Фурс Антон (30.04.1928, мястэчка Янза Дзісенскага павету (сёньня Мёрскага р-ну Віцебскай вобл.)), удзельнік моладзевага паваеннага антысавецкага падпольля. Вязень ГУЛАГу. З восені 1945 зьяўляўся сябрам і адным з заснавальнікаў арганізацыі Саюз Беларускіх Патрыётаў (СБП) у Глыбокім, быў сакратаром Глыбоцкай групы СБП.

Пачатковую адукацыю атрымаў у польскай школе. Пад час нямецкай акупацыі наведваў беларускую школу ў сваёй роднай вёсцы, дырэктарам якой быў вядомы на той час Ігнат Мятла. Неўзабаве тут Ф. атрымаў ня толькі добрую адукацыю, але і ўпершыню адчуў на сабе подых беларускасьці. «Усё выкладаньне ішло па-беларуску. Беларуская мова стала рабочай і ў справаводзтве. У хуткім часе нашая школа зрабілася сапраўдным асяродкам культурнага жыцьця ў Янзе і ваколіцах. За тыя няпоўныя два навучальныя гады, што нас вучылі ў янзенскай школе, мы атрымалі моцны зарад патрыятызму, даволі трывалыя асновы нацыянальнай сьвядомасьці», - узгадвае Ф. [2, 65-66].

Пасьля адкрыцьця ў 1943 годзе Глыбоцкай прагімназіі ён працягваў навучаньне ў гэтай установе. З надыходам Чырвонай Арміі Ф. 16-гадовым юнаком паступіў у Глыбоцкую пэдагагічную гімназію, дзе ў хуткім часе блізка пазнаёміўся з шэрагам будучых паплечнікаў, такімі, як Васіль Мядзелец і Алесь Юршэвіч. Неўзабаве тут склалася невялічкая група студэнтаў, якім было неабыякавае тагачаснае палітычнае і культурнае становішча на Бацькаўшчыне. «З самага пачатку ўсе мы, хто быў прыняты ў навучальню, адчулі, што нас хочуць перарабіць на расейцаў. Большасьць прадметаў выкладалі па-расейску. Пасьля таго, што было ў школе пад час нямецкай акупацыі, такое становішча выклікалаў нас недаўменьне, а пасьля і пратэст», - канстатуе Ф. [2, 68].

Маладыя аднадумцы ад студэнцкіх разважаньняў перайшлі да задумы стварэньня ў пэднавучальні нелегальнага таварыства: Ф. быў у ліку нямногіх заснавальнікаў Саюзу Беларускіх Патрыётаў (СБП) у Глыбокім. Юнакі распрацавалі праграму і статут утворанай арганізацыі, пачаўся прыём сяброў. Сябры Глыбоцкай групы СБП выкарыстоўвалі беларускую нацыянальную сымболіку: бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоню». Юныя патрыёты прагнулі бачыць Беларусь вольнай і незалежнай. «Нашыя задачы былі культурна-асьветныя, як сёньня сказалі б, адраджэнскія. Перш за ўсё самі мы абавязаліся быць сапраўднымі патрыётамі Радзімы, заўсёды і ўсюды гаварыць па-беларуску, па-свойму, шанаваць родную мову, культуру, гісторыю, традыцыі, прапагандаваць іх сярод свайго народу, вяртаць нашых людзей да нацыянальнай памяці, абуджаць пачуцьцё нацыянальнай годнасьці», - кажа Ф. [2, 68-69]. Глыбоцкія сябры СБП наладзілі стасункі з аднадумцамі з Пастаўскай пэднавучальні.

Узімку 1947 пачаліся арышты. Ф. быў арыштаваны 8 лютага 1947 органамі МГБ і быў засуджаны на 25 гадоў зьняволеньня. Пасьля знаходжаньня ў т.зв. «перасылачнай» турме ў Воршы адбываў тэрмін у лягеры паблізу г. Турынску (Сьвярдлоўская вобл.), а потым быў пераведзены ў карагандынскія лягеры ў Казахстане.

Там браў удзел у паўстаньні лягероў КАРЛАГу ў 1955. «Патрабаваньні, якія мы выставілі адміністрацыі, зводзіліся да некалькіх пунктаў: адмяніць ганебныя нумары (якія ўжываліся замест імёнаў. - Рэд.), дазволіць перасылку без абмежаваньняў, палепшыць харчаваньне», - узгадвае Ф. [2, 81]. Напрыканцы зьняволеньня ўмовы вязьняў палепшылі, што было зьвязана з афіцыйным асуджэньнем культу Сталіна: пачалі выплываць сякія-такія грошы, адчыняць вячэрнія школы дзеля ліквідацыі непісьменнасьці.

Нарэшце пасьля 9-гадовага гулагаўскага пэрыяду ў 1955 Ф. быў датэрмінова вызвалены. Пэўны час жыў на Радзіме, дзе ажаніўся са знаёмай яшчэ па СБП Алесяй Умпіровіч, якая да гэтага часу таксама выйшла на волю. Да 1982 разам зь ёй жыў у Карагандзе, дзе працаваў на будаўніцтве. Па выхадзе на пэнсію Ф. пераехаў ізноў у Беларусь. Сёньня пэнсіянэр, жыве ў Паставах.

У гады дэмакратызацыі ён актыўна спрычыніўся да грамадзка-палітычнага жыцьця: быў сябрам Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады і Таварыства Беларускай Мовы. Ф. мае свае артыкулы і ўспаміны ў газэтах «Наша слова», «Пагоня», «Народная воля», часопісе «Спадчына». Ён зьяўляецца аўтарам успамінаў у кнізе Архіву Найноўшае Гісторыі «Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў». У лістападзе 1992 Ф., як і шэраг некаторых іншых сябраў СБП, быў рэабілітаваны «из-за отсутствия состава преступления». Сёньня Ф. не цураецца свайго мінулага. «Мы былі халоднымі і галоднымі, мы ня мелі маладосьці - яна была бессаромна расьпятая на калючым дроце. Але ж мы не шкадуем ні аб чым, бо засталіся людзьмі - і тады, калі большасьць сьпявала хвалу тырану, і тады, калі былі ў няволі, і калі вярнуліся зь лягеру. Дзе б мы ні знаходзіліся, думалі пра свой народ і сваю Бацькаўшчыну», - дэкляруе Ф. [2, 90].

Кр.: 1. ANH, F-3.

Бібл.: 2. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 18, 20, 24, 25, 37-40, 42, 57-91, 126, 133, 137, 139-142, 147, 159, 161-164, 182, 186, 193, 223, 224, 241, 283, 284, 320, 329, 330, 334, 340; 3. Умпіровіч А., Фурс А. Споведзь няспраўджаных надзеяў // Спадчына. 1997, № 1; 4. Фурс А. Усё яшчэ значымся ворагамі народу // Наша слова. 1992, № 16; 5. Фурс А. «Антон Фурс: мы заўсёды лічылі сябе беларусамі» (Успаміны ўдзельніка СБП аб гісторыі нацыянальна-вызваленчага руху) // Пагоня. 1995, №№ 41-44; 6. Фурс А. З кнігі ўспамінаў «Гарт»: да крыўднага мала зрабіў для Радзімы (урыўкі з успамінаў) // Народная воля. 1998, 23 студзеня.

Юры Грыбоўскі

Паведаміць пра недакладнасьць