свяшчэннае Пісанне (Біблія), Свяшчэннае Паданне, якое акрамя старажытнай традыцыі ўключае пастановы першых 7 Усяленскіх сабораў (4-8 ст.), рашэнні пазнейшых царкоўных сабораў, папскія пасланні. У К. лічыцца, што Святы Дух сыходзіць не толькі ад Бога-Айца, але і Бога-Сына (філіёкве). Сярод іншых галоўных асаблівасцей К. - наяўнасць догматаў аб чысцілішчы, бязгрэшным зачацці і цялесным узнясенні Дзевы Марыі, рэзкае адмежаванне кліра ад міран, бясшлюбнасць (цэлібат) духавенства. Культ вызначаецца пышным тэатралізаваным богаслужэннем, падчас якога звычайна гучыць арганная музыка. З 1960-х г. у К. праводзіцца мадэрнізацыя дагматыкі, культу, арганізацыі і палітыкі. Сярод вернікаў католікі пераважаюць у многіх краінах Заходняй і Цэнтральнай Эўропы, у лацінаамерыканскіх краінах і інш. У 1990-я г. у свеце налічвалася каля 900 млн. прыхільнікаў К.

У Беларусі К. пашырыўся пасля Крэўскай вуніі 1385 у выглядзе рымска-каталіцкай царквы, а ў выніку Берасцейскай вуніі 1596 створана вуніяцкая (грэка-каталіцкая) царква. У 16-18 ст. каталіцкая царква спрычынілася да ўзмацнення акаталічвання і апалячвання часткі беларускага грамадства - найперш шляхты, магнацтва і мяшчанства. У пашырэнні К. значную ролю адыгралі манаскія ордэны езуітаў, дамініканцаў, францысканцаў, бенедыкцінцаў і інш., якія арганізоўвалі на беларускіх землях навучальныя ўстановы, бібліятэкі, друкарні. Езуіты стваралі калегіумы ў розных беларускіх гарадах (Берасце, Горадня, Нясвіж, Пінск, Слонім і інш.), у 1579 заснавалі Віленскую акадэмію, у 1812-1820 дзейнічала Полацкая езуіцкая акадэмія. З другой паловы 19 ст. закрываліся касцёлы і кляштары, масава будаваліся праваслаўныя цэрквы. Сярод найбольш вядомых прадстаўнікоў каталіцкай канфесіі можна назваць пісьменнікаў, асветнікаў М.Гусоўскага, М.К.Сарбеўскага, М.Пачобут-Адляніцкага, Я.Баршчэўскага, В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча і інш. У сучасны перыяд каталіцкая царква ў Беларусі мае свой епіскапат, незалежны ад Польшчы, створаны адпаведныя епархіі. Па колькасці вернікаў К. з'яўляецца другой (пасля праваслаўя) канфесіяй, а па колькасці прыходаў - трэцяй (пасля праваслаўя і пратэстантызму). Зараз справаводства ў каталіцкай царкве вядзецца пераважна на беларускай мове, таксама па-беларуску праходзіць большасць богаслужэнняў, казанняў. У Горадні і Пінску дзейнічаюць духоўныя вышэйшыя каталіцкія семінарыі. Выдаецца мноства рэлігійных кніг, перыдычных выданняў (на беларускай і польскай мовах). @

Катарсіс (ад грэч. katharsis - ачышчэнне),

1) у працы Арыстоцеля «Паэтыка» тэрмін для абазначэння ўзвышанага задавальнення і прасвятлення з дапамогай «страху і спагады», якое перажывае глядач разам з героем трагедыі. Пазней К. пачало разглядацца як духоўнае ачышчэнне і ўнутранае вызваленне, якое перажывае чалавек ў працэсе зносін з вышэйшымі ўзорамі культуры. К. - найвышэйшая мэта мастацтва (найперш трагедыі), паколькі гэта дапамагае чалавеку ўзвышаць душу, перажываць стан «бяскрыўднай радасці», пераадольваць свае слабасці, дрэнныя якасці.

2) У псіхааналізе З.Фрэйда - адзін з метадаў псіхатэрапіі. @

Каштоўнасць, філасофскі, сацыялагічны і культуралагічны тэрмін, які фіксуе чалавечае, сацыяльнае і культурнае значэнне пэўных з'яў рэчаіснасці, якія ацэньваюцца ў плане дабра і зла, праўды і хлусні, прыгажосці і агіднасці, дапушчальнага і забароненага, справядлівага і несправядлівага і інш. К. называюцца таксама спосабы і крытэрыі, на аснове якіх ацэньваюцца адпаведныя з'явы (устаноўкі, ацэнкі, забароны, мэты ці праекты). К. азначаюць не самі па сабе прадметы матэрыяльнай культуры, з'явы духоўнай культуры або працэсы ў сферы чалавечых адносін, а іх сацыяльную якасць і значэнне ў жыццядзейнасці грамадства. У рамках той ці іншай культуры, цывілізацыі фармуецца своеасаблівы набор і іерархія К., сістэма якіх выступае ў якасці найбольш высокага ўзроўню сацыяльнай рэгуляцыі. Навука аб прыродзе і асаблівасцях К. - аксіялогія. @

Кецалькоатль (г.зн. «птушыны змей»), бог-стваральнік Сусвету, чалавека і культуры, уладыка прыродных стыхій, заступнік жрацоў, ведаў, рамёстваў, уладар вятроў. Паводле падання, упершыню даў людзям маіс, навучыў іх апрацоўваць каштоўныя камяні, ствараць мазаікі з пер'яў, назіраць за рухам планет і зорак, вылічваць даты па календары, устанавіў ахвярапрынашэнні, малітвы, пасты. У канцы жыцця К. сам сябе прынёс у ахвяру, або, па другой версіі, адплыў кудысьці на плоце, каб потым аднойчы вярнуцца. @

Кінамастацтва (скарочана - кіно; ад грэч. kineo - рухаюся, рухаю), від мастацтва, творы якога ствараюцца з дапамогай кіназдымак рэальных, спецыяльна інсцэніраваных ці ўзноўленых сродкамі мультыплікацыі падзей. У К. сінтэзуюцца некаторыя рысы іншых відаў мастацтва - літаратуры, тэатра, музыкі, выяўленчага мастацтва. З'яўляецца важным сродкам фармавання этычных поглядаў, эстэтычных густаў гледачоў. Падзяляецца на мастацкі, дакументальны, навукова-папулярны, мультыплікацыйны (анімацыйны) віды. Асноўныя жанры К. - меладрама, камедыя, баявік, трылер, фільм жахаў, гістарычны фільм, фантастыка, прыгодніцкі фільм і інш. Асноўныя выразныя сродкі ў К. - кінавыява і мантаж. Узнікла як мастацтва «жывой фатаграфіі» (вынаходнікі - браты Люм'ер, 1895, Францыя). У першыя дзесяцігоддзі кіно было «нямым», у якім не было агучвання роляў, а ў якасці гукавога афармлення фільмаў у кінатэатры іграў асобны музыкант або нават невялікі аркестр. У 1927 выйшаў на экраны першы гукавы фільм «Спявак джазу» (ЗША). У сярэдзіне 20 ст. з'явілася магчымасць выпускаць першыя каляровыя фільмы; некалькі пазней узнікла шырокафарматнае і шырокаэкраннае кіно. У другой палове 20 ст. на сусветнае К. аказалі прыкметны ўплыў італьянскі неарэалізм і французская «новая хваля», якая ў даступнай, нярэдка забаўляльнай форме ўвасобіла інтэлектуальныя пошукі чалавека, стварыла новую эстэтыку кіно (А.Рэнэ, Ф.Труфо, Ж.-Л.Гадар, К.Шаброль). У сярэдзіне 20 ст. ўзнікла т.зв. «аўтарскае кіно», дзе ў параўнанні з калектыўнымі «жанравымі фільмамі» больш выяўлялася аўтарская індывідуальнасць. Яго найбольш яркімі прадстаўнікамі былі італьянскія рэжысёры Ф.Феліні, гішпанскі рэжысёр Л.Бунюэль, шведскі І.Бергман, японскі А.Курасава, расейскі А.Таркоўскі, армянскі С.Параджанаў і інш. Да ліку найбольш вядомых і папулярных кінаакцёраў 20 ст. адносяцца М.Ліндэр, Ч.Чаплін, Б.Кітан, М.Дзітрых, С.Ларэн, Б.Бардо, М.Манро, Р. дэ Ніра, Ж.-П.Бельмандо, А.Дэлон, Д.Нікалсан, Р.Рэдфард, Х.Форд, А.Чэлентана, М.Стрып, Д.Хофман, Ж.Дэпардзье, І.Аджані, С.Марсо і інш. За апошнія дзесяцігоддзі прыкметна павялічылася роля спецэфектаў у стварэнні мастацкіх кінастужак, а таксама ўзрасла колькасць відовішчных высокабюджэтных фільмаў - блокбастэраў. Вядучую ролю ў сусветным кінапрацэсе (па колькасці фільмаў, іх распаўсюджанасці і папулярнасці ў свеце) адыгрывае амерыканская кінаіндустрыя з яе цэнтрам у Галівудзе.

Дэманстрацыя кінафільмаў у Беларусі пачалася ў канцы 19 ст., а ў пачатку 20 ст. дзейнічала ўжо 58 кінатэатраў. У 1928 створана кінастудыя мастацкіх фільмаў «Савецкая Беларусь» (спачатку ў Ленінградзе, а з 1939 - у Менску). З 1946 пачала дзейнасць кінастудыя «Беларусьфільм». Даволі плённа беларускае К. развівалася ў пасляваенны перыяд, асабліва на працягу 1960-80-х г. Тады працягвалі працаваць майстры старэйшага пакалення (У.Корш-Саблін, М.Фігуроўскі, А.Файнцымер і інш.), з'явіліся маладыя таленавітыя кінарэжысёры (В.Тураў, М.Пташук, В.Нікіфараў, Б.Сцяпанаў, В.Рыбараў, В.Рубінчык і інш.). Ім удалося стварыць мноства арыгінальных, змястоўных кінастужак, прысвечаных Другой сусветнай вайне, гістарычнага мінулага і сучаснага стану грамадства, маральна-этычным праблемам, («Я родам з дзяцінства» В.Турава, 1967; «Я, Францыск Скарына» Б.Сцяпанава, 1970; «Вянок санетаў» В.Рубінчыка, 1977; «Белыя Росы» І.Дабралюбава, 1984; «Мяне завуць Арлекіна» В.Рыбарава, 1988 і інш. Важным напрамкам развіцця кінамастацтва Беларусі стала экранізацыя вядомых твораў беларускай літаратуры: В.Быкава - «Альпійская балада» (1966; рэж. Б.Сцяпанаў), «Знак бяды» (1986; рэж. М.Пташука); А.Адамовіча - «Вайна пад стрэхамі» (1966; рэж. В.Тураў), «Ідзі і глядзі» (1984; рэж. Э.Клімаў); Івана Мележа - «Людзі на балоце» (1981) і «Подых навальніцы» (1982; рэж. абодвух В.Тураў); У.Караткевіча - «Дзікае паляванне караля Стаха» (1980; рэж. В.Рубінчык), «Чорны замак Альшанскі» (1983; рэж. М.Пташук) і інш. Пры кінастудыі «Беларусьфільм» створаны творчыя аб'яднанні «Тэлефільм» і «Летапіс», майстэрня мультыплікацыйных фільмаў, а таксама Тэатр-студыя кінаакцёра. Каардынуе творчую і арганізацыйную дзейнасць у галіне айчыннага К. створаны ў 1962 Саюз беларускіх кінематаграфістаў. З пачатку 1990-х г. у Беларусі праводзяцца Міжнародны фестываль постсавецкага кіно «Лістапад» і Міжнародны фестываль жаночага кіно. @

Кінамузыка, спецыфічны род музычнага мастацтва; адзін з кампанентаў кіна-, тэле- або відэатвора; інструментальная або вакальная музыка, якая выконваецца персанажамі па ходу дзеяння (унутрыкадравая) кінафільма ці суправаджае яго (закадравая). Можа быць арыгінальнай, напісанай спецыяльна для фільма, ці складацца з музычных цытат, мець ілюстрацыйны характар. У дагукавым кіно фільмы суправаджаліся ігрой піяніста-ілюстратара або ансамбля. Пачатак беларускай К. паклаў фільм «Першы ўзвод» (1933). Нацыянальным каларытам, зваротам да беларускага фальклору вылучалася музыка А.Туранкова да фільма «Вогненныя гады» (1939). Сярод беларускіх кампазітараў значную ўвагу надавалі К. у 1960-1980-я г. Г.Вагнер, Я.Глебаў, Л.Захлеўны, В.Іваноў, У.Кандрусевіч, С.Картэс, І.Лучанок, У.Чараднічэнка і інш. У неігравым кіно (дакументальным, навукова-папулярным) пераважае прынцып кампіляцыі, падбору музычных фрагментаў. Асобную групу ствараюць музычныя фільмы, дзе музыка з'яўляецца асновай драматургіі. Пры Саюзе беларускіх кінематаграфістаў дзейнічае секцыя К. @

Кінатэатр, пабудова, спецыяльна зробленая для дэманстрацыі мастацкіх і дакументальных фільмаў. Першыя К. з'явіліся ў канцы 19 ст. і амаль не адрозніваліся ад залаў для збораў або канцэртаў. Сярод асноўных памяшканняў - глядзельная зала з экранам і гукаўзмацняльнікамі, апаратная, дзе размяшчаюцца кінапраекцыйныя апараты. Форма і памер глядзельных залаў вызначаюцца відам фільмаў, якія дэманструюцца (звычайных, шырокаэкранных, шырокафарматных, стэрэаскапічных, панарамных). У канцы 20 ст. многія К. сталі сапраўднымі культурнымі комплексамі, куды ўключаюцца таксама рэстараны, залы для гульняў, бібліятэкі і да т.п. У канцы 1980-х г. з'явіліся першыя «хатнія К.», якія ўключаюць відэамагнітафон (ці DVD-прайгравальнік), тэлевізар, гукаўзмацняльныя прыстасаванні. Такі тып К. размяшчаецца ў хатніх умовах і па якасці паказу і гуку практычна не саступае звычайным публічным К. У Беларусі існуюць кінатэатры са стэрэафанічным гучаннем, а таксама для паказу стэрэаскапічных фільмаў. У сучасны перыяд найбольш забяспечаныя жыхары нашай краіны могуць дазволіць сабе ўсталяваць у сваёй кватэры «хатні К.». @

Кірыла і Мяфодзій, браты з Солуні (Салонікаў), славянскія асветнікі, прапаведнікі хрысціянства. Яны былі грэчаскімі «вучонымі мужамі», мудрацамі (паводле летапісу, «філосафамі»). К. і М. лічацца стваральнікамі славянскага пісьма, і таму той алфавіт, якім цяпер карыстаюцца беларусы, балгары, сербы, расейцы, украінцы, называецца па імені аднаго з братоў «кірыліцай». Літары кірыліцы былі заснаваны на традыцыях грэчаскага пісьма, і менавіта яна пачала распаўсюджвацца ў асобных славянскіх краінах з другой паловы 9 ст. К. і М. шмат прапаведавалі, вучылі святароў богаслужэнню на славянскай мове, мелі мноства сваіх вучняў, пераклалі на гэтую мову Евангелле і іншыя біблейскія кнігі. @

Кірыла Тураўскі (каля 1130 - 1182), беларускі пісьменнік, царкоўны дзеяч, майстар аратарскай прозы. У Тураве атрымаў вельмі добрую на той час адукацыю. Рана пастрыгся ў манахі і заняўся літаратурнай дзейнасцю. Быў тураўскім епіскапам. Праславіўся як прапаведнік, выдатны майстар урачыстага царкоўнага красамоўства. У сваіх творах, пропаведзях горача клапаціўся пра маральна-духоўнае самаўдасканаленне суайчыннікаў. Абапіраўся на лепшыя традыцыі антычнай і візантыйскай аратарскай прозы. Зберагліся яго 8 «слоў»-пропаведзяў («Слова на Вялікдзень», «Слова на Ўшэсце» і інш.), некалькі дыдактычных аповесцей-прытчаў, 2 каноны, каля 30 малітваў-споведзяў. У паэтычных «словах», складзеных з нагоды розных свят, праз традыцыйны біблейскі змест, царкоўна-рэлігійную форму прарываецца захапленне чалавекам радасцю жыцця, хараством прыроды, імкненнем да духоўнай дасканаласці, да ідэалу. «Словы» вылучаюцца багаццем вобразна-паэтычнай мовы, стылістычным адзінствам, глыбокім лірызмам і эмацыянальнасцю, шырокім выкарыстаннем алегорый, сімвалаў, рытарычных зваротаў, разгорнутымі параўнаннямі. Некаторыя прамовы К.Т. дзякуючы багатай паэтычнай фразеалагогіі, сінтаксічнаму паралелізму, агульнаму рытмічнаму ладу нагадваюць вершы ў прозе. Яго творы склалі залаты фонд старажытнай літаратуры і на працягу стагоддзяў карысталіся вялікай папулярнасцю на землях усходніх славян, перапісваліся да 19 ст. Яны змяшчаліся ў зборніках «Златоуст» і «Торжественник» побач з класічнымі ўзорамі антычнай аратарскай прозы, творамі Іаана Златавуста і інш. За надзвычайнае майстэрства і глыбіню яго пропаведзяў і твораў К.Т. называлі «Златоуст, паче всех воссіявшій нам на Русі». Некаторыя даследчыкі называюць К.Т. сярод магчымых аўтараў «Слова пра паход Ігаравы». @

Кітайская культура, сукупнасць матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей кітайскага народа. На кітайскай зямлі сфармаваўся адзін з найбольш старажытных продкаў чалавека - сінантрап, які пражываў тут каля 400 тысяч гадоў таму назад. Першыя пасяленні старажытнейшых людзей на тэрыторыі Кітая датуюцца прыблізна 30 тыс. да н.э. Найбольш раннія помнікі культуры, што былі знойдзены на тэрыторыі Кітая, адносяцца да 5-4 тыс. да н.э. Аднак цывілізацыя ў Старажытным Кітаі склалася некалькі пазней, чым у Месапатаміі, Эгіпце і Індыі, - прыблізна на мяжы 3-2 тыс. да н.э. Да ліку найбольш важных і істотных рыс К.к. адносяцца больш рацыянальны, прагматычны характар (у адрозненне, напр., ад эгіпецкай, індыйскай культур), у значнай ступені звернуты да каштоўнасцей рэальнага зямнога жыцця; надзвычайная ўстойлівасць, стабільнасць і кансерватызм; эстэтызацыя, паэтызацыя прыроды (па глыбіні эстэтычнага і паэтычнага пранікнення ў жыццё прыроды К.к., бадай, не ведае сабе роўных у свеце); своеасаблівы «культурны этнацэнтрызм» (у яго аснове - уяўленні пра Кітай як пра «Сярэдзіннае царства», якое знаходзіцца ў цэнтры Сусвету і акружана «варварамі чатырох бакоў свету») і да т.п. У гісторыі К.к. вялікае значэнне адыгралі розныя рэлігійныя і грамадскія культы, сярод якіх агульнадзяржаўныя (культы Неба і Зямлі, продкаў імператара), агульнанародныя культы вялікіх родапачынальнікаў трох рэлігій (Канфуцыя, Лао-цзы, Буды), мясцовыя культы божастваў-заступнікаў, ахоўнікаў гарадскіх і сельскіх пасяленняў, хатнія, ці сямейныя культы (продкаў, агню, хатняга ачагу, дзвярэй і інш.). На стылістыку і змест розных відаў і жанраў кітайскага традыцыйнага мастацтва аказалі даволі значны ўплыў два асноўныя рэлігійна-філасофскія кірункі - канфуцыянства і даасізм. Ужо ў 1-м тыс. да н.э. ўзніклі такія разнавіднасці народнага кітайскага мастацтва, як каркаснае драўлянае дойлідства, жывапіс на шоўку, вытворчасць лакавых вырабаў, круглых бронзавых люстэркаў з інкрустацыяй золатам і серабром, разьба па дрэву і каменю, будаўніцтва пахавальных комплексаў і насценныя рэльефы, мастацтва вышыўкі і веера. Для кітайскага выяўленчага мастацтва былі ўласцівы прыгажосць і завершанасць контураў, а дакладнасць жэстаў і поз людзей своеасаблівым чынам адлюстроўвала гармонію свету. Са старажытных часоў у Кітаі паспяхова развівалася літаратура. У сярэдзіне 2-га тыс. да н.э. кітайцы распрацавалі іерагліфічную сістэму пісьма (больш за 2000 іерогліфаў), якая ў некалькі змененым выглядзе застаецца і ў сённяшні час. Узоры самых старажытных літаратурных твораў захаваліся ў выглядзе надпісаў на бронзавых пасудзінах 11-6 ст. да н.э. Найлепшым і найбольш папулярным зборнікам старажытнакітайскай паэзіі з'яўляецца «Шы-Цзін» («Кніга песень»). @

Кітан Бастэр (1895-1966; сапр. Джозеф Фрэнсіс Кітан), амерыканскі акцёр, адзін з найбольш таленавітых акцёраў-комікаў (разам з Ч.Чапліным) эпохі «нямога кіно». Выступаў таксама як эстрадна-цыркавы артыст. Яго першы фільм - «Тры эпохі» (1923) - з'яўляўся эксцэнтрычнай пародыяй на стужку «Нецярпімасць» Д.У.Грыфіта. У фільмах з удзелам К. смешныя сітуацыі найчасцей заснаваны на няпростых «ўзаемаадносінах» чалавека і разнастайных «упартых машын» - паравозаў, матацыклаў, аўтамабіляў, параходаў і інш. Свае акрабатычныя трукі выконваў (у адрозненне ад больш тэатралізаванай, нярэдка сентыментальнай акцёрскай манеры Ч.Чапліна) з непахіснай стрыманасцю, за што заслужыў рэпутацыю «вялікага каменнага твару». К. быў наватарам і эксперыментатарам у галіне кінематаграфічнай тэхнікі, паколькі выкарыстоўваў налажэнне кадраў, множнае выяўленне і да т.п. Сярод яго найбольш вядомых фільмаў - «Навігатар» (1924), «Генерал» (1927), «Каледж» (1927) і інш. У 1952 зняўся ў эпізодзе фільма «Агні рампы» разам з Ч.Чапліным. У 1959 атрымаў спецыяльную прээмію «Оскар». @

Кітч (кіч; ад нямецк. kitsch - таннасць, безгустоўнасць), стэрэатыпнае псеўдамастацтва, якое не мае мастацка-эстэтычнай каштоўнасці; безгустоўная масавая прадукцыя, разлічаная на знешні эфект. Разглядаецца таксама як спецыфічная з'ява, што адносіцца да ніжэйшых пластоў масавай культуры. Тэрмін «К.» узнік у 19 ст. у Германіі. Для К. характэрны імітацыя форм, звязаных у масавай свядомасці з прэстыжнымі формамі культуры, фабрыкацыя прымітыўнай пачуццёва-прыемнай прыгажосці. У мастацкай прамысловасці другой паловы 19 - пачатку 20 ст. К. распаўсюдзіўся як прамысловая імітацыя ўнікальных вырабаў. У 1960-1980-я г. прадметы К. сталі тыповай з'явай штодзённай агульнадаступнай культуры. Мастацкія творы ў форме К. прадстаўлены ў галіне выяўленчага мастацтва, літаратуры (т.зв. «бульварная літаратура»), кінематографа, эстраднай музыкі і розных формах побытавага аздаблення. @

Клакхан Клайд (1905-1960), амерыканскі антраполаг. Быў вядучай фігурай у даследаваннях асобы і культурных каштоўнасцей. Выкладаў ва ўніверсітэтах Нью-Мексіка і Гарварда. Вынікам даследавання культуры індзейцаў стала кніга «Магія Наваха» (1944), прызнаная класічным узорам антрапалагічнага даследавання. Быў прадстаўніком псіхалагічнай школы ў антрапалогіі (разам з М.Мід, Р.Лінтанам, К.Дзюбуа і інш.), якая ў аснову сваёй дзейнасці паклала вывучэнне ўзаемадзеяння чалавечай свядомасці і культуры. Лічыў, што культура выступае прадуктам чалавечых дзеянняў і іх прычынай, а яе носьбітамі з'яўляюцца асобныя групы, індывіды. Вызначаў культуру і як своеасаблівы вобраз мыслення, адчування, веравання. @

Класіка (ад лац. classicus - узорны, першакласны), выдатныя, узорныя, агульнапрызнаныя творы літаратуры і мастацтва, якія маюць вечную, велізарную каштоўнасць для нацыянальнай і сусветнай культуры. @

Класіцызм (ад лац. classicus - літар. «ўзорны»), стыль і кірунак у мастацтве і літаратуры 17 - пачатку 19 ст., што звяртаўся да антычнай спадчыны як да нормы і ідэальнага ўзору. Склаўся ў 17 ст. у Францыі і паступова стаў дамінуючым мастацкім стылем у тагачаснай эўрапейскай культуры. Галоўныя агульныя прынцыпы К. - яснасць, упарадкаванасць, лагічная паслядоўнасць, стройнасць і гармонія, дамінацыя рацыянальнага пачатку. Найбольшы ўплыў К. аказаў на развіццё архітэктуры, тады як дасягненні прадстаўнікоў дадзенага мастацкага стылю ў галіне лірычнай паэзіі і музыцы былі не вельмі значныя. Архітэктуры К. ўласцівы дакладнасць і геаметрызм форм, лагічнасць і яснасць планіроўкі, стрыманы дэкор; выяўленчаму мастацтву - яснасць і ўраўнаважанасць кампазіцыі, стрыманае каляровае вырашэнне, строгае разгортванне сюжэта (вядучым жанрам з'ўляецца гістарычны жанр). Найвышэйшага росквіту музычны К. дасягнуў у творчасці Ф.Й.Гайдна, В.А.Моцарта, Л.Бетховена. Яны ўваходзілі ў т.зв. «Венскую класічную школу» і лічыліся трыма «венскімі класікамі». Аднак у творчасці Моцарта і асабліва Бетховена намеціліся шляхі ў будучыню - у эпоху рамантызму. Для літаратуры К. з'яўляліся характэрнымі такія адметныя рысы, як гарманічнасць, яснасць, стройнасць, дакладнасць, ураўнаважанасць, прыхільнасць да антычных узораў і канонаў. У галіне літаратуры існаваў дакладны падзел на т.зв. «высокія» і «нізкія» жанры. Да «высокіх» жанраў адносіліся трагедыя, ода, эпапея, а да «нізкіх» - адпаведна камедыя, байка, сатыра. Прызначэнне абодвух жанраў заключалася ў тым, каб «забаўляючы, павучаць». У 1635 у Парыжы была заснавана Акадэмія літаратуры. З таго часу К. афіцыйна стаў дамінуючым кірункам у літаратуры.

У архітэктуры Беларусі К. выявіўся ў другой палове 18 ст., развіваўся паралельна з познім барока, а ў канцы 18 ст. стаў асноўным стылем. У канцы 18 - пачатку 19 ст. на аснове К. была ажыццёўлена перапланіроўка беларускіх гарадоў (планам надаваліся формы прамавугольнікаў ці шматвугольнікаў, жылыя і грамадскія будынкі ўзводзіліся па арыгінальных і «ўзорных» тыпавых праектах), пашырылася будаўніцтва палацава-паркавых комплексаў, сядзіб. Сярод выдатных помнікаў К. Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Сноўскі палацава-паркавы ансамбль і інш. К. паўплываў на асаблівасці мастацкай формы драўлянага дойлідства. У выяўленчым мастацтве К. пачаў пашырацца з другой паловы 18 ст. Спачатку пераважалі партрэтны і гістарычны жанры (Ф.Смуглевіч, Ю.Пешка, І.Аляшкевіч). Ярка выявіўся ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве (тэкстыльныя вырабы гарадзенскіх і слуцкіх мануфактур, мэбля, шкло, размалёўка). Рысы К. назіраюцца ў ранніх творах мастакоў-рамантыкаў В.Ваньковіча і Я.Дамеля. У першай палове 19 ст. К. выцеснены рамантызмам. У галіне літаратуры ў Беларусі класіцысцкія тэндэнцыі прыкметныя з 17 ст. (сілабічная паэзія). У творчасці Сімяона Полацкага заўважаецца спалучэнне элементаў рэнесансу, барока і К. Больш ярка ў шматмоўнай літаратуры Беларусі К. выявіўся ў другой палове 18 - пачатку 19 ст. Яго асноўныя рысы (абагульненасць вобразаў, перавага рацыянальнага над эмацыянальным) уласцівы пісьменнікам, якія пісалі на польскай (А.Нарушэвіч, Ю.Нямцэвіч, Ф.Багамолец), расейскай (І.Сакольскі, І.Галянеўскі), лацінскай (М.Карыцкі) мовах. Рысы К. з асобнымі элементамі сентыменталізму, рамантызму і рэалізму назіраліся ў беларускіх пісьменнікаў 19 ст. Я.Чачота, Я.Баршчэўскага, В.Дуніна-Марцінкевіча і інш. @

Клінапіс, сістэма пісьма ў старажытнай Месапатаміі. З'яўляецца адным з відаў старажытнага пісьма, знакі якога складаліся з груп клінападобных рысачак; яны выціскаліся на паверхні кавалка мяккай гліны завостранымі палачкамі, якія ўваходзілі ў гліну пад вуглом і стваралі клінападобнае заглыбленне. Сырой гліне надавалася форма пліткі, конуса, цыліндра або прызмы, якія потым абпальваліся для захоўвання нанесеных знакаў. К. узнік у 4 тыс. да н.э. у старажытным Шумеры, а потым быў прыстасаваны да вавілонскай, асірыйскай, хецкай, урарцкай і іншых моў. Спачатку ўяўляў сабой ідэаграфічна-рэбуснае, а з сярэдзіны 3 тыс. да н.э. - славесна-складовае пісьмо. Кліны размяшчаліся гарызантальна, вертыкальна, пад рознымі вугламі. Напрамак пісьма спачатку быў вертыкальны (слупкамі справа налева), пазней - гарызантальны (радкамі злева направа). К. праіснаваў каля 4 тыс.гадоў. Найбольш познія яго помнікі разнастайныя па жанрах (рэлігійныя і навуковыя тэксты, дакументы, слоўнікі, эпас) былі вядомы ў старажытнай Персіі і адносяцца да 6-4 ст. да н.э. @

«Ковент-Гардэн», буйнейшы оперны тэатр у Вялікабрытаніі (Лондан). Заснаваны ў 1732, з 1890-х г. «Каралеўскі оперны тэатр Ковент-Гардэн», з 1949 стаў дзяржаўным. З 1946 выступае таксама балетная трупа (з 1957 «Каралеўскі балет»). Сярод дырыжораў - Т.Бічэм, Г.Шолці, Б.Хайцінк і інш. На сцэне «К.-Г.» ставяцца творы ангельскіх кампазітараў і замежнай класікі (на мовах арыгіналаў). Выступаюць самыя знакамітыя оперныя спевакі свету. @

Код культуры (франц. code), сістэма ўмоўных сімвалаў, знакаў, сэнсаў (і іх камбінацый), якія заключаны ў любым прадмеце матэрыяльнай і духоўнай дзейнасці чалавека. Кадаванне выкарыстоўваецца ва ўсіх галінах грамадскай і культурнай дзейнасці, таму ў гэтым сэнсе практычна любы прадукт чалавечай дзейнасці закадаваны. Мастацкія творы могуць мець пэўны К.к., які не заўсёды даступны пры першым прачытанні. Кожны чалавек карыстаецца спецыфічнымі кодамі ў тых выпадках, калі ён канцэптуалізуе свет і фармуе светаўспрыманне. @

Колас Якуб (1882-1956; сапраўд. Міцкевіч Канстанцін Міхайлавіч), беларускі пісьменнік, паэт. Заснавальнік (разам з Я.Купалам) новай беларускай літаратуры. Народны паэт Беларусі (1926). Акадэмік (1928), з 1929 - віцэ-прэзідэнт АН Беларусі. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1902), настаўнічаў. Як удзельнік нелегальнага з'езда настаўнікаў (1906) быў асуджаны і 3 гады адбываў пакаранне ў менскім астрозе (1908-1911). Паэтычныя творы пачаў пісаць у 1898, друкаваўся з 1906. Першы зборнік паэзіі «Песні жальбы» выйшаў у 1910, зборнік прозы «Апавяданні» - у 1912. Асноўны змест яго твораў - жыццё і побыт, сацыяльны і нацыянальны прыгнёт беларускага народа, яго барацьба за свае правы, за лепшую будучыню. Творчай манеры К. ўласцівы глыбокі псіхалагізм, пейзажнае майстэрства, гармонія формы і зместу, яснасць, празрыстасць стылю, пастаноўка вострых актуальных праблем сучаснасці, філасофскі роздум над вечнымі праблемамі жыцця, услаўленне духоўнага багацця і маральнай прыгажосці чалавека. Эпічная паэма К. «Новая зямля» (апубл. 1923) з'яўляецца своеасаблівай энцыклапедыяй сялянскага жыцця, сапраўднай «народнай кнігай». У ёй паэт з вялікай сілай мастацкага майстэрства намаляваў шырокую панараму народнага жыцця, стварыў яркія характары галоўных персанажаў, уславіў чалавека-працаўніка, паказаў яго спрадвечныя мары аб волі і шчасці. У рамантычнай паэме «Сымон-музыка» (апубл. 1925) К. паказаў трагічную долю мастака з народа, разважаў над шляхамі развіцця нацыянальнага мастацтва. У ёй сцвярджалася думка пра непераможнасць, нескаронасць мастака, кроўна звязанага са сваім народам, з нацыянальнымі традыцыямі. Вострыя сацыяльныя і маральныя праблемы знайшлі адлюстраванне ў трылогіі «На ростанях» (1921-1954), аповесцях «На прасторах жыцця» (1926), «Дрыгва» (1933), няскончанай паэме «На шляхах волі» (1926-1956) і інш. У публіцыстычных творах К. адзначаў адметнаасць гістарычнага шляху Беларусі, што было абумоўлена знаходжаннем нашай Бацькаўшчыны на скрыжаванні розных культур, рэлігійных канфесій, геапалітычных памкненняў суседніх дзяржаў. З сярэдзіны 1980-х г. пачалі праводзіцца навуковыя чытанні, паводле якіх выдаецца зборнік «Каласавіны» (з 1986), прысвечаны жыццёваму і творчаму шляху К. Займаўся перакладамі літаратурных класікаў розных народаў свету (А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі, А.Міцкевіча і інш.). Вывучэннем жыцця і творчасці К. займаецца адна з галін беларускай літаратурнай навукі - коласазнаўства. @

Комплекс культурны, сукупнасць культурных рыс, якія ўзніклі на базе зыходнага элементу і функцыянальна з ім звязаны. Прыкладам можа служыць футбол, з якім звязаны стадыён, спартовае адзенне, мяч, білеты і інш. Вынаходніцтва плуга, кнігадрукавання, паравой машыны, узнікненне ініцыяцыі, увядзенне званняў і тытулаў выклікала да жыцця новыя сацыяльныя інстытуты, формы ўлады, сістэмы ўзнагароджання, законы і да т.п. К.к. могуць быць таксама музеі і мастацкія галерэі, мастацкія стылі і кірункі, навукі, навуковыя тэорыі і школы, філасофскія і рэлігійныя вучэнні і г.д. К.к. можа быць прасторавым і часавым; пад прасторавым разумеюць арэал культурны, а пад часавым - спадчыну культурную. @

Конан Уладзімір (н. 1934), беларускі філосаф, гісторык, культуролаг, літаратурны крытык. Доктар філасофскіх навук па спецыяльнасці эстэтыка (1982). Скончыў БДУ (1959). З 1962 у Інстытуце філасофіі і права АН Беларусі, з 1991 загадчык аддзела гісторыі і тэорыі культуры Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф.Скарыны. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі 1984 за ўдзел у напісанні цыкла калектыўных манаграфій па гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі (апублікаваны ў 1973-1980). Даследуе тэарэтыка-метадалагічныя праблемы філасофіі і культуралогіі, гісторыю эстэтычнай думкі, гісторыю беларускай культуры, беларускі фальклор, гісторыю і сучасны стан беларускай літаратуры, пытанні фалькларыстыкі і літаратуразнаўства Беларусі, архетыпы і сімвалы беларускага мастацтва, праблемы рэлігіязнаўства. Аўтар прац «Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917-1934 гг.)» (1968), «Ад Рэнесансу да класіцызму» (1978), «Ля вытокаў самапазнання: Станаўленне духоўных каштоўнасцей у святле фальклору» (1989), «Святло для людзей: Родная мова і культура ў эпоху перабудовы» (1989), «Боская і людская мудрасць: Францыск Скарына: жыццё, творчасць, светапогляд» (1990), «Святло паэзіі і цені жыцця: Лірыка Максіма Багдановіча» (1991) і інш. @

Конт Агюст (1798-1857), французскі філосаф; заснавальнік пазітывізму і сацыялогіі. Вучыўся ў Політэхнічнай школе ў Парыжы, дзе потым працаваў настаўнікам. Распрацаваў «закон трох стадый» у развіцці цывілізацыі, індывідаў і кожнай з навук - «тэалагічная» (ёй уласцівы фетышызм, уплыў на жыццядзейнасць звышнатуральных сіл, багоў і духаў, вера ў абсалютную ўладу і боскае права каралёў); «метафізічная» (замест звышнатуральных сіл у якасці прычын выступаюць розныя абстрактныя агенты - «ідэі», «сілы», «апошнія сутнасці»; праўленне закону замест улады каралёў і свяшчэннікаў); «пазітыўная» (павелічэнне значэнння рацыянальных ведаў, развіццё індустрыяльнага грамадства). Падзяляў сацыялогію на сацыяльную статыку і сацыяльную дынаміку, асноўным паняццем якой з'яўляецца «прагрэс». Навука, паводле К., пазнае не сутнасці, а з'явы. Асноўныя працы - «Курс пазітыўнай філасофіі» (т. 1-6; 1830-1842), «Сістэма пазітыўнай палітыкі» (т. 1-4; 1851-1854). @

Контркультура (ад лац. contra - супраць), адмысловая форма культуры, прадстаўнікі якой адмоўна, негатыўна арыентаваныя да каштоўнасцей дамінуючай культуры. Паняцце «К.» з'явілася ў заходняй гуманітарнай навуцы ў 1960 (пачаў выкарыстоўваць амерыканскі сацыёлаг Т.Розак) і прымянялася для характарыстыкі накіраванай супраць дамінуючай культуры дзейнасці бітнікаў і хіпі. Атрымала распаўсюджанне сярод часткі моладзі краін Захаду ў 1960-1970-я г. Некаторыя даследчыкі да носьбітаў К. адносяць таксама і прадстаўнікоў багемы. Для К. ўласціва адмаўленне традыцыйных сацыяльных каштоўнасцей, маральных норм і ідэалаў, пратэст супраць панавання масавай культуры, культ неўсвядомленага праяўлення прыродных страсцей і містычнага экстазу душы. Па свайму зместу К. была накіравана на скіданне сучаснай культуры, якая ўяўлялася арганізаваным насіллем над асобай, душыцелем творчых парываў. К. аб'ядноўвае канцэпцыі, якія ўяўляюць сабой эклектычную сумесь з розных палажэнняў экзістэнцыялізму, фрэйдызму, вульгарызаванага марксізму, анархізму, усходніх філасофій і рэлігій. У 1970-я г. рух К. зайшоў у тупік і распаўся на мноства рознахарактарных груп. @

Контррэфармацыя, царкоўна-палітычны рух у Эўропе сярэдзіны 16-17 ст. на чале з папствам, накіраваны супраць Рэфармацыі. Галоўнай мэтай К. было аднаўленне страчаных каталіцкай царквой пазіцый у грамадска-культурным жыцці. Яе асноўнымі праваднікамі былі манаскія ордэны (найперш езуіты), рымская курыя, інквізіцыя. К. уключала барацьбу супраць свецкай навукі і навуковага светапогляду, разнастайных ерасяў, прыцясненне пратэстантаў, арганізацыю рэлігійных канфліктаў, войнаў і да т.п. У Беларусі К. ўзмацнілася пасля Люблінскай вуніі 1569. З 1570-1580-х г. езуіты пашырылі свой уплыў на рэлігійна-палітычнае і духоўна-культурнае жыццё, арганізоўвалі пагромы пратэстантаў, ганенні на праваслаўныя брацтвы, прагрэсіўных мысліцеляў, філосафаў, грамадскіх дзеячаў, вальнадумцаў. Берасцейская вунія 1596 умацавала пазіцыі К. ў Беларусі, адкрыла шлях для больш жорсткага ўціску. Асабліва праследаваліся прадстаўнікі радыкальнай Рэфармацыі - антытрынітарыі. У 1647 закрыты ўсе іх друкарні і школы, у 1658 сейм прыняў рашэнне аб выгнанні іх з Рэчы Паспалітай, у 1668 забараніў пераход з каталіцкай у іншыя веры. Засталіся толькі асобныя кальвінісцкія школы і абшчыны. У 1733 праваслаўная шляхта і духавенства былі пазбаўлены права займаць пасады ў сенаце, сейме, судах і іншых дзяржаўных установах. У 1730-1740-я г. на змену К. прыйшла эпоха Асветніцтва. @

Кора (ад грэч. kore - дзяўчына), у старажытнагрэчаскім мастацтве прамастаячая статуя дзяўчыны ў доўгай вопратцы (задрапіраваная фігура дзяўчыны). Тып К. ўзнік у мастацтве архаікі (прыблізна ў 6 ст. да н.э.). Фігуры К. мелі сакральнае значэнне (служылі ахвярнымі дарамі, якія прыносілі ў свяцілішча), а таксама маглі выкарыстоўвацца ў якасці архітэктурнай вертыкальнай апоры замест калон у храмах (напр., порцік Карыятыд у Эрэхтэйоне). Адной з характэрных рыс з'яўляецца слаба акрэсленая («архаічная») усмешка; статуі звычайна размалёўваліся. Архаічная застыласць і абагульненасць форм спалучаліся з тонкай дэкаратыўнай апрацоўкай паверхні мармуру (пераважна прычосак і складак адзення). Знойдзены ў вялікай колькасці на афінскім Акропалі. Жаночай фігуры К. адпавядала мужчынская - курас. @

Кробер Альфрэд Луіс (1876-1960), амерыканскі антраполаг, этнолаг, культуролаг; прадстаўнік «гістарычнай школы» ў амерыканскай этналогіі. Скончыў Калумбійскі ўніверсітэт. Наведваў семінары па лінгвістыцы і статыстыцы Ф.Боаса. Запісваў і публікаваў (1898-1899) народныя казкі эскімосаў. Праводзіў палявыя даследаванні. Працаваў у Мексіцы і Перу. У 1901 заснаваў аддзяленне антрапалогіі ў Каліфарнійскім універсітэце, дзе працаваў да 1946. Быў адным з заснавальнікаў Каліфарнійскага антрапалагічнага музея. Аўтар слоўнікаў і лінгвістычных публікацый, прысвечаных мовам амерыканскіх індзейцаў. Сярод яго шматлікіх работ - папулярны сярод студэнтаў і выкладчыкаў падручнік «Антрапалогія» (1923). Быў заснавальнікам і прэзідэнтам Амерыканскай антрапалагічнай асацыяцыі (1917), прэзідэнтам Амерыканскага фальклорнага таварыства і Лінгвістычнага таварыства Амерыкі. @

Крос-культурныя даследаванні, від параўнальных даследаванняў, аб'ектам і прадметам якіх выступае культура. Упершыню метад К.-к.д. пачалі выкарыстоўваць прадстаўнікі сацыяльнай і культурнай антрапалогіі. Мэта К.-к.д. - высвятленне таго, як адзін і той жа культурны артэфакт (напр., сістэмы роднасці, шлюбныя цырымоніі) функцыянуе ў розных культурах. У дадзеных даследаваннях таксама вывучаюцца пытанні нормы і адхілення ў культурнай жыццядзейнасці. @

Крукоўскі Мікалай (н. 1924), беларускі філосаф, культуролаг. Доктар філасофскіх навук (1986), кандыдат філалагічных навук (1952), прафесар (1988). Скончыў БДУ (1950). З 1963 выкладаў у БДУ, з 1994 у Беларускім універсітэце культуры, адначасова з 1998 у Нацыянальным навукова-асветніцкім цэнтры імя Ф.Скарыны. Навуковыя працы па праблемах філасофіі, тэарэтычнай эстэтыкі, культуралогіі, станаўлення нацыянальнай самасвядомасці, узаемаадносін культуры і суверэнітэту народа. Лічыць, што культура ўяўляе сабой складаную і ў той жа час вельмі цэласную сістэму з выразнай іерархічнай будовай, у структуру якой уваходзяць матэрыяльная культура, мастацкая культура і культура духоўная. Аўтар манаграфій «Логіка прыгажосці» (1965), «Асноўныя эстэтычныя катэгорыі: Вопыт сістэматызацыі» (1974), «Кібернетыка і законы прыгажосці» (1977), «Homo pulcher - Чалавек прыгожы» (1983), «Філасофія культуры: Уводзіны ў тэарэтычную культуралогію» (2001) і інш. @

Крыж, адзін з самых старажытных і распаўсюджаных універсальных сімвалаў. З'яўляецца таксама адным з галоўных хрысціянскіх сімвалаў і прадметаў культу. Яшчэ з першабытных часоў К. лічыўся ахоўным, рэлігійным сімвалам у многіх культурах свету. Быў абавязковым атрыбутам багоў у старажытнай Скандынавіі, Асірыі, Індыі, Персіі. У розных культурных традыцыях сустракаліся таксама такія трактоўкі сімволікі К., як «здароўе», «урадлівасць», «бессмяротнасць», «саюз зямлі і неба», «саюз духа і матэрыі», «саюз сонца і зор», «жыццё». Найперш К. адлюстроўвае арыенціроўку ў прасторы, кропку перасячэння верха-ніза і правага-левага, аб'яднанне многіх дуалістычных сістэм ў выглядзе цэласнасці, якая адпавядае вобразу чалавека з разгорнутымі рукамі. К. унутры кола (калёсны, колавы) з'яўляецца таксама сімвалам падзелу года на чатыры сезоны. Вертыкальная частка К. сімвалізуе таксама Вось Свету. У хрысціянстве К. - гэта сімвал Хрыста, яго распяцця і яго славы, а таксама хрысціянскай веры і царквы. К. нярэдка функцыянуе як сімвал вышэйшых сакральных каштоўнасцей. У аснове семантыкі К. - ідэя цэнтра і чатырох асноўных напрамкаў, якія ідуць ад цэнтра (знутры ў знешні свет). Уяўляе сабой таксама своеасаблівую мадэль чалавека або антропаморфнага божаства. Выступае як геаметрызаваны варыянт Сусветнага Дрэва з тымі ж двума асноўнымі сістэмамі каардынат. У беларускім фальклоры сустракаецца нямала выказванняў пра ролю і значэнне К. ў жыцці кожнага чалавека. Існуюць паказальныя прымаўкі і прыказкі: «Кожны нясе свой крыж», «Усе мы ходзім пад крыжам». У народнай культуры К. успрымаўся як магутная зброя супраць нячыстай сілы, д'ябла. У старажытных уяўленнях беларусаў К. быў таксама сімвалам нашай зямлі з 4 бакамі свету, якая ўтварылася з 4 прыродных стыхій. У паэзіі Я.Купалы нярэдка ўзгадваўся вобраз К., прычым пераважна для абазначэння надзвычайных пакут беларускага народа ў мінулым, але часам фігураваў і «паклонны крыж», якому можна заўсёды прыйсці і пакланіцца. @

Крызіс культуры, культуралагічнае паняцце, якое азначае працэсы духоўнага рэгрэсіўнага развіцця культурнай сістэмы, неадпаведнасці, разрыву паміж культурнымі інстытутамі і структурамі і зменлівымі ўмовамі грамадскага жыцця. Падчас К.к. змяншаецца яе творчы дух, стваральны патэнцыял, а таксама здольнасць актыўна ўплываць на грамадскія з'явы і працэсы. У такія моманты культура страчвае частку сваіх функцый, не можа задаволіць духоўны голад соцыуму, прапанаваць грамадству найбольш адпаведныя ідэалы і маральна-духоўныя каштоўнасці. @

Крышна, у індыйскай міфалогіі божаства, адно з увасабленняў бога Вішну; персанаж эпічнай паэмы «Махабхарата». К. традыцыйна лічыцца абаронцам Зямлі і барацьбітом з чалавечай несправядлівасцю. Меў выгляд прыгожага юнака з блакітнай скурай. У сярэднвяковай індыйскай культуры пашырыўся вобраз К.-палюбоўніка, цяга да якога ўспрымалася як сімвал накіраванасці чалавечых душ да зліцця з богам. @

Кубізм (ад франц. cube - куб), авангардысцкая плынь у выяўленчым мастацтве першай чвэрці 20 ст. Развіваўся пераважна ў Францыі; потым стала вядомай у іншых краінах. Яго асноўныя прадстаўнікі - П.Пікасо, Ж.Брак, Р.Дэлоне, К.Малевіч і інш. К. на першы план ставіў фармальныя эксперыменты - выяўленне простых устойлівых геаметрычных форм (куб, конус, цыліндр); аб'ёмнай формы на плоскасці; разлажэнне складаных форм на простыя. У творах К. нярэдка выяўлены прыкметы сучаснай індустрыяльнай цывілізацыі - заводы, фабрыкі, друкаваныя тэксты, бутэлькі і да т.п. @

«Куін» (Queen), ангельская рок-група. Сфармавана ў 1971 у Лондане. У складзе групы былі: Фрэдзі Мерк'юры (1946-1991; вакал, фартэпіяна), Брайан Мэй (н. 1947; сінтэзатар, вакал); Роджэр Тэйлар (н. 1949; ударныя, вакал); Джон Дзікан (н. 1951; бас-гітара). Нязменым лідэрам групы быў спявак, кампазітар, аўтар большасці песень Ф.Мерк'юры. Ён нарадзіўся ў заможнай сям'і персаў, паслядоўнікаў вучэння Заратуштры. Вывучаў жывапіс, дызайн, балет, ігру на фартэпіяна, захапляўся маляваннем, літаратурай, тэатрам, спортам; выпусціў некалькі сольных дыскаў. Валодаў голасам прыгожага тэмбру, яркімі акцёрскімі здольнасцямі, вызначаўся надзвычайнай эмацыянальнасцю, тэмпераментам, пластыкай, авангарднымі касцюмамі. Ф.Мерк'юры напісаў большасць сцэнарыяў да відэакліпаў, у якіх зроблена спроба спалучэння музыкі і тэатра, светлавых і гукавых эфектаў. «К.» праславіўся грандыёзнымі канцэртнымі шоў. Музыка «К.» ўяўляла сабой сумесь элементаў рока, джаза, класічнай оперы, танцавальнай музыкі. Кампазіцыі вызначаліся маштабнасцю, выдатнымі аранжыроўкамі, прыгажосцю шматгалосся, віртуёзнымі гітаранымі пасажамі Б.Мэя, складанымі вакальнымі партыямі Мерк'юры, карпатлівай студыйнай работай. У асобных песнях заўважаўся ўплыў класічнай музыкі (напр., «Багемская рапсодыя»). Сярод найбольш удалых альбомаў - «Ноч у оперы» (1975), «Гульня» (1980), «Цуд» (1989), «Ускосны намёк» (1991) і інш. У 1988 выйшаў дыск «Барселона», на якім Мерк'юры ў дуэце са славутай опернай спявачкай Мантсерат Кабалье выканаў класічныя оперныя арыі. Песня з гэтага дыска стала афіцыйным гімнам летняй Алімпіяды-92. Група распалася пасля смерці Мерк'юры ад СНІДу. Альбом «Зроблена на нябёсах» (1995) быў заснаваны на прыжыццёвых запісах Мерк'юры. Песня «Мы - чэмпіёны» (1977) лічыцца своеасаблівым гімнам усіх спартовых балельшчыкаў. У 1992 на лонданскім стадыёне «Уэмблі» адбыўся грандыёзны мемарыяльны канцэрт, на якім песні «К.» выконвалі зоркі сусветнай велічыні Э.Джон, Дж.Майкл, Д.Боўі, Л.Мінелі і інш. @

Кульмінацыя культуры (ад лац. culmen - вяршыня), культуралагічны тэрмін, уведзены ў навуковы ўжытак амерыканскім антараполагам, этнолагам А.Кроберам. Азначае кропку найвышэйшага напружання, у якой камбінацыя элементаў аказваецца найбольш удалай, у выніку чаго дасягаецца росквіт асобных сфер (літаратуры, філасофіі, музыкі і інш.) ці ўсёй сістэмы культуры. Тэрмін К.к. можа выкарыстоўвацца для абазначэння перыяду найвышэйшага развіцця культуры, які часам яшчэ называюць нацыянальна-культурным адраджэннем. @

Культ (от лат. cultus - ушанаванне), сукупнасць рытуалаў, абрадаў і дзеянняў, заснаваных на веры ў звышнатуральнае. Асноўныя разнавіднасці К. - магія; уміласцівіцельны К. (звяртанне да Бога, духа) і К. святых. Узнік у старажытнасці, у першабытным грамадстве, што знайшло выяўленне ў фетышызме, татэмізме і інш. Цэнтрамі ажыццяўлення хрысціянскага К. з'яўляюцца храмы (малітоўныя дамы), дзе знаходзяцца розныя культавыя прадметы (абразы, фрэскі, распяцці інш.). У праваслаўнай канцэпцыі культуры (П.Фларэнскі) К. складае сутнасць культуры, яе ядро і выступае адзіным творцам, захавальнікам і інтэрпрэтатарам духоўных каштоўнасцей, якія з'яўляюцца адлюстраваннем «боскай прыгажосці». @

Культура (ад лац. cultura - апрацоўка, ураблянне), сукупнасць матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей (звычаяў, вераванняў, традыцый, ідэй, сімвалаў, твораў мастацтва, пабудоў, машын і г.д.), якія ствараюцца людзьмі ў працэсе фізічнай і разумовай працы для задавальнення іх разнастайных патрэбнасцей і перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Паняцце «К.» з'явілася ў эпоху рымскай антычнасці, дзе яно першапачаткова азначала «агракультуру» (г.зн. апрацоўку, культываванне зямлі). Выкарыстоўваецца для характарыстыкі пэўных гістарычных эпох (напр., антычная К.), канкрэтных грамадстваў, народаў (напр., К. майя), а таксама спецыфічных сфер жыцця і творчай дзейнасці (напр., мастацкая культура, культура побыту, К. працы). Традыцыйна падзяляецца на матэрыяльную культуру, духоўную культуру і сацыяльную К. (культура чалавечых адносін). Суб'ектам К. выступае чалавек, паколькі ён творыць, захоўвае і распаўсюджвае створаныя ім культурныя артэфакты (гл. таксама Суб'ект і аб'ект культуры). Паняцці чалавек і К. непарыўна ўзаемазвязаны, бо, з аднаго боку, чалавек стварае культурныя каштоўнасці, а з другога боку, К. прыкметна ўплывае на фармаванне светапогляду чалавека, асаблівасцей яго паводзін і дзеянняў. Развіваецца ў розных формах, выконвае разнастайныя сацыяльна значныя функцыі (гл. Формы культуры, Функцыі культуры). Існуе мноства вызначэнняў К. і падыходаў (антрапалагічны, філасофскі і сацыялагічны) да вытлумачэння яе сутнасці. Ужо ў 1964 амерыканскія даследчыкі А.Кробер і К.Клакхан зафіксавалі 257 дэфініцый К., а ў сярэдзіне 1980-х г. іх колькасць падвоілася. З'яўляецца своеасаблівым спосабам арганізацыі і гістарычнага развіцця чалавечай жыццядзейнасці, прадстаўленым у прадуктах матэрыяльнай і духоўнай працы, сістэме сацыяльных норм і ўстаноў, сукупнасці адносін людзей да прыроды, паміж сабой і да саміх сябе. Тэрмін «К.» выкарыстоўваецца таксама для абазначэння сукупнасці дасягненняў у эканамічнай, грамадскай і духоўнай сферах жыцця, узроўню, ступені развіцця якой-небудзь галіны фізічнай або разумовай дзейнасці. Паводле вызначэння ЮНЕСКА, да сферы К. адносяцца прэса і літаратура, музыка, драматычнае мастацтва, пластычнае мастацтва, кіно, фатаграфія, радыё і тэлебачанне, спорт, гульні і інш. У спецыяльнай Дэкларацыі, прынятай Сусветнай канферэнцыяй па культурнай палітыцы (Мехіка, 1982), адзначалася, што ў шырокім сэнсе К. уключае не толькі розныя віды мастацкай дзейнасці, але і спецыфічныя мадэлі паводзін, спосабы жыцця, фундаментальныя правы чалавека, сістэмы каштоўнасцей, традыцыі і звычаі. @

Культура мовы, багацце, выразнасць маўлення, пачуццё мовы, тонкіх сэнсавых адценняў і значэнняў розных паняццяў. Спосабамі выхавання ў чалавеку К.м. з'яўляюцца чытанне навуковай і мастацкай літаратуры (манаграфіі, артыкулы, зборнікі прозы і паэзіі), азнаямленне з матэрыяламі перыядычнага друку, глыбокае вывучэнне нацыянальнай мовы, фальклорных твораў (найперш прыказкі і прымаўкі, фразеалагізмы), наведванне адпаведных курсаў, гурткоў, лекцый аўтарытэтных вучоных, пісьменнікаў і інш. @

Культура паводзін, сукупнасць форм штодзённых паводзін чалавека (у сферы зносін з іншымі людзьмі, працы, адпачынку, побыту і г.д.), якія падтрымліваюцца і ўхваляюцца грамадствам. Выяўляецца ў правілах этыкету, якія вызначаюць і рэгулююць знешнія праявы чалавечых адносін (паводзіны ў грамадскіх месцах, зносіны са сваякамі, знаёмымі ці незнаёмымі людзьмі, калегамі па працы, манеры і інш.). Парушэнне норм К.п. (напр., непавага да старэйшых, жанчын, бестактоўнасць, нахабства) звычайна асуджаецца грамадскай думкай. У К.п. адлюстроўваюцца маральныя і этычныя ўстаноўкі, схільнасці асобных індывідаў і пэўных сацыякультурных супольнасцей. @

Культура пачуццяў, ступень грамадскай, духоўнай развітасці пачуццяў, эмацыянальнай пісьменнасці чалавека. Фармуецца ў працэсе зносін чалавека з прыродай, у працоўнай дзейнасці, у міжасабовых кантактах. Крытэрыем культурнасці і выхаванасці чалавека выступае суаднясенне ўчынка як праяўлення маральнага пачуцця з інтарэсамі іншага чалавека. Змястоўны бок К.п. праяўляецца ў добразычлівых адносінах да іншых людзей, у зацікаўленым і шчырым суперажыванні іх радасцям і нягодам. Часткай К.п. з'яўляцца культура выяўлення эмоцый як крытэрый выхаванасці чалавека і неабходная ўмова паўнацэннага маральна-духоўнага жыцця. @

Культура побыту, тэрмін для абазначэня ўкладу штодзённага жыцця, непасрэдна звязанага з задавальненнем матэрыяльных і духоўных патрэбнасцей. Праяўляецца ў трох сферах жыццядзейнасці людзей - сямейнай, вытворчай і пазавытворчай. На К.п. у большай ці меншай ступені ўплываюць асаблівасці прыродна-геаграфічнага асяроддзя, нацыянальных традыцый, індывідуальнай культуры чалавека, узровень матэрыяльнага дабрабыту і да т.п. @

Культура чалавечых адносін, спецыфіка дзейнасці людзей у сферы, дзе адбываюцца працэсы асваення індывідам матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, іх своеасаблівы «перавод» у сферу канкрэтна-практычнай дзейнасці. Да К.ч.а адносяць культуру працы і вытворчасці, палітычную і прававую культуру, культуру мыслення і да т.п. Фармуецца пад уздзеяннем народных звычаяў, традыцый, норм паводзін, а таксама розных сацыяльных інстытутаў (дзяржава, царква, школы, бібліятэкі, музеі і інш.). @

Культурагенез (ад лац. cultura + genesis - узнікненне, паходжанне), працэс узнікнення і першапачатковага развіцця культуры; працэс зараджэння матэрыяльнай і духоўнай культуры чалавецтва. К. з'яўляецца таксама працэсам пастаяннага самаабнаўлення культуры, узнікнення новых культурных феноменаў. Адбываўся ў цеснай узаемасувязі са станаўленнем і развіццём прадметнай дзейнасці і сацыяльных адносін. Існуюць розныя канцэпцыі наконт сутнасці і асаблівасцей К. З пазіцый эвалюцыйнай тэорыі асноўнай прычынай К. з'яўляецца неабходнасць у адаптацыі чалавечых супольнасцей да зменлівых умоў іх існавання шляхам выпрацоўкі новых форм (прадуктаў і тэхналогій) і сацыяльнага ўзаемадзеяння (рэчаў, ведаў, уяўленняў, сімвалаў, сацыяльных інстытутаў, механізмаў сацыялізацыі і да т.п.). Важную ролю ў працэсе К. адыгрывае таксама індывідуальны творчы пошук у інтэлектуальнай, тэхнічнай, мастацкай і іншых сферах. @

Культуралогія (ад лац. cultura і грэч. logos - навука), галіна сацыягуманітарных ведаў; навуковая дысцыпліна пра сутнасць і тыпы культуры, яе сацыяльныя функцыі, заканамернасці і дынаміку гістарычнага развіцця. Тэрмін «К.» у 1949 увёў у навуковы ўжытак амерыканскі культурантраполаг Л.Уайт. Як асобная навуковая і вучэбная дысцыпліна яшчэ знаходзіцца ў стадыі канцэптуальнага афармлення, вызначэння паняційна-катэгарыяльнага апарату. У многіх заходніх краінах праблемы К. вывучаюцца найперш этналогіяй і культурнай антрапалогіяй. К. уяўляе сабой адзінства тэорыі і гісторыі культуры, разглядае ва ўзаемасувязі матэрыяльную культуру, духоўную культуру і культуру чалавечых адносін. Выкарыстоўвае і мадыфікуе метады даследавання, катэгорыі і паняцці, уласцівыя іншым гуманітарным навукам - філасофіі, гісторыі, сацыялогіі, этналогіі, псіхалогіі, мастацтвазнаўству і г.д. У межах агульнай К. вылучаюць такія кірункі, як філасофія культуры, сацыялогія культуры, псіхалогія культуры, гісторыя культуры. Існуюць розныя канцэпцыі, школы і падыходы да асэнсавання сутнасці і гістарычнай эвалюцыі культуры, спасціжэння яе ролі і месца ў жыццядзейнасці грамадства (напр., дыфузіянізм, эвалюцыянізм, культурна-гістарычная школа, функцыянальны падыход і інш.). Найбольш прыкметны і арыгінальны ўклад у станаўленне і развіццё К. ўнеслі на працягу другой паловы 19-20 ст. такія вядомыя гісторыкі, філосафы, сацыёлагі, псіхолагі, як Э.Тайлар, Дж.Фрэзер, М.Данілеўскі, О.Шпенглер, А.Тойнбі, М.Бярдзяеў, П.Сарокін, Й.Хейзінга, Х.Артэга-і-Гасет, З.Фрэйд, К.Г.Юнг, Ф.Боас, К.Леві-Строс, М.Эліядэ, М.Мід, М.Бахцін, Ю.Лотман, Д.Ліхачоў і інш. @

Культурна-гістарычная школа, кірунак заходняй этналогіі, антрапалогіі першай паловы 20 ст., які ўзнік як своеасаблівая альтэрнатыва эвалюцыянізму. Прыхільнікі К.-г.ш. вывучалі старажытныя і сучасныя этнічныя культуры пераважна з пазіцый дыфузіянізму. Арыентавалася на канкрэтна-эмпірычныя даследаванні, шырокае выкарыстанне ў аналізе розных культуралагічных праблем гістарычных крыніц, археалагічных матэрыялаў і інш. Яе асноўныя прадстаўнікі Ф.Ратцэль, Л.Фрабеніус, Ф.Грэбнер і інш. лічылі, што кожная з'ява культуры аднойчы ўзнікае ў адным месцы, а потым паступова распаўсюджваецца на іншыя рэгіёны свету; наяўнасць яе ў розных народаў тлумачыцца распаўсюджаннем з першапачатковага цэнтра. Узнікненне і развіццё розных культур звязана з перамяшчэннем каштоўнасцей і артэфактаў культуры з аднаго ці некалькіх «культурных колаў» (Гл. Культурных колаў тэорыя). @

Культурна-гістарычная эпоха, адрэзак гістарычнага часу, на працягу якога людзей аб'ядноўвае пэўная культурная агульнасць. Людзі К.-г.э. маюць падобныя рысы ментальнасці, спосабы і стэрэатыпы паводзін, сістэмы адукацыі, мовы, традыцыі моды і інш, хаця ў розных рэгіёнах, краінах асобныя агульныя асаблівасці К.-г.э. могуць праяўляцца неаднолькава, па-рознаму. У розныя К.-г.э. дамінуюць пэўныя віды культуры, мастацкія стылі. У гісторыі вядомы наступныя К.-г.э.: антычнасць, Сярэднявечча, Адраджэнне, Асветніцтва. @

Культурна-гістарычныя тыпы, адносна цэласныя, адасобленыя і замкнёныя сукупнасці характэрных элементаў духоўнай і матэрыяльнай жыццядзейнасці этнасаў. Выяўляюцца ў рэлігійных, сацыяльна-эканамічных, палітычных і інш. адносінах. Канцэпцыю К.-г.т. сфармуляваў расейскі сацыёлаг і прыродазнаўца М.Данілеўскі ў сваёй кнізе «Расея і Эўропа» (1869). На яго думку, вынікам стваральнай, станоўчай дзейнасці таго ці іншага народа выступае стварэнне лакальнага К.-г.т. У гісторыі чалавецтва ён выдзяляў дзесяць такіх тыпаў (эгіпецкі, кітайскі, індыйскі, іранскі, жыдоўскі, грэчаскі і інш.), а таксама дадаваў да іх яшчэ два амерыканскія тыпы - мексіканскі і перуанскі, якія загінулі гвалтоўнай смерцю і не паспелі завяршыць свайго развіцця. @

Культурна-эвалюцыйная школа, кірунак эвалюцыянізму; плынь у замежнай (пераважна амерыканскай) культурнай антрапалогіі, якая сфармавалася ў 1960-я г. Яе асноўныя прадстаўнікі - Д.Аберле, Р.Карнейра, М.Харыс, Р.Андэрсан, Б.Мегерс, М.Салінс і інш. Тэарэтычную аснову гэтай школы склала культуралогія Л.Уайта. У межах К.-э.ш. эвалюцыйны падыход выкарыстоўваўся не толькі для абагульненага (стадыяльнага) вывучэння культуры, але і для даследавання асаблівасцей і паралелізму ў развіцці асобных грамадстваў. Сярод іншых важных задач К.э.ш. - высвятленне агульных заканамернасцей культурна-гістарычнага працэсу, аналіз канкрэтных культур, асэнсаванне праблемы ўзаемаадносін «чалавек-грамадства-прырода» і інш. Асноўныя тэмы даследаванняў К.э.ш. у многім прадвызначылі развіццё культурнай антрапалогіі ў канцы 20 ст. @

Культурнага цэнтру тэорыя, сукупнасць уяўленняў, паводле якіх нормы, каштоўнасці і феномены духоўнай і матэрыяльнай культуры высокаразвітай цывілізацыі (напр., лук і стрэлы, культ духаў, земляробства і інш.), што зарадзіліся ў пэўным цэнтры, а затым распаўсюджваліся па перыферыі ў выглядзе паслядоўных хваляў рассейвання. Да ліку галоўных культурных цэнтраў адносіліся старажытныя цывілізацыі Эгіпта, Шумера, Вавілона і інш. На думку ангельскіх даследчыкаў Г.Эліота-Сміта і Ў.Перы, у гісторыі чалавецтва існаваў толькі адзін сусветны цэнтр цывілізацыі - Эгіпет, адкуль створаная эгіпцянамі высокая культура распаўсюдзілася амаль па ўсяму свету. Нямецкія гісторыкі Ф.Дэліч і Г.Вінклер лічылі, што большасць цывілізацый свету маюць сваім вытокам культуру старажытнага Вавілона. @

Культурнае будаўніцтва, тэрмін, які прымяняўся ў практыцы сацыялістычных дзяржаў для абазначэння ўзвядзення за кошт дзяржаўнага бюджэту сацыяльна-культурных і сацыяльна-бытавых аб'ектаў. Сюды ўключаліся палацы культуры, кінатэатры, музеі, бібліятэкі, сельскія клубы, чырвоныя вугалкі на прадпрыемствах і інш., якія будаваліся па загадзя складзеным і зацверджаным плане. Пры К.б. ўлічваліся патрэбнасці насельніцтва ў культурных і бытавых аб'ектах. Звычайна К.б. падначальвалася прынцыпу «ад дасягнутага», г.зн. з кожным годам прадугледжвалася павелічэнне колькасці ўзведзеных культурных аб'ектаў на пэўны адсотак у параўнанні з мінулым годам. Пазітыўным момантам К.б. служыла хуткае і шырокамаштабнае забеспячэнне некалі беднай і адсталай краіны культурнымі ачагамі, якія забяспечвалі (нярэдка на невысокім узроўні) увесь комплекс цывілізаваных сацыяльна-культурных паслуг насельніцтву. Негатыўнымі момантамі К.б. з'яўляліся пагоня за планам і фармальны падыход да ўзвядзення ачагоў культуры, астаткавы прынцып фінансавання культуры, будаўніцтва новых помнікаў, палацаў, дамоў культуры на месцы знішчаных цэркваў, манастыроў і інш. @

Культурная антрапалогія (культурантрапалогія), навуковы кірунак, які сфармаваўся ў першай палове 20 ст. у краінах Заходняй Эўропы і ЗША. Яе заснавальнік - амерыканскі этнолаг Ф.Боас. Для К.а. характэрна павышаная ўвага да аналізу духоўных працэсаў і феноменаў і адпаведна меншая да матэрыяльных артэфактаў і сістэм сацыяльных адносін. Да ліку асноўных праблем К.а. адносяцца дынаміка развіцця культуры, механізмы перадачы культурных каштоўнасцей ад пакалення да пакалення і да т.п. У рамках К.а. ўлічваецца зменлівасць сутнасці чалавека ў канкрэтна-гістарычнай разнастайнасці культур, што прадугледжвае пры аналізе чалавека абапірацца не толькі на яго біялогію і псіхалогію, але і на гісторыю, сацыялогію, тэалогію, мастацтвазнаўства і іншыя гуманітарныя навукі. Арыентуецца звычайна на параўнальныя, крос-культурныя даследаванні розных культур у пэўныя гістарычныя эпохі. У некаторых заходніх краінах (найперш у ЗША) словазлучэннем К.а. называюцца вучэбныя курсы, кафедры, навуковыя часопісы, навукова-даследчыя ўстановы, арганізацыі і інш. У іншых краінах замест яго найчасцей выкарыстоўваецца тэрмін этналогія. @

Культурная рыса, тэрмін культуралогіі, які абазначае ўстойлівую сукупнасць традыцыйных для дадзенай культуры ўяўленняў, дзеянняў, каштоўнасцей; непадзельная адзінка ў выглядзе стэрэатыпа паводзін ці матэрыяльнага прадукта. Усе К.р. падзяляюцца на характэрныя (сустракаюцца рэгулярна, паўтараюцца або дамінуюць у жыцці дадзенага індывіда, групы ці грамадства) і нехарактэрныя; універсальныя, агульныя і ўнікальныя (спецыфічныя). Універсальнымі К.р. з'яўляюцца такія, якія ўласцівы ўсяму чалавечаму роду і адрозніваюць яго ад іншых відаў жывых істот (працяглы перыяд дзяцінства, круглагадзічны характар сексуальнай актыўнасці, групавое жыццё, размеркаванне ежы і г.д.). Агульныя (ці рэгіянальныя) К.р. уласцівы шэрагу грамадстваў і народаў - напр., нуклеарная сям'я. Унікальныя (ці экзатычныя) К.р. характэрны толькі для асобных народаў - напр., абрад ініцыяцыі ў першабытных плямёнах і інш. @

Культурная рэвалюцыя (ад франц. revolutio - пераварот), сукупнасць культурных пераўтварэнняў у працэсе пераходу ад аднаго грамадскага ладу да другога; перабудова сістэмы вытворчасці, распаўсюджання і выкарыстання культурных каштоўнасцей; змяненне функцый, зместу і форм культуры, што абумоўлена рэвалюцыяй у эканамічнай і палітычнай сферах. У 1920-1930-я г. К.р. праводзілася ў Савецкім Саюзе, з сярэдзіны 1960-х г. у Кітайскай Народнай Рэспубліцы, у Лівіі і інш. Вынікі К.р. маглі значна адрознівацца ў розных краінах - адносна хуткае пераадоленне непісьменнасці, развіццё асобных відаў культуры і адначасова заняпад іншых, якія не адпавядалі стратэгічнаму курсу новых улад, праследаванні дзеячаў культуры, забарона пэўных (найчасцей нетрадыцыйных, авангардысцкіх) мастацкіх плыняў, кірункаў. @

Культурная экспансія, працэс пашырэння сферы ўплыву дамінуючай (нацыянальнай) культуры за першапачатковыя межы або дзяржаўныя граніцы. Тэрмін «К.э.» прымяняецца найчасцей у адносінах да культуры Захаду канца 19-20 ст. і яе распаўсюджання на залежныя ў эканамічным і палітычным сэнсах тэрыторыі Афрыкі, Азіі і Лацінскай Амерыкі. У другой палове 20 ст. адбылася беспрэцэдэнтная К.э. Злучаных Штатаў Амерыкі, якая спачатку закранула краіны Заходняй Эўропы, у 1960-я г. - Японіі, у 1970-я г. - Лацінскай Амерыкі, а ў 1990-я г. - краіны Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. К.э. ажыццяўляецца ў значнай ступені праз сучасныя сродкі масавай інфармацыі - тэлебачанне, радыё, відэа, Інтэрнет; для яе характэрны вестэрнізацыя ладу жыцця, імкненне дасягнуць палітычных мэт шляхам культурных сувязей, фармаванне ў залежных краінах празаходняй культурнай эліты і інш. Пры гэтым многія палітычныя і грамадска-культурныя дзеячы краін «трэцяга свету» не пратэставалі супраць К.э., паколькі лічылі, што яна дапаможа падняць іх дзяржавы да сусветнага ўзроўню развіцця. @

Культурны арганізм, складанае арганізаванае культурнае адзінства, якое з'яўляецца аб'ектам вывучэння культуралогіі. Абумоўлівае ўспрыняцце культуры як жывога біялагічнага арганізма, які ў сваім развіцці праходзіць стадыі нараджэння, росквіту, старэння і памірання. Дадзенага пункту погляду прытрымліваліся многія аўтары, сярод якіх Г.Спенсер, М.Данілеўскі, О.Шпенглер, большасць эвалюцыяністаў. @

Культурны герой (англ. culture hero), міфічны персанаж, які здабывае для людзей розныя прадметы культуры (агонь, культурныя расліны, прылады працы), вучыць іх розным рамёствам, мастацтвам, уводзіць пэўную сацыяльную арганізацыю, шлюбныя правілы, магічныя прадпісанні, рытуалы і святы, будуе жыллё і інш. Уяўленні пра К.г. сфармаваліся ў старажытнасці, у перыяд сінкрэтычнага адзінства першабытнай культуры. У міфах, легендах многіх народаў яму прыпісваецца ўдзел у тварэнні Сусвету, прыродных з'яў, стыхій - напр., устанаўленне нябесных свяцілаў, барацьба з сіламі хаосу, цемры, рэгуляванне змены дня і ночы, пораў году, удзел у фармаванні і выхаванні першых людзей і да т.п. К.г. з'яўляецца своеасаблівым пасярэднікам паміж багамі і людзьмі. З яго вобразам звязана выдзяленне культуры як сферы штучна створанага, другаснага на фоне натуральнага, прыроднага. Нярэдка К.г. выступае ў ролі дэміурга - першапродка, удзельніка працэсу стварэння свету і людзей. Ён звычайна здабывае людзям усякія даброты рознымі шляхамі - выпадковай знаходкі, выкрадання, уласнага вынаходніцтва. Найбольш вядомымі з сусветных міфалогій з'яўляюцца такія К.г., як Геракл, Праметэй, Тэзей, Апалон (Старажытная Грэцыя), Асірыс (Старажытны Эгіпет), Одзін (скандынаўская міфалогія) і інш. Найчасцей К.г. валодае магічнай сілай, звышнатуральнымі здольнасцямі. Ён можа мець не толькі антрапаморфны, але і зааморфны (жывёльны, звярыны) выгляд - антылопы, мураша, дзікабраза, павука, хамелеона і г.д. Антыподам К.г. выступае т.зв. трыкстэр (напр., грэчаскі Гермес). Вобразы К.г. і яго камічнага дублёра - трыкстэра - з'яўляюцца цэнтральнымі персанажамі не толькі архаічнай міфалогіі, але і ўсяго першабытнага фальклору ў цэлым. @

Культурны імпульс, унутраная прычына, штуршок, стымул да з'яўлення новых культурных каштоўнасцей, феноменаў. К.і. падзяляюцца на знешнія і ўнутраныя. Да ліку своеасаблівых знешніх К.і. могуць быць аднесены змены ў агульнай палітычнай сітуацыі, эканамічным ладзе грамадства, а да ўнутраных - узнікненне новых мастацкіх стыляў, плыняў, паяўленне таленавітых творцаў (мастакоў, музыкантаў, акцёраў, архітэктараў і інш.). Звычайна К.і. прыводзяць да паскарэння культурнага развіцця соцыуму, узбагачэння духоўна-культурнага жыцця грамадства. @

Культурны капітал, сукупнасць ведаў, практычных навыкаў, якімі валодаюць індывід, сацыяльная група або грамадства ў цэлым. Тэрмін уведзены ў навуковы ўжытак французскім сацыёлагам П.Бурдз'е. Лічыцца, што гэтымі ведамі, навыкамі, якія набываюцца ў працэсе сацыялізацыі і інкультурацыі, людзі могуць карыстацца як своеасаблівымі інвестыцыямі ў сваё ўласнае развіццё. Ёсць людзі, якія валодаюць даволі вялікім К.к. дзякуючы навучанню ў прэстыжных навучальных установах, пастаяннаму наведванню музеяў, бібліятэк, карцінных галерэй, канцэртаў, чытанню кніг, газет, прагляду і праслухоўванню тэле- і радыёперадач, знаёмству з навінамі праз Інтэрнет і г.д., а другая частка грамадства, наадварот, вызначаецца вельмі нізкім узроўнем такога капіталу. @

Культурны лаг, культуралагічнае паняцце для апісання сітуацыі, калі адны часткі культуры змяняюцца больш хутка (напр., тэхналогія), а другія - больш марудна (духоўная культура). Тэрмін увёў у навуковы ўжытак амерыканскі сацыёлаг У.Огбарн у 1922. Звычайна каштоўнасны свет чалавека не паспявае прыстасоўвацца да занадта хуткіх змен у матэрыяльнай сферы. Асабліва гэта ўласціва моладзі, духоўны свет якой найчасцей не мяняецца так хутка, як іх матэрыяльнае становішча. К.л. апісвае такую сітуацыю, калі ў грамадства ўжо з'явіліся тэхналагічныя вынаходніцтвы, а сацыякультурнай адаптацыі да іх насельніцтва яшчэ не адбылося. @

Культурны працэс, сінхронна-дыяхронныя змены ў культуры ў пэўныя гістарычныя эпохі (старажытнасць, Сярэднявечча, Новы і Навейшы час). Сусветны К.п. ахоплівае большасць цывілізаваных краін і праяўляецца ў пэўных агульных тэндэнцыях развіцця культуры. Ён уяўляе сабой складаны феномен, у які арганічна ўваходзяць найбольш істотныя змены ў культурным развіцці многіх краін свету. Для сённяшняга этапу сусветнага К.п. характэрны такія асаблівасці і галоўныя тэндэнцыі, як глабалізацыя, вестэрнізацыя, масавізацыя, мадэрнізацыя, постмадэрнізацыя, віртуалізацыя. Сучасная беларуская культура, з аднаго боку, развіваецца ў кантэксце сусветнага К.п., а з другога, яна, наадварот, выбіваецца з гэтага кантэксту, не ўпісваецца ў яго. Яна развіваецца пад прыкметным уплывам заходняй цывілізацыі (у значна меншай ступені - усходняй) і ў той жа час па сваіх уласных унутраных законах, традыцыях. @

Культурны фільтр, сістэма своеасаблівай аховы адной культуры ад непажаданых уплываў іншых культур народаў свету. У дадзеную сістэму ўваходзяць розныя структурныя адзінкі: нацыянальныя традыцыі, звычаі, абрады, традыцыйныя маральна-этычныя каштоўнасці, віды нацыянальнага мастацтва і да т.п. Для таго каб спыніць негатыўныя наступствы культурнай экспансіі замежных краін, неабходна ўмацоўваць К.ф., павышаць эфектыўнасць іх дзеяння, мяняць змест і характар у залежнасці ад канкрэтных умоў сацыякультурнай дзейнасці грамадства. @

Культурны шок, неўсвядомленая і глыбокая рэакцыя індывіда або якой-небудзь супольнасці пры сутыкненні з іншай культурай. Паняцце «К.ш.» увёў у навуковы ўжытак амерыканскі антраполаг Ф.Боас. Сутнасць К.ш. - канфлікт старых (звыклых, «сваіх») і новых (нязвыклых, «чужых») культурных норм і арыентацый, або канфлікт двух культур на ўзроўні індывідуальнай свядомасці. Выяўляецца ў адчуванні бездапаможнасці і дэзарыентаванасці, якія перажывае чалавек у няродным, «чужым» для яго грамадстве. На думку замежных антраполагаў, існуюць розныя спосабы вырашэння падобнага канфлікту. Сярод іх т.зв. «гетаізацыя» (ад слова «гета»), калі бежанцы ці эмігранты ствараюць уласны этнакультурны асяродак - асобныя замкнёныя і ізаляваныя раёны ў буйных гарадах і да т.п.; поўная ці частковая асіміляцыя, што праяўляецца ў большым ці меншым засваенні каштоўнасцей, культурных здабыткаў іншаэтнічнага асяроддзя; культурны абмен і ўзаемадзеянне, калі прыезджыя імкнуцца засвоіць іншую культуру і ўнесці ў яе пэўныя элементы, каштоўнасці сваёй роднай культуры; каланізацыя, калі навічкі спрабуюць навязаць абарыгенам свае правілы паводзін і культурныя нормы. @

