Беларускі Вызвольны Фронт (БВФ), беларуская эмігранцкая палітычна-вайсковая арганізацыя. БВФ быў заснаваны 27.10.1954 указам прэзыдэнта Беларускай Цэнтральнай Рады Р.Астроўскага. Галоўнай мэтай БВФ было вызваленьне Беларусі ад маскоўска-бальшавіцкай акупацыі. БВФ прызнаваў Акт 25 сакавіка 1918 і пастановы 1-га й 2-га Ўсебеларускіх кангрэсаў ды стаяў на пляцформе Беларускай Цэнтральнай Рады.

Галоўны Штаб БВФ, які знаходзіўся ў Штутгарце (Зах. Нямеччына), узначаліў падпалкоўнік Зьміцер Касмовіч («Каршун»). Былі арганізаваныя краёвыя аддзелы Фронту ў Заходняй Нямеччыне, Англіі, Аўстраліі, ЗША і Канадзе. З 1955 выходзіў часопіс «Барацьба», орган БВФ, наклад якога ў 1950-я складаў тысячу паасобнікаў.

Асноўную частку актывістаў БВФ склалі былыя сябры Беларускага Вызвольнага Руху - прыхільнікі БЦР, а таксама сябры Беларускай Незалежніцкай Партыі. БВФ ня толькі разгарнуў шырокую інфармацыйна-прапагандысцкую дзейнасьць у краінах Заходняй Эўропы, але й спрабаваў падтрымліваць кантакты з рэшткамі антысавецкага падпольля ў Беларусі.

БВФ супрацоўнічаў з шэрагам антыкамуністычных арганізацыяў - з Антыбальшавіцкім Блёкам Народаў (АБН), Антыкамуністычнай Лігай Народаў Азіі (АПАКЛ, з 1955), Міжамэрыканскай Канфэдэрацыяй Абароны Кантынэнту, Міжнароднай фэдэрацыяй для перамогі над камунізмам ды інш. Ад імя БВФ і БЦР З.Касмовіч у 1964 выступаў у Эўрапарлямэнце, а ў 1968 - у Брытанскім парлямэнце. У 1967 БВФ быў адным з арганізатараў Эўрапейскае Рады Свабоды, у якую ўвайшлі вядомыя палітыкі й грамадзкія дзеячы. У 1967 была арганізавана Сусьветная Антыкамуністычная Ліга, галоўны штаб якой знаходзіўся ў Сэуле (Паўднёвая Карэя), і зь якой актыўна супрацоўнічаў Беларускі Вызвольны Фронт.

Пачынаючы з канца 1950-х асноўная дзейнасьць аддзелаў БВФ заключалася ў правядзеньні антыкамуністычных мітынгаў і дэманстрацый, ува ўдзеле ў міжнародных канфэрэнцыях, на якіх ставілася на абмеркаваньне беларуска епытаньне. У 1960-1970-я актыўна дзейнічалі краёвыя аддзелы БВФ у Англіі (кіраўнік штабу - Кастусь Глінскі), Аўстраліі (Сыднэй і Мэльбурн, актывісты - Уладзімір Сідлярэвіч, Паўла Гуз, Міхась Зуй, Алесь Алехнік, Уладзімір і Алег Шнэкі), Канадзе (Вэніпэг), ЗША (актывісты - Іван Касяк, А.Касоўская, Анатоль Плескачэўскі, В.Лапіцкая).

Са сьмерцю ў 1991 З.Касмовіча БВФ фактычна спыніў сваё існаваньне. Толькі ў Аўстраліі яшчэ некалькі гадоў працягваў дзейнічаць мясцовы аддзел БВФ, які высылаў свае адозвы і мэмарандумы ў газэты й часапісы Беларусі.

Бібл.: 1. Найдзюк Я., Касяк І. Беларусь учора і сяньня. Мн., 1993. С. 363, 369-373.

Сяргей Ёрш

Паведаміць пра недакладнасьць