Моладзевая субкультура, сукупнасць поглядаў, каштоўнасцей, норм паводзін прадстаўнікоў моладзі (ад падлеткаў да 30 гадоў). Фармуецца на стыку масавай і папулярнай культур. Пра М.с. як асобы тып культуры пачалі казаць у Заходняй Эўропе і ЗША з сярэдзіны 20 ст. Сярод сацыяльных прычын узнікнення М.с.: эканамічны пад'ём у заходніх краінах у 1950-я г.; рост даходаў прадстаўнікоў сярэдняга класу (асабліва яго моладзевай праслойкі); паскарэнне тэхнічнага прагрэсу; з'яўленне новых сродкаў запісу і распаўсюджання музычнай культуры (радыёпрыёмнікаў, магнітафонаў, тэлевізараў і інш.). Вызначаецца схільнасцю да наватарства, нонканфармізма, часам нават эпатажнасці; нярэдка схільнасцю да насілля, жорсткасці, сексу, нематываванымі ўчынкамі, а зрэдку і асацыяльнымі паводзінамі і дзеяннямі. М.с. валодае сваімі спецыфічнымі мовамі (жаргонамі), модай, мастацтвам, стэрэатыпамі мыслення, стылем паводзін і да т.п. Ствараецца пераважна маладымі людзьмі (хаця бываюць і выключэнні) для моладзі. Сучасная моладзь захапляецца звычайна рок- і поп-музыкай, камп'ютэрнымі гульнямі, Інтэрнетам, праглядам відэафільмаў, ужываннем наркотыкаў, транквілізатараў, алкагольных напояў, а таксама таксікаманіяй, індывідуальным і групавым сексам і да т.п. Своеасаблівы дэвіз М.с. - «Моладзь для моладзі». Яе тыповыя праяўленні - бітнікі, рокеры, панкі, хіпі, байкеры.

Паведаміць пра недакладнасьць