Юршэвіч Алесь, актыўны ўдзельнік Глыбоцкай групы Саюзу Беларускіх Патрыётаў, палітычны вязень. А.Ю. вучыўся ў Янзенскай школе, пасьля выгнаньня з тэрыторыі Беларусі немцаў працягваў вучобу ў Глыбоцкай СШ № 1. Зь верасьня 1946 А.Ю. распачаў навучаньне ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце ў Менску.

Пад час навучаньня ў Глыбоцкай СШ № 1 сутыкнуўся з русіфікацыяй навучальнага працэсу. «Русский язык государственный. Его должны знать и понимать все. Вы говорите, нужен белорусский. Зачем он, если местное население хорошо понимает по-русски», - словы настаўніка гісторыі Беларусі (1, 319). А.Ю. наладжвае кантакты з навучэнцамі школы і Глыбоцкай пэдагагічнай навучальні, збліжаецца з Васілём Мядзельцам, Антонам Фурсам - маладыя людзі закладаюць падваліны СБП.

А.Ю. прапанаваў стварыць арганізацыю на ўзор таварыства філяматаў-філярэтаў, якое існавала на пачатку 19 ст. у Віленскім унівэрсытэце. А.Ю. склаў тэкст прысягі сяброў СБП, якая грунтавалася на маральных абавязках. Разам з В.Мядзельцам і А.Фурсам распрацаваў праекты Праграмы і Статуту СБП, прыняў актыўны ўдзел у арганізацыі ўрачыстай прысягі сяброў СБП, якая адбылася 25 сакавіка 1946 на кватэры Лідзіі Несьцяровіч.

А.Ю. быў арыштаваны на пачатку 1947. Асуджаны ў Менску ваенным трыбуналам войскаў МВД Беларускай Вайсковай Акругі (16-20.06.1947). А.Ю. разам з В.Мядзельцам, М.Асіненкам, В.Лагунёнкам быў засуджаны да сьмяротнай кары. Але ў сувязі з тым, што сьмяротная кара паводле ўказу прэзыдыюму ВС СССР ад 20.05.1947 была адмененая, А.Ю. атрымаў 25 гадоў пазбаўленьня волі і 5 гадоў паражэньня ў правох. Тэрмін адбываў у Кемераўскай вобл.

У 1956 пад час «хрушчоўскай адлігі» А.Ю. выйшаў на волю, вярнуўся ў родныя мясьціны. Цяпер жыве ў Мёрах.

Бібл.: 1. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 18, 24, 34, 36, 38, 48, 52, 53, 66, 68, 159, 167, 284, 287, 288, 320, 340.

Алег Гардзіенка

Паведаміць пра недакладнасьць