Культурных колаў тэорыя, плынь у рамках гістарычнай школы ў этнаграфіі і культуралогіі. Сфармавался ў Германіі ў пачатку 20 ст., потым у некаторых іншых заходнеэўрапейскіх краінах. Супрацьстаяла эвалюцыянізму і была блізкай да дыфузіянізму. Асноўная ідэя К.к.т. заключаецца ў тым, што на працягу ранняй гісторыі чалавецтва ўстанаўліваліся сувязі паміж асобнымі элементамі матэрыяльнай і духоўнай культуры і ў выніку гэтага афармляліся т.зв. «культурныя колы». Яе асноўныя прадстаўнікі - Э.Бернгейм, Ф.Грэбнер, Б.Анкерман, В.Шмідт, В.Коперс і інш. Паводле К.к.т., уся гісторыя культуры зводзіцца да перамяшчэння і напластоўвання некалькіх «культурных колаў», адарваных ад канкрэтных стваральнікаў культуры. @

Культурызм (франц. culturisme), сістэма фізічных практыкаванняў для развіцця мускулатуры чалавека. У К. выкарыстоўваюцца разнастайныя спецыяльныя прылады (гантэлі, гіры, штангі, трэнажоры і інш.). У шэрагу краін больш пашырана паняцце «Body-Building» (целабудаўніцтва). З'яўляецца дастакова модным заняткам сярод часткі насельніцтва (асабліва моладзі); ім займаюцца як мужчыны, так і жанчыны. Праводзяцца міжнародныя спаборніцтвы па К. @

Купала Янка (1882-1942; сапр. Іван Дамінікавіч Луцэвіч), беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч; заснавальнік (разам з Я.Коласам) новай беларускай літаратуры і беларускай літаратурнай мовы. Народны паэт Беларусі (1925). Акадэмік АН Беларусі (1928) і АН Украіны (1929). Скончыў Бяларуцкую народную навучальню (1898), вучыўся на агульнаадукацыйных курсах А.С.Чарняева ў Пецярбургу (1909-1913), у народным універсітэце імя А.Шаняўскага ў Маскве (1915). Працаваў хатнім настаўнікам, пісарам, аканомам у розным памешчыцкіх маёнтках. У 1908-1909 супрацоўнік газеты «Наша ніва», у 1914-1915 яе рэдактар. У 1918 у Смаленску наведваў універсітэцкія курсы па гісторыі мастацтваў. Удзельнічаў у стварэнні БДУ, АН Беларусі, нацыянальнага тэатра, рэспубліканскіх выдавецтваў і інш. Пачаў пісаць на польскай мове. Першы беларускамоўны верш «Мужык» надрукаваны ў 1905. Першы паэтычны зборнік «Жалейка» (1908) выйшаў у Санкт-Пецярбургу. Аўтар сатырычных камедый «Паўлінка» (1912) і «Тутэйшыя» (1922), драмы «Раскіданае гняздо» (1913), у якіх выявіў духоўную прыгажосць і маральныя заганы розных сацыяльных супольнасцей беларускага грамадства, складаны гістарычны лёс народа, сцвердзіў самабытнасць беларускай мовы і культуры. У ранняй паэзіі, блізкай да фальклору сваімі вобразнасцю, лірызмам, мелодыкай з вялікім паэтычным майстэрствам адлюстравана цяжкая доля беларускага народа, адметныя рысы яго гістарычнага шляху, характару, светаўспрымання (зборнікі вершаў «Гусляр», 1910; «Шляхам жыцця», 1913; паэмы «Спрадвечная песня», 1908; «Сон на кургане», 1910; «Магіла льва», 1913) і інш. Аўтар многіх публіцыстычных работ, прысвечаных праблемам асэнсавання гістарычнага лёсу Бацькаўшчыны, развіцця беларускай культуры і мовы. Асобныя яго творы неаднаразова забараняліся, падвяргаліся цэнзуры, вострай тэндэнцыйнай крытыцы (напр., п'еса «Тутэйшыя», паэма «Курган» і інш.). Творчасці К. ўласцівы патрыятызм, эпічны размах, філасофская глыбіня, лірычная сіла, драматычнае напружанне, эмацыянальная пераканальнасць, сувязь з традыцыямі беларускага фальклору і інш. Лічыў мову «выразіцелькай душы і думак чалавека», «душой душы народа». Заклікаў беларусаў заўсёды помніць, што ў нас адзіная Бацькаўшчына, «адна мова родная - беларуская, адны звычаі і абычаі, ад веку перадаваныя з пакалення ў пакаленне». Пераклаў на беларускую мову «Слова пра паход Ігаравы», паэмы і вершы А.Міцкевіча, А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі, М.Канапніцкай, М.Някрасава і інш. З 1966 прысуджаецца прэмія імя К. (за творы паэзіі і драматургіі). Трагічна загінуў (пры нявысветленых абставінах) у Маскве. @

Купалле, летняе народнае свята. Пад рознымі назвамі вядома многім індаэўрапейскім народам. У старажытнасці К. было прымеркавана да летняга сонцастаяння. Адзначалася як свята найвышэйшага росквіту жыватворных сіл Зямлі, у першую чаргу расліннасці, збажыны. Святкавалася ў ноч з 6 на 7 ліпеня. Характарызавалася комплексам абрадаў, павер'яў, любоўнай і аграрнай варажбой. Днём дзяўчаты ішлі на луг, у поле збіраць купальскія зёлкі - багаткі, руту, папараць, васількі, купену і інш. Лічылася, што зёлкі, сабраныя на К., маюць асаблівую лекавую моц. Цэнтральнае месца сярод абрадаў і гульняў К. займала купальскае вогнішча, якое, па павер'ях, мела ачышчальную, жыватворную сілу. Вакол купальскага агню моладзь вадзіла карагоды, пераскаквала праз агонь, купалася ў рэчцы, качалася па расе (ачышчальная магія), спявала купальскія песні, варажыла на вянках, якія дзяўчаты і хлопцы пускалі на рачную плынь, загадваючы на будучага мужа ці жонку. У народзе верылі, што раз у год, якраз на К., а 12 гадзіне ночы ў гушчары лесу зацвітае кветка папараці («папараць-кветка»), здольная даць таму чалавеку, які яе сарве, празарлівасць. Разам з тым К. - час разгулу змрочных сіл прыроды, разнастайных злых духаў, нячысцікаў. Таму ў купальскую ноч рабілі розныя засцярогі, выкарыстоўвалі ахоўную магію (кідалі ў жыта галавешкі з агнём, абтыкалі сцены хлява зёлкамі і інш.). Пасля пашырэння хрысціянства да язычніцкага свята К. было прымеркавана рэлігійнае свята Яна Папярэдніка (Хрысціцеля), што прывяло да ўтварэння назвы Іван Купала. @

Курас (грэч. kuros), у мастацтве Старажытнай Грэцыі статуя аголенага юнака-атлета. Узнік у мастацтве архаікі ў 7 ст. да н.э. як увасабленне ідэала фізічнай дасканаласці героя-атлета і воіна. З'яўляецца прысвячальнай або пахавальнай статуяй. Для К. былі характэрны абагульненасць формаў, дакладная франтальнасць пастаноўкі фігуры, т.зв. «архаічная» (ледзь бачная, неакрэсленая) усмешка; прамы стан і высунутая на паўстапы наперад левая нага; рукі апушчаны ўздоўж цела, прыціснуты да сцёгнаў; шырока раскрытыя вочы. Часам фігуры К. называлі «архаічнымі Апалонамі», бо лічылі, што яны ўвасабляюць менавіта гэтага грэчаскага бога. Мужчынскай фігуры К. адпавядала жаночая статуя Кора. @

Куртуазная літаратура (ад франц. courtois - пачцівы), прыдворна-рыцарскі кірунак у эўрапейскай літаратуры 12-14 ст. Прадстаўлена лірыкай трубадураў і трувераў ва Францыі, мінезінгераў у Германіі і рыцарскімі раманамі. Праслаўляла воінскія подзвігі, служэнне Прыгожай Даме, адлюстроўвала рытуалы рыцарскага гонару. Да ліку класічных узораў К.л. адносіцца творчасць Бертрана дэ Борна (1140 - каля 1215) і Крэцьена дэ Труа (каля 1130 - каля 1191). @

Ланца Марыё (сапр. Альфрэда Арнольд Какоца; 1921-1959), амерыканскі спявак (тэнар). Па паходжанню італьянец. Браў урокі вакальнага майстэрства ў прыватных настаўнікаў, вучыўся ў школе для маладых спевакоў і музыкантаў. У другой палове 1940-х г. выступаў у складзе папулярнага «Трыо Бельканта» (разам з сапрана і басам-барытонам), якія давалі канцэрты ў ЗША, Канадзе, Мексіцы. Некалькі разоў выступіў на прафесійнай опернай сцэне - у пастаноўцы оперы Дж.Пучыні «Мадам Батэрфляй», аднак зрабіў выбар на карысць кінаакцёра і канцэртуючага выканаўцы. З пачатку 1940-х г. выступаў з канцэртамі і опернымі арыямі. Здымаўся ў мастацкіх фільмах «Паўночны пацалунак», «Любімчык Новага Арлеана», «Вялікі Каруза», «Серэнада», «У першы раз», «Сем узгоркаў Рыма» і інш. Гукавая дарожка фільма «Вялікі Каруза» пабіла ўсе рэкорды продажу (звыш мільёна копій), стала першым оперным запісам, які атрымаў званне «Залаты дыск». Запісаў некалькі музычных альбомаў з песнямі розных жанраў. Л. быў сапраўды ўніверсальным спеваком - спяваў оперныя арыі, эстрадныя песні, рэлігійныя песнапенні. З вялікім поспехам трансліравалася штотыднёвая радыёпраграма «Шоў Марыё Ланца». Валодаў голасам незвычайнай моцы і прыгажосці. Сярод выказванняў крытыкаў і слухачоў пра яго голас - «Дасканалы рамантычны тэнар», «Выключна прыгожы голас», «Бязмерна выразны голас», «Амерыканскі Каруза» і да т.п. @

«Ла Скала», італьянскі оперны тэатр (Мілан); адзін з буйнейшых цэнтраў сусветнай музычнай опернай культуры. Адкрыты ў жніўні 1778 г. (архітэктар Дж.П'ермарыні). З тэатрам звязана дзейнасць італьянскіх кампазітараў Дж.Расіні, Г.Даніцэці, В.Беліні, Дж.Вердзі, Дж.Пучыні, многія творы якіх пастаўлены тут упершыню. У рэпертуары побач з операмі і балетамі італьянскіх кампазітараў творы сусветнай класікі. На сцэне тэатра ў розны час з поспехам выступалі вядомыя спевакі Ф.Шаляпін, М.Калас, М.Кабалье, П.Дамінга, Х.Карэрас і інш. Сёння «Л. С.» змяшчае 3600 гледачоў. Сярод дырыжораў - А.Тасканіні, В.Сабата, К.Абада, Р.Муці і інш. Малая сцэна - «Пікола Скала» (з 1955, камерныя старадаўнія і сучасныя оперы). Многія пастаноўкі ў тэатры «Л.-С.» прызнаваліся эталоннымі ў гісторыі опернага мастацтва. @

Леанарда да Вінчы (1452-1519), італьянскі жывапісец, скульптар, архітэктар, вучоны, інжынер. З'яўляўся родапачынальнікам Высокага Адраджэння. Вакол Л.да В. склалася група вучняў і паслядоўнікаў (т.зв. «Ламбардская школа»). Спалучаючы распрацоўку новых сродкаў мастацкай мовы з тэарэтычнымі абагульненнямі, стварыў вобраз чалавека, які адпавядае гуманістычным ідэалам эпохі Адраджэння. Напісаў усяго каля 15 жывапісных работ, астатнія працы засталіся незавершанымі. Л. да В. распрацаваў своеасаблівы мастацкі прыём - «сфумата» (ад лац. sfumato - смуга), што дазваляла змякчаць абрысы, контуры розных прадметаў з дапамогай жывапіснага ўзнаўлення светлапаветранага асяроддзя. Найбольш яскрава гэты прыём выявіўся ў адным з яго самых вядомых твораў - «Мона Ліза» («Джаконда»; 1503), дзе напаўфантастычны пейзаж тонка гармануе з характарам і інтэлектам жанчыны. Яшчэ адным вышэйшым дасягненнем творчага генія Л. да В. з'яўляецца «Тайная вячэра» (1498) - вялізная фрэска трапезнай кляштара Санта-Марыя дэла Грацые ў Мілане. Быў вучнем вядомага мастака А.дэль Верок'ё, працаваў у яго майстэрні. У 1472 уступіў у гільдыю мастакоў. Л. да В. (сучаснікі называлі яго «геніем ад Бога») правёў даследаванні і зрабіў адкрыцці, якія намнога апярэдзілі свой час. Напр., распрацаваў праекты гідраканалаў і ірыгацыйных сістэм, металургічных пячэй, пракатных станаў, ткацкіх і друкарскіх станкоў, прадзільных і землярыйных машын, падводнай лодкі, танка, лятальных апаратаў, парашута, кулямёта, выбуховых прыстасаванняў, вадалазнага касцюма і інш. Ствараў планы «ідэальнага горада», займаўся тэхнічным канструяваннем, арганізоўваў незвычайныя прыдворныя святы, рабіў шматлікія малюнкі мельніц, эскізы касцюмаў, сцэнічныя дэкарацыі, праводзіў эксперыменты па выдаленню розных органаў у жывёл, даследаваў рух сокаў у раслін, упершыню падрабязна апісаў шэраг касцей і нерваў чалавека. Яму не было роўных у маляванні з натуры розных рэчаў са шматлікімі дэталямі. Быў добрым імправізатарам вершаў, сачыняў казкі пра жывёл, пісаў сатырычныя гісторыі, накіраваныя супраць манахаў і свяшчэннікаў. Наблізіўся да стварэння геліяцэнтрычнай сістэмы, аспрэчваў ідэю аб тым, што Зямля знаходзіцца ў цэнтры Сусвету. Леанарда ставіў навуковае пазнанне вышэй хрысціянскай веры, хаця верыў у Бога як стваральніка ўсяго Сусвету. Захаваліся запісныя кніжкі і рукапісы (каля 7 тыс. лістоў). Асоба Л. да В. - рэальнае ўвасабленне гуманістычнага ідэалу ўсебакова развітай асобы. @

Лебон Густаў (1841-1931), французскі псіхолаг, сацыёлаг, антраполаг, медык. Адзін з заснавальнікаў сацыяльнай псіхалогіі. Атрымаў класічную адукацыю ў г. Тур. Скончыў медыцынскі факультэт Парыжскага ўніверсітэта (1866). Спрабаваў устанавіць псіхалагічныя законы гісторыі і ролю розных псіхічных фактараў (эмоцый, пачуццяў, вераванняў і інш.) у гістарычным працэсе. Даследаваў псіхічныя дэтэрмінанты этнічных канфліктаў і цыклічны характар развіцця цывілізацый. Сцвярджаў, што гістарычны шлях кожнага народа ў значнай ступені абумоўлены асаблівасцямі яго «калектыўнай душы». Ахарактарызаваў перыяд канца 19 - пачатку 20 ст. як «эру натоўпу» і прадказаў звязаны з гэтым феноменам упадак культуры і духоўнасці грамадства. Увёў класіфікацыю натоўпаў на аднародныя (класы, секты, касты) і разнародныя (напр., вулічны натоўп, парламенцкія сходы). Лічыў галоўным крытэрыем каштоўнасці чалавека і крыніцай яго багацця асабістыя інтэлектуальныя здольнасці і прадуктыўную творчую працу. Выступаў супраць палітычных і сацыяльных рэвалюцый, якія ў гісторыі чалавецтва нярэдка прыводзілі да негатыўных наступстваў. Аўтар прац па псіхалогіі, сацыялогіі, антрапалогіі, гісторыі, філасофіі, педагогіцы, фізіялогіі, анатоміі, медыцыне, фізіцы. Сярод іх - «Псіхалагічныя законы эвалюцыі народаў» (1894), «Псіхалогія натоўпу» (1895), «Псіхалогія сацыялізму» (1898), «Псіхалогія адукацыі» (1902), «Эвалюцыя сучаснага свету» (1927) і інш. @

Леві-Бруль Люсьен (1857-1939), французскі этнолаг, антраполаг. Вучыўся ў Парыжскім універсітэце. Прафесар філасофіі Сарбоны (1899-1927). Займаўся гісторыяй французскай і нямецкай філасофіі 19 ст., потым вывучаў мысліцельныя працэсы першабытных народаў. Лічыў, што розным сацыяльным тыпам адпавядаюць розныя формы мыслення. Стварыў тэорыю далагічнай (пралагічнай) ментальнасці, у адпаведнасці з якой спосаб мыслення чалавека ў «прымітыўным» грамадстве адрозніваецца ад спосабу мыслення заходняга чалавека «цывілізаванага» грамадства. У далагічным мысленні яшчэ не дзейнічаюць законы фармальнай логікі; яно падначальваецца не закону супярэчнасці (як сучаснае мысленне), а закону партыцыпацыі (містычнай датычнасці), калі канкрэтная рэч успрымаецца адначасова як такая і як нешта іншае. Узнікненне лагічнага мыслення Л.-Б. звязваў (у адрозненне ад К.Леві-Строса) толькі з высокаразвітым, цывілізаваным грамадствам. Сярод яго найбольш важных работ - «Філасофія Агюста Конта» (1900), «Функцыі мыслення ў першабытных грамадствах» (1910), «Першабытнае мысленне» (1922), «Першабытная душа» (1927) і інш. @

Леві-Строс Клод (н. 1908), французскі антраполаг, этнолаг; адзін з галоўных прадстаўнікоў французскага структуралізму. Нарадзіўся ў Бруселі (Бельгія). Вучыўся ў Сарбоне. Выкладаў у Бразіліі, быў дарадцам па культуры пасольства Францыі ў ЗША, дырэктарам Музея чалавека ў Парыжы, дырэктарам Школы вышэйшых даследаванняў. Сябра Французскай Акадэміі, многіх іншых акадэмій, ганаровы прафесар многіх універсітэтаў Эўропы, Амерыкі і Азіі. Распрацаваў тыпалогію культур, у якой выдзяляў т.зв. «гарачыя» і «халодныя» культуры. Пры гэтым «гарачыя» культуры (у адрозненне ад «халодных») уключаюць у сваё развіццё гісторыю і пошук ўсё больш багатых інфармацыйных магчымасцей. Сцвярджаў, што неўсвядомленая творчасць чалавечага духу ляжыць у аснове культуры і мовы, прычым у дадзеным выпадку мова выступае як неабходная ўмова культуры. Ён лічыў, што сучасныя людзі (у адрозненне ад першабытных народаў) страцілі адзінства пачуццёвага і рацыянальнага ў сваім культурным жыцці, што ў перспектыве можа прывесці да дэградацыі гуманізма. На яго думку (у адрозненне ад меркаваня Л.Леві-Бруля), ужо першабытнай ментальнасці быў уласцівы даволі развіты лагічны апарат, які дасягае сваіх мэтаў пераважна «вакольнымі шляхамі». Меркаваў, што «сучасны чалавек імкнецца зразумець адрозненні культур, адначасова знішчаючы тое, што ў іх яго не задавальняе». Лічыў, што міфалагічнае мысленне ўласціва для архаічных грамадстваў, а міфы з'яўляюцца фундаментальным зместам калектыўнай свядомасці, інструментам першабытнай логікі, якая аперыруе бінарнымі апазіцыямі (напр., высокі-нізкі, правы-левы, неба-зямля, свяшчэнны-прафанны і інш.). Сцвярджаў, што 21 ст. будзе стагоддзем гуманітарных навук, або яго не будзе зусім. Сярод яго найбольш важных твораў - «Структурная антрапалогія» (1958), «Міфалагічныя даследаванні» (Т. 1-4; 1964-1971). @

Левяш Ілья (н. 1934), беларускі філосаф, культуролаг. Доктар філасофскіх навук (1975), прафесар (1979). Акадэмік Нью-Ёркскай АН (з 1995). Скончыў Адэскі ўніверсітэт (1960). З 1960 працаваў у Іркуцкім інстытуце народнай гаспадаркі, Куйбышаўскім політэхнічным і Нікалаеўскім караблебудаўнічым інстытутах. З 1982 у Менскім тэхналагічным інстытуце. У 1990-1992 навуковы супрацоўнік Ерусалімскага ўніверсітэта. З 1993 у Менскім лінгвістычным універсітэце. Даследуе праблемы культуралогіі, дыялектыкі сацыяльнага і навукова-тэхнічнага прагрэсу, цывілізацыі і культуры, трансфармацыі культурна-цвілізацыйных працэсаў. У сваіх даследаваннях зыходзіць з агульнанавуковай неабходнасці строга размяжоўваць аб'ект міждысцыплінарных гуманітарных ведаў (неабсяжны космас свету чалавека, яго культуры і цывілізацыі) і прадмет культуралагічных ведаў. Лічыць, што сістэмаўтваральным ядром культуразнаўства з'яўляецца культуралогія як філасофія культуры. На яго думку, культура як «царства свабоды» адрозніваецца ад цывілізацыі як «царства неабходнасці». Сярод яго асноўных прац - «Змест і крытэрыі грамадскага прагрэсу» (1973), «Навукова-тэхнічная рэвалюцыя: перадумовы, сутнасць, сацыяльныя наступствы (1981), «Метадалогія культуралагічных ведаў» (1994), «Культуралогія: Курс лекцый» (2-выд., 1999), «Культуралогія: Навучальны дапаможнік (4-е выд., 2001) і інш. @

Ле Карбюзье Шарль Эдуар (сапр. Жанэрэ; 1887-1965), французскі архітэктар, жывапісец, дызайнер, тэарэтык архітэктуры. Адзін са стваральнікаў сучаных плыняў архітэктуры (рацыяналізму, функцыяналізму). Вывучаў архітэктуру ў Вене, Парыжы і Берліне. З 1917 жыў у Парыжы. У 1922 заснаваў у Парыжы архітэктурную майстэрню. У кнігах «Да архітэктуры» (1923) і «Горадабудаўніцтва» (1925) сфармуляваў пяць прынцыпаў архітэктуры - будынак на свабодна стаячых апорах, свабодная кампазіцыя фасада, лентачныя вокны, плоскі дах з тэрасай-садам, свабодная ўнутраная планіроўка (напр., віла «Савоа», 1929; інтэрнат швейцарскіх студэнтаў у Парыжы, 1930-1932; жылы дом у Марселі, 1947-1952 і інш.). У 1940-х г. Л.К. распрацаваў сістэму гарманічных велічынь, заснаваную на прапорцыях чалавечага цела (мадулёр), якая павінна была стаць адпраўной кропкай для будаўніцтва і мастацкага канструявання. У 1950-1960-х г. стварыў вялікія гарадскія ансамблі (напр., Чандзігарх у Індыі, 1951-1956), імкнуўся да свабоды і гнуткасці пластычных структур будынкаў. У 1918 разам з А.Азанфанам стаў адным з заснавальнікаў руху пурызму ў жывапісе. @

Лінгам (старажытнаіндыйскае - знак полу), у старажытнай і сярэднявечнай індыйскай міфалогіі сімвал мужчынскага пачатку, боскай стваральнай сілы. З'яўляецца адным з эратычных сімвалаў старажытнаіндыйскай культуры. Выяўляецца ў выглядзе каменнага слупа, які звычайна мае прырошчаную фігуру Шывы з мячом у руках ці паднімаецца з йоні - жаночага органа, сімвала жонкі Шывы - Парваці. Асабліва важнае значэнне культ Л. набыў у рытуалах розных сект індуізму, звязаных з пакланенем богу Шыве. @

Лінгвістычнай адноснасці гіпотэза, сукупнасць уяўленняў аб тым, што карціна свету моўная чалавека залежыць не толькі і нават не столькі ад навакольнага асяроддзя, колькі ад той класіфікацыйнай сеткі, якую канкрэтная мова з яе граматыкай і лексікай навязваюць чалавеку. Распрацавана вучнем Ф.Боаса амерыканскім даследчыкам Э.Сепірам, а таксама Б.Уорфам. Адрозненні ў карціне свету, замацаваныя ў мове, не могуць сведчыць пра большую ці меншую развітасць яе носьбітаў. @

Лірыка (ад грэч. lyrikos - што прамаўляецца пад гукі ліры), род літаратуры (разам з эпасам, драмай), прадмет якога - змест унутранага жыцця, уласнае «Я» паэта, а моўная форма - унутраны маналог, пераважна ў вершах. Ахоплівае мноства вершаваных жанраў (напр., санет, элегія, раманс, газель і інш.). Узнікла ў Старажытнай Грэцыі. Любыя з'явы і падзеі жыцця ў Л. адлюстроўваюцца ў форме суб'ектыўных перажыванняў. Аднак дзякуючы маштабнасці і глыбіні асобы аўтара яго «самавыяўленне» ў Л. набывае агульначалавечае значэнне; ёй падуладная ўся паўната выяўлення самых складаных праблем быцця. У розныя гістарычныя эпохі вышэйшыя ўзоры лірычнай паэзіі стварылі Анакрэонт, Сапфо, Катул, Ф.Петрарка, У.Шэкспір, Дж.Байран, А.Пушкін, А.Блок і інш. У беларускай літаратуры лепшыя лірычныя творы стварылі М.Багдановіч, Я.Купала, У.Жылка, Л.Геніюш, К.Буйла і інш. @

Літаратура (ад лац. literatura - літар. «напісанае»), адзін з асноўных відаў мастацкай культуры; мастацтва слова. Тэрмінам «Л.» абазначаюцца таксама любыя творы чалавечай думкі, якія замацаваны ў пісьмовым слове і маюць грамадскае значэнне (напр., мастацкая Л., публіцыстычная Л., навуковая Л. і інш.). Існуюць віды пісьмовых твораў, набліжаныя да мастацкай Л., - мемуарная, эпісталярная, дакументальная Л. Захоўвае і перадае з пакалення ў пакаленне эстэтычныя, маральныя, сацыяльныя каштоўнасці. Падзяляецца на два асноўныя тыпы (формы) - паэзію і прозу, а таксама на тры роды - эпас, лірыку і драму. Уяўляе сабой своеасаблівую сістэму розных жанраў, матываў, вобразаў, сюжэтаў, выяўленчых сродкаў мовы, прыёмаў кампазіцыі і інш. Як мастацтва слова Л. узнікла ў старажытнасці на аснове міфалогіі і фальклору. Эпічныя паэмы Гамера, «Махабхарата», «Шы-зін», драмы Эсхіла, лірыка Сапфо і інш. заклалі аснову разнастайных форм літаратурнай творчасці. У Сярэднявеччы ў Эўропе былі складзены гераічныя паэмы і аповесці («Песня пра Роланда», «Песня пра Нібелунгаў», «Слова пра паход Ігаравы» і інш.). Перажывалі пад'ём Л. усходніх народаў: былі створаны манументальныя эпічныя творы (індыйская «Рамаяна», персідскія «Шахнамэ», арабскія «Тысяча і адна ноч» і інш.). У эпоху Адраджэння творчасць Дантэ, Дж.Бакачо, У.Шэкспіра, М. дэ Сервантэса заклала фундамент новай эўрапейскай Л. Асноўнымі мастацкімі стылямі і кірункамі, якія змянялі адзін аднаго на працягу 16-20 ст., былі барока, класіцызм, рамантызм, рэалізм, натуралізм, сімвалізм, мадэрнізм, постмадэрнізм. Літаратура 20 ст. вызначалася надзвычайным багаццем кірункаў, плённымі наватарскімі пошукамі ў галіне формы, зместу, сродкаў выяўлення, паглыбленнем яе сувязей з іншымі, пераважна новымі відамі мастацтва - напр., кіно, тэлебачанне, радыё. Атрымалі пашырэнне філасофскі раман, псіхалагічная навела, дэтэктыў, фантастыка, вестэрн, трылер, твор «патока свядомасці» і інш. Да ліку буйнейшых пісьменнікаў 20 ст. адносяцца Дж.Джойс, Ф.Кафка, М.Пруст, Э.Хемінгуэй, Р.Ралан, Т.Ман, Г.Гесэ, Р.Тагор, Акутагава, Ю.Місіма, У.Фолкнер, Г.Маркес, Х.Картасар, Х.Л.Борхес, М.Кундэра, Дж.Фаўлз, М.Павіч і інш. У 1901 заснавана Нобелеўская прэмія па Л., якая ўручаецца за найбольш значныя літаратурныя вартасці мастацкіх твораў.

Зараджэнне Л. на беларускіх землях было звязана са з'яўленнем у 10 ст. ва ўсходніх славян пісьменства. Спачатку яна развівалася на аснове традыцый вусна-паэтычнай творчасці і твораў царкоўна-рэлігійнага характару. Па меры пашырэння хрысціянства ў 11-12 ст. пачалі складацца жыціі (Ефрасінні Полацкай, Аўрамія Смаленскага), стварацца творы аратарскай прозы (Кірыла Тураўскі) і інш. У эпоху Адраджэння ўзніклі новыя віды і жанры Л. (кніжная паэзія, публіцыстыка, гістарычна-мемуарная проза, драматургія). Важнае значэнне ў гісторыі беларускай Л. мела творчая дзейнасць Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага, М.Сматрыцкага, В.Дуніна-Марцінкевіча, У.Сыракомлі, Ф.Багушэвіча, М.Багдановіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Гарэцкага і інш. У сярэдзіне - другой палове 20 ст. ў літаратуру прыйшлі і ярка сябе выявілі К.Чорны, М.Танк, П.Панчанка, І.Мележ, А.Адамовіч, В.Быкаў, У.Караткевіч, Н.Гілевіч, Р.Барадулін, А.Разанаў, Я.Сіпакоў, Я.Янішчыц, Н.Мацяш, Г.Бураўкін, С.Законнікаў, Б.Сачанка, М.Стральцоў, В.Адамчык, В.Казько, А.Макаёнак, М.Матукоўскі і інш. Для іх творчасці ўласцівы гуманістычная канцэпцыя бачання свету, патрыятычная накіраванасць, абвостраная ўвага да маральна-этычных, грамадскіх і экалагічных праблем, асэнсаванне вопыту мінулага жыцця народа і ролі асобы ў гісторыі, імкненне да спасціжэння сваіх «каранёў», нацыянальна-культурных вытокаў. У канцы 1980-х - пачатку 90-х г. значны грамадскі рэзананс атрымала т.зв. «лагерная паэзія» і публіцыстыка, створаная пісьменнікамі - вязнямі ГУЛАГа (вершы А.Звонака, С.Грахоўскага, С.Новіка-Пеюна, П.Пруднікава, мемуары М.Бяганскай «Мая Галгофа», Л.Геніюш «Споведзь», С.Грахоўскага «Зона маўчання» і «З воўчым білетам», П.Пруднікава «Яжовыя рукавіцы» і інш.). У жанры гістарычнай прозы плённа працуюць У.Арлоў, Л.Дайнека, Г.Далідовіч, В.Іпатава, К.Тарасаў, В.Чаропка. Выдаюцца творы пісьменнікаў беларускага замежжа (К.Акулы, Н.Арсенневай, А.Салаўя, М.Сяднёва і інш.). @

Ліхачоў Дзмітрый Сяргеевіч (1906-1999), расейскі літаратуразнавец, гісторык культуры. Акадэмік АН СССР (1970). Скончыў Ленінградскі ўніверсітэт (1928). У 1928-1932 быў рэпрэсаваны. З 1938 у Інстытуце расейскай літаратуры АН СССР. Выступаў за культурнае адзінства чалавецтва пры адначасовым захаванні ўсіх нацыянальных культурных традыцый. Быў паслядоўным праціўнікам усякага роду культурнай выключнасці і культурнага ізаляцыянізму. Арыгінальным укладам Л. у культуралагічную навуку стала прапанавая ім пад уплывам У.Вярнадскага ідэя «гомасферы» (г.зн. чалавечай сферы) Зямлі, а таксама распрацоўка асноў новай навуковай дысцыпліны - экалогіі культуры. Лічыў, што адметнымі рысамі нацыянальнага характару расейскага народа з'яўляюцца пастаяннае імкненне да свабоды асобы, а таксама схільнасць ва ўсім даходзіць да крайнасцей, да мяжы магчымага. Сфармуляваў «дзевяць запаветаў гуманізму» (напр., заклікі да культурнай эліты не лічыць свой народ ворагам іншых народаў, паважаць ідэі і пачуцці іншых людзей, ашчадна адносіцца да Прыроды як сваёй маці, быць заўсёды свабоднымі, паважаць сваіх бацькоў і продкаў, захоўваць іх культурную спадчыну і да т.п.). Ідэі багацця і шматмернасці «нацыянальнага», стваральнай сілы традыцыі ў сучасным свеце («Нататкі аб расейскім», 1981; «Мінулае - будучыні», 1985). Аўтар фундаментальных даследаванняў літаратуры і культуры старажытнай Русі, праблем тэксталогіі (у т.л. «Паэтыкі старажытнарускай літаратуры», 3-е выд., 1979). @

Лопэ дэ Вэга (1565-1635), гішпанскі пісьменнік; заснавальнік гішпанскага нацыянальнага тэатра. Вучыўся ў езуіцкай калегіі, ва ўніверсітэце ў г. Алькала. З'яўляўся аўтарам велізарнай колькасці сцэнічных твораў («Фуэнтэ Авехуна», «Настаўнік танцаў», «Сабака на сене» і інш.), а таксама вершаў, раманаў. Сучаснікі сцвярджалі, што яго пяру належала звыш 1800 п'ес свецкага характару (пераважна камедый) і прыкладна 400 - на рэлігійныя тэмы, хаця да нашых дзён дайшло каля 500 п'ес. Яго п'есы былі вельмі папулярнымі і выконваліся ў публічных тэатрах, на прыдворнай сцэне, а таксама на гарадскіх плошчах і ў вёсках. За высокія мастацкія вартасці твораў Л. дэ В. яшчэ пры жыцці называлі паэтам «неба і зямлі», «феніксам геніяў». У сваіх творах ён звяртаўся пераважна да шырокага кола «простых» чытачоў і лічыў, што мастацтва па свайму зместу з'яўляецца перайманнем жыцця. @

Лосеў Аляксей Фёдаравіч (1893-1988), расейскі філосаф, філолаг, культуролаг. Скончыў гісторыка-філасофскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта (1915). Працаваў у Ніжагародскім універсітэце (з 1919), Маскоўскай кансерваторыі (1922-1929). У 1930-1933 быў рэпрэсаваны. У рэчышчы традыцый Платона і неаплатанізму, дыялектыкі Ф.Шэлінга і Г.Гегеля, фенаменалогіі Э.Гусерля распрацоўваў праблемы сімвала і міфа («Філасофія імя», 1927; «Дыялектыка міфа», 1930), дыялектыкі мастацкай творчасці, асабліва антычнага ўспрымання свету. Перакладчык твораў Арыстоцеля, Плоціна, Прокла, Мікалая Кузанскага. Аўтар васьмітомнай «Гісторыі антычнай дыялектыкі» - фундаментальнага гісторыка-філасофскага і культуралагічнага даследавання духоўнай традыцыі антычнасці. У апошнія гады жыцця былі апублікаваны яго невядомыя рэлігійна-філасофскія творы. Дыялектыку Л. вызначаў як «сапраўдную стыхію розуму». На яго думку, быццё свету і чалавека раскрываецца ў «дыялектыцы міфа», які ў бясконца разнастайных формах адлюстроўвае бясконцую паўнату рэальнасці, яе невычарпальную жыццёвую сілу. @

Лотман Юрый Міхайлавіч (1922-1993), расейскі культуролаг, літаратуразнавец. Скончыў філалагічны факультэт Ленінградскага ўніверсітэта (1950). З 1950 працаваў у Эстоніі. Быў прафесарам, загадчыкам кафедры расейскай літаратуры (1960-1977) Тартускага ўніверсітэта. Заснавальнік Тартуска-Маскоўскай семіятычнай школы, якая атрымала шырокае міжнароднае прызнанне. Праблемы гісторыі, тэорыі літаратуры і культуры даследаваў у шырокім гісторыка-культурным і гісторыка-побытавым кантэкстах (у т.л. з пункту погляду семіётыкі). Пры аналізе паэтычных сістэм звяртаўся да структурнага метаду. Аўтар кніг пра творчасць А.С.Пушкіна, М.М.Карамзіна і інш., тэлеперадач «Гутаркі пра расейскую культуру». Разглядаў культуру як адкрытую знакавую сістэму і структуру, якая ўключае галоўны элемент - натуральную мову і іншыя структурныя адзінкі, да якіх адносяцца розныя віды мастацтва. Адначасова культура для Л. - гэта і своеасаблівы «тэкст», які існуе ў пэўным «кантэксце», і доўгатэрміновая калектыўная памяць, якая выбарачна перадае ў прасторы і часе інтэлектуальную і эмацыянальную інфармацыю. У манаграфіі «Культура і выбух» (1992) акрэсліў адрозненні паміж «выбуховымі» сацыякультурнымі працэсамі ў Расеі (з яе супярэчлівай дыхатамічнай культурай) і заходняй цывілізацыяй з больш плаўным і менш разбуральным развіццём. Многія працы Л. прысвечаны таксама побыту, тэатру, кіно, жывапісу і інш. @

Луцэнка Барыс (н. 1937), беларускі тэатральны рэжысёр. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1975). Народны артыст Беларусі (1995). Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1967). З 1970 выкладае ў Беларускай акадэміі мастацтваў. Працаваў рэжысёрам у Беларускім тэатры імя Я.Купалы, галоўным рэжысёрам Дзяржаўнага расейскага драматычнага тэатра Беларусі і Тэатра-студыі кінаакцёра. З 1991 мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага расейскага тэатра Беларусі. Творчую манеру вызначаюць імкненне да сцэнічнай метафарычнасці, псіхалагічная дакладнасць у абмалёўцы персанажаў, пошукі вобразнай выразнасці праз пластыку. Сярод лепшых пастановак - «Зацюканы апостал» і «Таблетку пад язык» А.Макаёнка, «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Макбэт» і «Гамлет» У.Шэкспіра, «Трохграшовая опера» Б.Брэхта, «Не баюся Вірджыніі Вулф» Э.Олбі і інш. На кінастудыі «Беларусьфільм» зняў кінастужку «Раскіданае гняздо» (1982), тэлеспектаклі «Зацюканы апостал» (1984), «Вяртанне ў Хатынь» (1985). @

Лэнд-арт (ад англ. land - зямля + лац. arte - штучна), від мастацтва канцэптуальнага, які выкарыстоўвае ў якасці матэрыялу прыродныя аб'екты. Узнік у 1970-я г. пад уплывам ідэалогіі контркультуры, якая супрацьпастаўляе сучаснай арганізацыі грамадстваў жыццёвыя формы архаічных грамадстваў, прыроднае - сацыяльнаму, інстынктыўнае - рацыянальнаму. У Л.-а. адлюстраваўся своеасаблівы сум часткі мастацкай інтэлігенцыі па звязанаму з прыродным жыццём мастацтву, спроба вяртання да страчаных эстэтычных каштоўнасцей. @

Лютэр Марцін (1483-1546), нямецкі рэлігійны дзеяч; заснавальнік руху Рэфармацыі. Вучыўся ў царкоўных школах, скончыў Эрфурцкі ўніверсітэт (1505) са ступенню магістра мастацтваў. Быў манахам-аўгусцінцам. Выкладаў багаслоўе ва ўніверсітэце горада Вітэнберг (у Саксоніі). У кастрычніку 1517 вывесіў на дзвярах Вітэнбергскай царквы 95 тэзісаў, у якіх рэзка выступіў супраць індульгенцый (даравання грахоў за пэўную грашовую плату) і права царквы на зямельныя багацці, адмаўляў неабходнасць царквы з яе іерархіяй і духавенствам, выступаў з патрабаваннямі «таннай царквы» (без раскошнага афармлення храмаў, абразоў, мошчаў). З сямі царкоўных таінстваў Л. прызнаваў толькі два - хрышчэнне і прычашчэнне. Пераклаў на саксонскі дыялект нямецкай мовы Біблію (з арыгінала на старагрэчаскай мове), што заклала асновы літаратурнай агульнанямецкай мовы і садзейнічала фармаванню адзінай нямецкай нацыі. Аўтар многіх артыкулаў і памфлетаў на рэлігійныя тэмы. І.В.Гётэ лічыў, што Л. сваёй дзейнасцю па сутнасці стварыў нямецкую нацыю. Ад імя Л. атрымала назву найбольш буйная з усіх плыняў пратэстантызму - лютэранства. @

Лявонцьеў Канстанцін Мікалаевіч (1831-1891), расейскі пісьменнік, публіцыст і літаратурны крытык. Прадстаўнік славянафільства. Распрацаваў канцэпцыю трох стадый у цыклічным развіцці культуры кожнага народа - першапачатковая прастата, квітнеючая складанасць, паўторнае спрашчэнне. Прапагандаваў т.зв. «візантызм» (царкоўнасць, манархізм, саслоўная іерархія і да т.п.) і саюз Расеі з краінамі Ўсходу як ахоўны сродак ад рэвалюцыйных узрушэнняў («Усход, Расея і славянства», т. 1-2, 1885-1886). Аўтар аповесцяў, літаратурна-крытычных эцюдаў аб Л.Талстым, І.Тургеневе, Ф.Дастаеўскім. @

Магамет (Мухамед; каля 570-632), заснавальнік іслама. Ушаноўваецца як прарок. Выхадзец з арабскага племені курэйшытаў. Быў пастухом, пагоншчыкам вярблюдаў. Паводле падання, каля 609 (ці 610) атрымаў адкрыццё ад Алаха, пасля чаго выступіў у Меке з пропаведдзю новай веры. У 622 разам з паслядоўнікамі быў вымушаны перасяліцца (т.зв. «хіджра») з Мекі ў Медыну. Ад даты гэтага перасялення - 15 ліпеня 622 - вядзецца адлік часу па мусульманскім (месяцовым) календары. У 630-631 мусульмане пад кіраўніцтвам М. падначалілі Меку і значную частку Арабійскага паўвострава. У 632 М. абвясціў Меку святым горадам і загадаў знішчыць там усіх ідалаў. Замест былога шматбожжа М. увёў адзінабожжа - веру ў адзінага ўсемагутнага Бога - Алаха. Пропаведзі М. змаглі аб'яднаць разрозненыя плямёны ў адзіны народ, а сам ён стаў кіраўніком тэакратычнай дзяржавы. @

Магія (ад грэч. mageia - чараўніцтва, вядзьмарства), сукупнасць абрадаў і рытуальных дзеянняў, звязанах з верай у звышнатуральную здольнасць чалавека ўздзейнічаць на людзей і з'явы прыроды. М. узнікла ў першабытным грамадстве і існавала адначасова з анімізмам, татэмізмам, фетышызмам і інш. Паколькі магі нярэдка валодалі дарам яснабачання, лекарства, праводзілі містычныя абрады і рытуалы, займаліся астралогіяй, тлумачэннем сноў, то пазней ад назвы гэтага племені паходзіць і само слова «магія». Традыцыйна вылучаюцца наступныя разнавіднасці М.: кантактная (заснаваная на непасрэдным кантакце чалавека з носьбітам звышнатуральнай магічнай сілы, што праяўляецца ў нашэнні розных амулетаў, талісманаў, ужыванні прэпаратаў, дакрананні да рукі чараўніка і да т.п.); ініцыяльная (падчас якой рэальна робіцца толькі пачатак магічнага дзеяння, а яго завяршэнне прадастаўляецца пэўнай звышнатуральнай сіле); апатрапеічная (магічныя дзеянні накіраваны на адпужванне варожых сіл, для чаго выкарыстоўваюцца розныя гукі і жэсты, агонь, дым і г.д.; катартычная (накіраваная на абарону ад негатыўнага ўплыву, на ачышчэнне чалавека, жылля ад уздзеяння неспрыяльных сіл); вербальная (ці слоўная М., заснаваная на веры ў цудадзейную сілу асобных слоў, выказванняў) і інш. У мінулым сярод беларусаў былі распаўсюджаны розныя віды М. Яны з даўніх часоў валодалі складаным комплексам разнастайных магічных сродкаў і дзеянняў для прадухілення жыццёвых няшчасцяў, стыхійных бедстваў, што выяўлялася ў даволі шырокай распаўсюджанасці варажбы, знахарства і чарадзейства. Многія магічныя дзеянні былі прымеркаваны да старажытных народных святаў і абрадаў, найперш Купалля і Каляд. Варажылі таксама і ў іншыя поры года, а таксама ў маладзік, апоўначы і да т.п. У беларускім фальклоры са старажытных часоў на працягу стагоддзяў у амаль нязменным выглядзе захоўвалася вялікая колькасць разнастайных замоў, праклёнаў, добразычлівых пажаданняў і г.д. @

Мадонна (сапр. Луіза Вераніка Чыконэ; н. 1958), амерыканская поп- і рок-спявачка, актрыса. Нарадзілася ў шматдзетнай сям'і італьянскіх імігрантаў. Вучылася на балетным аддзяленні Мічыганскага ўніверсітэта. Дэбютны альбом «Мадонна» выйшаў у 1983 і атрымаў шырокую папулярнасць. Пазней выйшлі музычныя дыскі «Ты можаш танцаваць» (1987), «Эротыка» (1993), «Музыка» (2001) і інш. Адна з першых зорак поп-музыкі, якая пачала шырока выкарыстоўваць відэакліпы. Як актрыса здымалася ў кінафільмах розных жанраў «Адчайна шукаю С'юзэн», «Эвіта», «У ложку з Мадоннай» і інш., аднак гэтыя ролі не прынеслі ёй прызнання. Аўтар аўтабіяграфічнай кнігі. У другой палове 1980-х - пачатку 1990-х г. з'яўлялася адной з самых вядомых і папулярных у свеце эстрадных спявачак. Яе сусветнай вядомасці паспрыялі скандальны імідж сексуальна разняволенай жанчыны, шакіруючыя паводзіны і выказванні, а таксама ўмела арганізаваныя рэкламныя і піараўскія акцыі. @

Мадэль свету, своеасаблівая сукупнасць уяўленняў пэўных груп людзей аб пабудове Сусвету, усім навакольным асяроддзі, месцы і ролі чалавека ў жыцці прыроды і грамадства. У розных народаў свету можна выявіць унікальную па сваёй унутранай структуры і глыбіннаму зместу М.с. У нейкіх рысах яна можа быць падобная да М.с. іншых народаў, а ў нечым, наадварот, вельмі істотна адрознівацца. Найлепшым чынам можа быць рэканструявана на аснове вывучэння і асэнсавання семантыкі мовы, высвятлення этымалогіі слоў і фразеалагізмаў, а таксама аналізу разнастайных фальклорных твораў (легенд, паданняў, міфаў, казак і інш.). Храналагічна першай формай (разнавіднасцю) адзінай і стабільнай М.с. можна лічыць т.зв. «міфапаэтычную» М.с., якая прыкметна адрозніваецца, напр., ад М.с., уласцівых гістарычнаму і ўласна навуковаму спосабу мыслення. Для міфапаэтычнай М.с. уласціва атаясамленне (або асабліва моцная ўзаемазалежнасць, звязанасць) макракосма і мікракосма, або, інакш кажучы, прыроды і чалавека. @

Мадэрн (ад франц. moderne - навейшы, сучасны), кірунак у мастацкай культуры (пераважна ў выяўленчым мастацтве і архітэктуры) Эўропы і Амерыкі, які ўзнік і атрымаў шырокае распаўсюджанне ў 20 ст. Для М. ўласцівы такія адметныя рысы, як мінімальныя сувязі з рэчаіснасцю, прыярытэт асабістага над грамадскім, адсутнасць гармоніі і сіметрыі, наяўнасць незвычайных дэкаратыўных элементаў, актыўны пошук новых форм (часам нават эпатажных) мастацкай выразнасці, імкненне да аб'яднання розных відаў мастацтва. @

Мадэрнізацыя культуры, працэс фармавання і ўкаранення змен, інавацый у культурнай сферы. На яе накіраванасць і тэмпы аказваюць неадназначны ўплыў сацыяльна-эканамічныя, грамадска-палітычныя і духоўна-маральныя фактары. На паскарэнне М.к. можа ўздзейнічаць культурная экспансія іншых краін, паглыбленне міждзяржаўных адносін, міжкультурнага дыялогу, а таксама інтэнсіфікацыя кантактаў паміж дзеячамі культуры, асобнымі культурна-асветніцкімі арганізацыямі, таварыствамі, установамі і г.д. Засваенне новых каштоўнасцей, артэфактаў звычайна больш хутка адбываецца ў моладзевай субкультуры. У 1990-я г. для Беларусі была характэрна паскораная М.к., усёй духоўна-культурнай прасторы. Яе сведчаннем з'яўляюцца пашырэнне такіх форм творчай актыўнасці, як інсталяцыя, перформанс, хэпенінг, мадэрн-харэаграфія, узнікненне новых літаратурных, мастацкіх і тэатральных суполак, калектываў (напр., «Бум-бам-літ», «Таварыства вольных літаратараў», «Пагоня»), духоўнага тэатра «Анёл», паэтычнага тэатра аднаго акцёра «Зьніч», тэатра сатыры і гумару «Хрыстафор» і інш.). @

Мадэрнізм (ад англ. moderne - сучасны, найноўшы), агульная назва комплексу з'яў і феноменаў мастацкай культуры 20 ст.; сукупнасць нерэалістычных, авангардысцкіх кірункаў. Паняцце «М.» выкарыстоўваецца для абазначэння эксперыментальных пошукаў у мастацтве, падкрэслена незвычайных мастацкіх сродкаў і форм творчага самавыяўлення. Вызначаецца адмаўленнем класічнай традыцыі, надзвычайным суб'ектывізмам, разбурэннем вобразнасці і логікі формы, а таксама тэндэнцыямі абсурдызму, мінімальнай сувяззю мастацкіх вобразаў, сюжэтаў з рэчаіснасцю. Для М. характэрны актыўны пошук новых форм выяўлення пры дапамозе сінтэзу розных відаў мастацтваў, а таксама імкненне да аб'яднання розных відаў мастацтва (ад жывапісу і тэатра да мадэляў адзення. Найбольш ярка яго сутнасць выяўляе авангардызм, таму да ліку асноўных кірункаў М. адносяцца такія авангардныя плыні, як фавізм, экспрэсіянізм, кубізм, футурызм, сюррэалізм, дадаізм, поп-арт. М. адкрыў і асвоіў новыя мастацкія сродкі і формы (калаж, асацыятыўны мантаж, паток свядомасці і інш.), што прыкметна паўплывала на развіццё эстэтыкі. @

Мазаіка, выявы або ўзор, выкананыя з каляровых камянёў, смальты, керамічных плітак і інш.; разнавіднасць жывапісу, якая выкарыстоўваецца пераважна для ўпрыгожвання будынкаў. Вядома з антычнай эпохі. У адрозненне ад антычнасці (выраблялася з натуральных камянёў і ўпрыгожвала падлогу асобных будынкаў), у Сярэднявеччы яна размяшчалася ў прасценках і ў апсідзе (паўкруглы выступ цэнтральнага нефа базілікі) і выраблялася са смальты - г.зн. непразрыстага шкла. Сярэднявечная М. звычайна мела залаты колер і мігатлівую паверхню. М. і фрэскі ўпрыгожвалі таксама сцены імператарскіх палацаў і папскіх рэзідэнцый. На іх былі выяўлены біблейскія персанажы, рымскія імператары і палкаводцы, сярэднявечныя манархі. У Беларусі смальтавая М. вядома з 12 ст. (напр., аздабленне пабудоў Верхняга замка і храма-пахавальні Спаса-Ефрасінеўскага манастыра ў Полацку). Збераглася мазаіка пачатку 20 ст., з 1960-х г. шырока выкарыстоўваецца М. з розных матэрыялаў: у Менску інтэр'ер Палаца культуры тэкстыльшчыкаў (1963, Г.Вашчанка), кінатэатра «Партызан» (1967, М.Данцыг, Б.Няпомняшчы), афармленне станцый метрапалітэну «Маскоўская» і «Інстытут культуры», тарцы дамоў у Наваполацку, Берасці, Салігорску і інш. @

Майхровіч Альфрэд (н. 1937), беларускі філосаф. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1996), доктар філасофскіх навук (1984). Прафесар (1994). Скончыў БДУ (1959). Працаваў у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. З 1963 у Інстытуце філасофіі і права АН Беларусі (з 1994 яго дырэктар). Даследуе гісторыю філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі, праблемы развіцця нацыянальнай самасвядомасці, пачатковы перыяд развіцця філасофскай думкі ў Беларусі, працэсы фармавання рэвалюцыйнага дэмакратызму, светапогляд Я.Купалы і Я.Коласа, метадалогію гісторыка-філасофскіх праблем, перыядызацыю беларускай філасофскай думкі, яе прадмет, ідэйны змест, заканамернасці гістарычнага станаўлення эстэтычнай свядомасці, тыпалогію яе формаў. Аналізуе тэндэнцыі развіцця філасофскай думкі Беларусі - пошук падстаў ісціннага, гуманістычнага быцця, сцвярджэнне духоўна-маральнай сутнасці і самакаштоўнасці чалавека, спасціжэнне месца і значэння індывіда ў гісторыі, грамадскім жыцці. Асноўныя працы ў галіне гісторыка-філасофскай навукі, праблем эстэтыкі, этыкі, сацыяльнай філасофіі: «Эстэтычныя погляды Якуба Коласа» (1970), «Аб эстэтычным асваенні рэчаіснасці» (1973), «Беларускія рэвалюцыйныя дэмакраты» (1977), «Янка Купала і Якуб Колас: Пытанні светапогляду» (1982), «Пошук ісціннага быцця і чалавека: З гісторыі філасофіі і культуры Беларусі (1992), «Станаўленне маральнай свядомасці: З гісторыі культуры Беларусі» (1997), «Ідэалогія: Сутнасць, прызначэнне, магчымасці» (2001) і інш. Дзяржаўная прэмія Беларусі 1984 за цыкл работ па гісторыі філасофскай і грамадскай думкі Беларусі (апубл. у 1973-1980). @

Макаёнак Андрэй (1920-1982), беларускі драматург. Народны пісьменнік Беларусі (1977). Працаваў загадчыкам аддзела прозы часопіса «Вожык», літкансультантам Саюза пісьменнікаў Беларусі, галоўным рэдактарам часопіса «Нёман». Імкнуўся прывіць на беларускай сцэне новыя жанрава-камедыяграфічныя формы. Пісаў гумарэскі, фельетоны, нарысы. Як драматург выступіў у друку ў 1946 з аднаактовай п'есай «Добра, калі добра канчаецца». Значнай падзеяй у нацыянальнай драматургіі стала яго сатырычная камедыя «Выбачайце, калі ласка!» (паст. 1954), дзе востра крытыкаваліся заганныя метады кіраўніцтва народнай гаспадаркай, фармалізм, паказуха, казённае адміністраванне. У 1960-1970-я г. стварыў мноства твораў высокага мастацкага ўзроўню, сярод якіх камедыя «Лявоніха на арбіце» (1961, Літаратурная прэмія імя Я.Купалы 1962), палітычны памфлет «Зацюканы апостал» (паст. 1971), трагікамедыя «Трыбунал» (паст. 1970), камедыя-рэпартаж «Таблетку пад язык» (Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1974), сентыментальны фельетон «Верачка» (паст. 1979) і інш. Па сцэнарыях М. пастаўлены мастацкія фільмы «Шчасце трэба берагчы» (1958), «Кандрат Крапіва» (1961), «Рагаты бастыён» (1975), тэлефільм «Пасля кірмашу» (1973). Для яго творчай манеры ўласцівы пастаноўка вострых, актуальных праблем, грамадзянская смеласць, схільнасць да эксперыментатарства, упэўненасць, раскаванасць драматургічнага пісьма. @

Макіявелі Нікола (1469-1527), італьянскі гісторык, мысліцель, паэт і дзяржаўны дзеяч. У 1498-1512 сакратар Савета дзесяці Фларэнтыйскіх рэспублік, выконваў дыпламатычныя даручэнні. Сярод найбольш значных яго прац - «Гасудар» (1513), «Князь» (1513), «Ваеннае мастацтва» (1521). Пяру Макіявелі належаць таксама гістарычныя («Гісторыя Фларэнцыі», 1520-1525) і літаратурныя (камедыя «Мандрагора», 1518) творы. Быў прыхільнікам моцнай улады і лічыў, што дзеля ўмацавання дзяржавы дапушчальныя любыя сродкі. Традыцыйна слова «макіявелізм» выкарыстоўваецца для абазначэння такой палітыкі, якая адмаўляе ўсякія нормы маралі і падтрымлівае насілле для дасягнення агульнадзяржаўнага дабрабыту, а таксама арыентуе палітыкаў дзейнічаць у адпаведнасці з прынцыпамі «мэта апраўдвае сродкі», «па магчымасці не аддаляцца ад дабра, але пры неабходнасці не пазбягаць і зла». Мэтай і сэнсам чалавечага жыцця павінны быць, на думку М., самаадданае служэнне дзяржаве, шчыры клопат аб яе магутнасці і росквіце. Палітычным ідэалам і найбольш падыходзячай формай праўлення ён лічыў Рымскую рэспубліку, а найлепшым тыпам дзяржаўнага кіраўніка - мудрага правіцеля, які павінен спалучаць у сабе і сваіх дзеяннях якасці магутнага, нецярпімага да ворагаў ільва і асцярожнай, хітрай лісіцы. @

Моладзевая субкультура, сукупнасць поглядаў, каштоўнасцей, норм паводзін прадстаўнікоў моладзі (ад падлеткаў да 30 гадоў). Фармуецца на стыку масавай і папулярнай культур. Пра М.с. як асобы тып культуры пачалі казаць у Заходняй Эўропе і ЗША з сярэдзіны 20 ст. Сярод сацыяльных прычын узнікнення М.с.: эканамічны пад'ём у заходніх краінах у 1950-я г.; рост даходаў прадстаўнікоў сярэдняга класу (асабліва яго моладзевай праслойкі); паскарэнне тэхнічнага прагрэсу; з'яўленне новых сродкаў запісу і распаўсюджання музычнай культуры (радыёпрыёмнікаў, магнітафонаў, тэлевізараў і інш.). Вызначаецца схільнасцю да наватарства, нонканфармізма, часам нават эпатажнасці; нярэдка схільнасцю да насілля, жорсткасці, сексу, нематываванымі ўчынкамі, а зрэдку і асацыяльнымі паводзінамі і дзеяннямі. М.с. валодае сваімі спецыфічнымі мовамі (жаргонамі), модай, мастацтвам, стэрэатыпамі мыслення, стылем паводзін і да т.п. Ствараецца пераважна маладымі людзьмі (хаця бываюць і выключэнні) для моладзі. Сучасная моладзь захапляецца звычайна рок- і поп-музыкай, камп'ютэрнымі гульнямі, Інтэрнетам, праглядам відэафільмаў, ужываннем наркотыкаў, транквілізатараў, алкагольных напояў, а таксама таксікаманіяй, індывідуальным і групавым сексам і да т.п. Своеасаблівы дэвіз М.с. - «Моладзь для моладзі». Яе тыповыя праяўленні - бітнікі, рокеры, панкі, хіпі, байкеры. @

Малевіч Казімір (1878-1935), беларускі і расейскі мастак; адзін з заснавальнікаў абстрактнага мастацтва, заснавальнік супрэматызму. Вучыўся ў навучальні жывапісу, скульптуры і дойлідства (1904-1905) і ў студыі Ф.Рэрберга ў Маскве (1905-1910). У 1919-1922 выкладаў у Народнай мастацкай школе ў Віцебску. У 1923-1927 дырэктар Ленінградскага інстытута мастацкай культуры. На мяжы 1900-1910-х г. імкнуўся сумясціць прынцыпы кубізму і футурызму («На сенажаці», 1909; «Станцыя без прыпынку», 1911). З 1915 ствараў супрэматычныя кампазіцыі, у якіх поўнасцю адышоў ад адлюстравання натуральных рэчаў і з'яў, адмовіўся ад канкрэтнай сюжэтнай змястоўнасці твораў («Чорны квадрат», 1915; «Палёт аэраплана», 1915; «Чырвоны квадрат», 1917 і інш.). У 1920-я г. з дапамогай прасторавых кампазіцый («архітэктонаў») вывучаў фармальную мову пластычных мастацтваў, ствараў праекты побытавых рэчаў, малюнкі для тэкстыля і інш. У 1918 стварыў афармленне першай пастаноўкі «Містэрыі-буф» У.Маякоўскага. У пачатку 1930-х г. рабіў спробы вярнуцца да выяўленчасці ў жывапісе і перайсці да савецкай тэматыкі («Дзяўчына з чырвоным дрэўкам», 1932). Аўтар мастацтвазнаўчых прац «Ад кубізма да супрэматызма» (1916), «Супрэматызм» (1920) і інш. @

Маліноўскі Браніслаў Каспер (1884-1942), ангельскі этнограф і сацыёлаг польскага паходжання. Адзін з заснавальнікаў і лідэраў функцыянальнай школы ў брытанскай сацыяльнай антрапалогіі. Скончыў Ягелонскі ўніверсітэт, дзе атрымаў ступень доктара філасофіі па фізіцы і матэматыцы (1908). Вывучаў псіхалогію і гістарычную палітэканомію ў Лейпцыгскім універсітэце, з 1910 г. вучыўся ў Лонданскай школе эканомікі. На працягу 1920-х г. праводзіў палявыя даследаванні на розных астравах Меланезіі, вывучаў культуру і побыт аўстралійскіх абарыгенаў. Некалькі гадоў пражыў сярод туземцаў, паляваў, лавіў рыбу разам з імі, удзельнічаў у іх цырымоніях, абрадах, святах, рытуалах. пабудаў сабе жытло, вывучыў мясцовую мову. Выкладаў у Лонданскім і Йельскім універсітэтах. Дыяпазон навуковых інтарэсаў М. быў надзвычай шырокі - гісторыя і тэорыя культуры, эканоміка, рэлігія, права, этыка, тэорыя мовы і інш. У сваёй першай кнізе «Арганаўты Ціхага акіяна» (1922) падрабязна апісаў штодзённае жыццё невядомых раней плямён з Новай Гвінеі. Галоўным вынікам працы М. стала яго кніга «Навуковая тэорыя культуры» (1944). У аснове яго тэорыі ляжыць сістэма чалавечых патрэбнасцей, якія падзяляюцца на пярвічныя, базавыя (здабыванне ежы, пабудова жылля, абарона, аднаўленне і працяг свайго роду) і на культурныя патрэбнасці, што надстрайваюцца над пярвічнымі. Паводле М., культура выступае як інструмент задавальнення базавых патрэбнасцей і адначасова як сукупнасць матэрыяльных і духоўных артэфактаў. Лічыў, што розным сацыяльным і нацыянальным групам грамадства ўласцівы розныя рэакцыі на адны і тыя ж патрэбнасці. Будучы ўсё жыццё прыхільнікам функцыяналізму, М. меркаваў, што ў культуры няма нічога лішняга, усё ў ёй функцыянальна ўзаемазвязана, а тое, што нам здаецца непатрэбным, лішнім, сведчыць толькі аб нашым неразуменні мясцовай культуры. Імкнуўся да спасціжэння культуры знутры, з пункту гледжання ўнутраных матываў паводзін яе прадстаўнікоў. Яго метад даследавання атрымаў у навуцы назву «ўключанага назірання». Важнае значэнне ў даследаванні культур М. надаваў статыстычнаму аналізу этнаграфічных даных, складанню адпаведных табліц, карт, генеалогіі і інш. Аўтар кніг «Міф у першабытнай псіхалогіі» (1926), «Сексуальнае жыццё дзікуноў паўночна-заходняй Меланезіі» (1929), «Каралавыя сады і іх магія» (1935), «Дынаміка культурных змяненняў» (1945) і інш. @

Мальдзіс Адам (н. 1932), беларускі літаратуразнавец, гісторык, пісьменнік. Доктар філалагічных навук (1987), прафесар (1990). Скончыў БДУ (1956). У 1963-1991 працаваў у Інстытуце літаратуры імя Я.Коласа АН Беларусі (з 1981 загадчык аддзела). У 1991-1998 дырэктар Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф.Скарыны. З 1987 старшыня камісіі «Вяртанне» Беларускага фонду культуры, з 1991 прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, з 1996 кіраўнік аддзела культуралогіі Міжнароднай акадэміі навук Эўразіі. Рэдактар біябібліяграфічнага слоўніка «Беларускія пісьменнікі» (Т. 1-6; 1992-1995) і інфармацыйна-культуралагічнага бюлетэня «Кантакты і дыялогі» (з 1996). Даследуе гісторыю беларускай культуры і літаратуры 17-19 ст., беларуска-польскія і беларуска-летувіскія літаратурныя ўзаемасувязі (кнігі «Творчае пабрацімства», 1966; «Падарожжа ў ХІХ ст.», 1969; «Таямніцы старажытных сховішчаў», 1974; «На скрыжавані славянскіх традыцый», 1980; «Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст.: Нарысы быту і звычаяў», 1982; «З літаратуразнаўчых вандраванняў», 1987; «Францыск Скарына як прыхільнік збліжэння і ўзаемаразумення людзей і народаў», 1988 і інш.). Аўтар гістарычнай аповесці «Восень пасярод вясны» (1984), краязнаўчага нарыса «Астравеччына, край дарагі...» (1977), літаратурнага партрэта «Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча» (1990), кніг «І ажываюць спадчыны старонкі» (1994), «Як жылі нашы продкі ў XVIII ст.» (2001). Складальнік зборнікаў «Зямля навагрудская, краю мой родны...» А.Міцкевіча (1969) і «Творы» Я.Дылы (1981). Працы М. вызначаюцца глыбінёй навуковага аналізу, арыгінальнасцю вывадаў, наватарскімі падыходамі, бліскучым стылем. Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1980 за ўдзел у 2-томным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977). @

Мальер (1622-1673; сапр. Жан Батыст Паклен), французскі драматург, акцёр; рэфарматар сцэнічнага мастацтва. Служыў пры двары Людовіка XIV. Быў не толькі выдатным драматургам (камедыі «Тарцюф», 1664; «Дон Жуан», 1665; «Мешчанін у дваранстве», 1670), але і таленавітым камедыйным акцёрам. Абапіраючыся на традыцыі народнага тэатра і дасягненні класіцызму, стварыў жанр сацыяльна-бытавой камедыі, у якой буфанада, плебейскі гумар спалучаліся з вытанчанасцю і артыстызмам. У многіх сваіх п'есах высмейваў саслоўныя забабоны арыстакратаў, абмежаванасць буржуа, ханжаства дваран і царкоўнікаў, бачыў у іх скажэнне чалавечай прыроды («Смешныя манерніцы», паст. 1659; «Скупы», паст. 1668; «Вучоныя жанчыны», паст. 1672; «Мешчанін у дваранстве», паст. 1670; «Мнімы хворы», 1673 і інш.). Лічыцца стваральнікам т.зв. «камедыі характару», дзе галоўнае месца займаў не знешні сюжэт, а ўнутрана-псіхалагічны стан персанажаў. З асаблівай сілай М. развенчваў крывадушнасць і стварыў бессмяротны вобраз Тарцюфа (камедыя «Тарцюф, ці Падманшчык», 1664). Пастаноўка «Дон Жуана» падверглася праследаванням за вальнадумства. Жыццёвасць, мастацкая ёмістасць вобразаў М. аказала вялікі ўплыў на развіццё сусветнай драматургіі і тэатра. @

Мангейм Карл (1893-1947), нямецкі філосаф, сацыёлаг; адзін са стваральнікаў сацыялогіі ведаў. Працаваў у Германіі і Англіі. Разглядаў змену пакаленняў як універсальны працэс, заснаваны на біялагічным развіцці жыцця чалавека. У выніку такой натуральнай змены пакаленняў у культурна-гістарычным працэсе паяўляюцца новыя ўдзельнікі, а старое пакаленне (абмежаванае сваім узростам і ступенню актыўнасці) перадае новаму свой культурны вопыт. Культурныя мэты М. упадабляў жыццёвым, біялагічным, таму субкультуры лічыў наступствам тых адрозненняў, якія характэрны для розных пакаленняў людзей. Сцвярджаў, што субкультуры адлюстроўваюць працэс прыстасавання да дамінуючай культуры. Сярод асноўных работ - «Ідэалогія і ўтопія» (1929), «Дыягназ нашага часу» (1943), «Эсэ па сацыялогіі культуры» (1956) і інш. @

Мандала (літар. «кола, дыск»), адзін з асноўных будысцкіх сакральных сімвалаў, які адлюстроўваў мадэль светабудовы, галоўныя элементы Космасу. Звычайна ўяўляла сабой кола, на якім былі выяўлены схема Сусвету і будысцкія святыя. Найчасцей падзяляецца на 12 сегментаў (нідан). Прынцып М. закладзены ў аснову многіх твораў старажытнаіндыйскага і старажытнакітайскага мастацтва; па сістэме М. распрацоўвалася схема храмавага комплексу, алтара, план горада і да т.п. У Японіі быў вядомы самабытны жывапісны тып - т.зв. «пейзажная мандала», якая апявала прыгажосць свяшчэнных месцаў Японіі - вадаспадаў, рэк, гор, азёраў. @

Манро Мэрылін (1926-1962), амерыканская кінаактрыса. Самая папулярная актрыса ЗША сярэдзіны 20 ст. У 1950-я г. у ЗША, асобных эўрапейскіх краінах склаўся своеасаблівы культ М. - т.зв. «манроманія». Не мела спецыяльнай акцёрскай адукацыі, брала прыватныя ўрокі. Здымалася пераважна ў камедыйных фільмах. Сярод найбольш вядомых фільмаў з яе ўдзелам «Ніягара» (1953), «Джэнтльмены аддаюць перавагу бландзінкам» (1953), «Аўтобусны прыпынак» (1956), «Некаторыя любяць больш гарачае» (у савецкім пракаце - «У джазе толькі дзяўчаты», 1959), прычым апошняя стужка ў 2000 Амерыканскім інстытутам кінематаграфіі прызнана лепшай амерыканскай камедыяй усіх часоў. Памерла пры нявысветленых абставінах (па афіцыйнай версіі - у выніку самазабойства). Пра яе асабістае жыццё і творчую дзейнасць напісана мноства кніг і артыкулаў, зняты фільмы. @

Мантэнь Мішэль (1533-1592), французскі філосаф, пісьменнік, палітычны дзеяч, юрыст. Скончыў Тулузскі ўніверсітэт, працаваў суддзёй. Найбольш вядомы як аўтар трохтомнай кнігі эсэ «Вопыты» (1580-1588). У ёй чалавек разглядаецца як найвышэйшая каштоўнасць, аднак у той жа час паказаны (нярэдка ў іранічнай, сатырычнай форме) шматлікія недахопы і слабасці людзей. Гэтая кніга, заснаваная на падрабязным разглядзе побыту і нораваў розных людзей, канкрэтных гістарычных фактаў, па сваёй сутнасці накіравана супраць схаластыкі і царкоўнага дагматызму, усякага падаўлення свабодалюбівых памкненняў. Таму невыпадкова ідэалам чалавека, паводле М., выступае адукаваны, разумны, унутрана свабодны індывід, які ў сваіх паводзінах і дзеяннях заўсёды прытрымліваецца норм маралі, справядлівасці, сумленнасці і адказнасці. @

Маньерызм (ад лац. maniera - манера, стыль), мастацкі кірунак, які ўзнік у перыяд позняга Адраджэння у заходнеэўрапейскім мастацтве. Яго прадстаўнікі - пераважна італьянскія жывапісцы, скульптары, паэты - адмовіліся ад гуманістычнай канцэпцыі чалавека, ад рэнесанснага ўспрымання свету, пакінуўшы ў сваім арсенале толькі «манеру» вялікіх мастакоў Адраджэння. Праграмная мэта М. - выяўляць суб'ектыўную «унутраную ідэю» мастацкага вобраза, які нараджаецца ў душы мастака. Мастакі-маньерысты (Парміджаніна, Дж.Рамана, Панторма і інш.) стваралі творы пераважна алегарычнага характару, якія былі арыентаваны на вузкае кола знаўцаў і адзначаны трагізмам светаўспрымання, ускладнёнасцю поз і рухаў. У архітэктуры М. (Дж.Вазары, Б.Аманаці і інш.) праявіўся галоўным чынам у няўстойлівасці дынамічнай кампазіцыі, у празмерным дэкоры, імкненні да сцэнічных афектаў. @

Маральная культура асобы, характарыстыка маральна-духоўнага развіцця чалавека, адпаведнасці яго дзеянняў і паводзін прынятым у грамадстве маральным нормам. Уключае ў сябе культуру этычнага мыслення, культуру пачуццяў, культуру паводзін, этыкет. М.к.а. фармуецца пад уплывам выхавання, жыццёвага вопыту, працоўнай дзейнасці, уздзеяння мастацтва, уласнага імкнення да самаўдасканалення. Маральныя нормы, прынцыпы з'яўляюцца адным з асноўных спосабаў рэгуляцыі дзейнасці чалавека ў грамадстве і атрымліваюць каштоўнаснае абгрунтаванне ў выглядзе ідэалаў дабра і зла, справядлівага і несправядлівага, належнага і інш. Вышэйшым узроўнем М.к.а. можна лічыць «маральную мудрасць», гатоўнасць да дастойных учынкаў у любых сітуацыях і гарманічнасць асобы. @

Маргінальная асоба (ад лац. margo - край, граніца), тэрмін, які выкарыстоўваецца ў сацыялогіі, культурнай антрапалогіі для абазначэння індывідаў, якія па свайму становішчу знаходзяцца па-за межамі пэўнага сацыяльнага слою, на мяжы двух асяродкаў, што ў выніку прыводзіць да наяўнасці падвойнай (часам - множнай) сацыякультурнай самаідэнтыфікацыі. Тэрмін «М.а.» («маргінал») у навуковы ўжытак увёў амерыканскі сацыёлаг Р.Э.Парк. Прычынамі ўзнікнення і пашырэння феномена маргінальнасці многія даследчыкі лічаць узмоцненую міграцыю народаў і розных этнічных, сацыяльных груп, развіццё гандлю, рынку, хуткі рост буйных гарадоў (мегаполісаў). Для маргіналаў уласцівы такія адметныя рысы, як маральная раздвоенасць, адчуванне пазбаўленасці ранейшай культурнай самаідэнтыфікацыі і немагчымасць дасягнуць іншай, канфліктнасць з традыцыйнымі нормамі і ідэаламі і г.д. @

Марксізм, філасофскае, эканамічнае і палітычнае вучэнне, заснавальнікамі якога былі нямецкія мысліцелі К.Маркс (1818-1883) і Ф.Энгельс (1820-1895). У філасофскім плане М. абапіраўся на рацыяналізм гегелеўскага тыпу і ў пэўнай ступені на пазітывізм. Маркс і Энгельс распрацавалі матэрыялістычную дыялектыку і матэрыялістычнае разуменне гісторыі («дыялектычны матэрыялізм» і «гістарычны матэрыялізм»), а таксама вучэнне аб камунізме. Паводле іх поглядаў, вытворчыя сілы і адносіны абумоўліваюць, вызначаюць класавую структуру грамадства, палітыку, права, дзяржаву, мараль, рэлігію, мастацтва. Сукупнасць гэтых сфер - эканамічнага базіса і ідэалагічнай надбудовы - утварае т.зв. «грамадска-эканамічныя фармацыі» (феадалізм, капіталізм, камунізм), змена якіх вызначае працэс паступальнага развіцця грамадства; рухаючай сілай гісторыі з'яўляецца барацьба пануючых і прыгнечаных класаў, а вышэйшай праявай гэтай барацьбы выступае сацыяльная рэвалюцыя. М. пераацэньваў, абсалютызаваў ролю сацыяльных антаганізмаў, класавай барацьбы і рэвалюцыйнага насілля, ролю розуму і свядомай дзейнасці людзей і ў той жа час недаацэньваў значэнне іррацыянальнага, падсвядомага пачатку ў жыцці чалавека і грамадства. М. стаў тэорыяй радыкальнага, рэвалюцыйнага пераўтварэння грамадства, быў дзяржаўнай ідэалогіяй у сацыялістычных краінах свету. Сярод асноўных твораў заснавальнікаў М. - «Капітал» (т. 1-3; 1867-1894), «Нямецкая ідэалогія» (1845-1846), «Святое сямейства» (1845), «Маніфест Камуністычнай партыі» (1848) і інш. @

Маркузе Герберт (1898-1979), нямецка-амерыканскі філосаф і сацыёлаг; прадстаўнік франкфурцкай школы. З 1934 у ЗША, з 1965 - прафесар Каліфарнійскага ўніверсітэта. Распрацаваў канцэпцыю «аднамернага грамадства», «аднамернага чалавека», «аднамернага мыслення». Паводле М., аднамернае грамадства спараджае аднамернае мысленне (свядомасць), якое з'яўляеца вынікам маніпулятыўнага ўздзеяння з боку бюракратаў, тэхнакратаў і інш. праз сродкі масавай інфармацыі, адукацыю, армію, царкву і да т.п. У выніку людзі пачынаюць гаварыць мовай сваіх палітыкаў, аўтараў рэкламных тэкстаў, а іх крытычныя адносіны да рэчаіснасці прыкметна паслабляюцца. Магчымасць рэвалюцыйных змен на сацыяльным узроўні звязваў з «аўтсайдэрамі» (моладзь, люмпены, нацыянальныя меншасці, насельніцтва краін «трэцяга свету» і інш.); на антрапалагічным узроўні з адвечнымі эратычнымі схільнасцямі людзей; на культурным - з авангардысцкім сюррэалістычным мастацтвам, што адлюстроўвае бунт гэтых людзей супраць «рэпрэсіўнай» культуры. Асноўныя працы - «Эрас і цывілізацыя» (1955), «Аднамерны чалавек» (1964), «Контррэвалюцыя і бунт» (1972), «Псіхааналіз і палітыка» (6-е выд., 1980) і інш. Погляды М. аказалі ўплыў на ідэалогію леваэкстрэмісцкіх груп на Захадзе. @

Марозаў Ігар (н. 1954), беларускі архітэктар, культуролаг педагог. Доктар культуралогіі (1999), кандыдат архітэктуры (1985), прафесар (2001). Скончыў БПІ (1976). Працаваў у інстытуце «Белдзіпрадор», з 1987 выкладаў у Беларускай політэхнічнай акадэміі, з 1999 - прарэктар Інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва. З 1999 рэдактар аддзела архітэктуры часопіса «Архітэктура і будаўніцтва». Працуе ў галіне манументальнага мастацтва: помнікі Рагнедзе і Ізяславу ў г. Заслаўе Менскага раёна (1993, у сааўт.; Дзяржаўная прэмія Беларусі 1998), М.Танку ў в. Пількаўшчына Мядзельскага раёна Менскай вобласці (1997), князю Барысу ў г. Барысаў (2003; у сааўт. са скульптарам А.Арцімовічам), князю Ўладзіміру Данскому-Храбраму ў г. Малаяраславец (Расея, 2003) і інш. Даследуе праблемы семіётыкі, граматычныя і стылістычныя заканамернасці мастацкай мовы дойлідства. Распрацаваў на гэтай аснове канцэпцыю архітэктурнай герменеўтыкі. Асаблівае месца ў сваіх даследаваннях адводзіць архетыпам (першавобразам), іх значэнню ў жыцці і творчасці чалавека, іх інтэрпрэтацыі рознымі эпохамі і этнасамі. Распрацоўвае новы навуковы кірунак у культуралогіі - герменеўтыку культуры, паводле якой агульначалавечая культура мае сэнс у якасці самабытнага, метагістарычнага тэксту. Аўтар прац у галіне тэорыі і філасофіі дойлідства: «Планета дарог» (1992), «Таямнічым шляхам Гермеса» (1994), «Архітэктурная герменеўтыка» (1999), манаграфіі «Архетыпы культуры: Асновы культуралогіі» (2001). @

Мартынаў Уладзімір (н. 1953), беларускі культуролаг, філосаф. Доктар культуралогіі (2000), кандыдат філасофскіх навук (1989), прафесар (2000). Скончыў Менскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт (1978). З 1988 працаваў у БДПУ імя М.Горкага. З 2000 - загадчык кафедры гісторыі філасофіі і культуралогіі БДУ, з 2001 - кафедры філасофіі культуры БДУ. Даследуе сутнасць культуры як касмапланетарнага феномену, культуралагічны змест феномена прыгажосці, універсальныя канцэпцыі культуратворчасці, аб'ектыўную перадумову якой складае гармонія. Упершыню абгрунтаваў ідэю аб тым, што памкненне чалавека да абсалютнай гармоніі з'яўляецца архетыпам культуры і складае сутнасць шматпланавай творчай дзейнасці, якая прадуцыруе глабальныя формы духоўнага ўдасканалення (міфалогію, рэлігію, мастацтва, філасофію, мараль, права, навуку). Вывучае спецыфіку ўсходняга менталітэту, перспектывы духоўнай эвалюцыі чалавецтва, праблему касмізацыі свядомасці на аснове культуратворчасці. Асноўныя культуралагічныя і філасофскія ідэі выклаў у працах «Філасофія прыгажосці» (1999), «Сусветная мастацкая культура» (2000), мностве навуковых артыкулаў. @

Мас-медыя (ад лац. massa - маса + medius - сярэдні, нейтральны), назва сродкаў масавай інфармацыі (камунікацыі). Да ліку асноўных М.-м. адносяцца прэса (газеты, часопісы), радыё, тэлебачанне, а таксама адносна новыя сродкі масавай камунікацыі (напр., Інтэрнет, аўдыя-, відэа- і мультымедыйныя сродкі і прыстасаванні). Яны выконваюць асветніцкія і выхаваўчыя функцыі, спрыяюць павышэнню ўзроўню інфармаванасці людзей, пашырэнню іх агульнага кругагляду, але ў той жа час ствараюць шырокія магчымасці маніпулявання масавай свядомасцю, распаўсюджання грамадскіх стэрэатыпаў, фантазій і інш. Спецыфіка сучасных М.-м. заключаецца ў тым, што яны дазваляюць надзвычай хутка атрымліваць самую разнастайную інфармацыю практычна па любых пытаннях жыццядзейнасці чалавека і грамадства. @

Масавая культура (ад лац. massa - ком, кусок), новы тып, разнавіднасць культуры індустрыяльнага і постіндустрыяльнага грамадства. Іншыя яе назвы - камерцыйная, спажывецкая, папулярная, агульнадаступная культура. Яе ўзнікненне было абумоўлена навукова-тэхнічнай рэвалюцыяй, урбанізацыяй, разбурэннем лакальных супольнасцей і размываннем тэрытарыяльных і сацыяльных межаў. Паняцце «М.к.» з'явілася ў 1940-я г. у ЗША. Арыентавана на масавае распаўсюджанне сваіх духоўных і матэрыяльных каштоўнасцей на ўзроўні «усярэдненага» масавага спажыўца; функцыянуе як прамыслова-камерцыйная вытворчасць. З'яўляецца своеасаблівым «мастацтвам для ўсіх, для кожнага». М.к. атрымала найбольшае распаўсюджанне ў другой палове 20 ст. у сувязі з хуткім развіццём сродкаў масавай інфармацыі - тэлебачання і радыё, аўдыё- і відэатэхнікі, камп'ютэраў, Інтэрнету, перыядычных і іншых выданняў (газеты, часопісы, буклеты, альбомы) і г.д. Галоўным вытворцам М.к. з'яўляюцца Злучаныя Штаты Амерыкі, а асноўнымі спажыўцамі - прадстаўнікі пераважна заходняй цывілізацыі. Заснавана на розных ілюзіях, фантазіях, стэрэатыпах масавай свядомасці, моцна залежыць ад сучаснай моды, разлічана на прадстаўнікоў розных нацый, полаўзроставых супольнасцей і да т.п. Характэрныя асаблівасці М.к. - прымітывізацыя чалавечых адносін (г.зн. звядзенне іх сутнасці да канфлікту «добрых» і «дрэнных» людзей), культ моцнай асобы, грошай, поспеху, асабістага абагачэння, прапаганда канфармізму ў грамадскай свядомасці, жорсткасці, насілля, сексу, выкарыстанне разнастайных паўзабароненых і ўзбуджаючых тэм, вобразаў і мастацкіх сродкаў (напрыклад, сенсацыйныя «жоўтыя» факты, містычныя таямніцы), штучная забаўляльнасць, натуралізм і інш. Асноўнымі кірункамі М.к. ў розных відах культуры можна лічыць наступныя: у літаратуры - дэтэктыў, прыгоды, фантастыка, т.зв. «бульварная літаратура»; у кіно - баявік, трылер, меладрама, «мыльная опера»; у выяўленчым мастацтве - карыкатура, комікс; у музыцы - рок- і поп-музыка; а таксама разнастайныя шоў (напр., эстрадныя канцэрты, музычна-тэатральныя пастаноўкі, цыркавыя, спартовыя прадстаўленні, мастацкія акцыі, выступленні гумарыстаў-сатырыкаў, стрыптыз). Тыповымі героямі і сімваламі М.к. з'яўляюцца, напр., суперагент Джэймс Бонд, Тэрмінатар, усякія супермены, разнастайныя секс-сімвалы і інш. Па свайму ўзроўню масавая культура стаіць звычайна ніжэй за элітарную культуру і народную культуру. @

Мастацкая культура, сукупнасць мастацкіх каштоўнасцей; гістарычная пэўная сістэма іх узнаўлення і функцыянавання ў грамадстве. Часам у якасці сіноніма М.к. выкарыстоўваецца паняцце «мастацтва». М.к. фармуецца на працягу працяглага гістарычнага перыяду, пераймае ад папярэдніх гісторыка-культурных эпох найбольш важныя мастацкія каштоўнасці. М.к. называецца таксама сістэма эстэтычных каштоўнасцей, якая забяспечвае разуменне мастацтва. З'яўляецца састаўной часткай, ядром эстэтычнай культуры, дзякуючы якой яна ўключаецца ў сістэму грамадскіх адносін. @

Мастацтва,

1) мастацкая творчасць у цэлым - літаратура, архітэктура, скульптура, жывапіс, графіка, дэкаратыўнае мастацтва, музыка, танец, тэатр, кінамастацтва і інш. У гісторыі эстэтыкі М. тлумачылася як перайманне (мімесіс), пачуццёвае выяўленне звышпачуццёвага, мастацка-вобразнае асваенне свету і інш. Сутнасць М. можа быць зразумета толькі ў кантэксце пэўнага прасторава-часавага канцінуума культуры. Разглядаецца як працэс і сукупны вынік чалавечай дзейнасці, які выяўляецца ў практычна-духоўным асваенні свету. Вылучаюцца каля 400 відаў М. Мае пазнавальную, эстэтычную, выхаваўчую, рэлаксацыйную і інш. функцыі. Яго прызначэнне - у імкненні да цэласнага ўспрыняцця свету, да фармавання гарманічнай асобы, забеспячэння цэласнасці і ўстойлівасці ўсёй культуры. М. нібы нябачна прысутнічае ў розных формах дзейнасці (разам з навукай яно пазнае свет, з педагогікай - выхоўвае, з працоўнай дзейнасцю - творыць свет па законах прыгажосці). Функцыянальна М. выступае як дзейнасць, веды і асветніцтва, мастацкі аналіз свету, катарсіс і сугестыя (уздзеянне на падсвядомасць), як фармаванне творчага духу, каштоўнасных арыентацый.

