Распрадмечванне і апрадмечванне, паняцці, якія абазначаюць супрацьлеглыя пачаткі ў змесце чалавечай дзейнасці. Распрадмечванне з'яўляецца працэсам, у якім якасці і сутнасць знешняга ў адносінах да чалавека свету становяцца яго здабыткам у выніку ўспрымання, пазнання і пераўтварэння прыроды і соцыуму. Чалавек як суб'ект культуры ў сваёй дзейнасці распрадмечвае не толькі прыродныя працэсы і з'явы, але і розныя формы і тыпы культуры, сферы яе быцця. Апрадмечванне - гэта працэс, у якім чалавечыя здольнасці, веды і вопыт, накіраваныя на пераўтварэнне прыроды і соцыуму, увасабляюцца ў прадметах матэрыяльнай і духоўнай культуры, становяцца «чалавечым прадметам» (К.Маркс). Чалавечая дзейнасць апрадмечваецца таксама ў культуры чалавечых адносін: змяняючы свет прыроды і соцыуму, чалавек змяняе і самога сябе. Р. і а. раскрываюць унутраны дынамізм культуры, які існуе толькі ў працэсе няспыннай стваральнай дзейнасці, засваення рэчаіснасці чалавекам.

Паведаміць пра недакладнасьць