Беларуская Незалежніцкая Партыя (БНП), палітычная арганізацыя, якая ў 1940-1950-х нелегальна дзейнічала ў Беларусі й за яе межамі.

Паводле адной з вэрсіяў, БНП была заснаваная яшчэ напрыканцы 1939 у Вільні; паводле іншай вэрсіі - у 1942 у Менску. У 1940 у Варшаве ідэоляг партыі а. Вінцэнт Гадлеўскі напісаў праграму й статут партыі, якія абнаўляліся ў 1942 пасьля рэарганізацыі БНП.

У статуце БНП мэтай партыі было абвешчанае «здабыцьцё і забясьпечаньне на будучыню Незалежнасьці Беларусі» і да яе яна ішла «праз баёвы зрыў народных масаў да збройнага змаганьня». Найвышэйшым органам БНП быў Цэнтральны Камітэт, які ствараўся агульным зьездам акруговых кіраўнікоў партыі. Асноўнай партыйнай адзінкай БНП было зьвяно з кіраўніком зьвяна на чале. Існавалі таксама раённыя, акруговыя й краёвыя камітэты партыі. Раз на два гады зьбіраўся партыйны зьезд, а таксама партыйныя канфэрэнцыі. Друкаваным органам БНП быў «Бюлетэнь Беларускай Незалежніцкай Партыі», які выдаваўся ў 1942-1946 (выйшла 6 нумароў).

Пад час нямецкай акупацыі сябры БНП апаноўвалі грамадзянскую адміністрацыю, кіравалі вайсковымі й паліцыйнымі адзінкамі, узначальвалі нацыянальныя партызанскія аддзелы. Напрыканцы чэрвеня 1944 ЦК БНП рыхтаваў у Менску антынямецкае паўстаньне з мэтай абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, якое было адменена з прычыны імклівага наступу Чырвонай Арміі.

Летам 1944 кіраўніцтва партыі выехала ў Нямеччыну, пакінуўшы ў Беларусі падпольныя й партызанскія групы. У 1944-1945 у Беларусь зь Нямеччыны перапраўляліся дэсантныя групы, складзеныя зь сябраў БНП, якія мусілі арганізоўваць антысавецкі супраціў у шэрагах Беларускага Краёвага Войска. Частка кіраўнікоў і актывістаў партыі, у тым ліку й старшыня ЦК БНП Ус.Родзька, былі арыштаваныя савецкай дзяржбясьпекай. Аднак ацалелыя падпольныя структуры здолеў аб'яднаць генэрал Міхал Вітушка, які кіраваў БНП у Беларусі.

На эміграцыі ў 1946(?) быў утвораны Замежны Сэктар БНП на чале з З.Касмовічам, які падтрымліваў сувязь з партыяй на Бацькаўшчыне праз сваіх кур'ераў. 30.09.1946 у Зах. Нямеччыне адбылася III канфэрэнцыя БНП. На ёй адзначаўся «сталы рост БНП на Бацькаўшчыне», якая пашыралася ў падпольлі й мела ўплыў на партызанскі рух. Паводле некаторых зьвестак, БНП актыўна змагалася супраць савецкіх уладаў да 1956. Партыйныя структуры на эміграцыі ў 1955 уліліся ў Беларускі Вызвольны Фронт.

Бібл.: 1. III канфэрэнцыя Беларускай Незалежніцкай Партыі // Бюлетэнь БНП (Зах. Нямеччына). 1946, № 6; 2. Сьв. памяці Дзьмітры Касмовіч // Беларуская думка (ЗША). 1992, № 37; 3. Пануцэвіч В. Кс. Вінцэсь Гадлеўскі // Спадчына 1993, № 5. С. 85.

Сяргей Ёрш

Паведаміць пра недакладнасьць