Тарас Валянцін (09.02.1930, Менск), паэт, празаік, публіцыст, перакладчык; у 1960-1990-я ўдзельнік асяродкаў вольнадумнай інтэлігенцыі, рэпрэсаваўся з боку КГБ. Зь лютага 1943 да ліпеня 1944 быў у партызанах. Пасьля вяртаньня ў Менск Т. не знайшоў сваіх родных. Толькі праз 17 год яны адшукаліся ў Польшчы. У 1945 скончыў вячэрнюю школу рабочай моладзі, пасьля працаваў рабочым Гарадзенскай літаграфіі (1945-1948), Менскай бісквітнай фабрыкі (1948-1950). З 1950 па 1955 навучаўся ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце. У 1955-1962 працаваў у рэдакцыі газэты «Звязда»; у 1962-1964 - на творчай рабоце; у 1964-1968 - загадчык аддзелу прозы часопісу «Нёман». Выдаў кнігу вершаў «Колеры» (1995).

У траўні 1968 Т. пад ціскам КГБ быў звольнены з працы «за антысавецкія размовы» [1]. Ён быў адным з асноўных фігурантаў т.зв. «справы Вакулоўскай» (пісьменьніцы, на кватэры якой зьбіраліся літаратары, мастакі, журналісты, якія займалі крытычную пазыцыю ў адносінах да рэжыму, КПСС і КГБ). У сувязі з гэтым Т. 8 год ня мог друкавацца ў Беларусі, не дазвалялася здымаць фільм па сцэнару Т., яго не выпускалі за мяжу, нават да адшуканых пасьля вайны блізкіх сваякоў. З тэлебачаньня таксама была звольненая жонка Т. З таго часу Т. стаў займацца толькі вольным пісьменствам.

З пачаткам перабудовы найбольш працуе ў публіцыстыцы, якая мае выразны антытаталітарны, антыбальшавіцкі характар. Удзельнічаў у мітынгах БНФ і іншых дэмакратычных сілаў. Быў у Назіральнай радзе Беларускага Фонду Сораса, сябра Назіральнай рады Беларускага Хельсінскага Камітэту. Сябра Беларускага ПЭН-Клюбу з 1997. Адзін з утваральнікаў Хартыі-97.

Артыкулы Т. друкуюцца на старонках газэтаў «Народная Воля», «Имя», «Белорусская газета» і інш., бюлетэня «Правы чалавека». З другога боку, са старонак «Славянского набата» на Т. у 1998 абрынуліся хвалі лаянкі - з-за ягонай трывалай антыфашыстоўскай і антыкамуністычнай пазыцыі.

Жыве ў Менску.

Кр.: 1. ANH. F-3 (Валянцін Тарас).

Тв.: 2. Валентин Тарас. На острове воспоминаний // Нёман. 1998, № 5.

Ірына Кашталян

Паведаміць пра недакладнасьць