2) У вузкім сэнсе - выяўленчае мастацтва.

3) Высокая ступень умення, майстэрства ў любой сферы чалавечай дзейнасці. @

«Мастацтва дзеля мастацтва» («чыстае мастацтва»), назва шэрагу эстэтычных канцэпцый, якія сцвярджаюць незалежнасць мастацтва ад палітыкі і грамадскіх патрабаванняў, прапагандуюць ідэі абсалютнай самакаштоўнасці, самадастатковасці мастацкай творчасці. Тэорыя «М.дз.м.» склалася ў сярэдзіне 19 ст. ў Францыі. Яе прынцыпы адстойвалі паэты Ш.Бадлер, Т.Гацье, пісьменнікі Г.Флабер, браты Ж. і Э.Ганкуры і інш. У канцы 19 ст. асноўныя ідэі «М.дз.М.» распаўсюдзіліся і на іншыя эўрапейскія краіны. У імкненні супрацьпаставіць дасканалую эстэтычную форму свету пошласці і вузкаму ўтылітарызму адлюстравалася негатыўная рэакцыя дзеячаў культуры на рэаліі сучаснага ім грамадства. @

Мастацтва канцэптуальнае (ад лац. conceptus - думка, уяўленне), плынь у авангардысцкім мастацтве 1960-1990-х г., якая паставіла мэтай пераход ад традыцыйных мастацкіх твораў да стварэння «мастацкіх ідэй-канцэптаў». Гэтыя «ідэі-канцэпты» часта не мелі ўстойлівай мастацкай формы і ўвасабляліся ў выглядзе розных накідаў, вусна ці пісьмова выкладзеных праектаў, кароткіх фраз ці аб'ёмных тэкстаў, графікаў, дыяграм, схем, формул і да т.п. Асаблівасць М.к. заключаецца ў звядзенні мастацтва да феноменаў свядомасці (прынцып «мастацтва ў галаве»), у спробах своеасаблівай «дэматэрыялізацыі мастацтва», што павінна праяўляцца ў самадастатковасці і самакаштоўнасці мастацкіх ідэй, якія нельга рэалізаваць у матэрыяле. @

Мастацтва кінетычнае (ад грэч. kinetikos - які прыводзіць у рух), адна з авангардысцкіх плыняў у сучаснай пластыцы. Заснавана на стварэнні эстэтычнага эфекту з дапамогай спецыяльных установак («мобілей»), якія рухаюцца, часам свецяцца, агучваюцца і нават самаразбураюцца. Зарадзілася ў 1920-1930-я г. (вопыты В.Татліна, «мобілі» А.Колдэра), канчаткова аформілася ў 1960-х г. Прыёмы кінетызму шырока выкарыстоўваюцца пры арганізацыі ярмарак, прамысловых экспазіцый, у афармленні плошчаў, паркаў, грамадскіх інтэр'ераў. Выкарыстоўваецца таксама ў афарміцельскім мастацтве. М.к. выступае крыніцай тэхнічных разнавіднасцей інварайнмента, інсталяцыі і інш. @

Матрыярхат (ад лац. mater (matris) - маці + греч. arche - пачатак, улада), эпоха ў развіцці першабытнаабшчыннага ладу, якая папярэднічала патрыярхату; грамадскі лад, у якім дамінуючае становішча займалі жанчыны. Узнік на пачатковай стадыі развіцця першабытнага грамадства, існаваў працяглы гістарычны час - ад позняга палеаліту да развітага неаліту. Характарызуецца «матрылінейным» родам (сваяцтва вядзецца па мацярынскай лініі), кіруючай роллю жанчыны ў сям'і, гаспадарчым і грамадскім жыцці. У сучаснай навуцы аспрэчваецца тэзіс пра наяўнасць М. у гісторыі першабытнага грамадства. @

Матэрыяльная культура, сукупнасць створаных людзьмі матэрыяльных аб'ектаў, прадметаў (прылады працы, сродкі перамяшчэння, жыллё, зброя, посуд, адзенне, упрыгажэнні, мэбля і інш.) і спосабаў матэрыяльнай вытворчасці (выраб прамысловых тавараў, апрацоўка зямлі і вырошчванне прадуктаў харчавання і г.д.). Звычайна існуе ва ўзаемасувязі з духоўнай культурай. М.к. вывучаюць археалогія, этналогія, гісторыя і іншыя навукі гуманітарнага профілю. @

«Махабхарата», твор старажытнаіндыйскай эпічнай літаратуры. Склаўся на аснове вусных паданняў, легендаў і песень плямён і народаў Паўночна-Заходняй Індыі. Асноўная частка «М.» была створана ў 11-10 ст. да н.э. і дапрацоўвалася на працягу многіх наступных стагоддзяў. Сучасны выгляд набыў да сярэдзіны 1-га тыс. н.э. У цэнтры «М.» - працяглая бітва двух родаў і іх саюзнікаў за ўладаранне над Хасцінапурай (сучасны г. Дэлі). «М.» - крыніца многіх сюжэтаў і вобразаў, якія пазней атрымалі развіццё ў літаратурах народаў Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіі. @

Медытацыя (ад лац. meditatio - роздум, разважанне, абдумванне), разумовае дзеянне, мэтай якога з'яўляецца прывядзенне псіхікі чалавека ў стан паглыбленасці і засяроджанасці; адна з сістэм псіхафізічнай трэніроўкі чалавека. Суправаджаецца цялеснай расслабленасцю, адсутнасцю эмацыянальных перажыванняў і ўсякіх пабочных думак. М. таксама можна лічыць спецыяльным метадам пазнання вышэйшых філасофскіх і рэлігійных ісцін, ідэй, пастулатаў. У такім разуменні яна існавала са старажытных часоў у культуры многіх народаў свету. Методыка М. заключаецца ў канцэнтрацыі ўвагі і спакойным разважанні аб якім-небудзь прадмеце, з'яве ці працэсе. Асноўныя мэты М. - дасягненне чалавекам стану «прасветленасці», змяненне стэрэатыпаў яго мыслення і паводзін, а таксама яго вылячэнне. Амаль ва ўсіх філасофскіх і рэлігійных вучэннях асноўнае прызначэнне М. звязваецца са спасціжэннем, пазнаннем Вышэйшай Рэальнасці, Абсалютнай ісціны, Касмічнага Розуму, Бога. Існуюць розныя тыпы М.: усходні (прадстаўлены йогай у Індыі; даасізмам у Кітаі; дзэн-будызмам у Японіі); хрысціянскі; псіхафізічны (разлічаны на псіхатэрапеўтычны эфект); тып М., распрацаваны ў школах сучаснага псіхааналізу і інш. Усходні тып М. накіраваны на рэлігійна-містычнае растварэнне індывідуальнай свядомасці ў безасабовым, акіянападобным абсалюце. Заходні тып М. (прадстаўлены ў хрысціянстве) прадугледжвае своеасаблівае зліццё дзвюх асоб - чалавечай і боскай. Яго праявы маюць месца падчас працяглых малітваў, у аскетычных манаскіх практыках (напр., у перыяд правядзення літургій) і да т.п. Асобныя элементы М. прымяняюцца ў сучасным псіхааналізе, клінічнай псіхалогіі, у розных сістэмах аздараўлення і псіхафізічных трэнінгах (аўтагеннай трэніроўцы, нервова-мышачнай рэлаксацыі) і да т.п. Працягласць М. можа вагацца ад 10-15 мінут да некалькіх гадзін. У выніку заняткаў М. нярэдка паляпшаюцца фізічныя і інтэлектуальныя здольнасці чалавека, вылечваюцца некаторыя хваробы, павышаецца вынослівасць арганізма, умацоўваецца імунітэт, развіваецца эстэтычны густ, выяўляюцца экстрасенсорныя магчымасці (тэлепатыя, яснабачанне, тэлекінез і інш.). @

Мейерхольд Усевалад Эмільевіч (1874-1940), расейскі рэжысёр, акцёр, педагог. Адзін з буйных рэфарматараў тэатра 20 ст. Народны артыст Расеі (1923). Вучыўся ў гімназіі, Маскоўскім універсітэце, Музычна-драматычнай навучальні Маскоўскага філарманічнага таварыства. Працаваў у Маскоўскім мастацкім тэатры, быў галоўным рэжысёрам тэатра В.Камісаржэўскай (Санкт-Пцярбург). Развіваў сімвалічную канцэпцыю «умоўнага тэатра» («Сястра Беатрыса» М.Метэрлінка і «Балаганчык» А.Блока, 1906). У 1908-1917 у пецярбургскіх імператарскіх тэатрах. Сцвярджаў прынцыпы «тэатральнага традыцыяналізму», імкнуўся вярнуць тэатру яркасць і святочнасць («Дон Жуан» Мальера, 1910; «Маскарад» М.Лермантва, 1917 і інш.). Распрацаваў асобую метадалогію акцёрскага трэнажа - біямеханіку, якая дазваляла ісці ад знешняга да ўнутранага, ад дакладнага руху і інтанацыі да эмацыянальнай праўды. Пасля 1917 узначаліў рух «Тэатральнага Кастрычніка», прапанаваў праграму поўнай пераацэнкі эстэтычных каштоўнасцей, палітычнай актывізацыі тэатра. У 1920-1938 кіраваў тэатрам у Маскве (з 1923 Тэатр імя Ў.Мейерхольда) і школай, якая існавала пры ім. Паставіў спектаклі «Містэрыя-буф» (1918, 1921) і «Клоп» (1929) У.Маякоўскага, «Лес» (1924) А.Астроўскага, «Рэвізор» (1926) М.Гогаля, «Дама з камеліямі» (1934) А.Дзюма-сына і інш. Зрабіў пастаноўку «Пікавай дамы» (1935) П.Чайкоўскага ў Ленінградскім оперным тэатры. Зняў некалькі кінафільмаў («Партрэт Дарыяна Грэя», 1915; «Моцны чалавек», 1916). Апублікаваў кнігу «Аб тэатры» (1913), выдаваў часопіс «Любоў да трох апельсінаў». У 1939 рэпрэсаваны, пазней расстраляны ў турме. Для творчасці М. ўласцівы ўскладненая сімвалічнасць, метафарычнасць, паэтычная абагульненасць, часам схільнасць да гіпербалізацыі, гратэску, своеасаблівай карнавалізацыі. Творчая спадчына М. аказала прыкметны ўплыў на развіццё тэатральнага і кінамастацтва ў свеце. @

Менталітэт (ментальнасць; ад лац. mens - розум, мысленне), своеасаблівы спосаб мыслення, склад розуму асобнага чалавека або якой-небудзь супольнасці людзей. Тэрмін «М.» упершыню пачаў выкарыстоўвацца ў ангельскай філасофіі 17 ст. (Ф.Бэкан, Т.Гобс, Дж.Лок); у навуковы ўжытак уведзены амерыканскім філосафам Р.У.Эмерсонам у другой палове 19 ст. Па сваёй сутнасці і зместу М. з'яўляецца цяжкавытлумачальнай крыніцай мыслення, ідэалогіі і веры, эмоцый і пачуццяў чалавека. З'яўляецца праявай глыбінных пластоў свядомасці і падсвядомасці чалавека, асн. крыніцай яго веры, перакананняў, эмоцый і пачуццяў. Фармуецца пад уплывам прыродна-кліматычных умоў, адметных рысаў гістарычнага шляху краіны, культурных традыцый, звычаяў і абрадаў, мовы. Працяглы час М. захоўвае амаль нязменным сваё ўнутранае ядро, можа выступаць як фактар паскарэння гістарычнага прагрэсу, або як прычына «адставання», ці супраціўлення зменам у сацыяльна-эканамічнай і палітычнай сферах. (т.зв. «інерцыя М.»). У сферы М. «аб'ядноўваюцца» свядомае і падсвядомае (неўсвядомленае), рацыянальнае і эмацыянальнае, прыроднае і культурнае, індывідуальнае і грамадскае. Прадстаўнікі розных гістарычных эпох, краін, народаў, сацыяльных, канфесіянальных, этнічных, полаўзроставых супольнасцей маюць спецыфічны, унікальны М., хаця яго асобныя рысы могуць быць падобныя, а часам і амаль аднолькавыя. Структура М. уключае такія элементы, як уяўленні аб прасторы і часе, чалавеку і яго стаўленні да розных з'яў грамадскага жыцця, праве, працы, сям'і, дружбе, каханні, душы, духу і інш. Вылучаюць розныя ўзроўні (індывідуальны і калектыўны) і разнавіднасці М. (нацыянальны, рэлігійны, сервілісцкі, бюракратычны, таталітарны, першабытны, сярэднявечны, дзіцячы, афрыканскі, эўрапейскі і г.д.).

М. беларусаў фармаваўся на працягу многіх стагоддзяў і набываў свае тыповыя рысы ў адмысловых абставінах грамадскага і культурна-духоўнага жыцця. У старажытны перыяд для М. жыхароў Беларусі былі ўласцівы язычніцкі політэізм, абагаўленне зямлі, крыніц, нябесных свяціл, дрэў, камянёў і іншых прыродных з'яў (пантэізм), перакананне ў рэальным існаванні душы, злых і добрых духаў (анімізм), вера ў цудадзейную сілу асобных слоў, выразаў (вербальная магія), адчуванне непарыўнага адзінства паміж чалавекам і ўсёй навакольнай прасторай, містычныя погляды і інш. Пасля прыняцця хрысціянства адбывалася своеасаблівае перапляценне, узаемапранікненне двух тыпаў М. - язычніцкага і хрысціянскага, для якога былі характэрны монатэізм, уяўленні аб стварэнні Сусвету і чалавека па волі Божай, аб неабходнасці для выратавання душы выконваць спецыяльныя абрады, ушаноўваць хрысціянскіх святых, адзначаць рэлігійныя святы і г.д. Практычна заўсёды беларусам была ўласціва моцная прывязанасць да сваёй зямлі, да свайго роднага кутка, пастаяннае імкненне гарманічна прыстасаваць працу і адпачынак да пэўных прыродна-сезонных цыклаў, пораў года (т.зв. каляндарны тып М.) і да т.п. @

Месапатаміі (Міжрэчча) культура, сукупнасць культурных каштоўнасцей, створаных старажытнымі жыхарамі Месапатаміі (Міжрэчча) - шумерамі, вавіланянамі, асірыйцамі і інш. Самая старажытная з высокаразвітых культур, якія ўзніклі і развіваліся на цывілізаванай аснове. Прыблізна ў 4 тыс. да н.э. шумеры засялілі паўднёвую частку Міжрэчча і сталі стваральнікамі першай цывілізацыі ў свеце - месапатамскай (дакладней, шумерскай). У канцы 4-га - пачатку 3-га тыс. да н.э. на поўдні Месапатаміі ўзнікла некалькі больш-менш вялікіх гарадоў-дзяржаў, найбольш магутнымі з якіх былі Ур, Урук, Лагаш і інш. Месапатамская цывілізацыя, таксама як і іншыя старажытныя цывілізацыі свету (эгіпецкая, індыйская, кітайская) была рачной, паколькі ўзнікла і развівалася ва ўрадлівай даліне рэк Тыгр і Еўфрат. Для М.(М.)к. характэрны наступныя рысы: поліэтнічны, «шматслойны» характар, таму што яна фармавалася ў працэсе неаднаразовага ўзаемапранікнення і ўзаемаўплыву розных этнічных супольнасцей (народаў); яўна выяўлены рэлігійны характар, што адлюстроўвалася ў значнай ролі рэлігійных культаў, інстытута свяшчэнства ў жыцці дзяржавы; своеасаблівая «полідзяржаўнасць» культуры, якая развівалася ў межах розных дзяржаўных утварэнняў. Да ліку асноўных культурных дасягненняў месапатамскай цывілізацыі адносіцца стварэнне першай сістэмы пісьма (т.зв. клінапіс); узнікненне дзяржаўнага заканадаўства, першых эпічных твораў, грамадскіх школ («эдубы», ці «дамы таблічак»), бібліятэк, сонечнага каляндара, першай карты зорнага неба, складанне гараскопаў, вынаходніцтва кола са спіцамі. Цэнтрамі культурнага развіцця Месапатаміі былі асобныя гарады-дзяржавы, дзе канцэнтраваліся галоўныя храмы, палацы мясцовых уладароў, школы, бібліятэкі, рамесніцкія майстэрні і да т.п. Кіраўнік горада-дзяржавы лічыўся нашчадкам багоў і ўспрымаўся як сапраўдны «зямны бог»; ён жа нярэдка быў не толькі свецкім, але і рэлігійным кіраўніком (дакладней, вярхоўным жрацом). У гарадах Месапатаміі сапраўдным рэлігійным, гаспадарчым і адміністрацыйным цэнтрам быў галоўны храм з навакольнымі пабудовамі. @

Метад культурна-гістарычны, метад даследавання культурных артэфактаў, які дазваляе вывучаць мастацкія творы ў кантэксце гісторыі і тэорыі культуры. Разглядае творы мастацтва як адмысловы сацыякультурны феномен. Выкарыстоўвае культуру як своеасаблівы ключ да інтэрпрэтацыі мастацкага твора і да адэкватнага разумення мастацкага працэсу. @

«Метраполітэн-опера», буйнейшы оперны тэатр свету; адзін з цэнтраў сусветнай музычнай культуры (Нью-Ёрк). Адкрыты ў кастрычніку 1883 пастаноўкай оперы Ш.Гуно «Фаўст». Ставяцца нямецкія, расейскія, французскія, італьянскія, амерыканскія оперы. Сярод дырыжораў - Г.Малер, А.Тасканіні, Л.Стакоўскі, Дж.Лівайн і інш. На сцэне тэатра выступалі такія вядомыя спевакі, як Ф.Шаляпін, Э.Каруза, Л.Павароці, П.Дамінга, М.Калас, М.Кабалье, А.Абразцова, М.Біешу, М.Гулегіна і інш. З 1966 - у новым будынку «Лінкольн-Цэнтра». Працуе пераважна на аснове часовых запрашэнняў знакамітых музыкантаў, кампазітараў, дырыжораў, спевакоў, рэжысёраў-пастаноўшчыкаў. @

Мефістофель, адзін з «вечных вобразаў» у сусветнай культуры; у фальклоры і мастацкай творчасці народаў Эўропы спакуснік - д'ябал, што нясе раздор і хаос, сатана ці «бескарыслівы» злы дух, які выпрабоўвае меру боскай магутнасці і маральна-рэлігійную стойкасць чалавека. Сусветную вядомасць атрымаў вобраз М. у эпічнай паэме «Фаўст» І.В.Гётэ, які спакушае Фаўста ўладай, магчымасцю бязмежнага пазнання, зямнымі дабротамі ў абмен на яго душу. @

Мецэнат, чалавек, які дапамагае, спрыяе (найперш фінансава) развіццю мастацтваў, навук і аказвае ім фінансавую падтрымку. Назва паходзіць ад імені рымскага дзяржаўнага дзеяча 1 ст. да н.э. Мецэната, які праславіўся заступніцтвам, дапамогай паэтам і мастакам. @

Мід Маргарэт (1901-1978), амерыканскі этнолаг, культурантраполаг. Вучылася ў Калумбійскім універсітэце, дзе атрымала ступені магістра псіхалогіі (1924) і доктара антрапалогіі (1929). У 1920-1930-я г. зрабіла некалькі экспедыцый на вастравы Самоа, Балі і Новую Гвінею. З 1954 ад'юнкт-прафесар антрапалогіі Калумбійскага ўніверсітэта. У 1974 абрана прэзідэнтам Амерыканскай асацыяцыі садзейнічання развіццю навукі. На аснове ўласных крос-культурных даследаванняў зрабіла выснову пра існаванне трох тыпаў культуры - «постфігуратыўнай», «кофігуратыўнай» і «прэфігуратыўнай». У мінулыя стагоддзі і нават тысячагоддзі дамінавалі, паводле М., «постфігуратыўная» культура, дзе дзеці вучыліся найперш у сваіх папярэднікаў (бацькоў, дзядоў) і «кофігуратыўная» культура, дзе і дзеці, і дарослыя вучацца ў сваіх равеснікаў. Аднак у другой палове 20 ст. склалася і пачала дамінаваць «прэфігуратыўная культура», г.зн. такая, у якой дарослыя вучацца таксама ў сваіх дзяцей. Для гэтага тыпу культуры характэрны своеасаблівы разрыў пакаленняў, калі новае, маладое пакаленне набывае такі жыццёвы вопыт, якога ніколі не было ў прадстаўнікоў старэйшых пакаленняў. У той жа час старэйшае пакаленне ўжо ніколі не пабачыць у жыцці маладых людзей паўтарэння свайго вопыту. Прычым дадзены міжпакаленны канфлікт з'яўляецца ўсеагульнай, глабальнай з'явай; сённяшнія дзеці вырастаюць у свеце, якога не ведалі старэйшыя. Сярод яе найбольш важных прац - «Паўналецце на Самоа» (1928), «Пол і тэмперамент у трох прымітыўных грамадствах» (1935), «Мужчына і жанчына» (1949), «Пераемнасць у культурнай эвалюцыі» (1964) і інш. @

Міжкультурны дыялог, працэс узаемадзеяння розных культур. На яе спецыфіку аказваюць прыкметны, але неадназначны ўплыў розныя дэтэрмінаты - у першую чаргу сацыяльна-эканамічная, грамадска-палітычная і маральна-духоўныя. Існуе мноства форм М.д. - сумесныя вечарыны, конкурсы, фестывалі, канцэрты, семінары, канферэнцыі, «круглыя сталы», сімпозіумы, пераклады і інш. Адбываецца як на індывідуальным (паміж асобнымі творцамі), так і на групавым, калектыўным (паміж групамі людзей, арганізацыямі, творчымі калектывамі) узроўнях у розных відах мастацтва - літаратуры, кінематографе, выяўленчым і тэатральным мастацвах, фальклоры, архітэктуры і да т.п. У выніку раўнапраўнага М.д. найчасцей адбываецца ўзаемнае ўзбагачэнне нацыянальных культур іншаэтнічнымі, іншакультурнымі здабыткамі, каштоўнасцямі, а ў выніку нераўнапраўнага, аднабаковага - наадварот, можа адбыцца асіміляцыя пэўнай этнакультурнай супольнасці. Суб'ектамі М.д. выступаюць творчыя асобы (літаратары, музыканты, мастакі, спевакі, навукоўцы, архітэктары і інш.), а таксама адпаведныя культурна-асветныя ўстановы, аргаізацыі, таварыствы. У цэлым у сучасны перыяд узрастае інтэнсіўнасць і разнастайнасць М.д. @

Мікеланджэла Буанароці (1475-1564), італьянскі скульптар, жывапісец, архітэктар і паэт. Яшчэ пры жыцці М. яго творы лічыліся найвышэйшымі дасягненнямі мастацтва Адраджэння. З 1488 быў вучнем мастакоў братоў Гірландайё. Творчасць М. была прысвечана праслаўленню мужнага, фізічна і духоўна моцнага чалавека. Лічыў сябе найбольш шчаслівым тады, калі займаўся скульптурай, бо менавіта скульптуру ён ставіў вышэй за ўсе іншыя віды мастацтва. Яго творчы метад - не звычайная лепка статуі ў «чарнавіку» з гліны, а праца адразу з глыбай мармуру, ад якой трэба адсекчы толькі ўсё лішняе і пакінуць самае неабходнае. Адна з самых знакамітых і найбольш грандыёзных прац М. - роспіс скляпення Сіксцінскай капелы ў Ватыканскім палацы (1508-1512). Ён самастойна, на працягу чатырох гадоў зрабіў роспіс (агульнай плошчай каля 600 кв.м.), дзе знайшлі адлюстраванне шматлікія сцэны з Бібліі, выявы прарокаў і сівіл. Гэты твор, які складаўся амаль з 200 фігур і фігурных кампазіцый, з'явіўся сапраўдным гімнам чалавечаму жыццю, прыгажосці, мудрасці і гераізму чалавека. М. стварыў адну з самых вядомых скульптур у свеце - статую Давіда (1504; вышыня - 5,5 м.), якая была высечана з адной мармуровай глыбы. У канцы жыцця ён зноў вярнуўся да працы ў Сіксцінскай капэле і стварыў яшчэ адзін грандыёзны і трагічны твор - «Страшны суд». Жыццё і творчасць М. увасаблялі сабой найвышэйшы ўзлёт і адначасова пачатак заняпаду эўрапейскага Адраджэння. Аўтар многіх вершаваных твораў. @

Міксацыя (ад англ. mix - змешваць), працэс сімбіёзу, змешвання разнародных этнакультурных элементаў, у выніку чаго ўтвараецца новы этнас. Пры наяўнасці М. адбываецца фармаванне новай этнічнай супольнасці ў выніку зліцця некалькіх генетычна няроднасных этнічных утварэнняў аднолькавай расавай прыналежнасці. Новы этнас, які ўзнікае ў выніку М., не з'яўляецца прамым працягам ні адной з кантактуючых этнічных груп. Працэс М. быў у пэўнай ступені ўласцівы і этнагенезу беларусаў, якія ўтварыліся ў выніку змешвання розных славянскіх і балцкіх элементаў у матэрыяльнай і духоўнай культуры. @

Мім (ад грэч. mimos - літар. пераймальнік),

1) камедыйны жанр у антычным народным тэатры. Кароткія, часта імправізацыйныя сцэнкі бытавога, забаўляльна-фрывольнага ці сатырычнага зместу выконваліся звычайна некалькімі акцёрамі без масак (у т.л. і жанчынамі) на вуліцах, плошчах, у некаторых дамах, зрэдку ў тэатрах. Паступова М. пранік у прафесійны тэатр, атрымаў шырокае распаўсюджанне ў Старажытным Рыме; пазней быў вядомы ў Візантыі. Праіснаваў да 8-9 ст.

2) Выканаўца антычнага міма.

3) Італьянскі вандруючы камедыянт.

4) У сучасным тэатры - выканаўца пантамім, акцёр тэатра мімікі і жэсту. @

Мімесіс (ад грэч. mimos - перайманне), тэрмін старажытнагрэчаскай філасофіі, які характарызуе сутнасць чалавечай творчасці як пераймання прыроды, дакладнага ўзнаўлення знешняга выгляду людзей і прадметаў. Тэрмін «М.» уведзены Арыстоцелем. Мастацтва разглядаецца як перайманне рэальнасці, а музыка - гармоніі нябесных сфер. М. з'яўляецца асновай натуралізму ў мастацтве. @

Мінімальнае мастацтва (англ. minimal art), адна з плыняў авангардызму 1960 - пачатку 1970-х г. Форма твораў М.м. зведзена да мінімума - найчасцей да самых простых геаметрычных аб'ёмаў і абрысаў. Творы мінімалістаў уяўляюць сабой металічныя ці пластмасавыя геаметрычныя фігуры, планшэты, рашоткі, аркушы вялікіх памераў. Іншыя назвы М.м. серыйнае мастацтва, мастацтва пярвічных структур, міні-арт. @

Мініяцюра (ад лац. minimum - кінавар, сурык, якімі ў старажытнасці размалёўвалі рукапісныя кнігі),

1) У выяўленчым мастацтве мастацкі твор малых памераў, які вызначаецца асабліва тонкай манерай налажэння фарбаў. Першапачаткова М. азначала выкананыя гуаш'ю, акварэллю і іншымі фарбамі ілюстрацыі, застаўкі, ініцыялы і інш. у рукапісных кнігах (сярэднявечных эўрапейскіх, блізкаўсходніх, сярэднеазіяцкіх, іранскіх, індыйскіх). У Сярэднявеччы ствараліся царкоўныя кнігі з М., на якіх былі выяўлены жывёлы і людзі, адлюстроўваліся біблейскія вобразы, матывы і персанажы з Евангелля, Псалтыра. Часам сустракаліся і свецкія сюжэты (напр., сельскагаспадарчыя работы, паляванне) на сярэднявечнай кніжнай М. Пазней назва «М.» перайшла і на жывапіс малога фармату (галоўным чынам партрэтную), якая выконвалася на кардоне, косці, паперы, фарфоры, лакавых вырабах. У Беларусі кніжная М. вядома з 10-13 ст. (аздобы Супрасльскага рукапісу, Аршанскага, Тураўскага евангелляў і інш.).

2) У літаратуры - невялікі кампазіцыйна завершаны твор, у якім кандэнсуецца значны змест, выяўляецца тэндэнцыя да сцісласці і шырыні абагульнення. Жанравыя прыкметы выразна змешваюцца ў празаічных М. - лірычных замалёўках, абразках, паэтычных рэфлексіях у прозе (творы М.Гарэцкага, З.Бядулі, Я.Брыля, Ф.Янкоўскага і інш.). Вершаваныя М. - пераважна лірычныя творы, якія складаюцца звычайна з 2-6 радкоў. Сустракаюцца ў М.Багдановіча, У.Дубоўкі, Л.Геніюш, Р.Барадуліна, Я.Сіпакова, А.Разанава і інш. Драматургічная М. - сціслая сцэнка, найчасцей камедыйна-сатырычны твор, у якім дзейнічаюць 2-3 персанажы.

3) У музыцы - невялікая музычная п'еса для фартэпіяна (пераважна) і іншых інструментаў і выканальніцкіх складаў. Яе адметныя рысы - малы маштаб, лаканічнасць формы, тонкая дэталізацыя прыёмаў пісьма, аб'яднанне асобных п'ес у цыклы. Вядома ў творчасці беларускіх кампазітараў (Л.Абеліёвіч, Г.Вагнера, С.Картэса, Л.Шлег, Я.Глебава і інш.). @

Місіма Юкіо (сапр. Хіраока Кімітакэ; 1925-1970), японскі пісьменнік, драматург. Скончыў гімназію, Такійскі ўніверсітэт. Аўтар 40 раманаў, 18 п'ес, шматлікіх апавяданняў, эсэ і публіцыстычных твораў. Сярод яго лепшых раманаў - «Споведзь маскі» (1948), «Залаты храм» (1956), «Вясенні снег» (1968), «Храм Світання» (1970) і інш. Вядомы таксама як рэжысёр, акцёр тэатра і кіно, дырыжор сімфанічнага аркестра, фатограф, спартсмен (у сферы бодыбілдынгу, каратэ). Глыбінныя вытокі сваёй творчасці М. бачыў у сублімацыі сваіх агрэсіўных, разбуральных схільнасцей і імпульсаў. Яго творы перакладзены на многія мовы свету, неаднаразова экранізаваліся, ставіліся на тэатральнай сцэне. Для яго творчай манеры характэрны глыбокі псіхалагізм, парадаксальныя разважанні і думкі, шакіруючыя сюжэты і паводзіны персанажаў, віртуознасць стылю, спалучэнне традыцый эўрапейскага мадэрнізму і традыцыйных японскіх мастацкіх каштоўнасцей. Скончыў жыццё самагубствам у форме традыцыйнага рытуалу японскіх самураяў (харакіры) пасля няўдалай спробы манархічнага ваеннага перавароту. @

Містыцызм,

1) светапогляд і асобныя вучэнні, якія зыходзяць з таго, што сапраўдная рэальнасць недаступная розуму і спасцігаецца толькі інтуітыўна-экстатычным, містычным спосабам.

2) Плынь сярэднявечнай філасофіі, прадстаўнікі якой (І.А.Эрыугена, Б.Клервоскі і інш.) лічылі, што шлях спасціжэння Бога заснаваны не на логіцы і розуме, а на звышразумным сузіранні і пачуццях, рэлігійных эмоцыях. Прыхільнікі М. сцвярджалі, што чалавек можа ўступаць у непасрэдныя адносіны з Богам, раствараць уласную індывідуальнасць у асобе Бога. @

Містэрыя (ад грэч. mysterion - тайна, таямніца),

1) жанр сярэднявечнага заходнеэўрапейскага рэлігійнага тэатра 13-16 ст. Паказваліся пераважна ў час буйных царкоўных святаў; іх аснову складалі розныя сюжэты са Старога і Новага Запаветаў. Колькасць дзеючых асоб у М. часам дасягала некалькіх соцень чалавек. Спектакль звычайна працягваўся цэлы дзень ці нават некалькі дзён запар; яго ўзвышана-патэтычныя часткі перамяжаліся з грубавата-камічнымі або парадыйнымі сцэнкамі. Выканаўцы М. - пераважна акцёры-аматары (найчасцей рамеснікі), а таксама сябры паўпрафесійных акцёрскіх «брацтваў».

2) У антычным свеце М. называлі абрады патаемных рэлігійных культаў, у якіх удзельнічалі толькі пасвечаныя людзі. Яны праводзіліся ў гонар асобных багоў; звычайна суправаджаліся тэатралізаванымі сцэнкамі з жыцця божаства. Найчасцей антычныя М. адбываліся ноччу пры святле факелаў і музычным суправаджэнні. @

Мітхуна, у індыйскім выяўленчым мастацтве - скульптурная выява закаханай пары, якая ў касмаганічным плане сімвалізавала паяднанне мужчынскага і жаночага пачаткаў. @

Міф (ад грэч. mythos - паданне, сказанне), архаічныя апавяданні пра жыццё багоў і герояў, розных духаў. Падраздзяляліся на касмалагічныя (апісанні стварэння свету, людзей), антрапаганічныя (пра паходжанне людзей), каляндарныя (пра паміраючых і ўваскрасаючых багоў, герояў), эсхаталагічныя (апісанні будучай пагібелі космасу, Сусвету). У М. апісваюцца падзеі далёкага ці блізкага мінулага. З'явіліся асновай антычнага мастацтва, аказалі ўплыў на фармаванне і развіццё сусветнай літаратуры. @

Міфалогія (грэч. mythotogia), сукупнасць міфаў якога-небудзь народа, у якіх адлюстраваны ўяўленні старажытных людзей пра паходжанне свету, з'яў прыроды, багоў і герояў. З'яўлялася дамінуючай формай светапогляду ў радавой абшчыне, уяўляла сабой адзінства дзейнаснай і слоўнай складаючай першабытнай культуры. У М. заключаліся зачаткі філасофскіх і палітычных ведаў, рэлігіі, розных форм мастацтва. Міфалагічныя матывы, сюжэты і вобразы нярэдка выкарыстоўваліся паэтамі, празаікамі, драматургамі са старажытнаых часоў і да сучаснасці. Міфатворчасць уласціва для некаторых вядомых пісьменнікаў 20 ст. (Ф.Кафка, Т.Ман, Ж.Както, Ж.Ануй і інш.). @

Міцкевіч Адам (1798-1855), беларускі польскамоўны паэт, дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху; заснавальнік беларускага рамантызму. У 1819 скончыў Віленскі ўніверсітэт. У 1822 і 1823 апублікаваў два паэтычныя зборнікі, якія паклалі пачатак рамантычнай плыні ў беларускай літаратуры. У 1824 за актыўны ўдзел у патрыятычных арганізацыях быў высланы царскімі ўладамі ў Расею; жыў у Адэсе, Маскве, Санкт-Пецярбургу. У 1829 атрымаў дазвол выехаць у Заходнюю Эўропу, жыў у Рыме, Парыжы. У 1840 стаў першым прафесарам славянскай літаратуры ў парыжскім Калеж дэ Франс. Выдаў кнігу «Крымскія санеты» (1826), эпічную паэму «Конрад Валенрод» (1829) і інш. Аўтар паэм «Дзяды» (1832) і «Пан Тадэвуш» (1834), якая ўяўляе сабой ліраэпічнае палатно старабеларускага побыту, узор моўнага жывапісу. У сваіх лекцыях пра славянскія літаратуры ў Калеж дэ Франс (1841-1844) М. адзначаў, што беларусы «захавалі найбольшую колькасць агульнаславянскіх рыс», «у іх казках і песнях ёсць усё», а беларуская мова - гэта «самая багатая і самая чыстая гаворка, яна ўзнікла даўно і цудоўна распрацавана». @

Мова, сродак абмену інфармацыяй у працэсе зносін паміж людзьмі; сістэма знакаў, якія з'яўляюцца абазначэннямі элементаў інфармацыі, што замацоўваюць вынікі пазнання. Служыць сродкам чалавечых зносін, мыслення, развіцця культуры і здольная выявіць усю сукупнасць ведаў, вераванняў і ўяўленняў чалавека аб свеце і аб сабе самім. Узнікае і існуе ў грамадстве для забеспячэння патрэб сувязі паміж яго сябрамі. Як феномен духоўнай культуры, М. у сваім гістарычным развіцці і функцыянаванні абумоўлена ўсёй сукупнасцю працэсаў матэрыяльнай і духоўнай вытворчасці, грамадскіх адносін людзей. Асноўныя функцыі М.: камунікатыўная (абмен інфармацыяй), кагнітыўная (пазнанне); рэгулятыўная (уздзеянне адрасанта на іншых людзей); намінатыўная (абазначэнне), эматыўная (выражэнне эмоцый); метамоўная (тлумачэнне незразумелых слоў і выказванняў); магічная (зварот адрасанта да вышэйшых сіл, напр., у малітвах) і інш. Формы М. - дыялект (як разнавіднасць М., сродак зносін людзей, звязаных цеснай тэрытарыяльнай, сацыяльнай ці прафесійнай агульнасцю) і літаратурная М., якая з'яўляецца паказчыкам развіцця і багацця культуры таго ці іншага этнаса. @

Мова мастацтва, сукупнасць матэрыяльных сродкаў і спосабаў стварэння мастацкага вобразу, якія гістарычна склаліся ў асобных відах мастацтва. Выступае важным фактарам пераемнасці і захавання культурных традыцый. Мастацкі вобраз праяўляецца ў М.м. падобна таму, як чалавечая думка - у слове, маўленні. @

Мода (фр. mode от лат. modus - способ, мера, правіла, прадпісанне), дамінаванне, распаўсюджанасць або папулярнасць у дадзены час тых ці іншых знешніх форм, прадметаў побыту, мастацтва, культуры. З'яўляецца сацыяльным феноменам, але яе зацвярджэнне і распаўсюджанне абапіраюцца пераважна на псіхалагічныя фактары - унушэнне, перайманне. Сфера распаўсюджання М. - мастацтва і побыт, навука і ідэалогія, вытворчасць і палітыка. Выступае кароткатэрміновай формай масавых паводзін і выяўляецца ў стэрэатыпных дзеяннях, якія робяцца мноствам людзей. @

Мор Томас (1519-1577), італьянскі філосаф, паэт, палітычны дзеяч; адзін з заснавальнікаў «утапічнага сацыялізму». Вучыўся ў школе св. Антонія (Лондан), каледжы Оксфардскага ўніверсітэта. Працаваў у адвакацкай канторы. Сябраваў з Эразмам Ратэрдамскім, некалькі гадоў знаходзіўся на пасадзе канцлера Англіі. Праславіўся сваім творам «Утопія» (1516), у якім апісаны ідэальны лад жыцця на фантастычным востраве Ўтопія (слова «утопія» азначае ў перакладзе з грэчаскай мовы «месца, якога няма») у Атлантыцы, дзе няма прыватнай уласнасці, грошай, яго жыхары сумесна валодаюць маёмасцю, абавязкам усіх людзей лічыцца праца (найперш земляробства і рамёствы), а размеркаванне матэрыяльных каштоўнасцей адбываецца ў залежнасці ад патрэбнасцей. @

Моцарт Вольфганг Амадэй (1756-1791), аўстрыйскі кампазітар; разам з Й.Гайднам прадстаўляў «Венскую класічную школу». Нарадзіўся ў сям'і кампазітара і скрыпача Леапольда Моцарта, які стаў першым настаўнікам М. Пачаў сачыняць музычныя творы з 4-5 гадоў. У 1762 М. разам з сястрой Марыяй Аннай упершыню выступіў у Мюнхене і Вене, пасля чаго на працягу дзесяці гадоў адбыўся шэраг канцэртных паездак. Іграў у капэле аўстрыйскага горада Зальцбург, даваў прыватныя ўрокі. М. быў сапраўды ўніверсальным геніем - ён пісаў выдатныя творы ва ўсіх музычных жанрах (ад танцаў да сімфоній, опер). Усяго за сваё адносна кароткае жыццё ён стварыў каля 580 твораў, сярод якіх 21 опера, 41 сімфонія, 28 канцэртаў, 20 канцэртаў, 15 месаў, 52 п'ес для аркестра, а таксама араторыі, кантаты, «Рэквіэм», вакальныя і харавыя творы і інш. Да ліку найлепшых твораў М. адносяцца яго оперы «Жаніцьба Фігаро» (1786), «Дон Жуан» (1787), «Чароўная флейта» (1791). У музыцы М. лірыка і прыгажосць спалучаюцца з глыбокім драматызмам, узвышанае і паўсядзённае ўзаемазвязаны ў адзінае цэлае, а музычная драматургія заснавана на раскрыцці шматпланавых кантрастных вобразаў. @

Музей (ад грэч. museion - храм муз), навукова-даследчая ці навукова-асветніцкая ўстанова, якая ажыццяўляе захоўванне, вывучэнне і папулярызацыю помнікаў гісторыі, матэрыяльнай і духоўнай культуры. Сучасныя М. атрымалі развіццё з 15-16 ст. У М. экспануююцца творы мастацтва, прадметы побыту, прамысловасці, сельскай гаспадаркі і г.д., якія характарызуюць вынікі творча-стваральнай дзейнасці чалавека. Адрозніваюць М. гістарычныя, тэхнічныя, прыродазнаўчыя, сельскагаспадарчыя, мемарыяльныя, краязнаўчыя і інш. @

Музыка (ад грэч. musike - літар. мастацтва муз), від мастацтва, у якім сродкам адлюстравання рэчаіснасці, увасаблення мастацкіх вобразаў і ўздзеяння на чалавека служаць пэўным чынам арганізаваныя музычныя гукі. Асноўныя элементы і выразныя сродкі М. - лад, рытм, метр, мелодыя, тэмп, гармонія і інш. Фіксуецца ў нотным запісе і рэалізуецца ў працэсе выканання. Падзяляецца на роды і віды - тэатральная (опера, балет і г.д.), сімфанічная, камерная і інш.; на жанры - песня, харал, танец, марш, сімфонія, сюіта, саната і інш.; выдзяляецца таксама свецкая і духоўная (пераважна культавая) М. Па выканаўчым сродкам падзяляецца на вакальную (спевы), інструментальную і вакальна-інструментальную. М. часта спалучаецца з харэаграфіяй, тэатральным мастацтвам, кінамастацтвам. Адрозніваюць М. аднагалосную (манодзія) і шматгалосную (паліфанія). Як самастойны від мастацтва М. зарадзілася яшчэ ў першабытным грамадстве. Музычная культура першых цывілізацый свету (Эгіпет, Месапатамія, Індыя, Кітай, Грэцыя) характарызавалася дзейнасцю прафесійных музыкантаў, якія выступалі пры дварах мясцовах кіраўнікоў, падчас грамадскіх святкаванняў, масавых абрадавых дзействаў. У эпоху Сярэднявечча для М. былі характэрны строгая традыцыйнасць, кананічнасць, калектыўнасць, слабое выяўленне індывідуальнага пачатку. У эпоху Адраджэння ў Заходняй і Цэнтральнай Эўропе на аснове ідэалогіі гуманізму расквітнела свецкае мастацтва, якое вызначалася большай свабодай ад кананічных нормаў, узрастаннем творчай індывідуальнасці. На працягу 17-20 ст. кампазітарская творчасць развівалася пад уплывам і ў рэчышчы розных мастацкіх стыляў, кірункаў - барока, класіцызм, ракако, рамантызм, рэалізм, імпрэсіянізм, авангардызм і інш. Атрымалі шырокае распаўсюджанне опера і балет. З сярэдзіны 19 ст. у Заходняй Эўропе фармуецца новы музычна-тэатральны жанр аперэта; у прафесійнай творчасці выдзяляецца самастойная лінія «лёгкай» (побытавай, танцавальнай) М., нараджаецца забаўляльная эстрадная М. Найбольш яркімі, таленавітымі кампазітарамі 18-20 ст. з'яўляліся І.С.Бах, В.А.Моцарт, Л.ван Бетховен, Ф.Шапэн, Ф.Ліст, Э.Грыг, Дж.Вердзі, Дж.Пучыні, Р.Вагнер, П.Чайкоўскі, С.Рахманінаў, Р.Штраўс, Г.Малер, І.Стравінскі, А.Шонберг, Б.Брытэн, С.Пракоф'еў, Дз.Шастаковіч, Л.Бернстайн, Дж.Гершвін і інш. У 20 ст. ўзніклі і атрымалі шырокае распаўсюджанне такія новыя музычныя кірункі, плыні, віды мастацтва, як джаз, рок-музыка, поп-музыка.

Вытокі беларускага музычнага мастацтва - у народнай творчасці ўсходніх славян. Першымі носьбітамі музычнага прафесіяналізму былі скамарохі, музыкі (лірнікі, дудары, гусляры, цымбалісты, скрыпачы і інш.), а таксама музыканты ў храмах і манастырах. У эпоху Сярэднявечча атрымала пашырэнне царкоўная музыка. Асяродкамі царкоўнай і свецкай музычнай культуры 16-17 ст. былі брацкія школы, музычныя буры пры калегіумах і кляштарах, якія мелі капэлы, тэатры, ставілі спектаклі. У 18 - пачатку 19 ст. значную ролю ў фармаванні прафесійнага кампазітарскага і выканальніцкага мастацтва адыгралі магнацкія тэатры, капэлы, балетныя і музычныя школы, дзе пераважна працавалі запрошаныя з заходнеэўрапейскіх краін кампазітары, дырыжоры, спевакі. Пры народных навучальнях, прыходскіх школах ствараліся хары, у гарадах і мястэчках - музычна-драматычныя гурткі, якія ладзілі беларускія вечарынкі. У 1920-1930-я г. разгарнулі актыўную творчую дзейнасць кампазітары М.Чуркін, М.Аладаў, Я.Цікоцкі, М.Анцаў, Р.Пукст, А.Туранкоў, В.Яфімаў і інш. У другой палове 20 ст. узрасла цікавасць кампазітараў да маральна-філасофскай праблематыкі, адбываліся якасныя змены, часам апазіцыйныя да традыцый і папярэдніх жанравых і стылявых нарматываў, што выявіліся, напр., у творчасці Л.Абеліёвіча, Я.Глебава, С.Картэса, Дз.Смольскага, А.Янчанкі і інш. У жанры аперэты і мюзікла актыўна працавалі Ю.Семяняка, Р.Сурус, У.Кандрусевіч, Я.Глебаў, А.Мдывані і інш. Шмат увагі беларускія кампазітары надаюць тэатральнай музыцы і кінамузыцы. Праводзяцца шматлікія музычныя міжнародныя і нацыянальныя фестывалі, у т.л. «Беларуская музычная восень», «Менская вясна», «Славянскі кірмаш», Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі, фестываль духоўнай музыкі «Магутны Божа» і інш. З 1980-х г. пачала актыўна развівацца поп-музыка і рок-музыка. У галіне эстраднай музыкі адбываліся якасныя змены, выкліканыя зваротам да фальклорных крыніц, асаблівасцямі сучаснай манеры выканання, узаемаўплывамі розных жанраў («Песняры», «Сябры», «Верасы» і інш.). Найбольш плённа ў жанры песні працуюць кампазітары І.Лучанок, У.Буднік, Э.Зарыцкі, Л.Захлеўны, Ю.Семяняка, Э.Ханок, І.Палівода, А.Елісеенкаў і інш. @

Мулявін Уладзімір (1942-2003), артыст эстрады, кампазітар. Народны артыст Беларусі (1979). Народны артыст СССР (1990). Заслужаны дзеяч культуры Польшчы (1980). Вучыўся ў Свярдлоўскай музычнай навучальні (1956-1958). З 1962 артыст Беларускай філармоніі, з 1969 мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага беларускага эстраднага ансамбля «Песняры». Аўтар шматлікіх апрацовак беларускіх народных песень, якія арганічна спалучаюць стылістыку беларускай народнай песеннасці і сучаснай эстраднай музыкі («Касіў Ясь канюшыну», «Рэчанька», «Купалінка», «А ў полі вярба», «Перапёлачка» і інш.). Сярод найбольш значных твораў - опера-прытча «Песня пра долю» (1972) па матывах беларускіх абрадавых песень, вакальны цыкл «Я не паэта...» (1981) на словы Я.Купалы, музычны спектакль «На ўвесь голас» (1988) на словы Ў.Маякоўскага, песенна-інструментальныя кампазіцыі «Праз усю вайну» (1985) на словы беларускіх і расейскіх паэтаў, песні «Александрына», «Завушніцы», «Ой, калядачкі» і інш. Лаўрэат многіх музычных конкурсаў і фестываляў. Галоўны прыз фірмы «Мелодыя» - «Залаты дыск» 1982. Пісаў музыку да драматычных спектакляў і кінафільмаў. У творчай дзейнасці М. экспрэсіўнае, нярэдка драматычна напружанае выканальніцкае майстэрства спалучаецца з глыбокім веданнем і ўзбагачэннем традыцый беларускага песеннага фальклору, арыгінальным выяўленнем у музыцы глыбіннага зместу літаратурных твораў. @

«Мыльная опера», шматсерыйная тэлевізійная меладрама, сюжэт якой насычаны любоўнымі канфліктамі, сямейнымі драмамі з абавязковым хэпі-эндам у канцы. Звычайна карыстаюцца шырокай папулярнасцю ў гледачоў (асабліва ў жанчын). Назва «М.о.» звязана з тым гістарычным фактам, што пасля другой сусветнай вайны амерыканская кампанія па вытворчасці мыла фінансавала дзённыя радыёперадачы для хатніх гаспадынь. Да жанру «М.о.» можна аднесці амерыканскія тэлесерыялы «Санта- Барбара», «Дынастыя», бразільскія «Рабыня Ізаўра», «Сямейныя вузы», аргенцінскі «Дзікі анёл», мексіканскі «Багатыя таксама плачуць» і інш. @

Мысленне мастацкае, від інтэлектуальнай дзейнасці чалавека, накіраваны на стварэнне і ўспрыманне твораў літаратуры і мастацтва. Сярод яго адметных рыс інтуітыўнасць, асацыятыўнасць і метафарычнасць, здольнасць мысліць вобразамі, што адрознівае яго ад навуковага мыслення, заснаванага на рацыянальным асэнсаванні свету. @

Мюзікл (англ. musical - музычны), музычны сцэнічны жанр, які спалучае элементы драматычнага, харэаграфічнага і опернага мастацтваў. Сфармаваўся ў ЗША ў канцы 19 - пачатку 20 ст. на аснове аб'яднання розных самастойных тыпаў відовішчаў (аперэты, шоў, рэвю, меладрамы і інш.). Перыяд росквіту М. - сярэдзіна 20 ст. («Мая цудоўная ледзі» Ф.Лоў, 1956; «Вестсайдская гісторыя» Л.Бернстайна, 1957; «Скрыпач на даху» Дж.Бока, 1964 і інш.). Шырокую вядомасць атрымалі таксама экранізацыі М. - «Дзяўчаты з Рашфора» М.Леграна (1966), «Смешная дзяўчына» Дж.Стайна (1969), «Олівер» Л.Барта (1970) і інш. У 1980-1990-я г. беларускія кампазітары стварылі нямала твораў ў жанры М. - А.Мдывані («Мес Менд», 1987), У.Кандрусевіч («Нявеста для Марціна», 1988; «Джулія», 1990); С.Бельцюкоў («Сцяпан - вялікі пан», 1989), А.Будзько («Пітэр Пэн», 1990) і інш. @

Мячэць (ад арабск. масджыд - месца пакланення), агульная назва мусульманскіх культавых збудаванняў або памяшканняў, прызначаных для малітвы. Па свайму прызначэнню адрозніваюцца М. для штодзённых, пятнічных і загародніх маленняў. Па планіроўцы выдзяляюцца калонныя (з шматкалоннай малітоўнай залай), цэнтральна-купальныя (малітоўны зал перакрыты вялікім купалам) і айванныя (з тэрасамі, галерэямі, скляпеністымі памяшканнямі). У розных краінах пад уплывам мясцовых архітэктурных традыцый склаліся лакальныя тыпы М. У Беларусі першыя М. з'явіліся ў 14-15 ст. У канцы 18 ст. тут было 17 М. @

Наасфера (греч. noos - розум + sphaira - шар), сфера розуму; новы эвалюцыйны стан, асобы этап у развіцці біясферы, у якім рашаючае значэнне набывае разумная дзейнасць і духоўная творчасць чалавецтва. Тэорыя Н. распрацавана Т.дэ Шардэнам, У.Вярнадскім. Тэрмін «Н.» увёў у канцы 1920-х г. французскі матэматык і філосаф Э.Ле Руа, які лічыў, што далейшая эвалюцыя чалавецтва прывядзе да наступлення такой эпохі, дзе вырашальную ролю будуць адыгрываць думка і дух. У аўтараў тэорыі Н. чалавек імкнецца перайсці ў сферу розуму і растварыцца ў Богу, зліцца з ім (Тэйяр дэ Шардэн) ці ахапіць навуковай думкай усю планету, рухацца далей у напрамку спасціжэння Божых законаў (У.Вярнадскі). Паводле Ў.Вярнадскага, біясфера на пэўным этапе свайго развіцця пад уплывам навуковай думкі (яе ён называў планетарнай з'явай) чалавека пачынае паступова пераўтварацца ў Н., у вобласць чалавечай культуры, цесна звязаную з навуковымі ведамі. @

Навука, сфера чалавечай дзейнасці, функцыяй якой з'яўляецца выпрацоўка і тэарэтычная сістэматызацыя ведаў пра рэчаіснасць; сістэма аб'ектыўных, абгрунтаваных ведаў аб рэчаіснасці. Уключае як дзейнасць па атрыманню новых ведаў, так і яе вынік - суму ведаў, якія ляжаць у аснове навуковай карціны свету. Асноўныя мэты Н. - апісанне, вытлумачэнне і прадказанне працэсаў і з'яў рэчаіснасці на аснове тых законаў, якія яна адкрывае. Сістэма Н. умоўна падзяляецца на прыродазнаўчыя, гуманітарныя і тэхнічныя. Зарадзілася ў старажытным свеце. Як самастойная галіна дзейнасці пачала складвацца з 16-17 ст. і ў ходзе гістарычнага развіцця пераўтварылася ў важнейшы сацыяльны інстытут, які аказвае значны ўплыў на ўсе сферы грамадства і культуру ў цэлым. Аб'ём навуковай дзейнасці з 17 ст. павялічваецца прыблізна ўдвая кожныя 10-15 гадоў (рост колькасці адкрыццяў, навуковай інфармацыі, колькасці навуковых работнікаў). У развіцці Н. чаргуюцца экстэнсіўныя і рэвалюцыйныя перыяды - навуковыя рэвалюцыі, якія прыводзяць да змен яе структуры, метадаў пазнання, а таксама форм яе арганізацыі. Для Н. характэрна спалучэнне працэсаў яе дыферэнцыяцыі і інтэграцыі, развіцця фундаментальных і прыкладных даследаванняў. Першы навуковы часопіс «Філасофскія працы» (Англія) пачаў выходзіць у 1665. У 1800 выдавалася прыблізна 100 навуковых часопісаў, у 1965 - больш за 100 тысяч, а ў канцы 20 ст. - ужо каля 1 млн. У 20 ст. у Н. узмацніліся плюралізм (разнастайнасць поглядаў і падыходаў) і рэлятывізм (адноснаць, усведамленне ісціннасці тэорыі толькі ў межах пэўнай сістэмы каардынат). Узнікненне першых навуковых ідэй і таварыстваў ў Беларусі адносіцца да 16 ст. і звязана з навукова-асветніцкай дзейнасцю Ф.Скарыны, М.Гусоўскага, М.Літвіна, С.Буднага, В.Цяпінскага, М.Стрыйкоўскага і інш. У 1579 заснаваны Віленскі ўніверсітэт, які быў навуковым цэнтрам Беларусі. У 17-18 ст. навуковыя даследаванні ў галіне астраноміі, геаграфіі, хіміі, біялогіі, гісторыі, этнаграфіі праводзілі Б.Дабшэвіч, С.Канарскі, К.Нарбут, М.Пачобут-Адляніцкі, А.Скарульскі, І.Страйноўскі, С.Шадурскі і інш. На працягу 18-19 ст. прыкметную ролю ў развіцці і пашырэнні навуковых ведаў адыгралі Гарадзенская медыцынская акадэмія, Полацкая езуіцкая калегія, Горы-Горацкі земляробчы інстытут. Паспяхова развівалася Н. у 1920-я г., калі былі створаны і актыўна дзейнічалі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт), які ў 1929 быў пераўтвораны ў Акадэмію навук Беларусі. Шмат навуковых дасягненняў было здзейнена беларускімі вучонымі ў другой палове 20 ст. У канцы 1990-х г. у Беларусі функцыянавала 287 навуковых устаноў і арганізацый (у т.л. 133 навукова-даследчыя інстытуты), у якіх працавала больш 40 тыс. навуковых работнікаў. @

Народная культура, непрафесійная, ананімная, калектыўная культура. Уяўляе сабой мастацкую калектыўную творчую дзейнасць народа, што адлюстроўвае яго жыццё, уяўленні, ідэалы і інш. Уключае ў сябе створаную народнымі творцамі паэзію (паданні, песні, казкі, эпас), музыку (песні, інструментальныя найгрышы і п'есы), тэатр (драмы, сатырычныя п'есы, тэатр лялек), танец, выяўленчае і дэкаратыўнае мастацтва. Узнікла ў старажытнасці, была цесна звязана з традыцыямі якога-небудзь віда мастацкай дзейнасці і з'яўляецца гістарычнай асновай сусветнай мастацкай культуры. Звычайна Н.к. ствараецца ананімнымі творцамі, якія найчасцей не маюць прафесійнай падрыхтоўкі. Па свайму выкананню элементы Н.к. могуць быць індывідуальнымі (напр., расказванне легенды), групавымі (выкананне песні, танца), масавымі (карнавальныя шэсці). @

Натуралізм (ад лац. naturalis - прыродны, натуральны), кірунак у эўрапейскім мастацтве апошняй трэці 19 ст. Узнік у Францыі на глебе непрымання ідэалізуючай эстэтыкі рамантызму і класічнага рэалізму. Сфармаваўся пад уплывам пазітывісцкай філасофіі, імкнуўся да аб'ектыўна-дакладнага адлюстравання рэчаіснасці. Прадстаўнікі Н. (французскія пісьменнікі Э.Заля, браты Э. і Ж. Ганкуры, нямецкі драматург Г.Гаўптман і інш.) лічылі, што духоўны свет чалавека, яго лёс і воля прадвызначаны паўсядзённым сацыяльным асяроддзем, побытам, спадчыннасцю, яго падсвядомымі імпульсамі і схільнасцямі. Н. імкнуўся пераадолець умоўнасць мастацтва, адмаўляўся ад прынцыпаў абагульнення, тыпізацыі, ідэалізацыі. Для Н. уласціва бясстраснае, вельмі дакладнае, падрабязнае аднаўленне патоку жыцця ў спалучэнні са строгай сацыльна-біялагічнай дэтэрмінацыяй рэальных падзей. @

Натурфіласофія (ад лац. natura - прырода + філасофія; філасофія прыроды), абстрактнае тлумачэнне прыроды, якая разглядаецца ў яе цэласнасці. Узнікла ў антычнасці; з'яўлялася фактычна першай гістарычнай формай філасофіі. Само паняцце «Н.» узыходзіць да стаіцызму (Сенека). Канчаткова сфармавалася і атрымала шырокае распаўсюджанне ў эпоху Адраджэння. Прыхільнікі тагачаснай Н. (Дж.Бруна, Б.Тэлезіа, Парацэльс і інш.) развівалі ідэі пантэізму, выкарыстоўвалі прынцыпы тоеснасці мікра- і макракосмасу, цэласнага разгляду прыроды, сфармулявалі вучэнне аб барацьбе супрацьлеглых пачаткаў як крыніцы змен. Н. асноўную ўвагу скіроўвала на вывучэнне не звышпрыроднага Бога, а самой прыроды, і лічыла, што прырода падначальваецца ўласным унутраным законам, чалавек з'яўляецца неад'емнай часткай прыроды, а аснову пазнання складаюць вопыт і назіранне. @

Натхненне, псіхічны стан моцнага ўздыму, напружання духоўных і фізічных сіл чалавека, які вядзе да ўзнікнення ідэі або рэалізацыі задумы ў мастацтве, навуцы, тэхніцы. З'яўляецца адной з найбольш важных перадумоў працэсу творчасці. Характарызуецца рэзкім узрастаннем унутранай актыўнасці чалавека, інтэнсіўнай работай мыслення, мабілізацыяй фантазіі і інтуіцыі, незвычайнай прадукцыйнасцю яго дзейнасці, усведамленнем лёгкасці, перажываннем «апантанасці» і эмацыянальнага паглыблення ў творчасць. Прадстаўнікі ідэалістычных філасофскіх вучэнняў (Платон, Ф.Шэлінг, Э.Гартман і інш.) разглядалі Н. як «боскую апантанасць», містычнае азарэнне, а матэрыялісты адмаўлялі яго звышнатуральны характар і ўспрымалі як псіхічную з'яву, абумоўленую грамадскімі і індывідуальнымі стымуламі, а таксама працэсам працы. @

Нацыя (ад лац. natio - народ, племя), устойлівая этнасацыяльная супольнасць людзей, якія пражываюць на адной тэрыторыі, звязаны агульным эканамічным і сацыяльна-палітычным жыццём, маюць адзіную культуру, мову і самасвядомасць. У працэсе гістарычнага развіцця прыходзіць на змену народнасці і ўяўляе сабой больш высокую ступень самаарганізацыі і кансалідацыі этнасу. Сучасныя Н. зараджаліся і фармаваліся з 15-17 ст. разам з развіццём і ўніверсалізацыяй капіталістычных адносін. Утварэнне адзінай нацыянальнай мовы і паглыбленне кансалідацыйных працэсаў у розных сферах жыцця садзейнічала складванню нацыянальнай культуры, фармаванню асаблівасцей нацыянальнага характару і менталітэту, узнікненню нацыянальнай самасвядомасці. У Эўропе нацыянальныя дзяржавы склаліся на аснове аб'яднання этнічных груп (немцы, італьянцы) або іх выдзялення з поліэтнічных імперый (Аўстра-Вугорская, Атаманская, Расейская). Некаторыя нацыі ўзніклі ў выніку трансфармацыі адной народнасці, другія - шляхам аб'яднання ў нацыю шэрагу блізкіх па мове і культуры народнасцей. Фармаванне беларускай Н. адбывалася ў 19 - пачатку 20 ст. на аснове адзінства эканамічнага жыцця беларусаў, беларускай літаратурнай мовы, тэрыторыі, культуры, а таксама актывізацыі працэсу нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва - абвяшчэнне БНР (1918), утварэнне БССР (1919). У 1939 з уз'яднаннем Заходняй Беларусі з БССР была завершана тэрытарыяльная кансалідацыя беларускай Н. Пасля стварэння ў 1990 незалежнай Рэспублікі Беларусь далейшае паглыбленне працэсу кансалідацыі беларускай Н. адбываецца на аснове дэмакратычных і нацыянальна-культурных каштоўнасцей, выкарыстання сваёй гісторыка-культурнай спадчыны, дасягненняў іншых культур і народаў, развіцця беларускай дзяржавы як раўнапраўнага сябра эўрапейскай і агульначалавечай супольнасці. @

Нацыянальная культура, сукупнасць традыцый, звычаяў, норм, каштоўнасцей і правіл паводзін, агульных для прадстаўнікоў адной нацыі. Уключае разам з традыцыйна-бытавой, прафесіянальнай і штодзённай таксама спецыялізаваныя галіны культуры. Ахоплівае субкультуры ўсіх вялікіх сацыяльных груп і асобных этнічных супольнасцей. У адрозненне ад этнічнай культуры, Н.к. аб'ядноўвае людзей, якія пражываюць на вялікіх прасторах і не абавязкова звязаны кроўна-роднаснымі адносінамі. Абавязковай умовай з'яўлення Н.к. лічыцца новы тып сацыяльнай камунікаціыі, звязаны з вынаходніцтвам пісьменнасці. Пра ўзнікненне Н.к. можна гаварыць тады, калі фармуецца літаратурная (пісьмовая) мова і нацыянальная літаратура. У якасці асноўнай умовы далучэння народа да сваёй Н.к. разглядаецца сістэма адукацыі. Н.к. стварае найперш мастацкая і навуковая інтэлігенцыя. Большасць сучасных Н.к. поліэтнічныя. Напр., амерыканская Н.к. крайне гетэрагенная і ўключае ірландскую, італьянскую, нямецкую, расейскую, кітайскую, японскую і інш. этнічныя культуры. @

Нацыянальная самасвядомасць, сукупнасць уяўленняў, пачуццяў і ведаў чалавека аб сваёй прыналежнасці да пэўнай нацыі, а таксама аб сваім месцы і ролі ў жыцці роднага народа. Першасныя элементы Н.с. пачынаюць складвацца яшчэ ў першабытным грамадстве, калі людзі праяўляюць схільнасць мысліць у катэгорыях супрацьпастаўлення «мы» - «яны». Звычайна прадстаўнікі сваёй этнічнай супольнасці («мы») па шэрагу антрапалагічных, псіхалагічных, культурных, моўных прыкмет ацэньваюцца адназначна пазітыўна, а сябры іншаэтнічных груп, наадварот, найчасцей яўна негатыўна. Канчатковае фармаванне Н.с адбываецца ў працэсе ўтварэння нацыі на аснове ўсведамлення людзьмі свайго агульнага паходжання і непарыўнай звязанасці з роднай зямлёй, адчування самабытнасці сваёй культуры, мовы, нацыянальнага характару, менталітэту, пачуцця агульнанацыянальнай салідарнасці. У структуры Н.с. арганічна ўзаемазвязаны рацыянальныя, ідэалагічныя, эмацыянальна-пачуццёвыя і нават ірацыянальна-містычныя элементы. Н.с. большасці народаў свету аформілася на працягу 18-20 ст., калі на розных кантынентах у выніку ўзмацнення кансалідацыі этнасацыяльных супольнасцей, актывізацыі нацыянальна-вызваленчых рухаў сфармаваліся нацыі сучаснага тыпу (напр., ангельская, нямецкая, французская, японская, амерыканская). Н.с. знаходзіцца ў аснове пачуцця агульнадзяржаўнага патрыятызму, нацыянальнага гонару, любові да роднага народа, культуры, мовы, да сваёй Радзімы.

Н.с. беларусаў аформілася адносна позна, прыблізна ў сярэдзіне 19 - пачатку 20 ст., што было абумоўлена ўзмацненнем нацыянальна-вызваленчага руху, актывізацыяй нацыянальна-культурнага жыцця і пачаткам складвання беларускай нацыі. Спачатку больш высокі ўзровень Н.с. быў уласцівы прадстаўнікам творчай інтэлігенцыі, шляхце, частцы сялянства. Аднак у 1920-я г. Н.с. даволі прыкметна вырасла сярод прадстаўнікоў усіх сацыяльных катэгорый насельніцтва Беларусі, што было звязана з ажыццяўленнем палітыкі беларусізацыі, спробамі гарманізацыі міжнацыянальных адносін. У наступныя дзесяцігоддзі развіццё Н.с. было запаволена ў выніку ўзмацнення працэсаў асіміляцыі і дэнацыяналізацыі беларускага грамадства. У сучасны перыяд паглыбленне Н.с. з'яўляецца важным сродкам самазахавання беларускай нацыі і раскрыцця яе творчых магчымасцей у справе пабудовы свабоднага, дэмакратычнага і незалежнага грамадства. @

Нацыянальны характар, сукупнасць асноўных адносна ўстойлівых псіхалагічных якасцей, якія сфармаваліся ў нацыі ў канкрэтных гістарычных, сацыяльна-культурных і прыродных умовах яе развіцця. Асаблівасці Н.х. прама ці ўскосна адлюстроўваюцца ў найбольш распаўсюджаных рысах паводзін, эмоцый і пачуццяў пераважнай часткі людзей пэўнай нацыянальнай прыналежнасці. Існуюць стэрэатыпныя ўяўленні наконт асаблівасцей Н.х. розных народаў свету (нямецкая пунктуальнасць, ангельскі традыцыяналізм, жыдоўская практычнасць, гішпанская гордасць, італьянская тэмпераментнасць, японская працавітасць, шведская стрыманасць і інш.), але Н.х. асобных народаў адрозніваюцца не столькі пэўнымі псіхалагічнымі якасцямі, колькі іх сукупнасцю, ступенню ўласцівасці асобных рыс прадстаўнікам розных нацыянальных супольнасцей. Першапачаткова паняцце Н.х. выкарыстоўвалася падарожнікамі, географамі, этнографамі для апісання асаблівасцей паводзінаў, ладу жыцця, звычаяў, абрадаў, традыцый розных народаў свету. Кожны Н.х. уяўляе сабой складаную сукупнасць разнастайных (нярэдка супрацьлеглых) псіхалагічных рыс і якасцей, якія можна з пэўнай доляй умоўнасці назваць «станоўчымі» і «адмоўнымі». Як сведчаць шматлікія гістарычныя факты, падзеі духоўна-культурнага жыцця беларусаў, іх багатая фальклорная спадчына, многія літаратурныя творы, да станоўчых рысаў беларускага Н.х. можна аднесці талерантнасць (цярпімасць), памяркоўнасць, лагоднасць, добразычлівасць, гасціннасць, вынослівасць, працавітасць і інш., а да адмоўных - адпаведна кансерватыўнасць, канформнасць (канфармізм), некаторыя апатычнасць, нерашучасць, недаверлівасць і г.д. У цэлым у сучаснай гуманітарнай навуцы няма адзінства пры вызначэнні сутнасці і адметных рыс розных Н.х., многія праблемы ў гэтай галіне з'яўляюцца пакуль маладаследаванымі, дыскусійнымі. @

Неалітычная рэвалюцыя, паняцце, уведзенае ангельскім археолагам Г.Чайльдам для абазначэння гістарычнага перыяду пераходу ў эпоху неаліту (12-10 тыс. да н.э.) ад прысвойваючага да здабываючага тыпу гаспадаркі. Гэты пераход быў звязаны з зараджэннем земляробства і жывёлагадоўлі. У ходзе Н.р. узніклі рамёствы, пасяленні, пісьменнасць, рацыянальныя веды і да т.п. @

Неапазітывізм, адзін з асноўных кірункаў філасофіі 20 ст.; форма пазітывізму. Сярод яго вядучых прадстаўнікоў - аўстрыйскія філосафы Людвіг Вітгенштэйн (1889-1951), Рудольф Карнап (1891-1970), а таксама Ф.Франк, О.Нейрат, Б.Расел. Галоўная задачы Н. - распрацоўка метадаў лагічнага ці лінгвістычнага аналізу ведаў (найперш філасофскай, навуковай, штодзённай мовы). Н. арыентаваўся пераважна на матэматычную логіку, якая разглядалася як «ісціннае мысленне», а таксама на «вопытныя навукі», што паддаюцца верыфікацыі (праверцы). Н. імкнуўся адасобіцца ад праблем сацыяльнага жыцця, ад грамадскіх навук, якія лічацца «несапраўднымі», паколькі не паддаюцца вопытнай праверцы. Н. адыграў значную ролю ў развіцці сучаснай логікі, семіётыкі, філасофіі навукі. @

Неаплатанізм, кірунак антычнай філасофіі 3-6 ст., які сістэматызаваў вучэнне Платона ў спалучэнні з ідэямі Арыстоцеля, неапіфагарэізму, усходняй містыкі і інш. Заснавальнік Н. - Плоцін. Асноўныя школы: афінская (Прокл), рымская (Плоцін, Парфірый), пергамская (імператар Юліян) і інш. У аснове Н. - уяўленне аб тым, што існуе вышэйшае божаства (т.зв. «Адзінае»), якое з'яўляецца бязмежным і ўладарыць над усім светам. Усё існуючае ў свеце з'яўляецца сць вынікам эманацыі («выцякання») гэтага непазнавальнага «Адзінага». Паводле Н., дух чалавека павінен вызваліцца ад улады цела і зямлі і ўрэшце рэшт зліцца з «Адзіным» у своеасаблівым містычным экстазе. Аказаў уплыў на эўрапейскую і ўсходнюю філасофію. @

Неарэалізм, плынь у італьянскім мастацтве 1940-1950-х г. Сярод асноўных прадстаўнікоў - рэжысёры Р.Раселіні, Л.Вісконці, П.Джэрмі, В. Дэ Сіка і інш. У многіх фільмах паказвалася жыццё Італіі ў ваенныя і першыя пасляваенныя гады. Своеасаблівым маніфестам Н. лічыцца мастацкая стужка Р.Раселіні «Рым - адкрыты горад» (1945). Фільмы ў стылі Н. найчасцей былі заснаваны на дакументальных фактах, здымаліся пераважна на натуры, з непрафесійнымі выканаўцамі, вызначаліся эстэтыкай жыццёвай праўды, стрыманасцю і лаканізмам стылю, сканцэнтраванасцю ўвагі на жыцці простых людзей. Сваю прыхільнасць Н. дэманстравалі Р.Гутуза, А.Пішчыната і інш. мастакі. @

Неатамізм, афіцыйная філасофская дактрына каталіцкай царквы. Заснаваны ў значнай ступені на вучэнні сярэднявечнага схаласта Фамы Аквінскага, якое лічыцца адзіна ісціннай філасофіяй. Н. імкнецца да стварэння ўсеахопнай філасофскай сістэмы, здольнай знайсці адказы практычна на ўсе актуальныя пытанні практычнага і тэарэтычнага жыцця сённяшняга чалавецтва. Атрымаў пашырэнне ў Італіі, Гішпаніі, Францыі, Германіі, ЗША і інш. Найбольш яркія прадстаўнікі Н. - французскія рэлігійныя філосафы Ж.Марытэн (1882-1973) і Э.А.Жыльсон (1884-1978). @

Неафрэйдызм, кірунак у замежнай (пераважна амерыканскай) філасофіі і псіхалогіі, які ў канцы 1930-х г. вылучыўся з артадаксальнага фрэйдызму. Сфармаваўся ў працэсе спалучэння псіхааналізу з амерыканскімі сацыялагічнымі і этналагічнымі канцэпцыямі (напр., школай культурнай антрапалогіі). Яго асноўныя прадстаўнікі - К.Хорні, Г.Саліван, Э.Фром і інш. Зыходным палажэннем Н. быў прынцып сацыяльнага (Э.Фром) або культурнага (А.Кардынер) дэтэрмінізму, які, у адрозненне ад біялагізму З.Фрэйда, сыходзіў з вырашальнай ролі асяроддзя ў фармаванні асобы. Найбольшая ўвага ў Н. звяртаецца не на ўнутрыпсіхічныя працэсы, а на міжасабовыя адносіны; адхіляецца вучэнне аб сублімацыі, а роля неўсвядомленага адмаўляецца ці разглядаецца як звязуючае звяно паміж сацыяльнымі і псіхічнымі структурамі («сацыяльнае неўсвядомленае» Э.Фрома). У працах М.Мід, А.Кардынера Н. аб'ядноўваецца з культурантрапалогіяй, што нярэдка прыводзіць да ідэй рэлятывізму культурнага, псіхалагічнай несувымернасці асобных культур. @

Нігілізм (от лат. nihil - нішто), поўнае адмаўленне ўсіх агульнапрынятых у грамадстве культурных каштоўнасцей, ідэалаў, маральных норм, традыцый. Атрымлівае асаблівае пашырэнне ў крызісныя эпохі грамадска-гістарычнага развіцця. У Расеі Н. атрымаў распаўсюджанне пасля выхаду ў свет рамана І.Тургенева «Бацькі і дзеці» (1862). @

Нірвана (санскр. «згасанне»), цэнтральнае паняцце будызму і джайнізму, якое азначае вышэйшы стан, канчатковую мэту чалавечых памкненняў. У стане Н. чалавек дасягае поўнага вызвалення ад шэрагу перараджэнняў, абсалютнага спакою, унутранай прасветленасці, адасобленасці ад знешняга свету, адсутнасці ўсякіх жаданняў. Выявы Буды (настаўніка, акружанага сваімі вучнямі) ў стане Н. - папулярны сюжэт будыйскага выяўленчага мастацтва. @

Ніцшэ Фрыдрых (1844-1900), нямецкі філосаф. Выкладаў філасофію ў вышэйшых навучальных установах. З 1879 пакінуў прафесарскую дзейнасць і пачаў жыць адасоблена ў Італіі і Швейцарыі. Лічыў, што жыццё становіцца сінонімам волі да ўлады; у гэтай волі заключаецца канчатковы сэнс жыцця і культуры. У маральнай дэградацыі сучаснага яму грамадства Н. абвінавачваў найперш шырокае распаўсюджанне дэмакратычных, ліберальных ідэй і хрысціянскіх каштоўнасцей. На яго думку, мерылам маральных каштоўнасцей павінны служыць не дабро і зло, а веліч і перавага. Яго ідэалам быў т.зв. «звышчалавек», здольны сваёй моцнай воляй уплываць на ўсіх слабых і неразумных. Супрацьпастаўляў два пачаткі быцця - апалонаўскае і дыянісійскае. Выступаў з крытыкай тагачаснай культуры, прапагандаваў эстэтычны амаралізм, а таксама індывідуалістычны культ моцнай асобы. Сярод яго галоўных філасофскіх прац - «Нараджэнне трагедыі з духу музыкі» (1872), «Па той бок дабра і зла» (1886), «Так казаў Заратустра» (1883-1884), «Воля да ўлады» (1889). @

Но (ногаку; літар. «уменне, майстэрства»), адзін з жанраў традыцыйнага тэатра Японіі. Склаўся ў 14-15 ст. Уключае музыку, танец, спевы, драму. Для Н. характэрны надзвычай простыя дэкарацыі (звычайна стылізаваная сасна як сімвал даўгалецця); ігра акцёраў у масках (якія адлюстроўваюць псіхалагічны стан персанажа) і ў традыцыйным адзенні мінулых часоў; сюжэты пастановак звязаны з гістарычнымі падзеямі старажытнай Японіі. Галоўная задача акцёраў - выклікаць адваротнае «суперажыванне» гледачоў, нібы «ўцягнуць» іх у працэс тэатральнага дзеяння. Звычайна спектакль у тэатры Н. працягваецца каля шасці гадзін і складаецца з пяці асобных п'ес (пра багоў, самурая, жанчыну, злога чалавека, злога духа). У сучасны перыяд існуюць пяць розных школ тэатра Н. (у мінулым было яшчэ больш). У традыцыйным рэпертуары Н. - каля 200 п'ес. На развіццё Н. аказаў прыкметны ўплыў дзэн-будызм. @

Нонканфармізм, іншадумства, нязгода з ідэалагічнай ці маральнай дактрынай дзяржавы; бунтарства. Н. азначае таксама непрыманне існуючага грамадскага парадку, агульнапрынятых грамадскіх меркаванняў. @

Нурэеў Рудольф Хаметавіч (Нурыеў; 1938-1993), танцоўшчык-прэм'ер (premier danseur). Нарадзіўся каля Іркуцка (у цягніку). У дзяцінстве Н. наведваў танцавальны гурток пры Палацы піянераў г. Уфа. Вучыўся ў Ленінградскай харэаграфічнай навучальні. Быў вядучым салістам балетнай трупы Тэатра оперы і балета імя С.М.Кірава. У 1961, знаходзячыся на гастролях у Парыжы, Н. папрасіў прадаставіць яму палітычны прытулак. Супрацоўнічаў з лонданскім «Каралеўскім балетам», балетнай трупай Чыкагскай оперы. З поспехам выступаў не толькі ў традыцыйным рэпертуары, але і ў балетах, якія сталі сучаснай класікай («Танцы на вечарынцы» Дж.Робінса на музыку Ф.Ліста, «Рамэо і Джульета» С.Пракоф'ева, «Страчаны рай» М.Канстана і інш.). Паставіў некалькі балетаў з класічнай спадчыны ў «Каралеўскім балеце» і іншых трупах. У канцы 1970-х г. звярнуўся да сучаснага танца і да здымкаў у фільмах. З 1983 па 1989 быў кіраўніком балетнай трупы Парыжскай оперы. @

Оп-арт (англ. Op art - скароч. ад optical art - аптычнае мастацтва), мадэрнісцкі кірунак у эўрапейскім і амерыканскім выяўленчым мастацтве (жывапісе і графіцы) 1940-1990-х г. Выкарыстоўвае аптычны эфект, які ствараецца ўзорамі (пераважна чорна-белымі) на тканінах, пасудзінах і інш., радзей - на карцінах. Узнік у 1940-я г., канчаткова аформіўся да сярэдзіны 1960-х г. (найперш у ЗША і Францыі). Рытмічныя камбінацыі аднародных геаметрычных фігур, ліній і колеру ствараюць ілюзію руху. Разнастайныя дэкаратыўныя элементы выкарыстоўваюцца таксама ў прыкладным мастацтве, прамысловай графіцы, плакаце і інш. @

Опера (ад італ. opera - твор, выраб), жанр музычна-драматычнага мастацтва; музычна-тэатральны твор, заснаваны на сінтэзе драматургіі, музыкі, слова, выяўленчага мастацтва (дэкарацыі, касцюмы), харэаграфіі (балет). Літаратурная аснова О. (лібрэта) увасабляецца сродкамі музычнай драматургіі і ў першую чаргу ў формах вакальнай музыкі. Складаецца з выпрацаваных у ходзе развіцця оперных форм: арый, рэчытатываў, ансамбляў, хораў, уверцюр, балетных нумароў і інш. Па сваім змесце О. могуць быць камедыйныя, драматычныя, трагедыйныя, гістарычныя, філасофскія і інш. Вытокі музычнага тэатра - у старажытных народных святах, ігрышчах. Як самастойны жанр сфармавалася ў Італіі на мяжы 16-17 ст. Вышэйшага росквіту дасягнула ў Італіі (з 17 ст.), Францыі, Англіі, Германіі (з 18 ст.), Расеі (з 19 ст.). Некаторыя віды О. звязаны з пэўнай нацыянальнай культурай і эпохай: напр., італьянскія «опера-серыя» і «опера-буфа», французская «вялікая опера», нямецкі і аўстрыйскі «зінгшпіль» і інш. Буйнейшымі рэфарматарамі опернага мастацтва былі К.В.Глюк, В.А.Моцарт і Р.Вагнер. У першай палове 19 ст. ў нацыянальных оперных школах замацаваўся рамантызм. Класічныя ўзоры опернага рэалізму стварылі Дж.Вердзі і Ж.Бізэ. Музычныя плыні канца 19 - пачатку 20 ст. прадстаўлены і ў оперным мастацтве (імпрэсіянізм, экспрэсіянізм). Да ліку найбольш яркіх узораў О. адносяцца творы Дж.Пучыні, П.Чайкоўскага, М.Мусаргскага, М.Рымскага-Корсакава, С.Рахманінава, К.Орфа, Дж.Гершвіна, І.Стравінскага, Б.Брытэна, Л.Бернстайна і інш.

