Адраджэнне нацыянальнае, заканамернасць у гістарычным развіцці асобных народаў, якая выяўляецца ў паскораным руху да больш высокага ўзроўню грамадскага быцця, культуры і нацыянальнай свядомасці пасля застою альбо ўпадку. Яго неабходна адрозніваць ад эпохі Адраджэння, альбо Рэнесансу, - эўрапейскай культурна-гістарычнай эпохі на сумежжы сярэднявечча і новага часу, характэрнай для тых рэгіёнаў, гістарычныя працэсы якіх пазначаны адноснай стабільнасцю і паступальнасцю развіцця. Нацыянальнае адраджэнне, наадварот, выяўляецца пераважна ў тых народаў Усходняй Эўропы, у славянскім, азіяцкім і афрыканскім рэгіёнах, гістарычныя працэсы якіх характарызуюцца нераўнамернасцю і катастрафічнасцю.

Прыкметы раннехрысціянскага адраджэння ў Беларусі ўзніклі ў 11-13 ст. у выніку творчага парыву маладога этнасу і ўплыву вытанчанай эліністычнай культуры Візантыі (станаўленне дзяржавы і прававых інстытутаў, высокі ўзровень дойлідства, ужытковага і царкоўнага выяўленчага мастацтва, асветніцтва Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага). Грамадска-палітычны і творча-культурны ўзлёт Беларусі ў 16 - першай палове 17 ст. абумоўлены беларускай дзяржаўнасцю, культурнымі сувязямі з Заходняй Эўропай, уплывам гуманістычнага светапогляду (кнігадрукаванне і асветніцтва Ф.Скарыны, высокі ўзровень правасвядомасці, зафіксаваны ў Статутах Вялікага Княства Літоўскага 1529, 1566, 1588, станаўленне свецкай літаратуры і мастацтва, дзяржаўнасць беларускай мовы). У 2-й палове 17 - пачатку 20 ст. нацыянальная культура развівалася і набыла новыя, свецкія формы (архітэктура, тэатр, лацінская і польскамоўная літаратура, асветніцкая філасофія), але паступова выцяснялася афіцыйнай польскай культурай на этнаграфічны, часткова царкоўнапрыходскі ўзровень.

Беларускае нацыянальнае адраджэнне пачалося ў 19 ст. і прайшло некалькі этапаў, якія адрозніваліся сваімі мэтамі, вынікамі, грамадскімі і духоўнымі імпульсамі, што спараджалі гэты рух. Чарговыя хвалі ўздыму руху ў неспрыяльных умовах змяняліся яго спадам. Першы этап нацыянальнага адраджэння пачаўся ў рэгіёне ўплыву Віленскага ўніверсітэта і меў асветніцкі ліберальна-рамантычны кірунак: яго дзеячы, пісьменнікі і публіцысты на сумежжы дзвюх культур - польскай і беларускай (Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, Р.Падбярэзскі, В.Дунін-Марцінкевіч і інш.) - марылі пра аднаўленне гістарычна пройдзенай рэальнасці - Рэчы Паспалітай на канфедэратыўных пачатках. Пасля падаўлення паўстання 1863 і палітычнай рэакцыі ў апошняй чвэрці 19 ст. пачаўся другі этап нацыянальнага адраджэння - пераважна мірнага руху, нацэленага на выхаванне нацыянальнай самасвядомасці народа, развіццё яго мовы, літаратуры, мастацтва, грамадскай думкі, на стварэнне незалежных ад улад сацыяльна-культурных структур - аматарскіх і прафесійных суполак, нацыянальнага друку, партый, кнігавыдавецтваў, набліжэнне школы і царквы да традыцый нацыянальнай культуры. За нацыянальнае самавызначэнне выступіў падпольны часопіс «Гоман». У выніку рэвалюцыі 1905-1907 гэты рух набыў масавы характар і даў значныя вынікі: нацыянальную класічную літаратуру (творчасць Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, З.Бядулі, М.Гарэцкага, А.Гаруна і інш.), развіццё беларускага кнігадрукавання і перыядычнага друку («Наша ніва», «Наша доля», «Гоман», «Лучынка», «Маладая Беларусь» і інш.), станаўленне нацыянальнай школы ў тэатральным, музычным і іншых відах мастацтва, пачалі арганізоўвацца нацыянальныя палітычныя партыі і рухі. Завяршальным звяном гэтага этапу нацыянальнага адраджэння была барацьба за палітычнае самавызначэнне беларусаў і абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі (25.03.1918). Ва ўмовах Беларускай ССР (абвешчана 01.01.1919) нацыянальнае адраджэнне выявілася ў практычным ажыццяўленні палітыкі беларусізацыі 1920-х г., у выніку якой створаны нацыянальныя школа, навука, друк, тэатральнае, выяўленчае, музычнае і іншыя віды прафесійнага мастацтва, эканоміка і структуры дзяржаўнага кіравання. Новы этап нацыянальнага адраджэння пачаўся ў 2-й палове 1950-х г., калі беларуская культура набыла сусветную вядомасць, адраджаліся яе страчаныя пласты, даследаваліся культурныя традыцыі. Аднак да канца 1980-х г. склалася цяжкае становішча ў беларускай культуры ў выніку недастаткова ўважлівых адносін да яе жыватворных крыніц (жывое бытаванне нацыянальнай мовы ў грамадстве, фальклор і іншыя віды аўтэнтычнай культуры). Распад СССР і ўтварэнне незалежнай Рэспублікі Беларусь паволі і няўхільна звужаюць сацыяльна-палітычную базу дэнацыяналізацыі беларускага грамадства, ствараюць аб'ектыўныя перадумовы для новага, глабальнага адраджэння нацыі.

Паведаміць пра недакладнасьць