На запыт знайшлося 93 артыкулы

  1. 41
    гатэльчык -а, м. Памянш. да гатэль; невялікі гатэль.
    Яны няўтомна шпацыравалі на вуліцы, хадзілі пад вокнамі... перапісвалі звесткі аб прыезджых у зэльвенскім гатэльчыку. (У.Арлоў)
  2. 42
    гаўбец -бца, м. Балкон.
    Сільвія чытае маё, па сутнасці першае ў жыцці, сентыментальнае апавяданне пра пеўня на гарадскім гаўбцы. (У.Арлоў)
  3. 43
    гаўклівы -ая, -ае. Які гаўкае, брэша.
    Пашкадаваўшы «поруганную Родину», Іван Іванавіч з прафесарскай асацыятыўнасцю заўважыў, што Уладзімір Вольфавіч адкрыў расейцам вочы на тое, што слон абложаны гаўклівымі моськамі, якія слану даўно надакучылі. (ЛіМ. 31.12.1993)
  4. 44
    гвалтоўца -ы, м. Гвалтаўнік.
    Гэта ж добра, што акно расчыненае, дык улучыла птушкай выпырхнуць у гарод. Гвалтоўца - таксама праз акно, следам... (ЛіМ. 11.04.2003)
  5. 45
    гергатлівы -ая, -ае. Незразумелы, з'яўлены праз чужую (нямецкую) мову.
    Каля нейкае вёсачкі [польскія салдаты] наткнуліся на скрыгатлівы абоз, і нехта, ашалелы ад радасці, кінуўся да цёмных нераспазнаных будаў, і адтуль неспадзявана пачуўся гергатлівы і першы раз чуты, неразборлівы для Літавара нямецкі крык і застракаталі... кулямёты. (В.Адамчык)
  6. 46
    гімназійны -ая, -ае. Які мае дачыненне да гімназіі; гімназічны.
    Але трымаўся ён крыху воддаль. Можа, бянтэжыў, насцярожваў радыкалізм гімназійнай моладзі. (А.Ліс)
  7. 47
    гледзішча -а, н. Пункт погляду (гледжання).
    Найбольш плённым з гледзішча экзістэнцыяланльнага досведу былі гады, звязаныя з сямейным інтэрнатам. (У.Арлоў) «Тыя, - заўважае Семяноўскі, - пачынаў Чэхаўскі фестываль, прымаліся іншага гледзішча: калі мы жывём тут, у Расіі, песімізм задужа вялікая раскоша для нас». (ЛіМ. 29.05.1998)
  8. 48
    глушаны -ая, -ае. Які глушыцца, сцішваецца кім-, чым-н.
    На зале пачуўся, сілай глушаны, смех; прафесары таксама кусалі сабе вусны, каб не страціць павагі і не рассмяяца. (Ядвігін Ш.)
  9. 49
    глушыльнік -а, м. Глушыцель.
    Гучнагаварыцелі не могуць «перашумець» некалькі дзесяткаў магутных матораў са знятымі глушыльнікамі. (Чырвоная змена. 15.07.1975)
  10. 50
    глушыльшчык -а, м. Той, хто глушыць радыёперадачы.
    Як мільёны суайчыннікаў, мы рваліся да праўды аб Празе, - крамлёўскія глушыльшчыкі эфіру не хацелі, каб мы яе ведалі. (У.Мехаў)
  11. 51
    глушыня -і, глушчэча -ы, ж. Глуш, глухамань.
    [У горадзе] цяпер пуста... Дачы, дачы... І тут так, у гэтай глушыні, у гэтым «народзе», сярод гэтай «зямельнай сілы»... (М.Гарэцкі) Самае мядзведжае месца, глушыня. (А.Масарэнка) А тады спалохаўся [салдат] ад думкі, што можа атруціцца й сканаць тут, у гэтай лесавой глушчэчы. (В.Быкаў)
  12. 52
    глыза -ы, ж. Ільдзіна, крыга.
    І праўда: рэчачка-крынічка, Хаця і мелка, невялічка, Але такую сілу мае, Што лёд угору падымае І ломіць глызу, як націну. (Я.Колас)
  13. 53
    глядацкі -ая, -ае. Прым. да глядач.
    Вяршыня мастацкага алімпа. Вяршыня ўрадавага прызнання: дзве дзяржаўныя прэміі. Ганараванне народным артыстам. Шчырасць захаплення ў глядацкіх вачах: «Гарбук!» (ЛіМ. 12.08.1994) Фільм ужо сабраў зацікаўленую глядацкую аўдыторыю. (Звязда. 23.04.1987)
  14. 54
    глядзельня -і, ж. Глядзельная зала.
    Напэўна, дзеці, што сядзелі ў глядзельні, успрынялі паказанае па-свойму. (Наша слова. 06.03.1997)
  15. 55
    глядзеннік -а, м. Глядач.
    Калі вялікі груд глядзеннікаў раптам шухнуў у бок ад заядлых скакуноў, што быццам азялелі і не бачылі нікога і нічога каля сябе наўкола, яна мімаволі схапілася за яго руку, каб не заваліцца... (М.Гарэцкі)
  16. 56
    гнёткі -ая, -ае. Цяжкі.
    [Вольга] глуха выдыхнула, як быццам з плячэй скінула гнёткі мех. (А.Казлоў)
  17. 57
    гнюсата -ы, ж. Пра кепскае, брыдкае; гідота.
    [Даніла:] Гнюсаты ўсякае ў нас бывае яшчэ многа, от што. Лезе другі ў правіцелі, а самому хоць пальцам паказвай. Або мала напакасціў гэты чорт сляпы, што быў у нас за старшыню?. (Я.Скрыган) Хто ж была Валента? Мабыць, не хто, а што такое была Валента? Не гнюсата сярод людзей? (Ф.Янкоўскі)
  18. 58
    гняткі -ая, -ое. Гнятлівы; цяжкі.
    Збеглі часу хвалі. Даўно боль гняткі, Глянеш, нагадалі Мамы ручнікі. (М.Мятліцкі)
  19. 59
    годны -ая, -ае. ... Дастойны.
    Мы рабілі ўсё, што маглі, каб у нашу арганізацыю і ў літаратуру ішло папаўненне якаснае, годнае. (І.Мележ) Былі і такія, што пры іншых абставінах маглі б зрабіцца годнымі, а можа, і вялікімі сынамі грамадства. (У.Караткевіч) А выбар толькі такі: годная смерць або агідная здрада. (В.Бечык)
  20. 60
    гойнасць -і, ж. Уласцівасць гойнага.
    [Захар Іванавіч] тут жа даваў нырца ў ціхотна-сцюдзёную гойнасць возера, і белая галава плыўца вынырвала з вады, можа, метраў за пятнаццаць ад берага. (А.Масарэнка)

Паведаміць пра недакладнасьць