На тэрыторыі Беларусі пачатак опернаму мастацтву быў закладзены ў канцы 18 ст. Важнай вехай у станаўленні нацыянальнай О. стала творчая дзейнасць С.Манюшкі - оперы «Сялянка» («Ідылія», паст. 1852), «Галька» (паст. 1856). У 1920-1930-я г. найбольш вядомымі былі О. «Тарас на Парнасе» М.Аладава, «У пушчах Палесся» А.Багатырова, «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага, «Кветка шчасця» А.Туранкова і інш. У 1933 быў створаны Дзяржаўны тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь, на сцэне якога пастаўлена мноства яркіх твораў сусветнага і нацыянальнага опернага мастацтва. Адбылося жанравае ўзбагачэнне беларускага опернага мастацтва, былі створаны высокамастацкія, яркія творы на гістарычную і філасофска-маральную тэматыку - О. «Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса (1947), «Зорка Венера» Ю.Семянякі (1970), ««Джардана Бруна» С.Картэса (1977), «Сівая легенда» Дз.Смольскага (1978), «Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера (1980) і інш. У Беларусі меліся і ўзоры такіх рэдкіх жанраў, як тэлеопера «Ранак» Г.Вагнера (1967), радыёопера «Барвовы золак» К.Цесакова (1979), дзіцячая опера В.Войціка «Вясновая песня» (1993). На працягу 1980-90-х г. з'явіліся і арыгінальныя беларускія нацыянальныя О. - «Новая зямля» Ю.Семянякі (1982), «Францыск Скарына» Дз. Смольскага (1982), «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана (1989) і інш. @

Ордэр архітэктурны (ад лац. ordo - парадак, лад), пэўныя суадносіны нясучых (калона з капітэллю, часам з п'едэсталам) і нясомых (архітраў, фрыз і карніз, якія разам складаюць антаблемент) частак стоечна-балачнай канструкцыі, іх структура і мастацкая апрацоўка. Класічная сістэма О.а. склалася ў Старажытнай Грэцыі ў 7 ст. да н.э. Асноўныя О.а. атрымалі свае назвы ад грэчаскіх плямён і вобласцей: дарычны ордэр, іянічны ордэр, карынфскі ордэр. Формы гэтых ордэраў упадабляліся чалавечым фігурам, сыходзілі з іх прапорцый. Самым трывалым і цяжкім з трох ордэраў быў дарычны ордэр, які ўспрымаўся як сімвалічнае адлюстраванне духоўнай і фізічнай сілы аголенага мужчыны-героя. Ордэрам сярэдняй цяжкасці быў іанічны, які інтэрпрэтаваўся як выяўленне грацыі прыгожай, чароўнай жанчыны. Самым лёгкім з'яўляўся карынфскі, які разглядаўся як адлюстраванне пяшчоты і чысціні чароўнай дзяўчыны. @

«Оскар», найвышэйшая ўзнагарода ў кінамастацтве; прэмія Амерыканскай акадэміі кінематаграфічных мастацтваў і навук. Уручаецца з 1929 штогодна за лепшы амерыканскі фільм, а таксама за лепшую замежную кінастужку. Даецца прыблізна па 20 намінацыях. Спецыяльныя прэміі «О.» уручаюцца за ўклад у кінамастацтва ў цэлым. @

Павароці Лучана (н. 1935), італьянскі спявак (лірычны тэнар). Выдатны майстар бельканта. Дэбютаваў у 1961 у партыі Рудольфа ў оперы Дж.Пучыні «Багема» ў Муніцыпальным тэатры г. Рэджа-Эмілія. У 1968 дэбютаваў у «Метраполітэн-опера» ў Нью-Ёрку. Валодае чыстым, гнуткім, роўным, эмацыйна-выразным голасам. Праславіўся ў італьянскіх операх (асабліва ў партыях Рудольфа з «Багемы», Герцага Мантуанскага з «Рыгалета», Марыё з «Тоскі», Манрыко з «Трубадура» і інш. У 1980-1990-я г. набыў надзвычайную міжнародную вядомасць і папулярнасць не толькі дзякуючы свайму высокаму майстэрству, але таксама і шырокаму распаўсюджанню кампакт-дыскаў, відэакасет, тэлезапісаў, удзелу ў праекце «Тры тэнары» (з П.Дамінга і Х.Карэрасам). Выпусціў некалькі аўтабіяграфічных кніг, напр., «Павароці: Мая гісторыя» (1981) і «Павароці: Мой свет» (1995). З'яўляўся ініцыятарам супольных канцэртаў «Павароці і сябры» (у іх прымалі ўдзел М.Керы, Дзукеро, С.Дзіён, Э.Рамазоці, А.Бачэлі і інш.). Адзін з найбольш папулярных оперных спевакоў канца 20 ст. @

Павіч Міларад (н. 1929), сербскі пісьменнік, літаратуразнавец. Спецыяліст па гісторыі сербскай літаратуры 17-19 ст., сербскаму барока і паэзіі сімвалізму. Выкладаў у шэрагу эўрапейскіх універсітэтаў (у Парыжы, Вене, Белградзе, Фрайбургу, Рэгенсбургу). Яго пяру належаць гісторыка-парадыйныя (парагістарычныя) раманы «Хазарскі слоўнік. Раман-лексікон на 100000 слоў» (1984), «Унутраны бок ветра, ці Раман аб Геро і Леандры» (1991), іранічны раман-прытча «Пейзаж, намаляваны чаем. Раман для аматараў красвордаў» (1988). Аўтар п'есы «Вечнасць і яшчэ адзін дзень (Тэатральнае меню)» (1988), зборніка апавяданняў «Страшныя любоўныя гісторыі» (2001). У творах П. заўважаюцца эстэтызацыя старадаўняга побыту, майстэрскае выкарыстанне міфалагічных сюжэтаў, хрысціянскіх і язычніцкіх легендаў, балканскага фальклора ў перапляценні з міфамі сучаснага постіндустрыяльнага грамадства. Пераклаў на сербскую мову творы Дж.Байрана і А.Пушкіна. @

Паганіні Нікола (1782-1840), італьянскі кампазітар, скрыпач, гітарыст. Адзін з найвялікшых віртуозаў у гісторыі сусветнага музычнага мастацтва. Першае публічнае выступленне адбылося ў 11 гадоў, а першае канцэртнае турнэ - у 15 гадоў. Даў сотні канцэртаў у буйнейшых гарадах Эўропы. Яго ігра на скрыпцы вызначалася надзвычайнай лёгкасцю, віртуознасцю. Творчая дзейнасць П. была перарвана ў 1834 г. ў сувязі з пагаршэннем стану яго здароўя і шэрагам публічных скандалаў. Фантастычная віртуознасць, дэманічны воблік, вулканічны тэмперамент парадзілі легенды вакол яго імя. Заклаў асновы сучаснай скрыпічнай выканальніцкай тэхнікі. З-за надзвычайнага майстэрства ігры на скрыпцы многія сучаснікі лічылі, што П. валодае нейкай недасягальнай для іншых таямніцай ці нават што ён прадаў душу д'яблу. Яго творчасць аказала надзвычай моцны ўплыў на развіццё скрыпічнага мастацтва ўсіх наступных эпох. Уласныя творы П. маюць мноства вельмі складаных пасажаў, што сведчыць пра багацце тэхнічных прыёмаў. Адметная рыса яго твораў - гарманічнае спалучэнне высокай тэхнікі з творчай вынаходлівасцю і лагічнасцю канструкцыі. Яго музыка была класічнай па форме, але мела шмат рыс рамантызму. @

Падокшын Сямён (н. 1931), беларускі філосаф, гісторык, культуролаг. Доктар філасофскіх навук (1987), кандыдат гістарычных навук (1965). Скончыў Менскі педагагічны інстытут (1953). З 1960 у Інстытуце філасофіі і права АН Беларусі. Даследуе гісторыю філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі эпохі Адраджэння і Рэфармацыі, праблемы культуры, тэарэтыка-метадалагічныя праблемы станаўлення нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа, духоўна-культурнага сінтэзу Ўсходу і Захаду, дзяржаўнага і нацыянальна-культурнага суверэнітэту, філасофіі беларускай гісторыі і культуры. У кантэксце культуры эпохі Адраджэння вывучае філасофскую і грамадска-палітычную думку Беларусі 16-17 ст., вызначае спецыфічныя рысы айчыннага Рэнесансу і гуманізму. Аўтар прац «Рэфармацыя і грамадская думка Беларусі і Літвы (2-я палова XVI - пачатак XVII ст.» (1970), «Скарына і Будны: Нарыс філасофскіх поглядаў» (1974), «Францыск Скарына» (1981), «Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага» (1990), «Унія: Дзяржаўнасць і культура: Філасофска-гістарычны аналіз» (2000), «Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры» (2003) і інш. Дзяржаўная прэмія Беларусі 1984. @

Пазітывізм, філасофская плынь, якая зыходзіць з таго, што ўсе сапраўдныя (пазітыўныя) веды ўяўляюць сукупны вынік спецыяльных навук. Заснаваны ў 1830-я г. А.Контам, які ўвёў і сам тэрмін «П.» Аддае перавагу ў спасціжэнні ісціны не філасофіі, а канкрэтным навукам - найперш прыродазнаўству. Адной з вызначальных рыс П. з'яўляўся т.зв. «сцыентызм» - абсалютызацыя ролі навукі ў жыццядзейнасці грамадства. Пазітывісцкая філасофская думка аказала прыкметны ўплыў на распаўсюджанне сярод часткі насельніцтва нігілізму. @

Пакаленне, узроставая група людзей, фармаванне характару якіх адбываецца пад уплывам пэўных гістарычных падзей, эканамічных і культурных абставін. Гэта абумоўлівае падабенства і агульнасць некаторых індывідуальных характарыстык ў выніку падобнага для прадстаўнікоў дадзеных узроставых груп сацыяльнага вопыту. @

Паліглотнасць культуры, тэрмін, выкарыстаны расейскім культуролагам М.Каганам для абазначэння наяўнасці ў кожнай культуры мноства розных спецыфічных моў. Адна мова, пры ўсёй яе інфарматыўнай ёмістасці і камунікатыўнай магутнасці, не можа перадаць усяго сэнсу і зместу культур, з'яў вербальнымі (слоўнымі) сродкамі. Таму яна звычайна дапаўняецца іншымі - напр., мовай жэстаў, інтанацый, выяў і інш. Мноства моў культуры з'яўляецца неабходным, паколькі яе інфармацыйны змест надзвычай багаты і разнастайны, у выніку чаго кожны спецыфічны інфармацыйны працэс патрабуе адэкватных сродкаў яго ўвасаблення. @

Палімарфізм культуры (ад грэч. poly - шмат + morphe - форма), множнасць форм культуры, яе разнастайнасць. Звычайна ў больш складана арганізаваных грамадствах існуе больш выяўлены П.к. Прычынамі П.к. выступаюць сацыяльная неаднароднасць грамадства (наяўнасць розных сацыяльных груп, саслоўяў - напр., дваранства, духавенства, сялянства, інтэлігенцыя і інш.), адрозненні ў змесце кожнага сацыякультурнага кампанента (розныя эліты, канфесіі, страты і інш.), функцыянальная розніца каштоўнасцей на розных узроўнях і сферах жыццядзейнасці грамадства. У высокаразвітых, стабільных культурах выпрацоўваюцца свае спосабы і механізмы пераадолення супрацьстаяння каштоўнасных матывацый без іх узаемнага разбуральнага сутыкнення. Сімвалічным выяўленнем П.к. могуць служыць метафарычныя формулы для вызначэння розных нацыянальных культур - асобныя даследчыкі расейскую культуру вызначаюць як «ікону і тапор» (Д.Білінгтон), японскую - як «Хрызантэму і меч» (Р.Бенедыкт). @

Паліфанізм культуры, культуралагічная катэгорыя, якая служыць для характарыстыкі культуры як складанай, шматслойнай з'явы, што ўяўляе сабой арганічнае адзінства розных па ўзроўню і якасці самастойных культурных утварэнняў, самабытных і арыгінальных па форме і зместу. У сучаснай культуры адначасова, паралельна суіснуюць розныя нацыянальныя культуры, унутры якіх могуць мець месца субкультуры, авангардныя культуры, рэшткі мінулых культурных традыцый і маргінальныя ўтварэнні. @

Пантэізм (ад грэч. pan - усё + theos - бог), рэлігійныя і філасофскія вучэнні, якія атаясамліваюць Бога і ўвесь Сусвет, прыроду. Пантэістычныя тэндэнцыі праяўляліся ў містыцы Сярэднявечча. Характэрны для натурфіласофіі Адраджэння і Б.Спінозы (атаясамліваў паняцці «Бог» і «прырода»), а таксама І.Гердэра, І.Гётэ і класічнай нямецкай філасофіі. Праявы пантэістычных уяўленняў могуць мець месца і ў міфалогіі, літаратурных і фальклорных творах. Напр., розныя народы свету ў мінулым абагаўлялі некаторыя прыродныя з'явы, стыхіі, феномены (Сонца, Месяц, зоркі, дрэвы, рэкі і г.д.), пакланяліся ім, ушаноўвалі, прыносілі ахвярапрынашэнні і да т.п. @

Параджанаў Сяргей Іосіфавіч (1924-1990), кінарэжысёр. Народны артыст Украіны і Арменіі. Нарадзіўся ў Грузіі, па паходжанню армянін. Вучыўся на вакальным аддзяленні Тбіліскай кансерваторыі, у Тбіліскім інстытуце інжынераў транспарту. Скончыў рэжысёрскі факультэт Усесаюзнага інстытута кінематаграфіі (1952). У 1949 пераехаў у Кіеў, дзе пачаў працаваць асістэнтам рэжысёра, потым рэжысёрам Кіеўскай студыі імя А.Даўжэнкі. Творы П. вызначаюцца яркасцю і экспрэсіўнасцю рэжысёрскага бачання, багаццем выяўленчай фантазіі, метафарычнасцю, сімвалічнасцю, узвышанай паэтычнасцю, жывапіснасцю, свабодным выкарыстаннем розных нацыянальна-этнічных традыцый («Цені забытых продкаў», 1965; «Колер граната», 1969; «Легенда аб Сурамскай крэпасці», 1984; «Ашык-Керыб», 1989). Яго фільмы неаднаразова атрымлівалі ўзнагароды на прэстыжных міжнародных кінафестывалях. Творчасць П. прызнана адной з вяршынь бессюжэтнага паэтычнага кінематографа, дзе акцёр (разам з касцюмам, дэкарацыямі і рэквізітам) з'яўляецца канструктыўным элементам складанага аўдыявізульнага калажа. @

Парадыгма (греч. paradeigma - прыклад, узор), сукупнасць тэарэтычных і метадалагічных перадумоў, якія вызначаюць канкрэтнае навуковае даследаванне і з'яўляюцца мадэллю, узорам пастаноўкі і рашэння даследчыцкіх задач. П. называецца таксама прызнанае ўсімі навуковае дасягненне, якое на працягу пэўнага часу дае навуковай супольнасці мадэль пастаноўкі праблем і іх вырашэння. @

Пародыя (ад грэч. parodia - літар. «спевы навыварат»),

1) Жанр у літаратуры, музыцы, тэатры, на эстрадзе, свядомая імітацыя ў сатырычных, іранічных і гумарыстычных мэтах індывідуальнай манеры, стылю, напрамку, жанра ці стэрэатыпаў маўлення, паводзін (напр., Казьма Пруткоў). Высмейвацца могуць як асобныя людзі, іх дзеянні, паводзіны, так і ў цэлым грамадскі лад, нявартасная рэчаіснасць. Першыя заходнеэўрапейскія ўзоры П. з'явіліся ў старажытнагрэчаскай літаратуры (паэт Гіпанакт напісаў пародыю на эпічныя паэмы Гамера «Іліяда» і «Адысея»). У сярэднія вякі ўзніклі П. на важнейшы тэкст у сістэме культуры - Біблію, а таксама на богаслужбовыя абрады. У Новы час былі распаўсюджаны П. на творы розных мастацкіх стыляў і плыняў - барока, класіцызм, рамантызм, рэалізм, мадэрнізм і інш.).

2) Перайманне, якое неўсвядомлена скажае ўзор; смешнае, скажонае падабенства чаго-небудзь.

3) Элемент смехавой культуры. @

Парсанс Талкот (1902-1979), амерыканскі сацыёлаг. Распрацаваў тэорыю чалавечага дзеяння як сістэмы, якая самаарганізуецца. Спецыфіка гэтай сісітэмы заключаецца ў яе сімвалічнасці (сімвалічныя механізмы рэгуляцыі - мова, каштоўнасці), нарматыўнасці (яе залежнасць ад агульнапрынятых каштоўнасцей і норм) і валюнтарыстычнасці (суб'ектыўнасць і ірацыянальнасць чалавечага дзеяння). Лічыў, што нарматыўныя ўзоры культуры надаюць адзінства сістэме дзеяння. Аўтар кніг «Структура сацыяльнага дзеяння» (1937), «Сацыяльная сістэма» (1951) і інш. @

Пасіянарнасць (ад лац. passio - пачуццё, пакута), страснае, неадольнае імкненне людзей да ажыццяўлення сваіх ідэй, мэтаў, ідэалаў. Тэрмін «П.» уведзены ў навуковы ўжытак расейскім гісторыкам Львом Гумілёвым (1912-1992), які лічыў яе біяэнергетычнай дамінантай этнагенезу і падсвядомай біялагічнай здольнасцю людзей да звышнапружанняў. Вядомымі пасіянарнымі асобамі, паводле Л.Гумілёва, былі Аляксандар Македонскі, Хрыстафор Калумб, Жанна д'Арк і інш. @

Паскаль Блез (1623-1662), французскі матэматык, фізік, рэлігійны філосаф, пісьменнік; адзін з заснавальнікаў гідрастатыкі. Атрымаў хатнюю адукацыю, з дзяцінства выявіў выдатныя матэматычныя здольнаці. Аўтар навуковых прац па алгебры, арыфметыцы, механіцы, філасофіі, тэорыі лікаў. Сканструяваў першую лічыльную машыну (1642). Адкрыў адзін з асноўных законаў гідрастатыкі (П. закон), эксперыментальна пацвердзіў існаванне атмасфернага ціску і даказаў, што ён памяншаецца з вышынёй. З 1655 г. жыў у кляштары янсеністаў. Аўтар філасофскіх трактатаў і сатырычных твораў. У філасофскіх творах - «Думкі» (апубл. 1669) і інш. выказваў ідэі аб трагічнасці і кволасці чалавека, які знаходзіцца паміж двума бяздоннямі - бясконцасцю і мізэрнасцю («чалавек - часцінка, якая мысліць»). Выступаў за аўтаномію навукі ў адносінах да філасофіі, сцвярджаў каштоўнасць эксперыментальнага метаду. Лічыў, што «чалавек прызначаны для бясконцасці», а розум павінен падначальвацца фактам. Шлях спасціжэння таямніц быцця, выратавання чалавека ад адчаю бачыў у хрысціянстве. Палеміка з езуітамі адлюстравалася ў «Лістах да правінцыяла» (1656-1657) - шэдэўры французскай сатырычнай прозы. Яго імем названа мова праграмавання - паскаль, і адзінка ціску - паскаль. @

«Паток свядомасці», кірунак у літаратуры пераважна мадэрнісцкага зместу 20 ст., у якім непасрэдна апісваюцца душэўнае жыццё, асацыяцыі, перажыванні чалавека. Тэрмін «П.с.» увёў амерыканскі філосаф У.Джэймс, які лічыў, што свядомасць - гэта паток, рака, у якой думкі, адчуванні, спантанныя асацыяцыі пастаянна перабіваюць адзін аднаго і вычварна, «нелагічна» пераплятаюцца. Класічныя творы «П.с.» (раманы М.Пруста, Дж.Джойса, В.Вулф) вызначаюцца надзвычайнай увагай да суб'ектыўных перажыванняў герояў, парушэннем традыцыйнай апавядальнай структуры, змяшчэннем часавых планаў, незвычайнымі эксперыментамі і інш. Літаратура «П.с.» аказала ўплыў на многіх вядомых пісьменнікаў 20 ст. (Э.Хэмінгуэй, У.Фолкнер, А.Хакслі, Г.Грас, Г.Грын, Н.Сарот і інш.). @

Патрыярхат (ад грэч. pater (patros) - бацька + arche - пачатак, улада), эпоха ў развіцці першабытнаабшчыннага ладу, якая змяніла матрыярхат; грамадскі лад, у якім мужчыны дамінавалі ў гаспадарчым і сямейным жыцці, а род вёўся па бацькоўскай лініі. П. узнік у перыяд разлажэння першабытнага грамадства - у канцы неаліта і працягваўся да ранняга жалезнага веку. Пераход ад матрыярхата да П. адбываўся ў выніку развіцця земляробства, выдзялення ў сістэме гаспадарання патрыярхальных сем'яў. У эпоху П. узніклі новыя элементы ў культуры першабытнага грамадства - рамёствы, рацыянальныя веды, культурны герой у міфалагічнай свядомасці і інш.). @

Патэрны культуры, структурныя ўзоры культуры, стэрэатыпы паводзін, якія складваюцца ў рамках пэўнай культуры; устойлівая канфігурацыя сувязей людзей адзін з адным, з прыроднай і прадметнай сферай. Называюцца таксама «культурнымі тэмамі»; у адных культурах найбольшае значэнне маюць такія тэмы, як роўнасць і сацыяльная справядлівасць, у іншых - індывідуальная адказнасць, ваенная доблесць, грашовы поспех і інш. Тэрмін «патэрн» пачала выкарыстоўваць амерыканская даследчыца Р.Бенядзікт (1934). Амерыканскі антраполаг А.Кробер разглядаў «патэрны» як унутраную арганізацыю, структуру аб'екта. Паняцце «П.к.» выкарыстоўваецца ў антрапалогіі, культуралогіі, сацыялогіі, мастацтвазнаўстве для характарыстыкі разнастайных з'яў культуры - спосабаў паводзін, прававых нормаў, жанраў і стыляў мастацкай творчасці, формаў рэлігійных адносін і да т.п. @

Паўлава Ганна Паўлаўна (Мацвееўна; 1881-1931), артыстка балета. Адна з найвялікшых балерын 20 ст. Скончыла Пецярбургскую тэатральную навучальню (1899). З 1899 г. ў Марыінскім тэатры (з 1906 - прыма-балерына). Сярод лепшых партый - Нікія («Баядэрка» Л.Мінкуса, 1902), Жызэль («Жызэль» А.Адана, 1903), Бінт-Анта («Дачка фараона» Ч.Пуньі, 1906) і інш. Праславілася ў харэаграфічным эцюдзе «Паміраючы лебедзь» на музыку К.Сен-Санса. У 1909 удзельнічала ў «Расейскіх сезонах». З 1910 гастралявала са сваёй трупай у многіх краінах свету, сцвярджаючы традыцыі расейскай танцавальнай школы. Мастацтва П. вызначалася музычнасцю, эмацыянальнай дзейснасцю танца, псіхалагічнай змястоўнасцю, шырынёй жанравага дыяпазону. Яе артыстычная дзейнасць адрадзіла інтарэс да балетнага мастацтва ва ўсім свеце. @

Пачуццёвая культура, своеасаблівы тып культуры, для якога характэрны прагматызм, матэрыялізм, геданізм; пачаў фармавацца ў 16 ст. і дасягнуў кульмінацыі ў сярэдзіне 20 ст. Тэрмін «П.к.» уведзены ў навуковы ўжытак П.Сарокіным. Стыль П.к. пераважна натуралістычны, пазбаўлены ўсякага сімвалізму, а ўвага большасці яе носьбітаў накіравана на прадметы і рэчы, якія непасрэдна ўспрымаюцца органамі пачуццяў. Яе героямі выступаюць найчасцей рабочыя, фермеры, хатнія гаспадыні, вар'яты і інш. П.к. імкнецца вызваліцца ад каштоўнасцей ідэацыйнайнай культуры. @

Пекінская опера, сінтэтычны жанр кітайскага тэатральнага мастацтва, які аб'ядноўвае ў адзінае гарманічнае цэлае музыку, спевы, дэкламацыю, харэаграфію, пантаміму, акрабатыку, нават баявыя мастацтвы. Звычайна падрыхтоўка займае шмат гадоў (дзеці пачынаюць займацца з 6-7 гадоў і прыблізна да 17-18 гадоў набываюць усе асноўныя навыкі). П.о. мае сімвалічны характар, бо многія дзеянні, жэсты вызначаюцца сімвалічнай накіраванасцю. Усе акцёры выступаюць у яркім рознакаляровым адзенні, грыме. Грым, адзенне, іх колеры вызначаюць сацыяльны статус, пол, узрост, эмацыянальны стан персанажаў, асаблівасці іх псіхалогіі і інш. Спектаклі ідуць у суправаджэнні невялікіх ансамбляў, у якіх выкарыстоўваюцца традыцыйныя народныя інструменты. У П.о. практычна поўнасцю адсутнічаюць дэкарацыі; выкарыстоўваецца мінімум тэатральнага рэквізіту. @

Пераемнасць культурная, аснова сувязі сённяшняга, мінулага і будучага ў развіцці культурнага працэсу. Сутнасць П.к. заключаецца ў тым, што пры пераходзе ад адных этапаў развіцця культуры да іншых адбываецца захаванне, замацаванне, трансляцыя традыцыйных культурных феноменаў, артэфактаў, асобных рыс культурнага працэсу. @

Персіі (Ірана) Старажытнай культура, сукупнасць культурных здабыткаў жыхароў старажытнай Персіі (Ірана) дзяржавы ў Паўднёва-Заходняй Азіі. Паводле археалагічных звестак, тэрыторыя сучаснага Ірана была заселена чалавекам з канца ніжняга (верхняга) палеаліта. У 3 тыс. да н.э. тут існавала старажытная дзяржава Элам, якая найбольшага росквіту дасягнула ў 13-12 ст. да н.э. У 6-4 ст. да н.э. улада належала дынастыі Ахеменідаў (т.зв. «ахеменідскі перыяд»), пры якой былі значна пашыраны межы краіны, вяліся грэка-персідскія войны, мела месца паспяховае сацыякультурнае развіццё. Найбольшай магутнасці старажытнаперсідская дзяржава дасягнула пры «цары цароў» Дарыі І Вялікім (правіў у 522-486 гг. да н.э.), калі яна з'яўлялася адной з самых вялікіх і моцных імперый у тагачасным свеце. Пасля заваяванняў Аляксандрам Македонскім у 330 г. да н.э. тэрыторыя Персіі ўвайшла ў склад эліністычнай дзяржавы Селеўка (з дынастыі Селеўкідаў), а з сярэдзіны 2 ст. н.э. - Парфянскага царства. У пачатку 3 ст. была створана Сасанідская дзяржава (пануючая дынастыя - Сасаніды). У наступныя стагоддзі працяглыя войны і міжусобіцы аслабілі краіну і ў 7 ст. яна была заваявана арабамі і ўключана ў склад Арабскага халіфата. Да ліку адметных рыс П.С.к. адносяцца пераемнасць, устойлівасць, амаль поўная нязменнасць культурных традыцый, мастацкіх падыходаў. На культуру старажытнай Персіі прыкметны ўплыў аказалі культуры розных народаў і цывілізацый свету - найперш Месапатаміі (Шумера, Асірыі, Акада і Вавілоніі) і Грэцыі эпохі элінізму. У развіцці старажытнаперсідскай культуры важную ролю адыгрывалі спачатку політэістычныя ўяўленні, а пазней зараастрызм. З помнікаў старажытнаперсідскай архітэктуры захаваліся рэшткі асобных зікуратаў, скальных пахавальняў, манументальных палацаў са шматстаўповымі заламі (ападанамі). Гэтыя палацы (у гарадах Персепаль, Пасагады, Сузы і інш.) звычайна аздабляліся каменнымі рэльефамі, іх высокія калоны ўвенчваліся складанымі капітэлямі. У мастацтве перыяду Ахеменідаў і Сасанідаў найбольш развітай была манументальная скульптура - каменныя і шматколерныя рэльефы, вялізныя статуі, а таксама тарэўтыка і гліптыка (мастацтва разьбы па каштоўных і паўкаштоўных каляровых камянях). У другой палове 2-га тыс. да н.э. узнікла эламскае складовае пісьмо, з дапамогай якога запісваліся гаспадарчыя, палітычныя і нават рэлігійныя тэксты. Пазней на тэрыторыі старажытнай Персіі шырока распаўсюдзіліся пісьмовыя мовы Месапатаміі - у першую чаргу шумера-акадская мова (клінапіс). У больш позні перыяд быў створаны старажытнаперсідскі клінапіс, якім звычайна рабіліся надпісы на сценах і калонах царскіх палацаў, пахавальнях. Літаратура старажытнай Персіі прадстаўлена найперш фрагментамі зараастрыйскіх сакральных тэкстаў (1-е тыс. да н.э.), сярод якіх галоўную ролю адыгрывае «Авеста». У Сасанідскі перыяд ствараліся рэлігійна-павучальныя, рэлігійна-гістарычныя і паэтычныя творы на старажытнаперсідскай мове (пехлеві). @

Перформанс (ад англ. performance - выкананне, тэатралізаване прадстаўленне), адна з постмадэрнізму інтэрдысцыплінарных форм, якая ўзнікла ў 1970-х г.; кірунак у авангардысцкім мастацтве канца 20 ст. Уяўляе сабой сістэму дзеянняў выканаўцы ці выканаўцаў, разлічаных на публічную дэманстрацыю (напр., стварэнне мастацкага твору ці іншай акцыі звычайна абсурдысцкага зместу). Нацэлены на пашырэнне свядомасці публікі, на ачышчэнне ад «вар'яцтва» заходняй культуры, на пошук «аўтэнтычнасці», якая ўласціва старажытным, «дацывілізаваным» грамадствам. У адрозненне ад хэпенінга, П. адмаўляецца ад непасрэднага ўцягвання ў дзеянне гледачоў, ад сканадальна-шакіруючых элементаў. Ад тэатра П. адрозніваецца адсутнасцю прасторава-часавых граніц і роляў. Сярод відаў П. - персанальны, аўтабіяграфічны, у якім галоўнае месца займае асоба мастака («нарцысічнае мастацтва», «жывая скульптура»), і калектыўны, які выяўляе сувязь з карнавальнай традыцыяй і народным відовішчам, дзе важную ролю набывае ўдзел публікі. Адбываецца звычайна ў замкнёных пакоях мастацкай галерэі ці на адкрытым паветры. У Беларусі П. вядомы з другой паловы 1970-х г; сярод беларускіх персормераў вядомы А.Вараб'ёў, І.Кашкурэвіч, В.Пятроў, Л.Русава і інш. @

Першабытная культура, сукупнасць вераванняў, традыцый, абрадаў, мастацкіх дасягненняў першабытнага грамадства. Першабытнае грамадства ўзнікла прыблізна 40-50 тыс. гадоў таму назад, у перыяд канчатковага афармлення чалавека сучаснага тыпу, а ў 4-3-м тыс. да н.э. яму на змену прыйшлі першыя цывілізаваныя грамадствы - Месапатамія і Эгіпет. П.к. захавалася да нашых часоў у абарыгенаў Аўстраліі, Акіяніі, некаторых народаў Афрыкі, Паўднёвай Амерыкі. Помнікі П.к. выяўлены на тэрыторыі Эўропы (пераважна ў Гішпаніі і Францыі), Афрыкі. Да ліку найбольш істотных, важных асаблівасцей П.к. адносяцца сінкрэтызм, гамагеннасць, утылітарнасць, магічны рытуалізм. Сінкрэтызм азначае, што ўсе віды і элементы П.к. існуюць у цесным узаемадзеянні, сінтэзе, у шчыльным узаемаперапляценні. Таму толькі дастаткова ўмоўна можна гаварыць асобна пра выяўленчае мастацтва, музыку, танцы, спевы, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, тэатралізаваныя дзеянні і інш. Пра гамагеннасць (аднароднасць) сведчыць тое, што гэтая культура працяглы час захоўвала амаль нязменным сваё ўнутранае ядро і была падобнай у розных рэгіёнах свету. Утылітарнасць праяўлялася ў тым, што П.к. найчасцей была арыентавана на дасягненне практычнай карысці, індывідуальнай і калектыўнай выгоды людзей. Магічны рытуалізм быў заснаваны на рытуальных дзеяннях, магічна-міфалагічным успрыманні свету. Сярод розных відаў першабытнага мастацтва спачатку ўзнікла каменная скульптура; потым - наскальны жывапіс; яшчэ пазней - выраб глінянай пасудзіны і нанясенне на яе арнаменту (пераважна геаметрычнага выгляду). Да ліку тых культурных феноменаў і артэфактаў, якія ўзніклі ў эпоху першабытнага грамадства і працягваюць захоўвацца (хаця нярэдка ў трансфармаваным выглядзе) у сучасны перыяд, адносяцца асобныя рэлігійныя вераванні, культ продкаў, вера ў жыццё чалавека ў «іншасвеце», у знахараў, шаманаў, чарадзеяў і інш; сямейны лад жыцця, калектыўная праца, паляванне, амулеты, талісманы; вера ў існаванне душы, розных духаў, некаторыя святы і інш. @

Перыядызацыя гісторыі культуры, расчляненне працэсу развіцця культуры на асноўныя, якасна адрозныя адзін ад аднаго перыяды ў адпаведнасці з аб'ектыўнымі заканамернасцямі развіцця грамадства. У шматтысячагадовай гісторыі сусветнай культуры можна ўмоўна вылучыць некалькі вялікіх перыядаў. Першы з іх пачаўся прыблізна 40 тыс. гадоў таму назад і закончыўся ў 4-м тыс. да н.э. Гэта быў перыяд распаўсюджання першабытнай культуры, падчас якога чалавек навучыўся размаўляць (але яшчэ не ўмеў пісаць), пачаў выконваць рэлігійныя рытуалы і культы, будаваць першае жыллё, ствараць першыя творы мастацтва - малюнкі, скульптурныя работы. Амаль уся тагачасная культура была магічнай па свайму характару, паколькі была заснавана ў асноўным на магіі: варажбе, замовах, заклінаннях і інш. Другі перыяд працягваўся з 4 тыс. да н.э. да 5 ст. н.э. Ён з'яўляўся адным з самых багатых і плённых у гісторыі чалавецтва. Узніклі першыя цывілізацыі, і з тых часоў культура пачала развівацца на цывілізацыйнай аснове. Культура набыла (акрамя магічнага) яшчэ і міфалагічны характар, бо ў яе функцыянаванні надзвычай важную ролю пачала адыгрываць міфалогія. Найбольш развітыя культурныя рэгіёны гэтага перыяду - Старажытныя Месапатамія, Эгіпет, Індыя, Кітай, Амерыка, Грэцыя, Рым. Менавіта ў гэты перыяд узніклі і хутка развіваліся філасофія, матэматыка, астраномія, медыцына. Такія сферы мастацтва, як архітэктура, скульптура дасягаюць класічных формаў і вышэйшай дасканаласці. У трэці сярэднявечны перыяд (5-15 ст.) узніклі ці атрымалі шырокае распаўсюджанне монатэістычныя рэлігіі (хрысціянства, іслам, будызм). З'явіліся новыя лідэры сусветнага культурнага працэсу - Заходняя Эўропа, Візантыйская і Кітайская імперыі. Рэлігія па-ранейшаму мела духоўнае і інтэлектуальнае дамінаванне, хаця ў канцы гэтага перыяду рацыянальныя пачаткі ўжо пачалі пераважаць над рэлігійнымі. Чацвёрты перыяд ахоплівае адносна непрацяглы тэрмін (16 - першая палова 17 ст.) і называецца эпохай Адраджэння (Рэнесансу). Тады пачалі адраджацца ідэалы і каштоўнасці грэка-рымскай антычнасці. Пазіцыі рэлігіі ўжо не з'яўляліся такімі непахіснымі, як раней, бо галоўнай ідэйнай плынню становіцца гуманізм, у якім на першае месца выходзіць ужо не вера ў Бога, а вера ў чалавека і яго розум. Небывалы росквіт перажывалі практычна ўсе віды і жанры мастацтва, адбыліся важныя адкрыцці ў анатоміі, астраноміі, у асваенні новых зямель і г.д. Пяты перыяд пачаўся з сярэдзіны 17 ст. і працягваецца да сённяшніх дзён. Гэта час хуткага ўзрастання ролі навукі (менавіта ў 17 ст. узнікла сучаснае прыродазнаўства) у жыцці грамадства, далейшай секулярызацыі духоўнага жыцця і мастацкай культуры, што ярка выявілася ў эпоху Асветніцтва. Галоўнымі чалавечымі каштоўнасцямі былі абвешчаны розум, інтэлект. Дзякуючы навуковым дасягненням Захад паступова адціснуў традыцыйна-кансерватыўны Ўсход і выйшаў на першыя пазіцыі ў сусветнай гісторыі. Аднак у другой палове 20 - пачатку 21 ст. зноў пачалося адносна хуткае і паспяховае сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё асобных азіяцкіх краін (Японія, Кітай і інш.). @

«Песня пра Нібелунгаў», нямецкі гераічны эпас. Створаны ў канцы 12 ст. і ўключаў 39 песень. Асноўны сюжэт - вандраванні і звышнатуральныя подзвігі сына караля, выдатнага рыцара Зігфрыда. Пасля яго забойства ўдава Крымхільда сурова помсціць сваім ворагам. Паэма вызначаецца падрабязным апісаннем шматлікіх пабоішчаў, розных прыгод, загавораў, канфліктных сітуацый, рыцарскіх турніраў, святаў і да т.п. Паводле матываў гэтага эпасу нямецкі кампазітар Рыхард Вагнер стварыў музыкальна-драматычную тэтралогію «Кальцо Нібелунгаў». @

«Песня пра Роланда», адзін з найбольш вядомых эпічных літаратурных твораў эпохі Сярэднявечча. Напісана невядомым аўтарам ці некалькімі аўтарамі на старафранцузскай мове і мела (у розных рукапісах) ад 4000 да 6000 вершаў. Фармавалася на працягу 9-11 ст. у рэчышчы вуснай паэтычнай традыцыі. Галоўным героем «П.п.Р.» быў пляменнік караля Карла Вялікага граф Роланд, які мужна змагаўся з арабамі на поўначы Гішпаніі. Адзін з асноўных матываў паэмы - васальная вернасць Роланда свайму каралю і адначасова адданасць сваёй Радзіме - «мілай Францыі», «салодкай Францыі». @

«Песняры», беларускі вакальна-інструментальны ансамбль. Лічыцца піянерам фолк-рока на савецкай эстраднай сцэне. З'явіліся ў 1968 пад назвай «Лявоны» ў складзе: У.Мулявін (гітара, вакал), Л.Тышко (бас), У.Місевіч (саксафон, флейта, вакал), В.Яшкін (клавішныя, ліра). У 1969 да групы далучыліся В.Мулявін (гітара, труба), А.Дзямешка (барабаны), Л.Барткевіч (вакал) і яна атрымала назву «П.». З 1969 пры Беларускай філармоніі, з 1985 Дзяржаўны беларускі эстрадны ансамбль «П.». Першы дыск выйшаў у 1972, асобныя песні з якога («Касіў Ясь канюшыну», «Ой, рана на Йвана», «Рушнікі», «Александрына» і інш.) атрымалі шырокую папулярнасць. У 1970-1980-я г. шмат гастраліравалі ў розных краінах свету - ЗША, Індыя, Германія, Францыя, Швейцарыя, Фінляндыя, Куба, Польшча, Вугоршчына, Югаславія і інш. У рэпертуары апрацоўкі беларускіх народных песень («Купалінка», «А ў полі вярба», «Рэчанька», «Перапёлачка» і інш.), творы беларускіх кампазітараў («Спадчына», «Алеся», «Вераніка», «Мой родны кут», «Жураўлі на Палессе ляцяць» і інш.), паэма-легенда «Гусляр», музычная паэма «Песня пра долю», цыкл песень на вершы Я.Купалы, музычныя праграмы на вершы Р.Бёрнса, У.Маякоўскага, паэтаў-франтавікоў) і г.д. У 1990-я г. склад П. практычна цалкам абноўлены. У 1998 распаўся на два творчых калектывы - уласна «П.» і «Беларускія песняры». Творчасці «П.» уласцівы апора на нацыянальныя традыцыі, творчы пошук, экспрэсіўнасць выканання, каларытнасць гучання, высокі ўзровень вакальна-артыстычнага майстэрства, патрабавальнасць да выбару рэпертуарных твораў. 1-я прэмія міжнароднага фестывалю песні «Залаты леў» у Лейпцыгу (1973). @

Петрарка Франчэска (1304-1374), італьянскі паэт, вучоны-гуманіст. Атрымаў хатнюю адукацыю. Вучыўся ў юрыдычнай школе ў Манпелье. Прыняў духоўны сан. Быў увенчаны лаўрамі лепшага паэта. У лірыцы пераважалі любоўныя і палітычныя матывы. У сваіх творах заклікаў да міру і аб'яднання Італіі. Вяршыня творчасці - «Кніга песень» (апошняя рэдакцыя 1373-1374), якая складаецца з 317 санетаў, многіх канцонаў, балад, мадрыгалаў і аб'яднана ў цыклы «На жыццё мадонны Лауры» і «На смерць мадонны Лауры». У гэтых творах П. ўславіў каханне, раскрыў унутраны свет чалавека, яго погляды і перакананні. Успрымаў прыроду як жывую і разумную істоту, як клапатлівую маці і выхавальніцу, як «натуральную норму» для «натуральнага чалавека». Лічыў паэзію найвышэйшым відам мастацтва і пазнання. Збіраў і каментаваў рукапісы лацінскіх паэтаў. @

Піаф Эдзіт (1915-1963), французская спявачка (шансанье), актрыса. Выступала ў мюзік-холах, драматычным тэатры, у кінафільмах (у т.л. «Безыменная зорка», «Парыж працягвае спяваць» і інш.). Майстэрства П. вызначалася багатым фарбамі і адценнямі голасу, экспрэсіяй і адначасова з гэтым прастатой выканальніцкай манеры, артыстызмам. Стварыла шэдэўры лірычнай песні-споведзі; была аўтарам тэкстаў і музыкі некаторых з іх. У гады другой сусветнай вайны неаднойчы выступала перад ваеннапалоннымі на тэрыторыі Германіі і Францыі, спрабавала аказваць ім пасільную дапамогу. @

Пікасо Пабла (1881-1973), французскі жывапісец, скульптар, графік, гравёр, мастак па кераміцы. Па паходжанні гішпанец. Вучыўся ў Школе выяўленчых мастацтваў (Барселона), у Каралеўскай акадэміі мастацтваў (Мадрыд). Лічыцца адным з заснавальнікаў кубізму (разам з Ж.Бракам). Першы перыяд яго творчасці прынята называць «блакітным» (1904-1905) з-за відавочнай перавагі ў карцінах блакітнай танальнасці (колераў). Затым пачаўся «ружовы перыяд» (1906-1907). З сярэдзіны 1910-х г. ствараў творы ў духу неакласіцызму, у шэрагу работ блізкі да сюррэалізму. Сцвярджаў, што ён любіць мастацтва як «адзіную мэту свайго жыцця» і што «не мог бы жыць, не аддаючы мастацтву ўвесь свой час». Лічыў, што ў жывапісе «важныя толькі знаходкі», а праяўленне ўсякіх пачуццяў адвяргаецца. Творы П. прысвечаны абяздоленым людзям («Дзяўчынка на шары», 1905), маюць грамадскае значэнне (пано «Герніка», 1937), глыбокі гуманістычны змест (малюнак «Голуб свету», 1947). @

«Пікі развіцця» культуры, паняцце, уведзенае амерыканскім культуролагам А.Кроберам для характарыстыкі кірункаў і ўзлётаў развіцця культуры. На яго думку, многія культуры мелі не адзін, а некалькі «пікаў развіцця». Напр, у Германіі і Японіі іх было 4, у Англіі - 3, у Індыі і Кітаі - 2, у антычнай культуры некалькі, а ў арабскай культуры толькі адзін. А.Кробер зрабіў выснову аб тым, што перыяды духоўнага росквіту звычайна не супадаюць з перыядамі эканамічнай магутнасці дзяржаў. @

Пінігін Мікалай (н. 1957), беларускі рэжысёр. Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1979). Працаваў у Дзяржаўным расейскім драматычным тэатры. З 1984 рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы. З 1998 у Санкт-Пецярбургу рэжысёр Вялікага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Г.А.Таўстаногава. Прыхільнік дынамічнай, шматфарбавай рэжысуры, майстар яркага тэатральна-сінтэтычнага відовішча. Сярод лепшых пастановак «Жанчына з мора» Г.Ібсена (1984), «Дракон» Я.Шварца (1989) і «Эмігрант» С.Мрожака (1989), «Тутэйшыя» Я.Купалы (1990; Дзяржаўная прэмія Беларусі 1993), «Ідылія» В.Дуніна-Марцінкевіча (1993), «Дзіця з Віфлеему» (1992, Тэатр-студыя кінаакцёра), оперы «Візіт дамы» С.Картэса (1995), «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (2001; абедзве ў Нацыянальным акадэмічным тэатры оперы) і інш. Паставіў таксама «Капрызы Марыяны» А.Мюсэ (1997), «Хлусня на доўгіх нагах» Э.дэ Філіпа (2000) у тэатры імя Г.Таўстаногава. @

Піраміда (ад грэч. pyramis), манументальная пабудова, якая мае геаметрычную форму піраміды (часам ступенчатую ці вежападобную). П. называюць пахавальні старажытнаэгіпецкіх фараонаў 3-2 тыс. да н.э. (самая вялікая з іх - Хеопса ў Гізе, 28-27 ст. да н.э., вышыня 146,6 м.). П. успрымаецца як сусветны цэнтр, сімвал вечнасці, стваральнай сілы Сонца і несмяротнасці фараона. Магла таксама сімвалізаваць працэс узыходжання чалавека да неба, Бога. Старажытныя эгіпцяне называлі П. «жыллём для вечнасці». Захаваліся таксама храмы ў форме П. у некаторых краінах Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі. @

Платон (428-347 гг. да н.э.), старажытнагрэчаскі філосаф, педагог. Быў вучнем Сакрата. Прыблізна ў 387 да н.э. заснаваў у Афінах т.зв. «Акадэмію» (філасофскую школу), галоўнай мэтай дзейнасці якой была падрыхтоўка будучых цароў-філосафаў. Стваральнік тэорыі аб'ектыўнага ідэалізму. У адпаведнасці з асноўнымі пастулатамі гэтай тэорыі, рэальна існуюць не пачуццёва ўспрымальныя рэчы, а ідэя як звышпачуццёвае быццё, якое можна спасцігнуць толькі розумам (таму вучэнне А. - ідэалізм); ідэі існуюць самі па сабе, незалежна ад усіх рэчаў, для якіх яны з'яўляюцца прычынай і ўзорам (таму вучэнне П. - аб'ектыўны ідэалізм). Бачыў асноўную прычыну крызісу сучаснага яму грамадства ў тым, што светам пачалі правіць «тыраны, якія не ўсведамлялі дасканаласці рэчаў» і не валодалі сапраўднай маральнасцю. Паводле вучэння П., увесь свет як бы падзяляецца на дзве часткі: звычайны паўсядзённы свет, што ўспрымаецца органамі пачуццяў, і нябачны свет ісцінных сутнасцей (асобных ідэй і Вечнай, Абсалютнай Ідэі, ці, інакш кажучы, Бога), які можа спасцігнуць толькі таленавіты чалавек-мастак у стане інтэлектуальнага ўздыму, творчага натхнення. Звычайны чалавек прызнае існаванне толькі першага, бачнага свету, у той час як філосаф-інтэлектуал, надзелены т.зв. «боскай іскрай», можа пранікнуць сваім унутраным поглядам у нябачную рэальнасць і спасцігнуць ісціну. Распрацаваў канцэпцыю т.зв. «платанічнага кахання», заснаванага не на фізічнай цязе, а на духоўным адзінстве, агульнасці); адным з першых расказаў пра існаванне Атлантыды. У найбольш знакамітай сваёй філасофскай працы «Дзяржава» (каля 375 да н.э.) П. у выглядзе выдуманага дыялогу з Сакратам апісаў сваё разуменне дасканалага грамадства, у якім кіруе адукаваны цар-філосаф, дзе забяспечаны дэмакратычныя свабоды, гуманныя, агульначалавечыя каштоўнасці. Акрамя правіцеляў-філосафаў, у такім грамадстве пражываюць прадстаўнікі яшчэ двух асноўных саслоўяў - воіны і работнікі (працаўнікі). @

Плісецкая Мая Міхайлаўна (н. 1925), расейская артыстка балета, балетмайстар. Народная артыстка СССР (1959). Скончыла Маскоўскую харэаграфічную навучальню (1943). У 1943-1990 салістка Вялікага тэатра ў Маскве. У 1983-1984 мастацкі кіраўнік балетнай трупы Рымскага опернага тэатра, у 1988-1990 - «Тэатра лірыка насіяналь» (Мадрыд). Для яе выканаўчага стылю характэрны шырокая палітра харэаграфічных фарбаў ад лірызму да моцных парываў, тэхнічная віртуознасць, стыхійная непасрэднасць, драматычная экспрэсія, псіхалагічная глыбіня, выразнасць рухаў. Сярод яе лепшых партый - Маша («Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Мірта («Жызэль» А.Адана), Адэта-Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Раймонда ў аднайменным балеце (музыка А.Глазунова і інш.). Да позняга перыяду адносяцца работы ў «Кармэн-сюіце», а таксама знакаміты сольны нумар балерыны «Паміраючы лебедзь». П. паставіла балеты свайго мужа Р.Шчадрына «Ганна Карэніна», «Чайка» (1980) і «Дама з сабачкай» (1985), прычым выканала ў іх галоўныя ролі. Здымалася на тэлебачанні і ў кіно («Вайна і мір», 1966). Аўтар кнігі «Я, Майя Плісецкая» (1994). У 1994 прайшоў першы міжнародны балетны конкурс «Мая» (Санкт-Пецярбург). Яе творчасці прысвечаны дакументальныя фільмы «Мая Плісецкая» (1964), «Балерына» (1969) і інш. Прэмія Г.Паўлавай 1962 (Парыж). @

Плюралізм у культуры (ад лац. pluralis - множны), адзін з фундаментальных прынцыпаў пабудовы прававога грамадства, які сцвярджае неабходнасць раўнапраўя шматлікіх суб'ектаў эканамічнага, палітычнага і культурнага жыцця грамадства і гатоўнасць дамінуючай культуры абараняць гэтыя неад'емныя правы (напр., правы нацыянальных або сексуальных меншасцей). @

Політэізм (ад грэч. poly - многа + theos - бог), шматбожжа, вера ў некалькіх або многіх багоў. Узнік у перыяд разлажэння першабытнай абшчыны на аснове адухаўлення і персаніфікацыі стыхійных сіл і розных з'яў прыроды (гл. Анімізм, Татэмізм, Фетышызм). Характэрны для многіх старажытных і асобных сучасных рэлігій (напр., сінтаізму). Політэістычнымі былі рэлігіі старажытных эгіпцян, грэкаў, рымлян і інш., а таксама некаторых народаў Афрыкі, Паўднёвай Амерыкі, Акіяніі. У сувязі з усталяваннем і пашырэннем монатэістычных рэлігій (будызм, хрысціянства, іслам і інш.) колькасць прыхільнікаў політэістычных вераванняў значна скарацілася. У дахрысціянскі перыяд на беларускіх землях у пантэоне язычніцкіх багоў найбольш шанаваліся Пярун, Вялес, Сварог, Дажбог, Ярыла і інш. Распаўсюджанне хрысціянства прывяло да паступовага выцясненя і знікнення былых політэістычных вераваняў, уяўленняў мясцовых жыхароў. @

Поп-арт (англ. pop art - папулярнае, агульнадаступнае мастацтва), мадэрнісцкая мастацкая плынь, якая ўзнікла ў другой палове 1950-х г. у ЗША і Вялікабрытаніі. Адмовіўся ад звычайных метадаў жывапісу і скульптуры, культывуе нібы выпадковае, часта парадаксальнае спалучэнне гатовых бытавых прадметаў, механічных копій (фатаграфія, муляж, рэпрадукцыя), фрагментаў масавых друкаваных выданняў розных формаў (рэклама, прамысловая графіка, коміксы і інш.). Прадстаўнікі П.-а. выкарыстоўваюць у сваіх кампазіцыях рэальныя бытавыя прадметы (кансервавыя банкі, часткі машын, старыя рэчы) і іх механічныя копіі (фотаздымкі, рэпрадукцыі, муляжы, выразкі з коміксаў і ілюстраваных часопісаў). П.-а. лічыць выпадковае, адвольнае спалучэнне падобных рэчаў сапраўдным сучасным мастацтвам. Сярод адметных рысаў П.-а. - парадаксалізм і абсурднасць, іронія і сарказм, імкненне паказаць адваротны бок традыцыйных з'яў і феноменаў, свядомае парушэнне рэальных прапорцый і аб'ёмаў. Прыхільнікі П.-а. былі аднымі з ініцыятараў такіх новых форм мастацкага самавыяўлення, як інсталяцыя, інварайнмент, хэпенінг. @

Поп-культура (ад англ. popular - папулярны, агульнадаступны), сукупнасць неаавангардысцкіх поглядаў на мастацтва, якія сфармаваліся ў 1960-я г. і выявіліся ў адмаўленні вопыту папярэдніх пакаленняў; пошук новых форм у мастацтве, стылі жыцця, які адлюстроўвае светапоглядны пратэст моладзі супраць ханжаскай маралі сучаснага заходняга грамадства. @

Поп-музыка (ад англ. popular music - папулярная, агульнадаступная музыка), сукупнасць плыняў масавай музычнай культуры, якія пачалі актыўна распаўсюджвацца ў другой палове 20 ст. Часам яе атаясамліваюць з лёгкай музыкай, эстраднай музыкай. Сам тэрмін «П.-м.» узнік у 1950-я г. і спачатку прымяняўся для абазначэння рок-музыкі. Да П.-м. традыцыйна адносяць практычна ўсе з'явы камерцыйнай музычна-забаўляльнай індустрыі. Уключае розныя музычныя стылі - «фолк» і «кантры» (паходзіць ад традыцый сельскага фальклору белых жыхароў ЗША), «соўл» (спалучэнне элементаў «рытм-энд-блюза» і рэлігійных песнапенняў), «фанк» (спалучэнне «госпел» і танцавальнай музыкі афрыканскага паходжання); «рэгі» (з элементамі традыцыйнай музыкі народаў Карыбскага басейна), «дыска» (танцавальная музыка эўрапейскіх дыскатэк) і інш. Асноўны прынцып П.-м. - стварэнне стылявых стэрэатыпаў (у т.л. з элементаў народнай, класічнай музыкі, джаза), якія аблягчаюць успрыманне і забяспечваюць камерцыйны поспех. П.-м. звязана з разгалінаванай сістэмай музычна-забаўляльных паслуг, з шоў-бізнесам. Распаўсюджваецца праз гуказапіс, аўдыё- і відэакасеты, кампакт-дыскі, Інтэрнет. Тэматыка твораў П.-м. разнапланавая - ад перадачы ідэалізаваных пачуццяў, адчування эмацыянальна-псіхалагічнага камфорту да пратэстных ідэй, тэндэнцый, вострай сацыяльнай крытыкі. Нярэдка мастацкі ўзровень сучасных твораў П.-м. бывае даволі нізкі, мелодыі з'яўляюцца прымітыўнымі, а тэксты многіх песень вызначаюцца безгустоўнасцю, часам яўнай пошласцю, адсутнасцю глыбокага зместу.

У беларускай П.-м. на працягу мінулых дзесяцігоддзяў склаўся і дамінаваў жанр эстраднай песні (пераважна лірычнага характару). Найбольш плённа і паспяхова ў гэтай галіне з 1970-1980-х г. працавалі і працягваюць працаваць такія вядомыя беларускія кампазітары, як І.Лучанок, У.Буднік, Э.Зарыцкі, Л.Захлеўны, В.Іваноў, У.Мулявін, Э.Ханок, А.Елісеенкаў і інш. Сярод найбольш вядомых и папулярных выканаўцаў - В.Вуячыч, Т.Раеўская, Я.Еўдакімаў, Я.Паплаўская і А.Ціхановіч, В.Дайнека, І.Афанасьева, М.Скорыкаў, Л.Ялінская, І.Дарафеева і інш. Папулярызацыі П.-м. спрыяе дзейнасць Дзяржаўнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. @

Попер Карл (1902-1994), ангельскі філосаф, сацыёлаг, логік, эканаміст. Займаўся выкладчыцкай працай у Новай Зеландыі. Прафесар Лонданскай школы эканомікі. Распрацаваў канцэпцыю «адкрытага» і «закрытага» грамадства. Гэтыя паняцці ён выкарыстоўваў для апісання культурна-гістарычных і палітычных сістэм, характэрных для асобных грамадстваў на розных этапах іх гістарычнага развіцця. Паводле П., адкрытае (або свабоднае) грамадства вызначаецца такімі рысамі, як дэмакратычнасць, крытычнасць, здольнасць даволі хутка мяняцца і прыстасоўвацца да абставін знешняга асяроддзя, рацыянальнае спасціжэнне рэчаіснасці, індывідуалізм. Адкрытыя сістэмы не баяцца абвяржэння сваіх фундаментальных ісцін, таму яны маюць немалыя шанцы на паспяховае эканамічнае і культурнае развіццё. Для закрытага грамадства, наадварот, уласцівы аўтарытарызм, дагматызм, кансерватызм, застыласць, амаль поўная нязменнасць у сферы грамадска-палітычнага і сацыяльна-эканамічнага жыцця, а таксама магічнае мысленне, ірацыяналізм, калектывізм. На яго думку, закрытыя грамадствы з'яўляюцца нецярпімымі і неадчувальнымі да крытыкі, няздольнымі да прагрэсу; яны душаць любыя творчыя парывы, любыя спробы набыць духоўную незалежнасць, і ўрэшце рэшт гінуць з-за ўласнай акамянеласці. Сцвярджаў, што развіццё цывілізацыі ідзе ад закрытых да адкрытых грамадскіх сістэм. У якасці прыкладаў закрытых сістэм ён прыводзіў старажытную Спарту, Прусію, царскую Расею, нацысцкую Германію, Савецкі Саюз эпохі сталінізму, а адкрытых - старажытныя Афіны, краіны т. зв. «заходняй дэмакратыі». Паводле П., навука не павінна звысок ацэньваць уласны жыццёвы вопыт «звычайнага» чалавека. Сярод найбольш вядомых твораў П. - «Беднасць гістарызму» (1944), «Адкрытае грамадства і яго ворагі» (1945) і інш. @

Постімпрэсіянізм, мастацкая плынь у эўрапейскім мастацтве. Узнік у сярэдзіне 1880-х г. Яго асноўныя прадстаўнікі - французскія мастакі П.Сезан, В.ван Гог, П.Гаген і інш. П. вызначаецца большай рэалістычнасцю ў параўнанні з імпрэсіянізмам, пошукам новых выяўленчых сродкаў, якія б дапамаглі перайсці ад імпрэсіяністычнай фіксацыі асобных імгненняў жыцця да ўвасаблення яго больш працяглых станаў, матэрыяльных і духоўных канстантаў. @

«Постіндустрыяльнае грамадства», абазначэнне новай стадыі грамадскага развіцця, якая пачала складвацца з другой паловы 20 ст. у развітых краінах свету. Тэрмін «П.г.» атрымаў пашырэнне з 1970-х г., пасля выхаду ў свет аднайменнай кнігі амерыканскага сацыёлага Д.Бэла. У іншых канцэпцыях называецца таксама «тэхнатроннае грамадства» (З.Бжэзінскі), «інфармацыйнае грамадства», «посткапіталістычнае грамадства». У П.г. на першы план выходзіць сфера паслуг, у якой цэнтральнае месца займаюць навука і адукацыя. У сацыяльнай структуры вядучая роля пераходзіць да вучоных і да прафесійных спецыялістаў. Тэарэтычныя веды служаць крыніцай новаўвядзенняў і фармавання палітыкі. Галоўнай сферай дзейнасці грамадства становіцца вытворчасць, размеркаванне і спажыванне інфармацыі. @

Постмадэрнізм (постмадэрн; ад слоў post - пасля + modern - сучасны),

1) мастацкі стыль і спосаб светаўспрымання, паводзін людзей у другой палове 20 ст. Для П. уласцівы аб'яднанне ў межах аднаго твора вобразаў, матываў і мастацкіх сродкаў розных гістарычных эпох, рэгіёнаў і субкультур; алегарычнасць, своеасаблівая «цытатнасць», часам гратэскнасць, незвычайнасць форм. П. адмовіўся ад рацыяналістычнага падыходу, ад усякіх ацэнак, абмежаванняў, рэгламенту, упарадкаванасці, нормаў, каштоўнаснай іерархіі і да т.п. Элементы постмадэрнісцкай паэтыкі сустракаюцца ў творчасці беларускіх паэтаў М.Танка, А.Вярцінскага, А.Разанава, некаторых больш маладых творцаў (напр., В.Жыбуль, З.Вішнёў, М.Баярын, С.Мінскевіч, А.Бахарэвіч, І.Сін і інш.). У галіне выяўленчага мастацтва праводзяцца выстаўкі постмадэрнісцкіх работ, якія нярэдка суправаджаюцца хэпенінгамі і перформансамі. Сярод беларускіх мастакоў-постмадэрністаў - А.Клінаў, Т.Копша і інш., якія ствараюць пераважна разнастайныя калажы, рэдзі-мэйд.

2) Плынь эўрапейскай філасофскай думкі, якая склалася ў краінах Заходняй Эўропы ў другой палове 20 ст. Сярод асноўных прадстаўнікоў - Ж.Дэрыда, Х.Гадамер, М.Фуко, Рыкерт, часткова М.Хайдэгер і інш. У іх філасофскіх творах разгарнулася сапраўдная крытыка розуму, рацыяналістычнага пачатку, логікі; сцвярджалася немагчымасць з дапамогай розуму спасцігнуць ісціну, раскрыць аб'ектыўную рэальнасць. @

Постмадэрнізму інтэрдысцыплінарныя формы, абагульняючае паняцце для абазначэння відэа, інсталяцыі, перформанса, хэпенінга, флуксуса. Уяўляюць сабой сукупнасць форм творчай актыўнасці, якія ўзніклі ў працэсе ўзаемадзеяння розных відаў мастацтва і атаясамліваюцца постмадэрнізмам з пазамастацкімі сферамі дзейнасці. @

Постструктуралізм, кірунак у філасофскіх і гуманітарных ведах, які атрымаў развіццё ў 1970-1980-я г. у форме крытыкі, пераадолення структуралізму. У П. знайшоў адлюстраванне агульны стан духоўнай культуры заходняга грамадства - падзенне прэстыжу навукі, страта веры ў сацыяльны прагрэс, дэгуманізацыя грамадскіх адносін. Разглядае свет культуры як феномен пісьмовай культуры, бясконцы і бязмежны тэкст, унутры якога знаходзіцца і сам індывід. У П. замест індывідуальнага суб'екта (як у структуралізме і экзістэнцыялізме) на першы план выходзіць калектыўнае «Я», малая група аднадумцаў. Для яго ўласцівы дэканструкцыя (аналітычнае расчляненне паняццяў), дэцэнтрацыя, дыскурсіўны (канцэптуальны, лагічна-рацыянальны) аналіз мовы культуры, інтэрпрэтацыя прасторы культуры як знакавай сістэмы, якая складаецца з тэкста (паводле Ж.Дэрыда, «нічога не існуе па-за тэкстам») і кантэкста, сціранне прасторава-часавых межаў быцця культуры. П. выступае філасофскай, канцэптуальнай асновай постмадэрнізму. @

Праваслаўе (ад слоў «правільна славіць Бога»), адзін з асноўных (разам з каталіцызмам і пратэстантызмам) кірункаў у хрысціянстве. Узнікла з падзелам у 395 г. Рымскай імперыі на Заходнюю і Ўсходнюю. Багаслоўскія асновы П. сфармаваліся ў Візантыі на працягу 9-11 ст. Канчаткова склалася як самастойная царква ў 1054 з падзелам хрысціянскай царквы на каталіцкую і праваслаўную. Вераспавядальную аснову П. складаюць Свяшчэннае Пісанне (Біблія) і Свяшчэннае Паданне (рашэнні першых сямі Ўсяленскіх сабораў і працы айцоў Царквы 2-8 ст.). Важнейшыя догматы праваслаўнага веравучэння: - трыадзінства Бога; - богаўвасабленне; - збавенне; - уваскрэсенне і ўзнясенне Ісуса Хрыста. Найбольш важны догмат у праваслаўных вернікаў - вера ў адзінага Бога, які мае тры іпастасі: Бог-Бацька, Бог-Сын і Бог-Дух Святы, прычым Святы Дух сыходзіць толькі ад Бога-Бацькі. У П. сем таінстваў (культавых дзеянняў, якія павінны даць чалавеку Божую ласку: хрышчэнне, мірапамазанне, еўхарыстыя (святое прычасце), пакаянне (споведзь), шлюб, святарства, елеапамазанне (сабораванне). П. складаецца з некалькіх аўтакефальных (самастойных) цэркваў. Найбольш распаўсюджана ў асобных краінах СНД (найперш Расеі, Украіне, Беларусі), у Грэцыі, Румыніі, Балгарыі, Югаславіі, на Кіпры і інш. Агульная колькасць праваслаўных вернікаў складае звыш 150 млн. чал.

Пачаткам гісторыі праваслаўнай царквы ў Беларусі прынята лічыць 992 - год заснавання Полацкай епархіі. На працягу стагоддзяў П. адыгрывала прыкметную ролю ў грамадска-культурным жыцці Беларусі: развіцці школьніцтва, пашырэнні кніжнай навукі і пісьменства. У Вялікім Княстве Літоўскім П. зведвала як перыяды свабоднага развіцця, так і часы абмежаванняў, узмоцненай барацьбы з іншымі канфесіямі. Пасля заключэння Берасцейскай вуніі 1596 частка праваслаўных епіскапаў і вернікаў перайшла ва вуніяцтва. Пасля далучэння беларускіх зямель да Расейскай імперыі пачаўся працэс паступовага замацавання праваслаўнай царквы як пануючай у дзяржаве. Полацкі царкоўны сабор 1839 прыняў рашэнне пра канчатковае далучэнне вуніятаў да праваслаўнай царквы. Пасля царскага ўказа 1905 аб верацярпімасці пачаўся пераход з П. ў каталіцтва. У савецкі перыяд царква ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі была аддзелена ад дзяржавы. У 1922 створана Менская мітраполія, у 1927 абвешчана Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква. У наступныя дзесяцігоддзі многія цэрквы былі зачынены, а святары і вернікі падвяргаліся пераследаванням, рэпрэсіям. Актывізацыя царкоўнага жыцця адбывалася з канца 1980-х г. У 1989 створаны Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхата (Беларуская праваслаўная царква). Дзейнічаюць брацтвы, сястрынствы, манастыры, духоўная акадэмія, духоўная навучальня. Выдаюцца часопісы, газеты, царкоўныя календары і інш. рэлігійная літаратура. @

«Прагісторыя», канцэпцыя З.Фрэйда, якая развіццё гістарычна ранніх формаў чалавечай супольнасці апісвае па аналогіі з працэсам фармавання асобы і тыпамі сямейных адносін. На яго думку, спачатку ў чалавечым грамадстве дамінавала першабытная арда, у якой пераважалі сілавыя, прымусовыя формы сацыяльнага кантролю і якой кіраваў адзін бацька-правадыр. Потым некалькі маладых братоў (сябраў гэтай арды) зрабілі забойства аўтарытарнага бацькі-правадыра. Пасля гэтага першабытная арда паступова перарасла ў брацкую абшчыну, заснаваную на экзагаміі (забароне шлюбаў у межах аднаго калектыву), разнастайных табу і татэмічных забаронах, якія павінны былі захаваць памяць аб забойстве бацькі і пераадолець адчуванне сваёй віны. Паводле Фрэйда, менавіта з дадзенымі псіхалагічнымі і сацыяльнымі абставінамі (амбівалентныя адносіны да бацькі, пачуццё ўласнай віны) было звязана фармаванне «культурных» формаў сацыяльнага рэгулявання - этыкі, рэлігіі, ідэалогіі і інш. @

Прагматызм (ад грэч. pragma - дзеянне, справа), вучэнне, якое трактуе філасофію як агульны метад рашэння праблем, што паўстаюць перад людзьмі ў розных жыццёвых сітуацыях. Узнік і атрымаў найбольшае пашырэнне ў ЗША ў першай палове 20 ст., дзе яго асноўнымі прадстаўнікамі былі Ў.Джэмс, Ч.Пірс, Дж.Дзьюі. Паводле П., аб'екты пазнання існуюць незалежна ад свядомасці, мысленне з'яўляецца сродкам для прыстасавання арганізма да асяроддзя з мэтай паспяховага дзеяння. Ісціна трактуецца ў П. як форма практычнай карыснасці («Не сапраўднае карысна, а карыснае сапраўдна»). @

Праметэй, у грэчаскай міфалогіі тытан, багаборца, абаронца людзей ад дэспатызму багоў. З'яўляецца адным з вечных вобразаў, сімвалам мужнага пакутніка, які ахвяраваў сабой дзеля чалавечага роду. Паводле міфаў, стварыў з зямлі і вады людзей, навучыў іх будаваць жыллё, вадзіць караблі, далучыў да астраноміі, медыцыны, пісьма. Выкраў у багоў з Алімпа агонь і прынёс яго людзям, за што раззлаваны Зеўс загадаў прыкаваць П. да скалы. Кожны дзень на працягу тысячагоддзяў да П. прылятаў арол і дзёўб яго печань, якая за ноч адрастала. Старажытнагрэчаскі герой, сын Зеўса Геракл забіў арла і вызваліў П. У старажытных Афінах культ П. шанавалі адначасова з культамі Гефеста і Афіны. Існавала свята ў гонар П. - праметэі - бег з факеламі. Адначасова з гераічнай (Эсхіл, Гесіёд) у антычнасці існавала трактоўка П. як хітрага падманшчыка багоў, які не разлічыў магчымых наступстваў сваіх добрых намераў для чалавека (Гарацый). Вобраз П. - адзін з найбольш значных у сусветнай літаратуры (П.Кальдэрон, І.В.Гётэ, Дж.Байран, П.Б.Шэлі, Ф.Кафка і інш.), яму прысвечаны творы выяўленчага мастацтва (Л.Карачы, П.П.Рубенс, Я.Іорданс і інш.) і музыкі (Л.Бетховен, А.Скрабін і інш.). @

Прастора і час у мастацтве, катэгорыі, з дапамогай якіх у гісторыі эстэтыкі класіфікуюцца віды мастацтва - прасторавыя, у якіх не заўважаецца руху (архітэктура, скульптура, жывапіс, графіка), і часавыя, якія працягваюцца пэўныя адрэзкі часу (музыка, балет, драма, пантаміма і інш.). У сучаснай эстэтыцы і мастацтвазнаўстве такая класіфікацыя падвяргаецца перагляду, паколькі чалавечае ўспрыманне прасторавых феноменаў культуры заўсёды ажыццяўляецца ў часе. @

Прастора культурная, частка прыроднага асяроддзя, якая зведала ўплыў культурна-стваральнай дзейнасці чалавека і праз наяўнасць у ёй асобных культурных артэфактаў (напр., карціны, кнігі, часопісы, скульптурныя творы і інш.) аказвае на людзей выхаваўчае, эстэтычнае ўздзеянне. У П.к. ўваходзяць музеі, бібліятэкі, мастацкія галерэі, тэатры, кінатэатры, навучальныя і навукова-даследчыя ўстановы, архітэктурныя помнікі і г.д. @

Пратэстантызм (ад лац. protestans - той, хто публічна даказвае), адзін з трох асноўных кірункаў хрысціянства (разам з каталіцызмам і праваслаўем). Адкалоўся ад каталіцызму ў ходзе Рэфармацыі (16 ст.). Аб'ядноўвае мноства самастойных плыняў, цэркваў, сект (лютэранства, кальвінізм, англіканская царква, баптысты, метадысты, адвентысты і інш.). Для П. характэрны: адсутнасць прынцыповага супрацьпастаўлення духавенства цывільным, адмаўленне ад складанай царкоўнай іерархіі, спрошчаны культ, адсутнасць манаства. У П. няма культу Багародзіцы, святых, анёлаў, абразоў, а колькасць таінстваў зведзена да двух (хрышчэнне і прычашчэнне). Прынцып усеагульнага свяшчэнства заклаў аснову дэмакратычнай арганізацыі абшчын (роўнасць цывільных і духавенства; выбарнасць; справаздачнасць). Асноўная крыніца веравучэння - Свяшчэннае Пісанне (Біблія). Распаўсюджаны галоўным чынам у ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі, Нідэрландах, Швейцарыі, Аўстраліі, Канадзе, скандынаўскіх і прыбалтыйскіх краінах. Агульная колькасць прыхільнікаў звыш 300 млн. чал. У 16 ст. на беларускіх землях П. пашырыўся найперш у форме кальвінізму (рэфармацтва), у меншай ступені - лютэранства, арыянства. Пратэстанцкую веру прымалі звычайна прадстаўнікі мясцовага магнацтва, шляхты, а таксама частка гараджан. З другой паловы 16 ст. пад уплывам узмацнення Контррэфармацыі пэўная колькасць былых пратэстантаў была вымушана перайсці ў каталіцтва. У сучасны перыяд П. прадстаўлены ў Беларусі такімі плынямі, як лютэранства, баптызм, пяцідзесятніцтва, адвентызм, рэфармацтва, менаніцтва і інш. @

Прымітывізм (ад лац. primitivus - першы, самы ранні), у выяўленчым мастацтве канца 19-20 ст. свядомае, праграмнае «апрашчэнне» мастацкіх сродкаў, звяртанне з гэтай мэтай да формаў т.зв. «прымітываў» - твораў першабытнага, сярэднявечнага, народнага мастацтва, да дзіцячай творчасці і да т.п. Рысы П. (імкненне да першаснай чысціні светаўспрымання, эмацыянальнай яснасці) уласцівы творчасці П.Гагена, прадстаўнікоў мастацкай групы «Набі». Да П. адносяць таксама творчасць т.зв. «наіўных мастакоў», якія не атрымалі прафесійнай адукацыі і былі самавукамі (напр., А.Русо, Н.Пірасманішвілі і інш.). @

Прырода,

1) у шырокім сэнсе - усё існае, увесь навакольны свет ва ўсёй бясконцай разнастайнасці сваіх праяўленняў. Выкарыстоўваецца ў адным шэрагу з паняццямі «Сусвет», «Універсум». Уяўляе сабой аб'ектыўную рэальнасць, якая існуе незалежна ад свядомасці людзей.

2) Асяродак знаходжання чалавека і існавання чалавечага грамадства, які ўключае таксама і спецыяльна створаныя чалавекам матэрыяльныя ўмовы яго існавання - «другую прыроду». Рэальная аснова адносін чалавека да П. - яго практычная дзейнасць, акультурванне натуральнай П. Ва ўмовах ператварэння навукі ў прадукцыйную сілу стыхійнасць уздзеяння чалавека на П. змяняецца глабальным кіраваннем, што ў сваю чаргу забяспечвае пераход ад утылітарна-прагматычных да сацыякультурных адносін да П. Ідэя абсалютнага ўладарання над П. змяняецца ідэяй адносін грамадства і П. як роўных партнёраў (наасфера), што прыводзіць да змены каштоўнасных парадыгмаў у культуры. @

Прэслі Элвіс (1935-1977), амерыканскі спявак, гітарыст, кінаакцёр. Лічыўся «каралём рок-н-рола», быў кумірам моладзі. Першыя запісы зрабіў у 1953. Яго называлі «белым, які спявае зусім як негр». Для амерыканскай публікі ён быў увасабленнем бунту супраць пурытанскага белага грамадства. Валодаў моцным, незвычайным «гіпнатычным» голасам. Запісваў не толькі класічныя рок- і поп-шлягеры, але нават і рэлігійныя гімны, калядныя балады. Здымаўся ў кінафільмах («Кахай мяне пяшчотна», «Турэмны рок», «На ўсе рукі майстар» і інш.). Яго першыя пласцінкі - «Усё ў парадку, мама», «Блакітны Месяц Кентукі», «Містычны цягнік» - выйшлі ў 1954-1955. З 1956 выступаў на тэлебачанні ў папулярных музычных шоў. Выканальніцкая манера П. вызначалася надзвычайнай энергічнасцю, наступальнай агрэсіўнасцю, харызматычнай прыцягальнасцю, экстравагантнай манерай паводзін на сцэне (напр., знакамітае вярчэнне сцёгнамі). @

Псіхааналіз,

1) метад псіхатэрапіі і псіхалагічнае вучэнне, якія ставяць у цэнтр увагі неўсвядомленыя псіхічныя працэсы і матывацыі. Распрацаваны ў канцы 19 - пачатку 20 ст. аўстрыйскім лекарам З.Фрэйдам. Ад П. як канкрэтнай тэорыі і метаду псіхатэрапіі неабходна адрозніваць фрэйдызм, які ўзводзіць асноўныя палажэнні П. ў ранг філасофска-антрапалагічных прынцыпаў. Фрэйд распрацаваў псіхічную структуру асобы, у якой вылучаюцца неўсвядомленае «Яно» (сфера інстынктаў і схільнасцей, жаданняў; своеасаблівы рэзервуар псіхічнай энергіі чалавека), свядомае «Я», што стрымлівае ірацыянальныя імпульсы «Яно» з дапамогай розных ахоўных механізмаў, заснаваных на выцясненні, і «Звыш-Я» (сфера сацыяльных нормаў, маральных установак, сумлення). Пасля фармавання «Звыш-Я» ўвесь псіхічны апарат пачынае функцыянаваць як адзіная цэльная структура. У аснове П. як сістэмы псіхатэрапіі - аналіз выцясненых комплексаў з дапамогай свабодных асацыяцый, тлумачэння сноў і інш. Культура тлумачыцца як вынік сублімацыі інстынктаў, пераўтварэння іх у сферу духоўнай творчасці і сацыяльнай актыўнасці. Унутраныя супярэчнасці канцэпцыі Фрэйда і яго паслядоўнікаў прывялі да з'яўлення ў пачатку 20 ст. новых школ і кірункаў «індывідуальнай псіхалогіі» А.Адлера і «аналітычнай псіхалогіі» К.Г.Юнга. Пашырэнне П. ў краінах Эўропы пачалося пасля стварэння ў 1908 Міжнароднай псіхааналітычнай асацыяцыі. У 1920 адкрыўся Псіхааналітычны інстытут у Берліне, які пачаў выпускаць прафесійных лекараў-псіхааналітыкаў. Пасля другой сусветнай вайны развіццё П. адбывалася ў значнай ступені пад уплывам філасофіі экзістэнцыялізму, фенаменалогіі, неатамізму, неафрэйдызму. У сучасны перыяд у свеце (пераважна ў ЗША і Заходняй Эўропе) існуе мноства вучэбных і даследчыцкіх інстытутаў П., выпускаецца шмат адпаведнай навуковай і навукова-папулярнай літаратуры. Ідэі П. аказалі даволі моцны і неадназначны ўплыў на многіх прадстаўнікоў заходняй літаратуры, выяўленчага мастацтва, грамадска-палітычнай думкі (напр., на Т.Мана, Ю.О'Ніла), а таксама на філасофію, псіхалогію, медыцыну, іншыя навукі. Спробы прымянення метаду П. характэрны для шэрагу мадэрнісцкіх і постмадэрнісцкіх кірункаў выяўленчага мастацтва і літаратуры 20 ст. (напр., сюррэалізму, «патока свядомасці» і інш.).

