Неабходнасьць стварэньня такога праекта існавала ўжо даўно, бо
дагэтуль у беларускім сеціве не было сур'ёзнага слоўнікавага сайта. Праца
распачалася ў 2002 годзе камандай беларускай электроннай бібліятэкі
Беларуская Палічка.
Было вырашана рабіць
«энцыкляпэдычна-слоўнікавы партал» - набор рознатэмавых энцыкляпэдый і
слоўнікаў. На нашым сайце мы зьбіраем усе нейкім чынам зьвязаныя зь
беларускай мовай і Беларусьсю слоўнікі і энцыкляпэдыі.
Мы ня ставілі мэтай стварэньне агульнай вялікай
унівэрсальнай энцыкляпэдыі/слоўніка, бо ў такім выпадку нам давялося б
займацца ўніфікацыяй фарматаў, аб'яднаньнем падобных артыкулаў з розных
крыніцаў і г.д. Для такой працы нам не стае ані часу, ані ведаў.
Праект утрымлівае дзьве часткі: энцыкляпэдыі і слоўнікі.
Энцыкляпэдыі, энцыкляпэдычныя даведнікі, сьпецыялізаваныя тлумачальныя
слоўнікі знаходзяцца ў першым разьдзеле. Перакладныя і «моўныя»
(тлумачальныя, арфаграфічныя, фразеалагічныя і інш.) слоўнікі сабраныя ў
другім разьдзеле. Падрабязна пра кожную энцыкляпэдыю/слоўнік можна
прачытаць на адпаведнай старонцы.
Мы імкнемся захаваць як мага
болей інфармацыі з папяровага выданьня ў нязьменным выглядзе. Разам з тым,
трэба заўважыць, што онляйнавы варыянт не заўсёды адпавядае папяроваму. У
некаторых выпадках гэта выклікана немагчымасьцю дакладна паўтарыць
надрукаванае, цяжкасьцю і неапраўданасьцю затрат на дакладную перадачу. У
іншых выпадках - выпраўляліся відавочныя памылкі, што былі дапушчаныя пры
друку. Пры выкарыстаньні інфармацыі зьвяртайце ўвагу, калі былі
выдадзеныя папяровыя адпаведнікі (асабліва гэта датычыцца біяграфій нашых
сучасьнікаў). Пазначаная колькасьць артыкулаў у энцыкляпэдыях зьяўляецца дакладнай;
колькасьць артыкулаў у слоўніках часта не ўлічвае словазлучэньняў, што ўваходзяць
у слоўнікавы артыкул.
Рэлігія і царква ў Беларусі Беларуская міфалогія Беларускі фальклор Вялікае Княства Літоўскае Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі (1794–1991) Геаграфічныя паняцці і тэрміны Слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў Юрыдычны энцыклапедычны слоўнік Даведнік «Беларусь» Раслінны свет (тэматычны слоўнік) Чалавек (тэматычны слоўнік) Ангельска-беларускі слоўнік Польска-беларускі слоўнік Нямецка-беларускі слоўнік Ідыш-беларускі слоўнік Расейска-беларускі (Ластоўскі) Беларуска-расейскі (Станкевіч) Беларуска-анг-ням-гішп-франц-італ-пол-рас-ўкр-баўг-каталёнскі размоўнік Скончыць выстаўленьне ўжо пачатых слоўнікаў і энцыкляпэдыяў і шмат чаго іншага
2. Развіцьце і удасканаленьне сайту: больш зручны пошук, рознамоўныя інтэрфэйсы, форум і інш. (чакаем вашых парадаў і пажаданьняў) 3. Стварэньне інсталюемай win32-праграмы (запрашаем праграмістаў да супрацоўніцтва!) 4. Стварэньне ICQ-інтэрфэйсу да слоўнікаў (запрашаем праграмістаў да супрацоўніцтва!) 5. Стварэньне MSIE Toolbar-інтэрфэйсу да слоўнікаў (запрашаем праграмістаў да супрацоўніцтва!)
Мы вельмі ўдзячныя ўсім тым, хто дапамагае нам у рэалізацыі гэтага
праекта!
Калі ў Вас
ёсьць тэксты нейкіх слоўнікаў ці энцыкляпэдыяў, дасылайце іх нам. Калі
Вы - аўтар нейкага слоўніка, і хацелі б бачыць яго тут, ці, калі Вы -
выдавецтва, і хацелі б рэклямаваць свае слоўнікавыя выданьні, лістуйце.
Запрашаем да супрацоўніцтва мовазнаўцаў, праграмістаў, дызайнэраў.