2) У літаратуразнаўстве П. - спосаб трактоўкі літаратурных твораў з пункту гледжання вучэння аб неўсвядомленым, падсвядомасці. Мастацкая творчасць разглядаецца як сімвалічнае выражэнне псіхічных імпульсаў і схільнасцей (пераважна сексуальных), якія адвергнуты рэчаіснасцю і знаходзяць кампенсаторнае задавальненне ў галіне фантазіі. П. выяўляе ў гісторыі літаратуры ўстойлівыя сюжэтныя схемы, у якіх аўтар індэнтыфікуе сябе з героем і апісвае або выкананне сваіх падсвядомых схільнасцей, або іх трагічнае сутыкненне з сіламі сацыяльнай і маральнай забароны (напр., «Цар Эдып» Сафокла, «Гамлет» У.Шэкспіра, «Браты Карамазавы» Ф.Дастаеўскага). Першыя ўзоры прымянення П. да літаратуры даў З.Фрэйд (работы «Паэт і фантазія», «Дастаеўскі і бацьказабойства»). Можа выкарыстоўвацца пры вывучэнні прадуктаў міфалогіі і «масавай культуры», дзе свядомае «Я» асобы раствараецца ў неўсвядомленым «Яно» і здымаюцца ўласна эстэтычныя крытэрыі. @

Псіхея (ад грэч. «душа»), у старажытнагрэчаскай міфалогіі ўвасабленне чалавечай душы. Выяўлялася ў выглядзе матылька, птушкі або дзяўчыны. У рамане старажытнарымскага пісьменніка Апулея «Метамарфозы» П. апісваецца як прыгожая царская дачка, у якую закахаўся сын багіні Афрадыты Эрат (Амур). Пасля доўгіх пошукаў, пераадолення розных перашкод П. змагла назаўсёды ўз'яднацца са сваім каханым. Каханне П. і Эрата - распаўсюджаны сюжэт у літаратуры, выяўленчым мастацтве. @

Пташук Міхаіл (1943-2002), беларускі кінарэжысёр, акцёр, прадзюсер. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1982). Народны артыст Беларусі (1990). Дзяржаўная прэмія Беларусі 1982. Скончыў рэжысёрскі факультэт Тэатральнай навучальні імя Б.Шчукіна (1967), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы Дзяржкіно СССР (1972; майстэрня Г.Данеліі). Працаваў рэжысёрам у тэатрах Масквы і Казані. З 1974 на кінастудыі «Беларусьфільм». Атрымалі шырокую вядомасць яго экранізацыі вядомых літаратурных твораў беларускіх пісьменнікаў - «Вазьму твой боль» (паводле І.Шамякіна, 1982), «Чорны замак Альшанскі» (2 серыі, паводле Ў.Караткевіча, 1983), «Знак бяды» (паводле В.Быкава, 1986). Сярод фільмаў канца 1980-1990-х г. - гісторыка-палітычныя стужкі «Наш браняпоезд» (1988), «Кааператыў «Палітбюро» (1992), «У жніўні 44-га...» (2000). Паставіў тэлевізійны фільм «Нас выбраў час» (1978), фільм-спектакль Менскага тэатра «Вольная сцэна» «Макбэт» (1997). Работы П. неаднаразова атрымлівалі высокія ўзнагароды на прэстыжных кінафестывалях. Для яго творчай манеры ўласцівы абвостраная ўвага да складаных гісторыка-філасофскіх праблем, псіхалагічная заглыбленасць, упэўненасць рэжысёрскага почырку і да т.п. @

Пусэн Нікала (1594-1665), французскі жывапісец; заснавальнік і буйнейшы прадстаўнік класіцызму ў выяўленчым мастацтве 17 ст. Вывучаў італьянскае мастацтва, займаўся анатоміяй і матэматыкай. Аддаваў перавагу розуму і рацыянальнаму спасціжэнню свету, і ў той жа час лічыў, што мэтай мастацтва павінна быць забеспячэнне эстэтычнага задавальнення чалавека. У яго працах пераважае ясны кампазіцыйны рытм, узвышаны лад вобразаў, эмацыянальнасць інтэнсіўнага каларыту, глыбіня філасофскага роздуму над вечнымі праблемамі быцця (напр., «Танкрэд і Эрмінія», 1630-я г.). Спачатку ў яго творчасці пераважалі творы на гістарычныя і рэлігійна-міфалагічныя тэмы, потым на пярэдні план выйшла тэма гармоніі чалавека і прыроды. П. развіваў прынцыпы «ідэальнага пейзажу», у адпаведнасці з якімі прырода з'яўляецца ўвасабленнем найвышэйшай дасканаласці і мэтазгоднасці (напр., карціны «Пейзаж з Арфеем і Эўрыдыкай», «Трыумф Флоры» і інш.). Яго асноўныя творы - «Венера і Адоніс», «Спячая Венера», «Вакханалія», дзе выяўлены вобраз дасканалага целам і духам чалавека. @

Пушкін Аляксандар Сяргеевіч (1799-1837), расейскі паэт; родапачынальнік новай расейскай літаратуры, стваральнік сучаснай расейскай літаратурнай мовы. Скончыў Царскасельскі ліцэй (1817). Першы верш надрукаваў у 1814. У ранняй лірыцы выявіліся рамантычныя, свабодалюбівыя матывы, адлюстраваны моцныя пачуцці, яркія страсці («Руслан і Людміла», 1820; «Каўказскі палоннік», 1820-1821; «Бахчысарайскі фантан», 1821-1823 і інш.). Для лепшых яго твораў уласцівы пераканаўчая рэалістычнасць, глыбіня спасціжэння фундаментальных праблем асобы і грамадства, рэльефнасць і сіла характараў, універсальнасць паэтычнага мыслення, вытанчанасць і лёгкасць верша (паэмы «Палтава», 1828; «Медны коннік», 1833; трагедыя «Барыс Гадуноў», 1824-1825; раман у вершах «Яўген Анегін», 1823-1831; раман «Капітанская дачка», 1836, і інш.). Асноўныя тэмы паэзіі П. - каханне, сяброўства, творчае прызванне, сэнс і апраўданне быцця, душэўнае выратаванне, маральнае ачышчэнне і да т.п. У 1836 пачаў выдаваць часопіс «Современник». Увёў у літаратурны слоўнік тэрмін «народнасць». Паводле П., Беларусь, беларусы з'яўляліся неад'емнай часткай Расейскай імперыі і расейскай народнасці, адным са «славянскіх ручаёў», тым «народом, издревле нам родным», за які ў зацятай барацьбе працяглы гістарычны перыяд змагаліся «кичливый лях» і «верный росс». П. пазнаёміў Расею з усімі эўрапейскімі літаратурнымі жанрамі і творчасцю асобных заходнеэўрапейскіх пісьменнікаў. @

Пярун, бог маланкі ў індаэўрапейскай і славянскай міфалогіі; адзін з вярхоўных багоў пантэона старажытных славян. Лічыўся богам грому, маланкі і нябеснага агню, які з лукам і стрэламі нібыта ездзіў на вогненнай калясніцы і туды, дзе людзі ці іншыя істоты тварылі беззаконні, нядобрыя справы, пускаў «агонь-маланку». Для абазначэння ўдару маланкі беларусы карысталіся словам «пярун», які лічыўся, паводле народных уяўленняў, «божаю стрэлкаю». @

Ра, вярхоўны бог эгіпецкага пантэона, бог сонца, цар і бацька багоў, стваральнік Сусвету. Меў выгляд сокала, а таксама чалавека з галавой сокала, на галаве якога быў сонечны дыск. Лічыцца, што Р. нарадзіўся з кветкі лотаса, якая вырасла на першасным узгорку. Па другой версіі, Р. нарадзіўся з хаосу, пустаты, а затым сам спарадзіў першых багоў Шу і Тэфнут. @

Рабле Франсуа (1494-1553), французскі пісьменнік-гуманіст; буйнейшы прадстаўнік літаратуры французскага Адраджэння. Вучыўся ў медыцынскай школе, працаваў лекарам. Праславіўся сваім раманам «Гарганцюа і Пантагруэль» (кн. 1-4, 1533-1552; кн. 5., апубл. ў 1564), дзе адмаўляў сярэднявечны аскетызм, усякія забабоны і абмежаванні духоўнай свабоды чалавека, а праз гратэскныя вобразы герояў (веліканы Гарганцюа і Пантагруэль, праўдашукальнік Панург) сцвярджаў гуманістычныя ідэалы свайго часу. Быў прыхільнікам утапічнага культу гарманічнага чалавека, забеспячэння ўсіх яго цялесных і духоўных патрэбнасцей. @

Рагуля Аляксей (н. 1935), беларускі літаратуразнавец, культуролаг. Кандыдат філалагічных навук (1975), прафесар (1994). Скончыў БДУ (1957). Настаўнічаў, з 1970 у Беларускім педагагічным універсітэце. Працаваў на кафедры беларускай літаратуры, з 1992 - загадчык кафедры гісторыі і тэорыі культуры. Даследуе гісторыю развіцця нацыянальнай культуры і літаратуры, праблемы метадалогіі і філасофіі культуры, творчасць беларускіх пісьменнікаў (В.Быкава, І.Мележа, К.Чорнага, Г.Далідовіча і інш.). Лічыць, што стварэнню гарманічных адносін паміж чалавечым і прыродным універсумамі спрыяюць такія асаблівасці беларускай культуры, як паэтызацыя адзінства чалавека з прыродным космасам, культ зямлі і плоднасці, усведамленне непаўторнай каштоўнасці чалавечага існавання, захаванне і эфектыўнае выкарыстанне духоўных скарбаў нацыі, спецыфікі яе менталітэту, сацыяльных форм быцця, мастацкай культуры, традыцыйнай маралі і этыкі. Аўтар манаграфіі «Імгненні...» (1990), зборніка літаратурна-крытычных артыкулаў «Пафас станаўлення» (1991), падручнікаў і навучальных дапаможнікаў па літаратуры, культуралогіі, методыцы выкладання. @

Радкліф-Браўн Альфрэд (1881-1955), ангельскі культурантраполаг, этнолаг. Адзін з лідэраў брытанскай школы сацыяльнай антрапалогіі, тэарэтык функцыянальнай школы ў этнаграфіі. Вучыўся ў Кембрыджскім універсітэце (1901-1906). Выкладаў у Сіднейскім, Чыкагскім, Оксфардскім і інш. універсітэтах. Быў сябрам Брытанскай і замежных акадэмій, першым прэзідэнтам Брытанскай асацыяцыі сацыяльных антрапалогаў. Праводзіў палявыя этнаграфічныя даследаванні на Андаманскіх астравах і ў Заходняй Аўстраліі (1906-1912). Разглядаў культуру як сістэму функцыянальна ўзаемазалежных элементаў, у якой дзейнічаюць агульныя законы або функцыі. Паводле Р.-Б., для вытлумачэння якіх-небудзь культурных феноменаў (звычай, традыцыя, прымха, норма) неабходны аналіз, які злучаў бы функцыянальна пэўны элемент са структурай усёй культуры. Аўтар работ «Метады этналогіі і сацыяльнай антрапалогіі» (1940), «Структура і функцыя ў прымітыўным грамадстве» (1952) і інш. @

Разанаў Алесь (н. 1947), беларускі паэт. Вучыўся ў БДУ (1966-1968), скончыў Берасцейскі педагагічны інстытут (1970). Настаўнічаў, працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва», бюлетэні «Родная прырода», у 1974-1986 у выдавецтве «Мастацкая літаратура», з 1992 у Нацыянальным навукова-асветніцкім цэнтры імя Ф.Скарыны, у 1994-1999 у часопісе «Крыніца». Друкуецца з 1961. Аўтар паэтычных зборнікаў «Адраджэнне» (1970), «Назаўжды» (1974), «Каардынаты быцця» (1976), «Шлях-360» (1981), «Вастрыё стралы» (1988; Дзяржаўная прэмія імя Я.Купалы 1990), «У горадзе валадарыць Рагвалод» (1992), «Дзверы» (Беласток, 1994, разам з Н.Артымовіч), «Паляванне ў райскай даліне» (1995), «Рэчаіснасць» (1998), «Гліна. Камень. Жалеза» (2000) і інш.; літаратурна-крытычных рэфлексій («Медытацыі назбоч «Шляху-360», 1981; «Нататкі на дубовых лістах», 1983; эсэ «Жыта і васілёк: Слова пра Максіма Багдановіча», 1997) Для паэзіі Р. характэрны філасофскі роздум над праблемамі бясконцага і непаўторнага свету прыроды, мінулага і сучаснасці, нацыянальна-гістарычнай памяці, асобы і часу, быццём і духоўнымі магчымасцямі чалавека. Яго творы вызначаюцца складанай асацыятыўнасцю і метафарычнасцю, эксперыментамі ў галіне паэтычнай формы (увёў у беларускую паэзію жанры версэтаў, вершаказаў, квантэмаў, зномаў, пункціраў). Сродкамі сучаснай беларускай мовы ўзнавіў творы Кірылы Тураўскага, Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага, М.Сматрыцкага, І.Пацея і інш. На беларускую мову перакладае з расейскай, чэшскай, нямецкай, летувіскай, балгарскай, шведскай і іншых моў. @

Райт Франк Лойд (1867-1959), амерыканскі архітэктар, заснавальнік т.зв. «арганічнай архітэктуры». Вучыўся ў Віскансінскім універсітэце. Працаваў у архітэктурнай кампаніі, у 1893 адкрыў уласную майстэрню ў Чыкага. Спраектаваў 800 і пабудаваў каля 400 будынкаў. Ствараў праекты «дамоў прэрый». Разглядаў будынак як арганізм з адзінай прасторай, якая свабодна развіваецца і звязаная з прыродным асяроддзем. Пабудовам Р. (напр., музей Гугенхайма ў Нью-Ёрку, 1956-1959) уласцівы індывідуальнасць і пластычнасць вобліку. Імкнуўся да стварэння гарманічных элементаў архітэктурнай кампазіцыі, да дасягнення сувязі паміж будынкам і навакольным асяроддзем. Займаўся пераважна праектаваннем жылых пабудоў. Чытаў публічныя лекцыі, пісаў шмат артыкулаў па архітэктуры. Аўтар мастацтвазнаўчых кніг «Будучыня архітэктуры» (1953), «Натуральны дом» (1954), а таксама «Аўтабіяграфіі» (1932). @

Ракако (ад франц. rococo - ракавіна), стыль у эўрапейскіх пластычных мастацтвах і архітэктуры 1-й паловы - сярэдзіны 18 ст. Найбольшае пашырэнне атрымаў у Францыі. Для яго характэрны своеасаблівая манернасць, вытанчанасць, легкаважкасць. У ім спалучаюцца геданізм, пачуццёвасць, адкрытая фрывольнасць, экзатычнасць, парадаксальнасць, алагічнасць, узнёслая паэтычнасць, эстэтызм, арыстакратычнасць. Аднымі з найбольш яркіх прадстаўнікоў Р. былі французскія жывапісцы Ж.А.Фраганар, Ф.Бушэ і інш. У Беларусі рысы Р. выявіліся ў палацава-сядзібнай і культавай архітэктуры 18 ст. Мясцовыя магнаты будавалі сядзібныя дамы, паляўнічыя домікі, якія мелі рысы Р. (Альбінскі палацава-паркавы ансамбль, Станіславоўская сядзіба і інш.). У інтэр'еры палацаў і сядзібных дамоў стыль Р. выявіўся пераважна ў мудрагелістым, часта асіметрычным аздабленні арнаментальнымі матывамі ў выглядзе стылізаваных завіткоў з галінак, кветак, лісця, хваль, ракавін. У культавых збудаваннях рысы Р. выявіліся ў архітэктурных формах віленскага барока, у канструкцыі і дэкоры алтароў, амбонаў (Слонімскі касцёл бернардзінцаў, Гарадзенскі езуіцкі касцёл і інш.). @

Раманс, камерны музычна-паэтычны твор для голасу з інструментальным суправаджэннем (найчасцей фартэпіянным). Тэксты Р. могуць мець лірычны, сатырычны, апавядальны характар. Шырокае распаўсюджанне Р. атрымаў у 19-20 ст. (Бетховен, Шуберт, Шуман, Ліст, Брамс, Грыг, Глінка, Чайкоўскі, Рахманінаў і інш.). Часам Р. называюць пявучыя інструментальныя п'есы: Р. для фартэпіяна Чайкоўскага, Р. для скрыпкі з аркестрам Бетховена. @

Раманскі стыль (ад лац. romanus - рымскі), стыль сярэднявечнага мастацтва. Склаўся і быў распаўсюджаны ў 10-13 ст. пад уплывам традыцый старажытна-рымскага і візантыйскага мастацтва. Архітэктура Р.с. вызначалася дакладнасцю форм, суровай мужнай прыгажосцю, унушальнасцю памераў і ўрачыстай сілай. Найбольш вядомымі помнікамі раманскай архітэктуры былі царква ў Клюні (11 ст.), царква Нотр Дам дзю Пор у Клермон-Феране (12 ст.), знакаміты саборны ансамбль у Пізе (12-14 ст.). Для выяўленчага мастацтва Р.с. былі характэрны прыкметны схематызм, сімвалічная абагульненасць, напружаная духоўная выразнасць, імкненне да выяўлення розных фантастычных істот і інш. Большасць скульптурных і жывапісных твораў раскрывала біблейскія сюжэты (найперш сцэны Страшнага Суда), паказвала Ісуса Хрыста, святых, ілюстравала падзеі старажытнай гісторыі. Асноўным відам жывапіснай тэхнікі была фрэска, хаця пачынаў распаўсюджвацца вітраж. У Беларусі рысы архітэктуры Р.с. ўзніклі ў 13-14 ст. - Камянецкая вежа, Наваградскі замак, Лідскі замак, Крэўскі замак. Для збудаванняў былі ўласцівы манументальнасць, масіўнасць канструкцый, аздабленне абстрактна-геаметрычным арнаментам і скульптурай з умоўнай трактоўкай фігур у спалучэнні з павышанай экспрэсіяй. @

Рамантызм (франц. romantisme), ідэйны і мастацкі кірунак у эўрапейскай культуры канца 18 - пачатку 19 ст. Склаўся спачатку ў Германіі і Францыі, а потым распаўсюдзіўся на іншыя эўрапейскія краіны. Упершыню тэрмін «Р.» пачаў выкарыстоўваць нямецкі пісьменнік Э.Т.А.Гофман. Асветніцкаму рацыяналізму і культу ведаў Р. супрацьпаставіў вышэйшую каштоўнасць духоўнага жыцця свабоднай асобы, якая жыве не розумам, а найперш моцнымі пачуццямі, страсцямі, фантазіяй і інтуіцыяй. Рамантыкі былі незадаволены рэальным светам, імкнуліся адмежавацца ад яго, таму шукалі выйсце ў вяртанні да старажытных вытокаў, міфалогіі, экзатычнага і загадкавага Ўсходу. У творчасці прадстаўнікоў Р. знайшлі адлюстраванне духоўная сіла і прыгажосць чалавека, індывідуалістычны бунт супраць мяшчанства, цікавасць да фантастычных сюжэтаў, імкненне да мастацкага асэнсавання і ідэалізацыі папярэдніх эпох. У галіне эстэтыкі Р. супрацьпаставіў ідэі «пераймання прыроды», якая культывавалася класіцызмам, прынцып пераўтварэння свету. Творы рамантычнага стылю звычайна мелі арыгінальную, наватарскую форму, нярэдка былі напоўнены шчымлівай настальгіяй па лепшых часах, а таксама пачуццём «сусветнага смутку». У галіне літаратуры найбольш яркімі фігурамі Р. з'яўляліся Дж.Г.Байран, В.Гюго, Э.Гофман і інш., музыкі - Р.Шуман, Р.Вагнер, выяўленчага мастацтва - Т.Жэрыко, Э.Дэлакруа і інш.

У беларускай літаратуры рысы Р. (у спалучэнні з традыцыямі класіцызму і сентыменталізму) выявіліся ў першай палове 19 ст. ў творчасці Я.Баршчэўскага, Я.Чачота, В.Дуніна-Марцінкевіча, А.Рыпінскага. Вядучае месца ў творчасці беларускіх рамантыкаў занялі нацыянальна-вызваленчыя і гуманістычна-асветніцкія ідэалы. Р. прынёс у беларускую літаратуру новага героя селяніна. Прыёмы і матывы Р. пазней знайшлі развіццё ў творчасці Я.Купалы («Курган», «Бандароўна», «Магіла льва»), Я.Коласа («Сымон-Музыка»), М.Багдановіча («Страцім-лебедзь»), Цёткі («Мора»), З.Бядулі («Салавей»). Рамантычны кірунак моцна адчуваўся ў паэзіі і прозе 1920-1950-х г. (М.Чарот, У.Дубоўка, М.Зарэцкі, К.Чорны, М.Лынькоў, П.Броўка, А.Куляшоў, М.Танк, П.Панчанка і інш.). У сучаснай літаратуры рамантычныя тэндэнцыі найбольш выразныя ў лірыцы і малых жанрах прозы (мініяцюра, навела, апавяданне, кароткая аповесць). Яркімі, самабытнымі ўзорамі рамантычнага кірунку з'яўляліся раманы і драмы Ў.Караткевіча («Нельга забыць», «Чорны замак Альшанскі», «Званы Віцебска», «Маці ўрагану»). Асобныя рысы Р. выразна выступаюць у раманах, аповесцях і апавяданнях Я.Брыля, В.Быкава, А.Карпюка, І.Навуменкі і інш. У архітэктуры Р. выявіўся пераважна ў формах т.зв. «несапраўднай готыкі» (сядзіба ў в. Прылукі Менскага раёна). Быў пашыраны ў каталіцкіх культавых будынках (касцёл у г.п. Відзя Браслаўскага раёна). У канцы 18 ст. Р. пашырыўся ў садова-паркавым мастацтве: паркі ўпрыгожваліся штучнымі руінамі, гротамі, памятнымі плітамі, абеліскамі. У сферы выяўленчага мастацтва ён спалучаўся, суседнічаў з элементамі класіцызму. Найбольш ярка выявіўся ў творчасці жывапісцаў Я.Дамеля («Вызваленне Касцюшкі з няволі», «Аўтапартрэт» і партрэт А.Гюнтэра), В.Ваньковіча («Міцкевіч на скале Аюдаг»), Я.Сухадольскага, В.Дмахоўскага, І.Хруцкага, скульптараў Р.Слізеня, графікаў А.Бартэльса, Б.Клямбоўскага і інш. @

«Рамаяна» (санскр. «Сказанне пра Раму»), старажытнаіндыйская эпічная паэма. Створана на санскрыце ў канцы 1-га тыс. да н.э. - пачатку 1-га тыс. н.э. і была прысвечана подзвігам царэвіча Рамы, які з'яўляецца (разам з Крышнай) аб'ектам культу ў вішнуізме. Аўтарства паэмы прыпісваецца індыйскаму мудрацу Вальмікі. Складаецца амаль з 24 тысяч рыфмаваных двухрадкоўяў. У паэме Рама разглядаецца як аватара (ці зямное ўвасабленне) бога Вішну, што закліканы пазбавіць свет ад цара дэманаў-людаедаў (ракшасаў) Раваны ў выніку барацьбы за вызваленне сваёй жонкі Сіты. У сярэднія вякі стала адной са свяшчэнных кніг індуізму. «Р.» - багатая крыніца сюжэтаў і вобразаў, якія атрымалі развіццё ў літаратурах розных краін Усходу. @

Распрадмечванне і апрадмечванне, паняцці, якія абазначаюць супрацьлеглыя пачаткі ў змесце чалавечай дзейнасці. Распрадмечванне з'яўляецца працэсам, у якім якасці і сутнасць знешняга ў адносінах да чалавека свету становяцца яго здабыткам у выніку ўспрымання, пазнання і пераўтварэння прыроды і соцыуму. Чалавек як суб'ект культуры ў сваёй дзейнасці распрадмечвае не толькі прыродныя працэсы і з'явы, але і розныя формы і тыпы культуры, сферы яе быцця. Апрадмечванне - гэта працэс, у якім чалавечыя здольнасці, веды і вопыт, накіраваныя на пераўтварэнне прыроды і соцыуму, увасабляюцца ў прадметах матэрыяльнай і духоўнай культуры, становяцца «чалавечым прадметам» (К.Маркс). Чалавечая дзейнасць апрадмечваецца таксама ў культуры чалавечых адносін: змяняючы свет прыроды і соцыуму, чалавек змяняе і самога сябе. Р. і а. раскрываюць унутраны дынамізм культуры, які існуе толькі ў працэсе няспыннай стваральнай дзейнасці, засваення рэчаіснасці чалавекам. @

Рафаэль Санці (1483-1520), італьянскі мастак, архітэктар; прадстаўнік Высокага Адраджэння. Вучыўся ў свайго бацькі Дж.Санці, у П.Перуджына. Быў галоўным архітэктарам сабора Св. Пятра, кіраваў археалагічнымі раскопкамі ў Рыме, займаўся аховай антычных помнікаў. Яго мастацтва нярэдка вызначаюць як сапраўдную «залатую сярэдзіну», бо яго кампазіцыі пераўзыходзяць усё, што створана ў эўрапейскім жывапісе, сваёй абсалютнай гармоніяй, эстэтычнай дасканаласцю. У гісторыю сусветнай мастацкай культуры Р. увайшоў найперш як стваральнік шматлікіх «Мадоннаў» - «Мадонна Конестабіле», «Мадонна ў зелені», «Мадонна ў крэсле» і інш. Аднак сапраўдная вяршыня яго творчасці - алтарная кампазіцыя «Сіксцінская Мадонна» (1516), створаная для бенедзікцінскага кляштара. Сярод манументальных прац Рафаэля - роспісы ватыканскіх апартаментаў Папы Рымскага (тут мастаку дапамагалі яго вучні). Яго фрэскі ў Ватыканскім палацы прысвечаны розным праблемам багаслоўя, філасофіі, паэзіі і правасуддзя. У карцінах і фрэсках Р. - ідэальна-узвышанае выяўленне хрысціянскіх вобразаў, антычных міфаў і чалавечай гісторыі. У жывапісе і архітэктуры творы Р. апошніх гадоў яго жыцця паслужылі адпраўной кропкай для майстроў наступнага этапу развіцця італьянскага мастацтва - маньерызму. Творчасць Р. зрабіла вялікі ўплыў на эўрапейскі жывапіс 16-19 ст. @

Розенфельд Усер (н. 1934), беларускі філосаф і культуролаг. Доктар філасофскіх навук (1988), прафесар (1990). Скончыў Адэскі педагагічны інстытут (1955). З 1965 у Гарадзенскім універсітэце (з 1990 загадчык кафедры культуралогіі). Кіраўнік Цэнтра этнаканфесійных і сацыякультурных даследаванняў. Вывучае праблемы гісторыі філасофіі і культуралагічнай думкі, тэорыі і гісторыі культуры, этнасацыяльныя, канфесіянальныя і сацыякультурныя заканамернасці развіцця грамадства, спецыфіку этнаканфесійнай і нацыянальнай самасвядомасці народаў Заходняй Беларусі. Сярод асноўных прац - «Гісторыя сусветнай культуры: У 4 ч. Ч. 1-2» (1996-1998; у сааўт.); «Беларусы і палякі: Дыялог народаў і культур. Х-ХХ ст.» (2000; у сааўт.); «Этнасацыяльныя і канфесіянальныя праблемы ў сучасным грамадстве» (2000; у сааўт.) і інш. @

Рок-музыка, абагульненая назва сукупнасці стыляў і кірункаў сучаснай папулярнай музыкі; кірунак у эўрапейскай і амерыканскай папулярнай музыцы (з 1950-х гг.), які зарадзіўся на хвалі сацыяльных «нонканфармісцкіх» моладзевых рухаў. Сфармавалася ў сярэдзіне 20 ст. ў Вялікабрытаніі і Злучаных Штатах Амерыкі ў форме рок-н-рола. Набыла сусветную вядомасць з 1960-1970-х гг. дзякуючы найперш творчасці брытанскіх рок-груп «Бітлз», «Ролінг Стоўнз», «Куін» і інш. У Р.-м. рытмічны і гарманічны пачатак звычайна прэваліруе над меладычным. Для яе ўласцівы непасрэдная падача музычнага матэрыялу, жывое гучанне інструментаў з істотным узмацненнем гуку, жорсткімі рытмавымі структурамі, імкненне выказвацца адкрыта, ад першай асобы. Найчасцей тэксты і музыку песень пішуць самі рок-музыканты. На тэрыторыі былой СНД да ліку найбольш вядомых калектываў Р.-м. адносяцца «Машына часу», «Аракс», «ДДТ», «Аліса», «Наўцілус Пампіліус» (Расея), «Магнетык бэнд» (Эстонія), «Ляманты Відаплясава», «Акіян Эльзы» (Украіна). У Беларусі першыя рок-групы ўзніклі яшчэ ў 1970-я г. («Адлюстраванне», «Зарціпо», «Сузор'е» і інш.). У наступныя дзесяцігоддзі атрымалі вядомасць такія беларускія рок-гурты, як «Крама», «Бонда», «Уліс», «Мясцовы час», «N.R.M.», «Нейра Дзюбель» і інш. @

Рок-н-рол (англ. rock'n'roll, rock and roll - літар. трасіся і пагойдвайся), асноўная і найбольш традыцыйная форма рок-музыкі; парны імправізацыйны танец амерыканскага паходжання. Узнік у пачатку 1950-х г. і хутка распаўсюдзіўся дзякуючы сродкам масавай інфармацыі (тэлебачанне, радыё, кіно, грампласцінкі, касеты). Уяўляе сабой сінтэз моцна акцэнтаванай рытмавай асновы блюза і мелодыкі стылю кантры. Характарызуецца маторна-танцавальным метрарытмам, выкарыстаннем электрамузычных інструментаў, павышанай дынамікай, экспрэсіяй, спецыфічнай вакальна-выканальніцкай манерай, якая ўзыходзіць да старажытных негрыцянскіх традыцый. Яго найбольш вядомымі прадстаўнікамі былі Э.Прэслі, Б.Хейлі, Ч.Бэры, Л.Рычард, і інш. @

Рок-опера, сцэнічна-музычны жанр; музычна-драматычны твор, стылістычнай асновай якога з'яўляецца рок-музыка. Узнікла ў 1960-я г. у ЗША і Вялікабрытаніі ў выніку спалучэння традыцый оперы і рок-музыкі на аснове форм, уласцівых аперэце, мюзіклу, часткова джазу. Сярод найбольш вядомых Р.-о. - «Ісус Хрыстос - суперзорка» Э.Л.Уэбера (паст. 1971, экранізацыя 1972), «Фантом у оперы» Уэбера і Ц.Райса (1987), «Арфей і Эўрыдыка» А.Журбіна (1975), «Зорка і смерць Хаакіна Мур'еты» (1976) і «Юнона і Авось» (1981) А.Рыбнікава, «Стадыён» А.Градскага (1982) і інш. У Беларусі да жанру Р.-о. можна аднесці «Курган» І.Лучанка ў выкананні «Песняроў» (1977). @

«Ролінг Стоўнз» (Rolling Stones - літар. «камяні, якія коцяцца»), ангельская рок-група. Створана ў 1962 г. у Лондане. Больш-менш актыўна выступае да сённяшняга часу. У першы ўсклад уваходзілі вакаліст М.Джагер (н. 1943), гітарысты К.Рычард (н. 1943) і Б.Джонс (1942-1969), піяніст І.Сцюарт (1938-1985), пазней прыйшлі Б.Уаймен (бас-гітара), Ч.Уотс (ударныя). Дэбютавалі ў 1962, першы альбом пад назвай «Rolling Stones» выйшаў у 1964. У другой палове 1960-х г. атрымала міжнароднае прызнанне; росквіт спелага майстэрства прыйшоўся на 1970-я г. У пачатку 1990-х г. музыканты групы, якія даўно сталі культавымі фігурамі, зрабілі беспрэцэдэнтнае турнэ за ўсю гісторыю існавання рок-музыкі. У першыя гады існавання ў рэпертуары пераважалі творы рок-н-рола, песні дуэта Джагер-Рычардс, а з канца 1960-х - г. толькі ўласныя песні. Выконваюць рознастылёвыя песні - ад кантры да блюза. Музыка «Р.С.» вызначаецца арыгінальнасцю гучання, моцнай энергетыкай, насычанай эмацыянальнасцю, бунтарскімі паводзінамі і тэкстамі песень, гарманічным зліццём непаўторнага голасу Джагера і запамінальных гіпнатычных рытмаў. Група з'яўляецца лідэрам сярод рок-музыкантаў па колькасці «залатых», «плацінавых» і «мультыплацінавых» альбомаў і адзіным калектывам, які працягвае выступаць і рабіць запісы на працягу чатырох дзесяцігоддзяў. @

Рубенс Пітэр Паўэл (1577-1640), нідэрландскі жывапісец, малявальшчык. Бываў у Італіі, дзе сур'ёзна вывучаў творчасць Мікеланджэла, іншых італьянскіх жывапісцаў. Створаныя ім манументальныя рэлігійныя кампазіцыі («Зняцце з Крыжа», каля 1611-1614 і інш.) вызначаюцца характэрнымі для жывапісу барока тэатральнасцю кампазіцыі, драматызмам, бурным, імклівым рухам, яркімі каляровымі кантрастамі. Нярэдка звяртаўся да сюжэтаў з Бібліі і антычнай міфалогіі, прычым у сваіх творах услаўляў каханне, паўнакроўную прыгажосць аголенага чалавечага цела, пачуццёвую радасць зямнога быцця («Саюз Зямлі і Вады», каля 1618). Надзвычайнай віртуёзнасцю і лірычнасцю адзначаны яго т.зв. «інтымныя партрэты» (у т.л «Партрэт камерысткі інфанты Ізабелы», каля 1625), дзе ён з дапамогай празрыстых каляровых пераходаў і мяккіх рэфлексаў перадаў паэтычную абаяльнасць і трапяткую жыццёвасць мадэлі. Істотнае месца ў творчасці Р. займалі пейзажныя творы, якія прасякнуты адчуваннем стыхійных сіл прыроды або, наадварот, паэзіяй мірнага быцця («Возчыкі камянёў», каля 1620; «Пейзаж з вясёлкай», каля 1632). Яго па праву называюць «вялікім кампазітарам колеру». Жывапісу Р. ўласцівы ўпэўненая свабодная манера, выразная пластычная лепка, тонкасць каляровых градацый. @

Рубінчык Валерый (н. 1940), беларускі кінарэжысёр, сцэнарыст, акцёр. Заслужаны дзеяч мастацтваў РФ (1998). Скончыў рэжысёрскі факультэт Беларускага тэатральнага інстытута (1962) і рэжысёрскі факультэт Усесаюзнага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі ў Маскве (1969). Да 1992 на кінастудыі «Беларусьфільм», дзе зняў фільмы «Магіла льва» (1972), «Вянок санетаў» (1977), «Дзікае паляванне караля Стаха» (1979), «Адступнік» (1987); тэлевізійныя фільмы «Апошняе лета дзяцінства» (1974), «Гамлет Шчыгроўскага павета» (1975), «Культпаход у тэатр» (1982), «Камедыя пра Лісістрату» (1989) і інш. З 1992 у Маскве, выкладчык Усерасейскага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі. У Тэатры-студыі кінаакцёра паставіў «Камедыю пра Лісістрату» паводле Арыстафана (1985). Як акцёр зняўся ў тэлесерыяле «Прыгоды Тома Сойера і Гекльберы Фіна» (1981). Стварыў дакументальны фільм «Мастак Барыс Забораў» (1992). Для творчай манеры Р. ўласцівы пастаноўка складаных і вострых маральна-этычных і філасофскіх праблем, вастрыня калізій, сімвалічнасць, метафарычнасць, упэўненасць рэжысёрскага почырку. @

«Расейскія сезоны», гастрольныя выступленні расейскай оперы і балета. Пачалі праводзіцца з 1908 і адбываліся на працягу дваццаці гадоў. За гэты час было паказана каля 80 музычных тэатральных пастановак: оперы М.Рымскага-Корсакава, М.П.Мусаргскага, балеты І.Стравінскага і інш. «Р.с.» праходзілі ў Парыжы, Лондане, Вене, Мадрыдзе, асобных гарадах Італіі і ЗША. Іх адметнай рысай было поўнае зліццё і гармонія музыкі, танца, жывапісу і тэатральнай рэжысуры. Арганізатарам і натхняльнікам «Р.с.» быў С.П.Дзягілеў (1872-1929) - адзін з заснавальнікаў творчага аб'яднання мастакоў «Свет мастацтва» (1898) і рэдактар часопіса з аднайменнай назвай. У іх падрыхтоўцы і правядзенні прымалі ўдзел выдатныя танцоўшчыкі (М.Фокін, В.Ніжынскі, Г.Паўлава) і мастакі (А.Бенуа, Л.Бакст, М.Рэрых і інш.). Значна паспрыялі пашырэнню вядомасці і аўтарытэту расейскага музычнага мастацтва ў свеце. @

Русо Жан Жак (1712-1778), французскі філосаф-асветнік, пісьменнік, тэарэтык мастацтва. Сістэматычнай адукацыі не атрымаў. Вандраваў па розных краінах Эўропы. Супрацоўнічаў у «Энцыклапедыі» Д.Дзідро і Ж.Л.Д'Аламбера. Аўтар філасофскіх твораў «Аб грамадскім дагаворы» (1762), «Роздум аб пачатку і асновах няроўнасці» (1755), раманаў «Эміль, ці Аб выхаванні», «Юлія, ці Новая Элаіза», «Споведзь», якія паспрыялі станаўленню псіхалагізму ў эўрапейскай літаратуры. Выступаў супраць сацыяльнай няроўнасці, саслоўнага эгаізму, асноў існуючай улады і права. Ідэалізаваў т.зв. «натуральны стан» усеагульнай роўнасці і свабоды, які быў разбураны ўвядзеннем прыватнай уласнасці. Дзяржава можа ўзнікнуць, паводле Р., толькі ў выніку т.зв. «грамадскага дагавора» - спецыяльнай дамоўленасці свабодных людзей. Прапагандаваў культ прыроды і натуральнасці, крытыкаваў гарадскую культуру і цывілізацыю, якія сказілі першапачаткова дасканалую сутнасць чалавека. Сукупны комплекс яго ідэй - «русаізм» - паўплываў на развіццё эўрапейскай філасофскай думкі і літаратуры канца 18-19 ст. (найперш на сентыменталізм, рамантызм). @

Рыма Старажытнага культура, сукупнасць культурных здабыткаў насельніцтва Рымскай імперыі. Культура Старажытнага Рыма існавала каля 12 стагоддзяў - прыблізна з 8 ст. да н.э. да 476 - часу заваявання варварамі Заходняй Рымскай імперыі і яе сталіцы - г. Рыма. Старажытнарымская культура шмат у чым мела пераймальны характар, г.зн. многае пераняла ў культуры суседніх народаў - найперш у грэкаў (напр., пантэон багоў, творы выяўленчага мастацтва). Моцным быў уплыў Грэцыі Старажытнай культуры на развіццё рымскай літаратуры, філасофіі, навукі. Старажытнарымская культура ў параўнанні з грэчаскай мела менш узвышаны і паэтычны, больш рацыянальны, «прыземлены», характар. Яна вызначалася відавочным прагматызмам, утылітарным характарам (накіраваным найперш на дасягненне практычнай карысці, выгоды) і прыкметным геданізмам. Галоўнымі ідэаламі і каштоўнасцямі рымскай цывілізацыі і культуры былі патрыятызм, ушанаванне багоў, павага да продкаў, імкненне прытрымлівацца «літары і духу» законаў, перакананне ў богаабранасці рымскага народа, а таксама ў тым, што Рым - гэта «вечны горад», «цэнтр свету». У старажытных рымлян адсутнічала развітая міфалогія. Для рэлігійных поглядаў быў характэрны палітэізм. Адным з самых старажытных рымскіх багоў быў Сатурн, а да ліку галоўных агульнадзяржаўных багоў адносіліся Юпітэр, Юнона, Марс, Венера, Апалон і інш. Было вядома таксама мноства хатніх божастваў (пенаты, геніі, лары, маны), а таксама божастваў асобных жыццёвых сітуацый, падзей, станаў (надзеі, вернасці, поспеху, першага крыку, першага кроку і г.д.). У 1 ст. ва ўсходніх правінцыях Рымскай імперыі ўзнікла і пачала паступова распаўсюджвацца новая рэлігія - хрысціянства. Лацінскае пісьмо ўзнікла на аснове заходнегрэчаскага і ў больш позні перыяд стала асновай пісьменнасці многіх эўрапейскіх народаў. У галіне літаратуры найбольшае развіццё атрымала эпічная паэзія (Вергілій, Гарацый, Авідзій). Для яе была ўласціва асаблівая ўвага да ўнутранага свету асобы, эмацыянальнага стану, псіхалагічных перажыванняў чалавека. Старажытнарымская філасофія фармавалася і развівалася пад прыкметным уплывам старажытнагрэчаскай філасофіі. Тады існавалі разнастайныя філасофскія школы, кірункі, сярод якіх асноўнымі былі стаіцызм, эпікурэізм, неаплатанізм. Прыкметных поспехаў дасягнула навука (асабліва гісторыя, астраномія, медыцына). Адным з найбольш развітых і пашыраных відаў мастацтва была архітэктура. Для яе былі ўласцівы манументальнасць, грандыёзнасць, маштабнасць, велічнасць будынкаў, мноства ўпрыгожванняў. Рымляне ўзводзілі не толькі культавыя будынкі (храмы), а і мноства пабудоў для практычных мэтаў - адміністрацыйныя, судовыя, гандлёвыя ўстановы, стадыёны, цыркі, тэатры, базілікі, бібліятэкі, грамадскія лазні, трыумфальныя аркі, тэрмы, акведукі і інш. Рымскія скульптурныя творы па свайму ўзроўню саступалі грэчаскім, аднак (у адрозненне ад ідэалізаваных грэчаскіх скульптур) у іх былі відавочнымі спробы перадаць канкрэтны вобраз і выявіць індывідуальнасць чалавека. Быў пашыраны жанр «гістарычнага рэльефа» (гістарычныя сюжэты на арках і калонах), рэалістычнага партрэта. Жывапісных твораў старажытных рымлян амаль не захавалася. Высокім узроўнем майстэрства вызначаліся фаюмскія партрэты. Вядомы таксама роспісы, фрэскі і мазаікі, якімі рымляне ўпрыгожвалі сцены, падлогі і дахі палацаў імператараў, грамадскіх будынкаў і інш. @

Рымейк (англ. remake), мастацкі фільм, які паўтарае сюжэт раней знятага фільма. Мэта Р. - выкарыстаць камерцыйна паспяховы сюжэт ў спалучэнні з новымі тэхнічнымі сродкамі для атрымання дадатковага прыбытку. Пасля завяршэння эры «вялікага нямога» з'явіліся гукавыя Р. нямых фільмаў. Мноства сюжэтаў (найперш экранізацый папулярных кніг) шматразова пераносіліся на экраны (напр., «Папялушка» - 100 разоў пачынаючы з 1898 г.; «Гамлет» - 74 разы; «Рабінзон Круза» - 44 разы, і інш.). У большасці выпадкаў Р. у мастацкіх адносінах саступаюць арыгіналам, аднак бываюць і асобныя выключэнні. Часам здымаюцца такія Р., якія паўтараюць практычна кожную сцэну арыгінала. У Галівудзе здымаецца шмат нізкамастацкіх Р. старых амерыканскіх і эўрапейскіх (пераважна французскіх) карцін. @

Рытуал (ад лац. ritus - рэлігійны абрад, урачыстая цырымонія), від абрадавых дзеянняў; гістарычна сфармаваная сістэма сімвалічных дзеянняў; састаўная частка традыцыйных і архаічных культур. Адлюстроўвае сацыяльныя і культурныя ўзаемаадносіны, каштоўнасці. У старажытных рэлігіях служыў галоўным выражэннем культавых адносін. У гісторыі грамадства Р. адыгрываў важную ролю як традыцыйна выпрацаваны метад сацыяльнага выхавання. У сучасным грамадстве захоўваецца пераважна ў вобласці цырыманіяльных формаў афіцыйных паводзін і бытавых адносін (грамадзянская абраднасць, этыкет, дыпламатычны пратакол і інш.). @

Рыцарскі раман, эпічны жанр сярэднявечнай куртуазнай літаратуры, які прыйшоў на змену гераічнаму эпасу (12-14 ст.). У цэнтры Р.р. індывідуалізаваны вобраз героя-рыцара, яго подзвігі ў імя ўласнай славы, кахання (найперш «Прыгожай Дамы»), маральна-рэлігійнай дасканаласці. Звычайна гэтым рыцарам-героям даводзілася пераносіць шматлікія выпрабаванні, змагацца з разнастайнымі ворагамі і пачварамі. Найбольш знакамітымі ўзорамі Р.р. былі «Трыстан і Ізольда» (12 ст.), цыкл раманаў пра легендарнага караля брытаў Артура, які гераічна змагаўся з англасаксамі за незалежнасць Англіі, «Парсіфаль» і інш. @

Рэалізм у мастацтве,

1) паняцце, якое характарызуе пазнавальную функцыю мастацтва: праўда жыцця, увасобленая спецыфічнымі сродкамі мастацтва, мера яго пранікнення ў рэальнасць, глыбіня і паўната яе мастацкага пазнання. У такім сэнсе Р. выступае асноўнай тэндэнцыяй гістарычнага развіцця мастацтва, якая ўласціва розным яго відам, стылям, эпохам (таму прынята гаварыць аб Р. у мастацтве антычнасці і Асветніцтва, у старажытным і сярэднявечным фальклоры, у творчасці асобных пісьменнікаў.

2) Мастацкі стыль, які сфармаваўся на працягу 1830-1840-х г. у Англіі і Францыі і ў сярэдзіне 19 ст. стаў вядучым кірункам у эўрапейскай культуры. Для яго характэрны рэалістычнае адлюстраванне рэчаіснасці, абвостраная ўвага да сацыяльных праблем, крытыка існуючых грамадска-палітычных парадкаў, норм і каштоўнасцей буржуазнага ладу жыцця. Галоўныя прынцыпы Р. - праўдзівасць дэталяў, паказ тыповых характараў, якія дзейнічаюць у тыповых абставінах. Супрацьстаяў рамантызму з яго экзальтаванай ідэалізацыяй унутраных перажыванняў асобы. Сярод буйнейшых прадстаўнікоў Р. у розных відах мастацтва 19-20 ст. - Стэндаль, А.Бальзак, Ч.Дзікенс, Г.Флабер, Л.Талстой, Ф.Дастаеўскі, А.Чэхаў, М.Твэн, Т.Ман, У.Фолкнер, Г.Курбэ, І.Рэпін, В.Сурыкаў, Дж.Вердзі, М.Мусаргскі, К.Станіслаўскі і інш.

У Беларусі рысы Р. выявіліся ў фальклоры, у паэме М.Гусоўскага «Песня пра зубра», палемічнай літаратуры другой паловы 16-17 ст., «Камедыі» К.Марашэўскага, бурлескных паэмах «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча. У 1880-1890-я г. як асобны мастацкі метад фармуецца «крытычны рэалізм». Упершыню ў беларускай літаратуры паслядоўна праводзіў рэалістычныя тэндэнцыі Ф.Багушэвіч. У сучасны перыяд разам з рэалістычнымі ствараюцца і авангардысцкія, постмадэрнісцкія літаратурныя творы. У розных відах мастацтва рэалістычныя прыкметы заўважаліся практычна на ўсіх этапах іх развіцця: у кніжнай (з 11 ст.) і станковай (з 16 ст.) графіцы, творах беларускай іканапіснай школы, свецкім манументальным і станковым жывапісе, у скульптуры (у т.л. драўлянай). Ва ўсіх жанрах станковага жывапісу і графікі рэалістычныя тэндэнцыі пачалі пашырацца з пачатку 19 ст., а ў другой палове 19 ст. зацвердзіліся як вядучы творчы метад. У 1920-1930-я г. пачалі замацоўвацца прынцыпы сацыялістычнага рэалізму. Вядомымі прадстаўнікамі Р. у гістарычным, партрэтным і бытавым жанрах былі К.Альхімовіч, Н.Сілівановіч, Б.Русецкі і інш., у пейзажным - А.Гараўскі, Г.Вейсенгоф і інш. @

Рэгіянальная культура, спецыфічная матэрыяльная і духоўная культура асобных рэгіёнаў свету, дзяржаў у розныя гістарычныя перыяды. У культуралогіі прынята дзяліць сусветную культуру на культурныя рэгіёны: эўрапейска-паўночнаафрыканскі (культура Старажытнага Эгіпта, антычнасці, раманскага, германскага і славянскага культурных светаў), далёкаўсходні, араба-мусульманскі, трапічна-афрыканскі, лацінаамерыканскі. Вылучаюцца таксама асобныя рэгіёны і характэрныя для іх Р.к. у межах адной дзяржавы, краіны (напр., палеская Р.к. у Беларусі і Ўкраіне і інш.). Кожная Р.к. мае як унікальныя, адмысловыя асаблівасці, так і рысы падабенства з культурай іншых рэгіёнаў і ўсёй агульнанацыянальнай культурай у цэлым. Культура рэгіёнаў уплывае на іншыя культуры і субкультуры, аднак у той жа час зведвае пэўнае ўздзеянне з боку іншарэгіянальных і нацыянальных культур. Асобныя даследчыкі сцвярджаюць, што 21 ст., верагодна, будзе хутчэй за ўсё стагоддзем не вялікіх краін і буйных дзяржаўных утварэнняў, а больш-менш кампактных рэгіёнаў. @

Рэдзі-мэйд (от англ. ready-made - гатовы, неарыгінальны; літар. «гатовы выраб»), паняцце, якое азначае выкарыстанне мастаком сапраўдных прадметаў у якасці матэрыялу для твораў мастацтва. Прымяненне ў выяўленчым мастацтве Р.-м. з'явілася адной са своеасаблівых крыніц інварайнмента, інсталяцыі, поп-арта і інш. У Беларусі Р.-м. зрэдку прымяняецца пераважна мастакамі постмадэрнісцкай накіраванасці. @

Рэлігія (ад лац. religio - набожнасць, святыня, культ багоў), светапогляд і светаадчуванне, а таксама адпаведныя паводзіны і спецыфічныя дзеянні (культ), заснаваныя на веры ў існаванне Бога або багоў. Найбольш важнай, істотнай характарыстыкай любой Р. з'яўляецца вера ў звышнатуральны, надпрыродны абсалют - Бога. Структуру Р. складаюць: рэлігійная свядомасць (рэлігійныя ідэі, уяўленні, пачуцці); рэлігійныя культы (богаслужэнне, таінствы, пасты, малітвы, святы, рытуалы і інш.); рэлігійныя арганізацыі (цэрквы, секты). Выдзяляюцца розныя гістарычныя формы і тыпы Р.: родава-племянныя (язычніцтва); нацыянальна-дзяржаўныя, ці этнічныя (юдаізм, індуізм, сінтаізм, канфуцыянства, даасізм); сусветныя, ці наднацыянальныя (будызм, хрысціянства, іслам). Спачатку існавалі родавыя і племянныя Р., а на больш позняй стадыі гістарычнага развіцця ўзніклі сусветныя Р. - будызм (6-5 ст. да н.э.), хрысціянства (1 ст.), іслам (7 ст.). Для старажытных Р. быў характэрны політэізм, які пазней змяніўся монатэізмам (адзінабожжам).

На тэрыторыі Беларусі ў старажытны перыяд панавала такая форма Р., як язычніцтва. З цягам часу асобныя элементы язычніцкіх вераванняў трансфармаваліся і паступова сталі элементамі хрысціянскай Р. Хрышчэнне (хрысціянізацыя) беларускіх зямель пачалася ў канцы 10 - пачатку 11 ст. У той перыяд характэрнай рысай рэлігійных вераванняў у Беларусі быў т.зв. «сінкрэтызм» - арганічнае ўзаемаперапляценне старажытных язычніцкіх з больш познімі хрысціянскімі ўяўленнямі. У наступныя стагоддзі атрымалі пашырэнне праваслаўе і каталіцызм. У 14-15 ст., пасля пасялення на землях Вялікага Княства Літоўскага жыдоў і татараў, тут з'явіліся юдаізм і іслам. У 16 ст. пашырыўся ўплыў пратэстантызму - найперш у выглядзе кальвінізму (рэфармацтва), у меншай ступені - лютэранства, арыянства. З канца 16 ст., пасля заключэння Берасцейскай царкоўнай вуніі 1596 г., на тэрыторыі Беларусі пачало распаўсюджвацца вуніяцтва. У 17-19 ст. працягвала захоўвацца поліканфесійная сітуацыя з яўным дамінаваннем хрысціянскіх канфесій; мелі месца выпадкі праследаванняў прадстаўнікоў розных веравызнанняў, міжканфесійных непаразуменняў. У красавіку 1905 быў выдадзены царскі ўказ, згодна з якім адмяняліся абмежаванні дзейнасці рэлігійных аб'яднанняў і Цэркваў. У лютым 1918 быў прыняты дэкрэт «Аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы», а ў студзені 1922 - аналагічная па зместу пастанова СНК БССР «Аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы». У адпаведнасці з гэтымі заканадаўчымі актамі, былі адменены ўсе ранейшыя прывілеі царквы, маёмасць царквы і рэлігійных таварыстаў была абвешчана агульнанароднай, рэлігійным арганізацыям забаронена адкрываць або мець агульнаадукацыйныя школы і да т.п. Савецкія ўлады павялі працяглую барацьбу з Р. як своеасаблівым «опіумам народа» (вызначэнне К.Маркса), замест якой афіцыйна падтрымліваліся атэізм. Актывізацыі рэлігійнага жыцця ў канцы 1980-х г. паспрыялі такія фактары, як абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь, заканчэнне манаполіі КПСС-КПБ і ўвядзенне шматпартыйнасці, дэмакратызацыя грамадска-палітычнага жыцця і інш. Вынікам своеасаблівага «рэлігійнага рэнесансу» 1990-х г. стала тое, што ў Беларусі за дзесяць гадоў (1988-1997) колькасць рэлігійных абшчын павялічылася ў 2,5 разоў, а рэлігійных кірункаў - у 3 разы (цяпер у РБ існуе 26 канфесій). У снежні 1992 быў прыняты «Закон Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных арганізацый», які абвясціў свабоду рэлігійных аб'яднанняў, усім грамадзянам гарантаваў права прытрымлівацца любой Р. або не прызнаваць ніякай. @

Рэлятывізм культурны (лац. relativus - адносны), светаўспрыманне ў рамках эўрапейскай культуры, звязанае з прызнаннем адноснасці, г.зн. абмежаванай каштоўнасці, сапраўднасці ўсіх веравызнанняў, маральных кодэксаў, навуковых тэорый, філасофскіх поглядаў і мастацкіх формаў. Склаўся на мяжы 19-20 ст. і быў своеасаблівай рэакцыяй на крызіс асветніцкага рацыяналізму і гуманізму, страту веры ў прагрэс, справядлівасць і перамогу розуму. Паняцце «Р.к.» выкарыстоўваецца таксама для абазначэння разнастайнасці культур і шляхоў іх развіцця, каштоўнасных сістэм і культурна-гістарычных тыпаў. Ідэі Р.к. знайшлі сваё адлюстраванне ў працах вядомых культуролагаў М.Данілеўскага, О.Шпенглера, А.Тойнбі, П.Сарокіна, Ф.Боаса, М.Мід, Р.Бенядыкт і інш. Яго прыхільнікі адмаўлялі прынцыпы адзінства сусветнай гісторыі і чалавецтва, выступалі супраць тэорыі адналінейнага эвалюцыянізму і эўропацэнтрызму; яны лічылі, што кожная культура мае дамінуючую рысу, своеасаблівы «фокус», вакол якога сабраны іншыя яе элементы. @

Рэмбрант Харменс ван Рэйн (1606-1669), фламандскі мастак, жывапісец. Вучыўся ў Лейдэнскім універсітэце, пазней у майстра гістарычнага жывапісу П.Ластмана. У 1625-1631 трымаў уласную майстэрню ў Лейдэне. Яго творчасць з'яўляецца вяршыняй галандскага мастацтва 17 ст., адным з пікаў сусветнай мастацкай культуры. Лічыцца непераўзыйдзеным майстрам малюнка і афорта. У пэўным сэнсе мастацтва Рэмбранта займае як бы прамежкавае месца паміж барока і класіцызмам. Менавіта з імем Р. звязана ўзнікненне ў эўрапейскім жывапісе т.зв. «псіхалагізму» - схільнасці да спасціжэння і адэкватнага адлюстравання складанага ўнутранага свету чалавека (нярэдка разам з філасофскім асэнсаваннем быцця). Стварыў каля 600 карцін, амаль 300 афортаў і больш 1400 малюнкаў. Яго мастацкая спадчына надзвычай разнастайная: партрэты, пейзажы, нацюрморты, карціны на гістарычныя, біблейскія, міфалагічныя тэмы і інш. Напісаў серыю аўтапартрэтаў і партрэтаў сваіх сямейных. Сярод асноўных твораў Р. - групавыя партрэты («Начны дазор», 1642); рэлігійныя («Святое сямейства», 1645); міфалагічныя («Даная», 1636; тут паказана не толькі цялесная, але і духоўная прыгажосць, цеплыня інтымнага чалавечага пачуцця) сцэны. Вяршыня творчасці Р. - філасофска-псіхалагічны твор «Вяртанне блуднага сына» (1668-1669). @

Рэп (англ. rap, от to rap - рэзка гаварыць, выкрыкваць), жанр поп-музыкі; рытмічны рэчытатыў рыфмаванага тэксту на востраактуальную тэму; вакальная манера, для якой характэрна прамаўляць скарагаворкай не заўсёды змястоўны, не зусім асэнсаваны тэкст. Узнік на аснове негрыцянскага фальклору. З'явіўся ў канцы 1970-х г. у ЗША і да канца 1980-х стаў надзвычай папулярным. Вядзе сваё паходжанне ад размоўных уставак у негрыцянскай вакальнай музыцы і скарагаворках дыск-жакеяў. Уяўляе сабой сольную ці групавую рытмізаваную рэчытацыю ці простае прагаворванне тэкстаў песень. Выканаўцамі Р. звычайна бываюць мужчыны-негры, хаця зрэдку сустракаюцца белыя мужчыны і жанчыны. Сярод вядомых прадстаўнікоў Р. - Эмінэм, «Онікс», «Дыскатэка Аварыя», ДэЦЛ і інш. @

Рэфармацыя (ад лац. reformatio - пераўтварэнне), рэлігійна-ідэалагічны і сацыяльна-палітычны рух, які пачаўся ў першай чвэрці 16 ст. у Германіі і быў накіраваны на пераўтварэнне, выпраўленне хрысціянскай рэлігіі. Храналагічна супала з апошнім этапам Адраджэння - з т.зв. «Высокім Адраджэннем». Мела антыфеадальны, антыкаталіцкі накірунак і была абумоўлена незадаволенасцю ўсёўладдзем, раскошай, інтрыгамі рымскіх пап і іншых прадстаўнікоў каталіцкага духавенства. Пачатак рэфармацыйнаму руху паклаў М.Лютэр у 1517. Ідэолагі Р. фактычна адмаўлялі неабходнасць царквы з яе іерархіяй і духавенствам, выступалі з патрабаваннямі «таннай царквы» (без раскошнага афармлення храмаў, абразоў, мошчаў) і пераводу Бібліі і богаслужэння на нацыянальныя мовы, выказваліся супраць права царквы на зямельныя багацці і на выдачу індульгендый і інш. Найбольш прыкметны вынік Р. - узнікненне трэцяй разнавіднасці хрысціянскага веравызнання - пратэстантызму. З 16-17 ст. у выніку Р. Эўропа ў рэлігійных адносінах аказалася падзеленай на дзве буйныя часткі: на поўначы эўрапейскага кантыненту (Англія, Нідэрланды, Швейцарыя, скандынаўскія краіны) пачаў дамінаваць пратэстантызм, у той час як у іншых краінах па-ранейшаму захоўваўся каталіцызм (Італія, Гішпанія, Францыя, Польшча). Каталіцкая царква рэзка адмоўна ставілася да рэфармацыйнага руху і ў якасці своеасаблівага адказу на яго шырока разгарнула ў сярэдзіне 16 ст. Контррэфармацыю.

У Беларусі Р. прайшла этапы фармаваня і ўздыму, размежавання на некалькі сацыяльна-палітычных і рэлігійна-тэалагічных кірункаў, звужэння яе сацыяльнай базы і паступовага заняпаду. У сярэдзіне 16 ст. пачалі ўзнікаць пратэстанцкія абшчыны ў розных гарадах (Нясвіж, Берасце, Клецак, Койданава, Наваградак і інш.). Найбольшае пашырэнне атрымала такая плынь пратэстантызму, як кальвінізм (яго прынялі буйныя беларускія землеўласнікі Радзівілы, Сапегі, Хадкевічы, Кішкі). У 1560-я г. на аснове ўключэння ў рух Р. сярэдніх і ніжэйшых слаёў насельніцтва сфармаваўся т.зв. «антытрынітарызм» - радыкальны кірунак у пратэстантызме, які звязваў Р. з сацыяльнымі пераўтварэннямі ў грамадстве. Рэфармацыйны рух садзейнічаў развіццю рэненсансава-гуманістычных і рацыяналістычных тэндэнцый, станаўленню новых, секулярызаваных форм культуры, пашырэнню міжнародных культурных сувязей і кантактаў. @

Сабор,

1) афіцыйны сход хрысціянскіх царкоўных іерархаў для рашэння пытанняў веравучэння, богаслужэння і царкоўнай дысцыпліны (Усяленскі С., Памесны С.). У каталіцызме памесны С. называецца сінодам.

2) галоўны храм горада або манастыра, дзе праводзіць богаслужэнне вышэйшая духоўная асоба (патрыярх, архіепіскап і інш.). Саборны храм у епархіяльным горадзе называецца кафедральным. Архітэктура С. звычайна вызначаецца манументальнасцю форм, адлюстроўвае асноўныя тэндэнцыі дамінуючага архітэктурнага стылю (напр., Канстанцінопальскі Сафійскі С., Кёльнскі С., С. Парыжскай Божай Маці, Шартрскі С., Сафійскія С. ў Кіеве і Ноўгарадзе). У Беларусі С. вядомы з 11 ст. Найбольш значныя з іх - Полацкі Сафійскі С., Гомельскі Петрапаўлаўскі С., Пакроўскі С. у Віцебску і інш. @

Сакральнае (ад лац. sacralis - свяшчэнны), абазначэнне сферы з'яў, прадметаў, людзей, які адносяцца да боскага, рэлігійнага культу, звязаны з імі, у адрозненне ад свецкага, мірскога, прафаннага. У ходзе гісторыі працэсу асвяшчэння, сакралізацыі супрацьстаіць дэсакралізацыя, секулярызацыя розных бакоў чалавечага існавання (у т.л. секулярызацыя культуры). @

Салееў Вадзім (н. 1939), беларускі філосаф, эстэтык, тэатральны крытык. Доктар філасофскіх навук (1992), прафесар (1994). Заслужаны дзеяч культуры Беларусі (2000). Скончыў БДУ (1962). З 1970 выкладчык Беларускага політэхнічнага інстытута, з 1996 загадчык аддзела культуралогіі Нацыянальнага інстытута адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі. З 1995 галоўны рэдактар часопіса «Асновы мастацтва», з 2002 - часопіса «Мастацтва». Даследуе філасофска-культуралагічныя праблемы славянскіх культур (у т.л. беларускай), тэорыі мастацтва, мастацкай крытыкі, эстэтычнага выхаваня, этнапедагогікі і інш. Аўтар манаграфій «Мастацтва і яго ацэнка» (1977), «Сучасная эстэтыка Беларусі» (1979), «Нацыянальная самасвядомасць і мастацкая культура» (1990), «Этнічнае ў сістэме нацыянальнай мастацкай культуры» (1992), «Этнапедагогіка і эстэтычнае развіццё асобы» (1994) і інш. @

Салон (ад франц. salon - зала),

1) у 15-17 ст. вялікае параднае памяшканне ў італьянскіх (а пазней і іншых эўрапейскіх краін) палацах, прызначанае для прыёмаў гасцей, канцэртаў і інш.;

2) Літаратурна-мастацкі або палітычны гурток, які звычайна збіраецца ў прыватным доме. Вядомы ў Францыі з 17 ст., у Расеі ў 19 - пачатку 20 ст. і інш.

3) Перыядычная публічная выстаўка твораў сучаснага мастацтва;

4) Зала, памяшканне для дэманстрацыі і продажу твораў мастацтва і мастацкіх вырабаў. @

«Салоннае мастацтва» (ад назвы «салоны» - афіцыйныя мастацкія выставы ў Францыі, што праводзіліся на працягу 1738-1848 г. у «Квадратным салоне» Луўра), хадзячая назва знешняй прыгажосці і банальнасці, ілжывай шматзначнасці і адсутнасці глыбокага зместу, спекулятыўнай імітацыі сапраўдных мастацкіх каштоўнасцей. Першапачаткова гэты тэрмін выкарыстоўваўся ў адносінах да мастацтва, якое карысталася падтрымкай у журы парыжскага Салона; з цягам часу ён стаў азначаць адпаведнасць мастацкай прадукцыі непатрабавальным густам, яе залежнасць ад модных веянняў. @

Самойла Ўладзімір (1878-1941), беларускі мысліцель, публіцыст, літаратурны крытык. Скончыў Петраградскі ўніверсітэт (1916). Удзельнічаў у літаратурна-грамадскім руху ў Менску. З 1908 супрацоўнічаў у менскіх і віленскіх перыядычных выданнях. З 1918 жыў у Вільні, працаваў выкладчыкам у гімназіях, актыўна супрацоўнічаў у віленскай прэсе. У 1920-я г. адзін з вядучых публіцыстаў заходне-беларускага перыядычнага друку вызваленчага кірунку. У 1939 арыштаваны савецкімі ўладамі. Адзін з першых высока ацаніў творчасць Я.Купалы, садзейнічаў у надрукаванні яго першага верша на беларускай мове «Мужык» (1905). У філасофскіх эсэ, нарысах («Гэтым пераможаш!», «Трыумфуе Беларусь» і інш.) сцвярджаў гістарычную заканамернасць беларускага нацыянальнага руху і яго аб'ектыўную непераможнасць. У рэцэнзіях і артыкулах пра заходнебеларускую літаратуру вітаў ідэйныя, мастацкія, жанравыя пошукі пісьменнікаў, разглядаў здабыткі літаратуры ў святле росту гістарычнай і палітычнай свядомасці народа. Выступаў з артыкуламі пра творчасць Г.Ібсена, А.Блока, Л.Андрэва і інш. @

Сансара (літар. «перараджэнне», «колазварот»), адно з асноўных паняццяў індыйскай рэлігіі і рэлігійнай філасофіі, якое азначае пераўвасабленне душы (у артадаксальных брахмаісцка-індуісцкіх сістэмах) ці асобы (у будызме) у бясконцым ланцугу новых нараджэнняў (у выглядзе чалавека, Бога, жывёлы). Паводле канцэпцыі С., душа чалавека існуе вечна, прычым пасля яго смерці душа перасяляецца ў іншую жывую істоту, і чалавек нібы зноў адраджаецца ў новай форме ў залежнасці ад усіх сваіх папярэдніх дзеянняў - т.зв. кармы. @

Сапфо (Сафо; канец 7 ст. да н.э.-1-я палова 6 ст. да н.э.), старажытнагрэчаская паэтэса. У г. Мітылене (востраў Лесбас) у спецыяльнай школе вучыла знатных дзяўчат з усёй Грэцыі і Малой Азіі паэзіі, музыцы, танцам, добрым манерам, рыхтуючы іх да замужжа. Увайшла ў гісторыю літаратуры пад імем Лесбоскага салаўя. Праславілася сваімі любоўнымі вершамі, гімнамі і т.зв. «эпіталамамі» (вясельнымі песнямі). Галоўныя тэмы яе лірыкі - каханне, захапленне хараством сябровак, радасць стасункаў з імі і горыч разлукі, прыгажосць прыроды і ўсяго свету. Адкрыла ў паэзіі свет асабістых перажыванняў, моцных і страсных (пераважна журботных) пачуццяў. У творчасці выкарыстоўвала розныя метрычныя формы, самая вядомая з якіх - сапфічная страфа. Асобныя творы С. выконваліся падчас свят пад акампанемент музычных інструментаў - найчасцей ліры або кіфары. У яе гонар былі выпушчаны манеты, на якіх С. выяўлялася з лірай у руках. @

Сарокін Піцірым Аляксандравіч (1889-1968), расейска-амерыканскі сацыёлаг, філосаф. Скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта (1914). У 1922 высланы з Расеі, жыў у ЗША. Выкладаў у розных амерыканскіх універсітэтах. Быў прэзідэнтам Амерыканскай сацыялагічнай асацыяцыі. Разглядаў гістарычны працэс як цыклічную змену асноўных тыпаў культуры, ці «суперсістэм» (ідэацыйная культура, ідэалістычная культура, пачуццёвая культура), у аснове якіх ляжыць інтэграваная сфера каштоўнасцей, сімвалаў. Сцвярджаў, што гісторыя ўяўляе сабой сацыякультурны працэс, нормай якога з'яўляецца дынаміка каштоўнасных арыенціраў, іх змена і пастаянны пошук новых «ідэальных мэтаў». Лічыў, што сучасная культура перажывае ўсеагульны крызіс, які абумоўлены над- звычай моцным развіццём матэрыялізму і навукі. Асноўнае выйсце з гэтай тупіковай сітуацыі бачыў у развіцці рэлігійнай «ідэалістычнай культуры». Адзін з родапачынальнікаў тэорый сацыяльнай стратыфікацыі і сацыяльнай мабільнасці. Сярод яго вучняў - вядомыя амерыканскія сацыёлагі Р.Мертан, Т.Парсанс, Р.Мілз і інш. Асноўныя працы - «Сістэма сацыялогіі» (Т. 1-2; 1920); «Сацыяльная мабільнасць» (1927), «Сацыяльная і культурная дынаміка» (Т. 1-4; 1962). @

Сатурн, старажытнарымскі бог, уладар часу, заступнік пасеваў, міфічны цар вобласці Лацыум. У яго гонар праводзілася адно з самых любімых святаў старажытных рымлян - т.зв. «Сатурналіі» (адзначаліся 17-23 снежня), падчас якіх людзі наладжвалі шыкоўныя піры, пераапраналіся, выкарыстоўвалі маскі, уручалі падарункі, весяліліся, спявалі; прычым у час «сатурналій» не рабы абслугоўвалі за сталамі сваіх гаспадароў, а наадварот, самі рабаўладальнікі сваіх рабоў, і да т.п. У гонар гэтага бога названа планета Сатурн; субота названа «днём Сатурна» (у ангельскай мове - «Saturday»). Сатурналіі сталі правобразам сярэднявечных эўрапейскіх карнавалаў. @

Сацыялізацыя (ад лац. socialis - грамадскі), працэс засваення чалавекам пэўнай сістэмы ведаў, норм і каштоўнасцей, якія дазваляюць яму функцыянаваць у якасці паўнапраўнага сябра грамадства, уваходжання чалавека ў грамадскае жыццё. Уключае як сацыяльна кантраляваныя працэсы мэтанакіраванага ўздзеяння на асобу (выхаванне), так і стыхійныя, спантанныя працэсы, якія ўплываюць на яе фармаванне. Тэрмін «С.» не мае адназначнага тлумачэння, і ў адных выпадках збліжаецца па сэнсу з выхаваннем, а ў другіх - з фармаваннем асобы. @

Сацыялістычны рэалізм, тэрмін, які выкарыстоўваўся ў савецкім літаратуразнаўзстве і мастацтазнаўстве з пачатку 1930-х г. для абазначэння «асноўнага метаду» літаратуры, мастацтва і крытыкі, які «патрабуе ад мастака праўдзівага, гістарычна канкрэтнага выяўлення рэчаіснасці ў яе рэвалюцыйным развіцці». Творы С.р. павінны былі дапамагаць выхоўваць савецкіх грамадзян «у духу сацыялізму». Звужаў разнастайнасць форм, плыняў, кірункаў у мастацтве, падштурхоўваў мастакоў да палітычнай тэндэнцыйнасці, выяўлення «партыйнасці мастацтва», яго «сацыялістычнай ідэйнасці». Устаноўкі С.р. (у т.л. культ сацыяльнага аптымізму і прагрэсу, змяншэнне ролі біялагічнага, інтуітыўнага або рэлігійнага ў матывацыі чалавечых паводзін, дзеянняў) прывялі да выкаранення ў культурным жыцці краіны твораў таленавітых пісьменнікаў (Г.Ахматавай, М.Булгакава), Дз.Шастаковіча, С.Эйзенштэйна, П.Філонава і інш.) і стымулявалі стварэнне канфармісцкіх твораў, адзначаных стандартнай псіхалогіяй, вульгарнай сацыялогіяй, псеўдагістарызмам. Спробы пашырыць «тэарэтычную базу» С.р. ідэямі «народнасці» (канец 1930-х г.), «сацыялістычнага гуманізму» (з канца 1950-х г.) або прынцыпамі эстэтычна «адкрытай сісітэмы» (у 1970-я г.) не маглі змяніь афіцыйнага статусу і ідэалагічнай прыроды гэтай з'явы. У канцы 1980 - пачатку 1990-х г. С.р. стаў гісторыка-літаратурным тэрмінам. @

Сацыялогія (ад лац. societas - грамадства), навука пра грамадства, законы функцыянавання і развіцця сацыяльных супольнасцей і працэсаў, пра сацыяльныя адносіны як механізмы ўзаемасувязі і ўзаемадзеяння паміж гэтымі супольнасцямі. Вывучае таксама адносіны асобы і грамадства, заканамернасці масавых паводзін людзей. Аб'ектам сацыялагічнага пазнання з'яўляецца грамадства, якое разглядаецца як адзіны сацыяльны арганізм. Спробы асэнсавання грамадскага жыцця ўзніклі ў эпоху антычнасці (Платон, Арытоцель). Стварыць «пазітыўную навуку» аб грамадстве ў сярэдзіне 19 ст. спрабаваў А.Конт (увёў і сам тэрмін «С.»). У 19 - пачатку 20 ст. у межах С. вылучыліся геаграфічная школа, дэмаграфічная школа, біялагічны кірунак і інш. Канцэпцыі буйнейшых сацыёлагаў (Ф.Цёніса, Г.Зімеля, Э.Дзюркгейма, В.Парэта, М.Вебера і інш.), якія абапіраліся на філасофію пазітывізму, неакантыянства, філасофію жыцця і інш., унеслі істотны ўклад у развіццё С. З 1920-х г. у С. атрымалі развіццё метады, тэхніка і працэдуры эмпірычных даследаванняў, адбылася спецыялізацыя С. (сацыялогія культуры, С. сям'і, горада, права і інш., звыш 40 галін). У 1950-х г. у С. існавала некалькі тэарэтычных арыентацый, самая ўплывовая з іх - структурны функцыяналізм (Т.Парсанс, Р.Мертан і інш.). @

Сацыялогія культуры (сацыялагічная культуралогія), сацыялагічнае вучэнне, у рамках якога даследуюцца праблемы складвання, функцыянавання і эвалюцыі як усёй культуры ў цэлым, так і асобных яе форм, субкультур (масавай і элітарнай; гарадской і сельскай; жаночай, моладзевай, і інш.). Вывучае сацыяльныя заканамернасці развіцця і функцыянавання культуры ў грамадстве, яе сутнасць і крыніцы развіцця, гістарычныя тыпы культуры і культурнага прагрэсу. Аналізуе таксама сацыяльныя мэты творчасці ў галіне культуры, сацыяльна-палітычныя і эканамічныя фактары яе развіцця, інтарэсы і патрэбнасці грамадства як спажывальніка культурных каштоўнасцей, дзейнасць устаноў культуры, грамадскую думку і да т.п. @

Сварог, у славянскай міфалогіі бог неба, нябеснага агню. У старажытнагрэчаскай міфалогіі яму адпавядаў бог Гефест. У язычніцкім пантэоне С. займаў другаснае месца. Паводле старажытнага міфа, С. злучыў неба і зямлю, навучыў людзей каваць жалеза. Яму прыпісвалася ўвядзенне манагамнага шлюбу і кары за парушэнне гэтага звычаю (парушальнікаў быццам бы кідаў у вогненную печ). @

Светапогляд, абагульненая сістэма поглядаў на навакольны свет, месца і ролю ў ім чалавека, а таксама на адносіны людзей да аб'ектыўнай рэчаіснасці і адзін да аднаго; адпаведныя гэтаму ідэалы і перакананні. С. - гэта базавыя ўяўленні, каштоўнасці, маральныя прынцыпы, вераванні, устаноўкі, ідэалы, якія ўласцівы індывіду або падзяляюцца сябрамі грамадства і выкарыстоўваюцца ў якасці крытэрыяў у адносінах да навакольнага асяроддзя. Суб'ектам (носьбітам) С. з'яўляецца і асобны чалавек, і сацыяльныя, прафесійныя групы, а таксама этнанацыянальныя, рэлігійныя супольнасці, і нават грамадства ў цэлым. С. асобнага індывіда фармуецца пад уздзеяннем - спантанным ці мэтанакіраваным - С. грамадства і тых сацыяльных супольнасцей, у якія ён уваходзіць. У складзе С. выдзяляюцца такія якасна адрозныя элементы, як веды і перакананні. У тых выпадках, калі хочуць падкрэсліць эмацыянальны бок С., часта выкарыстоўваць тэрмін «светаўспрыманне» (напр., аптымістычнае, трагічнае светаўспрыманне, і да т.п.). Гістарычна першай формай С. з'яўляецца міфалагічны С., характэрны для дакласавых і раннекласавых грамадстваў. Асаблівую светапоглядную нагрузку бяруць на сябе рэлігія і філасофія. Пачынаючы з 17 ст. істотнае значэнне ў фармаванні С. набывае навука. У сучасным свеце ў структуры С. узмацняецца такая яго «складаючая частка», як агульначалавечыя каштоўнасці. @

Святы, урачыстыя, знамяняльныя дні (нярэдка выхадныя, нерабочыя) у гонар або ў памяць якой-небудзь важнай падзеі, даты, гістарычнай асобы. Узніклі ў глыбокай старажытнасці, у перыяд існавання першабытнага грамадства. Адной з важных прыкмет С. лічыцца іх больш-менш цесная сувязь са сферай сакральнага (г.зн. свяшчэннага, містычнага, патаемнага). У час С. звычайна поўнасцю ці часткова забараняюцца розныя віды працоўнай дзейнасці. Могуць суправаджацца музыкай, песнямі і танцамі, выкананнем адпаведных рытуалаў, абрадаў і звычаяў, гульнямі і ігрышчамі, тэатралізаванымі, магічнымі элементамі, ужываннем асобай святочнай ежы, апрананнем спецыяльнай вопраткі (святочныя касцюмы, маскі). У навуцы прынята падзяляць С. на народныя, рэлігійныя, агульнадзяржаўныя, працоўныя, сусветнай і айчыннай гісторыі, культуры, спорту, сямейна-бытавыя.

Да беларускіх народных С. і святочных дзён адносяцца Каляды, Грамніцы, Масленка, Гуканне вясны, Саракі, Вялікдзень, Радаўніца, Юр'е, Зялёныя святкі (Сёмуха), Купалле, Жніво (зажынкі і дажынкі), Спас, Багач, Пакровы, Піліпаўка і інш. Старажытныя беларускія народныя С. звычайна прымяркоўваліся да найбольш значных, паваротных момантаў гадавога астранамічнага і каляндарна-земляробчага цыклаў (дні зімовага і летняга сонцастаяння, вясенняга і асенняга раўнадзенства; пачатак і заканчэнне сяўбы, сенакосу, уборкі ўраджаю). Адной з істотных асаблівасцей беларускіх народных С. з'яўляецца надзвычай добрая захаванасць найбольш старажытных, дахрысціянскіх, язычніцкіх элементаў. Рэлігійнымі С. называюцца асобыя знамянальныя дні, якія адзначаюцца ў памяць пра розныя важныя царкоўныя падзеі і ў гонар рэлігійных персанажаў (багоў, святых). Усе хрысціянскія святы падзяляюцца на 12 галоўных (або двунадзесятых) і 5 вялікіх. Да ліку галоўных з іх адносяцца Раство Хрыстова, Хрышчэнне Гасподняе, Стрэчанне Гасподняе, Благавешчанне Прасвятой Багародзіцы, Праабражэнне Гасподняе, Успенне Прасвятой Багародзіцы, Раство Прасвятой Багародзіцы, Узвіжанне Крыжа Гасподняга, Увядзенне ў храм Прасвятой Багародзіцы), а таксама Ўваход Гасподні ў Ерусалім, Узнясенне Гасподняе, Дзень Святой Троіцы. У Беларусі да ліку агульнадзяржаўных С. адносяцца Новы год (1 студзеня), Свята працы (1 траўня), Дзень Перамогі (9 траўня), Дзень Рэспублікі і Дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (3 ліпеня) і інш. @

Секулярызацыя культуры (ад лац. saecularis - свецкі), працэс вызвалення культуры ад манаполіі рэлігійнай ідэалогіі. У старажытнасці і Сярэднявеччы культуры многіх народаў свету мелі пераважна рэлігійна-міфалагічны, сакральны (свяшчэнны) характар. Працэсы С.к. (найперш навукі, мастацтва, адукацыі) паглыбіліся пачынаючы з эпохі Адраджэння. У Новы і навейшы час ахапіла практычна ўсе віды і формы культуры, а навука пачала адыгрываць адну з вызначальных роляў у сацыяльна-эканамічным і этнакультурным развіцці многіх народаў свету. @

Семіётыка (от греч. semeion - знак, прыкмета), навука, якая вывучае спосабы перадачы інфармацыі, уласцівасці знакаў і знакавых сістэм у чалавечым грамадстве (натуральныя і штучныя мовы, а таксама некаторыя з'явы культуры - сістэмы міфа, рытуала і інш.), у прыродзе (камунікацыя ў свеце жывёл) або ў самім чалавеку (зрокавае і слыхавое ўспрыманне і інш.). Прадстаўнікі С. (Ф.дэ Сасюр, Р.Барт) сцвярджаюць, што ў свеце існуе столькі моў, колькі ёсць розных форм культуры (напр., мова кіно, моды, літаратуры, горада, ежы і да т.п.). @

Сентыменталізм (от фр. sentimente - пачуццё), кірунак у эўрапейскай і амерыканскай літаратуры і мастацтве другой паловы 18 - пачатку 19 ст. Шлях да ідэальнай асобы С. бачыў у вызвалені і ўдасканаленні «натуральных» пачуццяў; адсюль яго значны дэмакратызм і адкрыццё ўнутранага свету «простага чалавека». Паводле С., менавіта пачуццям належыць вядучая роля ў пазнанні і творчай дзейнасці. Сярод галоўных прадстаўнікоў - С.Рычардсан, Л.Стэрн, Ж.Ж.Русо, Ф.Шылер, М.Карамзін і інш. С. папярэднічаў рамантызму, з якім яго аб'ядноўвала павышаная ўвага да эмоцый і пачуццяў асобнага чалавека. @

Сепір Эдуард (1884-1939), амерыканскі этнолаг, лінгвіст. Займаўся праблемамі агульнага мовазнаўства, а таксама культурай і мовай амерыканскіх індзейцаў. Прыхільнік міждысцыплінарнага падыходу да аналізу праблем культуры. Лічыў, што мова не існуе па-за культурай, г.зн. па-за сацыяльна ўнаследаванай сукупнасцю практычных навыкаў і ідэй, што характарызуюць наш лад жыцця. Вядома яго класіфікацыя моў і гіпотэза аб уздзеянні мовы на фармаванне «моўнай карціны свету» (гл. Лінгвістычнай адноснасці гіпотэза). Аўтар прац «Мова» (1921), «Уводзіны ў вывучэнне мовы», «Статус лінгвістыкі як навукі» (1929), «Сімвалізм» (1934) і інш. @

Сервантэс Мігель дэ (1547-1616), гішпанскі пісьменнік. Вучыўся ў гарадской калегіі Мадрыда. У Італіі знаходзіўся на службе ў кардынала Дж.Аквавіва, быў салдатам марской экспедыцыі. З 1608 пастаянна пражываў у Мадрыдзе. Аўтар знакамітага рамана «Хітры ідальга Дон Кіхот Ламанчскі» (1606-1615), які першапачаткова быў задуманы як пародыя на рыцарскі раман, аднак стаў адным з найвялікшых твораў у гісторыі сусветнай літаратуры. Адзін з «вечных вобразаў», галоўны герой рамана Дон Кіхот з'яўляецца сімвалам чалавека, чые высакароднасць, гатоўнасць пайсці на рыцарскія подзвігі ўступаюць у трагічную супярэчнасць з сапраўднай рэчаіснасцю, з т.зв. «прозай жыцця». Сярод іншых твораў С. - пастаральны раман «Галатэя» (1585), патрыятычная трагедыя «Нумансія» (каля 1588), «Павучальныя навелы» (1613), «Падарожжа на Парнас» (1614), «Восем камедый і восем інтэрмедый» (1615), любоўна-прыгодніцкі раман «Вандраванні Персілеса і Сіхісмунды» (1617). Творчасць С. аказала прыкметны ўплыў на развіццё сусветнай мастацкай культуры. @

Сімвал (грэч. symbolon),

1) умоўны рэчавы апазнавальны знак для сябраў пэўнай грамадскай групы;

2) Прадмет, дзеянне, што служаць умоўнымі абазначэннямі якога-небудзь вобраза, паняцця, ідэі;

3) Мастацкі вобраз, які ўвасабляе якую-небудзь ідэю;

4) С. веры - кароткае выкладанне асноўных догматаў хрысціянства. Сэнс С. неаддзельны ад яго вобразнай структуры і вызначаецца невычарпальнай шматзначнасцю свайго зместу. @

Сімвалізм (ад грэч. symbolon - знак, сімвал), мастацкі кірунак і філасофска-эстэтычная канцэпцыя ў розных эўрапейскіх краінах канца 19 - пачатку 20 ст. Зарадзіўся ў літаратуры (тэрмін «С.» упершыню ўвёў у 1886 французскі паэт Ж.Марэас у «Маніфесце сімвалізму»), пазней перарос у агульнаэўрапейскі культурны рух, які ахапіў таксама і тэатр, музыку, жывапіс. У мастацкай творчасці С. галоўным прызнае неўсвядомлены, інтуітыўны пачатак. Інтуіцыя як аснова пазнання і творчасці атаясамліваецца ў С. з містычным прасвятленнем, экстазам. Сімвалісты імкнуліся праз сваю інтуіцыю, праз складаныя сімвалы і знакі спасцігнуць не сапраўдную рэчаіснасць, а найперш «прыхаваную рэальнасць», звышчасавую ідэальную сутнасць свету, яго «нятленную прыгажосць». Найбольш яркімі прадстаўнікамі С. былі французскія паэты С.Малармэ (1842-1898), П.Верлен (1844-1896), А.Рэмбо (1854-1891), аўстрыйскі паэт Р.М.Рыльке (1975-1926), бельгійскі драматург, лаўрэат Нобелеўскай прэміі М.Метэрлінк (1862-1949), Эстэтычныя прынцыпы С. узыходзілі да ідэй рамантызму, да філасофіі А.Шапенгаўэра, Ф.Ніцшэ, да творчасці кампазітара Р.Вагнера. Для многіх твораў сімвалістаў уласцівы музыкальнасць, яркая вобразнасць, філасофская сімволіка, надзвычайная эмацыянальнасць, інтымнасць, пластычнасць. @

Сімяон Полацкі (1629-1680; сапр. Самуіл Пятроўскі-Сітніяновіч), беларускі і расейскі царкоўны і грамадскі дзеяч, паэт, мысліцель, прапаведнік. Арганізатар друкарні ў Крамлі. Адзін з родапачынальнікаў расейскай сілабічнай паэзіі (зборнік «Вертаград шматколерны», 1678) і драматургіі. Аўтар шматлікіх пропаведзяў (зборнікі «Абед душэўны», 1681; «Вячэрня душэўная», 1683). Пісаў свае творы на розных мовах - старабеларускай, расейскай, царкоўнаславянскай, польскай, лацінскай; валодаў грэчаскай мовай. Выступаў за пашырэнне асветніцтва сярод шырокіх пластоў тагачаснага насельніцтва, за адкрыццё новых школ, бібліятэк (у яго была вялікая хатняя бібліятэка); заснаваў друкарню, у якой выдаваў падручнікі, іншыя кнігі. Выступаў таксама за далучэнне «цёмных людзей» да свецкай і рэлігійнай літаратуры, музыкі, тэатральнага мастацтва. Выказваў думкі пра тое, што чалавека можа выратаваць «прыгажосць духоўная (душэўная), а не цялесная». На яго думку, прыгажосць мастацтва (найперш музыкі, паэзіі) неабходная для маральнага выхавання чалавека, бо менавіта яно дапамагае выцясніць адмоўныя эмоцыі, пачуцці, якасці і адпаведна замяніць іх станоўчымі. Напр., праз прыгажосць музыкі і слова гняўлівыя становяцца лагоднымі, неразумныя - мудрымі, а гультаяватыя - працавітымі. Параўноўваў паэзію з прыгожым садам, а філасофію - з пчалой, што збірае «мёд мудрасці». @

Сінагога (ад грэч. synagoge - сход), малітоўны дом і адначасова цэнтр абшчыннага самакіравання, рэлігійнага жыцця ў юдаізме. Пры разнастайнасці архітэктурных тыпаў С. маюць агульныя рысы: прамавугольны план, дзяленне на 3-5 нефаў, каля ўсходняй сцяны «каўчэг запавету» і ўзвышэнне для чытання свяшчэнных тэкстаў перад ім. У артадаксальных С. мужчыны і жанчыны аддзелены адзін ад аднаго спецыяльнай перагародкай ці сцяной. Пры С. звычайна існуе спецыяльнае памяшканне для рытуальных амавенняў - «міква». На беларускіх землях С. з'явіліся ў 14 ст. Захаваліся будынкі С. у Слоніме (1642), Шклове (другая палова 17 ст.), Быхаве (сярэдзіна 17 ст.), Горадні (19 - пачатак 20 ст.). Цяпер у Беларусі дзейнічае 8 С. @

Сінкрэтызм (ад грэч. synkretismos - злучэнне, аб'яднанне),

1) нерасчлененасць, якая характарызуе неразвіты стан якой-небудзь з'явы. Напр., мастацтва на першапачатковых стадыях чалавечай культуры, дзейнасць і мысленне людзей, а таксама музыка, спевы, танец не былі яшчэ аддзелены адзін ад аднаго.

2) Змяшэнне, зліццё разнародных элементаў (напр., розных культаў і рэлігійных сістэм у позняй антычнасці - рэлігійны С. перыяду элінізму). @

Сінтаізм (сінта; літар. «шлях багоў»), старажытная нацыянальная японская рэлігія. У С. няма заснавальніка, пантэона багоў, няма акрэсленага веравучэння, рэлігійных дактрын. Уяўляе сабой своеасаблівы комплекс рытуальных дзеянняў, стэрэатыпаў паводзін і мыслення, светаўспрымання. Пад уплывам будызму ў 8-9 ст. склаўся новы кірунак С. - «рёбу-сінта». Сінтаісцкія божаствы пачалі лічыцца ўвасабленнем будысцкіх; склаўся асобы пантэон сінтаісцкіх абагоўленых персанажаў, якія пачалі выяўляцца ў скульптуры і жывапісе (хаця ў традыцыйным С. божаствы лічыліся нябачнымі, а таму і нявыяўляемымі). Склаўся паступова на аснове дагістарычных, анімістычных уяўленняў насельнікаў Японскіх астравоў. Для С. ўласцівы такія адметныя рысы, як абагаўленне прыроды (адлюстравалася ў кульце божастваў сонца, месяца, грому) і т.зв. «камі» (нябачныя духі), культ продкаў. Для гэтых божастваў будаваліся спецыяльныя свяцілішчы, дзе часам маглі пражываць камі, праводзіліся адпаведныя святкаванні. Лічылася, што камі насяляюць рэкі, азёры, горы, даліны; заўсёды жывуць побач з людзьмі; паміж боскім светам камі і светам людзей практычна няма ніякіх межаў; душы памерлых продкаў таксама пераўтвараюцца ў камі; камі могуць стаць асобныя імператары, военачальнікі. Главой сінтаісцкага пантэону лічыцца багіня Сонца Аматэрасу; яе свяцілішча ў Ісэ з'яўляецца найбольш паважаным ва ўсёй Японіі. @

Сінхранічны падыход, даследчыцкі падыход, які заснаваны на аналізе з'яў і феноменаў культуры ў межах канкрэтнага гістарычнага адрэзку часу на пэўнай тэрыторыі. Пры С.п. аналіз вядзецца на аснове вылучэння «геаграфічных» тыпаў культуры (напр., кітайскі, расейскі, індыйскі, заходнеэўрапейскі, жыдоўскі і інш.). @

Скарына Францыск (каля 1486? - каля 1551), беларускі мысліцель і асветнік, першадрукар, перакладчык, мастак-графік эпохі Адраджэння. Лічыцца пачынальнікам нацыянальна-культурнага і гуманістычнага Адраджэння на беларускіх землях. Вучыўся ў Кракаўскім універсітэце, атрымаў там вучоную ступень бакалаўра філасофіі (1506). У 1512 абараніў у Падуанскім універсітэце вучоную ступень доктара лекарскіх навук, меў таксама ступень доктара вольных навук. У 1517-1519 апублікаваў у Празе надрукаваныя кірыліцай 23 асобныя выданні Бібліі. У пачатку 1520-х г. заснаваў друкарню ў Вільні. Пракаментаваў і надрукаваў тут «Малую падарожную кніжыцу» (каля 1522) і «Апостал» (1525). Служыў лекарам і сакратаром у віленскага біскупа. З 1534 ці 1535 у Празе працаваў каралеўскім батанікам. Яго пераклад Бібліі на мову, набліжаную па сваёй лексіцы, марфалогіі і фанетыцы да старабеларускай, быў зроблены раней, чым пераклад Святога Пісьма М.Лютэрам на нямецкую мову. Да кніг Бібліі С. пісаў прадмовы і пасляслоўі (новыя ў беларускай літаратуры жанры), у якіх ацэньваў пазнавальна-адукацыйныя і мастацкія вартасці біблейскіх твораў, выказваў свае грамадска-філасофскія, маральна-этычныя і эстэтычныя погляды. Лічыў Біблію тварэннем філосафаў, мудрацоў і летапісцаў, а не Божым звеставаннем. Прызначаў свае выдадзеныя кнігі не толькі высокаадукаваным арыстакратам, але і ўсяму простаму («поспалитому люду»). Заклікаў да міжканфесійнага ўзаемапаразумення, міралюбства, умацавання згоды і добрасуседства паміж рознымі народамі. Хараство лічыў праявай разумнай гармоніі жыцця, а мастацтва (у прыватнасці, музыку) разглядаў як сілу, што можа звязаць чалавека з сутнасцю быцця, устанавіць гармонію ў душы, ачысціціь яе ад страху, зайздрасці, жорсткасці. Ідэалам чалавека лічыў грамадзяніна выхаванага, сумленнага, свядомага, які заўжды і без прымусу трымаецца закона, а інтарэсы грамадскія ставіць вышэй за асабістыя. Нацэльваў сваіх суайчыннікаў на пастаяннае інтэлектуальнае і маральнае самаўдасканаленне, «абы научившися мудрости» людзі «добре жили на свете». Лічыў, што людзі павінны заўсёды служыць «посполитому доброму», і ў імя «отчины своея» аддаваць сябе цалкам «розмножению мудрости, умения, опатренности, розуму и науки», не шкадуючы пры гэтым «всякого тружания и скарбов». Выданні С. вызначаюцца высокімі мастацкімі якасцямі: майстэрствам набору, разнастайнасцю шрыфтоў, шырокім ужываннем заставак, вялікіх рамачных ініцыялаў і інш. Высокамастацкія і гравюры С., рэлігійныя тэматыка некаторых з іх спалучаецца з секулярызаванымі вобразамі, сюжэтамі (архітэктура эўрапейскіх гарадоў, праца дойлідаў і земляробаў, экзатычны жывёльны і раслінны свет і да т.п.). Яны зрабілі істотны ўплыў на беларускае і ўсё ўсходнеэўрапейскае кнігадрукаванне. У гонар С. ў розных краінах пастаўлены помнікі, зроблены скульптурныя і жывапісныя выявы. @

Скорабагатаў Віктар (н. 1951), беларускі оперны спявак (лірычны барытон), педагог, музычны дзеяч. Засужаны артыст Беларусі (1982). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1990). Скончыў Беларускую кансерваторыю (1977). З 1977 саліст Нацыянальнага тэатра оперы Беларусі, адначасова з 1985 выкладае ў Беларускай акадэміі музыкі. У 1980-1981 стажыраваўся ў тэатры «Ла Скала» (Мілан). З 1992 мастацкі кіраўнік створанай ім «Беларускай капэлы». Валодае лёгкім рухомым голасам яркага тэмбру. Адзін з лепшых камерных выканаўцаў, рэпертуар якога складаюць больш за 600 твораў айчыннай і сусветнай класікі розных гістарычных і эстэтычных кірункаў. У 1988-1994 ажыццявіў першы ў беларускім выканальніцкім мастацтве праект з 10 канцэртных праграм «Анталогія беларускай вакальнай музыкі 16-20 ст.». Даследуе старадаўнюю беларускую музыку, творчасць малавядомых беларускіх кампазітараў (кнігі «Зайгралі спадчынныя куранты», 1998; «Абышоўся без славы: Кампазітар Ян Тарасевіч», 2001). Галоўны рэдактар серый нотных выданняў «Музыка старажытных сядзібаў» і «Беларускі гістарычны нотазбор» (абедзве з 1995). @

Скульптура (пластыка; ад лац. sculpo - выразаю, высякаю), від выяўленчага мастацтва, творы якога маюць аб'ёмную, трохмерную форму і выконваюцца (высяканнем, выразаннем, лепкай, коўкай, ліццём і інш.) з цвёрдых ці пластычных матэрыялаў (камень, метал, дрэва, гліна і інш.). Мастацка-выразныя сродкі С.: пабудова аб'ёмнай формы, пластычная мадэліроўка (лепка), распрацоўка сілуэта, фактуры, часам колеру. Асноўныя віды С. - круглая (статуя, бюст, група) і плоская (рэльеф), манументальная (помнікі, манументы) і манументальна-дэкаратыўная (архітэктурны дэкор, садова-паркавая), станковая (выконваецца на спецыяльным станку). Раннія формы і віды С. існавалі ў многіх народаў свету з часоў першабытнага мастацтва. У асобны від творчай дзейнасці са сваімі спецыфічнымі задачамі С. выкрышталізавалася ў перыяд існавання першых цывілізацый свету (Старажытны Эгіпет, Месапатамія). У эпоху антычнасці С. дасягнула росквіту ў культуры Старажытнай Грэцыі (Лісіп, Міран, Фідый, Паліклет і інш.). Культавая С. сярэневякоўя ў Эўропе і Азіі аб'ядноўвалася з архітэктурай у складаныя прасторавыя комплексы. Увасабленне ідэалаў гуманізму Адраджэння ўласціва творчасці Данатэла, Мікеланджэла, К.Слютэра, А.Крафта і інш. У 17-20 ст. С. развівалася ў рэчышчы розных мастацкіх стыляў, кірункаў (маньерызм, барока, класіцызм, рамантызм, мадэрн, імпрэсіянізм, постмадэрнізм і інш.). Сярод найбольш вядомых скульптараў мінулых стагоддзяў Дж.Л.Берніні, А.Канова, Б.Торвальдсэн, Ж.А.Гудон, Б.К.Растрэлі, І.Мартас, А.Радэн, Г.Арп, Г.Мур, Ф.Крэмер і інш.

На тэрыторыі Беларусі найбольш раннія помнікі С., знойдзеныя пры раскопках на стаянцы Асавец і звязаныя з культам продкаў, адносяцца да каменнага веку. У пачатку 10 ст. былі створаны мініяцюрныя касцяныя фігуркі птушак і жывёл, а таксама Шклоўскі ідал. У 12-13 ст. былі зроблены знойдзеныя ў Полацку, Менску, Тураве, Пінску каменныя і шыферныя абразкі з рэльефнымі выявамі святых. У наступныя стагоддзі творы С. вызначаліся манументальнай трактоўкай формы, выцягнутымі прапорцыямі фігур. Шмат майстроў-разбяроў - выхадцаў з Беларусі - у 17 ст. працавала ў Расейскай дзяржаве, дзе яны аздаблялі палацы і храмы высокамастацкай разьбой па дрэве (гл. Беларуская рэзь). Захавалася нямала ўзораў культавай С. стылю барока 17-18 ст. у касцёлах і вуніяцкіх храмах Беларусі. У 17-18 ст. узнікла свецкая С. (бюсты магнатаў, гістарычных дзеячаў). З канца 18 ст. пачаў развівацца класіцызм (рысы якога заўважаюцца ў творчасці К.Ельскага), пазней рэалізм (В.Смакоўскі, Р.Слізень). Рысы мадэрнізму ўласцівы творам Я.Тышынскага, І.Багушэўскага, В.Бубноўскага і інш. У савецкі перыяд скульптары стваралі партрэты, помнікі дзеячам рэвалюцыйнага руху, гісторыі і культуры, партыйным кіраўнікам, партызанам і інш. У манументальнай С. вылучаюцца шматфігурныя гарэльефы для Манументу Перамогі ў Менску (З.Азгур, А.Бембель, А.Глебаў, С.Селіханаў), рэльефы на Кургане Славы, у комплексах Берасцейская крэпасць-герой (Бембель, А.Кібальнікаў), Хатынь (Селіханаў). У Менску створаны помнікі Я.Купалу (Анікейчык, Л.Гумілеўскі, А.Заспіцкі), Я.Коласу (З.Азгур), а ў Полацку - Ф.Скарыне (А.Глебаў) і інш. @

Славянафільства, кірунак расейскай грамадскай думкі, для якога былі характэрны пратэст супраць пераймання элементаў культуры і палітычнага ладу Захаду, прапаганда тэорыі нацыянальнай самабытнасці, асаблівага гісторыка-культурнага і духоўнага шляху Расеі. Склалася пад уплывам філасофскіх сістэм Ф.Шэлінга і Г.Гегеля, урадавай тэорыі «афіцыйнай народнасці» С.Уварава, а таксама ідэй усходніх містыкаў. Сфармулявана ў 1840-х г. І.Кірэеўскім, А.Хамяковым, К.Аксакавым, пазней развіта К.Лявонцьевым. Яны лічылі, што Расейская імперыя з часоў Пятра І пайшла па няправільным шляху, які прывёў яе да крызісу. Прадстаўнікі С. адстойвалі асобую культурную місію Расеі ў суветнай гісторыі, што праявілася ў адсутнасці тут класавай барацьбы, дамінаванні абшчыннай гаспадаркі і ўкладу жыцця, праваслаўя як адзіна вернай рэлігіі. Паводле С., эўрапейская культура пайшла па «разумоваму» шляху і таму апынулася ў стане ўнутранага разладу, а Ўсход (найперш Расея) ідзе «цэласным» шляхам пазнання і таму мае шанцы дасягнуць сапраўднага пранікнення ў таямніцы веры і жыцця. Ідэі С. выявіліся ў розных творах мастацтва і літаратуры. @

Славянскіх народаў культуры, сукупнасць культурных здабыткаў славян - народаў, аб'яднаных блізкасцю моў і агульнасцю паходжання (расейцы, украінцы, беларусы, палякі, чэхі, славакі і інш.). С.н.к. як унікальныя феномены духоўнага жыцця склаліся адносна позна - у эпоху Сярэднявечча. Ад старажытнага перыяду славянскай гісторыі захаваліся розныя гістарычныя сведчанні - найперш рэшткі курганоў, умацаваных паселішчаў, капішчы, прадметы рэлігійнага рытуалу, паўсядзённга жыцця, ювелірныя знаходкі і інш. У развіцці славянскіх культур значную ролю адыгрывалі рэлігійныя погляды, уяўленні - спачатку язычніцтва, а потым хрысціянства. Славянскія культуры мелі звычайна менш выяўлены прагматычны і рацыянальны пачатак (у параўнанні з заходнеэўрапейскай культурай), у іх немалую ролю ва ўсе часы адыгрываў эмацыйна-пачуццёвы пачатак. Культурнае развіццё славянскіх народаў адбывалася нярэдка ў надзвычай складаных знешніх і ўнутраных умовах (войны, міжусобныя сутыкненні, эпідэміі і г.д.). У раннім Сярэднявеччы ўзровень развіцця славянскіх культур быў ніжэйшым у параўнанні з тагачаснымі лідэрамі культурна-гістарычнага працэсу - Візантыяй і Кітаем. У славян не было сваіх уласных дзяржаў, развітай пісьменнасці, гарадоў і інш. Аднак з часоў позняга Сярэднявечча і Адраджэння пачалося даволі хуткае развіццё С.н.к. У наступныя стагоддзі найбольш высокага ўзроўню развіцця дасягнулі ў славянскіх народаў такія віды мастацкай культуры, як архітэктура, вусная народная творчасць (фальклор), літаратура, кнігадрукаванне; менш развітымі былі адпаведна выяўленчае мастацтва, навука, музыка, рэлігійна-філасофская думка. @

«Слова пра паход Ігаравы», помнік старажытнай усходнеславянскай літаратуры; ліраэпічны твор, напісаны рытмізаванай прозай. Створаны, верагодна, у 1185-1187 у Кіеве. Магчыма, яго аўтар быў выхадцам з Беларусі. У творы расказваецца пра няўдалы паход на полаўцаў у 1185 ноўгарад-северскага князя Ігара. Аўтар выступае за адзінства і згоду ўсіх князёў і ўсіх жыхароў старажытнай Русі. Значная ўвага надаецца тут Полацку і яго мінуламу, а полацкі князь Усяслаў Брачыслававіч у духу вусна-паэтычных народных традыцый намаляваны мудрым валадаром, князем-чарадзеем. Як жорсткае пабоішча апісана таксама бітва на р. Няміга ў 1067 каля Менска. Твор багаты язычніцкай сімволікай, вобразамі славянскай міфалогіі. Высокая мастацкая дасканаласць і самабытнасць паэмы, музычнасць паэтычнай формы, пафас і ўзнёсласць, змястоўнасць і праўдзівасць, глыбіня думкі і лірызм робяць «Слова» шэдэўрам сусветнага значэння. Знойдзены ў пачатку 1790-х г. у рукапісе 16 ст. Упершыню апублікаваны ў 1800. Спарадзіла дзесяткі паэтычных пералажэнняў, выяўленчых і музычных інтэрпрэтацый. Першы поўны пераклад «Слова...» на беларускую мову належыць Я.Купалу (вершаваны 1919, празаічны 1921). @

Смехавая культура, культурна-псіхалагічны феномен, у якім выяўляецца здольнасць чалавека да камічнай ацэнкі рэчаіснасці. У выніку гэтага ствараецца своеасаблівая «смехавая святочная культура», калі рэчаіснасць ўспрымаецца гратэскна, весела, незвычайна. Асноўнымі элементамі С.к. з'яўляюцца гратэск, іронія, гумар, пародыя, сатыра. Паводле М.Бахціна, у Сярэднявеччы і ў эпоху Рэнесансу існавала народная смехавая карнавальная культура (гл. Карнавал). @

Смолік Аляксандар (н. 1944), беларускі культуролаг, гісторык. Доктар культуралогіі (2000), кандыдат гістарычных навук (1973), прафесар (1999). Скончыў Менскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.Горкага (1968). Працаваў дацэнтам у гэтым інстытуце, дэканам факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі (1979-1992). З 1992 прарэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры. Даследуе гісторыю Беларусі, тэорыю айчыннай і сусветнай культуры. На аснове структурнага аналізу ім вызначана сацыядынаміка культуры, сутнасць, асаблівасці, змест і дзейнасць сацыяльных інстытутаў посткатастрофнага грамадства. Распрацаваў канцэпцыю рэабілітацыйна-катарсіснага ўздзеяння на дэзадаптаваную асобу постакатастрофнага соцыуму мастацтва (музыкі, тэатра, выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтваў, літаратуры, харэаграфіі і інш.). Шэраг прац прысвечаны даследаванню працэсу разгортвання культуры этнасаў у часе і прасторы і ва ўзаемасувязі з сацыяльна-палітычнай арганізацыяй, сацыяльнымі ўзрушэннямі грамадства. Аўтар манаграфій «Сацыядынаміка культуры ў посткатастрофным соцыуме» (1999), «Гісторыя і культура беларускіх татар» (2000; разам з І.Б.Канапацкім), «Сацыяльна-культурная дзейнасць у постчарнобыльскім соцыуме» (1999), «Культура Беларусі ХІ-ХІХ стст.» (1998) і інш. @

Сома, у старажытнаіндыйскай міфалогіі бог Месяца, валадар свету і неба, першатворца ўсяго існага; рытуальны (верагодна, галюцынагенны) напітак, які прыносіўся ў ахвяру багам і дараваў ім несмяротнасць і ўладу. Паводле міфаў, бог С. сімвалізуе смеласць, мудрасць, сілу, прымушае ззяць Сонца, забяспечвае законнасць, дае багацце і шчасце, надзяляе майстэрствам спевакоў і г.д. @

Соцыум (ад лац. socium - агульнае, сумеснае), устойлівая сацыяльная сукупнасць, якая характарызуеца адзінствам умоў жыццядзейнасці людзей і на гэтай аснове - агульнасцю культуры. Разнавіднасцямі С. з'яўляюцца родавыя, этнічныя, сацыяльна-класавыя і тэрытарыяльныя супольнасці; вышэйшая форма С. - грамадства як адзіны сацыяльны арганізм, які складаецца з асобных індывідаў і груп і рэгулюецца сістэмай маральных установак і юрыдычна змацаваных сацыяльных норм. У сацыялогіі паняцце С. выкарыстоўваецца для характарыстыкі сацыяльна-культурнай цэласнасці пры аналізе ўздзеяння грамадства на развіццё асобы. @

Спадчына культурная, частка матэрыяльнай і духоўнай культуры, створаная мінулымі пакаленнямі. У яе ўваходзяць культурныя каштоўнасці, якія вытрымалі выпрабаванне часам і перадаюцца з пакалення ў пакаленне як нешта важнае і каштоўнае. С.к. часта ідэалізуецца, карыстаецца значным аўтарытэтам, акружана арэолам «вечных каштоўнасцей». Звычайна яе найлепшыя рысы, бакі гіпербалізуюцца, а адмоўныя мінімалізуюцца, змяншаюцца. У канчатковым выніку яна становіцца фактарам згуртавання нацыі, сродкам аб'яднання ў перыяды крызісу і грамадскай нестабільнасці. Сённяшнія культурныя каштоўнасці, здабыткі звычайна не ўваходзяць у С.к. (напр., сучасная мода), аднак калі моднымі ў мінулыя перыяды прадметамі адзення пачынаюць актыўна карыстацца нашы сучаснікі, то такія прадметы становяцца часткай С.к. @

Спеласць культуры, устойлівы стан культуры, які вызначаецца аптымальнай унутранай структурай, нармальным функцыянаваннем яе элементаў, максімальнай прадукцыйнасцю, стварэннем агульнапрызнаных узораў матэрыяльнай і духоўнай культуры. Адметнай рысай «спелай культуры» з'яўляецца тое, што яна больш паспяхова супрацьстаіць знешнім уплывам, агрэсіі з боку іншых культур у параўнанні з маладымі, неразвітымі культурамі. @

Стаіцызм (ад грэч. stoa - порцік, ці галерэя з калонамі ў Афінах, дзе вучыў заснавальнік С. грэчаскі філосаф Зянон), кірунак антычнай філасофіі. Паводле С., усе людзі з'яўляюцца роўнымі, усе яны імкнуцца да шчасця, шлях да якога перакрываюць чалавечыя афекты, страсці. Таму ідэальным, найлепшым станам для чалавека можа быць бясстраснасць, або т.зв. «апатэйя» (раўнадушша да багацця, сацыяльнага становішча, нават здароўя), а таксама следаванне прыродзе і свайму ўласнаму розуму. Сусвет успрымаўся стоікамі як адзінае жывое цела, запоўненае дыханнем (пнеўмай). Прадстаўнікі С. (Сенека, Эпіктэт, Марк Аўрэлій і інш.) разглядалі філасофію як вучэнне аб дасягненні маральнага ідэала, унутранай духоўнай свабоды і шчасця, дзеля чаго неабходна змірыцца са знешнімі абставінамі, імкнуцца да дабрачыннасці, адмовіцца ад усякіх мірскіх спакусаў (напр., багацця, знатнасці, ушанаванняў). С. аказаў прыкметны ўплыў на станаўленне ранняга хрысціянства. @

Станіслаўскі Канстанцін Сяргеевіч (1863-1938; сапр. Аляксееў), расейскі рэжысёр, акцёр, педагог, тэарэтык тэатра. Народны артыст СССР (1936). Адзін з заснавальнікаў Маскоўскага Мастацкага тэатра (1898) і стваральнікаў «Таварыства мастацтва і літаратуры», дзе іграў і ставіў п'есы. У створанай ім Оперна-драматычнай студыі прымяніў свае драматургічныя прынцыпы акцёрскага майстэрства для оперных пастановак. Упершыню сцвердзіў на расейскай сцэне прынцыпы рэжысёрскага тэатра (адзінства мастацкай задумы, цэласнасць акцёрскага ансамбля, псіхалагічная абумоўленасць мізансцэн). Дабіваўся стварэння паэтычнай атмасферы спектакля, перадачы «настрою» кожнага эпізода, жыццёвай дакладнасці вобразаў, сапраўднасці акцёрскага перажывання. Даў пачатак розным незалежным тэатрам, у т.л. жыдоўскаму тэатру-студыі «Габіма». Паставіў п'есы: А.Чэхава, дзе сыграў ролі Трыгорына («Чайка», 1898), Вяршыніна («Тры сястры», 1901), Гаева («Вішнёвы сад», 1904); М.Горкага - роля Саціна («На дне», 1902); І.Тургенева - роля Ракіціна («Месяц у вёсцы», 1909); М.Метэрлінка («Сіняя птушка», 1908), К.Гальдоні («Гаспадыня гасцініцы», 1914), А.Астроўскага («Гарачае сэрца») і інш. Стварыў сістэму сцэнічных установак, заснаваных на натуральных законах эмацыянальных, душэўных і фізічных дзеянняў, на тэхніцы арганічнага пераўвасаблення ў вобраз («сістэма Станіслаўскага»). Як акцёр С. стварыў нямала яркіх вобразаў у класічных і сучасных п'есах. Працаваў і ў галіне музычнага тэатра. З 1918 узначальваў Оперную студыю Вялікага тэатра (Масква). Яго наватарскія ідэі выказаны ў кнігах «Маё жыццё ў мастацтве» (1924) і «Работа акцёра над сабой» (1937). Творчая дзейнасць С. аказала значны ўплыў на расейскае і сусветнае тэатральнае мастацтва 20 ст. @

Станюта Стэфанія (1905-2000), беларуская актрыса. Народная артыстка Беларусі (1957), народная артыстка СССР (1988). Скончыла Беларускую драматычную студыю ў Маскве (1926). Сцэнічную дзейнасць пачала ў 1919 у Першым беларускім таварыстве драмы і камедыі. З 1932 у Нацыянальным тэатры імя Я.Купалы. Выканаўца характарных, камедыйных і драматычных роляў. Стварыла шэраг народных характараў, дзе выявіла ў сваіх гераінь мудрасць, жыццядзейнасць, шчодрасць і чалавечнасць, сувязь з роднай зямлёй: Марыля і Паланея («Раскіданае гнязло» і «Прымакі» Я.Купалы), Алена («Салавей» З.Бядулі), Рыпіна («Плач перапёлкі» І.Чыгрынава) і інш. Сярод найбольш яркіх роляў камедыйна-сатырычнага і драматычнага плану - Зёлкіна («Хто смяецца апошнім» К.Крапівы), «Куліна Чарнушка» («Людзі на балоце» паводле І.Мележа), Арына Радзівонаўна («Верачка» А.Макаёнка), Шарлота («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Эліза («Скупы» Мальера), Дыяна («Дурная для іншых, разумная для сябе» Лопэ дэ Вэга), Бабуля («Дзверы стукаюць» М.Фермо) і інш. Яе творчай манеры ўласцівы шырыня дыяпазону, схільнасць да глыбокага псіхалагічнага раскрыцця і вострасатырычнай абмалёўкі вобраза, арганічнае спалучэнне гратэску і эмацыянальнасці з натуральнасцю сцэнічных паводзін. Здымалася ў кінафільмах «Родная справа», «Развітанне», «Чужая вотчына», «Белыя Росы» і інш., тэлефільмах «Мы - хлопцы жывучыя», «Пра Чырвоную Шапачку», «Атланты і карыятыды», тэлеспектаклях «Людзі на балоце», «Ткачы» і інш. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі 1982. @

Статыка культуры, стан нязменнасці культуры, адсутнасць заўважнай дынамікі ў культурнай сферы. Перавага С.к. над яе дынамікай вядзе да непазбежнага культурнага застою. С.к. можа захоўвацца ў грамадстве адносна кароткі ці, наадварот, працяглы час. Яна абумоўлена як знешнімі (міжнародная ізаляцыя дзяржавы), так і ўнутранымі (кансерватыўны лад кіравання, недастатковая ўвага да культурных праблем) прычынамі. Пераадоленню С.к. могуць паспрыяць разнастайныя фактары - сацыяльна-эканамічныя, грамадска-палітычныя, канфесійныя, этнапсіхалагічныя і інш. @

Стравінскі Ігар Фёдаравіч (1882-1971), кампазітар, дырыжор. Да 1914 жыў у Расеі, потым у Францыі, з 1945 грамадзянін ЗША. Браў урокі кампазіцыі ў М.Рымскага-Корсакава. Звяртаўся да розных музычных кірункаў (неафалькларызм, класічная паліфанія, неакласіцызм, новая венская школа і інш.). Аўтар опер («Салавей», 1914; «Маўра», 1922), опер-араторый («Цар Эдзіп», 1927; «Прыгоды свавольніка», 1951), балетаў («Жар-птушка», 1910; «Пятрушка», 1911; «Вясна свяшчэнная», 1913; «Апалон Мусагет», 1928; «Агон», 1958 і інш.), кантат, сімфоній, духоўных псалмоў, канцэртаў для аркестраў, камерна-інструментальных і вакальных твораў. Яго творчасць вызначаецца надзвычайнай вобразнай і стылістычнай разнастайнасцю (ад язычніцкай архаікі да антычных міфаў; ад расейскага сучаснага музычнага фальклору да эўрапейскіх музычных стыляў 17-18 ст. або праваслаўных літургічных песнапенняў і да т.п.), унутраным адзінствам, абумоўленым арганічнай сувяззю з традыцыямі расейскай музычнай культуры. Наватарства С. ў галіне метрарытмікі, аркестроўкі, гармоніі аказала моцнае ўздзеянне на развіццё музыкі 20 ст. @

Стратыфікацыя культурная (ад лац. stratum слой, пласт + facere - рабіць), працэс і вынік дыферэнцыяцыі грамадства на розныя сацыяльныя пласты (страты), якія адрозніваюцца па свайму грамадскаму статусу. Размяшчэнне людзей у статуснай іерархіі адбываецца па чатырох крытэрыях няроўнасці: розніца ў даходах, узровень адукацыі, доступ да ўлады, прэстыж прафесіі. Прадстаўнікі розных сацыяльных страт адрозніваюцца адзін ад аднаго ўзроўнем матэрыяльнага дабрабыту, якасцю, стылем і ладам жыцця, а таксама сваімі спецыфічнымі духоўна-культурнымі каштоўнасцямі, асаблівасцямі працоўнай дзейнасці і адпачынку, шырынёй кругагляду і г.д. Вылучаюць чатыры гістарычныя тыпы С.с.: рабства, касты, саслоўі і класы. @

«Страчанае пакаленне», вызначэнне групы замежных пісьменнікаў, што ў 1920-я г. выступілі з творамі, у якіх адлюстраваліся расчараванне ў сучаснай цывілізацыі і страта асветніцкіх ідэалаў (веры ў станоўчую сілу навуковага прагрэсу, сацыяльную справядлівасць, моц «разумных» норм гуманнасці і маралі). Гэтыя эмоцыі і пачуцці абвастрыліся, паглыбіліся пад уплывам трагічнага вопыту першай сусветнай вайны. Тэрмін прыпісваецца амерыканскай пісьменніцы Г.Стайн. Сярод яркіх прадстаўнікоў «С.п.» - Э.Хемінгуэй, Р.Олдзінгтан, Э.М.Рэмарк і інш. @

Структуралізм (ад лац. structura - будова, размяшчэнне і сувязь састаўных элементаў чаго-небудзь), кірунак у гуманітарных ведах (лінгвістыка, літаратуразнаўства, гісторыя і інш.), які сфармаваўся ў 1920-я г. і быў звязаны з выкарыстаннем структурнага метаду. Атрымаў найбольшае пашырэнне ў 1960-я г. ў Францыі (К.Леві-Строс, М.Фуко, Р.Барт, Ж.Дэрыда). У яго аснове - выяўленне структуры як адносна ўстойлівай сукупнасці адносін і частковае адцягненне ад развіцця аб'ектаў. С. выкарыстоўвае таксама метады мадэліравання, матэматызацыі, фармалізацыі, элементы семіётыкі. Даследуе культуру як сукупнасць знакавых сістэм (мовы, навукі, мастацтва, моды, рэкламы і да т.п.), аналізуе заканамернасці іх функцыянавання, якім неўсвядомлена падначальваецца чалавек. Гэтым заканамернасцям адпавядаюць глыбінныя пласты культуры («эпістэма», «ментальныя структуры», «дыскурсіўныя фармацыі»). @

Структурна-сістэмны аналіз культуры, падыход да аналізу культуры, у якім апошняя разглядаецца як цэласная сістэма, што складаецца з асобных структурных элементаў (адзінак). Лічыцца, што стан і развіццё ўсёй сістэмы залежаць ад спецыфікі ўзаемадзеяння асобных структурных элементаў. Дадзены падыход прымяняецца таксама пры аналізе не толькі культуры як асобнай сістэмы, але і пры даследаванні ўзаемадзеяння розных сістэм (напр., ментальнасці і культуры, прыроды і культуры, індывіда і грамадства і інш.). @

Ступа (літ. «земляны ўзгорак», «куча камянёў»), будыйская культавая і мемарыяльная пабудова паўсферычнай формы (найчасцей каменнае ці абкладзенае камянямі). Першапачатква С. былі сховішчамі рэліквій Буды і будыйскіх святых, потым яны ўяўлялі сабой мемарыялы, якія ўзводзіліся ў гонар падзей, звязаных з будызмам. Форма С. сімвалічна ўвасабляе сабой структуру Сусвету і атаясамліваецца з нябесным зводам. Яна будавалася пад адкрытым небам на круглай ці квадратнай платформе ўнутры агароджы з арыентаванымі па чатырох баках свету варотамі («тарана»), якія азначалі сімвалічныя «выхады ў Сусвет». Найбольш старажытныя С. былі пабудаваны ў 2-1 ст. да н.э. Існавалі т.зв. «ступікі» - у культавым дойлідстве Паўднёвай Індыі архітэктурныя элементы ў выглядзе мініяцюрнай С., якія знаходзіліся на вяршыні храмавай вежы. @

Суб'ект і аб'ект культуры, узаемазвязаная сістэма стваральнікаў (суб'ектаў) і канкрэтных вынікаў (аб'ектаў) творча-стваральнай дзейнасці людзей. Суб'ектамі культуры выступаюць асобныя індывіды або якія-небудзь супольнасці (сацыяльныя, нацыянальныя, рэлігійныя, полаўзроставыя і інш.), якія ствараюць, захоўваюць і «ўжываюць» культурныя феномены, артэфакты, каштоўнасці. Аб'ект культуры - гэта элемент, фрагмент яе быцця, які ўяўляе сабой прадукт рэалізацыі актыўнасці суб'екта культуры. С. і а.к. неабходна разглядаць у іх узаемазалежнасці, дыялектычным адзінстве. @

Субкультура (ад лац. sub - пад, унізе + культура), частка ўсёй агульнай культуры; сістэма каштоўнасцей, традыцый, звычаяў, ідэалаў, якія ўласцівы пэўнай сацыяльнай супольнасці людзей. Існаванне С. звязана з тым, што практычна кожная канкрэтна-гістарычная супольнасць з'яўляецца ўнутрана неаднароднай, уключае акрамя асноўнага этнасацыяльнага ядра групы са спецыфічнымі этнаграфічнымі, саслоўнымі, канфесійнымі, прафесіянальнымі і іншымі прыкметамі. Існуе мноства С., заснаваных на сацыяльнай, этнарэлігійнай і полаўзроставай спецыфіцы (напр., моладзевая субкультура, С. нацыянальных меншасцей, прафесіянальных груп, канфесійных супольнасцей, пенсіянераў, інвалідаў, гомасексуалістаў і інш.). Носьбітаў С. вызначаюць такія адметныя рысы, як своеасаблівы «стыль», які з дапамогай касцюма, прычоскі і інш. дазваляе ствараць і падтрымліваць пэўны вобраз, імідж, а таксама манера паводзін (адмысловыя міміка, жэстыкуляцыя, паходка), жаргон (спецыфічная форма вядзення размовы) і інш. Ад дамінуючай кожная С. адрозніваецца звычайна спецыфічнымі рысамі мовы, поглядамі на жыццё, манерамі, стэрэатыпамі паводзін, аднак у цэлым яна не супрацьстаіць дамінуючай культуры. У залежнасці ад зместу і характару каштоўнасцей, асноўных мэтаў дзейнасці можна выдзяляць як пазітыўныя (напр., С. прафесійных супольнасцей), так і негатыўныя С. (напр., С. злачыннага свету). Праблемамі С. займаліся такія вядомыя культуролагі, сацыёлагі і філосафы, як О.Шпенглер, Х.Артэга-і-Гасет, А.Тофлер, А.Моль, Э.Шойх, Р.Швентэр і інш. @

Сублімацыя (ад лац. sublimare - узносіць), псіхічны працэс пераўтварэння і пераключэння энергіі афектыўных памкненняў на мэты сацыяльнай дзейнасці і мастацкай творчасці. У навуковы ўжытак тэрмін «С.» увёў З.Фрэйд у 1900. У распрацаваным ім псіхааналізе С. разглядаецца як працэс, у выніку якога энергія, накіраваная першапачаткова на сексуальныя (лібіда) або агрэсіўныя мэты, перанакіроўваецца на дасягненне іншых сацыяльна і культурна санкцыянаваных мэт (спорт, інтэлектуальная праца, мастацкая творчасць, фармаванне рэлігійных абрадаў і культаў і інш.). @

Сублімацыя культуры, культуралагічнае паняцце, уведзенае ў навуковы ўжытак нямецкім філосафам і сацыёлагам К.Мангеймам. Выяўляецца ў пераўтварэнні духоўнай энергіі прадстаўнікоў інтэлектуальнай і мастацкай эліты грамадства ў творы літаратуры, выяўленчага мастацтва, тэатра, кіно і г.д. Найбольш пашырана ў тых грамадствах, дзе існуюць шматлікія творчыя групы, здольныя ў поўнай меры выявіць свой творча-стваральны патэнцыял. @

Субэкумена, устойлівая кааліцыя культур, звязаных адзінай сусветнай рэлігійна-філасофскай традыцыяй. Сёння С. можна называць заходні хрысціянскі свет, канфуцыянска-будыйскі свет (Кітай), свет ісламу, індуісцка-будыйскі свет (Індыя). Як своеасаблівыя культурныя светы, створаныя сусветнымі рэлігіямі і рэлігійна-філасофскімі традыцыямі, С. з'яўляюцца больш устойлівымі ў параўнанні з асобнымі народамі. С. таксама вызначаецца як цывілізацыя, заснаваная на ўсяленскім духу, які аб'ядноўвае народы і плямёны ў прасторы імперыі, а потым вакол імперскага ядра. @

Супрэматызм (ад лац. supremus - найвышэйшы), разнавіднасць абстрактнага мастацтва, створаная ў 1913 К.Малевічам. Ён зводзіў прадметную форму да камбінацый рассеянных на плоскасці кантрастных па колеру простых геаметрычных фігур (квадрат, кола, трохвугольнік). Пазней у С. пачалі выкарыстоўвацца т.зв. «архітэктоны» - накладзеныя на плоскасць аб'ёмныя формы. @

Суфізм (ад араб. «суф» - грубая шарсцяная тканіна), містычная плынь у ісламе. Узнікла ў 8-9 ст., канчаткова аформілася на працягу 10-12 ст. Галоўная мэта С. - паступовае набліжэнне праз містычную любоў да спасціжэння Бога. Для дасягнення гэтай мэты выкарыстоўваюцца спецыяльныя малітвы, трансавая музыка, экстатычныя танцы, медытатыўныя практыкаванні і інш. Адным з асноўных тэзісаў філасофіі С. лічыцца ўяўленне пра немагчымасць адназначнай фіксацыі таго ці іншага сцвярджэння як канчатковага. Паводле С., у кожным сваім дзеянні чалавек накіроўваецца Богам, а дакладней, самім сабой праз Бога і ў Богу. Для суфійскай філасофіі характэрна верацярпімасць, якая яскрава выяўляецца ў палажэнні аб тым, што «немагчыма пакланяцца нічаму, акрамя сапраўднага Бога». С. аказаў значны ўплыў на араба-мусульманскую філасофскую думку і на арабскую культуру ў цэлым, асабліва ў перыяд позняга Сярэднявечча. @

«Сучасная архітэктура», комплекс творчых кірункаў і метадаў, што ўзніклі ў пачатку 20 ст. Сярод галоўных прадстаўнікоў - Ш.Э.Ле Карбюзье, Ф.Л.Райт, Л.М. ван дэр Роэ, О.Німейер, А.Аалта, К.Тангэ і інш. Да ліку найбольш знакамітых твораў-сімвалаў майстроў «С.а.» можна аднесці вілы Райта, шкляныя вежы ван дэр Роэ, а таксама новыя гарады, што будаваліся па праектах Ле Карбюз'е і Німейера. Для «С.а.» ўласцівы абвостранае пачуццё сучаснасці, пошук навізны, новых мастацкіх сродкаў адлюстравання рэалій індустрыяльнага грамадства; свабода эксперымента; імкненне ствараць прасторавыя формы для небывалых у мінулым тыпаў пабудоў (хуткасныя магістралі, аэрапорты, вакзалы, буйныя жылыя масівы). @

Схаластыка (ад грэч. schola - школа), назва сярэднявечнай эўрапейскай філасофіі. Арыентавалася на абгрунтаванне і тлумачэнне рэлігійных ісцін, на «школьнае» авалодванне ўжо назапашаным, а не на пошук новых ведаў, стварэнне новых тэорый і канцэпцый. Дзеля абгрунтавання гэтых рэлігійных ісцін схаласты спасылаліся не толькі на біблейскія тэксты, але і на творы знакамітых мысліцеляў антычнасці (найперш Арыстоцеля, які ў Сярэднявеччы лічыўся найбольш буйным аўтарытэтам у галіне філасофіі і тэалогіі). Філасофію Сярэднявечча нярэдка разглядалі як своеасаблівую «служанку багаслоўя». У яе межах выдзялялася такая адметная плынь, як містыцызм. Найбольш вядомымі прадстаўнікамі сярэднявечнай хрысціянскай філасофіі і тэалогіі былі Аўрэлій Аўгусцін, Фама Аквінскі, Р.Бэкан, У.Окам, П.Абеляр і інш. @

Сцыентызм (ад лац. scientia - веды, навука), светапоглядная пазіцыя, заснаваная на ўяўленні пра навуковыя веды як найвышэйшую каштоўнасць культуры і ўмову арыентацыі чалавека ў свеце. Аформіўся ў канцы 19 - пачатку 20 ст. Арыентуецца пераважна на метадалогію і вынікі прыродазнаўчых ведаў і прызнае за навукай права і здольнасць рашэння ўсіх сацыяльных праблем. Супрацьлеглая С. светапоглядная пазіцыя (антысцыентызм) падкрэслівае абмежаванасць магчымасцей навукі і разглядае яе як прычыну ўзнікнення шматлікіх сацыяльных і экалагічных праблем. @

Сюррэалізм (літар. «звышрэалізм»; ад sur - звыш + realism - рэалізм), мадэрнісцкая плынь у выяўленчым мастацтве і літаратуры 20 ст. Склаўся ў 1920-я г. пераважна ў Францыі, а потым распаўсюдзіўся ў іншых эўрапейскіх краінах. Сярод найбольш вядомых прадстаўнікоў - мастакі Ж.Міро, Ж.Эарп, М.Эрнст, С.Далі, Р.Магрыт; пісьменнікі А.Брэтон, Ф.Супо і інш. Абапіраўся на ірацыяналізм, алагізм, канцэпцыю неўсвядомленага З.Фрэйда. Ставіў мэтай адлюстраванне звышрэальных, алагічных сувязей аб'ектаў рэальнага свету, якія існуюць толькі ў падсвядомасці чалавека і праяўляюцца ў стане сну, гіпнозу, трансу ці хваробы. Абвясціў крыніцай мастацкай творчасці і натхнення сферу падсвядомага (інстынкты, галюцынацыі, сны); творчым метадам - разрыў лагічных сувязей, замененых свабоднымі асацыяцыямі, а галоўнай мэтай - сацыяльнае і маральна-інтэлектуальнае вызваленне чалавека. Выступаў супраць камерцыяналізацыі мастацтва. @

Сярэднявечная культура, адмысловая культура, уласцівая эўрапейскім краінам у эпоху Сярэднявечча, якая працягвалася ад 5 ст. н.э. (падзенне Заходняй Рымскай імперыі) па 15 ст. (калі пачалася эпоха Адраджэння). Асноўнай асаблівасцю С.к. з'яўляецца яе рэлігійны (хрысціянскі) характар, відавочны «тэацэнтрызм», г.зн. такі светапогляд, дзе ў цэнтры ўвагі знаходзіцца Бог. Вызначалася таксама надзвычайным традыцыяналізмам, кананічнасцю, дагматычнасцю, а часам ідэйнай інталерантнасцю (нецярпімасцю). Для яе былі ўласцівы сімвалізм і алегорыя (іншасказальнасць), цяга да абагульненасці, універсалізму, а таксама рэфлексіўнасць, псіхалагічная заглыбленасць, дыдактычнасць, ананімнасць большасці твораў мастацтва. Эпоха Сярэднявечча вызначалася сутыкненнем, сінтэзам некалькіх культурных арыентацый, плыняў: з аднаго боку, царкоўнай, вучонай, афіцыйнай, а з другога - народнай, карнавальнай, «смехавой». Прычым калі царкоўная культура была хрысціянскай, то народная захоўвала нярэдка нямала элементаў старажытных язычніцкіх вераванняў. У эпоху Сярэднявечча канчаткова сфармаваліся некалькі спецыфічных субкультур (напр., трох асноўных саслоўяў - духавенства, дваранства, «трэцяга саслоўя»). Узніклі новыя дзяржавы, народы, склаліся сучасныя эўрапейскія мовы, былі адкрыты новыя землі, адбылося вынаходніцтва кнігадрукавання і інш. @

Табу (палінезійск.),

1) у першабытным грамадстве сістэма забарон на ажыццяўленне пэўных дзеянняў (выкарыстанне якіх-небудзь прадметаў, вымаўленне слоў, асабістыя кантакты, учынкі і інш.). Рэгламентавала важнейшыя бакі жыццядзейнасці чалавека - гаспадарчы, сямейны, духоўны. Забяспечвала выкананне шлюбных нормаў (напр., Т. інтымных адносін паміж сваякамі і інш.). Лічылася, што яго парушэнне немінуча выкліча жорсткае пакаранне (хваробу, смерць) з боку звышнатуральных сіл. Звычайна Т. (у адрозненне ад канкрэтнай забароны) нічым не матывуецца і нічым не апраўдваецца. Паклала пачатак многім больш познім сацыяльным і рэлігійным нормам.

2) У шырокім сэнсе - строгая забарона. @

Тайлар Эдуард Бернет (1832-1917), ангельскі этнограф; даследчык першабытнай культуры, рэлігіі. Адзін з заснавальнікаў этнаграфіі і антрапалогіі. Лічыцца бацькам эвалюцыйнай тэорыі развіцця культуры. У 1871 абраны сябрам Каралеўскага навуковага таварыства, з 1896 прафесар першай у Англіі кафедры антрапалогіі пры Оксфардскім універсітэце. Разглядаў культуру як рацыянальнае ўтварэнне для паляпшэння жыцця людзей у грамадстве. Сцвярджаў, што прагрэс культуры адбываецца дзякуючы таму, што ўсе народы, на якім бы ўзроўні развіцця яны не знаходзіліся, уносяць у яе свой непаўторны ўклад. Найбольш развітымі грамадствамі лічыў тыя, у якіх больш адукаваных і культурных людзей. Крыніцу рэлігіі бачыў у псіхічнай дзейнасці індывідаў. З'яўляўся прыхільнікам адналінейнай эвалюцыі, якая ўяўляецца працэсам самаразвіцця ідэй (навуковых ведаў, тэхнічных вынаходніцтваў і інш.). Сярод яго асноўных прац - «Першабытная культура» (1871), «Уводзіны ў вывучэнне Чалавека і Цывілізацыі» (1881) і інш. З вучняў Т. найбольшую вядомасць атрымаў Дж.Фрэзер. @

Талент (ад грэч. talanton - літар. вага, шалі), выдатныя здольнасці, высокая ступень творчай адоранасці ў якой-небудзь галіне. Можа выяўляцца ва ўсіх сферах жыццядзейнасці (навука, мастацтва, палітыка і інш.) і вызначаецца прынцыповай навізной, высокай дасканаласцю вынікаў творчай дзейнасці і іх грамадскай значнасцю. Вышэйшай ступенню развіцця Т., які дазваляе ажыццяўляць прынцыповыя зрухі ў той ці іншай сферы творчасці, з'яўляецца геніяльнасць. Фармуецца з ранняга дзяцінства як выяўленне задаткаў і схільнасцей да пэўнага віду дзейнасці. Станаўленню Т. звычайна садзейнічаюць своечасовае дыягнаставанне здольнасцей, сістэматычная работа па іх развіццю, набыццё грунтоўнай адукацыі, адпаведная маральна-духоўная і матэрыяльна-фінансавая падтрымка. @

Талерантнасць (ад лац. tolerantia - цярпенне),

1) цярпімасць асобнага індывіда ці якой-небудзь супольнасці людзей да прадстаўнікоў іншых канфесій, палітычных партый, грамадскіх арганізацый, этнасацыяльных груп, а таксама да іншадумства, чужых поглядаў, вераванняў, паводзін, да крытыкі іншымі індывідамі сваіх ідэй, пазіцый і дзеянняў і да т.п. Звычайна складваецца на працягу многіх гадоў у працэсе сацыялізацыі асобы пад уплывам сацыяльных фактараў, грамадска-палітычных працэсаў, асаблівасцей этнакультурнага развіцця, канфесійнай сітуацыі і г.д. Вызначаецца здольнасцю адначасова адзначаць як станоўчыя, так і адмоўныя бакі псіхалогіі, паводзін чалавека або груп людзей. З'яўляецца важнай прыкметай агульнай і палітычнай культуры, неабходным элементам грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы, сапраўднай дэмакратыі і гуманізму, ідэалагічнага і палітычнага плюралізму. Т. варта разглядаць як неабходную ўмову паспяховага вырашэння разнастайных асабістых і грамадскіх праблем не на шляхах абвастрэння існуючых супрацьлегласцей, непаразуменняў, а на шляхах узаемнага ўліку інтарэсаў, пошуку згоды і магчымых кампрамісаў. Праявы неталерантных адносін найчасцей выкліканы неспрыяльнымі сацыяльна-эканамічнымі, грамадска-палітычнымі абставінамі, пагаршэннем умоў для ўсебаковага развіцця нацыянальных культур і моў. Тыповым прыкладам недастатковай Т. можа лічыцца непрыняцце пэўных ідэй, меркаванняў толькі таму, што яны прапанаваны непрафесіяналамі. У палітыцы Т. азначае дапушчэнне і цярпімае стаўленне да апазіцыі. Для ментальнасці і нацыянальнага характару беларусаў у мінулым і ў сучасны перыяд былі ўласцівы этнакультурная і рэлігійная Т., аб чым сведчаць адсутнасць на беларускіх землях вострых, крывавых канфліктаў на этнічнай і канфесійнай глебе, працяглае мірнае суіснаванне нацыянальных супольнасцей, канфесій, плённае ўзаемадзеянне розных народных традыцый, звычаяў, абрадаў і інш.

2) Здольнасць арганізма адносна працяглы час пераносіць адмоўнае, неспрыяльнае ўздзеянне таго ці іншага фактару асяроддзя без відавочнага зніжэння адаптыўных здольнасцей. Праяўляецца ў адсутнасці ці аслабленні рэагавання на які-небудзь неспрыяльны фактар у выніку зніжэння адчувальнасці да яго ўздзеяння. @

Талмуд (ст.-жыд., літар. - вывучэнне), збор дагматычных, рэлігійна-этычных і прававых палажэнняў юдаізму, якія склаліся на працягу 4 ст. да н.э. - 5 ст. Пачатак яго стварэнню паклалі юдэйскія законавучыцелі (танаі), якія займаліся вывучэннем свяшчэннай кнігі - Торы, ці Пяцікніжжа. Змяшчае 613 рэлігійных прадпісанняў, 365 з іх складаюцца з абмежаванняў і забарон, 248 - з указанняў. Гэтыя прадпісанні вызначаюць галоўныя абавязкі вернікаў, рэгламентуюць правядзенне святаў, пастоў, ахвярапрынашэнняў, нормы харчавання і інш. У склад Т. ўваходзяць таксама легенды, паданні, маральныя павучані, прытчы, апавяданні, казкі; тут змешчаны звесткі па гісторыі, матэматыцы, геаграфіі, медыцыне і іншых навуках. @

Талстой Леў Мікалаевіч (1828-1910), расейскі пісьменнік. Па сацыяльнаму паходжанню граф. Ганаровы акадэмік Пецярбургскай АН (з 1900). Атрымаў хатнюю адукацыю. Вучыўся на факультэце ўсходніх моў Казанскага ўніверсітэта. Склаў некалькі падручнікаў для пачатковага навучання, выдаваў педагагічны часопіс. Дэбютаваў аўтабіяграфічнай трылогіяй «Дзяцінства» (1852), «Малалецтва» (1852-1854), «Юнацтва» (1855-1857). Творчасць Т. вызначаецца пакутлівымі пошукамі сэнсу жыцця, маральнага ідэалу, агульных заканамернасцей быцця, духоўным і сацыяльным крытыцызмам. Гэтыя рысы знайшлі адлюстраванне ў яго найбольш знакамітых раманах - эпапеі «Вайна і мір» (1863-1869), «Ганна Карэніна» (1873-1877), «Уваскрэсенне» (1889-1899), а таксама ў аповесцях «Крэйцэрава саната» (1887-1889), «Хаджы-Мурат» (1896-1904), драме «Улада цемры» (1887) і інш. Жыццёвая філасофія Т., якая найвышэйшай мэтай і сэнсам жыцця лічыла яднанне і самаўдасканаленне людзей праз адмаўленне «служыць злу» («непраціўленне злу насіллем»), атрымала назву «талстоўства». У 1898 апублікаваў трактат «Што такое мастацтва?», у якім сцвярджаў, што мастацкі твор толькі тады можна лічыць мастацтвам, калі ён «заражае» чытача, слухача ці гледача душэўным станам яго творцы. На яго думку, вышэйшага ўзроўню дасягае рэлігійнае мастацтва, якое «зараджае» людзей пачуццём любові да Бога і чалавека. Аўтар публістычных твораў маралізатарскага характару, у т.л. «Споведзь» (1879-1882), «У чым мая вера?» (1884) і інш. @

Таркоўскі Андрэй Арсеньевіч (1932-1986), расейскі кінарэжысёр, сцэнарыст, акцёр, мастак. Сын вядомага расейскага паэта А.Таркоўскага. Народны артыст РСФСР (1980). Лаўрэат італьянскай прэміі «Давід і Данатэла» (1980) у намінацыі «За ўклад у кінамастацтва» за рэтраспктыву фільмаў. Вучыўся ў Маскоўскім інстытуце ўсходазнаўства, працаваў у геалагічных партыях. Скончыў рэжысёрскі факультэт Усесаюзнага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі (1960). Дыпломная работа Т. - кароткаметражны фільм «Каток і скрыпка» атрымала галоўны прыз фестывалю студэнцкіх фільмаў у Нью-Ёрку (1961). З 1961 рэжысёр на кінастудыі «Масфільм». У 1982 выехаў у Італію, дзе ў працэсе пошукаў натуры для новага фільма зняў дакументальную стужку «Час падарожжа» (1982). Атрымаў шырокае міжнароднае прызнанне ўжо першы поўнаметражны фільм Т. «Іванава дзяцінства» (1962). Пазней ствараў арыгінальныя па форме і зместу кінатворы - «Страсці па Андрэю» (1966; выйшаў у свет у 1971 пад назвай «Андрэй Рублёў»), «Салярыс» (1972), «Люстэрка» (1975), «Сталкер» (1980), «Настальгія» (1983, Італія), «Ахвярапрынашэнне» (1986, Швецыя). У 1977 паставіў «Гамлета» ў Маскоўскім Тэатры імя Ленінскага камсамола, а ў 1983 - оперу «Барыс Гадуноў» у тэатры «Ковент-Гардэн» (Лондан). Як акцёр зняўся ў фільмах «Мне дваццаць гадоў» («Застава Ільіча», 1964), «Сяргей Лазо» (1967). Стварыў наватарскую кінамову, для якой характэрны метафарычнасць, ускладненая сімвалічнасць, абвостраная ўвага да прыродных з'яў, стыхій. Для творчай манеры Т. ўласцівы складанасць вобразнага вырашэння, схільнасць да асэнсавання філасофскіх і маральна-этычных праблем, своеасаблівая дакументальнасць і паэтычнасць, адухоўленасць мастацкай атмасферы фільма, эмацыянальнасць і да т.п. @

Татэмізм (на мове паўночнаамерыканскіх індзейцаў племені аджыбве «от-атэм» - літар. «яго род»), комплекс вераванняў, абрадаў і рытуалаў у першабытным грамадстве, звязаны з уяўленнем аб роднасці паміж групай людзей (родам, племенем, фратрыяй) і татэмам (пэўным відам жывёл, птушак, раслін, радзей з'явай прыроды і неадушаўлёнымі прадметамі. Упершыню Т. быў выяўлены і даследаваны ў паўночнаамерыканскіх індзейцаў, аднак класічнай краінай яго пашырэння традыцыйна называецца Аўстралія. Рэшткі Т. зафіксаваны ў мінулым і ў сучасны перыяд у розных народаў Амерыкі, Азіі, Афрыкі, Акіяніі і Эўропы. Яны выяўляюцца ў разнастайных формах - выявы татэмічных жывёл на сценах дамоў, на дэталях адзення; звычай урачыстага пахавання памерлых татэмаў (напр., кошак у Эгіпце, сланоў у Індыі); выкарыстанні ў якасці абярэгаў асобных частак цела татэмных жывёл (скура, вушы, галава, пер'е, косці); клятва на частках цела татэмных жывёл; звычай пераапрананняў у скуру жывёл падчас розных свят, абрадаў, рытуалаў і цырымоній; татэмічныя рытуальныя танцы; існаванне легендаў, паданняў, казак пра паходжанне рода, племені ад пэўных татэмаў. Існуе некалькі канцэпцый узнікнення Т.: боязь жывёл (найперш драпежных); адчуванне сваёй натуральнай еднасці з жывёламі, раслінамі ў той перыяд, калі першабытны чалавек лічыў сябе непадзельнай часткай усёй прыроды; жаданне забяспечыць сябе ежай дадзенага віда жывёлы.

У беларусаў захавалася нямала народных легендаў і паданняў, прыкмет і павер'яў, у якіх заўважаюцца рэшткі старажытнага Т. У асобных беларускіх фальклорных творах адзначаецца, што ў мядзведзяў, буслоў, ваўкоў часам ператвараліся (пераважна па волі Бога) звычайныя людзі. Праявай татэмістычных уяўленняў людзей з'яўляюцца наступныя вызначэнні асобных жывёл: мядзведзь называецца «бацюхнай», «царом», «продкам», «апекуном», бусел - «братам», а воўк - «царыкам» і да т.п. У беларускім фальклоры сустракаюцца звесткі пра мядзведзя, які быў самай паважанай жывёлай у славянскіх народаў лясной часткі Эўропы. У Беларусі нават працяглы час захоўвалася язычніцкае свята татэмнага паходжання «Камаедзіца», якое праводзілася вясной у гонар прабуджэння мядзведзя ад зімовай спячкі. Пад час яго ўстройваліся танцы ў вывернутых кажухах, прычым танцавальныя рухі імітавалі паводзіны мядзведзя. Спецыфічнай формай праяўлення Т. з'яўляецца таксама звычай пераапранання ў скуру казы, мядзведзя падчас розных народных святаў і абрадаў (напр., Каляд). @

Творчасць, чалавечая стваральная дзейнасць, якая спараджае нешта якасна новае і адрозніваецца непаўторнасцю, арыгінальнасцю, грамадска-гістарычнай унікальнасцю. Т. уласціва толькі чалавеку, паколькі заўсёды прадугледжвае канкрэтнага творцу - суб'екта творчай дзейнасці. Праяўляецца ў розных сферах чалавечай жыццядзейнасці - навуковай, літаратурнай, мастацкай, палітычнай, вытворча-тэхнічнай і інш. У працэсе Т. важную ролю адыгрываюць унутраная матывацыя асобы, наяўнасць прадуктыўнага ўяўлення, развітой фантазіі і інш. У антычным і сярэднявечным грамадствах мастацкая Т. не вылучалася з агульнага комплексу стваральнай дзейнасці рамесніцкага тыпу, якая разглядалася як ніжэйшы від творчага працэсу ў параўнанні з філасофіяй і тэалогіяй. Пафасам бязмежных творчых магчымасцей чалавека была прасякнута эпоха Адраджэння, калі ўзнік культ генія як носьбіта творчага пачатку. У сучаснай філасофіі і культуралогіі дамінуюць 2 канцэпцыі Т.: экзістэнцыяльная (погляд на творчы працэс як экстатычны прарыў асобы з прыроднай неабходнасці і сацыяльнай мэтазгоднасці ў сферу свабоды) і прагматычная (Т. як здольнасць камбінацыі і вынаходніцтва). @

Тойнбі Арнольд Джозэф (1889-1975), ангельскі гісторык. Быў прафесарам візантыязнаўства, грэчаскай мовы, літаратуры і гісторыі Лонданскага ўніверсітэта, навуковым кіраўніком Каралеўскага інстытута міжнародных адносін, навуковым супрацоўнікам Лонданскага ўніверсітэта, рэдактарам «Агляду міжнародных адносін». Сярод яго асноўных твораў - «Спасціжэнне гісторыі» (Т. 1-12; 1934-1961), «Грэчаская гістарычная думка» (1924), «Амерыка і сусветная рэвалюцыя» (1962), «Падыход гісторыка да рэлігіі» (1956) і інш. Як і О.Шпенглер, Т. адмаўляў традыцыйную канцэпцыю адзінства сусветнай гісторыі. Аддаваў перавагу параўнальным даследаванням культур і распрацаваў канцэпцыю жыццёвых цыклаў - узнікнення, развіцця і ўпадку. У якасці галоўных прычын упадку культур называў маральнае выраджэнне і страту творчага падыходу да ўзнікаючых праблем. Паняцце «цывілізацыя» выкарыстоўваецца ім для характарыстыкі канкрэтнага грамадства як сацыякультурнага ўтварэння, лакалізаванага ў прасторы і часе. Сусветная гісторыя разглядалася Т. як своеасаблівая «сума цывілізацый», якія праходзяць аднолькавыя фазы - нараджэнне, рост, разлажэнне, пагібель. Рухальнай сілай развіцця цывілізацый лічыў «творчую эліту», якая павінна весці за сабой «інертную большасць». Прагрэс чалавецтва і шлях выйсця з крызісу бачыў у духоўным ўдасканаленні, абнаўленні, эвалюцыі ад прымітыўных анімістычных вераванняў праз універсальныя рэлігіі да адзінай рэлігіі будучыні. @

Толкіен Джон Роналд Руэл (1892-1973), ангельскі пісьменнік, вучоны-філолаг. Вучыўся ў Оксфардскім універсітэце (1911-1914). З 1920 прафесар Лідскага, з 1925 Оксфардскага ўніверсітэтаў. У казачна-рыцарскай эпічнай трылогіі ««Валадар кольцаў» (раманы «Брацтва кальца», «Дзве крэпасці» - абедзве 1954; «Вяртанне караля», 1955; перапрацаванае выданне - 1966) - песімістычная канцэпцыя аб вызначальным уплыве зла на гістарычнае развіццё. Мастацкая ўнікальнасць трылогіі Т. заключаецца ў зліцці легендарна-гераічнага і казачна-бытавога, у выяўленні фантастычнага сродкамі рэалістычнага пісьма ва ўсёй паўнаце рэальнага свету, у выкарыстанні разнастайных каламбураў, загадак і шматсэнсавых сімвалаў і інш. Аўтар аповесці-казкі «Хобіт, ці Туды і назад» (1937), незавершаных твораў «Сільмарыліён» (выд. 1977), «Кніга згубленых паданняў» (выд. 1983-1984). Апублікаваў манаграфіі пра Дж.Чосера (1934), эпас «Беавульф» (1937), слоўнік сярэднеангельскай мовы, зборнік артыкулаў і эсэ «Дрэва і ліст» (1964). @

Трагедыя (ад грэч. tragos - «казёл» + ode - песня, ці інакш «песня казлоў»), адзін з асноўных жанраў драматургіі, заснаваны на глыбокіх калізіях, супярэчнасцях, якія развіваюцца ў асабліва востры, антаганістычны канфлікт. Супрацьпастаўляецца другому распаўсюджанаму жанру - камедыі. Аснову Т. складаюць сутыкненні асобы са светам, лёсам, грамадствам, выяўленыя ў напружанай форме барацьбы моцных характараў і страсцей. Трагічная калізія звычайна вырашаецца пагібеллю галоўнага героя. Як асобны жанр старажытнага тэатральнага мастацтва Т. ўзнікла з харавой песні, якую спявалі апранутыя ў казліныя скуры спадарожнікі бога Дыяніса - т.зв. «сатыры». Класікай жанра стала Т. старажытнай Грэцыі (Эсхіл, Сафокл, Еўрыпід), Адраджэння і барока (У.Шэкспір, П.Кальдэрон), класіцызму (П.Карнэль, Ж.Расін). Пачынаючы з 18 ст. жанр паступова страчвае сваю строгасць (асабліва ў драматургіі рэалізму), збліжаецца з драмай (як відам), у выніку чаго ўзнікаюць прамежкавыя жанры - «мяшчанская трагедыя» (Ф.Шылер), трагічная драма (В.Гюго, Г.Ібсен), гістарычная драма (А.Пушкін, А.Талстой). З канца 19 ст. атрымлівае распаўсюджанне трагікамедыя. Першыя спробы стварэння Т. ў Беларусі адносяцца да 18 ст., калі на польскай мове былі напісаны творы «Суддзя без розуму» Ф.У.Радзівіл, «Свабода ў няволі» К.Марашэўскага, «Крэз» І.Юрэвіча і інш. У пачатку 20 ст. на аснове трагедыйных калізій напісаны п'есы «Антось Лата» Я.Коласа, «Пакрыўджаныя» Л.Родзевіча, «Бязродны» У.Галубка і інш. У беларускай савецкай літаратуры з яе арыентацыяй на аптымістычны пафас было створана няшмат твораў у жанры Т. («Людзі і д'яблы» К.Крапівы, «Першы ўрок» К.Губарэвіча, «Рашэнне» В.Быкава, «Званы Віцебска» У.Караткевіча, «Купала» А.Дударава і інш.). @

Трагікамедыя, драматычны твор, які валодае прыкметамі як камедыі, так і трагедыі. У аснове Т. ляжыць адчуванне адноснасці існуючых крытэрыяў жыцця; адну і тую ж з'яву драматург бачыць як у камічным, так і трагічным асвятленні. Трагікамічны эфект заснаваны на неадпаведнасці героя сітуацыі, унутранай нявырашанасці канфлікту (сюжэт нібы прадугледжвае працяг дзеяння), спачуванне аднаму персанажу часам супярэчыць спачуванню другому, а пазіцыя аўтара пры гэтым не дэкларуецца. Характэрна для драматургіі 20 ст. (напр., «Шэсць персанажаў у пошуках аўтара» Л.Пірандэла і інш.). У Беларусі першыя творы трагікамічнага накірунку вядомы з сярэдзіны 18 ст. («Уваскрэсенне мёртвых...» Г.Каніскага і інш.). У пачатку 20 ст. трагікамічныя калізіі разглядалі ў творах А.Паўловіча («Васількі»), М.Гарэцкага («Жартаўлівы Пісарэвіч»), Я.Купалы («Тутэйшыя») і інш. Значны ўклад у распрацоўку жанру Т. унёс А.Макаёнак, які знаходзіў арыгінальныя спалучэнні сферы трагічнага і камічнага з сатырычна-гратэскавым («Зацюканы апостал», «Трыбунал», «Пагарэльцы», «Дыхайце эканомна!..» і інш.). @

Традыцыя (ад лац. traditio - передача, паданне), сукупнасць звычаяў, абрадаў, норм паводзін, поглядаў, правіл, якія складваюцца гістарычна перадаюцца з пакалення ў пакаленне і адлюстроўваюцца ў элементах сацыяльна-культурнай спадчыны, Т. звычайна служаць асновай нацыянальнай культуры і надаюць ёй цэласнасць і самабытнасць. Нярэдка спалучаюцца з інавацыямі, што абумоўлівае дыялектычнасць працэсу стваральнай дзейнасці людзей. У культуралогіі Т. разглядаецца таксама як сукупнасць архетыпаў нацыянальнай культуры, выяўленых у міфалогіі, рэлігіі, абрадах, фальклоры і інш., якія выступаюць у якасці ўзораў, норм паводзін і маральных імператываў. @

Трансмісія культурная, працэс, дзякуючы якому культура перадаецца ад папярэдніх пакаленняў да наступных найперш праз навучанне. На яе аснове фармуецца пераемнасць культуры, неперапыннасць яе гістарычнага развіцця ў часе і прасторы. Паслядоўная змена цыклаў развіцця культуры ў межах аднаго народа ці краіны павінна адбывацца такім чынам, каб ад пакалення да пакалення перадаваліся базісныя элементы культуры, а відазмяняліся толькі другасныя. У адваротным выпадку адбываецца разрыў культурнага ланцуга - найчасцей ў тых выпадках, калі радыкальна і нечакана мяняецца вобраз жыцця носьбітаў дадзенай культуры. Звычайна пераемнасць забяспечваецца непасрэдным кантактам жывых носьбітаў (культуртрэгераў) культуры, якія выступаюць у ролі настаўнікаў і вучняў. Дзякуючы Т.к. кожнае наступнае пакаленне атрымлівае магчымасць пачынаць з таго, на чым спынілася папярэдняе. Маладое пакаленне дадае новыя веды да ўжо назапашаных багаццяў. Аднак у сучасны перыяд, пасля крушэння сацыялістычнай сістэмы, дыфузіі рынкавых ідэалаў і каштоўнасцей працэсы Т.к. былі парушаны, адбыўся своеасаблівы «культурны канфлікт» (пераважна ў латэнтнай форме), які ўяўляў сабой сутыкненне агентаў культуры, каштоўнасцей, меркаванняў і норм паміж рознымі пакаленнямі. @

Трыкстэр (ад англ. trickster - падманшчык, спрытнюга), камічны дублёр, антыпод культурнага героя; ашуканец, гарэза, распуснік (напр., старажытнагрэчаскі вястун алімпійскіх багоў, заступнік падарожнікаў, прыбытку і гандлю Гермес). У вобразе Т. ўвасабляецца ўніверсальны камізм. Дзейнічае звычайна асацыяльна, прафаніруе святыні, аднак найчасцей атрымлівае перамогу над сваімі ахвярамі. Раздваенне на сур'ёзнага культурнага героя і Т. як яго дэманічна-камічны адмоўны варыянт адпавядае ў рэлігійным плане этычнаму дуалізму, а ў паэтычным - дыферэнцыяцыі гераічнага і камічнага. Культурныя герой і Т. з'яўляюцца цэнтральнымі вобразамі архаічнай міфалогіі і першабытнага фальклору ў цэлым. @

Трэйлер (англ. trailer), рэкламны відэаролік пра фільм, які прызначаецца для дэманстрацыі ў кінатэатрах, па тэлебачанні, на відэакасетах, а таксама ў Інтэрнеце. Звычайна ў Т. уключаюцца найбольш эфектныя, запамінальныя кадры з фільма. @

Тураў Віктар (1936-1996), беларускі рэжысёр, сцэнарыст. Народны артыст Беларусі (1979), народны артыст СССР (1986). Скончыў рэжысёрскі факультэт Усесаюзнага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі (1961, майстэрня А.Даўжэнкі і М.Чыаўрэлі). З 1959 рэжысёр кінастудыі «Беларусьфільм». Выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў. У 1976-1981 першы сакратар праўлення Саюза кінематаграфістаў Беларусі. Этапнымі работамі Т. сталі экранізацыі «Палескай хронікі» І.Мележа («Людзі на балоце», 1982; Дзяржаўная прэмія СССР 1984; «Подых навальніцы» (1983), тэлефільм паводле апавядання І.Тургенева «Жыццё і смерць двараніна Чартапханава». Сярод іншых фільмаў, прысвечаных тэме вайны і гісторыі, - «Я родам з дзяцінства» (1966), «Сыны ідуць у бой» (1969), «Пераправа» (1987), «Чорны бусел» (1993), «Шляхціц Завальня, ці Беларусь у фантастычных расказах» (1994) і інш. Яго мастацкія стужкі неаднаразова атрымлівалі ўзнагароды на ўсесаюзных і замежных кінафестывалях. Называўся сярод сотні лепшых кінарэжысёраў свету. Творчай манеры Т. ўласцівы эпічная глыбіня, востры драматызм у спалучэнні з лірычнымі інтанацыямі, імкненне да разнастайнасці жанраў. @

Тыпалогія культур (грэч. typos - форма, узор + logos - веды, вучэнне), навуковы метад, у аснове якога ляжыць сістэматызацыя культур па найбольш агульных прыкметах, якасцях. Т.к. пабудавана на аснове некалькіх крытэрыяў: сувязь з рэлігіяй (культуры рэлігійныя і свецкія), рэгіянальная прыналежнасць культур (заходняя культура і ўсходняя культура, лацінаамерыканская, міжземнаморская культуры і інш.), этнічная агульнасць (расейская, французская), прыналежнасць да гістарычнага тыпу грамадства (культура традыцыйнага, індустрыяльнага, постіндустрыяльнага грамадства); гаспадарчы ўклад (культура паляўнічых і збіральнікаў, земляробаў, жывёлаводаў); сфера грамадства або від дзейнасці (культура вытворчая, палітычная, эканамічная, педагагічная, экалагічная, мастацкая культура і інш.); сувязь з тэрыторыяй (сельская і гарадская культура); спецыялізацыя (штодзейнная і спецыялізаваная культура); этнічная прыналежнасць (нацыянальная культура, этнічная культура); узровень майстэрства і тып аўдыторыі (народная культура, элітарная культура, масавая культура) і інш. Выдзяляюцца таксама розныя віды (разнавіднасці) культуры - напр., дамінуючая (агульнанацыянальная) культура, субкультура, контркультура. У найбольш абагульненым аспекце культуру традыцыйна прынята падзяляць на духоўную культуру і матэрыяльную культуру, якія з'яўляюцца своеасаблівымі камбінаванымі або комплекснымі ўтварэннямі, што «пранізваюць» ўсе вядомыя тыпы, віды і формы культуры. @

Тыцыян (1485-1576), італьянскі мастак перыяду высокага Адраджэння, лідэр Венецыянскай школы жывапісу. Працаваў у майстэрнях Джэнціле і Джаванні Беліні. Яго настаўнікам быў вядомы жывапісец Джарджоне. З 1513 пачаў атрымліваць не толькі прыватныя, але і дзяржаўныя заказы. Творчасць Т. прасякнута гуманістычнай верай у розум і прыгажосць чалавека. Яго мастацкія вобразы вызначаюцца рэалістычнай пераканальнасцю і псіхалагічнай глыбінёй. Сярод найбольш вядомых твораў - карціны «Венера Урбінская» (1538), дзе пластычна выяўлены вобраз пачуццёвай прыгажуні, і «Святы Себасц'ян» (1570), у якой адлюстравана мужнасць і трагічныя пакуты чалавека. @

Тэатр (ад грэч. theatron - месца для відовішчаў), род мастацтва, спецыфічным сродкам выражэння якога з'ўляецца сцэнічнае дзеянне, што ўзнікае ў працэсе гульні акцёра перад публікай. Гарманічна аб'ядноўвае ў сабе розныя віды мастацтва - літаратуру (у форме драмы), музыку, харэаграфію, дэкаратыўнае мастацтва. Твор сучаснага Т. - спектакль - ствараецца на аснове драматычнага ці музычна-сцэнічнага твора ў адпаведнасці з задумай рэжысёра і пад яго кіраўніцтвам сумеснымі намаганнямі акцёраў, мастакоў, дэкаратараў, сцэнографаў і інш. Спецыфіка Т. патрабуе эмацыянальна-духоўнага адзінства акцёраў і гледачоў, наяўнасці агульных інтарэсаў паміж стваральнікамі спектакля і публікай. З'яўляецца адным з найбольш старажытных відаў мастацтва. Генезіс тэатральнага мастацтва быў шчыльна звязаны са старажытнымі народнымі святамі, абрадамі, звычаямі, рытуаламі (прычым яшчэ дахрысціянскага, язычніцкага паходжання). Значны ўплыў на станаўленне і развіццё эўрапейскага тэатральнага мастацтва аказаў Т. Старажытнай Грэцыі (пастаноўкі трагедый Эсхіла, Сафокла, Еўрыпіда, камедый Арыстафана і інш.). У 5 ст. да н.э. ўзнік мім. Носьбітамі народнага тэатральнага мастацтва былі эўрапейскія вандроўныя акцёры - гістрыёны, жанглёры, скамарохі. Пашыранымі жанрамі сярэднявечнага Т. былі міракль і містэрыя. З эпохі Адраджэння Т. стаў літаратурным (драмы Ў.Шэкспіра, М.Сервантэса, П.Кальдэрона і інш.), пачалі адасабляцца яго розныя віды - опера, пазней балет, аперэта. Развілася аўтарская рэжысура, узніклі шматлікія прыдворныя Т. Новы пад'ём Т. звязаны з распаўсюджаннем класіцызму (драматургія П.Карнеля, Ж.Расіна, Ж.Б.Мальера). У другой палове 18 ст. Т. стаў выразнікам ідэй Асветніцтва. У першай палове 19 ст. пачаў пашырацца рамантызм (творы В.Гюго, Дж.Байрана, А.Міцкевіча, Э.Т.А.Гофмана і інш.). З сярэдзіны 19 ст. дамінуючым стаў рэалізм (І.В.Гётэ, Г.Ібсен, А.Стрындберга, Г.Гаўптмана, А.Чэхава і інш.). У канцы 19 ст. узнік сімвалізм (М.Метэрлінк, Э.Верхарн і інш.). У 20 ст. тэатральнае мастацтва вызначалася ўзнікненнем і плённым развіццём новых кірункаў і стыляў (экспрэсіянізм, дадаізм, сюррэалізм і інш.), пошукамі новых метадаў і сродкаў мастацкага самавыяўлення. Адной з найбольш важных асаблівасцей Т. стала тое, што менавіта рэжысёр (а не акцёр і не аўтар п'есы, як у ранейшыя стагоддзі) пачаў адыгрываць вядучую ролю. Сфармаваўся такі адмысловы кірунак тэатральнага мастацтва, як абсурду драма (С.Бекет, Э.Іянеска). Сярод буйнейшых тэатральных рэжысёраў - Б.Брэхт, К.Станіслаўскі, У.Мейерхольд, П.Брук, М.Бежар, Е.Гратоўскі і інш.

Вытокі беларускага тэатральнага мастацтва - у старажытных народных святах, абрадах, рытуальных дзеяннях, карагодах, гульнях. Першымі прафесійнымі беларускімі акцёрамі былі скамарохі, якія выступалі ва ўсіх відах фальклорнага Т. У 16 ст. ўзнік лялечны Т. - батлейка. З 17 ст. вядома народная драма, якая сінтэзавала ўсе формы народнага Т. і атрымала пашырэнне ў наступныя стагоддзі. Унікальнай з'явай быў т.зв. «прыгонны тэатр», які складаўся з асабіста залежных ад феадалаў сялян. У першай палове 18 ст. пачалі дзейнасць прыватныя гарадскія і маёнткавыя Т., некаторыя з якіх (Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, Шклоўскі тэатр Зорыча, тэатры ў Слуцку, Слоніме, Магілеве і інш.) дасягнулі прафесійнага ўзроўню. У сярэдзіне 19 ст. рабіліся спробы стварыць беларускую прафесійную драматургію і нацыянальны Т. (пастаноўка спектакля «Сялянка», 1852, у якім было сінтэзавана драматычнае, вакальнае і танцавальнае мастацтва). У пачатку 20 ст. шырокае распаўсюджанне атрымалі беларускія вечарынкі, якія садзейнічалі ўзнікненнню першага прафесійнага тэатра ў Беларусі - Першай беларускай трупы І.Буйніцкага. Значны ўклад у развіццё Т. ўнеслі створаныя ў 1917 Першае беларускае таварыства драмы і камедыі і ў 1920 - Беларускі дзяржаўны тэатр (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я.Купалы). Самабытнасцю вызначаўся вандроўны творчы калектыў, які ў 1920 быў створаны Ў.Галубком. У 1920-я г. беларускі Т. развіваўся ў рэчышчы палітыкі беларусізацыі. У 1933 быў створаны Дзяржаўны тэатр оперы і балета Беларусі. У 1930-я г. многія тэатральныя дзеячы падпалі пад рэпрэсіі, пераследаванні, у 1937 расфармаваны Трэці беларускі тэатр. У той жа час узнікалі новыя калектывы ў абласных цэнтрах, а таксама калгасна-саўгасныя Т. У даваенны перыяд сярод найбольш удалых пастановак былі п'есы пра гістарычнае мінулае («Бацькаўшчына» К.Чорнага, «У пушчах Палесся» Я.Коласа і інш.), на тэмы фальклору («Несцерка» В.Вольскага), пастаноўкі класічнай драматургіі («Паўлінка» Я.Купалы, «Беспасажніца» А.Астроўскага, «Скупы» Ж.Б.Мальера і інш.). Сапраўднай падзеяй стала пастаноўка сатырычнай камедыі К.Крапівы «Хто смяецца апошнім». Пасля вайны пашырыліся стылявыя пошукі, абнаўлялася і ўзбагачалася вобразная палітра спектакляў. Дабратворны ўплыў на тэатральнае мастацтва аказала ў 1960-1990-я г. драматургія А.Макаёнка, У.Караткевіча, М.Матукоўскага, А.Петрашкевіча, А.Дударава і інш. Плённа працавалі майстры старэйшага пакалення (Г.Макарава, С.Станюта, З.Стома і інш.), прыйшло новае пакаленне таленавітых акцёраў (Г.Аўсяннікаў, Г.Гарбук, М.Захарэвіч, Л.Давідовіч і інш.) і рэжысёраў (І.Раеўскі, Б.Луцэнка, В.Мазынскі, М.Пінігін). У канцы 20 ст. атрымалі пашырэнне мастацкія пошукі, творчыя эксперыменты, узмацніліся авангардысцкія, постмадэрнісцкія тэндэнцыі ў тэатральным мастацтве. @

Тэатр-студыя, незалежны, некамерцыйны і найчасцей аматарскі тэатральны калектыў. Узнік у 19 ст. ў Эўропе як своеасаблівая рэакцыя на акадэмічныя прэтэнзіі камерцыйнага тэатра. У ЗША Т.-с. ўзніклі ў сярэдзіне 19 ст., а да канца 20 ст. іх колькасць дасягнула 75 тысяч. Падзяляюцца на самадзейныя, студэнцкія і эксперыментальныя. У Т.-с. нярэдка рабіліся эксперыментальныя, нават па-наватарску шакіруючыя пастаноўкі. Творчыя калектывы часам запрашаюць для ажыццяўлення асобных пастановак прафесійных рэжысёраў. @

Тэкст (от лат. textum - ткань, злучэнне), паслядоўнасць сімвалаў, якія ўтвараюць паведамленне. Выконвае некалькі асноўных функцый: перадача пэўнага паведамлення; калектыўная памяць, здольная да бесперапыннага папаўнення; зносіны чытача з самім сабой; магчымасць весці суразмоўе і інш. У семіётыцы Т. уяўляе сабой асэнсаваную паслядоўнасць любых знакаў, любую форму камунікацыі; у мовазнаўстве - паслядоўнасць слоўных знакаў. Увесь свет культуры ўспрымаецца суб'ектам культуры як бясконцы, бязмежны Т. @

Тэлебачанне, галіна навукі, тэхнікі, культуры, звязаная з перадачай на адлегласці выяў аб'ектаў і гукавога суправаджэння (музыка, прамовы) пры дапамозе радыёсігналаў (эфірнае Т.) або электрычных сігналаў, якія перадаюцца па правадах (кабельнае Т.). Яго зараджэнне адносіцца да пачатку 20 ст., аднак практычнае асваенне Т. адбылося толькі ў 1930-я г. Рэгулярнае тэлевяшчанне пачалося ў 1936 у Вялікабрытаніі і Германіі, у 1939 у Расеі (Масква, Ленінград), у 1941 у ЗША. Спачатку Т. было чорна-белым, з 1950-х г. узнікла каляровае. У канцы 1980-х г. распрацаваны сістэмы Т. высокай дакладнасці, у сучасны перыяд вядуцца распрацоўкі лічбавага Т. З'яўляецца масавым сродкам распаўсюджвання інфармацыі (палітычнай, культурнай, пазнавальнай, вучэбнай і інш.). Адыгрывае важную ролю ў пашырэнні найбольш значных дасягненняў нацыянальнай і сусветнай культуры. Т. называюць «сінтэтычным» відам мастацтва, паколькі яно аб'ядноўвае дасягненні тэатра, кінематографа, радыё, дакументальнага кіно. Дзякуючы Т. ўзніклі тэлевізійны тэатр, тэлесерыялы (шматсерыйныя тэлевізійныя фільмы), тэледакументалістыка, тэлерэпартаж і інш. @

Тэн Іпаліт (1828-1893), французскі філосаф, гісторык, сацыёлаг мастацтва. Родапачынальнік эстэтычнай тэорыі натуралізму, заснавальнік культурна-гістарычнай школы ў літаратуразнаўстве. Вучыўся ў Вышэйшай нармальнай школе ў Парыжы (1848-1851). Сябра Французскай акадэміі (1878). Лічыў, што на развіццё мастацтва ўплываюць гістарычныя абставіны, расавая прыналежнасць стваральнікаў культуры, псіхічнае, духоўнае, сацыяльнае асяроддзе. Спрабаваў устанавіць вытокі творчых здольнасцей у геніяў. Сярод асноўных прац Т. - «Крытычныя спробы» (1858), «Філасофія мастацтва» (1865-1869), «Гісторыя ангельскай літаратуры» (Т. 1-4; 1863-1864), эцюды пра А.Бальзака (1858) і Стэндаля (1864). @

Тэхніка (тэхнічная культура; ад греч. techne - майстэрства, мастацтва),

1) сукупнасць сродкаў чалавечай дзейнасці, створаных для ажыццяўлення працэсаў вытворчасці і абслугоўвання невытворчых патрэбнасцей грамадства. У Т. матэрыялізуюцца культура працы і вытворчасці, а таксама навуковыя веды, назапашаныя чалавецтвам у працэсе развіцця грамадскай вытворчасці. У складзе матэрыяльнай культуры Т. падзяляецца на энергетычную, тэхналагічную, транспартуючую і інфармацыйна-кіруючую.

2) Сукупнасць навыкаў і прыёмаў у якім-небудзь відзе дзейнасці, майстэрства (Т. будаўнічая, Т. спартовая, Т. вершаскладання і інш.).

3) Сукупнасць элементаў матэрыяльнай культуры (прылады працы, машыны, механізмы, культурныя расліны і інш.), якія вызначаюць характар практычна-стваральнай дзейнасці чалавека ў розных культурна-гістарычных галінах. @

Уайт Леслі Алвін (1900-1975), амерыканскі культурантраполаг. Упершыню ў замежнай гуманітарнай навуцы прымяніў тэрмін «культуралогія» ў кнізе «Навука аб культуры» (1949). Лічыў, што культуралогія вывучае не ўзаемадзеянне індывідаў (як сацыялогія), а элементы культуры (напр., міфалогію, мастацтва, філасофію). Сцвярджаў, што менавіта культура стварала ў людзей ілюзію іх усемагутнасці, усёведання, давала людзям пачуццё ўпэўненасці ў сваіх сілах, пераконвала ў існаванні сэнсу жыцця, надзяляла іх духоўнымі сіламі для падтрымання жыццядзейнасці. Гэтым мэтам спрыялі такія віды культуры, як міфалогія, рытуал, магія, касмалагічныя сістэмы і інш. @

Узнаўленне культурнае, перадача каштоўнасцей і норм культуры ад аднаго пакалення да другога, што забяспечвае бесперапыннасць культурнага развіцця розных этнічных і нацыянальных супольнасцей. Адным з асноўных механізмаў А.к. з'яўляецца працэс навучання, выхавання, асветніцтва. @

Універсаліі культурныя, разнастайныя нормы, правілы, каштоўнасці, традыцыі, якія ўласцівы ўсім культурам незалежна ад геаграфічнага месца, гістарычнага перыяду і сацыяльнай будовы грамадства. Спецыфіка Ў.к. абумоўлена прыроднымі фактарамі, гістарычнымі асаблівасцямі развіцця этнасаў. Іх прызначэнне заключаецца ў задавальненнні базісных (фізіялагічных, псіхалагічных і сацыяльных) патрэбнасцей людзей. Амерыканскія даследчыкі выдзяляюць больш за 70 такіх універсалій, сярод якіх выраб прыладаў працы, каляндар, мова, кааперацыя працы, дэкаратыўнае мастацтва, адукацыя, сям'я, святы, медыцына, музыка, міфалогія, рэлігійныя рытуалы, жыллё, прыгатаванне ежы, лічба, асабовае імя, забарона кровазмяшэння, сексуальныя абмежаванні, этыка, этыкет, законы, гульні, танцы, захоўванне чысціні, узроставая градацыя і інш. @

Універсітэт (ад лац. universitas - сукупнасць, агульнасць),

1) вышэйшая вучэбна-навуковая ўстанова, якая вядзе падрыхтоўку спецыялістаў па сукупнасці дысцыплін, што складаюць асновы навуковых ведаў. Першы эўрапейскі Ў. адкрыўся ў 11 ст. ў італьянскім горадзе Балонья на базе тагачаснай юрыдычнай школы. На працягу 12-13 ст. узніклі ўніверсітэты ў Оксфардзе і Кембрыджы (Англія), Парыжы, Неапалі, а ў 14-15 ст. - у Празе, Кракаве, Кёльне і інш. Ва ўсіх сярэднявечных эўрапейскіх У. выкарыстоўвалася адзіная акадэмічная мова - латынь; меліся аднолькавыя факультэты. Малодшы факультэт называўся «артыстычным» і лічыўся абавязковай ступенню адукацыі; тут вывучаліся «сем свабодных мастацтваў» (граматыка, рыторыка, дыялектыка, арыфметыка, геаметрыя, музыка, астраномія), а выпускінікі факультэта атрымлівалі ступень бакалаўра. Вывучаліся таксама логіка, фізіка, метафізіка, палітыка, этыка. Старшым факультэтам мог быць або юрыдычны, або медыцынскі, або багаслоўскі, прычым яго выпускнікі мелі магчымасць атрымаць ступень магістра і доктара. Асноўнымі формамі навучання былі лекцыі і дыспуты (сумесныя абмеркаванні складаных, спрэчных пытанняў пераважна багаслоўска-тэалагічнага характару). Большасць эўрапейскіх У. у Сярэднявеччы валодалі юрыдычнай, адміністрацыйнай і фінансавай аўтаноміяй. Да 15-16 ст. універсітэцкая схаластыка стала тормазам для навуковага і культурнага развіцця. У эпоху Адраджэння ў некаторых краінах (напр., Германіі) гуманістычны рух быў цесна звязаны з У. У Новы і навейшы час многія Ў. сталі цэнтрамі даследаванняў у галіне прыродазнаўчых і гуманітарных навук. Першая вышэйшая школа на тэрыторыі ВКЛ - Віленская акадэмія, у 1781 рэфармавана ў Галоўную школу ВКЛ. У 1803 на базе Галоўнай школы заснаваны Віленскі ўніверсітэт. У 1921 у Менску адкрыты Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (БДУ). У 1992 у Менску заснаваны першы ў Беларусі недзяржаўны незалежны Эўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт.

2) Грамадскія навучальныя ўстановы па распаўсюджванні ведаў у розных галінах навукі, культуры, грамадскага жыцця і павышэнні прафесійнай кваліфікацыі. У 20 ст. ў Беларусі дзейнічалі народныя ўніверсітэты, універсітэты культуры і інш. @

Вуніяцтва (ад лац. unio - саюз, яднанне), царкоўная плынь, заснаваная на саюзе розных хрысціянскіх цэркваў з рымска-каталіцкай царквой ва ўмовах прызнання вяршэнства Папы рымскага і каталіцкай дагматыкі пры захаванні традыцый рэлігійнага культу і выкарыстанні адпаведна традыцый сакральнай ці народнай мовы ў богаслужэнні. Да В. належаць цэрквы грэчаскага (б. Праваслаўнага), армянскага, копцкага (у Эгіпце), мараніцкага (у Ліване і Сірыі) і інш. абрадаў. У Беларусі В. пачало распаўсюджвацца пасля заключэння Берасцейскай царкоўнай вуніі 1596. У 17-18 ст. стала масавай рэлігіяй, якая ахоплівала да 75-80% мясцовага насельніцтва. Было забаронена Полацкім царкоўным саборам 1839. У 20 ст. ў Заходняй Беларусі аднавілася некалькі вуніяцкіх місій. Прадстаўнікі В. выкарыстоўвалі ў набажэнствах беларускую мову, выдавалі па-беларуску богаслужбовыя, рэлігійныя кнігі. У пасляваенны час беларускія вуніяцкія структуры існавалі толькі ў краінах Захаду. З канца 1980-х - пачатку 1990-х г. В. пачало адраджацца ў Беларусі. У 1994 Ватыкан афіцыйна зацвердзіў для беларускіх вуніятаў беларускамоўную версію літургічных тэкстаў. У 1990-1995 выдаваўся часопіс «Унія». На 01.01.2001 у Беларусі зарэгістравана 13 вуніяцкіх суполак. @

Урбанізм (ад лац. urbanus - гарадскі),

1) у літаратуры і мастацтве 20 ст. выяўленне і апісанне вялікіх гарадоў, іх грандыёзнасці і дынамікі драматычнага жыцця. Настроі і ідэі Ў. выявіліся ў розных мастацкіх плынях - экспрэсіянізме (Э.Хекель, О.Дзікс), футурызме (У.Бачоні, Дж.Северыні) і інш.

2) Кірунак у архітэктуры 20 ст. (лідэр архітэктараў-урбаністаў - Ш.Э.Ле Карбюзье), які лічыць непазбежным і неабходным стварэнне гарадоў-гігантаў з буйнымі будынкамі. Разглядае гарады як асноўную і характэрную для сучаснай цывілізацыі форму рассялення. Атрымаў распаўсюджанне ў 1920-я г. у краінах Эўропы і Амерыкі. @

Усходняя культура, культурныя здабыткі народаў Усходу. Для яе ўласцівы такія адметныя рысы, як духоўнасць, ірацыяналізм, містыцызм, традыцыяналізм, калектывізм. На характар У.к. заўсёды значны ўплыў аказвалі разнастайныя рэлігіі і рэлігійна-філасофскія вучэнні - індуізм, будызм, іслам, канфуцыянства, даасізм, дзэн-будызм і інш. У.к. не з'яўляецца аднароднай, таму культуры Індыі, Кітая, Японіі, Карэі і інш. усходніх краін маюць не толькі асобныя падобныя рысы, але і даволі прыкметныя адрозненні. @

Утопія (ад грэч. u - не, няма + topos - месца; літар. «месца, якога няма»),

1) Апісанне ўяўнай краіны з ідэальным грамадскім ладам, пазбаўленае навуковага абгрунтавання. Тэрмін «У.» паходзіць ад назвы кнігі Т.Мора «Утопія» (1516 г.), якая стала своеасаблівай лабараторыяй сацыякультурных, эканамічных і палітычных ідэй і канцэпцый пераўтварэння соцыуму. Паняцце выкарыстоваецца таксама для абазначэння ўсіх сачыненняў, якія ўтрымліваюць нерэальныя планы сацыяльных пераўтварэнняў.

2) Неажыццявімая мара, выдумка, фантазія.

3) У літаратуры - жанр навуковай фантастыкі. @

Ушу (у-шу), традыцыйная кітайская сістэма ўдасканалення асобы; комплекс воінскіх дысцыплін. Падзяляецца на некалькі разнавіднасцей: аздараўленчае, традыцыйнае (сямейна-кланавае), баявое, ці ваеннае. Сюды ўваходзяць таксама цыгун, валоданне рознымі баявымі прыстасаваннямі і інш. Уключае шырокі набор фізічных практыкаванняў і прыёмы бою з рознымі відамі зброі ці без яе. Рэлігійна-філасофскай асновай У. з'яўляюцца даасізм, будызм, канфуцыянства. У сучасны перыяд атрымала пашырэнне не толькі ў Кітаі, але і ў многіх іншых краінах свету. Міжнародная федэрацыя У. заснавана ў 1990 і аб'ядноўвае звыш 40 краін (1999). Чэмпіянаты Эўропы па У. праводзяцца з 1990, а чэмпіянаты свету - з 1991. У Беларусі існуе мноства секцый і таварыстваў У. @

Фавізм (ад франц. fauve - драпежнік), плынь у выяўленчым мастацтве. Узнік у пачатку 20 ст. Яго асноўныя прадстаўнікі - французскія жывапісцы А.Маціс, А.Дэрэн, М. дэ Вламінк, А.Маркэ, Ж.Руо і інш. Назва паходзіць ад таго, што асобныя крытыкі знежавальна называлі прадстаўнікоў гэтай плыні «драпежнікамі», «дзікунамі» з-за наяўнасці ў іх творах мноства надзвычай яркіх, чыстых колераў. Ф. вызначаўся пошукам своеасаблівай прыгажосці і гармоніі, імкненнем даць гледачу радасць, задавальненне і мастацкую асалоду. Фавісты імкнуліся не «капіраваць», а наноў «вынаходзіць», «ствараць» рэчаіснаць на аснове ўнутраных жаданняў і ўяўленняў. Іх лідэр А.Маціс не хацеў «нічога, акрамя колеру» і лічыў, што мастак павінен імкнуцца да выяўлення асабістага духу. @

Фальклор (стараангл. folklore - народная мудрасць), прынятая ў міжнароднай навуковай тэрміналогіі назва вуснай народнай творчасці. Уяўляе сабой мастацкую калектыўную дзейнасць народа, у якой адлюстроўваюцца яго жыццё, погляды, ідэалы. Падзяляецца на паэзію (песні, паданні, эпас, казкі), музыку (песні, інструментальныя найгрышы, п'есы), тэатр (драмы, сатырычныя п'есы, тэатр лялек), танец, выяўленчае і дэкаратыўнае мастацтва. Зарадзіўся ў старажытнасці, быў цесна звязаны з традыцыямі гаспадарчага жыцця, пэўных відаў мастацкай дзейнасці. З'яўляецца гістарычнай асновай сусветнай мастацкай культуры. Першапачаткова Ф. азначаў усе галіны духоўнай, а часам і матэрыяльнай культуры народа. Найбольш пашыраным з'яўляецца разуменне Ф. як комплексу вербальных (слоўных), музычных, гульнёвых, драматычных і харэаграфічных відаў народнай творчасці. У фальклорных творах выяўляюцца адметныя рысы гісторыі, псіхалогіі, ментальнасці, побыту розных народаў свету. Музычны Ф. уключае ў сябе песенную і інструментальную творчасць народа. Беларускі Ф. з'яўляецца адным з самых багатых у Эўропе (а можа быць, нават і ва ўсім свеце). Пра такое яго надзвычайнае багацце сведчыць шматтомнае выданне фальклорных твораў - ужо выйшла каля 50 тамоў, працягваюць рыхтавацца да друку новыя зборнікі. @

Фама Аквінскі (1225-1274; Аквінат), філосаф, тэолаг каталіцкай царквы. Яго працы ляжаць у аснове сучаснай каталіцкай тэалогіі. У 1323 быў кананізаваны - абвешчаны «святым». Атрымаў вельмі добрую адукацыю (у Парыжы і Кёльне), быў манахам ордэна дамініканцаў, потым сам выкладаў схаластыку. Аўтар твораў «Сума тэалогіі» і «Сума супраць язычнікаў». Імкнуўся прыстасаваць да вучэння каталіцкай царквы філасофію Арыстоцеля. Стварыў сваю філасофска-тэалагічную сістэму, у якой філасофія падначалена тэалогіі (багаслоўю). Асноўны прынцып філасофіі Ф.А. - гармонія веры і розуму; ён лічыў, што розум можа рацыянальна даказаць існаванне Бога, прычым пры канфлікце ісцін розуму і ісцін «адкрыцця» перавага аддавалася апошняй. Сцвярджаў, што калі самым выдатным тварэннем Бога з'яўляецца чалавек, то развіццё чалавечага розуму будзе спрыяць павелічэнню славы Бога. Абгрунтаваў ідэю ўсеагульнага вяршэнства Папы Рымскага як Божага намесніка на зямлі; лічыў уладу манарха свяшчэннай, але дапускаў магчымасць выступленняў супраць манарха-тырана. Спецыяльнай энцыклікай Папы Рымскага Льва XIII (1879) вучэнне Ф.А. прызнана афіцыйнай і адзіна ісціннай філасофіяй каталіцызму. @

Фаўст, адзін з «вечных вобразаў»; герой нямецкіх народных легенд і твораў сусветнай літаратуры і мастацтва. З'яўляецца сімвалам неўтаймаванага імкнення чалавека да ісціны, дзеля якой ён згодзен ахвяраваць не толькі ўсім дасягнутым у зямным жыцці, але і ўласнай душой. Пра саюз Ф. з Мефістофелем упершыню было расказана ў нямецкай народнай кнізе «Гісторыя пра доктара Фаўста» (16 ст.). Сусветную вядомасць атрымалі «Фаўст» І.В.Гётэ (аднайменная опера Ш.Гуно), а таксама раман «Доктар Фаўстус» Т.Мана. @

Фаюмскія партрэты, старажытнаэгіпецкія пахавальныя жывапісныя партрэты, зробленыя васковымі фарбамі на драўлянай дошцы або на палатне. Названы па месцы першай знаходкі ў 1887 у аазісе Эль-Файюм. Найбольш распаўсюджаны ў 1-3 ст. Партрэтам, арыентаваным на антычную традыцыю, уласцівы жыццёвасць, сакавітая пластыка, а на эгіпецкую - умоўнасць вобразаў, плоскаснасць. У Ф.п. адчуваецца абвостраны інтарэс да чалавечай індывідуальнасці, да багатага ўнутранага свету чалавека. @

Феліні Федэрыка (1920-1993), італьянскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Як аўтар сюжэтаў і сцэнарыяў працуе ў кіно з 1942. Выкарыстоўваючы традыцыі неарэалізму, стварыў уласны яркі кінематаграфічны стыль, які паэтычна пераўтвараў рэчаіснасць і ўключаў у сябе сплаў трагікамічных, карнавальных і феерычных элементаў («Белы шэйх», 1952; «Дарога», 1954; «Ночы Кабірыі», 1957; «Салодкае жыццё», 1959, і інш.). Наватарскі фільм «Восем з паловай» аб'ядноўвае ў адзіным патоку вобразы рэальнага свету і суб'ектыўнае бачанне герояў. Разважанням пра гістарычныя лёсы Італіі і асаблівасці нацыянальнага менталітэту прысвечаны фільмы «Рым» (1972), «Амаркорд» (1974), «Рэпетыцыя аркестра» (1979), «Інтэрв'ю» (1987), «Голас Месяца» (1991). Творчай манеры Ф. ўласцівы псіхалагічная выразнасць, нярэдка ўскладнёнасць формы і сюжэтных ліній, пастаноўка вострых сацыяльных праблем, наяўнасць аўтабіяграфічных матываў і інш. Работы Ф. атрымалі мноства найбольш прэстыжных кінапрэмій, у т.л. і «Оскар». @

Фенаменалогія (грэч.; літар. - вучэнне аб феноменах),

1) у шырокім сэнсе - філасофскае вучэнне пра з'явы свядомасці; у вузкім - кірунак у філасофіі 20 ст. У гісторыі філасофіі паняцце Ф. атрымала шэраг трактовак. Упершыню гэты тэрмін прымяніў І.Г.Ламберт, які бачыў у ёй вучэнне аб з'явах як аснове і перадумовах вопытнага пазнання. У філасофіі Г.Гегеля (яго праца «Фенаменалогія духа») Ф. разглядалася як вучэнне аб станаўленні навукі, аб развіцці гістарычных форм свядомасці, духу.

2) Філасофская плынь, прынцыпы якой у пачатку 20 ст. сфармуляваў Э.Гусерль. Ён вызначаў Ф. як своеасаблівую навуку аб спасціжэнні ўніверсальных, апрыёрных, надгістарычных структур чыстай свядомасці, ідэальных сутнасцей - феноменаў. Дасягнуць гэтай мэты можна з дапамогай т.зв. «фенаменалагічнай рэдукцыі», сутнасць якой заключаецца ва ўстрыманні ад любых меркаванняў аб аб'ектыўным існаванні быцця, яго прасторава-часавай арганізацыі. З'явілася адным з вытокаў экзістэнцыялізму і іншых плыняў сучаснай філасофіі. @

Феномен (ад грэч. phainomenon - тое, што з'яўляецца),

1) незвычайная з'ява, выключны, вельмі рэдкі факт.

2) Філасофскае паняцце для абазначэння з'явы, якую можна спасцігнуць у пачуццёвым вопыце. Супрацьпастаўляецца «ноўмену» (або «рэчы ў сабе»), які спасцігаецца розумам і складае аснову Ф. У фенаменалогіі Э.Гусерля Ф. - непасрэдна дадзенае ў свядомасці, якое складае змест інтэнцыянальнага акту - своеасаблівага зліцця чыстай свядомасці з яе прадметным зместам. @

Фетышызм (франц. fetisce ад партуг. - амулет, чарадзейства), вера ў звышнатуральныя ўласцівасці прыродных або вырабленых самім чалавекам неадушаўлёных прадметаў (фетышаў) і пакланенне ім. Узнік у глыбокай старажытнасці, у перыяд першабытнаабшчыннага грамадства. Выяўляўся ў тым, што фетышы надзяляліся цудадзейнай здольнасцю наўмысна ўплываць на жыццё людзей. Праявы Ф. ўласцівы, хоць і не ў аднолькавай ступені, усім рэлігіям - ад прымітыўных да самых складаных (шанаванне крыжа, мошчаў, абразоў у хрысціянстве, чорнага каменя ў Меццы ў ісламе, выявы Буды і святых у будызме і інш.). Своеасаблівымі рэшткамі Ф. з'яўляюцца вера ў амулеты, талісманы. На беларускіх землях доўга захоўваліся разнастайныя павер'і, звязаныя, напр., са здольнасцямі асобных камянёў вылечваць ад цяжкіх хвароб, даваць людзям вялікую энергію і магічную сілу. У мінулым нашы продкі пакланяліся камяням, маліліся ім, прасілі ў іх дапамогі ў паўсядзённым жыцці, прыносілі да іх невялікія ахвярапрынашэнні (грошы, палатно, зрэдку хатніх жывёл). Асобныя «свяшчэнныя камяні» нават мелі ўласныя імёны: Кравец, Сцяпан, Змяіны камень і інш. Паводле старажытных беларускіх павер'яў, камяні быццам бы ў глыбокай старажытнасці былі жывымі істотамі, маглі расці, размнажацца, гаварыць, есці і піць, перамяшчацца ў прасторы і да т.п. Фетышысцкія ўяўленні адлюстраваліся ў беларускай народнай творчасці (песнях, казках, легендах і паданнях). @

Філасофія (ад грэч. phileo - люблю + sophia - мудрасць), навука аб найбольш агульных законах развіцця прыроды, чалавечага грамадства і мыслення; светапогляд, сістэма ідэй, поглядаў на свет і на месца чалавека ў ім. Дазваляе стварыць гранічна абагульненую карціну рэчаіснасці, ролі і месца ў ёй чалавека з яго разнастайнымі патрэбнасцямі, інтарэсамі, ідэаламі, каштоўнаснымі арыентацыямі. Даследуе пазнавальныя, сацыяльна-палітычныя, каштоўнасныя, этычныя і эстэтычныя адносіны чалавека да свету. У вырашэнні розных філасофскіх праблем выдзеліліся такія супрацьстаячыя адзін аднаму напрамкі, як дыялектыка і метафізіка, рацыяналізм і эмпірызм (сенсуалізм), матэрыялізм (рэалізм) і ідэалізм, натуралізм і спірытуалізм і інш. Сярод галоўных функцый Ф. вылучаюць светапоглядную, гнасеалагічную і метадалагічную, г.зн. Ф. выступае ў ролі сістэмы агульных уяўленняў чалавека пра свет і сваё месца ў ім (светапогляд), тэорыі пазнання (гнасеалогія), вучэння пра метады (метадалогія). Асноўныя раздзелы Ф.: анталогія (вучэнне аб быцці), гнасеалогія, логіка, этыка, эстэтыка. Да філасофска-светапоглядных дысцыплін адносяць аксіялогію, філасофію гісторыі, філасофію культуры, гісторыю філасофіі, сацыяльную філасофію, Ф. права, Ф.навукі, Ф.рэлігіі і інш. Гістарычныя формы Ф.: філасофскія вучэнні Старажытнай Індыі (джайнізм, будызм і інш.), Кітая (канфуцыянства, даасізм, легізм), Эгіпта; антычная Ф. (Геракліт, Сакрат, Дэмакрыт, Эпікур, Платон, Арыстоцель і інш.); сярэднявечная Ф. (патрыстыка і схаластыка); Ф. эпохі Адраджэння (Г.Галілей, М.Кузанскі, Дж.Бруна); Ф. новага часу (Ф.Бэкан, Р.Дэкарт, Т.Гобс, Б.Спіноза, Дж.Лок і інш.); французскі матэрыялізм 18 ст. (Д.Дзідро, К.Гельвецый, П.Гольбах); нямецкая класічная філасофія (І.Кант, І.Г.Фіхтэ, Ф.Шэлінг, Г.Гегель); Ф. марксізма (К.Маркс, Ф.Энгельс, У.Ленін); расейская рэлігійная філасофія 19-20 ст. (У.Салаўёў, С.Булгакаў, П.Фларэнскі, М.Бярдзяеў і інш.); Ф. расейскага касмізму (М.Фёдараў, К.Цыялкоўскі, У.Вярнадскі) і да т.п. Асноўныя кірункі Ф. 20 ст. - неапазітывізм, прагматызм, экзістэнцыялізм, персаналізм, фенаменалогія, неатамізм, аналітычная філасофія, філасофская антрапалогія, філасофія жыцця, структуралізм, філасофская герменеўтыка. Асноўныя тэндэнцыі сучаснай Ф. звязаны з асэнсаваннем такіх фундаментальных праблем, як свет і месца ў ім чалавека, прырода чалавечага пазнання, быццё і мова, лёсы сучаснай цывілізацыі, разнастайнасць і адзінства культуры. @

Філасофія жыцця, філасофская плынь канца 19 - пачатку 20 ст., якая зыходзіць з паняцця «жыцця» як нейкай інтуітыўна спасцігальнай арганічнай цэласнасці і творчай дынамікі быцця. Прадстаўнікі Ф.ж. (А.Шапенгаўэр, Ф.Ніцшэ, А.Бергсан і інш.) абапіраліся на ірацыяналізм, навуку лічылі варожай чалавеку і культуры, а таму поўнасцю адвяргалі навуковы спосаб пазнання. У цэнтры іх увагі знаходзіўся чалавек, яго ўнутраны свет, працэсы свядомасці і псіхалагічныя перажыванні. У розных варыянтах гэтай плыні «жыццё» тлумачыцца як натуральна-арганічны пачатак у супрацьвагу механічна-разважліваму (Ф.Ніцшэ), як касмічная сіла, якая стварае новыя формы («жыццёвы парыў» А.Бергсана), або як гістарычны працэс, што рэалізуецца ў непаўторных індывідуальных вобразах культуры (В.Дзільтэй, Г.Зімель). @

Філасофія культуры (культурфіласофія), раздзел філасофіі, які займаецца спасціжэннем глыбіннай сутнасці культуры, яе месца, ролі і значэння ў жыццядзейнасці грамадства; адзін з кірункаў філасофскіх навуковых даследаванняў культуры як фундаментальнай характарыстыкі чалавека, арганізаванага вопыту індывідуальнай і сумеснай дзейнасці людзей. Тэрмін Ф.к. ўвёў у навуковы ўжытак у пачатку 19 ст. нямецкі рамантык А.Мюлер для абазначэння культурнай творчасці чалавецтва. Паняцце Ф.к. выкарыстоўваецца пераважна ў заходняй філасофіі для абазначэння асэнсавання сутнасці і значэння культуры. У Ф.к. аналізуюцца фундаментальныя праблемы ўзнікнення (генезісу) і гістарычнай эвалюцыі культуры, тыпалогія, дынаміка і пераемнасць культуры, узаемасувязь матэрыяльнай, духоўнай культур і культуры чалавечых адносін, асноўныя тэндэнцыі яе развіцця, уплыў на культурныя працэсы іншых фактараў (дэтэрмінант) - сацыяльна-эканамічных, грамадска-палітычных, этнаканфесійных, полаўзроставых, дэмаграфічных) і інш. Уяўляе сабой метадалогію асэнсавання метафізічнай сутнасці культуры і арыентуецца на яе філасофскае спасціжэнне. Існуюць розныя канцэпцыі культурнага развіцця, у якіх закранаюцца асобныя пытанні, аспекты Ф.к. Аўтарамі гэтых канцэпцый былі не толькі вядомыя замежныя філосафы і культуролагі, але і псіхолагі, сацыёлагі, філолагі і інш. Спробы распрацоўкі Ф.к. рабіліся яшчэ з антычнай эпохі (Платон, Арыстоцель, Плоцін, Дыяген Сінопскі, Антысфен, Аўрэлій Аўгустын і інш.). Пэўныя крокі ў рэчышчы Ф.к. былі зроблены таксама ў эпохі Сярэднявечча і Адраджэння, аднак найбольш плённага развіцця як асобны кірунак філасофіі яна дасягнула ў новы і навейшы час (Г.Зімель, Э.Гусерль, О.Шпенглер, А.Тойнбі, М.Бярдзяеў, М.Данілеўскі, П.Сарокін, М.Бахцін, М.Эліядэ, Ю.Лотман і інш.). @

Фільм-опера, спецыфічны жанр кінамастацва, які ўяўляе сабой экранізацыю твораў сусветнага опернага мастацтва. Узнік у другой палове 20 ст. Іх ставілі вядомыя кіна- і тэатральныя рэжысёры - Ф.Дзэфірэлі і інш. Сярод найлепшых узораў Ф.-о. - «Травіята» (1982; па аднайменнай оперы Дж.Вердзі), «Кармэн» (паводле аднайменнай оперы Ж.Бізэ) і інш. @

Формы культуры, культуралагічнае паняцце, якое выкарыстоўваецца для апісання спосабу арганізацыі творча-стваральнай дзейнасці людзей. Розныя Ф.к. з'яўляюцца таксама своеасаблівымі структурнымі адзінкамі, элементамі ўсёй, агульнай культуры. У залежнасці ад таго, хто стварае культуру і які яе ўзровень, выдзяляюць тры яе формы - элітарную культуру, народную культуру і масавую культуру. @

Форум, у старажытным Рыме плошча, якая была галоўным цэнтрам палітычнага, рэлігійнага, адміністрацыйнага і гандлёвага жыцця горада. На Ф. знаходзіліся храмы галоўных багоў (Марса, Апалона, Весты), базілікі для суда і інш. Першы з вядомых Ф. - т.зв. «Форум Раманум» - быў узведзены ў 6 ст. да н.э. Потым вакол яго ўзніклі яшчэ пяць Ф. - Цэзара, Аўгуста, Веспасіяна, Нервы, Траяна. @

Фотамастацтва, від мастацтва, творы якога ствараюцца тэхнічнымі выяўленчымі сродкамі фатаграфіі. З'яўляецца першым з відаў мастацтва, якія ўзніклі дзякуючы навейшай тэхніцы і поспехам навук (фізіка, хімія, оптыка). Вынаходнік фатаграфіі француз Ж.Дагер (1839) быў мастаком і намеціў асноўныя жанры Ф. - пейзаж, партрэт, нацюрморт. У другой палове 19 - пачатку 20 ст. пачала развівацца геаграфічная, этнаграфічная, батальная, рэпартажная фатаграфія. У Беларусі фатаграфія і Ф. вядомы з 1860-х г. (фотамайстэрні ў Менску, Віцебску, Горадні, Магілеве і інш.). Беларускія фатографы ўдзельнічалі ў ілюстраванні шматтомных выданняў «Расея», энцыклапедычнага слоўніка Бракгаўза і Эфрона. У 1894 выдадзены альбом «Белавежская пушча». Сярод майстроў Ф. 19 - пачатку 20 ст. вылучаліся А.Прушынскі, А.Чаховіч, В.Барэця, Я.Балукевіч, Я.Булгак і інш. У першай палове 20 ст. шырока распаўсюдзіўся рэпартаж (напр., рэпартажы перыяду Другой сусветнай вайны). У 1959 створана 1-е творчае аб'яднанне і адбылася 1-я пасляваенная рэспубліканская выстаўка мастацкай фатаграіі. Беларускія майстры Ф. ўдзельнічаюць у міжнародных, нацыянальных і міжклубных фотавыстаўках. Адбыліся персанальныя выстаўкі М.Байцова, В.Ганчарэнкі, В.Ждановіча, А.Дудкіна, Ю.Іванова, Я.Казюлі, Я.Коктыша, З.Пазняка, У.Шубы і інш. @

Фрабеніус Лео (1873-1938), нямецкі этнограф, культуролаг, гісторык. З 1904 у сваіх экспедыцыях даследаваў амаль усю Афрыку, дзе сабраў мноства матэрыялаў па археалогіі, этнаграфіі і гісторыі афрыканскіх народаў. Разглядаў культуру як асобы сацыяльны арганізм, які мае містычны пачатак - «душу». Падкрэсліваў багацце і самабытнасць афрыканскіх культур. @

Франкфурцкая школа, плынь у нямецкай сацыялогіі і філасофіі, якая склалася ў 1930-1940-я г. Атрымала сваю назву ад Інстытута сацыяльных даследаванняў ва Франкфурце-на-Майне, заснаванага ў 1923. Яе асноўныя прадстаўнікі - М.Хоркхаймер, Т.Адорна, Г.Маркузе, Э.Фром, Ю.Хабермас і інш. Сярод асноўных праблем, якія яны даследавалі - анатомія аўтарытарнай свядомасці, контркультура, бюракратызацыя, рэвалюцыя, класавая структура, маніпулятыўная роля сродкаў масавай інфармацыі і да т.п. Рэзкай крытыцы падвяргалася масавая культура як прадукт «індустрыі культуры», што забяспечвае інтарэсы «масавага грамадства». Лічылі, што культура і мастацтва ва ўмовах навукова-тэхнічнага прагрэсу і дамінавання тэхнакратычнага мыслення страчваюць сваю сутнасць і функцыю, паколькі сфера тэхнікі падаўляе сферу духоўнасці. У такіх абставінах зніжаюцца духоўныя крытэрыі мастацтва, «высокая» культура паступова пераўтвараецца ў своеасаблівы тавар і ўжо не можа служыць духоўным арыенцірам. Ф.ш. аказала значнае ўздзеянне на развіццё сацыялогіі і культуралогіі ў свеце. @

Фром Эрых (1900-1980), нямецка-амерыканскі філосаф, сацыяльны псіхолаг; прадстаўнік неафрэйдызму. Скончыў Гейдэльбергскі ўніверсітэт, атрымаў ступень доктара філасофіі (1922). Вучыўся ў Берлінскім псіхааналітычным інстытуце (1923-1924). У 1929-1932 супрацоўнік Інстытута сацыяльных даследаванняў у Франкфурце-на-Майне. Пасля прыходу да ўлады нацыянал-сацыялістаў эміграваў у ЗША. Выкладаў у Інстытуце псіхааналізу ў Чыкага, у Калумбійскім, Йельскім, Мічыганскім універсітэтах. У 1951-1967 жыў у Мексіцы, быў прафесарам псіхіятрыі Нацыянальнага ўніверсітэта ў Мехіка. У 1974 перасяліўся ў Швейцарыю. Паводле Ф., асоба з'яўляецца прадуктам дынамічнага ўзаемадзеяння паміж прыроджанымі патрэбнасцямі і ўплывам культуры, сацыяльных норм і прадпісанняў. Лічыў, што ў кожнага чалавека ёсць свая нязменная сутнасць, якая захоўваецца як ядро ва ўсіх культурах і гістарычных абставінах. Адзначаў, што неад'емнай рысай чалавечага існавання ў сучасным «хворым» грамадстве з'яўляюцца адзінота, ізаляцыя і адчужэнне, якія спадарожнічаюць дасягнутаму ўзроўню свабоды. Ф. раскрыў некалькі шляхоў, якія выкарыстоўваюцца людзьмі для пераадолення гэтых пачуццяў, «уцёкаў ад свабоды»: аўтарытарызм (празмерная залежнасць ад знешніх сіл і бездапаможнасць або дамінаванне і кантроль над другімі людзьмі), дэструктыўнасць (пераадоленне пачуцця непаўнацэннасці праз знішчэнне або пакарэнне іншых), аўтаматызаваны канфармізм (страта індывідуальнасці, абсалютнае падпарадкаванне сацыяльным нормам і правілам). На яго думку, шлях да пабудовы «здаровага» грамадства ляжыць праз маральнае абнаўленне, творчую працу, духоўнае ачышчэнне чалавека, паглыбленне яго здольнасці да любові ў шырокім сэнсе слова. Распрацаваў канцэпцыю «сацыяльнага характару», пад якім разумеў ядро структуры характару, уласцівае большасці прадстаўнікоў пэўнай культуры. Адрозніваў асноўныя сацыяльныя тыпы характару: 1) рэцэптыўны (пасіўнасць, спадзяванне на дапамогу іншых людзей, даверлівасць); 2) эксплуатуючы (эгацэнтрызм, выжыванне за кошт другіх, агрэсіўнасць); 3) накапляльны (жаданне авалодаць як мага большай колькасцю матэрыяльных даброт, улады і любові, кансерватыўнасць, падазронасць); 4) рыначны (уяўленне пра асобу як тавар, неразборлівасць у сродках дасягнення мэты, духоўная апустошанасць); 5) прадуктыўны (незалежнасць, здольнасць да творчага мыслення, да шчырай любові, адказнай працы). Людзі з прадуктыўнай арыентацыяй маглі б скласці ў будучым дасканалае грамадства, якое Ф. называў «гуманістычным абшчынным сацыялізмам». Асноўныя працы - «Уцёкі ад свабоды» (1941), «Чалавек для сябе» (1947), «Псіхааналіз і рэлігія» (1950), «Забытая мова (1951), «Здаровае грамадства» (1955), «Мастацтва любові» (1956), «Анатомія чалавечай дэструктыўнасці» (1973) і інш. У 1986 у ФРГ (г. Цюбінген) заснавана Міжнароднае таварыства Ф. @

Фрустрацыя культурная (ад лац. frustratio - падман, расстройства, марнае чаканне), адчуванне незадаволенасці, напружанасці чалавека ў сітуацыі немагчымасці рэалізацыі свайго творча-стваральнага патэнцыялу, ажыццяўлення культурных ідэалаў, каштоўнасцей. Яе сіла залежыць як ад ступені значнасці для чалавека таго дзеяння, якое блакуецца, так і ад яго блізкасці да пастаўленай мэты. Рэакцыяй на стан Ф.к. могуць быць своеасаблівы «адыход» ад рэальнай сітуацыі і планаў дасягнення пэўнай мэты ў свет асабістых фантазій, мрояў, змяненне сваіх жыццёвых установак, схільнасцей, патрэбнасцей, пераход у іншую сферу працоўнай дзейнасці, узнікненне і паглыбленне ўнутранай тэндэнцыі да агрэсіўнасці, нецярпімасці і да т.п. @

Фрэзер Джэймс Джордж (1854-1941), брытанскі антраполаг, этнолаг, філолаг. Атрымаў адукацыю юрыста, але ніколі не займаўся юрыдычнай практыкай. На выбар кірунку яго навуковых даследаванняў аказала кніга Э.Б.Тайлара «Першабытная культура», пасля азнаямлення з якой Ф. вырашыў стаць антраполагам і паступіў у Трыніці-каледж Кембрыджскага ўніверсітэта. Вучыўся таксама ва ўніверсітэце г. Глазга (Шатландыя). У сваіх даследаванняў выкарыстоўваў параўнальны метад пры аналізе звычаяў і паўсядзённай жыццядзейнасці «прымітыўных народаў». Выкладаў сацыяльную антрапалогію ва ўніверсітэце Ліверпуля. На працягу многіх гадоў Ф. займаўся даследаваннямі з'яў татэмізму і табу. Прытрымліваўся канцэпцыі т.зв. «псіхічнага адзінства», паводле якой універсальнае падабенства праяў чалавечага розуму з'яўляецца важнейшым фактарам эвалюцыі чалавецтва. Ва ўспрыманні Ф. антрапалогія - гэта «навука аб чалавечых пачатках». Найбольш вядомая праца Ф. - «Залатая галінка» - была ўпершыню апублікавана ў 1890, а пазней была перакладзена на мноства моў свету. Сярод іншых значных прац - «Татэмізм і экзагамія» (1910), «Фальклор у Старым Запавеце» (1918), «Галава Гаргоны» (1918). Меў мноства вышэйшых акадэмічных узнагарод, а ў 1914 атрымаў рыцарскую годнасць. @

Фрэйд Зігмунд (1856-1939), аўстрыйскі лекар, псіхіятр, псіхолаг; заснавальнік псіхааналізу. Скончыў медыцынскі факультэт Венскага ўніверсітэта, дзе атрымаў ступень доктара медыцыны (1881). Займаўся прыватнай практыкай, працаваў у парыжскай клініцы Сальпетрыер. У 1902-1938 прафесар неўрапаталогіі Венскага ўніверсітэта. У 1938, пасля захопу Аўстрыі нацыстамі, эміграваў і пасяліўся ў Лондане. Развіў тэорыю псіхасексуальнага развіцця індывіда; у фармаванні характару і яго паталогіі галоўную ролю адводзіў перажыванням ранняга дзяцінства. Спачатку распрацаваў (разам з І.Брэйерам) т.зв. «катартычны метад», сутнасць якога заключалася ў адрэагаванні з дапамогай гіпноза забытых псіхічным траўм. Потым сфармуляваў і перайшоў да практычнага выкарыстання метаду «свабодных асацыяцый» як асновы псіхааналітычнай тэрапіі. Прынцыпы псіхааналізу распаўсюдзіў на розныя галіны чалавечай жыццядзейнасці - міфалогію, рэлігію, фальклор, мастацкую творчасць і да т.п. У агульным плане комплекс вучэнняў Ф. і яго паслядоўнікаў традыцыйна прынята называць фрэйдызмам. Паводле Ф., жыццё кожнага чалавека прадвызначаецца двума галоўнымі інстынктамі - сексуальным (інстынкт Эраса, ці прадаўжэння жыцця) і разбуральным (інстынкт Танатаса, ці смерці). Лічыў культуру своеасаблівай сумай «дасягненняў і інстытуцый, якія адрозніваюць наша жыццё ад жыцця нашых продкаў і служаць дзвюм мэтам: абароне чалавека ад прыроды і ўрэгуляванню адносін паміж людзьмі»; даваў ёй дастаткова крытычную ацэнку, бо яна сваімі нормамі, забаронамі і абмежаваннямі падаўляе сексуальны інстынкт, што нярэдка прыводзіць людзей да розных хвароб (найчасцей псіхічных). На думку Ф., праз механізм сублімацыі творцы (вучоныя, філосафы, пісьменнікі, мастакі, артысты і інш.) выцясняюць свае сексуальныя схільнасці і пераводзяць іх у сферу стваральнай дзейнасці. Сярод яго асноўных твораў - «Тлумачэнне сноў» (1900), «Псіхапаталогія штодзённага жыцця» (1904), «Лекцыі па ўводзінах у псіхааналіз» (1910), «Татэм і табу» (1913), «Я і Яно» (1923) і інш. @

Фрэйдызм, агульнае абазначэнне розных філасофска-псіхалагічных школ і плыняў, якія імкнуцца прымяніць псіхалагічнае вучэнне З.Фрэйда для вытлумачэння з'яў культуры, працэсаў творчасці і грамадства ў цэлым. Ф. як своеасаблівую сукупнасць філасофска-антрапалагічных дактрын неабходна адрозніваць ад псіхааналізу як канкрэтнага метаду даследавання неўсвядомленых псіхічных працэсаў, прынцыпам якога Ф. надаваў універсальнае значэнне. Пачаў фармавацца з пачатку 20 ст., атрымаў шырокае распаўсюджанне пасля першай сусветнай вайны. У канцы 1930-х г. узнік неафрэйдызм. Сярод вучняў і паслядоўнікаў Фрэйда ўжо ў пачатку 20 ст. ўзніклі рознагалоссі наконт таго, што трэба лічыць асноўнай рухальнай сілай чалавечай псіхікі. Калі сам Фрэйд лічыў ёй энергію неўсвядомленай псіхасексуальнай цягі, то А.Адлер надаваў выключнае значэнне комплексу непаўнавартасці і імкненню да самасцвярджэння, а К.Г.Юнг першааснову ўсяго псіхічнага жыцця бачыў у калектыўным неўсвядомленым і яго архетыпах. Уплыў Ф. найперш выявіўся ў сацыяльнай псіхалогіі, этналогіі, культурнай антрапалогіі, літаратуразнаўстве, мастацкай крытыцы і інш. Яго прыкметнае ўздзеянне зведала таксама тэорыя і практыка асобных мадэрніцскіх мастацкіх плыняў (напр., сюррэалізм, які прэтэндаваў на пашырэнне сферы мастацтва праз прыцягненне неўсвядомленага). @

Фрэска (ад італ. fresco - свежы), тэхніка манументальнага жывапісу; размалёўка па свежым вільготным тынку фарбамі, якія разведзены на вадзе; твор, выкананы ў гэтай тэхніцы. Палітра фрэскавага жывапісу звычайна стрыманая, пры высыханні фарбы моцна блякнуць. Тэхніка Ф. вядома з 2-га тыс. да н.э. ў эгейскім мастацтве, была адной з асноўных у антычным і візантыйскім мастацтве, краінах Заходняй Эўропы. Росквіту дасягнула ў 14-16 ст. у творчасці Джота, Мазачыо, Рафаэля, Мікеланджэла. Высокім мастацкім узроўнем вызначаюцца Ф. майстроў 14-17 ст. Феафана Грэка, Андрэя Рублёва, Дыянісія. У Беларусі найбольш старажытныя Ф. захаваліся ў інтэр'еры Полацкага Сафійскага сабора (11 ст.), Полацкай Спаса-Ефрасіннеўскай царквы (12 ст.). Вядомы размалёўкі ў культавых будынках (напр., касцёл бернардзінцаў і езуітаў у Горадні, Варварынская царква ў Пінску і інш.). Да тэхнікі Ф. звярталіся беларускія мастакі 20 ст. (С.Рудзінскі, Б.Вішнеўскі, В.Барабанцаў, Г.Вашчанка і інш.). @

Фуко Мішэль (1926-1984), французскі філосаф, культуролаг, гісторык культуры. Атрымаў адукацыю ў Сарбоне, вывучаў псіхалогію і філасофію ў Лільскім універсітэце. Выкладаў у розных французскіх універсітэтах. З 1970 - на кафедры гісторыі сістэм мыслення ў Калеж дэ Франс. Працы па праблемах вар'яцтва, медыцыны, сексуальнасці, турмах і інш. Першая кніга - «Разумовая хвароба і асоба». Аўтар прац «Вар'яцтва і цывілізацыя», «Дысцыплінаваць і наказваць» (1975) і інш. У кнізе «Гісторыя вар'яцтва ў класічную эпоху» (1961) сцвярджаў, што ў «эпоху розуму» (канец 17-18 ст.) узнікла новае разуменне вар'яцтва, калі хворых людзей пачалі заключаць у бальніцы, будаваць дамы для звар'яцелых, рыхтаваць лекараў новай спецыяльнасці. У кнізе «Нараджэнне клінікі» (1963) разглядаецца праблема ўзнікнення клінічнай медыцыны ў перыяд Вялікай Французскай рэвалюцыі. Галоўная праца Ф. - «Словы і рэчы» (1966) - прысвечана даследаванню гуманітарных навук і тых структур мыслення, якія ім папярэднічалі. Аўтар кнігі «Археалогія ведаў» (1969), у якой зроблена спроба апісаць новую метадалогію. У трохтомнай працы па гісторыі сексуальнасці Ф. зрабіў выснову пра тое, што віктарыянская эпоха была апантана сексам, аднак грамадствам дапускаліся толькі пэўныя формы адпаведнага дыскурсу. Погляды Ф. вызначаліся халізмам, г.зн. бачаннем сістэмы ведаў як звязанага цэлага, а не сукупнасці асобных адзінак, а таксама асаблівай увагай да слоў, сувязей паміж выказваннямі і адначасова імкненнем да выяўлення глыбінных структур дыскурсу. @

Функцыі культуры, прызначэнне або значэнне, роля, якую пэўная культура выконвае ў жыццядзейнасці ўсяго грамадства і яго асобных індывідаў. Сярод асноўных Ф.к. - сацыялізацыі (чалавекатварэння, сацыяльнага навучання, выхавання); аксіялагічная (дазваляе фармаваць, успрымаць і ацэньваць розныя каштоўнасці); рэгулятыўная (дапамагае ўстанаўліваць, арганізоўваць і рэгуляваць праз сукупнасць нормаў, правілаў і законаў маралі адносіны паміж людзьмі); эстэтычная (любаванне прыгажосцю мастацкіх твораў); камунікатыўная (дазваляе наладжваць узаемасувязі, кантакты паміж людзьмі з дапамогай мовы); пазнавальна-інфармацыйная (дае магчымасць накопліваць, захоўваць і перадаваць з пакалення ў пакаленне найбольш важную інфармацыю; крэатыўная (прыводзіць да стварэння новых мастацкіх стыляў, плыняў, кірункаў, артэфактаў культуры); рэлаксацыйна-кампенсаторная (дапамагае чалавеку расслабіцца, адпачыць, аднавіць страчаныя фізічныя і духоўныя сілы) і інш. @

Функцыяналізм (ад лац. functio - выкананне), плынь у эўрапейскай, а затым і амерыканскай архітэктуры. Канчаткова аформіўся ў 1930-я г. Адметныя рысы Ф.: максімальная ўтылітарнасць, перавага практычных функцый, жыццёвых, чалавечых патрэбнасцей у вызначэнні планаў і формаў пабудоў. Сярод асноўных прадстаўнікоў Ф. - француз швейцарскага паходжання Ле Карбюзье, фін А.Аалта, немец В.Гропіус, амерыканец Л.Саліван, якому належыць выказванне «Форму вызначае функцыя»), М.Міс ван дэр Роэ і інш. Спецыфіку агульнага падыходу Ф. да пабудоў дакладна і лаканічна выказаў нямецкі архітэктар Б.Таўт - «Што добра функцыянуе, тое добра і выглядае». @

Функцыянальны падыход у антрапалогіі, сукупнасць тэарэтычных уяўленняў аб культуры як сістэме ўзаемазвязаных элементаў: ніводзін яе элемент не можа быць адэкватна апісаны і спасцігнуты ў ізаляцыі ад іншых структурных адзінак, а таксама без вывучэння іх канкрэтных функцый. Асноўныя прадстаўнікі - А.Радкліф-Браўн, Б.Маліноўскі, Т.Парсанс, Р.Мертан. @

Футурызм (ад лац. futurum - будучыня), адна з авангардысцкіх плыняў у выяўленчым мастацтве і літаратуры 1910-1920-х г. у Італіі і Расеі. Сярод асноўных прадстаўнікоў - Ф.Марынеці, У.Бачоні, Дж.Северыні, В.Хлебнікаў, І.Севяранін, В.Каменскі і інш. Атрымаў пашырэнне і ў галіне скульптуры, літаратуры. Імкнуўся стварыць «мастацтва будучыні», адмаўляў традыцыйную культуру, яе мастацкія нормы і каштоўнасці, культываваў эстэтыку ўрбанізму і машыннай індустрыі, узвышаў індустрыяльную цывілізацыю і сучасны вялікі горад. Футурысты не прызнавалі гармонію ў якасці прынцыпа мастацтва, свядома дэфармавалі прапорцыі, формы (іх патрабаванне - «адкрыць фігуру, як вакно» дзеля паказу яе светапранікальнасці, унутраных аб'ёмаў), прымянялі рэзкія колеравыя кантрасты. У галіне літаратуры творы Ф. вызначаліся дэфармацыямі слоў, выкарыстаннем матэматычных і музычных знакаў, асобных фрагментаў, «тэлеграфнай мовы» і інш. @

Хайдэгер Марцін (1889-1976), нямецкі філосаф. Вучыўся ў езуіцкай школе, вывучаў філасофію ў Фрайбургскім універсітэце пад кіраўніцтвам Г.Рыкерта. З 1916 працаваў асістэнтам Э.Гусерля. У 1923-1928 ардынарны прафесар філасофіі ў Марбургскім, з 1928 - у Фрайбургскім універсітэтах. У 1933-1945 - рэктар Фрайбургскага ўніверсітэта. На фармаванне філасофскіх поглядаў Х. аказалі ўплыў фенаменалогія Э.Гусерля, філасофія жыцця, пратэстанцкая тэалогія. Сваю філасофію вызначаў як «шлях» да быцця; спасцігнуць гэтае быццё можна толькі праз «тут-быццё», якое «ёсць мы самі» і мае канечны характар. Разглядаў інтэнцыянальнасць (накіраванасць на прадмет) як спосаб быцця асобы. Лічыў Час асноўнай характарыстыкай самога быцця. Сцвярджаў, што мінулае не застаецца «ззаду», а наадварот, пастаянна прысутнічае ў сённяшнім, вызначае сабой як сучаснасць, так і будучыню. Паводле Х., метафізіка з'яўляецца асновай сучаснай навукі і тэхнікі, што ставяць сваёй мэтай падначаленне свету чалавеку. Быццё, на яго думку, нібы жыве ў найбольш інтымнай сферы культуры - мове, таму апошняя ўспрымалася Х. як своеасаблівы «дом быцця»; прычым не людзі гавораць «мовай», а мова «гаворыць» людзям і «людзьмі». У позні перыяд абвясціў немагчымасць рацыянальнага спасціжэння быцця, пачаў звяртацца да ўсходніх рэлігійна-філасофскіх традыцый (найперш да дзэн-будызму), заснаваных на паэтычна-містычным светаўспрыманні. Пераадоленне «хвароб» сучаснага свету Х. бачыў на шляху вяртання да старажытных часоў, да «вытокаў» чалавецтва. Таму ён меў схільнасць да простага сялянскага побыту, да жыцця ў «інтымнай блізкасці» да зямлі і рэчаў, крытычна адносіўся да буйных гарадоў. Даследаваў творчасць нямецкамоўных паэтаў - Гёльдэрліна, Рыльке, Тракля і інш. У 1920-1930-я г. набыў шырокую вядомасць і папулярнасць у многіх краінах свету, найперш у Заходняй Эўропе. Сярод яго асноўных прац - «Быццё і Час» (1927), «Кант і праблема метафізікі» (1929), «Ніцшэ» (1961) і інш. @

Харал (сярэднявеч. лац. cantus choralis - харавое песнапенне), рэлігійныя песнапенні на лацінскай мове (грыгарыянскі Х. у каталіцкай царкве) або на родных мовах (напр., пратэстанцкі Х. у лютэранскай царкве ў Германіі). У некаторых краінах песнапенні тыпу Х. мелі іншыя назвы (напр., гусіцкія песні ў Чэхіі). @

Харызма (ад грэч. charisma - міласць, боскі дар), арэол незвычайнага, звышнатуральнага, які суправаджае дзеянні і паводзіны некаторых людзей - як рэальных (цары, каралі, імператары, кіназоркі, псіхатэрапеўты і інш.), так і выдуманых (божаствы, героі, прарокі). Харызматычны лідэр - гэта чалавек, які надзелены яго паслядоўнікамі аўтарытэтам, заснаваным на выключных якасцях яго асобы. Да ліку харызматычных асоб 20 ст. адносіліся, напр., амерыканскія прэзідэнты Ф.Рузвельт, Дж.Кенэдзі, нямецкі дыктатар А.Гітлер, французскі прэзідэнт Ш. дэ Голь, брытанскі прэм'ер-міністр У.Чэрчыль, аўстрыйскі псіхатэрапеўт З.Фрэйд, амерыканскі рэлігійны дзеяч М.Л.Кінг, індыйскія палітыкі М.Гандзі, І.Гандзі, брытанскі прэм'ер-міністр М.Тэтчэр і інш. @

Хейзінга Йохан (1872-1945), нідэрландскі культуролаг, гісторык. Прафесар Гронінгенскага (1905-1915) і Лейдэнскага (1915-1940) універсітэтаў. Вядомы як аўтар фундаментальнай працы «Homo ludens» («Чалавек, які гуляе»). Асноўныя ідэі яго культуралагічнай канцэпцыі - гульня з'яўляецца асноўнай рысай усякай культуры, яна старэйшая за культуру, папярэднічае ёй, і ўрэшце, творыць культуру. Сцвярджаў, што культура «ўзнікае з гульні, як жывы плод, які аддзяляецца ад мацярынскага цела; культура развіваецца ў гульні і як гульня». Лічыў, што на працягу мінулых стагоддзяў адбылося прыкметнае змяншэнне гульнёвага элементу ў культуры. Яно найбольш яўна пачалося ў 18 ст., у эпоху Асветніцтва, і фактычна завяршылася ў 19 ст. На яго думку, у гэты перыяд дух рацыяналізму і ўтылітарызму амаль поўнасцю выцясніў свабодны, гульнёвы змест чалавечай культуры. Сапраўдная культура патрабуе «высакароднай гульні». Такая гульня вызначаецца рытмам і гармоніяй, ёй уласцівы радасць і вытанчанасць. Сярод яго іншых работ - «Эразм» (1924), «Восень Сярэднявечча» (1919) і інш. @

Хіпі, адзін з найбольш буйных моладзевых рухаў 1960-1970-х г. у Паўночнай Амерыцы і Заходняй Эўропе. Асноўныя адметныя рысы Х.: прынцыповае адмаўленне ад агульнапрынятых маральных норм, пастаяннай працоўнай дзейнасці, службы ў войску, сям'і, станоўчае стаўленне да ўжывання алкагольных напояў і наркотыкаў. Іх знешні выгляд вызначаўся неахайным адзеннем, доўгімі валасамі; жылі звычайна асобнымі камунамі. У 1980-я г. Х. былі вядомы ў краінах Усходняй Эўропы (у т.л. і ў СССР). @

Хіт (ад англ. hit - удар, штуршок, поспех), у галіне забаўляльнай камерцыйнай музыкі жаргонная назва песні або іншай музычнай кампазіцыі, якія імгненна заваявалі поспех (нярэдка кароткачасовы). Канцэртныя праграмы, складзеныя з Х., называюцца хіт-парадамі. У іх прадстаўлены найбольш папулярныя песні, часта шлягеры дадзенага тыдня, месяца, года. @

Хоркхаймер Макс (1895-1973), нямецкі філосаф і сацыёлаг; адзін з заснавальнікаў Франкфурцкай школы. У 1930-1950-я г. быў прафесарам і рэктарам універсітэта, дырэктарам Інстытута сацыяльных даследаванняў (1931-1965) у Франкфурце-на-Майне. У 1934-1949 у эміграцыі ў ЗША, прафесар Калумбійскага ўніверсітэта. Напісаная разам з Т.Адорна работа «Дыялектыка асветніцтва» (1948) з'явілася праграмным выражэннем філасофска-сацыялагічных ідэй Франкфурцкай школы. У цэнтры яго ўвагі - праблемы гістарычнай антрапалогіі з крытыкай масавай культуры. Паводле Х., галоўнай задачай сацыяльных тэорый з'яўляецца недапушчэнне таталітарызму шляхам садзейнічання захаванню ўсіх тых культурных элементаў, якія выпрацавала ліберальна-дэмакратычнае грамадства. @

Хранатоп (ад грэч. hronos - час + topos - месца; літар. «час-прастора»), адзінства прасторавых і часавых параметраў, накіраваных на выяўленне пэўнага (культурнага, мастацкага) сэнсу. Упершыню тэрмін «Х.» быў уведзены расейскім псіхолагам А.Ухтомскім, пазней выкарыстоўваўся ў літаратуразнаўчых працах М.Бахціна. Х. з'яўляецца антрапалагічным гарызонтам, духоўнай перспектывай, якія не дазваляюць чалавеку адчайвацца ў самых безвыходных і катастрафічных абставінах. @

Хрысціянская культура, адмысловы тып культуры, уласцівы асобным людзям і цэлым народам, якія вызнаюць хрысціянства. Склалася ў эпоху Сярэднявечча спачатку ў тых краінах, якія першымі прынялі хрысціянскую веру (Візантыйская імперыя, Ірландыя, Францыя, пазней Цэнтральная і Ўсходняя Эўропа). У той ці іншай форме Х.к. існуе практычна на ўсіх кантынентах. Заснавана на галоўных прыкметах і каштоўнасцях хрысціянскай рэлігіі: монатэістычная вера ў адзінага ўсемагутнага Бога, уяўленне пра стварэнне чалавека па вобразу і падабенству Божаму, пра яго грахоўнасць, пра неабходнасць выратавання чалавечай душы і да т.п. Для Х.к. уласціва даволі паспяховае і высокае развіццё архітэктуры, рэлігійнай літаратуры і філасофіі, тэалогіі, выяўленчага мастацтва, музыкі. На беларускіх землях Х.к. пачала складвацца пасля пранікнення сюды хрысціянства (канец 10 - пачатак 11 ст.). Хрысціянства спрычынілася да развіцця архітэктуры, ці дойлідства (тут пачалі ўзводзіць замест драўляных мураваныя храмы, палацы, замкі). У галіне выяўленчага мастацтва ўзнікла і атрымала развіццё іканаграфія, фрэскавае мастацтва і мазаіка, музыка ўзбагацілася рэлігійнымі мелодыямі, заснаванымі на візантыйскіх і рымскіх музычных традыцыях. @

Хрысціянства, адна з трох сусветных рэлігій (разам з ісламам і будызмам). У адрозненне ад політэізму язычніцтва, Х. з'яўляецца монатэістычнай рэлігіяй, у якой Бог выступае вышэйшым абсалютам, што стварыў усё з нічога (у т.л. і чалавека па свайму «вобразу і падабенству»). У цэнтры хрысціянскай дагматыкі - уяўленні пра трыадзінства Бога і пра богаўвасабленне, вера ў Ісуса Хрыста як Богачалавека, Выратавальніка чалавецтва. Далучэнне вернікаў да Боскай ласкі ажыццяўляецца праз удзел у таінствах. Крыніца веравучэння Х. - Свяшчэннае Паданне; галоўным у ім з'яўляецца Свяшчэннае Пісанне (Біблія, і асабліва Новы Запавет); таксама важнае значэнне маюць іншыя часткі Свяшчэннага Падання («Сімвал веры», рашэнні Ўсяленскіх і некаторых памесных сабораў, асобныя творы айцоў царквы і інш.). Узнікла ў 1 ст. н.э. ва ўсходніх правінцыях Рымскай імперыі (сярод жыдоў Палесціны). Спачатку першыя хрысціяне падвяргаліся моцным ганенням з боку язычнікаў, аднак у пачатку 4 ст. Х. стала дзяржаўнай рэлігіяй Рымскай імперыі, Візантыі. Да канца 1-га - пачатку 2-га тыс. практычна ўся Эўропа была хрысціянізавана. Фармаванне хрысціянскай царквы як асобай арганізацыі адбывалася на працягу першых стагоддзяў нашай эры. У гэты перыяд ішоў працэс утварэння т.зв. «кліра» (свяшчэннаслужыцеляў) у супрацьвагу міранам (простым вернікам). У 4 ст. зарадзілася манаства, якое адыграла ў пазнейшы час прыкметную ролю ў захаванні і развіцці эўрапейскай культуры. На працягу першай паловы 1-га тыс. вялося мноства багаслоўскіх спрэчак, што ў выніку прыводзіла да ўзнікнення розных сектаў, напрамкаў і кірункаў у Х. У выніку схізмы (падзелу цэркваў) Х. у 1054 канчаткова раскалолася на праваслаўе і каталіцызм. З каталіцызму ў ходзе Рэфармацыі ў 16 ст. выдзяліўся пратэстантызм. У сучасны перыяд з'яўляецца самай масавай сусветнай рэлігіяй (па некаторых падліках, іх агульная колькасць складае каля 1,7-1,8 млрд. чал. У Беларусі Х. усталёўвалася ў працяглай барацьбе з язычніцтвам. Яно пачало распаўсюджвацца ў выглядзе ўсходняга, візантыйскага абраду з канца 10-11 ст., а потым і заходняга, рымскага абраду. Яго пашырэнне адбывалася пераважна мірным, эвалюцыйным шляхам, а не метадамі насілля, як, напр., у Кіеве ці Ноўгарадзе («агнём і мячом»). Першымі Х. прынялі вышэйшыя саслоўі (баяры і дружына), пазней - гараджане і сяляне. Аднак значная частка насельніцтва (пераважна сялянства) або яшчэ доўга захоўвала старыя язычніцкія вераванні, або павярхоўна ўспрымала хрысціянскую веру. Х. садзейнічала ўмацаванню беларускай дзяржаўнасці, развіццю розных відаў культуры, наладжванню сувязей з хрысціянскімі краінамі, спрыяла пашырэнню пісьменства, перакладаў кніг з грэчаскай мовы, пачатку летапісання і да т.п. @

Хэпенінг (англ. happening - літар. «тое, што адбываецца»), кірунак у авангардысцкім мастацтве 1960-1970-х г.; мастацтва своеасаблівых спектакляў, у якіх спалучаюцца элементы тэатра абсурду, музыкі, жывапісу. Аб'ядноўвае пластычныя мастацтвы, тэатр, музыку, пазамастацкія феномены. Выяўляецца ў спантанных, алагічных дзеяннях мастака або групы мастакоў, якія наладжваюцца ў прысутнасці і пры ўдзеле публікі. Звычайна накіраваны на ўцягненне гледачоў у імправізаванае дзейства, нярэдка звяртаецца да мінулага з мэтай змянення сучасных сацыяльных адносін і захавання адзінства і цэласнасці культуры. Х. накіраваны на зацвярджэнне тэзісу «кожны чалавек - мастак». Лозунг Х. - «мастацтва ёсць жыццё, жыццё ёсць мастацтва»; ліквідацыя мяжы паміж мастаком і гледачом парушае прывычную для эстэтыкі трыяду: мастак-твор-глядач. @

Царква (ад грэч. kyriake (oikia) - літар. Гасподні дом),

1) спецыфічнае для хрысціянства паняцце містычнай супольнасці вернікаў, у якім ажыццяўляецца адзінства чалавека з Богам праз сумесны ўдзел у розных «таінствах» (найперш еўхарыстыі). Універсальны («усяленскі», «саборны») характар Ц. як містычнага «цела Хрыстова» і «паўнаты Святога Духа» робіць немагчымым яе атаясамліванне ні з якой этнічнай, палітычнай ці іншай супольнасцю (племенем, нацыяй, дзяржавай).

2) Самакіравальнае аб'яднанне прыхільнікаў пэўнай рэлігіі на аснове агульнасці веры і вучэння, форм і абрадаў набажэнства, правілаў і прадпісанняў жыцця.

3) Будынак для адпраўлення хрысціянскага рэлігійнага культу з архітэктурнымі асаблівасцямі і ўладкаваннем у адпаведнасці з царкоўнымі канонамі. @

Цітоў Віктар (н. 1938), беларускі гісторык, этнолаг, фалькларыст. Доктар гістарычных навук (1991), прафесар (1995). Скончыў Магілеўскі педагагічны інстытут (1963). Выкладаў у Гарадзенскім педагагічным інстытуце, працаваў у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі (1977-1993). З 1993 загадчык кафедры этналогіі і музеязнаўства Беларускага ўніверсітэта культуры, з 1998 - кафедры этналогіі і фалькларыстыкі Беларускага педагагічнага ўніверсітэта. Даследуе праблемы этнічнай гісторыі і этнаграфіі, нацыянальных узаемаадносін, музеязнаўства і аховы гісторыка-культурных помнікаў, традыцыйную бытавую культуру беларусаў, народныя звычаі і абрады. Аўтар фундаментальных прац «Гісторыка-этнаграфічнае раянаванне матэрыяльнай культуры беларусаў: 19 - пачатак 20 ст.» (1983), «Народная спадчына: Гістарычныя шляхі і этнакультурныя стасункі» (1994), «Этнаграфічная спадчына. Беларусь. Краіна і людзі» (1996; 2-е выд. 2001) і інш. Адзін з аўтараў калектыўных манаграфій «Помнікі этнаграфіі» (1981), «Промыслы і рамёствы Беларусі» (1989), «Палессе. Матэрыяльная культура» (1988), «Беларусы: У 8 т. Т. 1 (1995), «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў: У 6 т. Т. 1. (2001). Навуковы рэдактар і адзін з аўтараў энцыклапедычнага даведніка «Народная культура Беларусі» (2002). Удзельнічаў у складанні «Нацыянальнага атласу Беларусі» (2002). З'яўляецца сябрам Міжнароднай арганізацыі «Народная творчасць» пры ЮНЕСКА. @

Цывілізацыя (от лат. civilis - грамадзянскі, цывільны),

1) узровень, ступень грамадскага развіцця матэрыяльнай і духоўнай культуры (антычная Ц., сучасная Ц.). Французскія філосафы-асветнікі 18 ст. выкарыстоўвалі паняцце Ц. для абазначэння высокаразвітага грамадства, заснаванага на пачатках розуму, справядлівасці і рэлігійнай талерантнасці. Культура сфармавалася раней Ц., якая, наадварот, узнікла на той стадыі гістарычнага развіцця, што прыйшла на змену эпосе варварства. Ц. узнікла ў выніку т.зв. «неалітычнай рэвалюцыі», падчас якой адбыўся пераход ад спажывальнай (збіральніцтва, паляванне і рыбалоўства) да вытворнай гаспадаркі (земляробства і жывёлаводства). Вылучаюцца некалькі стадый у развіцці Ц.: аграрна-традыцыйная (характэрная для рабаўладальніцкага і феадальнага грамадстваў); індустрыяльная (характэрная для капіталізма); постіндустрыяльная, ці інфармацыйная (узнікла ў другой палове 20 ст. пад уплывам навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, хуткага развіцця высокіх тэхналогій і павелічэння інфармацыйных патокаў). Найбольш важнымі прыкметамі Ц. лічацца ўтварэнне дзяржавы, узнікненне пісьменнасці, аддзяленне земляробства ад рамяства, расслаенне грамадства на класы, з'яўленне гарадоў. Існуюць розныя класіфікацыі Ц.: кантынентальная (напр., эўрапейская, азіяцкая); нацыянальная (ангельская, французская, нямецкая); рэгіянальная (паўночнаафрыканская) і інш. У Беларусі пачаткам развіцця Ц. лічыцца 8-9 ст., калі былі створаны першыя дзяржавы-княствы (Полацкае, Турава-Пінскае, Смаленскае княствы), узнікла пісьмовая традыцыя, з'явіліся і хутка развіваліся гарады, выдзялілася рамяство як асобны від вытворчай дзейнасці. Фактычна першая Ц. на землях Беларусі знаходзілася на аграрна-традыцыйнай стадыі свайго развіцця і мела тыпова феадальны характар.

2) У некаторых сацыяльных тэорыях Ц. - эпоха ўпадку і дэградацыі ў супрацьвагу цэласнасці, арганічнасці культуры (О.Шпенглер, М.Бярдзяеў і інш.). @

Цыганскі раманс, разнавіднасць расейскага раманса, што склалася ў сярэдзіне 19 ст. ў выканальніцкай практыцы спевакоў і гітарыстаў з пецярбургскага і маскоўскага цыганскіх хораў. Для Ц.р. уласцівы падкрэсленая эмацыянальнасць, дэкламацыйнасць мелодыі, часам - перабольшаная патэтычная «надрыўнасць». @

Цырк (ад лац. circus - літар. кола),

1) Адзін з відаў сцэнічнага мастацтва. Уключае акрабатыку, жангліраванне, эквілібрыстыку, клаўнаду, ілюзіённае мастацтва, дрэсіроўку жывёл і інш. Яго галоўныя выразныя сродкі - дзеянне, трук, якія нярэдка ляжаць за межамі звычайнай логікі. Цыркавое прадстаўленне складаецца з нумароў - асобных закончаных выступленняў аднаго ці групы артыстаў. Склаўся на аснове старажытных народных святаў, працоўных працэсаў, спартовых спаборніцтваў. Выступленні акрабатаў, жанглёраў, дрэсіроўшчыкаў былі вядомыя яшчэ ў Старажытных Эгіпце, Грэцыі і Рыме. Цыркавыя нумары ўключаліся ў выступленні сярэднявечных вандроўных артыстаў (гістрыёнаў, шпільманаў, скамарохаў і інш.). З 12 ст. у Эўропе ўзніклі школы верхавой язды, дзе рыхтавалі наезднікаў, дрэсіравалі коней, праводзілі паказальныя выступленні. У 18 ст. шырокае распаўсюджанне атрымаў конны Ц. З 19 ст. пачалі стварацца стацыянарныя цыркі ў Германіі, Італіі, Францыі, Расеі. У Беларусі элементы цыркавога мастацтва выявіліся ў творчасці скамарохаў. З 17 ст. ствараліся спецыяльныя школы дрэсіроўкі мядзведзяў (напр., «Смаргонская акадэмія»), вяровачных скакуноў і штукароў у мястэчку Семежава Слуцкага павета. З пачатку 18 ст. адбываліся гастролі замежных цыркавых труп і асобных выканаўцаў, якія выступалі на плошчах, кірмашах і ў Ц.-шапіто (брызентавых круглых палатках з арэнай і месцамі для гледачоў). У 30-40-я г. 20 ст. існавалі Ц. у Магілеве, Бабруйску, Гомелі, Мазыры. У 1959 адкрыўся першы стацыянарны Менскі дзяржаўны Ц., у 1972 - другі стацыянарны Ц. у Гомелі. На арэне гэтых Ц. выступалі вядучыя айчынныя і замежныя цыркавыя артысты.

2) Будынак з арэнай (манежам), у якім даюцца цыркавыя прадстаўленні. @

Цянь (літар. «Неба»), адно з важнейшых паняццяў кітайскай міфалогіі, рэлігіі і філасофіі. Адсюль адна з назваў Кітая - «Цянься» (г.зн. «тое, што знаходзіцца пад Небам», або «Паднябесная»). Традыцыйна ўспрымаецца адначасова ў розных сэнсах - як вярхоўны дух, як найвялікшы правіцель, што дае права зямному ўладару («Цянь-цзы» - літар. «сын Неба») кіраваць краінай, а таксама як вышэйшая боская сіла, што стварае ўсё існае ў свеце, распараджаецца чалавечымі лёсамі. Уяўленне пра Ц. узнікла пазней культа вярхоўнага боства Шан-Дзі. Са старажытных часоў Неба лічылася ўвасабленнем мудрасці, справядлівасці; яно магло як пакараць (за няправеднае жыццё), так і ўзнагародзіць (за добрыя справы, гуманнасць) чалавека. Агульнадзяржаўны культ Неба быў пашыраны ў Кітаі да пачатку 20 ст. @

Цяпінскі Васіль (1530-я або пач. 1540-х г. - 1603; сапр. Амельяновіч), беларускі кнігавыдавец, пісьменнік, грамадска-культурны дзеяч, філосаф. Прадаўжальнік гуманістычных культурна-асветніцкіх і патрыятычных традыцый Ф.Скарыны і С.Буднага. Служыў у падканцлера Вялікага Княства Літоўскага Астафея Валовіча, які падтрымліваў кнігавыдавецкую і асветніцкую дзейнасць у Беларусі. У 1570-я г. на свае сродкі арганізаваў друкарню (у маёнтку Цяпіна каля Лепеля) з намерам выдаваць кнігі на роднай мове. Пераклаў і выдаў на царкоўнаславянскай і старабеларускай мовах «Евангелле» (каля 1580) са сваёй прадмовай (збераглася ў рукапісе), у якой сцвярджаў, што гэтая кніга павінна спрыяць не толькі рэлігійнаму выхаванню, але і ўзнімаць асвету, нацыянальную самасвядомасць беларускага народа. Імкнуўся даказаць вялікую карысць чытання Евангелля на роднай мове «як сумы закону божага». Лічыў, што выданне Евангелля павінна спрыяць росту нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа. @

Чайкоўскі Пётар Ільіч (1840-1893), расейскі кампазітар. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1865). Працаваў прафесарам Маскоўскай кансерваторыі (1866-1878). Тонкі псіхолаг, майстар-сімфаніст, музычны драматург, Ч. раскрыў ў музыцы ўнутраны свет чалавека (ад лірычнай задушэўнасці да глыбокай трагедыі). Стварыў найвялікшыя ўзоры опер, балетаў, сімфоній, камерных твораў. Аўтар опер «Яўген Анегін» (1878), «Мазепа» (1883), «Пікавая дама» (1890), «Іяланта» (1891), балетаў «Лебядзінае возера» (1876), «Спячая красуня» (1889), «Шчаўкунок» (1892), сімфоніі «Манфрэд» (1885), уверцюры-фантазіі «Рамэо і Джульета» (1869), кацэртаў для скрыпкі, фартэп'яна з аркестрам, рамансаў і інш. Змест музыкі Ч. універсальны: «вечныя тэмы» кахання, жыцця, смерці, вобразы прыроды, штодзённага побыту і г.д. У творчасці Ч. прадстаўлены практычна ўсе сучасныя яму музычныя жанры. З 1958 у Маскве праводзіцца Міжнародны конкурс імя Ч. @

Чалавек культуры, збіральны вобраз, які выкарыстоўваецца ў культуралагічных даследаваннях з мэтай фіксацыі ўсёй разнастайнасці гісторыка-культурных традыцый і навацый, духоўных памкненняў, светапоглядных парадыгм той ці іншай эпохі ў літаратурным героі, маральным імператыве ці сімвале веры. У вобразе Ч.к. звычайна спалучаюцца этычныя нормы (напр., культура віны ці культура сораму) і эстэтычныя адносіны да рэчаіснасці. У гэтым сэнсе прынята казаць і пісаць пра чалавека антычнай культуры, чалавека эпохі Адраджэння, чалавека сучаснай культуры і да т.п. Сфармаваны кожнай эпохай вобраз Ч.к. з'яўляўся адлюстраваннем ідэала - старажытны грэк бачыў такі ідэал у «добрым мужы», «героі», «мудраца», а гуманіст эпохі Адраджэння - ва «універсальным чалавеку». Для расейскай культуры такім ідэалам нацыянальнага культурнага тыпу выступае падзвіжнік, пакутнік за веру. @

Чаною (Чайная цырымонія), японскі нацыянальны абрад, які вызначае парадак і працэс піцця зялёнага чаю («матча»). Асноўная мэта Ч. - атрыманне гасцямі эстэтычнай асалоды, духоўнага задавальнення ад удзелу ў гэтым таямніча-прыгожым мерапрыемстве. Ч. адбывалася ў спецыяльным чайным доміку ці павільёне («цяніва»), да якога прымыкаў невялікі чайны сад. Спачатку чаяпіцце выкарыстоўвалася пераважна сярод дзэнскіх свяшчэннікаў падчас працяглых медытацый як сродак ад фізічнай вяласці і разумовай стомленасці. Ч. складвалася паступова на працягу 15-16 ст. і практычна ў такім выглядзе яна існуе сёння. @

Чаплін Чарлз Спенсер (1889-1977), амерыканскі акцёр, рэжысёр, сцэнарыст, кампазітар. Нарадзіўся ў Лондане. У дзесяць гадоў дэбютаваў на сцэне мюзік-хола. З 1913 іграў у амерыканскіх камедыях, дзе стварыў вобраз няўдачніка Чарлі. З 1915 стаў адзіным аўтарам сваіх кароткаметражных фільмаў - «Імігрант», «Малыш», «Пілігрым» і інш. Першая поўнаметражная стужка - псіхалагічная драма «Парыжанка» (1923). У 1920-1930-я г. Ч. вяртаецца да вобраза Чарлі, які набывае трагікамічныя рысы - «Залатая ліхаманка» (1925), «Цырк» (1928), «Агні вялікага горада» (1931), «Новыя часы» (1936), «Вялікі дыктатар» (1940). Пасля прытчы «Месье Верду» (1947) Ч. выкарыстаў у камедыі меладраматычныя («Агні рампы», 1952) і сатырычныя («Кароль у Нью-Ёрку», 1957) фарбы. У 1952 выехаў з ЗША па палітычных матывах, жыў у Швейцарыі. Свой апошні фільм «Графіня з Ганконгу» Ч. паставіў у 1967. У 1972 атрымаў спецыяльную прэмію «Оскар». У 1975 яму была нададзена рыцарская годнасць. @

Чарты музычныя, спісы самых папулярных выканаўцаў, пласцінак, дыскаў, якія публікуюцца ў сродках масавай інфармацыі на аснове вынікаў продажу запісаў. Першыя Ч.м. з'явіліся ў ЗША на мяжы 19-20 ст. Друкуюцца ў аўтарытэтных музычных выданнях (напр., у амерыканскім часопісе «Білборд», ангельскім часопісе «Мюзік і інш.). @

Час міфалагічны, сакральны час першападзей і першапрычын, калі быў створаны свет, сфармуляваны першыя правілы сацыяльнай арганізацыі, забароны і прадпісанні, устаноўлены першыя культурныя ўзоры і першавобразы. Для Ч.м. галоўную каштоўнасць уяўляюць дзеянні багоў, а чалавек разглядаецца як своеасаблівы прадукт дзейнасці божастваў і культурных герояў. У адрозненне ад Ч.м., для гістарычнага часу асноўную каштоўнасць набылі дзеянні і паводзіны людзей. @

Шагал Марк (1887-1985), жывапісец і графік; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў мадэрнізму. Нарадзіўся ў мястэчку Ліёзна каля Віцебска. Вучыўся ў Пецярбургу ў тэатральнага мастака, графіка, жывапісца Л.Бакста (1907-1909). У пачатку 20 ст. жыў у Парыжы, дзе зведаў уплыў кубізму. У 1914-1922 зноў у Беларусі, з 1917 кіраваў Школай мастацтва ў Віцебску. Працаваў там упаўнаважаным па справах мастацтва. У 1922 эмігрыраваў спачатку ў Берлін, потым у Парыж, у 1942-1947 - у Мексіцы і ЗША. У 1973 атрымаў вышэйшую ўзнагароду Францыі - Вялікі Ордэн Ганаровага Легіёна. Крыніца сюжэтаў большасці твораў Ш. - абстаноўка яго дзяцінства, жыдоўскі местачковы побыт, сцэны якога ён трактуе ў сімвалічным і містычным духу. Творам Ш. уласцівы алагічнае размяшчэнне прадметаў і рэальнай прасторы, эскізнасць і нявызначанасць малюнка, фантастычнасць і яркасць колеравай гамы («Я і вёска», 1911; «Над Віцебскам», 1914; ілюстрацыі да Бібліі, літаграфія, 1931-1936). Аўтар мемуараў «Маё жыццё» (рус. пераклад 1994). Распісаў плафоны будынку «Гранд-Апера» ў Парыжы, зрабіў эскізы вітражоў для сабора ў Мецы, Рэймсе. З'яўляецца аўтарам дэкаратыўных твораў - напр., пано для Камернага жыдоўскага тэатра ў Маскве (1920). Аформіў балет «Жар-птушка» І.Стравінскага ў пастаноўцы Дж.Баланчына (1944-1945). @

Шаляпін Фёдар Іванавіч (1873-1938), расейскі спявак (бас-барытон). Нарадзіўся ў сялянскай сям'і ў Вяцкай губерні. Не атрымаў закончанай музычнай адукацыі. Быў пеўчым, харыстам трупы Сямёнава-Самарскага ва Ўфе. У 17 гадоў выпадкова стаў салістам, таму што прыйшлося замяніць захварэўшага артыста ў оперы С.Манюшкі «Галька». З 1895 выступаў на сцэне Марыінскага тэатра ў Санкт-Пецярбургу, дзе выконваў партыі Мефістофеля, Руслана. Быў салістам Імператарскай расейскай оперы ў Маскве. У 1901 упершыню выступіў у тэатры «Ла-Скала», а ў 1907 - у «Метраполітэн-опера» (Нью-Ёрк). У 1922 вымушаны быў пакінуць Расею і пасяліцца ў Парыжы. Сусветную вядомасць прынесла Ш. выкананне галоўнай партыі ў оперы М.Мусаргскага «Барыс Гадуноў». Сярод іншых оперных пастановак, дзе яскрава выявіўся надзвычайны талент Ш.-спевака, - «Князь Ігар» А.Барадзіна, «Пскавіцянка» М.Рымскага-Корсакава, «Русалка» Даргамыжскага і інш. Паспяхова выконваў розныя басовыя партыі ў расейскіх, італьянскіх і французскіх операх. З поспехам выконваў таксама расейскія народныя песні, рамансы (напр., «Эй, ухнем», «Вочы чорныя», «Дубінушка» і інш.). Валодаў надзвычай моцным, глыбока-эмацыйным голасам прыгожага тэмбру, а таксама яркім талентам драматычнага акцёра. @

Шаманства (шаманізм), ранняя форма рэлігіі; магічная практыка зносін служыцеля культу - шамана - з духамі падчас рытуала камлання, г.зн. спецыяльнага рытуала, які прыводзіць чалавека ў экстатычны стан. Вядома са старажытных часоў у культуры практычна ўсіх народаў свету. Асноўныя функцыі Ш. - лячэнне хворых; дапамога ў гаспадарчых і ваенных справах; выхаванне падрастаючага пакалення, прадухіленне няшчасцяў. Дзеянні шаманаў звычайна суправаджаюцца спевамі, ударамі ў бубны. Атрымала шырокае распаўсюджанне ў народаў Сібіры, Урала і Алтая, а таксама Афрыкі, Амерыкі, Акіяніі і інш. @

Шан-Дзі (літар. «вярхоўны ўладыка», «вышэйшы продак», «вышэйшае божаства»), у старажытнакітайскай міфалогіі і народнай рэлігіі вярхоўнае божаства. Уяўленні пра Ш. склаліся ў Шан-іньскім грамадстве прыблізна ў канцы 2-га тыс. да н.э. Азначаў не толькі вярхоўнае божаства, але і першапродка. Увасабляў вечнасць і нязменнасць Неба, а таксама маральныя законы. У народных вераваннях уяўляўся ў выглядзе жоўтага нябеснага імператара, які кіруе шматлікімі багамі, духамі і вызначае правілы паводзін людзей на зямлі. Менавіта яму кітайскія міфы прыпісваюць вынаходніцтва павозкі, лодкі, люстэрка, глінянага гаршка для прыгатавання ежы, пісьменнасці; ён навучыў людзей музыцы, вырабляў эліксір несмяротнасці, напісаў медыцынскі трактат і да т.п. @

Шансон (франц. chanson - песня), французская песня - народная, прафесійная паліфанічная 15-16 ст.; сучасная эстрадная (з рэпертуару шансанье - выканальнікаў жанравых песень, спевакоў, якія нярэдка выступалі таксама аўтарамі іх слоў і музыкі). Сярод вядомых майстроў Ш. - Э.Піаф, І.Мантан, Ш.Азнавур, Д.Дасэн, М.Мацьё, П.Каас і інш. @

Шапэн Фрыдэрык (1810-1849), польскі кампазітар і піяніст. Пачаў іграць на фартэпіяна з 7 гадоў, а ў 11 гадоў зрабіў першыя спробы сачыняць уласную музыку. Скончыў Варшаўскую кансерваторыю (1830). Неаднаразова рабіў канцэртныя туры па эўрапейскіх краінах. Займаўся выкладчыцкай дзейнасцю. Фартэпіяннае выкананне Ш. адзначалася небывалай лёгкасцю, паэтычнасцю, лірычнасцю і адухоўленасцю. Ён быў прызнаны (разам з Ф.Лістам) лепшым піяністам свету. Ш. - аўтар двух фартэпіянных канцэртаў, твораў для фартэпіяна з аркестрам, нешматлікіх камерных твораў, а таксама песень. Найчасцей Ш. пісаў фартэпіянныя кампазіцыі - санаты, паланезы, прэлюдыі, мазуркі, эцюды, балады, ронда, скерца і інш. Музычны эцюд упершыню ў гісторыі музыкі з вучэбнага практыкавання стаў у выкананні Ш. самастойным канцэртным творам. Творы Ш. рамантычныя па стылю, вызначаюцца багатай гармоніяй, меладычнай і эмацыянальнай выразнасцю. Выкарыстоўваў самабытныя рысы польскай народнай музыкі. Ператварыў мазуркі і паланезы з танцаў у канцэртныя п'есы. @

Шапенгаўэр Артур (1788-1860), нямецкі філосаф; прадстаўнік інтуітывізму і валюнтарызму. Скончыў Гетынгенскі ўніверсітэт, наведваў лекцыі ў Берлінскім універсітэце. Сцвярджаў, што сутнасцю свету з'яўляецца неразумная воля, сляпое бязмэтнае імкненне да жыцця. «Вызвалення» ад свету можна дасягнуць праз аскетызм і эстэтычнае сузіранне, г.зн. у стане, блізкім да будысцкай нірваны. Паводле Ш., практычна ўсе дзеянні, веды чалавека абумоўлены яго ўласнай воляй. Лічыў, што ў сферы мастацтва і маралі адбываецца пераадоленне эгаістычных імпульсаў і абумоўленых імі пакут чалавека. У аснове мастацтва ляжыць «незацікаўленае сузіранне ідэй» і служэнне «волі да жыцця». На думку Ш., вышэйшым з мастацтваў з'яўляецца музыка, якая мае мэту не ўзнаўленне ідэй, а непасрэднае адлюстраванне самой волі. Яго асноўны твор - «Свет як воля і ўяўленне» (Т. 1-2; 1819-1844). Філасофія Ш. аказала значны ўплыў на развіццё нямецкай і сусветнай філасофіі; яго паслядоўнікамі былі Ф.Ніцшэ, Э.Гартман, Р.Вагнер і інш. @

Швейцэр Альберт (1875-1965), нямецка-французскі мысліцель, музыказнавец, лекар, арганіст, місіянер, пратэстанцкі тэолаг. Вучыўся ў рэальнай навучальні, гімназіі. Скончыў Страсбургскі ўніверсітэт; атрымаў ступень доктара філасофіі, а пазней і доктара медыцыны. Займаўся выкладчыцкай дзейнасцю. Іграў на арганах у Берліне, Парыжы і ў іншых эўрапейскіх гарадах. У 1913 разам з жонкай - сястрой міласэрнасці - пасяліўся ў афрыканскай краіне Габон, дзе на ўласныя сродкі заснаваў бальніцу для абарыгенаў. Сваё жыццё прысвяціў лячэнню, асветніцтву і выхаванню найбольш хворых і непісьменных людзей, пашырэнню гуманізму і міласэрнасці ў свеце, абароне навакольнага асяроддзя, барацьбе за мір і дабрабыт чалавецтва. У 1952 атрымаў Нобелеўскую прэмію міру за шматгадовую самаахвярную дзейнасць па ўмацаванню ўзаемапаразумення паміж народамі і актыўныя антываенныя выступленні. Зыходны прынцып светапогляду Ш. - благагавенне да жыцця, яго захаванне і ўдасканаленне як асновы маральнага абнаўлення чалавецтва, выпрацоўкі ўніверсальнай касмічнай этыкі. Лічыў, што ў культурных адносінах чалавецтва наблізілася да ўсеагульнай катастрофы, самазнішчэння, пасля чаго, магчыма, надыйдзе новы Рэнесанс. Рухаючую сілу культуры Ш. бачыў у маральнасці, а галоўным крытэрыем яе развіцця лічыў дасягнуты грамадствам узровень гуманізму. Сярод яго асноўных твораў - «Культура і этыка» (1923), «Заняпад і адраджэнне культуры. Філасофія культуры» (1923), «Лісты з Ламбарэне» (1925-1927), «Светапогляд індыйскіх мысліцеляў. Містыка і этыка» (1935), «Хрысціянства і сусветныя рэлігіі» (1962) і інш. Лічыў, што любое жыццё (нават калі яно знаходзіцца на вельмі нізкім узроўні) свяшчэннае, і таму трэба адносіцца з благагавеннем да кожнай жывой істоты і паважаць яе як сваё жыццё. Аўтар кніг «І.С.Бах - музыкант і паэт» (1905), «Гісторыя даследавання жыцця Ісуса» (2-е выд., 1913), аўтабіяграфіі «З майго жыцця і маіх думак» (1931) і інш. @

Школьны тэатр, тэатр пры духоўных навучальных установах (акадэміях, калегіях, брацкіх школах) Беларусі. Яго ўзнікненне звязана з дзейнасцю езуітаў. Развіваўся ў рэчышчы мастацтва барока. Спектакль Ш.т. уяўляў сабой пышнае відовішча з музыкай, спевамі, танцамі. Паміж актамі выконваліся хары, балеты, бытавыя камедыйныя сцэнкі-інтэрмедыі (на лацінскай, польскай, беларускай мовах). Меў сваю распрацаваную эстэтыку (трактаты М.Сарбеўскага, Г.Каніскага і інш.). У рэпертуары былі і т.зв. школьныя драмы, дэкламацыі, дыялогі, аўтарамі якіх звычайна былі выкладчыкі паэтыкі і рыторыкі; яны ж навучалі вучняў і акцёрскаму майстэрству. Паказы адбываліся найчасцей на лацінскай мове, у 18 ст. - на польскай. Існавалі практычна ва ўсіх буйных і сярэдніх гарадах, мястэчках Беларусі. Некаторыя Ш.т. дзейнічалі на працягу многіх дзесяцігоддзяў (напр., адпаведны тэатр у Полацку праіснаваў каля 240 гадоў). У рэчышчы Ш.т. была дзейнасць С.Полацкага ў брацкай школе пры Богаяўленскім манастыры ў Полацку ў 1656-1664, вучні якой выконвалі спецыяльна напісаныя ім дэкламацыі. @

Шлягер (ням. schlager - ходкі тавар, цвік сезона), у папулярнай музыцы модная песня з запамінальнай мелодыяй на шаблонны, як правіла любоўна-лірычны тэкст. Азначае таксама любы музычны твор ці твор іншых жанраў, які мае легкаважкі змест і карыстаецца асаблівай папулярнасцю. @

Шпенглер Освальд (1880-1936), нямецкі філосаф, гісторык; культуролаг, прадстаўнік філасофіі жыцця. Вывучаў філасофію, гісторыю, матэматыку і мастацтва ў Берлінскім і Мюнхенскім універсітэтах. Працаваў настаўнікам у Гамбургу, выкладчыкам матэматыкі ў Мюнхене. Разглядаў культуру як замкнёны арганізм, які ў сваім развіцці праходзіць усе асноўныя стадыі жыццёвага цыклу - нараджэнне, росквіт, заняпад. Лічыў, што поўны цыкл культура праходзіць прыблізна за адно тысячагоддзе. Пасля гэтага яна выраджаецца ў сваю супрацьлегласць - цывілізацыю, дзе пануе голы тэхніцызм, бяздушнасць, а на змену творчасці і развіцця прыходзяць бясплоддзе і акасцяненне; людзі паступова ператвараюцца ў бязлікія істоты. Паводле Ш., няма агульначалавечай культуры, а ёсць нацыянальна непаўторныя культуры асобных народаў і рэгіёнаў, якія дамінуюць у пэўныя гістарычныя эпохі. На яго думку, цывілізацыя - гэта этап заняпаду культуры, яе няўхільнага старэння. Асноўны твор - «Закат Эўропы» (Т. 1-2; 1918-1922). Разглядаў гісторыю як своеасаблівы калейдаскоп з васьмі «арганічных» культурна-гістарычных тыпаў (ці культур): эгіпецкай, індыйскай, вавілонскай, кітайскай, апалонаўскай (грэка-рымскай), магічнай (візантыйска-арабскай), фаўстаўскай (заходнеэўрапейскай) і культуры майя. Сярод іншых значных работ Ш. - «Чалавек і тэхніка» (1931), «Годы рашэнняў» (1933) і інш. @

Штодзённая культура, сукупнасць нормаў, звычаяў, стэрэатыпаў паводзін, якімі кіруецца чалавек у сваёй штодзённай жыццядзейнасці. Уяўляе сабой культуру, якая не атрымала інстытуцыянальнага замацавання і выяўляецца ў агульназразумелых і агульнадаступных ведах, навыках, стэрэатыпах паводзін. Сфера Ш.к. ахоплівае нязначны аб'ём свету (мікрасвет) і абмежавана сваім домам, вуліцай, раёнам, горадам, школай, міжасабовымі адносінамі і да т.п. Чалавек засвойвае яе з ранняга дзяцінства, у сям'і, у зносінах з сябрамі, сваякамі, праз навучанне і выхаванне ў школе, інстытуце, праз сродкі масавай інфармацыі і інш. Праблемы Ш.к. даследавалі многія філосафы, сацыёлагі, гісторыкі, літаратуразнаўцы - У.Джэмс, Л.Вітгенштэйн, М.Вебер, М.Бахцін, А.Гурэвіч, Ю.Лотман і інш. @

Шыва (літар. «прыносячы шчасце»), адзін з галоўных багоў у індуізме; галоўны бог у шываізме. Увасабляе адначасова як стваральны, так і разбуральны пачатак. З'яўляецца не толькі карнікам за грахі, разбуральнікам чалавечых ілюзій, але і крыніцай дабра, заступнікам, ворагам дэманаў. Сімвалам творчага стваральнага пачатку Ш. лічацца выявы мужчынскіх геніталій - лінгам (фалас). Выявы паказваюць Ш. шматаблічным: з чатырма рукамі; аскетам, пагружаным у сузіранне, або падчас свяшчэннага касмічнага танцу ў вогненным кольцы (Шыва-Натараджа, ці «цар танца»). Галоўным аб'ектам культа Ш. з'яўляюцца каменныя калоны з выявай лінгама, якія стаяць на йоні - адмысловым жаночым сімвале. @

Шылер Фрыдрых (1759-1805), нямецкі паэт, драматург. Вучыўся ў ваеннай акадэміі. Вывучаў медыцыну, працаваў лекарам. У сваіх ранніх п'есах выступаў супраць дэспатызму і саслоўных забабонаў. Напр., эпіграфам да яго драмы «Злодзеі» (1781) стаў заклік «Супраць тыранаў!». У 1780-я г. пачаўся яго пераход на пазіцыі ідэалістычнага, «чыстага мастацтва», у рэчышчы якога асноўным спосабам дасягнення справядлівага грамадскага ладу лічылася эстэтычнае выхаванне, а задача культуры бачылася ў прымірэнні разумнай і пачуццёвай прыроды чалавека. Сярод найбольш вядомых твораў Ш. - трагедыі і драмы «Дон Карлас» (1783-1787), «Марыя Сцюарт» (1801), «Арлеанская дзева» (1801), «Вільгельм Тэль» (1804) і інш. Аўтар многіх лірычных твораў, якія спалучаюць рамантычны пафас і класічную стройнасць, а таксама мастацкай прозы, публіцыстыкі, гістарычных і эстэтычных прац («Лісты аб эстэтычным выхаванні чалавека», 1795; «Аб наіўнай і сентыментальнай паэзіі», 1795-1796, і інш.), у якіх сцвярджаў веру ў прагрэс, выратавальную ролю прыгожага ў развіцці грамадства. @

Шы-Цзін (літар. «Кніга песень»), зборнік старажытнакітайскай паэзіі. Створаны прыблізна ў перыяд паміж 11 і 6 ст. да н.э. У яго ўваходзіць 305 паэтычных твораў, сярод якіх культавыя гімны, песні-заклінанні татэмаў, каляндарна-абрадавыя вершы, эпічныя, працоўныя песні, а таксама песні ў гонар продкаў і мясцовых правіцеляў, лірычныя творы і інш. У кітайскіх школах навучэнцы вывучалі асобныя песні з гэтай кнігі. «Ш.-Ц.» увайшоў у канон канфуцыянскага вучэння. @

Шэдэўр (франц. chef-d'oeuvre),

1) першапачаткова - узорны рамесны выраб, які ў адпаведнасці з цэхавымі звычаямі многіх гарадоў сярэднявечнай Заходняй Эўропы павінен быў прадставіць рамеснік дзеля таго, каб даказаць сваё прафесійнае майстэрства і здольнасць стаць самастойным майстрам.

2) Твор, які з'яўляецца вышэйшым дасягненнем культуры ў сферы выяўленчага мастацтва, архітэктуры, тэатра, кіно, музыкі і інш. Аўтарамі літаратурных Ш. былі Эсхіл, Вергілій, Дантэ, У.Шэкспір, І.В.Гётэ, Дж.Байран, А.Пушкін, М.Багдановіч, Я.Купала і інш., музычных - І.С.Бах, В.А.Моцарт, Л.Бетховен, Ф.Шапэн і інш. @

Шэкспір Уільям (1564-1616), ангельскі драматург, паэт, акцёр. Вучыўся, верагодна, у Стратфардскай граматычнай школе. Заснаваў тэатр «Глобус», у якім актыўна выкарыстоўвалася музыка, спевы, танцы; у ім адсутнічалі дэкарацыі (па меры неабходнасці на сцэну проста выносіліся сталы, крэслы, бутафорскія дрэвы і інш.). «Шэкспіраўскі канон» (творы, якія бясспрэчна яму належаць) уключае 37 драм. На першым этапе сваёй творчасці Ш. ствараў пераважна п'есы-хронікі, камедыі, асобныя трагедыі («Утаймаванне свавольніцы», 1593; «Рамэо і Джульета», 1595; «Сон у летнюю ноч», 1596; «Шмат шуму з нічога», 1598; «Рычард III», 1593; «Генрых IV», 1597-1598). На другім этапе (з пачатку 17 ст.) ён напісаў свае геніяльныя трагедыі - «Гамлет» (1601), «Атэла» (1604). «Кароль Лір» (1605), «Макбет» (1606), «Антоній і Клеапатра» (1607) і інш. У гэтых творах маральныя, грамадскія і палітычныя канфлікты эпохі Ш. асэнсаваў як вечныя і непераадольныя, як законы светабудовы, пры якіх вышэйшыя чалавечыя каштоўнасці - дабро, годнасць, справядлівасць - бэсцяцца і церпяць трагічную паразу. У адпаведнасці з гуманістычнымі ідэаламі Адраджэння ў «Гамлеце» - адной з лепшых трагедый усіх часоў і народаў - вуснамі самога Гамлета ўзвышаецца чалавек (ён называецца «цудам прыроды», «вянцом усяго жывога»). Аўтар лірыка-філасофскіх «Санетаў» (1592-1600; апубл. у 1609). Стварыў яркія, надзеленыя магутнай воляй і моцнымі страсцямі характары, здольныя як да гераічнага супрацьборства з лёсам і абставінамі, да самаахвяравання, так і гатовыя пераступіць праз маральны «закон» і загінуць дзеля ўсёпаглынаючай ідэі ці неадольнай страсці (самалюбства, улады, кахання). Трагедыі Ш. - найвялікшыя ўзоры трагічнага ў сусветнай літаратуры. @

Эвалюцыянізм (ад лац. evolutio - разгортванне), кірунак у культуралогіі і сацыялогіі, які быў пашыраны ў 19 - пачатку 20 ст. у розных эўрапейскіх краінах і ЗША. Заснавальнікі і асноўныя прадтаўнікі - Э.Б.Тайлар, Л.Г.Морган, Дж.Фрэзер, А.Басціан, Ю.Ліперт, Ш.Летурна і інш. У Э. дынаміка грамадскага і культурнага жыцця тлумачыцца як эвалюцыйны працэс, які выяўляецца ў бесперапынных і паступовых зменах, характэрных для ўсіх народаў свету на шляху ад эпох дзікасці, варварства да цывілізацыі. Эвалюцыяністы разглядалі кожную з'яву культуры як асобнае звяно ў агульным ланцугу эвалюцыі. Прадстаўнікі Э. лічылі, што ў культуры дзейнічаюць законы эвалюцыі, аналагічныя заканамернасцям развіцця жывой прыроды. Э. адносіцца да ліку эндагенных канцэпцый, тэорый, г.зн. такіх, якія тлумачаць зараджэнне і развіццё пэўных з'яў, феноменаў пад уплывам унутраных фактараў. @

Эзатэрычная культура (ад грэч. esotericos - унутраны, таемны), адмысловы від культуры, які ўзнік у выніку культурнага руху абранага кола пасвечаных. Пачала фармавацца ў старажытнасці на Захадзе і Ўсходзе, аднак канчаткова склалася ў канцы 19 - пачатку 20 ст. Прадстаўнікі Э.к. адмаўляюць значнасць звычайнай рэчаіснасці і культуры і настойваюць на існаванні асобай, ісціннай, схаванай эзатэрычнай рэальнасці, імкнуцца яе спасцігнуць у сваім жыцці. У межах Э.к. ствараюцца эзатэрычныя вучэнні і трансліруецца адпаведны эзатэрычны вопыт. @

Эйзенштэйн Сяргей Міхайлавіч (1898-1948), расейскі кінарэжысёр, тэарэтык кіно, педагог. Адзін з буйнейшых наватараў у галіне кінаформы, кінамовы. Доктар мастацтвазнаўства (1939). Заслужаны дзеяч мастацтваў СССР (1935). Скончыў Рыжскую рэальную навучальню (1915), вучыўся ў Петраградскім інстытуце грамадзянскіх інжынераў. Удзельнічаў у самадзейнасці як акцёр, рэжысёр, мастак. У 1921-1922 быў слухачом і рэжысёрам-стажорам Дзяржаўных вышэйшых рэжысёрскіх майстэрняў пад кіраўніцтвам У.Мейерхольда. Вёў выкладчыцкую дзейнасць у Інстытуце кінематаграфіі (Масква). У тэатральных пастаноўках распрацоўваў новыя прынцыпы арганізацыі драматычнага дзеяння, якія збліжалі сцэнічнае мастацтва з цыркам і эстрадай. Пошукі новай кінематаграфічнай мовы - адкрыццё новых магчымасцей мантажа, рытма, буйнога плана, ракурса - былі ажыццёўлены ў знятай на «Масфільме» серыі гісторыка-рэвалюцыйных карцін - «Стачка» (1925), «Браненосец «Пацёмкін» (1925), «Кастрычнік» (1927; разам з Г.Аляксандравым). Э. імкнуўся да сінтэзу дзеяння і выявы, слова і музыкі. Яго фільм «Браненосец Пацёмкін» неаднаразова ўключаўся ў спіс дзесяці лепшых карцін сусветнага кінематографа. У 1930-я г. работы Э. неаднаразова падвяргаліся афіцыйнай ідэалагічнай крытыцы. Для яго творчай манеры характэрны метафарычнасць, экспрэсія, схільнасць да сімвалічнай вобразнасці, да своеасаблівага «мантажа атракцыёнаў» (эфектнае спалучэнне нярэдка неспалучальнага), які дазваляе аўтару пераўвасабляць рэчаіснасць. Пасля патрыятычнай карціны «Аляксандар Неўскі» (1938) паставіў гістарычны фільм «Іван Грозны» (1945; 2-я серыя выпушчана ў свет у 1958), які афіцыйныя ўлады абвінавачвалі ў скажэнні расейскай гісторыі і вобразаў яе дзеячаў. Свой багаты творчы вопыт Э. асэнсаваў у мностве тэарэтычных работ. @

Эка Ўмберта (н. 1932), італьянскі пісьменнік, філолаг, філосаф, культуролаг. Аўтар кніг па гісторыі культуры Сярэднявечча, праблемах семіётыкі, зборнікаў эсэ «Падарожжы ў гіперрэальнасць» (1986), «Пяць эсэ на тэмы этыкі» (1998). Для раманаў «Імя ружы» (1980), «Маятнік Фуко» (1988), «Вострав напярэдадні» (1994), «Баўдаліна» (2000) характэрны рысы гістарычнай, дэтэктыўнай, філасофска-этычнай прозы, пабудаванай на шматзначнасці і гістарычнай зменлівасці ключавых паняццяў чалавечага вопыту. Увёў у навуковы ўжытак паняцце аберацыйнае дэкадаванне. Адзін з буйных тэарэтыкаў постмадэрнізму. @

Экалогія культуры (грэч. oikos - дом, радзіма + logos - вучэнне), уведзенае расейскім гісторыкам культуры Д.Ліхачовым паняцце, якое азначае новае, «экалагічнае» стаўленне да культуры і ў цэлым да гістарычнай памяці чалавецтва. Э.к. падкрэслівае неабходнасць захавання культурнага асяродку (культурнай спадчыны) разам з захаваннем прыроднага асяроддзя. Разглядае культурны асяродак як абавязковую ўмову для ажыццяўлення духоўнага, маральнага жыцця чалавека, для яго духоўнай аседласці, прывязанасці да родных мясцін, следавання запаветам продкаў. @

Экзістэнцыялізм (ад познелацінскага existentia - існаванне), філасофскі кірунак, які ўзнік у першай палове 20 ст. спачатку ў Расеі, Германіі, пазней у Францыі і іншых краінах. Адрозніваюць рэлігійны (прадстаўнікі - К.Ясперс, Г.Марсель, М.Бярдзяеў) і атэістычны Э. (М.Хайдэгер, Ж.-П.Сартр, А.Камю). У цэнтры ўвагі Э. - чалавек, праблемы яго існавання, ці быцця (найперш у т.зв. «пагранічных сітуацыях»). Спасцігаючы сябе як экзістэнцыю, чалавек дабіваецца свабоды, якая ёсць выбарам самога сябе, сваёй унутранай сутнасці, што накладвае на яго пэўную адказнасць за ўсе падзеі ў свеце. Прадстаўнікі Э. лічаць, што асоба кожнага чалавека з'яўляецца яго ўласным унікальным стварэннем. Чалавек павінен імкнуцца выяўляць сваю свабодную волю і актыўна надаваць сэнс свайму ўласнаму існаванню, а не дазваляць навязваць яго збоку. Сярод галоўных аб'ектаў крытыкі з боку Э. былі манатоннасць сучаснага жыцця, падаўленне свабоднай волі людзей, антыгуманныя грамадскія парадкі, няздольнасць рэалізацыі творчых здольнасцей індывідаў і да т.п. Асноўны сэнс і змест Э. можна выказаць фразай - «Быць самім сабой, быць верным сабе, выбраць сябе самога». Аказаў прыкметны ўплыў на заходнюю мастацкую культуру 20 ст. (ідэі Э. падзялялі такія вядомыя творцы, як Э.Хемінгуэй, А.дэ Сент-Экзюперы, П.Пікасо і інш.). @

Экспансія культурная (ад лац. expansio - распаўсюджанне), распаўсюджанне сферы ўплыву дамінуючай (нацыянальнай) культуры за першапачатковыя межы або дзяржаўныя граніцы. У другой палове 20 ст. адбылася беспрэцэдэнтная Э.к. Злучаных Штатаў Амерыкі ў многія краіны свету. Пасля другой сусветнай вайны яна пашырылася на краіны Заходняй Эўропы, у 1960-я г. - на Японію, у 1970-я г. - краіны Лацінскай Амерыкі, у 1990-я г. - краіны Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. У выніку Э.к. развітых заходніх краін звычайна адбываецца паступовая вестэрнізацыя грамадскага жыцця менш развітых у сацыяльна-эканамічных адносінах краін. Ажыццяўляецца ў першую чаргу праз сучасныя сродкі масавай інфармацыі і асобныя віды мастацтва - тэлебачанне, радыё, Інтэрнет, папулярную музыку, кінематограф. Праяўляецца ў распаўсюджанні адпаведных каштоўнасцей, звычаяў, сімвалаў і культурных артэфактаў (фільмаў, відэакасет, камп'ютэрных праграм, кніг, часопісаў, моднага адзення і інш.) на эўрапейскія, лацінаамерыканскія, афрыканскія і азіяцкія краіны. @

Экспромт (ад лац. expromtus - гатовы),

1) невялікі верш (найчасцей эпіграма, жарт, мадрыгал), кароткая прамова (напр., тост), трапны адказ, створаныя імправізацыйна, без папярэдняй падрыхтоўкі, у момант вымаўлення.

2) Назва невялікіх музычных п'ес, якія носяць характар лірычнага выяўлення пачуццяў і напісаных імправізацыйна, у парыве натхнення. Вядомы фартэпіянныя Э. Ф.Шуберта, Ф.Шапэна, Ф.Ліста, А.Скрабіна і інш. @

Экспрэсіянізм (ад франц. expression - выяўленне), кірунак у эўрапейскім мастацтве першай трэці 20 ст. Узнік і атрымаў пашырэнне ў Германіі ў пачатку 20 ст. Аднак першым творам, напісаным у духу Э., асобныя даследчыкі лічаць карціну нарвежскага мастака Э.Мунка «Крык» (1893). Асноўныя прадстаўнікі - нямецкія мастакі Э.Кірхнер, Э.Нольдэ, М.Пехштэйн, Ф.Марк. У 1905 у нямецкім горадзе Дрэздэн было створана аб'яднанне мастакоў «Мост», якое запрашала ўсіх тых, «хто непасрэдна і непадроблена перадае тое, што яго падахвочвае да творчасці». Э. быў фактычна забаронены ў 1933 у сувязі з прыходам да ўлады нацыстаў. Экспрэсіяністы найбольш адэкватным спосабам пазнання лічылі інтэлектуальную інтуіцыю і спрабавалі выявіць не сам знешні свет, а свае да яго адносіны. Для Э. уласцівы наступныя рысы - парушэнне прапорцый і дэфармацыя аб'ектаў, прадметаў; абвостраная экспрэсія; цяга да абстрактнай абагульненасці, гратэскавасці; вострая сацыяльная і антываенная пазіцыя; імкненне выявіць трагізм чалавечага быцця. Знайшоў праяўленне таксама і ў вобласці літаратуры, тэатра, кіно. @

Элінізм, гістарычны перыяд у гісторыі краін Усходняга Міжземнамор'я, Пярэдняй Азіі, Прычарнамор'я, Эгіпта. Разглядаецца таксама як своеасаблівы этап у развіцці антычнай культуры, яе распаўсюджанні на суседнія краіны і рэгіёны. Пачаўся з часоў заваяванняў Аляксандра Македонскага (334 да н.э.) і працягваўся да падначальвання гэтых тэрыторый Рымскай імперыі (30 да н.э.). Эліністычная культура ўяўляла сабой сінтэз старажытнагрэчаскай і мясцовых усходніх культур. @

Эліот Томас Стэрнз (1885-1965), англа-амерыканскі паэт, драматург. Лічыцца адным з найвялікшых паэтаў 20 ст. У Вялікабрытаніі з 1917. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1948). Першую сусветную вайну ўспрыняў як банкруцтва цывілізацыі і крах усяго ліберальна-гуманістычнага светаўспрымання, што адлюстравалася ў яго паэме «Бясплодная зямля» (1922) з яе выключнай ідэйна-мастацкай складанасцю (сплаў трагедыйнасці, лірызму, парадыйнай і міфалагічнай вобразнасці). Трагічнаму адчуванню бессэнсоўнасці, апустошанасці, эстэтычнага выраджэння ў сучасным жыцці (паэма «Полыя людзі», 1925) супрацьпастаўляў пошук і набыццё духоўных пачаткаў у рэлігіі (мадэрнізаванае хрысціянства), а таксама ў культурных і мастацкіх традыцыях дарэнесанснай эпохі (кніга эсэ «Свяшчэнны лес», 1921; паэтычная сюіта «Попельны асяродак», драма ў вершах «Смерць у саборы», 1935 і інш.). Выступаў за «дэперсаналізацыю» паэтычнага акта, у абарону мастацкай традыцыі і класікі як вечнага эталона. @

Эліта (франц. elite - лепшае, адборнае), вышэйшы слой сацыяльнай структуры грамадства, які ажыццяўляе функцыі кіравання, развіцця навукі і культуры. Уяўляе сабой адносна невялікую частку насельніцтва, якая стварае і спажывае элітарную культуру, валодае больш высокім, чым у сярэднім па грамадству, культурным капіталам. Э. найчасцей атаясамліваюць з інтэлектуаламі, зрэдку - з інтэлігенцыяй у цэлым. Культурная Э. прадстаўлена найбольш самабытнымі, яркімі, таленавітымі мастакамі, музыкантамі, артыстамі, пісьменнікамі, рэжысёрамі, вучонымі, якія з'яўляюцца культурнымі лідэрамі ў сваіх краінах, задаюць сістэму высокіх патрабаванняў, ствараюць высокамастацкія, эталонныя, узорныя творы (карціны, раманы, паэмы, спектаклі, тэорыі, канцэпцыі), што атрымліваюць шырокае прызнанне, уваходзяць у нацыянальную і агульначалавечую спадчыну культурную. Распрацоўка праблем Э. і элітарнай культуры заснавана найперш на філасофіі А.Шапенгаўэра і Ф.Ніцшэ (асабліва на ідэі антрапалагічнага падзелу ўсіх людзей на два тыпы - «людзі карысці» і «людзі генія», дзе першыя не валодаюць, а другія валодаюць асобай мастацкай адоранасцю). Большасць тэорый культурнай Э. супрацьпастаўлялі ўласна Э. і масы, высокае і нізкае ў мастацтве. Аднак сёння прызнана неадэкватнасць выкарыстання тэрмінаў Э. і маса ў навуковым даследаванні, паколькі яны маюць у пэўным сэнсе ацэначны, палітычны змест. У сучаснай сацыялогіі выпрацавана канцэпцыя мноства Э. - палітычнай, эканамічнай, адміністрацыйнай, рэлігійнай, культурнай, навуковай і інш. @

Элітарная культура, спецыфічная форма культуры, якая ствараецца прывілеяванай часткай грамадства або па яе заказу высокапрафесійнымі творцамі. Яе асноўнымі стваральнікамі і адначасова спажыўцамі выступаюць прадстаўнікі культурнай эліты грамадства - пісьменнікі, музыканты, мастакі, акцёры, філосафы, вучоныя і інш., якія валодаюць творчай адоранасцю і выключнай мастацкай успрымальнасцю. Э.к. уключае найперш выяўленчае мастацтва, класічную музыку і літаратуру. Па свайму ўзроўню нярэдка бывае надзвычай складанай або зусім незразумелай для сярэдне- і нізкаадукаваных людзей. Яе своеасаблівы дэвіз - «Мастацтва дзеля мастацтва». Адныя і тыя ж віды мастацтва могуць належаць «высокай» і масавай культурам (напр., класічная музыка - элітарнай, а папулярная - адпаведна масавай). Элітарныя тэндэнцыі атрымалі надзвычайнае пашырэнне ў 20 ст. і былі ўласцівы пераважна авангардысцкаму, мадэрнісцкаму і постмадэрнісцкаму мастацтвам. Надзвычай арыгінальныя, наватарскія творы Э.к. могуць значна апярэджваць свой час, а таму яны нярэдка атрымліваюць належнае прызнанне з боку грамадства толькі праз многія гады і нават дзесяцігоддзі. @

Эліядэ Мірча (1907-1986), французскі этнолаг, культуролаг, пісьменнік. Па паходжанні румын. Скончыў Бухарэсцкі ўніверсітэт. Вывучаў санскрыт у Індыі. Даследаваў праблемы касмалогіі, пераходу ад міфалагічных да раннегістарычных апісанняў свету метадамі герменеўтыкі. Аўтар шматлікіх фундаментальных прац па міфалогіі, гісторыі культуры, рэлігіязнаўстве, гісторыі літаратуры, містычных, эзатэрычных практыках і вучэннях (напр., йога, шаманства) і інш. Лічыў, што сакральнае (свяшчэннае) з'яўляецца структурай чалавечай свядомасці. Адно з галоўных адрозненняў паміж чалавекам архаічнага і сучаснага грамадстваў бачыў у тым, што першы заўсёды адчуваў сябе непарыўна звязаным з Космасам і касмічнымі рытмамі, тады як сутнасць другога заключаецца ў яго сувязі з гісторыяй. Сярод асноўных прац Э. - «Космас і гісторыя: Міф аб вечным вяртанні» (1954), «Йога, несмяротнасць і свабода» (1958), «Сакральнае і прафаннае: Сутнасць рэлігіі» (1959), «Вобразы і сімвалы» (1961), «Міф і рэальнасць» (1963), «Шаманізм: Архаічныя тэхнікі экстазу» (1964), «Гісторыя рэлігійных ідэй» (Т. 1-3; 1978-1985) і інш. @

Эпас (ад грэч. epos - слова, расказ, песня), адзін з трох асноўных родаў мастацкай літаратуры (разам з лірыкай, драмай). Асноўныя празаічныя жанры Э. - раман, аповесць, апавяданне. Гераічны Э. уяўляе сабой гераічнае апавяданне пра мінулае, якое аднаўляе цэласную карціну найбольш важных падзей народнага жыцця. Узнікае ў фальклоры (казка, эпапея, гістарычная песня, быліна). Да 18 ст. вядучы жанр літаратурнага Э. - эпічная паэма, якая вызначаецца ідэалізаванымі і абагульненымі вобразамі, вершаванай формай («Іліяда» Гамера, «Энеіда» Вергілія). У 18-19 ст. вядучым жанрам Э. стаў раман, для якога характэрны больш індывідуалізаваныя вобразы, празаічная форма. Эпічныя творы бытуюць у вуснай або кніжнай формах (напр., «Іліяда» і «Адысея», «Махабхарата», расейскія быліны, ісландскія сагі і інш.). У беларускай літаратуры да ўзораў Э. адносяцца «Песня пра зубра» М.Гусоўскага, «Новая зямля» Я.Коласа, «Людзі на балоце» І.Мележа і інш. @

«Эпас пра Гільгамеша», эпічны твор літаратуры старажытнай Месапатаміі (Міжрэчча). Лічыцца самым старажытным і першым вершаваным літаратурна-мастацкім творам у свеце. Галоўны герой - легендарны цар шумерскага г. Урук (28 ст. да н.э.) Гільгамеш. Асноўнай мэтай яго вандраванняў з'яўляецца пошук мудрасці, шчасця і несмяротнасці. Тут упершыню ў сусветнай літаратуры апавядаецца пра вялізны патоп, пасля якога выратаваўся толькі несмяротны чалавек Утнапішці (прататып старазапаветнага Ноя). Гільгамеш праз шматлікія пакуты і выпрабаванні дайшоў да вострава-вырая, дзе жыў Утнапішці; апошні дапамог яму знайсці «кветку вечнай маладосці і несмяротнасці», але на зваротным шляху дамоў Гільгамеш яе страціў. @

Эпікурэізм, сукупнасць вучэнняў, якія сыходзілі з ідэй старажытнагрэчаскага філосафа Эпікура (341-270 да н.э.). Быў пашыраны ў Старажытнай Грэцыі, а пазней і ў Старажытным Рыме (Лукрэцый, Гарацый і інш.). Эпікур заснаваў у Афінах сваю школу, дзе вёў выкладанне шляхам гутарак з сябрамі і вучнямі ў сваім садзе (т.зв. «сад Эпікура»). Паколькі дэвізам Э. было выказванне «жыві адасоблена і непрыкметна», то сапраўды мудры чалавек павінен знаходзіць шчасце ўнутры сябе і жыць у ціхім месцы ў асяроддзі найбліжэйшых людзей. У адпаведнасці з Э., сутнасць шчасця заключаецца ў «ціхамірнасці душы», у адсутнасці пакутаў, наяўнасці фізічнай і найперш духоўнай асалоды, ва ўменні радавацца жыццю ў розных яго праявах. Эпікурэйцы спавядалі сапраўдны культ кахання, бо лічылі яго вышэйшым з усіх духоўных задавальненняў. Ідэі Э. зноў прыцягнулі ўвагу ў эпоху Адраджэння, а пазней у матэрыялістычных і асветніцкіх плынях 17-18 ст. (П.Гасендзі і інш.). @

Эпімах-Шыпіла Браніслаў (1859-1934), беларускі выдавец, мовазнавец, культурны і рэлігійны дзеяч. Скончыў Пецярбургскі ўніверсітэт (1885), працаваў там жа ў бібліятэцы. Ініцыятар стварэння (1906) і фактычны кіраўнік беларускай выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца». У 1907-1917 выкладаў старажытнагрэчаскую мову і літаратуру ў Імператарскай рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі. З 1919 выкладаў беларускую мову ў прыватнай мужчынскай гімназіі пры рымска-каталіцкай парафіі св. Кацярыны ў Пецярбургу. Кіраўнік студэнцкага Беларускага навукова-літаратурнага гуртка (1912-1917) у Петраградскім універсітэце. Адзін з лідэраў беларускага культурна-грамадскага, навуковага і рэлігійнага жыцця ў Пецярбургу. З 1925 рэдактар, у 1927-1929 дырэктар камісіі Інбелкульта па складанні слоўніка жывой беларускай мовы. У 1913 Беларускі навукова-літаратурны гурток паставіў камедыю Я.Купалы «Паўлінка», дзе адну з роляў выканаў сам Э.-Ш. Арганізоўваў у Пецярбургу беларускія пастаноўкі п'ес «У зімовы вечар», «Хам» паводле Э.Ажэшкі, «Па рэвізіі», «Пашыліся ў дурні» М.Крапіўніцкага і інш. Склаў рукапісную хрэстаматыю з твораў беларускай літаратуры 19 ст., матэрыялы з якой выкарыстоўваў Я.Карскі ў сваёй фундаментальнай працы «Беларусы». Рэдактар першага зборніка Я.Купалы «Жалейка» (1908); збярог рукапісы твораў паэта 1906-1907 (апубл. 1929-1930). Збіраў матэрыялы па гісторыі, этнаграфіі, фальклоры Беларусі. @

Эразм Ратэрдамскі (1469-1536; сапр. Дэзідэрый), пісьменнік, філолаг, багаслоў, філосаф-гуманіст эпохі Адраджэння. Нарадзіўся ў галандскім горадзе Ратэрдам. Пісаў на лацінскай мове. Лічыўся агульнапрызнаным «главой паўночных гуманістаў». Сучаснікі яго вельмі паважалі і называлі «светачам эпохі», «вялікім мудрацом», «самым лепшым». Адмаўляў нацыянальны, палітычны і рэлігійны фанатызм, багаслоўскі дагматызм, удзельнічаў у падрыхтоўцы Рэфармацыі, але не прыняў яе. Вышэйшымі мэтамі і ідэаламі чалавецтва лічыў гуманнасць, духоўнасць і пазнанне. Выдаў грэчаскі пераклад Новага Запавету (1517; з каментарамі) і ўласны лацінскі пераклад (1519). У самым вядомым філасофска-сатырычным творы «Пахвала Дурноце» (1509; 40 перавыданняў пры жыцці; прысвечана Т.Мору, сябру Э.Р.) высмейваў норавы і заганы сучаснага яму грамадства. Сатыра Э.Р. мае як бытавую, маральную, так і відавочную сацыяльную накіраванасць. Аўтар маральных павучанняў, прытчаў, дыялогаў («Хатнія гутаркі», 1519-1535), трактатаў («Аб свабодзе волі», 1524; супраць М.Лютэра), лістоў. @

Эрат (Эрас), у старажытнагрэчаскай міфалогіі бог кахання, увасабленне любоўнай цягі, якая забяспечвае працягненне жыцця на зямлі. Выяўляўся прыгожым гарэзлівым юнаком з залатымі крыламі, лукам і стрэламі, якія непазбежна паражалі людзей і багоў. Іншасказальна Э. - каханне; ад імя гэтага бога пахозяць словы эротыка, эратычны, эратычная паэзія і інш. У старажытнарымскай міфалогіі Э. адпавядае Амур (Купідон). Папулярным сюжэтам у мастацтве стала каханне Э. і Псіхеі. @

Эстэтыка (ад грэч. aesthethikos - пачуццёвы), філасофская дысцыпліна, якая вывучае сферу выразных форм любой сферы дзейнасці (у т.л. мастацкай), дадзеных як самастойная і пачуццёва ўспрымальная каштоўнасць. У Э. даследуюцца праблемы сутнасці і адметных рыс эстэтычнага ў сістэме каштоўнасных адносін, заканамернасці дыферэнцыяцыі эстэтычных каштоўнасцей, якія выступаюць у мностве канкрэтных мадыфікацый (прыгожае і агіднае, узвышанае і нізкае, трагічнае і камічнае і інш.). Заснавальнікам Э. лічыцца А.Баўмгартэн, які вызначаў яе як «навуку аб пачуццёвым пазнанні», што дасягае дасканаласці ў мастацтве. На яго думку, прыгажосць і ёсць «дасканаласць пачуццёвага пазнання», г.зн. дасканаласць адчуванняў, эмоцый, памяці, інтуіцыі, фантазіі. Да 18 ст. катэгорыя «Э.» атаясамлівалася з паняццем прыгожага. У нямецкай класічнай Э. 18 - пачатку 19 ст. развівалася яе разуменне як філасофіі мастацтва (І.Кант, Г.В.Гегель і інш.). Асноўнай праблемай філасофска-эстэтычнай думкі старажытнасці, Сярэднявечча і ў значнай ступені Новага часу з'яўляецца праблема прыгожага. Сучасная інтэрпрэтацыя Э. звязана з пошукамі новай духоўнасці, новага гуманізму адзінай агульначалавечай цывілізацыі. @

Эстэтычнае выхаванне, фармаванне эстэтычных адносін чалавека да рэчаіснасці, яго арыентацыі ў свеце матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей. Прадугледжвае фармаванне і развіццё здольнасці чалавека да эстэтычнага ўспрымання і перажывання, а таксама да ўласнай творчасці па законах прыгажосці. Э.в. інтэгруецца ў культуру паводзін, што абумоўлена адзінствам паміж эстэтычнымі і маральнымі каштоўнасцямі. @

Эстэтычная культура, неабходны элемент матэрыяльнай, духоўнай і мастацкай культуры. Уключае ў сябе эстэтычныя якасці прадметнай дзейнасці людзей, а таксама дзейнасць па эстэтычнаму выхаванню чалавека. Найбольш старажытным элементам Э.к. лічыцца архітэктура. Ядром Э.к. з'яўляецца мастацкая культура як дзейнасць, што спараджае і транслюе эстэтычныя каштоўнасці. Спалучае захаванне пэўных густаў, норм, ідэалаў, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне праз традыцыі, выхаванне, мастацтва і іх пераўтварэнне ў працэсе фармавання новых ідэалаў, норм, густаў (напр., змена мастацкіх стыляў, форм этыкету, стыляў моды і да т.п.). У склад сучаснай Э.к. уваходзіць эстэтыка вытворчасці (у т.л. дызайн), экалагічная эстэтыка, культура побыту і спорту, святы і да т.п. Асаблівае значэнне ў Э.к. набываюць сродкі масавай інфармацыі, якія фармуюць адмысловую інфармацыйна-эстэтычную прастору. @

Эсхіл (525-456 гг. да н.э.), старажытнагрэчаскі паэт-драматург; «бацька трагедыі». Удзельнік грэка-персідскіх войнаў. Пераўтварыў трагедыю з абрадавага дзейства ва ўласна драматычны жанр; увёў другога акцёра, што прывяло да ўзнікнення дыялагічнага канфлікту. Напісаў каля 80 твораў, з якіх да нашых дзён дайшло толькі 7 трагедый (у т.л. адзіная трагедыя «Арэстэя», якая захавалася да нашых дзён). Сярод яго найбольш вядомых твораў - «Прыкаваны Праметэй», «Персы», «Агамемнан», і інш. Вобраз Праметэя Э. надзяліў рысамі мужнага барацьбіта, які свядома прымае на сябе пакуты дзеля лепшай долі чалавечага рода. Творчай манеры Э. уласцівы архаічная манументальнасць, урачыстасць і велічнасць. @

Этас (ад грэч. ethos - звычай, нораў, характар),

1) абагульненая характарыстыка культуры дадзенай сацыяльнай супольнасці, што выяўляецца ў сістэме дамінуючых каштоўнасцей і норм паводзін, ідэалаў і маральных імператываў. Праяўляецца ва ўспрыманні сацыяльнага часу і прасторы (арыентацыя на мінулае, сучаснае і будучыню), у адносінах да прыроды, соцыума, чалавека, да самой культуры і інш. У сферы маралі паняцце «Э.» выкарыстоўваецца для абазначэння правіл і ўзораў жыцейскіх паводзін, уклада і стылю жыцця пэўнай супольнасці людзей, своеасаблівай «практычнай мудрасці».

2) Тэрмін антычнай філасофіі, які азначае характар якой-небудзь асобы ці з'явы. Напр., Э. музыкі з'яўляецца яе ўнутраны строй і характар уздзеяння на чалавека. @

Этналогія (ад грэч. ethos - племя, народ + logos - вучэнне; этнаграфія), навука, якая вывучае народы (этнасы) і іншыя этнічныя супольнасці, іх генезіс, побыт, культурна-гістарычныя асаблівасці. Станаўленне Э. як навукі адбывалася ў другой палове 19 ст. і было звязана з эвалюцыйнай школай (Э.Тайлар, Л.Морган і інш.), якая зыходзіла з ідэй адзінства культуры чалавецтва. З канца 19 ст. даследуе рэгіянальныя культуры і іх узаемаўплывы (дыфузіянізм, культурна-гістарычная школа). Развіццё тэарэтычнай Э. ў 20 ст. звязана з канцэпцыямі Э.Дзюркгейма, З.Фрэйда, Л.Леві-Бруля, Б.Маліноўскага, А.Радкліф-Браўна, К.Леві-Строса і інш. Асноўны прадмет Э. - адметныя рысы традыцыйнай культуры этнасаў, г.зн. звычаі, абрады, народнае мастацтва, пасяленні, жыллё, адзенне, прылады працы, промыслы, рамёствы і да т.п. Э. вывучае матэрыяльную і духоўную культуру, этнічную самасвядомасць, ментальнасць, нацыянальны характар, лад жыцця розных народаў і інш. @

Этнас (грэч. ethnos - племя, народ; этнічная супольнасць), гістарычна складзеная ўстойлівая супольнасць людзей (племя, народнасць, нацыя). Сярод асноўных прыкмет Э. - самасвядомасць (этнонім), агульнасць і цэласнасць тэрыторыі, матэрыяльнай і духоўнай культуры, мовы. Тэрмін блізкі да паняцця «народ» у этнаграфічным сэнсе. Культурная агульнасць прадстаўнікоў Э. абумоўлівае адзінства іх псіхічнага складу, заснаванае на супрацьпастаўленні па прынцыпе «мы» - «яны». Фармуецца ў працэсе этнагенезу, які ў розных народаў можа мець як падобныя, так і спецыфічныя рысы. Адрозненні ў працэсах этнагенезу ўсходнеславянскіх народаў заключаліся ў першую чаргу ў тым, на якім субстраце (падаснове) яны ўтвараліся. Калі ўкраінскі Э. сфармаваўся ў выніку змешвання славянскіх плямёнаў са скіфа-сармацкімі (іранскімі), расейскі - славянскага насельніцтва з вугра-фінскім і часткова мангола-татарскім, то беларускі - у выніку своеасаблівага сінтэзу славян і балтаў. @

Этнацэнтрызм, схільнасць чалавека ці пэўных супольнасцей ацэньваць розныя жыццёвыя з'явы і працэсы скрозь прызму культурных традыцый і каштоўнасцей уласнай этнічнай групы. Выяўляецца ў прызнанні перавагі сваёй этнічнай культуры перад іншымі культурамі, якая разглядаецца ў якасці своеасаблівага эталона. Пераадоленню Э. звычайна спрыяюць узмацненне міжкультурных і міждзяржаўных кантактаў, працэсы ўзаемаўзбагачэння культур розных народаў свету. Разнавіднасцю Э. выступаюць, напр., дзейнасць місіянераў, якія імкнуцца перавесці «варвараў» у сваю веру, або ксенафобія - страх і нянавісць да поглядаў і звычаяў прадстаўнікоў іншых этнічных, канфесійных, сацыяльных, полаўзроставых супольнасцей і інш. @

Этнічная культура, сукупнасць створаных каштоўнасцей пэўнай этнічнай супольнасцю. Заўсёды лакалізавана ў пэўнай геаграфічнай прасторы і аднародная па сваёй палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай структуры. Уключае прылады працы, норавы, звычаі, пабудовы, адзенне, жыллё, сродкі перамяшчэння, веды, вераванні, віды народнага мастацтва і інш. Своеасаблівым ядром, каркасам Э.к. выступаюць народныя традыцыі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Гэта культура людзей, звязаных паміж сабой агульнасцю паходжання (кроўным сваяцтвам) і сумеснай гаспадарчай дзейнасцю. Пераемнасць, устойлівасць Э.к. заснавана на дзеянні двух тыпаў механізмаў перадачы традыцый: унутрыпакаленных традыцый, якія дзейнічаюць на працягу некалькіх гадоў ці пакаленняў, і міжпакаленных традыцый, якія існуюць працяглы гістарычны час і выконваюць функцыю перадачы каштоўнасцей з пакалення ў пакаленне. @

Этыкет (ад франц. etiquette - ярлык, этыкетка), сукупнасць правіл паводзін, якія рэгулююць знешнія праявы чалавечых адносін (абыходжанне з акружаючымі, паводзіны ў грамадскіх месцах, манеры і інш.). З'яўляецца састаўной часткай знешняй культуры чалавека ці якой-небудзь сацыяльнай супольнасці людзей (прыдворны Э., дыпламатычны Э. і да т.п.). У традыцыйным грамадстве Э. выяўляецца ў форме рытуала, які мае кананізаваны характар. У сучасным грамадстве Э. становіцца больш спрошчаным, свабодным і натуральным (напр., патрабаванні ветлівасці, павагі да старэйшых, жанчын і г.д.), што адлюстроўвае працэсы дэмакратызацыі і гуманізацыі сацыяльнага жыцця. @

Этычнае і эстэтычнае, уласцівае грамадскай і індывідуальнай свядомасці ўспрыманне супярэчлівага адзінства маральных і эстэтычных каштоўнасцей, грамадскіх з'яў, матываў чалавечай дзейнасці. Яны могуць быць ацэнены як прыгожыя ці агідныя ў той жа час як дабро і зло. Адзінства Э. і Э. можа выяўляцца і славесна (напр., старажытнагрэчаскае паняцце «калакагація» азначае адначасова і «добрае», і «прыгожае»). У адзінстве Э. і э. адлюстравана важнейшая каштоўнасная ўстаноўка: прыгожым з'яўляецца тое, што маральна, што ўзвышае і робіць больш высакародным чалавека, а маральнае павінна існаваць ва ўнутранай сувязі з прыгожым. Супярэчнасць паміж Э. і э. з'яўляецца вынікам парушэння гармоніі паміж прыродным і духоўным, рэальным і ідэальным, унутраным і знешнім у самой чалавечай жыццядзейнасці. Канфлікт паміж Э. і э. узнікае ў тых выпадках, калі чалавеку прыносіць задавальненне тое, што ў маральным сэнсе непаўнацэнна ці амаральна (жыццё і паводзіны маркіза дэ Сада). @

Юнг Карл Густаў (1875-1961), швейцарскі псіхіятр і псіхолаг, заснавальнік аналітычнай псіхалогіі. Займаўся біялогіяй, заалогіяй, палеанталогіяй, археалогіяй. Быў лекарам у псіхіятрычнай клініцы Цюрыхскага ўніверсітэта, у 1902 стаў доктарам медыцыны. У 1911 разам з З.Фрэйдам прачытаў цыкл лекцый у ЗША. Увёў у навуковы ўжытак паняцці архетыпаў (універсальных першавобразаў) і «калектыўнага неўсвядомленага», якое з'яўляецца глыбіннай крыніцай, вытокам міфалогіі, рэлігіі, розных відаў мастацтва. Распрацаваў канцэпцыю двух псіхалагічных тыпаў (інтравертнага і экстравертнага). Чалавек усходняй культуры, на яго думку, звычайна з'яўляецца інтравертам, бо яго свядомасць накіравана ў сябе, ён шукае выратавання ў самім сабе, ва ўдасканаленні сваёй духоўнасці, а чалавек заходняй культуры найчасцей лічыцца экстравертам, бо яго розум накіраваны на знешні свет, ён шукае выратавання не ў самім сабе, а ў панаванні над прыродай і ўсім навакольным светам. Ю. лічыў, што характэрныя для Ўсходу і Захаду тыпы мыслення настолькі розныя, што збліжэнне паміж імі не толькі немагчыма, але і непажадана. Даследаваў таксама міфалогію, сярэднявечную алхімію, йогу, праблемы парапсіхалогіі і інш. Асноўныя ідэі, канцэпцыі сфармуляваны ў яго працах «Праблема душы сучаснага чалавека» (1928), «Аб архетыпах калектыўнага неўсвядомленага» (1934), «Псіхалогія і рэлігія» (1938), «Сучасны міф» (1958) і інш. @

Юнона (грэч. Гера), у старажытнарымскай міфалогіі багіня месяца, заступніца жанчын і мацярынства; ахоўніца шлюбу, замужніх жанчын і рожаніц; жонка і сястра вярхоўнага бога Юпітэра. Разам з Юпітэрам і Мінервай складала Капіталійскую трыяду. У яе гонар рымскія жанчыны 1 сакавіка адзначалі сямейнае свята - т.зв. «матраналіі». Ад імя Ю. паходзіць назва месяца «июнь». @

Юпітэр (грэч. Зеўс), вярхоўны бог-цар; бог неба, грому і маланкі; «бацька багоў». Сумяшчаў у сабе функцыі мноства мясцовых божастваў - ён быў заступнікам земляробства, вінаградарства, ахоўнікам межаў, абаронцам свабоды, а таксама лічыўся богам вайны і перамогі. Роля культу Ю. узрасла пасля адкрыцця Капіталійскага храма трох багоў - Ю., Юноны і Мінервы (т.зв. «Капіталійская трыяда»). @

Ядро культуры, аснова, своеасаблівы стрыжань культурнай сістэмы. Уяўляе сабой стабільную цэласнасць, сукупнасць вядучых каштоўнасных арыентацый, ідэалаў, нормаў, сімвалаў, уласцівых пэўнай культуры на розных этапах яе гістарычнага развіцця. Выяўляецца ў феноменах культуры (навуцы, мастацтве, рэлігіі, маралі, праве, філасофіі і інш.), у сацыяльнай, палітычнай арганізацыі грамадства, у ментальнасці і ладзе жыцця носьбітаў культуры. Я.к. забяспечвае ўстойлівасць і стабільнасць развіцця канкрэтных сацыякультурных сістэм. @

Язычніцтва (ад царк.-слав. «языцы» - чужаземцы, народы; паганства), агульны тэрмін для абазначэння старажытных вераванняў і культаў, якія існавалі да ўзнікнення і пашырэння «вышэйшых» монатэістычных рэлігій (будызм, хрысціянства, іслам). Іншая назва - паганства (ад лац. paganus - язычнік). Сутнасць язычніцкіх культаў заключалася ў магічным уздзеянні на прыроду. У большай ці меншай ступені захоўвалася ў духоўнай культуры многіх народаў нават пасля прыняцця адной з сусветнай рэлігій, што было звязана з захаваннем традыцый у сферы працоўнай дзейнасці, штодзённых паводзін, а таксама з непаўнатой ведаў чалавека аб прыродных і сацыяльных з'явах, немагчымасцю поўнасцю падначаліць сабе сілы прыроды. Для Я. характэрны вера ў шматлікіх багоў і божастваў (політэізм); абагаўленне розных прыродных сіл і стыхій (пантэізм); перакананне ў рэальным існаванні душы, добрых і злых духаў (анімізм); надзяленне чалавечымі рысамі і якасцямі прыродных з'яў, багоў, міфічных істот (антрапамарфізм); вера ў цудадзейную сілу асобных матэрыяльных прадметаў (фетышызм); уяўленні аб звышнатуральнай роднасці паміж людзьмі і пэўным відам жывёл, раслін (татэмізм); магічныя дзеянні; культ продкаў. Прыхільнікі Я. - язычнікі (паганцы) - прыносілі разнастайныя ахвярапрынашэнні (часцей прадукты харчавання, расліны, радзей - жывёл і нават людзей) шматлікім божаствам, пакланяліся духам рэк, азёр, лясоў, асобных жывёл, а таксама дрэвам, камяням, крыніцам і г.д. Найбольш паважаныя язычніцкія багі славянскіх плямёнаў - Пярун (бог грому і маланкі), Вялес (бог жывёлагадоўлі), Сварог (бог неба) і яго сын Дажбог (бог сонца). Язычніцкія культавыя збудаванні называліся капішчамі (свяцілішчамі). У цэнтры капішчаў знаходзіліся драўляныя ці каменныя ідалы, каля якіх праводзіліся святкаванні, выконваліся рытуальныя дзеянні.

У Беларусі з канца 10-11 ст. Я. пачало паступова выцясняцца хрысціянствам. Працяглы час тут захоўвалася своеасаблівае «двухвер'е», калі адначасова існавалі дзве найбольш уплывовыя рэлігійныя практыкі - Я. і хрысціянства. Старажытнае язычніцкае паходжанне маюць многія беларускія народныя святы, абрады, звычаі - Купалле, Каляды, Дзяды, Радаўніца, трызна, «гуканне вясны», ваджэнне «куста», пахаванне «стралы» і інш. У сучасным беларускім грамадстве для свядомасці часткі насельніцтва (найперш для вясковых жыхароў пажылога ўзросту) характэрны рэлігійныя прымхі, якія захоўваюць у сабе сляды Я. на ўзроўні народных святаў, абрадаў і звычаяў (напр., язычніцкімі па свайму паходжанню з'яўляюцца многія замовы, варажба, асобныя народныя святы, абрады і інш.). Рэшткі язычніцтва захоўваюцца ў выглядзе выкарыстання асобнымі людзьмі разнастайных замоў (загавораў, шэптаў), добразычлівых ці зламысных пажаданняў (праклёнаў), засцерагальных слоў і выказванняў (накшталт «Чур мяне»), у распаўсюджаных забабонах (тыпу «чорнага ката», «чортавай дзюжыны»), распаўсюджаных звычках адцурання ад усяго злога, дрэннага (пляваць тройчы праз левае плячо, прыгаворваць «цьфу, цьфу, цьфу» і г.д.). Яшчэ і цяпер асобныя жыхары Беларусі выкарыстоўваюць абрады лячэбнай магіі (знахарства), пакланяюцца асобным камяням, дрэвам, крыніцам і да т.п. @

Ямато-э (літар. «японскі жывапіс»), школа японскага жывапісу. Склалася ў 11-12 ст. пры імператарскай Акадэміі мастацтваў. Для твораў Я. уласцівы адлюстраванне сюжэтаў сярэднявечных японскіх дзённікаў, аповесцяў і раманаў. У Я. выразна спалучаліся розныя сілуэты, яркія каляровыя плямы, украпленні залатых і сярэбраных блёстак. @

Янкоўскі Расціслаў (н. 1930), беларускі акцёр. Народны артыст Беларусі (1967). Народны артыст СССР (1978). Акадэмік Міжнароднай акадэміі тэатра (2001). Скончыў студыю пры Ленінабадскім драматычным тэатры (1951). З 1957 у Дзяржаўным расейскім драматычным тэатры Беларусі. Сярод яго лепшых роляў - Фларыян Гайшун («Вяртанне ў Хатынь» паводле А.Адамовіча), Макбет, Антоній («Макбет», «Антоній і Клеапатра» У.Шэкспіра), Арбенін («Маскарад» М.Лермантава), Барон, Каламійцаў («На дне», «Апошнія» М.Горкага), Людовік («Мальер» М.Булгакава), Жэнька Шарамет, Максім Самадзельны («Домік на ўскраіне», «Далёкая дарога» А.Арбузава) і інш. Творчасць Я. вызначаецца драматызмам, прыроднай здольнасцю да сцэнічнага пераўвасаблення, моцным тэмпераментам, эмацыянальнай вобразнасцю і псіхалагічнай глыбінёй вобразаў, яркасцю характарыстык персанажаў. Лаўрэат Маскоўскага міжнароднага тэатральна-тэлевізійнага фестывалю «Акцёр канца ХХ стагоддзя» (2000). Прэмія імя І.Буйніцкага (1992). @

Янус, у старажытнарымскай міфалогіі спачатку творца ўсяго існага, Сусвету, пазней увасабленне ўсякага роду пачаткаў (у тым ліку і чалавечага жыцця), бог уваходаў і выхадаў, дзвярэй, а таксама дагавораў і саюзаў. Ён навучыў людзей земляробству, караблебудаўніцтву; быў ахоўнікам мараходаў. У гонар Я. у Рыме пабудавалі мноства храмаў, назвалі месяц «январь» (па-беларуску «студзень»). @

Япі (англ. young urban professionals), маладыя гарадскія прафесіяналы. Спачатку словам «Я.» называлася толькі высокапрафесійная тэхнічная эліта, якая мела высокія заробкі. З 1980-х г. да ліку Я. традыцыйна адносяць прадстаўнікоў моладзевага руху, якія вызначаюцца дзелавітасцю, імкненнем да матэрыяльнага поспеху, сацыяльным і палітычным кар'ерызмам, дастаткова высокім адукацыйным узроўнем. @

Японская культура, сукупнасць культурных здабыткаў японскага народа. Асноўныя элементы старажытнаяпонскай цывілізацыі і культуры пачалі паступова складвацца на мяжы нашай эры. Унікальнасць японскай цывілізацыі заключаецца ў тым, што яна размешчана не на мацярыку, а на шматлікіх астравах Японскага архіпелагу, прычым нярэдка яна павінна была існаваць у вельмі складаных, экстрэмальных умовах (землятрусы, паводкі, тайфуны, цунамі і інш.). Я.к. уласціва надзвычайная здольнасць да пераймання чужых традыцый, звычаяў, абрадаў, да іх творчай перапрацоўкі і давядзення да найвышэйшых кандыцый. Для яе таксама былі характэрны своеасаблівая «паяднанасць» з прыродай, адчуванне звышнатуральнага адзінства паміж светам людзей і боскім светам, а таксама пэўная «пранізанасць» абвостраным адчуваннем прыгажосці і хараства амаль кожнай, нават самай маленькай рэчы, прадмета. Вельмі моцны ўплыў на Я.к. аказала старажытнакітайская культура, што ў найбольшай ступені праявілася ў японскім выяўленчым мастацтве, у асобных народных традыцыях, культах (напр., культ продкаў), у перайманні вучэння Канфуцыя, іерогліфаў, шоўку, яшмы і інш. Сярод розных відаў мастацкай культуры ў старажытнай Японіі найбольш высокай ступені развіцця дасягнулі манументальнае дойлідства і літаратура (у найбольшай ступені паэзія). Рэлігійныя вераванні японцаў (найперш сінтаізм) у значнай ступені паўплывалі на фармаванне такой адметнай рысы светаўспрымання японцаў, як уменне цаніць хараство, прыгажосць нават у самых нязначных прыродных з'явах, аб'ектах, што не характэрна для жыхароў эўрапейскага кантынента. Іншая распаўсюджаная рэлігія - дзэн-будызм - аказала моцнае ўздзеянне на такія віды Я.к., як манахромны жывапіс, каліграфія, паэзія, драма «Но», чаною, ікэбана, а таксама на воінска-спартовыя мастацтвы і фізічна-аздараўленчыя сістэмы (каратэ, кэндо, айкідо). @

Яроменка Мікалай (1926-2000), беларускі акцёр. Народны артыст Беларусі (1964). Народны артыст СССР (1989). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1988). Скончыў студыю Беларускага тэатра імя Я.Коласа (1948), дзе і працаваў. З 1959 акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы. У 1976-1987 старшыня праўлення Беларускага тэатральнага аб'яднання, у 1987-1992 - Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі, з 1992 прэзідэнт Беларускай канфедэрацыі творчых саюзаў. Адметныя рысы творчай індывідуальнасці Я. - высокае пачуццё грамадзянскасці, патрыятызм, дакладнасць сацыяльнай характарыстыкі вобразаў, мастацкі густ, эмацыянальная ўзрушанасць і каларытнасць фарбаў. Сярод яго роляў героіка-драматычнага плана - Інсараў («Напярэдадні» паводле І.Тургенева), Азорыч («Святло з Усходу» П.Глебкі), Міканор («Людзі на балоце» паводле І.Мележа), Чубар («Плач перапёлкі» І.Чыгрынава), Нікіцін («Бераг» паводле Ю.Бондарава). Глыбокім псіхалагізмам і майстэрствам пераўвасаблення вызначыліся сыграныя ім ролі Скараспея («Брама неўміручасці» К.Крапівы), Вяршылы («Мудрамер» М.Матукоўскага), Бертрама («Канец - справе вянец» У.Шэкспіра), і інш. З 1599 здымаўся ў кіно («Людзі і звяры», «Крушэнне імперыі», «Масква-Генуя», «Сын за бацьку») тэлевізійных фільмах («Трывожнае шчасце», «Вечны покліч») і інш. @

Ярыла, у язычніцкай міфалогіі ўсходніх славян бог сонца, вясны і ўрадлівасці, кахання. У гонар Я. праводзіліся вясновыя святкаванні (у Беларусі называлася «ярылавіца»), якія суправаджаліся спевамі, пляскамі, карагодамі. У часы хрысціянства Я. заменены святым Юрыем. У беларускай міфалогіі ўяўляўся прыгожым хлопцам у белай вопратцы і на белым кані. @

Ясперс Карл (1883-1969), нямецкі філосаф, псіхіятр; прадстаўнік рэлігійнага экзістэнцыялізму. Выкладаў філасофію ў Гейдэльбергскім універсітэце. У пасляваенны час працаваў прафесарам філасофіі Базельскага ўніверсітэта (Швейцарыя). Асноўную задачу філасофіі Я. бачыў у раскрыцці «шыфраў быцця» - розных выяўленняў трансцэндэнцыі - неспасцігальнай мяжы быцця і мыслення. Даследаваў адметныя рысы і прычыны адрозненняў заходняй і ўсходняй культур. Выступаў супраць эўропацэнтрызму, даказваў каштоўнасць азіяцкай культуры, камунікацыя з якой мае для Захаду істотнае значэнне. Распрацаваў такія важныя гісторыка-філасофскія катэгорыі, як «восевы час», «восевыя народы» і інш. Паводле Я., у «восевы час» (8-5 ст. да н.э.) у розных рэгіёнах свету амаль адначасова ўзніклі філасофія, рэлігія, навука, якія прыйшлі на змену былым міфалагічным уяўленням. Да гісторыі, на яго думку, адносіцца толькі той час, пра які мы маем дакументальныя дадзеныя (пісьмовыя крыніцы); толькі такія дадзеныя «дазваляюць нам адчуць чалавека, яго ўнутраны свет, настрой, імпульсы». Сярод яго асноўных прац - «Агульная псіхапаталогія» (1913), «Псіхалогія светаўспрымання» (1919), «Філасофія» (Т. 1-3; 1932), «Вытокі і мэта гісторыі» (1949), «Вялікія філосафы» (Т. 1-2, 1957), «Сэнс і прызначэнне гісторыі», «Ніцшэ і хрысціянства», «Духоўная сітуацыя часу» і інш. @

Яхве (Іегова, Саваоф, Элохім), найбольш пашыранае, распаўсюджанае імя Бога ў юдаізме. У жыдоўскай Бібліі імя Я. сустракаецца звыш шасці тысяч разоў. Тут імя Я. растлумачваецца як «Я ёсць Той, Хто Я ёсць» ці проста «Я ёсць» (Зыход 3:14). Забаранялася без вялікай падставы выкарыстоўваць імя Я. (найчасцей яно прамаўлялася ў Ерусалімскім храме падчас ахвярапрынашэння ў свята Йом-Кіпур). Замест гэтага імя выкарыстоўваліся іншыя - напр., «Аданай» («Гасподзь»), «Ха-Шэм» («імя») і інш. Лічылася, што Я. ніхто ніколі не бачыў, а яго выгляд невядомы людзям.